Будучым педагогам — прафесіяграма настаўніка

- 11:59Выхаванне
З мэтай папулярызацыі педагагічнай прафесіі, фарміравання ў падрастаючага пакалення найважнейшых духоўна-маральных і сацыяльных каштоўнасцей, развіцця актыўнай жыццёвай пазіцыі і сацыяльна адказных паводзін з 25 верасня па 15 кастрычніка 2013 года ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” праводзілася тэматычная змена “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі”.

Удзельнікамі змены сталі дзеці старэйшага школьнага ўзросту, лідары школьнага самакіравання з высокім узроўнем вучэбнай паспяховасці, якія плануюць у будучыні выбраць прафесію педагога.
10 кастрычніка 2013 года ў рамках змены прайшоў семінар-акцыя “Будучым педагогам — прафесіяграма настаўніка”. У ім прынялі ўдзел прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар, старшыня Беларускага педагагічнага таварыства Галіна Іванаўна Мікалаенка, начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў, метадыст аддзела прыкладной педагагічнай псіхалогіі Алена Уладзіміраўна Бялінская, а таксама намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты “ Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў.
У ходзе сустрэчы дзеці атрымалі адказы на мноства пытанняў па траекторыі набыцця педагагічнай адукацыі, пачулі думку спецыялістаў аб прафесійных якасцях педагога, сямейных педагагічных дынастыях, дзейнасці Беларускага педагагічнага таварыства.
Праведзенае пасля прэс-канферэнцыі псіхалагічнае тэсціраванне дазволіла дзецям ацаніць свае вартасці і недахопы, усвядоміць свае магчымасці, тым самым набрацца сіл для далейшага самавыхавання. Дзеці прааналізавалі прыродныя перадумовы для станаўлення прафесійнага майстэрства (ураўнаважанасць, рухомасць нервовых працэсаў), вядучыя ўласцівасці псіхікі, здольнасці, схільнасці паводзін, прафесійныя якасці асобы будучага педагога.
Пасля знаёмства з вынікамі дыягностыкі дзеці змаглі задаць пытанні, якія тычацца прафесійнай дзейнасці педагога-псіхолага і ўласнага асобаснага развіцця.
У ходзе інтэрактыўных заняткаў удзельнікам прапанавалі сфармуляваць прафесійныя пытанні, на якія, на іх думку, абавязкова павінны адказаць на кваліфікацыйным экзамене сучасныя настаўнікі (класныя кіраўнікі), педагогі-арганізатары, педагогі сацыяльныя і педагогі-псіхолагі.

Аляксандр ГАРНАСТАЕЎ.