Алег ІВАШКЕВІЧ, першы прарэктар БДУ: “У нас вядуцца даследаванні сусветнага ўзроўню”

У Беларусі пачынаецца Год навукі. Мы пастараемся за гэты час паказаць нашым чытачам айчынную навуку ва ўсёй яе разнастайнасці, расказаць пра выбітных вучоных і пра даследаванні, якія не дзесьці там, у навуковых цэнтрах і лабараторыях, а тычацца кожнага з нас, нашага здароўя, нашай бяспекі, нашага дабрабыту.

І перш за ўсё мы наведаемся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які мае статус навуковай арганізацыі і дзе праводзяцца навуковыя даследаванні сусветнага ўзроўню. Дастаткова сказаць, што ў склад БДУ ўваходзяць 6 навукова-даследчых устаноў і 9 унітарных прадпрыемстваў. Універсітэт робіць вялікі ўклад у развіццё айчыннай эканомікі. Яго навуковая прадукцыя і паслугі экспартуюцца больш як у 30 краін свету.

Пра ўніверсітэцкую навуку мы гутарым з першым прарэктарам БДУ акадэмікам А.А.ІВАШКЕВІЧАМ.

— Алег Анатольевіч, 2017 год абвешчаны Годам навукі, і гэта мае непасрэднае дачыненне да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта…

— Ведаеце, універсітэт — такая вялікая арганізацыя, што кожны год — і Год навукі, і Год культуры, і Год моладзі — гэта ўсё пра нас.

Летась значным вынікам стала тое, што БДУ заняў 354 месца ў прэстыжным рэйтынгу QS, які ранжыруе больш як 30 тысяч універсітэтаў. Такім чынам, БДУ трапіў у 2 працэнты найлепшых універсітэтаў свету. Пры гэтым ён уваходзіць у тройку найлепшых універсітэтаў СНД. І ў многім гэта заслуга нашых навукоўцаў.

У апошнія гады мы зрабілі вельмі шмат для таго, каб навукоўцы БДУ адчулі, што яны сусветная эліта. Штогод у рамках кожнага навуковага напрамку (фізіка, хімія, біялогія і г.д.) ствараецца рэйтынг вучоных у адпаведнасці з рознымі навукаметрычнымі паказчыкамі, такімі як індэкс Хірша, публікацыі ў часопісах з высокім імпакт-фактарам і інш. Рэйтынг рэгулярна абнаўляецца, і гэта моцна стымулюе вучоных. Зараз практычна ва ўсіх загадчыкаў кафедр і лабараторый вельмі значныя навукаметрычныя паказчыкі. Гэта сістэмная работа, якая вя­дзецца на працягу многіх гадоў, і яна садзейнічае таму, што БДУ як навуковая арганізацыя рухаецца наперад.

— Якія найбольш значныя навуковыя дасягненні 2016 года вы маглі б адзначыць?

— У мінулым годзе на прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ” запушчана ўнікальная вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў, распрацаваных у нашым НДІ фізіка-хімічных праблем. Трэба сказаць, што інстытуты і прадпрыемствы БДУ працуюць у вельмі цеснай звязцы і гэта дае магчымасць хутка накіроўваць навуковыя распрацоўкі ў вытворчасць. На ўсе нашы прэпараты ёсць дзяржаўны заказ, арганізацыі Міністэрства аховы здароўя набываюць іх і выкарыстоўваюць непасрэдна падчас аперацый анкалагічна хворым людзям. У некаторых прэпаратаў увогуле няма аналагаў у свеце.

Напрыклад, прэпарат цысплацэл, які прызначаны для лячэння перш за ўсё пухлін галаўнога мозгу. Пасля выдалення пухліны ў чалавека практычна заўсёды прымяняецца радые- ці хіміятэрапія. Гэта вельмі цяжкія для арганізма працэдуры, бо ўводзяцца моцныя клетачныя атруты, якія знішчаюць пухліны, аднак атруч­ваюць і арганізм, што выклікае непажаданыя пабочныя эфекты і таксічныя праяўленні. Дзякуючы нашай методыцы, пасля выдалення пухліны на яе месца ўводзіцца спецыяльны палімерны носьбіт, сумяшчальны з арганізмам, які з часам раствараецца. Пры правядзенні хіміятэрапіі прэпарат, які ўводзіцца ўнутрывенна, імабілізуецца на згаданым носьбіце, і яна дзейнічае лакальна, у патрэбным месцы. Дасягаецца эфект, які ў дзясяткі разоў лепшы за звычайную хіміятэрапію.

