Сябруем са спортам круглы год

Гэты навучальны год у Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна даў чарговы старт цікаваму падарожжу не толькі да новых ведаў, але і да спартыўных перамог. І вельмі важна, каб нашы навучэнцы вандравалі здаровымі і бадзёрымі.

Здароўе — адна з галоўных каштоўнасцей для кожнага чалавека. І нас, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, гэта асабліва хвалюе. У нашай школе вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі фізічнага выхавання навучэнцаў. І для гэтага створаны добрыя ўмовы. У распараджэнні вучняў — спартыўная зала і спартыўныя пляцоўкі, адпаведная матэрыяльная база.

Сярод нашых навучэнцаў многа пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Нас вельмі радуе іх адданасць спорту і шматлікія перамогі. Акрамя таго, на працягу некалькіх гадоў Поразаўская школа з’яўляецца прызёрам раённай круглагадовай спартакіяды.

У пасялковым парку, які знаходзіцца побач з нашай установай адукацыі, нядаўна з’явілася новая бегавая дарожка, спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Гэта, несумненна, унясе свой уклад ва ўмацаванне здароўя не толькі школьнікаў, але і дарослага насельніцтва пасёлка.

Не пустуюць спартыўныя пляцоўкі і падчас канікул. Нашы вучні, іх сябры, якія прыязджаюць да сваякоў на адпачынак, а таксама выпускнікі часта наведваюць школьны стадыён. Валейбол, баскетбол, футбол, разнастайныя рухавыя гульні… Вясёлыя галасы чуваць на школьным двары ў любую пару года. А мы, несумненна, гэтаму вельмі рады.

Раман СУХАЧОЎ,
настаўнік фізічнага выхавання і здароўя Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Настаўнік, які ідзе ў нагу з часам

Мы часта вымаўляем слова “настаўнік”, але не задумваемся, якую вялікую ролю адыгрывае ён у жыцці кожнага чалавека. Колькі працы, сілы, душы, цярпення ўкладае педагог у кожнага свайго вучня, каб ён вырас шчаслівым. У Ільюшынскай сярэдняй школе традыцыйна арганізоўваецца маштабнае мерапрыемства “Сустрэча з цікавым чалавекам”. І гэтым чалавекам абавязкова павінен быць настаўнік. Сёлета героем сустрэчы стаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віктар Іванавіч Акулёнак.

Стаць настаўнікам фізічнай культуры Віктар Іванавіч задумаў яшчэ ў дзяцінстве. Шмат займаўся спортам самастойна, выступаў на спаборніцтвах, адстойваючы гонар роднай Ушацкай школы. Аб высокіх дасягненнях і не думаў. Але склалася так, што пасля заканчэння васьмі класаў паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры на спецыяльнасць “Лёгкая атлетыка”. Менавіта там юнак пачаў выступаць на спаборніцтвах па марскім мнагаборстве, быў капітанам каманды на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Пінску, Віцебску, Мінску, і ўсюды яго каманда займала першыя месцы. У 1979 годзе В.І.Акулёнак быў капітанам зборнай БССР на Усесаюзным чэмпіянаце ў Жданаве (цяпер Марыупаль). Мала хто ведае, што Віктар Іванавіч — кандыдат у майстры спорту па марскім мнагаборстве. Гэтая дысцыпліна ўключае ў сябе 2 кіламетры веславання на марскіх ялах, 5 парусных гонак, крос на 1500 метраў, 400 метраў плавання і стральбу. Дарэчы, у асабістым заліку па стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі на адлегласці 50 метраў са становішча лежачы Віктар Іванавіч заняў трэцяе месца (196 ачкоў з 200 магчымых). Акрамя таго, В.І.Акулёнак — кандыдат у майстры спорту па веславанні.

Пасля вучобы Віктару Іванавічу давялося папрацаваць адзін год у адной са школ Ушацкага раёна. Была таксама служба ў арміі ў часці Маскоўскай ваеннай акругі. Там В.І.Акулёнку нават прапаноўвалі застацца, але ён цвёрда вырашыў вярнуцца на радзіму і працаваць настаўнікам фізічнай культуры. Завочна скончыў Віцебскі педінстытут і канчаткова сфарміраваўся як настаўнік.

Ішоў час. З пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя многае змянілася. Змяніліся адукацыйныя стандарты, падыходы да заняткаў. Віктар Іванавіч таксама крочыць у нагу з часам, але ў навучанні дзяцей выкарыстоўвае закладзеныя з маладосці веды. На занятках настаўніка паміж ім і вучнямі пануе поўнае ўзаемаразуменне. У свае 55 гадоў ён не толькі растлумачыць, але і прадэманструе, як выканаць тое ці іншае практыкаванне.

Сваю педагагічную дзейнасць В.І.Акулёнак працягнуў у нашай Ільюшынскай школе. Мы вельмі рады, што побач з намі працуе такі настаўнік, і ўдзячны яму за цеплыню, уважлівасць і павагу да кожнага з нас. Жадаем яму новых спартыўных дасягненняў і творчага палёту.

Жанна КРАМІН,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ільюшынскай сярэдняй школы Ушацкага раёна.

Жукаву — 120 гадоў: крокі насустрач гісторыі

5—6 снежня ў Мінску прайшла V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асоба ў гісторыі: Г.К.Жукаў і яго роля ў пераломных бітвах Вялікай Айчыннай вайны”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння савецкага палкаводца. Упершыню за сваю пяцігадовую гісторыю канферэнцыя набыла міжнародны статус. У гэтым годзе яна прайшла ў сценах Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а свае работы прадставілі больш за 60 дакладчыкаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, мінская сярэдняя школа № 83 імя Г.К.Жукава, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларуская Праваслаўная Царква і Мінскае гарадское грамадскае аб’яднанне “Абаронцы памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну”. Падтрымку канферэнцыі аказала Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Хоць канферэнцыі ўсяго пяць гадоў, яна прайшла вялікі шлях развіцця. Глеб Віктаравіч Калачэўскі, дырэктар сярэдняй школы № 83 Мінска, расказаў, што па ініцыятыве школы ў 2012 годзе была праведзена першая канферэнцыя, прысвечаная Жукаву: тады яна мела толькі раённы статус, а ў конкурсе ўдзельнічала ўсяго 17 работ. Усяго праз два гады, у 2014 годзе, канферэнцыя стала гарадской і прыцягнула ўвагу ўжо 85 удзельнікаў. “За пяць гадоў мы знайшлі 263 аднадумцаў: 210 удзельнікаў з Мінска, 44 — з рэгіёнаў Беларусі і 9 — з краін СНД, — падзяліўся дырэктар школы. — Пашырылася геаграфія: гэта Пінск, Магілёў, Гомель, Гродна, Столін, Слонім, Баранавічы і іншыя гарады”. 83-я школа пастаянна супрацоўнічае з сярэдняй школай № 1 імя Раманава г. Жукава Жукаўскага раёна Калужскай вобласці, дзе таксама актыўна захоўваюць памяць пра маршала.

Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная сказала: “Наша 83-я школа на працягу многіх гадоў збірае фрагменты гісторыі ў свой музей, праведзена вялікая пошукавая работа не толькі па зборы гістарычных артэфактаў, але і пошуку інфармацыі і навуковых паплечнікаў за межамі Беларусі. І гэтая канферэнцыя — доказ таго, што маленькая школьная ініцыятыва можа вырасці на ўзровень раёна, горада, краіны і нават выйсці за яе межы. Міністэрства адукацыі актыўна падтрымлівае такія ініцыятывы, таму што гэта і ёсць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”.

Іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла”, які прадстаўляў БПЦ на адкрыцці канферэнцыі, звярнуў увагу на выключную важнасць такіх мерапрыемстваў: “Ёсць добрыя словы пра тое, што традыцыя — гэта лепшы спосаб барацьбы з часам. Працуючы з моладдзю, я сутыкаюся з тым, што многіх гістарычных фактаў, пра якія нам расказвалі ў школе, сучасныя падлеткі не ведаюць. Але менавіта дзякуючы такім мерапрыемствам, не перарываецца нітка жывых чалавечых ведаў і той гістарычнай памяці, якая з’яўляецца залогам стабільнага развіцця грамадзянскай супольнасці. І мы павінны ўсяляк пазбягаць фальсіфікацыі гісторыі. Мы павінны вывучаць гісторыю і рабіць аб’ектыўныя высновы для таго, каб свядома будаваць сваё жыццё”.

З мэтай прыцягнення ўвагі да юбілейнай даты ў гэтым годзе ў рамках канферэнцыі арганізавалі завочны конкурс “Вялікая памяць аб вялікім палкаводцу”. У ім прыняла ўдзел 461 работа, прычым толькі 33 з іх — з Мінска, а астатнія з рэгіёнаў. Усяго 223 малюнкі, 32 фота, 206 твораў. Лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі. Узнагароды за лепшыя малюнкі заваявалі Арына Грынёва з Абчугскай сярэдняй школы Крупскага раёна, Аліна Цюранок з сярэдняй школы № 2 Хойнікаў і Настасся Завугольнік з сярэдняй школы № 4 Баранавіч. Дыплом за лепшае фота атрымаў Уладзімір Трыпуцін, трэцякурснік Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. А за самыя таленавітыя сачыненні-эсэ ўзнагародзілі Паліну Казлянок з сярэдняй школы № 3 Вілейкі, Дар’ю Чашун з Рудскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна і Станіслава Гарадкоўскага з барысаўскай гімназіі № 1.

Удзельнікі канферэнцыі наведалі 83-ю сталічную школу: там працуе музей, дзе прадстаўлены асабістыя рэчы самога Жукава, перададзеныя школе Марыяй Георгіеўнай Жукавай, дачкой маршала. У бібліятэцы гасцям прадэманстравалі збор рэдкай літаратуры пра жыццё палкаводца, а яшчэ прадставілі электронныя гульні пра Вялікую Айчынную вайну, распрацаваныя ў школе.

Самай урачыстай часткай мерапрыемства стаў мітынг у сталічным скверы імя Г.К.Жукава з удзелам роты ганаровай варты. Удзельнікі канферэнцыі ўсклалі кветкі да помніка маршала. А завяршылася экскурсія па горадзе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе прайшло падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых дакладчыкаў дыпломамі Міністэрства адукацыі. Пераможцай у секцыі “Роля Г.К.Жукава ў ваеннай навуцы і мастацтве” стала Вольга Сірошык з сярэдняй школы № 8 Брэста. Лепшы даклад на тэму “Рэлігійныя і культурныя каштоўнасці ў жыцці маршала” прадставіла Марыя Булак з сярэдняй школы № 2 Слоніма, а ў секцыі “Вобраз Г.К.Жукава ў сучасным жыцці” перамогу прысудзілі Цімафею Лузану з гімназіі № 146 Мінска. За лепшую работу на тэму “Мемарыялізацыя памяці Г.К.Жукава” дыплом атрымаў вучань сталічнай сярэдняй школы № 49 Кірыл Таўкун.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сардэчныя справы

5 снежня, у Сусветны дзень валанцёраў, у Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца”. Традыцыю ўзнагароджваць тых, для каго валанцёрства стала стылем жыцця, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі працягвае ўжо сёмы год.

Конкурс аб’яднаў тысячы добраахвотнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія штодзень знаходзяць час і нагоду для клопату аб дзецях, пажылых людзях, арганізоўваюць і праводзяць сацыяльныя, культурныя, спартыўныя акцыі, займаюцца добраўпарадкаваннем культавых аб’ектаў, прымаюць удзел у буйнамаштабных спартыўных мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Пераможцы сярод членаў пярвічных арганізацый устаноў краіны былі вызначаны ў некалькіх намінацыях. Так, лепшым валанцёрскім атрадам сярод навучэнскай моладзіл стаў валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” сярэдняй школы № 4 Асіповіч (Магілёўская вобласць), а лепшым валанцёрскім атрадам сярод студэнцкай моладзі — валанцёрскі атрад “Абдымкі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Перамога ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод працоўнай моладзі” прысуджана валанцёрскаму атраду “Сэрца Паліміра” завода “Палімір” ААТ “Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць).

Галоўную ўзнагароду ў намінацыі “Асабісты ўклад” атрымала Алена Чарняк, член валанцёрскага атрада “Экас”, навучэнка 10 класа гімназіі Шчучына (Гродзенская вобласць). У намінацыі “Будзь з намі” вылучаны валанцёрскі атрад “Добрае Сэрца” Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна. Лепшым у намінацыі “Валанцёрскія справы ў фотааб’ектыве” быў названы валанцёрскі атрад “Рука ў руцэ” Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць). Самым сацыяльна актыўным і ў выніку пераможцам у намінацыі “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” стаў валанцёрскі атрад Мінскага гарадскога камітэта БРСМ “Добрае Сэрца”.

Пераможцай інтэрнэт-галасавання “Валанцёр года — Добрае Сэрца” ў намінацыі “Асабісты ўклад” стала Хрысціна Брагінец, кіраўнік валанцёрскага атрада “Мы — дзецям” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Заслужаныя ўзнагароды пераможцам і асабістыя кніжкі валанцёра лепшым валанцёрам уручылі першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама адзінаццаціразовы параалімпійскі чэмпіён Ігар Бокі, трохразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках Ганна Гарчакова і інш.

Самі ж валанцёры ацэньваюць дыпломы і прызы ўсяго толькі як прыемны бонус. Галоўныя ўзнагароды ім дораць тыя, для каго яны знаходзяць час пасля сваіх асноўных заняткаў.

Напрыклад, валанцёрскі атрад “Абдымкі” БДУ, які за 6 гадоў аб’яднаў 265 валанцёраў, вядзе сваю дзейнасць як у сценах універсітэта, так і далёка за яго межамі. Студэнты наладзілі сувязь з дзесяццю арганізацыямі, якія аказваюць сацыяльную дапамогу, частка з якіх займаецца непасрэдна ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, валанцёры наведваюць дзіцячыя дамы, хоспісы і іншыя ўстановы ў рамках валанцёрскага руху.

