Тыдзень высокага інтэлекту

Першы вучэбны дзень трэцяй чвэрці даў старт трэцяму (абласному) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У традыцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах прымаюць удзел тысячы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Першы алімпіядны тур праходзіць на базе навучальных устаноў. Звычайна гэта адбываецца ў кастрычніку. Другі этап (раённы, гарадскі) быў завершаны 1 снежня 2016 года. І нарэшце стартаваў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды.

Нагадаем, што алімпіяды пройдуць па 17 прадметах: матэматыка, працоўнае навучанне, нямецкая, англійская, іспанская, французская і кітайская мовы, інфарматыка, руская мова і літаратура, хімія, астраномія, грамадазнаўства, фізіка, біялогія, беларуская мова і літаратура, геаграфія і гісторыя.

Калі гаварыць пра геаграфію правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, то яна ахоплівае абласныя цэнтры (Віцебск, Гродна, Гомель, Магілёў, Брэст), сталіцу, а таксама шэраг іншых гарадоў краіны.
Як паказвае практыка і сістэмная работа рэгіёнаў, удзельнікі алімпіяды будуць у поўнай меры забяспечаны ўсім неабходным: будуць створаны належныя ўмовы для размяшчэння іншагародніх удзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд, членаў журы, арганізавана харчаванне, транспартнае, медыцынскае і культурнае абслугоўванне, правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў адкрыцця і закрыцця алімпіяды, будзе прадастаўлена лабараторнае, камп’ютарнае і іншае абсталяванне.

У канцы гэтага тыдня адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Стануць таксама вядомы імёны тых, хто зможа прадставіць свой рэгіён на рэспубліцы. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 27 па 31 сакавіка 2017 года.

У Мінску збяруцца лепшыя знаўцы геаграфіі, а ў Кобрыне — лепшыя майстры і майстрыхі (тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні). У Пінску стануць вядомы імёны лепшых знаўцаў біялогіі і хіміі. Полацк будзе прымаць юных рускіх філолагаў, у Магілёве стануць вядомы пераможцы алімпіяд па замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай), а ў Гомелі вызначаць лепшых беларускіх філолагаў. Барысаў будзе прымаць лепшых юных гісторыкаў і знаўцаў грамадазнаўства, у Гродне вырашаць, хто першы ў краіне па фізіцы, астраноміі, інфарматыцы, а ў Лідзе аб’явяць пераможцаў па матэматыцы.

Рэпартажы з абласнога этапу інтэлектуальных спаборніцтваў чытайце ў наступных нумарах газеты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

З іскрай у душы і верай у перамогу

“Зарніца” прываблівае сваім ззяннем ужо многа пакаленняў маладых людзей. Шмат аматараў гэтай ваенна-патрыятычнай гульні і на Міншчыне. Лепшых з іх сабраў абласны этап Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Адбыліся спаборніцтвы ў Барысаве, на базе сярэдняй школы № 7 і 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Для таго каб паспяхова ўдзельнічаць у “Зарніцы”, неабходна быць не толькі добра фізічна падрыхтаваным, але і творчым, артыстычным чалавекам, умець працаваць у камандзе. Адно з конкурсных заданняў мае назву “З іскрай у душы і верай у перамогу”. Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць тое, як спаборнічалі дзеці ў гульні “Зарніца”. Усе заданні яны выконвалі з азартам і юнацкім захапленнем.

Урачысты настрой падарыла дзецям цырымонія адкрыцця мерапрыемства, дзе іх вітаў ветэран Узброеных Сіл воін-інтэрнацыяналіст Фелікс Дарафеевіч Котаў. Стартавала “Зарніца” пад маршы, якія выконваў ваенны аркестр 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Акопы, бураломы і мышалоўкі давялося пераадольваць удзельнікам гульні падчас ваенізаванай эстафеты. Каманды кідалі гранаты, знаходзілі выхад з лабірынта, “размініравалі” пэўныя ўчасткі мясцовасці, збіралі і разбіралі аўтамат, камплектавалі рэчавы мяшок, даказвалі, што ведаюць воінскія званні.

Страявыя прыёмы і выкананне страявых песень дэманстравалі каманды ў конкурсным заданні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”. Давялося заспяваць дзецям і ў конкурсе “З іскрай у душы і верай у перамогу”. І не толькі заспяваць — конкурснае заданне патрабавала таксама інсцэніроўкі адпаведнай песні.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” сталі ўдзельнікі піянерскай дружыны імя А.Г.Сярэбраннікава сярэдняй школы № 7 Барысава. Другое месца раздзялілі каманды дзіцячага сада — сярэдняй школы аграгарадка Лашаны Мінскага раёна і Блонскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. Бронзавыя ўзнагароды атрымалі таксама дзве каманды — клецкай сярэдняй школы № 3 і гімназіі № 1 Жодзіна.

