Супрацоўніцтва для паляпшэння якасці

У Хоцімскім раёне актыўна развіваюць супрацоўніцтва з расійскімі ўстановамі адукацыі.

Як паведаміла выконваючая абавязкі начальніка мясцовага аддзела адукацыі Надзея Барадзіна, узаемадзеянне галоўным чынам накіравана на абмен вопытам у сферы культуры, адукацыі, спорту, турызму, духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

— Беларуская і расійская сістэмы адукацыі ў многім падобныя. Сумесная адукацыйная дзейнасць дазваляе зрабіць працэс выхавання і навучання дзяцей больш якасным. Нам сапраўды ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Таму мы імкнёмся да ўстанаўлення трывалых узаемаадносін з расійскімі навучальнымі ўстановамі, — адзначыла Надзея Сцяпанаўна.

Па яе словах, зараз ужо наладжана плённае ўзаемадзеянне з Ершыцкім раёнам Смаленскай вобласці, Суражскім і Клятнянскім раёнамі Бранскай вобласці. У рамках адпаведных пагадненняў распрацаваны сумесныя планы работы. Адметна, што, акрамя паляпшэння арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, супрацоўніцтва з расійскім бокам добра ўплывае і на актывізацыю пазабюджэтнай дзейнасці хоцімскіх навучальных устаноў.

Так, надоечы педагогі і навучэнцы раёна прадставілі ў смаленскім горадзе Ершычы канцэртную праграму, якая дэманстравала ўсю шматграннасць хоцімскіх талентаў. На сцэне хацімчане выступалі з эстраднымі і народнымі песнямі, танцавальнымі нумарамі. Абыякавым канцэрт не пакінуў нікога, у сувязі з чым такую ж праграму плануецца прадставіць у іншых прыгранічных рэгіёнах Расіі.

Увогуле, у найбліжэйшы час на Хоцімшчыне накіраваны на пошук новых агульных кропак судакранання з суседнімі ўстановамі адукацыі. У планах — арганізацыя турыстычных паслуг, адпачынку для расійскіх школьнікаў. Ідэй і задумак мноства. Распрацаваныя мерапрыемствы будуць накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі і рознабаковае развіццё навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

Юныя знаўцы біялогіі і экалогіі

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў ХХІV абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Па словах загадчыцы аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уваравай, у спаборніцтве ўдзельнічалі 66 дзяцей з ліку членаў школьных навуковых таварыстваў, гурткоў, секцый і іншых вучнёўскіх аб’яднанняў.

Канкурсанты абаранялі навуковыя работы ў 5 секцыях: “Эксперыментальная біялогія (лабараторны і палявы эксперымент)”, “Экалогія раслін”, “Экалогія жывёл”, “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурса¬зберажэнне” і “Прыкладная экалогія і водныя экасістэмы”. Якасць конкурсных работ ацэньвала журы з ліку спецыялістаў у галіне біялогіі і экалогіі — выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласніца Лада Фісунова з сярэдняй школы № 3 Брэста (“Ацэнка якасці чысціні паветра метадам ліхенаіндыкацыі на вуліцах побач з сярэдняй школай № 3 Брэста”), дзевяцікласніца Паліна Харламава з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Эколага-фаўністычны аналіз дзённых лускакрылых у ваколіцах Баранавіч”), дзесяцікласнік Дзмітрый Крываль з Цэнтра дзіцячай творчасці Целяхан Івацэвіцкага раёна (“Аграбіялагічная ацэнка ўзораў ячменю эфіопскага паходжання ва ўмовах паўднёвай Беларусі”) і адзінаццацікласніцы Наталля Громава з гімназіі № 1 Брэста (“Ацэнка біямарфалагічных і сарбіруючых уласцівасцей сальвініі плаваючай”) і Наталля Трус з гімназіі Пружан (“Уплыў хімічных сродкаў абароны на ляжанне пладоў пры захоўванні”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Вясёлка над Ваўкавыскам

Ваўкавыск стаў 25-м горадам Беларусі, які далучыўся да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У апошнія дні мінулага года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ваўкавыскім райвыканкамам і Дзіцячым фондам ЮНІСЕФ аб далучэнні Ваўкавыска да гэтай міжнароднай ініцыятывы.

Як падкрэсліў старшыня Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Сіцько, далучэнне да ініцыятывы дасць новы імпульс для развіцця горада, новыя рэсурсы для павышэння эфектыўнасці мясцовага самакіравання, магчымасць аб’яднаць намаганні з аднадумцамі і сябрамі ў рэалізацыі творчых здольнасцей, запатрабаванняў у правядзенні вольнага часу юнага пакалення.

У гімназіі № 1 навучэнцы школ горада і раёна, члены Маладзёжнага парламента пры Ваўкавыскім раённым Савеце дэпутатаў сабраліся, каб азнаёміцца з міжнародным праектам і абмеркаваць шляхі яго рэалізацыі. Моладзь даведалася, што ініцыятыва “Горад, дружалюбны да дзяцей” зарадзілася ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя ў якасці альтэрнатыўнага бачання гарадоў, створаных дарослымі для дарослых. У яе аснове — разуменне таго, што гарадское жыццё падвяргае дзяцей новым пагрозам і небяспекам: няўстойлівасць сем’яў, сацыяльная ізаляцыя, забруджванне навакольнага асяроддзя, павышаная небяспека ўцягвання ў крымінальныя сітуацыі, ужыванне псіхаактыўных рэчываў. Дзеці даведаліся, што ініцыятыва падхоплена амаль у 900 гарадах свету.

