Ад навукі — у практыку

43 навукова-педагагічныя школы дзейнічаюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі і ў навукова-даследчых установах Гродзеншчыны. Пра іх патэнцыял, перспектывы развіцця і сучасныя даследаванні гаварылі прадстаўнікі навуковых школ рэгіёна на сустрэчы, якая адбылася напярэдадні Дня беларускай навукі.

Удзельнікі сустрэчы — супрацоўнікі чатырох устаноў вышэйшай адукацыі і чатырох структур Акадэміі навук Беларусі — прадставілі сучасныя распрацоўкі, многія з якіх укаранёны ў практыку і прыносяць значны эканамічны эфект. На выставе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы былі прадэманстраваны і распрацоўкі маладых навукоўцаў і студэнтаў.
Так, старшы выкладчык кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ Аксана Паўлава прадставіла адно з сумесных даследаванняў універсітэта і НВЦ НАН Беларусі па харчаванні для інавацыйнага развіцця эканомікі Гродзеншчыны — тэхналогію аптымізацыі мікрабіялагічнага сінтэзу лімоннай кіслаты шляхам энергазберагальнага нізкатэмпературнага азанавання на Скідзельскім цукровым камбінаце. Рэалізацыя праекта дазваляе забяспечыць другаразовае выкарыстанне адходаў вытворчасці, атрымаць імпартазамяшчальную прадукцыю. Яе калегі з факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання прадэманстравалі новыя віды ролікавых апор для стужачных канвеераў. Агульнымі намаганнямі вучоных Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта распрацаваны і ўкаранёны ў практыку матэрыялы і тэхналогіі для айчынных канструкцый эндапратэзаў і аднаразовых здымных насадак для апарата, якія выкарыстоўваюцца для інтэнсіўнага лячэння отарыналарынгалагічных захворванняў.
Вучонымі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта распрацаваны новыя віды вадкіх угнаенняў, засвоены выпуск новых кармавых дабавак. У мінулым годзе аграрны ўніверсітэт атрымаў з абласнога інавацыйнага фонду 5 млрд рублёў на распрацоўку і ўкараненне тэхналогіі геномнага аналізу буйной рагатай жывёлы. Рэалізаваны праект дазваляе ўдасканальваць селекцыйную работу на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Гродзеншчыны.
— Кіраўніцтва Гродзенскай вобласці вельмі ўважліва ставіцца да развіцця навукі ў рэгіёне, — сказаў на сустрэчы доктар медыцынскіх навук, прафесар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. — Добра, што на сённяшняй сустрэчы прадстаўлена шмат моладзі. Гэта наш рэзерв, наша будучыня. Маладыя людзі ўдзельнічаюць у розных праектах, у тым ліку годна прадстаўлены ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, становяцца лаўрэатамі і прызёрамі.
Пацвярджэнне гэтых слоў — грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у памеры 195 млн рублёў, які атрымала студэнцкае канструктарскае бюро “Практычная электроніка” ГрДУ імя Янкі Купалы. У складзе СКБ — студэнты і магістранты, а таксама старшакласнікі гродзенскіх школ. У мінулым навучальным годзе яны ўдзельнічалі ў выкананні двух заданняў — “Электроніка і фатоніка ” і “Эталоны і навуковыя прыборы”. Па выніках даследаванняў надрукавана больш за 30 навуковых артыкулаў, ёсць 9 актаў укаранення ў вытворчасць.
Ігар Жук і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін азнаёміліся з выставай навуковых распрацовак. Потым удзельнікам сустрэчы былі прадстаўлены вынікі навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і навукова-даследчых інстытутаў Гродзеншчыны за мінулы год, а таксама дзейнасць вядомых навукова-педагагічных школ. Загадчык кафедры агульнай фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Маскевіч расказаў пра дзейнасць навуковай школы “Малекулярная спектраскапія і нанатэхналогіі”, загадчык кафедры оталарынгалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алег Хораў — пра школу “Аталогія”, загадчык кафедры анатоміі жывёл Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Дзяніс Харытонік прадставіў гісторыю развіцця і дасягненні навуковай школы “Ветэрынарная медыцына”.
Група вучоных была адзначана ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі Гродзенскага абвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.

“Жыцень” — важкі аргумент на карысць арганічнага земляробства

Ва ўсім свеце зараз адзначаецца тэндэнцыя да экалагічна бяспечнага земляробства. Аграрыі ўсё часцей адмаўляюцца ад выкарыстання хіміі, аддаючы перавагу біяпрэпаратам, аб’ём продажаў якіх няўхільна расце. Напрыклад, у Кітаі гадавое спажыванне складае 145 тысяч тон (гэта мільёны га апрацаваных глеб). Шэраг краін, напрыклад, Бразілія, увогуле збіраюцца адмовіцца ад прымянення хімікатаў і перайсці на экалагічна бяспечнае земляробства. У Беларусі, дзякуючы плённай рабоце вучоных-генетыкаў, таксама ёсць перадумовы для скарачэння выкарыстання хімічных прэпаратаў у сельскай гаспадарцы і пераходу на больш экалагічныя біяпрэпараты.

Напрыклад, нядаўна супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі пры кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ стварылі комплексны мікробны прэпарат “Жыцень”, які павышае якасць глебы і рыхтуе яе да пасеваў. Гэта ўжо шосты па ліку прэпарат, распрацаваны ў згаданай лабараторыі і ўкаранёны ў вытворчасць. Раней з’явіліся “Аўрын”, “Стымул”, “Немацыд”, “Бактаген” і “Гулівер”. Нават па назвах можна зразумець іх прызначэнне — гэта стымуляцыя росту раслін, абарона ад патагенных арганізмаў і такога шкодніка, як нематода, паскарэнне тэмпаў гніення ржышча і саломы.Сумарны аб’ём продажу названых прэпаратаў перавышае 3,5 тоны ў год. Калі ўлічыць, што для апрацоўкі глебы патрабуецца ўсяго каля 3 літраў на 1 га (для выкарыстання прэпараты разводзяцца вадой у суадносінах 1:100), то можна падлічыць: бяспечнай апрацоўцы падвяргаецца звыш тысячы га беларускіх глеб. Адметна, што прэпараты набываюць не толькі фермеры, але і вялікія дзяржаўныя аграпрамысловыя прадпрыемствы.
— У прыродных экасістэмах усе групы жывых арганізмаў знаходзяцца ў пэўным дынамічным балансе. Колькасць патагенаў там абмяжоўваецца колькасцю бактэрый-антаганістаў і тым, што расліны розных відаў растуць уперамешку і змяняюць адна адну, — расказвае кіраўнік лабараторыі Ірына Мікалаеўна Фяклістава. — Уводзячы на палях монакультуру, чалавек стварае селекцыйныя ўмовы для развіцця патагенаў гэтай культуры. Ім лёгка размнажацца і рассяляцца, калі вакол суцэльна растуць патэнцыяльныя гаспадары-мішэні. Мы вылучаем з прыродных крыніц бактэрыі — антаганісты патагенаў, адбіраем самыя актыўныя, паляпшаем іх, нарошчваем у вялікай колькасці і ўносім у глебу пад расліны. Гэта дазваляе аднавіць баланс і абмежаваць бескантрольнае развіццё патагенаў.
Унікальнасць распрацоўкі вучоных БДУ заключаецца ў тым, што біяпрэпараты ствараюцца на аснове прыродных мікраарганізмаў — прадуцэнтаў біялагічна актыўных злучэнняў. Пры гэтым прымяняюцца розныя генетычныя метады без увядзення ў згаданыя мікраарганізмы чужародных ДНК.
У адрозненне ад хімічных спосабаў барацьбы са шкоднікамі і ўзбуджальнікамі хвароб раслін біялагічныя прэпараты абсалютна бяспечныя. Хімікаты, як правіла, не раскладаюцца бясследна, назапашваюцца ў глебе і донных адкладаннях вадаёмаў і як вынік — у садавіне, агародніне, у тканках рыб і жывёл. Біяпрэпараты нетаксічныя, валодаюць працяглым дзеяннем, не маю ць тэрміну чакання (ураджай можна збіраць адразу пасля апрацоўкі раслін), аздараўліваюць глебу і ўзбагачаюць яе карыснымі рэчывамі.
— Мы сутыкнуліся з тым, што, калі ў цяпліцах шматразова апрацоўваюць глебу хімічнымі прэпаратамі, патагены вельмі хутка набываюць устойлівасць да іх, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — І як апошняя надзея — гаспадары цяпліц звяртаюцца да нас, каб біялагічнымі прэпаратамі выратаваць расліны і аздаравіць сітуацыю. Здараецца, што нават прамываюць гэтымі прэпаратамі ўсе канструкцыі, хаця яны і не прызначаны для такога выкарыстання. Але часта гэта адзіны спосаб знішчыць шкодныя арганізмы, якія сталі ўстойлівымі да хімікатаў.
Эканамічны эфект ад прымянення біяпрэпаратаў даволі высокі. Ён вельмі хутка становіцца бачным ва ўмовах цяплічных гаспадарак, дзе вялікая шчыльнасць раслін (адпаведна, і шчыльнасць патагенаў большая). Выкарыстанне такіх прэпаратаў, як “Гулівер”, “Стымул”, “Бактаген”, дазваляе не толькі падтрымліваць якасць глебы, але і істотна павышаць ураджайнасць агародніны. А для зеляніны, якая вельмі хутка расце і таму не можа апрацоўвацца хімікатамі, гэтыя прэпараты ўвогуле незаменныя.
Прэпарат “Стымул” вельмі добра паказаў сябе не толькі на агароднінных культурах, але і на лёне-даўгунцы. Яго прадукцыйнасць істотна ўзрастае, прычым адзначаецца менавіта павелічэнне даўжыні валакна і паляпшэнне яго тэхнічнай якасці.

Ірына ФЯКЛІСТАВА: 
— У Беларусі ёсць фермерскія гаспадаркі, якія спрабуюць перайсці на чыстае земляробства. Мы спадзяёмся, што ў іх усё атрымаецца: выкарыстоўваючы біяпрэпараты, яны будуць мець і маральнае задавальненне, і эканамічны эфект.