Дар’я РЭВА.
Фота Мікалая МАКАРЭВІЧА.

Інтэлект, красамоўства і ўменне павесці за сабой

У абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі адбыўся абласны этап IV Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2016”, у якім прынялі ўдзел лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці і чатырох раёнаў Гомеля.

Пачыналася ўсё з партфоліа ўдзельнікаў пад назвай “Гісторыя майго поспеху”, дзе перад канкурсантамі стаяла задача расказаць пра сябе, свае захапленні, памкненні і планы.

У намінацыі “Мая грамадзянская пазіцыя” раскрывалася ўменне падаць сябе, знайсці арыгінальны спосаб самавыяўлення, адлюстраваць свой светапогляд, ідэалогію грамадскага аб’яднання, якое яны прадстаўлялі. Цікава было назіраць за лідарамі ў конкурсных спаборніцтвах намінацыі “Інтэлект — лепшы брэнд”, дзе хлопцы і дзяўчаты змаглі раскрыць свае інтэлектуальныя і прамоўніцкія здольнасці. А намінацыя “Лідар-сюрпрыз” паказала, наколькі лёгка могуць сысціся дзеці і настаўнікі. Дуэты “педагог — лідар” выступілі з падрыхтаванымі творчымі нумарамі, а журы, назіраючы за імі, спрабавала ўбачыць, ці ёсць паміж імі ўзаемадзеянне і наколькі яны разумеюць адно аднаго.

Нездарма вынаходлівых юнакоў і дзяўчат называюць лідарамі. Яны заўсёды знаходзяць патрэбныя словы, не баяцца дзейнічаць, умеюць здзіўляць і гатовы павесці за сабой. Вызначыць сярод такіх лепшага — справа няпростая. Мабыць, таму журы паклікала на дапамогу выпускнікоў абласнога савета старшакласнікаў, якія выканалі ролю альтэрнатыўнага журы.

У абмеркаваннях і спрэчках былі вызначаны імёны пераможцаў. Першае месца суддзі аддалі навучэнцы гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа Кацярыне Гаўрыленка. На другім месцы — яе цёзка з гомельскай гімназіі № 10 Кацярына Патапенка. Уладзіслаў Касцючэнка, навучэнец сярэдняй школы № 7 Рэчыцы, — на трэцім месцы.

Асобна пераможцы былі вызначаныя і ў кожнай намінацыі.

Больш за ўсё даспадобы журы прыйшлася грамадзянская пазіцыя выхаванкі Калінкавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Настассі Архіпавай. А інтэлект як лепшы брэнд яскрава прарэкламаваў выхаванец Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля Уладзімір Рыдкін. Ну а знайсці агульную мову з педагогам у намінацыі “Лідар-сюрпрыз” лепш за ўсё, на думку журы, атрымалася ў навучэнца гомельскай сярэдняй школы № 1 Уладзіслава Пісарава.

Усе ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі ўпраўлення адукацыі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Спецыяльныя прызы для пераможцаў заснавала Гомельская абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якія ўручыла намеснік старшыні Наталля Мамрукова.

У хуткім часе Кацярына Гаўрыленка, Кацярына Патапенка і Уладзіслаў Касцючэнка будуць прадстаўляць Гомельскую вобласць на заключным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016” у Мінску.

Наталля ЛУТЧАНКА.

У новым фармаце творчасці

На Брэстчыне завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дэвіз сёлетняга фестывалю — “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”. Мэта мерапрыемства — фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці моладзі на аснове дзяржаўнай ідэалогіі. Акрамя таго, фестываль вырашае задачы па духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні маладога пакалення, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі на аснове каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, падтрымцы творчых ініцыятыў, стварэнні аптымальных умоў для самарэалізацыі, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу моладзі і інш.

Першы этап фестывалю праходзіў ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Удзельнікі рыхтавалі творчыя работы ў адпаведнасці з умовамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў “АРТ-вакацыі”, рэспубліканскіх конкурсаў сучаснай лічбавай творчасці студэнтаў “Арт-партал” і літаратурнай творчасці “Аўтограф”, рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя” і інсайт-праекта “РRО-вакацыі”. Абласны этап фестывалю доўжыўся два дні і праводзіўся ў форме міжуніверсітэцкіх мерапрыемстваў, падчас якіх моладзь дэманстравала тэматычныя выступленні і лепшыя творчыя работы.

