Спаборнічалі бегуны

Нядаўна прайшоў ХХХІІІ Маларыцкі міжнародны марафон. У ім прынялі ўдзел 850 спартсменаў ва ўзросце ад 2,5 да 82 гадоў. За званне наймацнейшых прыехалі пазмагацца бегуны з многіх гарадоў Беларусі, а таксама з Санкт-Пецярбурга, Самары, Калінінграда і Смаленска (Расія), Луцка, Львова, Сарнаў, Ковеля, Ратна, Любомля і Гарохава (Украіна).

Спаборніцтвы праводзіліся ў некалькіх узроставых групах. Падчас марафону вызначаліся наймацнейшыя на дыстанцыях 300, 500, 1000 і 2000 метраў, 10 кіламетраў і марафонскай дыстанцыі 42 кіламетры 195 метраў. У рамках марафону прайшоў чэмпіянат Маларыцкага раёна па эстафетным бегу сярод агульнаадукацыйных устаноў і чэмпіянат Брэсцкай вобласці па эстафетным бегу сярод удзельнікаў 2001 года нараджэння і маладзейшых.

На дыстанцыі 300 метраў сярод дашкольнікаў лепшымі сталі Настасся Саўчук з ясляў-сада № 6 Маларыты, Ганна Тарасюк з Хаціслаўскага дзіцячага сада, Кацярына Кавальчук, Елісей Літвінюк і Максім Яварніцкі з ясляў-сада № 1 Маларыты, а таксама Данііл Ляўчук з ясляў-сада № 5 Маларыты. Заслужаныя ўзнагароды ім уручылі старшыня Маларыцкага райвыканкама Мікалай Шум, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар і алімпійскі чэмпіён ганаровы грамадзянін Маларыты Леанід Тараненка.

У чэмпіянаце Маларыцкага раёна па эстафетным бегу сярод агульнаадукацыйных устаноў наймацнейшай аказалася зборная каманда Маларыцкай раённай гімназіі ў складзе Дар’і Дыбалюк, Дар’і Струкавай, Ганны Сярдзюк, Андрэя Вярэніча, Максіма Гаральчука і Арцёма Гаўрылюка. 2-е месца занялі юныя бегуны з Макранскай сярэдняй школы, 3-е месца — прадстаўнікі Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

У чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па эстафетным бегу на дыстанцыі 1 кіламетр сярод удзельнікаў 2001 года нараджэння і маладзейшых 1-е месца заваявала каманда Кобрыншчыны, 2-е месца — каманда Ляхавіччыны, 3-е месца — каманда Пружаншчыны.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Педагагічная неабходнасць

Праблема выкладання прадмета “Фізічная культура і здароўе” ў школе не з’яўляецца новай. У сучасным грамадстве дзеці ў большасці сваёй вядуць маларухомы лад жыцця, рэдка наведваюць спартыўныя секцыі і аб’яднанні па інтарэсах. Ды і на ўрокі фізічнай культуры ходзяць без цікавасці, часта прапускаюць іх.

У той жа час сучасны свет патрабуе фізічна моцных, здаровых, мэтанакіраваных стваральнікаў прагрэсу. Таму ўрок фізічнай культуры з’яўляецца стрыжнем фарміравання і выхавання фізічна здаровай, гарманічна развітой асобы.

Што ж зрабіць, каб урок фізкультуры стаў любімым у школьнікаў? Як прывабіць дзяцей у спартзалу і на стадыён? Неабходна змяніць свае адносіны да ўрока нам самім, настаўнікам. Свет мяняецца, а мы, настаўнікі фізічнай культуры, не спяшаемся… Часта ўрок як вёўся па пэўнай методыцы 30 гадоў назад, так вядзецца і сёння. У свет лічбавых тэхналогій, інтэрнэту, глабальнай інфармацыйнай сеткі мы спрабуем навучыць дзяцей даўнейшым дзедаўскім спосабам.

Якое ж дачыненне маюць камп’ютарныя тэхналогіі да ўрока фізічнай культуры, калі дзеці і так мала рухаюцца? На працягу пяці гадоў у Капцёўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне электронных сродкаў навучання (ЭСН) на ўроках фізічнай культуры па раздзелах “Футбол”, “Баскетбол”, “Лёгкая атлетыка”, “Спартыўна-аздараўленчы турызм”. Асноўным напрамкам праекта быў спартыўна-аздараўленчы турызм. Электронны падручнік стаў адкрыццём як для нас, так і для ўсёй сістэмы выкладання ў цэлым.

Па-першае, варта прызнаць, што любы настаўнік фізкультуры (нават вышэйшай катэгорыі) не ў стане прафесійна паказаць і растлумачыць, адпаведна, і якасна навучыць усім відам спорту, якія прапаноўваюцца комплекснай праграмай. Па-другое, пры дапамозе ЭСН аблягчаецца падрыхтоўка да ўрока, паляпшаецца яго якасць, удасканальваецца методыка навучання. Па-трэцяе, настаў час пачаць гаварыць з нашымі навучэнцамі на адной мове — мове камп’ютарных тэхналогій. Уменні і навыкі, атрыманыя пры дапамозе ЭСН, лепш засвойваюцца, чым пры паказе толькі настаўнікам. Урок становіцца больш цікавым, дынамічным, эмацыянальным. Прычым шчыльнасць урока не толькі не змяншаецца, а нават павялічваецца. Па-чацвёртае, пры дапамозе ЭСН адпрацоўваюцца і карэкціруюцца нават самыя нязначныя элементы тэхнічных прыёмаў, якія незаўважныя пры стандартным навучанні. А навучэнцы могуць самастойна выпраўляць свае памылкі, працуючы з электронным падручнікам.

У выніку інавацыйнага праекта наша школа, у якой вучыцца ўсяго 162 навучэнцы, заняла ў раёне лідзіруючыя пазіцыі па баскетболе, футболе, лёгкай атлетыцы. Навучэнцы выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, маюць прызавыя месцы. Прычым штатных трэнераў у нас няма. А па спартыўным турызме школа стала адной з самых моцных школ Гродзенскай вобласці.

Дарэчы, напрыканцы жніўня вучні Капцёўскай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў спартыўным паходзе 1-й катэгорыі складанасці па Гомельскай вобласці. За дзевяць паходных дзён было пройдзена 103 кіламетры. Капцёўскія турысты наведалі Рэчыцу, Светлагорск, Жлобін, вёскі і аграгарадкі Гомельшчыны, пазнаёміліся з гісторыяй і культурай краю, з побытам і жыццём мясцовых жыхароў, наведалі мясціны баявой славы беларускага народа часоў Вялікай Айчыннай вайны, правялі працоўны дэсант па прывядзенні ў парадак мемарыяла воінам-вызваліцелям у вёсцы Антонаўцы Жлобінскага раёна. У гэтых мясцінах дзейнічаў славуты партызанскі атрад “Смерць фашызму!”. Мемарыял знаходзіцца на рацэ Ола за 10 км ад Светлагорска, дзе ў 1944 годзе фашысты расстралялі і спалілі 1720 жыхароў, з якіх 970 — дзеці.

Трэба адзначыць, што навучэнцы нашай школы за лета прайшлі тры спартыўныя паходы 1 і 2 катэгорыі складанасці: па Гродзенскім раёне, Гомельскай вобласці і ўкраінскіх Карпатах. Разам гэта складае 320 кіламетраў.

І самае галоўнае: урок фізічнай культуры стаў любімым у нашых школьнікаў, а прадмет — самым галоўным у школе.

Сяргей ПАЎЛЕНКА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Ці стане гольф народным відам спорту для беларусаў?

Услед за такімі факультатывамі, як “Асновы алімпійскіх ведаў”, “Шахматны ўсенавуч” і “Скандынаўская хадзьба”, якія прапанаваны для ўкаранення ў сістэму адукацыі ў рамках прадмета “Фізічная культура і здароўе”, смела крочыць факультатыў па гольфе. Жаданне развіваць гэты пакуль што рэдкі для нашай краіны від спорту выказалі 5 устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Арыенцірам у развіцці гольфа абрана Фінляндыя. “У краіне з насельніцтвам 5,4 млн чалавек сёння дзейнічае 186 чэмпіёнскіх палёў, а гольфам займаецца больш як 220 тысяч чалавек, — падкрэсліў старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа Уладзімір Несцеравіч Дражын.

Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся днямі ў рамках семінара “Развіццё гольфа ў Рэспубліцы Беларусь. Гольф-інфраструктура”, які сабраў разам прадстаўнікоў кіраўніцкіх органаў сістэмы адукацыі і настаўнікаў фізічнай культуры з розных рэгіёнаў краіны.

Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі гольфа імкнуліся развеяць той самы знакаміты міф, маўляў, гольф — спорт арыстакратаў.

“Гэта наша галоўная праблема, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Уладзімір Дражын. — І мы робім усё для таго, каб гэты стэрэатып зламаць. У 2015 годзе падчас сустрэчы з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым дамовіліся аб тым, што будзем крок за крокам ісці да ўвядзення факультатыву па гольфе ў асобных установах адукацыі. Нашым партнёрам на гэтым шляху стаў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”.

Асацыяцыя гольфа з’явілася ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе. На сёння ў краіне дзейнічае праграма развіцця гэтага віду спорту.

Па словах Уладзіміра Дражына, гольф атрымаў падтрымку на ўзроўні губернатараў усіх абласцей. Вынікам такога паразумення стане будаўніцтва чэмпіёнскіх палёў і палёў для міні-гольфа. Нагадаем, што ў краіне існуе толькі адзін гольф-комплекс, які месціцца ў Мінскім раёне.

Пакуль на лепшых пазіцыях у плане развіцця інфраструктуры знаходзіцца Гродзенская вобласць. Ужо сёння прынята рашэнне аб будаўніцтве вялікага поля ў раёне Аўгустоўскага канала. Як вядома, гэтая зона з’яўляецца вольнай ад візавага рэжыму, а значыць, прыцягне як беларускіх гальфістаў, так і аматараў з іншых краін. Задача на перспектыву — з’яўленне трэніровачнага поля, прыстасаванага для правядзення рэспубліканскіх і міжнародных турніраў, у кожнай з абласцей.

Што тычыцца міні-гольфа, то першае поле для яго ўжо з’явілася ў Магілёве. Там жа сёлета прайшоў і першы чэмпіянат Беларусі. У краіне запланавана будаўніцтва яшчэ двух падобных палёў у Гродзенскай вобласці, двух — у Брэсцкім і двух — у Гомельскім рэгіёнах. У Мінску, акрамя ўжо існуючай пляцоўкі для гульні ў міні-гольф на праспекце Пераможцаў, падобныя аб’екты з’явяцца ў раёне Камсамольскага возера (парк Перамогі), а таксама ў вёсцы Строчыцы Мінскага раёна (на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту).

Акцэнт, які асацыяцыя гольфа робіць на дзіцяча-юнацкі гольф, не выпадковы. Яе спецыялісты выпрацоўваюць комплексны падыход, пры якім у рабоце прымуць удзел школы, гімназіі, ліцэі, каледжы і ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Натуральна, кіраўнікоў на месцах хвалюе пытанне: “Як стварыць базу?”, — акцэнтуе ўвагу У.Н.Дражын. — Скажу шчыра, каб мець годнае сертыфікаванае поле для міні-гольфа, патрэбна як мінімум 50 тысяч долараў. Больш рацыянальным рашэннем будзе набыць камплекты для гульні ў гольф, якія могуць выкарыстоўвацца ў любой школьнай спартыўнай зале. Іх кошт — 1,5—2 тысячы долараў. Сума пад’ёмная як для фундатараў, так і для сістэмы адукацыі. Мы ўжо закупілі партыю камплектаў, якія будуць перададзены школам”.

Уладзімір Несцеравіч звярнуў увагу і на падрыхтоўку трэнерскіх кадраў. Першым крокам на гэтым шляху стала дамоўленасць з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры, дзе на адной з кафедраў будзе створана аддзяленне гольфа.

Піянерам у развіцці гольфа ў беларускай сістэме адукацыі стаў Валерый Варанцоў, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 10 Слуцка. Валерый Леанідавіч добра знаёмы нашым чытачам сваім наватарскім падыходам да выкладання прадмета. У рамках семінара ён презентаваў упершыню распрацаваную ў Беларусі праграму факультатыўнага навучання дзяцей гульні ў гольф: “Гэта праект, які будзе рэалізаваны на працягу двух гадоў. Ён разлічаны на навучэнцаў 5—10 класаў. Каляндарна-тэматычнае планаванне прадугледжвае, што ў першы год навучання дзеці будуць займацца два разы на тыдзень па адной акадэмічнай гадзіне. На другім годзе навучання заняткі будуць праходзіць тры разы на тыдзень. Праграма ў хуткім часе будзе вынесена на абмеркаванне спецыялістаў Міністэрства адукацыі, і мы спадзяёмся, яна атрымае адабрэнне”.

Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, адзначыла, што ў рабоце задзейнічаны вядучыя педагогі-практыкі, якія выказалі жаданне пазнаёміць сваіх вучняў з гэтай інтэлектуальнай гульнёй. Гэта настаўнікі ўжо згаданай сярэдняй школы № 10 Слуцка, сярэдняй школы № 2 Слуцка, Лучнікоўскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна і Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.

Падтрымала калегу і прарэктар па метадычна-ідэалагічнай рабоце МАІРА Алена Віктараўна Доўгун, падкрэсліўшы, што год назад інстытут пачаў правядзенне спецыялізаваных семінараў, каб падрыхтаваць педагогаў да работы ў рамках факультатыву.

“Не кожны мае спартыўныя таленты, акрамя таго, ёсць пэўная катэгорыя дзяцей, якія не могуць дазволіць сабе хуткасныя віды спорту па стане здароўя. Гольф — выдатная альтэрнатыва! — выказала сваё меркаванне начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Любоў Сцяпанаўна Клепчукова. — Тут таксама немалая фізічная нагрузка: выдатна працуе плечавы пояс, за адну гульню гальфіст праходзіць у сярэднім 6 км.

Мазыр — буйны горад, у якім нямала буйных прадпрыемстваў. У нас ёсць катэгорыя бацькоў, якія могуць купіць сваім дзецям інвентар для гольфа.

Гэты праект цікавы і па іншых прычынах. Адна з іх — незвычайны рэльеф Мазырскага раёна, які якраз падыходзіць для стварэння гольф-аб’ектаў. Думаю, што ў Мазыры прыжыўся б свой гольф-клуб. Канечне, найбольш мяне хвалюе тэхналогія абслугоўвання поля і тая сума, у якую абыдзецца ўтрыманне. Дарэчы, выдатны варыянт — стварэнне міні-пляцовак, якія будуць замацаваны за пэўнымі ўстановамі адукацыі.

Кадравае пытанне можна вырашыць за кошт мэтавага накіравання. Упэўнена, у нашым рэгіёне знойдзецца нямала маладых людзей, якія б захацелі стаць трэнерамі па гольфе, а потым развіваць гэты від на Мазыршчыне. Мы ўжо маем вопыт работы аналагічнага характару. У раёне да нядаўняга часу не было спецыялістаў па шэрагу відаў спорту. Цяпер маем сваіх трэнераў, скажам, па гарналыжным спорце, наш мясцовы курорт карыстаецца папулярнасцю.

Гольф — азартная гульня, якая патрабуе стратэгічнага мыслення, яна, без сумненняў, знойдзе сваіх прыхільнікаў”.

У жніўні гэтага года Беларуская асацыяцыя гольфа стала паўнапраўным членам Сусветнай федэрацыі спартыўнага міні-гольфа. Цікава, што беларусам адразу паступіла і прапанова аб правядзенні чэмпіянату свету па міні-гольфе ў 2018—2019 гадах. Для таго каб трапіць у лік прэтэндэнтаў на міжнародны турнір, неабходна мець два сертыфікаваныя палі ў межах аднаго горада.

“Пакуль мы абралі ў якасці базы Магілёў, — дзеліцца інфармацыяй кіраўнік БАГ, — паколькі там пабудавана ўжо адна сертыфікаваная пляцоўка. Другая — у працэсе будаўніцтва. Пасля завяршэння работы ацаніць аб’екты будуць запрошаны эксперты сусветнай федэрацыі міні-гольфа. Пры станоўчай ацэнцы мы зможам падаваць заяўку на ўдзел у конкурсе на права прыёму турніру. Наш плюс — сур’ёзны аўтарытэт Беларусі як краіны, якая надзвычай адказна ставіцца да правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Яшчэ адзін варыянт — Гродна, дзе сёння вядзецца будаўніцтва дзвюх пляцовак для міні-гольфа. Гэта выдатны шанс выхаду на міжнародную арэну!”