Алена Чарняк са Шчучына жыве пад дэвізам “Жыць трэба справамі, а не словамі!”. Стаўшы валанцёрам, Алена пачынала з малога — ад аказання маральнай падтрымкі да раздачы адзення і падарункаў дзецям-інвалідам. Сёння Алена валанцёр-інструктар роўнага навучання. Яе землякі — валанцёры Першамайскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — рэалізавалі такія праекты, як “Дарогамі дабра” па развіцці і ўдасканаленні валанцёрскага руху ў Першамайскай сярэдняй школе, “Круг бяспекі супраць СНІДу”, экалагічны праект “За рэгіён”, практыка-арыентаваны праект “Экахваля”, праект па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных звычак у падлеткавым асяроддзі “Выбар заўсёды за табой!” і інш.

Валанцёрскі атрад Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна “Рука ў руцэ” адкрывае для сябе новыя перспектывы: навучанне здароваму ладу жыцця па прынцыпе “роўны — роўнаму” і лялькатэрапія. Урачы ў лялечным абліччы сталі новым кірункам і для студэнтаў-валанцёраў МДЛУ. Хрысціна Брагінец з’яўляецца гукарэжысёрам двух універсітэцкіх тэатраў, якія дзейнічаюць на базе атрада-тэатра для дзяцей “Разам — у казку” і тэатра пантамімы “Мімы спяшаюцца на дапамогу”. Хутка ацэняць маленькія гледачы і прэм’еру ў яе лялечным тэатры “Драўляны домік казкі”. Па ініцыятыве Хрысціны атрад пачаў працаваць з дзецьмі з парушэннем слыху.

Вікторыя Мяннанава, сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”, зазначыла: “Валанцёрскі рух аб’ядноўвае неабыякавых маладых людзей, кансалідуе грамадства. Мы сёння — у ліку складальнікаў канцэпцыі валанцёрскага руху краін СНД. Цяпер у нас актыўная праца ідзе і з Еўрапейскай валанцёрскай службай, і з інфармацыйным пунктам Савета Еўропы”.

Праграма фіналу рэспубліканскага конкурсу ўключала не толькі ўзнагароджанні і віншаванні. У зале алімпійскай славы разгарнулася незвычайная інтэрактыўная выстава. Валанцёры “Добрага Сэрца” прапанавалі жадаючым прыняць удзел у майстар-класах па вырабе калядных рукавічак, навагодніх анёлкаў, званочкаў і інш. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі было адведзена “ёлцы жаданняў”, упрыгожанай сэрцамі з пажаданнямі ад выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў дзіцяці, рэабілітацыйных цэнтраў, школ-інтэрнатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Здзейсніць дзіцячыя мары напярэдадні навагодніх і калядных свят змаглі ўсе жадаючыя. Уключала праграма і цэлы комплекс вучэбна-метадычных мерапрыемстваў. З самай раніцы на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры спецыялісты Цэнтра развіцця “Фарбы жыцця” і Цэнтра камфортных зносін, офіса прасоўвання ініцыятыў правялі для падлеткаў псіхалагічныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху. Акрамя таго, валанцёры выпрабавалі свае якасці падчас праходжання квеста “Я — валанцёр”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.

Салёнае цеста стварае цуды

Займацца творчасцю здорава, але не так проста. У нашай школе для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў існуе многа заняткаў па інтарэсах. Адны з іх — “Умелыя ручкі” — па цестапластыцы. Лепка — гэта мастацкая прадукцыйная дзейнасць, якая забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучня.

Цікава, калі людзі пачалі ляпіць фігуркі з цеста? Так, напэўна, з тых даўніх часоў, калі навучыліся рабіць муку. У гісторыі кожнай старажытнай цывілізацыі існуюць згадкі пра цестапластыку як пра важную частку народнай творчасці. Мука і вада, як хлеб, які з іх робяць, з’яўляюцца неад’емнай часткай чалавечай культуры, таму зараз старажытны мастацкі промысел пачынае адраджацца як паўнацэннае дэкаратыўнае мастацтва. Вось і мы з дзецьмі вырашылі паспрабаваць заняцца лепкай, асвоіць некаторыя бакі гэтага майстэрства.

Чаму я выбрала менавіта салёнае цеста? Перавага салёнага цеста ў тым, што гэта экалагічна чысты, бяспечны, лёгкадаступны матэрыял. Мука, соль, вада і кропелька алею — усё, што патрэбна для работы. А колькі задавальнення прыносіць гэты матэрыял у рабоце! Эластычны, цёплы, падатлівы, лёгка мяняе форму — жывы матэрыял для занятку лепкай. У сваёй рабоце з салёным цестам мы выкарыстоўваем наступныя спосабы лепкі: канструктыўны (з’яўляецца больш простым, тут мы лепім прадмет па частках), пластычны (выраб выконваем з цэлага кавалка, без дзялення на часткі), камбінаваны (пры лепцы выкарыстоўваем як цэлы пласт цеста, так і асобныя дэталі).

У пачатку заняткаў навучэнцы вучацца ляпіць плоскія фігуркі і ўпрыгожваць іх. Засвоіўшы асноўныя прыёмы работы з цестам, пачынаюць ляпіць аб’ёмныя фігуры, робяць аснову з фольгі, аблепліваюць яе і вучацца прырабляць да яе больш дробныя дэталі: вушкі, носік, вочкі, хвост. Наступны этап — гэта апрацоўка цестам разнастайных аб’ёмных форм. Дзецям неабходна спачатку абляпіць форму, потым прыдумаць яе ўпрыгажэнне, дабавіць характэрныя дэталі і дробныя дэкаратыўныя элементы (кветкі, грыбы, лісты, шарыкі і многае іншае). Такім чынам, у нас нараджаюцца цудоўныя сувеніры: салянкі, падстаўкі для ручак і іншае. Далей ідзе самы складаны этап — лепка пано. Тут неабходна прымяніць усе навыкі работы з салёным цестам і выкарыстаць фантазію. У маіх дзяцей гэта атрымліваецца выдатна.

Гатовыя вырабы неабходна добра высушыць. Сушым мы іх на абагравальнай батарэі на працягу тыдня, можна сушыць у духоўцы або мікрахвалёўцы. Адным з этапаў вырабу рэчаў з’яўляецца размалёўванне гатовых вырабаў. Для размалёўвання мы выкарыстоўваем гуаш, акварэль і пэндзлікі з грубым шчаціннем. Работы атрымліваюцца цікавыя, выразныя, прывабныя і даўгавечныя. Дзіцячыя работы рэгулярна выстаўляюцца на школьных выставах і выставах СДК. Многія работы ўдзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах, займаюць прызавыя месцы. Свае работы навучэнцы дораць бацькам, гасцям, родным, сябрам.

