Вузельчык на памяць адміністратару і настаўніку

Гэта тэхналогія кіравання, індывідуалізацыі працэсу навучання, самаразвіцця, ключ да поспеху. Менавіта так прэзентуюць настаўнікі Іўеўскага раёна мнагамерную дыдактычную тэхналогію (МДТ). Яны актыўна выкарыстоўваюць інструменты гэтай тэхналогіі — логіка-сэнсавыя мадэлі, інтэлект-карты, або “разумныя” карты — на ўсіх ступенях навучання і па ўсіх вучэбных прадметах, а таксама ў кіраўніцкай дзейнасці.

Сваім вопытам настаўнікі Іўеўскага раёна дзяліліся з удзельнікамі Гродзенскага абласнога семінара “Выкарыстанне мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў па вучэбнай (вучэбна-выхаваўчай) рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці, а таксама метадыст аддзела па рабоце з арганізатарамі адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ганна Мар’янаўна Карповіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама Валянціна Іванаўна Ус, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ганна Іванаўна Дабрынеўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Іўеўскай выбарчай акрузе № 53 Наталля Генадзьеўна Кучынская, намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Раманюк. Семінар праходзіў у Іўеўскай сярэдняй школе, якая з’яўляецца адначасова абласным і раённым рэсурсным цэнтрам па выкарыстанні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці.
У банку даных Іўеўскага раёна на сёння 40 настаўнікаў-прадметнікаў, якія маюць сертыфікаты, што пацвярджаюць магчымасць прафесійнага выкарыстання мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі пры выкладанні розных вучэбных прадметаў.
— Бываюць у жыцці сітуацыі, калі людзі з’яўляюцца ў патрэбны час у патрэбным месцы, — адзначыла ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў семінара дырэктар Іўеўскай сярэдняй школы Ганна Казіміраўна Чарняк. — У 2008 годзе група намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце школ Іўеўскага раёна па ініцыятыве загадчыка метадычнага кабінета аддзела адукацыі Таццяны Васільеўны Бакуновіч наведала гімназію № 19 Мінска. На семінары, які праходзіў у гімназіі, выступала Ганна Іванаўна Дабрынеўская, якая і расказала пра магчымасці МДТ. Потым педагогі гімназіі прадэманстравалі МДТ у дзеянні. Убачанае нас уразіла…
Ужо на наступны дзень настаўнікі Іўеўскай сярэдняй школы даведаліся пра гэтую інавацыйную тэхналогію і зацікавіліся ёй. Іх зацікаўленасць падтрымаў аддзел адукацыі, настаўнікі наведалі рэспубліканскія семінары на гасразліковай аснове “Інавацыйныя тэхналогіі — інавацыйным школам”, якія праводзіла Г.І.Дабрынеўская. Навучаліся педагогі не ў адзіночку, а групамі, і гэта спрыяла фарміраванню каманды аднадумцаў. Педагогі пачалі самастойна ствараць логіка-сэнсавыя мадэлі, разумныя карты, займацца самаадукацыяй: вывучаць метадычную літаратуру, інтэрнэт-рэсурсы па гэтай тэме. Узнікла патрэба арганізаваць метадычную вучобу ў школе: былі праведзены адкрытыя вучэбныя, факультатыўныя заняткі з наступным самааналізам і аналізам па розных вучэбных прадметах. У выніку склалася група ўзаемадзеяння педагогаў, якія выкарыстоўваюць мнагамерную дыдактычную тэхналогію ў педагагічнай дзейнасці. У хуткім часе настаўнікі Іўеўскай школы ўжо трансліравалі свой вопыт на пасяджэннях раённых метадычных фарміраванняў, абласным семінары.
З 1 верасня 2012 года, згодна з загадам аддзела адукацыі, Іўеўская сярэдняя школа атрымала статус рэсурснага цэнтра па выкарыстанні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці. Работа арганізоўвалася ў адпаведнасці з палажэннем, планам работы на навучальны год. Удзельнікамі раённай групы ўзаемадзеяння сталі настаўнікі 7 устаноў адукацыі раёна. А ў 2013 годзе Іўеўская сярэдняя школа атрымала статус абласнога рэсурснага цэнтра. Яна першая ў раёне заявіла пра сябе як пра раённы цэнтр сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Уся інфармацыя пра работу РЦ своечасова ўносіцца на школьны сайт. Работа школы ў рэжыме рэсурснага цэнтра сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці дазволіла аказваць метадычную дапамогу (кансультацыйную, практычную) не толькі педагогам раёна, але і вобласці, трансліраваць педагагічны вопыт. Арганізавана ўзаемадзеянне з калегамі з іншых раёнаў — Ашмянскага, Мастоўскага, Лідскага.
— Логіка-сэнсавая мадэль і разумная карта — інструменты падачы інфармацыі на натуральнай мове ў выглядзе вобраза-мадэлі, — расказала Ганна Казіміраўна Чарняк. — Для мяне пабудова ЛСМ — гэта план дзеянняў, кіраўніцкіх рашэнняў, сістэма работы ў цэлым, гэта тое, што дазваляе нічога не забыць, нічога не ўпусціць, гэта тое, што аблягчае падрыхтоўку пры правядзенні мерапрыемства любога ўзроўню, тое, што ўзмацняе нагляднасць матэрыялу, дазваляе алгарытмізаваць дзейнасць навучэнцаў, гэта магчымасць падаць большыя масівы матэрыялу ў выглядзе нагляднай і кампактнай ЛСМ.
Ганна Казіміраўна паказала ЛСМ па кіраўніцкай дзейнасці: гадавы план установы адукацыі, праграма развіцця, кантроль як функцыя кіравання, сістэма выхаваўчай работы, сацыяльнае партнёрства, сістэма работы з бацькамі, сістэма работы па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін навучэнцаў, інфарматызацыя. На прадэманстраваных логіка-сэнсавых мадэлях кожны элемент змястоўна звязанай сістэмы ключавых слоў атрымлівае дакладную адрасацыю ў выглядзе індэкса “каардыната-вузел”. Удзельнікі семінара атрымалі ў падарунак ад адміністрацыі Іўеўскай школы ЛСМ “Заканчэнне навучальнага года”. Як сказаў “бацька” дыдактычнай мнагамернай тэхналогіі кандыдат педагагічных навук Валерый Эмануілавіч Штэйнберг, “Вузельчык на памяць у сістэме каардынат — найлепшы дыдактычны падарунак блізкаму”.
Па выніках праведзенай дыягностыкі 57% педагогаў Іўеўскай школы праектуюць “разумныя карты” і логіка-сэнсавыя мадэлі, уключаюць іх у змест і тэхналогію правядзення вучэбных, факультатыўных заняткаў і метадычную работу, 26% эпізадычна прымяняюць мнагамерныя дыдактычныя інструменты ў адукацыйным працэсе. 19 педагогаў (20%) сістэмна працуюць над выкарыстаннем МДТ — гэта настаўнікі, якія прайшлі навучанне ў АПА пад кіраўніцтвам Г.І.Дабрынеўскай і з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі на прафесійнай аснове, удзельнічаюць у рабоце творчай групы рэсурснага цэнтра, актыўна абменьваюцца вопытам з калегамі іншых раёнаў вобласці і рэспублікі. Для 15 настаўнікаў выкарыстанне гэтай тэхналогіі з’яўляецца тэмай для самаадукацыі.
— Мнагамерная дыдактычная тэхналогія для педагогаў нашай школы — гэта і сродак сістэматызацыі вынікаў педагагічнай работы, — адзначыла ў сваім выступленні кіраўнік рэсурснага цэнтра намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іўеўскай сярэдняй школы Людміла Станіславаўна Бакун. — Абагульнены педагагічны вопыт 12 настаўнікаў па выкарыстанні гэтай тэхналогіі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. У рамках правядзення атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе настаўніка абагульнены вопыт работы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Уладзіміраўны Гаўрук, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Станіславаўны Бакун. Па выніках апытання 94% навучэнцаў пазітыўна адносяцца да выкарыстання мнагамерных дыдактычных інструментаў і маюць намер прымаць актыўны ўдзел у іх складанні, бо ў іх аснову закладзена сутворчасць настаўніка і навучэнца. 82% апытаных бацькоў станоўча ацэньваюць выкарыстанне тэхналогіі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, бо гэта аблягчае ўспрыманне інфармацыі і станоўча адбіваецца на якасці ведаў навучэнцаў.
Урокі з прымяненнем мнагамерных дыдактычных інструментаў выклікалі вялікую цікавасць у педагогаў, таму за перыяд работы абласнога рэсурснага цэнтра праведзена 29 індывідуальных і 12 групавых кансультацый, 8 лекцый, 8 семінараў-практыкумаў, 6 майстар-класаў. На базе школы функцыянуе кансультацыйны пункт. Кожны педагог школы, раёна, вобласці мае магчымасць атрымаць неабходную кансультацыю па прымяненні МДТ, не выключаючы мабільнага ўзаемадзеяння па тэлефоне і электроннай пошце.
Праводзяцца выставы метадычнай прадукцыі — распрацавана 107 вучэбных, 26 факультатыўных заняткаў, 24 класныя і 19 інфармацыйных гадзін. Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па прымяненні МДТ у кіраўніцкай дзейнасці (для дырэктараў, намеснікаў дырэктараў), у адукацыйным працэсе (для настаўнікаў пачатковых класаў, рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, біялогіі, хіміі, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўства, матэматыкі), у выхаваўчай рабоце (для класных кіраўнікоў).
Сёння ў арсенале рэсурснага цэнтра сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці, акрамя метадычных распрацовак вучэбных, факультатыўных заняткаў, інфармацыйных гадзін, пазакласных мерапрыемстваў, электронны банк “разумных карт” і логіка-сэнсавых мадэлей па ўсіх напрамках метадычнай работы. Інструменты МДТ шырока выкарыстоўваюцца ў рабоце з педагагічнымі кадрамі. Прыкладам гэтага служыць логіка-сэнсавая мадэль “Сістэма педагагічнага сэрвісу”, на каардынатах якой пададзены ўсе напрамкі метадычнай работы. У логіка-сэнсавай мадэлі “Сістэма метадычнага суправаджэння факультатыўнага навучання” прапанаваны ўвесь алгарытм дзейнасці па арганізацыі факультатыўных заняткаў: ад мэты, задач, напрамкаў, форм работы да кантролю, выніку, крытэрыяў і паказчыкаў эфектыўнасці. На працягу 6 навучальных гадоў Іўеўская сярэдняя школа ўдзельнічала ў рэалізацыі інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі. Работа ў інавацыйным рэжыме патрабавала стварэння вялікага аб’ёму плануючай і кантралюючай дакументацыі: праекты, праграмы, загады, каляндарныя планы, індывідуальныя планы работы ўдзельнікаў творчай групы, уключэнне ў гадавы план, план работы метадычнага савета, метадычных фарміраванняў школы, потым справаздачы, аналітычныя даведкі, педагагічныя дзённікі. Каб не прапусціць усе важныя моманты, была створана логіка-сэнсавая мадэль “Сістэма метадычнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці”. Гэта адначасова і інструкцыя да дзеяння, і форма самакантролю. Адным з важных пытанняў у рабоце з педагагічнымі кадрамі з’яўляецца вывучэнне пераемнасці паміж ступенямі адукацыі. У якасці алгарытму дзейнасці па гэтым напрамку была распрацавана логіка-сэнсавая мадэль “Забеспячэнне пераемнасці паміж ступенямі адукацыі”. “Разумная карта” “Укараненне сучасных педагагічных тэхналогій у адукацыйны працэс” спалучыла ў сабе памятку, праграму, план дзеянняў пры падрыхтоўцы да педагагічнага савета. Штогод у Іўеўскай школе па выніках навучальнага года аналізуюцца вынікі метадычнай работы педагогаў. Памяткай для яго правядзення стала логіка-сэнсавая мадэль “Выніковасць метадычнай работы”.
У Іўеўскай сярэдняй школе прымяненне мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ад інструмента самаадукацыі стала сродкам самарэалізацыі і самавыяўлення педагогаў, спрыяе іх прафесійна-асобаснаму развіццю.
Ва ўдзельнікаў семінара была магчымасць прысутнічаць на вучэбных занятках з прымяненнем мнагамерных дыдактычных інструментаў: англійская мова ў 6 “Б” класе па тэме “Што? Дзе? Калі?” — настаўніца першай кваліфікацыйнай катэгорыі Вольга Уладзіміраўна Тулько, гісторыя Беларусі ў 9 “Б” класе па тэме “Сялянскі і рабочы рух у другой палове ХІХ стагоддзя” — настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ганна Мацвееўна Рафаловіч , хімія ў 10 “Б” класе па тэме “Металы груп І А і ІІ А” — настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Паўлаўна Умрэйка.
Для таго каб удзельнікі семінара на сабе маглі адчуць дзеянне МДТ, ім было прапанавана стварыць інтэлект-карту “Семінар у Іўеўскай сярэдняй школе” і разам з тым атрымаць практычныя навыкі па складанні “разумных карт” і мець магчымасць больш падрабязна расказаць пра семінар у Іўеўскім раёне сваім калегам.

Таццяна БАКУНОВІЧ,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама.