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Уладзіміра ЗДАНОВІЧА.

Мы — за спорт!

Знакавай падзеяй новага навучальнага года з’яўляецца рэспубліканская акцыя “Мы за спорт — за здаровую нацыю!”, якая праводзіцца з 4 верасня па 4 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Міністэрства спорту і турызму. Каардынатарам праекта з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Кожны дзень у розных куточках краіны з мэтай умацавання здароўя навучэнскай моладзі, папулярызацыі алімпійскіх відаў спорту і вопыту спартыўна-масавай работы, шырокага далучэння навучэнцаў да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнай накіраванасці праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, святы, сустрэчы з вядомымі спартсменамі, алімпійцамі. На асноўных мерапрыемствах акцыі пабывалі нашы карэспандэнты.

Паўмарафонскія забегі

Адкрыццё Мінскага паўмарафону, якое прайшло 4 верасня, стала адначасова і ўрачыстым адкрыццём рэспубліканскай акцыі “Мы за спорт — за здаровую нацыю!”. У гэтым годзе на бегавую дарожку, у якую ператварыўся сталічны праспект Пераможцаў, выйшла больш за 20 тысяч бегуноў, сярод якіх каля 6,5 тысячы студэнтаў, а таксама вядомыя спартсмены, чыноўнікі, медыяперсоны.

За дзве гадзіны да пачатку марафону, які быў запланаваны на 11 гадзін, на праспекце Пераможцаў сабраліся тысячы чалавек. Яны рыхтаваліся да пакарэння дыстанцыі у 5,5 км, 10,55 км і 21,097 км. На самую складаную трасу ў 21,097 км зарэгістравалася больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў. Прабегчы Мінскі паўмарафон прыехала і каля 650 замежных гасцей — прадстаўнікоў 41 дзяржавы, у асноўным суседняй Украіны, Расіі, краін Балтыі. Аднак былі на трасе і бегуны з Японіі, Кеніі і Коста-Рыкі. Паток людзей расцягнуўся ад Палаца спорту па праспекце Пераможцаў аж да стэлы “Мінск — горад-герой”.

Сярод бегуноў былі міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў з сынам, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук, першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў. Нямала прыехала і прафесійных спартсменаў, напрыклад, беларуска Вольга Мазуронак, якая заваявала 5-е месца на алімпійскім марафоне ў Рыа-дэ-Жанэйра. Кампанію ёй склалі некалькі марафонцаў з сусветнымі імёнамі. Гэта такія бегуны з Кеніі, як Хілары Кіптум Мая Кімая, Уікліф Кіпкорыр Бівот, Стэла Парсосіа Джэпмесіч, Маргарэт Вамахіга Мурынгі, украінскія зоркі Дзмітрый Лашын, Мікола Юхімчук, Вольга Скрыпа і інш.

Пераможцай паўмарафону сярод жанчын стала Вольга Мазуронак, якая змагла прабегчы дыстанцыю 21,1 км за 1 гадзіну 11 хвілін 44 секунды і паставіла новы рэкорд мінскай трасы. У спаборніцтвах сярод мужчын перамог Хілары Кіптум Мая Кімая з Кеніі, які таксама ўстанавіў новы рэкорд — 1 гадзіна 3 хвіліны. На дыстанцыі 10 км першым фінішную стужку перасёк Дзмітрый Сярогін з Латвіі (32 хвіліны 33 секунды), а ў жанчын перамогу на сярэдняй дыстанцыі атрымала Людміла Ляховіч з Астраўца Гродзенскай вобласці (37 хвілін 13 секунд). На самай масавай дыстанцыі ў 5 км, удзел у якой прыняло больш за 14 тысяч чалавек, у мужчын перамогу святкаваў супрацоўнік Мінскага дэпартамента аховы Дзмітрый Граматоўскі (16 хвілін 28 секунд). Сярод жанчын лепшы час паказала бабруйчанка Таццяна Шабанава (19 хвілін 50 секунд).

Цэнтральная падзея

Важнай падзеяй акцыі, безумоўна, стала ўрачыстае адкрыццё традыцыйнага, шостага па ліку, Рэспубліканскага фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя”, які прайшоў 14 верасня на пляцоўцы сталічнага шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”.

Словы пра тое, што без спорту немагчыма ўявіць здароўе нацыі, што Беларусь па праве лічыцца спартыўнай краінай, што спорт — гэта рух, здароўе, сіла, гучалі ў гэты дзень каля “Мінск-Арэны” з вуснаў спартсменаў, чыноўнікаў, педагогаў практычна кожную хвіліну з раніцы і да вечара, натхняючы тысячы навучэнцаў і студэнтаў займацца спортам.

— Кожны чалавек разумее, што яго здароўе — гэта яго багацце. У нашай краіне папулярызацыя здаровага ладу жыцця выведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. У нашай краіне робіцца ўсё магчымае, каб даць магчымасць людзям, асабліва моладзі, займацца фізкультурай і спортам. Задача ўсіх устаноў адукацыі — так выхаваць маладое пакаленне, каб заняткі спортам і фізкультурай сталі для яго прадстаўнікоў неад’емнай часткай жыцця. Чалавек павінен быць гарманічна развітым, валодаць не толькі ведамі, але і цудоўным здароўем, — звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасцей міністр адукацыі старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Міхаіл Жураўкоў.

%d1%86%d1%8d%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%bd%d0%b0%d1%8f-%d0%bf%d0%b0%d0%b4%d0%b7%d0%b5%d1%8f_4-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 %d1%86%d1%8d%d0%bd%d1%82%d1%80%d0%b0%d0%bb%d1%8c%d0%bd%d0%b0%d1%8f-%d0%bf%d0%b0%d0%b4%d0%b7%d0%b5%d1%8f_3-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 Важна, каб у пачатку навучальнага года дзеці не толькі сядалі за вучэбныя парты, але і прыходзілі на заняткі ў спартыўныя школы або гурткі і секцыі, што дзейнічаюць па месцах вучобы ў агульнаадукацыйных установах, ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Вызначыцца са спартыўным шляхам навучэнцам і студэнтам дапамаглі паказальныя выступленні па фрыстайле і чырлідынгу, майстар-класы па гульнявых відах спорту, фехтаванні, грэка-рымскай барацьбе, міні-турніры па стрытболе, стрытваркаўце, спаборніцтвы сярод малодшых школьнікаў па праграме “Дзіцячая лёгкая атлетыка”. Ярка і актыўна прайшла прэзентацыя фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі Мінска.

“Жадаю, каб у новым навучальным годзе алімпійскі дэвіз “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” спадарожнічаў вам”, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята віцэ-прэзідэнт Нацыя-нальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь генеральны дырэктар шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” Мікалай Ананьеў. “Будзем займацца спортам — будзе здароўе!” — адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі.

Сапраўды, спорт — гэта рух, здароўе, сіла, спорт — гэта жыццё, перамогі, гонар.

Вучыцца здароўю

Рэспубліканская акцыя “Мы за спорт — за здаровую нацыю!” — гэта не толькі спаборніцтвы, сустрэчы са спартсменамі, але і абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця школьнага спорту. Менавіта гэтым пытанням прысвяцілі ўвагу ўдзельнікі Рэспубліканскага семінара-практыкуму, які прайшоў 14 верасня ў канферэнц-зале “Мінск-Арэны”. Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

— Школьны і студэнцкі спорт у нашай краіне разглядаецца як своеасаблівы пласт нацыянальный культуры, а на міжнародным узроўні — як адзін з самых уплывовых рухаў у свеце. Мы ганарымся дасягненнямі нашых школьнікаў. Спорт — гэта не проста фізкультура, гэта яшчэ і палітыка, ідэалогія. Вынікі Алімпіяды 2016 года — гэта пік дзейнасці сістэмы дзіцяча-юнацкага спорту, спартыўных урачоў, вучоных, выкладчыкаў, трэнерскага складу і саміх спартсменаў. Неабходна сканцэнтраваць увагу на важнасці работы ў сістэме дзіцячага і юнацкага спорту, адбору спарстменаў ДЮСШ, на кадравым забеспячэнні і эфектыўнасці работы федэрацый па відах спорту. Для таго каб было каго адбіраць, сістэма школьнага спорту павінна плённа і эфектыўна функцыянаваць, — паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік.

Удзельнікі семінара разглядалі пытанні развіцця і павышэння эфектыўнасці спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў у шосты школьны дзень, укаранення новых факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася абмеркаванню факультатыўных заняткаў “Асновы алімпійскіх ведаў”, “Шахматны ўсенавуч”, “Скандынаўская хадзьба”.

