Мультымедыйны ўрок — у практыку кожнага педагога

На Брэстчыне падвялі вынікі ІІІ Абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс, у фінальным этапе якога ўдзельнічалі 54 педагогі, праводзіўся з мэтай аб’яднання намаганняў настаўнікаў вобласці ў распрацоўцы эфектыўных урокаў з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў, павышэння матывацыі педагогаў да іх прымянення пры паказе вучэбнай інфармацыі ў сучаснай, цікавай і максімальна даступнай для вучняў форме, папаўнення абласнога банка распрацовак мультымедыйных урокаў, папулярызацыі і эфектыўнага ўкаранення сучасных методык правядзення вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, развіцця творчых здольнасцей педагогаў, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык.

Удзельнікі конкурсу (настаўнікі пачатковых класаў і настаўнікі-прадметнікі) распрацоўвалі ўрокі па пэўных тэмах з абавязковым уключэннем у іх структуру і змест медыя- і мультымедыякампанентаў, якія забяспечваюць нагляднасць вучэбнага матэрыялу, яго інтэрактыўнасць і даступнасць успрымання і асваення вучнямі. Вочны тур спаборніцтва праводзіўся ў форме адкрытых заняткаў “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы педагога”. Пры ацэньванні конкурсных матэрыялаў улічваліся эфектыўнасць арганізацыі педагагічнай дзейнасці (структура ўрока, яго змест, выкарыстаныя метады, прыёмы і формы яго рэалізацыі, работа вучняў, псіхалагічны рэжым заняткаў) і якасць мультымедыйнага кампанента ўрока.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі настаўніца геаграфіі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Ірына Уладзіміраўна Пабожная са Стрыгінскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, настаўніца матэматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Алена Барысаўна Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына і настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Базар з Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна. Акрамя дыпломаў, пераможцы былі адзначаны каштоўнымі падарункамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Для гурманаў і не толькі

Чарговы раз семінар па харчаванні сабраў кіраўнікоў адукацыйнай сферы Гомельшчыны і членаў абласнога савета па харчаванні. Месцам вывучэння вопыту быў выбраны Нараўлянскі раён.
Стала традыцыяй, што два разы на год — вясной і восенню — які-небудзь з рэгіёнаў вобласці прымае ў сябе гасцей. Як правіла, на парадку дня значацца не толькі пытанні харчавання ў школах і дашкольных установах. Дэманструецца лепшы вопыт раёна ў розных кірунках адукацыйнай сферы. Гэта яшчэ і добрая магчымасць для начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама кіраўнікоў дзіцячых дамоў і дзіцячых аздараўленчых цэнтраў сабрацца разам, параіцца, абмеркаваць розныя пытанні, падзяліцца дасягненнямі. Важна і тое, што ў семінары заўсёды прымае ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын.

Здаровае харчаванне і карысная праца

Сонечнай восеньскай раніцай мікрааўтобус з Сяргеем Парошыным, яго намеснікам Жаннай Ждановіч і кіраўнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама і адміністрацый горада пакінуў абласны цэнтр. Шлях ляжаў на самы поўдзень Гомельскай вобласці, у палескую Нароўлю, якая раскінулася на правым беразе Прыпяці.Дзве гадзіны ў дарозе не зацягнуліся, бо ўвесь час нешта абмяркоўвалі, прапаноўвалі і проста дзяліліся думкамі. І вось ужо нас сустракае Нараўлянскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — менавіта адсюль пачалося знаёмства ўдзельнікаў семінара з райцэнтрам і яго дасягненнямі ў адукацыі. Пасля экскурсіі па ўтульным памяшканні, дзе дзеці праводзяць свой вольны час, дэлегацыя накіравалася ў нараўлянскую сярэднюю школу № 3. На пляцоўцы перад школай разгарнулася выстава фотаздымкаў “Здаровае харчаванне”, галоўнымі героямі якой, зразумела, сталі вучні. Гасцей сустрэлі пачаткоўцы, якія красамоўна расказвалі пра культуру харчавання і карысныя прадукты. А ўнутры чакалі неверагодныя пачастункі, прыгатаваныя педагогамі, вучнямі і іх бацькамі. Не проста пачастункі, а выстава-дэгустацыя пад назвай “Кулінарны рэпертуар у літаратурных творах”. Ганна з вядомага мележаўскага твора расказала пра беларускае снеданне і запрасіла пакаштаваць традыцыйныя стравы сельскіх жыхароў. А смачнымі пірагамі на любы густ частаваў сам класік рускай літаратуры А.С.Пушкін у выкананні аднаго з вучняў.
Пасля смачнага снедання ўсіх чакала цікавая экскурсія па трох школьных музеях. У музеі “Народныя промыслы” сабраны шматлікія прылады працы і прадметы хатняга ўжытку нашых продкаў. У кожнай экспазіцыі — свая гісторыя, з якой навучэнцы школы добра знаёмыя. Дарэчы, у ролі экскурсаводаў школьных музеяў выступаюць таксама вучні. Яны не толькі добра ведаюць гісторыю роднага краю, а яшчэ і выдатна валодаюць майстэрствам красамоўства.
Своеасаблівы помнік майстрам па вырабах з жалеза — музей “Кавальская справа”. Замкі, ключы, падковы, колы для воза, прасы на вуглях і яшчэ шмат якіх рэчаў, пра якія сёння мы нават і не ведаем. А вось хлапчук з завязаным піянерскім гальштукам з веданнем справы — як і належыць экскурсаводу — падрабязна раскажа вам пра кожную дэталь і нават пакажа, як яна выраблялася ці прымянялася ў рабоце.
І, нарэшце, апошні музей, які таксама знаёміць нас з мінулым, — “Сельпо”. У гэтым “савецкім магазіне” ўдзельнікі семінара затрымаліся даўжэй. Нядзіўна, бо кожная рэч — успамін пра дзяцінства і юнацтва: бутэлькі і пакеты з-пад малака, цукеркі, цацкі, адзенне і абутак… Мабыць, кожны ўспомніў свой далёкі паход у сельскі магазін з матуляй ці бабуляй. Як і павінна быць, у магазіне-музеі ёсць Кніга скаргаў і прапаноў, у якой пакінуў свой водгук і Сяргей Парошын. “Дзякуй за зберажэнне гісторыі свайго роднага краю!” — напісаў ён дзецям і педагогам. Дарэчы, у ёй ужо значыцца запіс намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, пакінуты на Рэспубліканскім тыдні ўстаноў дадатковай адукацыі. Усе тры музеі — заслуга аднаго чалавека, педагога дадатковай адукацыі Васіля Чайкі. Мясцовыя жыхары не памятаюць, каб яшчэ нехта так цікавіўся гісторыяй Нараўляншчыны. За гады сваёй працы ён прывіў любоў да гістарычнага мінулага не аднаму пакаленню выпускнікоў. У Дзень настаўніка нараўлянскі педагог і краязнавец атрымаў за сваю працу заслужаную ўзнагароду.
Настальгічныя ноткі кранулі душу і ў музеі “Дзяцінства”, які размяшчаецца ў сярэдняй школе № 2 Нароўлі. Варта сказаць, што гэты семінар па харчаванні быў асаблівым для намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч: менавіта ў Нароўлі прайшлі яе школьныя гады, тут пачынаўся яе педагагічны шлях. Родная школа Жанны Анатольеўны — сярэдняя школа № 2 — у гэтым годзе была адкрыта пасля рэканструкцыі. Адноўлены будынак прываблівае яркімі фарбамі і шумлівымі бярозамі. А на шырокай пляцоўцы перад школай разгарнуўся сапраўдны восеньскі кірмаш. Тут можна было не толькі паглядзець на прыгожыя рэчы, але яшчэ і паўдзельнічаць у майстар-класах. Так, педагогі дадатковай адукацыі разам са сваімі выхаванцамі дэманстравалі тое, чым яны займаюцца ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах. Але больш за ўсё прываблівалі майстар-класы прыёмных бацькоў. Іна Матузка, Інеса Соцкая і Людміла Крукоўская разам са сваімі дзеткамі паказвалі тэхніку выкладвання карцін з фісташак, роспісу па шкле і алмазнай вышыўкі. Побач выхавальнік раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аксана Альховік вучыла прыёмных бацькоў ствараць ляльку-абярэг.
Удзельнікі семінара наведалі таксама гімназію Нароўлі, дзе ім былі прадэманстраваны новыя формы арганізацыі харчавання і выступленне агітбрыгады па здаровым харчаванні — пераможцы тэматычнага абласнога конкурсу.

