Створым прыгажосць сваімі рукамі

Вялікае значэнне ў наш час надаецца добраўпарадкаванню тэрыторыі. Штогод у нашым раёне праводзяцца конкурсы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Квітней, мой край!”. Наш яслі-сад актыўна ўдзельнічае ў розных намінацыях. У гэтым годзе свой выбар мы спынілі на намінацыі “Камяністы сад”. І мы пачалі пошук незвычайных камянёў.

Багацце камянёў здзівіла нас сваёй разнастайнасцю: вялікія і маленькія, плоскія і аб’ёмныя, няроўныя, з вострымі вугламі, рознакаляровыя. Адны — аксаміцістыя навобмацак, другія — паліраваныя, як глянец, трэція — з зярністай структурай. Мы прыдзірліва адбіралі камяні для ўладкавання нашага саду, прыдумвалі фасады будучых “каменных” дамоў і вызначалі, якое месца яны зоймуць у камяністым садзе. Потым размяшчалі “каменныя” дамы, якія атрымаліся, на выбраным участку. Наступны этап у рабоце — падбор раслін. Іх у нашым “камяністым садзе” вялікае мноства. Шматгадовыя (гваздзік, гартэнзія, бадан, скочкі і інш.) і аднагадовыя (петунія, аксаміткі, агератум, кохія і інш.), квітучыя (астры, сальвіі, гацаніі, бягоніі і інш.) і вечназялёныя (кохія і інш.), кусты (ружа, спірэя і інш.) і якія адзінока растуць (бадан), высокія (канна індыйская, папараць) і нізкарослыя (аксаміткі, агератум і інш.), глебапокрыўныя (флёкс шылападобны белы і ружовы, ясколка, брызгліна Форчуна, расходнік). Усе расліны і кусты добра растуць як на сонцы, так і ў цені. Дзякуючы раслінам “камяністы сад” ажыў і стаў больш яркім і эфектным.

Калі каменныя дамы і расліны занялі сваё месца на ўчастку, стала зразумела, што ў “камяністым садзе” не хапае жыхароў. Так там пасяліўся вожык, сям’я соў, смоўж, божыя кароўкі і вусені, і ганаровае месца заняў баранчык. “Камяністы сад” ажыў. Штодзень наведваюць і любуюцца шматколернасцю фарбаў нашай творчасці дзеці і іх бацькі. А мы, назіраючы за наведвальнікамі, радуемся, што на тэрыторыі ўстановы з’явілася яшчэ адно месца, якое выклікае захапленне ў людзей. Мы самі стварылі прыгажосць!

Валянціна ЗАСІМОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Міжэвіцкага ясляў-сада Слонімскага раёна.

І творчасць, і тэрапія

Педагогам-псіхолагам у дашкольнай установе я працую нядаўна. З першых дзён сваёй дзейнасці задумалася, як зрабіць так, каб дзеці з радасцю і, галоўнае, з жаданнем прыходзілі да мяне на заняткі. Адказ быў відавочны: неабходна займацца творчасцю. Усе дзеці з задавальненнем малююць, лепяць, прыдумляюць, паказваюць, таму ў сваёй рабоце я актыўна выкарыстоўваю метад арт-тэрапіі.

Дзіцячая псіхіка вельмі ранімая. Усе перажыванні, падзеі, якія траўміруюць, непрыемныя эмоцыі, якія не былі гарманічна пражыты, праз нейкі час перамяшчаюцца ў несвядомае. І тады яны праяўляюцца ў выглядзе страхаў, кашмараў, павышанай капрызнасці або ўзбудлівасці. Дзіцяці часам вельмі цяжка растлумачыць, што баяцца ўрачоў не варта, што страшных монстраў на самай справе няма, што мама нікуды не пойдзе і абавязкова забярэ яго з дзіцячага сада. Арт-тэрапія дазваляе мякка і далікатна, у гульнявой форме абысці ахоўныя механізмы, зразумець, якія перажыванні ёсць у дзіцяці, і гэтак жа акуратна іх скарэкціраваць.

Я ўстанавіла правіла: пасля кожных заняткаў з выхаванцамі праводжу маленькую выставу дзіцячых малюнкаў. Пры гэтым некалькі слоў абавязкова гавару пра кожны малюнак, адзначаю станоўчыя якасці работы. Кожнага маленькага мастака дзеці сустракаюць апладысментамі. Такое абмеркаванне вельмі важнае для малышоў, і яны кожны раз пытаюцца ў мяне, ці будзе выстава ў канцы заняткаў.

У творчасці важна падтрымаць ініцыятыву дзіцяці ў выбары матэрыялу. Мы імкнёмся не абмяжоўвацца звычайным наборам выяўленчых сродкаў (папера, пэндзлі, фарбы) і традыцыйнымі спосабамі іх выкарыстання. Дзеці больш ахвотна ўключаюцца ў працэс, які адрозніваецца ад звычайнага. Дзіцяці важны не столькі вынік, колькі сам працэс. Нават простае ўзаемадзеянне з вадой, фарбамі або іншымі сродкамі выяўленчай дзейнасці прыносіць яму задавальненне, спрыяе зняццю эмацыянальнага напружання і мышачных заціскаў.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя тэхнікі.

Тэхніка манатыпія. На гладкай паверхні — шкле, пластмасавай дошцы, плёнцы, тоўстай глянцавай паперы — робіцца малюнак гуашавай фарбай. Матэрыял, на які наносіцца фарба, не павінен прапускаць ваду. Я выкарыстоўваю аргшкло. Зверху накладваецца ліст паперы і прыціскаецца да паверхні. Атрымліваецца люстраны адбітак. Ён можа быць менш выразным у параўнанні з арыгіналам, больш расплывістым, могуць сцерціся межы паміж рознымі фарбамі.

Тэхніка пэцкання (распырскванне фарбаў). Гульня з фарбамі вельмі прываблівае і зачароўвае, тым больш калі дазволена пырскацца і “пэцкаць” ліст фарбамі. Дзеці выконваюць такія работы з асаблівым задавальненнем і цікавасцю.

Маляванне пальчыкамі. Маляванне пальчыкамі не бывае абыякавым дзіцяці. У сувязі з нестандартнасцю сітуацыі, асаблівымі тактыльнымі адчуваннямі, экспрэсіяй і нетыповым вынікам выявы яно суправаджаецца эмацыянальным водгукам. Маляванне пальцамі накіравана:

* на зняцце трывожнасці;

* на развіццё ўпэўненасці ў сабе і сваіх здольнасцях;

* на адпрацоўку любога негатыўнага пачуцця: крыўды, гневу, страху;

* на кіраванне сваім эмацыянальным станам і сваімі пачуццямі;

* на зніжэнне эмацыянальнай напружанасці і інш.

Малюнак “Фантом” або “Дзе жывуць эмоцыі?”. Я малюю сілуэт чалавека і прапаноўваю дзіцяці ўспомніць самую радасную падзею свайго жыцця і тое, што яно пры гэтым адчувала. Потым прапаноўваю заштрыхаваць адпаведным колерам на фантоме лакалізацыю эмоцыі радасці. Такім жа чынам прапрацоўваюцца іншыя эмоцыі.

Вельмі важна, каб дзіця САМО намалявала сваю праблему і САМО прыдумала, як перарабіць малюнак, таму што гэта яго асабістае ўнутранае бачанне і мае варыянты вырашэння яму наўрад ці падыдуць.

Нестандартныя падыходы да арганізацыі выяўленчай дзейнасці здзіўляюць і захапляюць дзяцей, тым самым выклікаючы імкненне займацца такой цікавай справай. Я прыйшла да высновы, што незвычайны падыход да малявання раскрывае творчыя магчымасці дзяцей, дазваляе адчуць фарбы, іх характар і настрой. І зусім не страшна, калі дзеці запэцкаюцца, галоўнае, каб яны атрымлівалі задавальненне ад зносін з фарбамі і радаваліся вынікам сваёй працы.

Юлія ГВАЗДЗЁВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 35 Магілёва.