Дзякуючы “Асновам алімпійскіх ведаў”, у навучэнцаў фарміруюцца веды аб алімпійскім руху, алімпійскай адукацыі і алімпізме. Праграма факультатыўных заняткаў “Шахматны ўсенавуч” прадугледжвае навучанне малодшых школьнікаў правілам шахматнай гульні, законам шахматнай логікі, тэхніцы спартыўнага адзінаборства, падрыхтоўку шахматыстаў малодшых разрадаў. Змест праграмы накіраваны на фарміраванне лагічнага і крэатыўнага мыслення ў дзяцей, выхаванне валявых якасцей. Калі шахматы — гэта разумовая актыўнасць, то скандынаўская хадзьба — высокаэфектыўны сродак павышэння фізічнай актыўнасці дзяцей і падлеткаў. Заняткі скандынаўскай хадзьбой дазваляюць вырашаць як адукацыйныя, аздараўленчыя, так і выхаваўчыя задачы.

Супрацоўніцтва настаўнікаў фізічнай культуры, медыцынскіх работнікаў і бацькоў, супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, супрацоўніцтва юных спартсменаў і прафесіяналаў — у гэтым сакрэт удасканалення школьнага спорту.

Лядовыя прыгоды

Адзін з самых прыгожых відаў спорту — гэта, несумненна, фігурнае катанне. Пабываць на цудоўным лядовым свяце і адначасова наведаць майстар-класы па фігурным катанні і канькабежным спорце можна было ў шматпрофільным культурна-спартыўным комплексе “Мінск-Арэна”, дзе праходзіў Рэспубліканскі фестываль лядовых відаў спорту.

Спартыўнае мерапрыемства пачалося з ганаровага адкрыцця, у якім прынялі ўдзел генеральны дырэктар “Мінск-Арэны” Мікалай Ананьеў, генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Анатоль Котаў, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік, а таксама дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі.

Падчас фестывалю моладзь з задавальненнем прымала ўдзел у шматлікіх майстар-класах. Асаблівую цікавасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выклікаў майстар-клас па кёрлінгу — каманднай спартыўнай гульні на ледзяной пляцоўцы (таксама існуе настольны яе варыянт). Навучэнцы даведаліся, што кёрлінг узнік у Шатландыі, а сваю назву атрымаў ад шатландскага слова curr — “рыканне”. Менавіта гульнёй у камяні, якія равуць, ён і цяпер называецца ў некаторых раёнах Шатландыі з-за характэрнага гуку, што ўтварае гранітны камень, слізгаючы па паверхні лёду.

Прывабілі юнакоў і дзяўчат і майстар-класы па канькабежных відах спорту, фігурным катанні. Да таго ж яны даведаліся аб развіцці гэтых дысцыплін у нашай краіне. Словам, час у “Мінск-Арэне” праляцеў хутка і весела, з карысцю для здароўя.

Адукацыя спартсменам неабходна

На базе шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна” 15 верасня адбылася сустрэча навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, вышэйшай адукацыі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў са спартсменамі — пераможцамі і прызёрамі ІІІ Еўрапейскіх універсітэцкіх гульняў і XVI Сусветнай гімназіяды. Сустрэча адбылася ў рамках правядзення адкрытага дыялогу “Мы хочам усім рэкордам нашы гучныя даць імёны!”.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, праслаўленыя беларускія спартсмены — алімпійскі чэмпіён у веславанні на байдарках і каноэ Сяргей Макаранка, алімпійская чэмпіёнка (Сочы, 2014 год) фрыстайлістка Ала Цупер, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра па плаванні Аляксандра Герасіменя, бронзавая медалістка Алімпіяды-2012 у індывідуальным першынстве шматразовы сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына, а таксама знакаміты трэнер па фрыстайле Мікалай Казека.

З прывітальным словам да ўсіх, хто сабраўся на мерапрыемстве, звярнуўся Віктар Якжык, пасля чаго ўсе змаглі пагутарыць у нязмушанай атмасферы ў рамках фармату адкрытага дыялогу. Спартыўная кар’ера, трэніроўкі, асабістае жыццё, адукацыя, медыйны складнік знакамітасці — гэта і многае іншае хвалявала як школьнікаў, так і ўзыходзячых спартыўных зорак.

У Любові Чаркашынай юныя ўдзельніцы адкрытага дыялогу цікавіліся, як трапіць у зборную краіны. “Я ўсяго дабівалася сваёй працай, — адзначыла спартсменка. — Сустракала вельмі многа спартсменак, якія былі больш таленавітыя за мяне. Калі яны маглі дазволіць сабе прапусціць трэніроўку, я не мела права на такую раскошу”.

У Аляксандры Герасімені спыталі, наколькі важнай з’яўляецца для спартсменаў адукацыя. “Яна проста неабходна хаця б таму, што можна ўдзельнічаць ва ўніверсіядзе”, — адказала Аляксандра.

У другой частцы мерапрыемства пераможцам і прызёрам ІІІ Еўрапейскіх універсітэцкіх гульняў, XVI Сусветнай гімназіяды і іх трэнерам былі ўручаны граматы і падзякі Міністэрства адукацыі.

На старт!

Свята лёгкай атлетыкі “Стартуем разам!” прайшло 16 верасня ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы за спорт — за здаровую нацыю!”. Асноўнай задачай мерапрыемства стала не толькі павышэнне эфектыўнасці фізічнага выхавання моладзі, але і забеспячэнне пераемнасці ў фарміраванні здаровага ладу жыцця, прыцягненне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і спортам, а таксама да ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах.

Свята праводзілася на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і сабрала адразу 10 каманд устаноў вышэйшай адукацыі. Пачалося свята з паказальных выступленняў удзельнікаў тэатра гімнастыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а таксама Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. З прывітальнымі словамі падчас ганаровага адкрыцця мерапрыемства выступілі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі і прарэктар па вучэбна-спартыўнай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Уладзімір Каваленя.

Потым пачалося самае цікавае — спаборніцтвы! Юнакі-студэнты спаборнічалі ў скачках у даўжыню з месца, бегу на 30 метраў, згінанні і разгінанні рук ва ўпоры лежачы, а таксама ў эстафеце 4х100 метраў. Дзяўчаты ніколькі не адставалі ад юнакоў і таксама спаборнічалі ў скачках у даўжыню з месца, бегу на 30 метраў, падымалі тулава са становішча лежачы на спіне за 60 секунд, а таксама прымалі ўдзел у эстафеце 4х100 метраў.

Для падліку індывідуальных вынікаў у кожным спаборніцкім практыкаванні выкарыстоўвалася 10-бальная шкала ацэнкі, а па суме балаў па ўсіх практыкаваннях былі выбраны лепшыя студэнты-спартсмены. Лідарамі ў камандным першынстве сталі навучэнцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, другое месца заваяваў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, а трэцяй стала каманда Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Усе пераможцы свята былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі, а каманда БДУФК атрымала памятны кубак.

Свята баскетбола

20 верасня ў рамках фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя” з нагоды Міжнароднага дня студэнцкага спорту на базе баскетбольнага клуба “Мінск-2006” прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лігі — 2017 і VII чэмпіянату Мінска па баскетболе сярод устаноў вышэйшай адукацыі.

Акрамя баскетбалістаў (прадстаўнікоў 25 каманд з 16 устаноў вышэйшай адукацыі), ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі, старшыня мінскага аддзялення Беларускай федэрацыі баскетбола Міхаіл Ціцянкоў, генеральны дырэктар баскетбольнага клуба “Мінск-2006” Юрый Шакола, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Прыгодзіч, алімпійская чэмпіёнка, чэмпіёнка свету і Еўропы па баскетболе, заслужаны майстар спорту СССР Таццяна Белашапка, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алег Гусеў, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Ягор Мешчаракоў.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі адкрыцця спаборніцтваў гасцей і ўдзельнікаў спартыўнага свята віталі ўдзельнікі вакальна-эстраднай студыі “Закаханая душа” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, каманда DanStart студэнцкага гарадка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Запомнілася ўдзельнікам свята і выступленне каманды Беларускай федэрацыі чырлідынгу, каманды па чырлідынгу “Найт вулфс” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і зборнай каманды па аэробіцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Спартыўнае свята завяршыла сустрэча паміж камандамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, якая скончылася перамогай каманды БДЭУ з лікам 45:39. Нагадаем, што спаборніцтвы Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лігі праводзяцца ў тры этапы: масавыя спаборніцтвы сярод вучэбных груп, курсаў, факультэтаў, інтэрнатаў; рэгіянальныя і міжрэгіянальныя туры; фінальныя спаборніцтвы (“фінал чатырох”), якія пройдуць у маі наступнага года.