Калі гаварыць пра новы прэпарат “Жыцень”, то яго выкарыстанне павышае ўраджайнасць азімых і яравых культур на 20%, а таксама значна паляпшае якасць збожжа. Гэта адбываецца за кошт абагачэння глебы пажыўнымі рэчывамі, што ўтвараюцца ў выніку паскоранага гніення рэшткаў папярэдняй сельскагаспадарчай культуры.
Дзякуючы прэпарату “Жыцень”, увосень можна адмовіцца ад унясення ў глебу азотных угнаенняў. Справа ў тым, што ўраджай забірае з сабой вялікую частку азоту і гэта трэба кампенсаваць. “Жыцень”, які прымяняецца на палях пасля збору ўраджаю, цалкам спраўляецца з такой задачай.
— Дарэчы, прэпарат “Жыцень” можа выкарыстоўвацца не толькі для збожжавых, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна, — Ім можна апрацоўваць рэшткі любых культур, бо, як правіла, тое, што засталося на полі, з’яўляецца добрай крыніцай харчавання для патагенных арганізмаў. Восенню патагены размнажаюцца на рэштках і вясной у павышанай колькасці паражаюць насенне. Але калі ўвосень аздараўліваць глебу, то ў наступным годзе можна атрымаць больш здаровы, а значыць, больш высокі ўраджай.Трэба сказаць, што ўсе згаданыя біяпрэпараты былі распрацаваны ў рамках дзяржаўных праграм і атрымалі адабрэнне Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. І хоць аграрыям пакуль што псіхалагічна няпроста адмовіцца ад хіміі, пэўныя зрухі ў гэтым напрамку ўжо з’явіліся.
— У Беларусі ёсць фермерскія гаспадаркі, якія спрабуюць перайсці на чыстае земляробства, — гаворыць Ірына Мікалаеўна Фяклістава. — І гэта пры тым, што ў нас практычна не культывуецца такое паняцце, як арганічнае земляробства, у магазінах не прадаюцца асобна арганічныя прадукты, кошт на якія ва ўсім свеце больш высокі, чым на вырашчаныя з дапамогай хіміі. Але мы спадзяёмся, што ў фермераў усё атрымаецца: перайшоўшы на біяпрэпараты, яны будуць мець і маральнае задавальненне, і эканамічны эфект.
Супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі працуюць над стварэннем біяпрэпаратаў ужо больш як дзесяць гадоў. І кожны прэпарат, акрамя яго прыкладной накіраванасці, мае фундаментальную навуковую аснову. Пра гэта сведчыць той факт, што вучонымі лабараторыі выканана вялікая колькасць навуковых работ, выйшла шмат публікацый, якія асвятляюць пытанні, звязаныя як з самімі штамамі, так і з прымяненнем прэпаратаў. Абаронена некалькі дысертацыйных работ, у тым ліку дысертацыя Ірыны Фякліставай.
— Асновай кожнага прэпарату з’яўляюцца бактэрыяльныя штамы — прадуцэнты біялагічна актыўных рэчываў, — расказвае Ірына Мікалаеўна. — Гэта ўнікальныя штамы, якімі мы ганарымся. Зараз у нашых планах — стварыць прэпарат па індукцыі сістэмнай устойлівасці раслін. Гэта аналаг вакцынацыі ў чалавека. Стаіць задача прэвентыўнага ўздзеяння на расліны, каб яны набылі ўстойлівасць да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Дыдактыка вучэбнага даследавання

Звычайна, звяртаючыся да інавацыйнай дзейнасці, мы гаворым пра яе вынікі або анансуем пачатак інавацыйнага праекта. На “кухню” практычна ніхто не пускае, бо прамежкавыя вынікі могуць не ўражваць. Але гэта цалкам нармальна: не можа новае адразу падысці ўсім. Тут як з абноўкай: яна табе патрэбна, падабаецца і падыходзіць, але пачуццё няўпэўненасці ўсё роўна ўзнікае. Інавацыйны праект прымервае на сябе калектыў педагогаў і вучняў, але з сумненнямі даводзіцца змагацца разам. Перамагае калектыўны розум.

У сярэдняй школе № 2 Чавусаў Магілёўскай вобласці стадыю прыняцця інавацыйнага праекта ўжо прайшлі. У прынцыпе, яе і не было. Некаторую няўпэўненасць усяляла пачуццё педагагічнай адказнасці: трэба адразу рабіць як трэба, а пажадана, каб увогуле ўсё было ідэальна. Насамрэч, выдатна, калі ўдзельнікі інавацыйнага праекта прыходзяць да неабходнасці імі стаць пэўным эвалюцыйным шляхам.
Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання навучэнцаў (прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла)” пачаў рэалізоўвацца ў другой школе Чавусаў не проста так. Напярэдадні гэтая навучальная ўстанова не адзін год дэманстравала добрыя вынікі сваіх вучняў на навукова-практычных канферэнцыях. Цяпер, у рамках існавання інавацыйнага праекта, юныя даследчыкі ўзняліся яшчэ на прыступку вышэй.
Як заўважыла кіраўнік інавацыйнага праекта дырэктар школы Наталля Сцяпанаўна Кірпічова, зараз даследчыцкая дзейнасць іх школьнікаў арганізавана больш сістэмна. Акрамя таго, кансультантамі інавацыйнага праекта з’яўляюцца кандыдат педагагічных навук загадчык кафедры фізікі і тэхнічных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Віктар Міхайлавіч Кротаў і старшы выкладчык кафедры фізікі і тэхнічных дысцыплін гэтага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Дарасевіч.
Праект стартаваў у 2014 годзе і працягнецца да 2017-га. У ім удзельнічаюць дырэктар установы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, чатыры педагогі-прадметнікі, педагог-псіхолаг. Інавацыйнай дзейнасцю ахоплены 87 навучэнцаў цяпер ужо 8—10 класаў.
Для якаснай рэалізацыі праекта ў школе маецца дастатковы кадравы патэнцыял. Створаны матэрыяльна-тэхнічныя, навукова-метадычныя, інфармацыйныя і псіхолага-педагагічныя ўмовы, але недастаткова ўкамплектаваны кабінеты біялогіі, хіміі. Работа з педагагічнымі кадрамі будавалася на аснове асобасна арыентаванага падыходу з дапамогай арганізацыйна-метадычнага суправаджэння. Створаны ўмовы для ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагогаў праз удзел у семінарах, канферэнцыях, конкурсах.
— Навізна праекта ў тым, што ў яго рамках арганізавана самастойная пазнавальная вучэбная дзейнасць кожнага вучня праз актыўнае планаванне, выкананне і аналіз сістэмы вучэбных даследаванняў, накіраваных на адкрыццё прадметных ведаў праз дзейнасць у групе, парах, і ўзаеманавучанне пры сацыялізацыі атрыманых вынікаў.
Мэтай інавацыйнага праекта з’яўляецца стварэнне і апрабацыя дыдактычнага забеспячэння фарміравання ў вучняў сярэдняй школы даследчай кампетэнцыі (бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзы, даваць вызначэнні паняццяў, класіфікаваць, назіраць, праводзіць доследы, абагульняць, рабіць высновы, тлумачыць, даказваць і абараняць свае ідэі), развіццё ў іх цікаўнасці і пошукавай актыўнасці пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла.
Для таго каб сфарміраваць усвядомленыя і трывалыя веды, уменні і навыкі, неабходна зрабіць так, каб у вучняў да вучэбнай дзейнасці было актыўнае стаўленне. Для фарміравання такога стаўлення ў адукацыйным працэсе мэтазгодна выкарыстоўваць камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі, у тым ліку такія, што прадугледжваюць розныя віды і тыпы дыферэнцыяцыі вучэбнага працэсу (парныя і групавыя формы заняткаў, спаборніцтвы, конкурсы і г.д.).
Канцэпцыямі вучэбных прадметаў “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія” былі вызначаны найбольш дзейсныя педагагічныя тэхналогіі, якія ўключаюць практычна значную для навучэнцаў дзейнасць, звязаную з выбарам дзеянняў, самостойным выкананнем розных відаў работ на аснове як зададзеных алгарытмаў, так і ўласна праектаваных спосабаў вырашэння вучэбных і практычных задач, — адзначыла кіраўнік інавацыйнага праекта Наталля Сцяпанаўна Кірпічова.
У ходзе рэалізацыі любога праекта ўзнікаюць цяжкасці. Былі яны і ў сярэдняй школе № 2 Чавусаў, дзе педагогі — удзельнікі інавацыйнага праекта — адзначалі свае праблемы. У некаторых узнікалі сумненні пры ўключэнні ў інавацыйную дзейнасць у адукацыйным працэсе, адзначалася наяўнасць прафесійных цяжкасцей і недахоп педагагічнай кампетэнтнасці асобных педагогаў, гаварылася пра верагоднасць пераацэнкі адукацыйных вынікаў праекта, неабходнасць пераарыентацыі дзейнасці навучэнцаў у рамках прадметнага навучання на індывідуальныя, парныя, групавыя віды дзейнасці даследчага, пошукавага, творчага плана, няпоўнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы па біялогіі, хіміі.
Шляхамі вырашэння праблем і страхаў, якія ўзнікаюць, сталі выразныя кіруючыя, паэтапныя дзеянні, прафесійны дыялог, уключэнне сістэмы стымулаў для педагогаў. Была створана творчая група з ліку педагогаў, матываваных на інавацыйную дзейнасць, з пазітыўным стаўленнем да праектнай дзейнасці. Акрамя таго, вялікая ўвага была ўдзелена арганізацыі павышэння кваліфікацыі для той часткі калектыву, якая была гатова да пераходу на інавацыйную дзейнасць, былі наладжаны кансультацыі, прафесійны дыялог, адбывалася сістэматычнае выкарыстанне праектнай, даследчай, пошукавай дзейнасці на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Праводзіліся псіхалагічныя трэнінгі, навучанне школьнікаў уменню працаваць у камандзе.
У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта арганізавана даследчая дзейнасць педагогаў, вызначаны тэмы даследаванняў. Напрыклад, сярод тэм для даследаванняў па біялогіі прапанаваліся такія, як “Уплыў нікаціну і алкаголю на сардэчна-сасудзістую сістэму”, “Чаму арыстакратаў у мінулым стагоддзі называлі “блакітнай крывёй”, “Першая дапамога пры крывацёках. Донарства, яго значэнне для выратавання жыцця людзей, захоўвання іх здароўя”.
Настаўніца біялогіі Наталля Міхайлаўна Тужыкава адзначае павышэнне пазнавальнай актыўнасці ў вучняў, якія займаюцца на сярэднім узроўні, падчас урока, але самастойная падрыхтоўка да ўрока не дае пакуль патрэбнага выніку. А вось настаўніца фізікі Вольга Віктараўна Сярогіна адзначыла, што мэты, пастаўленыя перад навучэнцамі ў эксперыментальных даследаваннях, дасягнуты, пра што сведчаць выступленні навучэнцаў з дакладамі і прэзентацыямі на ўроках сацыялізацыі. Важнае значэнне мае кабінет фізікі, які ў школе з’явіўся ў кастрычніку 2015 года. Да недахопаў яна аднесла тое, што адзнака навучэнцам не выстаўляецца паўрочна і рэйтынгавая сістэма ацэнкі ў поўнай меры не замяняе звыклы бягучы кантроль.
У рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці педагогам-псіхолагам праводзілася вывучэнне матывацыі навучэнцаў. Калі параўнаць вынікі вывучэння матывацыі на пачатку рэалізацыі праекта, даныя прамежкавага даследавання і даныя на цяперашнім этапе рэалізацыі праекта, можна зрабіць выснову аб тым, што ў ходзе рэалізацыі праекта ў вучняў павышаецца ўзровень матывацыі дасягнення поспеху. На пачатку праекта 72 працэнты навучэнцаў былі матываваныя на поспех, імкнуліся да яго, шмат працавалі для дасягнення поспеху. 28 працэнтаў апытаных былі матываваныя на няўдачу, праяўлялі няўпэўненасць у сабе. Цяпер практычна 90 працэнтаў навучэнцаў матываваныя на поспех.
— У выніку ўкаранення мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання ў адукацыйным працэсе сталі сістэматычна выкарыстоўвацца: метад праектаў (як на ўроках, так і ва пазаўрочнай дзейнасці), арганізацыя вучнёўскіх даследаванняў пры вывучэнні новага матэрыялу на ўроках прыродазнаўчанавуковага цыкла, тэхналогія крытычнага мыслення, “мазгавы штурм”, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для арганізацыі і інфармацыйна-метадычнага суправаджэння праектнай дзейнасці, тэхналогіі Web 2.0 для арганізацыі дыстанцыйнага ўзаемадзеяння “настаўнік-вучань” у праектнай і вучэбнай дзейнасці.
Дынаміка паспяховасці па фізіцы і біялогіі станоўчая. Па хіміі было некаторае зніжэнне паспяховасці, але гэта можна растлумачыць тым, што вучэбны прадмет мае сваю спецыфіку і пачынаецца ў 7 класе, не заўсёды навучэнцы з нізкай паспяховасцю гатовы да выступлення на ўроках сацыялізацыі, не могуць яны працаваць і самастойна. Усё гэта патрабуе і больш зладжанай дзейнасці настаўніка.
У мінулым навучальным годзе былі адкрыты факультатыўныя заняткі па фізіцы і біялогіі ў класах, дзе ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага праекта. Педагогі на занятках супастаўляюць вядомыя заканамернасці і вынікі практычных даследаванняў, вылучаюць гіпотэзы для тлумачэння цяжкасцей у працэсе эксперымента, што спрыяе развіццю вучэбна-кіраўнічых уменняў.
Нашы навучэнцы працягваюць навучанне ў завочнай шматпрадметнай школе па біялогіі і фізіцы Магілёва. Ёсць школьнікі, якіх залічылі ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе яны займаюцца дыстанцыйна. Такія формы работы якраз і спрыяюць арганізацыі самастойнай пазнавальнай вучэбнай дзейнасці кожнага навучэнца з дапамогай актыўнага выканання і аналізу сістэмы вучэбных даследаванняў, накіраваных на адкрыццё прадметных ведаў праз работу ў групе, парах, і ўзаеманавучання.
З мэтай фарміравання даследчых кампетэнцый педагогаў і навучэнцаў працягнута работа па ўключэнні вучняў у даследчую і праектную дзейнасць. У школе працуе навуковае таварыства “Алімпія”, у якое ўвайшлі навучэнцы 3—11 класаў. Настаўнікі біялогіі арганізавалі пазакласную работу па біялогіі. Навучэнцы 8-х класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі клуба “Крылаты дазор” пры прыродаахоўнай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Такі від дзейнасці дазваляе выконваць і ацэньваць вынікі эксперыментаў, вылучаць гіпотэзы і будаваць мадэлі, прымяняць атрыманыя веды для тлумачэння разнастайных з’яў і ўласцівасцей; ацэньваць дакладнасць прыродазнаўчай інфармацыі; выкарыстоўваць прадметныя веды ў праектнай дзейнасці, што з’яўляецца адной з асноўных мэт і задач вучэбных прадметаў прыродазнаўчага цыкла, — адзначыла Наталля Сцяпанаўна Кірпічова.
Усе ўдзельнікі інавацыйнага праекта адзначаюць эфектыўнасць гэтай мадэлі. Фарміруецца даследчая кампетэнцыя вучняў, развіваецца цікавасць і пошукавая актыўнасць пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага цыкла. Павышаецца функцыянальная пісьменнасць педагогаў, узровень навукова-метадычнай падрыхтоўкі, яны ўсё часцей выкарыстоўваюць тэхналогію вучэбнага даследавання.
Разам з тым узнікаюць праблемы, цяжкасці пры дасягненні меркаванага канчатковага выніку. У прыватнасці, недастаткова сфарміравана самастойнасць навучэнцаў, больш камфортна навучэнцы адчуваюць сябе пад знешнім кантролем педагога. Выяўляецца недахоп ведаў школьнікаў у галіне фізікі, біялогіі, недастаткова сфарміравана патрэба і ўменне практычнага мадэлявання, узнікаюць цяжкасці і ў арганізацыі практычнай дзейнасці навучэнцаў. Тым не менш інавацыйны праект працягваецца і развіваецца. І цяпер ён не толькі прывабны. Яго ўдзельнікі сталі больш матываванымі на поспех і ўпэўненымі ў неабходнасці далейшага росту. Новая “сукенка” не толькі падышла, але і натхніла.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Палудзікультура: гаспадаранне з клопатам пра будучыню