Мы адказваем за тых, каго падключылі…

Сёння дзіця немагчыма ўявіць без сучасных камунікацыйных сродкаў і рэсурсаў. Для яго глабальная камп’ютарная сетка інтэрнэт такая ж неабходная, як бацькам некалі кнігі, тэлебачанне, газеты і часопісы, вячоркі з сябрамі. Адбяры ў дзіцяці інтэрнэт — яно застанецца ізаляваным ад падзей у свеце, краіне, горадзе, класе.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сёння неад’емная частка адукацыйнага працэсу. Практычна няма такога ўрока, дзе б навучэнцам не трэба было выкарыстоўваць рэсурсы сусветнай павуціны і праграмныя прадукты. І калі ў 1 класе вучань пераважна карыстаецца падручнікам і рабочым сшыткам, то перад старшакласнікамі адкрываецца бязмежны акіян сусветных інтэрнэт-рэсурсаў, сабраных за ўсю гісторыю цывілізацыі. Сучасны педагог прапаноўвае не толькі карыстацца інфармацыйнымі рэсурсамі сеткі, але і далучае навучэнцаў да сумеснай дзейнасці з выкарыстаннем даступных сеткавых сацыяльных сэрвісаў.
З бягучага навучальнага года класныя кіраўнікі нашай установы, якая рэалізоўвае рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”, перанеслі частку выхаваўчай работы ў віртуальнае асяроддзе сацыяльных сетак. Дзецям такім чынам мець зносіны больш прывычна і зручна. Акрамя таго, класны кіраўнік павінен быць там, дзе праводзяць значную частку свайго часу сучасныя падлеткі, гэта значыць у інтэрнэце. Але пры гэтым узнікае праблема: далучаючы навучэнцаў да сумеснай карыснай і сацыяльна значнай дзейнасці ў сетцы, мы спрыяем таму, што нашы дзеці будуць больш часу праводзіць анлайн. Такім чынам, педагогі, класныя кіраўнікі гімназіі павінны гарантаваць бяспечнае знаходжанне гімназістаў у інтэрнэце. Знакамітая фраза Антуана дэ Сент-Экзюперы ў сучасных умовах можа трактавацца так: “Мы адказваем за тых, каго… падключылі”. Навучыць дзяцей бяспечным паводзінам у сетцы — вось адна з прыярытэтных задач, якую калектыву гімназіі неабходна вырашыць для паспяховай сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы.
Правёўшы ў пачатку года невялікае даследаванне, мы зразумелі, што нашы навучэнцы маюць вельмі беднае, абывацельскае ўяўленне пра небяспекі, якія чакаюць іх у інтэрнэце: з лёгкасцю падтрымліваюць зносіны з незнаёмымі людзьмі, даюць асабістыя звесткі, выкладваюць фота. Многія з апытаных падлеткаў сутыкаюцца ў сетцы з непажаданым, негатыўным кантэнтам і ў большасці выпадкаў не ведаюць, што ў гэтай сітуацыі рабіць, як паводзіць сябе. Часцей за ўсё ў сетцы сучасныя падлеткі пакінуты на саміх сябе. Яны вымушаны самастойна змагацца з патокам інтэрнэт-пагроз і негатыўнай інфармацыі, наладжваць зносіны з суразмоўцамі. Але ж для таго каб быць граматным і паспяховым карыстальнікам сеткі, неабходна клапаціцца не толькі пра сваю бяспеку, але і пра камфортнае знаходжанне іншых карыстальнікаў у інтэрнэце. І дзяцей гэтаму трэба вучыць.
Зыходзячы з названай праблемы, адным з напрамкаў рэалізацыі інавацыйнага праекта стала ўкараненне ў вучэбную праграму курса інфарматыкі вучэбнага модуля “Security-батл”, накіраванага на фарміраванне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу навыкаў бяспечных паводзін у інтэрнэце.
У гэтым модулі вылучаем два блокі: работа з навучэнцамі і работа з бацькамі. Аснова першага модуля — “Хвілінкі інтэрнэт-бяспекі”, якія праводзяцца на ўроках інфарматыкі ў малодшых класах і ўведзены ў вучэбны матэрыял прадмета (падрабязней з планам вучэбнага модуля можна пазнаёміцца на сайце http://chechettt.wix.com/klrukvsoc у раздзеле “Security-батл”). Вывучаючы інфарматыку, дзеці пазнаюць азы бяспечных паводзін у сетцы. На кожным уроку адводзіцца 2-3 хвіліны на вывучэнне і абмеркаванне адной з інтэрнэт-пагроз і праблем інтэрнэту.
У бягучым годзе вучэбны модуль распрацаваны для навучэнцаў 6 класа, якія толькі пачалі вывучаць інфарматыку і цікавяцца любой новай інфармацыяй. На першым жа ўроку, тэма якога “Правілы работы і бяспечных паводзін у камп’ютарным класе. Паняцце аб інфармацыі і яе ролі ў грамадстве”, дзецям прапанавана разгледзець сферы выкарыстання сеткі, потым падзяліць іх на карысныя і не вельмі. У кожнай сферы выкарыстання неабходна знайсці падводныя камяні — што нам можа там пагражаць. Далей пры вывучэнні тэмы “Выкарыстанне тэхнічных сродкаў для работы з інфармацыяй. Паняцце аб інфарматыцы” гаворым пра тэхнічныя сродкі апрацоўкі інфармацыі, у прыватнасці такія, як камп’ютар, планшэт, смартфон. Паўтараем, чым можа быць небяспечна такая работа, каму можа пашкодзіць, дзелім усе інтэрнэт-пагрозы на класы паводле аб’ектаў уздзеяння (кантэнт, кантакт, шкоднае ПЗ, махлярства). Пры вывучэнні функцыянальных блокаў камп’ютара разглядаем спосабы заражэння камп’ютара праз інтэрнэт і прапаноўваем спосабы абароны. Падчас знаёмства з аперацыйнай сістэмай разглядаем выпадкі блакіроўкі аперацыйнай сістэмы і вымаганняў. Раздзел “Апрацоўка графічнай інфармацыі” прысвечаны правілам работы з выявамі ў сетцы: якія выявы можна размяшчаць у сетцы і калі, як не парушаць аўтарскае права і як не прыцягнуць махляроў, выкладаючы фотаздымкі ў сацыяльных сетках.
У выніку паўгадавой работы навучэнцы выпрацавалі правілы абароны камп’ютара, вядзення асабістай перапіскі, падачы персанальных звестак і рэагавання на інтэрнэт-махляроў, стварылі віртуальную “Азбуку інтэрнэт-бяспекі” (https://vk.com/inetbez). А ў канцы другой вучэбнай чвэрці арганізавалі конкурс камп’ютарнага малюнка “Вобраз інтэрнэт-троля” і выставу “матыватараў” “Ігнаруй троля — ачысці інтэрнэт ад хамства”.
Уключэнне падлеткаў у пазітыўную выхаваўчую дзейнасць у сацыяльных сетках і іншых рэсурсах інтэрнэту спрыяе таму, што і дома дзеці — актыўныя ўдзельнікі віртуальных мерапрыемстваў і акцый. І тут ужо адказнасць за бяспеку дзіцяці кладзецца на плечы бацькоў. Але, як паказвае практыка, большасць бацькоў не ведаюць, колькі часу праводзіць дзіця ў сетцы і якія сайты наведвае, з кім мае зносіны, што купляе або прадае. А такія тэрміны, як тролінг, кібербулінг, флуд, грумінг, “бацькоўскі кантроль”, фішынг-атака ўвогуле ставяць бацькоў у тупік.
Асвета бацькоў — другая асноўная частка вучэбнага модуля “Security-батл”. Мы прапанавалі ім прайсці сеткавы адукацыйны маршрут “Наш бяспечны сямейны інтэрнэт” і распрацаваць сямейны рэгламент выкарыстання сеткі, паўдзельнічаць у занятках бацькоўскага лікбезу “Бацька ў трэндзе” і стаць слухачамі курса PROFI, у рамках якога можна навучыцца гарантаваць бяспеку дзяцей праграмнымі сродкамі.
Мы толькі ў пачатку шляху па абароне нашых дзяцей ад усяго негатыўнага, што ёсць у інтэрнэце, але дасягнулі некаторых пазітыўных вынікаў:
* нашы вучні задумваюцца над тым, якую інфармацыю размясціць у сетцы;
* ведаюць, якая інфармацыя можа абразіць суразмоўцу, а якая будзе карыснай, і з павагай ставяцца да тых, з кім маюць зносіны;
* бацькі сталі больш цікавіцца, чым займаюцца іх дзеці ў сацыяльных сетках, з задавальненнем удзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі афіцыйных груп класаў.
Мы адказваем за тых, каго падключылі. Навучаючы дзяцей асновам бяспечных паводзін, мы змаглі змяніць іх адносіны да віртуальнага жыцця і віртуальных зносін. Нашы гімназісты асцярожныя, ветлівыя, цярплівыя. Умеюць сартаваць кантэнт і ігнараваць агрэсію і хамства. Канечне, паўгода для фарміравання навыкаў бяспечных паводзін — невялікі тэрмін. Работа толькі ў самым пачатку. Але мы спадзяёмся, што разам дапаможам зрабіць інтэрнэт бяспечным для дзяцей.

Наталля ЮШЧЫК,
настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.

Графічныя сэрвісы Web 2.0 — для гісторыкаў і грамадазнаўцаў

У Нацыянальным інстытуце адукацыі прайшоў вочны этап Рэспубліканскага семінара “Графічныя сэрвісы Web 2.0 у практыцы настаўніка гісторыі і грамадазнаўства”. У яго рабоце прынялі ўдзел настаўнікі-практыкі з розных рэгіёнаў краіны, кіраўнікі рэсурсных цэнтраў, метадысты навукова-метадычнага цэнтра НІА.

Фарміруючы прафесійную кампетэнтнасць

Мэта семінара — фарміраванне кампетэнтнасці педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў выкарыстанні сеткавых сэрвісаў інтэрнэту для рашэння прафесійных задач. Удзельнікі мерапрыемства разгледзелі педагагічныя магчымасці выкарыстання сэрвісаў Web 2.0, пытанні візуалізацыі грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных працэсаў з дапамогай гэтых сэрвісаў, спосабамі выкарыстання інфаграфікі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, а таксама пазнаёміліся з магчымасцямі віртуальных падарожжаў і скрайбінгам як спосабам візуальнага мыслення.
Практыка паказвае, што ўсё больш педагогаў у сваёй рабоце выкарыстоўваюць сэрвісы Web 2.0. Праўда, гэтае паняцце ўзнікла каля 10 гадоў назад. Як адзначыла начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Святлана Анатольеўна Кудраўцава, сэрвісы Web 2.0 — гэта сродкі інтэрнэту, што валодаюць такімі прыкметамі, як свабодны доступ — базавыя функцыі даступны ўсім карыстальнікам на бясплатнай аснове; магчымасць стварэння, размяшчэння, захоўвання, распаўсюджвання рэсурсаў рознага тыпу (прэзентацыі, дакументы, слайд-шоу) на прапанаванай платформе без выкарыстання спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і самае галоўнае — магчымасць сумеснага выкарыстання (стварэнне, рэдагаванне, абмеркаванне і г.д.) рэсурсаў некалькімі карыстальнікамі. Асноўныя перавагі сэрвісаў з пункту гледжання іх выкарыстання ў выкладанні — гэта магчымасць прадукцыйна прымяняць уласныя рэсурсы і рэсурсы іншых карыстальнікаў, развіццё вуснай і пісьмовай камунікацыі, рэфлексіўных уменняў; даступнасць і прастата ў засваенні большасці сэрвісаў дазваляе ствараць рэсурсы рознай ступені складанасці, а таксама ўраўноўвае навучэнцаў і педагогаў з розным узроўнем ІКТ-кампетэнцый.
Як было заўважана, беларускамоўных сэрвісаў Web 2.0 няма. Але можна змяніць сітуацыю, калі напоўніць ужо існуючыя рэсурсы беларускамоўным зместам.
Удзельнікам семінара былі прадстаўлены наступныя сэрвісы: для захоўвання інфармацыі і сумеснай работы з дакументамі — іх можна выкарыстоўваць як сродак арганізацыі і падтрымкі школьнага дакументаабароту; для сумеснага рэдагавання дакументаў праектнай дзейнасці навучэнцаў; для правядзення і падтрымкі ўрокаў (напрыклад, Google Docs); для сумеснага захоўвання закладак; для стварэння тэкставых матэрыялаў і прэзентацый (напрыклад, DocMe, Calameo). Апошнія дазваляюць загружаць дакументы і прэзентацыі розных фарматаў, а загружаныя файлы можна праглядаць у інтэрнэце, можна пампаваць, друкаваць, устаўляць у блог. Важна і тое, што апублікаваныя файлы можна зрабіць даступнымі ўсім карыстальнікам, а можна пакінуць іх для свайго асабістага карыстання. Пазнаёміліся педагогі з сэрвісамі і праграмамі для стварэння апытанняў і тэстаў (напрыклад, Hot Potatoes, “Мастер-Тест” і інш.). Уяўляюць цікавасць для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства таксама сэрвісы для стварэння “воблака слоў”. Яны дазваляюць будаваць “воблакі слоў” з уведзенага карыстальнікам тэксту. “Воблака слоў” дае магчымасць убачыць агульныя тэрміны ў тэксце, групуючы падобныя словы разам і падкрэсліваючы часта выкарыстаныя, хутка і эфектыўна прадставіць статыстыку. Напрыклад, навучэнцам можна даць заданне: з прапанаванага “воблака слоў” выбраць у адзін слупок тыя словы, якія адносяцца да адной гістарычнай падзеі, а ў другі слупок — да іншай.
Спатрэбяцца настаўнікам відэа- і фотасэрвісы. Фотасэрвісы дазваляюць бясплатна захоўваць, класіфікаваць, абменьвацца лічбавымі фотаздымкамі, аўдыя- і відэазапісамі, тэкставымі файламі, прэзентацыямі. Так, гісторыю свету ў фотаздымках з мінулага прадстаўляе сэрвіс Wordlе Historypin. Гісторыя становіцца больш нагляднай і цікавай, калі яе “прывязаць” да кропкі на карце. Настаўнік ці навучэнец можа запампаваць фотаздымкі на сайт і “прывязаць” іх да пэўных мясцін. Іншыя карыстальнікі будуць шукаць цікавыя аб’екты на карце не толькі па іх месцазнаходжанні, але і па часе. Акрамя таго, кожны здымак можна параўнаць з выявай з цяперашняга. Яшчэ адной бясплатнай праграмай для работы з лічбавымі фотаздымкамі з’яўляецца Picasa, якая таксама адкрывае настаўнікам шматлікія магчымасці.
Геасэрвісы могуць выкарыстоўвацца педагогамі як крыніца карт і выяў на мясцовасці, як платформа для правядзення сеткавых праектаў, звязаных з адгадваннем і пошукам розных гістарычных месцаў зямлі, як віртуальныя экскурсіі па памятных мясцінах. Так, напрыклад, можна згадаць набор дадаткаў Google maps, пабудаваны на аснове бясплатнага картаграфічнага сервісу. Сервіс уяўляе сабой карту і спадарожнікавыя фота ўсяго свету.
Спадабаецца навучэнцам і наведванне віртуальных музеяў, дзе яны змогуць удасканаліць сваё ўспрыманне мастацтва і мастацкі густ (“Академия культуры Google”, “Арт-проект” (Art Project), “Чудеса света” (World Wonders Project)).

На розных этапах урока — ментальныя карты

Павысіць матывацыю школьнікаў да навучання, развіць прадметныя і камунікатыўныя кампетэнцыі, творчыя здольнасці, а таксама выявіць прычыны цяжкасцей і карэкціраваць веды вучняў дазваляюць ментальныя карты ці інтэлект-карты (карты розуму, ці майндмэпс). Дарэчы, існуюць сэрвісы для стварэння такіх карт.
Аб асаблівасцях прымянення ментальных карт на ўроках гісторыі расказала метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Ірына Мікалаеўна Знак. Па яе словах, ментальную карту можна прымяняць для стварэння новых ідэй, іх фіксацыі, аналізу і ўпарадкоўвання інфармацыі, прыняцця рашэнняў, г.зн. на этапе “мазгавога штурму” (напрыклад, прааналізаваць вынікі Другой сусветнай вайны), а таксама аформіць інфармацыю так, што мозг лёгка яе ўспрыме (напрыклад, адлюстраваць на ментальнай карце асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у сярэдзіне ХІІІ—ХVI стагоддзяў). Сутнасць метаду запісу і арганізацыі інфармацыі ў тым, што вылучаецца асноўнае паняцце, ад якога адгаліноўваюцца задачы, думкі, ідэі, крокі ў рэалізацыі праекта. Кожная галінка можа змяшчаць некалькі больш дробных галінак-падпунктаў. Да ўсіх запісаў можна пакідаць каментарыі, якія дапамогуць не заблытацца.
Перавагі інтэлект-карт: эканомія амаль паловы часу на канспект, канцэнтрацыя інфармацыі на важных момантах, візуальна дакладныя асацыяцыі, паляпшэнне запамінання. Інтэлект-карты могуць выкарыстоўвацца на розных тыпах і формах урока: вывучэнне новага матэрыялу, замацаванне або абагульненне вывучанага, напісанне даклада, рэферата, навукова-даследчай работы, падрыхтоўка праекта, прэзентацыі; анатаванне, канспектаванне. Пры дапамозе лагічных структурных схем можна выбудаваць вялікую колькасць матэрыялу, можна сістэматызаваць увесь курс, а можна гэтую структурна-лагічную схему пабудаваць па асобным параграфе.
“Зразумела, такую ментальную карту можна намаляваць і на паперы. Аднак мінус такой работы — карта не праслужыць доўга, з цягам часу яна страчвае свой знешні выгляд. А пры выкарыстанні ІКТ такой картай можна карыстацца неабмежаваны час, — падкрэсліла І.М.Знак. — Акрамя таго, калі вучні складаюць ментальную карту ў групе, то не відаць, хто які ўклад зрабіў. А сэрвісы Web 2.0 даюць магчымасць гэта высветліць. Можна праверыць, хто якую інфармацыю дадаў”.
Удзельнікі семінара самі паспрабавалі зрабіць ментальную карту па тэмах “Полацкае княства”, “Падрыхтоўка да Дня святога Валянціна”, а таксама “Новае жыццё”, што, дарэчы, у іх добра атрымалася.

Скрайбінг як спосаб візуальнага мыслення

Вучонымі ўжо даўно даказаны той факт, што чалавек больш за 80% інфармацыі ўспрымае візуальна. А даследчыкі ў галіне адукацыйных методык высветлілі, што праз тры дні пасля правядзення лекцыі слухачы ў стане ўспомніць 10% ад усяго пачутага, 35% ад усяго ўбачанага, але могуць ўзнавіць 65% зместу прэзентацыі, калі яна праходзіла ў выглядзе вуснага паведамлення, падмацаванага візуальнымі вобразамі. Таму сёння як ніколі актуальнае пытанне стварэння графічных прэзентацый, якія дазваляюць слухачам успрымаць і засвойваць інфармацыю больш эфектыўна. Новай тэндэнцыяй у гэтай сферы з’яўляецца скрайбінг, альбо выкарыстанне замалёвак для правядзення лекцый.
Па словах С.А.Кудраўцавай, скрайбінг — гэта ўнікальны спосаб прыцягнуць увагу, заваяваць аўдыторыю, забяспечыць яе дадатковай інфармацыяй, узмацніць ключавыя моманты прэзентацыі. Поспех і эфектыўнасць скрайбінгу тлумачыцца тым, што чалавечы мозг схільны маляваць карцінкі, мысліць вобразамі, а мова малюнка ўніверсальная. Скрайбінг ператварае тэзісы прэзентацыі ў словы і вобразы, абмалёўвае сувязі. Педагогу не абавязкова валодаць тэхнікай класічнага малюнка, але ён павінен разумець, як правільна і зразумела замяняць дзеясловы і назоўнікі на сімвалы і вобразы ў форме замалёвак. Скрайбінг — гэта не толькі вобразныя малюнкі. Наглядна прадэманстраваць свае ідэі можна, ператварыўшы іх у графікі, матрыцы, іерархічныя структуры і дыяграмы. Пры гэтым усе віды схем і малюнкі павінны складаць цэласны візуальны вобраз.