Каб задуманае добра атрымалася, трэба загадзя вызначыць аб’ём і змест работы, падабраць абсталяванне (матэрыял, інструменты) у неабходнай колькасці. Больш за тое, да кожных заняткаў я рыхтуюся загадзя, бо толькі ў гэтым выпадку можна прадугледзець узнікненне цяжкасцей і намеціць шляхі іх устаранення. Заняткі мы заўсёды пачынаем з паўтарэння правіл бяспечных паводзін і ўважлівага разглядання ўзору (малюнка, карціны, вырабу з другарадных дэталей, з якіх складаецца гэты выраб). Потым я тлумачу і паказваю прыёмы лепкі. Пры выкананні вырабу даю дзецям магчымасць праявіць фантазію. Заўсёды падтрымліваю іх, усяляючы ўпэўненасць у тое, што яны могуць выканаць задуманае, што ў іх усё
атрымаецца. У рабоце з дзецьмі ўлічваю іх жаданні, настрой, магчымасці і захапленні. Заняткі праводзяцца ў спакойнай атмасферы, часта пад прыемную музыку, што спрыяе рэлаксацыі і зняццю стомленасці. Калі лепка завершана, дзеці з задавальненнем сузіраюць работы сваіх сяброў, атрымліваюць неапісальнае захапленне і хваляць адно аднаго. Дзеці ўніверсальныя па сваёй прыродзе. Яны могуць многае, калі ім цікава. А цікава там, дзе прысутнічае добрая атмасфера, дзе ёсць навізна і ўмовы для самавыяўлення.

Каб навучыць дзіця ляпіць, недастаткова даць яму кавалачак цеста. Важна паказаць, як гэта рабіць. Менавіта таму неабходна самому ўмець маляваць, ляпіць, майстраваць. Вопыт работы з навучэнцамі па цестапластыцы паказаў, што дзеці з вялікім задавальненнем лепяць разнастайныя вырабы і з вялікай радасцю дораць іх блізкім. Яны лічаць, што самымі каштоўнымі з’яўляюцца сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, гэтыя рэчы здольны захоўваць цеплыню рук таго, хто стварае і дорыць. Насценныя ўпрыгажэнні, забаўныя цацкі, сувеніры робяць іх дом непадобным на іншыя, напаўняюць яго ўтульнасцю і душэўнай цеплынёй.

Цестапластыка здольна на многае, яна вядзе дзяцей у цікавую краіну творчасці і майстэрства. Вельмі вялікае адукацыйнае і выхаваўчае значэнне лепкі, асабліва ў плане разумовага і эстэтычнага развіцця дзіцяці. Лепка падводзіць дзяцей да ўмення арыентавацца ў прасторы, да засваення цэлага шэрага матэматычных уяўленняў. Пры рабоце з цестам у дзяцей знікаюць нервовасць, усхваляванасць, камп’ютарная залежнасць — гэта цудоўная разгрузка, у дзяцей паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі. Дзіця пераносіць у работу сваю шчырую цікавасць, здзіўленне або захапленне, яно не толькі адлюстроўвае свет, але і пазнае яго.

Цестапластыка дае мноства магчымасцей, разнастайныя прыёмы лепкі паляпшаюць дакладнасць рухаў пальцаў і рук. Яна дапамагае ў развіцці сенсорнай маторыкі — развіццю ўспрымання і фарміраванню ўяўленняў пра знешнія ўласцівасці прадметаў, іх форму, колер і велічыню. Лепка з цеста дапамагае дзецям раскрыць іх талент і развіць творчае мысленне. У калектыўных работах дзеці вучацца камунікатыўным навыкам, свабодным зносінам адно з адным, талерантнасці і добразычлівасці. Выкарыстанне цеста-пластыкі выхоўвае такія станоўчыя якасці, як самастойнасць і мэтанакіраванасць у выкананні работы, уседлівасць і настойлівасць, уменне давесці работу да канца, акуратнасць і многія іншыя. Пры стварэнні вырабаў для разнастайных выстаў, падарункаў для бацькоў і сяброў выхоўваюцца гордасць за сваю краіну, любоў да блізкіх.

Лепка з цеста — гэта даступны занятак для дзяцей, які прыносіць неацэнную карысць для здароўя цела і душы. Актывізуецца работа рук, мозга, ідзе поўнае расслабленне цела. Назіраючы за тым, як радуецца дзіця, зрабіўшы выраб, у які яно ўклала сваю працу, выдумку, як яно пачынае адчуваць задавальненне і гордасць ад вынікаў сваёй дзейнасці, становіцца больш упэўненым у сваіх магчымасцях, я бачу значнасць маёй работы, неабходнасць цестапластыкі для навучэнцаў.

Ганна ЯНЧЭЎСКАЯ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Умелыя ручкі”
Пугачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна.
Фота аўтара.

Эстэтычнае выхаванне ў інтэрнэце

Сучаснае інфармацыйнае грамадства адсунула мастацтва ў жыцці школьніка на другі план. А якраз у падлеткавым узросце пачынаюць выяўляцца выбіральныя адносіны да мастацтва. І менавіта школа, у прыватнасці класны кіраўнік, фарміруе ў іх імкненні і ўменні будаваць сваё жыццё па законах прыгажосці. Але ў пакалення, якое расце ў век інавацыйных адкрыццяў і тэхналогій, традыцыйныя формы выхавання, якія прапануе класны кіраўнік, не выклікаюць цікавасці. Як жа зацікавіць падлетка? Калі ўсе мерапрыемствы будуць праводзіцца ў адной і той жа ўстарэлай форме, то гэта будзе нудна, аднастайна і для вучня, і для настаўніка, а значыць, будзе невынікова, бо новыя адносіны да жыцця прад’яўляюць і новыя патрабаванні да школы.

Фарміраванню эстэтычнай культуры сучаснага школьніка спрыяюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. З іх дапамогай навучэнец мае зносіны, афармляе і структуруе свае думкі, стварае прэзентацыі, праекты і даследчыя работы. Сучасныя падлеткі лёгка асвойваюць камп’ютар, мабільныя прылады і ўмела карыстаюцца імі, гэта стала часткай іх жыцця.

На пытанне — “Чаму класным кіраўнікам варта аддаць перавагу інтэрнэт-тэхналогіям і інтэрнэт-рэсурсам?”, сваю думку выказалі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Рэха” Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Аляксандра Прыходзька, выхаванка вакальнага ансамбля “Рэха” Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і навучэнка сярэдняй школы № 1 Ельска, лічыць: “У сетцы можна атрымаць найбольш свежую інфармацыю на тэму, якая цікавіць, скарыстацца інфармацыяй замежных сайтаў. Спрашчаецца і падрыхтоўка да ўрокаў. Не трэба траціць час на дарогу ў бібліятэку і падбор неабходнай інфармацыі. Не выходзячы з дому можна наведаць віртуальныя экскурсіі, выставы ў любым кутку краіны і за яе межамі”.

Добра зарэкамендавалі сябе такія формы работы, як стварэнне відэаканала “У свеце мастацтва” праз відэахостынг YouTube і відэахостынг Vimeo. Гэтыя праграмы даюць магчымасць кожнаму ўдзельніку выказаць свае адносіны па зададзенай тэматыцы (мастацтва, культура зносін і г.д.), якую прапануе класны кіраўнік. Кожны падлетак імкнецца быць фінансава незалежным. Выкарыстоўваючы свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці пры падборы матэрыялу, ён узбагачае свае веды, далучаючы да творчага працэсу сваіх равеснікаў і атрымліваючы пры гэтым матэрыяльнае стымуляванне, якое залежыць ад колькасці праглядаў і падпісчыкаў.

