Гэта было нядаўна, гэта было даўно

Не будзе перабольшаннем назваць Барыса Васільевіча ІВАНОВА асобай у развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны. Шмат гадоў Барыс Васільевіч працаваў намеснікам міністра адукацыі і адказваў за прафесійна-тэхнічную адукацыю на самым высокім кіраўніцкім узроўні. І цяпер Барыс Васільевіч у курсе ўсіх спраў адукацыйнай галіны. Ён узначальвае рэспубліканскі вытворча-практычны і навукова-метадычны часопіс “Прафесійная адукацыя”.

— Барыс Васільевіч, раскажыце, калі ласка, аб найбольш істотных пераўтварэннях, якія адбыліся ў час вашай дзейнасці на пасадзе намесніка міністра адукацыі і якія мелі на мэце ўдасканаленне прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— У першую чаргу трэба сказаць, што ўпершыню ў нашай краіне быў падрыхтаваны і ў 2003 годзе прыняты Закон “Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі”, асноўныя нормы якога ўключаны ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, створаны ў 2011 годзе.
Адметнай падзеяй стала завяршэнне аднаго з этапаў распрацоўкі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і абнаўлення зместу прафесійна-тэхнічнай адукацыі з уключэннем вучэбных спецыяльнасцей і кваліфікацый у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, зацверджаны адукацыйныя стандарты і тыпавая вучэбна-праграмная дакументацыя па ўсіх спецыяльнасцях. Адметна, што ў гэты перыяд органы кіравання рэгіянальнай прафтэхадукацыяй, навучальныя ўстановы атрымалі істотную самастойнасць у арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, якія былі патрэбны на месцах. З улікам патрэб рэгіянальных рынкаў працы былі ўнесены змены ў змест навучання, у пералік прафесій, у аб’ёмы падрыхтоўкі кадраў, што станоўча паўплывала на працаўладкаванне выпускнікоў прафтэхустаноў і на задавальненне запытаў рэгіянальных заказчыкаў кадраў.
Узмацнілася інавацыйная і практычная накіраванасць вучэбна- і навукова-метадычнага забеспячэння прафтэхадукацыі, якая каардынавалася Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Былі арганізаваны рэспубліканскія метадычныя аб’яднанні, а таксама аб’яднанні педагагічных работнікаў, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Аўтарытэтнай грамадскай арганізацыяй лічыўся Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, меркаванні якога часта ўплывалі на развіццё не толькі канкрэтнай навучальнай установы, але і ў цэлым усёй сістэмы ПТА. Пачалася распрацоўка вучэбна-метадычных комплексаў, электронных сродкаў навучання. Арганізавана работа па падрыхтоўцы, экспертызе і выпуску нацыянальнай вучэбнай літаратуры.
Ужо ў тыя часы было відавочным, што на якасць прафесійнай падрыхтоўкі перш за ўсё ўплывае практычны складнік навучання. На заканадаўчай аснове ў вучэбных планах было прадугледжана, каб на практычнае навучанне было адведзена не менш за 40% ад агульнай колькасці гадзін. З гэтай мэтай статус базавых атрымаў шэраг арганізацый, з якімі навучальныя ўстановы заключылі дамоўленасці аб фарміраванні заказу на падрыхтоўку рабочых, і такім чынам актывізавалася работа па арганізацыі вытворчага навучання на базе прадпрыемстваў са стварэннем вучнёўскіх месцаў з аплатай працы. Сумесна з галінамі эканомікі распрацаваны і зацверджаны мінімальныя пералікі машын і абсталявання для арганізацыі вытворчага навучання па ўсіх спецыяльнасцях, што стала штуршком да ўвядзення ў структуру навучальных устаноў рэсурсных цэнтраў. Да 2011 года было створана 19 рэсурсных цэнтраў па 9 спецыяльнасцях.
З мэтай задавальнення патрэб моладзі ў прафесійнай адукацыі і ажыццяўлення сацыяльнай накіраванасці ПТА арганізавана навучанне па вячэрняй і завочнай форме, створаны рэальныя ўмовы для прафесійнага навучання падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Адметна тое, што для матэрыяльнай падтрымкі прафтэхустаноў, умацавання іх базы з боку галіновага міністэрства былі ініцыіраваны і падтрыманы на дзяржаўным узроўні механізмы прыцягнення інвестыцый у сістэму ПТА з рэспубліканскага і абласных фондаў падтрымкі вытворцаў, галіновых інавацыйных фондаў. Былі ўнесены змены ў падатковае заканадаўства, якія стымулявалі развіццё пазабюджэтнай дзейнасці навучальнымі ўстановамі і істотна павялічылі ў далейшым іх даходы. Прымянялася практыка набыцця дарагога абсталявання ў лізінг, пастаўка тэхнікі і абсталявання ў лік падатковых плацяжоў у бюджэт і інш. У той перыяд падрыхтоўкай рабочых кадраў зацікавіліся недзяржаўныя прадпрыемствы, у тым ліку з замежным капіталам, якія накіроўвалі сродкі на стварэнне вучэбнай базы навучальных устаноў, на адкрыццё падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў па новых спецыяльнасцях. Гаворачы пра вопыт узаемадзеяння з замежнымі калегамі, нельга абысці супрацоўніцтва айчыннай сістэмы адукацыі з міжнароднымі адукацыйнымі арганізацыямі, у першую чаргу з Еўрапейскім фондам адукацыі, з якім было наладжана цеснае супрацоўніцтва і якое істотна паўплывала на развіццё ПТА нашай краіны ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. Згодна з аптымізацыяй сеткі прафтэхустаноў, у гэты перыяд практычна было завершана пераўтварэнне ПТВ у прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы. Была скарочана колькасць навучальных устаноў у асноўным за кошт іх узбуйнення.
Трэба сказаць, што ў цэлым тыя крокі, якія былі зроблены ў той час па стабілізацыі і развіцці сістэмы ПТА, дазволілі адкрыць навучальным установам новыя гарызонты і выйсці на больш высокі ўзровень.

Пра Таццяну Аркадзьеўну ЯСТРАБ можна з упэўненасцю сказаць, што ў сістэме прафесійнай адукацыі яна ўсіх ведае і яе ўсе ведаюць. Яна прайшла доўгі, насычаны працоўны шлях ад навучэнкі прафтэхвучылішча да дырэктара каледжа. Пэўны час яна ўзначальвала аддзел прафесійна-тэхнічнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Таццяна Аркадзьеўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра тое, як гэта было, якія кірункі прафесійнай адукацыі развіваліся ў той час.

— Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі і непасрэдна яе матэрыяльная база патрабавалі ў той час тэрміновай мадэрнізацыі, паколькі станочное абсталяванне маральна састарэла, навучанне праходзіла па савецкіх методыках з выкарыстаннем вучэбна-праграмнай дакументацыі і спецыяльнай літаратуры ў асноўным расійскіх аўтараў. Патрабавалася распрацоўка і выданне нацыянальнай вучэбнай літаратуры па масавых спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Штогадовай праблемай было камплектаванне груп па прафесіях машынабудаўнічага і будаўнічага профілю, складана было працаўладкаваць выпускнікоў пасля заканчэння навучання ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй, бо прадпрыемствы таксама мелі цяжкасці і была, неабходна мадэрнізацыя вытворчасці.
Кожная ўстанова адукацыі шукала свой шлях “выжывання”. У будаўнічых і машынабудаўнічых установах адкрывалі падрыхтоўку швачак, вышывальшчыц, кветкаводаў, азеляніцеляў, каб такім чынам узняць імідж прафесійнай адукацыі і хаця б прыгожымі назвамі прафесій прыцягнуць на вучобу моладзь. А пасля заканчэння навучання масава выдаваліся даведкі аб свабодным працаўладкаванні ў сувязі з незапатрабаванасцю гэтых прафесій. Назіралася ўсё большая схільнасць моладзі да прафесій, звязаных з камп’ютарнымі тэхналогіямі, стала модным быць праграмістам, юрыстам, эканамістам і ні ў якім разе не рабочым на будоўлі або заводзе. І гэта ў той час, калі прадпрыемствы і арганізацыі сацыяльна-эканамічнага комплексу сталіцы мелі значную патрэбу ў кваліфікаваных рабочых кадрах, а ўстановы — у заказе на іх падрыхтоўку. Таму трэба было тэрмінова прымаць кіраўніцкія рашэнні для выхаду з няпростай сітуацыі і ўстанавіць баланс у адносінах паміж заказчыкамі кадраў і навучальнымі ўстановамі. Зыходным пунктам у гэтым працэсе стала прыняцце рашэння Мінгарвыканкама аб замацаванні за навучальнымі ўстановамі арганізацый — заказчыкаў кадраў і наданне ім статусу базавых. Штогод арганізацыі вызначалі патрэбу ў кваліфікаваных рабочых кадрах, заключалі доўгатэрміновыя дагаворы аб супрацоўніцтве і на падрыхтоўку кадраў з установамі адукацыі. Быў перагледжаны рэгіянальны пералік прафесій, па якіх вялася падрыхтоўка, і выпрацаваны прапановы па адкрыцці новых перспектыўных прафесій з улікам прапаноў работадаўцаў, эканомікі горада, службы занятасці.
Была распрацавана Праграма развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска ў рамках рэспубліканскай праграмы. Згодна з ёй вучылішчы і рэгіянальныя цэнтры прафесійнай адукацыі былі пераўтвораны ў прафесійныя ліцэі і каледжы. Па рашэнні Мінгарвыканкама для арганізацый быў прапісаны шэраг задач, якія і да гэтай пары застаюцца актуальнымі. Так, у прыватнасці, была пастаўлена задача аказваць дапамогу ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы; рабіць заяўкі на мэтавую падрыхтоўку рабочых кадраў; арганізоўваць вытворчае навучанне і практыку навучэнцаў на аплатных рабочых месцах у адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі; выдаткоўваць фінансавыя сродкі на матэрыяльнае стымуляванне навучэнцаў і педагогаў, ствараць умовы майстрам вытворчага навучання і выкладчыкам для праходжання стажыровак у мэтах вывучэння новых вытворчых тэхналогій; прадугледжваць распаўсюджванне льгот, якія існуюць у арганізацыі, для работнікаў базавай установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Гэтае рашэнне Мінгарвыканкама, па сутнасці, стала планам мерапрыемстваў, накіраваных на ўзаемадзеянне ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і на развіццё сістэмы ПТА горада ў цэлым. Прынятыя меры па развіцці гарадской сістэмы ПТА сталі своеасаблівым прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны.
Наступным этапам удасканалення сістэмы ПТА горада сталі мэтавыя праграмы “Абсталяванне”, “Камп’ютарызацыя”, “Харчаблокі”, “Спартыўныя залы і пляцоўкі” ў рамках рэалізацыі Рэспубліканскай праграмы развіцця сістэмы ПТА. На рэалізацыю мэтавых праграм фінансавыя асігнаванні накіроўваліся з гарадскога бюджэту. У выніку ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі горада сталі больш-менш адпавядаць сучасным патрабаванням і тым самым ствараць умовы для якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.
Складаным пытаннем для станаўлення сталічнай прафтэхшколы стала правядзенне аптымізацыі малакамплектных устаноў прафтэхадукацыі, дзе вялася падрыхтоўка па не запатрабаваных на рынку працы прафесіях, шляхам зліцця з роднаснымі ўстановамі ПТА. Тым не менш быў знойдзены аптымальны шлях для захавання кантынгенту навучэнцаў, майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін на адпаведных пасадах. Гэтаму паспрыяла праграма “Кадры”, у якой былі ўлічаны ўсе катэгорыі педагагічных работнікаў для павышэння прафесійнага ўзроўню ва ўмовах вытворчасці.
Немалаважным крокам у развіцці сталічнай сістэмы прафесійнай адукацыі, зробленым у мэтах заахвочвання педагагічных работнікаў, стала рашэнне Мінскага гарвыканкама аб штомесячнай выплаце дадатковай сумы да заробку педагагічным работнікам на працягу навучальнага года, увядзенне гранта за дасягненні ў педагагічнай дзейнасці, рэканструкцыя інтэрната каледжа сферы абслугоўвання ў маласямейны дом для педагагічных работнікаў, будаўніцтва жылога дома для педагагічных работнікаў. Напэўна, ўсе захады, якія былі зроблены ў той перыяд, станоўча паўплывалі на тое, каб сёння сталічная адукацыя развівалася дынамічна.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Высакародная місія

Неабходнасць фарміравання кадравага патэнцыялу для інавацыйнага развіцця ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы патрабуе пастаяннага ўдасканальвання сістэмы прафесійнай адукацыі. Ініцыятарам і каардынатарам гэтай работы ўжо шмат гадоў выступае Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Пра тое, на што сёння скіравана дзейнасць гэтай установы, расказвае нязменны кіраўнік інстытута, генератар ідэй па развіцці айчыннай прафесійнай адукацыі А.Х.ШКЛЯР.