Улічваючы, што індэкс дружалюбнасці горада да дзяцей разлічваецца па сямі параметрах, дзеці арганізавалі падарожжа па сямі колерах вясёлкі. Першы індэкс “Удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў” школьнікі звязалі з чырвоным колерам, колерам радасці і агню, які ўвасабляе імкненне чалавека да новага, да дасканаласці. Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Росі прэзентавалі ініцыятывы грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, якія рэалізоўваюцца ў іх у пасёлку. Другі індэкс “Жылое асяроддзе” быў прадстаўлены з дапамогай аранжавага колеру. Аляксандр Раманаў з сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска падкрэсліў, што вельмі важна, каб бацькі заўсёды былі побач са сваімі дзецьмі. Навучэнка сярэдняй школы № 4 Валерыя Садоўская дабавіла ў вясёлку жоўты колер для індэкса “Бяспека дзяцей у горадзе”, а навучэнцы будаўнічага ліцэя, аб’яднаныя ў творчы калектыў “Хлопцы з ліцэя”, — зялёны колер як сімвал юнацтва, надзеі і творчасці, з якім суадносіцца індэкс “Ахова здароўя і здаровы лад жыцця”.

Блакітны колер, неабсяжны, як купал неба, такі розны, як жыццё ва ўсіх яго праяўленнях, як мага лепш падыходзіць індэкса “Адукацыя і развіццё”. На думку навучэнца сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Андрэя Гаргуна, зараз задаволенасць якасцю адукацыі падымецца на новы ўзровень, бо навучэнцы разам з педагогамі павінны будуць больш якасна і крэатыўна вырашаць пытанні ўзаемападтрымкі і ўзаемаразумення.

Узорны калектыў Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі тэатр моды “Спадчына” дадаў у вясёлку сіні колер і індэкс “Вольны час і культура”. Удзельніцы калектыву лічаць, што глыбокім, высакародным сінім колерам асветлены індэкс, бо з яго дапамогай будзе вымярацца ступень задаволенасці сістэмай арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі ў горадзе.

Вядучыя праграмы Мікалай Крэчка і Настасся Бакавец, навучэнцы гімназіі № 1 і № 2 Ваўкавыска, прадставілі апошні колер вясёлкі — фіялетавы, адзначыўшы, што гэты выбар невыпадковы: апошні індэкс — “Дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі”. А фіялетавы колер, як аметыст, сімвалізуе адкрытасць для сусвету, уменне быць для ўсіх адкрытым. Навучэнцы выказалі меркаванне, што менавіта супрацоўніцтва і дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі змогуць зрабіць наш горад і жыццё ў ім больш дружалюбным для дзяцей. І ўсе разам удзельнікі сустрэчы праспявалі гімн горада “Мой Ваўкавыск”.

Як расказала загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама Таццяна Газізава, думку аб далучэнні да ініцыятывы выношвалі даўно і рабілі пэўныя крокі: пазнаёміліся з гісторыяй ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, сабралі ўсю інфармацыю аб ініцыятыве, параіліся з кіраўніцтвам раёна, далі адзнаку па індэксах дружалюбнасці і падалі заяўку. У пачатку снежня былі запрошаны ў Мінск на Рэспубліканскую канферэнцыю “Горад, дружалюбны да дзяцей: развіццё ініцыятыў, роўныя магчымасці для дзяцей і моладзі”. І неўзабаве пытанне было вырашана.

— Далучэнне да ініцыятывы патрабуе ад ўсіх добрасумленнай працы над тым, каб мы маглі атрымаць ганаровае званне “горад, дружалюбны да дзяцей”, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Першыя крокі ўжо зроблены: прайшлі давыбары ў маладзёжны парламент (прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у склад парламента раней не ўваходзілі), вызначана рабочая група, адказная за арганізацыю і правядзенне работы, распрацаваны план рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У перспектыве — адкрыццё маладзёжнага цэнтра вольнага часу ў Ваўкавыску, сучаснай залы для заняткаў настольным тэнісам… І ўвогуле планаў шмат, і мы будзем старанна працаваць над іх увасабленнем у жыццё.

Ірына ВЯЛЕСІК,
загадчык Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Адзнака за супрацоўніцтва

Супрацоўніцтва навучальных устаноў Гродзенскай вобласці і Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь мае трывалую традыцыю. У вобласці дзейнічае 39 атрадаў “Юных сяброў пагранічнікаў”, створана 9 ваенна-патрыятычных класаў пагранічнай накіраванасці, у якіх вучыцца амаль 200 чалавек.

— Асноўная мэта, якую ў рабоце з гэтымі навучэнцамі і ўвогуле са школьнікамі ставяць пагранічнікі, — выхаван­не маладых лю­дзей сапраўднымі грамадзяна­мі і патрыётамі нашай краіны, — гаво­рыць намеснік камандзіра вайсковай часці 2141 палкоўнік Максім Літ­вінскі. — Важнай част­кай нашай работы з’яўляецца і праф­арыентацыйная дзей­насць.

— Цеснае і плённае ­супрацоўніцтва з Дзяржаўным пагра­нічным камітэтам Рэспублікі Беларусь падымае выхаваўчую і патрыятычную работу ў навучальных ­установах на новы ­ўзровень, робіць яе больш змястоўнай, — дадае начальнік аддзела выхаваўчай і са­цыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоў­ская. — Разам з пагранічнікамі праводзяцца спартыўныя мера­прыемствы, акцыі “Абавязак” і “Памяць” па добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў захавання воінаў і партызан, афіцэры пагранзастаў прымаюць удзел у школьных мерапрыемствах.

Штогод у летні перыяд на базе пагранічных застаў арганізуюцца абаронна-патрыятычныя лагеры для навучэнцаў Гродзенскай вобласці. У мінулым годзе іх было 25, тут знаходзілася каля 400 навучэнцаў. Умовы пражывання ў лагерах набліжаны да армейскіх, выконваецца рэжым заставы, праходзяць заняткі па асновах ваеннай службы, медыцынскай, страявой і агульнафізічнай падрыхтоўцы, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, арганізоўваюцца экскурсіі па месцах баявой славы.

Упраўленнем адукацыі Гродзен­скага аблвыканкама ў 2014 годзе распрацавана праграма аб’яднання па ­інтарэсах “Юныя сябры пагранічнікаў”, якая рэалізуецца ў школах прыгранічных раёнаў. Адпаведная праграма ў выглядзе факультатыўнага курса “Юны пагранічнік” распрацавана Дзяржпагранкамітэтам для ваенна-патрыятычных класаў. І як вынік такой работы — выпускнікі ваенна-патрыятычных класаў выбіраюць для сябе прафесію абаронцы Айчыны. Так, у мінулым годзе курсантамі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь сталі 22 прадстаўнікі Гродзен­шчыны. Гэта самы вялікі паказчык сярод рэгіёнаў Беларусі.

За асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, удзел у арганізацыі работы атрадаў “Юны сябар пагранічніка” і ваенна-патрыятычных класаў пагранічнай накіраванасці начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін узнагароджаны знакам адзнакі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь “За дапамогу”. Граматамі таксама былі адзначаны Сапоцкінская сярэдняя школа Гро­дзенскага раёна, сярэднія школы № 3 імя В.М.Усава і № 33 Гродна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Педагогі, якія захапляюцца дызайнам

Завяршыліся адборачныя рэгіянальныя этапы Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды — 2017”, на якім журы разгледзела новыя прапановы дызайнераў і фатографаў, дало парады і рэкамендацыі.

Эскізны тур у Гомелі сабраў больш за 40 удзель­нікаў. Большасць твараў ужо знаёмыя — штогод калекцыі многіх з гэтых аўтараў дэманструюцца на фінальным паказе ў Мінску і займаюць пераможныя месцы. Напрыклад, малады дызайнер майстар вытворчага навучання Гомельскага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя Сяргей Курохцін удзельнічае ў конкурсе ўжо дзесяць гадоў. Восем яго калекцый былі прадстаўлены ў фінальных паказах у Мін­ску. Восем гадоў стварае для паказу ў фестывалі-конкурсе калекцыі педагог дадатковай адукацыі Гомельскай сярэдняй школы № 72 Святлана Вараб’ёва. Не менш плённа працуюць над дызайнам дзіцячага адзення яе калегі з Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Дручы­ніна і Таццяна Куксо, якія часта прапаноўваюць сумесныя ідэі. І такіх дасведчаных дызайнераў на Гомельшчыне налічваецца некалькі дзясяткаў. Штогод да іх далучаюцца навічкі, якія ў хуткім часе выходзяць на даволі высокі ўзровень.

На эскізным туры мадэльеры прадстаўлялі замалёўкі сваіх будучых калекцый, узоры тканін, з якіх плануецца ствараць вопратку, а таксама па магчымасці першакрыніцы — тыя рэчы, прадметы ці малюнкі, якія натхнілі на стварэнне новай калекцыі.

Шматгадовая практыка паказвае, што гамяльчане лепш за ўсё праяўляюць сябе ў стварэнні адзення для дзяцей і падлеткаў. Ды і неяк само сабой так адбываецца, што іх інтарэс ляжыць менавіта ў гэтай плоскасці. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што дызайнеры ў большасці сваёй — гэта педагогі. Многія з іх, дарэчы, часткова разглядаюць сваю дзейнасць як праф­арыентацыйную работу. Аб’яднанні па інтарэсах і тэатры моды прыцягваюць выхаванцаў. Яны пачынаюць самі нешта ствараць. Для адных гэта застаецца захапленнем, іншыя робяць яго справай свайго жыцця.

— Удзельнічаць у такіх конкурсах не толькі прэстыжна, але і цікава для саміх аўтараў, — упэўнена пастаянная ўдзельніца і неаднаразовая пераможца конкурсу Ірына Дручыніна. — Калі ўвесь час быць самім па сабе, то аднойчы не хопіць натхнення. А вось калі некуды выязджаеш, глядзіш, што ствараюць іншыя, з’яўляюцца новыя ідэі. Шкада, што такі дызайнерскі конкурс, дзе ўдзельнічаюць непрафесіяналы, у нашай краіне ўсяго адзін.

У мінулым “Млыне моды” сумесная калекцыя педагогаў-дадаткоўцаў Ірыны Дручынінай і Таццяны Куксо заняла другое месца. У якасці ўзнагароды ў зацікаўленых дызайнераў, як і ў іншых пераможцаў, з’явілася магчымасць прадэманстраваць сваю творчасць у Польшчы і Чэхіі, а таксама пагля­дзець на адзенне, якое ствараюць маладыя мадэльеры Еўропы.

— Асноўнае адрозненне іх ідэй ад нашых — у прызначэнні адзення, — расказвае Святлана Вараб’ёва, мінулагодняя дзіцячая калекцыя якой атрымала трэцяе месца. — Мы ствараем тое, што можна насіць у штодзённым жыцці. Заходнія ж мадэльеры арыентуюцца на авангарднае адзенне.

Тым не менш нашы канкурсанты шыюць эксклюзіўныя рэчы, якія ў масавую вытворчасць не ўключаюцца ўжо хаця б таму, што іх выкананне даволі працаёмкае. Праўда, як прызнаюцца аўтары калекцый, было б нядрэнна, калі б нейкія ідэі пераймаліся, бо гэта б крыху ажыўляла звык­лыя сукенкі.

У другі тур прайшлі амаль усе. Зараз у распараджэнні канкурсантаў ёсць некалькі месяцаў на выпраўленне памылак і пашыў сваіх калекцый для паказу ў паўфінале рэгіянальнага адборачнага тура пад назвай “Увасабленне”. Лепшыя з іх прымуць удзел у фінальным паказе ў Мінску.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

 

Ці магчымы крэатыў на школьнай кухні?

Якім павінна быць школьнае меню, каб дзеці з задавальненнем абедалі ў школьнай сталоўцы і не спяшаліся на перапынку ў найбліжэйшы магазін за прысмакамі ад фаст-фуду? Адказ на гэтае пытанне шукалі школьныя кухары — удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы кухар КУП “Гомельскі гарадскі камбінат школьнага харчавання”.

Традыцыйна ў кулінарным спаборніцтве сапернічаюць чатыры каманды — па адной з кожнага раёна абласнога цэнтра, куды ўваходзяць прадстаўнікі некалькіх устаноў адукацыі. У гэтым годзе межы конкурсу пашырыліся. Паказаць сваё майстэрства ў прыгатаванні карыснай ежы вызваліся і маладыя спецыялісты — учарашнія выпускнікі прафесійных каледжаў і ліцэяў. Свае стравы прадставілі журы, удзельнікам і гасцям таксама кухары двух рэстаранаў горада.

