Ідэі на выбар

Лепшыя сацыяльныя праекты былі вызначаны нядаўна ў Мінску, дзе прайшоў фінал у сацыяльных праектаў Social Weekend. 15 самых абгрунтаваных, самых сацыяльна важных праектаў па выніках фіналу атрымалі матэрыяльную падтрымку ад мецэнатаў, а гэта больш за 40 000 беларускіх рублёў.

Што ж такое Social Weekend? Гэта конкурс, распачаты ў 2013 годзе, на які кожны можа прапанаваць сваю ідэю, і калі не атрымаць грошы на яе ўвасабленне, то адшукаць аднадумцаў. Дарэчы, спаборніцтва праводзіцца не толькі ў нацыянальным маштабе: рэгіянальныя конкурсы Social Weekend праходзілі ў Брэсце і Віцебску. Сёлета на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе паступіла амаль 160 заявак, з гэтай колькасці толькі 40 праектаў трапілі ў чвэрцьфінал і на двухмесячны тэрмін навучання. 24 праекты аказаліся ў паўфінале, дзе журы выбрала фіналістаў.

Прынамсі, на апошнім этапе конкурсу да членаў журы — кіраўнікоў аддзелаў маркетынгу і піяру вядомых кампаній і рэдактараў СМІ — далучыліся прадстаўнікі дзяржструктур, дырэктары кампаній. Міністэрства адукацыі прадстаўляў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра міністэрства П.А.Ліс. Вядома, у журы было прадстаўлена і Міністэрства эканомікі.

— Тое, што робіць зараз адукацыя, і тое, што робяць прадпрымальнікі, у пэўных момантах супадае, — заўважыў на адкрыцці фінальных спаборніцтваў П.А.Ліс. — Важна, каб мы зараз абмяняліся інфармацыяй і не рабілі тое ж самае, а калі робім адну справу, то дапамагалі адно аднаму парадамі, кансультацыямі, падтрымлівалі ініцыятывы.

Павел Анатольевіч дадаў, што некаторыя праекты ўжо рэалізоўваюцца ў сферы адукацыі. Не так даўно праходзіла Міжнародная канферэнцыя па інклюзіўнай адукацыі, і там было шмат праектаў, звязаных з гэтым.

— Справа вельмі важная, і яе падтрымлівае не толькі Міністэрства адукацыі, але і многія арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, — адзначыў дырэктар ГІАЦ. — У гэтым кірунку мы з вялікім задавальненнем гатовы супрацоўнічаць.

Цікава, што аўтары некаторых ідэй здолелі адшукаць падтрымку яшчэ на этапе разгляду заявак і заняліся рэаліза­цыяй сваіх праектаў, у тым ліку адзін з фіналістаў. Між іншым 5 з іх у выніку падтрымаў асабіста Юрый Мельнічак, заснавальнік ­ІТ-кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту. Сярод іх праект “ТатаЗала”, які атрымаў гран-пры VIII Рэспубліканскага конкурсу, і праект, якому ўдалося заваяваць прыз глядацкіх сімпатый, — “Бабулін часнок”.

Ідэя праекта “ТатаЗала” нарадзілася ў Гомелі. Назва гаворыць сама за сябе: прыцягнуць татаў у школьныя спартыўныя залы для таго, каб мужчыны праводзілі час з дзецьмі, прычым бясплатна. А мамы ў гэты час могуць адпачыць. За перыяд, калі праект рухаўся да фіналу, яго ўдалося нават распачаць. Каманда праекта, якім кіруе Сяргей Бычкоў, распаўсюджвае вопыт на Гомель і Гомельскую вобласць — Мазыр, Рагачоў, Светлагорск, Жлобін. План развіцця праектаў знаходзіцца на карэкціроўцы і ўзгадненні ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама. У перспектыве ж гаворка можа ісці пра работу такой залы ў Мінску, кожным абласным цэнтры, а магчыма, праект рэалізуецца і яшчэ ў больш шырокім маштабе.

Аўтары ідэі ­мяркуюць, што пасля заканчэння праекта і яго фінансавання дзейнасць працягнецца дзякуючы сарафаннаму радыё, бацькі будуць самастойна папаўняць матэрыяльную базу спартыўных зал школ для сваіх патрэб, змогуць супрацоўні­чаць з адмі­ністрацыяй навучальных устаноў. І сапраўды, чаму б не супрацоўнічаць? Справа ж добрая.

Душэўны праект “Бабулін часнок”, які прапанавала каманда дзяўчат на чале з Аленай Галамазавай, нездарма так спадабаўся гледачам.

Аўтары ідэі на сваёй старонцы ў інтэрнэце паведам­ляюць, што ў Мінску налічваецца прыкладна 15 стыхійных кірмашоў, на якіх у сярэднім па 10 пенсіянераў вымушаны гандляваць не толькі без месцаў для сядзення і выкладкі прадуктаў, але часта і без даху над галавой. Акрамя таго, пажылыя людзі пастаянна адчуваюць пачуццё страху, бо гандляваць на вуліцы незаконна, такая дзейнасць караецца штрафам. Між тым пастаянна расце попыт на экалагічна чыстыя прадукты. Рашэнне дзяўчаты бачаць у стварэнні інтэрнэт-магазіна “Бабулін часнок”. За такую ідэю выказаліся 60% людзей, апытаных камандай праекта.

Устойлівасць свайго праекта каманда бачыць у выхадзе на самаакупнасць, пашырэнні асартыменту, прыцягненні новых кліентаў і павышэнні ўзроўню лаяльнасці тых пакупнікоў, якія ўжо з’явіліся ў магазіне. Гэта дазволіць стварыць пляцоўку для зносін бабуль-агародніц і навучання іх вырошчванню новых культур, выкладання асноў камп’ютарнай дасведчанасці.

Многія фіналісты конкурсу Social Weekend прадставілі ­праекты, звязаныя з навучаннем, аховай дзяцінства. Так, ­адзін з іх тычыцца пашыву чахлоў на кувезы для неданошаных немаўлят. Адна з праблем такіх малых — недаразвітасць сятчаткі вока, таму так важна закрываць кувезы ад святла, але пакуль нават не ва ўсіх радзільных дамах Мінска ёсць неабходныя прылады. Першы чахол ужо чакаюць у Бабруйску. Пры гэтым кошт чахла, які збіраюцца шыць у нас (адзін ужо гатовы) — 15 еўра ў эквіваленце, кошт замежнага брэндавага аналага — прыкладна 1 тысяча еўра.

Падтрымку атрымаў і адукацыйны праект “Навука дзецям” — інтэрнэт-партал навукова-тэхнічнай накіраванасці, асноўную спецыялізацыю якога складаюць доследы па фізіцы і хіміі, міні-бібліятэка, раздзел навуковых артыкулаў, файлавы каталог са спасылкай на цікавыя дадаткі і лагічныя гульні. А ІТ-школа для тых, у каго ёсць праблемы са слыхам, мяркуе прыцягнуць да супрацоўніцтва кампаніі, якія могуць аплачваць навучанне маладых людзей па ІТ-спецыяльнасцях і потым браць іх на работу вочна або аддалена і ў Беларусі і за яе межамі. Была агучана таксама ідэя стварэння нефармальнай прафесійнай супольнасці для настаўнікаў па абмене перадавым вопытам і сучаснымі практыкамі, а таксама ідэя інтэр­актыўнай пляцоўкі “Бяспечны лёд”, анлайн-школы “У савы” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Удзельнікі фіналу прадставілі яшчэ нямала цікавых, часам неадназначных, сацыяльных праектаў. Застаецца нагадаць, што конкурс будзе праводзіцца і далей, на яго можна прадставіць, як кажуць арганізатары, любую ідэю, якая здольна прынесці карысць грамадству.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі конкурсу Social Weekend.

ІТ супраць злачыннасці

Сёння інфармацыйныя тэхналогіі шырока прымяняюцца ў розных сферах жыцця, і, дзякуючы ім, многія задачы (сацыяльныя, вытворчыя і нават палітычныя) вырашаюцца хутчэй, дакладней і больш якасна. Не абмінулі ІТ і такую спецыфічную галіну, як крыміналістыка. Сучасныя метады даследавання слядоў злачынстваў, ідэнтыфікацыі людзей і апрацоўкі атрыманай інфармацыі вывелі гэтую навуку на новы ўзровень.

Пра гэта, у прыватнасці, ішла размова на чарговым пасяджэнні мінскай суполкі H-Files. Крыміналіст Павел Антонаў расказаў прысутным аб выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у генетычнай, дактыласкапічнай і фанаскапічнай экспертызах, аб штучных нейронных сетках і партрэтнай ідэнтыфікацыі асобы. Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”: жадаючыя з аўдыторыі пагадзіліся на даследаванне сваіх далоняў. Праз пэўны час Павел Антонаў паабяцаў расказаць, што краталі гэтыя людзі на працягу тыдня, які папярэднічаў даследаванню.


На пасяджэнні суполкі H-Files выступіў таксама доктар медыцынскіх навук урач-хірург Ула­дзімір Хрышчановіч, аўтар трох патэнтаў, манаграфіі і звыш 200 публікацый у айчынных і замежных навуковых выданнях. Гэта была ўжо трэцяя яго сустрэча з ІТ-спецыялістамі, дзе ён расказваў пра тыповыя хваробы праграмістаў. На першых дзвюх гаворка ішла пра астэахандроз і варыкоз. А на гэты раз урач гаварыў пра гемарой — “хваробу, смешную для тых, хто на яе не пакутуе”. Ён даў прысутным каштоўныя рэкамендацыі, выконваючы якія можна пазбегнуць гэтай хваробы цывілізацыі. Удзельнікі суполкі выказалі пажаданне, каб на адной з будучых сустрэч для іх арганізавалі лекцыю спецыяліста, які б расказаў, як пазбегнуць праблем са зрокам.

Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”. Даследаваўшы далоні ўдзельнікаў, крыміналіст Павел Антонаў можа расказаць, да чаго яны дакраналіся на працягу апошняга тыдня.