— Праз відэахостынг можна дзяліцца відэазапісамі, каментаваць іх. З’яўляюцца новыя сябры, аднадумцы, а таксама новыя падпісчыкі. Гэта дае магчымасць стаць папулярным сярод сваіх равеснікаў, — адзначае Настасся Крыштапава, навучэнка сярэдняй школы № 14 Мазыра. Таксама, на яе думку, інфармацыю лягчэй і хутчэй успрымаць праз візуалізацыю.

Для падлеткаў выклікае цікавасць такая форма работы, як рэрайтынг. Падлеткам уласціва выяўленне сябе як асобы. А рэрайтынг і выяўляецца ў напісанні ўнікальнага тэксту і выказванні сваіх думак. Гэтую форму работы можна выкарыстоўваць і на базе школы. Кожны клас атрымлівае пэўную тэму: “Нашы куміры”, “Свет моды”, “Сучасны фармат мастацтва”, “Славутыя людзі і ты”. Навучэнцы пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка вывучаюць матэрыял тэм. Вызначыўшы асноўную ідэю матэрыялу, падлеткі выкладаюць інфармацыю сваімі словамі так, каб у выніку атрымаўся ўнікальны прадукт, даступны для разумення іх равеснікам.

— Гэта крэатыўна, дае магчымасць адчуць сябе цікавай асобай, дапамагае набыць большую ўпэўненасць у сабе, — сцвярджае Вольга Касцючэнка, навучэнка гімназіі Ельска. — Было б цікава скарыстацца магчымасцю дапаўняць інфармацыяй інтэрнэт-энцыклапедыю “Вікіпедыя”, тым больш што афармляецца яна ў свабодным кантэнце. Калі там па нейкім пытанні мала інфармацыі або ўвогуле яе няма, можна стварыць старонку на вэб-сайце Wiki і ўнесці часцінку ў развіццё і эрудзіраванасць іншых людзей.

Стварэнне блога “Паняцце пра эстэтыку” дазваляе падлетку праявіць сябе з дапамогай сеткі. Неабходна ўлічыць тое, што ў цяперашні час падлеткі актыўна імкнуцца да самастойнасці, аж да стварэння ўласнай сацыяльнай прасторы. Яны хутка, імгненна рэагуюць на ўсё новае. Вядзенне блога — гэта далучэнне падлеткаў да спаборніцкага працэсу: хто лепш выкладзе інфармацыю, у каго яна будзе цікавейшай, хто лепш падбярэ і зробіць здымак да гэтай жа інфармацыі. Блог “Паняцце пра эстэтыку” дазволіць школьніку выказаць сваю думку, сваё бачанне, сваё разуменне ў дачыненні да мастацтва, а ў адказ будзе рэакцыя карыстальнікаў на напісанае аўтарам блога. Дапамагчы ў падборы пісьменнага тэксту, выкарыстоўваючы тую мову, якую разумее падлетак, можа класны кіраўнік, які валодае поўнай інфармацыяй пра вучня, пра яго здольнасці, уменні, магчымасці. Дзякуючы гэтым інтэрактыўным магчымасцям, падлетак можа паказаць сябе з розных бакоў і пакінуць свой след у інтэрнэце.

— Гэта зносіны з равеснікамі, толькі віртуальныя. Калі ты вядзеш свой блог, на гэтым можна нядрэнна зарабіць і стаць знакамітым, — дзеліцца Аліна Чарняк, навучэнка гімназіі Ельска.

Падлеткі могуць паказаць сябе праз анлайн-апытанні, анлайн-галасаванне, што дазваляе падключацца да зносін з равеснікамі, абмяркоўваючы карысную інфармацыю, дошкі аб’яў: анонсы дня, тэмы мерапрыемстваў, батлы і г.д.

Добра зарэкамендавала сябе правядзенне батлаў “Крэатыўная майстэрня”. У батлах удзельнікі спаборнічаюць у сваіх творчых здольнасцях. Кожны клас працуе ў межах пэўнай тэмы: “Ідэальны відэаголас”, “Сучасны фармат мастацтва”, “Відэабітва”. Вучні прадстаўляюць тэатралізаваны паказ з дапамогай камп’ютарных тэхналогій, спрабуючы сябе ў розных відах мастацтва і дзейнасці. Ведаючы падлетка, яго патрэбы, інтарэсы, здольнасці, моцныя і слабыя бакі, класны кіраўнік дае заданні ў адпаведнасці з яго магчымасцямі.

Формы і метады арганізацыі дзейнасці навучэнцаў разнастайныя. Яны ўвесь час узбагачаюцца і ўдасканальваюцца, патрабуюць сістэмы і пастаяннага творчага пошуку. Для сучасных падлеткаў традыцыйныя формы выхавання ўжо нецікавыя. Інфармацыйныя, камп’ютарныя тэхналогіі істотна трансфармавалі структуру вольнага часу сучасных дзяцей і падлеткаў. Перабудоўваюцца і сфера вольнага часу, і інфармацыйнае асяроддзе, мяняюцца і характарыстыкі вучэбнага працэсу. Прыйсці на дапамогу падлетку можа класны кіраўнік, актыўна выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютарных тэхналогій, спалучаючы традыцыйныя і інавацыйныя формы.

Юлія ДУДАРАВА,
педагог дадатковай адукацыі Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,
кіраўнік вакальнага ансамбля “Рэха”.

У чаканні навагодняга шоу

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст–2016”. У заключным этапе спаборніцтва, якое праходзіла на базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, прынялі ўдзел 6 пар лепшых Дзядоў Марозаў і Снягурак.

Журы з ліку прадстаўнікоў мясцовага тэлебачання вызначала лепшых у намінацыях “Дзед Мароз і Снягурка года” і “Лепшая навагодняя сюжэтна-гульнявая праграма”. Акрамя таго, выступленні ўдзельнікаў ацэньвала дзіцячае журы.

На працягу некалькіх гадзін канкурсанты дарылі гледачам станоўчыя эмоцыі і ўсмешкі. Імправізаванае навагодняе шоу нікога не пакінула абыякавым. Кожны Дзед Мароз і Снягурка імкнуліся зрабіць сваё выступленне яркім, відовішчным, цікавым і запамінальным. А інакш і быць не магло, бо дзеці з’яўляюцца самымі патрабавальнымі гледачамі.

Удзельнікі агляду-конкурсу былі адзначаны ў заахвочвальных намінацыях: за лепшую актывізацыю аўдыторыі ў навагодняй праграме, за яркае мастацка-вобразнае рашэнне гульнявога рэквізіту і навагодняй калекцыі касцюмаў, за майстэрства і артыстызм, за арыгінальнасць ідэі і выканальніцкае майстэрства, за мастацкае, музычнае і тэхнічнае афармленне гульнявой праграмы ў кантэксце ўсёй задумы.

