“Калі вы ўбачыце чалавека ў акулярах, не спяшайцеся сказаць яму “Паглядзі!”

Мой суразмоўца — Валерый Леанідавіч Ананьеў, навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, кандыдат сацыялагічных навук. Ён упэўнены, што ў грамадскай думцы склаўся вобраз чалавека з інваліднасцю як непаўнацэннага, няздольнага самастойна забяспечыць сваё існаванне, які мае патрэбу ў пастаяннай пераважна матэрыяльнай, дапамозе з боку дзяржавы. Але на прыкладзе ўласнага жыцця Валерый Леанідавіч, чалавек з інваліднасцю па зроку, змог даказаць, што гэта не так. Галоўную прычыну ўсіх праблем, з якімі сутыкаюцца інваліды, ён бачыць у непрыняцці такіх людзей грамадствам.

— Валерый Леанідавіч, раскажыце пра сваё дзяцінства. Якія ўражанні засталіся ад навучання ў школе?

— Нарадзіўся і ў раннім дзяцінстве я жыў у ГДР па месцы службы таты. Праблемы са зрокам — татальная слепата і катаракта — былі ў мяне з самага нараджэння. У шасцімесячным узросце трапіў у вядомую клініку Шарытэ, дзе нямецкі прафесар зрабіў мне некалькі аперацый і вярнуў амаль 100-працэнтны зрок. Пасля былі яшчэ аперацыі. Але, на жаль, стаць поўнасцю відушчым чалавекам мне не ўдалося. Я бачу настолькі, каб рухацца і жыць самастойна. Магу чытаць у акулярах і з лупай. Зразумела, цяжкасцей, прычым рознага характару, хапае.

Вучыўся ў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, якую скончыў у 1980 годзе. За многае ўдзячны яе спецыялістам, дзякуючы якім удалося прайсці сур’ёзную рэабілітацыю і сапраўдную школу жыцця. Многім навучэнцам школы ўдалося выратаваць зрок, у першую чаргу дзецям з больш лёгкімі парушэннямі. Раней у гэтую школу бралі дзяцей, у якіх зрок быў захаваны нават на 80 працэнтаў, пры наяўнасці захворвання, якое прагрэсіравала. Сёння ў такія ўстановы накіроўваюць пераважна дзяцей з цяжкімі парушэннямі. У маім атэстаце толькі адна “чацвёрка” — па чарчэнні, якое мы, хто слаба бачыў, вывучалі па праграме звычайнай школы, усе астатнія адзнакі выдатныя.

— Часта бацькі дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці не могуць вырашыць, у якую навучальную ўстанову аддаць дзіця — у спецыяльную або ў агульнаадукацыйную? З аднаго боку, яны хочуць якасці ведаў, якія дзіця атрымае, з другога — іх непакоіць, як яно прыстасуецца да асяроддзя, у якое трапіць. Што вы скажаце на гэты конт?

—У некаторых выпадках пытанне паўстае рубам: або інклюзія, або адукацыя? Дзіця можа добрую адукацыю атрымаць і ў спецшколе. І не факт, што калі яно будзе вучыцца побач з домам са звычайнымі равеснікамі, то атрымае веды належнага ўзроўню, дастойны камфорт і ўвагу. У гэтым выпадку кажу толькі аб адукацыйным кампаненце інклюзіі — сукупнасці вучэбных навыкаў, уменняў і ведаў. Другі кампанент — сацыяльна-камунікатыўны. Дзіця ў працэсе навучання кантактуе з іншымі вучнямі. І яго поспехі ў вучобе могуць не супадаць з паспяховасцю зносін з равеснікамі. Сапраўдная або рэальная інклюзія — гэта калі два кампаненты — адукацыйны і сацыяльна-камунікатыўны — знаходзяцца на высокім узроўні: дзіця і веды добрыя атрымлівае, і адчувае камфорт ад узаемаадносін у калектыве. Калі адзін кампанент “кульгае”, гэта, на мой погляд, нельга назваць інклюзіяй. Ёсць нават такое паняцце “сацыяльная прыдатнасць да інклюзіўнай адукацыі”.

Калі гаварыць аб шляхах развіцця сістэмы адукацыі для дзяцей з АПФР, думаю, што варта кіравацца наступным пастулатам: сацыяльная інтэграцыя дзіцяці павінна быць на першым плане. Неабходна, каб вучань з абмежаваннямі меў рэальную інклюзію, быў нароўні з усімі дзецьмі ў калектыве, а не своеасаблівай “цацкай” або паказальным вучнем для ўстановы адукацыі са статусам “інклюзіўная школа”. Памылковым з’яўляецца і сцвярджэнне аб тым, што інклюзіўная адукацыя цалкам заменіць сістэму спецыяльнай адукацыі дзяцей з АПФР. Гэтую гіпотэзу пацвярджаюць вынікі даследаванняў, праведзеных сацыёлагамі Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, у тым ліку і мае даследаванні, якія тычацца дзяцей з парушэннямі зроку.

—Ці крыўдзілі вас у дзяцінстве? Кажуць, што дзіцячыя крыўды застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё. Ці сутыкаецеся сёння з няветлівымі людзьмі?

—У дзяцінстве іншы раз крыўдзілі равеснікі, дражнілі “акулярыкам”. Але ў мяне былі добрыя псіхолагі і рэабілітолагі — мае бацькі. Калі аднойчы я падышоў да мамы са сваёй чарговай крыўдай на дзяцей са двара, яна сказала: “Сынок, проста пацярпі, не звяртай увагі, і ўсё пройдзе”. Я вырашыў: “Мяне больш не хвалююць чужыя абразы”. І хутка ўсё стала на свае месцы. Гэтае адчуванне, не рэагаваць на абразу, ідзе са мной праз усё жыццё. Стаўшы дарослым, я таксама неаднойчы чуў у свой адрас нецэнзурныя словы, нетактоўныя пытанні, крыўдныя парады, хтосьці груба адказваў на маю просьбу аб дапамозе, калі я, напрыклад, прасіў назваць кошт тавару ў магазіне. Часцей за ўсё з няветлівасцю сутыкаюся ў сферы абслугоўвання. У некаторых выпадках уступаю ў дыялог з людзьмі, якія паводзяць сябе непрыгожа. Але не для таго, каб пачуць ад іх прабачэнні. Проста імкнуся абараніць правы людзей з абмежаваннямі. Я гавару: “Вы мяне моцна абразілі, указалі на мае праблемы, прымусілі ўсім прысутным сказаць аб маім фізічным недахопе”. Ці задаю пытанне: “А ў вас што, няма жыццёвых праблем? Вам будзе прыемна, калі на іх звернуць увагу незнаёмыя людзі?” Некаторыя ў адказ маўчаць, хтосьці ўсё ж просіць прабачэння. Але ёсць і тыя, хто застаецца пры сваім меркаванні, маўляў, нічога дрэннага я не зрабіў.

Аднойчы ў Нацыянальнай бібліятэцы ў мяне адбыўся канфлікт, зноў жа з-за майго парушэння. Пасля гэтага я патэлефанаваў намесніку дырэктара ўстановы і папрасіў: “Дайце мне 30—40 хвілін для выступлення перад вашымі супрацоўнікамі”. Бібліятэкары мае словы не проста слухалі, яны іх канспектавалі. “Калі вы ўбачыце чалавека ў акулярах, не спяшайцеся сказаць яму “Паглядзі!”. Акуляры — не цацка, — адзначыў я. — Нават цёмныя акуляры чалавек надзявае для таго, каб абараніць сятчатку вока ад светлавой перагрузкі”. Я расказаў супрацоўнікам бібліятэкі аб прыёмах аказання дапамогі людзям з парушэннямі зроку. Даваў ім канкрэтныя заданні, накшталт: “падвядзіце мяне да стала, пасадзіце, каб мне было зручна і г.д”. Папярэдне патлумачыў, як гэта правільна рабіць. Калі мы развітваліся, чуў ад іх толькі словы вялікай удзячнасці за сустрэчу.

— Як вы трапілі ў сацыялогію?

— Кім я толькі ні марыў стаць у дзяцінстве. Нават фотасправу асвоіў. Але ў старшых класах зразумеў, што мары — адно, а рэальнае жыццё зусім іншае. Пасля школы атрымаў накіраванне на работу на прадпрыемства Беларускага таварыства сляпых па вытворчасці святлопрыбораў і ўжо збіраўся пайсці туды працаваць. Але бацька спыніў: “Ты думаеш, табе там будзе цікава? Закруціў дэталь, узяў наступную, зноў закруціў — і так увесь дзень!” Двойчы на агульных падставах спрабаваў паступаць на спецыяльнасць “Філасофія” БДУ. Вусныя выпрабаванні вытрымліваў, а пісьмовыя “завальваў”. Мой почырк прызналі нечытэльным. Пра тое, што ў мяне праблемы са зрокам, ніхто з прыёмнай камісіі не ведаў. Праз год работы на прадпрыемстве для сляпых зрабіў яшчэ адну спробу, і пасля субяседавання мяне прынялі на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ. А яшчэ праз год я паступіў на аддзяленне палітэканоміі гістарычнага факультэта ўніверсітэта. Прыйшоў туды з упэўненасцю, што абавязкова стану выкладчыкам. З 3 курса пайшоў у школу маладога лектара і хутка атрымаў права чытаць платныя лекцыі ў Мінску, што давала фактычна другую стыпендыю. У той час у мяне ўжо была сям’я, нарадзілася дзіця, і грошы былі патрэбны. На 5 курсе я быў атэставаны як лектар рэспубліканскай катэгорыі, што давала права чытаць платныя публічныя лекцыі па ўсёй рэспубліцы.

Пасля атрымання дыплома мяне чакалі два нялёгкія гады пошуку работы. Не патрабаваў ніякіх прывілей, гатовы быў працаваць асістэнтам на кафедры і браць на сябе нагрузку нароўні з астатнімі. Але справа не ішла. Пісаў лісты ў Міністэрства адукацыі, прасіў даць мне накіраванне на работу. І ў выніку мяне ўладкавалі загадчыкам кабінета на факультэт павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў тэхнікумаў па гуманітарных навуках. Пасля прапанавалі палову стаўкі выкладчыка па сумяшчальніцтве на кафедры палітэканоміі ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. Праз некаторы час наш фaкультэт павышэння кваліфікацыі рэарганізавалі ў РІВШ, і мая пасада была скарочана. У сацыялогію трапіў выпадкова: адкрылася вакансія ў сацыялагічнай лабараторыі БДУ. Працую ў гэтай сферы ўжо 25 гадоў.

— Што ўваходзіць у кола вашых прафесійных інтарэсаў і абавязкаў? Якія асноўныя праблемы сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў можаце адзначыць?

— Сацыялогія пачынаецца з вызначэння актуальнай задачы, вывучэння праблем, аналізу супярэчлівых сітуацый, рацыяналізацыі паняццяў, распрацоўкі анкет і апытанняў. Гэта прадугледжвае работу з літаратурай, са статыстычнай інфармацыяй, правядзенне экспертных апытанняў, інтэрв’ю і г.д. Мая задача як супрацоўніка цэнтра пісаць справаздачы і аналітычныя тэксты. Для пацвярджэння свайго статусу я павінен удзельнічаць у канферэнцыях, друкавацца ў навуковых часопісах, удзельнічаць у распрацоўках тэм, якімі займаецца наш цэнтр. Зараз, напрыклад, мы сур’ёзна вывучаем каштоўнасныя арыенціры нашага насельніцтва. Заказчыкамі даследаванняў могуць выступаць дзяржаўныя структуры і арганізацыі, напрыклад, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, міністэрствы, міжнародныя арганізацыі (ЮНІСЕФ, ПРААН) і іншыя ўстановы. Інфармацыя, якую мы атрымліваем у выніку, належыць заказчыку, і толькі ён мае права ёй распараджацца, вырашае, можна яе агучыць ці варта пакінуць для ўнутранага карыстання. Вельмі актуальная, і не толькі для мяне, тэма сацыяльных праблем людзей з інваліднасцю. Іх колькасць ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, павялічваецца. Пытанні іх сацыяльнай рэабілітацыі сёння ў ліку найважнейшых. Сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку ў нашай краіне прысвечана мая кандыдацкая дысертацыя.