Нядаўна ў Беларусі адбылася адна важная падзея, якую айчынныя СМІ практычна пакінулі па-за ўвагай, між тым яна мела даволі вялікі міжнародны рэзананс, прынамсі, у навуковых колах. На торфабрыкетным заводзе “Лідскі” была ўрачыста адкрыта пелетная лінія, дзе паліва будзе вырабляцца не з торфу, а з балотнай расліннасці. Цікавасць да гэтай падзеі праявілі вучоныя з Германіі, Галандыі, Славакіі, Літвы і іншых краін, якія перакананы, што беларускі вопыт можа быць карысны для ўсіх тэрыторый, дзе ёсць выпрацаваныя тарфянікі.

Адкрыццё пелетнай лініі стала чаканым вынікам рэалізацыі маштабнага праекта пад назвай “Энергія балот”, які на працягу трох гадоў ажыццяўляўся беларускімі і нямецкімі вучонымі і практыкамі пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. Разам працавалі прадстаўнікі нямецкага фонду Міхаэля Зукава, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ, Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і торфабрыкетнага завода “Лідскі”.
За гэты час была праведзена вялікая работа, звязаная з вывучэннем наступстваў забалочвання выпрацаваных тарфянікаў і распрацоўкай рэкамендацый па вытворчасці біямасы для вырабу паліўных пелет. Асноўная ж задача, якая стаяла перад удзельнікамі праекта, — забяспечыць устойлівае кіраванне тарфянікамі, каб не толькі атрымаць дадатковыя энергарэсурсы, але і садзейнічаць рэабілітацыі балот.
“Папросту кажучы, на тэрыторыях, дзе выняты торф, зноў падымаецца ўзровень вады і балотную расліннасць (трыснёг, асаку) можна скошваць і перапрацоўваць у паліўныя пелеты, — тлумачыць каардынатар праекта “Энергія балот” Алег Сівагракаў. — Такім чынам, для энергетычных мэт выкарыстоўваецца аднаўляльная крыніца энергіі, што цягне за сабой цэлы шлейф пазітыўных наступстваў для сацыяльна-эканамічнага развіцця і прыроды. Так, эксперты адзначаюць істотнае скарачэнне эмісіі парніковых газаў ад такой дзейнасці, дзякуючы чаму можна замарудзіць змяненне клімату. Плюс эканамічная і сацыяльная аддача ад “зялёнай эканомікі”: прыбытак прадпрыемствам і захаванне рабочых месцаў. Адначасова знізіцца верагоднасць пажараў і палепшыцца водны рэжым тэрыторый (як вядома, праблема пітной вады ўсё больш актуалізуецца ў шэрагу раёнаў Беларусі). Забалочванне і ўкараненне палудзікультуры — балотнай гаспадаркі на прынцыпах устойлівага развіцця — спрыяльна адаб’юцца і на біяразнастайнасці балотных тэрыторый”.
Праект “Энергія балот” коштам больш як 1,5 млн еўра на 80% фінансаваў Еўрапейскі саюз. Значная сума грошай пайшла на набыццё спецыяльнай сельскагаспадарчай тэхнікі для ўборкі, перавозкі, пагрузкі і драбнення біямасы, а таксама ангара для яе захоўвання і, вядома, пелетнай лініі. Дарэчы, з яе адкрыццём на торфабрыкетным заводзе “Лідскі” з’явілася 6 новых рабочых месцаў.

Верагодна, супрацоўніцтва торфабрыкетнага завода “Лідскі” з навуковымі партнёрамі будзе прадаўжацца і пасля завяршэння праекта. Так, у вучоных Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук даўняя цікавасць да дакудаўскіх багнаў; тут яны знаходзяць унікальны матэрыял для даследаванняў і навуковых публікацый, а таксама тэмы для дысертацый. Прадстаўнікі фонду Міхаэля Зукава таксама выказалі надзею на працяг супрацоўніцтва, незалежна ад таго, у якіх рамках яно будзе ажыццяўляцца. Для Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ торфабрыкетны завод “Лідскі” ўвогуле з’яўляецца базай для практычнай падрыхтоўкі студэнтаў і магістрантаў; некалькі студэнтаў падрыхтавалі тут свае курсавыя і дыпломныя праекты.
Нездарма на выніковай канферэнцыі па праекце “Энергія болот” прагучала прапанова адкрыць на базе торфабрыкетнага завода “Лідскі” міжнародны навукова-вучэбны цэнтр для экспертаў і студэнтаў. Тут ёсць адпаведныя напрацоўкі, не кажучы ўжо пра пляцоўку, што прадастаўляе завод, — неабсяжныя багны, якія чакаюць сваіх даследчыкаў і аднаўляльнікаў.
“Навука без практыкі немагчымая, — заўважыў дырэктар торфабрыкетнага завода “Лідскі” Іван Залескі. — Мы запрашаем студэнтаў на практыку, каб яны змаглі на свае вочы ўбачыць, што такое балоты, “памацаць” іх рукамі і падумаць, што можна зрабіць для іх устойлівага выкарыстання, аднаўлення і захавання”.
Дарэчы, удзельнікам канферэнцыі, якія прыехалі на цырымонію адкрыцця пелетнай лініі, таксама прапанавалі наведаць балота. Гэтае падарожжа ў глыб тарфянікаў па тэхналагічнай вузкакалейцы ў старэнькім вагончыку атрымалася вельмі сюррэалістычным. Уявіце: дождж, слота і дарога — усяго адна каляіна. Цікава, што вучоныя (і нашы, і еўрапейскія) адчувалі сябе ў гэтай сітуацыі вельмі звыкла. Дагэтуль яны абхадзілі не ад зін гектар балот — што ім лістападаўскі дождж?!