Раней, каб знайсці злачынцу, следчы перш за ўсё шукаў сведак злачынства і яго матыў, — расказвае Павел Антонаў. — Гэтыя метады і зараз прымяняюцца, але яны не вельмі надзейныя, бо калі няма прамога матыву злачынства і адсутнічаюць сведкі, то злачынца можа застацца непакараным. Таму калі ў свеце адбылася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, спосабы барацьбы са злачыннасцю сталі мяняцца. Напачатку нейкі Уільям Гершаль, які доўгі час працаваў паліцэйскім у Індыі, заўважыў, што на пальцах чалавечых рук ёсць адметны ўзор, і папілярныя лініі ў кожнага чалавека індывідуальныя. Потым гэтае назіранне сталі вывучаць іншыя даследчыкі, і ў выніку была распрацавана сістэма кваліфікацыі адбіткаў пальцаў. Былі выяўлены асобныя прыкметы, якія дазвалялі адрозніць адзін адбітак ад другога.

Крыміналіст расказаў, што ўсе адбіткі пальцаў захоўваюцца ў спецыяльнай картатэцы (следатэцы), і калі здараецца злачынства, знойдзеныя на яго месцы адбіткі супастаўляюцца з наяўнай базай. Раней гэта была даволі складаная работа, якая аднімала шмат часу і рэсурсаў. Але са з’яўленнем інфармацыйных тэхналогій усе адбіткі пальцаў сталі алічбоўвацца і працэс пошуку істотна паскорыўся.

— Зрэшты, і гэта было няпроста, — заўважыў Павел Антонаў. — Малюнкі накладваліся адзін на адзін, паварочваліся патрэбным чынам, звяраліся, і эксперт рабіў выснову, наколькі яны супа­даюць. Пазней з’явіліся першыя матэматычныя мадэлі, якія разбівалі адбіткі на асобныя ўчасткі і параўноўвалі іх паміж сабой. Але і гэта было даволі працаёмка. Сёння эксперты выкарыстоўваюць найбольш прасунуты алгарытм: на адбітках пальцаў аўтаматычна знаходзяцца кантрольныя кропкі, якія супастаўляюцца з базай пошуку, — і літаральна праз некалькі секунд можна атрымаць спасылку на падазронага, калі яго адбіткі ёсць у гэтай базе. Такі прыём вельмі дапамагае ў расследаванні злачынстваў.

Павел Антонаў паведаміў, што адбіткі пальцаў доўга захоўваюцца на металічных паверхнях, бо пота­тлушчавыя сляды маюць крыху кіслае асяроддзе, і ад кантакту з ім метал пачынае карадзіраваць. Доўга трымаюцца адбіткі на паперы, шкле і іншых гладкіх паверхнях. Цікава, што неабавязкова, каб адбіткі пальцаў былі ідэальна захаванымі. Экспертам дастаткова атрымаць 7 адрозных прыкмет (кропкі, дэльты і г.д.), каб даказаць, што адбітак належыць пэўнаму чалавеку.

— Нягледзячы на тое, што, як лічыцца, ва ўсіх людзей розныя адбіткі пальцаў, гэта навукова не даказана, — заўважыў Павел Антонаў. — Проста за стагоддзе прымянення дактыласкапіі не было знойдзена двух аднолькавых адбіткаў. Нават у блізнят з аднолькавым ДНК малюнак на пальцах хоць і падобны, аднак усё роўна адрозніваецца.


Завяршылася падзея крымінальнай гульнёй “Што кратаў айцішнік?”. Даследаваўшы далоні ўдзельнікаў, крыміналіст Павел Антонаў можа расказаць, да чаго яны дакраналіся на працягу апошняга тыдня.

Што да генетычнай экспертызы, то адпаведны метад стаў магчымы дзякуючы адкрыццю брытанскага генетыка Алека Джэфрыса, зробленаму ў 80-х гадах ХХ стагоддзя.

— У кожнай клетцы чалавечага арганізма ёсць зыходны код, які вызначаецца ўнікальнай паслядоўнасцю чатырох нуклеатыдаў у ланцужку ДНК (можна сказаць, што мы ўсе закадзіраваны ў чацвярцічнай сістэме), — паведаміў Павел Антонаў. — Гэтым феноменам зацікавіліся крыміналісты і пачалі даследаваць “генетычныя адбіткі” пры ідэнтыфікацыі людзей. Так, калі на месцы злачынства знойдзены нейкія доказы (валасы, кроў, сліна і г.д.), з гэтых рэчываў выдзяляюцца клеткі, якія ўтрымліваюць ДНК. У выніку палімеразнай ланцуговай рэакцыі можна сказаць, якому чалавеку нале­жыць даследаваная ДНК. Аднак калі супадзенне адбіткаў пальцаў прымаецца за 100-пра­цэнтны доказ, то ў выпадку з ДНК спецыялі­сты падышлі з большай матэматычнай строгасцю. Тут гавораць пра верагод­насць 99,99%, бо, каб сцвяр­джаць пра абсалютнае супадзенне, трэба ведаць геном усіх людзей, якія жывуць на планеце. (Дарэчы, у аднаяйкавых блізнят ДНК супадаюць.)

Павел Антонаў паведаміў, што генетычная экспертыза даволі дарагая (напрыклад, толькі вада, якая прымяняецца для даследавання, каштуе каля 60 еўра за 100 мл), але гэта сябе апраў­двае.

— Калі чалавек, які задумаў злачын­ства, ведае, што яго лёгка могуць знайсці па генатыпе, — гэта можа стрымаць ад супрацьпраўных дзеянняў, — заўважыў крыміналіст.

Фанаскапічная экспертыза дазваляе ідэнтыфікаваць людзей па іх галасах.

— Гэта даволі дакладны метад даследавання, — заўважыў Павел Антонаў. — Гук уяўляе сабой ваганне паветра, якое можна прадставіць у выглядзе хвалі, што характарызуецца амплітудай і даўжынёй. З дапамогай камп’ютарнага аналізу яе можна раскласці на мноства іншых, больш простых, хваль. У адной секун­дзе аўдыязапісу маўлення ўтрымліваецца некалькі тысяч характэрных прыкмет. Яны аналізуюцца, і з высокім працэнтам верагоднасці можна сказаць, належыць голас пэўнаму чалавеку ці не належыць. Акрамя матэматычнага аналізу, спецыялісты робяць лінгвістычны аналіз маўлення. Так, запіс размовы злачынцы працягласцю адну гадзіну па адной толькі ненарматыўнай лексіцы дае магчымасць ідэнтыфікаваць яго з вялікай ступенню дакладнасці.

Вядомы метад даследавання — партрэтная ідэнтыфікацыя. Ёсць спосаб, калі эксперт візуальна выяўляе характэрныя прыкметы. Як заў­важыў Павел Антонаў, адна толькі вушная ракавіна ўтрымлівае 5 прыкмет — і гэтага амаль дастаткова, каб адназначна ўстанавіць знешнасць чалавека.

— Адзін з дакладных метадаў партрэтнай ідэнтыфікацыі — метад гнуткай пабудовы графаў, — расказаў крыміналіст. — Гэта калі выява твару чалавека прапускаецца праз спецыяльныя фільтры, і такім чынам выяўляюцца кантрольныя кропкі: вочы, бровы, падбародак і інш. На аснове такіх кропак выбудоўваецца граф, які захоўваецца ў базе даных. Калі з’яўляецца асоба, якую трэба ідэнтыфікаваць, твары параўноўваюцца па гэтых кропках і з верагоднасцю 95-97% сістэма выдае вынік. Мінусы сістэмы: твар трэба “зняць” у розных ракурсах і пажадана ў розных эмацыянальных станах; у вылічальным плане гэта таксама даволі складаны алгарытм — апра­цоўка выяў твараў для ўнясення іх у базу эталонаў патрабуе вялікіх рэсурсаў.


H-Files — мінская суполка спецыялістаў, якія працуюць на скрыжаванні інфармацыйных тэхналогій і медыцыны. Праект ажыццяўляецца намаганнямі IT House — пляцоўкі для развіцця ідэй у сферы інфармацыйных тэхналогій, якая дзейнічае на базе Белдзяржуніверсітэта. Мэта — аб’яднаць спецыялістаў з розных сфер і паставіць IT на службу здароўю і якасці жыцця людзей.

Сёння ва ўсім свеце моцна развіваюцца нейронныя сеткі — матэматычныя мадэлі, пабудаваныя па прынцыпе арганізацыі і функцыянавання сетак нервовых клетак жывога арганізма. Складанасць заключаецца ў тым, каб “навучыць” нейронную сетку распазнаваць аб’екты.

— Мы бачым, што калі нейронная сетка была навучана распазнаваць пэўныя вобразы, то яна ўсюды будзе шу­каць менавіта іх, — заўважыў Павел Антонаў. — Напрыклад, нейронная сетка, навучаная шукаць птушак, разгледзіць птушак ва ўсім, нават у кветках сланечніка. Пакуль што складана стварыць універсальную нейронную сетку. Так, можна навучыць яе распазнаваць твары, але на кожны новы твар яе давядзецца перавучваць. Зараз у Японіі ўжо распрацоўваюцца новыя методыкі, якія дазваляюць распазнаць чалавека не па твары, а па паходцы, — і яны значна больш эфектыўныя.

Паліграф (дэтэктар хлусні) выкарыстоўваецца ў крыміналістыцы ўжо больш за стагоддзе і ўвесь час тэхнічна і метадычна ўдасканальваецца. Сёння найбольш прасунутыя паліграфы могуць з дакладнасцю да 98% паказаць, хлусіць чалавек ці не. Яны адсочваюць вялікую колькасць параметраў: пульс, дыханне, тэмпературу цела, актыўнасць пэўных участкаў галаўнога мозга і г.д.

— Калі чалавек гаворыць праўду, то задзейнічаны ўчасткі мозга, якія адказваюць за памяць, а калі чалавек хлусіць, то актывізуюцца ўчасткі, адказныя за творчасць, — адзначыў Павел Антонаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з архіва суполкі H-Files.

Для здзяйснення дзіцячых мар

Меладычная музыка льецца па зале. У такт ёй кружацца ў танцы пары: юныя дамы ў белых сукенках і кавалеры ў параднай вайсковай форме… Гэта апісанне не далёкага мінулага, а сучаснасці, а калі дакладней, каляднага балю для выхаванцаў абласнога кадэцкага вучылішча, навучэнак другога абласнога ліцэя і Цэнтра творчасці “Эверэст”. Мерапрыемства надоечы адбылося ў Магілёве.

