Школы павінны быць толькі аўтарскімі

- 8:28Сацыяльны ракурс

На мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі грамадскае аб’яднанне “Беларускае педагагічнае таварыства” правяло свой першы семінар-панараму “Гуманізацыя адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе” з серыі “Навукова-педагагічныя і аўтарскія школы ў адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь”.

Як заўважыла Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры лінгвістычнай адукацыі, старшыня Беларускага педагагічнага таварыства, недарэмна панараму навукова-педагагічных школ адкрывае прафесар У.Т.Кабуш са сваімі вучнямі. “Уплыў гэтага вучонага на педагагічную навуку сапраўды вялікі, — сказала Г.І.Нікалаенка. — Уладзімір Трафімавіч Кабуш — пэўная эпоха адукацыйнага працэсу ў сучаснай школе. І калі мы гаворым “гуманізацыя”, то абавязкова ўзгадваем пра распрацоўкі прафесара У.Т.Кабуша”.

У рабоце семінара прынялі ўдзел вучні У.Т.Кабуша, рэктар АПА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.П.Манастырны, прарэктары, супрацоўнікі АПА, НІА, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната, якая шмат гадоў працуе па сістэме гуманнага выхавання У.Т.Кабуша і развівае яго ідэі. Спецыяльна да семінара была падрыхтавана выстава кніг У.Т.Кабуша і яго вучняў.

“Гуманістычныя школы заўсёды павінны быць аўтарскімі, — заўважыў у сваім уступным слове прафесар кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі АПА доктар педагагічных навук У.Т.Кабуш. — Школа як і тэатр. Калі два тэатры ставяць адзін і той жа спектакль, то адзі­н спектакль абавязкова сябе зжыве, на яго не будзе попыту. Сёння мы павінны ду­маць аб аўтарскіх школах, працаваць над гуманіза­цыяй усіх элементаў выхаваўчай сістэмы”.

Гуманнасць, як нагадаў прафесар, — гэта інтэграваная якасць, якая ўключае ўсведамленне, пачуццё і паводзіны. Калі нешта адно адняць, то не будзе гуманізму. Гуманістычныя якасці выхоўваюцца толькі трэнінгам. А трэнінг — гэта тое, што чалавек робіць пастаянна, кожны дзень. У.Т.Кабуш заклікаў пачынаць свой дзень толькі з прыемнага, з усмеш­кі і такім жа чынам заканчваць яго.

На семінары вучні У.Т.Кабуша прадставілі праграмы, якія былі распрацаваны ў розныя гады. У прыватнасці, праграмы “Чалавек”, “Грамадзянін”, “Асоба”.

Пры распрацоўцы праграмы “Асоба”, як расказала загадчык кафедры маркетынгу і ўчотна-фінансавых дысцыплін Бабруйскага філіяла Беларускага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Генрыхаўна Цёсава, увага была сканцэнтравана на самавыхаванні чалавека. Самавыхаванне разглядаецца як умова фарміравання дзіцяці, яго патрэб і гатоўнасці да самаўдасканалення. Задача настаўніка — даць дзецям веды аб тым, што сабой уяўляе працэс самавыхавання, што трэба для гэтага рабіць, таксама дзіця павінна быць эмацыянальна да гэтага гатова і ўмець працаваць над сабой, распрацоўваць асабістую праграму развіцця.

“Паняцці “грамадзянін” і “грамадзянскасць” асноўныя, з іх пачынаецца працэс выхавання дзіцяці”, — заўважыла дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Вера Васільеўна Мартынава. Грамадзянін — гэта асоба самабытная, адказная за сябе, свае ўчынкі, жыццё, якая ведае сябе і можа выказваць свае асобасныя якасці ў грамадстве і дзяржаве. З педагагічнага пункта гледжання грамадзянскасць — гэта асэнсаванне і рэалізацыя чалавекам сваіх правоў і абавязкаў у грамадстве і дзяржаве. Дзецям трэба тлумачыць, што грамадзянства і дзяржава для чалавека — гэта ў першую чаргу яго сям’я, яго горад або вёска, дзе ён жыве. Грамадзянін пачынаецца з асэнсавання самога сябе. Вучыць грамадзянскасці дзяцей трэба праз рэальнае жыццё, праз тыя паводзіны, дзей­насць, якая характарызуе тую ці іншую сацыяльную ролю: я сын (дачка), я вучань, я жыхар горада (вёскі) і г.д.