— Аркадзь Ханонавіч, маштаб дзейнасці інстытута настолькі вялікі, што цяжка ў кароткім інтэрв’ю, як кажуць, ахапіць неабсяжнае. Спынімся толькі на некаторых кірунках дзейнасці РІПА.
— Сапраўды, дзейнасць РІПА ў развіцці прафесійнай адукацыі даволі маштабная. Аб гэтым сведчыць і структура інстытута. Сёння ў РІПА ўваходзяць цэнтры развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння гэтых узроўняў адукацыі, а таксама цэнтры для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выхаваўчай работы, цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, навукова-метадычнага забеспячэння інфарматызацыі прафесійнай адукацыі, міжнароднага супрацоўніцтва і адукацыйных паслуг для замежных грамадзян. Акрамя таго, у склад РІПА уваходзіць два філіялы — прафесійна-тэхнічны каледж і індустрыяльна-педагагічны каледж і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Як бачна па назвах структурных падраздзяленняў РІПА, мы ахопліваем увесь спектр кірункаў, неабходных сёння для развіцця і ўдасканальвання айчыннай прафесійнай адукацыі.Калі спыніцца больш падрабязна і з дапамогай лічбаў праілюстраваць нашу дзейнасць, то за апошні час распрацавана і абноўлена 50 адукацыйных стандартаў, у тым ліку стандартаў другога пакалення. Створана новае пакаленне вучэбна-праграмнай дакументацыі: распрацавана 139 тыпавых вучэбных планаў і 390 тыпавых вучэбных праграм па 50 спецыяльнасцях. Для забеспячэння высокай якасці падрыхтоўкі распрацавана і выдадзена 150 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па прадметах агульнапрафесійных і спецыяльных цыклаў па найбольш масавых прафесіях. Акрамя таго, у РІПА прайшлі экспертызу 326 вучэбна-метадычных комплексаў, распрацаваных установамі ПТА, з якіх каля паловы ацэнены станоўча. Распрацавана і выдадзена 75 найменняў метадычных рэкамендацый. Цэнтр навукова-метадычнага забеспячэння інфарматызацыі прафесійнай адукацыі стварыў банк электронных сродкаў навучання, які змяшчае 132 найменні. Для забеспячэння арганізацыйна-кіраўніцкай і метадычнай дзейнасці органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў ПТА за апошнія гады было распрацавана 112 нарматыўных дакументаў, з якіх 52 — на ўзроўні прэзідэнта і Савета Міністраў, значная работа была праведзена па распрацоўцы Кодэкса аб адукацыі.
Павышэнню якасці прафесійнай адукацыі спрыяла распрацоўка і ўкараненне ў праектаванне адукацыйных стандартаў і вучэбна-праграмнай дакументацыі кампетэнтнаснага падыходу і модульнай арганізацыі адукацыйнага працэсу, што дазволіла стварыць модульныя вучэбныя праграмы, якія праходзяць апрабацыю ў шасці ўстановах ПТА. Актуальнасць праблемы забеспячэння адпаведнасці патрабаванняў рынку працы магчымасцям рынку адукацыйных паслуг, а таксама міжнароднай супастаўнасці сістэм кваліфікацый выклікала неабходнасць стварэння Нацыянальнай рамкі кваліфікацый. Супрацоўнікамі інстытута распрацаваны праект канцэпцыі і метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, што будзе спрыяць павышэнню даступнасці сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны і яе ідэнтыфікацыі з сістэмамі еўрапейскіх краін.

— Неабходнасць развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай адукацыі абумоўлена як неабходнасцю ўваходжання нашай краіны ў сусветную сістэму адукацыі, так і магчымасцю выкарыстання пазітыўнага вопыту.
— Безумоўна, так. За апошнія пяць гадоў інстытут рэалізаваў шэраг міжнародных праектаў, накіраваных на ўдасканаленне айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі. Згодна з рашэннем Еўрапейскага фонду адукацыі (ЕФА) і Міністэрства адукацыі Беларусі, РІПА з’яўляецца каардынатарам Турынскага працэсу ў краіне. На базе інстытута дзейнічае Нацыянальны наглядальны цэнтр (абсерваторыя) Еўрапейскага фонду адукацыі. Развіваецца супрацоўніцтва інстытута з краінамі СНД у сферы прафесійнай адукацыі. РІПА нададзены статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі. Выбар нашай установы тут невыпадковы. РІПА мае сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці, праектавання і аказання паслуг па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кіруючых кадраў і спецыялістаў прафесійнай адукацыі патрабаванням СТБ ISO 9001-2009, а таксама сертыфікат нямецкага органа сертыфікацыі DAkkS.
Адным з кірункаў дзейнасці базавай арганізацыі стала арганізацыя павышэння кваліфікацыі работнікаў прафесійнай адукацыі. З гэтай мэтай на базе інстытута было арганізавана павышэнне кваліфікацыі для кіруючых работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі, а таксама майстроў вытворчага навучання Рэспублікі Казахстан. Плануецца арганізаваць павышэнне кваліфікацыі для кіраўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі шэрага рэгіёнаў Расіі і краін СНД.
Савет па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД зацвердзіў Палажэнне аб сеткавым каледжы, які цяпер паспяхова функцыянуе на базе інстытута.

— Аркадзь Ханонавіч, не магу не запытацца аб грандыёзным праекце апошняга часу, якім можна назваць членства нашай краіны ў WorldSkills International і ўдзел нашай нацыянальнай каманды ў спаборніцтвах WorldSkills у Бразіліі.
— Усе гэтыя захады зроблены з мэтай выкарыстання замежнага вопыту падрыхтоўкі рабочых кадраў, узняцця іміджу нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі і папулярызацыі рабочых прафесій сярод нашай моладзі. Што можа быць больш высакародным за гэтую місію?! Таму ў 2014 годзе РІПА ініцыіраваў уступленне краіны ў Міжнародную асацыяцыю WorldSkills International (WSI). Міністэрства адукацыі дэлегавала інстытуту абавязкі Нацыянальнага аператара WSI.
У мінулым годзе РІПА ўпершыню арганізаваў Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства па 20 намінацыях з удзелам 150 канкурсантаў — Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus. У гэтым годзе беларускія канкурсанты паспяхова выступілі на расійскім конкурсе WSI ў Казані і прынялі ўдзел у 43-м Сусветным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Бразіліі, дзе ўдала выступілі.
Найлепшыя вынікі паказалі Алеся Назарава сярод цырульнікаў і Вольга Закрэўская сярод закройшчыкаў. Абедзве яны былі ўзнагароджаны спецыяльнымі медалямі WorldSkills. Спадзяёмся, што колькасць уладальнікаў медалёў самай рознай пробы з кожным новым удзелам Беларусі ў WorldSkills будзе павялічвацца. Наперадзе ІІ Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus і не за гарамі Абу-Дабі, дзе пройдзе чарговы, 44-ы, Сусветны чэмпіянат WorldSkills-2017.

Ала КЛЮЙКО.

Новы імпульс

Аб сённяшнім дні сістэмы прафесійнай адукацыі і перспектывах яе развіцця на бліжэйшы час расказвае Вадзім Анатольевіч БОГУШ, першы намеснік міністра адукацыі, які сёння займаецца гэтым напрамкам у галіновым міністэрстве.