Новыя планы на новы год

Удасканаленню прафесійных кампетэнцый у пытаннях кіравання прафесійным развіццём педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі быў прысвечаны семінар-нарада, у якім прынялі ўдзел спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю ў Гродзенскай вобласці.

Галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта засяродзіла ўвагу на прыярытэтных кірунках дзейнасці. Сярод іншых разглядаліся пытанні эфектыўных форм метадычнага суправаджэння педагогаў, інавацыйнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў 37 дашкольных установах 13 раёнаў вобласці, выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў, арганізацыі харчавання і забеспячэння здароўя дзяцей, аховы правоў дзіцяці. На семінары ішла гаворка і пра пошук новых форм работы, напрыклад, пра адкрыццё груп з кароткачасовым знаходжаннем дзяцей ці прагулачных груп на платнай аснове, што асабліва актуальна для новых мікрараёнаў у гарадах.

Прадстаўнікі раённых вучэбна-метадычных кабінетаў падзяліліся вопытам сваёй работы. Пра арганізацыю метадычнай вучобы педагогаў па стварэнні бяспечных і здароўезберагальных умоў расказала Валянціна Кенць (Воранава), пра выкарыстанне сучасных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій — Святлана Шчука (Масты), пра работу метадычнага аб’яднання як эфектыўную форму пывышэння прафесійнага майстэрства — Анжаліка Акуневіч (Ліда).

Даследчая работа з дашкольнікамі разглядаецца сёння як эфектыўны кірунак не толькі развіцця дзяцей, але і прафесійнага росту педагогаў. Гэта прадэманстравала выстава з удзелам фіналістаў і лаўрэатаў абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу “Я — даследчык”. Настаўнік-лагапед ДЦРД № 89 Гродна Святлана Пятруцік прадставіла даследчую работу “Чаму гучыць цацка-свістулька”. Як расказала Святлана Яраславаўна, дзеці вельмі зацікаўлены работай з глінай, тым, што можна самастойна зрабіць і размаляваць цацку, а таксама тым, што звесткі пра свістульку трэба шукаць у энцыклапедыі і інтэрнэце.

Семінар-нарада завяршыўся прыемным момантам — узнагароджаннем пераможцаў конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, які арганізоўвае абласное ўпраўленне МНС. Дыпломы і цацкі, якія дапамогуць абсталяваць куткі бяспекі, адправіліся ў яслі-сад № 104 Гродна, ДЦРД № 2 Дзятлава, яслі-сад № 22 Ліды. Былі адзначаны таксама пераможцы ў розных намінацыях.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пераадолець цяжкасці адаптацыйнага перыяду

Як максімальна прыстасаваць дашкольную ўстанову да патрэб і інтарэсаў бацькоў і кожнага дзіцяці? Як арганізаваць педагагічны працэс падчас адаптацыі дзіцяці да новых умоў? Асноўнай мэтай работы калектыву дашкольнай установы з’яўляецца стварэнне і падтрымка адаптыўнага педагагічнага асяроддзя, якое, з аднаго боку, максімальна адпавядае асаблівасцям і патрэбам выхаванцаў у пытаннях выхавання, навучання і развіцця, з другога — задавольвае запатрабаванні бацькоў.

Якая ж дашкольная ўстанова прываблівае бацькоў? Такая, якая спрыяе не толькі фарміраванню ўменняў і навыкаў дзіцяці, але і забяспечвае паўнацэннае развіццё дзяцей з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, і ў гэтым немалая роля адводзіцца адаптацыйнаму перыяду: якой будзе сустрэча дзіцяці з дзіцячым садам, якім будзе ўзаемадзеянне бацькоў і педагогаў. Сацыяльная абароненасць дзіцяці ў раннім узросце, яго ўсебаковае развіццё — адна з прыярытэтных задач у сістэме дашкольнай адукацыі, паколькі ў гэты перыяд закладваюцца асновы фізічнага, пазнавальнага і асобаснага развіцця.

У перыяд адаптацыі неабходна фарміраваць у дзяцей станоўчую ўстаноўку — жаданне ісці ў дзіцячы сад, мець зносіны з равеснікамі. Гэта залежыць ад умення педагогаў ствараць атмасферу цеплыні, утульнасці, добразычлівы клімат у групе дзяцей. Калі дзіця з першых дзён адчуе гэтую цеплыню, знікнуць яго хваляванні і страхі, значна лягчэй пройдзе адаптацыя.

Мадэль арганізацыі адаптацыйнага перыяду дзяцей да 3 гадоў можна прадставіць наступным чынам:

1. Індывідуальны падыход да дзіцяці:

— гібкі рэжым;

— улік дамашніх звычак;

— выкарыстанне цацак-забавак, малых форм фальклору;

— стварэнне ўмоў для зносін са знаёмымі рэчамі, цацкамі.

2. Падахвочванне дзіцяці да зносін з равеснікамі:

— гульні з выхавальнікам: гульні-заняткі, гульні-практыкаванні, гульні-інсцэніроўкі;

— гульні дзіцяці побач з равеснікамі;

— прывучэнне да сумеснай гульні з іншым дзіцем;

— выкарыстанне фальклору;

— стварэнне сітуацый для зносін.

3. Фізкультурна-аздараўленчая работа:

— улік фізічнай падрыхтаванасці і рухальнай актыўнасці дзіцяці;

— падрыхтоўка дзяцей да правядзення мерапрыемстваў для загартоўвання.

У дашкольнай установе сфарміравалася сістэма аналізу, планавання і кантролю за якасцю адаптацыі выхаванцаў, што дазваляе адсочваць эфектыўнасць педагагічнага працэсу з дзецьмі ранняга ўзросту, фіксаваць станоўчыя моманты, адзначаць педагагічны вопыт, выяўляць недахопы, знаходзіць прычыны і шляхі паляпшэння дзейнасці. Вынікі кантролю і дыягнастычнай дзейнасці ўсіх спецыялістаў абмяркоўваюцца на групавых медыка-псіхолага-педагагічных нарадах, па выніках прымаюцца кіраўніцкія рашэнні.

З мэтай змякчэння адаптацыйнага перыяду для выхаванцаў адміністрацыяй установы наладжваецца ўзаемадзеянне спецыялістаў з сям’ёй: першасная гутарка, запіс у дашкольную ўстанову, наглядная агітацыя, інфармаванне пра дзейнасць дашкольнай установы, арганізацыйны бацькоўскі сход, арганізацыя дзейнасці адаптацыйнай групы кароткачасовага знаходжання, мацярынскай школы, бацькоўскі ўсенавуч, кансультацыі для бацькоў спецыялістаў дашкольнай установы, індывідуальныя гутаркі спецыялістаў з бацькамі, дні адкрытых дзвярэй, святы, ранішнікі.

Гэтыя формы ўзаемадзеяння фарміруюць у бацькоў давер да дашкольнай адукацыі, разуменне неабходнасці ў сацыялізацыі дзіцяці, уменне перагледзець свае погляды на развіццё і выхаванне дзяцей да 3 гадоў. Бацькам прапаноўваюцца асноўныя педагагічныя стратэгіі (набор метадаў, прыёмаў, спосабаў узаемадзеяння відаў дзейнасці, рэкамендацый, што прапаноўваюцца), рэалізацыя якіх будзе спрыяць наладжванню кантакту з дзіцем, выбару адэкватных для яго форм зносін і навучання.

Такім чынам, комплекснае медыка-псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей ранняга ўзросту забяспечвае паспяховую іх сацыялізацыю, раскрыццё асобаснага патэнцыялу дзіцяці.

Алена ГЕРУЛЬСКАЯ,
загадчыца ясляў-сада № 77 Гродна.

Свята чароўных капялюшыкаў

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца летам жыццё не сціхае. Наадварот, тут многа радасці і смеху, многа цікавых забаў, захапляючых конкурсаў, цудоўных выстаў і самых разнастайных вясёлых свят.

Асабліва станоўчыя эмоцыі ў дашкольнікаў выклікаюць мерапрыемствы, у падрыхтоўцы якіх разам з імі ўдзельнічаюць бацькі. Адно з такіх — свята чароўных капелюшоў, якое нядаўна сабрала разам усіх выхаванцаў нашага дзіцячага сада. Мэтай яго было стварэнне добразычлівай, эмацыянальна насычанай атмасферы сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў, фарміраванне пачуцця ўпэўненасці ў сабе.

