Зялёны шлях да зялёнай эканомікі

На гэтым тыдні ў Беларусі праходзіў нацыянальны семінар “Прафесійная адукацыя Рэспублікі Беларусь як механізм падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і пераходу да зялёнай эканомікі”. Яго лагічным працягам стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Экалагічная адукацыя для ўстойлівага развіцця: айчынны і міжнародны вопыт”, якая на працягу трох дзён праходзіла ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 120 педагогаў, метадыстаў, вучоных, настаўнікаў і кіраўнікоў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй Беларусі. Яны прадэманстравалі свае лепшыя ідэі, методыкі, распрацоўкі, творчыя знаходкі, якія спрыяюць адукацыі для ўстойлівага развіцця. Далучыліся да іх калегі з Расіі і Азербайджана.

Распачынаючы канферэнцыю, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Марыя Аляксандраўна Саротнік адзначыла: “Нам вельмі важна вызначыць узровень нашай адказнасці за тых людзей, якіх мы навучаем. Мы працуем з моладдзю — ад дашкольнікаў да студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў — і мы павінны разумець сваю адказнасць за добранадзейнасць і будучыню нашай краіны. Тыя ўрокі мінулага, якія мы засвоілі роўна 30 гадоў назад, мы не павінны забываць. А для гэтага мы павінны сфарміраваць у новага пакалення пачуццё адказнасці за сваю малую радзіму і за планету ўвогуле, каб наступнае пакаленне мела сваю будучыню”.

Работа канферэнцыі вялася ў трох секцыях: “Новыя грані адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця”, “Развіццё экалагічнай адукацыі ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Шляхі, формы і метады экалагічнай асветы на шляху да “зялёнай эканомікі”.

Пра прасоўванне ідэй энергазберажэння сярод навучэнцаў і педагогаў расказала Ж.М.Цехановіч, дырэктар Лідскага РЭЦДіМ Гродзенскай вобласці. На базе цэнтра працуе энергаклас, дзе назапашаны наглядныя, друкаваныя, відэаматэрыялы, дэманстрацыйныя прадукты, канструктарскія мадэлі, дыдактычныя матэрыялы, гульні, метадычныя матэрыялы для педагогаў і г.д. Тут арганізавана навучанне больш як 1000 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Майстар-класы дзіцячай творчасці па вырабе карысных рэчаў з другаснай сыравіны, праектаванне бяспечнага навакольнага асяроддзя, распрацоўка ідэй правядзення доследаў і эксперыментаў па атрыманні, захаванні і пераўтварэнні энергіі, работа з канструктарскімі і салярнымі ўстаноўкамі — усё гэта прываблівае дзяцей і дапамагае зрабіць кірунак энергазберажэння папулярным.

Т.П.Пратасеня, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мінскай вобласці, у сваім выступленні адзначыла, што навучэнцам малодшага школьнага ўзросту яшчэ складана зразумець фізічны сэнс энергіі, таму пытанні энергіі і энергазберажэння ў яе цэнтры разглядаюцца з пазіцыі самога дзіцяці і свету, які яго акружае. Самая прывабная і эфектыўная форма работы для такога ўзросту — гульнявая. Педагогі цэнтра распрацавалі дыдактычныя гульні для вучняў сярэдняга і малодшага школьнага ўзросту. Гэта і настольная гульня “Энергаполія” (разнавіднасць класічнай гульні, у якой можна купляць, арандаваць і прадаваць сваю ўласнасць, толькі тут яе трэба зрабіць энергаэфектыўнай), і дыдактычная гульня “Экадартс” (вучыць самым элементарным навыкам энергазберажэння, якія можна прымяніць у побыце), і інтэрактыўная камп’ютарная гульня “Я, энергія і навакольнае асяроддзе” (накіравана на развіцце ў дзяцей экалагічнага мыслення).

Сваю гульнявую распрацоўку — настольную гульню “Экалоджык” — прадэманстраваў М.А.Сабіраў, навуковы супрацоўнік Інстытута эвалюцыйнай фізіялогіі і біяхіміі імя І.М.Сечанава Расійскай акадэміі навук. Яна дапамагае зразумець, як трэба жыць сучаснаму чалавеку, бо наглядна дэманструе, як адначасова будаваць бізнес і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. Удзельнікі канферэнцыі, размясціўшыся за гульнявымі сталамі, таксама паспрабавалі праявіць свае дзелавыя якасці ў арганізацыі “экалагічна свядомай” здабычы рэсурсаў і прамысловага асваення тэрыторыі.

Пра такую форму экалагічнай адукацыі, як зялёныя школы, расказала Н.У.Бурба, настаўніца біялогіі Дзітвянскай сярэдняй школы Лідскага раёна. Па кірунку “Абыходжанне з адходамі” працуе ўся школа, а мэтанакіравана ім займаюцца вучні 7 класа. Яшчэ ў пятым класе яны рэалізавалі праект “Ручны выраб паперы”, які зацікавіў усіх у школе. У гэтым навучальным годзе дзеці задзейнічаны ў праекце “Другое жыццё пластыкавай бутэлькі”, у выніку рэалізацыі якога інтэр’ер класа і школы папоўніўся вырабамі з пластыкавых бутэлек.

М.М.Данюк, настаўніца біялогіі гімназіі № 6 Віцебска, расказала пра перспектывы супрацоўніцтва з УВА. У прыватнасці, на базе гімназіі створаны вучэбна-навуковы кансультацыйны цэнтр, які з’яўляецца арганізацыйнай структурай кафедраў біялагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. У мінулым годзе цэнтр быў ператвораны ў філіял кафедры экалогіі і аховы прыроды, асноўная задача якога — доўгатэрміновае навукова-даследчае і вучэбна-метадычнае супрацоўніцтва кафедры ўніверсітэта і гімназіі.

Пра комплексны падыход у арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі і іх прафарыентацыю расказала І.В.Зарэцкая, намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Па яе словах, удзел у экалагічных мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў даў пуцеўку ў жыццё не аднаму пакаленню дзяцей, якія праяўляюць цікавасць да навукова-даследчай дзейнасці, біялогіі і аграбіялогіі, гідрабіялогіі, кветкаводства, арніталогіі, лесаразвядзення, сельскай гаспадаркі і інш. Многія вучні сталі вядомымі вучонымі, педагогамі, ляснічымі і леснікамі, урачамі, некаторыя яшчэ вучацца ў аспірантуры або займаюцца эколага-біялагічнай дзейнасцю ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці.

На пытаннях бесперапыннай экалагічнай адукацыі для ўсіх засяродзіла ўвагу Л.П.Каліноўская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “Экалагічнасць адукацыі ў цэнтры прадугледжвае стварэнне ў выхаванцаў сістэмнага шматаспектнага ўяўлення аб прыродным і сацыяльным свеце, цэласнага светапогляду, магчымасцей, якія фарміруюцца з дапамогай факультатыўных курсаў, праграм павышанага ўзроўню, такіх як “Навука аб чалавеку”, “Чалавек і свет”, “Глебазнаўства”, “Генетыка і селекцыя”, “Касмічная біялогія”, дзе вывучаюцца тэхналогіі вытворчасці культур у космасе, натуральны адбор злакавых культур з наступным укараненнем вырошчвання ў касмічных умовах, выкарыстанне дажджавых і каліфарнійскіх чарвякоў для перапрацоўкі адходаў і атрымання перагною”.

Г.Я.Савельева, загадчык аддзела экалогіі РЦЭіК, расказала пра вопыт правядзення летніх профільных аздараўленчых лагераў “Экашкола”. Праграма летнікаў прадугледжвае правядзенне тэарэтычных і практычных заняткаў, экскурсій, забаўляльных мерапрыемстваў. Акрамя заняткаў па напрамках экалагічнай адукацыі, для навучэнцаў арганізоўваюцца розныя выхаваўчыя мерапрыемствы: інтэлектуальныя гульні, гульні-віктарыны, гульні-падарожжы, шоу-праграмы, дыскатэкі. Пазнанню прыроды роднага краю, выхаванню лепшых якасцей патрыёта і грамадзяніна спрыяе правядзенне экскурсій, паходаў, сустрэч з навукоўцамі, спецыялістамі лясной гаспадаркі.

Загадчык арганізацыйна-масавага аддзела Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі А.І.Цалавальнік прадставіла сістэму абласных мерапрыемстваў, якія на працягу многіх гадоў арганізоўвае і праводзіць цэнтр. Але асабліва зацікавіла прысутных абласная арніталагічная акцыя “Белы бусел”, якая сёлета праводзілася ўпершыню. Па выніках акцыі быў арганізаваны і праведзены абласны арніталагічны фестываль “Пад крыламі белага бусла” пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, вучоных ГДУ імя Францыска Скарыны, які прайшоў у Чачэрску і сабраў больш за 600 дзяцей і педагогаў з усёй Гомельшчыны. У рамках фестывалю на галоўнай плошчы прайшло фальклорнае свята “Гуканне вясны”, пасля чаго госці фестывалю адправіліся на экскурсію па славутых месцах Чачэрска. Завяршылася экскурсія ў гарадскім парку на высокім беразе Сожа. Кожны мог паўдзельнічаць у флэш-мобе, пакінуўшы свае пажаданні на каляровай гірляндзе, наведаць арніталагічную пляцоўку, на якой былі ўсталяваны магутныя глядзельныя трубы, накіраваныя на пойму ракі.

Доказам таго, што маштабная работа пад сілу не толькі буйным навучальным установам, стала дзейнасць Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Паглыбленне ведаў вучняў у галіне экалогіі, выхаванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ажыццяўляюцца праз работу кругласутачнага профільнага лагера “Экакраяведы”, вучнёўскага лясніцтва “Лесавічок”, праз дзейнасць навукова-даследчага таварыства “Даследчык”. Таварыства вось ужо 8 гадоў з’яўляецца цэнтрам экалагічнага выхавання вучняў. Яго ўдзельнікі-старшакласнікі праводзяць эксперыменты і даследаванні, працуюць над экалагічнымі праектамі. Акрамя гэтага, яны арганізоўваюць экалагічныя канферэнцыі, святы, розныя акцыі, ролевыя гульні, дыспуты, віктарыны, КВЗ і іншыя мерапрыемствы як у рамках установы адукацыі, так і ў маштабах раёна. Іх веды па экалагічных праблемах знаходзяць прымяненне і ў праектнай дзейнасці. Толькі за 3 апошнія гады навучэнцы прынеслі ў скарбонку ўстановы 31 дыплом абласнога,7 дыпломаў рэспубліканскага ўзроўню за стварэнне сацыяльна значных праектаў “Крыніцы — бясцэнны дар”, “Юннат-2014”, “І будуць яблыні цвісці…” і інш. Асабліва важным для эканомікі ўсёй краіны з’яўляецца праект “Захаваем атлантычных ласосяў у рэках Беларусі”.

Вельмі ўважліва слухала беларускіх педагогаў Фіруза Султан-задэ, кандыдат біялагічных навук, эколаг-асветнік з 17-гадовым стажам, а з нядаўняга часу дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалагічнага выхавання і даследавання Міністэрства адукацыі Азербайджана. Яна прызналася, што вельмі ўражана, наколькі поўна і насычана ажыццяўляецца экалагічнае выхаванне ў Беларусі, і вельмі разлічвае, што падчас знаходжання ў Мінску ёй удасца намеціць некалькі сумесных праектаў з беларускімі калегамі. У сваім выступленні Фіруза Султан-задэ адзначыла: “У Азербайджане экалагічнай адукацыі толькі цяпер стала ўдзяляцца належная ўвага, таму праблем пакуль вельмі шмат. Увогуле, сістэма пазашкольнай работы у нас зруйнавана, і Міністэрства адукацыі ў гэтым годзе пачало яе рэарганізацыю. У прыватнасці, як і ў Беларусі, аб’ядноўваюцца ўстановы экалагічнага і краязнаўчага профілю. Няма падручнікаў, у дрэнным стане будынкі ўстаноў, асабліва ў рэгіёнах, — там яны не мяняліся з савецкіх часоў. Усяго экалагічных цэнтраў у рэспубліцы 58, але колькасць іх будзе скарачацца. Вельмі засмучае сітуацыя з гуртковай работай — большасць з іх існуе намінальна, педагогі працуюць па старых методыках, і гэта ўжо даўно нікому нецікава. Самая ж вялікая праблема — у адсутнасці прафесійных педагогаў. У Бакінскім дзяржаўным універсітэце, дзе я таксама выкладаю, толькі 4 гады назад адкрыўся факультэт экалогіі і краязнаўства.