— Хацелася б выдзеліць некалькі асноўных рыс развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі, якія сёння ёй найбольш характэрны, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — З улікам развіцця інавацыйнай эканомікі нашай краіны перад сістэмай прафесійнай адукацыі стаяць важныя задачы, якія патрабуюць абнаўлення яе мадэлі ў напрамку максімальнай адаптаванасці да сучасных змен на рынках працы, пераходу на сусветныя стандарты падрыхтоўкі маладых рабочых і спецыялістаў, забеспячэння даступнасці і якасці адукацыі.Па словах першага намесніка міністра, знакавай падзеяй для развіцця прафесійнай адукацыі за гэты перыяд стала прыняцце на ўзроўні дзяржавы дастаткова змястоўнага пакета заканадаўчых, нарматыўных прававых актаў, якія вызначаюць адукацыйную палітыку ў нашай краіне, і, безумоўна, у першую чаргу гэта Кодэкс аб адукацыі.
Новыя перспектывы развіцця прафесійнай адукацыі адкрываюцца сёння ў свеце сусветных тэндэнцый. Згодна з міжнароднымі праграмамі па развіцці прафесійнай адукацыі, у тым ліку праграмай Еўрапейскага саюза, для нашай краіны галоўнай задачай з’яўляецца павышэнне занятасці насельніцтва для больш поўнай адпаведнасці прапаноў сістэмы прафесійнай адукацыі і патрэб сучаснага рынку працы, а таксама павышэнне якасці і прывабнасці прафесійнай адукацыі, лепшая адаптацыя маладых рабочых і спецыялістаў да патрабаванняў заказчыкаў кадраў, павышэнне іх мабільнасці ў нацыянальным і міжнародным маштабе, развіццё кампетэнцый у сферы сучасных тэхналогій і інавацый.
У аснову палітыкі развіцця прафесійнай адукацыі закладзены аптымізацыя аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з патрэбамі развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей, абнаўленне зместу і забеспячэнне якасці навучання, узмацненне практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі кадраў, паляпшэнне матэрыяльнага і ўдасканаленне кадравага забеспячэння, укараненне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс.
Як адзначыў В.А.Богуш, істотным крокам у гэты перыяд з’яўляецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўныя задачы гэтага працэсу — прывядзенне структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў рознага ўзроўню адукацыі і кваліфікацыі ў адпаведнасць з патрэбамі рэгіянальных рынкаў працы, ліквідацыя дубліравання і няпрофільнай падрыхтоўкі кадраў; забеспячэнне балансу інтарэсаў рэгіёнаў, галін эканомікі і сацыяльнай сферы, арганізацый — заказчыкаў кадраў і моладзі; рацыянальнае выкарыстанне кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і фінансавых рэсурсаў; далейшае развіццё сістэмы бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі, уключаючы дадатковую адукацыю дарослых у адпаведнасці з сусветнымі падыходамі, калі адукацыя праходзіць праз усё жыццё.
Па меркаванні Вадзіма Анатольевіча, значным этапам аптымізацыі з’яўляецца стварэнне сеткі рэгіянальных каледжаў, пераважна з рэсурснымі цэнтрамі ў іх складзе, якія могуць рэалізоўваць усе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дарослых і моладзі. Пры гэтым кожны з такіх каледжаў у залежнасці ад рэальнай патрэбы арганізацый — заказчыкаў кадраў аддае перавагу падрыхтоўцы па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях і кваліфікацыях.
Як заўважыў Вадзім Анатольевіч, у сістэме прафесійнай адукацыі структура падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў фарміруецца адрасна з улікам патрэбы, якая на стадыі вызначэння кантрольных лічбаў прыёму для навучання на бюджэтнай аснове больш чым на 85 працэнтаў пацвярджалася заключанымі дагаворамі і пададзенымі заяўкамі з боку наймальнікаў кадраў. Усе ўстановы адукацыі цяпер маюць па некалькі базавых арганізацый, статус якіх заканадаўча вызначаны ўрадам.
— Аднак варта заўважыць, што на змяншэнне дыспрапорцыі попыту і прапанавання на рынку працы ўплывае не толькі сістэма адукацыі, але і шэраг унутраных і знешніх фактараў: дэмаграфічная сітуацыя, міграцыя, бягучая эканамічная сітуацыя і знешнеэканамічная кан’юнктура, структурная перабудова вытворчасці, змяненне адносін уласнасці, — адзначыў В.А.Богуш. — Таму ў цэлым праблему незбалансаванасці падрыхтоўкі кадраў з патрэбамі рынку працы не атрымліваецца вырашыць у поўнай меры. Фарміраванне кадравага патэнцыялу прадугледжвае неабходнасць прагнозу забяспечанасці кадрамі. Але, як паказвае аналіз, не ўсе галіны, рэгіёны і канкрэтныя прадпрыемствы праводзяць работу па прагназаванні патрэб у кадравых рэсурсах і фарміраванні заказу на падрыхтоўку кадраў, як гэта ўстаноўлена адпаведнай пастановай урада. Тут неабходны дадатковыя меры па каардынацыі і выкананні гэтай работы.
В.А.Богуш паведаміў, што ў перспектыве галоўнымі для далейшага развіцця прафесійнай адукацыі стануць такія напрамкі, як наданне сацыяльнаму партнёрству новага імпульсу з мэтай забеспячэння балансу рынку працы і рынку адукацыйных паслуг, ліквідацыя дыспрапорцыі ў падрыхтоўцы кадраў па ўзроўнях адукацыі, спецыяльнасцях і прафесіях на аснове ўдасканалення сістэмы прагназавання патрэб у працоўных рэсурсах і фарміравання заказу на падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў. Акрамя таго, неабходна ўдасканаліць кваліфікацыйную структуру занятых маладых рабочых і спецыялістаў і тых, каго рыхтуе сістэма адукацыі, у працяг пачатай у нашай краіне работы па стварэнні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і распрацоўцы прафесійных стандартаў. Таксама значнае месца займае павышэнне якасці і даступнасці прафесійнай адукацыі на аснове абнаўлення зместу адукацыі з улікам міжнародных стандартаў, пашырэння сеткавых і дыстанцыйных форм навучання, далейшага развіцця рэсурсных цэнтраў у адпаведнасці з відамі эканамічнай дзейнасці.
Вельмі важным сёння з’яўляецца павышэнне іміджу прафесійнай адукацыі, прывабнасці рабочых прафесій для моладзі, узняцце аўтарытэту навучальных устаноў для бацькоў і ў цэлым для ўсяго грамадства, — зазначыў Вадзім Анатольевіч. — У гэтай справе важна пашыраць і разнастайваць формы прафарыентацыйнай работы, якая б закранала кожнага маладога чалавека і матывавала яго на выбар рабочай прафесіі. Такім дзейсным механізмам павінна стаць і далей далучэнне навучэнцаў і маладых рабочых да алімпіяднага руху ў сферы прафесійнага майстэрства, якім з’яўляецца рух WorldSkills. Нашы канкурсанты праявілі сябе з найлепшага боку і тым самым паднялі імідж нашай сістэмы прафесійнай адукацыі на міжнародны ўзровень.

Ала КЛЮЙКО.

“АРТ-вакацыі” ў сістэме ПТА і ССА: новыя рэаліі і новыя перспектывы

Здаецца, гэта было толькі ўчора, калі ў прыгожым беларускім горадзе Маладзечне мы маглі быць сведкамі грандыёзнага маладзёжнага дзейства — адмысловага прафарыентацыйнага свята-кірмашу “Мая прафесія — мая будучыня” і яскравага гала-канцэрта пераможцаў Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі-2015”, які праводзіўся ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але не. Гэта было не ўчора. Гэта было 23 мая 2015 года, ажно цэлыя 4 месяцы назад. Проста вельмі хутка праляцела легкадумнае лета, незаўважна адзвінеў сваім першым школьным званком верасень… і таму нам здаецца, што май быў учора. А сёння мы ўзгадваем той цудоўны, падораны нам прафтэхаўцамі дзень 23 мая яшчэ і таму, што менавіта сёння мы святкуем 75-годдзе прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне. Святкуем зноў жа прыгожа, урачыста, натхнёна…
…Зрэшты, досыць пафасу. Надоечы ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшоў круглы стол “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю”. Яго ўдзельнікамі сталі арганізатары Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, арганізатары непасрэдна ІІ этапу фестывалю, які ахапіў установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі ПТА і ССА, а таксама прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты”. Мэта круглага стала апісвае перспектывы фестывалю: “Актуалізацыя зместу ІІ этапу Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” праз выяўленне эфектыўных арганізацыйна-метадычных і творчых рэсурсаў”.
Варта ўлічыць, што фестываль “АРТ-вакацыі”, які праводзіцца ў Беларусі з 2003 года, ужо адбыўся як самая маштабная мастацкая падзея ў навучэнскім і студэнцкім асяроддзі; сфарміраваўся і па сваім абліччы, і па канцэпцыі; выпрацаваў за гады сваю ўнікальную сістэму падрыхтоўкі і правядзення; знайшоў сябе ў канкрэтных сур’ёзных тэмах; разгалінаваўся адметнымі спадарожнымі творчымі праектамі; нарэшце, пакарыў такія прэстыжныя канцэртныя пляцоўкі, як Палац Рэспублікі, Летні амфітэатр у Віцебску, канцэртная зала “Мінск” і сёлета — Летні амфітэатр у Маладзечне… Але арганізатары “АРТ-вакацый” цудоўна разумеюць, што мяняюцца часы — і мы мяняемся разам з імі. І фестываль не павінен стаяць на месцы, а павінен пэўным чынам трансфармавацца, удасканальвацца, калі хочаце, нават падстройвацца пад зменлівыя жаданні ўдзельнікаў і педагогаў, каб быць ім цікавым, каб быць адэкватным канкрэтнаму часу і тым канкрэтным задачам, якія ставіць час. Адным словам, заўсёды быць актуальным. Актуалізацыя — вось ключавое слова ў фармулёўцы мэты круглага стала.