Другі прэпарат — праспідэлонг — вельмі добра зарэкамендаваў сябе пры лячэнні пухлін страўніка. Справа ў тым, што ў брушыне практычна няма крывяносных сасудаў, таму ўнутрывеннае ўвядзенне хімічных прэпаратаў не дае выніку. Мы прапанавалі ўводзіць у брушыну праспідэлонг, які ўтварае гель, лакалізуецца на пухліне і знішчае яе. Гэта ўнікальная распрацоўка, якая здольна істотна падоў­жыць жыццё хворых і ў многіх выпадках прывесці да поўнага вылечвання.

І падобных прэпаратаў у нас некалькі. Сёння яны выкарыстоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Арменіі, выпрабоўваюцца ў Расійскім анкалагічным навуковым цэнтры імя М.М.Блахіна. Трэба ска­заць, што гэта распрацоўкі сусветнага ўзроўню. Аднак, каб выйсці на сусветны рынак, патрэбны велізарныя грошы, бо ў нас і, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе розныя патрабаванні да клінічных выпрабаванняў. Зрэшты, адна шведская кампанія прапанавала нам садзейнічанне, і ўжо нават пададзены еўрапейскія заяўкі на патэнты. Гэтая кампанія гатова ўкласці неабходныя грошы, каб мы выраблялі субстанцыю, а яна выпускала гатовыя лекавыя формы для наступнай рэалізацыі на еўрапейскім рынку.

— У якіх дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах бярэ ўдзел Бел­дзяржуніверсітэт?

— Сёння мы ўдзельнічаем у трох такіх праграмах. Адна з іх — “Лекавыя сродкі”, пра якую я гаварыў вышэй. Па гэтай праграме мы працуем шмат гадоў, і ў ёй задзейнічаны вялікі калектыў навукоўцаў. Нашы хімікі займаюцца распрацоўкай метадаў атрымання субстанцый, потым разам са спецыялістамі фармацэўтычнай прамысловасці распрацоўваюць гатовыя лекавыя формы, праводзяць даклінічныя выпрабаванні на жывёлах і клінічныя — на людзях. Пры гэтым нашы прэпараты ў дзясяткі разоў таннейшыя, чым тыя, што вырабляюцца на Захадзе.

Акрамя таго, у рамках згаданай праграмы ёсць асобны раздзел — “Распрацоўка джэнерычных прэпаратаў”. Калі тэрмін дзеяння патэнта на пэўны прэпарат (20—25 гадоў) заканчваецца, мы маем права вырабляць яго аналаг. Сёння джэнерыкі запатрабаваны, іх кошт намнога меншы, чым у арыгінальных прэпаратаў, таму такая работа вельмі важная.

Другая дзяржаўная праграма, у выкананні якой мы ўдзельнічаем, — “Малатанажная хімія”. У свой час мы былі яе ініцыятарамі, бо адна з праблем айчыннай хімічнай прамысловасці — гігантаманія: велізарныя горадаўтваральныя прадпрыемствы, з дзясяткамі тысяч работнікаў, якія вырабляюць вялікую колькасць таннай прадукцыі, пры гэтым наменклатура вырабаў вельмі абмежаваная. У выніку такія прадпрыемствы вельмі залежныя ад каньюнктуры рынку. Кітайцы ці іранцы пабудуюць два вялікія заводы, якія вырабляюць падобную прадукцыю, — і ўсё, нам няма куды збываць сваё.