Студэнты БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і ПалесДУ паказвалі музычныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя здольнасці на сцэне Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці і ў сценах Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Фестывальныя мерапрыемствы ў БарДУ называліся “Баранавічы — маладзёжная сталіца, будзем разам ствараць і краінай ганарыцца!”. Іх праграма ўключала работу інавацыйных пляцовак (“Танцуем разам”, “Спяваем пра мір разам”, “Чытаем М.Багдановіча разам”, “Крэатыў і дыгітальнае мастацтва”), інтэрактыўны конкурс “Па той бок заслоны”, выставу лепшых студэнцкіх работ “Ніколі ў палітры не скончацца фарбы…”, экспазіцыю інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Моладзь. Вольны час. Творчасць”, майстар-класы (“Сцэнічнае дзеянне ад А да Я”, “Харавыя спевы ў новым фармаце часу”, “Рытмы лаціны для ўсіх”, “Раскрыць душы парыў, які стварыў матыў…”), а таксама 23 канцэртныя нумары.

Ад БарДУ творчымі набыткамі радавалі харэаграфічны калектыў “Імпрэза”, народны тэатр моды “Світа”, народная студыя эстраднай песні “Талент”, студыя мастацкага чытання “Дзеяслоў”, народны ансамбль “Музычны гасцінец”, інструментальная група клуба “Я і гітара”, народны тэатр мініяцюр “Сафіт”.

Шмат незабыўных уражанняў падарылі прадстаўнікі ПалесДУ: народны ансамбль эстраднага танца “Альянс”, народны клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры “Solymar”, харавы калектыў “Melior”, студыя моды “Joli”, вакальна-інструментальная група “Sixth Sense”, народная студыя эстраднай песні “Гукі часу” і танцавальная група “Sparkle dance”.

“Час выбраў нас” — так называліся фестывальныя мерапрыемствы, што аб’ядналі студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. У фае ўстановы працавала пляцоўка “Горад творчасці”, якая знаёміла гледачоў з дасягненнямі моладзі ў розных галінах мастацтва.

Студэнтам двух універсітэтаў удалося стварыць яркае сумеснае шоу. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні ад БрДУ імя А.С.Пушкіна, падрыхтаваныя вакальна-інструментальнай групай “Cadence”, студыяй сучаснага танца “One Way”, студыяй народных спеваў, мужчынскай вакальнай групай “Рух”, студыяй эстрадных спеваў “Ступені” і іншымі выканаўцамі.

Шмат станоўчых эмоцый выклікалі выступленні студэнтаў БрДТУ. Адчувалася, што прадстаўнікі ансамбля скрыпачоў “Алегра”, ансамбля інструментальнай музыкі “Тэхна-бэнд”, ансамбля народных інструментаў “Экспромт”, харавога калектыву “Белая вежа”, народнай тэатральнай студыі “Слова”, вакальнай групы “Трыумф”, калектыву эстраднага танца “Эдэльвейс” і калектыву народнага танца “Крутуха” па-сапраўднаму ўлюбёныя ў творчасць і адносяцца да любімай справы з усёй душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем.

— У студэнтаў Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — падзяліўся ўражаннямі рэктар БрДТУ П.С.Пойта. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам у пэўнай прафесіі, але і ўсебакова развітой асобай з творчымі памкненнямі. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі і пераконваюць у неабходнасці іх падтрымкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Лепшыя ў прафесіі

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў ПТНУ WorldSkills Belarus — 2016.

Спаборніцтвы будучых кандытараў і афіцыянтаў праходзілі на базе Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. У конкурсе кандытараў удзельнічалі прадстаўнікі 3 устаноў адукацыі. На працягу 6 гадзін навучэнцы на аснове паўфабрыкату з пясочнага цеста гатавалі набор мініяцюр (пірожных) з 10 элементаў і торт на аснове бісквітнага паўфабрыкату “Тысяча і адна ноч”.
Работы канкурсантаў ацэньвала экспертная група з ліку кандытараў вядомых брэсцкіх прадпрыемстваў. Пераможцай спаборніцтва стала Надзея Дрозд з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. Удзельнікі конкурсу афіцыянтаў выконвалі 2 заданні: “Абслугоўванне гасцей у рэстаране найвышэйшага класа” і “Прыгатаванне карвінг-фруктаў. Падача пеністага віна”. Навучэнцы рабілі папярэднюю сервіроўку стала па меню, прапаноўвалі халодныя закускі і гарачыя напіткі французскім спосабам “у абнос”, нарэзвалі ананасы, яблыкі, апельсіны, бананы і ківі і сервіравалі іх на індывідуальных талерках, складвалі льняныя сурвэткі 10-цю рознымі спосабамі, сервіравалі паднос у бары для падачы пеністага віна на 6 персон і падавалі яго. У гэтым майстэрстве не аказалася роўных Аляксандру Бычкову з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа.
Лепшага абліцоўшчыка-плітачніка вызначалі на базе Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Паміж сабой спаборнічалі прадстаўнікі 4 устаноў адукацыі.
Пры ацэньванні выкананых заданняў асаблівая ўвага звярталася на якасць работы, арганізацыю рабочага месца, тэхніку бяспекі і гігіену працы. Найбольшага прафесіяналізму ў гэтым дасягнуў Андрэй Гладкі з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.
На базе вучэбна-вытворчых майстэрань Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа сабраліся прадстаўнікі 5 устаноў адукацыі, каб выявіць лепшага муляра.
Журы ацэньвала арганізацыю рабочага месца канкурсантаў, тэхналогію выканання кладкі, якасць швоў і іх расшыўку, выкананне тэхнікі бяспекі і інш. Эксперты прызналі лепшым Аляксандра Лойку з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.
У конкурсе зваршчыкаў, які праходзіў на базе Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, перамог яго выпускнік рабочы ЗАТ “Амкадор — Пінск” Сяргей Мацкевіч.
Будучыя сталяры спаборнічалі на базе Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. Ім неабходна было выканаць практычнае заданне, якое складалася з тэставага праекта 2D-фігуры ў выглядзе зменшанага варыянта аконнай шыбы. Лепш за ўсё з заданнем справіўся Дзмітрый Голубеў з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.
Конкурс закройшчыкаў, які праходзіў на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, вызначаў лепшых сярод прадстаўнікоў 3 устаноў адукацыі. Дзяўчаты стваралі эскізы мадэлей адзення, выконвалі драпіроўку на манекене, выраблялі сукенкі і дэкарыравалі іх. Пераможцай конкурсу стала Надзея Шчагалёва з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Адрасы творчасці і натхнення

І майстэрства, і творчасць прадэманстравалі навучэнцы і работнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны. 23 установы адукацыі прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых дасягненняў вучнёўскай моладзі “Праз творчасць — да майстэрства”.

— На першым этапе адбыліся агляды-конкурсы паміж групамі па розных відах творчасці, справаздачы аб’яднанняў па інтарэсах, выставы, віктарыны, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Тэрэза Серахан. — Лепшыя ўдзельнікі ў фінале спаборнічалі ў пяці намінацыях. У конкурсе “Усе грані прафесіі” прадстаўляўся 5-хвілінны відэаролік аб установе адукацыі і спецыяльнасцях, па якіх там рыхтуюць. Конкурс “І майстэрства, і натхненне” прадугледжваў выкананне аўтарскіх работ на тэму “Славутасці Беларусі” па кірунках: фотаздымак, рэкламны плакат, пано, якое трэба было выканаць у тэхніцы машыннай вышыўкі па матывах архітэктурных помнікаў. Намінацыя “Макетаванне” патрабавала выканання макета існуючай архітэктурнай славутасці Беларусі з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў — паперы, гіпсу, гліны, шклапластыку, пластмасы.
На конкурсе “Прадстаўленне каманды” неабходна было расказаць пра сваю ўстанову адукацыі, а таксама пра рэгіён, яго дасягненні і развіццё. Конкурс “Ад прадзедаў спакон вякоў…” вызначыў лепшую арганізацыю даследчай работы па захаванні і развіцці народных традыцый і рамёстваў і прадугледжваў выкананне вырабу беларускіх народных промыслаў. Конкурс “Адрасы цікавых прафесій” быў накіраваны на прафарыентацыйную работу і стварэнне станоўчага іміджу сучасных рабочых спецыяльнасцей. Прадстаўленне прафесій адбывалася ў выглядзе флэш-мобаў, рэкламных прома-акцый, віртуальных экскурсій, майстар-класаў.Лепшым у “Прадстаўленні каманды” стала выступленне калектываў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа імя І.Шчаснага і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа. Гродзенскі політэхнічны каледж перамагаў двойчы — у конкурсе “Ад прадзедаў спакон вякоў…” і ў намінацыі “Макетаванне” конкурсу “І майстэрства, і натхненне”. Пераможцамі ў гэтым конкурсе таксама сталі: у намінацыі “Мастацкая фатаграфія” — Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, у намінацыі “Машынная вышыўка” — Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва. “Усе грані прафесіі” лепш за ўсіх адлюстравалі прадстаўнікі Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Вызначыліся ў прафесіі і перамаглі

Хто пабудуе прыгожы і трывалы дом і напоўніць яго зручнымі рэчамі? Хто зробіць нас прыгожымі — ад прычоскі да касцюма? Гэта зробяць яны — маладыя людзі, якія сёння авалодваюць прафесіяй у сценах ліцэяў, каледжаў, вучылішч. Лепшыя з іх прадэманстравалі сваё майстэрства на абласным этапе конкурсу WorldSkills.