У сістэме сацыяльнай дапамогі ў нас шмат супярэчнасцей. Так, ёсць імкненне да яе адраснасці, але яно не падмацавана на справе рэальнымі канкрэтнымі механізмамі. Па-ранейшаму ў сістэме сацыяльнай абароны дзейнічае прынцып дапамогі па заяўцы. Заявіў, што маеш патрэбу ў нечым, — ты атрымаеш гэта. Міма мяне не адзін раз праходзіла тое, на што меў права. Аднойчы атрымаў талоны на праезд за тры папярэднія гады, нават не ведаў пра тое, што яны мне павінны быць выдадзены.

Няма дакладных механізмаў і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў — такіх, якія дзейнічаюць у развітых краінах. Калі пры наяўнасці вакансіі чалавека з інваліднасцю не бяруць на работу, хаця ён аб’ектыўна можа яе выконваць, работадавец там або плаціць вялікі штраф, або адказвае перад судом. Падатковыя льготы для работадаўцаў, на мой погляд, вялікай ролі пры гэтым не іграюць. Мы гэта ўжо праходзілі ў 90-х гадах. Былі прадпрыемствы, якія ўладкоўвалі на работу інвалідаў, ім плацілі менш, чым астатнім (маўляў, яны атрымліваюць пенсію ад дзяржавы), парушалі такім чынам іх правы. Калі трымаць інвалідаў станавілася нявыгадным, іх звальнялі. На жаль, сацыяльныя стэрэатыпы пераадолець цяжка. Інваліда ўспрымаюць як няроўнага і няздольнага быць роўным, як чалавека, які мае права на законных падставах быць утрыманцам. У нас пенсія па інваліднасці фіксаваная, выдаецца на рэабілітацыю, незалежна ад таго, працуе чалавек ці не. Ёсць і іншае пытанне: ці заўсёды чалавек з інваліднасцю хоча працаваць? Можа ён рад быць утрыманцам? З такой сітуацыяй сутыкнуліся многія краіны, дзе сацыяльныя выплаты дазваляюць жыць годна і не працаваць. Але там чалавек з інваліднасцю, які пойдзе працаваць, атрымае значна большы заробак, чым пенсія, і пры гэтым будзе вымушаны адмовіцца ад пенсіі. Выбар складаны, і ў кожнага свой.

—Якія высновы вы зрабілі ў сваёй дысертацыі, якія рэкамендацыі можаце даць грамадству?

—Толькі наладзіўшы дакладны ўлік інвалідаў (асобна па зроку, па слыху і г.д.), можна распрацаваць і сістэму адраснай дапамогі. Адраснасць перш за ўсё ў тым, што чалавеку даюць тое, што яму патрэбна, а не стары, прабачце, радыёпрыёмнік, які заляжаўся на складзе. Можна, напрыклад, знайсці магчымасць набыць ноўтбукі ці тэлефоны з навігатарам для невідушчых навуковых работнікаў і г.д. Павінна быць створана і сістэма асістэнцтва для інвалідаў, якія працуюць. Раней мне плацілі так званую дапамогу на чытальніка. Атрымліваў 25 савецкіх рублёў, на якія мог наняць чалавека, які б мне чытаў. У гэтым мне дапамагала жонка. Такая ж сістэма неабходна і на дзяржаўным узроўні, прычым павінна дзейнічаць у розных кірунках работы з інвалідамі.

Наступны рычаг — прапаганда дасягненняў людзей з інваліднасцю, змяненне меркаванняў аб іх ролі ў грамадстве. Праводзячы даследаванне, я цікавіўся ў звычайных людзей, у якой сферы можа, на іх думку, працаваць сляпы чалавек, пытаўся і пра імёны вядомых людзей, якія страцілі зрок, але пры гэтым рэалізавалі сябе ў пэўнай прафесіі. Большасць адказвала, што сляпы чалавек можа стаць музыкантам, паэтам, пісьменнікам або рабочым на заводзе. Многія прыгадвалі беларускага спартсмена з парушэннямі зроку Ігара Бокія. Але ніхто не назваў імён вучоных, канструктараў з парушэннямі зроку (Дзегцярова, Марголіна і інш.). Усім цікаўным магу парэкамендаваць зазірнуць у тыфлалагічны імянны слоўнік пад рэдакцыяй Гудоніса з біяграфіямі вядомых сляпых людзей.

Пытанні сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, на мой погляд, не вырашацца, пакуль не адбудзецца змяненняў у свядомасці грамадства. А грамадства — гэта ў тым ліку мы з вамі, і дырэктар прадпрыемства, і прадавец у магазіне. У грамадстве трэба фарміраваць разуменне таго, што людзі з інваліднасцю такія ж, як і ўсе. Калі такі чалавек прыйшоў у магазін, парадуйся, што ён набудзе тавар, які не трэба будзе несці яму дадому, пакіне грошы ў магазіне. Абслужыце яго як след, і ён прыйдзе да вас зноў.

Калі праводзілася сацыялагічнае даследаванне па гэтай тэме, мы задавалі нашым рэспандэнтам пытанне: што вы будзеце рабіць, калі ва ўстанове, у якую прыйдзеце за пэўнай паслугай, сустрэнеце сляпога супрацоўніка? 8,3 працэнта заявілі, што яны будуць патрабаваць паслугі ад таго, хто бачыць, 23,5 працэнта адказалі, што не ведаюць, што будуць рабіць. Але ўсё ж 68,2 працэнта вырашылі, што будуць мець справу з такім чалавекам. Калі яго ўзялі на работу, значыць, ён справіцца са сваімі абавязкамі. Работадавец прыняў чалавека з парушэннямі зроку на работу, выдаў яму своеасаблівы крэдыт даверу. Калі ўзнікне разуменне таго, што больш выгадна стымуляваць чалавека да карыснай працы, да самарэалізацыі, чым плаціць яму пенсію і адмаўляць пры гэтым у рэалізацыі здольнасцей, то і ў заканадаўстве адбудуцца адпаведныя змены, узнікнуць прававыя гарантыі для людзей з абмежаваннямі і будзе вызначана ступень адказнасці работадаўцаў за непрыняцце іх на работу. Ствараць такія станоўчыя стэрэатыпы можна і праз прапаганду ў СМІ. Толькі не трэба ўзнімаць інваліда на п’едэстал супергероя, які пераадольвае цяжкасці, а ўсе павінны браць з яго прыклад. Не варта рабіць з яго і прыгнечанага, прыніжанага, пакрыўджанага лёсам і людзьмі чалавека.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Спявак, кампазітар Макс ЛОРЭНС: “Музыка — гэта не дэпрэсія. Гэта свята для людзей…”

Будучы нядаўна ў Гомелі ў камандзіроўцы ў рамках праекта “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, пачуў ад аднаго са сваіх інтэрв’юентаў гітарыста вакальна-інструментальнага ансамбля “Трыб’ют” Жлобінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мішы Шаронава слова “камора”. Ён гаварыў пра тое, што ў “камору” яго і таварышаў прывёў яго выкладчык Дзмітрый Марозаў. Там яны пачалі гісторыю свайго гурта, а ўрэшце выйшлі на вялікія сцэны, у тым ліку на гала-канцэртную сцэну “АРТ-вакацый” у якасці пераможцаў. У мяне не было іншых альтэрнатыў назвы раздзела пра “Трыб’ют” і Мішу — “З каморы на сцэну”.

Мы гутарылі з Мішам у Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

А ў філасофіі ёсць такое паняцце, як антыцыпацыя. Са старажытнай грэчаскай мовы гэтае слова перакладаецца як “прадугадванне”, “апярэджанне”, “вызначэнне наперад”, “калька”. Пачуўшы з вуснаў Мішы слова “камора”, я нейкім шостым пачуццём адчуў, што і ў Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі знайду такую “камору”, адкуль дзеці выходзяць на сцэну.

Маё пачуццё мяне не падвяло. Блукаючы па першым паверсе дома, я незнарок зазірнуў у адзін кабінет. А там убачыў… Макса Лорэнса, які вёў заняткі са сваімі выхаванкамі. “Макс, добры дзень, — сказаў я. — Я журналіст “Настаўніцкай газеты”. Так нечакана вас тут сустрэць. А можна ўзяць у вас інтэрв’ю?”

“Ну, канечне. Толькі пачакайце крыху. Пасля рэпетыцыі…” — адказаў Макс.

“Добра, вялікі дзякуй”, — адказаў у сваю чаргу я і зірнуў на шыльду: “Вакальная стартап-студыя Макса Лорэнса”. Мяне тут жа перапоўнілі эмоцыі: праз колькі часу буду браць інтэрв’ю ў музыканта, вядомага на ўвесь былы СССР, першага ў гісторыі “Славянскага базару ў Віцебску” беларускага ўладальніка гран-пры гэтага конкурсу, аднаго з аўтараў незабыўнага хіта “Чорны бумер”, калегі і сябра Сярогі… Выкладчыка Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

— Максім, наколькі ведаю, ваша мама — музыкант. І вы скончылі ў свой час музычна-педагагічны каледж. Як вы самі лічыце: адкуль у вас музыкальнасць — ад мамы, ад каледжа, ад лёсу?

— Ад прыроды. Я ніколі не ставіў сабе задачы заканчваць установы вышэйшай адукацыі музычнага профілю… Я наогул ішоў крыху па іншым шляху, па шляху замежных моў. Але прырода заўсёды мацнейшая за ўсё астатняе. Таму мае прыродныя магчымасці перацягнулі коўдру на сябе, і музыка стала тым, што называецца “маё”. Гітару пачаў выву­чаць самастойна. Гэта было стыхіяй: у двары, на ложку дома, усюды, дзе было магчыма. Але сёння разумею, што я, сапраўды, імкнуўся да музыкі добрай якасці: Майкла Джэксана, Bon Jovi, Міка Джагера… Вось гэтае ўсё заходняе, што нам, людзям савецкім, у свой час дазвалялася, я вывучаў. Гэтыя 7 гукаў, у якіх была нейкая прыемная гармонія, любоў, дабро. У нейкі момант я незаўважна для сябе зацягнуўся ў сферу госпела — паслухаў гурт Boyz II Men, іх балады End of the Road, I’ll Make Love to You, One Sweet Day… Гэта было накшталт нейкай рэвалюцыі ў маёй свядомасці. А я на той момант зусім не ведаў такога стылю: адкуль ён бярэцца, з якіх нетраў свядомасці…

Макс Лорэнс  (Максім Анатольевіч Сапацькоў)

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1981 года ў сям’і выкладчыцы вакалу Ларысы Сяргееўны Сапацьковай і інжынера-механіка Анатоля Ананьевіча Сапацькова. У Максіма ёсць старэйшая сястра. У 6 гадоў пайшоў у гомельскую сярэднюю школу № 46 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы (з 2007 года гімназія № 46, у 2008 годзе гімназіі прысвоена імя Блеза Паскаля). Паралельна вучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Спяваў з ранняга дзяцінства, але па-сапраўднаму пачаў захапляцца спевамі з 13 гадоў. Таксама захапляўся баскетболам, выяўляў вялікія здольнасці да вывучэння замежных моў і малявання. Пасля музычнай школы сам асвоіў гітару. У дзіцячым узросце ўзяў удзел у сольных спевах на конкурсе царкоўных песень у Польшчы і заняў 1-е месца. У падарунак атрымаў Біблію і каляндар, якія беражліва захоўвае да гэтага часу.

Пасля 9 класа паступіў у музычна-педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. З гэтага часу на працягу некалькіх гадоў удзельнічаў у розных музычных тандэмах і групах. Найбольш працяглым быў удзел у групе Slam Jam (soul, pop, r’n’b). У 2000 годзе паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. А ў 2002 годзе ў творчай кар’еры Максіма адбыўся першы вялікі поспех: праект “Сярога” з яго непасрэдным удзелам атрымаў гран-пры на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў у Арле. У 2003 годзе Максіма запрасілі прыняць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дзе ён таксама атрымаў гран-пры. Такім чынам, Максім стаў першым беларускім выканаўцам, які ўзяў гран-пры на гэтым конкурсе. “Я быў вельмі рады гэтай магчымасці — прыняць удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, — успамінаў Максім. — Было сапраўды нялёгка перамагчы ў ім. Пасля перамогі на “Славянскім базары” маё жыццё падзялілася на дзве часткі: у адной я быў Максімам Сапацьковым, выканаўцам лірычных песень і рамансаў, у другой — Максам Лорэнсам у праекце “Сярога”. Ня­гледзячы на тое, што Максіма Сапацькова пасля перамогі ў конкурсе чакалі ўсенародная любоў і папулярнасць, я адчуваў, што бліжэй мне праект “Сярога”, дзе я рэалізоўваўся не толькі як выканаўца, але і як музыкант і кампазітар”.