Праз гульні і даследаванні

Уразіла работа па вывучэнні правільнага харчавання ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Выхаванцы старшых груп разам са сваім выхавальнікам паказалі фрагменты заняткаў па доследна-эксперыментальнай дзейнасці “Падарожжа ў навуку”. Малыя расказвалі, абапіраючыся на доследы, як уздзейнічае на арганізм чалавека ўжыванне кока-колы і чыпсаў, што адбываецца з карысным малаком, калі ў яго дабавіць фарбавальнікі. Іншыя дашкаляты ўпэўнена працавалі за камп’ютарамі, дэманструючы фрагменты гульнявых заняткаў “Вясёлыя навучалкі” — зноў жа па тэме правільнага і карыснага харчавання. Праграма прапануе дзіцяці выбраць малюнак з профільным прадуктам для той ці іншай стравы. Альбо, напрыклад, падабраць крэм для торта, калі трэба вырашыць, з чаго ён будзе складацца: са смятаны, яек, цукру ці з дабаўленнем фарбавальнікаў, якія надаюць стракаты выгляд. Вучыць дашкалят правільнаму харчаванню дапамагае таксама створаны на тэрыторыі цэнтра сельскі падворак. Імправізаваная сядзіба з печчу, калодзежам, лазняй і хлявамі расказвае дзецям пра мінулае, пра ўклад жыцця продкаў. А невялічкі агарод дапамагае як у выхаваўчым сэнсе, калі дзеці ўдзельнічаюць у пасеве, назіраюць за ростам раслін, а потым бачаць плады, так і ў гаспадарчым: вырашчанае на градках ідзе на дзіцячыя абеды.
С.І.Парошын звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на такое выкарыстанне тэрыторыі. “Упэўнены, што большасць устаноў, у тым ліку і дашкольных, мае магчымасць стварыць у сябе падобнае, — сказаў ён. — Бярыце гэта пад увагу і прапаноўвайце падначаленым”.

Падводзім рысу

Як заўсёды, убачанае і пачутае абмяркоўваецца на пасяджэнні круглага стала, на ім жа дэманструецца лепшы вопыт некаторых іншых раёнаў, а членамі абласнога савета па харчаванні даюцца пэўныя рэкамендацыі, прымаюцца рашэнні.
— У найбліжэйшы час я абавязкова хачу прывезці да вас кіраўнікоў нашых устаноў, каб яны маглі павучыцца і нешта пераняць, — звярнулася да прымаючага боку начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Л.С.Клепчукова.
— Хіба нам, маленькаму раёну, раўняцца з Мазыром? — здзівіліся нараўлянцы.
— Справа не ў памерах раёна, а ў педагогах, якія здольны выказваць ідэі і рэалізоўваць іх, — адказала Любоў Сцяпанаўна.
Такая размова адбылася ў аўтобусе, пакуль пераязджалі з адной установы ў другую. Чаму запомнілася? Таму што вельмі правільная думка. Няма розніцы, у якой установе працуе педагог: вялікай ці малой, гарадской ці сельскай. Галоўнае, каб ён хацеў нешта ствараць, каб ведаў, як зацікавіць дзяцей і калег. Гэта пацвердзіў і начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, падводзячы вынікі семінара.— Нараўлянскі раён — адзін з самых малых раёнаў Гомельшчыны, але сёння мы мелі магчымасць убачыць, якая вялікая работа вядзецца тут — адзначыў Сяргей Парошын. — Атрымаў асалоду ад таго, што ўсюды чысціня і парадак, што памяшканні і тэрыторыі ўстаноў выкарыстоўваюцца з карысцю.
На жаль, пакуль не атрымліваецца дасягнуць поўнага разумення сярод работнікаў харчаблокаў адносна гігіены і чысціні рабочага месца: не-не ды і знойдзецца парушэнне. Сяргей Іванавіч прапанаваў санітарным службам, якія ўваходзяць у савет па харчаванні, караць такіх парушальнікаў максімальнымі штрафамі. Ён нагадаў таксама, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны сачыць за выкананнем патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да работнікаў школьных сталовак.
Перад удзельнікамі семінара выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ж.В.Чэркас. Яна прадставіла раённы праект “Калейдаскоп здаровага харчавання”, у які ўключаны як гарадскія ўстановы адукацыі, так і сельскія. У аснове гэтага праекта — сумесная работа педагогаў, бацькоў і дзяцей. Як паказвае практыка, вельмі важна, калі паміж дарослымі ёсць паразуменне. Бо калі, скажам, у дзіцячым садзе малога вучаць правільна трымаць прыборы і правільна харчавацца, а дома на гэта не звяртаюць увагі, дзіця не ведае, якога правіла прытрымлівацца, і, зразумела, выбірае прасцейшы шлях.
Яшчэ адзін цікавы вопыт, які рэалізаваў разам са сваімі падначаленымі і вучнямі дырэктар Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Я.А.Цалко. На тэрыторыі гэтай установы сёння расце больш як 7 тысяч саджанцаў. Сярод іх агрэст, ажына, чырвоныя і чорныя парэчкі, вінаград, маліна, клубніцы. Апошнім часам тут заняліся вырошчваннем грыбоў вешанак. А мінулым летам набылі цяпліцу, каб вясной высадзіць яшчэ і агародніну.
— Такі гадавальнік дазваляе нам выконваць адразу некалькі задач, — расказаў Яўген Анатольевіч. — Па-першае, атрымліваем больш таннае харчаванне, па-другое, прыцягваем навучэнцаў да працы, бо яны самі даглядаюць расліны.
Начальнік упраўлення адукацыі С.І.Парошын падкрэсліў, што асноўная мэта такой работы — не патанненне харчавання, а ўсё ж даследчая дзейнасць вучняў, іх занятасць. Ён таксама адзначыў, што сёння мы ўступілі ў эру новага кіраўніка — кіраўніка, які павінен самастойна прымаць рашэнні ў розных напрамках, умець бачыць і шукаць магчымасці.
За круглым сталом былі таксама агучаны пытанні закладкі агародніны і садавіны ў сховішчы, стану саміх сховішчаў, арганізацыі канікулярнага часу і шостага дня тыдня.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Выхоўваць чалавека-працаўніка і грамадзяніна