Інфаграфіка

Адной з папулярных форм распаўсюджвання ідэй пры дапамозе візуальных вобразаў з’яўляецца інфаграфіка. Аб ёй удзельнікам семінара паведаміла метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Алена Аляксандраўна Палейка.
“Унікальны, арыгінальны вобраз можа прыцягнуць увагу вялікай колькасці людзей. Адна граматная выява каштуе 1000 слоў. Яна здольна спрасціць сэнс і ў той жа час перадаць усю неабходную інфармацыю, — падкрэсліла А.А.Палейка. — Прычым гэтая інфармацыя ўспрымаецца лягчэй і хутчэй. Яна валодае вірусным эфектам: калі інфаграфіка атрымалася цікавай, то карыстальнікі пачнуць дзяліцца ёй з іншымі людзьмі”.
Візуальна інфаграфіка можа быць прадстаўлена ў розных формах. Напрыклад, у якасці карыкатуры, дыяграмы, ілюстрацыі, эмблем ці простых малюнкаў. Любы вобраз падыходзіць, калі ён эфектыўна працуе для перадачы даных, выконваючы канкрэтныя мэты, пастаўленыя складальнікам інфаграфікі. Камп’ютарнай праграмы, распрацаванай спецыяльна для візуалізацыі інфармацыі, такім чынам, на дадзены момант не існуе. Але ёсць спецыяльныя інтэрнэт-сэрвісы, з дапамогай якіх можна стварыць інфаграфіку анлайн. Найбольш папулярнымі сярод іх з’яўляюцца Visual.ly, Piktochart.com, Easel.ly, Infogr.am. Самастойна стварыць інфаграфіку можна і з дапамогай Photoshop, але для гэтага неабходна добра разбірацца ў асаблівасцях праграмы, бо гэты графічны рэдактар з’яўляецца прафесійным інструментам. Неабходна добра прадумаць асаблівасці прадстаўлення даных, узаемасувязі паміж імі, прыгожа ўсё аформіць і прадумаць, як зрабіць так, каб наведвальнікі не толькі зацікавіліся, але і падзяліліся спасылкай з іншымі людзьмі і ў сацыяльных сетках.
Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што выкарыстанне на ўроку інтэрнэт-сэрвісаў здольна павысіць узровень нагляднасці, стымуляваць пазнавальны інтарэс да гісторыі, надаць рабоце праблемны, даследчы характар, у многім садзейнічаць абнаўленню змястоўнага боку прадмета. Настаўніку, які прымяняе ІКТ на ўроках, лягчэй устанавіць кантакт з вучнямі, далёкімі ад гісторыі, але асабліва захопленымі камп’ютарам. Менавіта гэтыя дзеці становяцца галоўнымі памочнікамі настаўнікам, што павышае і іх самаацэнку.
На дыстанцыйным этапе семінара-практыкуму, які будзе працягвацца да 17 лютага, педагогі распрацуюць уласныя метадычныя матэрыялы пры дапамозе сэрвісаў Web 2.0, якія змогуць выкарыстоўваць пры рабоце з дзецьмі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Для фарміравання камунікатыўных кампетэнцый — займальны матэрыял

Як прывіць вучням цікавасць да роднай мовы? Як навучыць іх размаўляць па-беларуску, свабодна выказваць свае думкі? Як выхаваць у дзяцей пачуццё гордасці за родную культуру? Гэтыя пытанні сёння як ніколі хвалююць настаўнікаў-беларусазнаўцаў. Педагогам сярэдняй школы № 202 сталіцы — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяне Філіцыянаўне Байраш і настаўніцы пачатковых класаў Але Мікалаеўне Недбас — у вырашэнні гэтых пытанняў у многім дапамагае электронны адукацыйны прадукт “Вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў літаратурнага чытання і беларускай літаратуры (4—5 класы). Займальны матэрыял для фарміравання камунікатыўных кампетэнцый”. Аб актуальнасці створанага электроннага сродку навучання і асаблівасцях яго выкарыстання наш карэспандэнт гутарыць з яго аўтарамі.

— З якой мэтай ствараўся электронны адукацыйны прадукт?
Таццяна БАЙРАШ:
— Мэта стварэння нашага электроннага прадукту — фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый вучняў на ўроках беларускай літаратуры і ў пазакласнай рабоце. Паняцце камунікатыўных кампетэнцый не новае. Чаму мы звярнулі ўвагу менавіта на іх? Камунікатыўная кампетэнтнасць не ўзнікае на пустым месцы, яна фарміруецца. Аснову гэтага працэсу складае вопыт чалавечых зносін. Асноўнай крыніцай набыцця камунікатыўнай кампетэнтнасці з’яўляецца вопыт народнай культуры, веданне мовы, вопыт міжасабовых зносін, вопыт успрымання мастацтва. І ажыццяўляецца гэта ў асноўным на занятках па літаратуры. Задачамі літаратуры як прадмета з’яўляюцца фарміраванне ў навучэнцаў умення гаварыць, дакладна адказваць на пытанні, граматна выказваць свае думкі, мець свой пункт гледжання на пэўную з’яву, уменне адстойваць сваё меркаванне.
На жаль, на працягу шэрага гадоў адзначаецца зніжэнне цікавасці навучэнцаў да беларускай мовы. Дзецям цяжка разумець родную мову, а тым больш выказвацца на ёй: вельмі вузкае асяроддзе яе выкарыстання, мова мала распаўсюджана ў штодзённым ужытку, на вывучэнне роднай мовы адведзена малая колькасць гадзін у адукацыйным працэсе. Літаратура і кінапрадукцыя на беларускай мове рэдка набываюцца бацькамі, бо не распаўсюджаны ў штодзённым выкарыстанні. Наш вучэбны дапаможнік накіраваны на пашырэнне слоўнікавага запасу дзяцей, на ўменне фарміраваць свае адносіны да пэўнай з’явы, граматна выказваць свае думкі, адказваць на пытанні. Думаю, каб зацікавіць дзіця мовай, проста купіць кнігу на ёй і прымусіць прачытаць не дасць ніякага выніку. Варта знайсці нейкую нетрадыцыйную форму, тое, што закране струны дзіцячай душы. І думаю, што наш вучэбны дапаможнік — яркі, каляровы — можа выклікаць у дзіцяці цікавасць.

— Электронны дапаможнік распрацаваны для выкарыстання ў 4—5 класах. Чаму менавіта гэты пераходны перыяд — з пачатковай школы ў сярэдняе звяно — быў узяты пад увагу?
Таццяна БАЙРАШ:
— Апошнія 8 гадоў я выкладаю беларускую мову і літаратуру не толькі ў старшых класах, але і ў пачатковай школе. Няцяжка заўважыць, што патрабаванні па беларускай літаратуры, якія прад’яўляюцца да вучняў пачатковых класаў, значна адрозніваюцца ад патрабаванняў да вучняў у сярэднім звяне. Справа ў тым, што ў пачатковых класах асноўны від работы на ўроках — гэта чытанне. Вучні павінны ўмець чытаць, і нідзе не закладзена, што яны павінны ўмець аналізаваць. Дзеці чытаюць тэкст, адказваюць на пытанні, якія датычацца яго зместу (накшталт “Назаві галоўных герояў”, “Як выглядае герой?”, “Куды ён накіраваўся?” і г.д.) А калі яны прыходзяць у 5 клас, то патрабаванні мяняюцца. Настаўнікі сярэдняга звяна задаюць дзецям пытанні аналітычнага характару. Дарэчы, у другім паўгоддзі ў 5 класе дзеці ўжо вызначаюць вобразныя сродкі: эпітэты, метафары, параўнанні. І вось з-за такога разрыву зніжаюцца адзнакі і паспяховасць.
Ала НЕДБАС:
— Увогуле, пытанне пераемнасці вельмі актуальнае. Пераход дзіцяці з пачатковай школы ў сярэдняе звяно вельмі складаны ў псіхалагічным плане. У дзіцяці мяняецца асэнсаванне сябе ў грамадстве: яно становіцца больш дарослым, літаральна па кожным прадмеце з’яўляецца новы педагог са сваёй манерай гаварыць, сваімі патрабаваннямі і тэмпам урока. Для дзіцяці гэта стрэс. І неабходна, каб гэты пераходны перыяд прайшоў небалюча, непрыметна. Створаны намі электронны сродак навучання на гэта і накіраваны. Ён носіць гульнявы характар і прызваны палегчыць работу і дзецям, і настаўнікам.

— Чым адметны ЭСН у змястоўным і тэхнічным плане? Якія аўтарскія знаходкі знайшлі ў ім сваё адлюстраванне?
Ала НЕДБАС:
— Электронны адукацыйны рэсурс змяшчае шэраг прэзентацый MS PowerPoint: гульні; загадкі, якія скампанаваны па тэмах (пра жывёл, пра расліны, пра з’явы прыроды, пра прадметы, пра герояў казак); крыжаванкі; літаратурныя размінкі, якія прадстаўлены раздзеламі “Паэтычныя забавы”, “Злучы прозвішча аўтара з назвай твора”; прыказкі і прымаўкі. Тут можна знайсці прэзентацыі аб славутых людзях Беларусі, эпіграфы-выказванні вядомых беларускіх пісьменнікаў. Спатрэбяцца педагогам і фізкультхвілінкі, падабраныя па пэўных тэмах.
У дапаможніку змешчана вялікая колькасць рэбусаў. У іх зашыфраваны так званыя словы-залацінкі, якія мы ў штодзённым жыцці не ўжываем, але яны па сваёй сутнасці з’яўляюцца вельмі цікавымі. Тут прадстаўлены беларускія песні ў фармаце МР3, мультфільмы на беларускай мове (“Як служыў жа я ў пана”, “Выцінанка-выразанка”, “Чаму чорт дзетак калыша”, “З рога ўсяго многа” і інш.). Мы часта сутыкаемся з тым, што вучні зусім не ведаюць, як знешне выглядаюць нашы пісьменнікі. Гэты сродак змяшчае іх партрэты.
Амаль увесь матэрыял, прадстаўлены ў прэзентацыях, пададзены і ў фармаце Microsoft Word , што дае магчымасць выкарыстоўваць яго як раздатачны матэрыял для самастойнай работы вучняў. Тэставыя заданні вучань можа раздрукаваць і з бацькамі альбо самастойна выканаць. Пры націсканні на прыхаваныя сімвалы з’яўляецца чырвоная фігурка насупраць адказу, які з’яўляецца правільным.
Наш адукацыйны прадукт створаны ў праграме AutoPlayMediaStudio. Ён захоўваецца як дакумент, які адкрываецца аўтаматычна. І чытацца можа на любым камп’ютары, не патрабуючы ўстаноўкі спецыяльных праграм. Для знаёмства са зместам і размяшчэннем інфармацыі на дыску маюцца два навігатары: першы прадстаўлены ў выглядзе схемы, а другі — тэкставае апісанне матэрыялаў дыска. Гэта дапаможа любому карыстальніку з лёгкасцю арыентавацца і знаходзіць патрэбную інфармацыю. Акрамя таго, значок Microsoft Word побач з клавішай блока сведчыць пра тое, што ў гэтым блоку дадзены матэрыял прызначаецца да друку.
Цікавая знаходка — курсоры навядзення, якія дазваляюць зрабіць працэс карыстання дыскам максімальна простым. Так, пры навядзенні на кнопку курсор “рука” сведчыць аб наяўнасці інфармацыі ў фармаце MS PowerPoint, курсор “акустыка” — аб інфармацыі ў фармаце МР3, курсор “медыя” — аб інфармацыі ў фармаце МР4. На кожнай старонцы дапаможніка ёсць акенца “Выхад”, і яно вяртае карыстальніка на галоўную старонку.

— Як настаўніку неабходна працаваць з дапаможнікам? Якія вынікі работы з ім вы назіраеце?
Таццяна БАЙРАШ:
— З матэрыялам, што змешчаны ў дапаможніку, можна працаваць як на ўроках, так і на факультатыўных занятках, у пазаўрочны час. Пэўныя блокі праграмнага прадукту можна выкарыстаць і настаўнікам 1—3 класаў, бо тэмы, звязаныя з народнай творчасцю, прысутнічаюць у кожным класе. Так, напрыклад, я праводзіла адкрыты ўрок у 3 класе па тэме “Беларуская народная казка”. У якасці аднаго з элементаў урока вучням было прапанавана заданне: пазнаць герояў казкі. Вучні разгадвалі загадкі, змешчаныя ў дапаможніку, была арганізавана гутарка, у якой пачаткоўцы ўзгадвалі рускія народныя і замежныя казкі. Альбо такая форма работы: вучням быў прадэманстраваны пачатак казкі “З рога ўсяго многа” і прапанавана дома зрабіць свой працяг гэтага мультфільма. На наступны ўрок дзеці падрыхтавалі малюнкі і потым перад класам расказвалі пра тое, што яны намалявалі.
Літаратурныя размінкі, размешчаныя ў ЭСН, дазваляюць пашырыць слоўнікавы запас дзяцей, даюць магчымасць паспрабаваць ім свае сілы ў вершаскладанні. Інтэлектуальная гульня “Вусная народная творчасць” (аналаг “Сваёй гульні”) прыйдзецца вельмі дарэчы для выкарыстання на Тыдні беларускай мовы, а яе элементы можна прымяніць на ўроку пры падагульненні матэрыялу. Гэта дазволіць настаўніку бачыць, што вучнямі засвоена, а на што неабходна звярнуць увагу ў далейшым.
Ала НЕДБАС:
— Практыка сведчыць, што выкарыстанне нашага электроннага адукацыйнага прадукту павышае насычанасць вучэбных заняткаў, робіць іх нестандартнымі, нагляднымі, запамінальнымі, а таксама эканоміць час настаўніка. Вучням гэты прадукт дазваляе знайсці матэрыял для выканання самастойных творчых заданняў, якасна падрыхтавацца да вучэбных заняткаў, разнастаіць свой вольны час.
Псіхолагам школы было праведзена даследаванне, у якім быў выкарыстаны крытэрый Вілкаксана, што дазваляе прасачыць развіццё камунікатыўных кампетэнцый кожнага вучня. Школьнікам, якія рэгулярна працавалі з ЭСН, быў прапанаваны тэкст і пытанні да яго аналізу. Высветлілася, што ў дзяцей назіраецца станоўчая дынаміка. Вучні сталі больш свабодна размаўляць на роднай мове, выказваць свае думкі. Пераказы і сачыненні сталі больш паслядоўнымі, лагічнымі, звязнымі, у іх назіраецца менш русізмаў. Дзеці ахвотна прымаюць удзел у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, розных творчых конкурсах. Прычым на апошніх яны сталі выбіраць менавіта беларускую мову. Таму нашу работу спыняць не будзем.

— А якія планы на бліжэйшы час?
Таццяна БАЙРАШ:
— Мяркуем распрацаваць электронны адукацыйны рэсурс на роднай мове (магчыма, сайт), на якім будуць размешчаны матэрыялы для бацькоў, вучняў і настаўнікаў. Бо калі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу аб’яднаюць намаганні, тады будуць рэалізаваны пастаўленыя мэты. Хочацца насыціць гэты рэсурс сапраўды цікавым матэрыялам. Напрыклад, мастацкімі і мультыплікацыйнымі фільмамі на беларускай мове. Дарэчы, пачатак фільматэцы паклаў фільм “Астэрыкс і Абелікс” у перакладзе. З калегамі хочацца падзяліцца выкарыстаннем тэхнікі фарміравання актыўна-прадуктыўнага чытання. Гэтая тэхніка дазваляе плённа працаваць на ўроку, захапляць як моцных, так і слабых вучняў.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Рашаць задачы, як арэшкі лузаць

Многія навучэнцы не любяць рашаць задачы па матэматыцы. Даволі часта дзіця, бегла праглядзеўшы ўмову задачы, адразу пачынае працаваць з лікамі, не ўдумваючыся ў яе змест, і затрачвае ўпустую шмат часу. Іншы раз сустракаюцца выпадкі, калі навучэнец паказвае выдатныя веды ў галіне тэорыі, ведае ўсе азначэнні, але пры рашэнні задач заблытваецца. Няўменне рашаць задачы, няведанне метадаў падыходу да іх рашэння стварае ў дзіцяці адмоўныя адносіны да матэматыкі, а страта інтарэсу нараджае няўпэўненасць у сваіх сілах. Настаўніцай матэматыкі сярэдняй школы № 130 Мінска Аксанай Аляксандраўнай Цярэшка ў суаўтарстве з дацэнтам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі БДПУ імя Максіма Танка кандыдатам педагагічных навук Вольгай Мікалаеўнай Пірутка распрацаваны электронны вучэбны дапаможнік “Метады рашэння тэкставых задач” для 5—6 класаў, які дазваляе фарміраваць у вучняў навыкі рашэння задач, выкарыстоўваючы дыферэнцыраваны падыход.