Па рашэнні дзіцячага журы прыз сімпатый гледачоў атрымалі Дзед Мароз і Снягурка з сярэдняй школы № 18 Пінска (Сяргей Аляксандравіч Савіцкі і Кацярына Паўлаўна Захажэўская). Гэтая пара стала лепшай і па рашэнні дарослага журы. А лепшую навагоднюю сюжэтна-гульнявую праграму падрыхтавалі Міхаіл Васільевіч Стрыжоў і Дар’я Аляксандраўна Кузьміч з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

“Зубры” ідуць у школу

Адзін з галоўных педагагічных арыенціраў — асобасны падыход. Часцей пра яго гавораць у кантэксце дакладных навук, актыўна грызці граніт якіх гатовы не кожны школьнік, але на самай справе ён можа спатрэбіцца нават для матывацыі да спорту. Мінскі хакейны клуб “Дынама” таксама вырашыў далучаць школьнікаў да спартыўнага ладу жыцця асабістым прыкладам і пачаў акцыю “Зубры” ідуць у школу”. Падчас акцыі (яна будзе цягнуцца да канца навучальнага года) спартсмены плануюць прывезці хакей у кожны раён сталіцы. А першымі прадстаўнікі знакамітай хакейнай каманды наведалі навучэнцаў санаторнага дзіцячага сада — пачатковай школы № 270.

Гэтая ўстанова не звычайны садок, якіх дзясяткі па ўсім Мінску. Тут працуюць з дзецьмі з анкагематалагічнымі захворваннямі. Сёлета ў садку — 74 выхаванцы-дашкольнікі і 68 вучняў пачатковых класаў. Віталь Уладзіміравіч Маргуноў, дырэктар Мінскага гарадскога цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучнёўскай моладзі, расказаў, што для першага мерапрыемства акцыі “Зубры” ідуць у школу” свядома выбралі менавіта гэтую ўстанову: “Тут у нас знаходзяцца асаблівыя дзеці з анказахворваннямі і хваробамі крыві, таму мы палічылі неабходным, каб рэалізацыя пачалася менавіта ва ўстанове такога тыпу. Усё праводзіцца ў форме дабрачыннай акцыі. А такім дзецям дадатковую ўвагу неабходна аказаць у першую чаргу”.

На сустрэчу з “дынамаўцамі” прыйшлі старшыя выхаванцы: друга-, трэця- і чацвёртакласнікі. Дзеці забягаюць у музычную залу — і, гледзячы на іх, амаль адразу забываешся на статус навучальнай установы. Знешне ўсе яны — самыя звычайныя малодшыя школьнікі: гаманлівыя, няўседлівыя, цікаўныя і па-дзіцячы нястрымна энергічныя. І прыемна, што менавіта так — як да самых звычайных — ставяцца да іх вядучыя ў ролях галоўных сімвалаў ХК “Дынама-Мінск” — вясёлы Дынама-мэн у блакітна-белым касцюме і вялікі Зубр, мяккія рогі і плюшавыя капыты якога выклікаюць у дзяцей несуцішнае захапленне. Актыўныя гульні нішто не стрымлівае.

У праграму мерапрыемстваў, з якімі “дынамаўцы” плануюць праехацца па школах Мінска, уваходзяць нескладаныя спартыўныя конкурсы, віктарыны, творчыя заняткі — усё скіравана на тое, каб у гульнявой форме прыцягнуць дзіцячую ўвагу да хакея і заахвоціць весці здаровы лад жыцця, пачаць займацца спортам ці проста паклікаць маму і тату на каток.

Сваё першае маленькае свята ў садку-школе № 270 прадстаўнікі хакейнай каманды адпрацавалі, здаецца, з не меншым, чым у гледачоў, захапленнем. І нядзіўна: усё ж такі дзеці — гэта самая актыўная і ўдзячная аўдыторыя, якая з радасцю адгукаецца на любую прапанову.

Час, адведзены на мерапрыемства, праляцеў непрыкметна. Ад нефармальнага знаёмства хутка перайшлі да групавых спартыўных конкурсаў, разабраліся з тым, як выглядае ўзбраенне хакеіста, і нават правялі віктарыну з пытаннямі па правілах хакея, з якой, дарэчы, дзеці справіліся выдатна: малодшыя школьнікі ведалі і колькасць перыядаў у звычайным хакейным матчы (іх тры), і іх працягласць (па 20 хвілін), і нават даўжыню авертайма (5 хвілін).

На развітанне дзеці і хакеісты абмяняліся сувенірамі: маленькім спартсменам — футболкі і білеты на хакейныя матчы, каб схадзіць з бацькамі, а дарослым членам каманды “Дынама” — плакаты, якія намалявалі самі дзеці напрыканцы мерапрыемства. З такіх малюнкаў з пажаданнямі для хакеістаў плануецца зрабіць вялікую выставу на памяць пра акцыю “Зубры” ідуць у школу”.

Андрэй Уладзіміравіч Рыжанкоў, спецыяліст па маркетынгу ХК “Дынама-Мінск”, паабяцаў: падобныя мерапрыемствы будуць ладзіць па тры разы на месяц. Да канца навучальнага года хакеісты плануюць наведаць па некалькі школ у кожным раёне сталіцы і нават заклікаюць фанатаў у сацыяльных сетках прапаноўваць свае варыянты наступных устаноў адукацыі.

Наперадзе яшчэ шмат гульняў і віктарын, шмат і дзяцей, якія, мабыць, захопяцца хакеем. А свята ў садку-школе № 270 стала сапраўды выдатным пачаткам.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота аўтара.

У духу садружнасці дзяцей і дарослых

Арганізацыю работы з акцябратамі і піянерамі ў рэгіёнах абмяркоўвалі днямі на пленуме Цэнтральнага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

Чарговае пасяджэнне кіруючага складу БРПА праходзіла на Магілёўшчыне. Прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю прадставілі калегам з іншых абласцей свой вопыт работы з падрастаючым пакаленнем. Як аказалася, ён вельмі паспяховы па многіх напрамках дзейнасці.

— Грунтуючыся на лепшых традыцыях, мы мэтанакіравана працуем над фарміраваннем грамадзянскай культуры, патрыятызму, жыццёвых каштоўнасцей, развіццём сацыяльнай актыўнасці і творчага патэнцыялу дзяцей. Асновай для плённай работы ў гэтым напрамку з’яўляецца кадравы і выхаваўчы патэнцыял устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сумеснымі намаганнямі мы імкнёмся ўцягнуць у свае шэрагі як мага больш навучэнцаў. Сёння колькасць нашых піянераў і акцябрат складае звыш 80 000 чалавек, — паведаміла старшыня Магілёўскага абласнога савета БРПА Алена Малдаванава.

Паводле яе слоў, навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, праектах і акцыях арганізацыі. Піянерскія дружыны займаюцца дабрачыннасцю, падтрымліваюць грамадзян, якія маюць неабходнасць у дапамозе. Разам з педагогамі дзеці пастаянна наведваюць з добрымі місіямі ветэранаў, сірот, адзінокіх пенсіянераў. Акрамя таго, піянеры не забываюць пра тое, што павінны быць ва ўсім прыкладам для сваіх аднагодкаў. Навучэнцы з чырвона-зялёнымі гальштукамі займаюцца фізкультурай і спортам, папулярызуюць здаровы лад жыцця. Яны захоплены пошукавай і краязнаўчай работай, імкнуцца праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю, быць сапраўднымі лідарамі ў сваіх класных калектывах.

