Прэзідэнцкія стыпендыі назначаны перспектыўным аспірантам

Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2017 год назначаны 99 перспектыўным маладым аспірантам, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Адпаведнае распараджэнне падпісаў кіраўнік дзяржавы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У ліку аспірантаў прадстаўнікі фізіка-матэматычных, тэхнічных, хімічных, біялагічных, медыцынскіх, аграрных, сацыяльных і гуманітарных навук, навук аб Зямлі.

Практычная значнасць іх навуковых дасягненняў пацверджана актамі аб укараненні атрыманых вынікаў у вытворчасць, лячэбную практыку ўстаноў аховы здароўя, адукацыйны працэс, патэнтамі на вынаходствы і карысныя мадэлі або станоўчымі рашэннямі на выдачу патэнта. Вынікі ўсіх дысертацыйных даследаванняў апублікаваны ў навуковых выданнях, прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах.

Прыняцце распараджэння накіравана на падтрымку маладых навуковых кадраў, развіццё навуковых школ і навуковага патэнцыялу Беларусі.

У аснове супрацоўніцтва з “Ашчадбанкам” — узаемаразуменне і давер

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт старшыня праўлення ПАТ “Ашчадбанк” Герман Грэф абмеркавалі на сустрэчы ў Мінску далейшае развіццё супрацоўніцтва ў банкаўскім сектары.

“Нашы банкаўскія справы — тыя пытанні, аб якіх мяне падрабязна інфармаваў Васіль Мацюшэўскі (першы віцэ-прэм’ер Беларусі. — Заўв. БелТА.), да гэтага мы абмяркоўвалі ва ўрадзе — там разуменне знойдзена”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Але я хачу сказаць галоўнае: калі Герман Оскаравіч будзе адносіцца, працуючы ў Беларусі, да нашых партнёраў, кліентаў, якія з банкам супрацоўнічаюць, так, як у Расіі да расійскіх, у нас ніколі не будзе пытанняў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў прэзідэнта, ён добра інфармаваны аб пазіцыі Германа Грэфа на расійскім полі дзейнасці і чуў у гэтым плане шмат добрага.

У сваю чаргу Герман Грэф падзякаваў асабіста прэзідэнту, а таксама ўраду, Нацыянальнаму банку Беларусі за тое, што ў складаных сітуацыях, якія ўзнікалі ў 2015 і 2016 гадах, была знойдзена канструктыўная падтрымка і выхады. “Гэты год таксама будзе не вельмі просты, але ўжо значна лепшы, чым 2016-ы. А з 2018 года мы разлічваем пачаць ужо нармальную работу тут. Відавочнае ажыўленне і крэдытавання, і нашага партфеля актываў”, — сказаў ён.

Герман Грэф таксама падкрэсліў, што ўсе ўмовы, пастаўленыя раней пры куплі беларускага банка (ААТ “БПБ-Ашчадбанк” уваходзіць у групу “Ашчадбанк”), выкананы. “Мы мінімум у паўтара разу перавыканалі кожны з пяці пунктаў нашых абавязацельстваў. Сёння “Ашчадбанк” — найбуйнейшы інвестар у беларускую эканоміку. Гэта ў тым ліку вынік нашага вельмі добрага ўзаемадзеяння і даверу вам асабіста ў рэспубліцы”, — дадаў старшыня праўлення “Ашчадбанка”.

Адказваючы пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі на пытанні журналістаў, Герман Грэф адзначыў усё большую ўстойлівасць валютнай сістэмы Беларусі да знешніх шокаў.

Паводле слоў Германа Грэфа, складаная сітуацыя ў эканоміцы як Расіі, так і Беларусі была выклікана шокавым уздзеяннем макраэканамічных фактараў, сярод якіх рэзкае зніжэнне цэн на нафту і працэсы, што адбыліся за гэтым.

“Гэты шок у прынцыпе ўжо завершаны. Палітыка Нацыянальнага банка Беларусі па пераводзе рэжыму беларускага рубля ў плаваючую валюту без прывязкі да якой-небудзь якарнай валютнай сістэмы сведчыць аб тым, што такі шок паўтарыцца больш не павінен, нават калі адбудуцца яшчэ нейкія непрадбачаныя сітуацыі”, — заявіў ён.