Такім чынам, што можа зрабіць чалавека элегантным, эфектным і вытанчаным? Канечне, капялюшык! Колькі разнастайных капелюшоў было прадстаўлена на суд гледача! Быццам па чараўніцтве, на галовах у дзяцей выраслі вычварныя капялюшныя збудаванні, якія сталі неапісальным упрыгажэннем свята. Тут можна было ўбачыць і паляны, што цвітуць, і капелюшы, упрыгожаныя пёркамі, матылькамі, паветранымі шарыкамі, і капелюшы-рамонкі, а яшчэ пірацкія капелюшы, капелюшы з газеты (якія раней насілі дзеці на двары), каўбойскія капелюшы і капелюшы з бяросты… Усяго не пералічыць. А дзяўчынкі здзіўлялі гледачоў сваімі далікатнымі капялюшыкамі з вэлюмам. Колькі выдумкі і фантазіі было праяўлена ў сумесным дзіцяча-бацькоўскім рукадзеллі! Дзякуючы такой творчасці, у дзяцей развіваецца і зрокавая памяць, і вобразнае мысенне, і ўяўленне, і, канечне ж, творчыя здольнасці. Радасны дзіцячы смех і бляск у вачах выхаванцаў пры сустрэчы з героямі свята — Каралевай капелюшоў, Старой Шапакляк і клоўнам парадавалі ўсіх гледачоў і ўдзельнікаў гэтага цудоўнага мерапрыемства.

Завяршылася свята феерычным дэфіле — модным паказам незвычайных самаробных капелюшоў, якія прадэманстравалі ўдзельнікі гэтай незвычайнай падзеі. Вялікае задавальненне, зарад станоўчых эмоцый, бадзёрасці і цудоўнага настрою атрымалі ўсе прысутныя. І справа тут нават не ў капелюшах. Кожны дзень можа стаць асаблівым і запомніцца надоўга — былі б фантазія і жаданне зрабіць разнастайным вольны час.

Ала СІНІЦА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

Дарожная матэматыка для маленькіх

Адной з галоўных задач педагогаў нашай установы адукацыі ў летні аздараўленчы перыяд з’яўляецца фарміраванне ў дзяцей навыкаў усвядомленых бяспечных паводзін на вуліцы, папярэджванне траўматызму.

На працягу лета педагогі разам з выхаванцамі і іх бацькамі рэалізоўваюць адукацыйныя праекты “Які бывае транспарт?” (першыя малодшыя групы), “Дарога не для гульняў” (другія малодшыя групы), “Бяспека на дарозе” (сярэднія групы), “Як паводзіць сябе на дарозе?” (старшыя групы).

У інфармацыйна-метадычным кабінеце дашкольнай установы ў дапамогу педагогам аформлены куток “Дашкольнікам аб Правілах бяспекі”, у якім змешчаны наглядныя дапаможнікі па тэме, метадычная літаратура. Для бацькоў у асобных кутках таксама змяшчаюцца адпаведныя рэкамендацыі, памяткі, тэматычныя насценгазеты, буклеты, часопісы.

Для арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў па навучанні дзяцей Правілам дарожнага руху ў кожнай узроставай групе створаны куткі бяспекі руху, у якіх ёсць спецыяльныя дапаможнікі і атрыбуты: нагруднікі з малюнкамі розных відаў транспарту, святлафоры, макеты дарогі, дыдактычныя і развіццёвыя гульні, дарожныя знакі і г.д.


Работа па замацаванні атрыманых уяўленняў аб пешаходным пераходзе, сігналах святлафора, Правілах дарожнага руху вядзецца праз розныя віды дзіцячай дзейнасці. Атрыманыя веды дзеці рэалізоўваюць у гульнях, падчас фізкультурных і музычных свят, забаў, экскурсій, у прадукцыйнай дзейнасці. Так, у ходзе фізкультурнай забавы “Чырвоны, жоўты, зялёны” замацоўваліся веды выхаванцаў аб прызначэнні сігналаў святлафора, аб правілах паводзін пешахода на вуліцы.

Пазнавальным для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту стаў удзел у спартыўным свяце “Дарожная азбука”, музычных забавах “Горад дарожных знакаў”, “Наш сябар — Святлафорык”, падчас правядзення якіх у дзяцей сфарміраваліся ўяўленні аб значнасці правільных бяспечных паводзін на вуліцы. З дашкольнікамі таксама праводзяцца мэтавыя прагулкі, накіраваныя на фарміраванне ў іх практычных навыкаў паводзін на вуліцы (“Наша вуліца”, “Правілы дарожнага руху”, “Мы — пешаходы”, прагулка па мікрараёне “Назіранне за рухам транспарту”), экскурсіі (“Назіранне за работай чыгуначнага пераезда”).


Для замацавання ведаў дашкольнікаў аб Правілах дарожнага руху выкарыстоўваюцца крыжаванкі, праблемныя сітуацыі, лагічныя задачы, дарожная матэматыка, літаратурны матэрыял, дзеці разглядваюць ілюстрацыі, карціны, кніжкі-малышкі, плакаты на тэматыку бяспекі дарожнага руху, праглядаюць мультфільмы “Смяшарыкі. Азбука бяспекі”, “Урокі цётухны Савы. Азбука бяспекі на дарозе” і інш.

З дзецьмі малодшых груп ладзяцца гульні “Вуліца”, “Розныя машыны”, “Верабейчыкі і аўтамабіль”, падчас якіх выхавальнікі знаёмяць іх з рухам пешаходаў і машын па вуліцы. Выхаванцам сярэдніх і старшых груп падабаецца гуляць у дыдактычныя гульні “Наша вуліца”, “Святлафор”, “Дарожнае лато”, рухавыя гульні “Пешаходы і аўтамабілі”, “Каляровыя аўтамабілі”, “Дзень і ноч”, “Святлафор”, будаўнічыя, сюжэтна-ролевыя гульні “Паездка на аўтобусе”, “Па дарозе ў дзіцячы сад”, “Падарожжа па горадзе”, гульні-драматызацыі і інш. Выхавальнікі старшых груп наведалі з дзецьмі сярэднюю школу № 12 Ліды з мэтай адпрацоўкі маршруту “Мой шлях у школу”.

На пляцоўцы, размешчанай на тэрыторыі дашкольнай установы, для практычнай адпрацоўкі Правіл дарожнага руху праводзяцца забавы, гульні, гутаркі аб правілах бяспекі на вуліцы, сустрэчы з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі.

Выхавальнікі праводзяць конкурсы малюнкаў на тэму бяспекі руху, конкурсы сумесных творчых работ дзяцей і бацькоў. Бацькі выхаванцаў дапамагаюць педагогам вырабляць атрыбуты для гульняў, кніжкі-малышкі, яны ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў: гульнях-спаборніцтвах для бацькоў і дзяцей “Дарожная грамата”, сямейнай пазнавальна-гульнявой вечарыне “Юны пешаход” і інш.
У ліпені ў нашай дашкольнай установе запланавана акцыя “Дзеці — вадзіцелям”, падчас якой выхаванцы будуць распаўсюджваць малюнкі-лістоўкі аб Правілах дарожнага руху сярод вадзіцеляў — педагогаў дзіцячага сада, бацькоў, знаёмых.

На фарміраванне бяспечных паводзін дзяцей самы вялікі ўплыў аказваюць адпаведныя паводзіны дарослых, іх прыклад. Спадзяёмся, што вынікам рэалізацыі праектаў па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму стане больш адказнае стаўленне да гэтай праблемы як педагогаў, так і дзяцей і іх бацькоў.

Хрысціна КУЗЬМІЧ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 24 Ліды.

Вынік любой работы залежыць ад адносін да яе

“Усё больш узрастаюць патрабаванні бацькоў да адукацыі сваіх дзяцей. Яны ўважліва ставяцца не толькі да выбару школы, але і да дашкольнай установы для дзіцяці. Іх цікавіць і непакоіць многае: і прафесійны ўзровень педагогаў, і наколькі шырока прадстаўлены ў дзіцячым садзе комплекс адукацыйных паслуг — усё, што дапаможа іх дзецям рэалізаваць здольнасці і стаць паспяховымі ў будучыні”, — расказала загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна Рэгіна Карленаўна Машкоўская.

“Каралева” дзіцячых сэрцаў

З прыходам Рэгіны Карленаўны ва ўстанову ў 2006 годзе (да гэтага яна на працягу 15 гадоў працавала на пасадзе намесніка загадчыка ў яслях-садах № 41 і № 27, а таксама чатыры гады загадчыкам ясляў-сада № 80 Гродна) шмат што змянілася ў рабоце калектыву, з’явіліся новыя цікавыя кірункі, педагогі сталі больш творчымі і апантанымі, зацікаўленымі ў выніках сваёй дзейнасці. А бацькі зрабіліся галоўнымі памочнікамі выхавальнікаў у пытаннях адукацыі і выхавання дзяцей. Па агульных выніках работы за 2014 год дашкольны цэнтр заняў першае месца ў Гродне сярод дашкольных устаноў.

“Вынік любой работы залежыць ад адносін да яе і ад таго, які мікраклімат пануе ў калектыве, дзе ты працуеш, — адзначыла Рэгіна Карленаўна. — Калі чалавек ідзе на работу з настроем, то і працаваць ён будзе з большай аддачай. А як стварыць сабе добры настрой на ўвесь дзень? Часам ён залежыць ад звычайных жыццёвых момантаў. Калі, напрыклад, выхаванцы, якія раніцай ідуць мне насустрач, радасна вымаўляюць “Добры дзень, Рэгіна Каралеваўна!” (малышам складана бывае правільна вымавіць маё імя па бацьку) — як тут не ўсміхнуцца і не адчуць добры зарад бадзёрасці. Гэта дарагога каштуе. Па сутнасці, дашкольная ўстанова — другі дом для дзіцяці, таму што яно праводзіць тут большую частку свайго актыўнага часу. І калі чулыя і разумныя педагогі сапраўды заменяць яму ў садзе маму і тату, то гэтыя гадзіны прынясуць малышу найвялікшую карысць і запомняцца на ўсё жыццё”.

Рэгіна Карленаўна ведае імя кожнага выхаванца цэнтра (а іх 186), што малышы вельмі цэняць і заўсёды радасна адгукаюцца на яе зварот. Яе рэдка можна ўбачыць у кабінеце, яна заўсёды ў віры падзей, што адбываюцца ў цэнтры. Ніколі не пройдзе міма гучнага дзіцячага плачу, пацікавіцца, што здарылася, супакоіць малога. Калі ж дзіця канфліктуе з педагогам, не слухаецца яго, Рэгіна Карленаўна абавязкова разбярэцца ў сітуацыі, але з пазіцыі невінаватасці дзіцяці — значыць, дарослыя не знайшлі належны падыход да яго, нешта зрабілі не так.

“Адзначу, што часам існуюць непрафесійныя адносіны да сваёй працы работнікаў. Калі заўважаю падобныя факты, то сур’ёзна прапаноўваю такім спецыялістам перагледзець свае адносіны да работы, — гаворыць Рэгіна Карленаўна. — Калі мае заўвагі не ўлічваюцца, то проста развітваюся з такімі людзьмі. У нашай установе не прынята пераходзіць пры размове на крык, усе праблемы абмяркоўваем спакойна і культурна. Недапушчальныя ў нас і крыўдныя словы ў адрас малышоў — дзіцячая памяць можа захаваць іх на ўсё жыццё. Самае важнае — адносіцца да дзяцей з душой, тады і заўвагу ад педагога яны ўспрымуць лёгка, як належыць, і паслухаюцца. Заўсёды вучу гэтаму выхавальнікаў, асабліва маладых. Сёння магу сказаць, што наш калектыў — адна каманда. Працавалі мы над гэтым доўга — і падчас сумесных мерапрыемстваў, і падчас шматлікіх экскурсій, з якімі аб’ехалі амаль усю Беларусь”.

Навацыі трымаюцца на захопленасці людзей

Чым дашкольны цэнтр развіцця адрозніваецца ад звычайнай дашкольнай установы? У чым яго асаблівая роля і місія? Педагогаў ДЦРД № 30 Гродна аб’яднала адна галоўная думка: цэнтр павінен забяспечваць высокі ўзровень якасці адукацыі, прадастаўляць шырокі спектр адукацыйных паслуг, якія запатрабаваны ў бацькоў і патрэбны дзецям. А для гэтага неабходны трывалая матэрыяльная база і добры калектыў педагогаў з вышэйшай дашкольнай адукацыяй, з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, якія, калі спатрэбіцца, перадавалі б свой вопыт маладым.

“Бацькі заўсёды чакаюць ад педагогаў вельмі шмат, — гаворыць Рэгіна Карленаўна, — таму мы не павінны спыняцца на дасягнутым, нам неабходна пастаянна развівацца. Але любыя навацыі трымаюцца на захопленасці і апантанасці людзей. Нашы педагогі шукаюць новыя кірункі ў працэсе выхавання і навучання дашкольнікаў, якія адпавядалі б сучасным патрабаванням, прадугледжвалі б укараненне новых форм адукацыі. Усе выхавальнікі, у прыватнасці, прымяняюць на занятках элементы ТРВЗ. Яны пачалі асвойваць праектную дзейнасць. Пакуль ствараюць свае педагагічныя праекты, а потым плануюць зацікавіць праектнай і даследчай дзейнасцю выхаванцаў. У найбліжэйшы час цэнтр павінен стаць інавацыйнай пляцоўкай па развіцці гульнявой дзейнасці, а дакладней, сюжэтна-ролевых гульняў. Менавіта падчас іх дзеці становяцца актыўнымі ўдзельнікамі розных сюжэтаў, атрымліваюць шмат ведаў, якія пасля спатрэбяцца ім у дарослым жыцці. Аднак сюжэтна-ролевыя гульні павінны адпавядаць часу. Традыцыйныя для дашкольнікаў гульні ў сям’ю, магазін, бальніцу варта напаўняць новым зместам, а таксама распрацоўваць сюжэты новых гульняў, напрыклад, у банк.

Выхаванцы цэнтра маюць магчымасць вывучаць англійскую мову, асвойваць азы ткацтва, займацца харэаграфіяй. Установу аснасцілі неабходнай камп’ютарнай тэхнікай, хутка будзе набыта інтэрактыўная дошка. Педагогі распрацавалі для дзяцей дыдактычныя развіццёвыя гульні на камп’ютары, якія ўключаюць у свае заняткі. Інфармацыйныя тэхналогіі, у гэтым упэўнены педагогі, садзейнічаюць большай самастойнасці дзяцей пры набыцці ведаў.


Усе дзеці цэнтра вучацца плаваць. Кіраўнік фізвыхавання Дар’я Анатольеўна Маскальцава выкарыстоўвае на занятках элементы аквааэробікі і гідрапластыкі. На працягу навучальнага года ва ўстанове дзейнічаюць клубы па інтарэсах, у якіх малышы развіваюць свае пеўчыя навыкі (у ансамблі “Салавейкі”), займаюцца ў тэатральнай студыі. Заняткі творчасцю разнявольваюць дзяцей, вучаць прыгожа рухацца, карыстацца правільна жэстамі, мімікай і голасам.

Педагогі ДЦРД № 30 шукаюць новыя формы работы з сям’ёй. Ва ўстанове працуе адаптацыйная група для будучых выхаванцаў цэнтра. На працягу навучальнага года дзейнічае гульнявая пляцоўка “Малышок” для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў. Пляцоўка карыстаецца вялікім попытам, для многіх бацькоў яна стала лепшай альтэрнатывай прыватнага цэнтра развіцця. Тут 2 разы на тыдзень на платнай аснове арганізоўваюцца заняткі “У гасцях у казкі” (па развіцці маўленчай дзейнасці), “У свеце эмоцый” (па фарміраванні сацыяльна-асобасных і музычна-гульнявых уяўленняў ), “Здаравячок” (праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы), “Вясёлка” (арганізоўваецца мастацка-выяўленчая дзейнасць), “Пазнавайка” (адбываецца азнаямленне з навакольным асяроддзем), “У госці з Антошкай” (практыкуюцца развіццёвыя гульні сенсорнага кірунку). Настаўнік-дэфектолаг Ірына Міхайлаўна Талочак праводзіць дыягностыку маўленчага развіцця дзяцей і кансультуе бацькоў па гэтым пытанні. Педагог-псіхолаг Вольга Мікалаеўна Кашко вызначае ўзровень развіцця пазнавальных працэсаў дзяцей і таксама адказвае на пытанні бацькоў. З кастрычніка 2015 года яна, у прыватнасці, праводзіла курс лекцый “Ад калыскі да школы” ў рамках праграмы “Паспяховае бацькоўства”, якую яна распрацавала. Мэта гэтай праграмы — аказанне падтрымкі бацькам праз навучанне іх метадам выхавання сваіх дзяцей ва ўсе перыяды сямейнага жыцця, наладжванне канструктыўных узаемаадносін з дзецьмі без пакаранняў і гвалту. Праграма “Паспяховае бацькоўства” адпавядае нацыянальнай заканадаўчай базе, яна практыка-арыентаваная, для работы па ёй ёсць усе неабходныя метадычныя матэрыялы, як друкаваныя, так і відэаматэрыялы. Вольга Мікалаеўна ўдзяляе шмат увагі не толькі пытанням псіхалогіі, але і фізічнага, інтэлектуальнага, эмацыянальнага і сацыяльнага развіцця дзяцей.

“Наша мэта — не столькі даць бацькам інфармацыю, колькі сфарміраваць і замацаваць у іх правільныя навыкі і ўменні зносін са сваімі дзецьмі, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. — Важна, што большасць навыкаў і ўменняў, якія засвойваюць бацькі, можна прымяняць як да немаўлят, так і да дзяцей ранняга дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Заняткі праводзяцца раз у тры тыдні. Працягласць кожных прыблізна адна гадзіна. Пра тэмы мяркуйце самі: “Уплыў жорсткага абыходжання на развіццё дзіцяці”, “Што гэта за паводзіны?”, “Падтрымайце сваё дзіця”, “Слухаць — значыць разумець”, “Пагавары са мною, мама”, “Дысцыпліна”, “Сумесны вольны час”.

Вольга Мікалаеўна Кашко — актыўны ўдзельнік педагагічных нарад, яна праводзіць семінары для калег, кансультуе і тэсціруе іх. Сярод нядаўніх падрыхтаваных ёю мерапрыемстваў — семінар-трэнінг “Здароўезберагальныя тэхналогіі ў прафілактыцы праблемы эмацыянальнага выгарання педагогаў у дзіцячым садзе”, падчас якога спецыялісты пазнаёміліся з асноўнымі тэхнікамі папярэджання эмацыянальнага выгарання педагогаў, спосабамі атрымання станоўчых эмоцый, з прыкладамі элементарных жыццёвых сітуацый, якія могуць узнікнуць пры рабоце з дзецьмі і паспрыяць рабоце педагога.

Камфортныя ўмовы для ўсіх дзяцей

Дзверы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 30 Гродна адкрыты для розных катэгорый дзяцей. Ва ўстанове працуе адна санаторная група, дзве групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, а таксама дзве групы для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

З дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця займаюцца настаўнікі-дэфектолагі. Што тычыцца выхаванцаў з парушэннямі маўлення, то пасля заняткаў у цэнтры 68% з іх прыходзяць у школу з нармальным развіццём маўлення. Карэкцыйныя заняткі тут праводзяцца нават з малышамі, якія наведваюць 1-ю і 2-ю малодшыя групы. У рамках дзейнасці гуртка іх арганізоўвае настаўнік-дэфектолаг Аляксандра Генадзьеўна Пашкоўская, якая на Х Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”. Яна прадстаўляла праект “Фарміраванне правільнага гукавымаўлення ў дашкольнікаў з агульным недаразвіццём маўлення 3-га ўзроўню праз выкарыстанне мультымедыйных гульнявых заданняў”.


Сёння ўстанову наведваюць 16 дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, ёсць сярод іх і тыя, якія перамяшчаюцца ў калясках. Для іх у цэнтры створаны ўсе неабходныя камфортныя ўмовы. У групах, якія яны наведваюць, дзякуючы дапамозе дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Карытас” быў зроблены рамонт, абсталявана безбар’ернае асяроддзе. Усе дзеці з АПФР актыўна ўдзельнічаюць у святочных і забаўляльных мерапрыемствах, якія праходзяць у цэнтры. Прычым выступаюць у ролі не толькі ўдзячных гледачоў, але і таленавітых артыстаў.

3 снежня ў Міжнародны дзень інвалідаў ва ўстанове па традыцыі праходзіць дабрачынная акцыя, у якой прымаюць удзел бацькі з усіх груп.

“Прымаючы ў сябе дзяцей з АПФР, мы робім дзве вялікія справы, — падкрэслівае Рэгіна Карленаўна. — Па-першае, даём магчымасць асаблівым дзецям выхоўвацца ў калектыве, а не дома, а па-другое, прывіваем бацькам здаровых дзяцей разуменне таго, што іх дзеці побач з асаблівымі стануць больш добрымі, чулымі, спагадлівымі. Ёсць выхаванцы, якія блізка да сэрца ўспрымаюць хваробу. Назірала сітуацыю, як дзяўчынка, пакуль яе аднагрупнікі гулялі на вуліцы на дзіцячай пляцоўцы, сама не прымала ўдзел у гульнях, а ўсё не адыходзіла ад хлопчыка ў інваліднай калясцы. Я звярнулася да яе: “Чаго так доўга стаіш каля Альберта? Ідзі гуляй!” “Ведаеце, яму напэўна, вельмі сумна, — адказала дзяўчынка. — Я лепш пастаю побач з ім”. А хлопчык той не мог ні размаўляць, ні нават рухацца. Што я магла сказаць на гэта?”

***

Напрыканцы размовы Рэгіна Карленаўна падзялілася добрай навіной: нядаўна яе намеснік Наталля Віктараўна Скорб атрымала дыплом ІІ ступені І Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без межаў” у Санкт-Пецярбургу ў намінацыі “Лепшы намеснік загадчыка”. На конкурс яна прадставіла свае практычныя распрацоўкі: сцэнарый свята для дзяцей, мерапрыемства па згуртаванні калектыву і вучэбныя прэзентацыі. Усе гэтыя матэрыялы прайшлі апрабацыю ў цэнтры. Наталля Віктараўна курыруе ва ўстанове работу інфармацыйна-метадычнага кабінета, збірае медыятэку. Дзякуючы лакальнай сетцы, супрацоўнікі цэнтра маюць доступ да ўсёй багатай электроннай базы метадычнага кабінета.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Будучыя робататэхнікі выбіраюць LEGO-канструяванне

Калектыў ясляў-сада № 43 Салігорска ў мінулым навучальным годзе далучыўся да абласнога педагагічнага праекта “Укараненне LEGO-тэхналогій у адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі як сродку развіцця пазнавальных працэсаў выхаванцаў”. Гэтыя тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі прымяняюцца ва ўстанове амаль што з моманту яе адкрыцця — з 2014 года. Наборы канструктараў LEGO, якія былі набыты для сада, педагогі выкарыстоўваюць на занятках з выхаванцамі рознага ўзросту і рэалізоўваюць пры гэтым асноўныя задачы, акрэсленыя ў праграме дашкольнай адукацыі.

Разумная гульня для ўсіх

“Чалавека, які здольны канструктыўна мысліць, хутка рашаць лагічныя задачы, можна лічыць прыстасаваным да жыцця, паколькі ён хутка знаходзіць выйсце з нестандартных сітуацый, прымае рацыянальныя рашэнні, — адзначыла загадчык ясляў-сада № 43 Салігорска Настасся Алегаўна Сігаева. — Каб нашы выпускнікі сталі ўсебакова развітымі людзьмі, мы імкнёмся зрабіць працэс навучання для сваіх выхаванцаў цікавым, захапляльным і зразумелым, каб кожны з іх мог раскрыць свае здольнасці і ўмеў атрыманыя веды прымяніць на практыцы. Невыпадкова мы спынілі свой выбар на самых вядомых і распаўсюджаных педагагічных тэхналогіях — LEGO, якія з прычыны сваёй універсальнасці з’яўляюцца важным сродкам развіццёвага навучання. Іх мэтай і асновай з’яўляецца спасціжэнне трохвымернасці рэальнага свету праз стварэнне пэўных мадэлей і адпаведнага прадметна-гульнявога асяроддзя. Дзеці ў працэсе свабоднай гульні ўзбагачаюць свае эмоцыі, сенсорыку, замацоўваюць уменні адрозніваць і класіфікаваць прадметы па форме, памеры і колеры. Заняткі з LEGO фарміруюць у малых вобразнае мысленне, уяўленне аб прасторы і часе, крэатыўнасць”.


Навуковым кіраўніком праекта па ўкараненні LEGO-тэхналогій у адукацыйны працэс дашкольнай установы выступіла начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай адукацыі МАІРА Наталля Генадзьеўна Болбат. У яслях-садзе № 43 Салігорска непасрэднае кіраўніцтва праектам ажыццяўляе намеснік загадчыка Святлана Cяргееўна Сташкевіч.

“Педагогі сада, перш чым пачаць работу па новай тэхналогіі, прайшлі навучанне найбольш эфектыўным спосабам выкарыстання канструктара LEGO ў адукацыйнай дзейнасці. Яны прымалі ўдзел у семінарах, канферэнцыях, майстар-класах, — расказала Святлана Cяргееўна. — Інфармацыйна-метадычны цэнтр установы загадзя забяспечылі наборамі канструктараў серыі LEGO PRIMO, LEGO DUPLO, а таксама адпаведнымі тэматычнымі наборамі. Ва ўсіх групавых пакоях сада былі аформлены куткі Лега. Нашы выхавальнікі Наталля Мікалаеўна Пузевіч і Ірына Аляксандраўна Сачко з энтузіязмам узяліся за распрацоўку практычных матэрыялаў: гульнявых заданняў, картатэк схем і гульняў для канструявання, а таксама канспектаў заняткаў па ўсіх адукацыйных раздзелах вучэбнай праграмы”.

Канструяванне рэальнае і віртуальнае

Паступова дзеці, пачынаючы з другой малодшай групы, асвойваюць гэтую тэхналогію, знаёмяцца з асноўнымі дэталямі канструктара LEGO DUPLO, са спосабамі змацавання яго элементаў, вучацца суадносіць вынік уласнай дзейнасці з прапанаваным узорам. Спачатку выхаванцы спрабуюць свае сілы ў самых простых гульнях.

“Пры знаёмстве з новым матэрыялам важна прадаставіць малышу шмат месца, прасторы для дзейнасці. У цэнтры пакоя размяшчаем усю вялікую колькасць дэталяў канструктара, а дзецям даём магчымасць дзейнічаць з імі, — расказала Святлана Cяргееўна.— Толькі ўбачыўшы канструктар, малышы адразу бяруцца за справу: пачынаюць аб’ядноўваць дэталі, штосьці майстраваць.Тыя “збудаванні”, якія атрымліваюцца ў іх, пасля ўключаем ў сюжэты дзіцячых гульняў. Самыя лепшыя работы, аб’яднаныя пэўнай агульнай тэмай, размяшчаем у пакоях груп на паліцах, і яны служаць выдатным пазнавальным і гульнявым асяроддзем для дзяцей”.

У сярэдняй групе выхаванцы замацоўваюць навыкі работы з канструктарам, атрыманыя раней, і ўпершыню знаёмяцца з дробным канструктарам LEGO DАСТА. Прычым яны пераважна эксперыментуюць, арыентуюцца ў дзейнасці не на ўзор (ён можа быць паказаны толькі ў пачатку заняткаў), а свабодна выкарыстоўваюць будаўнічы матэрыял для аб’ёмнага і плоскаснага канструявання (складаюць, напрыклад, дрэва, сонейка, сняжынку і інш.), а таксама для стварэння дызайнерскіх, інтэр’ерных элементаў. Дзеці фантазіруюць, выкарыстоўваюць сродкі мастацкай выразнасці (колеравае спалучэнне, кампазіцыю).

У старшай групе дашкольнікі пачынаюць асвойваць камп’ютарную праграму LEGO Digital Designer, якая ўяўляе сабой віртуальны канструктар, з дапамогай якога можна збіраць разнастайныя 3D мадэлі. Для такой работы неабходны камп’ютар стандартнай камплектацыі, калонкі, мікрафон, выхад у інтэрнэт, праграмнае забеспячэнне (LEGO Digital Designer, Smart Notebook, Microsoft Office Power Point). Як і ў рэальным канструктары, у віртуальным прысутнічае вялікая колькасць разнастайных дэталей, колер якіх можна мяняць. Ацэнку гатовым віртуальным мадэлям можна даць пры дапамозе рэжыму папярэдняга прагляду. Сярод важных плюсоў названага канструктара — магчымасць выкарыстання неабмежаванай колькасці дэталей, у тым ліку і спецыялізаваных: рэек, колаў, лопасцей верталётаў і г.д. Праграма адкрывае доступ да ўсіх існуючых на гэты момант відаў дэталей LEGO. Яе інтэрфейс вельмі просты і зручны, таму нават самаму маленькаму дзіцяці нескладана працаваць з віртуальным канструктарам.

Можна пачынаць канструяваць “з нуля”. Гэта значыць, увасабляць свае фантазіі ў асабістых мадэлях або дапаўняць па шаблоне ўжо амаль гатовыя мадэлі. Сабранымі мадэлямі можна вар’іраваць, круціць іх, мяняць маштаб, набліжаць у межах трохвымернай прасторы LEGO Digital Designer, нават выдаляць. Колер і форму “цаглінак” канструкцый выхаванцы выбіраюць па ўласнай задуме.

З дапамогай віртуальнага канструявання дзеці замацоўваюць навыкі, набытыя са звычайным канструктарам, і ў той жа час знаёмяцца з унікальнымі магчымасцямі мадэлявання ўяўных пабудоў, у іх фарміруюцца навыкі камп’ютарнай граматнасці і ўменні, якія спатрэбяцца пасля пры рабоце з іншым лічбавым абсталяваннем.

Выкарыстанне камп’ютарнай праграмы LEGO для дзяцей ад 5 да 7 гадоў дапушчальна не больш як два разы на тыдзень. Працягласць такой дзейнасці — 5—10 хвілін.

Узмацніць эфектыўнасць заняткаў

З дапамогай LEGO-канструявання можна вырашаць асноўныя задачы, якія акрэслены ў праграме дашкольнай адукацыі. У прыватнасці, развіваць дробную маторыку рук і маўленне, навучаць грамаце, правільнаму і хуткаму арыентаванню ў прасторы. Малышы атрымліваюць веды аб лічэнні, форме, прапорцыі і сіметрыі (раздзел праграмы “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”). Будуючы разнастайныя канструкцыі, дзеці пашыраюць уяўленні аб навакольным асяроддзі (прадугледжаныя ў раздзеле “Дзіця і прырода”), а таксама аб архітэктуры, транспартных сродках, будаўнічай тэхніцы, ландшафце і г.д. Пра задачы па фарміраванні ў дашкольнікаў асноўных уменняў, звязаных з канструктыўнай дзейнасцю, у тым ліку ў працэсе канструявання з дэталяў канструктара, сказана ў раздзеле праграмы “Мастацтва”. Канструяванне дапамагае развіваць увагу, памяць, уяўленне, засяроджанасць, уменне раздзяляць прадмет у думках на складнікі, збіраць з частак цэлае і, канечне ж, вучыць добрым зносінам з сябрамі, выхоўвае павагу да сваёй і чужой працы.