Сёлетняя абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў Брэстчыны сабрала кіраўніцтва аблвыканкама на чале з А.В.Лісам, старшынь рай(гар)выканкамаў, начальнікаў рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікоў УВА, ПТНУ і ССНУ, устаноў дадатковай адукацыі, школ і дашкольных устаноў, лепшых педагогаў вобласці. У рабоце настаўніцкага форуму “Выхаванне чалавека-працаўніка і грамадзяніна — дзяржаўны заказ адукацыі Брэстчыны” прыняў удзел намеснік міністра адукацыі С.В.Руды.

Удзельнікі канферэнцыі, якая праходзіла ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, азнаёміліся з выставай творчых дасягненняў вучняў “Вучымся працаваць і тварыць на роднай зямлі” і вопытам устаноў адукацыі вобласці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
— Ад стану эканомікі залежыць развіццё адукацыі, навукі, культуры і сістэмы аховы здароўя, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. — Для ўстойлівага развіцця краіны неабходна, каб на прадпрыемствы і ў арганізацыі народна-гаспадарчага комплексу прыходзілі высокакваліфікаваныя спецыялісты — сённяшнія і заўтрашнія выпускнікі школ, гімназій, ліцэяў, ПТНУ, ССНУ і УВА. Перад сістэмай адукацыі стаіць задача па выхаванні чалавека-працаўніка і грамадзяніна, які зможа паспяхова рэалізавацца ў сучасных эканамічных умовах. У станаўленні працавітага, прафесійна арыентаванага чалавека вялікую ролю адыгрываюць не толькі настаўнікі працоўнага навучання, класныя кіраўнікі, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, але і іншыя педагогі, адукацыйнае асяроддзе, працоўныя традыцыі і дасягненні навучальных устаноў, а таксама сям’я.Сёння на Брэстчыне працуе 521 установа агульнай сярэдняй адукацыі і 490 дашкольных устаноў. За парты 1 верасня селі каля 159 тысяч дзяцей, што на 1,7 тысячы больш, чым летась. У сістэме адукацыі вобласці працягваецца паслядоўная аптымізацыя. Сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі выконваюцца цалкам. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Будуюцца новыя дзіцячыя садкі, школы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Органы ўлады ўдзяляюць вялікую ўвагу сістэме адукацыі, у тым ліку яе праблемам. Ад іх паспяховага вырашэння залежыць сацыяльна-эканамічнае развіццё не толькі рэгіёна, але і краіны ў цэлым.
М.А.Ціханчук расказаў, што на кожнай адукацыйнай ступені ствараюцца неабходныя ўмовы (кадравыя, матэрыяльныя, метадычныя) для выхавання працавітых грамадзян. Надзвычай вялікую ролю ў гэтым адыгрывае прафесійна-тэхнічная адукацыя, якая з’яўляецца кузняй рабочых кадраў, запатрабаваных народна-гаспадарчым комплексам Брэстчыны.
Сёння кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў рыхтуюць 23 ПТНУ і 4 ССНУ вобласці. 12 тысяч навучэнцаў атрымліваюць веды па 115 кваліфікацыях. За апошнія гады адкрыта падрыхтоўка па 24 новых прафесіях. На жаль, некаторыя ПТНУ недастаткова ўдасканальваюць структуру прафесійнай падрыхтоўкі ў адпаведнасці з запытамі рынку працы. Пакідае жадаць лепшага і актыўнасць заказчыкаў кадраў у мэтавай падрыхтоўцы. Разам з тым укараняецца практыка дадатковага атрымання кожным навучэнцам на платнай аснове любой кваліфікацыі, па якой ажыццяўляецца падрыхтоўка (каля 14% ад усіх навучэнцаў штогод). Пашыраецца доступ да прафтэхадукацыі за кошт адкрыцця завочнага і дамашняга навучання.
— Навучэнцы ўдасканальваюць прафесійныя веды, уменні і навыкі, вывучаюць новую тэхніку, абсталяванне, тэхналогіі, перадавыя вытворчыя прыёмы і метады работы не толькі ў ПТНУ, але і ў рэсурсных цэнтрах, створаных на базе 6 вядучых устаноў, — адзначыў М.А.Ціханчук. — У мінулым навучальным годзе праз цэнтры прайшлі больш за 2 тысячы чалавек. За год цэнтры зарабілі каля 100 млн рублёў. Але назіраецца даволі нізкая зацікаўленасць прадпрыемстваў-вытворцаў у прасоўванні новай тэхнікі і абсталявання праз ПТНУ і ССНУ, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для пэўнай галіны.
Радуе павышэнне якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Так, штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў ПТНУ, якія атрымалі чацвёрты кваліфікацыйны разрад і вышэй (сёлета амаль 49%). З мэтай пашырэння зоны прафесійнай кампетэнтнасці і павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы штогод больш за 70% выпускнікоў атрымліваюць 2 і больш кваліфікацыі. Праўда, насцярожвае той факт, што больш за 5% выпускнікоў атрымліваюць паніжаныя разрады. На працягу апошніх гадоў забяспечваецца амаль поўнае размеркаванне выпускнікоў ПТНУ.
На Брэстчыне шмат робіцца для развіцця творчай ініцыятывы навучэнцаў і педагогаў ПТНУ. Дасягненні навучэнцаў і педагогаў не застаюцца незаўважанымі з боку ўлады. Пераможцы конкурсаў атрымліваюць прэміі аблвыканкама. Годна ацэньваецца праца выхаванцаў ПТНУ сельскагаспадарчага профілю па выніках жніва. Так, на абласных “Дажынках” ганаровыя ўзнагароды і прэміі аблвыканкама разам з перадавікамі жніва атрымліваюць навучэнцы і майстры вытворчага навучання.
М.А.Ціханчук звярнуў увагу на прафесійны ўзровень педагогаў, якія фарміруюць культуру працы і садзейнічаюць грамадзянскаму станаўленню выпускнікоў. Так, вышэйшую адукацыю маюць 68% педагогаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю — 65%. Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што яшчэ ёсць куды імкнуцца ў павышэнні кваліфікацыйнага ўзроўню. Сучасныя ўмовы патрабуюць ад педагогаў аператыўнай і дакладнай арыентацыі ў новых навуковых і тэхналагічных асновах прафесійнай справы, валодання ІКТ. Сур’ёзнага ўдасканалення патрабуе і выхаваўчая работа ў ПТНУ: арганізацыя вольнага часу навучэнцаў, узаемадзеянне з іх сем’ямі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, прафілактыка шкодных звычак, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.
— Працоўным і грамадзянскім выхаваннем варта займацца з ранняга дзяцінства, — упэўнены М.А.Ціханчук. — Праз гульнявую дзейнасць дашкольнікі ўсведамляюць неабходнасць паважлівага стаўлення да бацькоў, Радзімы і працы дарослых, набываюць элементарныя ўменні самаабслугоўвання.