Але за гэтыя 4 гады ў нас ужо зроблены істотныя крокі: актывізаваўся прыродаахоўны грамадскі рух, фінансавую падтрымку яго ўдзельнікам аказваюць шматлікія прыродаахоўныя фонды. Нават прэзідэнт і яго жонка ўзначальваюць вельмі буйную прыродаахоўную арганізацыю, што стала эталонам для моладзі.

Стварыць дарожную карту, ахапіць бесперапыннай экалагічнай адукацыяй навучэнцаў ад дашкольных да вышэйшых навучальных устаноў, звязаць яе з прафарыентацыйнай работай, умацаваць кадравы патэнцыял, арганізаваць кваліфікацыйную падрыхтоўку нам дапамагаюць нямецкія калегі. Па іх прапанове ў сваім цэнтры мы амаль поўнасцю адмовіліся ад гурткоў і ў каманду ўзялі прафесіяналаў ці проста зацікаўленых педагогаў. У гэтым навучальным годзе мы і яшчэ 28 школ Азербайджана -апрабоўваем модульную экалагічную праграму, якая складаецца з 13 модуляў, кожны з якіх доўжыцца 1 месяц і закранае адну тэму: “Клімат”, “Утылізацыя смецця”, “Лясны менеджмент”, “Касмічная прастора” і інш. Метадычна распрацоўваць модулі нам дапамагаюць партнёры — тыя, хто займаецца тэмай прафесійна. Цяпер такі вялікі паток жадаючых наведваць нашы заняткі, што ў нас ужо не хапае ні педагогаў, ні памяшканняў. Акрамя таго, паспяхова апрабоўваюцца праграмы “Аграрная біяразнастайнасць”, “Вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі”, распрацаваны праграмы заняткаў па жывёлаводстве і пчалярстве”.

У рамках канферэнцыі прайшоў і рэспубліканскі форум “Сістэма арганізацыі адукацыйных праектаў у галіне экалагічнай адукацыі”. На ім былі прэзентаваны лепшыя практыкі і праекты ў галіне метадычнага суправаджэння экалагічнай адукацыі, здаровага ладу жыцця, энергаэфектыўнасці і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, стварэння культурных ландшафтаў і модульных садоў.

Адначасова для 40 настаўнікаў агульнай сярэдняй адукацыі і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў семінар-практыкум “Экалогія і культура: умовы прасоўвання па шляху да ўстойлівага развіцця”. Для ўдзельнікаў семінара-практыкуму было арганізавана наведванне навукова-даследчых лабараторый эколага-біялагічнай накіраванасці БДУ, Нарачанскай біялагічнай станцыі імя Г.Вінберга Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, дзе яны пазнаёміліся з лабараторным абсталяваннем і сучаснымі падыходамі да арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці па экалогіі і біялогіі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Улюбіцца нанова ў родны горад

Пінск — адзін з найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, буйны гандлёвы і культурны цэнтр Палесся. Захаваўшы да нашых дзён багатую архітэктурную спадчыну, самабытны каларыт звычаяў і традыцый палешукоў, унікальную прыроду, дапоўніўшы сваё аблічча сілуэтамі сучасных будынкаў, горад над Пінай застаецца такім жа непаўторным і казачным, як у былыя часы.
Каб даведацца пра гісторыю Пінска, пачуць шэпт старых легенд і паданняў, трэба часцей гуляць па горадзе, не спяшаючыся, уважліва разглядаючы кожны будынак. За гэтым і адправіліся ўдзельнікі краязнаўчага гуртка “Радзімічы” сярэдняй школы № 14 Пінска. Сустрэча з родным горадам, здавалася б, добра вядомым, прынесла навучэнцам шмат адкрыццяў і ўражанняў.
Асаблівыя пачуцці ў дзяцей выклікала наведванне помнікаў архітэктуры. Да іх адносіцца палац вядомага дзяржаўнага дзеяча XVIII стагоддзя, гарадскога суддзі і падстарасты пінскага Матэвуша Бутрымовіча. На закладцы палаца ў 1784 годзе прысутнічаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Уваходзім у палац і ўсведамляем, што больш за два стагоддзі назад па гэтых жа прыступках падымаліся знакамітыя асобы, прадстаўнікі знатных родаў — Орды, Скірмунты. Згодна з сямейнай легендай, род Орда вёў радавод ад самога Чынгісхана. Атрымліваецца, яго нашчадкам з’яўляецца і ўнук Бутрымовіча — праслаўлены мастак, музыкант, кампазітар, педагог Напалеон Орда. Нямала часу ён праводзіў у гэтым доме, пра што сведчаць шматлікія работы мастака. Апошняя гаспадыня палаца — пісьменніца і гісторык Канстанцыя Скірмунт — перадала ў Кракаўскі музей 971 малюнак Напалеона Орды. Гэта выратавала іх ад гібелі ў пажары, які ахапіў палац у 1901 годзе. “Мы хадзілі па раскошных залах затаіўшы дыханне. І ўсё гэта — у нашым родным горадзе! Хіба можна гэтым не ганарыцца?!” — падзяліліся Дар’я Палюховіч і Ганна Шмат.
Вікторыя Кос і Валерыя Аўтаномава падчас экскурсіі па велічным касцёле Успення Прасвятой Дзевы Марыі кляштара францысканцаў упершыню пачулі, як гучыць знакаміты пінскі арган. Арган унікальны, ён захаваўся з моманту стварэння ў 1836 годзе і ўваходзіць у лік самых вядомых у Еўропе па гістарычнай каштоўнасці і прыгажосці гучання. Яго гукі нараджаюць 1498 металічных і драўляных труб. Гэтыя гукі ўзнімаюцца да скляпеністай столі, кружаць там і запаўняюць сабой усю прастору. Здаецца, мы дыхаем чароўнай музыкай і лунаем над зямлёй. А потым гукі вырываюцца наверх, плывуць над Пінай і зноў вяртаюцца пад чырвоны дахоўкавы дах касцёла, які відаць разам з высокай чатырох’яруснай званіцай з усіх куткоў старога горада.
Ансамбль кляштара з фасадамі духоўнай семінарыі, кардынальскім гербам і ажурнымі балконамі над воднай гладдзю ракі — гэта візітная картка Пінска. Такой жа асаблівасцю горада з’яўляецца і касцёл Карла Барамея, пабудаваны для манахаў-камуністаў з Італіі ў 1770—1782 гадах. Храм падобны да маленькай крэпасці, таўшчыня сцен дасягае двух метраў, прыступкі вузкай мураванай вітай лесвіцы захоўваюць сляды часу. Званіца, быццам шатром, накрыта дахоўкай, а зверху — купал. Уладзімір Караткевіч вельмі любіў Пінск, гэты касцёл ён называў барочнай цацачкай. Пасля рэстаўрацыі ў ім адкрыта канцэртная зала. “Хацелася б таксама пабудаваць што-небудзь асаблівае, патрэбнае, праславіць наш горад і пакінуць памяць пра сябе”, — адзначылі Аляксандр Моўчан і Данііл Філімонаў.
Пасля незабыўнай прагулкі ў дзяцей з’явілася жаданне ствараць. Навучэнцы думалі, фантазіравалі, малявалі эскізы будынкаў, планавалі іх прызначэнне, выбіралі месцы размяшчэння, называючы раёны і вуліцы. Калі ўсё было гатова, запрасілі ў школу галоўнага спецыяліста ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Пінскага гарвыканкама Веру Аляксандраўну Дзікавіцкую і разам з дырэктарам школы Генадзем Юр’евічам Федаровічам падзяліліся сваімі марамі і імкненнем зрабіць горад прыгажэйшым. Спадзяёмся, што планы гурткоўцаў ажыццявяцца і мы станем сапраўднымі творцамі гісторыі старажытнага і заўсёды маладога Пінска.

Людміла ДЖАВАТАВА,
кіраўнік гуртка “Радзімічы”.
Фота Сцяпана ГАРЫНЦА.

Першай сусветнай акопы. Жалезабетон… Бліндажы…

Адной з адметнасцей Пастаўскага раёна з’яўляецца вялікая колькасць аб’ектаў, звязаных з падзеямі Першай сусветнай вайны. Гэта акопы, траншэі, жалезабетонныя ўмацаванні, чыгуначныя насыпы, магілы салдат, патроны, гільзы, вайсковы рыштунак, рэшткі зброі, калючага дроту. Такое “багацце” звязана з тым, што амаль тры гады праз Паставы праходзіла лінія фронту, а ў сакавіку 1916 года ў ваколіцах горада адбываліся найбольш жорсткія баі Нарацкай аперацыі. Усе гэтыя “сведкі” вартыя вывучэння і ўпарадкавання.

У канцы сакавіка адзначаецца 100-годдзе з часу правядзення Нарацкай аперацыі — адной з самых крывавых падзей Першай сусветнай вайны. З гэтай нагоды ў Паставах Віцебскай вобласці і ў Нарачы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці адбыліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі з удзелам спецыялістаў і даследчыкаў, якія распрацоўваюць тэму Вялікай вайны. На іх з дакладам выступіў і настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч, які на працягу ўжо амаль 30 гадоў даследуе з навучэнцамі памяткі той вайны, арганізоўвае вандроўкі і экспедыцыі, рыхтуе даследчыя работы, артыкулы, выдае кнігі.