Цырымонія адкрыцця пелетнай лініі была вельмі хвалюючай, асабліва для ўдзельнікаў праекта. Тры гады цікавай сумеснай работы на балоце Дакудаўскім павінны былі матэрыялізавацца ў рэальны прадукт. І гэта не проста пелеты — гэта плён навуковых намаганняў, ініцыятывы, веры ў поспех розных людзей па абодва бакі мяжы.
“Я не магу дачакацца, калі мы, нарэшце, уключым гэты апарат, — заўважыў, стоячы перад чырвонай стужкай, Вендэлін Віхтман, каардынатыр праекта з фонду Міхаэля Зукава. — Дзякуючы канструктыўнаму супрацоўніцтву з лідскім прадпрыемствам і яго дырэктарам, у нас усё атрымалася. Прыемна адзначыць, што прадстаўнік тарфяной галіны прадэманстраваў сваю адкрытасць да новых тэхналогій і новых падыходаў у вытворчасці”.
“Пелетная лінія, як і іншая тэхніка для збору і перапрацоўкі балотнай расліннасці, была набыта за грошы Еўрапейскага саюза, — заўважыла прадстаўніца дэлегацыі ЕС у Рэспубліцы Беларусь Аўдронэ Урбанавічутэ. — Для нас гэта вельмі важны праект, бо ён звязаны з устойлівым развіццём балот і выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі. Спадзяёмся, што ён будзе паспяховым і дапаможа лідскаму рэгіёну эканамічна”.
Пра важнасць падобных праектаў гаварыў і прафесар Ханс Юстэн з фонду Міхаэля Зукава, які толькі што прыбыў з Інданезіі. “У гэтай краіне зараз гарыць 2 млн га тарфянікаў, дым стварае праблемы нават суседнім краінам. У бальніцах знаходзяцца тысячы людзей. Па папярэдніх ацэнках, шкода ад пажараў ацэньваецца ў 16 млрд долараў. На ўрадавыя нарады па гэтай праблеме з’язджаюцца эксперты з усяго свету, і ўсе схіляюцца да неабходнасці паўторнага забалочвання тарфянікаў. Пры гэтым спецыялісты пастаянна згадваюць Беларусь як краіну, што мае ўнікальны вопыт у такой дзейнасці. Таму зараз вельмі шмат вачэй глядзіць у бок лідскага прадпрыемства, якое дэманструе, што выпрацаваныя тарфянікі можна ператварыць у рэальную крыніцу даходаў. Гэта можа стаць сапраўдным прарывам для сусветнай навукі”.
Аўтарытэтны вучоны ў галіне балотазнаўства акадэмік НАН Беларусі Мікалай Бамбалаў на цырымоніі адкрыцця пелетнай лініі не хаваў сваёй радасці.
“Мы ўсе зараз з’яўляемся сведкамі пачатку новага этапу ў развіцці беларускай навукі аб торфе і беларускай тарфяной прамысловасці, — заявіў акадэмік. — І калі раней казалі пра балотазнаўства, то зараз пачынае развівацца балотаводства. У Беларусі выдатна прадстаўлена экалагічнае балотаводства — толькі на лідскіх землях адноўлена амаль 5 тысяч га балот. У нас развіваецца агранамічнае балотаводства — вырошчванне журавін, дурніц, чарніц. І вось сёння пачынаецца новы напрамак — энергатэхналагічнае балотаводства. Спыніць гэты працэс ужо немагчыма. Чалавечы прагрэс пойдзе па шляху біясферна сумяшчальнага выкарыстання балот: так, каб захоўваліся багны і прырастала энергія. Гэта надзвычай выгадна. Самая дасканалая батарэя — зялёны ліст, што ўлоўлівае сонечную энергію і пазней ператвараецца ў арганічнае рэчыва, якое можна эфектыўна выкарыстоўваць. Гэта не знясільвае прыроду, а, наадварот, дазваляе ёй няспынна аднаўляцца”.
Усе ўдзельнікі цырымоніі, адзначаючы навукаёмістасць праекта “Энергія балот”, падкрэслівалі, што яго рэалізацыя стала магчымай у многім дзякуючы дырэктару торфабрыкетнага завода “Лідскі” Івану Залескаму. “Нашаму праекту пашанцавала, што яго спажыўцом аказаўся вялікі ініцыятар і наватар”, — заўважыў былы рэктар Сахараўскага ўніверсітэта цяпер прафесар БНТУ Сямён Кундас.
Ні намаганні вучоных, ні грошы Еўрасаюза не прынеслі б такога добрага плёну, калі б не інавацыйная смеласць, адкрытасць і вера ў поспех дырэктара торфабрыкетнага завода “Лідскі”. Іван Залескі, дарэчы, не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ён падзяліўся планамі і расказаў, што мае на мэце вырабляць на сваім заводзе будаўнічыя матэрыялы, а таксама развіваць на выпрацаваных тэрыторыях экалагічны турызм.

P.S. Зараз, калі цэны на вуглевадароды няўхільна (і відаць, што надоўга) пайшлі ўніз, знойдзецца, напэўна, шмат людзей, якія спытаюць: “Навошта?” Навошта прыкладаць навуковыя намаганні і рабіць фінансавыя ўкладанні ў тое, каб займацца балотаводствам, калі нафта і газ сталі такімі таннымі? Навошта перапрацоўваць трыснёг, пілавінне, галлё, трэскі, калі ёсць такія зручныя краны на нафта- і газаправодах? І гэта не толькі наша, але і сусветная тэндэнцыя: цікавасць да аднаўляльных крыніц энергіі змяншаецца прапарцыянальна зніжэнню цэн на вуглевадароды.
У сувязі з гэтым хочацца прывесці словы прафесара Ханса Юстэна: “Нам перш за ўсё трэба перапрацаваць нашы мазгі, каб людзі на ўсіх узроўнях разумелі: усё гэта мае карысць на доўгі час. Нават калі палудзікультура і не прынясе вялікіх прыбыткаў, яе важна развіваць хаця б з той прычыны, што яна паляпшае экалогію і спрыяе ўстойліваму развіццю рэгіёна. Таму палудзікультура павінна мець дзяржаўную падтрымку”.
Па вялікім рахунку, нашым нашчадкам будзе ўсё роўна, колькі каштавалі нафта і газ у ХХІ стагоддзі. Ім будзе важна, што яны атрымаюць у спадчыну, — выпрацаваную пустэльню або зялёныя балоты і лясы, паўнаводныя рэкі, птушыны спеў. Удзельнікі праекта “Энергія балот” выбіраюць экалагічны шлях.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Усяслава РАКОВІЧА.

З тропікаў у Беларусь

Мадагаскарскія тараканы, розныя віды ўсходнеафрыканскага смаўжа Ахаціна і цэнтральнаамерыканскія павукі. Гэта толькі некаторыя прыклады трапічных жывёлін, якіх, як плануецца, будуць вырошчваць у Беларусі ў прамысловых маштабах у медыцынскіх, сельскагаспадарчых, парфумерных і нават харчовых мэтах. Пытаннем іх выгаднага ўтрымання ў лабараторных умовах займаюцца ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

У дамах некаторых беларусаў гэтыя жывёліны таксама жывуць — на правах экзатычных свойскіх гадаванцаў. Праўда, іх гаспадары часта нават не падазраюць, што іх любімцы валодаюць выключнымі якасцямі, аб чым дакладна ведаюць у Навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах. Таму ў навуковай установе працуюць над тым, каб іх развядзенне ў вялікай колькасці стала эканамічна мэтазгодным.
“Мы падалі заяву на стварэнне спецыялізаванай базы даных відаў, якія могуць стаць крыніцай біялагічна актыўных рэчываў, крыніцай сыравіны. Для кожнага віду будуць прапрацоўвацца эканамічна прымальныя ўмовы іх культывавання і выкарыстання”, — адзначыў Алег Ігаравіч Барадзін, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах. Тропікі — гэта ўнікальны з пункту гледжання біярэсурснай значнасці рэгіён, патлумачыў суразмоўца. Так, мадагаскарскія тараканы маюць моцнае хіцінавае покрыва, якое з’яўляецца багатай крыніцай хітазана — рэчыва, якое актыўна прымяняецца як у медыцыне, так і ў парфумерыі. Хітазан уваходзіць, напрыклад, у склад шыўных медыцынскіх матэрыялаў для ўнутраных органаў, якія не трэба выдаляць, бо яны самі разыходзяцца.
“Як толькі мы заявілі, што ёсць магчымасць атрымліваць хітазан, да нас адразу прыйшлі прадстаўнікі бізнесу, якія гатовы яго закупляць”, — расказаў Алег Ігаравіч.
Праўда, не ўсё так проста, як падаецца на першы погляд, і навукоўцам ёсць над чым падумаць. Так, чым інтэнсіўней афарбаваны мадагаскарскі таракан, тым складаней выдзеліць хітазан, а гэта, адпаведна, павышае сабекошт яго вытворчасці. Таму адна з задач праекта — стварыць асобіны з мінімальным утрыманнем цёмнага пігменту меланіну. Іншымі словамі, вывесці альбіносавыя формы. Ёсць і яшчэ адзін варыянт — паспрыяць ліньцы асобін, пакуль меланін не паспеў сканцэнтравацца ў покрыве. І ў гэты час іх перапрацоўваць.
Работа ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах на гэтым не заканчваецца. Тут спадзяюцца, што з дапамогай некаторых жывёлін можна будзе ўтылізоўваць упакоўкі.
“Мы шукаем істот, якія змогуць перапрацаваць цэлюлозу, кардон ва ўпаковачных пакетах, і ў нас ёсць пэўныя ідэі наконт гэтага. Калі яны будуць рэалізаваны, нам не спатрэбіцца спецыяльнае абсталяванне. Усё зробяць гэтыя жывёліны. Дастаткова будзе мець ёмістасці, дзе будуць падтрымлівацца неабходныя для іх існавання ўмовы”, — патлумачыў Алег Ігаравіч.
“Наконт ёмістасцей… Мая мара — ствараць клімакамеры, максімальна ізаляваныя ад умоў навакольнага асяроддзя — надвор’я, працягласці светлавога дня. Клімакамеры, у якіх усе ўмовы рэгулюе чалавек”, — удакладніў суразмоўца.
Даказана, што жывёліны абавязкова адрэагуюць на змяненне працягласці светлавой хвалі, не гаворачы ўжо пра змену дня і ночы ў розных камбінацыях. Такім чынам, можна штучна спрыяць развіццю неабходных уласцівасцей ці рэчываў.
“Вывучэнне гэтага напрамку таксама вельмі перспектыўнае. Зараз у нас рыхтуецца магістарская дысертацыя па адпрацоўцы такіх метадаў для гіганцкіх смаўжоў”, — падзяліўся Алег Ігаравіч.
У Навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах ствараюць ідэальныя лабараторныя ўмовы для жывёлін. Для павышэння эканамічнага эфекту прыбіраюць усе негатыўныя фактары (хваробы, драпежнікаў). Тут няма такой барацьбы за жыццё, як у прыродзе. Так, у прыродным асяроддзі, напрыклад, выжыла б 10% асобін, у штучных умовах выжывае 90%.
У навуковай установе патэнцыял бачаць і ў вырошчванні смаўжоў, у прыватнасці, некаторых відаў гіганцкага афрыканскага землянога смаўжа, ці Ахаціны. У першую чаргу з харчовай мэтай. Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах, іх мяса надзвычай смачнае. Не выключана, што праз пэўны час такі далікатэс можна будзе заказаць у рэстаранах краіны.“Гэта высокая кулінарыя. Мы жывём не ў тым свеце, дзе вялікі клопат выклікае той факт, што нам трэба нешта паесці, як гэта было раней. Не выключана і тое, што людзям прыйдзецца адмовіцца ад эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Да таго ж калі ў будучыні чалавецтва будзе ствараць замкнутыя экасістэмы кшталту касмічных караблёў, то там спатрэбяцца аб’екты невялікага памеру”, — патлумачыў суразмоўца.
Аднак смаўжы цікавяць навукоўцаў не толькі з харчовага пункту гледжання. Вядома, што ў слізі гэтых істот утрымліваюцца рэчывы, якія аднаўляюць скуру, зажыўляюць мікрапарэзы. Створаныя на аснове гэтай слізі прэпараты ўжо выпускаюцца ў свеце.
“Ёсць шмат відаў Ахаціны. Аднак не ўсе іх мэтазгодна разводзіць. Некаторыя адкладваюць яйкі раз у паўгода, і толькі 20 штук. Нас, навукоўцаў, цікавяць віды, якія размнажаюцца актыўна. Да такіх адносіцца сеткаватая Ахаціна, якая адкладвае каля 400 яек кожныя 2 месяцы”, — адзначыў Алег Ігаравіч.
Дарэчы, з сеткаватай Ахацінай звязаны многія яго ўспаміны. Дзякуючы яе спакойнаму нораву, тады яшчэ малады аспірант утрымліваў гэтых жывёлін у сябе дома дзеля даследавання. Неяк смаўжам удалося збегчы з кантэйнера, дзе яны жылі. Іх уцёк выліўся ў з’едзеную пабелку на палове столі ў кухні.
“Ім вельмі неабходны мел для пабудовы ракавіны. Аднак яны не ядуць школьную крэйду. Ім не падабаюцца дабаўкі”, — усміхаючыся, расказаў Алег Ігаравіч.
У Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах актыўна вывучаюць і павукоў — аналізуюць іх таксіны для фармацэўтыкі, касметычнай сферы і медыцыны. Даследуюць і розных чарвякоў.
“У наша поле зроку трапляюць жывёліны, якія, калі нават па нейкіх прычынах і трапяць у навакольнае асяроддзе, не прыжывуцца і не нанясуць шкоду прыродзе і чалавеку”, — удакладніў суразмоўца.
Так, некаторыя краіны ЕС не дазваляюць завозіць на сваю тэрыторыю пэўныя трапічныя віды, таму што яны могуць стаць пераносчыкамі захворванняў. Айчыннае заканадаўства таксама патрабуе ўзгаднення работы навукоўцаў з экзатычнымі відамі.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Тэкстыль заўтрашняга дня, або Фантастыка, увасобленая ў рэальнасць