— Рашэнне тэкставых задач арыфметычным спосабам заўсёды выклікала ў навучэнцаў вялікія цяжкасці. Вучэбнай праграмай на рашэнне задач адводзіцца не так многа часу, а самі задачы ўключаны ў падручнікі амаль пасля кожнага параграфа, — адзначае А.А.Цярэшка. — Акрамя таго, існуючыя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па матэматыцы не разлічаны на навучэнцаў з рознымі ўзроўнямі і спосабамі засваення ведаў. Задачны матэрыял у іх прадстаўлены неўпарадкаваным у дыдактычным аспекце наборам задач. У выніку, каб забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да арганізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, педагогу трэба падбіраць задачы з іншых дадатковых крыніц. Таму і ўзнікла ідэя стварэння дапаможніка, які б настаўнік мог выкарыстоўваць для навучэнцаў з рознымі магчымасцямі.
Работа над электронным сродкам навучання пачалася яшчэ падчас вучобы Аксаны Аляксандраўны ва ўніверсітэце (дарэчы, В.М.Пірутка выступіла навуковым кіраўніком яе дыпломнай работы): былі прааналізаваны наяўныя вучэбныя дапаможнікі па матэматыцы, прарэшаны і сістэматызаваны задачы з іх, складзены алгарытмы.
Створаны электронны дапаможнік прызначаны для фарміравання абагульненых прыёмаў рашэння тэкставых задач у навучэнцаў з рознымі ўзроўнямі і спосабамі засваення ведаў. У яго аснову пакладзена распрацаваная класіфікацыя тэкставых задач, падставай для якой з’яўляецца менавіта метад рашэння.
Дапаможнік змяшчае апісанне дзесяці метадаў рашэння тэкставых задач. Гэтыя метады ахопліваюць усе тыпы задач, прадстаўленыя ў 5—6 класах: задачы на рух, на суму і рознасць, на суадносіны, на часткі (дробы) ад цэлага, на працэнты, на залежнасць паміж колькасцю і коштам, на выключэнне аднаго шукаемага з двух заменай яго іншым і г.д. Спачатку даецца сціслае апісанне метаду, разглядаецца рашэнне канкрэтнай задачы гэтым метадам з дапамогай відэароліка, у якім рашэнне задачы прадстаўлена ў форме “пытанне — адказ”, фарміруецца алгарытм рашэння задач дадзенага класа, прапаноўваюцца задачы для самастойнага прымянення навучэнцамі сфарміраванага алгарытму. Аўтарамі прадугледжаны розныя па ўзроўні складанасці задачы, задачы, у якіх залежнасць паміж велічынямі прадстаўлена ў замаскіраваным выглядзе. Прапанаваны таксама і задачы з вучэбнага дапаможніка для 5 класа пад рэдакцыяй Л.Б.Шнэпермана.
Так, напрыклад, у ЭСН навучэнцы могуць пазнаёміцца з метадам рашэння задач тыпу “Знаходжанне лікаў па суме і рознасці”. Спачатку даецца сціслае апісанне задачы: да задач гэтага тыпу адносяцца задачы, у якіх вядомы сума і рознасць значэння велічынь. Потым прапаноўваецца канкрэтная задача: “У двух кошыках 80 баравікоў, у першым кошыку на 10 баравікоў менш, чым у другім. Колькі баравікоў у кожным кошыку?” Рашэнне гэтай задачы прапаноўваецца ў выглядзе відэароліка. На падставе рэшанай задачы складаецца алгарытм рашэння задач разглядаемага тыпу, які суправаджаецца фрэймам.
Алгарытм выглядае наступным чынам:
1. Высветліць, аб якіх велічынях ідзе гаворка ў задачы.
2. Назваць залежнасць паміж значэннямі велічынь, указаць, якія значэнні неабходна знайсці.
3. Назваць суму і рознасць значэнняў велічынь.
4. Ураўнаваць значэнні велічынь. Знайсці падвоенае значэнне меншай велічыні (з сумы адняць рознасць). Калі складаемых некалькі, то ўраўнаваць усе значэнні, зводзячы іх да аднаго.
5. Ведаючы падвоенае меншае значэнне велічыні, знайсці меншае значэнне велічыні (падвоенае значэнне падзяліць на два). Калі складаемых некалькі, то атрыманую суму падзяліць на колькасць складаемых.
6. Выкарыстоўваючы рознасць і значэнне меншай велічыні, знайсці большае значэнне велічыні. Калі складаемых некалькі, то знайсці ўсе складаемыя, выкарыстоўваючы рознасці значэнняў велічыні.
— Першыя два пункты з’яўляюцца абагульненымі прыёмамі пошуку рашэння задачы. Гэтыя абагульненыя прыёмы аднолькавыя для ўсіх тыпаў задач. І гэта добра ведаюць мае выхаванцы. А наступныя пункты з’яўляюцца абагульненымі прыёмамі рашэння задачы ў працэсе авалодання канкрэтным метадам, у дадзеным выпадку “Знаходжанне лікаў па суме і рознасці”, — тлумачыць настаўніца.
Далей вучні выбіраюць шлях засваення абагульненых прыёмаў пры рашэнні задач дадзенага класа: самастойна прымяняюць алгарытм. І гэты працэс ажыццяўляецца з дапамогай арганізацыі дыферэнцыраванага навучання па трох узроўнях.
Першы ўзровень: вучань самастойна прымяняе алгарытм да рашэння задачы ці выкарыстоўвае іншыя прыёмы рашэння задач. Гэты ўзровень прызначаны для навучэнцаў з ярка выяўленымі здольнасцямі да пазнавальнай дзейнасці. Пасля паспяховага рашэння першай задачы навучэнцы пераходзяць да рашэння задач са спіса прапанаваных, якія адпавядаюць указанаму метаду. Задачы пададзены з павелічэннем узроўню складанасці. У тым выпадку, калі вучань не атрымаў правільны адказ, яму даецца магчымасць рашэння задачы на другім узроўні.
Другі ўзровень: навучэнцу прапаноўваецца вызначыць, ці належыць задача да дадзенага тыпу. Задаюцца пытанні, якія адпавядаюць першым двум пунктам алгарытму. Гэты ўзровень разлічаны на навучэнцаў, якія не валодаюць абагульненымі прыёмамі ў працэсе авалодання канкрэтнымі метадамі рашэння задач пэўнага тыпу.
Арганізоўваецца дыялог, які змяшчае пытанні настаўніка і прадугледжаныя адказы навучэнца. Так, школьніку прапаноўваюцца пытанні: “Як знайсці суму значэнняў дзвюх велічынь?”, “Якую залежнасць паміж велічынямі вызначаем, калі знаходзім рознасць значэнняў дзвюх велічынь?”, “Значэнне якой велічыні стане вядомым, калі да сумы дадаём рознасць значэнняў дзвюх велічынь?” У тым выпадку, калі навучэнец адчувае цяжкасці і не можа адказаць на гэтыя пытанні, ён пераходзіць да выканання заданняў трэцяга ўзроўню.
Трэці ўзровень: для кожнай задачы са спіса прапанаваных задач школьніку неабходна вызначыць, пра якія велічыні ідзе гаворка, і назваць залежнасць паміж велічынямі ў задачы. Пры ўзнікненні цяжкасцей прапаноўваецца вярнуцца да тэорыі раздзела “Аб велічынях”.
— Як паказвае практыка, цяжкасці ў вучняў выклікае менавіта вызначэнне ва ўмове велічынь і сувязей паміж імі, канкрэтызацыя пры пабудове мадэлі. Таму ў раздзеле “Аб велічынях” навучэнцам тлумачыцца, што пры рашэнні тэкставых задач галоўным ва ўмове задачы з’яўляюцца велічыні і залежнасць паміж імі, а не сюжэты, дзеючыя асобы па ўмове задачы, неістотныя апісанні, — заўважае А.А.Цярэшка.
Па словах Аксаны Аляксандраўны, пры стварэнні электроннага дапаможніка ўлічвалася, што перапрацоўка інфармацыі звязана з рознымі спосабамі яе кадзіравання. Па-першае, слоўна-сімвалічным спосабам: у дапаможніку слоўнай формай абагульненага прыёму рашэння задачы з’яўляецца алгарытм, які на прыкладзе канкрэтнай задачы рэалізоўваецца ў сімвальную форму ў выглядзе анімацыі фрэймаў ці фокус-прыкладаў. Пры неабходнасці навучэнец можа выкарыстаць як алгарытм, так і прааналізаваць этапы рашэння задачы, рэалізаванага з дапамогай анімацыі. Па-другое, візуальны спосаб: у дапаможніку выкарыстоўваюцца мадэлі і іншыя наглядныя характарыстыкі вывучаемых аб’ектаў, вылучаюцца састаўныя элементы нагляднага ці мысленнага вобраза. Тут прапаноўваюцца анімацыя, прэзентацыі, якія з’яўляюцца мадэлямі сюжэта задач, з дапамогай якіх рэалізоўваецца алгарытм рашэння. Па-трэцяе, прадметна-практычны спосаб: апора на жыццёвы вопыт навучэнцаў для стварэння фокус-прыкладаў, метафар. Пры рашэнні сюжэтнай задачы яе ўмова прадстаўлена з дапамогай анімацыі, выкарыстоўваюцца карцінкі, якія адлюстроўваюць яе сюжэт. І апошні, сенсорна-эмацыянальны спосаб кадзіравання: выкарыстоўваюцца прыклады, накіраваныя на эмацыянальную рэакцыю школьніка на вывучаны матэрыял. Разглядаюцца задачы на сітуацыі, у якіх навучэнцы могуць праяўляць пазнавальную актыўнасць, фантазію, вынаходніцтва. Напрыклад, пры фарміраванні прыёмаў рашэння задач з дапамогай метаду “Выключэнне аднаго шукаемага з двух заменай яго іншым” разглядаецца задача з апавядання А.П.Чэхава “Рэпетытар”. Інсцэніруецца сюжэт прапанаванай задачы з мэтай складання алгарытму рашэння задач дадзенага тыпу. У выніку сама задача становіцца метафарай пры вывучэнні гэтага метаду.
Вось ужо другі год настаўніца прымяняе электронны дапаможнік на ўроках і факультатыўных занятках, задае задачы з яго і ў якасці дамашняй работы. У выніку кожны навучэнец пры вывучэнні матэрыялу затрачвае столькі часу, колькі яму неабходна з улікам асаблівасцей засваення ведаў. Часта сам вучань самастойна выбірае заданні рознага ўзроўню. Пры навучанні рашэнню тэкставых задач у навучэнцаў, падкрэслівае Аксана Аляксандраўна, фарміруюцца такія абагульненыя прыёмы пазнавальнай дзейнасці, як вылучэнне галоўнага, аналіз і сінтэз, параўнанне, класіфікацыя, пошук рашэння задачы, авалоданне канкрэтным метадам рашэння задач пэўнага тыпу. Дзеці адзначаюць, што з дапамогай алгарытмаў ім прасцей даюцца задачкі, ды і паспяховасць школьнікаў павысілася. А таму аўтары-распрацоўшчыкі дапаможніка плануюць пашырыць яго, узяўшы пад увагу вучэбныя дапаможнікі для 5 класа Л.Латоціна, Б.Чабатарэўскага і для 6 класа пад рэдакцыяй Л.Б.Шнэпермана.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Масавая вучэбная кніга

Сучасная сістэма адукацыі дыктуе новыя формы і метады работы настаўніка, якія дазваляюць актывізаваць вучэбную матывацыю вучняў. У пагоні за новымі педагагічнымі тэхналогіямі, у намаганнях зрабіць урок “спектаклем” часта губляюцца формы работы з вучнямі, якія смела можна аднесці да класічных, якія правераны багатым вопытам многіх лепшых педагогаў. Часам прыходзіцца назіраць, як выкарыстанне, напрыклад, няўдала створанай, а то і проста ўзятай з інтэрнэту прэзентацыі на ўроку не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі, толькі выконвае забаўляльную ролю.

На мой погляд, многія традыцыйныя формы работы не страцілі сваёй значнасці і ў наш час. Адной з такіх форм з’яўляецца работа з падручнікам.
У дыдактыцы тэрмін “падручнік” мае на ўвазе масавую вучэбную кнігу, якая выкладае прадметны змест адукацыі і вызначае віды дзейнасці, прызначаныя школьнай праграмай для абавязковага засваення вучнямі з улікам іх узроставых асаблівасцей.
Падручнік выступае ў ролі галоўнай крыніцы пабудовы ўсяго вучэбнага працэсу настаўнікам. Яго матэрыял складае большую, а часам і ўсю праграму сумеснай з вучнямі дзейнасці. Падручнік прызначаны ў першую чаргу для кожнага вучня, аднак значную дапамогу ён аказвае настаўніку. Яшчэ К.Д.Ушынскі заўважыў: “Пры добрым падручніку і разважлівым метадзе пасрэдны настаўнік можа быць добрым, без таго і другога лепшы педагог… доўга, а, можа, і ніколі не стане на сапраўдны шлях”.
У метадычнай літаратуры можна знайсці вялікую колькасць магчымых форм работы з падручнікам. Хочацца звярнуць увагу на той факт, што значным патрабаваннем сучаснага ўрока з’яўляецца правільнае вызначэнне настаўнікам задач урока, іх умелая рэалізацыя. Таму толькі загадзя прадуманы ўрок мае значнасць.
Падручнік носіць нарматыўны характар, але разам з тым канкрэтная вучэбная сітуацыя вызначае спосаб і аб’ём выкарыстання закладзенага ў ім матэрыялу. Таму настаўніку прыходзіцца пры распрацоўцы ўрока вырашаць праблему аб інварыятыўным (які нельга змяніць) і варыятыўным (зменным) змесце матэрыялу, які вывучаецца. Інварыятыўны матэрыял складае ядро кожнай тэмы. Галоўнае праяўляецца праз азначэнні, тэрміны, паняцці, змест якіх раскрываецца ў адпаведным тэксце. Настаўніку неабходна дакладна выдзяліць ядро тэмы ў падручніку, звярнуць увагу вучняў на асноўныя палажэнні тэмы. Педагог мае права распрацаваць найбольш прымальны ў канкрэтнай вучэбнай сітуацыі варыянт выкладання матэрыялу, аддзяляючы варыятыўнае ад нязменнага.
Адна з важных задач падручніка — забяспечыць высокую інфарматыўнасць тэксту. У большасці падручнікаў інфармацыя падаецца ў сціслым выглядзе. Вучням дастаткова вывучыць прапанаваны падручнікам матэрыял, успомніць тлумачэнні, дапаўненні настаўніка, каб грунтоўна засвоіць тэму. Таму педагог павінен не проста выкладаць прапанаваны матэрыял, а даваць дадатковую інфармацыю. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць тлумачэнню незразумелых слоў, выразаў. Узровень падрыхтоўкі класа розны, у той час як падручнік прыводзіць адзінае тлумачэнне. Задача настаўніка — дапамагчы кожнаму вучню разабрацца ў новым матэрыяле.
У залежнасці ад этапу ўрока работа з падручнікам можа быць арганізавана па-рознаму. Адным з вызначальных звёнаў гэтай работы на любым этапе ўрока з’яўляецца актыўны ўдзел вучняў, а не пасіўнае ўспрыманне матэрыялу.
Пры вывучэнні новага матэрыялу вучні працуюць з падручнікам пад кіраўніцтвам настаўніка. Прыёмы і формы работы вызначаюцца зместам матэрыялу, які вывучаецца. Гэта можа быць складанне плана, канспекта, тэзісаў параграфа, знаходжанне ў падручніку адказу на пастаўленае пытанне і тлумачэнне яго сваімі словамі, устанаўленне сувязей паміж асобнымі тэмамі, жыццёвай практыкай, прывядзенне сваіх прыкладаў.
У добра падрыхтаваным класе настаўнік можа даць некаторую частку тэксту для самастойнага вывучэння. Аднак педагогу загадзя неабходна вызначыць тэму, мэту і задачы ўрока, звярнуць увагу вучняў на тыя пытанні, якія яны павінны засвоіць (часам карысна іх запісаць на дошцы або аформіць у форме табліцы), а таксама даць падрабязныя парады аб правядзенні самастойнай работы. Настаўніку варта назіраць за ходам самастойнай дзейнасці вучняў, задаваць некаторым з іх пытанні, выяўляючы, як яны разумеюць матэрыял. У выпадку цяжкасцей неабходна дапамагчы ім разабрацца ў незразумелых палажэннях.
Часам самастойнай рабоце з падручнікам можа папярэднічаць дэманстрацыя доследаў і наглядных дапаможнікаў з мэтай стварэння на ўроку праблемнай сітуацыі і стымулявання вучняў да больш удумлівага асэнсавання матэрыялу, які вывучаецца.
Пры замацаванні матэрыялу выкарыстоўваюцца тыя ж формы работы з падручнікам, што і пры вывучэнні новай тэмы. На гэтым этапе яны яшчэ больш канкрэтызуюцца. Настаўнік сам выбірае від практыкавання і яго прызначэнне. Важна навучыць вучняў папярэдне вызначаць правілы, формулы, якія неабходны для выканання практыкавання, знаходзіць адпаведныя заданні з папярэдніх тэм. Пасля выканання кожнай вучэбнай задачы вучань павінен умець падвесці вынік сваёй працы.
Выкарыстоўваючы тую ці іншую форму работы з падручнікам, вучні адначасова звяртаюцца да прыёмаў разумовай дзейнасці — аналізу, сінтэзу, параўнання, абагульнення. Чым складаней прыём работы, тым большая колькасць прыёмаў разумовай дзейнасці хаваецца за ім. Задача настаўніка — выбраць аптымальны варыянт суаднясення прыёмаў вучэбнай і разумовай дзейнасці.
Асаблівая роля належыць такім кампанентам урока, як абагульняючыя заключныя тэксты, заданні, пытанні для паўтарэння. Яны дапамагаюць сістэматызаваць атрыманыя веды.
Выкарыстанне падручніка на ўроку садзейнічае выпрацоўцы навыкаў самастойна рыхтавацца да заняткаў дома. Вучні павінны ведаць, як скласці план адказу, падрыхтаваць канспект, напісаць тэзісы.
Работа з падручнікам ні ў якім разе не павінна займаць увесь урок. Яе трэба сумяшчаць з іншымі формамі і метадамі навучання. Пасля работы з падручнікам неабходна праверыць якасць самастойна засвоенага матэрыялу, даць практыкаванне, якое звязана з выпрацоўкай уменняў і навыкаў.
Настаўнік мае шырокі выбар разнастайных форм і метадаў работы з падручнікам. Галоўнае, каб кожны выбраны метад быў апраўданы і карысны для вучняў.

Наталля ФІЛІПЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Пачапаўскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.

Сучасныя ВМК: інтэрактыўныя і канкурэнтаздольныя

Якімі павінны быць сучасныя вучэбна-метадычныя комплексы? Што павінна ўваходзіць у іх? Якое месца адвесці ў структуры ВМК электронным адукацыйным рэсурсам? Як зрабіць іх канкурэнтаздольнымі, адпавядаючымі патрэбам грамадства? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на рэспубліканскім семінары “Вучэбна-метадычны комплекс па прадметах прыродазнаўча-навуковага цыкла і матэматыцы ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі”, які прайшоў на базе сталічнай гімназіі № 23 пад старшынствам дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка. У семінары прынялі ўдзел вучоныя, метадысты, настаўнікі-практыкі, аўтары вучэбных выданняў. Меркаванні некаторых удзельнікаў мерапрыемства мы прапануем увазе чытачоў.

Яўген Якаўлевіч АРШАНСКІ, прафесар кафедры хіміі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, доктар педагагічных навук:
— Паколькі пытанні тэорыі ВМК распрацаваны дастаткова слаба, дазвольце выказаць сваё аўтарскае бачанне гэтай праблемы. У шырокім разуменні мадэль сучаснага ВМК убірае ў сябе вельмі многа складнікаў. Гэта ўжо не той вучэбна-метадычны комплекс, які ўключаў у сябе стандарт, канцэпцыю, праграму, вучэбныя дапаможнікі і кіраўніцтва для настаўнікаў (хаця ўсё гэта складае касцяк любога ВМК). Асноўнымі рысамі гэтага комплексу з’яўляюцца наяўнасць ядра — асноўнай часткі, інфармацыйны лішак варыятыўнай часткі, адкрытасць і мабільнасць. У мадэлі сучаснага ВМК мэтазгодна вылучаць тры асноўныя кампаненты: нарматыўны, вучэбны і метадычны, якія ў сваю чаргу складаюцца з асноўных, дапаможных і дадатковых элементаў. Так, нарматыўны кампанент па вертыкалі ўключае ў сябе канцэпцыю, адукацыйны стандарт, праграмы вучэбнага прадмета (асноўныя элементы), праграмы факультатыўных заняткаў (дапаможныя элементы) і інструктыўна-метадычныя матэрыялы (дадатковыя элементы). Гэта тая нарматыўная частка, якую атрымлівае настаўнік. Другая частка — вучэбная — тая частка, якой у большай ступені карыстаюцца вучні: падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, рабочыя сшыткі, электронныя ВМК, распрацаваныя НІА, кантрольна-вымяральныя матэрыялы (асноўныя элементы), вучэбныя дапаможнікі для факультатыўных заняткаў (дапаможныя элементы), дадатковая вучэбна-пазнавальная літаратура, энцыклапедыі, часопісы і г.д. (дадатковыя элементы). Метадычная частка ўключае ў сябе каляндарна-тэматычнае планаванне, якое мае рэкамендацыйны характар, дапаможнікі для настаўнікаў (асноўныя элементы), праграмы правядзення факультатыўных заняткаў, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, рэкамендацыі па выкарыстанні электронных сродкаў навучання і наглядныя дапаможнікі (дапаможныя элементы), навукова-метадычныя часопісы, педагагічныя газеты, разнастайныя матэрыялы для педагогаў (дадатковыя элементы). Такі вось ВМК уяўляецца дастаткова шырокім. У яго мадэлі знайшлося месца таму, што зроблена зараз і што будзе ў перспектыве.
Мяркую, што школьны падручнік сёння не можа разглядацца як крыніца ведаў, ён павінен перш за ўсё разглядацца як крыніца фарміравання навыкаў самастойнай работы. Адсюль цэлы комплекс функцый падручніка. Сёння яго трэба разглядаць як вучэбную сістэму, якая кіруе дзейнасцю настаўніка і навучэнцаў (пра гэта гаворыць большасць дыдактаў). Натуральна, мэта навучання вызначае прадметны змест дапаможніка, які ў сваю чаргу вызначае і метады навучання, і сродкі, і ў пэўнай ступені арганізуе вучэбную дзейнасць навучэнцаў. Асноўныя ідэі пабудовы інавацыйнага падручніка — па-першае, уключэнне ў падручнік не проста асноў адпаведнай навукі, а яе найбольш важных складнікаў. Тут прамы выхад на спалучэнне прынцыпаў навуковасці і даступнасці. Па-другое, разумныя суадносіны тэарэтычнага і фактычнага матэрыялу. Гэта найбольш складаная праблема прадметных дыдактык: калі ўзмацняецца тэарэтычны матэрыял, то падручнік пераўтвараецца ў догму, калі ўзмацняецца фактаж, то падручнік набывае апісальны характар, пакутуе фарміраванне сістэмнага мыслення навучэнца. Па-трэцяе, шырокая апора на міжпрадметныя сувязі (ліквідацыя дубліравання вучэбнага матэрыялу і прадукцыйны дыялог методык прадметнага навучання). Па-чацвёртае, змяненне формы выкладання вучэбнага матэрыялу. Сучасны падручнік у некаторай ступені павінен папулярызаваць вучэбны матэрыял, узмацняць яго займальнасць. Па-пятае, прад’яўленне падручніка як метадычнага дапаможніка для навучэнцаў у напрамку пошуку новых ведаў. Падручнік павінен быць арыентаваны не на нейкую ўсярэдненую асобу, а ствараць аснову для рэалізацыі дыферэнцыраванага навучання (як у самім тэксце, так і праз сістэму заданняў).

Ірына Мікалаеўна ВАСІЛЬЕВА, начальнік упраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій Нацыянальнага інстытута адукацыі:
— Сёння ў цэлым меркаванне педагагічнай грамадскасці адзінае: ВМК павінен адпавядаць сучасным патрабаванням, быць гнуткім, каб своечасова абнаўляцца, мець магчымасці для настройкі на розны ўзровень рэсурснага забеспячэння ўстановы і на індывідуальны выбар адукацыйнай траекторыі навучэнцаў. Аднак да сённяшняга часу няма адзінага меркавання наконт таго, што ж па сваёй сутнасці павінен уяўляць інтэрактыўны ВМК. З аднаго боку, прадстаўнікі класічнага падыходу мяркуюць, што менавіта друкаваны падручнік павінен стаць сродкам падрыхтоўкі навучэнца. Гэты падручнік можа быць пашыраны пэўнымі лічбавымі рэсурсамі, якія былі б размешчаны ў адным месцы. Зараз складана сказаць, дзе тое самае месца. Гэта дыск, які ўкладваецца ў падручнік, ці гэта, напрыклад, пэўнае віртуальнае сховішча — адукацыйнае воблака, якое першапачаткова закладзена ў канцэпцыі інфарматызацыі адукацыі. Гэтае адукацыйнае воблака сёння педагогам проста неабходна. Таму мы імкнёмся зрабіць яго на нацыянальным адукацыйным партале сваімі сіламі. Творчыя педагогі могуць пасупрацоўнічаць з намі! Прадугледжваецца, што гэтае адукацыйнае воблака будзе змяшчаць у сабе цэнтр апрацоўкі даных, дзе будуць знаходзіцца праграмныя прадукты па вучэбных прадметах. Прычым для работы з імі не спатрэбіцца інтэрнэт, бо ацаніць глыбіню, ступень праўдзівасці матэрыялаў у інтэрнэце можа не кожны.
З іншага боку, прадстаўнікі інавацыйнай адукацыі лічаць, што ў век распаўсюджання інтэрнэту і інфарматызацыі адукацыйнай прасторы неабходнасць у традыцыйным падручніку адпала натуральным чынам. Сучаснаму вучню замест падручніка неабходны комплекс электронных рэсурсаў, які змяшчае як энцыклапедычную інфармацыю, так і трэнажоры — г.зн. комплекс пазнавальных матэрыялаў, заданняў, практыкаванняў, якія стымулююць самаадукацыйную дзейнасць навучэнцаў і садзейнічаюць фарміраванню прадметных ведаў, уменняў і навыкаў. Узнікае пытанне: на якім устройстве павінен узнаўляцца гэты сучасны вучэбна-метадычны сродак. Безумоўна, не на рыдары. Таму што ўся дыдактычная каштоўнасць інтэрактыву адразу ж знікае. Патрэбны сучасны сродак — планшэтны камп’ютар, ноўтбук.
Фарміраванне ВМК новага пакалення магчыма ажыццяўляць двума шляхамі. З аднаго боку, будзе адбывацца развіццё існуючых нялічбавых ВМК за кошт іх пашырэння наборамі інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў. Эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей ІКТ шырокім колам настаўнікаў, які працуюць па пэўных падручніках, магчыма толькі тады, калі лічбавыя носьбіты дакладна прывязаны да гэтых падручнікаў. З іншага боку, магчыма стварэнне інавацыйных ВМК. Яны павінны быць пабудаваны на новых педагагічных тэхналогіях, на дзейсным падыходзе, фарміраванні новых кампетэнцый і арыентаваны на новыя формы прадстаўлення вучэбнага матэрыялу, арганізацыі педагагічнага працэсу. Такія інавацыйныя комплексы прызначаны для творчага настаўніка, здольнага самастойна будаваць працэс навучання. Важным прынцыпам стварэння ВМК павінна стаць адкрытасць, якая прадугледжвае магчымасць выкарыстання іх рэсурсаў у матэрыялах, што ствараюцца настаўнікам і навучэнцамі, магчымасць распрацоўкі з дапамогай інструментаў ВМК новых рэсурсаў, якія пашыраць гэты комплекс, і г.д.
На маю думку, сёння ў аснове адукацыйнага працэсу павінен быць пастаўлены падручнік на друкаванай аснове, які б быў распрацаваны па аналогіі з падручнікам-навігатарам, што створаны ў Расіі і ў якім прадстаўлены параграфы з адпаведнымі гіперспасылкамі, значкамі, што адсылаюць на электронны дыск — дадатак да падручніка. На гэтым дыску засяроджана ўсё, што навучэнцу трэба паглядзець, паслухаць, выканаць. Мяркую, трэба думаць пра тое, якім чынам зрабіць друкаванае выданне сучасным, інтэрактыўным і цікавым не толькі для вучня, але і для педагога.

Ірына Віктараўна БАГАЧОВА, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— АПА валодае ўнікальным рэсурсам — педагогамі. У нас у рэспубліцы творчых актыўных педагогаў дастаткова многа. І ў іх ёсць чаму павучыцца. Клуб “Крыштальны журавель” налічвае 54 удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў педагагічнага майстэрства розных гадоў. Новую кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” атрымаў ужо 101 педагог. Гэтыя настаўнікі гатовы вучыць адно аднаго і іншых. І ў нас праходзяць курсы і семінары, дзе адны практыкі вучаць другіх. Напрыклад, зусім нядаўна настаўнік замежнай мовы вучыў настаўнікаў геаграфіі распрацоўваць уласныя сродкі для інтэрактыўнай дошкі. Давайце супрацоўнічаць з настаўнікамі! Супрацоўнічаць на ўзроўні аўтарскіх калектываў. Раней на семінарах, курсах у нас была практыка абмеркавання настаўнікамі падручнікаў, якія яшчэ не былі выдадзены і толькі рыхтаваліся да друку. Педагогі-практыкі ўносілі свае прапановы, карэкціравалі, шчыльна працавалі з аўтарамі. Мы гатовы і ў далейшым супрацоўнічаць такім чынам. Мяркую, гэта было б прадукцыйна і пазітыўна.
Лічу, галоўны носьбіт зместу не падручнік, а настаўнік, бо змест — гэта не толькі інфармацыя, але і вопыт дзейнасці, эмацыянальна-каштоўнасных адносін. І таму тое, як працуе настаўнік і які ў яго арсенал метадаў і прыёмаў навучання, таксама ўплывае на якасць вучэбна-метадычнага комплексу.
Толькі што завяршыўся завочны конкурс метадычных распрацовак урокаў, дзе мы атрымалі каля 1000 урокаў педагогаў па розных прадметах. І, на жаль, 99% распрацовак — урокі, дзе няма дзейнасці дзяцей. Ёсць тэкст падручніка ці аўтарскі тэкст настаўніка, але не адлюстравана, што ў гэты час робяць дзеці. І вось праблема арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, яе арыенціровачная аснова, арганізацыя рознаўзроўневага навучання, стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей, эмацыянальна-каштоўнасных адносін — гэта тая частка ВМК, якая павінна быць абавязкова адлюстравана. Гэта можа быць пэўны дапаможнік для настаўнікаў. У Расіі вельмі папулярныя рабочыя сшыткі для педагогаў. Але мы “задыхаемся” без сучаснай методыкі выкладання прадметаў. Калі б у нас былі такая методыка і інструментарый і нам прапісалі, якія кампетэнцыі павінен асвоіць вучань пры вывучэнні той ці іншай тэмы, то ў нас бы знайшліся граматныя біёлагі, хімікі, фізікі, якія б гэта зрабілі.
Я больш за 20 гадоў працую ў секцыі НІА па грыфаванні вучэбнай літаратуры і думаю, што неабходна экспертыза падручнікаў не толькі прадметная, але і дыдактычная. Як гэта робіцца, напрыклад, у Расіі. Гэты аспект, на жаль, у нас адсутнічае, і тут мы натыкаемся на тыя праблемы ў галіне якасці падручнікаў, за якія нас крытыкуюць.
Наспела неабходнасць сёння абмеркаваць канцэпцыю профільнай адукацыі. Даследчы падыход, праектнае, праблемнае навучанне, арганізацыя вучэбнага ўзаемадзеяння навучэнцаў абсалютна не праглядаюцца ў нашых ВМК. Спадзяюся, што гэта пачатак вялікай карпатлівай работы.