У другой палове 80-х гадоў, калі толькі пачынаў займацца турызмам і краязнаўствам, сутыкнуўся з праблемай адсутнасці інфармацыі пра падзеі і аб’екты тых далёкіх крывавых часоў. Арганізоўваючы вандроўкі і экспедыцыі, мы з вучнямі пастаўскай сярэдняй школы № 1 (удзельнікамі навуковага краязнаўчага таварыства школьнікаў “Ювента”) разам з іншымі прыроднымі, гістарычнымі і культурнымі з’явамі збіралі і апісвалі памяткі імперыялістычнай вайны. Першую сістэматызацыю назапашаных матэрыялаў зрабілі ў сярэдзіне 90-х, калі сталі ўдзельнікамі I этапу Усебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў “Наш край”. Тады адзін з найбольш зацікаўленых вучняў-даследчыкаў Яўген Петракоў за матэрыялы па даследаванні лініі фронту Першай сусветнай вайны атрымаў 1-е месца на абласным і рэспубліканскім конкурсах і быў узнагароджаны прызам “Крышталёвы яблык” на агульнабеларускай канферэнцыі школьнікаў, што прайшла ў НДЦ “Зубраня” ў 1997 годзе.
У той час у друку з’явіліся і першыя аўтарскія публікацыі па гэтай тэме: артыкулы “Сляды Першай сусветнай…” (часопіс “Беларуская мінуўшчына”, 1996 год), “Эхо далёкой войны…” (газета “Туризм и отдых”, 1995 год), “Нямецкія чыгункі на Пастаўшчыне” (газета “Пастаўскі край”, 1996 год). Крыху пазней, у 2003 годзе, матэрыял пра чыгункі быў змешчаны ў брашуры “Крыжы і камяні: нарысы па гісторыі Пастаўскага краю”.
Вучні заканчвалі школу, станавіліся студэнтамі, ім на змену прыходзілі новыя юныя даследчыкі, якія пашыралі і паглыблялі абсягі пошукаў. Шэраг адметных экспедыцый быў праведзены ў 2003—2004 гадах, калі з удзельнікамі школьнага навуковага таварыства на веласіпедах аб’ехалі і даследавалі амаль усе цікавыя аб’екты на адлегласці 8—10 км ад раённага цэнтра. Сабраныя матэрыялы склалі аснову брашуры-даведніка “Ваколіцы Паставаў”, у якой утрымліваюцца звесткі пра памяткі Першай сусветнай вайны з маршрутамі краязнаўчых вандровак. Некаторыя выпускнікі і пасля заканчэння школы бралі актыўны ўдзел у даследаваннях гісторыі і геаграфіі раёна. Так, у 2006 годзе з Ірынай Заяц, на той час студэнткай журфака БДУ, мы напісалі кнігу “Мястэчка над возерам”, у якой пададзены матэрыялы пра паселішча Задзеўе, якое апынулася на перадавых пазіцыях германскіх войск і было амаль поўнасцю знішчана. Надрукаваны там і ўспаміны ўраджэнкі суседняй вёскі Дукі В.Лазікевіч-Лубнеўскай пра пачатак супрацьстаяння і гаротны стан людзей, якіх вайна пазбавіла роднай хаты і роднай зямлі.
Важнай навуковай падзеяй стала правядзенне 28—29 лістапада 2008 года ў Паставах Міжнароднай канферэнцыі “Першая сусветная вайна: трагедыя, гераізм, памяць, прымірэнне”, для ўдзелу ў якой прыехалі навукоўцы і даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Вілейкі, Смаргоні, Мядзела: Г.Лянькевіч, А.Семікаў, Г.Малышаў, Ю.Папоў, У.Багданаў, В.Тадра, А.Вавілаў, Б.Цітовіч, А.Рогач, У.Прыхач, У.Лігута, В.Праўдзюк, К.Аляксандраў. Аўтар гэтых радкоў выступіў з дакладам “Помнікі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўшчыны”, а дачка Юлія, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1, актыўная ўдзельніца краязнаўчага руху, — з дакладам “Магчымасці выкарыстання помнікаў Першай сусветнай у турыстычных мэтах”.
Канферэнцыя ставіла за мэту звярнуць увагу грамадскасці на Першую сусветную вайну як на глабальную еўрапейскую трагедыю, вынікі якой і цяпер з’яўляюцца важным урокам у развіцці чалавечай цывілізацыі. Гісторыя паказвае: калі не адбываецца асэнсавання прычын і наступстваў трагічных падзей у грамадзянскай супольнасці, гэта можа прывесці да іх паўтарэння ў больш страшных формах, як гэта адбылося ў часы Другой сусветнай вайны. Ініцыятарамі і арганізатарамі правядзення форуму сталі Пастаўскі райвыканкам і раённы краязнаўчы музей. Канферэнцыя дазволіла не толькі падвесці некаторыя вынікі вывучэння падзей Першай сусветнай вайны, але і акрэсліць многія белыя плямы, якія яшчэ існуюць пры распрацоўцы гэтай тэмы. Канферэнцыя стала штуршком для далейшых пошукаў матэрыялаў пра падзеі той вайны.
У 2009—2014 гадах аўтару разам з вучнямі навуковага таварыства “Глорыя” Пастаўскай гімназіі ўдалося правесці шэраг грунтоўных экспедыцый па былой лініі фронту на тэрыторыі Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Найбольш каштоўныя звесткі і экспанаты ўдалося выявіць падчас даследавання волакаў паміж азёрамі Мядзел, Мястра і Нарач (2009—2010 гады), пры правядзенні вандроўкі на германскі ўмацаваны раён паміж азёрамі Задзеўскае і Дукі (2011 год), двухдзённай экспедыцыі ў раён азёр Чэцверць і Споры (2012 год), трохдзённых экспедыцый у ваколіцы вёсак Ярэва (2012 год) і Дзеравянкі — Манькавічы — Сарочына (2013 год). Падчас наведвання ваколіц вёсак Задзеўе і Дукі было выяўлена і абследавана 20 германскіх жалезабетонных умацаванняў. Частка збудаванняў пашкоджана, але большасць знаходзіцца ў даволі добрым стане. Некаторыя з іх узвышаюцца над зямлёй, іншыя поўнасцю засыпаны. Таксама адбылася сустрэча з мясцовым жыхаром, які расказаў пра некаторыя эпізоды, звязаныя з часамі Першай сусветнай вайны. Удзельнікі экспедыцыі выявілі і агледзелі тагачасныя пахаванні на могілках у вёсцы Дукі. Пры вывучэнні раёна было знойдзена некалькі гільз, кавалкі ад снарадаў, пераносная печка. Па выніках даследавання вучні гімназіі Ілья Мачанскі і Раман Чыпко падрыхтавалі навуковую работу “Вывучэнне германскага ўмацаванага раёна Першай сусветнай вайны паміж азёрамі Задзеўскае і Дукі”, з якой выступалі на раённай і абласной канферэнцыях, дзе атрымалі дыпломы І ступені.
Падчас трохдзённай экспедыцыі ў ваколіцы вёскі Ярэва ўдалося выявіць месцазнаходжанне помніка прускаму генерал-фельдмаршалу графу Барфусу, які быў пастаўлены ў часы Першай сусветнай вайны амаль у цэнтры вёскі. Імя гэтага вядомага военачальніка насіў 17-ы пяхотны полк (4-ы Вестфальскі), які размяшчаўся на пазіцыях у тутэйшай мясцовасці. Таксама былі абследаваны шматлікія ўмацаванні і могілкі каля вёсак Свілэлі, Лясныя Муляры, Цаліно, Ярэва, дзе адбываліся найбольш жорсткія баі падчас Нарацкай аперацыі.
Трэба адзначыць, што вывучэнне падзей Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне адбываецца ва ўзаемадзеянні з дасведчанымі і зацікаўленымі знаўцамі гісторыі, у першую чаргу з Уладзімірам Багданавым, які шчодра дзеліцца сваімі матэрыяламі, з’яўляецца выдатным кансультантам. Разам з ім, а таксама з супрацоўнікам Пастаўскага краязнаўчага музея Вадзімам Шышко, фатографам Антонам Чалеем удалося правесці шэраг паездак па месцах баявых дзеянняў даўняй вайны.
Нязначную частку сабраных звестак разам з дачкой Юліяй сістэматызавалі і выдалі ў фармаце невялікай кнігі “Памяткі Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне” ў 2012 годзе. У кнізе “Чароўны край — Пастаўшчына” асобны параграф прысвечаны падзеям той Вялікай вайны, ёсць матэрыялы і ў дадатках — дыску прэзентацый і сшытку “Ці ведаеце вы Пастаўскі край?”.
У мінулым годзе федэрацыя прафсаюзаў краіны праводзіла конкурс турыстычных праектаў “Беларусь у новым абліччы”. Па заказе Пастаўскага райкама прафсаюзаў мной быў распрацаваны маршрут “Ад Мядзела да Паставаў па лініі фронту Першай сусветнай вайны”. Ён праходзіць праз вёскі Баяры, Расохі, Маўчаны, Мікіткі, Пятроўшчына, Дзеравянкі, Манькавічы, Сарочына. Па маршруце можна праехаць на веласіпедах або на аўтамабілях і ўбачыць шматлікія аб’екты, звязаныя як з падзеямі вайны, так і з прыроднымі асаблівасцямі нашай мясцовасці.
Вельмі добра, што апошнім часам на Пастаўшчыне і Мядзельшчыне паступова пашыраецца кола людзей, якія цікавяцца падзеямі і помнікамі той вайны, упарадкоўваюцца вайсковыя пахаванні, вывучаецца і апісваецца тое, што адбывалася ў пачатку ХХ стагоддзя. Але давайце глядзець на падзеі той вайны не вачыма імператараў і военачальнікаў, якія ставілі перад сабой пэўныя геапалітычныя мэты, а вачыма мясцовых жыхароў, якія воляй лёсу апынуліся ў эпіцэнтры крывавай бойні, якая разбурыла спрадвечны лад жыцця, прынесла смерць, рабаўніцтва, здзекі, гвалт. Прыкра, але да сённяшняга часу так і не вызначана колькасць загінуўшых тутэйшых жыхароў, колькасць спаленых хат і вёсак, колькасць сем’яў, якія сталі бежанцамі. На маю думку, варта стварыць мемарыял памяці мясцовых жыхароў, якія сталі ахвярамі той вайны.

Ігар ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі.

Знаходка года — фотакопіі лёсу

У Цэнтры турызму і краязнаўства Бабруйска Магілёўскай вобласці прайшоў чарговы краязнаўчы конкурс “Знаходка года”. Пра нашу знаходку мінулага года я пісала раней. Гэта была самапрадка, якую мы не проста паказалі, а ажывілі. Зараз я раскажу не толькі пра знаходкі нашай каманды, але і пра ўвесь конкурс. Конкурс знаходак распрацавалі метадысты Святлана Іванаўна Максімовіч (зараз намеснік дырэктара цэнтра) і Святлана Аксенцьеўна Семчанка, метадыст з вялікім вопытам. А Людміла Кіслёнак аздабляе гэтае свята цікавымі гульнямі, інтэрактывамі — і атрымліваецца цэлае свята.

Пачалі свята дзяўчаты і хлопцы з 17-й школы. Яны расказвалі пра хрышчэнне немаўляці: як бацькоў хросных шукаць, як правільна купаць, хрысціць, браць, насіць дзіцятка, як гасцей на хрэсьбінах сустракаць.
Таксама на конкурсе было аж 4 прэзентацыі манет. Тыя, хто іх паказваў на конкурсе, мелі магчымасць павучыцца і ў канкурэнтаў. Аўтары павінны былі ў пашпарце знаходкі паведаміць яе гісторыю, месца знаходжання. На гэта аўтары нумізматычных знаходак прамаўчалі, бо было ж аднойчы: адзін хлопец (сапраўдны калекцыянер!) сказаў, што адна з манет — са скарбонкі, якую ён знайшоў, капаючы маме агарод. І тут зала ўсхвалявалася: “Скажы, скажы адрас!”
Юлія Мірошнікава са сваімі выхаванцамі са школы для дзяцей з дрэнным слыхам паказала каменную сякеру, ды такую вытанчаную, тоненькую, мініяцюрную, можна сказаць. Іх прэзентацыя была грунтоўная, як у прафесійных археолагаў.
Гурток Андрэя Багамолава прэзентаваў газету “Правда” ад 10 мая 1945 года. Якасць захаванасці выдатная. Толькі газета пажоўкла. На палову першай старонкі размешчаны партрэт Сталіна, ніжэй — маленькія партрэты ўсіх камандуючых франтамі.
Была сярод знаходак хлебная лапата — сапраўдная, 1933 года. Гэта ў нас Таццяна Ачыновіч мае вельмі багаты музей у 16-й школе. І дзе яна толькі бярэ гэтыя народныя рэчы? Здаецца, ужо ніводнага хутара не засталося, а ў самых глухіх вёсачках прыгожыя разныя аканіцы памянялі на шклопакеты, аднак у Таццяны колькасць знаходак расце. Я ўжо гадоў 8 назад адчула адрыў дзяцей ад этнаграфічнай культуры: дзеці сярэдняга школьнага ўзросту не ведалі, як назваць жалезную выгнутую штуку, якой зразаюць пшаніцу на полі. Не маглі і дзеяслоў для гэтага дзеяння (жаць) успомніць. А серп? Хто яго ведае, што гэта!
Быў яшчэ гадзіннік кішэнны, як у нашага Бабра Самуілавіча на кірмашовай плошчы ў Бабруйску. Яго прэзентавала Хрысціна Краменя. Такі гадзіннік быў брэндам СССР. Купіць яго было нельга, бо выпускалі па заказе Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ, дарылі за мірныя і ваенныя заслугі.
Калі кіраўнік нашага пошукавага атрада “Абеліск” Сяргей Поразаў паказаў ролік, зняты на берагах Бярэзіны, аб тым, як яго хлопцы цягнулі з абмялелай ракі лодку — жалезную, браніраваную, 400 кг вагой, гэта выклікала шмат пытанняў і прапаноў. Дзядуля Хрысціны Генадзь Фёдаравіч Краменя, які прыйшоў падтрымаць любімую ўнучку, падказаў месца, дзе ляжыць катар, які патануў. Можа, і ён з Дняпроўскай флатыліі, бо гэтая малая лодка, відаць, з пантонных канструкцый, па ёй перапраўляліся праз Бярэзіну войскі Батава і Бахарава ў “Бабруйскі кацёл”.
Быў яшчэ самы сапраўдны тульскі самавар з усімі медалямі. Яго прэзентавалі гімназісты Лідзіі Міхайлаўны Пазняк. Самавар — сямейная рэліквія. Ён перажыў вайну ў партызан — саграваў сваімі напіткамі многіх людзей.
Антон Ткачук, вучань Валерыі Янаўны Ткачук з 25-й школы, паказаў вельмі каштоўную для нас, бабруйчан, знаходку — фрагмент кафлі, які ён знайшоў у Панюшкавічах, непадалёк таго месца, дзе гадоў 200 назад стаяў фальварак Дуніных-Марцінкевічаў. Ідэнтыфікацыя гэтай даўняй кафлі сведчыць пра тое, што такая дарагая на той час рэч не магла аздабляць печы сялянскіх хат. Яна была з панскага, шляхецкага дому. І знаходка, і прэзентацыя Антона Ткачука былі адзначаны журы ў намінацыі “Лепшая работа”.