У 2004 годзе праект “Сярога” выпускае альбом “Мой двор: вяселле і пахаванне”, які прынёс яго аўтарам (Макс Лорэнс удзельнічаў у праекце як вакаліст і кампазітар) сапраўдную папулярнасць ва ўсіх краінах СНД.

Разам з рэперам Сярогам Максім займаўся напісаннем тэкстаў песень, стварэннем аранжыровак, выступаў на канцэртах разам з ім. Прымаў удзел у шматлікіх папулярных шоу і праграмах: КВЗ, “Званая вячэра”, “Залаты грамафон”, “Песня года”, MTV Russia Music Awards, “Фабрыка зорак” і інш. У 2007 годзе Сярога і Макс Лорэнс запісалі саўндтрэкі да кінафільма “Бой з ценем”.

Свой першы сольны альбом “Танцы пад Месяцам” Макс Лорэнс запісаў у 2008 годзе ў Берліне ў супрацоўніцтве з лепшымі бітмэйкерамі Германіі. Такія кампазіцыі аўтарства Макса, як “Лебядзіная”, “Каля хаты тваёй”, “Вар’яцею”, сталі хітамі.

На сённяшні дзень Макс Лорэнс супрацоўнічае з такімі вядомымі выканаўцамі, як Сярога, Б’янка, Дзідзюля, Сацура, Ліён, Anggun, St1m, ST, Dj Шаўцоў і Dj Miller і інш.

Некалькі цікавых фактаў пра спевака.

Макс невыпадкова выбраў у якасці псеўданіма прозвішча Лорэнс: дзявочае прозвішча маці Максіма — Ларэнсон (прозвішча мае нямецкія карані).

Кампазіцыя Макса Лорэнса “Вар’яцею” стала адным з саўндтрэкаў да гульні GTA IV.

У 2010 годзе Макс Лорэнс прыняў удзел у экстрэмальным рэаліці-шоу “Зачыстка”, здымкі праходзілі ў Аргенціне.

У дзяцінстве Максім вельмі любіў маляваць. Часта маляваў персанажаў з дыснееўскіх мульцікаў, пазней пачаў маляваць аўтарскія коміксы. На прадмеце “Маляванне” ў каледжы Максім намаляваў комікс пра сваё жыццё і атрымаў “выдатна”.

Макс свабодна гаворыць на нямецкай мове, што не ў апошнюю чаргу дазволіла яму су­працоўнічаць з берлінскімі заканадаўцамі сучаснай хіп-хоп музыкі.

— Нечаканае для мяне адкрыццё. А я думаў, што вы выхоўваліся на творчасці такіх хлапечых (па-руску кажучы, мальчуковых) гуртоў, як Backstreet Boys, NSYNC…

— І на іх таксама. І Backstreet Boys, і NSYNC перапявалі Boyz II Men. І я хацеў бы сказаць, што менавіта Boyz II Men — заснавальнікі стылю r’n’b: рытм-энд-блюза — гэтай усечанай музыкі, многагалосся, змяшанага з танцам…

— Ваш творчы кантынент сёння — гэта r’n’b?

— О, я не ведаю наогул, на якім кантыненце зараз знаходжуся! За апошнія гады паспеў даведацца пра вельмі многія сакрэты сучаснай музыкі — як яна робіцца, як аранжыруецца, як ствараецца бэк-вакал, як пішацца вакальная драматургія… Усё гэта для мяне неяк раскрылася незаўважна, бо я гэтага вельмі хацеў.

— Але ж, напэўна, яно раскрываецца не для кожнага… У чым ваш сакрэт?

— Я вельмі хацеў спяваць. Зачыняўся ў сваім пакоі і спяваў. Штодня. А калі прырода ўзяла сваё і дзікае жаданне спяваць перамагло ўсе іншыя юнацкія жаданні, я стаў аналізаваць сродкамі логікі, філасофіі і іншых навук сваю творчаць, змог для сябе растлумачыць усё тое, што было зароджана калісьці аднымі вушамі і голасам. У нейкі момант я сам сабе расказаў, як трэба рабіць музыку. Па палічках усё расставіў.

— Макс, вы гамяльчанін… І не толькі вы з Сярогам родам з Гомеля, хто дасягнуў поспеху ў музыцы ў рэспубліканскім і нават большым маштабе. Успомніць, напрыклад, дэз-метал каманду Gods Tower… У вас у Гомелі ёсць нейкая аўра поспеху?

— Растлумачу. Усё, што знаходзіцца бліжэй да поўдня, больш развітое, чым тое, што знаходзіцца на поўначы. У творчым сэн­се. У той жа Амерыцы, Германіі, Францыі ўсё, што паўднёвае, музычнае. Лос-Анджэ­лес невыпадкова стаў кузняй відэа- і музычных шэдэўраў. А Нью-Ёрк халодны. Таму нью-ёркскія музыканты і імкнуцца ў Лос-Анджэлес, дзе акіян і круглы год лета. Джасцін Тымберлейк, думаю, наогул не ведае, што такое ларынгіт і фарынгіт. Ён практычна 365 дзён у годзе спявае, стварае музыку. А ўсё, што на поўначы, халоднае, пазбаўленае гукаў.

— Чаму так?

— Ды таму, што на поўдні больш сонца, больш цяпла і, адпаведна, больш натхнення. Сябры часам летам тэлефануюць са сталіцы: “Як, Макс, справы? У нас +15. І дождж”. Я тады з такім непрыхаваным захапленнем адказваю: “А ў нас +35. І ўсе на пляжы!” А для музыкантаў цяпло — самая дарагая рэч. У цяпле яны не хварэюць. Займаюцца творчасцю, не азіраючыся на надвор’е.

— Але, з іншага боку, колькі таленавітых музыкантаў дала свету заўсёды халаднаватая і дажджлівая Брытанія, пачынаючы з The Beatles і Genesis і заканчваючы Muse!

— Дык жа і музыка англійскіх музыкантаў такая ж дажджлівая, як і іх надвор’е. Паслухайце пераважную большасць рэпертуару The Beatles і Genesis, не кажучы ўжо пра Muse. А я лічу, што музыка — гэта не дэпрэ­сія. Гэта свята для людзей.

Хаця “Бітлы” найбольш хітрыя з усіх англійскіх музыкантаў. Яны многа гастралявалі і многіх пераймалі. Яны самыя вясёлыя з усіх брытанскіх гуртоў.

— Макс, у вас ёсць вялікі вопыт су­працоўніцтва як з расійскімі, так і з заходнімі, у прыватнасці, нямецкімі музыкантамі… Куды сёння гледзіце вы як творца ў першую чаргу — на Маскву ці на Берлін?

— Я гляджу заўсёды наперад. Бо калі глядзець направа ці налева, можна спатыкнуцца і не заўважыць перад сабой сцяну. Я гэтаму навучыўся за сваё жыццё. Быў перыяд, я быў маленькім хлопчыкам, і ішоў гэты маленькі хлопчык па жыцці як па магазіне — туды-сюды глядзеў па баках. А бацькі мяне вялі за ручку. Але, дзякуючы найперш бацькам, я навучыўся глядзець наперад. Налева і направа я сёння гляджу толькі тады, калі ў мяне выхадныя дні. А іх не так і шмат. Пераважна даводзіцца ісці па жыцці і ламаць сцяну лбом.

— І ўсё-такі, Максім, якой культуры ў вашай творчай асобе больш — заходняй ці ўсходнееўрапейскай?

— Безумоўна, заходняй. Па чарнобыльскай праграме ў дзяцінстве я часта ездзіў у Германію. Там у мяне многа сяброў. Адтуль я прывозіў сабе і сваім гомельскім сябрам касеты з лепшымі навінкамі еўрапейскай музыкі. Сябры ўздыхалі: “Якія ж класныя песні! Чаму ў нас такіх няма?” Я іх супакойваў: “Яны хутка ў вас з’явяцца…”

— Вы адчуваеце сябе зараз цалкам сфарміраваным музыкантам? Або намацваеце перад сабой прастору для пэўнай вучобы?

— Я думаю, што я сфарміраваны музыкант. Але той, які павінен колькасцю пацвер­дзіць сваю якасць, узаемадзейнічаючы яшчэ з большай колькасцю музыкантаў, ствараючы ўсё новыя і новыя, цікавыя і арыгінальныя музычныя прадукты. Я не іграю так добра на гітары, як Эрык Клэптан, але я… кожны дзень іграю на гітары.

— Макс, вы кіруеце вакальнай сту­дыяй у Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі адносна нядаўна. Скажыце шчыра, вы надоўга ў Гомелі? Ці заўтра з’едзеце ў Маскву, Берлін, Мінск?

— Заўтра не з’еду. А пра паслязаўтра нічога не скажу. Я заўсёды іду туды, дзе мяне чакаюць, дзе ёсць работа, дзе ёсць музыка і дзе я магу сябе рэалізаваць.

— Тут, у гомельскай студыі, вы адчуваеце сябе камфортна?

— Так. Шчыра кажучы, не думаў займацца студыяй… Думаў: стукне “саракетнік” — тады. Але нечакана ад Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі з’явілася прапанова стварыць тут студыю, і я нечакана для сябе ахвотна згадзіўся. Пра што зусім не шкадую, бо ўжо сёння бачу рэальныя вынікі. І для мяне гэта сапраўднае задавальненне. Іншы раз я спяваю цэлую гадзіну, а мае вучаніцы мяне слухаюць усю гэтую гадзіну і спяваюць толькі нейкія 5 хвілін. А бывае, што мы размаўляем цэлую гадзіну і толькі потым дзяўчынка пачынае спяваць… Зразумеўшы што да чаго.

Кожны ўрок у мяне ў студыі — гэта такі жывы працэс.

Як у акіяне рыбкі плаваюць. Таксама ж жывы працэс.

— Дзякуй вам вялікі за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Трымаць марку прысталічча

Час няўмольна бяжыць наперад. Набліжаецца да завяршэння другая вучэбная чвэрць. Аб некаторых папярэдніх выніках каляндарнага года, аб пераднавагодніх клопатах педагогаў прысталічнага рэгіёна нашаму карэспандэнту расказвае госць сённяшняй “Суботняй планёркі”— начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама Валянціна Васільеўна Астапенка.

— Валянціна Васільеўна, якімі яркімі праектамі запомніўся адыходзячы год? Якімі дасягненнямі педагогаў і вучняў рэгіён ганарыцца?

— З 2015 года ў Мінскім раёне пачата рэалізацыя шэрага праектаў: у Каладзішчанскай сярэдняй школе — па ўкараненні мадэлі педагагічнай і метадычнай падтрымкі работы з навучэнцамі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ва ўмовах установы адукацыі, у Мачулішчанскай сярэдняй школе — па развіцці творчага мыслення навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі ТРВЗ-тэхналогіі і LEGO-канструявання. Назапашаны вялікі вопыт работы ў Азярцоўскай сярэдняй школе, якая завяршыла ў 2016 годзе праект “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”. Уключаны ў праектную дзейнасць Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Мінскага раёна, у якім рэалізоўваецца праект па ўкараненні мадэлі арганізацыі культурна-адпачынкавай дзейнасці з дзецьмі-інвалідамі ва ўмовах установы дадатковай адукацыі “Падары дзецям радасць зносін”.

Мы ганарымся поспехамі педагогаў-удзельнікаў і пераможцаў розных метадычных мерапрыемстваў і конкурсаў: Марыны Мікалаеўны Леўкавец з Міханавіцкай сярэдняй школы — пераможцы рэспубліканскага этапу конкурсу метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, Ніны Ільінічны Гаркавенка і Іны Віктараўны Гаўруцінай — уладальніц дыплома ІІІ ступені за праект “Гісторыя, якая выхоўвае”. Па выніках 2015 года чалавекам года Міншчыны (у галіне адукацыі) стаў дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна Вячаслаў Віктаравіч Барысевіч.