Навуковыя школы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — яркая старонка ў гісторыі айчыннай навукі. Даследаванні віцяблян добра вядомы як у нашай краіне, так і за мяжой. Іх распрацоўкі маюць велізарнае практычнае значэнне і знаходзяць шырокае прымяненне ў вытворчасці. Заснавальнікам адной з самых аўтарытэтных школ з’яўляецца выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук, прафесар ВДТУ і ганаровы доктар Маскоўскага тэкстыльнага ўніверсітэта Аляксандр Коган.

Звыш 40 гадоў гэты знакаміты вучоны і педагог узначальваў кафедру прадзення натуральных і хімічных валокнаў. Пад яго кіраўніцтвам абаранілася больш за 30 кандыдатаў і 2 дактары тэхнічных навук, у тым ліку рэктар ВДТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Валерый Башметаў і пераемнік Аляксандра Рыгоравіча на пасадзе загадчыка кафедры (якая пасля структурнай рэарганізацыі пераўтворана ў кафедру тэхналогіі тэкстыльных матэрыялаў), доктар тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Рыклін.
Школа Аляксандра Когана цесна ўзаемадзейнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і прадпрыемствамі краіны. Даследаванні вучонага і яго паслядоўнікаў звязаны найперш з распрацоўкай новых тэхналогій для лёгкай прамысловасці. — Па лініі супрацоўніцтва з Акадэміяй навук мы вывучаем магчымасці выкарыстання ў тэкстыльнай прамысловасці токаў ЗВЧ, інфрачырвоных выпраменьванняў, — расказвае Аляксандр Рыгоравіч. — Вялікая колькасць даследаванняў з канкрэтным практычным прызначэннем непасрэдна закранае нанатэхналогіі: пасля нанясення наначасціц на розныя віды тэкстыльных вырабаў матэрыялы набываюць унікальныя зададзеныя ўласцівасці.
Асаблівую цікавасць уяўляе здольнасць нанапакрыцця адлюстроўваць інфрачырвонае выпраменьванне. Вучоным ВДТУ ўдалося атрымаць шэраг узораў тканін, у тым ліку з антыстатычным, экраніруючым, бактэрыястатычным і бактэрыцыдным, электраправодным эфектам. Здавалася б, навошта патрэбна тканіна, якая праводзіць электрычны ток? Між тым гаворка ідзе аб магчымасці выпуску спецвопраткі для работы пры нізкіх тэмпературах, адзення і абутку з падагрэвам, грэлак. Пацверджана, што прымяненне сурвэтак са спецыяльным пакрыццём паскарае працэс зажыўлення ран у 2,5 разу, і даследаванні ў гэтым напрамку працягваюцца.
— Нашы распрацоўкі арыентаваны на вытворчасць, практычнае ўкараненне, — падкрэслівае Аляксандр Коган. — Значная работа праведзена і праводзіцца для Аршанскага льнокамбіната — гэта тычыцца стварэння ахоўнатаніраванага лёну, перапрацоўкі кароткага і доўгага валакна, стварэння скарочаных сістэм прадзення, выкарыстання вылічальнай і іншай сучаснай тэхнікі ў тэхналагічным працэсе. Па сутнасці, мы распрацоўваем новую методыку ацэнкі якасных паказчыкаў ільновалакна (а ў перспектыве не толькі яго). Плённа працуем з цэлым шэрагам гродзенскіх прадпрыемстваў — тут аб’ектамі даследаванняў выступаюць як швейныя ніткі, катаніраваны лён, так і бавоўнаполіэфірная пража, новы асартымент пражы. Для магілёўскага ААТ “Магатэкс” распрацавалі тэхналогію вытворчасці матэрыялаў, якія адлюстроўваюць сонечнае і іншыя віды выпраменьванняў. Яны таксама даволі запатрабаваныя, у тым ліку ў абароннай прамысловасці (напрыклад, эфект адлюстравання дазваляе пашыць касцюм-“невідзімку”) і ў вытворчасці спецыяльнай вопраткі і абсталявання для ратавальнікаў. Для мінскага ААТ “Сукно” і Віцебскага футравага камбіната стварылі тэхналогію па выкарыстанні адходаў вытворчасці.
Актуальны заклік ператварыць адходы ў прыбытак дакладна ілюструе цэлы напрамак дзейнасці навуковай школы. Вядома, што на тэкстыльных прадпрыемствах у працэсе апрацоўкі валакністых матэрыялаў частка з іх, напрыклад, кароткае валакно, ачоскі, ідзе ў адходы. У большасці выпадкаў на перапрацоўку ідуць адходы пражы даўжынёй больш за 25 міліметраў, а калі яны меншай даўжыні, то проста складзіруюцца, ствараючы эканамічную і экалагічную праблему. Дзякуючы распрацоўцы віцяблян, такое валакно пасля ачышчэння ад прымесяў можна выкарыстаць паўторна, у іншай сістэме прадзення. Надзвычайную цікавасць уяўляе сабой прапанаваны спосаб перапрацоўкі тэкстыльных хімічных адходаў у кампазіцыйныя будаўнічыя матэрыялы.
— Рэалізацыя тэхналогіі атрымання аргана-сінтэтычных кудзелістых пліт дазволіць пашырыць асартымент будаўнічых матэрыялаў з высокімі фізіка-механічнымі паказчыкамі, — тлумачыць мой суразмоўца. — Мы распрацавалі аптымальны склад кампазіцыйнай сумесі, які забяспечвае аптымальныя фізіка-механічныя ўласцівасці атрыманага будаўнічага матэрыялу. Прычым па сваіх спажывецкіх характарыстыках ён лепшы за аналагі і, што немалаважна, на парадак больш танны. Новыя тэхналогіі накіраваны і на пашырэнне асартыменту аддзелачных матэрыялаў. Яны дазваляюць наносіць на розныя паверхні (ад тканіны, пліт ДВП і ДСП да бетонных пакрыццяў і гіпсакардону) адходы футравай, дывановай, трыкатажнай вытворчасці, што раней падлягалі ўтылізацыі. У выніку маем інавацыйны дэкаратыўны матэрыял з высокай устойлівасцю да сцірання, уздзеяння ультрафіялетавых прамянёў і вільгаці, з добрымі цепла- і гукаізаляцыйнымі паказчыкамі і, адпаведна, новы асартымент шпалер, тканін з розным пакрыццём шырокага прымянення.
Па словах Аляксандра Рыгоравіча, зараз перад навуковай школай адкрылася шмат новых актуальных напрамкаў. У першую чаргу гэта работа па сертыфікацыі доўгага валакна для Аршанскага льнокамбіната, накіраваная на паляпшэнне якасных паказчыкаў “пярвічкі”. Арыфметыка тут простая: менш якаснай кудзелі — менш якасных тканін, а значыць, менш пакупнікоў, менш ідзе прадукцыі на экспарт, што ў сучасных эканамічных умовах недапушчальна. У тым, што тычыцца перапрацоўкі і выпуску прадукцыі з ільновалакна, вучоныя ВДТУ актыўна супрацоўнічаюць з калегамі з іншых краін. Так, з наступнага года мяркуецца пачаць ажыццяўленне маштабнай праграмы “Лён”, якая аб’яднае акадэміі навук Расіі і Беларусі, установы вышэйшай адукацыі і галіновыя прадпрыемствы дзвюх краін.
— У галіне стварэння кампазіцыйных матэрыялаў, якія шляхам распрацоўкі розных тканін, нятканых матэрыялаў даюць магчымасць атрымліваць абсалютна новыя віды вырабаў, у нас склаліся добрыя сувязі з Казахстанам, — адзначае Аляксандр Коган. — У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўнікальныя тэкстыльныя віды шпалер. На сусветным рынку прадстаўлены тэкстыльныя шпалеры, але такіх, што прапанаваны намі, — тонкіх, з разнастайнымі ўзорамі з шаўковых нітак — практычна няма. Адначасова будуць стварацца тэкстыльныя кампазіцыйныя матэрыялы — тканыя, тонкія, склееныя з нятканым матэрыялам, з поліпрапіленам, нават з паперай. Усе яны могуць з поспехам выкарыстоўвацца ў галантарэйнай і абутковай прамысловасці, вытворчасці вырабаў самага рознага прызначэння. Гэта вельмі перспектыўны напрамак, які абяцае надзвычай цікавыя вынікі.
Каштоўнай практыкай Аляксандр Коган лічыць супрацоўніцтва паміж вучонымі з розных кафедр ВДТУ ( дарэчы, многія з іх — яго былыя выпускнікі). У рабоце шырока задзейнічана вылічальная тэхніка, выкарыстоўваецца камп’ютарнае мадэляванне, інавацыйныя формы дзейнасці.
— На гэты час практычна ўсе прадпрыемствы лёгкай прамысловасці прайшлі мадэрнізацыю і выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі, многія тэхналагічныя працэсы цалкам аўтаматызаваныя. Тым не менш для паспяховага развіцця вытворчасці вырашальным па-ранейшаму застаецца чалавечы фактар, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік навуковай школы. — Я люблю працаваць са стараннымі і захопленымі людзьмі. Страшэнна не люблю гультаёў, таму, калі па жыцці лянуешся, лепш не прыходзь да нас на кафедру. І я глыбока перакананы: самае галоўнае і карыснае, што мы можам зрабіць і робім, — падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў. Прычым ажыццяўляць яе трэба на перспектыву, каб моладзь, якая пойдзе на вытворчасць, ведала не толькі тое, што неабходна інжынеру-тэхнолагу сёння, але і тое, што спатрэбіцца яму заўтра ці паслязаўтра. Толькі так можна дасягнуць каласальных вынікаў. Але, каб ствараць новае, трэба шмат працаваць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Касмічны дом з месячнага пылу