* * *

Лепшай была прызнана і работа “Фотакопіі нашага лёсу” васьмікласніцы Леры Мініч з аб’яднання “ Турысты-краязнаўцы”. Так здарылася, што зусім нядаўна Лера, шукаючы нейкія рэчы, знайшла сямейны архіў: старыя фотакарткі, асабовыя справы, нейкія даведкі 1943 года, пасляваенныя даведкі людзям аб тым, што яны ўдзельнічалі ў Брэсцкай падпольнай арганізацыі “Граеўская”, спіс падпольшчыкаў, успаміны і аўтабіяграфіі, напісаныя пяром. А яшчэ ў архіве былі кнігі пра вайну. На ўсіх кнігах — дароўныя надпісы. Былі кнігі вельмі старыя і кнігі нашага часу, былі пісьмы ад аўтараў гэтых кніг. Усе гэтыя знаходкі гаварылі пра прадзеда Леры, пра тату яе любімага дзеда Сяргея.
Лера папрасіла дзядулю (яшчэ паспела: любы дзядуля Сяргей Іванавіч Сцепаненка хутка памёр) расказаць пра гэта. Яны селі на канапу і гаварылі аж за поўнач, пакуль бабуля не паклікала спаць…
Рэчаў для конкурсу было многа, занадта многа. Як зрабіць прэзентацыю, каб Леру пачулі дзеці? Аказалася, вельмі лёгка, бо дзяўчыне самой было гэта важна.
“Так я знайшла сямейны архіў, — пачала Лера прэзентацыю на конкурсе. — Выходзіць, я даведалася пра свайго дзеда роўна праз 100 гадоў. Канечне, я ведала, што ў мяне ёсць і прадзед, і прапрадзеды, але дакладна хто яны — не. Мой прадзед Іван Барысавіч Сцепаненка нарадзіўся ў 1915 годзе ў Чарнігаўскай губерні ў вёсцы Хібалаўцы. Вучыўся ў 4-класнай школе, потым — у сямігодцы з 9 да 13 гадоў. Позна, падумала я. А чаму? А была ж вайна, рэвалюцыя, вайна. У 1933 годзе, у свае 18 гадоў (калі ва Украіне быў галадамор), дзед пайшоў вучыцца на токара. А вучыўся, відаць, вельмі добра, бо стаў памочнікам інструктара. Яшчэ і ў камсамол яго прынялі. Але не хацеў ён быць інструктарам. Папрасіўся працаваць на чыгунцы — і яго перавялі слесарам на Чарнігаўскую чыгунку.
У 1936 годзе дзеда Івана прызвалі ў Чырвоную Армію. Адслужыў два гады. Вучыўся ў Кіеве падчас службы, атрымаў спецыяльнасць механіка і майстра па будаўніцтве мастоў. А яшчэ дзеда прынялі ў кампартыю. Талковы быў у мяне дзед. Вярнуўся з войска, будаваў у Кіеве масты. Але ў 1939 годзе, пасля далучэння заходніх зямель да СССР, дзеда камандзіравалі ў Беларусь, на чыгунку Беласток — Брэст-Літоўскі.
Яшчэ да службы ў войску дзед пачаў ствараць сваю сям’ю: пазнаёміўся з дзяўчынай — фельчарам. Ганна была маладзейшай на 6 гадоў, родам з шахцёрскай сям’і з Луганскага рудніка Бранка. Сціплая, сур’ёзная. Яны ажаніліся ў студзені 1941 года. Жылі і працавалі ў Брэсце да 22 чэрвеня: прадзед — начальнікам мостацягніка № 2, а бабуля Ганна — фельчарам у чыгуначнай амбулаторыі”.
З асабовай справы дзеда Івана Лера зачытала 11 запісаў, дзе ён працаваў (яго як спецыяліста і камуніста кідалі ва ўсе бакі будаваць дарогі, масты). Сярод запісаў пра страшныя гады вайны напісана сцісла, афіцыйна: “Чэрвень 1941 года — кастрычнік 1943 года — работа ў Брэсцкай падпольнай арганізацыі “Граеўская”, сакратар; кастрычнік 1943 года — красавік 1944 года — партызанскі атрад імя М.Шчорса Брэсцкага злучэння”.
Аўтабіяграфія таксама расказвае пра гэта двума радкамі. Больш расказалі кнігі — напрыклад, “Брест непокорённый” доктара гістарычных навук А.Грабёнкінай. У гэтай кнізе Лера знайшла фота дома па вул.Чырвонагвардзейскай — гэта дом прадзеда, явачная кватэра падпольшчыкаў.
“Я не знаёма з Брэстам, ніколі не была там, — гаварыла Лера. — Цяпер я хачу хутчэй туды паехаць. Можа, яшчэ і дом стаіць, можа, яшчэ ёсць старажылы”. Чыталі мы з Лерай пісьмы. Вось дачка вядомага падпольшчыка і аўтара шматлікіх кніг пра Брэст Зоя Смірнова. Яна запрашае ў Брэсцкую крэпасць на Дзень Перамогі ўжо ўнукаў падпольшчыкаў. Значыць, трэба спісацца, знайсці Зою. Яна жыве ў Хімках пад Масквой.
Шмат думак было, калі разглядалі фотакопіі далёкіх часоў. Здзівіла адна даведка аб тым, што дзед Іван здаў прафесійны экзамен на “выдатна” ў 1943 годзе. У ліпені 43-га. Здаў камісіі з акупацыйнай нямецкай улады! Але, відаць, толькі тэорыю ведаў выдатна, а на самай справе падпольшчыкі шкодзілі немцам з усіх сіл, бо ў кастрычніку 1943 года сям’я прадзеда пайшла ў лес да партызан.
Калі партызанскі перыяд скончыўся, дзед апынуўся на Чарнігаўшчыне ў горадзе Шчорс. Мы з Лерай думалі — нейкая нестыкоўка. Яшчэ не прыйшла Савецкая Армія, не з’ядналася з партызанамі, а дзед пакінуў партызанскі лес. Можа, ужо той Шчорс быў свабодны ад немцаў ва Украіне? Мне было прыемна, што дзяўчына сама знайшла звесткі пра становішча на франтах вайны і патэлефанавала мне. Вельмі лёгка і ўважліва, сур’ёзна, учэпіста Лера вывучала архіў сваіх дзядоў. Пасля работы ў Шчорсе ў 1949 годзе прадзеда зноў перавялі ў Беларусь на чыгуначную станцыю Бярэзіна, гэта значыць, у Бабруйск.
Мы разглядалі фотаздымкі, чыталі дакументы, Лера любавалася, якім прыгожым быў почырк у бабулі, дзівілася, як можна так акуратна пісаць пяром. Казала, што і ў дзеда Сяргея такі быў почырк, як у прадзеда. Лера вельмі лёгка знаходзіла ў кнігах усе старонкі, на якіх гаварылася пра прадзеда.
У спісах асабовай справы прадзеда значацца адзінаццаць узнагарод. І ў прабабулі не менш. Вось так жылі людзі ў савецкую эпоху, у цяжкую пару, але, відаць, найлепшую па духу таго часу.
Лера вельмі хвалявалася перад выступленнем, расказвала, затаіўшы дыханне, — і яе вельмі ўважліва слухалі.

* * *

Напрыканцы, падводзячы вынікі, скажу: знаходак было многа. Дзеці знайшлі шмат цікавых сведкаў гісторыі, шмат патрэбнага матэрыялу, а я знайшла вельмі таленавітую вучаніцу. А ведаеце, як яна прыйшла да мяне на заняткі? Яе бабуля ўбачыла мяне з дзецьмі, калі мы ехалі ў аўтобусе да музея, падышла і спытала, ці можна прывесці ўнучку. Напачатку Лера была замкнутая, вельмі сур’ёзная. Лёгка матуля і бабуля адпусцілі дзяўчынку на раскопкі, і зараз яна з захапленнем чакае новай археалагічнай экспедыцыі.
Я рада, што ў якасці знаходак атрымала не толькі выдатную вучаніцу, але і шмат новых, цікавых праектаў на лета, на перспектыву. Няхай яны ажыццявяцца!

Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ,
Цэнтр турызму і краязнаўства, Бабруйск.

Зімняя казка, або Разважанні пра шчаслівае дзяцінства

За акном яшчэ нядаўна была надзвычай снежная, прыгожая зіма. Неяк вечарам, у 19 гадзін, ішла дамоў. Дом мой, шматпавярхоўка, стаіць у прыватным сектары. Іду, значыць, і любуюся — карціна як у казцы: дрэвы брыльянтавыя, каля платоў сумёцікі, з комінаў дымок плыве… Толькі дзетак не хапае. Эх, у маім дзяцінстве ў вёсачцы Дорагава каля Мірскага замка ўвечары пры такой зіме малыя каталіся на санках з горкі каля канюшні і не баяліся, што непадалёку могілкі! Сёння сядзяць мае вучні, бедалагі, “УКантакце” ці ў “Інстаграме”, пражываюць чужое жыццё… Ужо і да нашых паходаў астылі.

