У Радуні дзецям радасць

Асаблівасць жыцця ў невялікім населеным пункце ў тым, што тут кожны адно аднаго ведае.

А калі ты з’яўляешся загадчыкам дашкольнай установы адукацыі, дык цябе, як кажуць, ведае і стары і малы. Алена Іванаўна Учкуроніс — загадчык не проста дашкольнай установы, а Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў гарадскім пасёлку Радунь. Дарэчы, адзінай такой установы ў Воранаўскім раёне.

І яшчэ адна акалічнасць — ва ўзросце 25 гадоў яе прызначылі кіраўніком тады яшчэ дзіцячага садка. І такі давер Алена Іванаўна апраўдала.

— Упершыню ў раёне створана ўстанова новага тыпу, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама Алена Ганевіч. — Дзякуючы нястомнай энергіі загадчыцы, яе вялікай зацікаўленасці ў рабоце, пастаяннаму пошуку новага, быў створаны калектыў аднадумцаў, які пастаянна дасягае высокіх вынікаў — неаднаразова быў пераможцам раённага конкурсу на лепшую ўстанову дашкольнай адукацыі.

На базе ДЦРД створаны два рэсурсныя цэнтры — па інфарматызацыі і “Папярэджанне і пераадоленне маўленчых парушэнняў у дзяцей”. У iнфармацыйна-метадычным цэнтры для выхавальнікаў створаны рабочыя месцы, абсталяваныя камп’ютарамi, якія аб’яднаны ў лакальную сетку, у старшых групах выкарыстоўваюць інтэрактыўную дошку, ёсць два мультымедыйныя праектары. Але гэтыя тэхнічныя новаўвядзенні, калі яны не напоўнены жаданнем педагогаў працаваць па сучасных метадах, застануцца проста наборам тэхнічных сродкаў. Галоўнае, каб імкненне працаваць па-новаму было ў людзей. Напрыклад, тут стварылі свае электронныя дэманстрацыйныя комплексы па навучанні пісьменнасці. Зараз задумаліся аб стварэнні комплексаў па музыцы “А музыка гучыць”. Палічылі, што ў гэтым ёсць вялікая патрэба.

— Алена Іванаўна сама такі прыклад усяго новага, цікавага, сучаснага, што побач з ёй немагчыма застацца раўнадушным, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Вольга Пуйша. — Яна пастаяна штосьці прапаноўвае, ну а калі загадчыца штосьці задумала, то і ўвесь калектыў не адступіць. Нашай Алене Іванаўне адмовіць немагчыма. Яна да кожнага падбярэ свой ключык.

Бацькі ў невялікай Радуні не менш патрабавальныя, чым у вялікім горадзе, і нашы дзеці заслугоўваюць не менш, чым дзеці ў вялікіх гарадах, — такі прынцып работы калектыву ДЦРД. Вялікую ўвагу ўдзяляюць тут і рабоце з бацькамі, папячыцельскі савет актыўны. На сайце ДЦРД можна ўбачыць шмат падзяк бацькам выхаванцаў за дапамогу па добраўпарадкаванні, за ўдзел у мерапрыемствах. А традыцыйны дзень адкрытых дзвярэй пераўтварыўся ў тыдзень, таму што аднаго дня, каб паказаць усю работу цэнтра, не хапае. Тут лічаць, што бацькі павінны ведаць і бачыць усё, быць удзельнікамі выхаваўчага i адукацыйнага працэсу.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Радуні з’яўляецца першапраходцам многіх пачынанняў. “Матчына школа” працуе тут з 2009 года, і яе паслугі вельмі запатрабаваныя. Зусім нядаўна, як тут кажуць, для асцярожных бацькоў, з’явілася гувернёрская паслуга, калі выхавальнікі прыходзяць дадому да дзіцяці і знаёмства адбываецца ў прывычных для яго ўмовах. Практыкуюць і магчымасць азнаямляльнага перыяду, калі дзіця можа прыйсці ў групу на дзве гадзіны. Яшчэ адно новаўвядзенне — святкаванне дня нараджэння сярод сяброў. Супрацоўнікі цэнтра арганізоўваюць свята ці ў цэнтры, ці дома ў выхаванца. Відэасправаздача з мерапрыемстваў, з заняткаў абавязкова застаецца на памяць бацькам, а выконвае яе супрацоўніца цэнтра. І робіцца гэта бясплатна. Для развіцця маўлення практыкуюць эйдатэхніку. А яшчэ з гэтага года дзеткі пачалі займацца англійскай мовай. Вядзе заняткі настаўнік з Радунскай сярэдняй школы.

Лёс звязаў А.І.Учкуроніс з педагагічнай прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве: мама яе ўсё жыццё працавала настаўніцай, прадаўжае педагагічную дзейнасць і зараз, нягледзячы на пенсійны ўзрост. У дзяцінстве Алена вельмі любіла слухаць маміны апавяданні пра тое, як яна пачынала працаваць настаўніцай у сельскай школе, як віталі яе на вуліцы: “Добры дзень, настаўніца!” Такія ж словы пачула і сама Алена Іванаўна, калі пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Лідскага педагагічнага вучылішча папрасілася не ў гарадскую школу, а ў вясковую — Доцішкаўскую базавую школу ў сваім родным Воранаўскім раёне. І гэты час лічыць часам станаўлення сябе як педагога, часам, калі яна вучылася і вельмі адказнаму мастацтву адносін з калегамі, вучнямi і іх бацькамі. У Доцішках Алена пазнаёмілася і са сваім мужам, разам яны выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшая дачка ўжо студэнтка БДЭУ, сярэдняя вучыцца ў Радунскай сярэдняй школе, а пяцігадовы Глеб — мамін выхаванец у прамым і пераносным сэнсе — наведвае дашкольны цэнтр.

— З чаго пачынаецца рабочы дзень загадчыцы?

— З люстэрка, — усміхаецца Алена Іванаўна. — Я заўсёды гавару сваім калегам, што дзетак і бацькоў трэба сустракаць прыгожымі, акуратна апранутымі і ў добрым настроі. А калі сур’ёзна, з абходу кожнай групы, гутаркі з супрацоўнікамі, вырашэння штодзённых пытанняў, пытання “Як справы, як настрой?”.

На працягу дня ў групы Алена Іванаўна зазірне некалькі разоў.

Марыя Верамейчык, якая аддала педагагічнай справе больш за 40 гадоў, успамінае, як пачынала дзейнасць загадчыцай А.І.Учкуроніс. Малады кіраўнік падкупіла і жаданнем працаваць, і сваёй адукаванасцю, і жаданнем пераймаць вопыт старэйшых калег і прыслухоўвацца да іх, пастаянна вучыцца, і сваім паважлівым стаўленнем да кожнага члена калектыву.

— Яна кіраўнік строгі, але справядлівы, уважлівы да іншых, — гаворыць Марыя Віктараўна. — З ёй хочацца працаваць.

Калектыў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці хоча не проста працаваць, а працаваць з перспектывай, творча. У планах — добраўпарадкаванне і далейшае азеляненне тэрыторыі, якое з дапамогай бацькоў вядуць на працягу некалькіх гадоў. Адна з апошніх задумак — развіццё логікі і матэматычных здольнасцей дзяцей сродкамi набору Лега. Дзеткі з Радуні будуць вучыцца і развівацца так, як патрабуе час, бо іх выхавальнікі на чале з А.І.Учкуроніс лічаць свой цэнтр другой сям’ёй, а сваіх выхаванцаў — самымі лепшымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Бачыць асобу ў кожным вучню

Сорак тры гады плённай працы. Менавіта столькі аддаў дзейнасці ў сферы адукацыі першы народны настаўнік Беларусі Валерый Васільевіч Барашкоў.

Не сказаць, каб ён марыў аб педагогіцы з дзяцінства. У школе яго прываблівалі дакладныя дысцыпліны. Гэтае захапленне, а яшчэ добры прыклад у асобе настаўніцы матэматыкі Дзіяны Канстанцінаўны Алейнікавай і абумовілі яго прафесійны лёс. Закончыўшы сярэднюю школу № 2 Чавус, Валерый Барашкоў працягнуў адукацыю на фізіка-матэматычным факультэце цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. Аднак пасля атрымання дыплома настаўнічаць стаў не адразу — захапіўся навукай. Нейкі час быў супрацоўнікам філіяла Інстытута фізікі пры акадэміі навук. А потым жыццёвыя абставіны склаліся так, што Валерый Васільевіч апынуўся ў якасці педагога ў сельскай школе ў родным Чавускім раёне.

— Аб тым, што змяніў навуку на педагогіку, ніколі не шкадую, бо менавіта ў педагагічнай дзейнасці змог рэалізаваць сябе, — кажа Валерый Барашкоў.

Зараз, ужо больш як 25 гадоў працуючы ў 1-м абласным ліцэі, ён не ўяўляе для сябе іншага шляху, акрамя як настаўніцкага. Педагогіка — яго прызванне. І адметна, што, маючы за плячыма вялікі прафесійны вопыт, Валерый Васільевіч усяляк імкнецца да ўдасканальвання свайго майстэрства. На сённяшні дзень ён мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, валодае ўласным педагагічным почыркам, распрацаваў аўтарскую педагагічную тэхналогію навучання.

— Адзін з тых, хто працуе ў ліцэі з першых дзён яго заснавання. Сапраўды неардынарны педагог, прафесіянал высокага ўзроўню. Пастаянна ўкараняе ў вучэбны працэс перадавыя педагагічныя распрацоўкі, імкнецца зрабіць навучанне максімальна эфектыўным, — так адзываецца пра Валерыя Барашкова дырэктар ліцэя Пётр Шылаў.

Сам жа Валерый Васільевіч мяркуе, што калі прымушаць дзяцей вучыцца, гнацца за высокімі паказчыкамі паспяховасці, то нічога значнага не дасягнеш. А вось калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, то вынік будзе адпаведным. На сваіх занятках В.В.Барашкоў прымяняе розныя адукацыйныя методыкі.