Герман Грэф таксама адзначыў тэндэнцыю да зніжэння інфляцыі.

“Адпаведна, мы бачым трэнд на зніжэнне ўліковай стаўкі Нацыянальнага банка Беларусі (стаўкі рэфінансавання. — Заўв. БелТА.). Зразумела, што гэта не можа быць зроблена ў ад зін момант, але трэнд да канца года будзе прасочвацца на значнае зніжэнне стаўкі, — лічыць кіраўнік “Ашчадбанка”. — Як вынік, я думаю, што да канца года крэдыты ў нацыянальнай валюце стануць больш даступнымі як для фізічных асоб, так і для юрыдычных”.

“Гэта дасць свой вынік. Пачнуць інвесціравацца тыя праекты, якія раней былі недаступныя для інвестараў з-за высокіх ставак. Значна больш даступным стане прыцягненне іпатэчных пазык. Мы ў “Ашчадбанку” ўпершыню ў канцы мінулага года знізілі стаўкі да 17,5 працэнта і адразу ўбачылі рост попыту на іпатэчныя пазыкі. А калі гэтая стаўка будзе недзе 10 працэнтаў, што рэальна пры спрыяльным збегу макраэканамічных умоў у 2018 годзе, то гэта вельмі значна зменіць макраэканамічнае асяроддзе”, — рэзюмаваў Герман Грэф.

Рэфармаванню судова-следчай сістэмы будзе прысвечана асобная нарада ў кіраўніка дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў найбліжэйшы час правядзе нараду па выніках работы праваахоўнага блока ў 2016 годзе. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час рабочай сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам.

“У найбліжэйшы час мы правядзём нараду па выніках мінулага года па ўсіх праваахоўных блоках, запрасіўшы і судовую галіну ўлады, з мэтай абазначэння і разгляду пытанняў, якія знаходзяцца ў мяне на кантролі, пачынаючы з рэфармавання судова-следчай сістэмы ў цэлым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заслухаў даклад аб асноўных выніках работы Следчага камітэта ў 2016 годзе, у тым ліку аб аптымізацыі, якая праводзіцца ў ведамстве. “Аптымізацыя тычыцца ўсіх. У меншай ступені, відаць, Следчага камітэта, таму што ён створаны зусім нядаўна. Але прайшло дастаткова часу, каб пераканацца ў тым, ці правільна і структурна мы пабудавалі наш Следчы камітэт, ці правільна размеркавалі функцыі і абавязкі паміж дазнаннямі. Гэтае пытанне таксама будзе абмяркоўвацца на нашай шырокай нарадзе з удзелам і Следчага камітэта. Гэта адно з асноўных пытанняў, якое пранізвае ўсю сістэму да Вярхоўнага Суда”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся вынікамі расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў. Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць раскрыцця жорсткага забойства бізнесмена ў Беразіне. “Гэта пытанне гонару. Я папярэджваў і кіраўніка МУС: ён паабяцаў раскрыць гэтую крымінальную справу. Вы павінны звяртаць увагу на такія справы”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Іван Наскевіч далажыў, што ў 2016 годзе ў вядзенні Следчага камітэта знаходзілася больш за 130 тысяч крымінальных спраў, з якіх звыш 52 тысяч скончана вядзеннем па справе. “У цэлым Следчы камітэт спрацаваў даволі роўна, без якіх-небудзь шараханняў убок. Грубых, яўных парушэнняў службовай дысцыпліны, якія выклікалі б шырокі грамадскі рэзананс або хваляванні, не адбылося. Працавалі ў штатным рэжыме”, — заўважыў ён.

Майстар-класы ад Герасімені для школьнікаў

Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане і ўладальніца бронзавай узнагароды ў Рыа-дэ-Жанэйра Аляксандра Герасіменя плануе праводзіць бясплатныя майстар-класы па плаванні для школьнікаў. Аб гэтым спартсменка расказала на сваёй старонцы ў сацсетцы.