Мы ганарымся навучэнцамі, якія дасягнулі значных поспехаў у розных конкурсах і спаборніцтвах. Толькі за мінулы навучальны год па выніках удзелу ў міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных конкурсах і канферэнцыях дыпломы пераможцаў атрымалі 17 навучэнцаў і 3 педагогі. У Міжнародным матэматычным фестывалі “Рэгата талентаў” у Італіі дыпломамі І ступені ўзнагароджаны навучэнцы Бараўлянскай гімназіі Ягор Шуманскі, Мікалай Пракапчук, Яна Жук, дыпломам ІІ ступені — Кірыл Бабко. У гімназістаў — другое агульнакаманднае месца (педагогі Антаніна Алегаўна Лушкевіч, Тамара Станіславаўна Кузьменка). На IX Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Дзіяна Гарбунова з дзіцячага сада — сярэдняй школы аграгарадка Лашаны (настаўнік Сяргей Васільевіч Прохарчык). Першае месца ў рэйтынгу XI Міжнароднага тыдня англійскай мовы — такі вынік каманды навучэнцаў Прылукскай сярэдняй школы (педагогі Ірына Ігараўна Баговіч, Валянціна Яўгенаўна Карпейка). Дыпламантамі Міжнароднага конкурсу даследчых работ “Айчына” ў Маскве сталі навучэнцы Міханавіцкай сярэдняй школы Карына Казацкая, Ангеліна Пунінская, Іван Цыяненка (педагог Марына Мікалаеўна Леўкавец).

— Як у раёне арганізавана профільнае навучанне?

— У 2016/2017 навучальным годзе наІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі на базе 27 устаноў дзейнічаюць профільныя класы ці групы. 359 навучэнцаў 10-х класаў і 335 11-х класаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Акрамя таго, у Заслаўскай гімназіі, Мачулішчанскай, Прылукскай, Сеніцкай сярэдніх школах, Мінскім раённым ліцэі арганізавана работа профільных 10-х і 11-х класаў прафесійнай накіраванасці (педагагічных класаў). У Мінскім раёне функцыянуюць усе тры мадэлі фарміравання профільных класаў (груп). Найбольш запатрабаваныя прадметы: руская, беларуская і англійская мова, матэматыка, фізіка, хімія і біялогія.

— Як праходзіць у раёне конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”?

— Конкурс “Настаўнік года — 2017” — магутны стымул для росту прафесіяналізму і кваліфікацыі педагагічных работнікаў, павышэння прэстыжу прафесіі, які дае магчымасць праявіць сябе і быць прызнаным. Пачаўся конкурс са школьнага этапу, па выніках якога кожная ўстанова вылучыла кандыдатаў для ўдзелу на раённым этапе. Па выніках завочнага тура другога этапу журы вызначыла 55 педагагічных работнікаў з 35 устаноў адукацыі. Далей калегам неабходна будзе прайсці праз такія конкурсныя выпрабаванні, як адкрыты ўрок, майстар-клас, тэсціраванне на веданне педагогікі і псіхалогіі, прадстаўленне вопыту. Згодна з палажэннем конкурсу, восем фіналістаў збяруцца на чарговы этап, дзе іх чакае самапрадстаўленне і міні-ўрок. Усе ўдзельнікі фіналу атрымаюць дыплом лаўрэата, імянны медаль “Настаўнік года Мінскага раёна”, падарункі ад прафесійнага саюза і права прадстаўляць раён на абласным этапе конкурсу.

— Хутка навучэнцы будуць адпачываць на зімовых канікулах. Якія мерапрыемствы запланаваны на гэты час?

— Сёлета зімовыя канікулы ў прысталіччы пройдуць пад слоганам “Зімовыя канікулы на Міншчыне: цікава, карысна, бяспечна!”. Навучэнцаў чакаюць захапляльныя мерапрыемствы ў рамках зімовага аздараўлення, інтэрактыўныя формы вольнага часу падчас акцыі “Нашы дзеці”, якая стартавала 9 снежня 2016 года ў новай установе дашкольнай адукацыі — дзіцячым садзе Ляскоўкі — з удзелам старшыні Мінскага раённага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Г.П.Харытонавай.

Інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, якія будуць праходзіць на зімовых канікулах, бацькі змогуць знайсці на сайтах устаноў адукацыі. Ні адно дзіця ў прысталічным рэгіёне не будзе абдзелена ўвагай і клопатам, кожнае зможа знайсці занятак даспадобы.

28 снежня ў раённым Цэнтры культуры пройдзе тэатралізаванае прадстаўленне “Неверагодныя навагоднія прыгоды”, а 29 снежня больш за 700 навучэнцаў Міншчыны збярэ дабрачыннае навагодняе свята ў Салігорску. У межах мерапрыемства з удзелам старшыні Мінаблвыканкама пройдзе цырымонія ўшанавання лепшых навучэнцаў, якія ўдастоены звання “Вучань года — 2016”.

— Адной з актуальных праблем для раёна з’яўляецца забяспечанасць месцамі ў дзіцячых дашкольных установах. Як яна вырашаецца?

— Праблема сапраўды актуальная для прысталічнага рэгіёна, таму работа вядзецца праз рэканструкцыю існуючых плошчаў на базе вучэбна-педагагічных комплексаў (за 2 апошнія гады адкрыты 5 дадатковых груп для 100 выхаванцаў), адкрыццё груп кароткачасовага знаходжання (у мінулым навучальным — 19 груп для 233 дзяцей, у бягучым — 36 груп для 358 выхаванцаў), адкрыццё дашкольных устаноў прыватнай формы ўласнасці (адкрыты 2 прыватныя дашкольныя ўстановы ў Сеніцы і Бараўлянах — “Елисеевы поля” і “Детки-конфетки”) і праз (на наш погляд, самае галоўнае) адкрыццё новых дашкольных устаноў: з 1 чэрвеня 2015 года функцыянуе новы будынак дзіцячага сада на 95 месцаў у Самахвалавічах, з 27 лістапада гэтага ж года — новы дзіцячы сад на 75 месцаў у Мачулішчах, з 4 лістапада 2016 года — новы сад на 230 месцаў у Ляскоўцы Бараўлянскага сельвыканкама. Прыватнымі інвестарамі завершана будаўніцтва дзіцячага сада на 230 месцаў у Копішчы і ў Прылуках — на 150 месцаў, адкрыцця якіх мы вельмі чакаем.

— Якія яшчэ праблемы сёння хвалююць педагагічную грамадскасць Мінскага раёна?

— Забеспячэнне якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу, распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту, інавацыйная дзейнасць устаноў адукацыі з’яўляюцца прыярытэтнымі ў рабоце педагагічных калектываў прысталічча.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

З характарам настаўніка

Здаецца, ведаеш чалавека многа гадоў, а затым раз — і тваё ўяўленне мяняецца. Не, не кардынальным чынам. Проста пачынаеш разумець, чаму ён менавіта такі. Аказалася, што намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання Мінска Аксану Савельеўну Вандзяеву ведала не да канца, на ўзроўні адчуванняў і ўражанняў.

Але мае адчуванні і ўражанні заўсёды былі толькі станоўчыя. Я ўвесь час здзіўлялася і захаплялася яе пранікнёнасцю, неабыякавасцю і ўважлівасцю да кожнай дробязі. “Строгая, патрабавальная, але чалавечная і клапатлівая”, — гаварыў некалі герой майго матэрыялу “Школы маладых”, пачынаючы настаўнік рускай мовы і літаратуры 23-й гімназіі. І гэта сапраўды так. Аксана Савельеўна не аднаму маладому педагогу дапамагла адчуць сябе ўпэўнена ў абранай прафесіі. А некаторым ― адкрыць у сабе сапраўдны талент. Напэўна, яна надзелена дарам ― адчуваць настаўніцкі патэнцыял, хоць яе асабісты шлях у педагогіку і не быў прамым. Мне ж здаецца, што настаўніцтва — гэта лёс Аксаны Савельеўны.

Нарадзілася і вырасла ў Мінску. Вучылася ў сярэдняй школе № 23 (так, у той самай, якая цяпер гімназія № 23). Адначасова была навучэнкай музычнай дзіцячай школы № 1 імя Л.П.Александроўскай, якую паспяхова скончыла ў 1983 годзе па спецыяльнасці “Цымбалы”. З 1982 года займалася ў народным цымбальным аркестры Палаца культуры прафтэхадукацыі (пазней Палац культуры “Юнацтва”, які знаходзіўся на Фабрыцыуса, 5) пад кіраўніцтвам Генадзя Аляксандравіча Ермачэнкава.

У аматарскім калектыве Аксана Савельеўна іграла на працягу дзесяці гадоў. У складзе аркестра аб’ездзіла амаль усю нашу краіну, пабывала ў Малдове, Расіі, Украіне, Абхазіі, Германіі, Польшчы, станавілася лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці ў 1985 і 1987 гадах, была ўзнагароджана медалямі. Летам 1985 года з’яўлялася ўдзельніцай культурнай праграмы ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Магла б стаць прафесійнай цымбалісткай, але, як гаворыцца, не лёс.

Пасля школы вырашыла паступаць у інстытут народнай гаспадаркі (зараз эканамічны ўніверсітэт), але не прайшла па конкурсе (конкурс быў 4 чалавекі на месца) і пайшла працаваць у родную школу сакратаром-машыністкай. Працуючы ў школе, як заўважыла сама Аксана Савельеўна, яна зразумела, што хоча працаваць з дзецьмі, хоча быць настаўнікам пачатковых класаў. Вось так пачаўся яе шлях у педагогіку.

Дарэчы, сярэднюю школу № 23 у свой час закончыла яе маці, а затым і старэйшая сястра, якая таксама стала настаўніцай. Святлана Савельеўна Русіновіч вучылася ў БДУ, дзе атрымала адукацыю па спецыяльнасці “Фізік. Выкладчык фізікі”. Доўгі час выкладала фізіку ў роднай школе, затым працавала ў сярэдніх школах №№ 27 і 148 сталіцы.

У 1989 годзе Аксана Савельеўна пачала працаваць піянерважатай, у гэтым жа годзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання (завочнае аддзяленне), працягваючы працаваць піянерважатай. Затым стала выхавальніцай групы прадоўжанага дня ў спартыўным класе па фігурным катанні. Пасля заканчэння ўніверсітэта пераступіла парог класа ў якасці настаўніцы пачатковых класаў. У 1998 годзе стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 23. У 2003 годзе заняла 3-е месца ў раённым конкурсе “Настаўнік года” ў намінацыі “Класны кіраўнік”. З верасня 2007 года Аксана Савельеўна з’яўляецца намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска і курыруе арганізацыю адукацыйнага працэсу ў 8—11 класах.

Але ж слова “курыруе” вельмі сухое. Я памяняла б яго на “клапоціцца”. Аксана Савельеўна ведае ўсё і ўсіх. Яна дасведчаны метадыст, ведае магчымасці і здольнасці ўсіх настаўнікаў. Асаблівая яе ўвага — маладым педагогам. З імі яна працуе ў вельмі цесным кантакце: наведвае ўрокі, дае парады, разам яны адпрацоўваюць патрэбныя метады і прыёмы, вучацца кантактаваць з дзецьмі.

Сваім вопытам Аксана Савельеўна дзеліцца з калегамі іншых навучальных устаноў краіны. У АПА рэгулярна праводзіць практычныя семінары для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце. На працягу шасці гадоў на базе гімназіі ажыццяўляецца апрабацыя падручнікаў па кітайскай мове, і Аксана Савельеўна аказвае метадычную дапамогу настаўнікам пры рэцэнзаванні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Сама на працягу 2011 і 2012 гадоў удзельнічала ў рэцэнзаванні падручнікаў па рускай мове і рускай літаратуры для 5 класа.