Сёлета баль ужо шосты раз сабраў сваіх удзельнікаў. Прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі з хваляваннем чакалі гэтай падзеі, бо для іх баль — магчымасць на справе азнаёміцца з традыцыямі мінулых стагоддзяў.

Паклоны, рэверансы, класічная музыка і адпаведныя танцы. Папераменна музыканты ігралі то паланэз, то павольны вальс, то вясёлую мазурку. Не абышлося і без песень, а таксама карагодаў, жартаў, гульняў з казачнымі персанажамі. А завяршыўся святочны вечар уручэннем падарункаў ад шматлікіх ганаровых гасцей.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова, калядны баль праводзіцца ў рэгіёне ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Акрамя гэтага свята, для юных жыхароў Магілёўшчыны прадугледжаны і шэраг іншых мерапрыемстваў.

— У ходзе акцыі кіраўніцтва мясцовых выканаўчых улад наведае абсалютна ўсе дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а таксама дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем’яў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзяцей, якія сталі на час свят пацыентамі бальніц. Плануецца таксама адкрыццё чарговага, ужо пяцьдзясят трэцяга па ліку, дзіцячага дома сямейнага тыпу. ­Акрамя таго, пройдзе дабрачынны тэлемарафон па зборы сродкаў для дзяцей, якія маюць вострую патрэбу ў дапамозе, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Чараўніцтва пад Новы год

З пажаданнямі добрага Новага года і падарункамі завіталі да выхаванцаў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху жаданыя госці — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін.

Ушколе-інтэрнаце вучацца 50 дзяцей, установу наведваюць таксама 9 дзетак дашкольнага ­ўзросту. Школа забяспечвае вучэбны і карэкцыйна-развіццёвы працэс, усебаковае развіццё дзяцей, што і было прадэманстравана на навагоднім ранішніку. Гэтыя дзеці ўмеюць “спяваць” жэстамі, танцаваць, выступаюць, як сапраўдныя артысты, у тэатры, які называецца тэатрам цішыні. У гэтым годзе выхаванцы школы-інтэрната прынялі ўдзел у міжнародным праекце “Дзеці вітаюць дзяцей”, па выніках якога змаглі паўдзельнічаць у выставе ў адной з мастацкіх галерэй Мінска. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай у прадстаўленні ўдзельнічалі Снежная каралева з тролямі, сімвал наступаючага года Певень.

Уладзімір Краўцоў павіншаваў выхаванцаў і супрацоўнікаў школы-інтэрната з Новым годам і падарыў тэлевізар.

— Падчас дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Гродзенскай вобласці падарунак атрымае кожны з дзевяці тысяч дзяцей, якія выхоўваюцца ў спецыялізаваных установах, прыёмных і апякунскіх сем’ях, — сказаў Уладзімір Ва­сільевіч. — Гэта акцыя дае цудоўную магчымасць павіншаваць дзяцей. Кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўных устаноў сустракаюцца з дзецьмі, каб пажадаць ім здароўя і дабрабыту, каб яны раслі, развіваліся і сталі сапраўднымі грамадзянамі нашай дзяржавы.

У гэты дзень у школе-інтэрнаце пабывалі і прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць дапамогу навучальнай установе і падтрымліваюць яе выхаванцаў: ад  Беларусбанка школа атрымала сертыфікат на набыццё слыхавога трэнажора, яшчэ адзін грашовы сертыфікат — ад Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, ад прадпрыемства “Цветлит” — салодкія пачастункі і запрашэнне на навагодні ранішнік у Дом культуры, ад абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў — спартыўны інвентар.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Дзеці з Гольцава, або Як школьнікі зрабілі вёску знакамітай

На самым усходзе Германіі, усяго за сем кіламетраў ад польскай мяжы, знаходзіцца, здавалася б, зусім звычайная нямецкая вёска Гольцаў. Чаму я пішу пра яе? Ды таму, што Гольцаў, дзе зараз жывуць 840 чалавек, — вёска, вядомая не толькі ў Германіі, але і ў многіх краінах свету, нават у Аўстраліі. І гэта дзякуючы тутэйшым школьнікам.

Жыццё на кінаплёнцы

Размяшчаецца вёска ў рэгіёне Одэрбрух у даліне ракі Одэр. Мясцовасць даволі нізкая і па сваім ландшафце нагадвае Галандыю. Бургамістр (а пасада гэтая выбарная і грамадская, без зарплаты) Франк Шутц расказвае, што 260 гадоў назад па загадзе тагачаснага кайзера тут распачалі будаваць плаціну, а раней мясцовыя жыхары займаліся ў асноўным рыбнай лоўляй. “Пазней, — працягвае гер Шутц, — сяляне заняліся садоўніцтвам. Сюды прыязджалі людзі з усёй Еўропы, таму можна сказаць, што Одэрбрух — гэта Еўропа ў мініяцюры. Тут дагэтуль сустракаюцца назвы вёсак, якія маюць французскае або швейцарскае паходжанне”. А самая вялікая хваля перасялення прайшла ў гэтай частцы Германіі пасля Другой сусветнай вайны, калі сюды пераехала шмат людзей з тэрыторый, што адышлі да Польшчы, а таксама Чэхаславакіі.

“Акрамя таго, у вашых родных мясцінах гэты край, напэўна, вядомы яшчэ і тым, што тут, у Зяелаве, які вы праязджалі, адбылася апошняя буйная бітва Другой сусветнай вайны ў Еўропе, апошняя бітва перад узяццем Берліна”, — дадае бургамістр. Дарэчы, што вёска — адзін з найбліжэйшых населеных пунктаў да ўсходніх суседзяў, і не толькі да польскіх, сведчыць хаця б тое, што тут мы, група беларускіх журналістаў, заўважылі прыпаркаваны трактар “Беларус” вытворчасці прыкладна 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Старая машына блішчала на сонцы чысцюткімі бакамі і ў цэлым стварала ўражанне тэхнікі, якую вельмі шануюць і даглядаюць.

Тут наогул усё па-нямецку дагледжанае і знаходзіцца ў адмысловым стане. І кіно пра вёску, як высветлілася, здымаюць адмысловае. “Дзеці з Гольцава” — дакументальны фільм рэжысёраў Барбары і Вінфрэда Юнге, які кінастудыя “ДЕФА” пачала здымаць яшчэ ў жніўні 1961 года і здымала да 2007-га, адзнята за гэты час было 400 кіламетраў кінаплёнкі. У канчатковым зманціраваным варыянце даўжыня стужкі склала 70 кіламетраў. Пазней яна была пераведзена ў лічбавы фармат, выдадзена на DVD-дысках.

Героі вясковага летапісу — жыхары Гольцава, перш за ўсё дзеці. У маленькай кіназале тутэйшага музея мы паглядзелі першую 13-хвілінную серыю гэтага 42-гадзіннага дакументальнага серыяла. Лічыцца, што гэты доўгатэрміновы праект амаль унікальны ў свеце, ва ўсякім разе, шырока вядомы толькі тры падобныя праекты. Невыпадкова 21 студзеня 2014 года назва камуны была афіцыйна дапоўнена словамі “Месца здымак “Дзяцей з Гольцава”, што і адлюстроўвае адпаведны знак на ўездзе ў вёску. Між тым здымкі маглі адбыцца і ў якой-небудзь іншай вёсцы Германіі: рэжысёр дабраўся да Гольцава толькі таму, што дырэктар школы сустрэў яго на вакзале і давёз да месца. У выніку фільм “Дзеці з Гольцава” дэманстраваўся на Міжнародным берлінскім кінафестывалі.

У той год, калі распачаліся здымкі, героі карціны пайшлі ў першы клас. Усяго першакласнікаў было 24, але ў фільме з-за розных прычын здымаліся 18. “Вось гэты хлопчык ужо памёр, а настаўніца, якой у 1961 годзе было васямнаццаць, жыве ў суседняй вёсцы”, — расказвае гер Хартынгер, мясцовы жыхар і наш экскурсавод. На экране дзеці вучацца пісаць літару А, робяць гімнастыку для пальцаў, спяваюць песню пра першы клас, глядзяць у акно, за якім ходзіць кацяня… Нездарма ў кнізе водзываў так шмат кранальных запісаў: “У маёй школе было так, як і ў вас”. Любы, хто вучыўся ў савецкай школе, паверце, можа сказаць тое ж самае. Дзеці з Гольцава — гэта мы.

Сучасны працяг

Калісьці ў Гольцаве было аж тры вакзалы, бровар, конны завод, цукровая фабрыка, вялікая сядзіба. Але і з гэтай заходнееўрапейскай глыбінкай адбываецца тое ж, што і з многімі вёскамі ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі: моладзь жадае жыць у вялікім горадзе і пакідае вёску. І мінулай вясной, за шэсць месяцаў да пачатку новага навучальнага года, высветлілася, што рэгіянальнае ўпраўленне па справах школ адмовіла пачатковай школе ў Гольцаве ў адкрыцці першага класа, бо для гэтага неабходна не менш за 15 вучняў, а столькі ў мястэчку не было. А што значыць, закрыць школу ў вёсцы? Гэта хутчэй за ўсё стане пачаткам яе канца, маруднай смерці. Таму цалкам зразумела, што мясцовыя жыхары не на жарт устрывожыліся: пад пагрозай іх любімы Гольцаў.

І вось тут ужо знаёмы нам бургамістр Франк Шутц прыняў даволі смелае рашэнне: ён адважыўся запрасіць у Гольцаў некалькі сем’яў сірыйскіх бежанцаў з дзецьмі, каб пачатковая школа, а разам з ёй і ўсё мястэчка, працягвала сваё жыццё. Не сказаць, каб усе ўспрынялі гэтае рашэнне адназначна станоўча, але, як кажа мудры бургамістр, трэба як мага больш размаўляць з людзьмі — і яны ўсё зразумеюць. У рэшце рэшт перспектыва застацца без школы хвалявала людзей куды больш, чым суседства з бежанцамі. Праўда, ад стварэння ў спартыўнай зале часовага прытулку для маладых мужчын-бежанцаў сяляне ўсё ж адмовіліся, вырашылі, што не пацягнуць такой нагрузкі.