Вопыт арганізацыі элементарнай працоўнай дзейнасці дашкольнікаў абагулены ў Пінскім, Пружанскім, Ганцавіцкім і Столінскім раёнах. Так, у Малоткавіцкім яслях-садзе Пінскага раёна рэалізоўваецца адукацыйны праект “Маленькія гаспадары беларускай зямлі”, у Любашаўскім яслях-садзе — пачатковай школе Ганцавіцкага раёна — “Праца як сродак фарміравання важнейшых маральных якасцей беларусаў”, у Ліноўскім яслях-садзе Пружанскага раёна — “Сюжэтна-ролевая гульня як сродак пазнання дзецьмі навакольнага свету”.
Па словах М.А.Ціханчука, перад сістэмай дашкольнай адукацыі вобласці стаіць шэраг важных задач. Неабходна развіваць сетку прыватных дзіцячых садкоў і адкрываць самаакупныя групы на першых паверхах жылых дамоў, пераводзіць дзяцей, якія нерэгулярна наведваюць дашкольныя ўстановы, на рэжым кароткачасовага знаходжання ў групах, удасканальваць арганізацыю харчавання дашкольнікаў і інш.
Працоўнаму навучанню моладзі ўдзяляецца павышаная ўвага і ў школах. Сёння ў іх працуе каля 1,1 тысячы настаўнікаў тэхнічнай і абслуговай працы. Аналіз кадравага складу педагогаў паказвае, што аддзелам адукацыі, спорту і турызму неабходна накіроўваць намаганні на павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню выкладання тэхнічнай працы праз завочную форму навучання ва УВА ці ССНУ і атэстацыю настаўнікаў без катэгорыі. Абслуговая праца не можа выкладацца настаўнікамі тэхнічнай працы.
Матэрыяльна-тэхнічная база шэрага школ даволі слабая. Наяўнае абсталяванне не адпавядае сучасным патрабаванням. Але ёсць прыклады ўстаноў, дзе працоўныя майстэрні і кабінеты абслуговай працы з’яўляюцца ўзорнымі (Яглевіцкая сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна, сярэдняя школа № 7 Кобрына).
— Працоўнае навучанне дазваляе далучыць дзяцей да грамадска-карыснай працы, якая фарміруе грамадзянскую свядомасць, — заўважыў М.А.Ціханчук. — Выхаванне пачынаецца з самаабслугоўвання: ініцыятыўнае прыбіранне класаў, выкананне абавязкаў санітараў, кветкаводаў і бібліятэкараў, удзел у экалагічных і прыродаахоўных акцыях, валанцёрская дзейнасць і інш. Трэба ўкараняць актыўныя формы працоўнага навучання школьнікаў.
Ва ўстановах адукацыі вобласці дзейнічае шмат класаў ранняй прафарыентацыі: кадэцкія, ваенна-патрыятычныя і інш. На думку М.А.Ціханчука, надышоў час больш актыўна ствараць у школах педагагічныя класы, улічваючы трывожную сітуацыю з наборам абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці УВА. Неабходна выхоўваць у моладзі пазітыўнае стаўленне да настаўніцкай прафесіі. Да гэтай работы варта далучаць бацькоў і выкладчыкаў УВА. Педагагічныя класы можна адкрываць у межах профільнага навучання. Акрамя таго, у прафарыентацыйнай дзейнасці неабходна накіроўваць моладзь на спецыяльнасці заўтрашняга дня ў сферы транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, трансгранічных і інфармацыйных паслуг, сельскай гаспадаркі, турызму, экатэхналогій і інавацыйнага развіцця прадпрыемстваў. Выпускнікі УВА павінны быць запатрабаванымі на сучасным рынку працы і прыносіць рэальную карысць эканоміцы рэгіёна.
Дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына расказала пра падрыхтоўку канкурэнтаздольных і запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў. Дырэктар гімназіі Ганцавіч І.У.Бараноўская засяродзіла ўвагу на стварэнні і развіцці адукацыйнага гімназічнага асяроддзя, якое садзейнічае сацыялізацыі вучняў. Дырэктар Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна С.М.Вінаград падзяліўся вопытам сеткавага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі ў арыентацыі вучняў на спецыяльнасці, запатрабаваныя рэгіянальным аграпрамысловым комплексам. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Лунінца Л.В.Курчэня расказала пра ўзаемадзеянне вучняў, іх бацькоў і педагогаў у арганізацыі карыснага вольнага часу. Рэктар БарДУ В.І.Качурка акрэсліў асноўныя шляхі і праблемы падрыхтоўкі спецыялістаў для народна-гаспадарчага комплексу Брэстчыны ва ўзаемадзеянні УВА і школ.
Завяршылася нарада ганараваннем лепшых педагогаў Брэстчыны. З рук кіраўніка вобласці А.В.Ліса яны атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама. Намеснік міністра адукацыі С.В.Руды ўручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” дырэктару сярэдняй школы № 26 Брэста П.С.Герасімуку, загадчыцы санаторнага ясляў-сада № 15 Брэста А.В.Камышкала, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна К.Ц.Мізернік і метадысту ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста К.І.Гук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА.

Арыенцір на новыя дасягненні

Лета заўсёды пралятае неяк незаўважна. Здаецца, літаральна ўчора празвінеў апошні званок на ўрачыстых лінейках, а каляндар паказвае ўжо канец жніўня і нагадвае педагагічнай грамадскасці, што не за гарамі Дзень ведаў, новы навучальны год. Гэтая пара — адна з самых напружаных для педагогаў. Не толькі з той прычыны, што вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да прыёму вучняў, а яшчэ і таму, што канец жніўня традыцыйна з’яўляецца часам падвядзення вынікаў за мінулы год. Якім ён быў для сістэмы адукацыі Магілёўшчыны? Якіх поспехаў удалося дасягнуць, з якімі праблемамі сутыкнуцца? Пра гэта ў інтэрв’ю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір РЫЖКОЎ.

— Уладзімір Уладзіміравіч, ахарактарызуйце, калі ласка, выніковасць функцыянавання сферы адукацыі вобласці ў мінулым навучальным годзе?
— Як і раней, сістэма адукацыі рэгіёна была накіравана на рэалізацыю актуальных задач. Спрацавалі нядрэнна. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыты насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў, а выразна выбудаваны алгарытм узаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыі дае магчымасць дастукацца да кожнага навучэнца, надаўшы пры гэтым максімум увагі індывідуальнаму падыходу ў станаўленні і развіцці яго асобы.

