Студэнт выходзіць на будоўлю

- 16:16Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Яшчэ 1 мая маладыя беларусы адкрылі працоўны летні семестр. У той дзень на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску сабраліся некалькі соцень хлопцаў і дзяўчат, у асноўным камандзіры і камісары зводных атрадаў, якім рабочыя пуцёўкі ўручылі прадстаўнікі розных міністэрстваў, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый. Усяго ж байцамі такіх атрадаў становіцца куды больш маладых людзей. Напрыклад, летась, дзякуючы рабоце ў студатрадах рознага профілю, валанцёрству, іншым формам працаўладкавання, працоўнай дзейнасцю было ахоплена прыкладна 117 тысяч беларускіх дзяўчат і хлопцаў. Сёлета іх будзе наўрад ці менш, прычым частка байцоў накіруецца на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якая аб’яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Пра гэта, а таксама пра іншыя значныя маладзёжныя будоўлі і клопаты студатрадаўцаў надыходзячым летам мы папрасілі расказаць другога сакратара Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэя Эдуардавіча Белякова.

— Андрэй Эдуардавіч, адкрыццё летняга працоўнага сезона, канечне, невыпадкова было прымеркавана да 1 Мая?
— Мы ўжо традыцыйна адкрываем працоўны семестр менавіта ў гэты дзень. Але сёлета ўпершыню адкрыццё праводзілі на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Цырымонія набыла асаблівую ўрачыстасць яшчэ і таму, што сёлета святкуецца 55-годдзе Усесаюзнага студатрадаўскага руху, летась жа святкавалі 50-годдзе студатрадаўскага руху Беларусі. А яшчэ 2014 год, як вы ведаеце, — год 70-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для БРСМ мае вялікае значэнне і такая падзея, як справаздачна-выбарчы з’езд, які праводзіцца раз у тры гады. Усе гэтыя знамянальныя даты, падзеі матывуюць на тое, каб сёлета мы спрацавалі як мінімум не горш, чым у мінулыя гады. Для нас таксама важна, каб любы жадаючы малады чалавек атрымаў магчымасць працаваць у студэнцкім атрадзе будаўнічага, сельскагаспадарчага, педагагічнага, сэрвіснага або экалагічнага профілю — выбраў тое, што яму бліжэй.

— Растлумачце, калі ласка, што ўяўляе сабой Усебеларуская маладзёжная будоўля, і наогул, што такое маладзёжныя будоўлі?
— Магу сказаць, што рашэнне надаць статус такой будоўлі Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы Гродзенскай вобласці — яшчэ адзін добры стымул для нашай работы. У мінулым годзе на форуме “Маладосць. Традыцыі. Будучыня” студатрадаўцы прапанавалі аб’явіць АЭС маладзёжнай будоўляй. Кіраўнік дзяржавы гэтую ініцыятыву падтрымаў, і ўжо сёлета Указам прэзідэнта Беларуская атамная станцыя аб’яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Адпаведна мы зараз рыхтуемся і да яе, і да абласных маладзёжных будоўляў, бо ў кожнай вобласці вызначаны або вызначаюцца найбольш значныя аб’екты, якім надаецца статус такіх будоўляў. Сёння, на сярэдзіну мая, падобныя аб’екты вылучаны не ва ўсіх рэгіёнах, але некаторыя назваць магу. Гэта сярэдняя школа на 1125 месцаў у мікрараёне Паўднёва-Заходні Брэста, дзе будуць працаваць каля 300 студатрадаўцаў; гэта аб’екты, якія рэканструююцца і будуюцца да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” у Гарадку Віцебскай вобласці. Ужо таксама вядома, што на Гомельшчыне байцы студэнцкіх атрадаў будуць задзейнічаны на будаўніцтве спартыўна-аздараўленчага цэнтра ў Мазыры, а на Магілёўшчыне студэнты папра-цуюць адразу на дзвюх абласных маладзёжных будоўлях — гэта фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Касцюковічах (60 чалавек) і дзіцячы хоспіс у Магілёве (20 чалавек). Пасля заканчэння летняга працоўнага семестра вызначым лепшыя атрады, як робім гэта заўсёды.

— Усебеларускай маладзёжнай будоўляй атамная станцыя стала толькі сёлета, але ведаю, што ўжо летась на яе будаўніцтве працавалі студэнты, ці не так, Андрэй Эдуардавіч?
— Так. У адпаведнасці з пагадненнем паміж маладзёжнай грамадскай агульнарасійскай арганізацыяй “Расійскія Студэнцкія Атрады” і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў мінулым годзе байцы зводных беларуска-расійсках студэнцкіх атрадаў працавалі на будаўніцтве АЭС і жылых дамоў у Мінску. Атрад, што працаваў у Астраўцы, быў сфарміраваны на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а таксама, ад расійскага боку — Обнінскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта атамнай энергетыкі. Расіяне, дарэчы, раней працавалі на будаўніцтве атамнай станцыі ў сябе на радзіме, таму мелі пэўны вопыт. Хаця асноўныя работы, якімі яны былі заняты ў нас, — будаўніцтва жылля, бетонныя работы. 40 студэнтаў і навучэнцаў прадстаўлялі Беларусь, 20 — Расію, усяго 2 студэнцкія атрады.
Сёлета плануем, што на будаўніцтве АЭС будуць працаваць чалавек 200—250 з Расіі і Беларусі. У Астравец паедуць і некаторыя з тых студэнтаў, што ўжо былі там, і новыя байцы. Плануем адабраць тых, хто мае найбольш высокую рабочую кваліфікацыю, а таксама студэнтаў профільных навучальных устаноў — напрыклад, БНТУ, БДУІР. А з Расійскай Федэрацыі зноў, верагодна, прыедуць обнінцы.

— Калі ласка, раскажыце больш падрабязна пра адбор студатрадаўцаў для работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.
— На ўдзел у будаўнічых атрадах гэтага аб’екта прэтэндуюць вельмі многія студэнты і навучэнцы — сотні ў кожнай вобласці Беларусі. Таму мы зараз і праводзім конкурс у кожным рэгіёне. У атрад трапляюць перш за ўсё тыя, хто добра вучыцца, удзельнічае ў грамадскім жыцці, валодае, як я ўжо сказаў, пэўнымі рабочымі навыкамі, мае вопыт работы ў студэнцкім атрадзе. Права працаваць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі трэба заслужыць. Такі ж конкурс для жадаючых працаваць у зводным атрадзе праводзіцца ў Расіі, бо там таксама велізарная колькасць тых, хто імкнецца прыехаць да нас. І маладыя людзі, якія прэтэндуюць на работу на абласных маладзёжных будоўлях, праходзяць падобны адбор.
Дадам, што ні адзін чалавек не дапускаецца на будаўніцтва ці, скажам, на сельскагаспадарчыя работы без навучання тэхніцы бяспекі і без медыцынскага агляду. Для студатрадаўцаў, якія паедуць на будаўніцтва атамнай станцыі, ёсць, прынамсі, і дадатковыя медыцынскія патрабаванні. Напрыклад, у іх не павінна быць абмежаванняў для работы на вышыні.

— На якія заробкі могуць разлічваць байцы студатрадаў?
— Мы ўжо агучвалі, і кіраўнік дзяржавы гаварыў пра тое, што трэба выходзіць на зарплату ў тысячу долараў. Мы ўжо летась імкнуліся да таго, каб у лепшых атрадах такая зарплата і была за той час, што студэнт працуе ў атрадзе — хтосьці паўтара месяца, хтосьці больш. Так, заработная плата байцоў зводнага атрада “Энергетык” на будаўніцтве Беларускай АЭС склала 15 мільёнаў беларускіх рублёў, максімальная — 19 мільёнаў. Удзельнікі студэнцкага будаўнічага атрада “Беркут”, сфарміраванага на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія працавалі на будаўніцтве малочнатаварнай фермы “Пашкі” ў Шаркоўшчынскім раёне, атрымалі ў сярэднім па 9 мільёнаў рублёў. Прыкладна столькі ж ці нават крыху больш зарабілі ў мінулым сезоне студатрадаўцы з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія будавалі агароднінасховішча і інжынерныя камунікацыі ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, адміністрацыйны будынак у Мінску.
Падкрэслю, што хлопцы і дзяўчаты зарабілі гэтыя грошы напружана працуючы, а не проста іх атрымалі. Мы і выхоўваем працай, і рыхтуем прафесіяналаў для эканомікі. Бо сёння студэнт дзесьці папрацаваў, а заўтра ён вернецца ў гэты населены пункт, на гэтае прадпрыемства ў якасці спецыяліста. А па зарплаце сёлета мы і сябе, і наймальнікаў настройваем на тое, што ў студатрадаўцаў яна будзе высокай. Важна і тое, што, дзякуючы Указу прэзідэнта, з іх заробкаў не вылічваецца падаходны падатак.