Увосень бегалі па лесе, з радасцю вогнішчам цешыліся, першыя месцы на спаборніцтвах трымалі. А зараз прасцей, лягчэй з кампамі час бавіць. Бедныя дзеці: прыходзяць да мяне і ў чаканні тых, хто спазняецца, адразу носам у андроіды, у планшэты… А бацькі, адказваючы на мае тэлефонныя званкі, яшчэ і шкадуюць дзіцятка: “Яно ж стамілася, у школе шмат вучылася, да вас бегала, хай дома пасядзіць”. А сядзіць гэтае дзіця не за ўрокамі, а ў камп’ютары. Ужо і летнія планы дзяцей не вабяць. Рэдка хто з іх грызе граніт навукі. Выхаваныя ж дзеці, з сур’ёзных сем’яў, пытаюцца і часта ўздыхаюць: “Хутчэй бы лета! Мы ж зноў паедзем на раскопкі?”
Вось якраз у такое міжсезонне мы ў нашым цэнтры праводзім “Кірмаш падарожжаў”. Збіраюцца ўсе і прэзентуюць свае летнія паходы, экалагічныя і археалагічныя вандроўкі, выязныя экскурсіі па гарадах і вёсках Беларусі.
Мне з прычыны сустрэчы з кардыяхірургамі не пашчасціла прымаць удзел у нашай летняй кампаніі, таму сваё месца каля прыдняпроўскіх дрыгавіцкіх курганоў, што пад Рэчыцай, я саступіла сяброўцы Валерыі Янаўне, з якой, вядома, і адправіліся ў падарожжа мае самыя адданыя вучні: Дзіня Ржавы, Наста Давід і новая Лерачка Мініч. Вось яны і мараць пра лета, прыцягваюць іншых да свайго захаплення.
Іншыя — гэта навічкі ў нашым турызме і краязнаўстве. Паколькі “былыя” ўжо ў 11 класе, то давялося мне набіраць “навабранцаў”. З вялікай цікаўнасцю мае новыя краязнаўцы і з “Уладаром лесу” двойчы аббегалі навакольныя лясы Бабруйска, і анлайн-арыентаванне па крэпасці пад дажджом вытрымалі. Мне прыемна было чуць, як Каця Сташэўская, вельмі сур’ёзная 7-класніца, зрабіла адкрыццё: “Як гэта? Я ў школе адзін круг па стадыёне не магу прабегчы! А тут па лесе невядомым, праз “буяракі-рэкі-ракі”, праз кусты і завалы прабегла тры з паловай кіламетры — і хоць бы што! Я яшчэ хачу!”
А вось на “Кірмашы падарожжаў” што паказаць? Вырашыла я зрабіць прэзентацыю вядомага маршруту ў Чырвоны Бераг, што паміж Бабруйскам і Жлобінам. Дасведчаны чытач і сур’ёзны вандроўнік па роднай Сінявокай, бадай, ведае, чым знакаміты Чырвоны Бераг. Дзве рэчы там ёсць. Першая — мемарыял на месцы фашысцкага канцлагера, у якім нацысты адбіралі кроў у дзяцей. У народзе гэтае месца называюць “Дзіцячай Хатынню”, бо потым дзяцей палілі ў печах. Другая вельмі цікавая рэч знаходзіцца побач — гэта палацава-паркавы ансамбль Вікенція Альфонсавіча Козел-Паклеўскага. Нарэшце, палац гэтага Козела адрэстаўрыравалі (у ім ёсць рэчы, якіх не знайсці ні ў адным месцы Беларусі!), а парк, хоць і маленькі і папсаваны савецкімі збудаваннямі, але ж вельмі ўтульны, інтымны, так бы мовіць.
Рабіць акцэнт я, канечне, збіралася на “Дзіцячай Хатыні” не толькі таму, што гэта заўсёды актуальна, а яшчэ і таму, што мяняюцца паводзіны дзяцей падчас такой экскурсіі. Яшчэ 5 ці то 6 гадоў назад падлеткі 14—15 гадоў, якія былі ў большасці сваёй з футбольнага клуба “Шыннік”, менш — краязнаўцы, на мемарыяле хавалі свае слёзы. Цяпер жа дзеці здзіўлена слухаюць і не могуць уцяміць, што гэта балюча да слёз. Я не бачу больш слёз у іх вачах. Іх уражлівасць пераносіцца на планшэт: трэба тэрмінова, зараз жа сфатаграфаваць, а яшчэ горш — сфатаграфавацца, часта ў паставе фотамадэлі! Вось зараз пішу і разумею: у наступныя разы ў такіх месцах я проста арыштую ўсе фотапрыборы — і ўсё. Гэтая ліхаманкавая рэакцыя “Я тут быў. Вася” не дае ім засяродзіць увагу, настроіць душу і сэрца на тое, што дае ім экскурсавод. І гэта не толькі пра вайну. Дзеці вельмі-вельмі свабодна паводзяць сябе сярод прыгажосці: катаюцца па паркеце ў музеі, выказваюць эмоцыі вельмі гучна, нават калі ў касцёле ідзе імша. Ведаю, што патрэбны рамкі, але я педагог дэмакратычны, і мне няўцям, што новы вучань у 7 класе не ведае правіл паводзін…
Ну дык пра вайну. Задумала я прэзентацыю Чырвонага Берага і, каб дзеці зразумелі трагедыю дзяцей вайны, вырашыла ім паказаць стары мастацкі фільм “Помні імя сваё”. Фільм на дакументальнай аснове. Падрыхтавала дзяцей, расказала пра тое, як Людміла Касаткіна не магла сыграць сцэну, у якой яе хлопчыка забіраюць эсэсаўкі, як яна папрасіла дазволу правесці ноч у пакоі з дзіцячымі рэчамі перад газавай камерай Асвенціма… Паглядзелі мы кіно. Я плакала. А мне адна дзяўчынка і кажа: “Не поняла, Людмила Николавна, чегой-то вы плакали? Ничего такого страшного в фильме нет”. Канечне, вельмі адказныя за дзяцей людзі будуць нагадваць мне пра ўзроставую псіхалогію, але я нагадаю, як мы ў школьныя гады плакалі хорам, калі наша любімая настаўніца “Зойка” Юльянаўна чытала нам пра “Маладую гвардыю”.
Ну як жа крануць сэрцы дзяцей? Нашы метадысты Людміла Бранявіцкая-Кіслёнак і Святлана Семчанка прыдумалі вельмі цікавы сцэнарый “кірмашу”. Прэзентацыя магла быць слайдавай, рукапіснай, у форме відэафільма ці ў стылі КВЗ.
Мне было мала ўрыўка з фільма “Помні імя сваё”. Я ўзгадала песню пра Саласпілс. Надрыўны, з моцным музычным афармленнем відэаролік пра такі ж нацысцкі жах у суседняй Латвіі:

Захлебнулся детский крик
И растаял, словно эхо…
Здесь когда-то лагерь был,
лагерь смерти Саласпилс…

У зале панавала мёртвая цішыня. А педагогі-жанчыны плакалі.
Мы нагадалі пра тое, што ў нашым Бабруйску было таксама 4 лагеры смерці, 4 іх філіялы, адно гета… І была Каменка з вялікімі 100-метровымі магіламі яўрэяў, да якой хадзіў кожны наш школьнік-краязнавец.
Да вядучых нашай прэзентацыі Даяны Тачылавай і Дзімы Корсака выйшлі яшчэ дзве маленькія дзяўчынкі — Ліза і Альбіна. Сярод нашых дзяўчатак з вайны, апранутых у чужое рванае адзенне, захутаных у хустачкі, — адна перасяленка ці бежанка: не так даўно Альбіна з бабуляй прыехала з Данбаса. Яна прамаўляла словы Алы Айзеншарф:
“Война вышвырнула меня и сестричку Мэрочку на улицу. Уже убит в погроме папа. Мама далеко в концлагере. Родительский дом — недавняя сказка — стоит, как стоял. Но там — немцы. И мы, держась за руки, бродим и бродим по улицам Немирова — две голодные, затравленные девочки. Мне 10 лет, а Мэрочке 6”.

Кошка бездомная плачет,
Но КТО её слышит?
А в тёплых норах совсем
иначе живут мыши.
И ветер под крышу зарылся и спит
на соломе… он дома.
И я дом вспоминаю — и так хочу чаю.
И чтоб дождь кончился скоро —
холодно под забором…
Мешок натянула на плечи,
а он мокрый… И только начался вечер…
Я, наверное, умру утром…
Я думала, умирать трудно…

Ала Айзеншарф яшчэ жыве ў Ашкелоне. Яна прайшла праз гета, перажыла вайну дзякуючы чалавечай дабраце.
Альбіна Макурына з Данбаса, сёння вучаніца 3 “Б” класа 20-й школы Бабруйска, мела што сказаць пра тое, што такое вайна. Пераапранутая ва ўкраінскі касцюм, які з густам ёй пашыла бабуля, Ала-Альбіна, 10-гадовая дзяўчынка не той, а сённяшняй, блізкай, вайны кажа свае словы, якія яна вельмі разумее:

Уверена: многим, пришедшим сюда
припомнилась наших соседей беда:
Горящий Луганск и горящий Донбасс
волнует, тревожит и нас он, и вас…
Земля. Небо.
Между Землей и Небом — Война!
И где бы ты ни был,
Что б ты ни делал —
Между Землей и Небом — Война!

Спявалі старую, вядомую песню Цоя мае вучні-навічкі. Мы ледзь паспелі яе развучыць (не хапала часу), але песня гучала вельмі зладжана, на дзіва чыста. Зала маўчала, слухала, а песня гучала на фоне кадраў з Данецка: мільгалі чорны дым і агонь, палалі дамы і храмы… Маленькія дзіцячыя труны, абкладзеныя кветкамі… Зала зноў сцішылася, жанчыны плакалі…
Зноў выйшла Альбіна і сказала: “У нас, в Киеве, висит портрет Гитлера, а под ним написано: “Этот человек прав”. У зале павісла цішыня. Абсалютная.
Маленькая Ліза зноў прачытала верш Алы Айзеншарф.

Я, наверно, Гитлера убью.
Вот глаза закрою — бах! И выстрелю!
Только я потом уже не вырасту
и себя уже не полюблю.

Гэтымі словамі маленькай другакласніцай было сказана ўсё. Але што мы можам? І Альбіна-ўкраінка прадоўжыла:

Как хочется вновь повторять те слова —
Они не покажутся фразой избитой.
Пусть будет разумной у всех голова,
а горе и смерть, и война — позабыты!
Пусть в небе безоблачном солнце
нам светит!
Пусть радугу, солнце рисуют все дети!

Прачытала гэтыя словы дзяўчынка ў вяночку з палявых кветак і з блакітна-жоўтымі стужкамі. Нам не хацелася больш гаварыць пра вайну, глядзець на экране вайну, якая зусім побач. Мы пераключыліся і прапанавалі ўсім удзельнікам апынуцца на плошчы Сонца, якая на мемарыяле ў Чырвоным Беразе выводзіць з пякельнага ўспаміну да сённяшняга дня, у фруктовы сад, што стаіць паблізу мемарыяла і радуе вясной і кветкамі, а восенню — чырвонымі-чырвонымі яблыкамі. Там, у Чырвоным Беразе, пасля мёртвага класа з белымі партамі стаіць плошча Сонца: на ёй застылі малюнкі дзяцей 45-га года. На вітражах вясёлымі шкельцамі зіхацяць кветкі, аблокі, казкі, цыркавыя клоўны і жывёлы — і ніхто не маляваў вайну ў 45-м. Наша каманда прапанавала ўсім, хто быў на кірмашы, узяць паперу, пэндзлі, фарбы. Школьны народ проста ўзрадаваўся магчымасці памаляваць.
Конкурс-кірмаш быў пастаўлены на трох “кітах”: самая цікавая прэзентацыя, самы цікавы інтэрактыў з гледачом і аўкцыён маршрутаў. І не толькі ў нас была прыемная задума памаляваць у вялікіх фарматах. Нашы краязнаўцы з музея “Крэпасць на Бярэзіне” на чале з кіраўніком Святланай Калюта прыдумалі цэлы краязнаўчы іспыт. Трэба было ўзяць у рукі буклеты з імёнамі герояў на Алеі Славы, што на плошчы Перамогі, і стаць у тым парадку ў рад, у якім яны пастаўлены на плошчы. Во дзе прыйшлося разам успамінаць тое, чаго не ведалі!
На аўкцыёне было яшчэ цікавей. Нягледзячы на тое, што нас слухалі, затаіўшы дыханне, што мы цудоўна спявалі і далі школьнікам памаляваць уволю, як у дзяцінстве, наш маршрут не “куплялі”. І крыўдаваць не было чаго. У Чырвоным Беразе былі амаль што ўсе нашы краязнаўцы. І Чырвоны Бераг побач — рукой падаць. А сёння на кірмашы эколагі-краязнаўцы Лідзіі Міхайлаўны Пазняк з гімназіі № 1 расказвалі пра сваю вандроўку на Блакітныя азёры, сярод якіх Мёртвае возера. Краязнаўцы Валерыі Янаўны Ткачук з 25-й школы ўдала зрабілі рэкламу археалагічным раскопкам. Пошукавы атрад “Абеліск” са стрыманасцю сур’ёзных хлопцаў паказаў відэа пра раскопкі на Сінявінскіх вышынях, што пад Санкт-Пецярбургам. Нечакана! На мове жэстаў і рук дзеці са школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху расказалі пра нашы Кісялевічы — пра музей міліцэйскага батальёна, пра закінутыя бункеры і службовых сабак. А колькі яшчэ цікавага ёсць на свеце! Галасаванне прайшло: не, не ў Чырвоны Бераг хочуць нашы турысты-краязнаўцы. Хочуць паглядзець больш за ўсё на Мёртвае возера ў Блакітным запаведніку.
Але па агульных выніках мы з археалагічнай экспедыцыяй набралі балаў больш за ўсіх, а гэта азначае не толькі тое, што мы лепш пастараліся, але і тое, што дзеці маюць правільны, адэкватны інтарэс. Мы — за гісторыю, але супраць вайны. Прыйдзе лета, і мы зноў адправімся па сваіх маршрутах: хто — запаведную прыроду вывучаць, хто — гісторыю з археолагамі адкопваць, а хто — капаць і адкрываць імёны невядомых салдат апошняй вайны. І дай бог, каб тая вайна была сапраўды апошняй на нашай зямлі, бо радасна бачыць, як дзеці радуюцца, а не расказваюць пра вайну, якую бачылі сваімі вачыма.

Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ,
Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей Бабруйска.

Любіць Любчу

Летнія канікулы ў сярэдневяковым замку. Арыгінальна, ці не праўда? Для гэтага не абавязкова адкрываць шэнгенскую візу, набываць турыстычную пуцёўку ў баварскія Альпы або даліну французскай Луары і траціць там вялікія грошы. Усё значна прасцей, бліжэй і танней. Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, гарадскі пасёлак Любча, беларускі Нёман, над поймай якога больш за чатыры стагоддзі ўзвышаецца знакаміты замак. Не патрэбна ні віза, ні пуцёўка, ні вялікія грошы, патрэбна толькі… любоў. Любоў да гісторыі, любоў да працы, любоў да Любчы, бо лета ў Любчанскім замку — гэта лета пад сцягам валанцёрства.

Любоў і замак

Замак, праца, любоў, Любча… Гэтыя словы найбольш яскрава характарызуюць летні адпачынак студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія кожнае лета ў якасці валанцёраў прыязджаюць у Любчу, каб вярнуць архітэктурнай жамчужыне Панямоння былую веліч і прыгажосць і павялічыць турыстычную прывабнасць. Прыязджаюць першы раз, плённа працуюць, добра адпачываюць; потым прыязджаюць другі раз, потым трэці, чацвёрты, пяты — так паступова Любча заваёўвае сэрцы маладых валанцёраў. І ўжо даволі дзіўным для іх становіцца пытанне “Дзе будзеш праводзіць лета?”. Як дзе? Вядома, у любімай Любчы!