Якія яшчэ магчымасці даюць ЗD-прынтары?

Вы ведаеце, што з дапамогай ЗD- прынтара можна надрукаваць вуха, якое будзе чуць? Ці стварыць прыбор для кантролю якасці пітной вады? А ці чулі вы, што ў Кітаі з дапамогай такой тэхнікі пабудавалі дамы?
“Тут няма нічога выбухнога і нечаканага. Гэта натуральны вынік паслядоўнага развіцця тэхналогій”, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч Філатаў, загадчык лабараторыі сінтэзу і аналізу мікра- і нанаразмерных матэрыялаў, кіраўнік Цэнтра па сертыфікацыі нанаструктураваных матэрыялаў і адначасова намеснік загадчыка аддзялення цеплаабмену і механікі мікра- і нанаразмерных сістэм у Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сяргей Аляксандравіч пагадзіўся расказаць пра сутнасць ЗD-прынтараў і тыя магчымасці, якія яны даюць чалавеку.

Як працуюць ЗD-прынтары?

“Мы прывыклі, што спачатку бярэцца зыходны матэрыял, з якога выразаецца, выточваецца выраб пэўнай формы. Работа 3D-прынтара заснавана на іншых прынцыпах”, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч.
На плоскую аснову пэўным устройствам наносіцца слой парашку. Прамень лазера, святлодыёдны або аптычны механізм паслядоўна перамяшчаецца па паверхні па зададзенай траекторыі. Там, дзе інтэнсіўнасць выпраменьвання была дастаткова высокай, парашок плавіцца. Пасля гэтага машына наносіць наступны слой парашку. І так слой за слоем, пакуль не сфарміруецца ўвесь выраб. Тэхналогіі, на аснове якіх працуюць 3D- прынтары, называюцца адытыўнымі, ад англійскага слова additive — “дабаўленне”.
Выраб у 3D-прынтары можа фарміравацца не толькі з дапамогай выпраменьвання, але і больш класічнымі спосабамі — выцісканнем матэрыялу ці яго распырскваннем. Нягледзячы на розныя спосабы апрацоўкі матэрыялу, працэс работы ўсіх 3D-прынтараў называюць друкаваннем.
“З’явілася перыядычная табліца матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць для друку. У ёй налічваецца больш за 80 найменняў. Гэта могуць быць як цвёрдыя, сыпучыя, так і вадкія матэрыялы. Аднак тыповымі, якія лягчэй за ўсё сустрэць на рынку, з’яўляюцца пластыкі, у тым ліку біяраскладальныя і біясумяшчальныя”, — расказвае Сяргей Аляксандравіч.

Перавагі перад традыцыйнымі тэхналогіямі

Вялікая перавага 3D-друку заключаецца ў тым, што пры гэтым спосабе вырабу амаль не застаецца адходаў. “У авіяцыі ёсць крытэрый якасці, які ўлічвае суадносіны затрачанага на выраб матэрыялу да масы выкарыстанага матэрыялу ў канчатковым прадукце. Тыповыя суадносіны — 20 да 1, — паведамляе Сяргей Аляксандравіч. — Так, на выраб сучаснага самалёта вагой у 10 тон выкарыстоўваецца да 200 тон матэрыялу. З дапамогай адытыўных тэхналогій суадносіны могуць станавіцца блізкімі 1 да 1. Так, кампанія Boeing друкуе прыкладна 22 тысячы найменняў вырабаў для самалётаў”.
На беларускім рынку таксама ёсць фірмы, якія працуюць з 3D-прынтарамі. Такіх прамысловых машын у Мінску налічваецца каля дзесяці. Напрыклад, для стварэння форм, ці, як іх яшчэ называюць, штампаў, для сучасных халадзільнікаў.
Амаль усе ювелірныя вырабы ў нашай краіне, як і ў Расіі, робяцца з дапамогай прататыпаў, створаных на 3D-прынтарах. “Вырабляецца фотапалімерная матрыца. Пасля ацэнкі заказчыкам вырабы могуць выконвацца ў адзіным экзэмпляры, — расказвае Сяргей Аляксандравіч. — Створаная мадэль можа існаваць бязмежна доўга. Яе лёгка мадыфікаваць з дапамогай праграмы праектавання”.
3D-тэхналогіі выкарыстоўваюць і для будаўніцтва жылых дамоў, праўда, не ў нас, а ў Кітаі. Слой за слоем дом выціскаецца па 3D- мадэлі, створанай канструктарам, з бетону, які вельмі хутка цвярдзее.
“Кітай выкарыстаў гэтую тэхналогію для будаўніцтва некалькіх жылых дамоў, каб паказаць, што ў выпадку прыродных катастроф дамы могуць быць хутка адноўлены”, — пракаменціраваў гэты выпадак Сяргей Аляксандравіч.

3D-тэхналогіі на Зямлі…

3D-тэхналогіі не абмінулі і такую жыццёва важную сферу, як медыцына. Самае апошняе дасягненне ў гэтым рэчышчы — стварэнне штучнага вуха, якое ўжыўляецца на месцы страчанага. Спачатку вырошчваецца храсток вуха, для чаго выкарыстоўваюцца ўласныя клеткі пацыента. Далей з дапамогай 3D-прынтара паслойна фарміруецца вуха, якое, гарантуюць навукоўцы, прыжывецца. Для таго каб яно выконвала сваю асноўную функцыю — чалавек мог чуць, у яго ўжыўляецца механічная, часам электрамеханічная сістэма. Па такім жа прынцыпе ствараюцца штучныя нос і вока.
Штучныя часткі твару — не адзіны прыклад выкарыстання 3D-тэхналогій у рэканструктыўнай медыцыне. З іх дапамогай можна аднавіць і тканкі чалавека. Падобныя тэхналогіі існавалі і раней, аднак стварыць трохмерны трансплантант з тканкі донара ці самога пацыента, які б па форме адпавядаў сапраўднаму, дапамагаюць менавіта 3D-прынтары.
“Не думаю, што хутка пачнецца друкаванне органаў чалавека. Тэхналогія будзе развівацца, аднак у найбліжэйшы час за 3D- прынтарамі замацуецца аднаўленчая хірургія як дапаўненне да існуючых тэхналогій, — упэўнены Сяргей Аляксандравіч. — Зараз імплантаты робяць з біясумяшчальных матэрыялаў або з матэрыялаў, якія ў працэсе функцыянавання будуць замешчаны тканкамі чалавека. Такія імплантаты прайшлі выпрабаванні на адпаведнасць стандартам”.
Ёсць яшчэ адзін кірунак, дзе 3D-тэхналогіі сябе добра праявілі, — стварэнне рэчаў для людзей, якія дрэнна бачаць. Зараз у Беларусі і Расіі робяцца паменшаныя копіі гістарычных будынкаў, каб сляпы чалавек мог адчуць, як яны выглядаюць, пакратаўшы іх паменшаную мадэль.
У Беларусі таксама ёсць праект, дзе людзі, аб’яднаўшыся на добраахвотнай аснове, аднаўляюць дэталі паверхні старых гарадскіх будынкаў.

…і ў космасе

3D-прынтары працуюць і для асваення космасу. “Пяць гадоў назад НАСА завяршыла распрацоўку касмічнага дома на Месяцы з месячнага пылу. Гэта дарагі праект для асваення Месяца”, — расказаў Сяргей Аляксандравіч.
Вырабы, якія ствараюцца непасрэдна ў космасе, робяцца з пластмасы. Звязана гэта з тым, што ў космасе пакуль не так проста працаваць з высокімі тэмпературамі, што накладвае пэўныя абмежаванні на вытворчасць.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Беларускія палярнікі вярнуліся дамоў