На пленуме былі наглядна прадстаўлены асаблівасці работы магілёўскіх піянерскіх дружын. Сваю дзейнасць прэзентавалі педагогі і навучэнцы гімназіі № 4 абласнога цэнтра, дзе таксама прайшло маштабнае свята прыёму ў акцябраты. Калейдаскопам ідэй па развіцці дзіцячых здольнасцей здзівілі спецыялісты Ленінскага раённага савета БРПА. А ў Кадзінскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна ўвазе прысутных прапанавалі праект “Краіна шчаслівага дзяцінства”, сутнасць якога заключаецца ў падтрымцы ўсіх маладзёжных ідэй і ініцыятыў.

— Станоўчых вынікаў у развіцці дзіцячай асобы нам удаецца дасягаць дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву і падтрымцы з боку ўлады, розных устаноў і ведамстваў. Такое разуменне, узаемадзеянне і ёсць залог паспяховай работы па выхаванні годных маладых грамадзян краіны, — падкрэсліла Алена Мікалаеўна.

З такім меркаваннем аказаліся салідарны і астатнія ўдзельнікі пленума. У ходзе пасяджэння не раз гучалі словы пра тое, што маладзёжныя арганізацыі павінны быць пранізаны духам садружнасці дзяцей і дарослых. Дзіцячая арганізацыя з’яўляецца люстэркам дарослага жыцця. Працэсы, якія адбываюцца сёння ў дзяржаве, знаходзяць у ёй сваё адлюстраванне, таму дарослыя павінны выхоўваць дзяцей у першую чаргу сваім прыкладам. На Магілёўшчыне так і робяць.

— У вобласці сапраўды плённа працуюць над развіццём і выхаваннем моладзі. Магілёўскія піянеры вельмі актыўныя і ініцыятыўныя. І гэта заслуга іх бацькоў і педагогаў. Прадстаўлены тут вопыт сапраўды заслугоўвае ўвагі, як і дзейнасць іншых рэгіянальных саветаў піянерскай арганізацыі. Такія выязныя мерапрыемствы ў нас сталі сістэмай, бо яны значна спрыяюць удасканаленню агульнай работы, — адзначыла старшыня Цэнтральнага савета БРПА Вікторыя Мяннанава.

За канструктыўным дыялогам прысутныя дэталёва абмеркавалі этапы падрыхтоўкі да святкавання юбілейнай даты БРПА, магчымасці рэалізацыі новых цікавых і патрэбных праектаў. Іх, дарэчы, шмат. Ужо стартавалі тэлепраект “Дынастыя піянерскіх пакаленняў”, радыёпераклічка піянераў. Акрамя таго, зараз збіраюцца экспанаты для выставы рарытэтных рэчаў, якія раскажуць аб піянерскім руху ад вытокаў да нашых дзён, рыхтуецца зборнік піянерскіх вершаў і дыск з сучаснымі піянерскімі песнямі, аўтарамі якіх могуць выступіць усе жадаючыя. Падчас пасяджэння была таксама выказана прапанова аб прысваенні кожнай піянерскай дружыне імя Героя Вялікай Айчыннай вайны і магчымасці ўвядзення адзінага ўзору піянерскай формы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Петлі TRX, або Яшчэ адзін спосаб зрабіць урок фізічнай культуры цікавым

Сучасны этап развіцця сістэмы фізічнай падрыхтоўкі характарызуецца абнаўленнем зместу навучання, пошукам новых форм і метадаў павышэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці школьнікаў. Дзякуючы згуртаванай і творчай рабоце педагогаў метадычнага аб’яднання фізічнай культуры сярэдняй школы № 161 Мінска, быў рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, якія дазволілі па-новаму глянуць на развіццё фізічных якасцей на ўроку фізічнай культуры.

Гісторыя дным з такіх праектаў стала ўкараненне элементаў функ­цыянальнай падрыхтоўкі ў адукацыйны працэс. Мы ўжо не раз расказвалі пра гэта, а сёння хочам пазнаёміць вас з петлямі TRX — трэнажорам для функцыянальнай трэніроўкі, які дазваляе прапрацаваць усё цела. Трэніроўкі TRX набіраюць усё большую папуляр­насць сярод прыхільнікаў фітнесу, іх усё часцей можна ўбачыць у сучасных трэнажорных залах. Ці могуць практыкаванні з петлямі TRX быць укаранёны ў адукацыйны працэс у агульнаадукацыйнай школе? Зараз мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.

Гісторыя стварэння TRX

Упершыню ідэя выкарыстання стропаў з петлямі ў якасці трэнажора для прапрацоўкі ўсіх мышачных груп узнікла ў амерыканскага салдата марской пяхоты Рэндзі Хетрыка. А ўсё таму, што марскія пехацінцы пастаянна знаходзіліся на палявых выхадах і ўдзельнічалі ў марш-кідку, а браць з сабой цяжкія штангі, гантэлі і трэнажоры было практычна нерэальна. Таму Рэндзі вырабіў з падручных матэрыялаў, выкарыстоўваючы парашутныя стропы, гэтую сістэму, якая аказалася вельмі эфектыўнай для падтрымання салдат у выдатнай фізічнай форме. Звольніўшыся з радоў марской пяхоты, Хетрык заснаваў фірму TRX, якая займаецца вытворчасцю розных сістэм для трэніроўкі са сваёй вагой, у тым ліку петляў TRX. Абрэвіятура TRX — Total Body Resistance (“агульнае супраціўленне цела”).

Па сутнасці, TRX — гэта замена трэнажорнай залы ў адной універсальнай прыладзе, якую можна насіць з сабой. Вы можаце замацаваць петлі TRX дома, на вуліцы (на дрэвах) або ў паездцы. Нягледзячы на ўяўную геніяльную прастату, заняткі на трэнажоры TRX патра­буюць пэўнай практычнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі настаўніка.

Плюсы і мінусы петляў TRX

Станоўчыя якасці TRX:

*— няма восевай нагрузкі на пазваночнік, што дае магчымасць работы з гэтым трэнажорам людзям, якія маюць праблемы і захворванні апорна-рухальнага апарату;

*—— у работу ўключаюцца мышцы кора (комплекс мышцаў, якія адказваюць за стабілізацыю таза, бёдраў і пазваночніка) і глыбокія мышцы-стабілізатары, якія падтрымліваюць ваш пазваночнік прамым, прадухіляючы парушэнне паставы і выпраўляючы яе;

*—— павышэнне функцыянальных магчымасцей арганізма; вы становіцеся больш моцнымі, трывалымі і можаце выконваць складанакаардынацыйныя рухі;

*—— універсальнае выкарыстанне ў любым месцы (дома, на вуліцы), мацуецца практычна да ўсяго (дрэва, слуп, дзверы, труба);

*—— прапрацоўваюцца абсалютна ўсе мышцы цела;

*—— трэніроўкі даступны ўсім узро­ставым катэгорыям людзей;

*—— магчымасць выбіраць любую ступень і інтэнсіўнасць нагрузкі;

*—— можна займацца з любой паталогіяй, аднак для кожнага дыягназу будзе пэўны набор практыкаванняў.