— Кожны клас індывідуальны, кожны вучань — асоба. Таму і падыходы да выкладання прадмета трэба вар’іраваць. Сваю ролю ў засваенні ведаў адыгрывае і спрыяльная атмасфера ўзаемаадносін паміж дзецьмі і настаўнікам, — адзначае суразмоўца.

Даволі часта на ўроках Валерый Барашкоў выкарыстоўвае ўласна распрацаваную тэхналогію адкрытага навучання. Ён стымулюе навучэнцаў на самастойны пошук ведаў, а сам выступае толькі куратарам іх пазнавальнай дзейнасці. Важным фактарам для якаснага навучання педагог лічыць і метапрадметнасць.

На яго думку, паспяховасць у класе таксама шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму настаўніка, таму педагогам трэба заўсёды крытычна адносіцца да сябе, нягледзячы на пэўныя дасягненні, імкнуцца да ўдасканальвання сваёй працы. Сам Валерый Васільевіч так і робіць. Будучы заслужаным, а цяпер і народным настаўнікам краіны, ён пастаянна знаходзіцца ў прафесійным развіцці. Актыўна дзеліцца сваім вопытам і з калегамі. Перыядычна праводзіць аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, чытае лекцыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, выступае з дакладамі на канферэнцыях і семінарах. Акрамя таго, Валерый Барашкоў актыўна займаецца распрацоўкай аўтарскіх вучэбных кніг і дапаможнікаў.

Важнае месца Валерый Васільевіч адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Ён стараецца своечасова разгледзець здольнасці кожнага вучня і дапамагчы рэалізацыі іх талентаў. Трэба сказаць, у яго гэта вельмі добра атрымліваецца. Толькі за час працы настаўнікам у 1-м абласным ліцэі Валерый Барашкоў падрыхтаваў 99 пераможцаў трэцяга і 77 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Яго вучні заваявалі 9 прызавых медалёў і адзін пахвальны водзыў на міжнародных фізічных алімпіядах. Поспехі навучэнцаў, тое, што многія з іх выбіраюць фізіку за аснову сваёй прафесіі, — лепшая ўзнагарода для настаўніка. Дасягненні выпускнікоў матывуюць яго на яшчэ больш плённую працу з цяперашнімі вучнямі. Сёння Валерый Васільевіч ужо на заслужаным адпачынку, але працягвае настаўнічаць. Ліцэісты заўсёды рады сустрэчы з педагогам, бо кожны яго ўрок ператвараецца для іх у адкрыццё, адкрыццё таямніц складанай, але такой цікавай навукі фізікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Настаўнік, якому вераць

Калегі Уладзіміра Мечыслававіча гавораць, што ён гімназію адчыняе і ён жа яе зачыняе. Так вобразна можна сказаць аб адданасці педагагічнай справе настаўніка геаграфіі гімназіі № 1 Ліды У.М.Валюка. І гэтая любоў да справы і вучняў вызначаецца не толькі гадзінамі працы, але і дасягненнямі яго вучняў. Толькі за пяць апошніх гадоў 25 вучняў Уладзіміра Мечыслававіча станавіліся пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, 15 чалавек — заключнага, а Раман Дубіцкі ў 2014 годзе быў удзельнікам зборнай каманды Беларусі на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі.

Навучыць любіць прадмет можна, напэўна, толькі тады, калі і сам лічыш яго цікавым. Зацікаўліваць геаграфіяй гімназістаў у У.М.Валюка атрымліваецца не адзін год. І не проста зацікаўліваць, а дапамагаць разумець прадмет, дзе неабходны таксама веды па матэматыцы, гісторыі, фізіцы, які спалучае фізіка-геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя навукі. Адна з самых старажытных навук у выкладанні Уладзіміра Мечыслававіча “абрастае” сучаснымі методыкамі, параўнаннямі, апорнымі схемамі, якія дапамагаюць дзецям паспяхова засвойваць прадмет.

— Высокаэрудзіраваны, адказны, надзейны, — так характарызуе настаўніка дырэктар гімназіі Наталля Зайцава. — Ён са сваімі вучнямі і на ўроках, і пасля ўрокаў. Такія якасці вельмі каштоўныя. У нашай гімназіі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць і вучні, і настаўнікі. Нягледзячы на вялікую вучэбную нагрузку, Уладзімір Мечыслававіч не застаецца ўбаку: ён і на спартыўнай пляцоўцы, і ў інтэлектуальных гульнях у складзе каманды настаўнікаў і каманды выкладчыкаў і гімназістаў.

У.М.Валюк — адзіны географ у гімназіі. 21 клас, каля 500 вучняў. А яшчэ выкладанне ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, раённай школе па геаграфіі. Акрамя таго, настаўнік з’яўляецца трэнерам абласной каманды заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, удзельнікам абласной творчай групы настаўнікаў геаграфіі.

Без перабольшання, у гімназіі У.М.Валюка ведаюць усе вучні. У яго вучацца і дзеці былых вучняў, старэйшыя браты і сёстры расказваюць малодшым пра Уладзіміра Мечыслававіча. Так што нічога дзіўнага няма ў тым, што на суботнія заняткі да яго прыходзяць і вучні малодшых класаў. Ён прымае ўсіх, калі бачыць зацікаўленасць у прадмеце. Так, Іну Карняйчук, калі яна яшчэ вучылася ў 5 класе, прывёў да педагога яго былы вучань, а зараз настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Аляксей Сымановіч. Іна цікавілася камянямі, а праз гэта з’явілася цікавасць і да геаграфіі.

У практыцы Уладзіміра Мечыслававіча быў таксама выпадак, калі на той час вучань 3 класа Васіль Сечка папрасіўся на суботнія заняткі па геаграфіі, а ўжо праз год удзельнічаў у раённай алімпіядзе за 7 клас і стаў яе прызёрам.

Намеснік дырэктара гімназіі па пачатковай школе Наталля Курганская згадала і такі выпадак. У класе Васіля яна вяла заняткі па казках паўночных народаў, і калі прагучала пытанне пра Нарвегію, хлопчык сам выйшаў да дошкі і пачаў расказваць пра гэтую краіну: хто кароль, паходжанне назвы краіны і што яна азначае. На пытанне, адкуль ён гэта ведае, Васіль адказаў, што з аповедаў настаўніка геаграфіі.

— Мне тады засталося толькі дадаць, што Васілю можна верыць, бо ён займаецца з Уладзімірам Мечыслававічам, — гаворыць Наталля Аляксееўна і адзначае, што геаграфія ніколі не была такой папулярнай у гімназіі, як з прыходам У.М.Валюка.

Сваю прафесійную дзейнасць У.М.Валюк пачынаў у сярэдняй школе № 11 Ліды пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Універсітэт стаў не толькі месцам вучобы, але і “радзімай” сям’і студэнтаў геафака Уладзіміра і Люцыны. На 4 курсе яны сталі бацькамі. Старэйшая дачка Ганна таксама пайшла па слядах мамы і таты — скончыла геаграфічны факультэт і працуе зараз у навукова-даследчым інстытуце геалогіі і разведкі карысных выкапняў. Дарэчы, Ганна скончыла сярэднюю школу № 11 з залатым медалём і была пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Малодшая дачка, дзевяцікласніца-гімназістка Яна, геаграфіяй таксама цікавіцца, але больш яе вабіць іспанская мова. Дома ў Валюкоў вісіць вялікая карта Еўропы — і гэта падабаецца ўсім членам сям’і.

— Люцына Эдвардаўна ўвесь час выкладае геаграфію ў першай лідскай школе. І рыхтаваць алімпіяднікаў пачала яна. Неяк няёмка было адставаць ад жонкі — і я ўцягнуўся ў гэтую работу, — усміхаецца Уладзімір Мечыслававіч. — Першую перамогу на рэспубліканскім этапе ў 1998 годзе атрымаў мой вучань Дзмітрый Мікулка.

Пачынаць маладому настаўніку было нялёгка, але, як ён сам адзначае, цікава. Было жаданне працаваць, прыдумваць нейкія “хады”, каб дзеці лягчэй успрымалі прадмет. Напрыклад, што значыць Афрыка? Не толькі кантынент, але і магчымасць хутчэй запомніць шэсць асноўных моў свету пры ААН.

— Урокі Уладзіміра Мечыслававіча вылучаюцца разнастайнасцю форм і метадаў падачы вучэбнага матэрыялу. Настаўнік добра ведае індывідуальныя асаблівасці сваіх вучняў, што дазваляе яму шырока выкарыстоўваць рознаўзроўневыя заданні, падыходзіць да працэсу навучання дыферэнцыравана, — гаворыць Наталля Андрэеўна Зайцава. — Выхаванне культуры зносін, павагі да традыцый сваёй краіны і культуры іншых народаў ляжыць у аснове ўрока. Яго вучнi маюць права на памылку, умеюць слухаць сябе і суразмоўцу, вучацца навыкам рэфлексіўнай дзейнасці. Гэтаму спрыяюць змястоўнае дыдактычнае забеспячэнне ўрока, добры псіхалагічны клімат, карэктнасць настаўніка, выкарыстанне славеснай ацэнкі для падтрымання высокай матывацыі да вывучэння геаграфіі.

— Вопыт дазваляе адразу адчуваць настрой класа. Часам бывае, што трэба крыху адысці ад плана заняткаў, зымправізаваць, даць дадатковую інфармацыю, каб выклікаць цікавасць, стварыць рабочы настрой, — гаворыць педагог.