— Склалася меркаванне, што прафесія кухара сумная і аднастайная, а наш конкурс прызваны даказаць, што гэта мастацтва, — сказала, адкрываючы мерапрыемства, дырэктар Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання Святлана Царык. — Асноўнай мэтай мы ставім магчымасць прапанаваць нешта новае ў школьным харчаванні, разнастаіць школьнае меню. Вядома, прыдумляць штосьці арыгінальнае ў падачы і выкананні ўсё складаней, але гэта і ёсць майстэрства нашых спецыялістаў.

У прасторнай зале адчувалася набліжэнне навагодніх свят: аб гэтым нагадвала сервіроўка сталоў. Што да страў, то тут канкурсанты разгарнуліся шырока і прадставілі прысмакі на любы густ — ад простых дэсертаў і каш да цудоўных мясных вынаходстваў. Ацаніць жа кухарскае майстэрства належала журы. Цікава, што, акрамя прафесійнага журы, сваю думку выказвалі і незалежныя эксперты, у ролі якіх выступілі вучні школ. На “смачным” мерапрыемстве яны былі галоўнымі дэгустатарамі.

Як заўважыла старшыня журы конкурсу начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гомельскага гарвыканкама Святлана Караткевіч, сёння пры развіцці фаст-фуду і іншых не вельмі карысных прадуктаў харчавання складана накарміць дзяцей карыснымі і неабходнымі маладому арганізму прадуктамі. Але, як сведчыць конкурс, школьныя кухары могуць прапанаваць незвычайныя рашэнні са звыклымі інгрэдыентамі. Буракі, капуста, прыгатаваныя на пары мясныя стравы знаходзяць новае гучанне.

Конкурс прадугледжвае, што некаторыя з прапанаваных канкурсантамі страў могуць у будучыні ўвайсці ў школьнае меню, таму галоўнымі крытэрыямі пры вызначэнні пераможцы былі не толькі смакавыя якасці і знешні выгляд, але і магчымасць масавага гатавання страў і наяўнасць тэхналагічнай карты.

Пераможцам была названа каманда Навабеліцкага раёна Гомеля, якая прапанавала простыя і смачныя гарбузовую кашу з цукатамі і рысавую кашу з яблыкам, а таксама некалькі карысных салатаў. Другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна камандам Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў абласнога цэнтра. А незалежнае журы, якое, як ужо адзначалася, складалася з навучэнцаў школ, аддала свой голас камандзе маладых спецыялістаў.

Школьнае харчаванне даўно выйшла на новы ўзровень і працягвае ўдасканальвацца. Спецыялісты шукаюць розныя формы, якія дапамагаюць не толькі давесці да мінімуму адходы, але і задавальняць густы дзяцей. Нязменным застаецца толькі адно: харчаванне павінна быць карысным. І тут вельмі важна, каб гэтую ідэю падтрымлівалі бацькі школьнікаў.

— Смакавыя перавагі дзяцей цалкам залежаць ад бацькоў, — лічыць удзельніца каманды-пераможцы Ірына Вараб’ёва. — Калі дзіця прывучана да здаровай ежы, яно і ў школе ўжывае яе з задавальненнем.

На пытанне “Ці магчымы крэатыў на школьнай кухні?” удзельнікі конкурсу адказваюць станоўча і прызнаюцца, што гатовы дэманстраваць сваё кухарскае майстэрства: і самім задавальненне, і дзецям смачна.

Наталля ЛУТЧАНКА
Фота аўтара.

Бяспека на дарогах — наша агульная справа

Сітуацыя, калі дзіця сустракаецца са страшэннай небяспекай, — кашмар для ўсіх бацькоў. А між тым амаль кожны дзень нашы дзеці апынаюцца менавіта ў такой сітуацыі, калі становяцца ўдзельнікамі дарожнага руху. Справа гэтая для сучаснага чалавека настолькі звыклая, што мы забываемся і не ўсведамляем, наколькі вялікая гэта небяспека. Абмежаваць ад яе дзіця ў сучасных умовах практычна немагчыма, бо немагчыма абсалютна выключыць з нашага жыцця дарогі і транспарт. Але можна і неабходна навучыць маленькага чалавека правільна паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях і тым самым абараніць яго. Такая задача стаіць не толькі перад бацькамі, але і перад педагогамі, супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі. Творчы неабыякавы падыход і ўзаемадзеянне ўсіх бакоў могуць даць плён. Супрацоўнікі ўпраўлення ДАІ УУС і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама сталі ўдзельнікамі абласнога семінара-нарады. Спецыялісты сабраліся ў Валожыне, каб абмеркаваць вынікі сумеснай дзейнасці за год і ўзгадніць планы работы на год наступны.

Бадзёры тон рабоце задало прывітальнае выступленне каманды юных інспектараў дарожнага руху (ЮІДР) гімназіі № 1 Валожына. Дзеці прадэманстравалі сваю дасведчанасць у пытаннях бяспекі на дарогах і зацікаўленасць у іх вырашэнні. Удзельнікі семінара азнаёміліся з вопытам работы Валожынскага раёна па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на выставе “Вывучаем законы дарог”. Шэраг матэрыялаў па фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін на дарогах прадставілі дашкольныя ўстановы раёна ў гульнявым кейсе “Гуляючы, вучымся”. Напрыклад, аб’ёмныя макеты вуліц, раёнаў, населеных пунктаў, якія выкарыстоўваюцца на занятках. Зробленыя з розных матэрыялаў — ад канструктараў да кардону, — яны з’яўляюцца нагляднымі дапаможнікамі і даюць магчымасць мадэляваць розныя жыццёвыя сітуацыі. Асаблівую каштоўнасць маюць макеты, зробленыя дзецьмі разам з бацькамі. Таксама ўвазе гасцей былі прапанаваны атрыбуты для тэматычных ролевых гульняў і ўзоры разнастайных дыдактычных настольных гульняў па тэматыцы. Многія з іх выхавальнікі дзіцячых садоў раёна прыдумалі самі.