За падзеямі акцыі сачылі
Ігар ГРЭЧКА,
Людміла ГУРСКАЯ,
Кацярына ЖОРАВА,
Вераніка ГАМЗЮКОВА.
Фота з архіва
Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Мабільны Полацк — горад веласіпедыстаў

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — гэта штогадовы міжнародны фестываль, мэта якога — папулярызаваць экалагічныя спосабы перамяшчэння, палегчыць працу грамадскага транспарту, зрабіць горад зручнейшым для жыцця людзей. У гэтым годзе ён праходзіць з 16 па 22 верасня, і Полацк прыняў у ім актыўны ўдзел — у горадзе праклалі першую веладарожку даўжынёй каля 5 кіламетраў і правялі масавы велапрабег да Наваполацка.

У ліку першых

Полацк першым з беларускіх гарадоў далучыўся да Міжнароднай дамовы мэраў, узяўшы на сябе абавязак знізіць да 2020 года выкіды CO2 у атмасферу на 20%. У 2015 годзе, падпісаўшы Хартыю Еўрапейскага тыдня мабільнасці, Полацк стаў таксама першым беларускім горадам, які афіцыйна падтрымаў гэты фестываль экалагічных відаў транспарту. Сёлета з яго ўзялі прыклад Наваполацк і Мінск.

Тыдзень мабільнасці — 2016 у Полацку праводзіцца ў рамках праекта “Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці”. Яго арганізатарамі выступілі Полацкі райвыканкам, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Міжнародны фонд “Інтэракцыя” і Наваполацкая асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Усё для людзей

Для гараджан галоўнай падзеяй тыдня стала з’яўленне першай веладарожкі. 17 верасня сотні палачан з веласіпедамі сабраліся на цэнтральнай плошчы Свабоды, каб адсвяткаваць афіцыйнае адкрыццё веладарожкі і адразу праверыць яе якасць падчас велапрабегу да Наваполацка. Першапачаткова па маршруце стартавала не менш за 300 велааматараў усіх узростаў, а ў Наваполацку да іх далучылася яшчэ каля 200 удзельнікаў. Разам яны вярнуліся ў полацкі парк ля Кургана Бессмяротнасці — там жыхары арганізавалі вялікі гарадскі пікнік.

Пры праектаванні будучай дарожкі ўлады кансультаваліся з велааматарамі. Як расказаў Сяргей Дзмітрыевіч Лейчанка, першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, маршрут веладарожкі выбралі самі гараджане з дапамогай галасавання ў інтэрнэце: “Калі з’явілася гэтая ідэя, мы намецілі прыкладны маршрут і прапанавалі інтэрнэт-суполцы гараджан-веласіпедыстаў выказаць сваё меркаванне, крытыку. Іх пажаданні былі ўлічаны”.

І спорт, і адпачынак

Са з’яўленнем веладарожкі жыхароў горада павіншаваў Санака Самарасінха, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па арганізацыі Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі. “Мне сказалі, што Полацк — адзін з найстарэйшых гарадоў у Еўропе, але я бачу, што ваш горад гатовы адправіцца ў будучыню, — адзначыў ён. — Прыемна бачыць, што тут так шмат моладзі, якая згодна ездзіць на веласіпедах, і вельмі важна, каб ідэя велапрабегаў захоўвалася не толькі на працягу аднаго тыдня ў годзе і не толькі ў двух гарадах краіны. Я заклікаю вас, вашых бацькоў, сяброў, сваякоў кожны дзень задаваць сабе пытанне: “А ці не паехаць мне сёння на веласіпедзе?” Наладжванне інфраструктуры для веласіпедыстаў у гарадах з’яўляецца вельмі важным, але ніякая інфраструктура не дапаможа, калі самі людзі не зменяць сваё стаўленне да экалогіі і ўласнага здароўя”.

На чале калоны веласіпедыстаў Санака Самарасінха разам з Сяргеем Лейчанкам праехаў увесь маршрут велапрабегу: з Полацка ў Наваполацк, а адтуль назад — на полацкі Курган Бессмяротнасці.

22 верасня Полацк і Наваполацк адзначаюць Сусветны дзень без аўтамабіля. Самыя мабільныя школа і прадпрыемства абодвух гарадоў, якія выйграюць конкурс, атрымаюць у падарунак велапаркоўкі. Галоўная ўмова конкурсу — прыехаць на веласіпедах у школу ці на працу ў як мага большай колькасці. Парадуюцца і мясцовыя аўтамабілісты: толькі ў гэты дзень, прад’явіўшы правы або тэхпашпарт, яны змогуць бясплатна ездзіць на аўтобусах і купіць веласіпед са зніжкамі. У полацкіх школах пройдуць майстар-класы на тэму мабільнасці. Для малодшых школьнікаў падрыхтавана акцыя “Дзеці ў руху”, мэта якой — навучыць іх беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя. Спецыяльна да фестывалю мабільнасці ў Полацку і Наваполацку запусцілі бясплатны мабільны дадатак Moovit, які дапамагае планаваць паездкі ў гарадскім транспарце і ацэньваць маршруты.

Пікнік стаў самым маштабным мерапрыемствам Тыдня мабільнасці. У яго праграме — велагонкі і велаконкурсы, канцэрт мясцовых музыкантаў, урокі ёгі, танцаў і фітнесу, дзіцячыя майстэрні, урокі пляцення кошыкаў для веласіпедаў, майстар-клас па маляванні. На кірмашы маладыя палачане прадавалі сувеніры і ўпрыгажэнні, зробленыя сваімі рукамі, правялі лекцыі пра падарожжы без візы і экалагічны лад жыцця, адкрылі фотазону і веламайстэрню, дзе ўсім жадаючым рабілі дыягностыку веласіпедаў і дробны рамонт. Для паркоўкі сотняў веласіпедаў прадбачлівыя арганізатары нават паставілі дадатковыя пераносныя агароджы. Дзеці з захапленнем майстравалі нескладаныя вырабы, малявалі на адкрытых мальбертах і назіралі за хімічнымі доследамі, а яшчэ разам з дарослымі спаборнічалі ў майстэрстве валодання двухколавым “канём”.

Пачатак доўгай дарогі

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці праводзіцца ў Полацку ўжо другі раз. Сёлета ён праходзіць пад лозунгам “Разумная мабільнасць. Моцная эканоміка”, бо адна з найважнейшых мэт фестывалю — паказаць, што выкарыстанне велатранспарту не толькі карыснае для навакольнага асяроддзя, але і эканамічна выгаднае.

Спецыяльна для Полацка ў 2014 годзе быў распрацаваны План устойлівай гарадской мабільнасці, які сумесна стварылі мясцовыя ўлады, эксперты, грамадскія арганізацыі, журналісты і прадпрымальнікі. Ён дапаможа палепшыць якасць транспартных паслуг, пашырыць сетку маршрутаў, стварыць новыя веладарожкі і знізіць негатыўнае ўздзеянне аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе. Бюджэт праекта — 334 тысячы еўра, з іх уклад Еўрапейскага саюза — 299,5 тысячы. Скончыць яго рэалізацыю збіраюцца да сакавіка 2017 года.

Генеральны план Полацка наогул не прадугледжваў будаўніцтва веладарожак, нягледзячы на рост папулярнасці гэтага спосабу перамяшчэння па горадзе. Новы План устойлівай гарадской мабільнасці павінен стаць дарожнай картай, якая ўзмоцніць магчымасці ўлад і грамадзян Полацка для стварэння эфектыўнай транспартнай сістэмы, што адлюстроўвае патрэбы горада. Гэтая стратэгія таксама закране пытанні перамяшчэння паміж Полацкам і Наваполацкам.

Сяргей Лейчанка адзначыў: “Далейшае развіццё сеткі полацкіх веладарожак плануецца менавіта ў гэтым кірунку. У наступным падобным праекце, які будзе падтрымліваць ПРААН, мы будзем рабіць веладарожку паміж Полацкам і Наваполацкам. Гэтую ідэю таксама прапанавалі гараджане-веласіпедысты”. Паводле слоў Сяргея Лейчанкі, яна пройдзе не ўздоўж аўтатрасы, а па беразе Дзвіны. Гэта паменшыць выдаткі на будаўніцтва і скароціць рызыкі дарожных здарэнняў. Збудаваць зручную міжгароднюю веладарожку плануюць ужо ў наступныя пяць гадоў.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота аўтара.