Пачатковая школа ў Гольцаве, між тым, жыве, першакласнікаў тут 19. Усяго ў школе зараз вучацца 130 дзяцей з першага па шосты клас — гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і малыя з навакольных мястэчак, якіх прывозяць школьныя аўтобусы. Працягваюць адукацыю тутэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў суседніх гарадах, дзе ёсць і старшая школа, і гімназія. А што будзе са школай, калі сем’і бежанцаў у будучыні ўсё ж пакінуць Гольцаў? Франк Шутц гаворыць: “Што-небудзь прыдумаем”. І яму адразу верыш, бо падчас візіту ў Гольцаў мы дакладна пераканаліся ў крэатыўнасці і ініцыятыўнасці і самога бургамістра, і яго аднавяскоўцаў.

Пакуль жа мясцовы тэлеканал зняў фільм пра сірыйскіх бежанцаў, якія жывуць у знакамітай вёсцы. Паўгадзінная стужка “Дарогі, па якіх мы ідзём” расказвае і пра тое, як сірыйцы дабіраліся да Германіі, і пра тое, як іх сустрэлі ў камуне, як яны чакалі атрымання нямецкіх дакументаў, пра поспехі новых юных жыхароў мястэчка ў вучобе. Гісторыя дзяцей з Гольцава, такім чынам, працягваецца і ў рэальным жыцці, і ў адлюстраванні на кінастужцы. А гасцінны і шчыры бургамістр вёскі Франк Шутц напрыканцы нашай размовы запрашае маленькія беларускія школы да супрацоўніцтва, бо, як ён лічыць, нам ёсць якім вопытам падзяліцца. Не магу з ім не пагадзіцца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.

Пакаленне з Усходу

“Тое, што памерла як мінулае, жыве як павучанне”, — гаварыў Віктор Гюго. Сучасныя немцы, былыя грамадзяне Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, захоўваюць у кнігах свае ўспаміны аб жыцці ў ГДР. Займаецца напісаннем і выданнем гэтых кніг берлінская кампанія Rohnstok-Biografien, якой кіруе прадпрымальніца Катрын Раншток, былая жыхарка Усходняй Германіі.

У салоне, дзе мы сустрэліся з фрау Раншток, часта збіраюцца госці, якія расказваюць свае гісторыі. “Для нас гэта вельмі важна, бо аснова дзейнасці фірмы — вусны аповед”, — гаворыць Катрын. У жыцці ўраджэнкі горада Ена адлюстравана нямала гістарычных падзей. Бацькі Катрын працавалі на буйным прамысловым прадпрыемстве, і галоўнае, пра што яны гаварылі, прыходзячы з работы, — гэта якраз аб праблемах і жыцці камбіната.

“Маё пакаленне, пакаленне людзей, якія нарадзіліся ў 60-х гадах, называюць “залатым” пакаленнем ГДР, — кажа цяперашняя паспяховая прадпрымальніца, — бо мы жылі ва ўмовах максімальнага дабрабыту. З дня заканчэння вайны прайшло не так шмат часу, але мы маглі карыстацца дасягненнямі сацыялізму ў поўным аб’ёме. Я была і піянеркай, і членам арганізацыі свабоднай нямецкай моладзі, нягледзячы на тое, што я атэістка, удзельнічала ў справах хрысціянскай суполкі. Але ў той жа час мы сустракаліся з людзьмі, якія выказвалі процілеглыя погляды, слухалі блюз, джаз — карацей, самавыяўляліся”.

Пасля заканчэння школы дзяўчына вывучала ў Енскім універсітэце літаратуру і мовазнаўства. У 1984 годзе здарылася ў яе жыцці выключэнне з ВНУ за пэўныя зносіны з людзьмі празаходніх настрояў. Праз некалькі гадоў жанчына аднавілася ўжо ва ўніверсітэце імя Гумбальта ў Берліне, дагэтуль працавала і ў бары, і на пошце, і на хлебазаводзе, і ў маладзёжным клубе, што займаўся “перавыхоўваннем”, сацыялізацыяй скінхэдаў, якія ўжо з’явіліся ў Германіі ў сярэдзіне 80-х.

“Можна сказаць, што такія перыпетыі далі мне пэўную загартоўку, не дазволілі патануць потым, калі перастала існаваць ГДР”, — кажа жанчына. Пасля гэтых самых перыпетый яна нават разглядала магчымасць выехаць у Заходнюю Германію, але перадумала, зразумела, што не зможа жыць далёка ад радзімы, ад бацькоў. “Ды і ідэя сацыялізму мяне сама па сабе прыцягвала, без гэтага мне не хацелася жыць таксама, я верыла, што можна нешта змяніць у ёй, каб людзям было лепей, тым больш што тых, хто забіраў заяву аб ад’ездзе на Захад, рэабілітавалі”, — прызнаецца Катрын Раншток.

Займаючыся літаратурай, Катрын спецыялізавалася на жаночым рамане Германіі, дыпломную работу прысвяціла разбору прозы вядомай усходнегерманскай пісьменніцы Брыгіты Райман. Такім чынам, лёс Катрын быў звязаны з літаратурнай работай з маладосці. Пасля заканчэння ўніверсітэта жанчына атрымала прафесію літаратуразнаўцы. Але пасля аб’яднання стала зразумела, што з гэтай прафесіяй вельмі цяжка зарабіць, і тады фрау Раншток арганізавала ўласную фірму.

“Аднойчы ў 1998 годзе на аўтазапраўцы нейкая жанчына пазнала мяне як пісьменніцу і журналіста і папрасіла напісаць гісторыю жыцця свайго бацькі, якая цікавей, чым гісторыя прынцэсы Дзіяны,— узгадвае Катрын. — Жанчына спытала, колькі гэта можа каштаваць, і я прыкінула, што 5—10 тысяч марак, але не адважылася зрабіць ёй такую прапанову”. Потым Катрын Раншток толькі аднойчы наведвала тую запраўку і даведалася, што жанчына была дачкой заможнага чалавека, які валодаў і гэтай, і іншымі запраўкамі, іншай маёмасцю, і хацела выдаць яго ўспаміны, каб памірыцца з бацькам. Кніга так і не была створана, але ідэя запала Катрын у душу, а сябар, які займаўся сацыя-лагічнымі даследаваннямі, пацвердзіў, што такая справа можа стаць паспяховай.

Зараз уладальніца кампаніі кажа, што на гэтым нельга зарабіць, толькі пакрыць расходы і выплаціць зарплату супрацоўнікам. Даход жа даюць іншыя праекты.

Сёння ў кампаніі Катрын Раншток працуе прыкладна 30 чалавек, якія пішуць ад імя кліентаў іх аўтабіяграфіі, гісторыі фірм, гарадоў, гісторыі сем’яў. Пры гэтым з самага пачатку заснавальніца кампаніі Rohnstok-Biografien разлічвала, што сюды часцей за ўсё будуць звяртацца жыхары былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі для таго, каб праз апісанне свайго мінулага даць вызначэнне цяперашняму часу, перакінуць масток з адной рэальнасці ў другую. Але на практыцы аказалася, што кліентамі кампаніі часцей становяцца заходнія немцы. Праўда, з цягам часу ў Rohnstok-Biografien з’явіўся праект, якім кампанія займаецца і зараз, — раскрыццё гісторыі ГДР, яе эканомікі праз гісторыі былых дырэктараў буйных заводаў і камбінатаў. Дарэчы, гэтых людзей не так проста адшукаць і ўгаварыць падзяліцца ўспамінамі. Даходаў новы праект таксама не абяцае, бо знайсці спонсараў наўрад ці атрымаецца, як і для ўсяго, што тычыцца ГДР.

“Калі гаварыць пра выйгрышы і страты пасля падзення Берлінскай сцяны, — заўважае мая суразмоўніца, — то трэба сказаць, што мы страцілі эканоміку, якая была арыентавана на ўсеагульны дабрабыт, не на тое, каб забяспечыць даходы невялікай групы грамадзян, а на прыбытак для ўсіх. У ГДР была ўпэўненасць, што ў кожнага заўсёды будзе работа і гарантыя спакойнага жыцця”.

Хаця фрау Раншток адзначае і станоўчыя змены пасля аб’яднання Германіі: тыя, каму ўдалося, выйгралі ў асабістым дабрабыце, большасць выйграла ў камфорце. “Аднак, калі я магла б выбіраць, то ўсё роўна выбрала б эканоміку, вынікі работы якой арыентаваны на ўсеагульную карысць”, — гаворыць паспяховая нямецкая прадпрымальніца. Яна таксама адзначае, што толькі 10% маёмасці ў сённяшняй Германіі належыць былым грамадзянам ГДР, дысбаланс у развіцці ўсходняй і заходняй частак краіны захоўваецца.

На мой журналісцкі погляд, самае галоўнае, што ўдалося не згубіць былым грамадзянам ГДР, супрацоўнікам кампаніі і тым, хто да іх звяртаецца, — гэта памяць аб тым, што і як было калісьці. Сучасная нямецкая моладзь, праўда, не вельмі цікавіцца гэтай гісторыяй, як з засмучэннем заўважае Катрын. Хаця супрацоўнікі яе кампаніі знаёмяць маладых людзей з былой рэчаіснасцю, у рэшце рэшт выдаюць кнігі, ладзяць у салоне сустрэчы, дзе свае гісторыі расказваюць сведкі падзей. “Зараз імідж ГДР у вачах звычайнага сярэднестатыстычнага немца вельмі бляклы, гэта не модна. Лічыцца, што нічога добрага там не было”, — заўважае жанчына. Хаця існуе і такая маладзёжная ініцыятыва ў Германіі, як “Трэцяе пакаленне з Усходу”, якая імкнецца захаваць сувязь паміж тымі, хто нарадзіўся і жыў у ГДР, і тымі, хто нарадзіўся ў новай Германіі.

У любым выпадку лічу і ўпэўнена, што Катрын Раншток са мной пагодзіцца: захаваная гісторыя, успаміны знойдуць сваё месца, прыйдзе час, калі да іх звернуцца многія і яны акажуцца вельмі запатрабаванымі.

Нездарма ж фрау Раншток кажа: “Кожная асабістая гісторыя — адлюстраванне гісторыі грамадства”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.

Прафсаюз падводзіць вынікі

Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца адной з найбольш шматлікіх ­членскіх арганізацый Федэрацыі праф­саюзаў Беларусі — самай масавай грамадскай арганізацыі, якой належыла і нале­жыць вялікая роля ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці беларускага грамадства. Гэта на VII з’ездзе ФПБ адзначыў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, назваўшы прафсаюзы адной з наймагутнейшых апор нашай дзяржавы.