Імідж сістэмы і папулярызацыя прафесіі

Праблемнае поле круглага стала “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю” складалі тры асноўныя блокі: “Змест выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі”, “Адміністрацыйны і інфармацыйна-метадычны аспекты правядзення фестывалю”, “Інавацыйна-творчы аспект рэалізацыі рэспубліканскага праекта “АРТ-вакацыі”. Адпаведным чынам выбудоўвалася і дыскусія.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Віктар Віктаравіч Якжык адразу ж звязаў тры гэтыя рэчы — “АРТ-вакацыі”, вольны час навучэнцаў і выхаваўчую работу з імі — у адно. Фестываль “АРТ-вакацыі”, несумненна, за гады існавання стаў вельмі значным складнікам вольнага часу навучэнцаў, а вольны час у сваю чаргу з’яўляецца адным з самых дзейсных сродкаў выхавання маладых людзей. Наогул жа, найважнейшую ролю ў стварэнні ўмоў для развіцця асобы, задавальнення яе патрэб у творчасці, самавыяўленні, самасцвярджэнні і самавыхаванні адыгрываюць аб’яднанні па інтарэсах. У кантэксце сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, нагадаў міністр адукацыі, тут быў бы ідэальным прынцып “фіфці — фіфці”, гэта значыць, такая сітуацыя, пры якой аб’яднанняў па інтарэсах было б прыблізна пароўну — тых, што звязаны непасрэдна з той ці іншай прафесіяй, і тых, што звязаны з іншымі захапленнямі навучэнцаў, з іх вольным часам (спортам, мастацтвам і інш.). На сёння ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць 3064 аб’яднанні па інтарэсах, дзе займаюцца 46 109 навучэнцаў; ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 1606 аб’яднанняў, дзе займаюцца 26 411 навучэнцаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага і мастацкага кірунку, і, што адметна, мастацкія гурткі ўсё-такі пераважаюць.
Але, зразумела, сэнс не толькі і не столькі ў лічбах. Галоўнае — змястоўнае напаўненне дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах. І тут найбольшую актуальнасць набывае метад праектаў. Цікавыя прыклады менавіта праектнай дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, безумоўна, ёсць, але ў цэлым, на думку Віктара Якжыка, тут установы ПТА і ССА крыху адстаюць ад устаноў вышэйшай адукацыі і сярэдніх агульнаадукацыйных школ. Як адстаюць яны і ў плане выхавання лідараў і адпаведных творчых праектаў і ініцыятыў (клубы “Я — лідар”, школы інтэнсіўнага навучання і развіцця “Лідар”, семінары па актуальных праблемах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і інш).
Яшчэ адзін вельмі важны момант — імідж сістэмы як такой, у нашым выпадку — імідж сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на які павінны былі б працаваць аб’яднанні па інтарэсах са сваімі калектыўнымі творчымі праектамі, мастацкімі калектывамі, асобнымі яркімі творчымі індывідуальнасцямі.
Намеснік міністра адукацыі крытычна заўважыў, што ў сістэме прафтэха кіраўнікі ўстаноў адукацыі неяк не вельмі клапоцяцца пра тое, каб прасоўваць свае мастацкія калектывы за межы саміх устаноў. І гэтая праблема, на думку В.В.Якжыка, вельмі цесна звязана з такой надзвычай важнай задачай, як папулярызацыя рабочай прафесіі сродкамі мастацкай дзейнасці. Як падкрэсліў выступоўца, гэтая задача павінна разглядацца ў кантэксце інавацыйных падыходаў да папулярызацыі рабочых прафесій, праф-арыентацыйнай работы сярод падлеткаў. Сусветны рух пад агульнай назвай WorldSkills (а на нядаўнім чэмпіянаце свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Competition-2015 была дасягнута дамоўленасць пра стварэнне адпаведнага руху для школьнікаў JuniorSkills) адкрывае шырокія магчымасці перад маладымі людзьмі, будучымі і ўжо сённяшнімі прафесіяналамі рабочых прафесій. І фестываль “АРТ-вакацыі” са сваімі магчымасцямі мастацкага ўздзеяння на юную аўдыторыю не павінен заставацца ўбаку. Відавочна, тут вырысоўваецца цеснае супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі найперш з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. А ўжо якім будзе канчатковы творчы прадукт — асобны паралельны “АРТ-вакацыям” праект, падпраект у рамках “АРТ-вакацый” ці яшчэ што-небудзь — гэта пакуль пытанне. Але тут варта нагадаць чытачам пра адзін надзвычай цікавы пілотны праект, ідэю творчага і таленавітага чалавека Алены Лаўрыновіч, — конкурс “Прафбум”, які праводзіўся некалькі гадоў назад і быў арганізаваны той жа камандай, якая адказвае і за фестываль “АРТ-вакацыі”. Тады “Прафбум” меў шырокі рэзананс у прафтэхаўскім асяроддзі. Можа, варта было б і вярнуцца да таго паспяховага пачынання?