Марыя МАМАШУК: “Я даўно не плачу з-за паражэнняў. Хаця пасля гэтай Алімпіяды…”

Першы ў гісторыі Беларусі алімпійскі медаль у жаночай барацьбе заваявала ў Рыа-дэ-Жанэйра 23-гадовая Марыя Мамашук, якая з’яўляецца магістрантам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Сярэбраная медалістка Марыя Мамашук родам з Зябраўкі, гарадка ў Гомельскай вобласці. Яна вучылася ў спецыялізаваным класе, мяркуючы, што будучыню звяжа з МНС. Але барацьба заманіла яе ў свае сеткі. Цяпер Маша, атрымаўшы алімпійскае “серабро” і дастойна прадставіўшы Беларусь на Алімпійкіх гульнях, будзе рухацца за марай кожнага спартсмена — алімпійскім “золатам”.

Першыя Алімпійскія гульні для тандэма трэнера Сяргея Смаля і Машы Мамашук прынеслі крыўднае паражэнне. Сама Маша першы раз за ўсю спартыўную кар’еру не ведала, з кім ёй прыйдзецца змагацца, таму што за лёсаваннем не сачыла. Толькі за 20 мінут да пачатку кожнай схваткі яна даведвалася, хто стаў яе саперніцай. Аднак не стала сюрпрызам ніводная са схватак. Дзяўчына амаль з усімі саперніцамі сустракалася раней.

— Я настроіла сябе так, што хвалявацца няма сэнсу. Трэба выходзіць і проста адпрацоўваюць кожную схватку. Навошта перажываць і баяцца, калі можна зрабіць усё па максімуме? Цяжкая не сама Алімпіяда, а шлях да яе.

Пачатак усіх пачаткаў

Сваю спартыўную кар’еру Марыя Мамашук пачала ў 5 класе дзякуючы Пятру Бабею, які ажыццяўляў набор у секцыю вольнай барацьбы.

— У адной зале сабралася вельмі многа дзяцей. Знаёмая дзяўчынка паклікала мяне паглядзець, што там адбываецца. Так і пачала займацца. Першыя некалькі тыдняў быў ажыятаж, а потым засталася я і пару дзяцей. Заняткі ў нас былі ўсяго тры разы на тыдзень, ды і тыя не вельмі сур’ёзныя. Яны былі больш падобныя да гульні з салодкімі заахвочвальнымі прызамі, каб зацікавіць нас.

З часам трэніроўкі сталі сур’ёзныя і неўзабаве далі свае вынікі. Пад кіраўніцтвам першага трэнера дзяўчына заняла 3-е месца на спаборніцтвах рэспублікі сярод прафсаюзаў.

— Увесь час так многа спаборніцтваў, перамог, паражэнняў, што ўжо і не задумваешся пра іх. Спачатку былі слёзы, але ўжо даўно з-за паражэнняў я не плачу. Хаця пасля гэтай Алімпіяды слёзы пакаціліся.

Марыя займалася пад кіраўніцтвам Пятра Бабея 4 гады. У 9 класе паступіла ў Гомельскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там пазнаёмілася з Георгіем Джангіравым, які і стаў яе новым трэнерам. Суправаджаў ён дзяўчыну на спартыўным шляху з 9 класа і да першага курса ўніверсітэта. Дарэчы, Марыя Мамашук лічыць адукацыю неад’емнай часткай спартыўнай кар’еры. Сама дзяўчына выбрала ВНУ бліжэй да дома — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, факультэт фізічнага выхавання. Скончыўшы яго, адразу паступіла ў магістратуру, дзе вучыцца і зараз.

На другім курсе ў яе зноў змяніўся трэнер. Ім стаў Сяргей Смаль. Дзякуючы яму, дзяўчына ўбачыла барацьбу пад новым вуглом, у яе з’явілася тэхніка. Спецыялісты гавораць, што яе стыль падобны да стылю легендарнага трэнера, хаця сама вольніца пагаджаецца з гэтым часткова. Гаворыць, што ў яе ёсць свой почырк барацьбы, хаця і падобныя рысы ёсць.

— Многія гавораць, што я баруся з мужчынскай агрэсіяй. Магчыма, звязана гэта з тым, што я ўвесь час мела зносіны больш з хлопчыкамі. Як апетыт прыходзіць у час яды, так і агрэсія з’яўляецца на дыване. Адзначаюць, што я захапляюся атакамі. Гэта няпраўда. У барацьбе я заўсёды думаю. Першая ж схватка на Алімпіядзе даказала гэта.

Алімпійская мара ў Рыа

Сярод спартсменаў існуе меркаванне, што няма большай радасці, чым узысці на алімпійскі п’едэстал. Марыя Мамашук узышла і прынесла “серабро” ў скарбонку беларускай зборнай. Аднак сама дзяўчына лічыць, што 2-е і 5-е месца вельмі крыўдна атрымліваць.

— Але на 2-м хоць медаль ёсць. А наколькі крыўдна атрымліваць 5-е месца, гэта трэба зазнаць. Увогуле, “золата” — гэта максімум таго, што можа зрабіць спартсмен у сваёй кар’еры. Хочацца быць лепшай, быць чэмпіёнам, каб краіна ганарылася. Хачу, каб усе ведалі, што ёсць такая Беларусь, дзе нараджаюцца алімпійскія чэмпіёны.

Але пакуль “золата” вольніцы наперадзе, прыхільнікі абмяркоўваюць выступленне Марыі на Алімпіядзе. Яно магло скончыцца яшчэ на папярэднім раўндзе. Першай саперніцай стала казашка Кацярына Ларыёнава. Спартсменка зрабіла захоп, і ён ёй удаўся. Наша Маша знаходзілася ў небяспечным становішчы і магла прайграць.

— Як толькі яна зрабіла захоп, у мяне з’явіліся думкі, што так не можа ўсё скончыцца. Я хутка выкруцілася і перамагла.

У 1/2 саперніцай стала амерыканка Алена Піражкова. Да гэтай сустрэчы беларуска сустракалася з ёй два разы, абодва скончыліся паражэннем Машы.

— Атрымаўшы над ёй перамогу, я перасягнула саму сябе. Думала, што перамога над амерыканкай дасць мне штуршок для фіналу. Але японка абышла мяне.

Сапраўды, Рысака Каваі прадбачыла кожны рух, кожную атаку Машы. Яна аказалася больш скораснай, чым беларуска. Японка старалася трымаць дыстанцыю, на якой Марыя Мамашук магла што-небудзь зрабіць. Зачапіцца і зрабіць падыход не ўдалося. Перамагла Рысака Каваі.

— Можа, з боку здалося, што я задаволена 2-м месцам, але гэта не так. Я старалася змагацца да канца, але японка аказалася хутчэйшай за мяне. Ёсць час падумаць і прааналізаваць свае выступленні да наступнай Алімпіяды. Для мяне гэта яшчэ балючая тэма, таму што я сама не аналізавала гэтую схватку. Пройгрышы сваіх выступленняў не люблю глядзець. Мне патрэбен месяц, каб сабрацца з думкамі і прааналізаваць. Каб расці, абавязкова трэба глядзець на сябе збоку.

— Мне вельмі прыемна, што столькі людзей глядзелі барацьбу. Выходзячы на рынг і ведаючы, што за цябе перажывае краіна, адчуваеш вельмі моцныя эмоцыі. Ужо ў фінале я ведала, што за мяне будуць хварэць. І мне было вельмі непрыемна, калі я не паказала добрай барацьбы для людзей і не парадавала краіну і народ.

Алімпійскі выбар

Беларуская вольніца, не задумваючыся, зрабіла яго. Дзяўчына выбрала спартыўную школу, дзе пачынала сваю кар’еру, — СДЮШАР пярвічнай арганізацыі прафсаюзаў Гомельскага вагонабудаўнічага завода.

— Яны для мяне так многа зрабілі. Настаў час і мне адплаціць ім тым жа. Алімпійскі выбар — меншае, што я магу зрабіць.

Родныя і сябры дзяўчыны прымаюць яе такой, якая яна ёсць.

— У мяне характар байца. Не люблю здавацца, заўсёды ўпартая і настойлівая. Бываю і шкадлівай, магу гнуць сваю лінію.