Мінусаў у петляў TRX няма, хаця ёсць рызыка траўматызму, калі вы выконваеце складанакаардынацыйныя рухі са скачкамі, у выпадку няправільнай пастаноўкі нагі магчымы траўмы звязак.

Трэнажор мае простую будову і ўмяшчаецца ў невялікую сумку. Яго можна браць з сабой на прагулку або ў паездку.

Методыка пабудовы заняткаў

Праграмы трэніровак можна падзяліць па ўзроўнях складанасці: праграма для пачаткоўцаў (рэабілітацыя, развіццё рухавасці і стабільнасці), функцыянальная трэніроўка і кругавая трэніроўка.

Заняткі для пачаткоўцаў змяшчаюць некалькі нескладаных практыкаванняў: жымавыя, цягавыя і расцягванне. Ступень нагрузкі можна рэгуляваць вышынёй і размяшчэннем рамянёў. Элементы гэтай трэніроўкі мэтазгодна прымяняць з навучэнцамі 5—6 класаў пры пачатковым асваенні элементаў гімнастыкі, пры правядзенні заняткаў СМГ.

Функцыянальная трэніроўка накіравана на павелічэнне сілавой трываласці і рэкамендавана навучэнцам 7—9 класаў, якія маюць сярэдні і вышэйшы за сярэдні ўзровень фізічнай падрыхтаванасці. На такіх занятках выконваюцца практыкаванні трох базавых разнавіднасцей: прысяданні (выпады), жымавыя практыкаванні і цягавыя, а таксама розныя іх мадыфікацыі, якія выконваюцца строга па падыходах з пэўнай колькасцю паўтарэнняў з мэтай развіцця спецыяльных фізічных якасцей.

Кругавая трэніроўка разлічана на навучэнцаў з добрым узроўнем падрыхтаванасці. Комплекс практыкаванняў выконваецца па крузе: выпады, прысяданні, жымавыя практыкаванні ў розных зыходных становішчах, цягавыя практыкаванні, развядзенне рук і ног. Усе практыкаванні выконваюцца без перапынку на адпачынак або з невялікім адпачынкам паміж практыкаваннямі (у залежнасці ад падрыхтаванасці).

Комплексы практыкаванняў

Праграма трэніровак можа ўключаць розныя комплексы практыкаванняў. Напрыклад, хлопчыкі ацэняць практыкаванні для свабодных верхніх канечнасцей і плечавога пояса: згінанне і разгінанне рук ва ўпоры; згінанне і разгінанне рук у вісе, рукі ўздоўж тулава; развядзенне рук ва ўпоры.

Папулярныя практыкаванні на петлях для дзяўчат: выпад убок; выпад на адной назад; выпад на адной назад, нага ў пятлі; выпад убок, нага ў пятлі; прысяданні. Гэтыя практыкаванні накіраваны на ўмацаванне мышцаў ягадзіц, прэса.

Трэнажор дазваляе выконваць практыкаванні, якія спрыяюць умацаванню мышцаў, што ўдзельнічаюць ва ўтрыманні корпуса, мышцаў-стабілізатараў: падыманне таза ў адваротным упоры; падыманне таза ва ўпоры; скручванне ва ўпоры; упор на локцях, ногі ў петях.

Выкананне гэтых практыкаванняў не толькі будзе спрыяць вырашэнню задач вучэбнага плана, а таксама створыць умовы для павышэння цікавасці да заняткаў фізічнай культурай.

Агульныя рэкамендацыі для заняткаў на трэнажоры TRX

*— перад заняткамі на самім трэнажоры трэба абавязкова правесці спецыяльную размінку;

*—— рэгулюйце нагрузку з дапамогай вугла размяшчэння цела і вышыні прымацавання трэнажора;

*—— пачынайце з невялікіх нагрузак, паступова ўскладняючы, мадыфікуючы практыкаванні і павялічваючы колькасць паўтарэнняў;

*—— займайцеся рэгулярна, каб мышцы прывыклі да нагрузкі.

Супрацьпаказанні і перасцярогі

Асаблівасць заняткаў на гэтым трэнажоры такая, што ад правільнай позы цела залежыць эфектыўнасць практыкаванняў. На першых этапах навучання лепш строга кантраляваць навучэнцаў і навучыць усім асаблівасцям работы на трэнажоры з мэтай прадухілення траўматызму.

Што да супрацьпаказанняў, то для гэтага віду заняткаў іх практычна няма, за выключэннем захворванняў сэрца, пры якіх супрацьпаказана любая фізічная нагрузка, і гіпертаніі.

Трэніроўка на трэнажоры TRX бяспечная і падыходзіць для ўсіх узростаў. Комплекс практыкаванняў і далейшая праграма трэніроўкі ў рамках урока павінна быць разлічана ў адпаведнасці з узроўнем фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў і ўлічваць змест асноўнай часткі заняткаў, быць асновай для развіцця фізічных якасцей, якія спрыя­юць асваенню інварыятыўнага кампанента праграмы.

Праграма трэніровак з петлямі TRX прымушае працаваць усе групы мышцаў, асабліва тыя, якія падтрымліваюць становішча цела ў прасторы і адказваюць за паставу. Трэнажор дазваляе як прапрацаваць паасобныя ўчасткі цела, так і палепшыць каардынацыю, паставу, не нашкодзіўшы пры гэтым суставам і пазваночніку.

Для выканання звычайнай праграмы ў пазаўрочны час выберыце 7—8 практыкаванняў і выконвайце іх па чарзе. Не забывайце адпачываць паміж імі. Для самастойнай кругавой трэніроўкі адбіраецца 10 практыкаванняў, якія паўтараюцца па крузе. У выніку трэба зрабіць максімальную колькасць кругоў з невялікімі перадышкамі паміж імі за пэўны час.

Пры асваенні базавых практыкаванняў трэба павышаць нагрузку не толькі за кошт колькасці паўтарэнняў і падыходаў, а таксама за кошт змены вугла стропаў і змяншэння апоры (на адной або на дзвюх нагах), з якімі можна пазнаёміцца на тэматычных сайтах у інтэрнэце і ў спецыяльнай літаратуры.

Ідэя рэалізацыі нашага падыходу ў развіцці фізічных якасцей навучэнцаў — у пераходзе ад тлумачэння да разумення, ад кантролю да самаразвіцця, ад кіравання да самакіравання. І тут асноўная задача педагога — зносіны, узаемаразуменне з навучэнцамі, пошук новых ідэй, цікавых напрамкаў і фарміраванне ўмоў для сістэматычных заняткаў спортам і пастаяннага самаўдасканальвання навучэнцаў.

Дзмітрый МІРАНОВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі
сярэдняй школы № 161 Мінска.
Фота аўтара.