— Зараз самае надзённае пытанне — падрыхтоўка навучальных устаноў да новага навучальнага года. На якой стадыі яна знаходзіцца?
— Пытанне падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага навучальнага года трымаецца на пастаянным кантролі як спецыялістамі абласнога ўпраўлення адукацыі, так і раённых аддзелаў. Старанна кантралююцца, правяраюцца і якасць, і аператыўнасць работ, якія выконваюцца. Такія меры дазваляюць пазбегнуць непрадбачаных сітуацый. Пакуль праблем не ўзнікала. Пазначаныя рамонтныя работы вядуцца згодна з зацверджанымі графікамі, і практычна ўсе ўстановы адукацыі ўжо гатовы прыняць сваіх вучняў.
Між тым зроблена нямала. З абласнога бюджэту на рамонт навучальных устаноў выдзелена звыш 54 млрд рублёў, выкарыстаны былі і сродкі з пазабюджэтных крыніц. Усе грошы задзейнічаны на бягучы і капітальны рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі. Выдзеленыя сродкі пайшлі таксама на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне бяспекі дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, тэхнічнае перааснашчэнне харчаблокаў, сталовых, спартыўных залаў, вучэбных кабінетаў.

— Лета — пара самай маштабнай аздараўленчай кампаніі. Як яна прайшла ў вобласці?
— У летні перыяд функцыянавала 650 аздараўленчых летнікаў. Дзяцей прымалі лагеры з кругласутачным і дзённым знаходжаннем, рознай была і іх профільная накіраванасць. Аздараўленне прайшлі больш як 43 тысячы навучэнцаў. Акрамя адпачынку ў летніках вобласці, школьнікі ў складзе арганізаваных груп праходзілі аздараўленне ў санаторна-курортных арганізацыях іншых абласцей рэспублікі. Дзвесце шэсцьдзясят дзяцей аздаравіліся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

— Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, наколькі эфектыўнай была дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— У вобласці забяспечваецца стабільнае функцыянаванне сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Педагагічныя калектывы ўлічваюць змены часу, пастаянна імкнуцца да ўдасканалення вучэбнага працэсу, знаходзяцца ў пастаянным пошуку шляхоў прагрэсіўнага развіцця сваіх устаноў. Зразумела, усе новаўвядзенні накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі.
Пэўных поспехаў дасягнуць атрымалася. Па выніках 2014/2015 навучальнага года было выдадзена 348 пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, а таксама ўручана 256 атэстатаў асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём. Адносна нядрэнныя вынікі навучэнцы вобласці паказваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, у алімпіядным руху.
Характэрна, што за мінулы год многае было зроблена па інфарматызацыі працэсаў навучання, стварэнні адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы рэгіёна. Аснашчанасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай складае амаль сто працэнтаў, усе ўстановы маюць выхад у інтэрнэт. Забяспечана прадстаўніцтва ўстаноў адукацыі ў глабальнай сетцы. Зараз функцыянуе больш за 250 афіцыйных сайтаў навучальных устаноў. Акрамя гэтага, створаны і дзейнічаюць больш за восемдзясят сайтаў педагогаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца дыстанцыйнае навучанне школьнікаў.

— Функцыянуюць школы вобласці нядрэнна, але, тым не менш, штогод немалая іх колькасць аптымізуецца і рэарганізуецца…
— Так, сапраўды. У гэтым годзе ў нас закрыта 9 школ. Усяго ж за апошнія пяць гадоў аптымізавана ці рэарганізавана 98 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Часта даводзіцца сутыкацца з неразуменнем педагогаў або бацькоўскай грамадскасці, таму хачу патлумачыць, што такія меры прымаюцца толькі з мэтай павышэння якасці і эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання сістэмы адукацыі, пры гэтым улічваецца дэмаграфічная сітуацыя і асаблівасці развіцця раёнаў.
Як правіла, закрыццё школ абумоўлена ўстойлівай тэндэнцыяй да памяншэння колькасці дзяцей школьнага ўзросту. У малакамплектных школах немагчыма якасна і на належным узроўні арганізаваць адукацыйны працэс, таму аптымізацыя працягнецца.
Нягледзячы на гэта, падстаў для хвалявання ў педагогаў і бацькоў узнікаць не павінна. Для навучэнцаў з закрытых школ штодзень арганізоўваецца падвоз у тыпавыя ўстановы, дзе створаны ўсе ўмовы для навучання. Не застаюцца без увагі і педагогі. Напрыклад, пасля праведзенай аптымізацыі ў сельскіх школах колькасць выпускных класаў з напаўняльнасцю пяць і менш навучэнцаў зменшылася на 23 пазіцыі. Адпаведна, у нас вызвалілася нямала педагогаў. Але ўсім ім былі прадастаўлены працоўныя месцы ў іншых установах адукацыі, а таксама магчымасці для праходжання перападрыхтоўкі. Такім чынам, работа будзе весціся і далей, бо нараканняў яна не выклікае. Пасля правядзення аптымізацыі абгрунтаваных скаргаў як з боку бацькоў, так і ад педагогаў у абласное ўпраўленне адукацыі не паступала.

— У бягучым годзе рэарганізацыя значна закранула і сетку ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Работа ў гэтым кірунку ў нас таксама праводзіцца планава і ўжо не першы год. Але мы не разглядаем аптымізацыю як механічнае скарачэнне. Гэта перш за ўсё канцэнтрацыя рэсурсаў. Эканоміка рухаецца па інавацыйным шляху, укараняюцца новыя тэхналогіі ў вытворчасці. Час патрабуе адукаваных рабочых рук, таму ў прафесійна-тэхнічных установах павінна весціся падрыхтоўка не проста рабочых у традыцыйным разуменні, а высокакваліфікаваных спецыялістаў. З гэтай мэтай і праводзіцца аптымізацыя.
Сёлета ў форме далучэння рэарганізавана сем устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Гэты крок накіраваны на стварэнне шматузроўневых, шматпрофільных устаноў, якія будуць рэалізоўваць шырокі спектр адукацыйных праграм. Рэарганізацыя дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць кадравы патэнцыял, вучэбна-матэрыяльную базу ўстаноў, больш эфектыўна расходаваць бюджэтныя сродкі.