Эла Мікалаеўна ЯКУБОЎСКАЯ, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Мінскай вобласці, настаўнік-метадыст:
— Задача сучаснай адукацыйнай сістэмы — не нашпігаваць вучня фундаментальнымі ведамі, большасць з якіх ніколі не будзе запатрабавана ім, а сфарміраваць навыкі паспяховай сацыяльнай адаптацыі і здольнасць да самаадукацыі. Гэта асабліва важна ва ўмовах, калі ідзе хуткая змена інфармацыі і традыцыйныя падручнікі проста не могуць адлюстроўваць змены, якія адбываюцца. Адсюль і новыя адносіны да падручніка — як навігатара атрымання ведаў. Калі гаварыць пра вучэбныя дапаможнікі па фізіцы, то, на маю думку, яны павінны адпавядаць патрэбам як настаўніка, так і навучэнца. І для старшых класаў, на мой погляд, павінны быць асобныя падручнікі для базавага і профільнага ўзроўню. І справа не ў аб’ёмах матэрыялу. Пры выкладанні на профільным узроўні вялікая ўвага павінна ўдзяляцца фарміраванню ў школьнікаў фізічных паняццяў на аснове назіранняў фізічных з’яў, выкананню навучэнцамі самастойных доследаў і эксперыментаў з наступным аналізам іх вынікаў і развіццю ўменняў прымяняць на практыцы тэарэтычныя веды, якія атрыманы на ўроку. Мова дапаможніка для профільных класаў больш складаная. Дзеці ў профільных класах больш матываваныя, таму гатовыя да чытання вялікіх тэкстаў і далейшага іх прымянення. Пры вывучэнні фізікі на базавым узроўні аб складаных рэчах трэба гаварыць простай і даступнай мовай. Трэба імкнуцца да спрашчэння, але не прымітывізацыі. Больш паказваць сувязь фізікі з іншымі галінамі чалавечай дзейнасці, шматлікімі прыкладамі прымянення фізічных законаў для тлумачэння з’яў прыроды, рэалізацыі фізічных ідэй у канкрэтных прыборах і ўстройствах. І зборнікі задач таксама павінны быць рознымі. У профільных класах няма неабходнасці рашаць задачы першага і другога ўзроўню ў вялікай колькасці. З гэтага года колькасць зборнікаў павялічылася, з’явіліся ў рэшце рэшт тыя, якія можна выкарыстоўваць у класах фізіка-матэматычнага профілю без дадатковага прыцягнення двух-трох зборнікаў паралельна. На жаль, якасць зборнікаў, якія выдаюцца, вымушае жадаць лепшага. Разлічаныя для выкарыстання на працягу як мінімум трох гадоў, яны распадаюцца ўжо праз месяц актыўнага карыстання. Магчыма, будуць створаны падручнікі, прыдатныя для работы ў некалькіх профілях — у класах з рознымі мэтамі навучання і розным узроўнем падрыхтоўкі навучэнцаў. Работа па такіх падручніках можа весціся па кожным профілі на сваім узроўні. Але, на маю думку, гэта несумненна адаб’ецца на аб’ёме падручніка. І да таго ж дробны шры фт не заўсёды хочацца чытаць дзецям. Мне як настаўніку фізікі хацелася б мець гатовыя камп’ютарныя праграмныя прадукты. Гаворка ідзе не аб прэзентацыях, якіх хапае на прасторы інтэрнэту па любых тэмах і любога ўзроўню. Мультымедыйныя сродкі ў большасці сваёй распрацаваны і прадстаўлены расійскімі распрацоўшчыкамі, і анатаваны каталог электронных адукацыйных рэсурсаў па фізіцы, прадстаўлены на нацыянальным адукацыйным партале, задавальняе запыты любога ўзроўню. Я маю на ўвазе недахоп кантрольна-дыягнастычных і інтэрактыўных электронных матэрыялаў: на гэты момант рэкамендаваныя электронныя сродкі навучання галіновага фонду праграмных сродкаў ГІАЦ у рэсурсных цэнтрах аддзелаў адукацыі проста адсутнічаюць.
Распрацовак педагогаў, якія перамаглі на конкурсе “КАІ”, паступае ў аддзелы адукацыі вельмі мала альбо іх там няма зусім. Так, зараз адбыліся пазітыўныя зрухі, і праекты-пераможцы апошніх трох гадоў прадстаўлены на партале НІА. Імі можна карыстацца, але інфармацыя пра іх павінна быць прадстаўлена шырэй, напрыклад, на курсах павышэння кваліфікацыі, на сайтах абласных інстытутаў.
Заданні для інтэрактыўнай дошкі павінны таксама быць прадстаўлены ў медыятэцы ў гатовым выглядзе. Я не выдумляю задачы, а падбіраю іх з розных зборнікаў. Гэтак жа павінна быць з матэрыялам для інтэрактыўнай дошкі. Але інтэрактыўныя матэрыялы зараз настаўнік распрацоўвае сам. І часу на гэта затрачваецца вельмі шмат. Падрыхтоўка да ўрока перарастае ў вечар стварэння задання да інтэрактыўнай дошкі.
Часта даводзіцца чуць скаргі, што без настаўніка навучэнцу цяжка разабрацца самастойна з вучэбным матэрыялам. Так, такое ёсць. Некаторыя дзеці выязджаюць у санаторыі, аздараўленчыя летнікі, дзе не заўсёды праводзяцца вучэбныя заняткі, ды і проста хварэюць, і таму яны надоўга выпадаюць з вучэбнага працэсу. Таму ВМК па фізіцы павінна быць прыгодным для самаадукацыі навучэнцаў.
Асобна хочу закрануць пытанне азнаямлення навучэнцаў з сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, з укладам у развіццё навукі і тэхнікі беларускіх вучоных. Абмежаванасць аб’ёму падручніка патрабуе сцісласці выкладання, патрэбны медыядадаткі. Пагаджуся, што гэты матэрыял можна знайсці ў інтэрнэце. Але, па вялікім рахунку, інтэрнэт — гэта вялікая звалка, на якой можна знайсці ўсё што заўгодна. Вучань мае права выкарыстоўваць розныя шляхі атрымання інфармацыі, але знайсці і ацаніць дакладнасць неабходнай інфармацыі — гэта частка медыяграматнасці, якую мы таксама павінны фарміраваць. Падручнік у гэтых адносінах павінен валодаць бясспрэчным аўтарытэтам. Я разумею, што школьніка больш цікавіць навіна з інтэрнэту, а не параграф падручніка. У падручнік не змесціш усе магчымыя навіны. Магчыма, на адукацыйным партале варта зрабіць дадатак накшталт медыякомпаса, як у шведскіх калег, дзе для настаўнікаў будзе прапанавана актуальная інфармацыя і гатовыя метады і прыёмы яе выкарыстання для выкладання розных прадметаў.
Навучанне фізіцы ў школе ў многім залежыць ад узроўню падрыхтоўкі педагагічных кадраў у сістэме вышэйшай адукацыі. На жаль, апошнія наборы студэнтаў пакідаюць жадаць лепшага. І калі я чую меркаванне, што фізіка — нецікавая, складаная, цяжкая, то вельмі часта прычына далёка не ў падручніках і не ў аснашчанасці кабінетаў. Таму актуальна і неабходна выданне дыдактычных сцэнарыяў урокаў па ўсім курсе фізікі. Маладому спецыялісту неабходны гатовыя мадэлі ўрокаў, на якіх рэалізуецца дзейсны падыход у навучанні. Калі гаварыць пра профільнае навучанне, то асобна павінна быць падрыхтоўка да выкладання прадмета на профільным узроўні.

Сяргей Уладзіміравіч АБЕРГАН, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці, член клуба “Крыштальны журавель”:
— Вучэбна-метадычны комплекс ствараецца з мэтай эфектыўнай арганізацыі розных вучэбных і іншых відаў дзейнасці, павінен утрымліваць лагічна пабудаваныя і адначасова даступныя для разумення сродкі навучання. Вядучая роля сёння адводзіцца памяншэнню аб’ёму падачы пры максімальнай насычанасці інфармацыі, г.зн. ВМК прадстаўляецца як шматкампанентная сістэма, якая прадугледжвае канкрэтную адпаведнасць агульнадыдактычным прынцыпам. У 7—11 класах, дзе выкладаецца хімія, складнікі дзеючага ВМК можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: тэкставыя кампаненты, якія ўяўляюць сабой падручнікі, зборнікі задач, разнастайныя дапаможнікі для настаўнікаў, дыдактычныя матэрыялы і г.д. і ЭСН. Як паказвае практыка, усе складнікі першай групы лагічна дапаўняюць адно аднаго і маюць фактычна поўны пералік неабходнага для паспяховага засваенння вучэбнай праграмы па прадмеце. Некалькі іншае і неадназначнае ўражанне складваецца пры аналізе ЭСН. На сёння гэта электронная прадукцыя кампаніі “ІНІС-СОФТ”: “Хімія”, 7—11 класы, “Хімічны практыкум” і “Хімія. 10 клас. Металы і неметалы”, якія працуюць у праграмных комплексах “Знак” і “Школьны настаўнік”. Выкарыстоўваюцца і іншыя прадукты: “Майстар-клас настаўніка хіміі” фірмы “Глобус”, вучэбнае электроннае выданне “Віртуальная лабараторыя”, праграма “1С: рэпетытар”. Яшчэ карыстаецца папулярнасцю ў настаўнікаў хіміі электронны зборнік задач, які быў зроблены напрыканцы 90-х. Аднак хуткасць развіцця камп’ютарных тэхналогій аказваецца на самай справе значна вышэйшай, чым хуткасць абнаўлення электронных кампанентаў ВМК. І ў рабочай скарбонцы многіх перадавых педагогаў з’яўляюцца ўсё новыя праграмы, электронныя дапаможнікі, інавацыйныя комплексы як расійскага паходжання, так і створаныя ў іншых краінах, таму часта англамоўныя. Умоўна ўсе праграмныя комплексы і электронныя кампаненты можна падзяліць на некалькі груп: хімічныя калькулятары (праграмы для распрацоўкі каэфіцыентаў ва ўраўненнях хімічных рэакцый), электронныя перыядычныя сістэмы хімічных элементаў (дазваляюць атрымліваць вычарпальную інфармацыю аб хімічных элементах), рэдактары формул і трохмернай хімічнай графікі (вельмі цікавыя праграмы, якія падабаюцца школьнікам, дазваляюць мадэляваць не толькі трохмерныя структуры, але і ствараць слайд-фільмы і дыяфільмы), электронныя даведнікі і памочнікі (хімічныя праграмы, якія прызначаны для розных разлікаў). Гэта адна невялікая частка хімічных праграм. Іх разнастайнасць дае магчымасць настаўніку падабраць менавіта тыя, якія яму неабходны ў вучэбнай дзейнасці, зразумелыя і даступныя, у іх нескладаны інтэрфейс, і знайсці іх на адпаведных рэсурсах проста. Так, у школьным курсе хіміі 9 класа ў раздзеле “Вуглевадароды” прадугледжаны лабараторны вопыт “Выраб шарастрыжнёвых малекул вуглевадароду”, падобная работа ёсць і ў 10 класе. І калі гэтая работа для дзевяцікласнікаў уяўляе пэўную цікавасць, то ў 10 класа не вельмі вітаецца навучэнцамі. У выніку прымянення праграмы “Авагадра” вучні з задавальненнем выконваюць работу. Камп’ютарнае мадэляванне адрозніваецца даступнасцю, зразумеласцю, некалькімі рэжымамі нагляднасці. Ці яшчэ адзін прыклад: адна з балючых тэм хіміі — навучанне школьнікаў правільнасці расстаўлення каэфіцыентаў метадам электроннага балансу. Ёсць праграмы, якія дазваляюць навучыць школьнікаў гэта рабіць. Вынікам работы з гэтымі праграмамі з’яўляюцца высокія адзнакі на праверачных работах і добры ўзровень засваення тэмы. І падобных прыкладаў выкарыстання ЭСН можна прыводзіць шмат. Таму, лічу, спецыялістам неабходна дэталёва вывучыць і рэкамендаваць падобныя праграмы як лагічнае дапаўненне да існуючых ВМК. І яшчэ адна прапанова. Зараз практычна ўсе школьнікі карыстаюцца планшэтнымі камп’ютарамі. У залежнасці ад віду аперацыйнай сістэмы нават тыя праграмы, якія рэкамендаваны да выкарыстання, не з’яўляюцца аптымальнымі на найноўшых сістэмах. Ёсць сэнс перавесці частку існуючых хімічных праграм у патрэбны фармат. Чым больш іх будзе, тым правільней будзе прымяненне смартфонаў і планшэтаў.

***

Семінар стаў першай ластаўкай у абмеркаванні праблемы распрацоўкі сучасных вучэбна-метадычных комплексаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі, бо сапраўды ВМК з’яўляецца важнейшым інструментам пераўтварэння школьнага асяроддзя, своеасаблівым рычагом яго мадэрнізацыі. Вось толькі магчыма гэта ў выпадку гатоўнасці і зацікаўленасці ў гэтым педагогаў — як вучоных, так і практыкаў, дзяцей, адміністрацыі школы і іх бацькоў, паколькі патрабуе фінансавых выдаткаў, часу, інтэлектуальных намаганняў.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з уласных архіваў педагогаў.

Калі вучань не можа прыйсці ў бібліятэку, то бібліятэка прыйдзе да яго

Ці можа літаратура стаць канкурэнтам гаджэтаў? Недарэчнае пытанне, пагадзіцеся. Але рэаліі сённяшняга дня такія, што настаўнікам літаратуры даводзіцца змагацца за кожны літаратурны радок. “Дзеці не чытаюць”, — усё часцей канстатуюць яны і працягваюць шукаць новыя ідэі, якія натхняюць на чытанне класічнай мастацкай літаратуры.
“Літаратура — гэта жыццё, гэта нашы штодзённыя ўчынкі, пачуцці, перажыванні”, — гаворым мы. А дзеці хочуць прыгод і містыкі, яны зусім не настроены на аб’ёмны мастацкі змест, які трэба не толькі асвоіць, але яшчэ і прааналізаваць і суаднесці з рэальнасцю. Сітуацыю, якая склалася, можна пераламаць, ідучы ў нагу з часам. “Калі вучань не можа прыйсці ў бібліятэку, то бібліятэка прыйдзе да яго”, — адзначыў настаўнік-філолаг і інфарматык Леанід Іванавіч Адамовіч, які для сваіх вучняў стварыў электронны дапаможнік па рускай літаратуры.

На стварэнне такога электроннага сродку навучання Леаніда Іванавіча натхніла вучэбная праграма па рускай літаратуры, якая была распрацавана ў 2009 годзе. Тады ж былі зацверджаны адукацыйны стандарт і канцэпцыя прадмета “Руская літаратура”.
— Асаблівую цікавасць выклікаў раздзел № 6 канцэпцыі, у якім ішла гаворка пра вучэбна-метадычны комплекс па рускай літаратуры, які закліканы забяспечыць эфектыўную падрыхтоўку і правядзенне ўрокаў літаратуры. У працэсе выкладання літаратуры ў новых умовах я сутыкнуўся з шэрагам цяжкасцей: недастатковая забяспечанасць навучэнцаў школьнымі падручнікамі па рускай літаратуры, тэкстамі мастацкіх твораў, недахоп якаснага ілюстрацыйнага матэрыялу і аўдыявізуальнай дапамогі, дыдактычнага матэрыялу, распрацаванага ў адпаведнасці з нормамі ацэнкі.
Акрамя таго, падзенне цікавасці да чытання мастацкіх твораў і вывучэння літаратуры старшакласнікамі стала відавочным. Усё гэта і падштурхнула мяне да думкі, што ў такіх умовах патрэбен нейкі электронны прадукт, які дазволіў бы сістэматызаваць і арганізаваць у адзінае цэлае ўсе матэрыялы, неабходныя для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў рускай літаратуры ў 10 класе, а таксама даў бы магчымасць развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, — пачаў нашу гаворку Леанід Іванавіч.
Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень такія электронныя прадукты па рускай літаратуры настаўнік распрацаваў не толькі для дзесяцікласнікаў. Яны ёсць і ў вучняў 5, 6, 7, 9, 11 класаў. Цяпер Леанід Іванавіч абдумвае, як такі ж дапаможнік распрацаваць для васьмікласнікаў. Час жа ідзе, і інфармацыйныя магчымасці пастаянна пашыраюцца. Але мы з вамі разгледзім канцэпцыю павышэння матывацыі да чытання на прыкладзе электроннага дапаможніка для 10 класа, бо менавіта ён паслужыў своеасаблівай матрыцай для ўсіх астатніх.
Пачнём з таго, што распрацаваны дапаможнік цалкам адпавядае вучэбнай праграме і кожная яго тэма мае пэўную структуру, якая адпавядае патрабаванням гэтай вучэбнай праграмы. У электронным дапаможніку Леаніда Іванавіча можна знайсці слайд-шоу, якое змяшчае партрэты, фота, скульптурныя выявы аўтараў вывучаемых твораў. Інфармацыя размешчана паслядоўна, у адпаведнасці з біяграфіяй аўтара. У раздзеле “Тэкст школьнага падручніка” змяшчаецца фрагмент тэкставага вучэбнага дапаможніка па літаратуры, а ў раздзеле “Тэкст твора” вучні маюць доступ да поўных тэкстаў вывучаемых мастацкіх твораў.
Далей інфармацыя прадстаўлена наступнымі раздзеламі: “Ілюстрацыйны матэрыял”, дзе размяшчаюцца ілюстрацыі да вывучаемага твора; “Экранізацыя твора” ўтрымлівае адзін ці некалькі варыянтаў экранізацыі вывучаемага твора; “Тэатральная пастаноўка” змяшчае відэаверсіі пастаноўкі вывучаемага твора на сцэне тэатра (драматычныя творы); у “Аўдыякнізе” ёсць аўдыяверсіі вывучаемых твораў, якія выконваюцца акцёрамі кіно і тэатра. Кампазіцыя аўдыякніжкі адпавядае кампазіцыі арыгінала. Указана працягласць фрагментаў, ёсць элементы кіравання прайграваннем фрагментаў.
Раздзел “Песні на вершы” змяшчае музычныя творы, створаныя на аснове некаторых вершаў. У раздзеле “Вучым на памяць” змешчаны тэксты твораў (альбо ўрыўкаў), якія пералічаны ў раздзеле вучэбнай праграмы “Для завучвання на памяць”, а “Слоўнік тэрмінаў” дае паняцці літаратурных тэрмінаў з раздзела вучэбнай праграмы “Тэорыя літаратуры”. У “Схемах і табліцах”, натуральна, прадстаўлены схемы, якія адносяцца да вывучаемага твора, у “Літаратуразнаўстве” — тэксты (або фрагменты) артыкулаў літаратурных крытыкаў, у “Каментарыях і аналізе” — каментарыі да вывучаемага твора, а таксама варыянты яго аналізу.
Раздзел “Відэалекцыя” ўтрымлівае відэазапісы лекцый па тэме, якія вывучаюцца, “Дакументальнае відэа” дае магчымасць паглядзець навукова-папулярныя і публіцыстычныя фільмы, прысвечаныя жыццю і творчасці вывучаемага аўтара, а “Біяграфічныя відэа” ўтрымлівае мастацкія фільмы, прысвечаныя жыццю і творчасці вывучаемага аўтара. “Дадатковае чытанне” змяшчае тэксты твораў з раздзела “Для дадатковага чытання” ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай, “Дыдактычныя матэрыялы” даюць прыкладныя пытанні да вывучаемых твораў, а таксама некаторыя практычныя заданні.
У раздзеле “Літаратура і мастацтва” размешчаны творы жывапісу, музыкі, тэатра, у “Вучэбнай праграме” — фрагмент вучэбнай праграмы па літаратуры, які адносіцца да тэмы, што вывучаецца.
“Метадычны дапаможнік” утрымлівае метадычныя рэкамендацыі па вывучэнні пэўнай тэмы. У раздзеле “План урока” сабраны планы-канспекты ўрокаў па тэмах, якія вывучаюцца, а ў “Вымяральных матэрыялах” — заданні для арганізацыі тэматычнага і выніковага кантролю. “Правер сябе” — раздзел з выніковым тэстам па вывучанай тэме.