37 навучэнцаў прафесійных устаноў Гродзенскай вобласці і адзін малады рабочы прынялі ўдзел у рэгіянальным этапе адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. У гэтым годзе яны спаборнічалі ў шасці кампетэнцыях.
На ўрачыстым адкрыцці конкурсу, якое адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1, удзельнікаў пазнаёмілі з умовамі яго правядзення, гісторыяй сусветнага чэмпіянату, прадставілі членаў журы — а гэта былі прызнаныя майстры сваёй справы, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых арганізацый, сферы бытавога абслугоўвання. Вітаючы маладых прафесіяналаў, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок адзначыў, што ўдзельнікі конкурсу ўжо з’яўляюцца пераможцамі, таму што зрабілі адзін з галоўных выбараў жыцця — вызначыліся ў прафесіі.
І спаборніцтва пачалося… Заданні ўдзельнікі атрымалі складаныя. Член экспертнай групы электразваршчык 5 разраду ААТ “Гроднажылбуд” Руслан Данцоў паказвае чарцяжы-заданні: зварыць трубу ў незваротным становішчы, таўровае злучэнне, сасуд. Гэтыя заданні патрабуюць ад удзельнікаў прадэманстраваць валоданне ўсімі відамі зваркі. Ад абліцоўшчыкаў патрабавалася ўменне абліцаваць пліткай вертыкальную і гарызантальную паверхню па прапанаваным эскізе, улічвалася і веданне тэхнікі бяспекі. Цырульнікі рабілі прычоскі для вяселля, сталяры — аконныя рамы.
Два дні напружанай працы выявілі пераможцаў. У маі на рэспубліканскім этапе конкурсу ў Мінску Гродзеншчыну будуць прадстаўляць: у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” — навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Аляксандра Тарасевіч, “Дызайн адзення” — Вольга Кушнер з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. Лепшым у кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” стаў прадстаўнік Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Віталь Каралько, а Артур Аксень з Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа лідзіраваў у кампетэнцыі “Каменныя работы”. Пацвярджэннем ісціны, што дома і сцены дапамагаюць, стала першынство двух прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 — Андрэй Жамойдзік прызнаны лепшым зваршчыкам, а Раман Лебедзь — лепшым сталяром.
Запомнім гэтыя імёны. Яны ўпрыгожаць наша жыццё… І яны ж, магчыма, прадставяць Беларусь на сусветным фінале WorldSkills у Абу-Дабі. Хварэем за сваіх!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Прафесійнае майстэрства на ўзроўні

Будучыя прадстаўнікі рабочых прафесій на Міншчыне працягваюць спаборнічаць за лідарскія пазіцыі ў адборачных турах абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus. Вызначыліся лепшыя ў кампетэнцыях “Дызайн адзення” і “Зварачныя работы”.

Конкурсныя мерапрыемствы па кампетэнцыі “Дызайн адзення” адбыліся ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Удзел у іх прынялі майстрыхі, якія ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Швачка”. Гэта Вікторыя Мароз, навучэнка 3 курса Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Вікторыя атрымлівае ў каледжы прафесію швачкі-краўца. Другая ўдзельніца спаборніцтва Карына Раманчук вучыцца на 3 курсе ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій і атрымлівае прафесію швачкі-цырульніка.
Дзяўчаты выконвалі тры модулі заданняў на працягу конкурснага дня. Спачатку з аднолькавых прадастаўленых загатовак ім патрэбна было вырабіць жаночую сукенку згодна з эскізам, потым дэкарыраваць выраб і прэзентаваць яго экспертнай групе. Судзілі ўдзельніц конкурсу выкладчыкі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа і начальнік вытворчага філіяла кампаніі “Фармэль”. Эксперты ацэньвалі не толькі якасць і дызайн адзення, якое атрымалася ў выніку, але таксама і тэхналагічную паслядоўнасць пры яго стварэнні, правільнасць выканання прыёмаў пры апрацоўцы вырабу, арганізацыю рабочага месца і ўменне карыстацца швейным абсталяваннем, выкананне правіл аховы працы і пажарнай бяспекі.
“Заданні для дзяўчат былі даволі складаныя, бо вучацца яны не на дызайнераў, а на швачак. Гэта памежныя прафесіі, і ўсё ж розныя, — расказвае член журы выкладчык Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Наталля Мікалаеўна Сафончык. — Аднак дзяўчаты выканалі іх годна. Трэба адзначыць, што з пашывам сукенкі лепш справілася Вікторыя, а дэкарыраваць і прадставіць сваю работу лепш удалося Карыне”.
Пераможцай адборачнага этапу стала Карына Раманчук. Дзяўчыне давялося старанна рыхтавацца да конкурсу, бо зараз у каледжы яна займаецца па іншай спецыяльнасці — “Цырульнік”. Карына разам з выкладчыкамі ўспамінала заняткі па швейным майстэрстве, адпрацоўвала складаныя прыёмы, чытала літаратуру аб дызайне. Карына прызналася, што і выбар прафесіі, і яе згода на ўдзел у конкурсе абумоўлены яе жаданнем дарыць людзям прыгажосць, каб яны часцей усміхаліся.
Лепшага зваршчыка вызначалі ў Жодзіне. 10 навучэнцаў і 2 выпускнікі, прадстаўнікі 11 устаноў адукацыі вобласці, уступілі ў барацьбу ў адборачным туры абласнога этапу па кампетэнцыі “Зварачныя работы”. За дзве гадзіны хлопцам давялося прадэманстраваць сваё майстэрства і выканаць па чарцяжы зборку і зварку кантрольных злучэнняў пры дапамозе розных відаў зваркі.
Ацэньвалі хлопцаў эксперты-практыкі — супрацоўнікі прадпрыемства “БелАЗ”. Яны звярталі ўвагу на тэхналагічную паслядоўнасць выканання заданняў, якасць зваркі і веданне правіл бяспекі на працоўным месцы.
Першае месца падзялілі паміж сабой Руслан Ярмошка, навучэнец Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя, і выпускнік Жодзінскага прафесійнага ліцэя Кірыл Лакціёнаў.
Руслан, Кірыл і Карына прадоўжаць удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, бо менавіта яны прымуць удзел у нацыянальных спаборніцтвах у складзе Мінскай вобласці.