Вучні Уладзіміра Мечыслававіча ўслед за настаўнікам паўтараюць яго любімыя выказванні: “Без гісторыі ты ніхто, без геаграфіі ты нідзе”, “Не плыві па цячэнні, не плыві супраць цячэння, а плыві туды, куды трэба”, “Карта — мова геаграфіі”. А сам У.М.Валюк гаворыць, што залатым правілам для яго з’яўляюцца словы: “Вучы, бо ты настаўнік”, і яшчэ педагог павінен не нашкодзіць, а дапамагчы свайму вучню не толькі атрымаць веды, але і стаць грамадзянінам і патрыётам. А любіць сваю Радзіму вучыць і геаграфія, і яе выкладчык.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

З адкрытасцю да кожнага вучня

Урокі матэматыкі і астраноміі ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1 цэняць усе навучэнцы. Ды і як інакш, калі цікава на іх кожнаму, нават тым навучэнцам, хто лічыць сябе чыстым гуманітарыем. А ўсё таму, што менавіта да ўзнікнення ў дзяцей цікавасці да гэтых прадметаў у першую чаргу імкнецца на сваіх занятках настаўнік астраноміі і матэматыкі Юрый Сіваеў.

Да педагагічнай працы Юрый Уладзіміравіч імкнуўся з дзяцінства. З усіх школьных прадметаў хлопчыка найбольш прыцягвала фізіка і матэматыка, захапляўся ён і незвычайнай навукай астраноміяй. У роднай сярэдняй школе № 37 Магілёва здольнаму вучню параілі працягнуць вучобу ва ўстанове новага тыпу — ліцэі. Да той парады ён прыслухаўся і ў хуткім часе стаў навучэнцам абласнога ліцэя № 1.

— Напэўна, менавіта вучоба ў ліцэі ўмацавала маё жаданне пайсці ў педагогіку. Ва ўстанове заўсёды панавала творчая атмасфера і педагогі былі выдатныя. Хацелася стаць такім жа настаўнікам, — успамінае Юрый Сіваеў.

Сваю мару ён у выніку ажыццявіў. З адзнакай скончыў фізіка-матэматычны факультэт цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. І неяк непрыкметна для сябе са студэнтаў перайшоў у выкладчыкі. Ва ўніверсітэце Юрый Уладзіміравіч адбыўся як выкладчык, але яго цягнула ў школу. Праз дзесяць гадоў педагагічнай працы ён змяніў поле дзейнасці: апынуўся ў якасці педагога ў сваёй альма-матар.

— Са школьнікамі працаваць цяжэй, чым са студэнтамі. Толькі выкладаннем матэрыялу тут не абмежавацца. Дзяцей трэба захапіць, развіць іх уласнае імкненне да ведаў, — лічыць Юрый Уладзіміравіч.

На яго думку, зацікаўленасць дзяцей прадметам — галоўная ўмова паспяховага засваення імі вучэбнага матэрыялу. Але вось выклікаць гэтую агульную зацікаўленасць бывае не так проста. Справа ў тым, што ў ліцэі вучацца ўжо старшакласнікі. Усе яны з розных школ, розных раёнаў вобласці. Розныя яны і па ўзроўні падрыхтоўкі. У сувязі з гэтым часта тое, да чаго адзін вучань праяўляе цікавасць, іншага пакідае зусім абыякавым.

Варыянтам вырашэння няпростай сітуацыі для Юрыя Сіваева стала распрацоўка сваёй методыкі выкладання. Юрый Уладзіміравіч рыхтуе ўрокі з улікам падрыхтаванасці і спецыфічных асаблівасцей профілю класа ў цэлым і кожнага навучэнца ў прыватнасці. Ён стараецца арганізоўваць вучэбны працэс такім чынам, каб аптымальна кіраваць пазнавальнай дзейнасцю ліцэістаў. Калі дадаць да гэтага імкнення дасканалае валоданне Юрыем Уладзіміравічам тэорыяй і методыкай выкладання прадметаў, то зусім нядзіўна, што яго ўрокі адрозніваюцца глыбінёй зместу, разнастайнасцю форм правядзення. Гэта дазваляе педагогу ствараць у класе адукацыйнае асяроддзе, якое забяспечвае не толькі развіццё, але і асобасны рост навучэнцаў.

— Мне падабаецца весці на ўроках дыялог з вучнямі. Так я даведваюся, што дзецям цікава, што незразумела, а што выклікае пэўныя цяжкасці. Зыходзячы з гэтага будую заняткі. Увогуле, галоўны прынцып, якім я кіруюся, — гэта адкрытасць да кожнага вучня. Не трэба закрывацца ад дзяцей, не трэба быць для іх толькі транслятарам ведаў. Лепш дзейнічаць наадварот. Напрыклад, даць ім зразумець: усё, што мы хочам даведацца, — абсалютна даступныя звесткі, трэба толькі захацець здабыць гэтую інфармацыю — і тады складанае стане простым, — гаворыць настаўнік.

Акрамя выкладання двух няпростых школьных прадметаў, Юрый Сіваеў займаецца і адміністрацыйнымі справамі. З настаўніцкай працай ён выдатна сумяшчае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Шмат увагі Юрый Уладзіміравіч удзяляе і рабоце з адоранымі вучнямі. Працуючы з такімі дзецьмі індывідуальна, ён не проста развівае іх здольнасці, а вучыць уменню прымаць самастойныя рашэнні, крытычна ацэньваць свае вынікі і заўсёды імкнуцца да большага. Такая методыка дае адпаведны вынік. Выпускнікі Юрыя Сіваева дэманструюць высокія паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. За сем гадоў яго навучэнцы заваявалі 20 дыпломаў на трэцім, а таксама 5 дыпломаў і 4 пахвальныя водзывы на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. А адзін з выпускнікоў — Дзмітрый Саўчанка — стаў бронзавым медалістам Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы.

Высокія дасягненні вучняў — гэта і ёсць для яго галоўнае ў працы. Менавіта ў гэтым Юрый Уладзіміравіч бачыць сваё настаўніцкае прызначэнне: даць якасную адукацыю кожнаму, дапамагчы раскрыцца юным талентам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Жыве педагогікай

Прафесіянал, які імкнецца да самаўдасканалення, любіць дзяцей і сваю справу. Такім па меркаванні настаўніцы хіміі гімназіі № 2 Бабруйска Алены Венглінскай павінен быць сапраўдны педагог. Менавіта такім выкладчыкам яна хоча быць для сваіх вучняў.

У школе Алена Уладзіміраўна была здольнай вучаніцай. Вучылася на выдатна, актыўна ўдзельнічала ў алімпіядным руху. Асабліва з усіх вучэбных прадметаў захапляла яе хімія.

— Мая любоў да гэтай навукі і тое, што з хіміяй я звязала сваё прафесійнае жыццё, — заслуга школьнай настаўніцы Вольгі Мікалаеўны Пшанічнай. Менавіта дзякуючы ёй, я знайшла сваё прызванне — сама стала педагогам, — адзначае Алена Венглінская.

Хоць у дзяцінстве Алена Уладзіміраўна не бачыла для сябе іншай прафесіі, акрамя як настаўніцкай, скончыўшы хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працоўную дзейнасць яна пачала на вытворчасці. Аднак цалкам адмовіцца ад дзіцячай мары не змагла. Працу інжынера-хіміка ў тыя гады паспявала сумяшчаць з выкладаннем у гімназіі № 15 Мінска.

— А пасля перабралася на малую радзіму — у Бабруйск. У той пераломны час выразна зразумела, што хачу займацца толькі выкладаннем, — успамінае настаўніца.

Амаль год Алена Уладзіміраўна працавала ў сярэдняй школе № 17 горада, а потым вакансія з’явілася ва ўстанове адукацыі, якую яна сама калісьці скончыла. Так выпускніца вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці педагога. І неяк адразу ўлілася ў працу. Шмат у чым у плане прафесійнага станаўлення ёй дапамаглі калегі, кіраўніцтва гімназіі. Дзякуючы іх падтрымцы і ўласнай руплівасці, Алена Венглінская хутка выпрацавала свой педагагічны стыль.

Настаўніца імкнецца навучыць сваіх вучняў вучыцца, матывуе дзяцей да разваг, развівае ў іх уменні знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі ў розных з’явах. Для гэтага яна ўкараняе ў структуру заняткаў элементы праблемнага навучання.

— На ўроках выкарыстоўваю інструкцыйныя карты, у якіх утрымліваюцца матэрыялы для актуалізацыі ведаў, няпоўныя схемы-канспекты для вывучэння новага, кантралюючыя і дадатковыя заданні для высокаматываваных навучэнцаў. Такія напрацоўкі дазваляюць здольнаму вучню не чакаць указанняў настаўніка, самастойна рухацца наперад у атрыманні ведаў. У той жа час менш паспяваючыя дзеці могуць паступова прыводзіць свае веды ў сістэму, — падкрэслівае Алена Венглінская.

На думку Алены Уладзіміраўны, вывучэнне хіміі абавязкова павінна быць практыка-арыентаваным. Таму ў яе на занятках даволі часта праходзяць хімічныя эксперыменты. Правядзенне доследаў не толькі павышае цікавасць вучняў да прадмета, але і дае ім веды, якія можна выкарыстоўваць у штодзённым жыцці.

Асаблівае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Венглінскай займае работа з высокаматываванымі навучэнцамі. Са здольнымі вучнямі настаўніца працуе, аб’ядноўваючы іх у рознаўзроставыя групы. Асноўны ўпор робіць на ўдзел у алімпіядным руху. Каб максімальна раскрыць здольнасці навучэнцаў, падрыхтоўку да алімпіяды Алена Уладзіміраўна падзяліла па напрамках. На факультатыўных занятках, падчас сустрэч у Цэнтры па рабоце з адоранымі навучэнцамі пры гімназіі яна развівае логіку дзяцей, вучыць іх працаваць з інфармацыйнымі крыніцамі, рашаць разліковыя і эксперыментальныя задачы, пераходзячы ад простых да складаных, праводзіць “мазгавыя штурмы”, а таксама падтрымлівае іх ва ўсім. Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Вучні Алены Венглінскай штогод становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, а 16 з іх сталі пераможцамі заключнага этапу.