Групы школьнікаў і студэнтаў ужо могуць падаваць заяўкі праз афіцыйную старонку плыўчыхі ў Facebook. “Гэтая акцыя больш для дзяцей з іншых гарадоў Беларусі. Мяне неаднаразова запрашалі прыехаць, правесці заняткі, але па прычыне занятасці не магла гэтага зрабіць. Цяпер з’явілася такая магчымасць, і я з задавальненнем правяду трэніроўкі”, — адзначыла спартсменка.

Заслужаны майстар спорту Аляксандра Герасіменя раней адкрыла клуб плавання, у якім пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў і самой спартсменкі кожны жадаючы можа навучыцца ўпэўнена трымацца на вадзе або палепшыць тэхніку розных стыляў плавання.

“Дыпламатычныя” канікулы

Група беларускіх школьнікаў па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Расіі ў дні навагодніх канікул наведала Маскву. У яе склад увайшлі 44 вучні 4—8-х класаў Пярэжырскай сярэдняй школы, а таксама дзеці са шматдзетных сем’яў Мінска, паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

Трохдзённая паездка пачалася з наведвання пасольства і цёплай сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам. Для дзяцей былі арганізаваны экскурсіі па гістарычным будынку дыпмісіі і Дзелавым і культурным комп­лексе.

Праграмай было прадугледжана таксама наведванне навагодняй ёлкі ў храме Хрыста Збавіцеля, прагулкі па Краснай плошчы, парку “Сакольнікі”.

Мерапрыемства праведзена ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” з удзелам Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў пры фінансавай падтрымцы выхадца з Беларусі кіраўніка групы расійскіх кампаній “СанСіці” Мікалая Уласюка.

Пярэжырская сярэдняя школа з’яўляецца падшэфнай арганізацыяй Міністэрства замежных спраў Беларусі, з якой рэалізоўваюцца сумесныя праек­ты, накіраваныя на захаванне па­мяці аб дыпламатах — ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, аб іх укладзе ў станаўленне дыпламатычнай служ­бы, а таксама ролі беларускага знешне­палітычнага ведамства ў абароне і пашырэнні нацыянальных інтарэсаў краіны за мяжой. У 2000 го­дзе Пярэжырскай сярэдняй школе прысвоена імя былога міністра замежных спраў БССР Анатоля Гурыновіча. У 2016 годзе адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця школьнага музея імя А.Е.Гурыновіча, экспазіцыя якога прысвечана гісторыі школы, раёна і беларускай дыпламатыі. Асобны стэнд прысвечаны знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі.

Суадносіны памераў пенсіі і зарплаты адпавядаюць сусветнай практыцы

У Беларусі суадносіны сярэднямесячнага памеру пенсіі па ўзросце і сярэднямесячнай заработнай платы ў 2016 годзе забяспечаны на ўзроўні не ніжэйшым за 40 працэнтаў. Гэта адпавядае прагнозным паказчыкам і сусветнай практыцы, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

У Беларусі суадносіны сярэднямесячнага памеру пенсіі па ўзросце і сярэднямесячнай заработнай платы ў сту­дзені — лістападзе 2016 года склалі 40,7 працэнта.

У цэлым у апошнія гады пенсійныя расходы складаюць амаль 9 працэнтаў ВУП. Пенсіі выплачваюцца своечасова і ў поўным аб’ёме, адзначыў Аляксандр Румак.

Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2017 года паступова павышаецца пенсійны ўзрост: штогод на 6 месяцаў да 2022 года для мужчын — да 63 гадоў, для жанчын — да 58 гадоў. Адпаведна (не больш як на 3 гады ў агульнай колькасці) будзе павышацца пенсійны ўзрост для назначэння датэрміновых пенсій, у тым ліку ваеннаслужачым.Страхавы стаж, неабходны для назначэння пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў з 2017 года будзе ўзрастаць штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў у 2025 годзе.

Дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей

2016 год мае шанс увайсці ў гісторыю Беларусі не толькі тым, што ўпершыню з моманту атрымання незалежнасці дасягнуты натуральны прырост насельніцтва (на гэтым зрабіў акцэнт у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі), але і новым рэкордам па колькасці дзяцей, якія з’явіліся на свет. Якая дынаміка нараджальнасці, чым характарызуюцца рэпрадуктыўныя паводзіны беларусаў — гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам вывучэння ў новым даследаванні, асноўныя папярэднія вынікі якога прадаставілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Як вядома, нараджальнасць — адзін з найважнейшых кампанентаў узнаўлення насельніцтва, таму менавіта на стымуляванне нараджальнасці была накіравана дэмаграфічная палітыка дзяржавы ў апошняе дзесяцігоддзе, прыняты беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сем’яў з дзецьмі.