Пасля 6 месяцаў работы на самым халодным кантыненце Зямлі ў Мінск вярнуліся ўдзельнікі VII Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Адважных даследчыкаў урачыста сустрэлі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Беларускія палярнікі вярталіся ў Мінск дзвюма групамі. Першымі яшчэ ў красавіку авіярэйсам з Аргенціны на Радзіму прыляцелі Аляксей Гайдашоў і Уладзіслаў Мямін. А 20 мая вярнуліся Міхаіл Кароль, Павел Шаблыка і Уладзімір Алфімаў, чый шлях з Антарктыды ў Санкт-Пецярбург на борце навукова-экспедыцыйнага судна “Акадэмік Фёдараў” заняў ажно 1,5 месяца. Следам за імі з Санкт-Пецярбурга ў Мінск накіраваўся грузавік з бясцэнным навуковым грузам.
— Мы бераглі гэты груз, як дзіця, — гаворыць начальнік экспедыцыі Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў. — Хачу сказаць, што не ўсе нашы здабыткі будуць мець выключна навуковае фундаментальнае значэнне. Будуць таксама значныя практычныя вынікі, якія могуць з поспехам выкарыстоўвацца ў розных галінах эканомікі.
Дарэчы, удзельнікі VII Беларускай антарктычнай экспедыцыі праводзілі даследаванні па пяці навуковых напрамках заданняў Дзяржаўнай праграмы “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады”. Яны выпрабоўвалі новыя тэхнічныя сродкі беларускіх распрацоўшчыкаў для дыстанцыйнага зандзіравання прыроднага асяроддзя, вывучалі рэсурсы і кліматычныя ўмовы Антарктыкі, правялі вялікую работу па інжынерным уладкаванні пляцоўкі для ўстаноўкі першых модуляў будучай Беларускай антарктычнай станцыі ў раёне гары Вечаровая.
— Атрыманыя матэрыялы ўжо чакаюць у навуковых лабараторыях, і яны стануць асновай для далейшых даследаванняў, — адзначыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Антонавіч Чыжык. — Гэтыя матэрыялы належыць апрацаваць, асэнсаваць, абагульніць, зрабіць неабходны статыстычны аналіз і аформіць у выглядзе публікацый. Вынікі, якія мы атрымліваем з такіх складаных і маладаследаваных рэгіёнаў Зямлі, малавядомыя і цікавыя ўсяму свету, а таму плануем правесці вялікую міжнародную канферэнцыю. Напэўна, таксама наспеў час выпусціць навуковую манаграфію і, магчыма, навукова-папулярную кнігу, бо ўдзельнікам экспедыцыі сапраўды ёсць што расказаць.
Нязменны начальнік экспедыцыі (з 2006 па 2015 год) намеснік дырэктара Цэнтра палярных даследаванняў Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў правёў за паўднёвым палярным кругам у агульнай колькасці 7 гадоў (і гэта без уліку дарогі). І сёння ўжо можна казаць пра палярную школу Аляксея Гайдашова.
— Кожная экспедыцыя па-свойму асаблівая — і ў прафесійным, і ў кліматычным, і ў маральна-псіхалагічным плане, — расказвае знакаміты палярнік. — Цяперашняя каманда сумленна адпрацавала вахту, большую частку часу аддаючы рабоце. Аднак хачу падкрэсліць, што гэта работа не толькі тымі пяці чалавек, якія былі за палярным кругам. Гэта работа вялікага калектыву — ад лабарантаў да акадэмікаў, якія трымалі з намі пастаянную сувязь і дапамагалі па ўсіх пытаннях. Мы адчувалі неверагодную падтрымку з “вялікай зямлі”.
Аляксей Гайдашоў разгарнуў перад удзельнікамі сустрэчы сцяг Нацыянальнай акадэміі навук, дзе адзначаны ўсе яго перамяшчэнні па Антарктыцы. Разам з палярнікамі ён пабываў у самых складаных умовах, у тым ліку на халадавым полюсе Зямлі, дзе зарэгістравана самая нізкая тэмпература, –92,6 градуса. Да наступнай экспедыцыі гэты сцяг будзе захоўвацца ў Нацыянальнай акадэміі навук.
Што да сцяга Рэспублікі Беларусь, то палярнікі ўзнялі яго над белым кантынентам яшчэ ў 2006 годзе, калі наша краіна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы.
Для навуковага супрацоўніка Інстытута фізікі НАНБ інжынера-радыёметрыста Міхаіла Караля і дацэнта кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ інжынера-эколага Уладзіслава Мяміна цяперашняя палярная экспедыцыя была ўжо трэцяй па ліку. Яны расказалі, што сёлета беларускай камандзе давялося не толькі выконваць уласныя задачы, але і дапамагаць іншым антарктычным экспедыцыям.
— Справа ў тым, што ўзлётна-пасадачная паласа, якая дзейнічала дагэтуль, была забракавана, — расказаў У.Я.Мямін. — Аляксею Аляксандравічу Гайдашову ўдалося адшукаць старую, яшчэ савецкую, паласу, і мы рыхтавалі яе для работы, дапамагалі прымаць замежныя барты.
Зрэшты, дапамагаць іншым — гэта асаблівасць і адна з найважнейшых умоў выжывання ў экстрэмальным асяроддзі. Таму палярнікі працуюць не толькі з навуковымі прыборамі, але часта і з ломам, і з рыдлёўкай. Кожны можа пры неабходнасці замяніць іншага.
Акрамя таго, існуе велізарная адказнасць за ўласнае здароўе. Так склалася, што ў беларускай камандзе няма ўрача, а да расійскай станцыі, напрыклад, дзе можна атрымаць медыцынскую дапамогу, 27 кіламетраў. І здароваму чалавеку адужаць такую дыстанцыю ў суровым антарктычным клімаце вельмі складана! Таму пажаданне на будучыню: увесці ў склад экспедыцыі ўрача, для якога, дарэчы, там знойдзецца шмат работы як у плане навукі, так і ў плане жыццезабеспячэння экспедыцыі.
Уладзіслаў Яўгенавіч Мямін заўважыў, што ён заўсёды з задавальненнем выконвае просьбы калег зрабіць пэўныя замеры, узяць пробы, выканаць невялікія даследаванні.
— Мы кантактуем з рознымі навуковымі ўстановамі і заўсёды можам выканаць для калег пэўную работу, — паведаміў даследчык. — Таму калі ў некага ёсць цікавыя навуковыя ідэі — звяртайцеся, мы можам спецыяльна для вас прывезці пэўныя біялагічныя ўзоры, нейкі спецыфічны матэрыял, правесці патрэбныя вымярэнні. Такая магчымасць ёсць, і гэтым трэба карыстацца.
У той жа час начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў звярнуўся да навукоўцаў з іншай прапановай.
— У Антарктыдзе вялікай праблемай з’яўляецца адсутнасць магчымасці зазямлення, і гэта вельмі сур’ёзна адбіваецца на рабоце як бытавой тэхнікі, так і прыбораў — яны перагараюць і “глючаць”, — паведаміў Аляксей Аляксандравіч. — Калі б вы гэтую праблему вырашылі (не традыцыйнымі метадамі, калі контуры трэба заглыбляць у зямлю ці цягнуць іх за некалькі кіламетраў у мора), то маглі б запатэнтаваць сваё рашэнне і вельмі дорага прадаць яго, бо там, у Антарктыдзе, гэта надзвычай важна.
І, нарэшце, некалькі слоў пра палярнікаў-дэбютантаў. Выпускніку геаграфічнага факультэта БДУ, стажору-даследчыку Інстытута прыродакарыстання НАНБ, інжынеру-геафізіку Паўлу Шаблыку прама на ўрачыстай сустрэчы паабяцалі, што яго павысяць да малодшага навуковага супрацоўніка. Павел літаральна з карабля на баль трапіў на ўрачыстасць і быў не надта мнагаслоўным. А вось інжынер-механік Уладзімір Алфімаў, на жаль, не змог трапіць на сустрэчу.
Затое на фотавыставе, якая разгарнулася ў фае прэзідыума Акадэміі навук, адлюстраваны ўсе пяцёра ўдзельнікаў экспедыцыі. За іх спінамі — неверагодна прыгожыя і суровыя антарктычныя пейзажы і гара Вечаровая, побач з якой у хуткім часе павінна з’явіцца Беларуская антарктычная станцыя. Пасля яе ўзвядзення нашы палярнікі змогуць праводзіць на белым кантыненце не толькі летнія месяцы, але і зімоўкі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Лепшы кіраўнік студэнтаў

Дацэнт кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ Дзмітрый Курловіч нядаўна прызнаны пераможцам конкурсу і ўладальнікам прэміі “Лепшы арганізатар навукова-даследчай работы студэнтаў і аспірантаў БДУ”. У конкурснай барацьбе ён стаў лепшым сярод 28 прэтэндэнтаў.

Студэнты і аспіранты кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм і студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “ГІС-лабараторыя” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Курловіча з 2012 па 2014 год (перыяд, які ўзяло пад увагу журы конкурсу) удзельнічалі ў выкананні 13 навукова-даследчых работ, зрабілі 165 дакладаў на навуковых канферэнцыях (у тым ліку 60 дакладаў на канферэнцыях міжнароднага ўзроўню), падрыхтавалі 125 навуковых публікацый (у тым ліку 1 навуковы дапаможнік, 13 артыкулаў у выданнях, якія ўключаны ў пералік ВАК), прадставілі на конкурсы 53 навуковыя работы (дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 10 работ, II ступені — 9 работ, III ступені — таксама 9 работ), падрыхтавалі 6 актаў укаранення вынікаў навукова-даследчых работ у вытворчасць і 2 акты — у вучэбны працэс.
Дзмітрый Міраслававіч кіруе навукова-даследчай работай студэнтаў кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм з 2008 года. Ён з’яўляецца кіраўніком міжкафедральнай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “ГІС-лабараторыя”. Дарэчы, у 2013 і 2014 гадах яна была прызнана пераможцай у намінацыі “Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя БДУ”. У мінулым годзе “ГІС-лабараторыя” была рэкамендавана саветам БДУ для заахвочвання спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Менавіта Дзмітрый Курловіч вызначае тэматыку навуковых даследаванняў студэнтаў кафедры і студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі геаграфічнага факультэта, штогод складае план іх работы, ажыццяўляе кансультаванне і метадычнае кіраўніцтва індывідуальных даследаванняў студэнтаў і шэрага навукова-даследчых работ, аказвае дапамогу ў асваенні студэнтамі і аспірантамі сучасных навуковых метадаў, ажыццяўляе кантроль за ходам і якасцю іх выканання.
Навуковыя работы студэнтаў кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм адпавядаюць прыярытэтным кірункам даследаванняў не толькі на геаграфічным факультэце БДУ, але і ў краіне. Напрыклад, студэнты бяруцца даследаваць глебы і землі асобных частак Беларусі, вызначаюць геахімічныя асаблівасці ландшафтаў, праводзяць ГІС-аналіз і
3D-мадэляванне прыродных і антрапагенных ландшафтаў і іх кампанентаў, выкарыстоўваюць геаграфічныя інфармацыйныя сістэмы (ГІС) і даныя дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі для картаграфавання прыродных рэсурсаў, тым самым ствараючы гарадскі і зямельны кадастр.
Дзмітрый Міраслававіч лічыць, што работа студэнтаў у асяроддзі ГІС не толькі цікавая з навуковага пункту гледжання, яе можна прымяніць і ў любой іншай галіне. Транспарт, лагістыка, маніторынг надзвычайных сітуацый — усюды запатрабаваны геаграфічныя інфармацыйныя сістэмы.
Дзмітрый Курловіч у свой час стаў ініцыятарам правядзення конкурсаў геаграфічных інфармацыйных праектаў студэнтаў і аспірантаў усіх устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, якія праходзяць у БДУ ў рамках штогадовага святкавання Міжнароднага дня геаграфічных інфармацыйных сістэм (ГІС). Дзмітрый Міраслававіч каардынуе работу рэдакцыйнай камісіі зборніка матэрыялаў студэнтаў і аспірантаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, а таксама рыхтуе гэтыя матэрыялы для электроннай бібліятэкі БДУ. Такую дзейнасць кіраўніцтва геаграфічнага факультэта расцэньвае як новую форму арганізацыі і стымулявання навукова-даследчай работы студэнтаў.
У мінулым годзе Дзмітрый Курловіч выступіў на Рэспубліканскім семінары-нарадзе з дакладам “Арганізацыя работы з адоранай моладдзю”. Адоранай моладдзю Дзмітрый Курловіч якраз лічыць студэнтаў, з якімі ў сваёй выкладчыцкай дзейнасці сустракаецца кожны дзень.

