Навука — гэта стыль жыцця

- 8:44Навука і інавацыі

Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мае доўгую гісторыю: у 2015 годзе ён адзначыў паўвекавы юбілей. І хоць у дзейнасці савета быў пэўны перапынак (ад пачатку 90-х па 2003 год), сёння гэта дзейсны грамадскі орган пры прэзідыуме НАН Беларусі, які прадстаўляе 2,2 тысячы маладых вучоных акадэміі — больш як чвэрць навуковых супрацоўнікаў галоўнай навуковай арганізацыі краіны.

Пра дзейнасць Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук і ўвогуле пра моладзь у навуцы мы гутарым са старшынёй згаданага савета, загадчыкам лабараторыі адсарбентаў і адсарбцыйных працэсаў Інстытута агульнай і неарганічай хіміі НАН Беларусі, кандыдатам хімічных навук Андрэем Іванавічам ІВАНЦОМ.

— Андрэй Іванавіч, якія першачарговыя задачы стаяць перад Саветам маладых вучоных Нацыя­нальнай акадэміі навук і што ўдаецца рэальна вырашаць?

— Перад намі стаіць мэта вырашаць тыя пытанні, якія так ці інакш клапоцяць маладых вучоных. У прафесійным плане гэта пашырэнне іх удзелу у фундаментальных і прыкладных даследаваннях, прапанаванне новых цікавых магчымасцей для навуковага росту. У жыццёвым плане — узмацненне сацыяльнай абароненасці акадэмічнай моладзі, у тым ліку вырашэнне жыллёвых праблем. Савет маладых вучоных акамулюе ўсе маладзёжныя ініцыятывы і, маючы голас у прэзідыуме НАН Беларусі, многія з іх праводзіць у жыццё.

Адным са знакавых мерапрыемстваў, што арганізоўвае наш савет, з’яўляецца правя­дзенне штогадовай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Моладзь у навуцы”. У лістападзе мы правялі ўжо 13-ю такую канферэнцыю. У свой час яна была першай на постсавецкай прасторы, пазней ужо гэтую традыцыю падхапілі нашы калегі з Расіі, Казахстана і Арменіі.

Дарэчы, наш савет мае вельмі цесныя сувязі з саветамі маладых вучоных акадэмій практычна ўсіх краін постсавецкай прасторы. Важкім вынікам супрацоўніцтва стала ідэя (яе ініцыя­тарам, дарэчы, выступілі таксама мы) правесці І Еўразійскі форум маладых вучоных. Мэтай было прадставіць праекты менавіта маладых даследчыкаў. Пры гэтым яны павінны былі адпавядаць шэрагу патрабаванняў: быць міждысцыплінарнымі, накіраванымі на вы­рашэнне задач, якія знаходзяцца на скрыжаванні навук, а таксама быць выкананымі ­аўтарскімі калектывамі, куды ўвахо­дзяць прадстаўнікі як мінімум дзвюх краін ЕАЭС (а лепш трох і болей, у тым ліку з магчымасцю прыцягнення маладых вучоных з далёкага замежжа). У 2015 годзе Мінск прыняў гэты маштабны форум, які выклікаў вялікую ўвагу ў краінах ЕАЭС. А летась традыцыю падхапіў Казах­стан.

У мінулым годзе мы правялі ў Нацыянальнай акадэміі навук Еўрапейскую школу біятэхнолагаў. Яе сутнасць заключалася ў тым, каб са­браць лепшых маладых вучоных, якія працуюць у галіне біятэхналогій, кандыдатаў навук і аспірантаў, якія не жадаюць спыняцца на дасягнутым і хочуць быць уцягнуты ў міжнародныя навуковыя працэсы. Праз Еўрапейскую біятэхналагічную асацыяцыю мы запрасілі 10 вядучых вучоных у галіне біятэхналогій выступіць у нас з шэрагам лекцый. Акрамя таго, удзел у мерапрыемстве ўзялі 10 беларускіх прафесараў, якія таксама маюць су­светнае прызнанне. На працягу цэлага тыдня нашы маладыя вучоныя мелі магчымасць не толькі слухаць унікальныя лекцыі, але і прадаставіць свае праекты і атрымаць іх экспертную ацэнку. Яны наведалі профільныя навуковыя арганізацыі НАН Беларусі, правялі круглыя сталы і г.д. Безумоўна, усё гэта прынесла і яшчэ будзе прыносіць плён: закладзена аснова для цеснага супрацоўніцтва вучоных (маладых і сталых) у сумесных навуковых праектах.

— А якія планы, Андрэй Іванавіч, Савет маладых вучоных намеціў на Год навукі?