Дар’я РЭВА.

Раскрываюць таямніцы прыроды

Уся гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя пазнання навакольнага асяроддзя. І колькі б стагоддзяў людзі ні займаліся вывучэннем прыроды, у яе заўсёды застаецца бясконцае мноства таямніц. Магчыма, разгадкі гэтых таямніц у нас яшчэ наперадзе, а можа, многія з іх так і застануцца нераскрытымі. Але заўсёды ёсць тыя, хто жадае даследаваць бясконцы і бязмежны свет навокал. Менавіта такія цікаўныя дзеці прымаюць удзел у Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На Міншчыне адбыўся абласны этап гэтага конкурсу.

Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі найбольш таленавітых і здольных да правядзення навукова-даследчай работы навучэнцаў. Пачаўся абласны этап завочным турам, на які юныя даследчыкі прадставілі 132 работы. З іх журы выбрала 32 самыя моцныя і актуальныя для ўдзелу ў вочным туры. Асабіста абараняць свае работы перад суддзямі дзеці прыехалі ў Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй. Абарона праводзілася ў рамках пяці секцый. Удзельнікі секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” даследавалі таксічнае ўздзеянне харчовых дабавак на жывыя арганізмы, назапашванне фенольных спалучэнняў у кветкавых раслінах як абарончую рэакцыю на забруджванне навакольнага асяроддзя, праводзілі клонавы адбор часнаку. Лепшай у гэтай секцыі стала работа навучэнца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вадзіма Плескацэвіча, які даследаваў асаблівасці размнажэння буякоў высокіх. Ігар Плотнікаў, выхаванец Барысаўскага экалагічнага цэнтра, прадставіў работу “Стракозы як індыкатар стану вадаёмаў”. Яго работа стала лепшай у секцыі “Вада і водныя экасістэмы”. Наогул, удзельнікаў гэтай секцыі вельмі хвалюе пытанне забруджвання вады: яны ацэньвалі якасць вады гарадской сажалкі, праводзілі маніторынг экалагічнага стану рознымі метадамі і высвятлялі, якія з гэтых метадаў найбольш эфектыўныя.
У секцыі “Экалогія жывёл” дзеці даследавалі ўздзеянне гаспадарчай дзейнасці на птушыных, а таксама біялагічную разнастайнасць вадаплаўных птушак у сваіх родных мясцінах, а таксама прапаноўвалі меры для захавання папуляцыі земнаводных. Перамог у гэтай секцыі Канстанцін Слінка, навучэнец гімназіі Дзяржынска, які сваю работу прысвяціў вывучэнню паводзін мурашак у штучна створаных умовах. Многа цікавых ідэй прапанавалі юныя вучоныя ў секцыі “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэння”. Напрыклад, Дар’я Залеская з Салігорскага раёна вынайшла рэчыва, з дапамогай якога можна змагацца з ляснымі пажарамі і папярэджваць іх, а Вікторыя Германовіч з Барысава высвятляла, ці існуе вечны рухавік у сельскай гаспадарцы. Найбольш арыгінальнай і перспектыўнай у гэтай секцыі журы здалася ідэя Аляксандры Кахавец, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна. Аляксандра прапаноўвае азеляняць дахі шматпавярховых дамоў і даказвае, што гэта прыгожа, карысна для экалогіі і бюджэту, а таксама абсалютна рэальна ў нашых умовах. Аматараў навуковых эксперыментаў аб’яднала секцыя “Эксперыментальная біялогія”. Першае месца ў гэтай секцыі падзялілі паміж сабой Лізавета Бабёр, Ульяна Краўчанка і Настасся Уласавец. Лізавета вучыцца ў Клецкай сярэдняй школе № 3. Яна даследавала, ці можа агародніна змагацца з металамі, а менавіта змяншаць колькасць катыёнаў цяжкіх металаў у арганізме чалавека. Ульяна і Настасся разам вучацца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі і разам стварылі даследчую работу аб бактэрыяфагах. Гэтая тэма сёння цікавіць дактароў, фармацэўтаў і наогул усіх, хто непакоіцца аб сваім здароўі, бо бактэрыяфагі лічацца бяспечнай і эфектыўнай альтэрнатывай антыбіётыкам. Таксама ў рамках гэтай секцыі дзеці прапаноўвалі біялагічныя сродкі барацьбы з капуснай бялянкай, сістэму абароны парасткаў кукурузы і вывучалі ўздзеянне пакаёвых кветак на паветра ў школе.
На вочным этапе ўдзельнікі прадэманстравалі не толькі вынікі сваёй даследчай работы, але таксама і ўменне гэтыя вынікі годна прадставіць. Тыя, у каго гэта атрымалася лепш, прадставяць свае работы на рэспубліканскім этапе конкурсу. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства выступяць 14 прадстаўнікоў Міншчыны.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Прага перамагчы