— Маштабная рэарганізацыя неяк паўплывала на колькасць паступаючых ва ўстановы ПТА? І як у цэлым прайшла ўступная кампанія на Магілёўшчыне?
— Адразу хачу адзначыць, што аптымізуецца не толькі сама сетка ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і прафесіі, спецыяльнасці, па якіх прапануецца навучанне. Адпаведнымі спецыялістамі праводзіцца пастаянны маніторынг рынку працы. У выніку незапатрабаваныя кваліфікацыі закрываюцца, а на іх месцы з’яўляюцца новыя.
У гэтым годзе для максімальнай адпаведнасці падрыхтоўкі кадраў умовам сучаснага рынку працы былі ліквідаваны 29 і адкрыты 16 спецыяльнасцей. Так, на базе Магілёўскага політэхнічнага каледжа адкрыта падрыхтоўка рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па кваліфікацыі “мехатронік 5 разраду (машынабудаванне)”. У Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А.Я.Ларына пачалі рыхтаваць выхавальнікаў і дызайнераў мэблі. А ў Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага ўпершыню ў рэспубліцы пачата падрыхтоўка рабочых з павышаным разрадам кваліфікацыі “наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі 5 разраду”.
Такое абнаўленне прапанаваных для навучання спецыяльнасцей праводзіцца штогод, што дазваляе ўстановам ПТА быць запатрабаванымі ў моладзі. Планы набору павінны выканаць практычна ўсе навучальныя ўстановы. На дзённае навучанне ў іх паступіць 2887 выпускнікоў школ на аснове агульнай базавай адукацыі, 1078 выпускнікоў з агульнай сярэдняй адукацыяй і 108 маладых людзей, якія атрымалі спецыяльную адукацыю.
Даволі паспяхова ў нас прайшла і ўступная кампанія ў ВНУ і ўстановы ССА. Вядома, па асобных спецыяльнасцях узнікалі пэўныя цяжкасці, але, дзякуючы дадатковаму набору, сур’ёзных недабораў не назіраецца.

— Уладзімір Уладзіміравіч, а як ідуць справы з адукацыяй і выхаваннем дзяцей дашкольнага ўзросту?
— У Магілёўскай вобласці функцыянуе 513 устаноў дашкольнай адукацыі з колькасцю выхаванцаў звыш сарака тысяч чалавек. Праблем з забяспечанасцю малых месцамі ў дзіцячых садках не ўзнікае, сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю мы выконваем цалкам. Штогод уводзяцца ў эксплуатацыю новыя дашкольныя ўстановы. У мінулым і гэтым годзе ў Магілёве быў пабудаваны дзіцячы сад на 240 месцаў, вернуты ў сетку дзіцячы сад на 220 месцаў. Адкрыты дзіцячы сад на 75 месцаў у Касцюковічах, чатыры дадатковыяя групы на 75 месцаў у Шклове, вернуты ў сетку дзіцячы сад на 190 месцаў у Бабруйску.
Існуючыя віды дашкольных устаноў дазваляюць забяспечыць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаваць яго на індывідуальныя запыты дзяцей і іх бацькоў. Адметна, што на працягу апошніх пяці гадоў не назіраецца росту пропускаў па хваробе адным дзіцем. Гэты паказчык складае ў нас 4,4 дня і з’яўляецца лепшым у рэспубліцы.

— Цяпер актуальным з’яўляецца пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі. Ці хапае ў магілёўскіх навучальных установах настаўнікаў?
— У сферы адукацыі кадры, нашы педагогі — асноўны складнік эфектыўнай і паспяховай работы. Таму ў вобласці развіта высокая адказнасць кіраўнікоў на месцах за кожнага работніка, за дакладнае прагназаванне патрэбы ў кадрах, своечасовае павышэнне іх кваліфікацыйнага ўзроўню.
Гэта дае станоўчы вынік. Забяспечанасць навучальных устаноў педагогамі складае амаль сто працэнтаў. А па адукацыйным і кваліфікацыйным узроўні педагагічных работнікаў Магілёўшчына знаходзіцца сярод лідараў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі рэспублікі. Амаль усе нашы педагогі маюць вышэйшую адукацыю, а больш за семдзесят працэнтаў з іх — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Вядома, ёсць у нас і пэўны кадравы дэфіцыт. У сувязі з інтэнсіўным будаўніцтвам новых устаноў дашкольнай адукацыі ў Магілёве і Бабруйску адчуваецца недахоп выхавальнікаў. У школах не хапае настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю.
Праблему стараемся вырашаць усімі даступнымі метадамі. У першую чаргу за кошт узмацнення прафарыентацыі навучэнцаў, актывізацыі работы па накіраванні на навучанне па мэтавых дагаворах. Актыўна вядзём работу і па замацаванні маладых спецыялістаў. У прыватнасці, прымаюцца меры па павышэнні аплаты працы педагогаў, у тым ліку маладых педагогаў. На працягу двух гадоў з моманту заключэння кантракта прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі на дзесяць працэнтаў і надбаўка за стаж. Маладым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, уключаным у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, устаноўлена павышэнне тарыфных ставак на 50 працэнтаў. За работу ў сельскай мясцовасці — яшчэ дваццаціпрацэнтная надбаўка.
Належныя ўмовы створаны і для кар’ернага росту маладых спецыялістаў. У парадку выключэння са згоды ўпраўлення адукацыі аблвыканкама магчымы допуск да атэстацыі на першую кваліфікацыйную катэгорыю, з дазволу міністра адукацыі рэспублікі — на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю без уліку раней прысвоенай катэгорыі і стажу работы.
Вынікам такой падтрымкі стала больш чым шасцідзесяціпрацэнтнае замацаванне маладых педагогаў на сваіх першых працоўных месцах. Сёлета для работы ва ўстановах адукацыі вобласці накіравана 547 маладых спецыялістаў. Спадзяюся, што і яны застануцца вернымі педагогіцы.

— Вы сказалі аб высокім прафесійным узроўні магілёўскіх настаўнікаў. Гэты факт, несумненна, уплывае на вынікі работы. Якімі поспехамі педагогі і навучэнцы вобласці могуць сёння ганарыцца?
— Адораных дзяцей, чый талент раскрыўся дзякуючы рабоце педагогаў, на Магілёўшчыне вельмі многа. Штогод школьнікі прымаюць удзел у алімпіядным руху. Нашы вучні паспяхова выступаюць як на рэспубліканскіх, так і на міжнародных алімпіядах. Не меншая колькасць адораных дзяцей у нас у спорце і творчасці.
Калі ж гаварыць пра дасягненні педагагічных калектываў, то асабліва вызначыўся Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж. Указам прэзідэнта навучальная ўстанова прызнана пераможцай адпаведнага спаборніцтва і занесена на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненне ў 2014 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якія планы на будучыню, на наступны навучальны год?
— Галоўным арыенцірам для сферы адукацыі вобласці застанецца мэтанакіраванасць на павышэнне якасці адукацыі, рэалізацыю ўсіх даведзеных адукацыйных стратэгій. Мы нядрэнна папрацавалі ў мінулым навучальным годзе. Наперадзе новы год, новыя задачы, таму будзем ісці наперад, да новых дасягненняў, абапіраючыся на ўжо створанае. Думаю, агульнымі намаганнямі магілёўскім педагогам нават самыя складаныя задачы будуць па плячы.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Прэміі аблвыканкама — лепшым вучням і педагогам

У Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшла цырымонія ўручэння прэмій аблвыканкама вучням-пераможцам заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і настаўнікам, якія займаліся іх падрыхтоўкай. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук.