Зрэшты, калі б не гэтая рыса характару Марыі, яе алімпійская зорачка магла б і не загарэцца. Першапачаткова мама была супраць, каб дзяўчына займалася гэтым нежаночым відам спорту. Аргументавала свае словы тым, што будуць сінякі, драпіны і што ўвогуле змагаюцца хлопчыкі, а яна ж дзяўчынка. Першы час Маша хадзіла займацца вольнай барацьбой употай ад мамы. А потым мама скарылася і падпісала дазвол на заняткі спортам.

— Я ў яе адна. Яна стараецца ўсцерагчы мяне, пастаянна перажывае і хвалюецца, як і любая мама. Зараз яна ганарыцца мной і радуецца, што ў яе такая знакамітая дачка. Мама ведае, што гэта мой выбар, ён робіць мяне шчаслівай.

Сама Маша лічыць, што барацьба — гэта цалкам жаночы від спорту. Яна вельмі моцна развіваецца апошнія гады. Хаця не ў кожнай вазе ёсць канкурэнцыя. Калі разглядаць катэгорыю Машы, скласці магутную канкурэнцыю пакуль няма каму. Дзяўчаты ў вазе ёсць, а вось вопыту ў іх не хапае. У сувязі з гэтым Марыя Мамашук трэніруецца з юнакамі. Пад яе спецыяльна падбіраюць хлопцаў.

Перад спаборніцтвамі, каб зберагчы сілы, Марыя адточвае дакладнасць і хуткасць. У такіх выпадках яна любіць працаваць з дзяўчатамі ў вагавой катэгорыі да 48 кг.

Што да любімага прыёму, то ў вольніцы яго няма. У асноўным яна лічыць за лепшае праходы ў ногі.

— Стараюся адказваць на дзеянні саперніка. Такіх прагінанняў, як нас кідаюць, я не раблю. Часам нават шкада, што не выкарыстоўваю іх.

Залатое правіла Машы Мамашук: “Ехаць на Алімпійскія гульні трэба па перамогу, а не па ўдзел”. Куміраў для сябе дзяўчына не шукае. Марыя лічыць, што трэба станавіцца прыкладам самой, каб дзеці глядзелі, раўняліся і хацелі ісці ў спорт.

Вераніка ГАМЗЮКОВА.
Фота з архіва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Рэкорды Мінскага паўмарафону

У нядзелю, 4 верасня, у сталіцы прайшоў Мінскі паўмарафон. У гэты раз у ім прыняло ўдзел больш за 20 тысяч бегуноў, з іх — каля 6,5 тысячы студэнтаў. Разам з прафесійнымі спартсменамі, сярод якіх, дарэчы, марафонцы з сусветнымі імёнамі, беглі і чыноўнікі, і медыяперсоны. Бюджэт прызавога фонду склаў 25 тысяч долараў.

Масавы старт на праспекце Пераможцаў быў запланаваны на 11 гадзін, але ўжо ў 9 раніцы каля Палаца спорту сабраліся тысячы чалавек. Удзельнікі паўмарафону беглі тры дыстанцыі: 5,5 км, 10,55 км і 21,097 кіламетра. На самую складаную трасу — у 21,097 км — зарэгістравалася больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў. Прабегчы Мінскі паўмарафон прыехала і каля 650 замежнікаў — прадстаўнікоў 41 дзяржавы, у асноўным суседняй Украіны, Расіі, краін Балтыі. Аднак былі на трасе і бегуны нават з Японіі, Кеніі і Коста-Рыкі. Паток людзей расцягнуўся ад Палаца спорту па праспекце Пераможцаў аж да стэлы “Мінск — горад-герой”. Пахмурнае надвор’е, з-за якога перад стартам хваляваліся многія бегуны і гледачы, у выніку ўсім паспрыяла: удзельнікам паўмарафону не перашкодзілі ні дождж, ні яркае сонца.

Перад стартам удзельнікаў павіншаваў з Днём горада мэр Мінска Андрэй Шорац, які ўзначаліў калону на аўтамабілі. На высокую трыбуну для прывітання запрасілі і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко. Кіраўнік спартыўнага ведамства падзякаваў усім, хто не застаўся дома і выйшаў у нядзелю на старт, пасля чаго роўна ў 11 гадзін прагучаў стрэл стартавага пісталета і людзі пабеглі па праспекце. Паток бегуноў на старце не заканчваўся на працягу шасці з паловай хвілін.

Сярод бегуноў былі і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў з сынам, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук, Максім Ермаловіч — першы намеснік міністра фінансаў, прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі і Дзмітрый Шаўцоў і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў.

Нямала прыехала і прафесійных спартсменаў, напрыклад, беларуска Вольга Мазуронак, якая заваявала 5-е месца на алімпійскім марафоне ў Рыа-дэ-Жанэйра. А кампанію ёй склалі некалькі марафонцаў з сусветнымі імёнамі. Гэта такія бегуны з Кеніі, як Хілары Кіптум Мая Кімая, Уікліф Кіпкорыр Бівот, Стэла Парсосіа Джэпмесіч, Маргарэт Вамахіга Мурынгі, і ўкраінскія зоркі — Дзмітрый Лашын, Мікола Юхімчук, Вольга Скрыпа і інш.

Пераможца паўмарафону сярод жанчын Вольга Мазуронак, якая фінішавала першай і ў 2015 годзе, у гэты раз змагла прабегчы дыстанцыю 21,1 км за 1 гадзіну 11 хвілін 44 секунды і паставіла новы рэкорд мінскай трасы. Другое месца самай доўгай трасы ў бабруйчанкі Ніны Савінай — 1 гадзiна 11 хвілін 50 секунд. Бронзавы медаль у жанчын заваявала Стэла Парсосіа Джэпмесіч з Кеніі — 1 гадзiна 12 хвілін 48 секунд.

У спаборніцтвах сярод мужчын беларусы саступілі замежнікам: перамогу атрымаў Хілары Кіптум Мая Кімая з Кеніі, таксама ўстанавіўшы новы рэкорд у 1 гадзіну 3 хвіліны. Яго суайчыннік Абель Кібет Роп завяршыў паўмарафон другім — за 1 гадзіну 3 хвіліны 38 секунд. Украінец Віталь Шафар заняў 3-е месца — 1 гадзiна 4 хвіліны 12 секунд. На дыстанцыі 10 км першым фінішную стужку перасек Дзмітрый Сярогін з Латвіі — 32 хвіліны 33 секунды, а ў жанчын перамогу на сярэдняй дыстанцыі атрымала Людміла Ляховіч з Астраўца — 37 хвілін 13 секунд. На самай масавай дыстанцыі ў 5 км, удзел у якой прыняло больш за 14 тысяч чалавек, у мужчын перамогу святкаваў супрацоўнік Мінскага дэпартамента аховы Дзмітрый Граматоўскі — 16 хвілін 28 секунд. Сярод жанчын лепшы час паказала бабруйчанка Таццяна Шабанава — 19 хвілін 50 секунд.

Нагадаем: І Мінскі паўмарафон прайшоў у 2013 годзе ў Дзень горада. Ідэя шмат каму спадабалася, і мерапрыемства вырашылі зрабіць традыцыйным. У 2015 годзе Мінскі паўмарафон сабраў больш за 16 000 удзельнікаў, у гэтым — 20 000, і з гадамі гэтая колькасць, здаецца, збіраецца толькі расці.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Таццяны ГУШЧЫ.

Сцяг узнялі алімпійцы

У гонар яго спартыўнага дасягнення ўздымаўся сцяг Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Сярэбраны прызёр XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў аспірант Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Рыгоравіч Ціхан у Дзень ведаў узняў сцяг роднай альма-матар на ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай пачатку новага навучальнага года.

На ўрачыстасць сабралася каля 900 студэнтаў-купалаўцаў, выкладчыкі і кіраўніцтва ўніверсітэта, ганаровыя госці. Сярод ганаровых гасцей былі таксама і студэнты-алімпійцы — студэнты факультэта фізічнай культуры Павел Барэйша і Алена Собалева, якія, як і іх старэйшы таварыш, удзельнічалі ў спаборніцтвах па кіданні молата.

На плошчу ўніверсітэцкага сцяга, дзе па традыцыі адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, сцяг ГрДУ ўнеслі прадстаўнікі каардынацыйнага савета студэнтаў і студэнцкага савета валанцёраў, пераможцы міжнародных алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў.