Сёння ва ўсім свеце зусім іншы ўклад хімічнай прамысловасці. Напрыклад, на канцэрне BASF працуе прыкладна столькі ж работнікаў, як на канцэрне “Белнафтахім”. Але “Белнафтахім” вырабляе каля 100 найменняў прадукцыі, а BASF — 20 тысяч найменняў, і яго эканоміка базіруецца не на вырабе палімераў ці ўгнаенняў, а на вырабе ўсяго, што каштуе дорага (пестыцыды, кляі і г.д.). Праграма “Малатанажная хімія” якраз і стваралася для таго, каб мы развівалі гэтую справу. Яна выконваецца ўжо 15 гадоў, і за гэты час з’явілася шмат цікавых распрацовак, многія з іх укараняюцца або на прадпрыемствах БДУ, або на прыватных прадпрыемствах і фірмах. На жаль, “Белнафтахім” скіраваны на аб’ёмы, вал. Хаця сёння ўжо зусім іншы час. Зайдзіце ў любы будаўнічы магазін: паліцы завалены польскімі фарбамі, лакамі, іншай хіміяй. Але ж мы маг­лі і павінны былі зрабіць усё гэта самі. І гэта трэба зрабіць.

Трэцяя праграма — “Навукова-вучэбнае абсталяванне”. Нашы фізікі, радыёфізікі распрацоўваюць унікальныя прыборы, якія выкарыстоўваюцца і для навуковых мэт, і для вучэбнага працэсу. Напрыклад, у рамках згаданай праграмы прадпрыемства “Актыў БДУ” вырабляе вялікую колькасць вучэбнага абсталявання для школ, кале­джаў і ўніверсітэтаў. Летась там было выпушчана абсталяванне на суму 3 млн долараў.

— Алег Анатольевіч, мы з вамі гаворым найперш аб прыкладных даследаваннях. А як ва ўніверсітэце ідуць справы з фундаментальнай навукай?

— Насамрэч, усё вырастае з фундаментальнай навукі. Сёння БДУ з’яўляецца галаўной арганізацыяй па дзевяці дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, і ў нас вядуцца вельмі сур’ёзныя работы на міжнародным узроўні. Цяжка, немагчыма ды і няправільна вылучыць штосьці адно.

— Калі ласка, прывядзіце некалькі прыкладаў…

— Напрыклад, многія нашы вучоныя з НДІ ядзерных праблем удзельнічалі ў пошуку базона Хігса, за што была атрымана Нобелеўская прэмія.

Хімікі БДУ разам са спецыялістамі НДІ ядзерных праблем вядуць сур’ёзныя работы па наначасціцах, нанаматэрыялах, нанакластарах. У іх многа міжнародных кантрактаў на гэтую тэму.

Вельмі цікавыя навуковыя вынікі дэманструюць нашы біёлагі. Ёсць такі ўнікальны бялок — лактаферын, які адказвае за імунітэт чалавека. У Беларусі ў рамках саюзнай праграмы “БелРасТрансген” быў створаны статак трансгенных коз (гэтым займаўся РНПЦ па жывёлагадоўлі), у малацэ якіх змяшчаецца шмат лактаферыну, па сваіх уласцівасцях блізкага да чалавечага. А вось тэхналогію выдзялення, ачыст­кі і стварэння на яго аснове лекавых прэпаратаў распрацоўвалі біёлагі БДУ, і гэта распрацоўка сусветнага ўзроўню. У розных краінах вырабляюцца прэпараты на аснове лактаферыну, які выдзяляюць з малака жывёл, але праблема ў тым, што прыкладна ў 20 працэнтаў пацыентаў ён выклікае алергію. А той лактаферын, які вырабляецца па нашай тэхналогіі, стапрацэнтна засвойваецца, і зараз вядуцца работы над стварэннем адпаведных прэпаратаў для павышэння імунітэту ў дзяцей.

У мінулым годзе ў БДУ пабывалі два кіраўнікі дзяржаў — Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы. Спецыяльна для іх ладзіліся выставы навуковых дасягненняў, і найбольшую цікавасць выклікалі нашы распрацоўкі ў галіне фота- і відэа­спектральных сістэм, якія выкарыстоўваюцца на Міжнароднай касмічнай станцыі. Апошняя такая сістэма была пастаўлена на МКС у мінулым годзе, і яна сапраўды ўнікальная, з сур’ёзнай разрозненасцю і мноствам функцый. Расіяне не могуць такога зрабіць, а мы робім! Гэта распрацоўка НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ. І падобных прыкладаў я магу прывесці многа.

— Якіх навуковых вынікаў вы чакаеце ў гэтым годзе?