*****

Далей Леанід Іванавіч расказаў пра тэхнічныя этапы стварэння дапаможніка. І тут ён вельмі хутка ператварыўся ў настаўніка інфарматыкі.
— Дапаможнік заснаваны на тэхналогіі Flash. Для канверсавання тэкставага матэрыялу ў фармат флэш-роліка выкарыстоўваецца праграма Macromedia FlashPaper. Атрыманы дакумент мае магчымасць маштабіравання тэксту (гэта вельмі важна, калі ёсць праблемы са зрокам), вываду яго на друк (усяго або асобнымі старонкамі), а таксама пошуку і навігацыі.
Ілюстрацыйны матэрыял аб’ядноўваецца ў выглядзе слайд-шоу. Для канверсавання ілюстрацыйнага матэрыялу ў фармат флэш-роліка выкарыстоўваецца ўтыліта iSpring. Атрыманае слайд-шоу мае элементы кіравання, а таксама магчымасць стварэння паметак да слайдаў. Ілюстрацыі размешчаны паслядоўна, у адпаведнасці з сюжэтам твора, для некаторых твораў разбіты па раздзелах. Аўдыяматэрыялы канверсуюцца ў фармат mp3, прапісваюцца асноўныя ID-тэгі (аўтар, назва, выканаўца, дата), якія выкарыстоўвае аудыяплэер, таксама запаўняецца плэй-ліст, які захоўваецца ў фармаце xml. Відэаматэрыялы канверсуюцца ў фармат flv, затым наладжваецца знешні выгляд кампанента відэаплэера. Тэст ствараецца з дапамогай праграмы Adobe Captivate.
У тэсце прапаноўваюцца заданні наступных тыпаў: актыўная зона, адзіночны выбар, множны выбар, увод адказу з клавіятуры, адпаведнасць, паслядоўнасць, укладзеныя адказы. Прадугледжаны магчымасць пропуску задання і вяртання да яго, адмена (скідванне) адказу, пацвярджэнне адказу, указанне на правільнасць/няправільнасць адказу, прагляд заданняў выкананага тэста з правільнымі адказамі і каментарыямі. Таксама паказваецца колькасць набраных балаў па ходзе тэста, нумар задання, колькасць адказаў, працэнт выканання тэста. Гэты дапаможнік можа выкарыстоўвацца настаўнікам для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў літаратуры, а таксама навучэнцамі для падрыхтоўкі да ўрокаў або да самастойнай работы.
Затым Леанід Іванавіч расказаў пра варыянты выкарыстання дапаможніка, выступіўшы ў якасці педагога-ўніверсала, сапраўднага прафесіянала:
— Напрыклад, настаўнік вядзе ўрок, выкарыстоўваючы відэашэраг у якасці наглядных дапаможнікаў (найбольш цікавыя відэа, аўдыяматэрыялы і графіка). Урок праходзіць у форме лекцыі з выкарыстаннем мультымедыйнага праектара або тэлевізара. Гэты варыянт выкарыстоўваецца пры наяўнасці аднаго мультымедыйнага камп’ютара. Урок можа праходзіць у любым кабінеце.
Яшчэ варыянт: кожны навучэнец на ўроку самастойна за індывідуальным камп’ютарам працуе з вучэбным дапаможнікам, займаючыся ў звычайным для сябе тэмпе і атрымліваючы выніковую ацэнку сваёй дзейнасці. Гэты варыянт прадугледжвае наяўнасць камп’ютараў, колькасць якіх адпавядае колькасці вучняў. Урок праходзіць у кам’ютарным класе.
А можа быць і такі сцэнарый: традыцыйны ўрок, які спалучае аповед настаўніка з групавой самастойнай работай вучняў у камп’ютарным класе над асобнымі пытаннямі тэмы або іншымі матэрыяламі мультымедыйнага дапаможніка. Работа мае на ўвазе наяўнасць некалькіх камп’ютараў, каб за кожным магло размясціцца не больш за 1–2 чалавекі. Урок праходзіць у камп’ютарным класе.
Ну і яшчэ адзін варыянт: вывучэнне некалькімі групамі ў класе рознага матэрыялу з наступным абмеркаваннем. Колькасць камп’ютараў павінна адпавядаць колькасці груп. Урок, зразумела, павінен праходзіць у камп’ютарным класе. Дамашняя самастойная работа вучняў з дапаможнікам, усталяваным на хатні камп’ютар (пры яго наяўнасці), — пералічыў Леанід Іванавіч.
— Сучасны ўрок неэфектыўны і, па вялікім рахунку, бескарысны, калі ён не мае на ўвазе тэхналагічнай асновы, калі ён не спраектаваны, не пралічаны па ўсіх этапах з выразна выверанымі дыдактычнымі мэтамі, выхаваўчымі і развіццёвымі задачамі, з улікам псіхолага-педагагічных асаблівасцей пэўнага класа і кожнага вучня паасобку, — адзначыў педагог.

*****

Ідэя праекта прадугледжвала стварэнне дапаможніка на ўсе выпадкі жыцця, гэта значыць, яго можна выкарыстоўваць на любым уроку літаратуры ў любым класе незалежна ад узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў. Мой сённяшні суразмоўнік з’яўляецца прыхільнікам традыцыйнага ўрока літаратуры і разглядае камп’ютар як звычайны тэхнічны сродак навучання (універсальны), які дапамагае рэалізоўваць мэты ўрока.
Выкарыстанне мультымедыйнага дапаможніка на ўроках літаратуры дае станоўчыя вынікі для настаўніка і навучэнцаў. Для настаўніка ён зручны тым, што цалкам адпавядае вучэбнай праграме. Навучэнцы атрымліваюць магчымасць для самастойнай працы, развіваюць сваю інфармацыйную культуру.
— Я працягваю работу над развіццём гэтага праекта. Цяпер шырокапалосны доступ у інтэрнэт стаў звычайнай з’явай, таму праект трансфармуецца ў вэб-сайт, які размешчаны па адрасе http://rulitpro.jimdo.com. Вэб-сайт дазваляе арганізаваць некаторыя элементы дыстанцыйнага навучання, а таксама вырашае праблемы з навучэнцамі, якія вымушаны прапускаць заняткі па стане здароўя.
Для суправаджэння дапаможніка ў 2014 годзе быў выдадзены зборнік матэрыялаў, які падрабязна расказвае пра тое, як можна стварыць падобны прадукт для іншых вучэбных прадметаў, а таксама разглядае методыку выкарыстання дапаможніка для вывучэння канкрэтных тэм у 10 класе. Думаю, што мой досвед будзе карысны педагогам, якія цікавяцца выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій у працэсе навучання, а таксама педагогам, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць.
Як адзначаюць спецыялісты, мультымедыйныя сродкі пры ўмелай арганізацыі настаўнікам урока могуць узяць на сябе функцыі вядзення ўрока. Дзякуючы ім, павышаецца цікавасць да навучання. Псіхолагі даўно заўважылі, што сучасныя дзеці інфармацыйнага грамадства — гэта дзеці “экраннай інфармацыі”. Інфармацыя экрана манітора, інтэрактыўнай дошкі, праектара, тэлевізара, кінатэатра ўспрымаецца імі намнога лепш, чым кніжная.
Мы можам шкадаваць і нават абурацца, што вучні мала чытаюць. Але гэта той важны фактар, які неабходна ўлічваць пры арганізацыі вучэбнага працэсу. І, напрыклад, выкарыстанне аўдыякніжкі дазваляе павысіць узровень асэнсавання тэксту (асабліва пры вывучэнні драматычных твораў). Як адзначаюць навучэнцы, тэкст становіцца больш зразумелым, калі адначасова слухаць аўдыякніжку і працаваць з тэкстам твора, — лічыць настаўнік.
Па словах Леаніда Іванавіча, пакуль нельга гаварыць, што яго вучні на сто працэнтаў пачалі актыўна чытаць, але станоўчыя зрухі ёсць, што не можа не радаваць. А з’яўленне сайта толькі пераканала яго ў думцы, што ён на правільным шляху. Колькасць наведвальнікаў расце, а гэта азначае толькі адно: мастацкая літаратура вучням патрэбна, прычым не толькі Суклінскай школы. Сайт Леаніда Іванавіча наведвае 500 чалавек у месяц.
Сам жа настаўнік не стамляецца гаварыць пра тое, што электронныя сродкі навучання адкрываюць новыя магчымасці для кіравання вучэбным працэсам. Настаўнік можа хутка рэагаваць на зменлівую сітуацыю, забяспечваць рознаўзроўневымі заданнямі вучняў, пастаянна сачыць за вучэбнай сітуацыяй. Неабходная інфармацыя з’яўляецца на экране ў загадзя падрыхтаваным тэмпе і аб’ёме. Дыялог настаўніка з класам, візуальны кантакт не спыняюцца ні на секунду.
Акрамя таго, як заўважае мой суразмоўнік, мяняецца эстэтыка ўрока. Настаўнік атрымлівае прыстасаванні для арганізацыі больш прывабных заняткаў. Прычым для гэтага, як правіла, не патрабуецца спецыяльных навыкаў мастака, фатографа або друкара. Дастаткова добра авалодаць адпаведнымі праграмамі.
З’яўляецца магчымасць тыражавання мультымедыйнага ўрока. Абагульненне педагагічнага вопыту набывае зусім новыя рысы, калі педагагічнай супольнасці прапаноўваюцца не проста аўтарскія апісанні, а тэхналагічна завершаныя распрацоўкі, якія могуць выкарыстоўваць іншыя педагогі. А Леанід Іванавіч шчыры і адкрыты педагог, які зусім не шкадуе сваіх напрацовак для калег, таму яго вопыт пастаянна распаўсюджваецца ў рэгіёне.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

З “Вэб-школай” — да новых ведаў

Усё часцей настаўнікі-практыкі ад распрацоўкі вузкапрадметных электронных сродкаў навучання пераходзяць да стварэння цэлых комплексаў, прадуктаў міжпрадметнага характару. Гэта яскрава засведчыў ІХ Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. На ім дыпломам І ступені быў адзначаны ўніверсальны сродак інтэрактыўнага навучання школьнікаў — інтэрнэт-партал “Вэб-школа”, створаны настаўнікам інфарматыкі Грабоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці Кірылам Аляксандравічам Дземусёвым. Аб гэтай распрацоўцы і яе выкарыстанні навучэнцамі і педагогамі мы гутарым з К.А.ДЗЕМУСЁВЫМ.

— Кірыл Аляксандравіч, летась на конкурсе вы прадстаўлялі сваю распрацоўку “Інтэрактыўнае навучанне школьнікаў метадам алгарытмізацыі пры вывучэнні інфарматыкі”. Як прыйшла ідэя стварэння больш маштабнага праекта — інтэрнэт-партала? З якой мэтай ён распрацоўваўся?
— У 2013 годзе на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” я прадстаўляў свой праект “Прамень”, які прапаноўвае разнастайнасць форм дзейнасці навучэнцаў пры вывучэнні метадаў алгарытмізацыі прадмета “Інфарматыка”. Гэты праект стаў пераможцам і быў рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі да выкарыстання настаўнікамі краіны. Прааналізаваўшы паспяховасць маіх выхаванцаў па прадмеце (а яна палепшылася), была зроблена выснова аб станоўчым уплыве выкарыстання гэтага прадукту. І ў мяне ўзнікла ідэя перанесці метады, якія выкарыстоўваюцца ў праграме “Прамень”, на выкладанне іншых прадметаў школьнай праграмы. Так і нарадзілася ідэя стварыць электронны сродак навучання, які б аб’ядноўваў у адным інтэрфейсе ўсе прадметы школьнай праграмы і які б прадастаўляў магчымасці распрацоўкі заданняў розных тыпаў. А яшчэ на стварэнне гэтага сродку ў сетцы інтэрнэт паўплывала выступленне прадстаўнікоў Парка высокіх тэхналогій на вышэйзгаданым конкурсе. Трэба сказаць, што задумак было шмат, яны нараджаліся, рэалізоўваліся і тэсціраваліся яшчэ напрыканцы 2012 года, аднак канчаткова вызначыць мэты і задачы праекта дазволіў менавіта конкурс.

— Што сабой уяўляе гэты электронны адукацыйны рэсурс? Што на ім можна адшукаць? Як ён працуе? Якія магчымасці адкрывае вучням?
— Як я ўжо адзначаў, інтэрнэт-партал “Вэб-школа”, які даступны па адрасе http://webshkola.iam. by, імкнецца аб’яднаць усе прадметы школьнай праграмы ў адзіны электронны сродак навучання. Існуе нямала добрых ЭСН, у тым ліку выпушчаных за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, па вучэбных прадметах, аднак часцей за ўсё яны носяць характар інфармацыйна-даведачных сістэм і інтэрактыўных плакатаў, што ў сваёй галіне з’яўляецца дастаткова зручным сродкам. Аднак праграм, мэтай якіх з’яўляецца адпрацоўка навыкаў рашэння задач і дапамога ў запамінанні матэрыялу, практычна няма. Асабліва востра гэты недахоп адчуваецца для прадметаў “Фізіка”, “Хімія”, “Матэматыка”, што звязана ў першую чаргу са складанасцю ўводу матэматычных формул у камп’ютар навучэнцамі. Праект “Вэб-школа” дазваляе прымяніць да ўсіх прадметаў школьнай праграмы заданні такіх тыпаў, як “Складанне рашэння задач з гатовых блокаў”, “Устаўка прапушчаных сімвалаў”, “Выпраўленне памылак у рэшаных задачах”, “Поўнае рашэнне задачы”, “Складанне паслядоўнасці дзеянняў”. Асабліва важна гэтае прымяненне для вышэйпералічаных прадметаў, бо нічога падобнага на рынку электронных сродкаў навучання няма. Часцей за ўсё заданні па фізіцы, матэматыцы, хіміі прадстаўлены ў выглядзе свабодных тэстаў, дзе патрэбна ўвесці лікавае значэнне выніку рашэння. Праект “Вэб-школа” дазваляе прымяніць усе формы заданняў да пералічаных прадметаў. Таксама сайт дазваляе ствараць заданні для тэсціравання навучэнцаў у лёгкім і інтуітыўна зразумелым інтэрфейсе, прадастаўляючы магчымасці стварэння тэстаў усіх форм (адзінкавы адказ, множны адказ, свабодны адказ, вызначэнне парадку, адпаведнасць). Для прадметаў філалагічнага цыкла формы заданняў дапаўняюцца магчымасцю пісаць пераклады з аўтаматычным інтэлектуальным ацэньваннем, што дазваляе не зніжаць адзнаку за два і больш лішніх прабелаў, якія ідуць запар. У цэлым можна сказаць, што праект з’яўляецца своеасаблівай пляцоўкай практычных заданняў па прадметах школьнай праграмы. Кожны настаўнік можа дабавіць сваё заданне на партал, ствараць свае вучэбныя комплексы для правядзення асноўных і факультатыўных заняткаў.
На сёння праект уключае больш за 100 заданняў па інфарматыцы, 40 заданняў па фізіцы, заданні па рускай мове, гісторыі, біялогіі, таксама ён мае конкурсныя заданні, па якіх праводзіліся дыстанцыйныя раённыя конкурсы “Нашы веды” і “Наша экалогія” на працягу двух гадоў. Магчыма дабаўленне любога прадмета школьнай праграмы, як толькі ініцыятыўныя педагогі прапануюць свае заданні ў адпаведных раздзелах.
Праект прадстаўлены на дзвюх мовах: рускай і беларускай, што найбольш важна для беларускамоўных школ, бо электронных сродкаў навучання на беларускай мове вельмі мала.
“Вэб-школа” выкарыстоўваецца ў першую чаргу навучэнцамі, а таксама педагогамі. У адпаведнасці з тыпалогіяй дзялення інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ў Грабоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, а менавіта: прастора для навучэнцаў, прастора для бацькоў, прастора для педагогаў, распрацаваны інтэрнэт-партал ахоплівае прастору для навучэнцаў і для педагогаў. Інфармацыйна-адукацыйную прастору для бацькоў прадстаўляюць сайты ўстаноў адукацыі.