Канструктар LEGO педагогі выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі дашкольнікаў да навучання ў школе, ён з’яўляецца незаменным сродкам у карэкцыйнай і псіхолага-педагагічнай рабоце з дзецьмі. Ён нават дапамагае аб’яднаць у гэтых пытаннях намаганні педагогаў і сям’і: у сумесным канструяванні з бацькамі дзіця становіцца больш уседлівым, працаздольным, мэтанакіраваным. Ва ўстанове арганізоўваюцца забаўляльныя мерапрыемствы для сем’яў выхаванцаў з выкарыстаннем LEGO. І на занятках фізкультурай дзеці канструююць шматлікія збудаванні з мяккіх гульнявых і спартыўных модуляў, якія вельмі нагадваюць “цаглінкі” LEGO.

Педагогі ясляў-сада № 43 Салігорска распрацавалі канспекты заняткаў па ўсіх відах дзейнасці ў рамках названай тэхналогіі, якія акрэслены ў адукацыйнай праграме. Дзякуючы выкарыстанню прапанаваных імі дыдактычных практыкаванняў і гульняў з LEGO-элементамі, узмацняецца эфектыўнасць кожных заняткаў.
Для развіцця памяці і дробнай маторыкі можна прапанаваць заданне “Прыгожы ўзор” (для дзяцей 4—7 гадоў). Выхавальнік выкладвае на плаце геаметрычны ўзор з “цаглінак” LEGO. Ён можа ўяўляць сабой палоску з розных па колеры або форме элементаў у выглядзе мазаікі ці пэўную геаметрычную фігуру. На працягу адной хвіліны дзеці запамінаюць узор, а пасля ўзнаўляюць яго на сваіх платах. Складанасць узору, які прапаноўваецца, залежыць ад узросту выхаванцаў.

Для развіцця маўлення выкарыстоўваецца заданне “LEGO-слоўнік” (для дашкольнікаў 5—7 гадоў). Перад выхавальнікам і дзецьмі на стале ляжаць “LEGO-цаглінкі” і платы. Адзін з удзельнікаў (і так кожны па чарзе) падыходзіць да стала, бярэ дэталь і характарызуе яе па знешніх прыметах і па яе прызначэнні. Другі ўдзельнік павінен знайсці дэталь у адпаведнасці з яе апісаннем і замацаваць у сябе на плаце. Скажам, цаглінка 2 на 2 чырвонага колеру з чатырма кнопкамі замацавання або 2 на 4 з васьмю кнопкамі замацавання. Выбіраюцца падобныя элементы любога колеру.

Для навучання грамаце рэкамендуецца заданне “Вызначы гукі ў слове” (для дашкольнікаў 5—7 гадоў). Выхаванцам выдаюць элементы LEGO квадратнай формы. Выхавальнік дакладна вымаўляе слова з 3—4 гукаў. Дзіця павінна вызначыць на слых колькасць гукаў у слове і выкласці адпаведную колькасць “цаглінак” на плаце. Калі ў дзяцей сфарміраваны веды аб характарыстыках галосных і зычных гукаў, яны выкладваюць “цаглінкі” рознага колеру, якія адпавядаюць таму ці іншаму віду гукаў.

Для засваення элементарных матэматычных уяўленняў можа прымяняцца графічны дыктант (таксама для выхаванцаў 5—7 гадоў). Дзецям выдаюцца платы і набор рознакаляровых элементаў LEGO з адной кнопкай замацавання. Дарослы агучвае інструкцыю, дзіця выконвае яе. Напрыклад, у цэнтры платы выкласці 1 “цаглінку” чырвонага колеру, у левым верхнім вугле — 2 “цаглінкі” зялёныя, а ў ніжнім правым — 3 “цаглінкі” жоўтыя. У выніку павінна атрымацца пэўная плоскасная кампазіцыя, якая ўжо ёсць (выкладзена выхавальнікам) на кантрольнай плаце. Гэтае заданне выкарыстоўваецца з мэтай кантролю за работай дзяцей і для іх самакантролю.

Тэрыторыя дзяцінства заўтра

“Нашы выхаванцы атрымалі дыплом I ступені на раённым конкурсе “Свет дзяцінства” (намінацыя “Тэрыторыя дзяцінства заўтра”), — расказвае Святлана Сяргееўна. — З дапамогай LEGO-канструктара яны сабралі мадэль свайго сада, якая адлюстроўвае яго выгляд у будучыні — з вадаспадамі, альпійскімі горкамі і г.д. Сярод нашых дзяцей ёсць сапраўдныя таленты. Яны дэманструюць незвычайнае майстэрства ў канструяванні. Зразумела, што ім трэба рухацца далей у развіцці сваіх навыкаў. У індывідуальным парадку рэкамендую кожнаму з такіх выхаванцаў сур’ёзна заняцца камп’ютарным мадэляваннем, у тым ліку і ўстройстваў робататэхнікі. Выхаваннем будучых робататэхнікаў, магчыма, мы зоймемся ў рамках нашага наступнага педагагічнага праекта, які, спадзяюся, будзе рэалізоўвацца сумесна з адной са школ Салігорска”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Як знаёміць малышоў з тэатрам

Наўрад ці мы знойдзем малыша, які не любіць камп’ютарныя гульні, кінафільмы, мультфільмы. Але сапраўдных аматараў тэатральнага мастацтва сярод малышоў не так ужо і многа. Каб выхаваць сапраўднага аматара тэатральнага мастацтва, дарослым самім трэба выконваць пэўныя правілы і нормы паводзін, ведаць законы тэатра і рыхтаваць малыша да ўспрымання вобразнай тэатральнай мовы.

Самае папулярнае месца адпачынку жыхароў Гродна — парк Жылібера, які быў закладзены як батанічны сад. З цягам часу ад яго мала што засталося, але зараз энтузіясты і проста неабыякавыя людзі вяртаюць яго да жыцця. Жамчужынай гэтага парку з’яўляецца будынак Гродзенскага абласнога лялечнага тэатра. Ужо на працягу амаль двух стагоддзяў сюды прыходзіць Яго Вялікасць Глядач. А апошнія 30 гадоў тэатр аддадзены самаму патрабавальнаму і сур’ёзнаму гледачу — нашым дзецям.

Тэатр налічвае ў сваім рэпертуары больш за 35 пастановак для дзяцей, моладзі і дарослага гледача, здольных задаволіць любы густ. Ёсць пастаноўкі для малышоў пачынаючы з 3-, 5-, 6-гадовага ўзросту — такім чынам, улічваюцца ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дашкольнікаў.

Уся трупа тэатра ўдумліва і сур’ёзна падыходзіць да эстэтычнай, маральнай і філасофскай якасці спектакляў для дзяцей, выбару рэпертуару. У любым спектаклі шырока выкарыстоўваюцца выразныя сродкі: разнастайныя лялькі, маскі, касцюмы і яркія дэкарацыі, цікавая драматычная работа акцёраў.

Усё гэта робіць спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек аднымі з самых цікавых не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа.

Некаторыя бацькі імкнуцца прывесці малыша ў тэатр ледзь не ў раннім узросце. Для малыша гэта вялікі стрэс і, як вынік, пераўзбуджэнне нервовай сістэмы. На думку псіхолагаў, першае наведванне дзіцем тэатра павінна адбыцца не раней чым у 5 гадоў. Але перад першым наведваннем дарослыя павінны падрыхтаваць малыша.
Агаварыце з дзіцем дату і зручны час паходу ў тэатр, пажадана разам загадзя купіць білеты. Акружыце гэтае дзейства нейкім таемствам, стварыце рытуал, прыгожа адзеньце дзіця. Спектакль павінен быць кароткім па часе (30—40 мінут). Пажадана, каб сюжэт быў вельмі простым, а яшчэ лепш — знаёмым дзіцяці (прачытаныя казкі, гісторыі). Прыйдзіце ў тэатр загадзя, прайдзіцеся па фае, пазнаёмцеся з інтэр’ерам. Зазірніце ў музей лялек або ў тэатральнае кафэ.

Яшчэ дома раскажыце дзіцяці, што наведванне тэатра патрабуе цішыні і ў час паказу нельга ўставаць, бегаць, есці, крычаць і г.д.

Калі вы бачыце, што дзіцяці цяжка ўспрымаць спектакль, у час перапынку можна прапанаваць яму пайсці прагуляцца ў парк.

Калі ваша месца знаходзіцца ў сярэдзіне рада, то праходзіць да яго трэба, павярнуўшыся тварам да гледачоў, якія сядзяць. Калі ваша месца занята, пастарайцеся не высвятляць адносін, а звярнуцца да адміністратара або білецёра.
Пасля спектакля падрабязна абмяркуйце з дзіцем усе нюансы тэатральнага дзейства, карысна некалькі разоў схадзіць на адну і тую ж пастаноўку. Вялікая памылка лічыць, што так званыя культпаходы ў тэатр усёй групай або класам змогуць прывіць вашаму дзіцяці пачуццё эстэтычнага задавальнення і любоў да тэатра. Наведванне тэатра — сямейная добрая традыцыя.

Дарагія чытачы! Ад вас і толькі ад вас маленькі чалавек навучыцца культуры паводзін не толькі ў тэатры, але і ва ўсіх грамадскіх месцах. Не будзьце абыякавымі і інертнымі, прывівайце малышу эстэтычны густ, маральныя нормы паводзін, паважлівыя адносіны да ўсяго навакольнага, і вы будзеце шчаслівымі сведкамі таго, як з дзіцяці вырасце той, хто глыбока думае, маральна чысты і адкрыты ўсяму прыгожаму на зямлі, — Чалавек!

Ганна САЎКО,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна.

Матэматыка ў гульні

Узнаўляючы ў гульні розныя падзеі жыцця, эпізоды з казак і апавяданняў, дзіця разважае над тым, што бачыла, пра што яму чыталі і гаварылі, пачынае разумець сэнс многіх з’яў. У гульні ў дзяцей фарміруюцца элементарныя матэматычныя ўяўленні, развіваецца ўсвядомленае ўспрыманне навакольнага свету, назіральнасць, абуджаецца фантазія, умацоўваецца памяць.

Развіццё ў дзіцяці элементарных матэматычных уяўленняў у дашкольным узросце стварае моцны фундамент для паспяховага навучання ў школе. У дзіцяці развіваецца мысленне, што неабходна для далейшага пазнання навакольнага свету. Яно пазнае прасторавыя адносіны паміж прадметамі, выяўляе адпаведныя сувязі, знаёміцца з формай прадметаў, іх велічынёй. Усё гэта дазваляе дзіцяці развіваць у далейшым лагічнае мысленне, якое фарміруецца на аснове вобразнага.

Паўнавартаснае развіццё лагічнага мыслення патрабуе не толькі высокай разумовай актыўнасці, але і ведаў пра агульныя і істотныя прыметы прадметаў і з’яў, якія замацаваны ў словах. Навошта логіка дашкольніку? Справа ў тым, што на кожным узроставым этапе ствараецца “паверх”, на якім фарміруюцца псіхічныя функцыі, важныя для пераходу на наступны этап. Навыкі і ўменні, набытыя ў дашкольны перыяд, паслужаць фундаментам для атрымання ведаў і развіцця здольнасцей у больш дарослым узросце. І найважнейшым сярод гэтых навыкаў з’яўляецца навык лагічнага мыслення, здольнасць дзейнічаць у галаве. Ужо ў дашкольным узросце дзеці параўноўваюць прадметы па велічыні, называюць геаметрычныя фігуры, вучацца знаходзіць адзін, многа ў найбліжэйшым наваколлі, арыентавацца ў прасторы і ў часе.

Для развіцця пазнавальнага інтарэсу да матэматычных ведаў я выкарыстоўваю мноства дыдактычных гульняў і практыкаванняў, напрыклад, “Падбяры па форме”, “Хто больш назаве?”, “Складзі квадрат” і г.д. Дыдактычную гульню “Геаметрычная мазаіка” выкарыстоўваю на занятках і ў вольны час з мэтай замацавання ведаў пра геаметрычныя фігуры, развіцця ўвагі і ўяўлення. Да заняткаў рыхтую табліцы-заданні: “Назавіце самы вялікі трохвугольнік”, “Якога колеру самая маленькая фігура?”, “Назавіце ўсе квадраты, пачынаючы з самага маленькага” і г.д.

Для замацавання ведаў, атрыманых на занятках, даю дзецям гульнявыя заданні на дом. У кутку для бацькоў выстаўляю папку з дыдактычнымі гульнямі, тлумачачы іх мэты і ход. Так, гульні з пяском, кубікамі, будаўнічым матэрыялам развіваюць у дзяцей канструктыўныя здольнасці, увагу, уяўленне, мысленне, замацаванне колеру. У час гэтых гульняў прапаноўваю заданне працягнуць ланцужок, чаргуючы ў пэўнай паслядоўнасці квадраты, вялікія і маленькія кругі жоўтага і чырвонага колеру. Потым заданні ўскладняю. Прапаноўваю, напрыклад, выканаць заданне, у якім неабходна чаргаваць прадметы, улічваючы адначасова колер і велічыню.

У сюжэтна-ролевых гульнях дзеці перадаюць усё, што яны бачаць вакол сябе. Гэтыя гульні развіваюць дзіцячую ініцыятыву, творчасць і назіральнасць. Так, гульні, звязаныя з купляй-продажам, аплатай (“Магазін”, “Пошта”, “Бістро” і г.д.), дапамагаюць замацаваць навыкі лічэння, веды пра лік і лічбы, навыкі вылічальнай дзейнасці, вымярэння, веданне эталонаў вагі, кошту. У час сюжэтна-ролевых гульняў “Сям’я”, “Школа”, “Дзіцячы сад” задаю дзецям навадныя пытанні, а старэйшым дашкольнікам ствараю праблемныя сітуацыі, вырашаючы якія дзіця параўноўвае і супастаўляе, вызначае падабенства і адрозненне. Аналізуючы праблемы, дзіця вучыцца арыентавацца ў навакольным свеце, праяўляе ініцыятыву, выказвае сваю пазіцыю і прымае чужую.

На занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў выкарыстоўваю гульні і фізкультхвілінкі, якія маюць рухавы характар. Жвавыя гульні разнастайныя па задуме, правілах, характары рухаў, якія выконваюцца. Дзеці авалодваюць прасторавымі ўяўленнямі, лічэннем. Напрыклад, у гульні “Жывы тыдзень” даю дзецям кружкі рознага колеру, якія абазначаюць дні тыдня. Малыя становяцца ў такой паслядоўнасці, як па парадку ідуць дні тыдня, потым разбягаюцца і па сігнале павінны выстраіць тыдзень. Ускладняю гульню тым, што дзеці выстройваюцца з любога іншага дня тыдня.

На працягу многіх гадоў цесна супрацоўнічаю з бацькамі. Бацькі наведваюць адкрытыя заняткі “Падарожжа ў свет матэматыкі”, “Падарожжа ў казку “Церамок”, “Палёт у космас”, удзельнічаюць у займальных мерапрыемствах “Матэматычны КВЗ”, “Лагічныя гульні”, “Дзень матэматыкі”, “Падарожжа па казках”, наведваюць бацькоўскія сходы “Развіццё матэматычных уяўленняў праз гульні”, “Як правільна гуляць з дзіцем”, “Матэматыка ў дзіцячым садзе”, “Дзіцячае эксперыментаванне”, на якіх таты і мамы атрымліваюць практычныя навыкі па выкарыстанні гульняў пры фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей старэйшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту. Праводжу для бацькоў кансультацыі “Развіццё лагічнага мыслення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту праз дыдактычныя гульні”, “Навучанне лічэнню дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Вучымся гуляючы”, “Роля гульні ў выхаванні дзяцей” і г.д. У кутку для бацькоў размяшчаю тэматычную інфармацыю. Яны аказваюць дапамогу пры вырабе дапаможнікаў і нагляднага матэрыялу, вялікае значэнне ўдзяляюць гульням матэматычнага характару дома. Работа па фарміраванні ў дзяцей элементарных матэматычных уяўленняў дае свае станоўчыя вынікі.

Алена ШЫРАЕВА,
выхавальніца ясляў-
сада № 10 Навагрудка.