Адметна, што Алена Уладзіміраўна раскрывае таленты не толькі сваіх вучняў. Яна аказвае актыўную дапамогу ў гэтым і іншым настаўнікам. У пазаўрочны час выкладае ў гарадскім трэнерскім клубе па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў хімічных алімпіядах, кіраўніком якога з’яўляецца. Словам, фактычна жыве педагогікай.

— Я вельмі захоплена сваёй справай, таму не падзяляю жыццё на працу і вольны ад выкладання час. Часта дома саджуся і пачынаю складаць тэсты і задачы для любімых вучняў. Добра, што сям’я мяне разумее і церпіць маю прагу да працы. Але і я іх за гэта пешчу, бо, акрамя педагагічнага, валодаю яшчэ і кулінарным талентам, — з усмешкай кажа суразмоўніца.

Амаль дваццаць гадоў аддаўшы педагогіцы і азіраючыся сёння назад, Алена Уладзіміраўна адзначае, што задаволена вынікамі сваёй дзейнасці. Прычым характэрна, што галоўным дасягненнем настаўніца лічыць не ўласныя поспехі, якіх нямала. Ёй радасна ўсведамляць, што многім вучням яна дапамагла зрабіць правільны прафесійны выбар, рэалізаваць сябе і стаць паспяховымі людзьмі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Алены ВЕНГЛІНСКАЙ.

Маладзёжная практыка,

або Як набрацца вопыту па дагаворы з наймальнікам

Пытанне працаўладкавання было і застаецца злабадзённым для грамадства і заўсёды на слыху. Наяўнасць працы — гэта не толькі матэрыяльны дабрабыт, але і маральнае задавальненне. Доўгі час у нашай краіне існаваў трывалы баланс паміж прапановай і попытам на працоўныя рэсурсы. Па сутнасці, усе жадаючыя маглі працаўладкавацца. Але ў апошнія гады наш рынак працы стаў адлюстроўваць тэндэнцыі сусветнага эканамічнага крызісу. Наколькі сітуацыя выпраўляецца, што робіцца для занятасці нашых грамадзян, у тым ліку моладзі, якія новыя нормы з’явіліся ў Законе “Аб занятасці насельніцтва”? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч ТОКУН.

— Алег Валер’евіч, пачнём размову з пытання, якое найбольш хвалюе нашых грамадзян. Якая сітуацыя сёння складваецца на беларускім рынку працы?

— Хачу адразу супакоіць насельніцтва самымі свежымі звесткамі аб тым, што сітуацыя на рынку працы стабілізавалася, скажу нават, выраўнавалася. Ужо няма тых рыўкоў, скачкоў, істотнага зніжэння попыту на рабочую сілу, як гэта было яшчэ нядаўна. З мая мы назіраем памяншэнне колькасці грамадзян, якія прыходзяць у службу занятасці, каб знайсці работу, і пакрысе павялічваецца попыт на рабочую сілу. Калі гаварыць, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны наймальнікамі, то ў агульнарэспубліканскім банку вакансій 56 працэнтаў — рабочыя прафесіі, астатнія — гэта спецыялісты і служачыя. Да нядаўняга часу суадносіны былі іншымі: 80 працэнтаў вакансій былі заяўлены для рабочых і толькі 20 — для спецыялістаў і служачых. Такая карціна сведчыць аб пераходзе рабочай сілы з вытворчай сферы ў сферу паслуг і пацвярджае, што попыт на кваліфікаваныя рабочыя кадры павышаецца. Калі гаварыць больш дакладна, што ўяўляе рынак працы на 1 лістапада, то ўзровень беспрацоўя ў нашай краіне складае 0,8 працэнта ад агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На ўліку ў службе занятасці сёння знаходзіцца 36,5 тысячы чалавек, а наймальнікамі заяўлена 37,5 тысячы вакансій. Як бачым, каэфіцыент напружанасці істотна знізіўся.

Калі гаварыць пра тых, хто да нас звяртаецца, то ў большасці гэта людзі, якія звольніліся па розных уважлівых прычынах, частка з якіх не працуе больш за год. Выпускнікі ўстаноў адукацыі рэдка звяртаюцца ў службу занятасці (у агульнай колькасці беспрацоўных яны займаюць не больш за 2 працэнты), а калі і звяртаюцца, то гэта звычайна людзі, якія па нейкіх суб’ектыўных прычынах не змаглі працаўладкавацца. У цэлым жа выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных, вышэйшых навучальных устаноў паспяхова размяркоўваюцца і, згодна з заканадаўствам, атрымліваюць гарантаванае першае працоўнае месца.

Моладзь — самая актыўная частка насельніцтва ў пошуку працы. Маладыя людзі вельмі мабільныя і дастаткова хутка знаходзяць работу. Напрыклад, сярэдні перыяд працаўладкавання беспрацоўных па краіне складае 2,3 месяца, а моладзь працаўладкоўваецца ў сярэднім за 1,9 месяца. Калі працягласць беспрацоўя ў сярэднім па краіне складае 5 месяцаў, то для моладзі — менш за 4. Вядомыя і папулярныя сярод насельніцтва кірмашы вакансій вельмі эфектыўная форма працаўладкавання, у тым ліку для маладых людзей. Для студэнцкай і навучэнскай моладзі, як правіла, такія мерапрыемствы арганізоўваюць навучальныя ўстановы, запрашаючы службы занятасці, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і наймальнікаў кадраў.

— Нядаўна ўступіў у сілу Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” у новай рэдакцыі. Раскажыце, калі ласка, пра гэты дакумент.

— З 24 кастрычніка бягучага года ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні, якія ўнесены ў гэты закон, і звязаны яны з пераменамі, якія адбываюцца сёння ў сферы занятасці. Закон атрымаў новае гучанне, бо фактычна 10 гадоў не рэдагаваўся. Усе змяненні і дапаўненні можна ўмоўна падзяліць на 3 групы: тыя, што закрануць беспрацоўных; якія тычацца наймальнікаў на рынку працы; змяненні, якія тычацца парадку работы дзяржаўных службаў занятасці на месцах. Калі гаварыць аб беспрацоўных, то з’явіўся асобны артыкул “Абавязкі беспрацоўных”. Менавіта на ім акцэнтуецца найбольшая ўвага нашых грамадзян, але, па вялікім рахунку, нічога новага не з’явілася. Усе нормы пра абавязкі і раней былі змешчаны ў законе, у тым ліку і норма пра меру адказнасці за невыкананне абавязкаў, проста цяпер яны сканцэнтраваны ў адным артыкуле, выкладзены зразумела для ўсіх зацікаўленых. Ніякіх звышпатрабаванняў няма. Галоўнае — ведаць, што трэба своечасова прыходзіць у службу занятасці, не адмаўляцца ад прапанаваных месцаў працы, своечасова звяртацца па выдадзеным накіраванні на работу. Тыя грамадзяне, якія накіраваны службай занятасці на вучобу, павінны ўдзельнічаць у вучэбным працэсе і не парушаць правіл унутранага распарадку навучальнай установы.

Разам з тым для грамадзян, якія шукаюць работу, у законе прадстаўлены новыя крокі садзейнічання ў гэтым пытанні, большыя магчымасці. Напрыклад, людзі, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, атрымалі права на тых жа ўмовах, што і беспрацоўныя, прайсці бясплатнае навучанне па накіраванні службы занятасці менавіта па той прафесіі, якая запатрабавана на рынку працы. Падчас навучання яны будуць атрымліваць стыпендыю. Калі дзіцяці споўніцца 3 гады і маці прыйдзецца выходзіць на работу, яна зможа лягчэй працаўладкавацца. Акрамя таго, наймальнік атрымаў права накіроўваць на перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі людзей, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення пры скарачэнні штату, ліквідацыі прадпрыемства, няпоўнай занятасці работніка або якія знаходзяцца ў адпачынку па ініцыятыве наймальніка. У такім выпадку служба занятасці можа кампенсаваць затраты на навучанне такіх работнікаў. Гэта зроблена для таго, каб чалавек не станавіўся беспрацоўным, а, атрымаўшы новую прафесію або новую кваліфікацыю, запатрабаваную сёння на рынку працы, заставаўся працаваць у ранейшага наймальніка, ці служба занятасці дапаможа знайсці яму новае месца працы.

Шмат новаўвядзенняў у законе тычыцца і наймальнікаў. Па-першае, скараціўся тэрмін інфармавання з боку наймальніка службы занятасці аб вакансіі, якая адкрылася. Нагадаю, што паводле ранейшага заканадаўства гэты тэрмін складаў 14 дзён, з 24 кастрычніка — 5 дзён. Гэта тычыцца наймальнікаў усіх форм уласнасці, дзяржаўнай і прыватнай. Акрамя таго, цяпер наймальнікі будуць інфармаваць службу занятасці аб усіх выпадках звальнення работнікаў у сувязі са скарачэннем штату, а таксама ліквідацыяй прадпрыемства. Гэта дазволіць мясцовым органам улады валодаць дакладнымі звесткамі пра рынак працы, прагназаваць сітуацыю, нейкім чынам на яе ўплываць, каб не было незадаволенасці з боку грамадзян, і, урэшце, рэгуляваць стан спраў у інтарэсах і людзей, і ўвогуле свайго рэгіёна. Дзякуючы новай норме закона, Міністэрству працы і сацыяльнай абароны ўпершыню за ўсю гісторыю нашай краіны прадастаўлена права каардынаваць дзейнасць агенцтваў па працаўладкаванні. З 1 студзеня 2017 года тыя агенцтвы, якія не ўключаны ў рэспубліканскі рэестр агенцтваў па працаўладкаванні, не будуць мець права ажыццяўляць такую дзейнасць. У пакеце нарматыўных прававых актаў падрабязна распісана і рэгламентавана ўся працэдура: у якім месцы агенцтвы па працаўладкаванні павінны будуць атрымаць пасведчанне аб уключэнні ў рэестр, вызначаны пералік паслуг агенцтваў. Усе гэтыя змяненні выкліканы вялікай колькасцю скаргаў ад грамадзян на прыватныя агенцтвы па працаўладкаванні, якія бралі грошы за паслугі, але іх не аказвалі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.