Любіць Любчу_І.А

І.А.Пячынскі: “На Любчанскім замку працуюць сапраўдныя героі, якія любяць Радзіму, гісторыю і пацвярджаюць сваю любоў добрасумленнай працай. Калі ў нас ёсць такая моладзь, то ў нас ёсць будучыня. Але для рэалізацыі такой любові моладзі трэба ствараць умовы. Прыкладна такія, як у Любчы, калі мясцовыя ўлады прадастаўляюць студэнтам часовае жыллё, а калгас яшчэ, як кажуць, і кавалак сала ці мяса на харчаванне можа выдзеліць”.

— Да слова “любоў” трэба ставіцца адказна. Гэта не проста пачуцці, эмоцыі. Гэта не проста слова. Любоў — гэта ў першую чаргу карысныя справы. Калі я люблю Любчу, дык я не проста ўзгадваю родныя мясціны. Я тут жыву кожнае лета, нешта раблю для любай Любчы”, — дзеліцца дырэктар і заснавальнік дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” Іван Антонавіч Пячынскі.
Сапраўды, любоў без канкрэтных спраў — пустое слова. Любіць — значыць дзейнічаць. Дзейнічаць — значыць працаваць. Працаваць — значыць на карысць. На карысць — значыць Радзімы. Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца Іван Антонавіч. На працягу ўжо амаль 13 гадоў разам з неабыякавымі людзьмі ён аднаўляе ўнікальны помнік архітэктуры — велічны і ў той жа час па-хатняму ўтульны Любчанскі замак. Была б любоў, было б здароўе — а замак будзе абавязкова адрэстаўрыраваны. Дарэчы, менавіта цяжкая хвароба, пошук адказу на пытанне “Што я зрабіў за сваё жыццё?” і падштурхнулі Івана Антонавіча да дзейнасці. Спачатку было вырашана аднавіць хаця б адну вежу. У гэтым дапамог брат Генадзь, яго сябра Мікола Пронька, актыўным памочнікам з’яўляецца і Віктар Сідо, падключыліся валанцёры з усёй Беларусі. Так паступова — з вуснаў у вусны, ад краязнаўца да краязнаўца, ад рэстаўратара да рэстаўратара, ад выкладчыка да выкладчыка, ад студэнта да студэнта — Беларусь абляцела чутка пра тое, што ў Любчы пачалося адраджэнне знакамітага замка.

Любоў і праца

Сярод першых, хто адгукнуўся на просьбу дапамагчы, былі сябры Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў — у асноўным студэнты БНТУ. Кожнае лета, пачынаючы з 2003 года, яны арганізоўваюць тут валанцёрскі летнік. Потым падключыўся Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Яго студэнты прыязджаюць у Любчу ў ліпені і жніўні невялікімі групамі. Вось і цяпер да 19 ліпеня тут працуе студэнцкая брыгада колькасцю 16 чалавек (5 дзяўчат і 11 хлопцаў). На іх месца чакаецца новая змена. Гэта ўжо будзе архітэктурная практыка для 20 студэнтаў БНТУ. На змену ім з гэтага ж універсітэта прыедзе яшчэ 15 чалавек. Так паступова, лета за летам, і адраджаецца замак, выконваецца цяжкая, адказная праца. Толькі на паўднёва-ўсходнюю вежу было перанесена 17 тон будматэрыялаў, на даху пакладзена чарапіца. У мінулым годзе здзейснены яшчэ адзін маштабны будаўнічы праект: патынкавана абарончая сцяна з дэкаратыўнымі аркамі.

Любіць Любчу_1
— Па адным умоўным квадраце ў дзень рукамі, сантыметр за сантыметрам, студэнты зрабілі справу не горш за майстроў XVI — пачатку XVII стагоддзя, калі і будаваўся замак. Мы не ведаем, як дакладна выглядала сцяна ў той час, але мы дакладна ведаем, што яна была. Гэта пацвярджае інвентар 1601 года. Не ведаем мы і памеры сцяны, аднак яна ніяк не магла быць вышэйшай за цяперашнюю, бо тады б перакрывала некаторыя вокны на вежах. У інвентары пазначана, што галерэя з фахверкам, гэта значыць, бачны драўляныя бэлькі. Паколькі сцяна абарончая, то павінны быць байніцы. Так архітэктары вызначылі форму сцяны, — паведаміў Іван Антонавіч.
Усё робіцца амаль уручную. Нават купал дыяметрам 12 метраў, які ўпрыгожвае брамную вежу, збіраўся на зямлі. А ўсталёўвалі яго зімой, у снежні 2013 года. Канечне, для такой справы была выклікана спецтэхніка: 60-тонны кран са стралой даўжынёй 43 метры. Аднак праехаць праз арку вежы атрымалася не адразу. Для гэтага неабходна было прадзяўбці некалькі сантыметраў прамерзлай зямлі. І тут на дапамогу прыйшлі настаўнікі і вучні Любчанскай сярэдняй школы. Прычым гэта не была абавязалаўка, усё было зроблена добраахвотна, з любоўю. А з любоўю, добрым настроем работа, як вядома, ідзе спарней. Купал быў падняты за 3 гадзіны. Здавалася, што і прырода падтрымлівала валанцёраў. Па словах Івана Антонавіча, у гэты дзень было дрэннае надвор’е, дзьмуў моцны вецер, ішоў снег, аднак, як толькі кран праехаў праз арку, устанавілася ціша.
— Спецыялісты здзіўляліся, як нам з валанцёрамі ўдалося зрабіць складаны па канструкцыі купал і ўстанавіць яго на такой вышыні. Або вось вокны для палаца. Іх рабілі з дубу згодна з гістарычнымі аналагамі каля 40 валанцёраў, а завяршылі ўстаноўку шкла за 10 дзён студэнткі сёлетняга летніка з БДТУ Настасся Ментуз і Дар’я Чарткова. Наогул, тут працуюць сапраўдныя героі. За гады рэстаўрацыйных работ іх было каля 2 тысяч, — адзначае Іван Антонавіч.

       Лічыцца, што назва гарадскога пасёлка Любча пайшла ад слоў “любіць”, “любімае месца”. Хто першым даў такую назву, дакладна не вядома. Згодна з легендамі, гэта мог быць Міндоўг, які перапраўляўся тут праз Нёман і выпадкова сустрэў прыгожую дзяўчыну Марту. Князь пакахаў яе з першага погляду, а ў гонар такой сустрэчы назваў безыменнае дагэтуль паселішча Любеч.

Адраджэнне Любчанскага замка — справа па-сапраўднаму народная. Вялікую падзяку дырэктар дабрачыннага фонду выказвае Навагрудскаму райвыканкаму, дзясяткам прадпрыемстваў, сотням неабыякавых людзей, якія дапамаглі матэрыяльна і фізічна, у тым ліку педагогам і навучэнцам устаноў адукацыі раёна. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Любчанскай сярэдняй школы Святланы Міхайлаўны Бушміч, са сваім выпускніком Іванам Антонавічам Пячынскім школа падтрымлівае цесную сувязь. У рамках праекта “Дыялог з гісторыяй”, які рэалізоўваецца з мэтай вывучэння гісторыі пасёлка, фарміравання ў навучэнцаў пачуцця любові да роднага краю, садзейнічання адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны, актывізацыі валанцёрскага руху, настаўнікамі і вучнямі была праведзена падсыпка абарончых валоў, падрыхтавана цэгла для аднаўлення абарончай сцяны, пасля яе ўзвядзення сцяна была пафарбавана, падрыхтаваны ўезд у вежу для ўстаноўкі новага купала. Акрамя таго, настаўнікі і вучні падтрымліваюць чысціню на тэрыторыі ўнікальнага ліпавага парку. Так, для замены старых дрэў на школьным агародзе было вырашчана 110 саджанцаў ліпы. “Дыялог з гісторыяй” — гэта не толькі фізічная праца, але і навукова-даследчая дзейнасць. У рамках праекта пад кіраўніцтвам былой настаўніцы гісторыі, а цяпер дырэктара любчанскага Дома культуры Таццяны Аляксандраўны Борыс вучні стварылі работы “Рэстаўрацыя і музеефікацыя Любчанскага замка”, “Любча — летапісная сталіца ліцвінаў”, “Любчанскі замак як сімбіёз розных архітэктурных стыляў XVI—XX стст.”, якія прадставілі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”.

Любіць Любчу_яўген— Калі працавала ў школьным музеі, то кіравала валанцёрскімі атрадамі “Надзейнае сэрца” і “Верны сябар”. Часта хадзілі ў замак і дапамагалі: то нешта падносілі, то пясок прасейвалі. Цяпер гэтую справу працягваюць іншыя настаўнікі. Актыўным валанцёрам была і мая сястра Святлана Скрабец. У студэнцкія гады яна часта працавала на тэрыторыі замка, удзельнічала ў аднаўленні на карнізе Кутняй вежы ўнікальнага малюнка. Падобны малюнак захаваўся толькі на старым Гродзенскім замку, — паведаміла дырэктар Дома культуры.
Па словах Таццяны Аляксандраўны, у архітэктуры Любчанскага палацава-замкавага комплексу вылучаюцца некалькі стыляў. Першы — готыка, якая прасочваецца ў планіроўцы. Другі — італьянскі рэнесанс, які знайшоў прымяненне ў многіх элементах, у прыватнасці, у кладцы сцен. У форме брамнай аркі можна заўважыць картуш. Потым — англійская неаготыка, якая прасочваецца ў экстэр’еры палаца Фальц-Фейнаў, пабудаванага на замкавым узвышшы ў ХІХ стагоддзі. Класіцызм можна ўбачыць у размяшчэнні саміх будынкаў на замкавай пляцоўцы. Савецкі класіцызм характэрны для будынка былой школы. Прыбудова да вуглавой вежы замка выканана ў тэхніцы фахверка. Спалучэнне гэтых стыляў робіць Любчанскі замак унікальным архітэктурным комплексам.

Любоў і музей

Любоў да Любчы ў мясцовых вучняў фарміруецца не толькі дзякуючы фізічнай працы па аднаўленні замка, але і падчас экскурсій па школьным музеі. Па словах былога дырэктара школы Міхаіла Міхайлавіча Карповіча, музей быў створаны ў 1964 годзе з нагоды 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першапачаткова экспазіцыя размяшчалася ў замкавай вежы.
Вялізную ролю ў стварэнні музея, зборы ўнікальных экспанатаў адыграў былы настаўнік апантаны краязнавец Мікалай Андрэевіч Вінар. У зборы экспанатаў ніхто не знаходзіўся ўбаку, гэтай справай актыўна займаліся і настаўнікі, і піянеры, і камсамольцы. Музей, як і школа, ва ўсе часы лічыўся перадавым не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы. Шмат цёплых слоў выказваў былы міністр асветы Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч, які, дарэчы, у свой час працаваў дырэктарам суседняй Нягневіцкай школы. Каля музея знаходзіўся кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі, які лічыўся адным з лепшых у вобласці і рэспубліцы. Кабінет арганічна ўпісаўся ў экспазіцыю новага музея, такім чынам быў створаны першы раздзел, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