“АРТ-вакацыі” як культурная з’ява ў нашай краіне

Каб лепш зразумець і асэнсаваць нейкую з’яву, каб больш выразна ўяўляць яе перспектывы, трэба ведаць яе вытокі. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка нагадала ўдзельнікам круглага стала, што ў свой час, у 2003 годзе, праект “АРТ-вакацыі” нарадзіўся як вынік шматвектарнай зацікаўленасці: педагогаў — у абмене творчым вопытам і прафесійнай ацэнцы паспяховасці сваёй работы з навучэнцамі, кіраўнікоў устаноў адукацыі — у стварэнні іміджу іх устаноў адукацыі, творчай моладзі — у самарэалізацыі. Гэтыя зацікаўленасці знайшлі падтрымку ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, якія і далі старт абсалютна новаму культурна-выхаваўчаму маладзёжнаму праекту пад назвай “АРТ-вакацыі”.
Тады, на самым досвітку “АРТ-вакацый”, прынцып удзелу ў фестывалі-конкурсе быў заяўленчы, гэта значыць, напрамую заяўлялася тая ці іншая ўстанова, натуральна, яшчэ не было ніякага падзелу на ўласна прафтэхаўскія “АРТ-вакацыі” і ўніверсітэцкія. Усе былі разам, і ўсяго ў І Рэспубліканскім конкурсе “АРТ-вакацыі” ўдзельнічалі 45 устаноў адукацыі, з іх — 18 ПТА, 15 ССА і 12 УВА. Пераможцамі першых “АРТ-вакацый” сталі 25 творчых калектываў і выканаўцаў у 15 намінацыях.
Сёння ўсё гэта — велізарны вопыт і ўжо гісторыя. Далейшае развіццё конкурсу, падтрымка арганізатараў у рэгіёнах, зацікаўленасць з боку педагогаў і моладзі дазволілі сфарміраваць самастойны конкурсны рух творчых калектываў сістэмы ПТА і ССА (паралельна аформілася ў самастойны рух і творчае спаборніцтва калектываў устаноў вышэйшай адукацыі). “АРТ-вакацыі” імкліва падымаліся прыступка за прыступкай і ў сэнсе колькасці ўдзельнікаў, і ў сэнсе ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства, і ў сэнсе значнасці і знакавасці гэтай падзеі ў культурным жыцці беларускай моладзі, змястоўным напаўненні іх вольнага часу. Арганізатары ўлічвалі рост і маштабы і амаль кожны фестывальны сезон прыстасоўвалі да зменлівых рэалій умовы фестывалю. Павялічвалася колькасць намінацый, у рамках фестывалю нараджаліся новыя конкурсы.
Статыстыка сёлетніх “АРТ-вакацый” асабліва ў параўнанні са статыстыкай 2003 года выглядае проста неверагоднай. У 2015 годзе ў абласных і гарадскім мінскім аглядах-конкурсах прынялі ўдзел 263 установы адукацыі. У гала-канцэртах у абласных гарадах і Мінску творчае майстэрства прадставілі 252 калектывы з 128 устаноў прафесійнна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлетнія “АРТ-вакацыі” — гэта 84 намінацыі, у тым ліку 47 намінацый агляду-конкурсу, 16 — конкурсу лічбавай творчасці “АРТ-партал”, 17 — конкурсу сцэнарыяў “КРЭОН”, 4 — інавацыйнага праекта “Рэцытацыя”. Дыпломы ўручаны 187 пераможцам і прызёрам агляду-конкурсу. А ўсяго фестывальныя ўзнагароды атрымалі 375 творчых аб’яднанняў, аўтараў і выканаўцаў. Надзея Васільеўна Васільчанка асабліва падкрэсліла, што сёння “АРТ-вакацыі” — гэта менавіта комплексны праект. Ад уласна агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці ўжо немагчыма адняць “АРТ-партал” і “КРЭОН” (хаця ў свой час гэтыя падпраекты ініцыіраваліся арганізатарамі з пэўнай рызыкай і асцярогай), а ўжо заўтра немагчыма будзе адняць і “Рэцытацыю” — новаўвядзенне гэтага года, поспех якога пераўзышоў нават самыя аптымістычныя чаканні.
“Самае галоўнае для нас, арганізатараў фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”, каб як мага большая колькасць нашых маладых людзей займалася змястоўнай дзейнасцю. На нашу думку, творчасць — гэта якраз тое, што робіць людзей крэатыўнымі і ў жыцці, і ў прафесіі”, — падсумавала Надзея Васільеўна Васільчанка.
Ва ўнісон гэтым яе словам гучалі асобныя тэзісы наступнай прамоўцы — намесніка начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэнння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі члена журы Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Святланы Рышардаўны Бутрым: “Сёння кожны выпускнік устаноў прафесійнай адукацыі павінен умець максімальна выкарыстоўваць свае здольнасці, прымяняць набытыя ўменні і навыкі ў нестандартных сітуацыях, прафесійна правільна рэагаваць на змяненні, якія адбываюцца ў свеце. Фарміраванне і актывізацыя прафесійна-творчага патэнцыялу — асноўная задача сучаснай адукацыі.
Работадаўцам патрэбны рознабакова развітыя спецыялісты. А людзі, схільныя да творчасці, валодаюць вялікай працаздольнасцю, паколькі стварэнне нечага новага вызначаецца пастаяннай уцягнутасцю ў працэс дасягнення мэты, што дапамагае больш эфектыўна пераадольваць праблемы. Вельмі важным у сувязі з гэтым з’яўляецца працэс фарміравання ў навучэнцаў ініцыятыўнасці і развіццё творчага патэнцыялу асобы, здольнасці да асваення творчага зместу прафесіі.
Не кожны чалавек прыходзіць у свет, каб стаць творцам, аднак пэўны творчы патэнцыял мае кожны. І патэнцыял гэты трэба раскрыць. Толькі мэтанакіраваная работа з навучэнцамі па развіцці іх здольнасцей і творчага патэнцыялу, а менавіта гэта з году ў год дэманструе фестываль “АРТ-вакацыі”, дазволіць маладым людзям развіць у сабе самастойнасць, упэўненасць, здольнасць кантраляваць многія аспекты ўласнага жыцця, фарміраваць асобасныя якасці, неабходныя як для ўласнага жыццёвага поспеху, так і для прафесійнага станаўлення асобы”.

Прэзентацыя рэгіёнаў

Для абмену вопытам у арганізацыі і правядзенні “АРТ-вакацый” у рэгіёнах і Мінску на круглы стол у Міністэрства адукацыі былі запрошаны начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вячаслаў Мікалаевіч Пільшчыкаў, дырэктар ДУ “Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі” Ірына Аляксееўна Кузьміцкая, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Вольга Мікалаеўна Глінская, начальнік аддзела тэхнічнай і мастацкай творчасці Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Анатольеўна Цімохіна, загадчык кабінета метадычнага забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі УА “Абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі” ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Ала Іванаўна Гайлава, метадыст ДУ “Магілёўскае абласное ўпраўленне фінансава-гаспадарчага і метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі” Святлана Фёдараўна Борка, метадыст ДУ “Дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці” (Пінск) Міхаіл Васільевіч Слесарчук, метадыст ДУ “Гродзенскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі” Таццяна Леанідаўна Цітова і дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр.
Іх выступленні ў выніку склалі шматколерную палітру арганізацыйна-творчых і інфармацыйна-метадычных мадэлей фестывалю. І выразна прасочваліся асобныя “фішкі”-пункцікі ў кожным з рэгіёнаў, напрыклад, шматгадзінны творчы марафон на базе трох устаноў адукацыі Навагрудка ў Гродзенскай вобласці, двайная нагрузка на арганізатараў фестывалю ў Мінскай вобласці (правесці спачатку абласны, а потым грандыёзны рэспубліканскі фінал), размеркаванне самага першага этапу агляду-конкурсу мастацкай творчасці навучэнцаў па трох кропках у Гомельскай вобласці (палескай — Мазыр, цэнтральнай — Гомель і паўночнай — Жлобін), правядзенне Віцебскага абласнога гала-канцэрта ў прэстыжнай канцэртнай зале “Віцебск”. Што тычыцца статыстыкі ўдзелу ўстаноў ПТА і ССА ў фестывалі, то яны таксама значна розняцца па абласцях. Ёсць тут свае рэкардсмены са стапрацэнтнымі ці амаль стапрацэнтнымі паказчыкамі, як, напрыклад, Гомельская вобласць (дарэчы, нагадаем, што дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015” узнагароджана ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта). З другога боку, некаторыя вобласці, адстаўшы ад іншых па індэксе ўдзелу ўстаноў у аглядзе-конкурсе “АРТ-вакацыі”, выдатна праявілі сябе ў такіх праектах, як “КРЭОН”, “АРТ-партал”, “Рэцытацыя”. Усё, як кажуць, адносна ў гэтым свеце, у тым ліку і ў “АРТ-вакацыях”. Але, як падалося аўтару гэтых радкоў, было адно агульнае ключавое слова ва ўсіх выступленнях. Гэтае слова — “узаемадзеянне”. Комплекснае арганізацыйна-творчае і інфармацыйна-метадычнае ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад асобных мастацкіх калектываў і педагогаў мастацкіх дысцыплін, устаноў адукацыі і іх кіраўнікоў і заканчваючы адміністрацыяй вобласці (горада).