Акрамя таго, Аксана Савельеўна актыўна супрацоўнічае з Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь, з Інстытутам Канфуцыя БДУ, Інстытутам Канфуцыя МДЛУ. На базе гімназіі штогод праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі кітайскай мовы. І менавіта Аксана Савельеўна была адным з арганізатараў першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю знаўцаў кітайскай мовы “Мост кітайскай мовы”, які праходзіў на базе гімназіі ў 2013 годзе.

І самае галоўнае: Аксана Савельеўна — выдатны педагог, які здольны да пазнання дзіцячага свету. Дзеці розныя, і яна розная з імі. Гаворыць, тлумачыць па сто разоў на дзень, слухае, спрачаецца, робіць заўвагі, хваліць, здзіўляецца, засмучаецца. І так штодзень. Стамляецца? Канечне. Але з раніцы з ахвотай зноў едзе ў гімназію. Вучні цэняць яе і паважаюць за шчырасць, за тое, што яна розная, але заўсёды з імі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Падабаецца — не падабаецца, але без самаразвіцця не справіцца

Неяк увечары, пераключаючы тэлевізійныя каналы, раптоўна заўважыла знаёмы твар. Спынілася і здзівілася. З экрана даносілася песня ў выкананні Інесы Зубрылінай у пары з Аляксандрам Сухаравым. “Ну і справы! І голас прыгожы мае!” — мільгацелі думкі ў галаве. Даслухаўшы песню, а гэта была песня групы “Эківокі” “Падабаецца — не падабаецца”, падумала, што трэба пазваніць і павіншаваць. Але затым узнікла іншая ідэя: акрамя павіншаваць, пагаварыць пра самаразвіццё сучаснага педагога, яго віды і формы. Ну і, зразумела, было вельмі цікава даведацца пра матывацыю Інесы Уладзіміраўны прыняць удзел у праекце канала СТБ “Дзве зоркі”.

— Інеса Уладзіміраўна, можа, каму і не падабаецца, але мне вашы спевы прыйшліся па душы. А як вы трапілі ў гэты праект?

— Дзякуй. Пачалося ўсё з таго, што я ехала ў маршрутцы з камандзіроўкі. Тут мне тэлефануюць з канала СТБ, гавораць, што праглядзелі СМІ і высветлілі, што я многа дзе выступаю, гавару пра прэстыж педагагічнай прафесіі, пра тое, што яе трэба максімальна піярыць, што неабходна ствараць перадачу пра школу і г.д.

— Так, — адказваю ім, — сапраўды, і гавару і прызываю.

—Дык мы можам дапамагчы зрабіць першы крок.

— Якім чынам? — пытаюся я.

— У вас жа ёсць музычная адукацыя?

— Так, я закончыла музычную школу.

— Спяваеце?

— Так, спяваю і на піяніна іграю.

— Добра, — і паклалі трубку.

Праз некаторы час мне патэлефанаваў прадзюсар праекта і паведамiў, што ў пары з Аляксандрам Сухаравым я буду ўдзельнічаць у шоу “Дзве зоркі на СТБ”, а ў мяне на той момант, акрамя шоку, высокая тэмпература і голасу зусім няма. Але, як гаворыцца, з падводнай лодкі не ўцячэш. Так я стала ўдзельніцай музычнага шоу, на якое прыйшла з ідэяй папулярызацыі настаўніцкай прафесіі.

Спевы, канечне, не звязаны з прафесійнай дзейнасцю. Гэта хутчэй выклiк сабе, і напачатку я мучылася над пытаннямі “Навошта мне гэта трэба?”, “Навошта ўвязалася?”. Але затым зразумела, што гэта можа стаць цудоўным сродкам пазбаўлення ад прафесійнага выгарання. Калі ты ўвесь час трымаеш планку, прычым досыць высокую, і твае ўрокі ўспрымаюцца як шоу “Настаўнік года”, дзе ты павінен быць ідэальным і табе не даруюць ніводнага, нават мінімальнага, промаху, безумоўна, гэта вельмі цісне псіхалагічна, прычым перш за ўсё на маiх вучняў.

Пасля конкурсу прайшло пяць гадоў, але сказаць, што маё жыццё сёння менш насычанае, чым адразу пасля конкурсу, я не магу.

Мая сённяшняя дзейнасць спалучае педагогіку з андрагогікай, працую я i з дзецьмi, і з дарослымi, i з настаўнiкамi, таму самой трэба ўвесь час развівацца, што, канечне, ня­проста. У сувязі з гэтым удзел у праекце на СТБ для мяне стаў своеасаблiвым чэленджам (challenge) — рызыкоўнай справай, калі ідзеш і думаеш: атрымаецца ці не. Разам з тым было вельмі прыемна трапіць у творчую атмасферу, што для мяне не ў навіну. Заўсёды цікава пагутарыць з людзьмi, якiх часцей за ўсё бачыш на экране.

Яшчэ мне вельмі пашанцавала з партнёрам. Аляксандр Сухараў, таленавiты выканаўца ўласных песень, не пазіцыяніруе сябе суперзоркай, чалавек ён вельмі шчыры i адкрыты. Да таго ж працуе з дзецьмі, з’яўляецца кіраўніком музычнай студыі, што яшчэ больш нас зблізіла і пазбавіла лішняй нервознасці і няўпэўненасці. Таму з першай ноты i з першай ­усмешкi я зразумела, што гэта свой чалавек. І вельмi ўдзячна лёсу за гэтае знаёмства.

У праекце ўдзельнічае 14 пар і кожная спявае розную колькасць песень. Мы з Аляксанд­рам удзельнічалі ў выпусках, прысвечаных беларускiм шлягерам i песням з любiмых кінафiльмаў. Спяваць ужывую і пад аркестр ня­проста, але мы старалiся. У канцы праекта бу­дзе галасаванне, таму, дарагiя калегi, акцыя “падтрымай настаўніка” наперадзе! (Смяецца.) Спадзяюся на вашу падтрымку. Пакуль на YоuTube наш ролік мае найбольш праглядаў. Хацелася б верыць, што тых, каму падабаецца, больш. Тым не менш, як гаворыцца ў аднайменнай песні: “Падабаецца — не падабаецца”. Тут у кожнага сваё меркаванне.

— Можна сказаць, што гэта для вас своеасаблівая прыгода? 

— Так, для мяне гэта своеасаблівая прыгода, якая сведчыць пра тое, што настаўнікі — людзі ўніверсальныя, якія могуць быць і пажарнымі, і медсёстрамі, і кухарамі, і артыстамі.

Ведаеце, калі я абмяркоўвала свой удзел у гэтым музычным праекце з баць­кам, то ён сказаў наступнае: “А ты ўяві рэаліці-шоу “Зайдзі ў клас”, у якім вядомым людзям далі б магчымасць выбраць клас, прадмет і паспрабаваць нечаму навучыць дзяцей за 45 хвілін. Думаю, што наўрад ці б хто зга­дзіўся”. І я з ім згодна. У нас існуе стэрэатып: а што там настаўнік, хіба ў яго цяжкая праца? У кожнага ж у жыцці настае момант, калі ён садзіцца за стол і гаворыць свайму сыну ці дачцэ: “Ну, давай, я зараз табе ўсё растлумачу”. Але, як правіла, надоў­га цярпення не хапае, потым настаўніку даво­дзіцца яшчэ і тлума­чыць нанава. ­Акрамя таго, сёння, каб утры­маць увагу дзяцей, трэба вельмі пастарацца. Адна справа — уздзейнічаць на людзей дарослых і мець на ўвазе пэўныя піяр-тэхналогіі, i зусім iншая справа, калі мы гаворым пра прыцягненне ўвагі, матывацыю, ацэнку дзейнасцi ў адносінах да дзяцей. Паспрабуйце паставіць адзнакі аб’ектыўна! Гэта вам не судзіць у журы на шоу, дзе няма нi крытэрыяў, нi зваротнай сувязi.

— Я, напэўна б, не адважылася, хоць і маю педагагічную адукацыю…

— Вось і я пра тое. Хай бы паспрабавалі нашы вядомыя музыканты, палітыкі або грамадскія дзеячы пастаяць каля дошкі 45 хвілін. Ды так, каб іх слухалі!

— Інеса Уладзіміраўна, мы многа гаворым пра самаразвіццё настаўніка, пра неабходнасць яго самаадукацыі. У якім напрамку, на вашу думку, можна і неабходна рухацца сучаснаму педагогу?

— Для таго каб прафесійнае самаразвіццё было якасным, трэба пастаянна рэфлексаваць тое, што ты робіш. На кожным уроку мы рэфлексуем работу сваiх навучэнцаў. А сваю чаму не? Рабіць гэта неабходна абавязкова па той простай прычыне, што калі нешта не атрымалася, то гэта азначае, што я, настаўнік, нешта не прадугледзела, магчыма, зрабіла стаўку на памылковую стратэгію, тэхналогію або прыём. І калі ты аналізуеш гэтыя памылкі, то пастаянна імкнешся да самаўдасканалення. Як ювелір увесь час удасканальвае сваю работу, так і настаўнік, азіраючыся на памылкі і няўдачы, ідзе да свайго ідэалу.

Асабіста мне рабіць гэта даводзіцца пастаян­на таму, што, па-першае, мінімум два разы на месяц я даю адкрытыя ўрокі, на якіх прысутнічае вялікая колькасць настаўнікаў і метадыстаў; па-другое, сумяшчаючы работу ў гімназіі з асноўнай працай у Інстытуце павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў лінгвістычнага ўніверсітэта, мне штотыдзень даво­дзiцца працаваць з новай групай настаўнікаў — удзельнiкаў розных тэматычных праграм павышэння квалiфiкацыi. Разумеючы, што ўсю тэарэтычную інфармацыю я павінна максімальна звязаць з практыкай і пры гэтым ні ў якім разе не паўтарыцца, адчуваю, што ўвесь час неабходна падымаць планку, таму само жыццё прымушае не спыняцца на дасягнутым i пастаянна развiвацца. Акрамя таго, дысертацыя, над якой я працую, таксама звязана з арганізацыяй прафесійнай дзейнасці. У ёй я мадэлюю інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе настаўніка-метадыста, якое складаецца з пэўнай колькасцi вектараў, адным з якіх з’яўляецца самаадукацыя.

Сустракаючыся з настаўнікамі на розных семінарах і майстар-класах, я ўвесь час імкнуся паказаць і на ўласным прыкладзе, і на тэндэнцыях, якія вельмі ярка выражаны ў сучаснай адукацыі, рэальныя траекторыі прафесiйнага развіцця. Гэта перш за ўсё дыстанцыйнае навучанне, розныя анлайн-курсы. Сёння, дзякуючы СМІ і інтэрнэту, магчымасці педагогаў значна пашырыліся. Галоўнае, каб у іх было жаданне развівацца і ўдасканальвацца.

Разам з тым ёсць яшчэ адзін момант. Калі ты рэфлексуеш сваю дзейнасць і разумееш, што ў цябе нешта западае i не атрымліваецца, то, шукаючы адказ, можна, напрыклад, пайсці на ўрок да вопытнага калегі і паглядзець, як ён спраўляецца з падобная праблемай. Але не факт, што ўдалы прыём аднаго настаўніка бу­дзе працаваць на тваіх вучнях і ў тых умовах, у якіх працуеш ты. Ён можа проста не класціся на душу, бо ў кожнага свой тэмперамент, харызма і г.д., таму трэба шукаць сваё.

— Кожны настаўнік павiнен займацца самаадукацыяй, і ў кожнага ёсць свая тэма. Ці актуальна сёння такая форма педагагічнага развіцця?

— Сёння яна актуальная як ніколі. Напрыклад, у апошнi час мы шмат гаворым пра кампетэнтнасны падыход, пра тое, што ў 2018 годзе наша краіна прыме ўдзел у даследаваннях РІSА (дарэчы, нядаўна з’явіліся вынікі апошняга манiторынгу, што стала тэмай для абмеркавання ў педагагічнай супольнасці). Нам у іх удзельнічаць, і мы разумеем, што гэта пэўны выклік і сістэме, і кожнаму настаўніку.