Старонкі гісторыі

Гісторыя прафесійных аб’яднанняў у настаўніцкім асяроддзі пачынаецца з ХІХ стагоддзя. Але ключавым у лета­злічэнні галіновага прафсаюза стаў з’езд Саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, які адбыўся ў студзені 1921 года.

95 гадоў — вялікі адрэзак часу, амаль стагоддзе, за якое ў жыцці краіны і ў жыцці прафсаюза змянілася вельмі многае. Прафсаюз пераймяноўваўся, разбуйняўся, аб’ядноўваўся, нязменным заставалася толькі адно — галоўная задача ­арганізацыі: абарона правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза.

Калі сцісла, то гісторыю галіновага прафсаюза можна апісаць так: 1934 год — адбылося разбуйненне прафсаюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, утворана 8 самастойных прафсаюзаў. 1948 год — прафсаюз работнікаў пачатковых і сярэдніх школ аб’яднаўся з прафсаюзам дашкольных устаноў. 1956 год — прафсаюз перайменаваны ў прафсаюз работнікаў асветы. 1957 год — аб’яднанне прафсаюзаў асветы, работнікаў вышэйшай школы і навуковых устаноў усіх рэспублік СССР. У сувязі з гэтым прафсаюз перайменаваны ў Прафсаюз работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў Беларускай ССР. А 29 верасня 1990 года адбыўся І з’езд прафсаюза ­работнікаў адукацыі і навукі Беларусі.

Былі перыяды барацьбы, супрацьстаяння, перыяды стварэння і важных дасягненняў. Прафсаюз выконваў цяжкія задачы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, паэтапнага ажыццяўлення ўсенавуча і ліквідацыі масавай непісьменнасці. Поспехі ў гэтай дзейнасці былі заслужана адзначаны ў 1931 годзе першай беларускай узнагародай — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР.

Работа на вынік

У пераходным для гісторыі краіны перыядзе — пачатку 90-х, быў створаны Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, які ўзначаліла Тамара Іосіфаўна Чобатава. 29 верасня 1990 года на І з’ездзе ўтворанага прафсаюза прыняты часовы Статут і Праграма дзейнасці, абвешчаны самастойнасць і незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў.

Работа з сацыяльным партнёрам на вынік дасягаецца дзякуючы ўзаемаразуменню і нормам, замацаваным у галіновым пагадненні. Так, пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць сацыяльна-эканамічныя і працоўныя правы работнікаў, пытанні сацыяльнай абароны навучэнцаў, галіновага пагаднення Цэнтральны камітэт удзельнічае ў распрацоўцы праектаў названых актаў. Лакальныя нарматыўныя правававыя акты па пытаннях аплаты, нармавання і аховы працы, працоўных праваадносін і іншых пытаннях, якія тычацца працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў, прымаюцца наймальнікамі па ўзгадненні з адпаведнымі камітэтамі прафсаюза. Пры змяненні істотных умоў працы наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка аб гэтым пісьмова не пазней, чым за адзін месяц, і г.д.

Дзякуючы сумесным намаганням ФПБ, Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза, з ліпеня 2011 года работнікам устаноў дашкольнай адукацыі вернута ранейшая працяг­ласць адпачынкаў.

У рамках сацыяльнага партнёрства

У раздзеле “Ахова працы” Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законах “Аб прафесійных саюзах”, “Аб ахове працы”, Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб страхавой дзейнасці” замацаваны функцыі прафсаюзаў па ажыццяўленні дзейснага кантролю за выкананнем заканадаў­ства аб ахове працы, абароне правоў работнікаў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, гарантаванне бяспекі адукацыйнага працэсу.

Сёння на ўзроўні Цэнтральнага і абласных (Мінскага гарадскога) камітэтаў грамадскі кантроль ажыццяў­ляюць на штатнай аснове 8 тэхнічных інспектараў працы, раённых і гарадскіх прафсаюзных арганізацый — старшыні рай(гар)камаў, а першасных прафсаюзных арганізацый — больш як 18 тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы.

Ключавую ролю ў арганізацыі грамадскага кантролю адыгрываюць грамадскія інспектары па ахове працы. У асноўным сваю работу яны ажыццяўляюць у рамках сацыяльнага партнёрства з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі Міністэрства адукацыі, органамі кіравання адукацыі.

Пад пастаянным кантролем тэхнічных інспектараў працы знаходзіцца стан матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых аздараўленчых лагераў, гарантаванне бяспечнага адпачынку дзяцей. У перыяд летніх канікул вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работ у студэнцкіх будаўнічых атрадах. Праверкі праводзяцца сумесна з Міністэрствам адукацыі, Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2005 годзе тэхнічныя інспектары атрымалі права ажыццяўляць грамадскі кантроль у арганізацыях, у тым ліку недзяржаўнай формы ўласнасці, незалежна ад наяўнасці сярод работнікаў членаў прафсаюза.

Галіновы прафсаюз удзяляе ўвагу рэалізацыі раздзела “Ахова працы” пагадненняў і калектыўных дагавораў, які тычыцца кампенсацый і льгот работнікам па ўмовах працы: даплаты, дадатковыя адпачынкі, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, малаком у прафілактычных мэтах і г.д.

У выніку сумеснай мэтанакіраванай дзейнасці ў апошнія гады склалася практыка пэўнага паляпшэння паказчыкаў аховы працы, што дазволіла зменшыць вытворчы траўматызм з 203 няшчасных выпадкаў у 2000 годзе да 31 выпадку ў 2015 годзе.

У 2011 годзе ў адпаведнасці з Генеральным пагадненнем была ўнесена ў галіновае, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі норма аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, акрамя ўстаноўленага заканадаўствам, сям’і работніка, які загінуў на вытворчасці, са сродкаў наймальніка ў памеры не менш за 10 гадавых заробкаў загінуўшага, а таксама работніку ў сувязі са стратай прафесійнай працаздольнасці з-за траўмы на вытворчасці ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці. Па факце трох няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з работнікамі ўстаноў адукацыі, гэтая норма ўжо была рэалізавана.

Здароўю — асаблівая ўвага

Умацаванне здароўя членаў прафсаюза, далучэнне да масавай фізічнай культуры ажыццяўляюцца праз правядзенне рэспубліканскіх галіновых спартакіяд і турыстычных злётаў, фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама забеспячэнне ўдзелу зборных каманд работнікаў арганізацый сістэмы Міністэрства адукацыі ў рэспубліканскіх міжгаліновых фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах.

Традыцыйна раз у два гады сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму праводзяцца рэспубліканскія спартакіяды і рэспубліканскія турыстычныя злёты работнікаў сістэмы адукацыі. У праграму галіновай спартакіяды 2016 года былі ўключаны спаборніцтвы па 11 відах спорту, у якіх прынялі ўдзел больш за 380 спартсменаў з ліку работнікаў сістэмы адукацыі. Медалямі і дыпломамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь узнагароджаны больш за 120 удзельнікаў.

У спартакіядах на ўзроўні раёнаў удзельнічае звыш 30 тысяч работнікаў галіны. У рэгіёнах, арганізацыях праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах спорту, турыстычныя злёты, дні здароўя.

Галіновае пагадненне рэкамендуе ўключаць у калектыўныя дагаворы (пагадненні) нормы па адлічэнні з пазабюджэт­ных сродкаў наймальнікамі ў памеры не менш за 0,15% ад фонду заработнай платы прафсаюзным арганізацыям для правядзення спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця, іншых сацыяльна значных мэт.

Пагадненнямі, калектыўнымі дагаворамі ўстаноў аду­ка­цыі прадугледжана прадастаўленне работнікам у бясплатнае карыстанне памяшканняў для заняткаў аматарскіх аб’яднан­няў і клубаў па інтарэсах, спартыўных секцый і гурт­коў, стварэнне груп здароўя, частковая кампенсацыя вартасці абанементаў пры наведванні басейна. У палажэннях аб матэрыяльным стымуляванні працы работнікаў устаноў прадугле­джваюцца паказчыкі прэміравання за вядзенне здаровага ладу жыцця, удзел у спартыўна-масавых мерапрыем­ствах, рабоце па арганізацыі адпачынку і аздараўлення членаў прафсаюза.

Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы сярод членскіх арганізацый ФПБ за 2015 год галіновы прафсаюз заняў чацвёртае месца сярод членскіх арганізацый ФПБ колькасцю больш за 100 тысяч чалавек.

З 16 па 18 верасня 2016 года ў ТАК “Высокі бераг” на IV Рэспубліканскім турыстычным злёце прафсаюзаў зборная каманда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі стала трохразовым пераможцам. 22—25 верасня 2016 года ў Магілёве на ХVІ Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў зборная каманда работнікаў сістэмы адукацыі заняла шостае месца.

Дастойная ацэнка

Не так даўно мы гаварылі пра запазычанасць і своечасовасць выплаты заработнай платы. Ужо на працягу больш як пяці гадоў сітуацыя стабілізавалася дзякуючы сумесным намаганням і пастаяннаму кантролю з боку прафсаюза.

Вялікая работа праведзена па абмеркаванні і ўнясенні прапаноў у праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, распрацоўцы ведамасных нарматыўных прававых актаў у рамках яго рэалізацыі.

Прафсаюзам было ўзнята пытанне аб павышэнні са­цыяльнага статусу педагогаў і ўдасканаленні аплаты іх працы праз дыферэнцыраванае павелічэнне памераў надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі пры атэстацыі. У 2012 годзе гэтая пазіцыя была падтрымана Міністэрствам адукацыі. Вынікам сумеснай работы стала пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №  818 “Аб некаторых пытаннях павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі”.

У дапамогу кіраўнікам устаноў адукацыі і ў мэтах рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў сумесна з Міністэрствам адукацыі праводзілася работа па распрацоўцы і зацвярджэнні ва ўстаноўленым парадку тыповых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў установы адукацыі (падраздзяленняў). У рамках рэалізацыі галіновага пагаднення ўдалося вырашыць пытанні на карысць работнікаў устаноў адукацыі.

У рамках рэалізацыі Галіновага пагаднення па ініцыятыве прафсаюза Міністэрствам адукацыі прынята Інструкцыя аб парадку разліку планавага фонду заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі і эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы.