Да студэнтаў і выкладчыкаў звярнуўся рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль, які пажадаў поспехаў усім універсантам і пажадаў здабываць тыя веды, якія мяняюць чалавека, нараджаюць новыя веды і вучаць аналізаваць. А.Д.Кароль уручыў падзячныя лісты сярэбранаму прызёру XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Івану Ціхану, Паўлу Барэйшу і Алене Собалевай, студэнтам-актывістам за актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах.

Аспірант Іван Рыгоравіч Ціхан павіншаваў усю купалаўскую супольнасць з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў праслаўляць свой універсітэт добрымі справамі ва ўсіх галінах і на ўсіх арэнах.

Універсітэт ганарыцца сваімі алімпійцамі-пераможцамі. Побач з партрэтам Івана Ціхана ў галерэі спартыўнай славы знаходзяцца партрэты сусветна вядомых спартсменаў Алены Валчэцкай, Вольгі Корбут, Ірыны Шылавай, Канстанціна Лукашыка. А аўтограф “Роднаму ўніверсітэту ад І.Ціхана”, які ён даў у першыя хвіліны ў мінскім аэрапорце прадстаўнікам ўніверсітэта на чале з рэктарам, якія яго сустракалі, напэўна, стане адным з галоўных экспанатаў музея гісторыі ГрДУ.

Спорт высокіх дасягненняў вырастае з масавай фізічнай культуры. Спорт і здаровы лад жыцця — прыярытэт для многіх студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як паведамілі ў Цэнтры па сувязях з грамадскасцю ГрДУ, новы навучальны год пачынаецца з тыдня спорту і здароўя, на працягу якога пройдуць масавыя спартыўныя мерапрыемствы па валейболе, настольным тэнісе, тэнісе на кортах, стрытболе, міні-футболе, паўэрліфтынгу і сілавой гімнастыцы. Для першакурсніц майстар-клас па валейболе дадуць члены жаночай зборнай універсітэта па гэтым відзе спорту. 4 верасня каманда ГрДУ прыняла ўдзел у Мінскім паўмарафоне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі ГАРАШНЯКОВАЙ.

Ушанавалі алімпійцаў

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова прайшло ў асабліва ўрачыстай атмасферы. У ВНУ не толькі павіншавалі з пачаткам новага навучальнага года сваіх студэнтаў, але і ўшанавалі сярэбраных прызёраў летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра — Дар’ю Навумаву і Вадзіма Стральцова.

Ва ўніверсітэце асабліва ганарацца дасягненнямі менавіта гэтых спартсменаў, таму што Дар’я зараз з’яўляецца студэнткай 3 курса факультэта фізічнага выхавання, а Вадзім не так даўно стаў выпускніком гэтага ж факультэта.

— Таленавітай моладзі ў нашай ВНУ аказваецца ўсялякая падтрымка. Шмат увагі ўдзяляецца таксама правядзенню фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. Вынік гэтай дзейнасці — поспехі студэнтаў на разнастайных творчых і інтэлектуальных конкурсах, а таксама прэстыжных спартыўных спаборніцтвах. Нядаўнія бліскучыя выступленні на Алімпійскіх гульнях Дар’і Навумавай і Вадзіма Стральцова перапоўнілі пачуццём гордасці за нашу краіну, — адзначыў рэктар МДУ Канстанцін Бандарэнка.
Выказаўшы словы падзякі алімпійцам за ўклад у развіццё спорту, Канстанцін Міхайлавіч уручыў ім ганаровыя граматы ўніверсітэта і падарункі. Сваю ўдзячнасць прызёрам Алімпійскіх гульняў выказалі і ўсе прысутныя ў зале. Выкладчыкі і студэнты ВНУ віталі іх стоячы і бурнымі апладысментамі.

— Я шчыра дзякую педагогам універсітэта, бо ў нашых сённяшніх дасягненнях ёсць і іх заслуга, — сказаў у час цырымоніі ўзнагароджання Вадзім Стральцоў.

А Дар’я Навумава, звяртаючыся да прысутных, дзякавала за падтрымку, якая надавала ёй сіл на шляху да перамогі. Дзяўчына таксама павіншавала ўсіх з пачаткам новага навучальнага года і пажадала поспехаў у дасягненні пастаўленых мэт.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Вадзім СТРАЛЬЦОЎ: “Буду рыхтавацца да новых стартаў”

Магілёўскі спартсмен Вадзім Стральцоў на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра прынёс у скарбонку беларускай зборнай трэці медаль. У сваёй катэгорыі цяжкаатлет паказаў вынік у 395 кг. Калі больш канкрэтна — у рыўку яму скарылася штанга ў 175 кг, а ў другім практыкаванні дваяборства — штуршку — ён узяў вагу ў 220 кг. Лепш змог выступіць толькі спартсмен з Ірана, а Вадзім Стральцоў стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды.

Ці думаў 20 гадоў назад просты сельскі хлапчук, што яму скорацца такія спартыўныя вяршыні? Напэўна, не. Успамінаючы школьныя гады, Вадзім гаворыць, што тады нават не быў знаёмы з цяжкай атлетыкай.

— Вучыўся я сярэдне. А вось спортам ужо ў школе захапляўся. Падабалася гуляць у футбол і валейбол. Таксама ўдзельнічаў у раённых спаборніцтвах па кросе за школьную зборную. Наогул родную школу, якая раней працавала ў вёсцы Гаўрыленка Касцюковіцкага раёна, успамінаю з цеплынёй. Як і першую настаўніцу Святлану Іванаўну Стральцову, якая была яшчэ і маёй цёткай, — гаворыць алімпіец.


Першым разгледзеў спартыўныя задаткі Вадзіма Стральцова яго школьны настаўнік фізкультуры Рыгор Міхайлавіч Горкі. А вось развівалі здольнасці хлопца ўжо ў Магілёўскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву — трэнеры Анатоль Леанідавіч Лабачоў і Аляксандр Васільевіч Ганчароў.

— Гэтыя трэнеры прыехалі ў наш раён праводзіць своеасаблівы адбор таленавітых вучняў. Я, тады сямікласнік, паспяхова выканаў усе нарматыўныя практыкаванні. Так і стаў навучэнцам вучылішча алімпійскага рэзерву, — расказаў Вадзім.

Ужо ў вучылішчы Стральцоў пачаў паказваць першыя высокія вынікі. На працягу некалькіх гадоў на чэмпіянатах свету сярод юніёраў ён упэўнена ўтрымліваў лідарства, заваёўваючы прызавыя медалі.

Потым у яго спартыўнай кар’еры наступіў даволі складаны час. Аднак цяжкаатлет Вадзім Стральцоў змог акрыяць пасля спартыўных няўдач і зноў узмоцнена заняўся спартыўнай падрыхтоўкай. У гэты перыяд спатрэбіліся тыя дадатковыя навыкі і веды, якія ён атрымаў, навучаючыся на завочным аддзяленні факультэта фізічнага выхавання МДУ імя А.А.Куляшова.

Падтрымка блізкіх, а таксама асобасная матывацыя прынеслі адпаведны вынік. Калі Вадзіма Стральцова практычна спісалі з рахункаў, ён здзівіў усіх абсалютнай перамогай на леташнім чэмпіянаце свету ў амерыканскім Х’юстане.

На Алімпіядзе, якая нядаўна завяршылася ў бразільскім Рыа, многія суайчыннікі таксама чакалі ад Вадзіма “золата”. Па яго прызнанні, ён і сам не зусім задаволены сваім выступленнем. Аднак дала аб сабе знаць старая траўма.

— У мяне праблемы з каленам. Да самага жніўня лячыўся. Практычна штодня даводзілася рабіць прапісаныя дактарамі ін’екцыі. Напэўна, гэты фактар, а таксама невялікае хваляванне паўплывалі на прадэманстраваны вынік, — мяркуе прызёр Алімпійскіх гульняў.

Сярэбраны медаль Алімпіяды і залаты чэмпіянату свету сёння для Вадзіма Стральцова самыя дарагія і значныя ўзнагароды. Але ён не лічыць, што ўжо ўсё сказаў у цяжкай атлетыцы. Заканчваць спартыўную кар’еру вядомы штангіст пакуль не плануе.

— Крыху адпачыўшы, зноў пачну трэніроўкі. Загадваць, як што складзецца, пакуль складана. Але я буду рыхтавацца да новых стартаў, — запэўніў Вадзім Стральцоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.