Днямі я абмяркоўвала гэта з калегамі, а месяц назад у нас быў чарговы рэспублікан­скі семінар настаўнікаў-метадыстаў, дзе для яго ўдзельнікаў я праводзіла заняткі па прафесійным развіцці. Мы прааналізавалі патрабаванні, якія прад’яўляе настаўнікам сусветная супольнасць, магчымасцi выкарыстання настаўнікаў-робатаў, а таксама шэраг заданняў, падобных да РІSА, PIRLS, TIMSS. Усё гэта вельмi важна, бо нам неабходна сённяшніх дзяцей рыхтаваць да заўтрашняга жыцця. А жыццё заўтра будзе зусім іншым, і тыя хуткасць і тэмп, з якімі ўсё вакол развіваецца, прымушаюць нас зразумець, што без адпаведнай падрыхтоўкі мы не абы­дземся.

Але ж нас, педагогаў, да гэтага ніхто не рыхтаваў. І калі пачынаем задумвацца над тым, ці магу я, настаўнік, зрабіць тое, што патрабуецца ад дзіцяці, узнікаюць сумненнi. І ты разумееш, што як прадметнік ты многае можаш і ўмееш, а калі гаворка ідзе пра надпрадметныя кампетэнцыі, якія перш за ўсё патра­буюць уменнi мадэляваць веды з розных сфер (што якраз сёння і неабходна), то разумееш, што адзін у полі не воін. І калі ты ўсведамляеш, што школа — гэта тваё месца на ўсё жыццё, то ты вымушаны вырашаць пастаўленыя задачы. Вось тут мы з вамі вяртаемся да той самай рэфлексіі: калі я разумею, што не адпавядаю да канца тым патрабаванням, якія сёння прад’яўляюцца настаўніку, неабходна прыкласцi намаганні для прафесійнага росту.

— Мне падаецца, што ўмовы для прафесійнага росту ў нас створаны.

― Так, у нашай краіне сфера дадатковай педагагічнай адукацыі развіта добра. На базе лінгвістычнага i педагагiчнага ўніверсітэтаў ёсць асобныя інстытуты, працуюць рэгiянальныя iнстытуты развiцця адукацыi, АПА, НIА. Вялікі плюс нашай сістэмы адукацыі ў тым, што нашы настаўнікі кожныя пяць гадоў (настаўнікі замежных моў — кожныя тры гады) маюць права бясплатна павышаць сваю кваліфікацыю (на постсавецкай прасторы такога ўжо нідзе няма), прычым з умовай самастойнага выбару тэмы ў залежнасцi ад сваiх прафесiйных патрабаванняў.

Напрыклад, на базе IПКiПК МДЛУ штогод рэалiзуецца больш за 80 розных практыка-арыентаваных праграм павышэння квалiфiкацыi i тэматычных семiнараў, дзе прадугледжана максімальнае пагружэнне не толькi ў замежную мову, але i ў дакладную праблему выкладання. І я вельмі рада за нашых настаўнікаў-замежнікаў, бо, маючы магчымасць павы­шаць сваю кваліфікацыю раз на тры гады, многія да нас прыхо­дзяць па 3—4 разы на год. Яны апрабоў­ваюць тыя ідэі, якімі мы з імі дзелімся, а потым пры­хо­дзя­ць з пытаннямі, бо хочуць прафесiйна расці i развiвацца.

Пры жаданні можна пастаянна прафесiйна развівацца. Для гэтага ёсць усе магчымасці — ад вялікай колькасці прафесійнай літаратуры, праграм павышэння квалiфiкацыi, майстар-класаў калег да шматлікіх інтэрнэт-парталаў, сеткавых супольнасцей, у тым ліку і нашага сеткавага аб’яднання беларускіх настаўнікаў-метадыстаў “Суполка”, групы “Iмкненне” на Facebook. Гэта прыклады сеткавага ўзаема­дзеяння, якое спрыяе развіццю педагогаў. Асабіста мы збіраемся толькі два разы на год: падчас каляднага фестывалю і на семінары ў лістапа­дзе. На працягу навучальнага года мы працуем дыстанцыйна.

Нягледзячы на тое, што настаўнікі-метадысты маюць самую высокую прафесійную катэгорыю, ім усё роўна трэба развівацца. І мне як старшыні асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў бывае няпроста скласці праграму, бо ў склад асацыяцыі ўваходзяць 130 чалавек, якія выкладаюць розныя прадметы, але абмяркоўваем мы праблемы надпрадметныя. Тут вельмі дапамагае прынцып “роўны вучыць роўнага”. Мы актыўна дапамагаем i падтрымліваем адно аднаго. Прыемна, што да самаразвіцця імкнуцца i маладыя настаўнікі.

На жаль, у нас няма фiнансавых магчымасцей актыўна ўдзельнiчаць у мiжнародных форумах, хаця я пераканана: нам ёсць чым падзялiцца з замежнымi калегамi. Недахоп падобных зносiн вырашаецца за кошт вэбінараў, анлайн-трансляцый i сустрэч, што дазваляе быць у трэндзе. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што галоўным рухавіком самаразвіцця і самаадукацыі з’яўляецца жаданне настаўніка, разуменне, што гэта яму неабходна.

— Ведаеце, іншым разам узнікае адчуванне, што не вельмі хочуць нашы настаўнікі развівацца.

— Усё залежыць ад кожнага iндывiдуальна i ад калектыву, у які трапляе чалавек, ад адміністрацыі. Ёсць адміністратары, якія выконваюць чыста чыноўніцкія функцыі. Яны пільна сочаць не за прафесiйным ростам сваiх калег, а за рэйтынгамі, працэнтамі і маніторынгамі, ставяць планкі па перамогах на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, заганяючы настаўнiка ў рамкi бясконцых паказчыкаў. Але ж адораныя дзеці —гэта прыблiзна толькі 3 працэнты школьнікаў. А што рабіць з астатнімі? Меркаваць пра школу па колькасці дыпломаў насамрэч нельга. Такога няма ні ў адной краіне.

З другога боку, ёсць навучальныя ўстановы, адміністрацыя якіх найперш клапоціцца пра прафесіяналiзм сваіх педагогаў. Напрыклад, Рэчыцкі раённы ліцэй, дзе працуе каманда аднадумцаў, якая пастаянна імкнецца да самаразвіцця. Ды i многiя iншыя, з якiмi я знаёмлюся падчас сваiх асабiстых семiнараў i майстар-класаў, а таксама ў рамках акцый клуба “Крыштальны журавель”.

Ёсць надзея на новае пакаленне настаўнікаў, якія здолеюць пабудаваць сістэму з іншымі прыярытэтамі. Дарэчы, конкурс “Настаўнік года” —гэта таксама адзін са сродкаў адкрыцця неардынарных прафесiяналаў. Настаўнiк — прафесiя масавая, i нават у конкурс могуць трапiць выпадковыя людзi, але час расстаўляе ўсё на свае месцы. Да фінішу даходзяць сапраўдныя майстры, мэтанакіраваныя i здольныя да асобаснага росту людзi. Спадзяюся, што чарговы конкурс выявіць новых зорак беларускай школы, якія выйдуць за межы свайго прафесійнага асяроддзя і прадэманструюць сваю педагагічную вышыню ўсяму грамадству не толькi перад дошкай, але i на сцэне папулярных тэлевiзiйных шоу.

— Вялікі дзякуй, Інеса Уладзіміраўна, за гутарку! Поспехаў вам у тым ліку і на музычным алімпе!

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Педагагічнае мастацтва з французскім акцэнтам

Настаўніцу замежнай мовы гімназіі № 8 Віцебска Ганну Прашкевіч калегі, у тым ліку з многіх краін свету, паважаюць як таленавітага творцу і аднаго з лепшых прадстаўнікоў сваёй прафесіі.

Падчас размовы з настаўніцай складваецца ўражанне, нібыта з дзяцінства французская для яе, што называецца, мова душы: Ганна Аляксандраўна не проста віртуозна валодае прадметам, а літаральна выпраменьвае вытанчаны парыжскі шарм, у любым калектыве адразу прыцягвае да сябе ўвагу і становіцца сэрцам творчай каманды. Цяжка паверыць, але калісьці будучая настаўніца, тады яшчэ вучаніца віцебскай сярэдняй школы № 36, французскую мову не любіла і адзнакі па ёй мела далёка не лепшыя. Усё змянілася дзякуючы педагогу Таццяне Кажарынай, міжнароднаму супрацоўніцтву і новаму праекту па абмене навучэнцамі. Нашай гераіні настолькі захацелася ў гэтым паўдзельнічаць, што ўжо праз год напружанай працы яна дасягнула сваёй мэты і свабодна размаўляла па-французску. Тым не менш у будучыні бачыла сябе не інакш як студэнткай мастацка-графічнага факультэта. На фарміраванне будучага педагога велізарны ўплыў аказала бабуля: яна, маючы толькі два класы сельскай пасляваеннай школы, змагла прывіць унучцы любоў да літаратуры і вучылася разам з ёй. У старшых класах да школьніцы прыйшло ўсведамленне: мастацтва — ключ, які можна прымяніць у любой прафесіі. Знакавым для дзяўчыны стала знаёмства з настаўніцай французскай мовы сярэдняй школы № 11 (туды Ганна перавялася пасля дзевяці класаў) Нінай Клокавай. Наколькі па-мацярынску яна апякала сваіх вучняў, можна зразумець на наступным прыкладзе: калі Г.Прашкевіч вырашыла паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт, Ніна Мар’янаўна адправілася разам з ёй у Мінск, і ніхто не ўспрымаў гэта як нешта выключнае. Дзе яшчэ быць педагогу ў адказны момант, як не побач з дзіцем? Для залічэння тады не хапіла паловы прахаднога бала, і абітурыентка вярнулася ў Віцебск. Паступіла спачатку ў каледж мастацкіх рамёстваў на аддзяленне справаводства, а потым па рэкамендацыі сяброў — у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Выкладчыкі ПДУ далі нам, невялічкай дружнай групе “французаў”, проста ўніверсальную падрыхтоўку — ад прадмета і методыкі яго выкладання да тэатральнага мастацтва і вершаскладання, — гаворыць Ганна Прашкевіч. — Усе настаўнікі з майго патоку зараз паспяхова творча рэалізоўваюцца ў прафесіі.

Не стала выключэннем і Ганна Аляксандраўна. Спачатку яна працавала настаўніцай замежнай мовы ў сярэдняй школе № 17, а потым — у гімназіі № 8 Віцебска. З яе ўдзелам у гімназіі рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, створаны лінгватэатральны клуб “Пазл”, які штогод прымае ўдзел у конкурсах аматарскіх тэатраў рознага ўзроўню. З гэтага навучальнага года французская мова ў гімназіі выкладаецца з 7 класа як другая замежная.

— Мы па апошнім слове педагагічнай навукі развіваем камунікатыўныя навыкі, дзеці прыкладаюць да вучобы шмат намаганняў. Але атрымліваецца, што яны не прымяняюць на практыцы свае веды: няма моўнага асяроддзя, — сцвярджае настаўніца. — Я вельмі хутка пераканалася: дзяцей трэба найперш вучыць правільнаму выкарыстанню атрыманых ведаў, каб вучні ў любой сітуацыі адчувалі сябе як рыба ў вадзе не толькі па ўзроўні ведаў, але і па здольнасці іх прымяніць. Дзейнасны падыход, праектная дзейнасць, конкурсы дапамагаюць дзецям не толькі зразумець, навошта ім ведаць замежную мову, але і паказваюць, што мова — гэта шлях да развіцця здольнасцей, самарэалізацыі і прафесійнага самавызначэння.

Гэты год для Ганны Аляксандраўны незвычайны. Яна стала абсалютнай пераможцай прэстыжнага міжнароднага прафесійнага спаборніцтва — конкурсу Professeur de Franзais du Monde сярод настаўнікаў, якія выкладаюць французскую мову як замежную, і паўдзельнічала ў кангрэсе Міжнароднай федэрацыі выкладчыкаў французскай мовы ў бельгійскім Льежы.