Разнастайнасць, народжаная часам

А цяпер, каб разабрацца ў тым, што ўяўляюць сабой сённяшнія “АРТ-вакацыі” ў творчым, стылёвым плане, дадзім слова двум аўтарытэтным экспертам, членам журы фестывалю — метадысту вышэйшай катэгорыі аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяне Валер’еўне Грышукевіч і кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатолю Леанідавічу Карповічу.
Таццяна Грышукевіч: “Развіццё вакальна-харавога жанру ва ўстановах адукацыі сёння можна ахарактарызаваць як адмысловы творчы эксперымент. Імкненне педагогаў прыцягнуць моладзь у творчыя калектывы дазваляе знаходзіць новыя сцэнічныя формы, абуджаць пазнавальную цікавасць, пашыраць творчыя магчымасці калектыву за кошт выкарыстання сучасных пазамузычных сродкаў. Ствараючы канцэртныя нумары, кіраўнікі ўключаюць элементы мюзікла, тэатралізацыі, харэаграфіі, асаблівай расстаноўкі харавых партый, перамяшчэнне выканаўцаў па сцэне або глядзельнай зале, найноўшыя тэхнічныя сродкі (светлавыя, акустычныя, мультымедыйнае суправаджэнне). Фактычна гэта свайго кшталту шоу. Сёння можна з упэўненасцю гаварыць, напрыклад, пра такую новую форму харавога выканальніцтва, як харавы тэатр, што дазваляе, з аднаго боку, фарміраваць ва ўдзельнікаў калектываў адпаведныя акцёрскія ўменні і навыкі, а з другога —дасягнуць масавасці на сцэне. Успомнім тут, напрыклад, калектыўнае выкананне песні “Кацюша” харавым калектывам Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2.
На вялікае шчасце, і сёння на канцэртах “АРТ-вакацый” можна пачуць сапраўдныя залацінкі, як, скажам, нумар у выкананні Руслана Скрыпко (Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава), які запісаў аўтэнтычную беларускую народную песню ў сваёй роднай бабулі з вёскі ў Верхнядзвінскім раёне.
Хаця і адбываецца змена пакаленняў, а ў свет музыкі ўсё больш і больш пранікаюць інфармацыйныя тэхналогіі, ва ўстановах адукацыі паспяхова працуюць цудоўныя інструментальныя аркестры і ансамблі (духавы аркестр Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і інш.).
Натуральна, вялікую цікавасць у сённяшняй моладзі выклікаюць такія кірункі сучаснай музыкі, як рэп, R’n’B і іншыя стылі, закліканыя выконваць не столькі эстэтычную, колькі камунікатыўную ці фонавую функцыю.
І ўсё ж пры ўсёй разнастайнасці сённяшняй музычнай творчасці ва ўстановах адукацыі можна вызначыць два асноўныя кірункі. Першы — традыцыйны, у якім, скажам, ужо 37 гадоў працуе народны хор “Крынічанька” пад нязменным кіраўніцтвам Алега Іванавіча Лебедзева (Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці). З году ў год, з пакалення ў пакаленне маладыя людзі, удзельнікі гэтага калектыву, актыўна далучаюцца да інтанацыі беларускай музычнай мовы, вытокаў песеннай народнай творчасці, нацыянальных абрадаў. І гэта проста цудоўна!
А другі кірунак — гэта так званы нумар-праект, які робіцца тут і зараз для канкрэтнай аўдыторыі гэтага месца і гэтага часу. Гэта нават не музычныя нумары як такія, а своесаблівыя маладзёжныя акцыі з элементамі чырлідынгу, спартыўных танцаў, паркура і г.д. Але такую форму творчасці, асабліва што тычыцца ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе навучанне доўжыцца два-тры, а то і ўсяго толькі адзін год (за такі час чалавеку немагчыма прывіць інструментальныя ці вакальныя ўменні), можна зразумець і можна станоўча да яе ставіцца. Такія нумары-праекты аб’ядноўваюць моладзь”.
Анатоль Карповіч: “Напэўна, сітуацыя з харэаграфічным мастацтвам ва ўстановах адукацыі вельмі блізкая да той, што склалася ў музыцы, пра што гаварыла Таццяна Валер’еўна. З аднаго боку, мы маем залаты фонд харэаграфіі — прызнаныя работы вядомых сцэнічных танцавальных калектываў, якія рэкамендуюцца для паказу на канцэртах, семінарах-практыкумах, падчас творчых абменаў вопытам. А з другога боку, на густ сённяшняй моладзі не могуць не ўплываць сучасныя рытмы і танцы культуры Захаду. І таму ў сённяшнім маладзёжным танцавальным асяроддзі карыстаюцца вялікай папулярнасцю такія стылі танца, як брэйкінг — гімнастычныя рухі, робат — капіраванне аўтаматаў, электрык — канвульсіўнасць электрычных разрадаў, кінг-тат — своеасаблівая сімволіка, якая ствараецца пры дапамозе кісцей рук і інш. Што ж, такая вось аб’ектыўная сітуацыя з харэаграфічным мастацтвам ва ўстановах адукацыі, і педагогі павінны з ёй лічыцца, хаця павінны заўсёды помніць пра густ”.