Любча

— Пад раздзел старажытнай гісторыі аддалі спартыўную залу. Памятаю, як настаўнік фізічнай культуры быў незадаволены, маўляў, дзе ж мы будзем займацца фізкультурай? Я яму адказаў: “На калідоры”, — з усмешкай узгадвае Міхаіл Міхайлавіч. — Цікавай з’яўляецца і гісторыя стварэння панарамы Любчы. Пачалося ўсё ў 1975 годзе, калі быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак школы. Нам на яго “пашчасціла”. Калі пачалі завозіць у вучэбныя кабінеты новае, сучаснае на той час абсталяванне, высветлілася, што дах працякае. Я ледзь не заплакаў, калі ўбачыў, што адна са сцен стала літаральна чорнай ад падцёкаў. Як яе адрамантаваць? Сяджу неяк на беразе Нёмана насупраць замка, лаўлю рыбу. Побач яшчэ адзін рыбак — малады хлопец, з вудай і мальбертам. Гляджу на яго, а ён свой позірк кідае то на замак, то на мальберт. Падыходжу бліжэй, пытаюся, як поспехі, ён кажа, што слаба клюе, затое малюецца добра. Аказалася, што ён вучыцца ў мірскім вучылішчы і выконвае дыпломную работу. Я ўзрадаваўся, прывёў яго ў школу і кажу, што трэба нешта зрабіць з пачарнелай сцяной. Так мы разам склалі кампазіцыю. Два месяцы яму спатрэбілася, каб намаляваць на сцяне выявы галоўных адметнасцей Любчы: царкву, замак, Нёман. Гэтая сцяна атрымалася… (думаў, Міхаіл Міхайлавіч пасля невялікай паўзы скажа штосьці накшталт “цудоўная”, “выдатная”, аднак з яго вуснаў вылецела зусім іншае, нечаканае, арыгінальнае) проста з Богам.
У новым будынку школы па ініцыятыве дырэктара з двух першапачатковых раздзелаў экспазіцыя была пашырана да васьмі. Ужо многія гады знаёмства з адметнасцямі Любчанскага краю экскурсаводы пачынаюць… не, не з традыцыйнага для школьных гісторыка-краязнаўчых музеяў раздзела накшталт “Старажытная гісторыя”, а з прыроды роднага краю.
— Праводзілі неяк экскурсію для аднаго прафесара. Ён і спытаў, чаму музей пачынаецца з прыроды, гэта ж нехарактэрная з’ява. Давялося яму патлумачыць, што галоўнымі нашымі славутасцямі з’яўляюцца Налібоцкая пушча і Нёман. Прафесар пагадзіўся, паціснуў мне руку і сказаў: “Правільна”. Чучалы жывёл нам падарыла адміністрацыя Белавежскай пушчы ў 1989 годзе. Тут, безумоўна, і зубр. Бачыце, вось ён, прытаіўся за ялінкай. А вось зубр на фотаздымку, з каровамі. А было вось што. У суседняй вёсцы праводзілася конна-спартыўнае свята. Я спакойна стаю, фатаграфую коней. Тут да мяне падбягаюць дзеці і крычаць наперабой: “Міхаіл Міхайлавіч, глядзіце, зубр прыйшоў!” Зубр? На конныя скачкі? Я за фотаапарат — і бягом. Аказалася, сапраўды, зубр выйшаў з лесу і вырашыў таксама паглядзець на свята і, каб не сумаваць, далучыўся да статка кароў. Хто ведае, можа там была яго “дзяўчына”? — узгадвае былы дырэктар.

Любіць Любчу
Дзейнасць дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” — гэта не першая спроба аднаўлення архітэктурнай жамчужыны Панямоння. Гэта пацвярджае макет замка, які знаходзіцца ў музейным раздзеле, прысвечаным гісторыі старажытнасці і Сярэдневякоўя. Стварыў макет выпускнік Любчанскай сярэдняй школы былы дырэктар “Лідсельмаша” Мікалай Скрабец. Па словах Міхаіла Міхайлавіча, пра рэстаўрацыю замка гутарка вялася даўно, яшчэ ў савецкія часы, аднак ні адна арганізацыя не хацела браць на сябе такую адказную справу. “Тады я набіраюся мужнасці і еду ў Ліду да свайго былога вучня Мікалая Скрабца, які, дарэчы, на выдатна скончыў школу. Заходжу ў калідор, а каля яго кабінета чарга чалавек гэтак 15. Я заглянуў у кабінет, ён узрадаваўся і адразу сказаў: “Грамадзяне, сёння прыёму не будзе, прыехаў дырэктар маёй школы”. Ён уважліва выслухаў, даў згоду. Так у сярэдзіне 80-х гадоў пад маркай стварэння санаторыя-прафілакторыя для “Лідсельмаша” пачалася рэканструкцыя. Аднак быў зроблены толькі макет і дакументацыя на Кутнюю вежу. Калі на прадпрыемства прыйшоў новы кіраўнік, справа прыціхла. У Івана Пячынскага, таксама майго вучня, яна ідзе больш паспяхова. Толькі б дажыць да таго моманту, калі замак будзе адрэстаўрыраваны, і пабачыць яго ва ўсёй прыгажосці”, — дзеліцца Міхаіл Міхайлавіч.
Сярод амаль 2 тысяч музейных экспанатаў самы каштоўны — гэта каваны флігель, знойдзены падчас раскопак на тэрыторыі замка. На флігелі пазначана дата “1581”. Менавіта ў гэтым годзе Ян Кішка пачаў будаўніцтва замка. Народны музей актыўна папаўняўся ўнікальнымі экспанатамі не толькі падчас кіраўніцтва Мікалая Андрэевіча Вінара, але і на працягу апошніх трох гадоў, калі музеем кіравала Таццяна Аляксандраўна Борыс. А вось узнікла такая любоў да музейнай справы ў Таццяны Аляксандраўны з лёгкай рукі Міхаіла Міхайлавіча. Былы дырэктар прыгадаў, што калі маці прывяла дзяўчынку Таню запісваць у школу, то ў якасці знаёмства з установай адукацыі Міхаіл Міхайлавіч асабіста правёў для дзяўчынкі і яе мамы экскурсію па музеі. Колькі падобных экскурсій правяла сама Таццяна Аляксандраўна, сказаць складана. Дзясяткі, а можа, сотні. Прычым гэта экскурсіі не толькі па музеі, але і на Любчанскі замак.

Любіць Любчу 13

Будаўніцтва Любчанскага замка пачалося ў 1581 годзе Янам Кішкам на высокім левым беразе Нёмана. Першапачаткова замак меў адну каменную надбрамную вежу, будаўніцтва вуглавой паўднёва-ўсходняй пачалося пазней. Многія ўмацаванні пэўны час заставаліся драўлянымі. Ян Кішка не ўбачыў велічы замка, да заканчэння будаўніцтва ён не дажыў. Паводле інвентара ад 2 ліпеня 1601 года, надбрамная вежа была ўпрыгожана купалам са звонам. Вароты зроблены з дубовых бярвенняў, абабіты жалезам. У гэты час вялося будаўніцтва і паўночна-заходняй вежы. У 1606 годзе Любча пераходзіць ва ўладанне Радзівілаў. Пачынаецца новы этап гісторыі замка. Крыштаф Радзівіл завяршае пачатую Янам Кішкам справу. Унікальным быў не толькі знешні выгляд замка, але і гістарычныя дакументы, грашовыя скарбы, скарбы твораў мастацтва, якія ў ім захоўваліся. Замак моцна пацярпеў падчас войнаў XVII стагоддзя. Не пазбегла архітэктурная жамчужына разбурэнняў і ў гады Першай і Другой сусветнай войнаў. У 1947 годзе будынкі палацава-замкавага комплексу былі аддадзены пад школу.

Любоў і спадзяванні

На дзейнасць Івана Антонавіча Пячынскага і яго памочнікаў валанцёраў любчанцы ўскладаюць вялікія спадзяванні. Напрыклад, Таццяна Аляксандраўна (па спецыяльнасці яна менеджар па турызме і ахове гісторыка-культурнай спадчыны) лічыць, што адрэстаўрыраваны замак дапаможа павысіць турыстычную прывабнасць Навагрудскага раёна, надасць новы імпульс развіццю Любчанскага краю. Ці будуць рэалізаваны спадзяванні любчанцаў? Адказ на гэтае пытанне даволі просты: галоўнае, каб была любоў. А шчырая, бескарыслівая любоў, як вядома, можа не толькі горы перавярнуць, але і адрадзіць унікальны, па-хатняму ўтульны Любчанскі замак.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Марэнны гарадок з пясчанымі дыназаўрамі

Цяжка паверыць, але ў нашай краіне ёсць месцы, дзе міжволі ўяўляеш, як з дапамогай фантастычнай машыны часу ты здзейсніў падарожжа ў далёкае мінулае, на тысячы і сотні тысяч гадоў назад. Прыкладна такое адчуванне апанавала мяне і маіх вучняў, калі мы пабывалі ў выпрацаваным кар’еры драбільна-сартавальнага завода каля вёскі Варонічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Тут нас сустракалі велізарныя спрасаваныя пясчаныя глыбы з разнастайнымі мудрагелістымі формамі — астанцамі, узрост якіх прыкладна 150—200 тысяч гадоў. Незвычайны ландшафт можна параўнаць з пустыннай тэрыторыяй і, больш за тое, з паверхняй іншай планеты.

Пяць разоў на тэрыторыю Беларусі насоўваўся ледавік. У магутнай тоўшчы лёду знаходзілася сумесь з пяску, жвіру, валуноў, якую ледавік павольна, сантыметр за сантыметрам, цягнуў за сабой. Гэтая сумесь пад вялікім ціскам станавілася больш цвёрдай і паступова ператварылася ў марэнныя глыбы розных памераў і форм. П азней, калі ледавік растаў, гэтыя марэнныя ўтварэнні засталіся у тоўшчы пяску на рознай глыбіні.
У пачатку 2000-х на тэрыторыі кар’ера пачаліся работы па здабычы пясчана-жвіровай сумесі. Калі з тоўшчы пяску паказаліся марэнныя астанцы, іх не закранулі, а акуратна вынялі вакол пясок і жвір. Калі здабыча скончылася, астанцы ўтварылі своеасаблівы марэнны гарадок на дне выпрацаванага кар’ера.
…Веласіпеды мы пакінулі каля велізарнай, з двухпавярховы дом, пясчана-жвіровай скалы, вяршыня якой нагадвала крэпасць, што вытрымала шматлікія атакі. Побач узвышалася нахіленая плоская пліта, падобная на карабель, які тоне. Так і хацелася назваць яе “Тытанік”. Крыху далей была скала з пясчаніку з аркай, праз якую можна было прайсці ва ўвесь рост. Калі мы перайшлі на другі бок гэтага астанца, то ён пачаў нагадваць насарога. Яшчэ далей праглядваўся астанец з гарбом, як у вярблюда, побач за невялікім паваротам нібыта выглядвала пясчаная галава дыназаўра. Удалечыні можна было бачыць расколатую пясчаную скалу, падобную на кветку, якая толькі-толькі распусцілася.
Вучні былі ўражаны гэтым відовішчам: падыходзілі да астанцоў, дакраналіся да цвёрдых пясчанікаў, здзіўляліся рознакаляровым валунам, якія былі ў тоўшчы марэнных адкладанняў. Потым дзеці пачалі збіраць невялікія валуны ў свае рукзакі. “А што гэта? Як называецца гэты камень?” — пыталіся яны ў мяне. Паступова наша экскурсія стала ператварацца ва ўрок, дакладней кажучы, у даследаванне. Юныя даследчыкі прыносілі да мяне шмат цікавых знаходак. На адной марэннай глыбе яны знайшлі незвычайныя формы з пясчаніку, якія лёгка можна было аддзяліць ад больш цвёрдай пароды. Магчыма, яны ўтварыліся пад уздзеяннем вады і ветру. Гэтыя формы былі на здзіўленне падобныя да каралаў, толькі са спрасаванага пяску.
“Глядзіце: вось гэта сабака, а вось васьміног!” — гучна радаваліся дзеці. І вось ужо і мяне ахапіў даследчы парыў… Раптам мы заўважылі невялікае азярцо, якое было схавана сярод невялікіх пясчаных узгоркаў і марэнных астанцоў. Не хапала яшчэ дыназаўраў, каб скласці поўны ўзор фантастычнага пейзажу мінулага. Пакідаць гэтае месца нам не вельмі хацелася, аднак веснавое сонейка паступова рухалася ўсё ніжэй і ніжэй да гарызонту. Недзе ўдалечыні забурчаў трактар, гучна праехала машына. Сталі бачны дахі вясковых дамоў. Мы вярталіся ў цывілізацыю, зрабіўшы толькі некалькі крокаў з мінулага ў сучаснасць.

Сяргей КЛЁСАЎ,
настаўнік геаграфіі Сялявіцкага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна.
Фота аўтара.

Колькі важыць партфель юнага экскурсавода?

Не сакрэт, што патрыятызм пачынаецца з любові да малой радзімы. Гэта наглядна даказалі ўдзельнікі мінскага гарадскога конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Конкурс праходзіў у некалькі этапаў, самым адказным з якіх было творчае прадстаўленне экскурсій.