— Шкада, што сістэма інфармавання аб прафесійных конкурсах у нас фактычна не дзейнічае. Аб Professeur de Franзais du Monde я даведалася выпадкова і напачатку маштабаў падзеі не ўяўляла, — расказвае пераможца. — Літаральна ўскочыла ў апошні вагон, таму што інфармацыю знайшла ў верасні, калі завяршаўся тэрмін падачы матэрыялаў. Пад Новы год прыйшла вестка, што я трапіла ў тройку фіналістаў з 300 заявак з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а ў сакавіку — паведамленне аб маёй перамозе сярод 24 фіналістаў з усяго свету. Я атрымала запрашэнне ў Льежы на кангрэс Міжнароднай федэрацыі выкладчыкаў французскай мовы, на якім прысутнічала больш за 1600 чалавек, у прыватнасці, добра былі прадстаўлены расійскія асацыяцыі. З Беларусі я была адна. Незабыўныя імгненні перажыла ў Зялёным пакоі Льежскага палаца, калі нечакана высветлілася, што ўсе прысутныя кіраўнікі франкафонных асацыяцый завочна — па конкурснай рабоце — былі са мной знаёмы.

Зараз Ганна Прашкевіч працуе над сумесным праектам з іспанскімі калегамі, якія таксама выкладаюць для пачаткоўцаў французскую мову як другую замежную. Разам з дзецьмі настаўніца працягвае работу з неалагізмамі, што прыйшлі ў французскую мову з іншых франкафонных краін, па праекце “Скажы мне 10 слоў па-французску”. Віцяблянка мае запрашэнні ад кіраўнікоў нацыянальных асацыяцый наведаць Бельгію, Японію, Марока.

— Калегі запрашаюць мяне як выкладчыка і мастака, таму што я працягваю займацца жывапісам, графікай. Гэта актуальна, — тлумачыць Ганна Аляксандраўна. — Так, зараз я працую над сумесным паэтычным зборнікам са старшынёй мараканскай асацыяцыі: ілюструю яго вершы або ён складае вершы па матывах маіх малюнкаў. Маімі ілюстрацыямі славянскіх легенд, якія суправаджаюцца мастацкімі перакладамі на французскую мову, зацікавіўся адзін з універсітэтаў Францыі. Але галоўнае, што дзеці бачаць прыклад, які пераконвае: нельга спыняцца на дасягнутым, трэба расці, шукаць, ствараць, вучыцца ў школьныя, універсітэцкія гады і пасля — гэта абавязковая ўмова гарманічнага развіцця асобы, неад’емная частка жыцця.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Поспех —у адданых справе педагогах

44 гады Аляксей Пятровіч Клімовіч непарыўна звязаны с прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Аддаўшы гэтай справе большую частку свайго жыцця, ён прайшоў ступені ад майстра да дырэктара.

Ёсць меркаванне, што таленавітыя людзі прыходзяць у сваю прафесію насуперак усяму, быццам яшчэ да нараджэння недзе было запраграмавана іх прызначэнне ў гэтым свеце. Мабыць, Аляксей Пятровіч менавіта з такіх людзей.

Скончыўшы сярэднюю школу ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, А.П.Клімовіч накіраваўся ў Гродзенскі педагагічны інстытут, каб атрымаць прафесію настаўніка. Але яму не пашанцавала прайсці па конкурсе — гэта быў час, калі ў педагогіку ішло шмат юнакоў і дзяўчат, а вышэйшым установам патрэбна было выбіраць лепшых з лепшых. Прыйшлося вярнуцца назад на Палессе, у родны Жыткавіцкі раён. Юнак уладкаваўся працаваць у сельскае спажыўтаварыства, і ў няпоўныя 17 гадоў яго нават прызначылі намеснікам старшыні. Здавалася б, усё вызначана. Але мары пра настаўніцтва не пакідалі маладога чалавека, і хутка ён стаў студэнтам Гомельскага дзяржуніверсітэта.

Першым месцам працы маладога настаўніка была адна са школ Калінінграда, дзе на працягу года, да службы ў арміі, ён набіраўся вопыту выкладання прадмета, наладжваў адносіны з дзецьмі. А з 1972 года лёс назаўсёды прывязаў Аляксея Пятровіча да прафтэха.

Пачынаў майстарам і выкладчыкам хіміі ў ГПТВ-78 металістаў (цяпер Гомельскі тэхналагічны ліцэй). Праз пяць гадоў прызначылі на пасаду намесніка дырэктара ў ГПТВ-126, якое зараз вядома як каледж народных мастацкіх промыслаў. Тут за сем гадоў працы Аляксей Клімовіч атрымаў сваю першую высокую ўзнагароду — нагрудны знак “Выдатнік прафтэхадукацыі БССР”. У маладым кіраўніку разгледзелі таленавітага педагога, які ў роўнай ступені выдатна можа як ладзіць з навучэнцамі, так і вырашаць гаспадарчыя пытанні ва ўстанове. І ў хуткім часе Аляксей Пятровіч Клімовіч быў назначаны на пасаду дарэктара ГПТВ-20. У цяперашні час гэта добра вядомы сваімі поспехамі і выпускнікамі каледж бытавога абслугоўвання. Сёння поспех каледжа будуецца на трывалым фундаменце, закладзеным Аляксеем Пятровічам. Больш як дваццаць гадоў аддаў ён гэтай установе. Пры яго кіраўніцтве вучылішча атрымала званне “Вучылішча высокай культуры”, а па выніках конкурсу вучнёўскіх і студэнцкіх інтэрнатаў інтэрнат гомельскай установы прафтэхадукацыі ўвайшоў у 30 лепшых інтэрнатаў такой вялізнай дзяржавы, як Савецкі Саюз.

За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні будучых работнікаў службы быту А.П.Клімовіч быў узнагароджаны ганаровым знакам “За заслугі ў развіцці сістэмы прафтэхадукацыі” і паўторна нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

У чым поспех заслужанага прафтэхаўца? Мне здаецца, ва ўменні цаніць людзей, з якімі працуеш.

— Я заўсёды ў сваёй рабоце абапіраўся на майстроў вытворчага навучання, — гаворыць Аляксей Пятровіч. — У прафтэхнічнай адукацыі майстар — цэнтральная фігура, бо галоўная задача прафтэха — падрыхтаваць кваліфікаванага рабочага, які прыйдзе на вытворчасць з веданнем справы і багажом навыкаў.

А яшчэ былы дырэктар упэўнены, што поспех любой навучальнай установы — ад дзіцячага садка да ўніверсітэта — складаецца з адданых сваёй справе педагогаў. На яго думку, важным з’яўляецца і раўнавага, якую забяспечваюць вопытныя выкладчыкі і моладзь: павінна, каб адны дзяліліся вопытам, вучылі, накіроўвалі, а другія пераймалі і прыслухоўваліся.

— Вельмі рад таму, што ў нашай краіне захавалі сістэму прафтэхадукацыі, — шчыра прызнаецца выдатнік адукацыі. — Гэта той пласт, без якога нельга абысціся. Спадзяюся, што яна будзе ўдасканальвацца і паступова выходзіць на новы ўзровень.

Сёння А.П.Клімовіч мог бы быць на заслужаным адпачынку, але, як ён сам кажа, не адпускае яго прафтэх, таму і зараз Аляксей Пятровіч застаецца ў гэтым асяроддзі, дапамагае малодшым калегам.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

У школе на сваім месцы

Кожны чалавек імкнецца знайсці сябе ў прафесійным жыцці. Аднак далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Магілёва Вольга Бегунова-Гальцова з гэтай задачай справілася: знайшла прафесійнае прызванне і сёння з упэўненасцю гаворыць, што менавіта ў школе, побач з вучнямі, яна на сваім месцы.

У свае школьныя гады Вольга Мікалаеўна была выдатніцай, удзельнічала ў алімпіядным руху. Перад здольнай выпускніцай былі адкрыты дзверы многіх ВНУ. Але яна свядома выбрала філалагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова, вырашыўшы стаць настаўніцай.

— Пэўную ролю ў гэтым выбары адыграла мая асаблівая схільнасць да моў. А яшчэ — жаданне не проста самой вывучаць філалогію, але і раскрываць яе сакрэты іншым, — гаворыць Вольга Бегунова-Гальцова.

Пара студэнцтва праляцела для яе незаўважна. Вольга Мікалаеўна актыўна праяўляла сябе ў грамадскім жыцці ўніверсітэта. Захапляла яе і вучоба. Прычым настолькі, што запаветны дыплом яна атрымала з адзнакай. Таленавітай дзяўчыне прапаноўвалі застацца выкладаць на адпаведнай універсітэцкай кафедры, але яе нястрымна цягнула ў школу.

Па размеркаванні ўчарашняя студэнтка-выдатніца трапіла ў гімназію № 4 горада. У гэтай установе і стала рэалізоўваць сябе як педагог. Свой самы першы ўрок зараз яна ўспамінае з усмешкай, бо калі восем гадоў назад упершыню зайшла ў вучэбны кабінет у якасці настаўніка, то не на жарт расхвалявалася.

— Захапіць вывучэннем рускай мовы мне трэба было адзінаццацікласнікаў, таму спачатку прысутнічала пэўнае хваляванне. Перажывала, а раптам з-за невялікай розніцы ва ўзросце не змагу заваяваць у класе неабходны аўтарытэт. Але ўсе страхі аказаліся марнымі, да дзяцей удалося знайсці падыход. Не без складанасцей, але справілася і з тым, каб зацікавіць іх прадметам, — адзначае малады спецыяліст Вольга Мікалаеўна. Яна здзіўляла старэйшых калег сваім непераадольным імкненнем да павышэння прафесійнага ўзроўню. Настаўніца перыядычна наведвала ўрокі ўсіх педагогаў гімназіі, не саромелася звяртацца да дасведчаных выкладчыкаў па дапамогу і параду, старанна вывучала перадавыя адукацыйныя тэхналогіі, старалася прымяняць іх на сваіх занятках. Такое імкненне да адточвання педагагічнага майстэрства не прайшло бясследна. Сёння за плячыма Вольгі Бегуновай-Гальцовай усяго восем гадоў працоўнага стажу, але яна ўжо мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і ў найбліжэйшы час плануе атэставацца на вышэйшую. У гімназіі яе лічаць педагогам, які цалкам прафесійна адбыўся.

Шляхам пастаянных пошукаў маладая настаўніца выпрацавала ўласныя методыкі выкладання. Галоўны прынцып, якога прытрымліваецца Вольга Мікалаеўна: не быць для вучняў толькі ўрокадаўцам. На сваіх занятках яна імкнецца рабіць працэс навучання займальным і асобасна арыентаваным. Важным фактарам лічыць наладжванне кантакту, узаемадзеяння з вучнямі. Для эфектыўнага засваення ведаў у кожным класе прымяняе розныя метады работы. Так, у сярэднім звяне робіць упор на выкарыстанне ў структуры ўрокаў гульнявых форм. Старшакласнікаў больш матывуе на самастойную дзейнасць, ставіць перад імі праблемы, вызначае тэмы для даследаванняў. Падчас урокаў Вольга Бегунова-Гальцова таксама даволі часта прымяняе інтэрактыўныя метады, прынцып актыўнай адзнакі. Цікавай асаблівасцю з’яўляюцца гутаркі, якія настаўніца вядзе з дзецьмі ў іх сшытках.

— Правяраючы сшыткі, я заўжды пакідаю ў іх кароткія паведамленні-каментарыі для вучняў, у якіх тлумачу памылкі, стымулюю да паглыблення ведаў. Як паказвае практыка, такая перапіска — дзейсны спосаб матывацыі да вучобы, — гаворыць Вольга Мікалаеўна.

Творча падыходзіць яна і да арганізацыі заняткаў па літаратуры. Рознымі спосабамі падае творы такім чынам, каб вучням хацелася іх прачытаць. На ўроках педагог падштурхоўвае дзяцей да дыялогу, дыскусіі, разважанняў, каб вучні не проста запомнілі прачытанае, а зрабілі для сябе пэўныя высновы.

Разнастайнасць педагагічных методык у сукупнасці з уменнем Вольгі Мікалаеўны знаходзіць падыход да дзяцей прыносіць адпаведны вынік. У яе класах назіраецца досыць высокая паспяховасць, яе навучэнцы дэманструюць нядрэнныя паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Вельмі плённа працуе Вольга Бегунова-Гальцова і з адоранымі дзецьмі. У гэтым плане яна не гоніцца за паказчыкамі, а проста прыкладае ўсе свае педагагічныя намаганні, каб дапамагчы раскрыцца здольнасцям навучэнцаў. І ў большасці выпадкаў ёй гэта ўдаецца, пра што найлепшым чынам гавораць поспехі гімназістаў на розных алімпіядах і конкурсах. Толькі за апошнія два гады вучні Вольгі Мікалаеўны заваявалі шматлікія прызавыя дыпломы на абласным конкурсе работ даследчага характару, конкурсе работ для маладых журналістаў “Залатое пяро Беларусі”, заключных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы.