Прадстаўнікі Івянецкай сярэдняй школы Валожынскага раёна расказалі аб сваім вопыце правядзення пяціхвілінак бяспекі. Кожны дзень на апошнім уроку адбываюцца кароткія заняткі па тэматыцы бяспечнага дарожнага руху. Для дзяцей рознага ўзросту прапануюцца розныя формы работы, а каб настаўнікам было лягчэй праводзіць цікавыя пяціхвілінкі, у школе сабраны багаты дапаможны матэрыял.

Метадычны кейс “Бяспека на дарогах — наша агульная справа” парадаваў багаццем матэрыялаў, створаных педагогамі раёна, — гэта распрацоўкі тэатралізаваных прадстаўленняў, інтэрактыўных гульняў, практыкумаў, раздатачныя матэрыялы для бацькоў. У ЦДТіМ Валожына сабрана тэматычная відэатэка, якой могуць карыстацца пры жаданні ўсе педагогі раёна.

Вялікая ўвага ўдзяляецца супрацоўніцтву з бацькамі ў справе фарміравання навыкаў бяспечных паводзін на дарогах. Цікавы прыклад прыцягнення бацькоў — стэнды для абмену тэматычнымі кнігамі, якія дзейнічаюць па прынцыпе буккросінгу. Такія стэнды ёсць у многіх дашкольных установах раёна.

Прыклады практычнай работы настаўнікаў былі прадэманстраваны падчас урокаў “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў 2 і 5 класах гімназіі № 1 Валожына. Творчы падыход да работы дашкольных устаноў быў паказаны выхавальнікамі ДЦРД “Расінка”. Выхаванцы цэнтра выйшлі на сцэну з музычна-тэатралізаваным прадстаўленнем “Дарога да церамка. Дарожная азбука” і паказалі, што маленькія дзеці таксама неабыякавыя да вялікіх праблем.

Удзельнікі семінара-нарады ўбачылі, як да прафілактычнай работы далучаюцца самі дзеці, дэманструючы цудоўны прыклад паспяховага ўзаемадзеяння. Так, у сярэдняй школе № 2 Валожына зладжана працуюць прадстаўнікі школьнай агітбрыгады, атрада аховы правапарадку Савета старшакласнікаў БРСМ і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Яны праводзяць сумесныя інтэрактыўныя су­стрэчы, творчыя конкурсы, тэматычныя вечары, выязныя бацькоўскія сходы ва ўстановах, дзе працуюць бацькі навучэнцаў школы.

Мерапрыемства прадоўжылася пленарным пасяджэннем. Начальнік ДАІ УУС Мінаблвыканкама М.М.Караткевіч паведаміў аб стане аварыйнасці з удзелам непаўналетніх на тэрыторыі Мінскай вобласці. Мікалай Міхайлавіч адзна­чыў, што, нягледзячы на вялікі аб’ём работы, змяніць сітуацыю да лепшага карэнным чынам пакуль не ўдалося: на тэрыторыі вобласці за 11 месяцаў 2016 года адбылося 70 ДТЗ з удзелам дзяцей. Таму неабходнасць у грунтоўнай  творчай працы застаецца. М.М.Караткевіч звярнуў увагу, што трэба больш настойліва тлумачыць бацькам не толькі важнасць выхаваўчай работы, але і іх адказнасць за паводзіны дзяцей на дарозе. Таксама кіраўнік упраўлення ДАІ падкрэсліў, што неабходна арганізаваць прафілактычную работу з дзецьмі і падлеткамі, якія прыязджаюць на выхадныя і канікулы ў Мінскую вобласць з іншых рэгіёнаў і краін. Яшчэ адзін кірунак работы, які неабходна актывізаваць, — работа з падлеткамі — вадзіцелямі мотатранспарту. Мікалай Міхайлавіч заклікаў калег працаваць адказна і без фармалізму. Гэтую думку ў сваім выступленні падтрымала і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мін­аблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч.

Т.В.Апраніч паведаміла аб арганізацыі работы па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці ў 2016 го­дзе. У пачатку верасня ва ўстановах адукацыі праведзены вучэбныя заняткі па актуалізацыі правілу паво­дзін на дарозе, у побыце. Таксама восенню гэтая праблема абмяркоўвалася на бацькоўскіх сходах з прыцягненнем работнікаў органаў унутраных спраў. У навучальных установах абноўлены матэрыялы на тэматычных стэндах, аформлены куткі дарожнай бяспекі, узгод­нены з аддзяленнямі ДАІ РАУС і размешчаны на адпаведных стэндах маршруты бяспекі. Кіраўнікамі ўстаноў і класнымі кіраўнікамі ажыццяўляецца кантроль за наяўнасцю індывідуальнага маршруту бяспекі ў дзённіках навучэнцаў пачатковых класаў. Перад пачаткам навучальнага года праведзена абследаванне дарожнай сеткі паблізу ўстаноў адукацыі. На Міншчыне дзейнічае 461 каманда юных інспектараў дарожнага руху, у склад якіх уваходзяць 6316 навучэнцаў, 2043 навучэнцы сталі ўдзельнікамі 190 каманд КВЗ ЮІДР.

На працягу года даволі актыўна праводзілася работа з бацькамі. Найбольшы эфект такая праца дае ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ДАІ. Станоўчым прыкладам можа служыць Дзяржынскі раён, дзе ў кожнай установе адукацыі былі праведзены тэматычныя бацькоўскія сходы з удзелам інспектараў дзяржаўтаінспекцыі. І работу ў гэтым кірунку прафілактыкі неабходна працягваць з выкарыстаннем сучасных сродкаў уздзеяння, у тым ліку інтэрнэту.