— Перш за ўсё мы чакаем запуску студэнцкага нанаспадарожніка. Гэта вельмі знакавая работа, бо ў свеце ўсяго некалькі дзясяткаў універсітэтаў маюць свае спадарожнікі. Ён ужо гатовы і практычна цалкам пратэсціраваны.

Акрамя сваіх асноўных задач, запуск спадарожніка важны яшчэ і для прыцягнення студэнтаў у навуку. Сёння стварыць спадарожнік нескладана: асобныя модулі і дэталі можна набыць, правільна іх скампанаваць, сабраць. Галоўная закавыка ў тым, што ніхто ніколі не прадасць праграмныя прадукты і сістэмы, якія дазваляюць зні­маць і апрацоўваць інфармацыю, бо гэта рэчы двайнога прызначэння. І нашы студэнты з факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій зрабілі гэта. Сёння вырашаецца, дзе запускаць спадарожнік. У расіян зараз праблемы, і пасля няўдалых спроб яны пакуль што адкладваюць нават свае запускі. Вядзём перамовы з Кітаем. Інфармацыяй, атрыманай са студэнцкага нанаспадарожніка, будуць карыстацца студэнты розных факультэтаў і навукоўцы. І гэта толькі пачатак, у будучыні мы будзем развіваць касмічныя даследаванні.

— БДУ вядомы сваімі навуковымі школамі, якія ўзначальваюць акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі. Скажыце, Алег Анатольевіч, якія новыя напрамкі даследаванняў развіваюцца ва ўніверсітэце.

— Адной з галоўных нашых мэт з’яўляецца стварэнне міждысцыплінарных навуковых школ. Я, напрыклад, перакананы, што на фізічным факультэце трэба хаця б на працягу года чытаць студэнтам хімію, бо матэрыялазнаўства — гэта фізіка-хімічная навука. І зараз ужо многа зроблена ў гэтым напрамку. Так, сёння хімікі вельмі плённа працуюць з фізікамі-ядзершчыкамі па распрацоўцы новых унікальных матэрыя­лаў.

Менавіта міждысцыплінарны падыход дазволіў нам атрымаць вельмі сур’ёзныя вынікі ў распрацоўцы супрацьпухлінных прэпаратаў, пра што я ўжо гаварыў. Я лічу, што мы знайшлі правільны падыход для нашай краіны, бо распрацоўка аднаго толькі супраць­пухліннага прэпарату каштуе ад 2 да 10 мільяр­даў долараў. А мы распрацоўваем новыя тэхналогіі прымянення вядомых, ужо апрабаваных прэпаратаў. Гэта патрабуе значна меншых сродкаў, а эфект дасягаецца вельмі добры. І навука развіваецца.

— Скажыце, Алег Анатольевіч, што ў БДУ з прытокам навуковых кадраў.

— У апошнія гады ў нас сітуацыя стабільная: штогод ва ўніверсітэце  абараняецца 5—7 доктарскіх і 50—60 кандыдацкіх дысертацый. Па статыстыцы ВАК, 39,9 працэнта дактароў навук і 35 працэнтаў кандыдатаў навук у сістэме адукацыі абараняюцца ў БДУ.

Сёння ўжо няма таго адтоку, які быў 10—15 гадоў назад. Ёсць праблемы, звязаныя з дэмаграфічным крызісам. Коль­касць выпускнікоў школ за апошнія гады зменшылася амаль на трэць, і гэта непазбежна адбіваецца на прытоку моладзі ў навуку. Але сёлетняя ўступная кампанія нас прыемна парадавала: ва ўніверсітэт прыйшлі першакурснікі з вельмі высокімі баламі. Напрыклад, на некаторыя спецыяльнасці хімічнага факультэта прахадны бал дасягаў 380 балаў, што для прыродазнаўчых спецыяль­насцей увогуле неўласціва. Гэта дае нам упэўненасць, што будуць у нас і кандыдацкія, і доктарскія дысертацыі.

Зрэшты, і зараз ва ўніверсітэце ёсць маладыя вучоныя, якім ледзь за трыц­цаць, але яны ўжо загадваюць кафедрамі і абара­няюць доктарскія дысертацыі. У такім рэчышчы мы і будзем рухацца.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.