— Кірыл Аляксандравіч, ці лёгка карыстацца гэтым інфармацыйным рэсурсам?
— Адной з задач распрацоўкі праекта стала стварэнне інтэрфейсу, які будзе максімальна зразумелы як дзіцяці, так і любому непадрыхтаванаму карыстальніку. Лічу, што гэтая задача вырашана. Усе элементы інтэрфейсу з’яўляюцца вялікімі, зручнымі, адсутнічае перагружанасць. Інфармацыйным рэсурсам карыстаюцца школьнікі пачынаючы з 5 класа без асаблівых цяжкасцей. Таксама магчыма яго выкарыстанне на інтэрактыўных дошках, планшэтах, мультыбордах. Акрамя таго, праект зручны і для прымянення навучэнцамі з некаторымі парушэннямі зроку, бо з лёгкасцю дазваляе павялічваць элементы інтэрфейсу.

— Якія тэхнічныя магчымасці былі выкарыстаны пры стварэнні партала?
— Партал ствараўся аўтарам без выкарыстання пабочных распрацовак. У якасці самых перадавых ідэй, рэалізаваных у партале, можна вылучыць інтэрпрэтатар вучэбнай мовы праграмавання “Паскаль” для вывучэння тэм па інфарматыцы, а таксама модуль зручнага ўводу формул. Напрыклад, для ўводу знака дзялення навучэнцу неабходна націснуць клавішу “/” на клавіятуры, сістэма ж намалюе дроб у звычным для школьніка выглядзе. А каб узвесці лік у ступень, дастаткова націснуць стрэлку “ўверх” на клавіятуры. Як паказала практыка, навучэнцы дастаткова лёгка асвойваюць увод формул падобным чынам. Неабходна адзначыць таксама выкарыстанне генетычных алгарытмаў пры праверцы заданняў на выпраўленне памылак у тэкстах і рэшаных задачах, а таксама на напісанне перакладаў, якія дазваляюць у аўтаматычным рэжыме адэкватна ацаніць якас ць рашэння.

— Кірыл Аляксандравіч, а ці можна настаўніку выкарыстоўваць матэрыялы, размешчаныя на партале, непасрэдна на ўроку?
— Любы настаўнік, які мае ў сваім распараджэнні камп’ютар з доступам у інтэрнэт і дэманстрацыйнае абсталяванне (праектар, інтэрактыўную дошку і г.д.), можа выкарыстоўваць праект і заданні з яго для франтальнай работы ў класе. Аднак больш прадукцыйнай будзе індывідуальная работа навучэнцаў з камп’ютарам. Напрыклад, пры правядзенні абагульнення па тэме “Колькасць цеплыні” па фізіцы ў 8 класе навучэнцам прапаноўваецца 5 заданняў, адно з якіх тэставае, адно дазваляе скласці алгарытм рашэння задачы, тры заданні прапаноўваюць прааналізаваць рашэнні гатовых задач з неабходнасцю ўстаўкі прапушчаных сімвалаў, выпраўлення знарок дапушчаных памылак. Шырокі ахоп заданнямі прадмета “Інфарматыка” дазваляе замяніць рэкамендаваны падручнікамі Pascal ABC на інтэрнэт-праект “Вэб-школа”, у якім прадстаўлена боль-шасць заданняў, неабходных для адпрацоўкі ўменняў і навыкаў складання алгарытмаў на мове “Паскаль”, у тым ліку і матэрыял, які больш матывуе навучэнцаў пры напісанні праграм з выканальнікам “Робат”, праграм апрацоўкі графікі і іншых.
Магчыма правядзенне падтрымліваючых заняткаў з выкарыстаннем праекта. Так, у 7 класе прапаноўваецца лабараторная работа, дзе неабходна, арыентуючыся на віртуальныя доследы, уносіць у тэкст работы прапушчаныя сімвалы (напрыклад, вагу бруска, выкананую работу і г.д.).
Важнай асаблівасцю праекта з’яўляецца тое, што кожны педагог, зацікаўлены ў рабоце з інтэрнэт-парталам “Вэб-школа”, можа з лёгкасцю дабавіць сваё заданне і садзейнічаць фарміраванню адзінай адукацыйнай сістэмы творчых заданняў педагогаў.

— Вы адзначылі, што работа з элементамі інтэрнэт-партала ўжо два гады праводзілася з вашымі вучнямі. Якія вынікі назіраеце пасля выкарыстання рэсурсу?
— Выкарыстанне рэсурсу, несумненна, вядзе да павышэння якасці ведаў навучэнцаў. Гэта дасягаецца праз індывідуальную форму работы навучэнцаў з камп’ютарам. Кожны вучань працуе ў меру сваіх здольнасцей, у зручным для яго тэмпе. Высокаматываваныя навучэнцы могуць выконваць дадатковыя заданні дома. Непаспяваючыя навучэнцы паказваюць таксама павышэнне свайго ўзроўню ведаў, бо праект прапаноўвае заданні рознай ступені складанасці, што не заўсёды магчыма пры правядзенні заняткаў у традыцыйнай форме.
У Гомельскім раёне на базе праекта плануецца адкрыць дзве дыстанцыйныя школы — “Дыстанцыйная школа праграмавання” для падрыхтоўкі да алімпіяд па інфарматыцы і “Дыстанцыйная школа падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы”.
Адзначу, што праект захоўвае вынікі выканання заданняў навучэнцамі ў зручным журнале, даступным педагогу. Настаўнік можа адсочваць выкананне заданняў навучэнцамі як у класе, так і пасля заняткаў. Яшчэ адной цікавай асаблівасцю, якая забяспечвае зваротную сувязь педагога з навучэнцамі, з’яўляецца магчымасць абменьвацца асабістымі паведамленнямі ўнутры праекта, што з поспехам выкарыстоўваюць навучэнцы.

— Кірыл Аляксандравіч, калі не сакрэт, над чым вы працуеце зараз? Якія планы на бліжэйшую будучыню?
— У цяперашні час я працую над удасканаленнем праекта “Вэб-школа”, напаўненнем яго заданнямі. Таксама ў мяне ёсць новы праект, які вырашыць трэці адзначаны мною складнік стварэння інфармацыйна-адукацыйнай прасторы — прасторы для педагогаў. Гэта будзе сетка педагогаў Гомельскай вобласці, якая дазволіць на спецыяльнай пляцоўцы сабраць сродкі, якія дапамагаюць педагогу ў яго дзейнасці (аналіз якасці адукацыі, увядзенне ведамасці наведвальнасці, правядзенне дыстанцыйных семінараў, дапамога ў складанні раскладу і іншае). Важна адзначыць, што ў цяперашні час некаторыя магчымасці ўжо рэалізаваны і з поспехам прымяняюцца ў Гомельскім раёне.

— Вялікі дзякуй за гутарку і поспехаў вам у рэалізацыі задуманага!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Здзейсні свой квест!

Чаму нашу краіну называюць сінявокай? Якое адзенне насілі нашы продкі? Якія нацыянальныя сімвалы мае Беларусь? На гэтыя і многія іншыя пытанні навучэнцы ў цікавай і займальнай форме на англійскай мове атрымаюць адказ дзякуючы электроннаму сродку навучання Learn English! Discover Belarus! Do Your Quest!, які распрацаваны творчым калектывам педагогаў сталічнай гімназіі № 2 — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцай геаграфіі Кацярынай Дзмітрыеўнай Хаменка, настаўніцай англійскай мовы Ганнай Алегаўнай Грышчук, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Інесай Станіславаўнай Андрыянавай. ЭСН з’яўляецца ўнікальным па змесце, бо ў ім прадстаўлены пазнавальныя вучэбныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі і культуры Беларусі, адаптаваныя для вывучэння англійскай мовы. Асаблівасцю электроннага сродку з’яўляецца яго пошукавы характар і арыгінальная форма — квест.

— У курсе замежнай мовы ў 7—9 класах па вучэбнай праграме прадстаўлены тэмы пра Беларусь, для вывучэння якіх адводзіцца дзесьці 5—15% ад агульнай колькасці вучэбных гадзін, — адзначае Ганна Алегаўна Грышчук. — Дзеці нават лепш могуць расказаць пра якую-небудзь замежную краіну, чым пра сваю родную. Прычым пра Беларусь яны паведамляюць неяк манатонна, без асаблівых эмоцый. І нам хацелася зрабіць урокі, прысвечаныя гэтай тэме, яркімі, насычанымі, нестандартнымі, запамінальнымі, каб вучні сапраўды зацікавіліся інфармацыяй пра сваю краіну і расказвалі з такім жа энтузіязмам і захапленнем пра Мінск, як расказваюць, напрыклад, пра Лондан, умелі дастойна прадстаўляць Беларусь.
У склад аўтарскага калектыву па стварэнні праграмнага прадукту ўвайшлі настаўнікі англійскай мовы, геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры, бо ЭСН задумваўся як комплексная распрацоўка. Сярод яго асноўных задач — паглыбленне ведаў навучэнцаў па англійскай мове і краязнаўстве, рэалізацыя магчымасцей міжпрадметных сувязей, фарміраванне інфармацыйнай граматнасці дзяцей, выхаванне ў навучэнцаў культуры зносін і супрацоўніцтва.
— І вось неяк мы сабраліся разам і пачалі думаць, якую ж праграму нам распрацаваць. Трэнажор? Тэставую? Але гэта ўсё неяк проста і традыцыйна, — расказвае Кацярына Дзмітрыеўна Хаменка. — У выніку вырашылі, што праграма будзе мець пошукавы характар і арыгінальную форму — квест. Яна накіравана на тое, каб навучэнец паслядоўна (ад простага да складанага) выконваў інтэрактыўныя заданні. Ён набірае пэўны багаж ведаў, а ключы, якія атрымлівае на кожным заданні, спатрэбяцца для выканання фінальнага творчага задання. Наш электронны прадукт атрымаў назву Learn English! Discover Belarus! Do Your Quest! Дарэчы, форма квеста стварае правільную матывацыю: вучні набываюць упэўненасць у сваіх сілах, у іх знімаецца псіхалагічны бар’ер перад цяжкасцямі і адкрываецца магчымасць адчуць сябе паспяховым.
Аўтары-стваральнікі праграмнага прадукту дастаткова сур’ёзна папрацавалі. Арыгінальныя тэматычныя тэксты на падставе гістарычных крыніц, энцыклапедый, слоўнікаў складала Інеса Станіславаўна Андрыянава, потым іх перакладала Г.А.Грышчук на англійскую мову, адаптаваную для старшакласнікаў, і перасылала ў Злучаныя Штаты Амерыкі носьбіту мовы ІТ-спецыялісту Заку Маккорміку, які рабіў аўдыёзапісы тэкстаў. К.Д.Хаменка манціравала відэа, накладвала на яго голас — у рэшце рэшт атрымліваўся відэафрагмент з агучаным тэкстам. Дарэчы, пры стварэнні відэаролікаў выкарыстоўваліся фрагменты з навін, дакументальных і мастацкіх фільмаў “Людзі на балоце”, “Брэсцкая крэпасць” , “Паляванне на гаўляйтара”, “Вызваленне Беларусі” і інш.
Электронны сродак навучання складаецца з пяці раздзелаў, якія ўключаюць у сябе пэўныя тэмы і заданні. У раздзеле Culture разглядаюцца пытанні, звязаныя з нацыянальнымі традыцыямі беларусаў, святамі і культурнымі асаблівасцямі. Апісанне фізіка-геаграфічных і эканаміных асаблівасцей Беларусі прадстаўлена ў раздзеле Nature (“Прырода”). Раздзел Art and architecture (“Мастацтва і архітэктура”) знаёміць вучняў з развіццём мастацтва ў Беларусі. У ім раглядаюцца віртуальныя сеткавыя адукацыйныя рэсурсы і новыя падыходы да фарміравання камп’ютарнай граматнасці. Раздзел The Great Patriotic War накіраваны на выхаванне ў навучэнцаў пачуцця гонару і памяці да падзей, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сталіцы Беларусі — гораду Мінску, яго культурным, навуковым і спартыўным дасягненням прысвечаны раздзел Minsk.
Кожны з пяці блокаў мае свае падтэмы. Напрыклад, блок “Культура” складаецца з пяці падтэм: “Характарыстыка”, “Касцюмы”, “Сімвалы”, “Ежа”, “Святы”; а блок “Мінск” утрымлівае падтэмы “Віртуальны тур”, “Музеі і тэатры”, “Мінск спартыўны”, “Навука і адукацыя”.
Спачатку навучэнцам прапануецца прагледзець агучаны відэаролік. Калі яны штосьці не зразумелі ў тэксце на слых, то адкрываюць тэкставую версію, каб прачытаць і асэнсаваць яе. Усе новыя словы знаходзяцца тут жа, у слоўніку. Практычная частка ЭСН уключае інтэрактыўныя, тэставыя і творчыя заданні. Навучэнец выконвае інтэрактыўныя заданні і тым самым у гульнявой форме запамінае словы, а потым пераходзіць да выканання тэста. Калі ён набірае менш за 70 працэнтаў балаў, то не мае магчымасці падысці да творчага задання — ён не атрымлівае ключавое слова. Набраўшы патрэбную колькасць ключавых слоў, старшакласнік прыступае да творчага задання. Так, напрыклад, у блоку “Культура” вучням прапануецца не поўнасцю выкананая прэзентацыя. На слайдах прадстаўлены тэкст, але не хапае карцінкі, ёсць карцінка — не хапае тэксту і г.д. У блоку “Мінск” старшакласнікам неабходна з дапамогай праграмы DeepZoom стварыць карту і на яе нанесці розныя аб’екты. І калі паменшыць памер карты, то можна будзе ўбачыць Мінск і яго абрысы, а калі павялічыць — з’явяцца аб’екты, націскаючы на якія можна прачытаць, што гэта за аб’екты. Пасля заканчэння работы па ўсіх раздзелах навучэнцам прапаноўваецца выканаць заключнае творчае заданне — стварэнне і абарона праекта па тэме “Беларусь маімі вачыма”.
— У такіх заданнях мы імкнуліся да таго, каб дзеці маглі адкрыць свае творчыя здольнасці, а таксама прадэманстраваць уменні працаваць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, — заўважае І.С.Андрыянава. — Гэта значыць, мы абазначалі, што ў пэўным заданні навучэнцам неабходна будзе выкарыстоўваць той альбо іншы сэрвіс у інтэрнэце альбо інфармацыйную праграму (Photostory, DeepZoom, Autocollage), з дапамогай якой яны змаглі б зрабіць калаж, плакат, старонку ў інтэрнэце.
Практыка паказвае, што выкарыстанне электроннага сродку навучання павышае матывацыю вучняў да вывучэння тэм па роднай Беларусі, у іх пашыраецца кругагляд, яны паглыбляюць свае веды па англійскай мове, выкарыстоўваючы розныя віды маўленчай дзейнасці, вучацца граматна выкладаць свае думкі, ідэі (у вуснай, пісьмовай формах), творча выкарыстоўваць ІКТ для стварэння праектаў. ЭСН можа быць выкарыстаны для вывучэння новага матэрыялу на занятках у 7—9 класах, пры падрыхтоўцы для экзамену ў 10—11 класах, на факультатыўных занятках.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.