У Мінскай вобласці створаны два абласныя рэсурсныя цэнтры па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму: у Салігорскім і Смалявіцкім раёнах. На базе школ абсталяваны 485 пляцовак па Правілах дарожнага руху. Аналагічныя цэнтры арганізаваны і на раённым узроўні. Як прыклад — рэсурсны цэнтр на базе сярэдняй школы № 3 Барысава, які дзейнічае з лістапада 2015 года. З 2014 года ў гэтым жа раёне функцыянуе раённае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў атрадаў ЮІДР. Пакуль гэта ўнікальны вопыт.

Асноўнымі выхаваўчымі мерапрыемствамі, праве­дзенымі ўстановамі адукацыі ў 2016 годзе па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, сталі алімпіяда па ПДР, абласны злёт атрадаў ЮІДР, конкурс творчых работ “Выконваем законы дарог”. У рамках правядзення профільнай змены “Маршрутамі бяспекі” ў НДЦ “Зубраня” адбыўся 44-ы абласны злёт атрадаў ЮІДР сярод 23 каманд-пераможцаў раённых і Жодзінскага гарадскога спаборніцтваў. Установы адукацыі актыўна ўключаюцца ў правядзенне інтэрактыўнай гульні “Дарожны следапыт”. Масавае праходжанне гульні можа стаць формай арганізацыі вольнага часу дзяцей у шосты школьны дзень, а таксама ў перыяд канікул. Усе гэтыя мерапрыемствы зной­дуць свой працяг і ў новым 2017 годзе.

Дар’я РЭВА.

Зімовыя цуды з імху і шышак

Зімовыя цуды творчасці прадэманстравалі хлопчыкі і дзяўчынкі Мінскай вобласці на абласным этапе Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Мерапрыемства прайшло ў Цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна.

Больш за 130 работ, зробленых юнымі майстрамі — навучэнцамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці, — стваралі святочны настрой наведвальнікам выставы.

На выставе распушылі свае хвасты рознакаляровыя пеўнікі, хваліліся ўбраннем святочныя дрэвы, зачароўвалі персанажы казак і фальклору, здзіўлялі незвычайныя ёлачныя цацкі. З кары і галінак, сухіх кветак і садавіны, імху і шышак юныя фларысты стваралі вырабы ў намінацыях “Фларыстычная цацка “Сімвал года”, “Этнаграфічная лялька”, “У госцi да Зюзi”, “Ёлачныя каралі”, “Навагодняя прыгажуня”.

37 лепшых творчых работ навучэнцаў вобласці, па рашэнні журы, накіраваны ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены МАІРА.

Гісторыя на ёлачных галінках

Немагчыма ўявіць сабе навагоднія святы без ёлкі. А яе ўпрыгожванне — самы любімы і доўгачаканы занятак як для дзяцей, так і для многіх дарослых. Але асаблівым святочнае дрэва робяць не пластмасавыя шарыкі ды пацеркі, якіх на сучасных ёлках не злічыць, а тыя ёлачныя цацкі, якія захоўваюць у сабе цеплыню некалькіх пакаленняў адной сям’і. У сям’і настаўніцы пачатковых класаў Багданаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна Людмілы Васільеўны Ярмольчык пераднавагодні час — гэта час цёплых сямейных успамінаў, задушэўных размоў і… рарытэтных цацак. Жанчына ўжо шэсць гадоў калекцыяніруе навагоднія цацкі, а апошнім часам і святочныя паштоўкі.

“Пачалося ўсё з навагодняга нумара “Настаўніцкай газеты”, які трапіў у мае рукі шэсць гадоў назад. Гэта быў артыкул пра настаўніцу-калекцыянера навагодніх цацак. Прачытала яго і падумалася: “Як жа цікава збіраць старыя цацкі — гэта ж проста гісторыя на ёлачных галінках!” У гэты ж дзень у нашай школе ўпрыгожылі ёлку. Мае вучні пабеглі глядзець на яе і мяне пацягнулі за сабой. Здавалася б, упрыгожваюць штогод, але менавіта ў гэтым годзе лясная прыгажуня ўразіла мяне разнастайнасцю сваіх цацак. Напэўна, пасля артыкула ў газеце стала звяртаць на іх увагу. Пакуль мы з дзецьмі прыглядаліся да цацак, прайшла дырэктар школы і заўважыла, што па гісторыі ёлачных цацак можна было б правесці сапраўдную даследчую работу”.

Пасля яе слоў Людміла Васільеўна зразумела, што сам лёс падказвае ёй тэму даследчай работы для сваіх выхаванцаў — малодшых школьнікаў. Вучні яе з радасцю падтрымалі — сталі збіраць навагоднія цацкі, вывучаць іх гісторыю. Праз год яны абаранілі сваю работу на раённым узроўні і, здавалася б, пра навагодні занятак можна было б забыць, але даследчая дзейнасць з цягам часу ператварылася для настаўніцы ў хобі. І ўжо шэсць гадоў Людміла Васільеўна з дапамогай вучняў папаўняе калекцыю атрыбутаў свята, збіраючы іх для душы і, як прызнаецца сама настаўніца, для будучых пакаленняў. На сёння ў яе калекцыі — каля 200 рарытэтных цацак, якія з’явіліся ў 50—80-х гадах мінулага стагоддзя. І пра гісторыю з’яўлення галоўных атрыбутаў навагодняга свята — ёлку і цацкі — настаўніца, здаецца, ведае ўжо ўсё і нават крыху больш.

“Я не вялікая аматарка інтэрнэт-пошуку, таму мы разам з дзецьмі стараліся шукаць інфармацыю ў кнігах. І столькі цікавага даведаліся! Аказваецца, каляднае дрэва з’явілася ў Германіі яшчэ ў XVI стагоддзі. Толькі было яно тады не зусім калядным, бо ставілася не 25-га, а 24-га снежня, у дзень, калі па царкоўным календары ўспамінаюць Адама і Еву, першабацькоў людскога роду. Упрыгожаная яблыкамі ялінка ўвасабляла сабой райскае дрэва пазнання дабра і зла. Акрамя яблыкаў, на ялінку вешалі аплаткі альбо вафлі, якія нагадвалі біблейскі хлеб. Як правіла, каляднае дрэва падвешвалася да столі, а пасля заканчэння свята дзецям дазвалялася страсаць прысмакі і плады, якімі ўпрыгожвалі ёлку. У гэтыя ж часы ў Германіі з’явіўся першы ёлачны шар. У пэўным горадзе быў неўраджай. Не было яблыкаў, якія звычайна вешалі на зімовую прыгажуню. Людзі звярнуліся да шкловыдзімальшчыкаў па дапамогу, і тыя зрабілі шары, якімі і ўпрыгожылі ёлку”.