Больш за 1000 навучэнцаў прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Віцебшчыне.

— У Віцебску прайшлі этапы алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі, працоўным навучанні, замежных мовах, — паведаміла начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч. — Орша ў гэтыя дні прымала юных знаўцаў гісторыі, грамадазнаўства, рускай мовы і літаратуры, Полацк — беларускай мовы і літаратуры.
Сярод пераможцаў абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы — навучэнцы як гарадскіх, так і сельскіх школ. Іх геаграфія даволі шырокая, тым не менш лепшыя вынікі дэманструюць пераважна гімназіі. Хаця трэба сказаць, што сёлета асноўная канкурэнцыя была паміж віцяблянамі — вучнямі Аляксандра Шугаля з гімназіі № 2 (2 дыпломы І, па адным — ІІ і ІІІ ступені) і Наталлі Шчагловай з сярэдняй школы № 31 (па 2 дыпломы І і ІІІ ступені). Узнагароды пераможцам уручыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы і культуры Міхаіл Волкаў.— У вобласці заўсёды была якасна арганізавана падрыхтоўка да алімпіяд, — расказаў Міхаіл Мікалаевіч. — Магу гэта дакладна сцвярджаць, таму што на працягу 21 года асабіста ўдзельнічаў у алімпіядным руху і падрыхтаваў за гэты час 186 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — прычым у асноўным з дыпломамі першай і другой катэгорыі, — а таксама 18 пераможцаў міжнародных алімпіяд. Нельга не згадаць вялікую работу, якую сумесна праводзяць установы адукацыі, органы кіравання адукацыяй, абласны ІРА і вышэйшая школа. У той жа час з уласнага вопыту хочацца засцерагчы калег: каб не спыніцца на адзінкавым выніку, неабходна сістэмная праца! Пакуль найчасцей так: прыйдзе таленавіты вучань, ашчаслівіць перамогай настаўніка, вобласць, рэспубліку — і ўсё, ні да, ні пасля яго “зорак” у педагога няма. Калі вы плануеце граматна працаваць з удзельнікамі алімпіяд — паглядзіце, за кошт чаго той вучань выйграў, якія артыкулы і тэмы разбіраў, што ён зрабіў для таго, каб перамагчы, як з ім працуюць тыя выкладчыкі, якія вам дапамагаюць. Пры гэтым звярніце ўвагу: сёння многія настаўнікі ўзаемадзейнічаюць у сістэме з выкладчыкамі вышэйшай школы, са сваімі калегамі праз інтэрнэт. Але тое, што перамогі іх вучняў — вынік калектыўнай працы, замоўчваюць. Лічу, што падобнае недапушчальна. Эфектыўныя індывідуальныя сістэмы падрыхтоўкі ўдзельнікаў алімпіяды па вучэбных прадметах ёсць у нашых лепшых педагогаў, вучні якіх штогод дэманструюць высокія вынікі на алімпіядах. Адразу некалькі настаўнікаў зараз выходзяць на свае сістэмы. Доўгі час Віцебшчына была першай сярод абласцей па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, саступаючы толькі Мінску. Спадзяюся, што неўзабаве мы вернем лідарства.
Як тут не паверыць у магію лічбаў: на абласной алімпіядзе па фізіцы гімназію № 7 Віцебска прадстаўлялі сямёра навучэнцаў Алены Маруцько. І, вобразна кажучы, занялі амаль увесь п’едэстал: з чатырох “першых” дыпломаў заваявалі тры (адзін саступілі вучню Алены Грыгор’евай з сярэдняй школы № 16 Полацка Віталю Вістунову), такая ж колькасць дыпломаў ІІ і адзін ІІІ ступені.
— Заданні складаныя, але дзеці рыхтуюцца да алімпіяды і нельга сказаць, што для іх гэта быў нечакана высокі ўзровень, — пракаменціравала Алена Маруцько. — Напэўна, таму мы так і выступілі. Калі параўноўваць з вынікамі мінулага года, то я не магу сказаць, што ў нас ёсць нейкае паляпшэнне ці пагаршэнне: проста наша каманда колькасна павялічылася.