Узоры праектнай дзейнасці

Адным з самым цікавых момантаў круглага стала “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю” стала прэзентацыя двух творчых праектаў (якраз да пытання аб актуальнай праектнай дзейнасці, пра што гаварыў у пачатку пасяджэння намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык).
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага каледжа гандлю Людміла Раманаўна Грыневіч прадставіла праект “Вясёлка талентаў”. Так называецца маладзёжны творчы цэнтр, які працуе ў гэтай установе адукацыі. У склад цэнтра ўваходзяць творчыя аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, музычнага і харэаграфічнага кірункаў. “Мы ўдзяляем вялікую ўвагу творчаму развіццю чалавечай асобы невыпадкова, — патлумачыла Людміла Раманаўна. — Сёння прадавец, кантралёр, касір проста абавязаны быць людзьмі творчымі, нават, я сказала б, артыстамі, бо ім трэба кантактаваць з людзьмі, бо, магчыма, менавіта па іх паводзінах у гасцей нашай сталіцы будуць фарміравацца першыя ўражанні пра наш горад, пра нашых людзей наогул”. Цікава, дарэчы, што работадаўцы з базавых прадпрыемстваў — партнёраў каледжа (ЦУМа, ГУМа, універмага “На Нямізе”) пры прыёме на работу выпускнікоў гэтай установы на самай справе аддаюць перавагу тым з іх, у каго былі творчыя поспехі ў цэнтры “Вясёлка талентаў”.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Святлана Георгіеўна Рамановіч пазнаёміла прысутных з праектам “ІТ Зарапад”, які рэалізоўваецца ў гэтай установе адукацыі. Уласна кажучы, “ІТ Зарапад” — гэта адмысловы конкурс, дзякуючы якому педагогі каледжа выяўляюць сярод навучэнцаў самыя яркія таленты ў камп’ютарнай творчасці ўжо на першым курсе вучобы. Па выніках конкурсу пераможцам прысвойваецца так званы пояс ІТ-до, яны могуць далучыцца да суполкі педагогаў і навучэнцаў па камп’ютарнай творчасці “Салярыс”. “Гэтая суполка дзейнічае ў нашым каледжы даўно і прыносіць свае вынікі, — паведаміла Святлана Георгіеўна. — Асаблівым гонарам суполкі з’яўляецца віртуальны музей нашага каледжа, над якім працавалі разам педагогі з навучэнцамі. Тут змешчаны ўнікальныя фота- і відэаматэрыялы, летапіс каледжа, электронныя старонкі гісторыі нашага педкалектыву на розных этапах станаўлення ўстановы. Таксама нашымі навучэнцамі і педагогамі распрацаваны і сайт каледжа”.
А сёлетні інавацыйны праект “Рэцытацыя” навучэнцы каледжа інтэрпрэтавалі па-свойму. Яны не сталі ствараць відэаролік паводле твора Уладзіміра Караткевіча, не чыталі яго ў стылі рэп, а пад кіраўніцтвам педагогаў стварылі электронную гульню на праверку ведаў біяграфіі і творчасці нашага пісьменніка-класіка. Не ўпісаліся, што называецца, ва ўмовы конкурсу. Затое стварылі ўнікальны электронны прадукт.
Гэты перадавы вопыт рэалізацыі праектаў, эфектыўная практыка мастацка-творчай дзейнасці ў вольны час могуць быць адаптаваны і паспяхова ўвасоблены ў кожнай установе адукацыі.

Перспектыўнае супрацоўніцтва

Слова загадчыку аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алене Сяргееўне Лаўрыновіч: “Актуалізацыя фестывалю заключаецца ў наступным.
На ўзроўні ўстановы адукацыі: у творчай інтуіцыі педагогаў і іх здольнасці выбудоўваць сацыякультурныя прагнозы, апярэджваючы час, самім генерыраваць ідэі. У выяўленні творчых навацый, у тым ліку ў асяроддзі маладзёжнай субкультуры, іх экспертызе, адаптацыі і прымяненні эфектыўных творчых практык ва ўмовах канкрэтнай установы адукацыі. У сутворчасці педагогаў і навучэнцаў, у стымуляванні творчай актыўнасці і падтрымцы творчых ініцыятыў моладзі.
На рэгіянальным узроўні: у імкненні дасягнуць максімальнага — стапрацэнтнага — удзелу ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі і іншых міністэрстваў і ведамстваў у розных, пасільных для канкрэтнай установы, рэспубліканскіх конкурсах і намінацыях у рамках фестывалю “АРТ-вакацыі”. Да 30 снежня рэспубліканскі арганізацыйны камітэт прымае прапановы, якія, магчыма, увасобяцца ў новыя конкурсныя намінацыі, а можа, і ў новы рэспубліканскі праект, які будзе рэалізаваны ў рамках “АРТ-вакацый-2017”. У рэгіёнах таксама варта прыкласці ўсе намаганні для правядзення заключных мерапрыемстваў у фармаце фестывальных падзей (прыклад гэтага — вопыт 2015 года ў Гродзенскай вобласці) — у прэзентацыі творчых дасягненняў рэгіёна па выніках фестывальнага сезона ў рамках гала-канцэрта, арганізацыі інтэрактыўных мерапрыемстваў, пляцовак і інш.
І, нарэшце, на рэспубліканскім узроўні. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на працягу 2015—2016 гадоў прапаноўвае маштабнае інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне спецыялістаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — кіраўнікоў калектываў, культарганізатараў, педагогаў-арганізатараў. І гэта будзе яшчэ адзін праект у рамках “АРТ-вакацый” — рэспубліканскі інтэрактыўны праект “СНАМИ”, які ўключае дыстанцыйнае навучанне з дапамогай тэматычных раздзелаў вэб-партала artviva, а таксама правядзенне па заяўках абласцей і Мінска творчых сустрэч, майстар-класаў, семінараў-практыкумаў з удзелам экспертнай групы і членаў журы рэспубліканскага фестывалю ў рэгіёнах рэспублікі. І, безумоўна, “АРТ-вакацыі” — фестываль настолькі шматвектарны, што кожны яго ўдзельнік можа скласці і рэалізаваць уласны творчы маршрут. Можна сказаць, што “АРТ-вакацыі” — гэта своеасаблівы шматколерны пазл, які штогод прымнажаецца ідэямі і ўзбагачаецца новымі творчымі рашэннямі”.
Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў падзяліўся сваімі думкамі адносна магчымага супрацоўніцтва руху “АРТ-вакацыі” і газеты: “Відавочна, у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рамках пазавучэбнай дзейнасці з творча адоранымі дзецьмі працуюць цудоўныя педагогі мастацкіх, харэаграфічных, музычных дысцыплін. У многіх з іх назапасіўся багаты педагагічны і метадычны вопыт. Яны ведаюць, што такое поспех, як яго дасягнуць, як не страціць дасягнутае. І яны гатовы падзяліцца гэтым вопытам з іншымі. Наша газета даўно ўжо выйшла за межы чыста рэпартажнага асвятлення фестывалю. Некаторых яркіх педагогаў мы рабілі героямі асобных публікацый (інтэрв’ю, нарысаў), але цяпер мы бачым, што нялішне было б увесці і спецыяльную рубрыку для такіх матэрыялаў. Магчыма, яна будзе называцца “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. І сёлета, я думаю, мы пачнём такі газетны праект. “Падсвецім” самых яркіх педагогаў, якія працуюць з дзецьмі, бо гэта, сапраўды, таленавітыя, унікальныя людзі”.
А тым часам да абмеркавання за круглым сталом у Міністэрстве адукацыі анлайн далучылася заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчыца кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, старшыня журы Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Ірына Дарафеева: “Мне хочацца выказаць вялікую падзяку педагогам, арганізатарам фестывалю “АРТ-вакацыі”, самому гэтаму грандыёзнаму і вельмі патрэбнаму мерапрыемству, якое сёлета знамянальным чынам праходзіць у год 70-годдзя Вялікай Перамогі і Год моладзі. Фестываль дае магчымасць моладзі рэалізаваць свае таленты — і гэта цудоўна. Пераемнікамі нашых працавітых і таленавітых людзей старэйшых пакаленняў становяцца сённяшнія маладыя людзі. І, безумоўна, мне хочацца ад усёй душы павіншаваць сістэму прафтэха з 75-годдзем. Дарагія, вы працуеце на карысць нашай квітнеючай краіны”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.