Калекцыянеры ўсяго свету лічаць, што цацка, якая выраблена да 1966 года, старажытная. Яна лічыцца рарытэтам. Цацкі пазнейшага перыяду не так цэняцца, бо гэта была масавая вытворчасць. Таму, дэманструючы набыткі ўласнай калекцыі, настаўніца засяроджваецца на самых старых — савецкіх — упрыгажэннях.

“Зразумела, што ў савецкі перыяд наверсе была чырвоная зорка. Гэты сімвал, дарэчы, і зараз часта можна сустрэць на ёлцы. Будзёнаўцы, піянеры, сняжынкі з сярпом і молатам, парашутысты з ваты, фігуркі чырвонаармейцаў, піянеры з барабанамі і нават партрэты правадыроў у выглядзе рэльефных фігурак з фольгі ці па-майстэрску намаляваныя на шкляных шарах, паветраныя караблі з надпісам “СССР” — так выглядалі першыя савецкія ёлачныя цацкі. Пазней, у канцы 30-х гадоў, перад самай вайной, да гэтага дадаліся разнастайныя мадэлі ваеннай тэхнікі — дырыжаблі, самалёты і танкі. А вось што ў ёлачных упрыгажэннях заставалася нязменным, дык гэта зусім непалітызаваныя прадстаўнікі садавіны і агародніны”.
Такіх пазапалітычных упрыгажэнняў у Людмілы Васільеўны шмат. Калі калекцыя толькі пачыналася і настаўніца разам з вучнямі дала кліч у пошуку старых ёлачных цацак спачатку па бабулях і дзядулях, а потым па аднавяскоўцах, больш за ўсё людзі дзяліліся менавіта садова-агароднымі ўпрыгажэннямі. І калі ў сучасным засіллі пластмасавай ёлачнай цацкі made in Сhina яблыкаў-лімонаў амаль не сустрэнеш, то на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі з прадуктамі харчавання былі вялікія цяжкасці, выраблялася шмат цацак у выглядзе ягад, садавіны і агародніны: агуркі, лімоны, грушы, баклажаны, грыбочкі.

“Калі надышоў ваенны час, Новы год святкаваць не перасталі. Наадварот, гэтую традыцыю ўсяляк падтрымлівалі, бо яна нагадвала пра мірны час і давала надзею на хуткую перамогу, на вяртанне да звычайнага жыцця. Выраблялі цацкі, якія адпавядаюць часу: салдацікі, медсёстры, танкі, самалёты. А яшчэ на ёлку вешалі парашутыстаў — бляшаных чалавечкаў, прымацаваных да кавалачкаў матэрыі — парашуцікаў”.

У канцы 50-х гадоў з’явіліся і казачныя персанажы — Дзед Мароз, Снягурка, Арлекін, а таксама розныя звяры — совы, вожыкі, зайчыкі, лісічкі, сабачкі, пеўнікі, рыбкі і нават экзатычныя бегемоты і папугаі. Але самыя цікавыя цацкі з калекцыі Людмілы Васільеўны — гэта аб’екты казак. Напрыклад, толькі зацікавіўшыся збіральніцтвам цацак, сярод уласных ёлачных упрыгажэнняў яна разгледзела цацку ў выглядзе маскі дзядзькі Чарнамора з твора Пушкіна, пасля на вочы трапіўся домік з экранізацыі казкі “Марозка” і сукенка Золушкі з аднайменнай казачнай кінапастаноўкі. Зразумела, цікавасць да гэтых аб’ектаў была ў той час, калі экранізацыі толькі ўбачылі свет, таму Людміла Васільеўна пераканана, што і час вырабу цацкі можна адлічваць ад гэтых падзей.

“У 1958 годзе, пасля выхаду на экраны фільма Э.Разанава “Карнавальная ноч”, узніклі цацкі ў выглядзе гадзінніка, на якім стрэлка спынілася ў пазіцыі без пяці дванаццаць (памятаеце песенку “Пять минут, пять минут…”?). У маёй калекцыі два такія гадзіннікі — вялікі і малы. Малыя вырабляліся для невялікіх ёлак, якія ставіліся ў маленькіх хрушчоўках. Вялікія —для высокіх ёлак, напрыклад, вулічных”.

У 60-я гады на ёлкі вешалі пачаткі кукурузы і снапы пшаніцы. Настаўніца прызнаецца, што, дзе б яе вучні ні выступалі са сваёй работай, іх старэйшыя слухачы заўсёды ўсміхаюцца і без падказкі здагадваюцца, да якога палітычнага моманту адносяцца цацкі ў выглядзе кукурузных пачаткаў. Таксама ў навагодніх упрыгажэннях, якія ёсць у калекцыі Людмілы Васільеўны, знайшло адлюстраванне пакарэнне чалавецтвам космасу. У той час на верхавіны ёлак сталі ўзнімаць пікі ў форме ракеты, як бы накіраванай у космас. Пазней яна перайначылася і стала проста востраканцовай верхавінай. Папулярнымі сталі мадэлі ракеты “Мір”, касмічныя караблі, фігуркі касманаўтаў, спадарожнікі.

“Крыху пазней увайшлі ў моду ўпрыгажэнні не на нітачках, а на прышчэпках. Таксама з’явіліся фігуркі аўтамабіляў. “Перамога” і іншыя цацкі-машыны красаваліся тады на ёлках шматлікіх савецкіх аўтааматараў.