— Як вядома, дзяржаўная палітыка ў сферы занятасці насельніцтва забяспечваецца рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады. Якія кірункі прадугледжаны ў ёй на наступныя пяць гадоў?

— У праграме прадугледжана рэалізацыя і фінансаванне шэрага мерапрыемстваў, накіраваных на працаўладкаванне грамадзян, на падрыхтоўку і перападрыхтоўку беспрацоўных.

У пытанні падрыхтоўкі кадраў з ліку дарослага насельніцтва мы цесна супрацоўнічаем з сістэмай адукацыі. Згодна з заказам службы занятасці, навучальныя ўстановы рыхтуюць беспрацоўных па спецыяльнасцях, якія запатрабаваны на рынку працы, у асноўным канкрэтнага рэгіёна. Іх налічваецца каля 120.

Навучанне беспрацоўных практыка-арыентаванае і ў сярэднім складае 3,5 месяца. Беспрацоўным у гэты перыяд выплачваецца стыпендыя, аказваецца матэрыяльная дапамога, у тым ліку за праезд да месца вучобы і назад, прадастаўляецца жыллё. Апошнія два гады павялічваецца колькасць жадаючых прайсці перанавучанне або атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць. Сярод беспрацоўных, якія перавучваюцца, 60 працэнтаў моладзі ва ўзросце да 30 гадоў.

Для ўдзелу ў падрыхтоўцы кадраў на базе навучальных устаноў мы аб’яўляем конкурсы, тэндары, электронныя аўкцыёны. Разглядаем усе заяўкі дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў. Пры гэтым у нас ёсць пэўныя патрабаванні да навучання: стан вучэбна-матэрыяльнай базы, педагагічны склад, метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу. Сёння мы цесна супрацоўнічаем з установамі прафесійнай адукацыі ўсіх узроўняў. Для нашай сферы гэта добра, таму што беспрацоўны атрымлівае прафесію, для навучальных устаноў — эканамічныя выгоды.

Служба занятасці выступае ў ролі заказчыкаў кадраў, вывучае попыт на прафесію на рынку працы і прапаноўвае адпаведную падрыхтоўку навучальнай установе. Але іншы раз навучальныя ўстановы самі выступаюць ініцыятарамі ў падрыхтоўцы па тых прафесіях, у якіх мае патрэбу рэгіён.

— Якія іншыя меры прымаюцца сёння для таго, каб чалавек быў забяспечаны работай? Ёсць выпадкі, калі для гэтага нават пераязджаюць на новае месца жыхарства.

— Калі чалавек па нейкіх прычынах не можа знайсці работу ў пэўным населеным пункце, часцей, вядома, у вялікім горадзе, то ў краіне ёсць дастатковая колькасць месцаў, дзе можна працаўладкавацца і атрымаць жыллё. Таму беспрацоўны можа пераехаць. Жыллё можа быць розным: ад інтэрната да добраўпарадкаванага дома. Як правіла, такія жыллёвыя ўмовы прадастаўляюцца ў сельскай мясцовасці. Там патрабуюцца ветэрынарныя ўрачы, аграномы, трактарысты, эканамісты, юрысты, сярэдні спецыяльны медыцынскі персанал. Калі чалавек вырашыў пераехаць у іншы населены пункт, то яму аплачваецца праезд і перавозка рэчаў да новага месца жыхарства. Калі ён перасяляецца ў сельскую мясцовасць, то дадаткова выплачваюцца так званыя пад’ёмныя ў памеры 9 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. На сёння ёсць шмат прыкладаў, калі маладыя сем’і ва ўзросце 33—35 гадоў вырашылі змяніць месца жыхарства, каб знайсці новую работу і палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Акрамя таго, для выпускнікоў навучальных устаноў дзейнічае праграма “Маладзёжная практыка” (падобная — і для іншых беспрацоўных), якая дапамагае набыць вопыт работы. Гэта асабліва неабходна тым, хто толькі што атрымаў прафесію, але не быў размеркаваны і па нейкіх прычынах сам не можа працаўладкавацца. Служба занятасці накіроўвае чалавека без вопыту работы да наймальніка на перыяд да года, папярэдне заключыўшы трохбаковыя дамоўленасці паміж службай занятасці, работнікам і наймальнікам. Служба занятасці кампенсуе наймальніку частку заробку работніка. За год чалавек набіраецца вопыту работы і ў далейшым можа застацца працаваць у наймальніка ў залежнасці ад таго, як сябе зарэкамендуе, або шукаць новае месца працы, ужо маючы вопыт па спецыяльнасці, набытай у навучальнай установе.

Таксама мы аказваем дапамогу ў арганізацыі ўласнай справы. Выдаём субсідыю беспрацоўнаму, які хоча быць індывідуальным прадпрымальнікам (хоча адкрыць прыватнае прадпрыемства, заняцца рамеснай дзейнасцю, агратурызмам). Гэта незваротная дапамога ад дзяржавы, але яна мэтавая і прадастаўляецца выключна на арганізацыю і развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці ў самым пачатку. Памер матэрыяльнай дапамогі можа быць ад 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў агульным парадку і 15, калі чалавек хоча адкрыць уласную справу ў сельскай мясцовасці. Калі чалавек вырашыў заняцца інавацыямі, укараняць у практыку навуковыя распрацоўкі і вынаходніцтвы, то сума субсідыі можа быць у памеры 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Штогод каля 2 тысяч чалавек пачынаюць сваю справу з дапамогай службы занятасці.

Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі ў арганізацыі другаснай занятасці. У час канікул або ў іншы вольны час навучэнцы могуць зарабляць грошы, выконваючы пэўныя віды работ. Служба занятасці прапаноўвае работу, выдае заробак, аплачвае падаткі, закуплівае неабходныя матэрыялы. Штогод у гэтай праграме ўдзельнічае каля 30 тысяч школьнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

— У Беларусі распрацоўваецца новая мадэль прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах. У гэтым задзейнічаны і супрацоўнікі вашага ўпраўлення.

— Мы зацікаўлены ў доўгатэрміновым прагназаванні патрэбнасці эканомікі ў кадрах. Але ўзгадненне рынку працы і сістэмы адукацыі, збалансаванасць паміж імі — адно з самых сур’ёзных пытанняў. Ніводная краіна ў свеце не вырашыла яго на 100 працэнтаў, а толькі наблізілася да гэтай лічбы. Сёння ў нашай сістэме прагназавання галоўным механізмам з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Гэта выклікае здзіўленне. Трэба, каб наймальнікі былі заказчыкамі кадраў, а сістэма адукацыі займалася сваімі функцыямі, таму стаіць задача перагледзець сітуацыю. З гэтай мэтай створана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам Міністэрства эканомікі, куды ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, НДІ, РІПА, РІВШ. Якой будзе сістэма прагнозу, яшчэ невядома. Але тое, што заказчыкамі кадраў павінны быць наймальнікі і яны павінны дыктаваць сістэме адукацыі, якім павінен быць спецыяліст, адназначна. Менавіта работадаўцам важна ведаць, як будуць развівацца галіны эканомікі, якія віды дзейнасці будуць прыярытэтнымі, калі будзе ажыццяўляцца пераход да наступнага тэхналагічнага ўкладу і якія прадпрыемствы ў сувязі з гэтым будуць адкрывацца.

Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе будзе створана новая цікавая мадэль прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

У апантаных вучняў навучыцца і настаўнік

Да прафесійнага свята педагогаў сёлета настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі № 1 Ліды Віктар Баляслававіч Чункевіч за шматгадовую эфектыўную прафесійную дзейнасць па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

За апошнія тры гады вучнямі Віктара Баляслававіча атрыманы 33 дыпломы на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі, у тым ліку 8 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Двойчы яго дзеці станавіліся членамі каманды Рэспублікі Беларусь і ўдзельнічалі ў міжнародных алімпіядах па астраноміі і астрафізіцы. Так, у верасні 2010 года Павел Лявоненка ў складзе каманды школьнікаў краіны прымаў удзел у IV Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (у Пекіне) і атрымаў пахвальны водгук. У жніўні 2014 года ў VIII Міжнароднай алімпіядзе па гэтых жа прадметах (у Румыніі) удзельнічаў Сяргей Бірыч.

Больш чым за 10 гадоў педагог падрыхтаваў шмат пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, удзельнікаў турніраў юных фізікаў. На працягу многіх гадоў яго навучэнцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы. У 2016 годзе Аляксандр Герман атрымаў сертыфікат з вынікам 100 балаў, сярэдні ж бал вучняў Віктара Баляслававіча склаў 68, што значна вышэй, чым абласны паказчык — 36,2 бала.

На сваіх занятках настаўнік у першую чаргу ўдзяляе асаблівую ўвагу практычнай накіраванасці ведаў. Каб зрабіць урокі больш эфектыўнымі, выкарыстоўвае сучасныя сродкі навучання. Фізіка для многіх яго вучняў становіцца прэстыжным заняткам, сферай рэалізацыі алімпіядных памкненняў, а з цягам часу і прафесіяй. Педагог кіруе алімпіяднай школай, заняткі ў якой дапамагаюць паглыбляць веды па прадмеце і дасягаць поспехаў.

“Я заканчваў школу ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна, — расказаў Віктар Баляслававіч. — У старшых класах настаўніца фізікі захапіла мяне алімпіяднымі задачамі, я пачаў цікавіцца электронікай, у кнігах і часопісах знаходзіў электронныя схемы, выпайваў розныя дэталі са старых тэлевізараў. Аднойчы зрабіў радыёпрыёмнік. Пасля школы паступіў у БДУ на фізічны факультэт, які скончыў у 1985 годзе. Па размеркаванні вярнуўся працаваць у свой раён, а праз два гады пераехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 7, якая затым стала гімназіяй”.