Уладзіміра Трафімавіча Кабуша яго вучні назы­ваюць ганаровым піянерам Рэспублікі Беларусь, бо менавіта ён з’яўляецца распрацоўшчыкам асноўнага нарматыўнага дакумента па дзіцячым маладзёжным руху — Канцэпцыі развіцця дзіцячага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Там прапісаны ўсе каштоўнасці і арыенціры для сучасных піянераў, акцябрат, членаў БСРМ. Сёння далейшай распрацоўкай тэмы фарміравання маральных каштоўнасцей у дзіцячых і мала­дзёжных аб’яднаннях займаецца вучаніца У.Т.Кабуша Марына Яўгенаўна Мінава, старшы выкладчык кафедры зместу і метадаў выхавання АПА.

Не першы год калектыў сярэдняй школы № 38 Мінска працуе над тэмай вучнёўскага самакіравання. Як заўважыў кіраўнік установы Андрэй Міхайлавіч Гоцман, вучнёўскае самакіраванне яны разглядаюць як фактар дэмакратызацыі і гуманізацыі выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах. Менавіта такая форма арганізацыі жыццядзейнасці калектыву дазваляе развіць і выхаваць у дзяцей розныя якасці, таму што там яны пражываюць розныя сацыяльныя ролі.

Прафесар кафедры сацыяльнай работы і сацыяльнага права Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, доктар палітычных навук (РФ), кандыдат педагагічных навук Флюра Ібрагімаўна Храмцова расказала пра сістэму выхаваўчай дзейнасці па фарміраванні ў вучняў культуры паводзін, дзе асоба выхаванца разглядаецца як цэласная бія-, псіха-, сацыяльна-культурная сістэма, якая ўпісана ў навакольнае асяроддзе.

Як заўважыла Наталля Уладзіміраўна Бушная, дырэктар гімназіі № 1 Мінска, выхаванне не можа быць вузкаведамаснай праблемай, школа павінна быць адкрытай. “Усё тое, што было распрацавана школай Кабуша, — расказала Н.У.Бушная, — мы рэалізоўваем у сябе на практыцы. У гімназіі дзейнічае праект, які быў удастоены гранта Мінгарвыканкама “Фарміраванне светапогляду жыхара сталіцы”, дзе кожная паралель працуе па сваёй тэме. У прыватнасці, пачатковая школа — гэта “Я і мая сям’я”, вучні 5—6 класаў — “Я і мая гімназія” і г.д.

Не так даўно выйшла новая кніга У.Т.Кабуша, над якой ён працаваў разам з дачкой, дацэнтам Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдатам педагагічных навук Н.У.Трацэўскай “Гуманізацыя выхаваўчага працэсу ў сучаснай школе”. Прадстаўляючы выданне, Настасся Уладзіміраўна заўважыла, што ў новай рабоце яны (аўтары) вылучылі главу “Гульня як поліфункцыянальная тэхналогія гуманістычнай адукацыі”. Акцэнт на гульні быў зроблены не проста так. Гульня — гэта патрэба самога дзіцяці, у якой закладзены каласальныя педагагічныя магчымасці і выхаваўчыя рэзервы. Гульня для гуманістычнага выхавання прадстаўляе вялікае поле. Дзякуючы гульні, дзіця развівае сваю самастойнасць, сваё “Я”. На вялікі жаль, па меркаванні аўтара кнігі, гульнёвыя тэхналогіі мала выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

Семінар-панарама праходзіў за круглым сталом, дзе кожны імкнуўся расказаць пра свой вопыт супрацоўніцтва з прафесарам У.Т.Кабушам. Ва ўсіх выпадках ён быў станоўчы і эфектыўны. Сёння многія яго вучні займаюць высокія пасады і маюць вучоныя ступені, і яны не маглі не выказаць удзяч­насць свайму настаўніку за духоўнае і асобаснае развіццё, якое яны атрымалі дзякуючы супрацоўніцтву і зносінам з ім.

 Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by