— Маем намер пашырыць фармат нашых міждысцыплінарных круглых сталоў: будзем прыцягваць да сумеснай работы маладых універсітэцкіх вучоных з усёй краіны. Мы падзелімся сваімі напрацоўкамі і, самае галоўнае, прапановамі па магчымым супрацоўніцтве. Гэта асабліва важна ў сувязі са стварэннем у нашай краіне навукова-тэхналагічнага парка “БелБіяГрад”, які нацэлены на камерцыялізацыю праектаў у галіне бія-, нана- і ІТ-тэхналогій. І моладзь тут не павінна адставаць, на­адварот, трэба праяўляць ініцыятыву і дзейнічаць.

Безумоўна, мы не можам абысці пытанне падрыхтоўкі навуковых кадраў. Моладзь павінна разумець, што такое навуковая дзей­насць і як выбудаваць шлях ад выканання магістарскай работы да кандыдацкай і ў будучыні доктарскай дысертацыі. Таму мы хочам рэалізаваць цікавы і даволі амбіцыйны праект — “Малады вучоны пад ключ”. Яго сутнасць заключаецца ў правядзенні цэлага шэрага сустрэч, дзе маладыя вучоныя, якія ўжо зрабілі паспяховыя крокі ў навуцы, сумесна са старэйшымі калегамі раскажуць сваім пачынаючым калегам — найперш магістрантам і аспірантам, як вырашыць найбольш важныя пытанні на гэтым шляху.

Далёка не ўсе маладыя даследчыкі, якія толькі што прыйшлі са студэнцкай лаўкі, разумеюць, як пабудавана навуковая сістэма і як яна функцыянуе. Вельмі важна расказаць ім, як плануецца і рэалізоўваецца навуковая дзейнасць; які стан спраў у той ці іншай галіне ў сусветным маштабе і якое месца займаюць там беларускія навукоўцы; якія навуковыя сувязі ўжо ўсталяваны і якія хацелася б усталяваць; якія існуюць крыніцы фінансавання даследаванняў і грантавая падтрымка для маладых вучоных; як знайсці сваё месца ў навуцы і г.д.

Калі дзелішся рэальным вопытам, а не нейкімі тэарэтычнымі выкладкамі, то гэта вельмі добра ўспрымаецца пачынаючымі даследчыкамі. Яны бачаць перад сабой практычна равесніка і пры гэтым паспяховага ўжо навукоўца і разумеюць: усё рэальна! Рэальна абараніць дысертацыю, трапіць у цікавы навуковы праект! І не калісьці там, праз многія гады, а заўтра, дзякуючы сваёй працы і мэтанакіраванасці.

Такім чынам, мы хочам павысіць матывацыю і ўзровень адукаванасці маладых вучоных. Нам важна, каб яны замацаваліся ў навуцы і здолелі максімальна сябе рэалізаваць.

Лічым, што пры правільным падыходзе мы здолеем зам­кнуць ланцужок старэйшага і малодшага пакаленняў вучоных. Не сакрэт, што з-за складанага сацыяльна-эканамічнага стану ў 90-я гады сёння мае месца даволі сур’ёзны прабел сярод навукоўцаў сярэдняга звяна, які заўсёды лічыўся галоўным лакаматывам навукі. Ёсць моладзь (да 35 гадоў) і ёсць сталыя вучоныя (60+), але мы павінны зрабіць усё, каб ланцужок паміж імі не перарваўся і мы маглі ўпэўнена рухацца далей.

— Скажыце, Андрэй Іванавіч, ці ёсць сёння праблема ўцечкі мазгоў.

— Ёсць не ўцечка, а хутчэй ратацыя кадраў. Такая ратацыя, напрыклад, назіраецца паміж акадэмічнымі і ўніверсітэцкімі вучонымі. Некаторыя працуюць у акадэміі і адначасова выкладаюць ва ўніверсітэтах, потым могуць перайсці туды на працу. І наадварот, з універсітэтаў вучоныя прыходзяць працаваць у акадэмію. Гэта нармальны працэс.

Некаторыя даследчыкі пасля абароны магістарскай ці кандыдацкай дысертацыі адпраўляюцца працаваць за мяжу — і ў гэтым таксама няма нічога страшнага. Калі чалавек падтрымлівае навуковыя сувязі з той арганізацыяй і тым калектывам, дзе пачынаў працаваць у Беларусі, то гэты калектыў нават выйграе, бо можна сказаць, што ён мае “свайго чалавека” за мяжой, яму будзе прасцей арганізоўваць там стажыроўкі аспірантаў і магістрантаў па адпаведнай тэматыцы. А калі людзі едуць за мяжу праца­ваць над пэўным праектам на 2—3 гады, то пасля вяртання яны будуць мець добрыя замежныя сувязі, што таксама на карысць беларускай навуцы.