З мэтай сацыяльнай падтрымкі, замацавання ў сістэме адукацыі маладых спецыялістаў, у снежні бягучага года Цэнтральны камітэт прафсаюза падтрымаў і ўзгадніў праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змянення ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 86”. Дакументам прадугледжаны штомесячныя даплаты ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, што дазволіць падтрымаць педагога ў перыяд, калі статус маладога спецыяліста страчаны і спыніліся адпаведныя выплаты, а другая кваліфікацыйная катэгорыя яшчэ не прысвоена.

Упарта і настойліва Цэнтральны камітэт уносіць прапановы па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны; павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў; атэстацыі; новай галіновай сістэме аплаты працы; нарматыве падушавога фінансавання; даплатах да ўзроўню мінімальнай заработнай платы і г.д. Толькі ў бягучым годзе накіраваны шэраг прапаноў у праекты дакументаў, якія паступілі з ФПБ: пра неабходнасць павышэння тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы; у “Закон аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”; у план работы Нацыянальнага Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях і інш.

Даступная інфармацыя

Адна з рэалізаваных задач сацыяльнага партнёрства — гэта работа прадстаўнікоў галіновага прафсаюза ў складзе калегій Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі, спорту і турызму выканаўчых камітэтаў. Прадстаўнікі прафсаюзных органаў працуюць у складзе атэстацыйных камісій, камісій па камплектаванні арганізацый адукацыі і г.д.

Праведзена сістэмная, комплексная работа па ўкараненні розных форм інфармацыйнага забеспячэння ў адпаведнасці з тэндэнцыямі развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій. У абласных, гарадскіх, раённых арганізацыях прафсаюза і першасных арганізацыях распрацаваны асобныя інтэрнэт-сайты і старонкі на сайтах арганізацый галіны. Абноўлены сайт галіновага прафсаюза http://estu.by.

Сайты студэнцкіх прафсаюзных арганізацый, сайт галіновага прафсаюза ўдзельнічаюць у конкурсе інтэрнэт-прэміі міжнароднай спецыялізаванай выставы “ТІБО”. Афіцыйны сайт першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ быў удастоены дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Інтэрнэт-рэсурс грамадскай арганізацыі” ў конкурсе “ТІБО-2011”. Першасныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі актыўна пашыраюць прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках. Створаны відэаканал галіновага прафсаюза на хостынгу YouTube, а таксама твітар-акаўнт @BelEstu.

З мэтай актывізацыі і ўдасканалення інфармацыйнай работы арганізоўваюцца і праводзяцца штогадовыя агляды-конкурсы прафсаюзных стэндаў, якія сталі ўжо традыцыйнымі, візітных картак, інфармацыйных лістовак, агітацыйных відэаролікаў, інтэрнэт-старонак і сайтаў. Распрацоўваюцца інфармацыйныя веснікі, якія змяшчаюць тлумачэнні, метадычныя рэкамендацыі, узоры афармлення дакументаў, нарматыўныя прававыя акты, інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы; тэматычныя зборнікі, брашуры, памяткі, буклеты; выдаюцца зборнікі паэзіі і прозы педагогаў, матэрыялы пра ветэранаў галіны. Цеснае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Сістэмная інфармацыйная работа знайшла адлюстраванне ў выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшае інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі “ПроДВИЖЕНИЕ-2016”, у якім былі вызначаны 11 арганізацый прафсаюза — пераможцаў усіх узроўняў.

Мы разам

Існуе нямала прафесій, дзе пераемнасць пакаленняў адыгрывае станоўчую ролю, дапамагае дабівацца найлепшых вынікаў, і прафесія педагога — адна з такіх. Нашы педагагічныя дынастыі — актыўныя і ганаровыя ўдзельнікі мерапрыемстваў ФПБ, Рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі ФПБ “Мы разам!”, якая праходзіць у кожным раёне краіны.

Так, у дынастыі Храпуцкіх — Тамашовых — Атрошчанка — тры пакаленні настаўнікаў-славеснікаў добрушскай сярэдняй школы № 1 — удзельнікі Злёту працоўных ды­настый ФПБ 2014 года. Дынастыя сям’і Навумовіч — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства ФПБ 1 мая 2015 года, дынастыя Мнухіных — Збароўскіх — Волах — Кабпа з Рэчыцы Гомельскай вобласці — удзельнікі тэлеперадачы “Народная раніца” ў 2016 годзе.

Асаблівым клопатам і ўвагай акружана наша моладзь. 26 студзеня бягучага года на ІІІ пленуме Цэнтральнага камітэта прафсаюза створаны Маладзёжны савет Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. На першым выязным пасяджэнні Маладзёжнага савета прафсаюза ў сакавіку 2016 года ў Гомелі абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнай абароны, сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, а таксама матывацыі прафсаюзнага членства.

У маі — чэрвені 2016 года ўпершыню быў праведзены Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і арганізацыйных структур прафсаюза ў студэнцкіх інтэрнатах.

Арганізацыйныя структуры галіновага прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, у летнім аздараўленні дзяцей, аказваецца дапамога дзецям-інвалідам, дзяўчынкам і хлопчыкам з мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных сем’яў, сіротам і дзецям, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Больш за 15 гадоў Цэнтральны камітэт прафсаюза аказвае адрасную дапамогу Дзяржынскаму раённаму дзяржаўнаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру.

У рамках работы па міжнароднай дзейнасці заключаны дагаворы з Незалежным прафсаюзам работнікаў адукацыі Азербайджана, Казахстанскім галіновым прафсаюзам, прафсаюзам адукацыі і навукі Рэспублікі Малдова, адпаведнымі прафесійнымі саюзамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі польскіх настаўнікаў, Латвійскім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, Федэрацыяй прафесійнага саюза асветы і навукі Літвы.

Галіновы прафсаюз уваходзіць у склад Інтэрнацыянала адукацыі, старшыня Цэнтральнага камітэта А.А.Бойка з’яўляецца членам Еўрапейскага камітэта прафсаюзаў адукацыі, членам Савета міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў адукацыі і навукі.

З 5 па 8 снежня 2016 года ў Бялградзе (Рэспубліка Сербія) адбылася спецыяльная канферэнцыя еўрапейскага рэгіёна Інтэрнацыянала адукацыі “Пашырэнне правоў прафсаюзаў работнікаў адукацыі — ключ да якаснай адукацыі”.

Выступаючы на канферэнцыі, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка падтрымаў рэзалюцыю “Супраць прыватызацыі і камерцыялізацыі сістэмы адукацыі”, прадстаўленую прафсаюзам настаўнікаў Вялікабрытаніі. У сваім выступленні старшыня галіновага прафсаюза адзначыў: “Па-першае, такая адукацыя з’яўляецца не бясплатнай, значыць, не кожнаму даступнай і не ўсеагульнай; па-другое, як паказвае практыка і маніторынгі, якія праводзяцца намі з сацыяльнымі партнёрамі, гэтая адукацыя не заўсёды з’яўляецца якаснай”.

Пастаяннае ўдасканаленне

Сёння Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі налічвае ў сваіх шэрагах 606 371 члена прафсаюза, у тым ліку 396 459 тых, хто працуе, 152 570 студэнтаў і навучэнцаў,  57 342 тых, хто не працуе, знаходзіцца на прафсаюзным уліку, аб’яднаных у 7069 першасных прафсаюзных арганізацый. За апошнія пяць гадоў колькасць членаў прафсаюзных кадраў павялічылася на 6 тысяч чалавек.

Сёння навучанне прафсаюзных кадраў і актыву — адна з прыярытэтных задач галіновага прафсаюза. За 2015/2016 навучальны год у вучэбна-метадычных аддзелах Рэспубліканскага цэнтра Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” навучана 3395 актывістаў галіновага прафсаюза. Гэта першы паказчык сярод членскіх арганізацый ФПБ.

Нядаўна адна з самых адказных і высакародных прафесій набыла асаблівы статус: упершыню ў гісторыі краіны прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік Беларусі”. Яно прысвоена настаўніку фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерыю Васільевічу Барашкову. Ганаровае званне для народнага настаўніка не першае. У часы БССР яго ўзнагаро­дзілі ордэнам Працоўнай Славы, прэміяй імя Н.К.Крупскай.

У Год культуры

Члены Маладзёжнага Савета Федэрацыі прафсаюзаў з ліку прадстаўнікоў галіновага прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у міжнародным маладзёжным адукацыйным форуме “ТЕМП-2016. Трудом Едина Молодежь Профсоюзов”.

20 мая 2016 года адбыўся фінальны канцэрт Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны — 2016”. У фінал конкурсу ў намінацыі “Сцэнічная творчасць” выйшлі прадстаўнікі галіновага прафсаюза.

У мэтах павышэння матывацыі прафсаюзнага членства сярод моладзі, стымулявання актыўнага ўдзелу іх у прафсаюзным жыцці ў 2016 годзе была ўстаноўлена стыпендыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі для навучэнцаў з ліку прафсаюзных актывістаў. 11 лаўрэатаў стыпендыі ФПБ
з 16 — прадстаўнікі галіновага прафсаюза.

23 лістапада 2016 года ў рамках акцыі “Судэнцтва і прафсаюз — разам”, прысвечанай Міжнароднаму дню студэнтаў, Цэнтральны камітэт уручыў 19 лепшым прафсаюзным актывістам з ліку студэнтаў і навучэнцаў сертыфікаты і грашовыя выплаты за актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, высокія паказчыкі ў вучэбнай, навуковай, грамадскай, творчай дзейнасці.

Прафсаюзы не могуць стаяць на месцы. Разам з ФПБ галіновы прафсаюз мае намер і далей настойліва дабівацца паляпшэння ўмоў жыцця і працы, росту заработнай платы, захавання працоўных месцаў, прадастаўлення сацыяльных гарантый членам прафсаюза.

Как море, пшеница колышется,

В заре предрассветный туман,

Легко, с наслаждением дышится,

И летний, пьянящий дурман.

Соловьиная трель раздаётся,

Округу любовью наполнив,

И песнею в душу ворвётся,

Обо всём, что со мною, напомнив.

Ручей прозвучит переливом,

Мелодией детства родной,

И в бульканье звонком, игривом

Мне голос послышится твой.

Копытами конь простучит,

Вокруг сенокоса страда,

А где-то кукушка кричит,

Кому-то считая года.

Кузнечиков звонкая трель

Насытила воздух вокруг,

А радуги акварель

Всё небо раскрасила вдруг.

С котомкой и пугой пастух

Спросонья на стадо ворчит,

В деревне проспавший петух

Отчаянным криком кричит.

Аўтар верша — Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ашмян, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, член ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, член Прэзідыума абкама прафсаюза, старшыня савета дырэктараў Гродзенскай вобласці, член Прэзідыума Рэспубліканскай асацыяцыі кіраўнікоў сістэмы адукацыі, удзельнік V Усебеларускага народнага сходу.

І немагчымае магчыма

У свяце, што адбылося ў сталічным тэатры-караоке “Багема”, удзельнічалі 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з розных рэгіёнаў краіны. Канечне, іх сустракалі Дзед Мароз і Снягурка, Панда, а яшчэ — алень! Не казачны персанаж, а сапраўдная жывёла з заапарка “Сірын”, прычым жадаючыя маглі пакатацца на алені, што і рабілі з вялікім задавальненнем.

Чакала гасцей і святочная праграма, якую падрыхтавалі ўдзельнікі творчай майстэрні разнажанравага вакалу “Трыумф-арт”, а таксама конкурсы, гульні, спаборніцтвы, карагоды, творчыя майстар-класы ад валанцёрскага клуба “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, іншыя забавы.

Дабрачынная навагодняя акцыя Беларускага дзіцячага фонду будзе праходзіць ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі да 10 студзеня 2017 года. Так, у Мінску члены грамадскай арганізацыі разам з валанцёрамі, артыстамі, казачнымі персанажамі наведаюць дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, дзіцячае апёкавае аддзяленне гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячае траўматалагічнае аддзяленне 6-й гарадской клінічнай бальніцы, Рэспубліканскі дзіцячы кардыялагічны цэнтр РНПЦ “Кардыялогія”, завітаюць з падарункамі і віншаваннямі па іншых адрасах.

І, як заўсёды, акцыю падтрымліваюць сябры БДФ. Падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак дапамаглі падрыхтаваць замежнае прадпрыемства “Цэптар Інтэрнацыянал”, ААТ “Чырвоны харчавік”, “Чырвоны мазыранін” і інш. У навагоднія святы для кожнага малога немагчымае становіцца магчымым.

Марына ХІДДЖАЗ.

PUER: падарыць дзецям шчаслівае заўтра

Асаблівасці выхавання дзяцей у прыёмных і замяшчальных сем’ях вельмі часта выклікаюць шмат пытанняў у “новых” бацькоў. Не сакрэт, што, прымаючы ў сям’ю яшчэ ўчора чужое, а сёння ўжо сваё, але зусім незнаёмае дзіця, прыёмныя бацькі сутыкаюцца з разгубленасцю. Як пабудаваць даверлівыя адносіны? Як не нанесці псіхалагічную траўму і пазбегнуць канфліктаў? Як выгадаваць сваё дзіця так, каб яно ні на хвіліну не сумнявалася ў тым, што яго любяць не менш за астатніх?

Аб гэтых і іншых пытаннях ішла гаворка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дзяцінства і сям’я ХXI стагоддзя: праблемы і стратэгіі псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі”, якая адбылася напрыканцы лістапада ў БДПУ імя Максіма Танка.

Шчасце пачынаецца з сям’і

Ідэя аб правядзенні канферэнцыі была прапанавана прэзідэнтам Італьянскай гуманітарнай асацыяцыі PUER Серджыа дэ Чыка. Падпісваючы ў 2014 годзе з БДПУ дагавор аб стварэнні ва ўніверсітэце Цэнтра псіхалагічнай дапамогі, Серджыа дэ Чыка прапанаваў накіраваць работу псіхолагаў і педагогаў цэнтра на дапамогу замяшчальным і прыёмным сем’ям. Такім чынам, работа цэнтра заснавана на аказанні псіхалагічнай дапамогі, а таксама паляпшэнні псіхалагічнага стану дзяцей-сірот. Акрамя гэтага, цэнтр працуе і з тымі бацькамі, якія пазбаўлены правоў на выхаванне дзяцей.

Што тычыцца канферэнцыі, то яе асноўная мэта — падвесці вынікі наконт сумеснай работы, даць адказы на хвалюючыя пытанні, а таксама вызначыць новыя задачы, вырашэнне якіх у будучым можа палепшыць становішча дзяцей з замяшчальных і прыёмных сем’яў.

— На працягу 20 гадоў я займаюся праблемамі, звязанымі з дзецьмі, за гэты час было назапашана нямала вопыту, і менавіта гэта стала штуршком для стварэння гуманітарнай арганізацыі PUER, — дзеліцца Серджыа дэ Чыка. — Сёння наша арганізацыя паспяхова спраўляецца з пастаўленай перад намі задачай — аказаннем дапамогі дзецям з Беларусі. Акрамя гэтага, вельмі важна, што PUER падтрымлівае ініцыятыву ўсынаўлення і імкнецца накіроўваць сваю работу на абарону тых дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Дарэчы, адной з прычын, па якой у Італіі больш чым 20 гадоў назад была заснавана PUER, стала чарнобыльская катастрофа, наступствы якой, на жаль, дагэтуль адчувае ўся Еўропа.

У 1992 годзе SOS-дзіцячая вёска ў Рыме ўпершыню запрасіла да сябе на аздараўленне некалькі груп дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Гэтыя дзеці атрымалі першую гуманітарную дапамогу ад італьянскіх сем’яў. І менавіта гэта стала пачаткам знаёмства італьянцаў і беларусаў.

— Калі апошняя група дзяцей паехала дадому, мы пачалі думаць над тым, каб арганізаваць паездку ў Беларусь. Нам хацелася больш дэталёва зразумець, якім чынам яшчэ можна дапамагчы тым беларускім дзецям, якія выхоўваюцца ў замяшчальных, прыёмных сем’ях. А для гэтага трэба было паглядзець, як жывуць дзеці, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца. Менавіта з гэтай мэтай і былі створаны першыя гуманітарныя арганізацыі, — працягвае расказваць пра дзейнасць PUER прэзідэнт асацыяцыі. — Сёлета, калі адзначалася 30-годдзе са дня катастрофы на ЧАЭС, PUER была праведзена канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся новыя мэты і задачы развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы дапамогі тым дзецям, якія па тых ці іншых прычынах не выхоўваюцца ў біялагічных сем’ях.

Але ўсё гэта толькі пачатак нялёгкага шляху. PUER і БДПУ правялі вялікую работу для таго, каб і студэнты-псіхолагі маглі працаваць з беларускімі замяшчальнымі і прыёмнымі сем’ямі і на прафесійным узроўні аказвалі б неабходную дапамогу тым, каму яна насамрэч патрэбна.

Дарэчы, падчас канферэнцыі шмат увагі адводзілася такому паняццю, як інтэграваная сям’я. І менавіта пры дапамозе культурнага абмену можна зразумець, у чым жа на самай справе заключаецца сутнасць гэтай новай у сацыяльнай і псіхалагічнай педагогіцы з’явы.

— Прааналізаваўшы работу арганізацыі на працягу некалькіх гадоў, мы зразумелі, чым можам дапамагчы і як насамрэч дапамагаем дзецям. Многія з тых дзяцей, якія першымі пачалі ўдзельнічаць у міжнародным абмене, ужо выраслі і самі сталі бацькамі. Вельмі хочацца, каб у свае сем’і яны неслі ўсё толькі самае лепшае і каб цанілі тыя добрыя каштоўнасці, якія перанялі ў нас, італьянцаў, — звярнуў увагу спадар Серджыа.

Давер як аснова шчаслівай сям’і

Сёння, побач з новымі тэхналогіямі, калі грамадства імкліва развіваецца, з’яўляюцца і новыя мадэлі сацыяльных зносін. Але патрэбы дзяцей ад гэтага не мяняюцца. Любому дзіцяці неабходна, каб у яго была сям’я, каб яго проста любілі. І гэтыя патрэбы з’яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі. Тым не менш сёння фарміруецца новая мадэль жыцця, а гэта ўскосна, але ўсё ж такі ўплывае на дзяцей, якія сутыкаюцца з інтэграцыяй сем’яў.

— У 90 працэнтаў выпадкаў, калі беларускае дзіця па абмене ўпершыню прыязджае ў італьянскую сям’ю, адбываецца ўзаемны абмен культурамі. Італьянская сям’я становіцца беларускай. А беларускае дзіця, у сваю чаргу, прывучаецца да італьянскай культуры. Абмен паміж беларускімі і італьянскімі сем’ямі садзейнічае фарміраванню новага феномена як на ўнутрысямейным, так і на сацыяльным узроўні. Пры наяўнасці неабходных умоў усё гэта можа прывесці да стварэння новага фармату сям’і, — працягвае тлумачыць Серджыа дэ Чыка. — Калі гаварыць аб працэсе ўсынаўлення, то ён адбываецца згодна з праграмамі па ўсынаўленні дзяцей і выключна пры ўмове ўзаемнай згоды як дзяцей, так і дарослых. Менавіта тыя дзеці і дарослыя, якія да моманту знаёмства належалі да розных нацыянальнасцей і культур, а пасля пазнаёміліся, пазналі адно аднаго, фарміруюць новы баланс у сям’і. Варта разумець, што для стварэння шчаслівай сям’і не існуе ніякіх меж.

Прыём дзіцяці ў сям’ю — гэта вельмі адказны момант. І вельмі важна, наколькі гатовыя да гэтага як дарослыя, так і само дзіця.

— Вельмі важным з’яўляецца тое, як пройдзе першая сустрэча дзіцяці з новай сям’ёй. Такі момант павінен стаць момантам яднання. Але адначасова з гэтым існуе небяспека, што сувязь паміж дзецьмі і новымі бацькамі не будзе ўстаноўлена. Менавіта па гэтай прычыне працэс падрыхтоўкі да сустрэчы з’яўляецца ключавым момантам у працэсе нашай работы, — расказаў спадар Серджыа.

Увогуле, пажыўшы па абмене з новымі бацькамі, дзеці павінны вяртацца дадому з пачуццём гонару за тое, што менавіта яны сталі галоўным элементам у працэсе стварэння новай сям’і. У іх не павінна быць унутраных канфліктаў, яны павінны разумець сваю значнасць у гэтым і разумець, што без іх нічога такога не адбылося б. Такім чынам, неабходна аказваць дапамогу і дзецям, і апекунам, каб паміж імі будаваліся камфортныя адносіны.