Трэба нагадаць, што з канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя колькасць народжаных у краіне дзяцей зніжалася, дасягнуўшы мінімуму ў 2003 годзе, калі нарадзіліся толькі 88,5 тысячы дзяцей, а агульны каэфіцыент нараджальнасці склаў 9 праміле. Потым пачалося паступовае павышэнне асноўных паказчыкаў нараджальнасці. І ў 2015 годзе ў параўнанні з 2000-м колькасць нованароджаных узрасла на 27 працэнтаў да 119 тысяч дзяцей — гэта найвышэйшы паказчык з 1993 года.

Дасягнуты ў краіне ўзровень нараджальнасці адпавядае сярэднім еўрапейскім паказчыкам. Паводле статыстычных даных, у 2014 годзе ўзровень нараджальнасці ў Беларусі быў вышэйшы, чым у іншых краінах Усходняй Еўропы, а таксама ў найбліжэйшых суседзяў — Украіны (1,5), Літвы (1,63), Латвіі (1,65), Польшчы (1,29), але ніжэйшы, чым у Расіі (1,75), а таксама краінах з ужо традыцыйна высокім па еўрапейскіх мерках узроўнем нараджальнасці — Францыі (1,98), Швецыі (1,88), Ісландыі (1,93), Ірландыі (1,95) і іншых.

Айчынная статыстыка таксама сведчыць аб павышэнні інтэнсіўнасці нараджэння другіх, трэціх і наступных дзяцей.

У выніку павышэння інтэнсіўнасці нараджэння другога і наступных дзяцей удзельная вага першынцаў скарацілася да 42,8 працэнта, адпаведна, доля другіх дзяцей павялічылася да 40,5 працэнта, трэціх і наступных — да 16,8 працэнта ад агульнай колькасці нованароджаных.

Яшчэ адна важная пазітыўная тэндэнцыя — у апошнія гады змяншаецца колькасць і доля пазашлюбных дзяцей: калі ў 2005 годзе кожнае чацвёртае дзіця было народжана па-за шлюбам (24,2 працэнта), то да 2015 года іх удзельная вага знізілася да 13,8 працэнта. Гэта сведчыць аб павышэнні значнасці афіцыйна зарэгістраванага шлюбу.

Як паказваюць шматлікія сацыялагічныя даследаванні, жаданне мець двух дзяцей застаецца пераважным на працягу многіх гадоў. І значыць, аб’ектыўна ёсць рэзерв павышэння нараджальнасці на аснове рэалізацыі індывідуальных намераў сем’яў.

Чаму пры рэпрадуктыўным намеры нарадзіць двух дзяцей сем’і ўсё ж выбіраюць аднадзетнасць? Прычыны розныя, яны абумоўлены ў першую чаргу эканамічнымі фактарамі (недастатковая забяспечанасць сем’яў жыллём, зніжэнне ўзроўню жыцця пры з’яўленні дзіцяці), праблематычнасцю сумяшчэння мацярынства і бацькоўства з працоўнай дзейнасцю (абмежаванае прапанаванне аб’ёму і відаў паслуг па доглядзе, развіцці дзяцей, асабліва малодшага дашкольнага ўзросту, неразвітая практыка прымянення гібкіх форм і відаў занятасці, нізкая ступень уключанасці жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў, у рынак працы), гендарным дысбалансам у пытаннях размеркавання сямейных і бацькоўскіх абавязкаў.

Прынята лічыць, што рэпрадуктыўныя паводзіны звязаны выключна з сацыяльнымі трансфертамі. Аднак асноўнай крыніцай даходаў для насельніцтва з’яўляецца заработная плата. Разам з тым значнасць сацыяльных трансфертаў высокая ў перыяд, калі жанчына традыцыйна спыняе прафесійную актыўнасць у сувязі з водпускам па доглядзе дзіцяці.

Нарадзіць або не нарадзіць дзіця — кожная сям’я сама робіць свой выбар. Дзяржава ж і ў далейшым, як бы ні было складана, будзе падтрымліваць тых, хто зрабіў выбар на карысць нараджэння дзяцей, запэўніў Прэзідэнт Беларусі ў навагоднім звароце.

Алена ПРУС, БелТА.

Золатавалютныя рэзервы выраслі

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў снежні 2016 года ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на $88,9 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 студзеня 2017 года склалі $4 млрд 927 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся на $128,5 млн і на 1 студзеня склаў $5 млрд 185 млн у эквіваленце.

Павелічэнню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Стрымальны ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала планавае пагашэнне Нацбанкам і ўрадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.

Па выніках 2016 года золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на $751,4 млн, у нацыянальным вызначэнні — на $717,3 млн.

Асноўнымі фактарамі росту ўзроўню ЗВР сталі чыстая купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа”, якая сфарміравалася ў выніку перавышэння прапанавання валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку; прыцягненне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце; паступленне двух траншаў фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; паступленне сродкаў ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама павелічэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.

Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб’ёме выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце.

Абараняць сваё

Нарматыўная база Беларусі дае магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі сучаснасці. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч.

Беларускія праваахоўныя органы ўдасканальваюць метады работы з улікам новых выклікаў. “Мы павышаем узровень баявой падрыхтоўкі, мадэрнізуем усе свае тэхнічныя сродкі, што садзейнічае і павышэнню ўзроўню абараназдольнасці, і забеспячэнню грамадскай бяспекі”, — адзначыў дэпутат. Нарматыўная прававая база Беларусі таксама дае магчымасць аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы сучаснасці. “Нашы праваахоўнікі працуюць над тым, каб удасканальваць заканадаўства, каб быў эфектыўны інструментарый для процідзеяння, папярэджання, прафілактыкі злачын­стваў”, — дадаў Валянцін Міхневіч.

Як падкрэсліў у сваім навагоднім звароце Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у розных кутках планеты ўспых­ваюць узброеныя канфлікты, учыняюцца тэракты, і захаваць Беларусь астраўком стабільнасці і спакою было няпроста. Але зрабіць гэта ўдалося, забяспечыўшы мір і бяспеку грамадзян. “Мы павінны ў рамках ужо ваенна-палітычных блокаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы рабіць астравок бяспекі шырэйшым на тэрыторыі ўсіх краін — удзельніц АДКБ”, — сказаў Валянцін Міхневіч. Для гэтага праваахоўнікам неабходна ў тым ліку і далей забяспечваць аператыўны абмен інфармацыяй.

Старшыня Пастаяннай камісіі звярнуў увагу, што прэзідэнт у сваім навагоднім звароце асобна закрануў тэму нацыянальнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб міралюбівай палітыцы Беларусі і адначасова аб неабходнасці трымаць порах сухім. “Беларусь заўсёды была міралюбівай дзяржавай, яна заўсёды вяла такую палітыку. Ад нас ніякай пагрозы не ідзе, але сваё мы будзем аба­раняць”, — рэзюмаваў дэпутат.

Прэзідэнцкія стыпендыі таленавітым

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і выдзелена 317 809 рублёў для мэтавага фінансавання стыпендый, прэмій, грантаў і матэрыяльнай дапамогі таленавітай моладзі.

Згодна з рашэннем, 21 прадстаўнік таленавітай моладзі стаў стыпендыятам фонду, а яго дыпламантамі — 19 чалавек. Назначаны 27 заахвочвальных прэмій. Гранд-прэмій фонду з прысуджэннем звання лаўрэата і ўручэннем пасведчання і нагруднага знака лаўрэата ўдастоены пяць чалавек. Матэрыяльную дапамогу атрымаў 41 прадстаўнік моладзі.

Акрамя таго, выдзелены два гранты — Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Мінскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў на набыццё музычных інструментаў і абсталявання.

Прыняцце распараджэння Прэзідэнта Беларусі з’яўляецца сведчаннем увагі дзяржавы да стварэння ўмоў для пошуку, станаўлення, развіцця і навучання таленавітай моладзі ў мэтах папулярызацыі і пазіцыянавання беларускай культуры як складніка сусветнай культурнай прасторы.