Добрасумленная праца Вольгі Бегуновай-Гальцовай неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але асабістыя дасягненні ў яе педагагічнай дзейнасці не самамэта. Яна скіравана на далейшае прафесійнае ўдасканаленне, каб даваць сваім любімым вучням яшчэ больш якасныя і трывалыя веды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

У адкрытай адукацыйнай прасторы

Восеньскія месяцы ў сістэме адукацыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці былі насычаны рознымі мерапрыемствамі. Актыўная работа ідзе і цяпер. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Докшыцкага райвыканкама Дзмітрый Данілавіч ПАРЦЯНКА працуе ў шчыльным графіку, але адказаць на некалькі пытанняў для нашай газеты пагадзіўся.

— Дзмітрый Данілавіч, чым былі адметны пачатак навучальнага года і першыя тры восеньскія месяцы?

— У пачатку каляндарнага года былі вызначаны мерапрыемствы па абгрунтаванай аптымізацыі сістэмы адукацыі раёна. З 1 верасня закрыты два маленькія дзіцячыя садкі, рэарганізавана ў пачатковую базавая школа-сад, рацыянальна аптымізавана колькасць класаў-камплектаў у гарадскіх і сельскіх школах. Фінансавыя сродкі ад аптымізацыі ў асноўным плануецца накіраваць на набыццё школьнага аўтобуса. Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца пазабюджэтнай дзейнасці. На 1 лістапада толькі школамі зароблена 9438,59 рубля. Пазабюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца на правядзенне рамонтных работ, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, для матэрыяльнага заахвочвання лепшых вучняў і на іншыя значныя для ўстановы адукацыі мэты. У першай чвэрці вялася мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. Практычна ва ўсіх школах арганізаваны і дзейнічаюць дадатковыя адукацыйныя паслугі па-за вучэбнай праграмай на платнай аснове, а школьнае жыццё было насычана рознымі спартыўнымі, турыстычнымі, культурнымі, грамадска значнымі мерапрыемствамі.

— Ці папоўніліся рады педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?

— У гэтым годзе ў раён былі накіраваны пасля размеркавання трынаццаць маладых спецыялістаў, з іх — восем з вышэйшай і пяць з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У цяперашні час вострай патрэбы ў педагагічных кадрах у нас няма. Разам з тым у найбліжэйшыя два-тры гады (у сувязі з выхадам вопытных педагогаў на заслужаны адпачынак) узнікне неабходнасць у педагагічных кадрах па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія”. Ацаніць педагагічныя здольнасці і веды маладых настаўнікаў за адзін-два гады аб’ектыўна складана, аднак адразу бачны педагогі па прызначэнні, якія настроены на далейшую педагагічную дзейнасць і валодаюць неабходнымі маральнымі і дзелавымі якасцямі, адрозніваюцца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і спецыялісты, якія прыйшлі, на жаль, толькі для адпрацоўкі. Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе ў раён размеркаваны два маладыя спецыялісты — майстры спорту Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы, якія сталі працаваць трэнерамі-выкладчыкамі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

— Тут хочацца спытаць пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца цэнтрам сістэматычнай, мэтанакіраванай работы па арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў і кіруючых кадраў, забяспечвае метадычнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Метадычная сетка раёна адрозніваецца гнуткасцю з улікам запытаў, патрэб і індывідуальных цяжкасцей педагогаў. Структура метадычнай работы ў бягучым навучальным годзе ўключае 51 метадычнае фарміраванне. Вядзецца мэтанакіраваная работа па правядзенні раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які праходзіць у 2016—2017 гадах.

У кастрычніку мы прадстаўлялі вопыт работы рэгіёна на абласным семінары намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па праблеме “Адкрытая адукацыйная прастора школы як адзін з рэсурсаў павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыі”. У практыку работы з педагагічнымі кадрамі ўвайшло і правядзенне міжрэгіянальных семінараў. Так, у лістападзе на базе раёна праведзены семінар для настаўнікаў інфарматыкі. У рамках семінара працавала праблемна-практычная лабараторыя, дзе разглядаліся пытанні праектавання эфектыўнага ўрока ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Акрамя гэтага, кіраўнікі метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў Л.Я.Лукашэвіч і Л.А.Раманчук правялі майстар-клас “Праграмуй гуляючы”.

— Дзмітрый Данілавіч, прапаную асобна спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Вы сказалі, што ў вас была арганізавана сістэмная работа па развіцці гэтага напрамку.

— Мінулы навучальны год можна назваць годам актыўнага развіцця профільнага навучання. Практычна ва ўсіх установах адукацыі, дзе было магчыма, а гэта ў дзесяці з трынаццаці, былі адкрыты профільныя класы або групы. Два гады назад, калі пачыналася вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, такіх груп было 18, а ў мінулым навучальным годзе — ужо 25, у бягучым — 29. Прадметная накіраванасць даволі разнастайная: руская і замежная мовы, матэматыка і фізіка, хімія і біялогія. Сярод новых мультыпрофільных напрамкаў — матэматыка і беларуская мова, беларуская мова і біялогія, руская мова і фізіка, матэматыка і англійская мова, хімія і матэматыка, грамадазнаўства і замежная мова.

У арганізацыйным плане штогод стараемся ўлічваць памылкі і недапрацоўкі папярэдніх гадоў, аказваем метадычную падтрымку настаўнікам, узбагачаем адукацыйны працэс новымі формамі і тэхналогіямі. У цяперашні час і бацькі, і педагогі адзначаюць, што прапанаваная сістэма вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні станоўча ўплывае на якасці ведаў вучняў. Сярэдні бал і ўзровень навучанасці вучняў па ўсіх вучэбных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, больш высокі ў параўнанні з базавым. Толькі ў гэтым годзе больш за 80 працэнтаў выпускнікоў школ здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па тых прадметах, якія вывучалі больш глыбока. І калі працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па раёне ў сярэднім склаў 55,2 працэнта, то сярод выпускнікоў школ, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні і якія прынялі ўдзел у ЦТ, гэты паказчык склаў 88 працэнтаў. Профільнае навучанне дае магчымасць больш эфектыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў да паступлення, пашырае магчымасці індывідуалізацыі адукацыі. Галоўнае — правільна і своечасова падвесці вучня да выбару профілю і сарыентаваць яго на будучую прафесію.

— А як вашы вучні адпачываюць? Што прапаноўвае шосты школьны дзень?

— У гэты дзень у школе прапаноўваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне фізічнага і маральнага здароўя школьнікаў, іх інтэлектуальнага развіцця і асобаснага станаўлення. Праводзяцца спартыўна-масавыя, працоўныя, прафарыентацыйныя мерапрыемствы, гадзіны футбола, вечары адпачынку. Акрамя аб’яднанняў па інтарэсах, у шосты школьны дзень працуюць бібліятэкі, камп’ютарныя класы, спартзалы. На падставе раённай мэтавай праграмы “Шосты школьны дзень” распрацаваны школьныя праграмы, індывідуальныя мадэлі выхаваўчай дзейнасці: “Шосты дзень” у сярэдняй школе № 1 Докшыц, “Вольны час” у Бягомльскай сярэдняй школе, “Свабодны дзень” у сярэдняй школе № 2 Докшыц і г.д.

— Якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Сур’ёзна хвалююць пытанні аптымізацыі сістэмы, працаўладкавання педагогаў і тэхнічных работнікаў з устаноў адукацыі, якія закрываюцца, пытанні ўтрымання будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, і збудаванняў пасля закрыцця ўстаноў адукацыі, абнаўленне аўтобуснага парка для ажыццяўлення падвозу навучэнцаў і выхаванцаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

З творчым гарэннем

Калегі Тамары Васільеўны Натаравай гавораць: “Кожныя заняткі гэтага педагога з’яўляюцца ўзорна-паказальнымі, бо яна цалкам аддае сябе любімай рабоце, якой прысвяціла амаль усё жыццё”. Заўсёды падцягнутая, энергічная, актыўная, мэтанакіраваная… Тамара Васільеўна, якая нядаўна адзначыла 70-гадовы юбілей, прызнаецца, што ідзе на працу як на свята, бо атрымлівае ад яе вялікае душэўнае задавальненне.

Т.В.Натараву добра ведае не адно пакаленне брэстаўчан. Больш за 30 гадоў Тамара Васільеўна з’яўляецца нязменным кіраўніком узорнага дзіцячага ансамбля народнага танца “Праменьчык”, які дзейнічае ў гарадскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Выпускніца Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры па спецыяльнасці “Балетмайстар-педагог” ні разу не пашкадавала аб атрыманай прафесіі, хаця і выбрала яе выпадкова. У свой час Т.В.Натарава займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў культурна-асветніцкіх установах адукацыі Стаўрапаля і Арла (Расія), а пасля пераезду ў Брэст узначальвала харэаграфічную школу.

Ансамбль складаецца з трох груп — па 30 чалавек у кожнай. У 2002 годзе пры ім была створана харэаграфічная студыя, дзе навучэнцы авалодваюць асновамі класічнага, народна-сцэнічнага і эстраднага танца. Заняткі ў студыі праходзяць па чатырохгадовай адукацыйнай праграме, распрацаванай мастацкім кіраўніком, і развіваюць у дзяцей эстэтычны густ і любоў да харэаграфіі, дапамагаюць прафесійнаму самавызначэнню, павышаюць сцэнічнае майстэрства юных танцораў.

Танцавальны рэпертуар ансамбля надзвычай разнастайны. Многія пастаноўкі прысвечаны танцавальнай творчасці народаў свету: “Рускі танец”, кубанскі танец “Казачок”, украінскі “Паўзунец”, “Цыганскі танец”, “Аргенцінскае танга”, “Іспанскі танец” і інш. Вялікая ўвага ўдзяляецца беларускай народнай танцавальнай творчасці: харэаграфічная кампазіцыя “Свята”, лірычны танец “Жураўлі на Палессе ляцяць”, жартоўныя танцы “Дрывасекі”, “Пеўнік і кураняткі”, “Кадрыля” і “Гульні”. Гэтыя канцэртныя нумары выхоўваюць у юных артыстаў і гледачоў павагу і любоў да нацыянальных традыцый беларускага народа.

Ансамбль “Праменьчык” — актыўны ўдзельнік і пераможца гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў, дабрачынных акцый і канцэртаў. За час свайго існавання калектыў неаднаразова прэзентаваў беларускія народныя традыцыі і нацыянальную мастацкую культуру ў многіх краінах Заходняй Еўропы.

— Больш за ўсё ў рабоце падабаецца працэс стварэння харэаграфічнай пастаноўкі, — прызнаецца Т.В.Натарава. — Вельмі прыемна назіраць за прафесійным ростам дзяцей, бо ў ансамблі застаюцца толькі тыя, хто добра разумее, што для дасягнення высокіх вынікаў трэба шмат працаваць. Калі выхаванцы бачаць творчае гарэнне ў педагога, то і самі гараць творчасцю. Радуе, што многія навучэнцы працягваюць адукацыю ў профільных УВА.

Тамара Васільеўна — надзвычай адказны і аўтарытэтны педагог у вачах дзяцей, іх бацькоў і калег. Т.В.Натарава ахвотна дзеліцца з імі сакрэтамі майстэрства і творчага даўгалецця падчас майстар-класаў у Брэсцкім абласным ІРА.

Дзейнасць Тамары Васільеўны адзначана на самым высокім узроўні. На рахунку педагога — грамата Міністэрства адукацыі Беларусі, Ганаровая грамата Савета Міністраў Беларусі і медаль “За працоўныя заслугі”. Але найлепшай узнагародай для Т.В.Натаравай з’яўляюцца творчыя набыткі выхаванцаў, у якіх яна бачыць працяг сваёй любімай справы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.