У суботу ўсіх, хто цікавіцца краязнаўствам, гасцінна запрасіла сярэдняя школа № 19 імя Янкі Купалы. Менавіта тут удзельнікі конкурсу паказалі свае таленты. Журы, гледачам і канкурсантам вельмі пашчасціла! За адзін толькі дзень яны завочна пабывалі ў розных куточках нашай краіны, даведаліся пра гісторыю адміністрацыйных раёнаў сталіцы, атрымалі магчымасць наведаць Мінск гімназічны, тэатральны, спартыўны. Не пакінула абыякавымі і тэма вайны. 70 гадоў мы жывём пад мірным небам. Пра вайну нам нагадваюць вуліцы, якія носяць імёны герояў тых дзён. Усе ўдзельнікі вельмі адказна паставіліся да конкурсу: падабралі матэрыял для экскурсіі, даследавалі аб’екты, апрацавалі сабраны фактычны матэрыял, стварылі “партфель юнага экскурсавода”, знялі відэаматэрыял экскурсіі.
Вельмі цікава пра аб’екты сваіх даследаванняў паведамілі ўсе ўдзельнікі, але найбольшае ўражанне выклікалі навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 77 Савецкага раёна Уладзіслаў Боеў і Аліна Пасюк (у цэнтры іх аповеду духоўны скарб Валожыншчыны — Лоск), а таксама самы маленькі экскурсавод конкурсу навучэнец 2 “Б” класа сярэдняй школы № 215, што ў Маскоўскім раёне, Іван Кравец, які запрасіў нас на радзіму сваёй матулі ў гарадскі пасёлак Плешчаніцы Лагойскага раёна. Пра свой родны мікрараён Залатая Горка з любоўю расказаў Мікіта Стругальскі, навучэнец 6 “А” класа 19-й школы Савецкага раёна, які аздобіў экскурсію батлейкай, а дапамаглі яму ўдзельнікі школьнага танцавальнага калектыву. Незвычайны маршрут прапанавала Ірына Кірдань (сярэдняя школа № 125 Фрунзенскага раёна), якая правяла экскурсію па Кальварыйскіх могілках.
Усе канкурсанты малайцы! Пераможцы і лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Узнагароджанне пройдзе 20 кастрычніка ў рамках фальклорнага свята “Пакроўскі кірмаш”, якое ладзіць аддзел краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Ганна САЖНЕВА,
загадчыца аддзела краязнаўства МДТЭЦДіМ.

Краязнаўчае ралі па-бабруйску

Улічваючы патрэбы сучасных навучэнцаў, у арганізацыі краязнаўчай работы неабходна выкарыстоўваць, апрача традыцыйных форм, такіх як экскурсія, паход, экспедыцыя ці пошукавая дзейнасць, інтэрактыўныя тэхналогіі, аснова якіх — гульня. Больш як 20 гадоў Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска распрацоўвае і ўкараняе ў практыку школьнага краязнаўства гульнёвыя тэхналогіі, акцэнтуючы ўвагу на масавых краязнаўчых мерапрыемствах: “Ты — Бабруйчанін”, “Знаходка года”, “Краязнаўчае арыентаванне на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці”, “Краязнаўчая рабінзанада”. Нядаўна праходзіў і яшчэ адзін займальны конкурс “Я іду па горадзе”.

З вопытам правядзення краязнаўчага арыентавання з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій супрацоўнікі нашага цэнтра азнаёміліся на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Цэнтра дзяцей і моладзі Полацка. Вялікі дзякуй полацкім калегам за цудоўную ідэю “Полацкіх лабірынтаў”. У Бабруйску конкурс атрымаў сваё гучанне. На працягу трох тыдняў, кожную суботу лютага, на вуліцах Бабруйска можна было сустрэць школьнікаў з настаўнікамі. Уважліва вывучаючы фрагменты фотаздымкаў, надрукаваных на аркушах паперы, дзеці спрачаліся, даставалі тэлефоны і выходзілі ў інтэрнэт, гарталі рэкламныя буклеты з вуліцамі горада, а потым фатаграфаваліся на фоне гістарычных будынкаў. Займальны краязнаўчы конкурс-гульня “Я іду па горадзе”, арганізаваны Цэнтрам турызму, краязнаўства і экскурсій, прыцягнуў увагу больш чым 160 таленавітых школьнікаў горада з 26 устаноў адукацыі і быў арганізаваны не менш таленавітымі педагогамі.
На першым этапе конкурсу ўдзельнікі, атрымаўшы на электронныя адрасы школ пытанні-тэсты па гісторыі і культуры горада, сабраўшыся ў камп’ютарных класах ці бібліятэках школ, шукалі правільныя адказы, выкарыстоўваючы розныя інфармацыйныя рэсурсы. Другі этап конкурсу праходзіў непасрэдна на вуліцах горада. Навучэнцам прапаноўвалася вызначыць гістарычны аб’ект і сфатаграфавацца камандай на яго фоне. Трэці этап краязнаўчай гульні-арыентавання прайшоў у фармаце “квэст”. Легенда, атрыманая ўдзельнікамі па электроннай пошце, вяла даследчыкаў горада па былых Таццянінскай, Мураўёўскай, Слуцкай вуліцах да будынкаў, міма якіх у штодзённым жыцці жыхары горада, у тым ліку і нашы дзеці, прабягаюць, не падымаючы галавы.

Удзельнікам конкурсу арганізатары прапаноўвалі сем варыянтаў праходжання маршруту. Напрыклад, адзін з маршрутаў прапаноўваў сустрэцца на Інваліднай: “Калісьці ў Бабруйску існаваў анекдот пра Зяму — краўца з вуліцы Інваліднай, які шыў лепш, чым у Адэсе. Пра гэтую вуліцу бабруйскі пісьменнік Эфраім Севела напісаў наступныя радкі: “Наша брала свой пачатак ад вялікага старажытнага гарадскога парку, які называўся “Садам саматужнікаў”. Школьнікам неабходна прайсці і па маршруце, які пачынаецца з вуліцы, названай у гонар ветэранаў вайны 1812 года.
Аб’екты, да якіх была прыцягнута ўвага канкурсантаў, знаходзяцца ў гістарычнай зоне горада і захоўваюць больш чым стагадовую гісторыю. Перш чым выйсці на вуліцы горада, камандам было неабходна адгадаць гістарычную загадку, супаставіць гістарычныя факты з сучаснасцю, прааналізаваць усе наяўныя друкаваныя і інтэрнэт-крыніцы, часам супярэчлівыя, знайсці карты горада канца ХІХ стагоддзя з планамі вуліц. А на вуліцах горада сучасныя дзеці паказалі настаўнікам і арганізатарам крэатыўнасць мыслення, веды па выкарыстанні мабільнага інтэрнэту, навігацыйнай сістэмы і велізарную цікавасць да гісторыі свайго краю.
Нягледзячы на тое, што кожная школа прадастаўляла каманду васьмікласнікаў з шасці чалавек, першыя этапы конкурсу паказалі, што ва ўстановах адукацыі да конкурсу рыхтавалася шмат навучэнцаў і педагогаў. Найбольшую цікавасць у дзяцей выклікаў другі этап, калі трэба было пазнаць аб’ект і знайсці яго на тэрыторыі горада. Для педагогаў — удзельнікаў конкурсу, па даных анкетавання, найбольш цікавым быў трэці этап конкурсу, які патрабаваў не толькі зрокавага аналізу, але і ведаў па гісторыі горада, супастаўлення фактаў, дат і простага накладання гістарычнай карты ХІХ стагоддзя на карту сучаснага горада.
Па анкетных водгуках педагогаў, конкурс атрымаўся вельмі добрым. Ён звязаны з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем, выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, спалучае тэорыю (работа ў класе) і практыку (экскурсіі), дазваляе даведацца шмат цікавых фактаў пра горад. А яшчэ дапамагае працаваць разам, у камандзе, заахвочвае ўсіх. “Конкурс больш цікавы, чым проста экскурсія. Гэтую форму трэба ўзяць на ўзбраенне педагогам. У французаў гэта краязнаўчае ралі”, — так пісалі ў сваіх водгуках педагогі.
У гістарычнай частцы горада размяшчаецца сем з 33 школ горада. Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што дарога ў школу стане для навучэнцаў больш цікавай, таму што побач знаходзіцца гісторыя, якую яны адкрылі для сябе самі.

Святлана СЕМЧАНКА,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.

Фота Людмілы КІСЛЁНАК.

Завяршыўся чарговы этап турыстычнага пазнання Радзімы

Днямі былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”, які праводзіўся пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства.

Для сістэмы адукацыі нашай краіны конкурс “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” з’яўляецца традыцыйным і праводзіцца штогод яшчэ з савецкіх часоў. Конкурс з’яўляецца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў работы рэгіянальных цэнтраў турызму і краязнаўства, турыстычных груп устаноў адукацыі за мінулы год. Мэта конкурсу — актывізацыя турыстычна-краязнаўчай работы, прапаганда спартыўнага турызму і выяўленне лепшых турыстычных груп. Для гэтага групам педагогаў і навучэнцаў для ўдзелу ў конкурсе неабходна было прадставіць пісьмовыя справаздачы аб паходах, праведзеных у 2012 годзе. Прычым абавязковай умовай была адпаведнасць гэтых паходаў Правілам правядзення турыстычных паходаў і Інструкцыі аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях.

Як паведаміў галоўны суддзя конкурсу загадчык аддзела масавага і спартыўнага турызму Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Васіль Мікалаевіч Канавальчык, конкурс праводзіўся па трох групах: сярод агульнаадукацыйных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі; сярод устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і ўстаноў вышэйшай адукацыі; сярод педагагічных работнікаў. Прыналежнасць турыстычнага калектыву да той ці іншай групы вызначалася наяўнасцю ў ёй не менш за 60 працэнтаў названай катэгорыі ўдзельнікаў.
— Вызначэнне пераможцаў у першай групе адбывалася ў два этапы. На першы этап (абласны і мінскі гарадскі) канкурсантамі прадстаўляліся справаздачы аб ступенных і катэгарыйных паходах. На другі (рэспубліканскі) этап прадстаўляліся справаздачы толькі аб катэгарыйных паходах пераможцаў і прызёраў першага этапу. Вызначэнне пераможцаў у другой і трэцяй групах праводзілася толькі ў адзін рэспубліканскі этап, на якім прадстаўляліся справаздачы аб катэгарыйных паходах, — паведаміў Васіль Мікалаевіч.
Каб атрымаць высокія ацэнкі журы, на рэспубліканскі этап конкурсу неабходна было прадставіць справаздачы ў пісьмовым і электронным выглядзе ў адпаведнасці з “Рэкамендацыямі па афармленні, змесце і ацэнцы матэрыялаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы катэгарыйны турыстычны паход для суддзяў і ўдзельнікаў” (змешчаны на сайце Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства). Вынікі конкурсу падводзіліся па суме балаў, атрыманых справаздачамі аб паходах. Пераможцы конкурсу вызначаліся па найбольшай колькасці набраных балаў.
У адпаведасці з рашэннем журы, пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Паходы з навучэнцамі” сталі калектывы Цэльскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна (кіраўнік паходу Таццяна Аляксандраўна Кірэева), Вілейскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (Міхаіл Міхайлавіч Петух), сярэдняй школы № 3 Бярозы (Васіль Уладзіміравіч Новік), Цэнтра юных турыстаў “Вандроўнік” Бабруйска (Аляксандр Генадзьевіч Фурс), Слуцкага цэнтра турызму (Дзмітрый Міхайлавіч Краўчанка), Клянніцкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Смалявіцкага раёна (Канстанцін Якімавіч Юрчук), Асіповіцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства (Андрэй Іонавіч Козыраў), Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства (Уладзімір Уладзіміравіч Васюкоў).
У намінацыі “Паходы педагагічных работнікаў” пераможцамі былі прызнаны калектывы Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Чэрвеньскага раёна (Мікалай Мікалаевіч Шастак), Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (Аляксандр Рыгоравіч Лексін), Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (Вольга Генадзьеўна Праліска), Ашмянскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства (Юрый Васільевіч Кошань).
У намінацыі “Паходы са студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцамі ССНУ” пераможцамі сталі калектывы Асіповіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа (Дзмітрый Васільевіч Зыль), Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (Аляксандр Рыгоравіч Лексін), Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Чэрвеньскага раёна (Мікалай Мікалаевіч Шастак), Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (Таццяна Сяргееўна Паўлава, Уладзімір Уладзіміравіч Гусеў).

 

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.

hrechka@ng-press.by