Навагодняя казка ад мясцовага Дзеда Мароза

- 8:19Навіны рэгіёнаў

У Чэрыкаўскім цэнтры дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій вырашылі ажыццявіць навагоднюю мару мясцовай дзятвы. Педагагічны калектыў установы арганізаваў у раёне работу сапраўднага казачнага маёнтка Дзеда Мароза.

Як паведаміла педагог-арганізатар цэнтра Аксана Кацарская, ідэя стварэння рэзідэнцыі галоўнага навагодняга персанажа ўзнікла спантанна. Многія дзеці мараць напярэдадні Новага года сустрэцца з Дзедам Марозам, каб непасрэдна яму расказаць пра сваё самае запаветнае жаданне. Аднак не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць ажыццявіць гэтае дзіцячае імкненне.

— Мы вырашылі гэта выправіць і адкрыць маёнтак казачнага Дзеда ў нашым раёне, каб дзецям і іх бацькам не трэба было адпраўляцца ў далёкую дарогу за навагоднімі цудамі, — патлумачыла Аксана Уладзіміраўна.
Ініцыятыву падтрымалі ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму. Так з’явіўся Дзед Мароз у доміку паляўнічых мясцовага лясгаса. Акрамя яго, у маёнтку пасяліліся Снягурка, Зіма, вучоны Кот, Баба Яга, волат Ілья Мурамец. Наведваючы маёнтак, дзеці і іх бацькі маглі пагутарыць з Дзедам Марозам і яго памочнікамі, набыць прысмакі, навагоднюю прадукцыю або самастойна вырабіць сувеніры пад кіраўніцтвам Васілісы Прамудрай.

Дзверы казачнага дома былі адкрыты для ўсіх жадаючых. А іх было вельмі шмат. Весялосці, забаў, гульняў тут назапасілі на ўсіх. Як запэўнілі ў цэнтры, у далейшым практыка арганізацыі ў раёне падобных свят працягнецца. Прычым на будучы год наведвальнікаў маёнтка чакае яшчэ больш насычаная забаўляльная праграма.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена
Чэрыкаўскім цэнтрам дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.