У педагагічнай рабоце, лічыць настаўнік, ёсць шмат плюсоў. Самы галоўны з іх у тым, што работа са школьнікамі, іх адкрытае, шчырае светаўспрыманне дае адчуванне ўласнай маладосці. Віктар Баляслававіч аддае рабоце шмат часу. Як правіла, ён у гімназіі з васьмі гадзін раніцы і да шасці вечара. Настаўнік вядзе ва ўстанове школу алімпійцаў, узначальвае і раённую школу па падрыхтоўцы да алімпіяд, аказвае дадатковыя платныя паслугі.

“Галоўнае, каб педагог знайшоў зацікаўленых у сваім прадмеце вучняў, — гаворыць Віктар Баляслававіч. — Але важна не проста зацікавіць, больш складана падтрымліваць і развіваць гэтую цікавасць. Ніколі не лічыў, што мой прадмет самы галоўны. Многім дзецям веды па фізіцы патрэбны толькі для падтрымання агульнага развіцця і эрудыцыі, фарміравання правільнага светаўспрымання і разумення правіл тэхнікі бяспекі. Да прыроджаных гуманітарыяў прад’яўляю крыху меншыя патрабаванні, але гэта не значыць, што яны не могуць атрымаць дзясятку па фізіцы.

У першую чаргу імкнуся даваць дзецям базавыя веды па прадмеце, якія дазваляюць ім самастойна працаваць і ўдасканальвацца. Калі вучань “узяў базу”, мая задача — накіроўваць яго далейшы працэс навучання, дапамагаць, кансультаваць. Упэўнены, што значна больш вучняў могуць паказваць выдатныя вынікі. Але чаму не ўсе яны ў высокай ступені рэалізоўваюць свой патэнцыял? На мой погляд, многім не хапае пэўнага фанатызму. У вучобе, як і ў спорце, трэніроўкі павінны быць амаль штодзённымі. Найбольш апантаныя навучэнцы вымушаюць і настаўніка заўсёды трымаць сябе ў форме. Я і сам часам вучуся ў дзяцей, якія выйшлі на высокі алімпіядны ўзровень. Калі Сяргей Бірыч збіраўся на Міжнародную алімпіяду па астраноміі, то мы з ім, можна сказаць, рыхтаваліся разам. Тлумачылі адно аднаму, што камусьці з нас было незразумела”.

Зараз настаўнік займаецца з Антонам Міхайлавым — сёлетнім пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, які мае шанс паехаць на міжнародную алімпіяду. Юнак захапляецца астраноміяй з дзяцінства і хоча ў будучыні працаваць у гэтай сферы. Раней паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы.
Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд — гэта сапраўды ўнікальныя людзі. Іх дасягненні асобным радком пазначаны ў адукацыйнай сферы. Але не менш важнымі, лічыць Віктар Баляслававіч, з’яўляюцца жыццёвыя і прафесійныя поспехі вучняў, якія, стаўшы дарослымі, з удзячнасцю ўспамінаюць пра сваіх любімых настаўнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Геаметрыя новага пакалення

Валерыя Уладзіміравіча Казакова ведаю некалькі гадоў. Нагодай для знаёмства стала яго серыя дапаможнікаў “Наглядная геаметрыя”. Аўтар прапанаваў хуткі і дзейсны спосаб засваення цікавай, але не вельмі любімай сённяшнімі школьнікамі вучэбнай дысцыпліны. Ён распрацаваў такія дапаможнікі, дзе ўся геаметрыя раскладзена па малюнках. Атрымалася проста і даступна. У выніку “Наглядная геаметрыя” стала інтэрактыўным дадаткам да дзеючых вучэбных дапаможнікаў і вельмі палюбілася вучням і настаўнікам.

Нядаўна Валерый Уладзіміравіч перамог у рэспубліканскім конкурсе на стварэнне вучэбных дапаможнікаў па матэматыцы. Яго “Геаметрыя” для 7 класа была прызнана лепшай, што і стала нагодай для чарговай сустрэчы.

— Валерый Уладзіміравіч, спачатку прыміце віншаванні. І адразу хачу запытацца: што стала арыенцірам у працы над падручнікам па геаметрыі для 7 класа базавай школы?

— Дзякуй. Найперш мы арыентаваліся на новую канцэпцыю матэматычнай адукацыі і патрабаванні новай праграмы па матэматыцы. Сёння, як вы ведаеце, вектар адукацыі арыентаваны на кампетэнтнасны падыход, найважнейшымі палажэннямі якога з’яўляюцца ўменне прымаць рашэнні ў незнаёмай сітуацыі, прымяняць веды пры рашэнні практычных задач, вырашаць праблемы з дапамогай наяўнай базы ведаў, уменняў і лагічных разваг, здольнасць працаваць у групе. А асновай матэматычных прадметных кампетэнцый пры навучанні геаметрыі з’яўляецца ўменне доказна разважаць.

Геаметрыя — гэта адзіная школьная дысцыпліна, якая непасрэдна фарміруе доказны апарат мыслення школьніка і таму нясе ў сабе агульнакультурны фактар навучання. Логіка і прасторавае ўяўленне патрэбны ўсім людзям: інжынеру і будаўніку, юрысту і мадэльеру, мастаку і вадзіцелю і г.д.

Валерый Уладзіміравіч КАЗАКОЎ — дацэнт кафедры прыродазнаўчых дысцыплін і інфарматыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Скончыў матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Працаваў настаўнікам матэматыкі ў Дзяржынску. Скончыў аспірантуру па спецыяльнасці “Методыка выкладання матэматыкі”. Працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка.

З 1994 года з’яўляецца адным з аўтараў “Зборніка экзаменацыйных матэрыялаў па матэматыцы за курс сярэдняй школы”. Аўтар шэрага кніг і публікацый, звязаных з методыкай выкладання матэматыкі, уваходзіць у рэдкалегію часопіса “Матэматыка. Праблемы выкладання”, у секцыю па матэматыцы Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. За поспехі ў выкладчыцкай дзейнасці мае заахвочванні і ўзнагароды рознай ступені.

Акрамя таго, геаметрыя — элемент агульнай культуры чалавека. Яна ўносіць неацэнны ўклад у развіццё яго мыслення, уяўлення, даследчых здольнасцей. Рашэнне любой змястоўнай геаметрычнай задачы, як правіла, патрабуе некаторага даследавання, вылучэння гіпотэзы, яе пацвярджэння або абвяржэння. Фарміраванне ў вучняў уменняў доказна разважаць з’яўляецца жыццёва неабходным для кожнага.

Увогуле, узмоцненая інфарматызацыя жыцця чалавека прадугледжвае матэматызацыю і камп’ютарызацыю ўсіх сфер чалавечай дзейнасці. У апошнія гады ўз нік і паспяхова развіваецца новы напрамак геаметрыі — камп’ютарная геаметрыя. Наогул сучасную навуку і яе дадаткі немагчыма ўявіць без геаметрыі і яе раздзелаў, такіх як “Тапалогія”, “Тэорыя графаў”, “Дыферэнцыяльная геаметрыя”, “Алгебраічная геаметрыя” і г.д.

— А якой была аўтарская матывацыя пры адборы і выкладанні зместу падручніка?

— Адным з дамінуючых матываў з’яўляецца ідэя фарміравання прадметных і надпрадметных кампетэнцый вучняў сродкамі матэматыкі. У сувязі з гэтым дапаможнік будзе ўтрымліваць цэлы шэраг задач па практычным прымяненні геаметрычных ведаў. Гэта можа вывучэнне матэматыкі ў школе зрабіць прывабным для навучэнцаў з розным узроўнем падрыхтоўкі і рознымі інтарэсамі.

— Нас чакае вучэбны дапаможнік новага пакалення?

— У нас мэта — распрацаваць даступны і прывабны ва ўсіх сэнсах і для ўсіх катэгорый навучэнцаў базавы падручнік па геаметрыі, які будзе адпавядаць патрабаванням міжнароднага маніторынгу якасці матэматычнай падрыхтоўкі і дас ць шырокія магчымасці для дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання.

А вучэбныя дапаможнікі новага пакалення, як правіла, адрозніваюцца даступнасцю і кампактнасцю тэарэтычнага кантэнту, шырокай палітрай прадстаўленых заданняў, дакладнай вучэбнай скіраванасцю, якая заключаецца ў вычляненні і варыятыўнай паўтаральнасці асноўных тыпаў задач і метадаў іх рашэння, наяўнасцю задач, якія злучаюць тэорыю з практыкай.

Наш вучэбны дапаможнік адрозніваецца пэўнай ступенню навізны. Напрыклад, вучэбны матэрыял кожнага раздзела разбіты на лагічна звязаныя, зведзеныя ў агульную сістэму дыдактычныя адзінкі тэорыі — модулі, што дазваляе гібка трансфармаваць працэс навучання ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі класа і асобных навучэнцаў.

Усе тэарэмы ў дапаможніку прадстаўлены тэкставай фармулёўкай у форме “Дадзена: … Даказаць: …” і наступных выдзеленых крокаў доказу. Гэта, з аднаго боку, робіць доказ тэарэмы даступным большасці навучэнцаў, а з другога боку, як паказвае наш вопыт, больш эфектыўна фарміруе доказныя ўменні навучэнцаў, лагічны складнік іх мыслення.

Пасля кожнай тэарэмы ў кожным модулі прапануецца набор з трох ключавых задач рознага ўзроўню складанасці разам з рашэннямі. Гэта дазволіць навучэнцам самастойна знаёміцца з прыёмамі разваг пры рашэнні геаметрычных задач, спосабамі арганізацыі пошуку рашэння і ў той жа час даць магчымасць навучэнцам і настаўніку ўбачыць крытэрый узроўню практычных кампетэнцый.

Кожны модуль тэорыі (дыдактычная адзінка) абавязкова змяшчае або задачу з практычным зместам, або развіццёвага характару, або задачу на мадэляванне, або іх камбінацыю. Пры рашэнні гэтых задач можна выкарыстоўваць калектыўны (групавы) спосаб навучання, што (з выкарыстаннем нашага дапаможніка) канструкцыю любога ўрока робіць тэхналагічнай.

У кожным раздзеле ёсць спецыяльны блок матэрыялу для навучэнцаў, якія праяўляюць павышаную цікавасць да матэматыкі (модуль “Для тых, каму падабаецца матэматыка”). Гэта дазваляе дыферэнцыраваць працэс навучання, арганізаваць дапрофільную падрыхтоўку, закладвае патэнцыяльную магчымасць для самастойнага выбару таго, што падабаецца, і фарміравання творчых здольнасцей.

Наяўнасць вялікіх блокаў задач на гатовых чарцяжах у двух узроўнях дазваляе значна павялічыць аб’ём рэшаных задач і, як вынік, сфарміраваць навыкі рашэння стандартных задач па пэўным раздзеле ў большасці навучэнцаў класа. Практыка паказала, што такі падыход дазваляе рэзка павялічыць колькасць навучэнцаў, здольных да рашэння геаметрычных задач.

Відэасуправаджэнне ўсяго курса дапаможніка ператварае працэс вывучэння геаметрыі ў камфортнае і займальнае пагружэнне ў прадмет, набліжае яго да свету сённяшняга падлетка. Намі створаны банк відэазапісаў урокаў геаметрыі для 7 і 8 класаў, які можа выкарыстоўвацца пры навучанні школьнікаў, а таксама для навучання настаўнікаў метаду буйнаблочнага навучання геаметрыі.

Акрамя таго, дапаможнік новага пакалення мае магчымасць падключэння відэасуправаджэння вучэбнага матэрыялу непасрэдна з дапаможніка пры выкарыстанні смартфона або планшэта праз QR-код.

— Валерый Уладзіміравіч, яшчэ адзін важны і для многіх настаўнікаў спрэчны момант — навуковы складнік падручніка. Які ён прадстаўлены ў вас?

— Сапраўды, адным з самых складаных пытанняў з’яўляецца спалучэнне даступнасці матэрыялу і яго навуковай строгасці. Гэтыя два патрабаванні знаходзяцца ў пэўнай дыялектычнай супярэчнасці. У пошуку разумнай мяжы паміж першым і другім заключаецца, на нашу думку, мастацтва выкладання матэрыялу. Трэба вучыцца балансаваць.

— З якой інфармацыі пачынаецца ваш падручнік? Чым вызначаецца яго змястоўная лінія?

— Традыцыйна ўсе падручнікі пачынаюцца са звароту да вучняў. Не ўпэўнены, што ўсе вучні чытаюць гэтыя звароты. Што тычыцца змястоўнай часткі, то кожная тэматычная частка, а іх, паводле праграмы, пяць, будзе пачынацца з увядзення ў тэму, дзе на наглядна-інтуітыўным узроўні будзе выкладзены асноўны матэрыял пэўнай тэмы. Гэта дасць магчымасць прадставіць усю тэму ў цэлым, паказаць яе каркас.

Далей матэрыял будзе выкладацца паслядоўна, у пэўным сэнсе традыцыйна, па параграфах, з апісаннем усіх тэарэм і іх доказаў, з вялікай колькасцю ўзораў рашэння задач.

Выкладанне тэорыі прыводзіцца ў параграфах коратка і лаканічна, улічваючы дэталізаванае ўвядзенне ў тэму. Для вучняў 7 класа важна зразумець, што геаметрыя — гэта навука доказная, якая заклікана сфарміраваць у іх патрэбу ў абгрунтаванні сваіх сцвярджэнняў. А гэта нясе ў сабе вялікі зарад для развіцця мыслення наогул і навуковага ў прыватнасці.

— Якую ролю ў сваім падручніку адводзіце нагляднасці, улічваючы, што ў вас ёсць серыя дапаможнікаў “Наглядная геаметрыя”?

— Мы пастараемся рэалізаваць прынцып нагляднасці ў дастатковай ступені. А дапаможнікі “Наглядная геаметрыя”, улічваючы іх запатрабаванасць сярод настаўнікаў, будуць трансфармаваны ў рабочыя сшыткі з вялікай колькасцю задач на гатовых чарцяжах, што дазволіць за кароткі час сфарміраваць навык рашэння геаметрычных задач. Акрамя таго, гэтыя дапаможнікі могуць служыць настаўнікам, якія выкарыстоўваюць у сваёй педагагічнай практыцы метад буйнаблочнага навучання матэматыцы.

— Валерый Уладзіміравіч, думаю, для многіх будзе карысна даведацца пра структуру падручніка па геаметрыі, і наколькі для вас з’яўляецца важнай пераемнасць паміж вывучэннем геаметрыі ў 7, 8, 9 класах?

— Вучэбны дапаможнік па геаметрыі для 7 класа, згодна з новай праграмай па матэматыцы, складаецца з 5 раздзелаў (кірункаў):

1. Пачатковыя паняцці геаметрыі.

2. Прыкметы роўнасці трохвугольнікаў.

3. Паралельнасць прамых на плоскасці.

4. Сума вуглоў трохвугольніка.

5. Задачы на пабудову.

Раздзелы дапаможніка разбіты на модулі (пункты), якія ахопліваюць, як правіла, адну дыдактычную адзінку матэрыялу (адну тэарэму і задачы да яе). Гэта дазваляе настаўніку выбраць свой тэмп навучання для пэўнага класа, выкарыстоўваць буйнаблочны падыход пры навучанні, самастойнае вывучэнне матэрыялу. Паколькі мова дапаможніка цалкам арыентавана на базавы ўзровень падрыхтоўкі, вучні рознага адукацыйнага патэнцыялу сумесна з настаўнікам могуць выбраць індывідуальны план асваення матэрыялу.

Матэрыял па геаметрыі выкладзены такім чынам, што развіццё тэорыі і рашэнне задач патрабуе добрых ведаў па ўсім пройдзеным матэрыяле. З прычыны гэтага практычна ўвесь вывучаны раней матэрыял на кожным этапе засваення геаметрыі з’яўляецца запатрабаваным. Такім чынам рэалізуецца пераемнасць курсаў геаметрыі 7, 8 і 9 класаў.

Акрамя таго, у нашым дапаможніку ў курсе планіметрыі запланавана лінія вывучэння фігур стэрэаметрыі, што, па-першае, лагічна, паколькі мы жывём у трохмернай прасторы. Па-другое, гэта дасць магчымасць да 10 класа сфарміраваць у вучняў прасторавыя ўяўленні. А гэта, у сваю чаргу, зробіць менш балючым пераход ад планіметрыі да стэрэаметрыі. Прынамсі, мы спадзяёмся на гэта.

Таксама мы паспрабуем захаваць пераемнасць з дзеючымі па сённяшні дзень нашымі нацыянальнымі падручнікамі па геаметрыі — аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам У.У.Шлыкава і калектыву аўтараў Л.А.Латоціна і Б.Д.Чабатарэўскага, якія зрабілі вельмі вялікі ўклад у справу фарміравання айчыннай школы.

— На ваш погляд, падручнік у першую чаргу павінен быць для вучня або для настаўніка?

— Мы пастараемся зрабіць падручнік запатрабаваным і цікавым як для вучняў, так і для настаўнікаў. Але галоўным у працэсе навучання (мы ў гэтым цвёрда перакананы) з’яўляецца не падручнік, а настаўнік. Лепш сказаць, яго Вялікасць НАСТАЎНІК. Ад яго педагагічнага майстэрства, прафесіяналізму, беражлівых адносін да маладога пакалення краіны, без сумнення, залежыць усё. У тым ліку і наша будучыня.

— Згодна з вамі. Дзякуй, Валерый Уладзіміравіч, за размову і чакаем вашага новага вучэбнага дапаможніка.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Быць з вучнем максімальна блізка

Выкладанне любога школьнага прадмета можна зрабіць цікавым, а вучняў неабходна трымаць як мага бліжэй да сябе — так лічыць настаўнік фізікі гомельскай сярэдняй школы № 27 Валерый Ігаравіч Клюка. Менавіта па гэтых правілах будуе сваю дзейнасць малады педагог.

Валерый Ігаравіч адносіцца да тых настаўнікаў, якія могуць рэалізаваць сябе ў любой установе адукацыі. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны малады спецыяліст быў накіраваны на першае месца працы ў адну са школ гарадскога пасёлка Карма настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Там бы і застаўся, калі б сямейныя прычыны не прымусілі вярнуцца ў Гомель. Пяць гадоў В.І.Клюка паспяхова выкладае фізіку ў адной з лепшых школ абласнога цэнтра.

— Калі я сюды прыйшоў, у мяне ўжо сфарміравалася пэўнае кола інтарэсаў, — дзеліцца Валерый Клюка. — Мне хацелася рэалізаваць сябе ў розных напрамках, пачынаючы з праграмавання, аб чым я заўсёды марыў, і заканчваючы такім нестандартным на той час відам дзейнасці, як робататэхніка. Прычым я разглядаў гэта не як асобныя заняткі па інтарэсах ці факультатывы. Было жаданне ўплесці сучасныя кірункі ў свой прадмет, звязаць усё разам. Мне бачылася гэта праз папулярызацыю навукі, бо хацелася нечым пастаянна дзяліцца з дзецьмі, з калегамі ды і самому даведвацца аб чымсьці новым.