Магчымасць пабудаваць давер паміж усімі ўдзельнікамі зносін, пачынаючы з італьянскіх сем’яў і заканчваючы беларускімі апекунамі, з’яўляецца важнай задачай работы Цэнтра псіхалагічнай падрыхтоўкі. Дарэчы, кожны год PUER і БДПУ будуць адбіраць лепшага студэнта-валанцёра. Важна, што PUER дае магчымасць студэнтам паспрабаваць сябе ў практычнай дзейнасці псіхолага, адчуць праблемную вобласць замяшчальных сем’яў, пранікнуцца праблемай і зразумець, што могуць і псіхолаг, і сацыяльны педагог даць дзецям.

Не канфліктаваць, а супрацоўнічаць

Каб граматна пабудаваць работу з прыёмнымі і замяшчальнымі сем’ямі, спецыялісты ўсё часцей выкарыстоўваюць сямейную медыяцыю.

“Канфлікты, якія ўзнікаюць у сем’ях, маюць свае асаблівасці. Многія ведаюць прычыны ўзнікнення канфліктаў, а таксама спосабы вырашэння спрэчных сітуацый. І менавіта той вопыт вырашэння канфліктаў, які дзеці атрымалі ў біялагічных сем’ях, вылучае іх у прыёмных ці замяшчальных сем’ях, калі яны туды трапляюць, — дзеліцца вопытам загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдат псіхалагічных навук Аксана Канстанцінаўана Шульга. — Які гэта вопыт? Гэта вопыт нявырашанага канфлікту”.

Дзеці з біялагічных сем’яў ці дзеці-сіроты часцей сутыкаюцца з праблемамі псіхалагічнага ці фізічнага насілля, і гэта таксама накладвае свой адбітак на адносіны, якія ўзнікаюць у іх не толькі з бацькамі, але і з равеснікамі. У такіх дзяцей, як правіла, адсутнічаюць навыкі канструктыўнага вырашэння канфліктаў.

Сёння канфлікты ўзнікаюць і вырашаюцца ў сем’ях з розным стылем выхавання. Шкада, але супрацоўніцтву ў сем’ях ніхто не вучыць. Бацькамі выкарыстоўваюцца розныя стылі “выхаду” са спрэчнай сітуацыі: пазбяганне, канкурэнцыя, уступка, кампраміс, — але супрацоўніцтва вельмі рэдка становіцца асновай для вырашэння канфліктаў.

Відавочна, што метадам супрацоўніцтва для вырашэння канфліктных сітуацый неабходна навучыцца валодаць усім сучасным бацькам, якім неабыякавыя ўласныя дзеці. Але бацькі з замяшчальных і прыёмных сем’яў павінны карыстацца гэтым метадам заўсёды. Дзіця, якое трапіла ў новую сям’ю, павінна адчуваць, што яно патрэбна новым бацькам.

— Што тычыцца сямейнай медыяцыі, то гэта спосаб вырашэння канфлікту з удзелам трэцяга незалежнага боку. Мы вучым вырашаць канфлікты праз дыялог. Калі канфлікт адбыўся, яго можна вырашыць на месцы, — тлумачыць Аксана Шульга.

Адметна, што медыяцыя не накіравана на пошук вінаватых. Медыяцыя вучыць улічваць у вырашэнні канфлікту інтарэсы абоіх удзельнікаў канфлікту, спрэчкі. Варта памятаць, што ў канфлікце не можа быць вінаватых. І калі займацца пошукам вінаватых, канфлікт вырашаны не будзе.

— У медыяцыі канфліктуючыя бакі самі прымаюць рашэнне, парад ніхто не дае. І часцей за ўсё яны прымаюць тое рашэнне, пра якое на пачатку канфлікту нават не здагадваліся. Медыяцыя будуецца на камунікатыўных тэхналогіях. Любы працэс медыяцыі накіраваны на працэс захавання адносін. І калі ў канфлікце бакі спрабуюць звярнуцца да мінулага, каб зразумець, што было зроблена не так, што прывяло да канфлікту, то медыяцыя накіравана не на пошук праблем з мінулага, а на пабудаванне адносін і на тое, што можна зрабіць, каб такога канфлікту ў будучым не паўтарылася. Усе ўдзельнікі канфлікту, згодна з медыяцыяй, бяруць адказнасць за канфлікт на сябе, — расказвае Аксана Канстанцінаўна.

У канфліктах, якія ўзнікаюць у замяшчальных сем’ях, узнікае шмат праблем, звязаных з насіллем. І гэтыя праблемы часцей за ўсё з мінулага, яны прыходзяць у новую сям’ю з біялагічнай. Такім чынам, у сямейнай медыяцыі існуе аднаўленчы падыход, які накіраваны на вырашэнне канфлікту паміж ахвярай і агрэсарам.

— Аднаўленчы падыход дапамагае чалавеку вярнуць самому сабе станоўчую ацэнку. Здараецца, ахвяра трапляе ў сітуацыю, калі над ёй было здзейснена насілле. Ахвяра лічыць вінаватай толькі сябе. Мэта аднаўленчага падыходу — паказаць чалавеку, які пацярпеў ад насілля, што не ён вінаваты. Зараз разгледзім адваротны бок. Калі мы караем вінаватага за злачынства, злачынца можа і не згадзіцца з абвінавачваннямі. А ў аднаўленчым падыходзе агрэсар паспрабуе ацаніць маштаб сваіх дзеянняў, а таксама будзе імкнуцца зразумець, якім чынам яго дзеянні прывялі да таго, што ў ахвяры змянілася жыццё, а таксама адносіны да самога сябе, — тлумачыць кандыдат псіхалагічных навук.

Такія сітуацыі вельмі знаёмыя дзецям, якія прыходзяць з біялагічных у прыёмныя сем’і, таму што яны ў першую чаргу страцілі давер да сваіх мамы і таты. Калі яны прыходзяць у замяшчальныя сем’і, пачаць давяраць становіцца вельмі складана. Аднаўленчы падыход дае магчымасць навучыцца давяраць, будаваць станоўчыя адносіны з новай сям’ёй.

— Мы вучым бацькоў з замяшчальных сем’яў, што ў аснове канфлікту ляжаць патрэбы дзіцяці. Бацькі павінны вучыцца глядзець углыб спрэчнай сітуацыі, — працягвае дзяліцца вопытам Аксана Канстанцінаўна. — У Гродне сёлета праходзіў фестываль замяшчальных сем’яў, дзе бацькі, у якіх з’явіліся новыя дзеці, былі навучаны асновам медыяцыі. Хочацца, каб такія мерапрыемствы сталі добрай традыцыяй і навучылі ўсіх нас жыць мірна.

***

Канферэнцыя прайшла, але пытанні выхавання дзяцей у прыёмных і замяшчальных сем’ях заўсёды будуць заставацца адкрытымі. Каб зрабіць жыццё і ўзаемаадносіны дзяцей і бацькоў гарманічнымі, неабходна праводзіць каласальную работу. І будавацца такая работа павінна на даверы паміж бацькамі і спецыялістамі. На жаль, практыка паказвае, што часта ў тых праблемах, якія ўзнікаюць у прыёмных ці замяшчальных сем’ях, вінаватымі робяць бацькоў. Але ці так гэта на самай справе? Магчыма, каб з самага пачатку стварэння замяшчальнай (прыёмнай) сям’і кампетэнтныя службы спрабавалі будаваць работу больш зладжана, на аснове даверу і падтрымкі, а бацькі не баяліся б лішні раз расказаць аб тым, што іх насцярожвае, паламаных дзіцячых лёсаў было б значна менш.

Наталля ДУБІК.

Дзень сяброўства і шчырасці

Свята “Дзень сяброўства” штогод праводзіцца ў Салігорску. Мерапрыемства прысвечана Міжнароднаму дню інваліда. Свята заклікана нагадаць усім, што побач з намі жывуць тыя, каму лёсам наканавана больш выпрабаванняў, чым іншым, што людзі з парушэннямі рознага кшталту — частка нашага грамадства і ім патрэбны любоў і сяброўства. А яшчэ гэта магчымасць паказаць людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што навокал мноства людзей, гатовых адорваць іх цяплом.

“Дзень сяброўства” сёлета прайшоў 18-ы раз. Згадваючы гісторыю мерапрыемства, можна прасачыць, як мяняюцца да лепшага адносіны грамадства да асаблівых людзей, дзяцей. Раней спецыялістам Салігорскага ЦКРНіР даводзілася настойліва запрашаць гасцей на свята, тлумачыць яго значнасць, пераконваць у неабходнасці такіх мерапрыемстваў. Сёння людзі прыходзяць самі, ЦКРНіР і яго выхаванцы за гэты час абзавяліся такой колькасцю шчырых сяброў і партнёраў, што яны самі выступаюць з рознымі ініцыятывамі наконт правядзення “Дня сяброўства”.

Сёлета мерапрыемства прайшло на базе гімназіі № 3 Салігорска. Удзел у свяце бралі выхаванцы ЦКРНіР, іх бацькі і родныя, валанцёры — навучэнцы гімназіі, маладыя інваліды, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН), выхаванцы ўстаноў адукацыі Салігорска. На свята запрасілі прадстаўнікоў арганізацый-шэфаў ЦКРНіР і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Прадстаўленне, якое чакала гасцей свята, складалася з двух аддзяленняў. У першым былі прадстаўлены творчыя нумары. На сцэну з песнямі, танцамі, вершамі выходзілі выхаванцы ЦКРНіР і іх бацькі, маладыя інваліды з ТЦСАН. Свае выступленні дарылі гледачам выхаванцы ясляў-сада № 25, гімназіі № 3, школы мастацтваў горада. У другім аддзяленні ўвазе гледачоў прапанавалі тэатральную пастаноўку — казку “Снежная каралева”, ролі ў якой выконваюць выхаванцы ЦКРНіР і іх сябры-валанцёры з гімназіі № 3. Пастаноўка ў шасці дзеяннях — цудоўны прыклад талерантнасці, інклюзіі і шчырых узаемаадносін паміж дзецьмі з асаблівасцямі і іх звычайнымі равеснікамі.

Дар’я РЭВА.