— Адукацыя — адна з ключавых сфер нашага жыцця, — адзначыў Л.А.Цупрык. — Якасць адукацыі вызначае стан эканомікі, узровень навукі і культуры, духоўнасці нацыі. Разумная і таленавітая моладзь неабходна любой краіне, якая разлічвае на яе здольнасці ў паспяховым развіцці. Навуковы і творчы лёс кожнага здольнага вучня знаходзіцца ў полі зроку дзяржавы. Гэта нядзіўна, бо яна чакае ад юнакоў і дзяўчат свежых ідэй, здольных вывесці краіну на новы этап развіцця. Настойлівасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, уласцівыя алімпіяднікам, з’яўляюцца важнымі якасцямі, якія неабходны не толькі для далейшага развіцця талентаў, але і для паспяховай рэалізацыі ў жыцці.
Прэміі аблвыканкама ўручаюцца на Брэстчыне з 2006 года. Сёння лаўрэатамі прэміі з’яўляюцца больш за 700 вучняў і педагогаў. Сустрэчы кіраўніцтва вобласці з прызёрамі алімпіяд і таленавітымі педагогамі сталі ўжо традыцыйнымі.
Сёлета прадстаўнікі зборных каманд школьнікаў Брэстчыны заваявалі ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 73 дыпломы (летась 58). Гэта лепшы вынік за апошнія 10 гадоў. За кожным дыпломам стаіць цяжкая і карпатлівая праца настаўнікаў і іх выхаванцаў. Надзвычай прыемна, што каманды вобласці па грамадазнаўстве і рускай мове і літаратуры занялі ў сёлетнім камандным заліку 1 месца ў краіне.
Найбольшую колькасць алімпіяднікаў традыцыйна рыхтуюць установы адукацыі Брэста, Баранавіч і Пінска. Некаторыя вучні з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на працягу некалькіх гадоў запар. Сярод іх — Ангеліна Кікценка з гімназіі № 2 Пінска (нямецкая мова), Міхаіл Стрэмаус з сярэдняй школы № 18 Баранавіч (геаграфія), Сяргей Жук з сярэдняй школы № 19 Брэста (гісторыя), Уладзіслаў Грэбень з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (фізіка), Аляксей Тузік з гімназіі № 2 Брэста (інфарматыка) і Станіслаў Сосік з гімназіі № 1 Брэста (біялогія). 31 сёлетні выпускнік ужо стаў студэнтам УВА.
Зразумела, што паспяховае выступленне каманды Брэстчыны стала магчымым дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў, якія эфектыўна працуюць з адоранымі вучнямі. Так, настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з сярэдняй школы № 2 Камянца і ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста на працягу 10 гадоў рыхтуе пераможцаў не толькі рэспубліканскай, але і Міжнароднай алімпіяды па фізіцы. Сёлета на рахунку выхаванцаў гэтага таленавітага педагога 7 “рэспубліканскіх” дыпломаў.
Настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трэгубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца падрыхтаваў сёлета 3 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.
Вынікова выступаюць вучні Брэстчыны і на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Так, летась выпускніца гімназіі Лунінца Хрысціна Неўдах заваявала залаты медаль на Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Азербайджане, а Уладзіслаў Барысевіч з гэтай жа ўстановы атрымаў залаты медаль на Міжнароднай алімпіядзе праектаў маладых вынаходнікаў у Грузіі. Нядаўна Ілья Карпец з гімназіі Лунінца вярнуўся з залатым медалём з ІІІ Міжнароднай алімпіяды навукова-тэхнічных праектаў у Інданезіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Павышаць эканамічную самастойнасць і адказнасць кіраўнікоў

Адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам на бягучы. У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрык.

Сёння на Брэстчыне, як расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, працуе 598 устаноў дашкольнай адукацыі, разлічаных амаль на 66 тысяч дзяцей. Актыўна развіваюцца новыя формы дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня і вячэрняга знаходжання, мацярынскія школы, сезонныя і гульнявыя пляцоўкі (летась іх было 171). Найбольшым попытам у бацькоў карыстаюцца адаптацыйныя групы для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Па-ранейшаму ў шэрагу рэгіёнаў вобласці захоўваецца дэфіцыт месцаў у дашкольных установах. Для вырашэння гэтай праблемы прымаюцца розныя захады. Так, летась у Баранавічах, Іванаве і вёсцы Рамель Столінскага раёна адкрыліся новыя дзіцячыя садкі. Новая дашкольная ўстанова пачала працаваць у Бярозе на базе былога сацыяльнага прытулку. Акрамя таго, з дзіцячых садкоў у школы выводзяцца першыя класы. Вядзецца работа па стварэнні прыватных дашкольных устаноў і адкрыцці груп на першых паверхах жылых дамоў. Праблема недахопу месцаў у дзіцячых садках надзвычай актуальная для Брэста, Пінска, Маларыцкага, Жабінкаўскага і Столінскага раёнаў.
Праблемным пытаннем застаецца таксама аснашчанасць дашкольных устаноў сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем. У некаторых раёнах іх удвая менш, чым неабходна.
Павялічылася, хаця і неістотна, колькасць выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй (каля 62%). Такіх педагогаў больш за ўсё ў Брэсце, Брэсцкім раёне і Баранавічах (ад 73% да 87%), а менш за ўсё — у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах (ад 39% да 42%). Зніжаецца колькасць выхавальнікаў з профільнай дашкольнай адукацыяй (каля 54%). Такіх педагогаў найбольш у Лунінецкім, Жабінкаўскім і Пінскім раёнах (ад 72% да 77%), а найменш — у Брэсце, Баранавіцкім і Брэсцкім раёнах (ад 36% да 46%). Толькі каля 18% выхавальнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (у асобных рэгіёнах гэты паказчык удвая ніжэйшы).

Па словах М.А.Ціханчука, у мінулым годзе працягвалася мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнні яе якасці. Сёння ў вобласці працуе 547 школ і 17 міжшкольных ВВК. Колькасць навучэнцаў за апошніх 20 гадоў скарацілася з 241 тысячы да 155 тысяч. У сувязі з гэтым адбываецца аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Так, летась спынілі работу 26 малакамплектных школ, 9 міжшкольных ВВК і 3 вячэрнія школы, а 20 устаноў былі рэарганізаваны. Эканамічны эфект ад аптымізацыі склаў 14,3 мільярда рублёў.
У 2014/2015 навучальным годзе плануецца закрыць 17 і рэарганізаваць 20 школ, спыніць работу дзвюх дашкольных устаноў і 12 міжшкольных ВВК, а таксама адной установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта дазволіць сэканоміць больш за 12 мільярдаў рублёў.
Шмат увагі ўдзяляецца мадэрнізацыі школьных бібліятэк. Гэта пашырае магчымасці навучэнцаў і педагогаў у атрыманні інфармацыі на электронных носьбітах. Летась за кошт абласнога бюджэту бібліятэкі атрымалі
50 праграмна-апаратных комплексаў на 1 мільярд рублёў. Праводзіцца замена састарэлай камп’ютарнай тэхнікі. Сёння ў вобласці адзін камп’ютар прыходзіцца на 13 навучэнцаў. Плануецца, што да 2016 года ўсе школы будуць забяспечаны камп’ютарнымі класамі з тэрмінам эксплуатацыі не больш за 7 гадоў.
Пачата работа па якасным паляпшэнні вучэбна-лабараторнай базы школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Летась у навучальныя ўстановы вобласці было пастаўлена 38 кабінетаў фізікі.
Брэстчына займае 4 месца ў краіне па выніках экзаменаў за курс сярэдняй школы і 3 месца — за курс базавай. Лепшыя вынікі паказваюць навучальныя ўстановы Баранавіч, Бярозаўскага, Ляхавіцкага і Маларыцкага раёнаў. Што тычыцца вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, то па большасці прадметаў вобласць знаходзіцца на апошніх месцах у краіне. Няма чым ганарыцца і ў алімпіядным руху, дзе сітуацыя аналагічная.
У 80 школах дзесяцікласнікі вывучаюць некаторыя прадметы на павышаным узроўні. Але гэта, лічыць М.А.Ціханчук, павінна практыкавацца найперш у гімназіях і ліцэях. Разам з тым выніковасць работы асобных гімназій даволі нізкая. Так, у гімназіях Іванава, Камянца, Пружан, Кобрына і гімназіях №№ 3 і 4 Брэста пры залічэнні навучэнцаў амаль няма конкурсу.