Ганна ЛАГУН.

Справа сапраўдных батанікаў

Якіх прафесійных якасцей яна патрабуе? Адказнасці, ведаў, умення працаваць у камандзе, мэтанакіраванасці, спрыту і смеласці. Пасля блізкага знаёмства са студэнтамі і выкладчыкамі біяфака ВДУ імя П.М.Машэрава становіцца ясна, што распаўсюджаны стэрэатыпны вобраз недарэкі, які за навукай свету белага не бачыць, бясконца далёкі ад рэальнасці. Яшчэ як бачыць — ва ўсёй яго разнастайнасці, уважліва назірае і даследуе навакольнае асяроддзе (у тым ліку і падчас палявых практык і экспедыцый, якія садзейнічаюць падтрыманню актыўнай фізічнай формы), ахоўвае і зберагае прыродныя багацці. А іх у беларускага Паазер’я нямала…

Біялагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава — найстарэйшы факультэт універсітэта, фактычна яго аднагодак. Але, нягледзячы на шаноўны амаль 105-гадовы ўзрост, факультэт малады душой, адкрыты для ўкаранення новых падыходаў, гатовы падтрымаць ініцыятыву творчых і дзёрзкіх, граматных і перспектыўных маладых людзей.
За гады існавання факультэт падрыхтаваў каля 15 тысяч спецыялістаў. Выпускнікі факультэта маюць глыбокія сучасныя прафесійныя веды, якія дазваляюць ім паспяхова рэалізоўваць сябе ў сістэме лясной, паляўнічай, рыбнай, воднай, камунальнай і энергетычнай гаспадаркі, а таксама ў службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, экалагічнай міліцыі, ва ўстановах аховы прыроды і запаведнай справы, камітэтах і інспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у экалагічных і аналітычных лабараторыях прамысловасці і сельскай гаспадаркі розных форм уласнасці. І, безумоўна, у педагогіцы — між іншым, два пераможцы конкурсу “Настаўнік года” (1991 год — Аляксандр Гаўрыленка, 2009 год — Юрый Андрэйчык) вучыліся менавіта тут.
Надзвычай прывабнай перспектывай для маладых біёлагаў з’яўляецца навуковая дзейнасць. Са студэнцкай парты — і праз усё жыццё! Вучэбны працэс і навукова-даследчая работа ажыццяўляюцца ў спецыялізаваных лабараторыях і кабінетах. Вывучэнне матэрыялу праходзіць не толькі ў аўдыторыях універсітэта, але і ў палявых умовах. База для вучэбных палявых практык па батаніцы, заалогіі, геаграфіі і экалогіі “Шчытоўка” размешчана на беразе маляўнічага возера Стрэшна сярод хваёвых лясоў. Тут вядзецца збор батанічных, заалагічных і геалагічных калекцый.
Для вывучэння прыродных працэсаў, расліннага і жывёльнага свету, уздзеяння на іх гаспадарчай дзейнасці чалавека шырока выкарыстоўваюцца палявыя навуковыя стацыянары “Прыдзвінне”, “Асвея”, “Ціёста”, Бярэзінскі біясферны запаведнік, нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, заказнікі і помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Вялікую каштоўнасць для вучэбнай і навукова-даследчай работы маюць аграбіялагічная станцыя “Уланавічы” і база батанічнага саду — па колькасці сабраных відаў раслін ён саступае сталічнаму, аднак на другое месца ў краіне можа смела прэтэндаваць.
Багатая гісторыя ВДУ і аднаго з самых буйных яго структурных падраздзяленняў — біялагічнага факультэта — заўсёды суправаджалася высокім узроўнем навукова-даследчай работы, была і застаецца непарыўна звязанай з імёнамі сусветна вядомых вучоных. Калі ацэньваць паспяховасць універсітэта па паказчыках публікацыйнай актыўнасці выкладчыкаў, то ў мінулым годзе ў базе Расійскага індэкса навуковага цытавання было зарэгістравана 311 выкладчыкаў,1483 іх публікацыі і зафіксавана 5885 спасылак на іх.
Сярод найбольш важных перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў ВДУ — біялагічнае і геаэкалагічнае абгрунтаванне рацыянальнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу і аховы навакольнага свету беларускага Паазер’я (падпраграма “Прыродна-рэсурсны патэнцыял” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял”). У маштабнай рабоце задзейнічаны 23 вучоныя, сярод іх 3 дактары і больш за 10 кандыдатаў навук, аспіранты, магістранты і студэнты.
— Беларускае Паазер’е з’яўляецца ўнікальным прыродным рэгіёнам, — расказвае навуковы кіраўнік задання дэкан біялагічнага факультэта Віталь Кузьменка. — Мы жывём на стыку некалькіх кліматычных зон — таежнай і лясной, лесастэпавай. Таму тут сфарміравалася непаўторная фаўна і флора, цікавая ва ўсіх адносінах біялагічная разнастайнасць. Яе даследаванне праводзілася яшчэ ў пасляваенны час, але планамернае вывучэнне беларускага Паазер’я як рэгіёна пачалося фактычна ў канцы 60-х — 70-х гадах. У 1975 годзе па ініцыятыве першага доктара біялагічных навук у нашым рэгіёне, вучонага са знакамітай навуковай дынастыі прафесара Усевалада Радкевіча пры Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце была ўпершыню створана Праблемная лабараторыя асваення, рэканструкцыі і аховы прыроды беларускага Паазер’я. Сфарміраваўся творчы малады калектыў, у які я меў гонар уваходзіць і членам якога, дарэчы, быў старшыня дзяржкамітэта Беларусі па экалогіі Анатоль Дарафееў. Мы займаліся вывучэннем розных відаў птушак, насякомых, рыб, земнаводных, млекакормячых. Што тычыцца заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, то зараз мы выконваем трэцяе па ліку (кожнае разлічана на 5 гадоў) і вывучаем у цэлым біяразнастайнасць, тэндэнцыі яе змянення, асаблівасці распаўсюджвання рэдкіх і знікаючых відаў. Атрыманыя звесткі выкарыстоўваюцца для стварэння новых, а таксама пашпартызацыі і аптымізацыі сеткі наяўных ахоўных тэрыторый. Паступова мы выходзім на ўзровень не проста аховы, устанаўлення таго, што ёсць, але і рацыянальнага выкарыстання. Напрыклад, зараз да даследаванняў далучылася кафедра хіміі і вядзецца распрацоўка разнастайных медыцынскіх прэпаратаў і антыаксідантных сродкаў. Вынікі работы нашых вучоных паспяхова выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай вытворчасці.
Акрамя таго, у ВДУ вядуцца работы па ўстанаўленні колькасці і прадукцыйнасці азёр.
Азёр у нас многа — больш за 5 тысяч, а таму і работы вельмі шмат, — адзначае загадчык кафедры батанікі Леанард Мяжвінскі. — У ВДУ склалася ўнікальная школа гідрабатанікаў (у БДУ ёсць лабараторыя азёразнаўства, але яна мае крыху іншую спецыфіку). Мы даследуем вышэйшыя сасудзістыя расліны вадаёмаў, а апошнім часам і фітапланктон, назіраем дынаміку змянення расліннай разнастайнасці за 40 гадоў. Казаць, што біяразнастайнасць вывучана, цалкам памылкова, бо і жыццё не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя інвазіўныя віды. Па адным з напрамкаў нашы даследаванні якраз і даюць адказ, якім чынам чужародныя віды прыходзяць на нашу тэрыторыю, як яны тут сябе паводзяць. Асноўную работу ў гэтым напрамку вядзе акадэмія навук, а мы сувыканаўцы задання — у прыватнасці, я маю на ўвазе выпрабаванне методык барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага.
Вялікая і надзвычай перспектыўная работа звязана з вывучэннем відавой разнастайнасці верхавых балот, — працягвае Віталь Кузьменка. — На жаль, чалавек прывык вырашаць свае праблемы за кошт прыроды — у нас то торфу не хапае, то пасяўных плошчаў. У тым, што грамадства, нарэшце, прыйшло да ўсведамлення неабходнасці аховы, а часам і ратавання верхавых балот, ёсць значны ўклад вучоных нашага ўніверсітэта. Мы маем прызнаныя ва ўсім свеце напрацоўкі па вывучэнні разнастайнасці фаўны і флоры верхавых балот. Фактычна гэта аазісы тундры і для рэдкіх відаў проста рай!
Апошнім часам біялагічны факультэт асвойвае новы напрамак даследаванняў: арнітафаўна штучных вадаёмаў. Вялікая работа праведзена па вывучэнні разнастайнасці птушак на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, дачных участкаў, непасрэдна Віцебска (хто б падумаў — у абласным цэнтры пражывае 130 відаў птушак!). Аказваецца, усе яны з’яўляюцца рэзервам рэдкіх і знікаючых відаў. Традыцыйна, пачынаючы з 60-х гадоў, кафедра батанікі разам з іншымі кафедрамі факультэта займаецца вывучэннем распаўсюджвання згаданых відаў. Даныя віцебскіх вучоных выкарыстаны ва ўсіх выданнях Чырвонай кнігі Беларусі.
— А цяпер наша работа пераходзіць на якасна новы ўзровень, — паведамляе Леанард Мяжвінскі. — Па заданні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў мы не проста кантралюем стан, але і з дапамогай GPS-навігатара ўстанаўліваем дакладныя каардынаты і памеры папуляцый, складаем пашпарты на кожную з іх, распрацоўваем ахоўныя абавязацельствы. Такім чынам папуляцыі перадаюцца пад ахову землекарыстальнікам. І калі Чырвоная кніга проста дакумент, то тут размова ідзе пра ахову канкрэтнага прыроднага аб’екта.
У апошнія гады факультэт актывізаваў дзейнасць па практычнай ахове, памнажэнні генафонду рэдкіх ахоўных раслін. Пасадачны матэрыял вырошчваецца на тэрыторыі батанічнага саду, а затым адбываецца яго рэпатрыяцыя ў дзікую прыроду. Поспех ёсць — дзясяткі новых папуляцый мядзведжай цыбулі, лабеліі Дортмана, званочка шыракалістага добра сябе пачуваюць і павялічваюцца. Вялікая работа вядзецца і па стварэнні еўрапейскай і рэспубліканскай экалагічных сетак.
Паўночны азёрны край з пункту гледжання вывучэння біялагічнай разнастайнасці — адзін з найбольш вывучаных беларускіх рэгіёнаў. І — бясконца таямнічых, загадкавых. Беларускае Паазер’е чакае сваіх даследчыкаў.

Таццяна БОНДАРАВА.