У ліку ўдзельнікаў абласнога этапу алімпіяды па фізіцы было пяцёра навучэнцаў з Масквы. Падобная практыка ўзаемных паездак (школьнікі Прыдзвіння таксама ўдзельнічаюць ва Усерасійскай алімпіядзе) склалася дзякуючы супрацоўніцтву з Маскоўскім цэнтрам дадатковай адукацыі.
— Мы ажыццяўляем сумесную комплексную работу па падрыхтоўцы адораных дзяцей. Тройчы за год арганізуем вучэбныя зборы на базе санаторыя “Жамчужына” ў Лепельскім раёне. З навучэнцамі займаюцца вядучыя педагогі-наватары і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі — патлумачыла намеснік дырэктара гімназіі № 7 Віцебска па вучэбнай рабоце Алена Маруцько. — Масквічы ўдзельнічаюць у абласным этапе алімпіяды пяты раз, прыязджаюць штогод. Яны зацікаўлены ў гэтым выступленні, таму што наша алімпіяда па сваім фармаце адрозніваецца ад усерасійскай і максімальна набліжана да міжнароднай — для расіян вопыт вельмі каштоўны. Выступілі яны досыць добра: пяцёра ўдзельнікаў забралі 4 дыпломы рознай вартасці.
Алімпіяда па інфарматыцы на Віцебшчыне таксама мае сваю ўнікальную спецыфіку. У педагагічнай грамадскасці на слыху гучныя перамогі вучняў Веранікі Лакціной на міжнародных алімпіядах. Але мала каму вядома, што за апошнія 9 гадоў 5 разоў абсалютнымі пераможцамі абласной алімпіяды па інфарматыцы (дзе звычайна ўдзельнічае каля 95 працэнтаў юнакоў) станавіліся вучаніцы Веранікі Паўлаўны: у 2008 годзе Дзіяна Міхасёва (гімназія № 8 Віцебска), у 2010-м — Ірына Уласенка (гімназія № 8 Віцебска), у 2013-м — Таццяна Пятрашка (гімназія № 8 Віцебска), у 2014-м — Барбара Кускова (гімназія № 1 Віцебска), у 2016-м — Марыя Ізобава (гімназія № 1 Віцебска). Ні ў адной вобласці Беларусі абсалютнымі пераможцамі алімпіяды па інфарматыцы дзяўчаты не былі.
— У сёлетнім абласным этапе алімпіяды прынялі ўдзел 20 маіх вучняў 9—11 класаў, — адзначыла Вераніка Лакціна. — З іх 17 узялі дыпломы. Таксама ў алімпіядзе паспрабавалі сілы 5 маіх сямі- і васьмікласнікаў (іх па выніках раённага этапу запрасілі на абласную алімпіяду для 9—11 класаў). На жаль, узровень алімпіяды быў занадта высокім і не дазволіў ім узяць дыплом. Раней у Віцебскай вобласці праводзілі абласныя алімпіяды для 7—8 класаў і яны вельмі спрыялі развіццю алімпіяднага руху: будучых удзельнікаў мы пачынаем рыхтаваць з 5—6 класа, таму ў 7—8 ім пара спрабаваць свае сілы на абласным узроўні, прычым менавіта для гэтых класаў (ім не па сілах ра-шаць аднолькавыя задачы з 9—11 класам). Заданні былі адназначна больш складаныя. Затое ў правільнасці выстаўлення балаў ні ў кога з нас сумненняў няма і не можа быць: пры праверцы поўнасцю выключаны суб’ектыўны фактар, выкананыя заданні ацэньваюцца аўтаматычна. Гэта добра — усе ў роўных умовах, няма апеляцый. З другога боку, адзін з нашых навучэнцаў у каментарыі паставіў сваю задачу — і згубіў 100 балаў: камп’ютар рашэнне не ўбачыў і не залічыў. І гэта не адзінкавы такі выпадак. На заключны этап рэспубліканскай алімпіяды паедуць 9 маіх вучняў. Наперадзе — 2 месяцы інтэнсіўнай падрыхтоўкі. Усё цяпер залежыць ад іх працавітасці, арганізаванасці, жадання перамагчы.

Таццяна БОНДАРАВА.