— Ведаю, што беларускія студэнты працуюць і за мяжой, у Расіі. Як развіваецца гэты напрамак студатрадаўскага руху?
— Так, нашы маладзёжныя будоўлі — гэта толькі адна частка партнёрства з арганізацыяй “Расійскія Студэнцкія Атрады”. Студэнты нашых навучальных устаноў выяз-джаюць у суседнюю краіну і працуюць у складзе зводных беларуска-расійсках атрадаў, у тым ліку на Усерасійскіх маладзёжных будоўлях. Так, летась 85 чалавек выязджалі на паўвостраў Ямал на будаўніцтва аб’ектаў для здабычы нафты і газу. Вопыт, канечне, атрымалі каласальны, зарабілі нядрэнна, адчулі, што такое вялікая агульнадзяржаўная будоўля.
Беларускія студатрадаўцы выязджалі і на будаўніцтва чыгункі Нарын-Лугакан у Забайкальскім краі, педагагічныя атрады працавалі ў санаторыі “Залаты колас”, пансіянаце “Блакітны” Туапсінскага раёна Краснадарскага краю. Сэрвісныя, сельскагаспадарчыя атрады працавалі на ўборцы ўраджаю ў Маскоўскай вобласці.
Сёлета 50 нашых студэнтаў зноў паедуць на Ямал, многа будзе тых, хто ўжо працаваў на гэтым будаўніцтве. Акрамя таго, плануем выезд студатрадаўцаў і ў Падмаскоўе, і ў Краснадарскі край, і ў Забайкалле, і ў іншыя рэгіёны Расіі. Зараз, між іншым, спрабуем пашырыць геаграфію выезду нашых студэнтаў за кошт далёкага замежжа, Заходняй Еўропы. Адпрацоўваем некалькі дагавораў, але пакуль назваць канкрэтныя адрасы не магу, яны будуць вядомы крыху пазней.

— Акрамя ўсяго, пра што вы ўжо сказалі, вельмі важным момантам застаецца такі бок, як аб’яднанне людзей, стварэнне асаблівай студатрадаўскай атмасферы. Той, хто памятае студэнцкія атрады часоў СССР, разумее, канечне, пра што я гавару. Ці ёсць штосьці падобнае ў сучасных студэнцкіх атрадах?
— Зразумела. У такіх зводных атрадах, як тыя, што працавалі і будуць працаваць на будаўніцтве Беларускай АЭС, на абласных маладзёжных, іншых будоўлях (а іх сёлета будуць тысячы), ды і ў іншых сферах, важная не толькі работа. Мы імкнёмся да таго, каб студэнты, якія працуюць на падобных аб’ектах, не толькі набывалі працоўны вопыт і зараблялі грошы, але і атрымлівалі душэўнае, псіхалагічнае задавальненне.
Сёння, як і ў савецкі час, студэнцкі атрад павінен быць месцам, дзе маладыя людзі знаходзяць новых сяброў, атрымліваюць навыкі зносін, праяўляюць лідарскія якасці, робяць агульную справу. Таму мы і працуем над тым, каб гэтую частку жыцця студатрада, ідэалагічную, камісарскую частку максімальна напоўніць. І дзеля гэтага як у атрадах на ўсебеларускай, так і на абласных будоўлях плануем арганізоўваць творчыя, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, прывозіць на іх пераможцаў розных творчых рэспубліканскіх праектаў. Адным словам, імкнёмся працягваць старыя добрыя студатрадаўскія традыцыі дзеля таго, каб атрады ядналі, каб маладыя людзі адчувалі, што яны робяць справу, важную для дзяржавы. У нас ёсць такі дэвіз — “Будучыню Радзімы ствараць маладым”. Нашы студатрадаўцы якраз гэта і робяць.

 

Марына ХІДДЖАЗ.