У вобласці назіраецца тэндэнцыя пераарыентацыі выпускнікоў школ з УВА (каля 53%) на ПТНУ і ССНУ (каля 42%). У 10 класах працягваюць навучанне 70% дзевяцікласнікаў. Астатнія атрымліваюць адукацыю ў ПТНУ і ССНУ. М.А.Ціханчук заклікаў кіраўнікоў узмацніць прафарыентацыйную работу ў гэтым кірунку.
Рынак працы Брэстчыны ў цэлым забяспечваецца спецыялістамі рабочых прафесій. Атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю летась вырашылі каля 5,5 тысячы чалавек. З кантрольнымі лічбамі прыёму не справіліся 7 устаноў. Як правіла, амаль усе выпускнікі ПТНУ працаўладкоўваюцца. Для павышэння канкурэнтаздольнасці навучэнцаў яны атрымліваюць больш за адну кваліфікацыю. Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца з улікам патрэб рэгіянальных рынкаў працы. “Непатрэбныя” спецыяльнасці замяняюцца запатрабаванымі.
З мэтай удасканалення прафесійных ведаў у вобласці ствараюцца рэсурсныя цэнтры вытворчага навучання (сёння іх 5). Гэта дазваляе канцэнтраваць матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы, праводзіць вывучэнне новай тэхнікі і тэхналогій навучэнцамі ўсіх ПТНУ. Летась на аснашчэнне рэсурсных цэнтраў было затрачана больш за 8,6 мільярда рублёў. Для далейшага ўмацавання матэрыяльнай базы цэнтраў неабходна цесна працаваць з прадпрыемствамі.
Аптымізацыя закранула не толькі школы, але і ПТНУ. У мінулым годзе былі аб’яднаны дзве з іх, а сёлета аб’яднаюцца яшчэ 4. Робіцца гэта для павышэння эфектыўнасці работы і больш рацыянальнага выкарыстання фінансавых сродкаў.
М.А.Ціханчук расказаў, што педкалектывы школ шмат робяць па ўзмацненні выхаваўчай работы сярод навучэнцаў, забеспячэнні іх занятасці вучэбнай і працоўнай дзейнасцю, прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, развіцці вучнёўскага самакіравання, узаемадзеяння з сем’ямі. Наладжана супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, ІСН, КСН, аддзеламі па справах моладзі, грамадскімі арганізацыямі і Праваслаўнай царквой. Гэта дае станоўчыя вынікі. Так, колькасць злачынстваў скарацілася на 33%. А вось колькасць правапарушэнняў, на жаль, не скарачаецца, асабліва сярод навучэнцаў ПТНУ.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Усе яны задзейнічаны ў гуртках і спартыўных секцыях, прыцягваюцца да правядзення мерапрыемстваў школьнай суботы.
М.А.Ціханчук паведаміў, што ў 2014 годзе на бягучы і капітальны рамонт устаноў адукацыі плануецца выдаткаваць каля 170 мільярдаў рублёў, а на будаўніцтва аб’ектаў адукацыі — 99,6 мільярда рублёў. Будзе завершана рэканструкцыя медыцынскага блока Брэсцкай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, працягнецца будаўніцтва сярэдніх школ на 1120 месцаў у Брэсце і Пінску, а таксама дзіцячага сада на 75 месцаў у вёсцы Рубель Столінскага раёна. Акрамя таго, у Івацэвіцкім, Лунінецкім, Маларыцкім раёнах і Баранавічах будуць пабудаваны 4 аднакватэрныя жылыя дамы для сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
На пасяджэнні калегіі выступілі таксама іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Так, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў расказаў пра работу, звязаную з павышэннем якасці адукацыі ва ўстановах адукацыі горада; намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Л.С.Былінская засяродзіла ўвагу на асаблівасцях і праблемах вывучэння прадметаў на павышаным узроўні; намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў В.А.Капчэўскі падзяліўся вопытам арганізацыі эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці і падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных на сучасным рынку працы. Старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.В.Шукала гаварыла пра ролю сацыяльнага партнёрства ў забеспячэнні камфортных умоў працы педагогаў, а рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў вёў гаворку пра павышэнне кваліфікацыі педработнікаў і якаснае паляпшэнне работы ў гэтым кірунку.

Вынікі калегіі падвёў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык:
— У сучасных эканамічных умовах павялічваецца роля і адказнасць кіраўнікоў у забеспячэнні матэрыяльнага дабрабыту работнікаў. Ці змогуць усе дырэктары школ аб’ектыўна ацаніць узровень матэрыяльнага стымулявання падначаленых з улікам укладу кожнага ў агульную справу, вызначыць аптымальную колькасць калектыву для паспяховага выканання адукацыйных задач? Гэта патрабуе высокага прафесіяналізму.
У сувязі з аптымізацыяй устаноў адукацыі паўстае пытанне, звязанае з перападрыхтоўкай кадраў. У такой сітуацыі павялічваецца роля абласнога інстытута развіцця адукацыі. Не павінны стаяць убаку і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У іх ёсць прафесіі, якія можна прапанаваць педагогам, якія трапяць пад скарачэнне, для таго каб зарабіць на жыццё. Але варта ўлічваць, што не заўсёды аптымізацыя ўстаноў адукацыі прыносіць адчувальную эканомію грашовых сродкаў. Так, з 18 мільярдаў рублёў, атрыманых падчас аптымізацыі, 17 мільярдаў было затрачана на падвоз дзяцей да месцаў вучобы.
Трэба больш асцярожна падыходзіць і да прафілізацыі навучання. У школах мэтазгодна адкрываць толькі тыя профілі, атрыманне далейшай адукацыі па якіх задаволіць патрэбу ў кадрах у пэўным рэгіёне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.