Валерый Ігаравіч пачаў з пошуку аднадумцаў. І першым быў аднакурснік настаўнік фізікі адной з гомельскіх школ Сяргей Валянцінавіч Шэйбут. Потым далучыліся іншыя педагогі. Так калегі пачалі рэалізоўваць адразу некалькі праектаў. Галоўны з іх — праект “Навука — дзецям”. Творчыя настаўнікі стварылі канал на YouTube, дзе пачалі размяшчаць свае навуковыя відэаролікі, адкрылі свой сайт, які папаўнялі самастойна напісанымі пазнавальнымі артыкуламі, апісаннем правядзення доследаў і іншай цікавай інфармацыяй. Мэта простая — матываваць навучэнцаў заняцца навукай. Праз год гэтая работа дала вынік: да гомельскіх педагогаў-энтузіястаў пачалі звяртацца людзі з іншых навуковых суполак, прасілі дазволу выкарыстоўваць іх матэрыялы, дзяліліся вопытам. Было наладжана плённае супрацоўніцтва.

Сёння аднакурснікі-аднадумцы Валерый Клюка і Сяргей Шэйбут выпусцілі ў свет кнігу пад назвай “Энцыклапедыя механізмаў, ці Як устроена ўсё навокал”, якая выйшла ў расійскім выдавецтве “Фенікс” тыражом у пяць тысяч экзэмпляраў. На 80-ці старонках пазнавальнай энцыклапедыі змешчаны цікавыя артыкулы, дапоўненыя ілюстрацыямі, большую частку з якіх, дарэчы, намалявалі самі аўтары.

— Развіваючы наш праект, мы выношвалі ідэю выпусціць невялічкія брашуркі на старонак пятнаццаць-дваццаць, якія проста маглі б раздаваць зацікаўленым, — расказвае гісторыю з’яўлення кнігі Валерый Клюка. — Пра кнігу думкі былі таксама, але мы не ведалі, як гэта робіцца, з чаго пачынаць, да каго звяртацца… І вось аднойчы з намі звязалася расійскае выдавецтва і прапанавала напісаць кнігу, у аснову якой будуць пакладзены нашы распрацоўкі.

Пра гэта можна было толькі марыць, і маладыя настаўнікі сур’ёзна ўзяліся за справу. Два з паловай месяцы штодзённай працы над матэрыяламі кнігі — і, нарэшце, яна ўбачыла свет. Валерый Ігаравіч прызнаецца, што адчувае вялікую радасць ад таго, што работа над праектам “Навука — дзецям” вылілася ў кнігу. Але больш важным для аўтара з’яўляецца тое, што яна можа стаць памочнікам для калег у справе папулярызацыі сярод дзяцей фізікі і навукі ўвогуле. Фізіка — цікавы прадмет, аднак наўрад ці кожны вучань захопіцца ім, калі настаўнік не паспрыяе гэтаму.

— Я лічу, што калі дзіця ў сёмым-восьмым класе не матывавана на фізіку, то да яго цяжка дастукацца, — расказвае Валерый Клюка. — Імкнуся рознымі спосабамі зацікавіць сваіх вучняў, бо простае выстаўленне ў журнал дрэнных адзнак ніяк не паўплывае на матывацыю. Абапіраюся ў многім на наш праект “Навука — дзецям”. Я прыходжу на ўрок, і ў мяне ёсць добры матэрыял, сабраны за тры гады, — тыя ж відэаролікі, артыкулы, каштоўныя спасылкі.

Галоўны козыр маладога настаўніка ў справе матывацыі — пазаўрочная дзейнасць з навучэнцамі. Атрымаўшы спасылкі на сайт і на канал з відэаролікамі, дзеці, для якіх сёння камп’ютар — неад’емны атрыбут вольнага часу, абавязкова, няхай і без пэўнай мэты, захочуць прагледзець матэрыял. Раз, другі, трэці, і, як вынік, у многіх з’яўляецца жаданне паспрабаваць сябе ў нейкіх праектах ці доследах. Прычым кожны вучань можа напісаць настаўніку фізікі ў сацыяльных сетках у любы час, задаць пытанні, параіцца ці нешта высветліць, абмеркаваць.

— Я заўсёды на сувязі, і калі дзеці нешта выконваюць, рашаюць задачы, тэсты, яны ў любы час могуць мне напісаць, — гаворыць настаўнік фізікі. — Я сваіх вучняў імкнуся трымаць максімальна блізка да сябе. Гэта і ёсць мая методыка. Канечне, яна патрабуе шмат сіл і часу і, магчыма, не на сто працэнтаў дзейнічае, тым не менш я бачу вынікі ў зацікаўленасці навучэнцаў.

У многіх юнакоў і дзяўчат гэтая зацікаўленасць выліваецца ў праектную дзейнасць. Самыя яркія работы прадстаўляюцца ў розных конкурсах і займаюць пераможныя месцы.

На дасягнутым малады настаўнік і яго калегі спыняцца не збіраюцца. Зараз, напрыклад, яны пачалі развіваць партал дыстанцыйнага навучання фізіцы і хіміі, паступова будуць уключаны і іншыя прадметы, што дасць вучням магчымасць атрымліваць дадатковыя веды па пэўных прадметах. А наперадзе яшчэ шмат задум, якія, безумоўна, будуць рэалізаваны.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Вучыць думаць і працаваць

У школе мне пашанцавала з настаўніцай біялогіі. На ўрокі Алены Ягораўны Градоўкінай, якая сёння працуе ў брэсцкім ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, заўсёды ішоў з ахвотай. Менавіта дзякуючы асобе педагога біялогія была адным з любімых прадметаў. Актыўная, энергічная, адказная, патрабавальная, справядлівая… І амаль праз 20 гадоў пасля заканчэння школы з цеплынёй згадваю ўрокі гэтай настаўніцы.

Вучням Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава таксама пашанцавала з настаўніцай біялогіі. “Педагог навучыла нас думаць і працаваць”, “Настаўніца выкладае матэрыял даходліва, лёгка і зразумела, у цікавых і незвычайных параўнаннях”, “Структураваныя канспекты, прапанаваныя настаўніцай, дапамагаюць добра рыхтавацца да ўрокаў”, “Гэта прыклад таго, як трэба вучыць і адносіцца да прафесіі”, — гавораць удзячныя выхаванцы Ірыны Нічыпараўны Богдан.

— Заўсёды любіла вучыцца, даведвацца штосьці новае, — прызнаецца педагог з 30-гадовым стажам. — Наша сям’я жыла на хутары, таму ў дзіцячы сад я не хадзіла. Калі старэйшыя браты прыходзілі са школы і вучылі ўрокі, далучалася да іх. У выніку ў 6 гадоў ужо ўмела чытаць і пісаць. У дзяцінстве вельмі любіла гуляць з братамі ў школу. Праўда, яны заўсёды ставілі мне “двойкі”, забываючы пра мой узрост.

У школе дзяўчынцы падабаліся прадметы фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага цыкла. Настаўніца хіміі Валянціна Іванаўна Майсейчык з тагачаснай сярэдняй школы № 1 Іванава (сённяшняя гімназія) давала трывалыя і грунтоўныя веды, ніколі не павышала голасу, была вельмі патрабавальнай. Для Ірыны Нічыпараўны гэта прыклад сапраўднага педагога.

Пасля заканчэння прыродазнаўчага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна І.Н.Богдан 25 гадоў працавала ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч. Настаўніца з цеплынёй згадвае дружны і таленавіты калектыў навучальнай установы, дзе сцвердзілася як педагог і пераканалася ў правільным выбары прафесійнага шляху. У Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава Ірыну Нічыпараўну запрасіла 4 гады назад тагачасны дырэктар Н.М.Альхіменка.

— У рабоце выкарыстоўваю элементы тэхналогіі праблемнага навучання, крытычнага мыслення і поўнага засваення ведаў, якія даказалі найбольшую эфектыўнасць у выкладанні біялогіі, — гаворыць І.Н.Богдан. — Адным з важных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца алімпіядная і навукова-даследчая работа вучняў, якія актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, адзінаццацікласніца Вера Аляксейчык на сёлетнім Рэспубліканскім злёце юных эколагаў атрымала дыплом І ступені.

Ірына Нічыпараўна падрыхтавала 31 пераможца абласнога і 10 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама 6 пераможцаў абласной алімпіяды па пытаннях здаровага ладу жыцця. “Калі працую з алімпіяднікамі, заўсёды накіроўваю іх на вынік. Калі бачу, што ў нейкага дзіцяці не атрымліваецца, абавязкова мяняю напрамак яго дзейнасці. Нагрузка павінна быць па сілах”, — упэўнена педагог, якая не любіць ацэньваць вучняў і ставіць ім адзнакі, бо лічыць, што немагчыма аб’ектыўна ацаніць веды за кароткі час, адведзены для апытання.

— Сапраўдны педагог павінен шчыра любіць дзяцей, быць строгім і справядлівым — прафесіяналам сваёй справы, — гаворыць Ірына Нічыпараўна. — Заўсёды кажу дзецям, што не важна, якую прафесію яны выберуць, галоўнае — ста ць сапраўдным майстрам у ёй, які будзе атрымліваць задавальненне ад любімай работы. Такія спецыялісты запатрабаваны ва ўсе часы.

І.Н.Богдан пастаянна займаецца самаадукацыяй. Без гэтага, лічыць настаўніца, немагчыма захаваць прафесійную вышыню. Ірына Нічыпараўна любіць чытаць спецыялізаваную літаратуру з розных галін навукі. Кругагляд педагога надзвычай шырокі. З ёй цікава пагаварыць не толькі пра апошнія дасягненні ў біялогіі, але і пра мастацкія творы пэўнага пісьменніка.

Педагагічная дзейнасць выдатніка адукацыі Беларусі І.Н.Богдан адзначана шматлікімі граматамі і ганаровымі граматамі, у тым ліку галіновага міністэрства. Ірына Нічыпараўна — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, удзельніца раённага і абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.