У 70-я гады дызайн цацак стаў менш разнастайным. Фабрыкі ёлачных упрыгажэнняў штампавалі падобныя адна да адной серыі шароў, шышак, пірамідак, ледзяшоў, званочкаў… У 80-я гады выпуск серыйных цацак, якія не адрозніваліся арыгінальнымі ідэямі, прадоўжыўся. Упрыгажэнні гэтых гадоў захоўваюцца ў многіх сем’ях і зараз. Успомніце самі, як часам прыходзіш да каго-небудзь у госці і бачыш, што на ёлцы вісіць такі ж, як і ў цябе дома, шарык з залацістым ці серабрыстым напыленнем або зялёная ці фіялетавая шышка, быццам абсыпаная цукрам. Усё гэта — прывітанне з 80-х”.

Збіраючы калекцыю, Людміла Васільеўна пашкадавала толькі аднойчы — што вельмі спазнілася са сваім хобі. “Многія, да каго мы звярталіся з просьбай падзяліцца старымі цацкамі, паспелі павыкідваць іх і расчаравана нам адказвалі: “Чаму ж вы, дзеткі, раней не прыйшлі?” Таму з дапамогай свайго хобі мне хацелася б паказаць людзям, што часам на іх гарышчах і ў шафах захоўваюцца вялікія каштоўнасці, якія трэба берагчы”.

“Гэтая даследчая работа са святочным каларытам мае і практычную накіраванасць. Адна вучаніца была так зачаравана цацачнымі здабыткамі, што нават напісала аб гэтым верш. Дзеці выступалі з нашай калекцыяй напарэдадні свят у дзіцячым садку, перад аднакласнікамі і бацькамі на агульнашкольным бацькоўскім сходзе. Калі дзеці сталі крыху старэйшымі, гастралявалі па раёне — выстаўляліся ў Лунінецкім музеі. Бацькі, бабулі і дзядулі дзяцей яшчэ добра памятаюць савецкі час. І калі для дзетак вывучэнне гісторыі цацкі больш тэарэтычная рэч, то для старэйшых пакаленняў гэта рэальныя ўспаміны”.

Наконт рэстаўрацыі калекцыйных цацак у Людмілы Васільеўны меркаванне асобае, якое адрознівае яе ад многіх калекцыянераў-аматараў. Настаўніца стараецца пакінуць рарытэтныя ўпрыгажэнні менавіта ў тым выглядзе, у якім яны трапілі ў яе рукі. Па-першае, старыя цацкі часам зроблены з такога тонкага шкла, што работа з імі павінна быць вельмі пяшчотнай, бо ўпрыгажэнні рассыпаюцца ад любога грубага дотыку. І, па-другое, сваю калекцыю настаўніца марыць з цягам часу перадаць дзецям, якіх у яе чацвёра, а потым і ўнукам. Яна пераканана, што адбітак лёсу ў прамым і пераносным сэнсе павінен быць на кожнай цаццы, тым яны і прывабныя для калекцыянера.

Апошнім часам у настаўніцы пачала фарміравацца яшчэ адна святочная калекцыя — старых навагодніх паштовак. Іх яшчэ не шмат, у асноўным паштоўкі дапамагаюць знайсці сябры і калегі, але ёсць сярод сабраных адметныя. Напрыклад, паштоўка ваеннага часу, дзе намаляваны Дзед Мароз, які б’е фашыстаў…
Навагоднія ўспаміны з дзяцінства настаўніцы пранізаны асаблівай пяшчотай, таму што яе бацькі заўсёды імкнуліся зрабіць святы незабыўнымі.

“Мой бацька працаваў у сельскай гаспадарцы — быў загадчыкам малочнай фермы. Так склалася, што кожны раз у апошнія перадсвяточныя дні ён ад’язджаў на раённы справаздачны сход. Гэта паўтаралася з году ў год. І мы, дзеці, добра ведалі, што з горада ён вернецца з поўнай сумкай падарункаў, стараліся да яго прыезду ўпрыгожыць ёлку, хату… Так было заўсёды, і гэты час чакання я не забуду ніколі. Нават зараз, хоць ужо ў самой дзеці выраслі, у пераднавагоднія дні адчуваю тую нецярплівасць, трапятанне сэрца і чаканне цуду. А яшчэ пах зефіру і мандарынаў, якія заўсёды былі ў бацькавых навагодніх падарунках”.

Такія простыя жыццёвыя ўспаміны, напэўна, самае каштоўнае, што чалавек праносіць праз усё жыццё. Таму мы з Людмілай Васільеўнай жадаем вам, паважаныя чытачы “Настаўніцкай газеты”, каб кожнае навагодняе свята вас суправаджалі дзіцячая нецярплівасць і чаканне цуду!

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва Л.В.Ярмольчык.

Радасць сумеснай творчасці

Выставы сумеснай творчасці бацькоў і дзяцей, прысвечаныя розным тэмам, прымеркаваныя да свят, у нашай установе сталі традыцыйнымі. Асаблівае задавальненне і радасць прыносяць навагоднія выставы, у нас ужо адбыліся прэзентацыі “Самая незвычайная ёлачка”. “Снегавічкі”, “Дзядулі Марозы і Снягуркі”, “Чароўная змейка”. У гэтым годзе фантазію і творчасць дзяцей і іх бацькоў абудзіў будучы гаспадар 2017 года Вогненны Певень.

На выставе прадстаўлены пеўнікі з розных матэрыялаў (папера, тканіна, ніткі, дрот, бісер, кардон, прыродныя матэрыялы), выкананыя ў розных тэхніках (вязанне на прутках і кручком, аплікацыя, арыгамі, квілінг, пляценне трубачкамі і інш.). Выстава стала сапраўдным месцам паломніцтва выхаванцаў, бацькоў, супрацоўнікаў і гасцей нашага дашкольнага цэнтра. Вельмі прыемна ўбачыць вырабы, зробленыя сваімі рукамі разам з мамай і татам. Сумесная творчасць аб’ядноўвае бацькоў і дзяцей, фарміруе даверлівыя адносіны паміж імі, дорыць радасць зносін і стварае ў сям’і цёплую атмасферу, асабліва перад такімі чароўнымі святамі — Новым годам і Калядамі!

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.