Горш за ўсё, калі вучоныя ўвогуле сыходзяць з навукі. Гэта сапраўды страты. Але і яны непазбежныя, бо кожны павінен займацца тым, да чаго ён закліканы, што яму бліжэй да сэрца. Застаецца спадзявацца, што яны рэалізуюць сябе ў іншых галінах.

— Зразумела, што кадры для НАН Беларусі пастаўляюць універсітэты. І ва ўніверсітэтах, і ў акадэміі навук ёсць свае магістратуры і аспірантуры. Ці мае месца канкурэнтная барацьба за лепшых выпускнікоў — будучых даследчыкаў паміж універсітэтамі і навуковымі падраздзяленнямі НАН Беларусі?

— Такога няма. Справа ў тым, што выпускнікі, якія прыходзяць у магістратуру акадэміі навук, як правіла, ужо прайшлі выкананне курсавых і дыпломных праектаў на базе нашых інстытутаў пад двайным кіраўніцтвам — ад універсітэцкай кафедры і ад інстытута. Далей, калі іх усё задавальняе, яны паступаюць у нашу аспірантуру і ідуць працаваць у адно з нашых падраз­дзяленняў. Мае месца нармальная, здаровая канкурэнцыя. Сёння ў кожнага талковага выпускніка ўніверсітэта ёсць выбар, і пры жаданні ён можа знайсці праграмы магістратуры не толькі ў любой арганізацыі нашай краіны, але і за мяжой, з выдзяленнем адпаведных грантаў або стыпендый. Былі б, як кажуць, здольнасці і жаданне, а галоўнае, зацікаўленасць навуковага калектыву ў такім магістранце.

Нам важна ўтрымаць тых маладых людзей, якія да нас прыходзяць, бо ўсё самае цікавае ў навуцы пачынаецца нават не пасля абароны дысертацыі, а крыху пазней — калі пачынаеш атрымліваць навуковыя вынікі, бываеш на міжнародных канферэн­цыях, знаходзіш цэлае кола калег, якія працуюць у тваёй галіне, адчу­ваеш у сабе навуковы азарт і разумееш, што не бачыш сябе ні ў якой іншай сферы, акрамя навукі. Навука — гэта такая галіна, якая забірае цалкам. Гэта стыль жыцця! Працоўны дзень вучонага доўжыцца 24 гадзіны ў суткі: ты пастаянна думаеш, аналізуеш, шукаеш адказы. І калі малады вучоны не сышоў да гэтага моманту, калі прыходзіць смак навуковых адкрыццяў, то ўжо не сы­дзе ніколі.

— Ці можна сказаць, што беларуская навука маладзее? Ёсць у нас, напрыклад, маладыя дактары навук, прафесары?

— Сапраўды, ёсць тэндэнцыя да амаладжэння навукі. У Беларусі вырасла колькасць даследчыкаў, якія абараняюць кандыдацкія дысертацыі ва ўзросце да 30 гадоў.

Што да дактароў навук, то тых, хто абараніўся да 35 гадоў, у нашай краіне можна палічыць на пальцах адной рукі. Усё ж такі доктарская дысертацыя — гэта вельмі сур’ёзна. Гэта не проста выкананне пэўнага аб’ёму работы, а развіццё нейкага прыярытэтнага, топавага напрамку або ўвогуле з’яўленне новага напрамку даследавання. Акрамя таго, доктарская дысертацыя — гэта прыняцце на сябе адказнасці рыхтаваць навукоўцаў. Інакш навошта ўвогуле доктарская, калі не перада­ваць свае веды іншым?

— Андрэй Іванавіч, што б вы маглі параіць старшакласнікам, якія стаяць на парозе выбару жыццёвага шляху?

— Хацелася б пажа­даць маладым людзям, каб яны слухалі сябе і сваё сэрца. Каб не было меркантыльнага падыходу: маўляў, хачу быць праграмістам, каб шмат зараб­ляць. Калі вы маеце да гэтага схільнасці і атрымліваеце асалоду ад працэсу — то, калі ласка, хай гэта будзе пра­грамаванне. Але шмат зарабляць — гэта не матывацыя. Трэба вучыцца разумець свае сапраўдныя жаданні і парывы і, самае галоўнае, усвядоміць, што ў жыцці, каб нечага дасягнуць, трэба прыкласці намаганні. Нельга расчароўвацца ад няўдач, яны непазбежныя. Галоўнае, каб побач быў чалавек, я яшчэ лепш — калектыў, які падтрымае і дапаможа рухацца далей.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.