Human Incubator: прастора, дзе вырошчваюць прафесіяналаў

Напрыканцы лета цэнтр развіцця высокатэхналагічных праектаў IT House, які дзейнічае на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, запусціў новую праграму — Human Incubator. Яе мэта, як зразумела з назвы, — вырошчваць прафесіяналаў. Людзі розных узростаў і прафесій, студэнты прыйшлі ў праграму, каб атрымаць новыя кампетэнцыі і, адпаведна, новыя магчымасці для прафесійнага і асобаснага росту. Напярэдадні Новага года IT House і яго генеральны партнёр кампанія ISsoft падводзяць першыя вынікі.

Human Incubator арыентуецца перш за ўсё на асобу. Для кожнага, хто прыходзіць у праграму, распрацоўваецца індывідуальная траекторыя развіцця, і людзі дабіраюць менавіта тыя веды, якія ім неабходны для паспяховага ўваходжання ў ІТ-індустрыю.

“Людзі розныя, і да кожнага патрабны індывідуальны падыход, — гаворыць кіраўнік ІТ House Аляксандр Мялешчанка. — Сустракаюцца такія самародкі, якія патрабуюць мінімальнай агранкі, — і іх з ахвотай забяруць у любую кампанію. А ёсць такія, якія амаль нічога не ведаюць, і толькі праз месяцы работы можна ўбачыць першыя вынікі. Хіба можна звесці іх у адну каманду? Для таго каб яны раслі і развіваліся, ім неабходна стварыць розныя ўмовы, спрыяльныя менавіта для іх”.

На гэты час у Human Incubator каля 40 чалавек вучацца на праграмістаў і столькі ж — на бізнес-аналітыкаў. Кожны з іх атрымаў дакладныя рэкамендацыі: што трэба прачытаць, якую работу выканаць. Пры гэтым удзельнікі праграмы вучацца самастойна. Калі ў іх з’яўляюцца пытанні, яны могуць атрымаць кансультацыю адпаведнага спецыяліста.

“Гэта не паток, дзе для ўсіх дзейнічаюць аднолькавыя правілы, — падкрэслівае кіраўнік IT House. — Кожны чалавек — гэта свайго роду стартап, і для поспеху яму часта не хапае нейкіх цаглінак. Наша задача — знайсці і дадаць яму гэтыя цаглінкі. Напрыклад, чалавек ужо ведае некалькі моў праграмавання, ён патраціў год ці два гады жыцця, каб іх асвоіць. Але для таго, каб прайсці субяседаванне і атрымаць работу ў ІТ-кампаніі, гэтага недастаткова. Трэба навучыцца разбірацца ў мностве тэхнічных пытанняў, набы ць так званыя soft skills — сацыяльныя навыкі і г.д. Вельмі тонкая, але важная рэч — культурная адпаведнасць (cultural fit), і ў нашай праграме гэтаму таксама ўдзяляецца шмат увагі. Каб увайсці ў каманду айцішнікаў, трэба быць такім, як яны. Таму наша задача — выявіць усе адсутныя элементы, неабходныя для работы ў ІТ-індустрыі, і даць іх чалавеку. Такім чынам, мы вучым не проста праграмаванню ці бізнес-аналітыцы, а дапамагаем дабівацца поспехаў”.

Праграма Human Incubator дзейнічае ўсяго некалькі месяцаў, аднак ужо сёння ёсць канкрэтныя вынікі. Так, 5 наваспечаных праграмістаў і 1 бізнес-аналітык паспяхова прайшлі субяседаванне і прыняты ў ІТ-кампаніі на выпрабавальны тэрмін. Гэта высокаматываваныя выпускнікі, якія даказалі сваю сур’ёзнасць і мэтанакіраванасць, інакш не прайшлі б праграму да канца. Яны разбіраюцца ў прадметнай галіне, акрамя таго, маюць human skills, разумеюць, што такое работа ў ІТ-індустрыі і работа ў камандзе.

“Па ўмовах праграмы Human Incubator я абавязкова прысутнічаю на субяседаванні ў ІТ-кампаніі, — тлумачыць Аляксандр Мялешчанка. — Гэта надзвычай карысна, бо ўсё, што мы робім, у канчатковым выніку зводзіцца да гэтага моманту: пройдзе чалавек выпрабаванне ці не пройдзе. І калі ты на свае вочы бачыш, што павінен ведаць, умець і гаварыць на тэставай сустрэчы з наймальнікам твой выпускнік і як гэта ацэньваецца работадаўцам, то мэты і, адпаведна, шляхі іх дасягнення становяцца больш зразумелымі і дакладнымі. Па вялікім рахунку, гэтага павінны дамагацца і ўстановы адукацыі — прысутнічаць на субяседаванні, каб ведаць, чаму вучыць студэнтаў”.

Безумоўна, далёка не ўсе ўд зельнікі праграмы здольны зрабіць рывок і ўвайсці ў ІТ-індустрыю прафесіяналамі. Але шанс ёсць у кожнага.

“Сёння на ўваходзе ў праграму няма ніякіх абмежаванняў, Human Incubator адкрыты для ўсіх, — гаворыць Аляксандр Мялешчанка. — Магчыма, калі колькасць жадаючых будзе завоблачнай, давядзецца прапаноўваць ім нейкія заданні. Аднак па сваім вопыце магу сказаць, што калі паставіць умову выканаць гэтыя заданні ў пэўны тэрмін (скажам да 15 студзеня), то 90% жадаючых проста растворацца — і не трэба ніякіх экзаменаў. Неарганізаванасць, лянота, няздольнасць людзей да самастойнай работы, проста адсутнасць здольнасцей зробяць адбор лепш за нас. Але тыя, хто застанецца, самыя сур’ёзныя і матываваныя, — маюць добрыя шансы на поспех. У кожным з іх мы пастараемся разгледзець патэнцыял і вырасціць сапраўдных прафесіяналаў”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва праекта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *