Педагогі і бацькі як роўныя партнёры

“Малыш яшчэ малы, яго рана выхоўваць, вось пойдзе ў сад — там усяму навучаць”, — часта можна пачуць ад маладых бацькоў. Існуе і іншае меркаванне: дзяцей трэба выхоўваць з нараджэння, інакш потым будзе позна. Дзіця расце і развіваецца, яно акружана любоўю блізкіх людзей. І вось надыходзіць час, калі яно прыходзіць у дзіцячы сад, дзе пачынаецца новае жыццё са сваімі правіламі і законамі. Без цеснай узаемасувязі педагога і бацькоў зрабіць жыццё дзіцяці ў садку цікавым і насычаным вельмі складана.

Бацькі нашых малышоў перыядычна ўдзельнічаюць у адукацыйным працэсе дашкольнай установы. Сярод іх ёсць бацькі-назіральнікі, якія толькі наведваюць групы і абмяркоўваюць убачанае з педагогамі, атрымліваюць ад іх інфармацыю пра выхаванне свайго дзіцяці. А ёсць бацькі-партнёры, якія сістэматычна прымаюць самы актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе, разам з педагогамі выпрацоўваюць праграму супрацоўніцтва, складаюць графік удзелу ў ёй.

Узаемаадносіны педагогаў і бацькоў можна прадставіць у выглядзе трох мадэлей: экспертнай, трансплантатнай, патрэбаснай.

Экспертная мадэль выкарыстоўваецца, калі педагог галоўную ролю ва ўзаемаадносінах бярэ на сябе: ажыццяўляе татальны кантроль над усім, сам прымае рашэнні, сам выбірае інфармацыю для бацькоў. Пункт гледжання бацькоў для яго — другарадны, іх інтарэсы не ўлічваюцца. Такая мадэль не прадугледжвае актыўнага ўдзелу бацькоў. Педагог разглядае дзіця толькі з аднаго боку, а не як асобу, таму можа не бачыць тых праблем, якія адчуваюць бацькі.

У трансплантатнай мадэлі педагогі — галоўныя эксперты, але пры гэтым прызнаюць карыснасць удзелу бацькоў у адукацыйным працэсе. Сваю ролю педагогі бачаць у трансплантацыі ў сям’ю некаторых уменняў і навыкаў работы з дзецьмі пры захаванні кантролю над прыняццем рашэння. Педагог прызнае, што бацькі хочуць дапамагчы свайму дзіцяці, што яны маюць патрэбу ў спецыяльных навыках. Выхавальнік пры гэтым не толькі інструктуе бацькоў, але і падтрымлівае з імі станоўчыя кантакты.

У патрэбаснай мадэлі бацькі разглядаюцца як галоўныя заказчыкі і спажыўцы адукацыйных паслуг. Рашэнні педагогаў знаходзяцца пад кантролем бацькоў. Роля педагога заключаецца ў даванні неабходнай інфармацыі, з якой бацькі могуць выбраць патрэбную. Работа арганізоўваецца такім чынам, што неабходным элементам становіцца разнастайнасць падыходаў да вырашэння індывідуальных праблем як дзіцяці, так і бацькоў. Такім чынам, мадэль адкрытай установы стварае перадумовы для ўключэння ва ўзаемадзеянне вялікай колькасці сем’яў з розным сацыяльным статусам, садзейнічае развіццю сістэмы адукацыйных паслуг, арыентуецца на запыты бацькоў.

Якія ж формы работы з бацькамі найбольш эфектыўныя?

Гэта могуць быць індывідуальныя формы ўзаемадзеяння (прызначаны для дыферэнцыраванай работы з бацькамі выхаванцаў); калектыўныя (падзелены па спосабах арганізацыі і прадугледжваюць работу з усім або вялікім складам бацькоў, дзецьмі); наглядна-інфармацыйныя (адыгрываюць ролю апасродкаваных зносін паміж педагогамі і бацькамі); традыцыйныя і нетрадыцыйныя.

Да традыцыйных форм можна аднесці педагагічную асвету бацькоў. Яе мэта — ахапіць большасць бацькоў дашкольнікаў незалежна ад таго, наведваюць іх дзеці адукацыйную ўстанову ці не. Пры нетрадыцыйнай форме ўзаемадзеяння з бацькамі супрацоўніцтва будуецца на аснове дыялогу, адкрытасці, шчырасці, адмаўлення ад крытыкі і ацэнкі партнёра па зносінах.

Наладжванне ўзаемадзеяння з сям’ёй лепш за ўсё пачынаць з індывідуальных форм работы: гутаркі, назірання, кансультацыі, дамашняга візіту. Актуальнымі застаюцца і групавыя формы павышэння педагагічнай культуры бацькоў: бацькоўскія сходы (агульныя, групавыя, міні-сходы), а таксама правядзенне дзён адкрытых дзвярэй ва ўстанове. Важна праводзіць сумесныя вечарыны, святы і забавы бацькоў і дзяцей. Можна ўключыць тэлефон даверу: прапанаваць бацькам нумар тэлефона, па якім яны могуць ананімна выказаць сваё меркаванне, атрымаць адказ на сваё пытанне, тлумачэнні, іншую інфармацыю ў спецыялістаў, якія ёсць ва ўстанове. Актуальныя праблемы выхавання спецыялісты могуць абмяркоўваць з бацькамі падчас круглага стала.

Да традыцыйных наглядна-інфармацыйных форм адносяцца выставы індывідуальнай і сумеснай дзейнасці дзяцей, бацькоў і педагогаў, бацькоўскія куткі, у якіх размяшчаецца актуальная інфармацыя (рэжым дня, псіхолага-педагагічная інфармацыя, медыка-гігіенічныя і іншыя паведамленні). Для бацькоў можна рыхтаваць папкі-перасоўкі, рукапісныя часопісы. Усе традыцыйныя мерапрыемствы можна напоўніць новымі прыёмамі (інтэрактыўныя гульні, дыягностыка і інш.).

У рабоце з бацькамі важна выконваць асноўныя патрабаванні да правядзення любога сумеснага мерапрыемства: бацькі павінны быць яго актыўнымі ўдзельнікамі; інфармацыя, якая прапаноўваецца, павінна быць актуальнай; абавязковай з’яўляецца забаўляльная частка; кожныя бацькі павінны мець магчымасць убачыць выступленне свайго дзіцяці; зносіны бацькоў і дзяцей павінны быць свабоднымі.

Алена ШУЦІКАВА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 72 Гродна.

Убачыць у дзіцяці яго патэнцыял

Сусветная практыка паказвае, што інклюзіўнай адукацыі быць. Аднак бацькі і педагогі часта не гатовы зразумець і прыняць сутнасць інклюзіўнай адукацыі. Гэтая сітуацыя тлумачыцца адсутнасцю інфармаванасці пра перавагі, магчымасці і стратэгіі ўкаранення інклюзіўных практык у грамадства, у прыватнасці ў адукацыйны працэс.

У 2012 годзе прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь арганізавала курс вучэбных трэнінгаў па інклюзіўнай адукацыі. Дзякуючы ўдзелу спецыяліста нашага цэнтра ў трэнінгавай рабоце, мы прынялі ідэі і ўбачылі перавагі інклюзіўнай адукацыі. Мы зразумелі, што каштоўнасць кожнага чалавека не залежыць ад яго здольнасцей і дасягненняў, што кожны чалавек мае права на зносіны, здольны адчуваць і думаць, што кожны чалавек мае патрэбу ў падтрымцы і сябрах, што сапраўдная адукацыя можа ажыццяўляцца ў кантэксце рэальных узаемаадносін.

Натхніўшыся энтузіязмам трэнераў, мы пачалі работу па вывучэнні стратэгій інклюзіўнай адукацыі, па прасоўванні яе ідэй у сваёй супольнасці, як у педагагічнай, так і ў бацькоўскай. У час семінараў, трэнінгаў, кансультацый, якія мы правялі для педагогаў і бацькоў, мы знайшлі тых з іх, хто гатовы да змен. Наступным нашым крокам стала ўкараненне інклюзіўных практык у адукацыйны працэс.

Хто дапаможа ўстанове ў стварэнні таго асяроддзя, у якім дзіцяці з асаблівасцямі ў развіцці будзе камфортна? Спецыялісты ЦКРНіР валодаюць пэўным наборам ведаў і ўменняў у галіне спецыяльнай адукацыі, маюць вопыт работы з дзецьмі і іх сем’ямі, пачынаючы з ранняга ўзросту, суправаджаюць іх на працягу ўсіх перыядаў навучання. Нашы спецыялісты, па сутнасці, з’яўляюцца супервізарамі (тымі, хто суправаджае ў складаных сітуацыях), сувязным звяном паміж дзіцем, педагогам і бацькамі. Канечне, у педагогаў часта ўзнікаюць цяжкасці, праблемы, якія здаюцца невырашальнымі.

Камандны метад работы, дзе педагог, бацькі, спецыяліст ЦКРНіР з’яўляюцца раўнапраўнымі партнёрамі, дазваляе вырашаць цяжкасці, якія ўзнікаюць, робячы працэс навучання больш дынамічным і паспяховым. Галоўнае, пазбягаць фармалізму і бачыць у дзіцяці не толькі крыніцу праблем, але і яго патэнцыял, і моцныя бакі. Многае ў жыцці вызначаюць устаноўкі і ярлыкі. На самай справе, магчымасці дзіцяці абмяжоўваюць не хваробы, не дыягназ, а ўспрыманне гэтага дзіцяці іншымі людзьмі, грамадства ў цэлым. Калі на дзіця ўскладаюцца вялікія надзеі і чаканні, тады ў яго ёсць больш магчымасцей іх апраўдаць.

Працэс укаранення інклюзіўных практык стаў у нашым выпадку паспяховым дзякуючы рабоце матываванай каманды, якая ўзгадняла свае дзеянні з прынцыпамі інклюзіўнай адукацыі.

Прынцып сямейна арыентаванага падыходу з арыентацыяй на асобу дзіцяці прадугледжвае шырокае ўключэнне сям’і ў вызначэнне мэты і задач адукацыі, адукацыйнага маршруту, неабходнага для дзіцяці, пры факусіраванні ўсіх намаганняў на яго развіцці і сацыялізацыі.

Прынцып “прэзумпцыі кампетэнтнасці” прадугледжвае наяўнасць высокіх чаканняў і выбудоўванне менш небяспечных прагнозаў адносна кожнага дзіцяці. Дзеці, у дачыненні да якіх педагогі маюць вялікія чаканні, дасягаюць лепшых вынікаў.

Прынцып падтрымкі і камунікацыі паміж усімі ўдзельнікамі інклюзіі ў адукацыі прадугледжвае актыўнае ўключэнне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў сумесную дзейнасць. Важным паказчыкам гэтага прынцыпу з’яўляецца сяброўства. Калі дзіця ізалявана, то ў яго мала магчымасцей для ўзнікнення сяброўства і камфортных зносін.

Прынцып сацыяльнага супрацоўніцтва і партнёрства ўсіх удзельнікаў інклюзіўнай адукацыі прадугледжвае работу згуртаванай каманды.

Спецыялісты нашага цэнтра распрацавалі і апрабавалі мадэль паэтапнага ўкаранення інклюзіўных практык ва ўстанову адукацыі. Яна складаецца з некалькіх этапаў. Першым этапам з’яўляецца папярэдняя работа. Адзін з напрамкаў работы на гэтым этапе — работа з банкам даных па выяўленні дзяцей, якія маюць патрэбу ў спецыяльных умовах навучання. Наступны напрамак — работа з сям’ёй па вывучэнні запатрабаванняў, патрэб, матывацыі да змен, а таксама работа па выбары ўстановы адукацыі з улікам патрэб дзіцяці, запатрабаванняў яго бацькоў, магчымасцей установы задаволіць гэтыя патрэбы і запатрабаванні. Папярэдняя работа ўключае і падрыхтоўку педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў да прыняцця дзіцяці з асаблівасцямі (трэнінгі, семінары, кансультацыі).

Асноўны этап прадугледжвае арганізацыю работы каманды па суправаджэнні дзіцяці, рабочыя сустрэчы ў вызначаныя камандай тэрміны (не радзей аднаго разу ў два тыдні). У працэсе арганізацыі работы каманды вызначаюцца патрэбы дзіцяці, якія ўносяцца ў распрацаваную намі карту ацэнкі патрэб дзіцяці. На аснове гэтай карты распрацоўваецца індывідуальная праграма суправаджэння, якая вызначае канкрэтныя задачы, рэсурсы каманды, чаканыя вынікі. Каманда размяркоўвае абавязкі, вызначае перыядычнасць, месца, час правядзення наступных рабочых сустрэч. На рабочых сустрэчах каманды праводзіцца аналіз паспяховасці выканання плана з падрабязным абмеркаваннем эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, выяўляюцца бягучыя праблемы, вызначаюцца шляхі іх пераадолення, па неабходнасці ўносяцца карэктывы ў індывідуальны план суправаджэння.

Наступны этап — маніторынгавы, на якім адсочваецца эфектыўнасць работы каманды, праводзіцца аналіз паспяховасці рэалізацыі індывідуальнай праграмы суправаджэння, складаецца прыкладнае планаванне на наступны перыяд.

На нашу думку, эфектыўную дапамогу педагогам, бацькам, дзецям пры ўкараненні інклюзіўных працэсаў на месцах можа аказаць рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем ЦКРНіР.

Жыццё дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі залежыць ад нас — дарослых. І давайце зробім усё магчымае, каб яны маглі нам сказаць: “Дзякуй, што паверылі ў нас і дапамаглі жыць поўным жыццём і быць шчаслівымі!”

Іна ЦЯЛЯК,
педагог-псіхолаг Смаргонскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі;
Святлана РАДЗЬКО,
метадыст Смаргонскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

У пошуках свайго прызвання

Напружанне ў пачатку навучальнага года ў асноўным абумоўлена неабходнасцю пільнага планавання дзейнасці ўстаноў адукацыі па ўсіх кірунках адукацыйнага працэсу. Адна з першачарговых задач — стварыць умовы навучання, пры якіх навучэнцы маглі б у поўнай меры падрыхтавацца да жыцця ў сучасным высокатэхналагічным канкурэнтным свеце. Яе вырашэнню садзейнічае не толькі абноўлены змест адукацыі ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне, але і рэалізацыя паэтапнай цэласнай сістэмы прафарыентацыйнай работы. Невыпадкова Міністэрства адукацыі вызначае прафарыентацыйную работу як абавязковы этап прафілізацыі.

“Чалавек нараджаецца двойчы”, — сцвярджаюць многія, разумеючы пад другім сваім нараджэннем выбар прафесіі. Нараджэнне чалавека як прафесіянала — працэс складаны і індывідуальны. Сучаснай моладзі вельмі складана знайсці сваё месца ў жыцці, бо даводзіцца рабіць выбар з вялікай колькасці спецыяльнасцей. У свеце налічваецца больш за 50 тысяч прафесій. Лічбы ўражваюць! Як жа сарыентавацца ў гэтай разнастайнасці нашаму выпускніку? Хочацца падзяліцца вопытам арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у Слонімскім раённым ліцэі.

Самавызначэнне як прафесійнае, так і асобаснае становіцца цэнтральным новаўтварэннем старэйшага падлеткавага ўзросту. Гэта новая ўнутраная пазіцыя, якая ўключае асэнсаванне сябе як члена грамадства, прыняцце свайго месца ў ім. Гэтым фактарам тлумачацца асаблівасці арганізацыі прафарыентацыйнай работы на трэцяй ступені навучання.

10—11 класы — гэта апошні этап (арыентацыйна-ўдакладняльны) прафарыентацыйнай падтрымкі сацыяльнага сталення выпускніка. У гэты перыяд навучэнцы ажыццяўляюць дапрафесійную дзейнасць на базе паглыбленага вывучэння вучэбных прадметаў, да якіх у іх выявіліся ўстойлівыя інтарэсы, засяроджваюць увагу на фарміраванні прафесійна значных якасцей, кантролі і карэкцыі прафесійных планаў, спосабах ацэнкі вынікаў работы.

У кантэксце задач па фарміраванні гатоўнасці старшакласнікаў да ўстойлівага прафесійнага самавызначэння псіхолага-педагагічнае суправаджэнне разглядаецца як інтэрактыўная псіхолага-педагагічная тэхналогія. Яна ўяўляе сабой цэласную адкрытую сістэму дыягнастычных, развіццёвых, карэкцыйных мерапрыемстваў.
Згодна з даследаваннямі, якія штогод праводзяцца ў нашай установе адукацыі, толькі 30—33% навучэнцаў маюць цвёрдыя прафесійныя намеры. Каля 70% не маюць дакладнай пазіцыі, сумняваюцца ў сваім выбары. Гэта сур’ёзная праблема, якую даводзіцца вырашаць.

Ідэя псіхолага-педагагічнага суправаджэння ў нашым ліцэі заключаецца ў тым, каб не засцерагаць навучэнца ад складанасці выбару, не вырашаць праблемы за яго, а ствараць умовы для ўдасканалення ім асэнсаванага, адказнага самастойнага выбару.

Прафарыентацыйная работа ва ўстанове праводзіцца з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, дзе асноўным кантынгентам з’яўляюцца вучні.

Па ступені сфарміраванасці прафесійных планаў сярод ліцэістаў можна вылучыць наступныя катэгорыі:

• старшакласнікі, якія вызначыліся з выбарам прафесіі, аднак маюць патрэбу ва ўдакладненні прафесійнага маршруту, г.зн. у выбары шляхоў далейшай адукацыі і навучальнай установы, у якой можна атрымаць пэўную спецыяльнасць;

• навучэнцы, якія не маюць канкрэтных жыццёвых, прафесійных планаў (яны маюць патрэбу ў інфармацыйна-асветніцкай дапамозе);

• навучэнцы, якія выбралі прафесію, але па супрацьпаказаннях (напрыклад, па стане здароўя) авалоданне пэўнай прафесіяй для іх абмежавана або супрацьпаказана (у гэтым выпадку неабходна пераарыентацыя такіх старшакласнікаў);

• старшакласнікі, якія выбралі некалькі прафесій супрацьлеглага характару (асноўная работа з такімі дзецьмі — выпрацоўка ўстойлівага і мэтанакіраванага прафесійнага выбару шляхам прафесійнага кансультавання).

Асноўнымі задачамі прафарыентацыйнай работы на ІІІ ступені навучання з’яўляюцца: актуалізацыя ў падлеткаў значнасці прафесійнай дзейнасці, аказанне дапамогі ў асэнсаванні імі сваіх інтарэсаў, магчымасцей, асаблівасцей, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі і высокага маральнага аблічча асобы старшакласніка, фарміраванне здольнасці навучэнцаў старшых класаў да асэнсаванага выбару прафесіі.

Псіхалагічная частка прафарыентацыйнай работы прадугледжвае правядзенне маніторынгу прафесійных намераў старшакласнікаў, арганізацыю псіхалагічнай дыягностыкі, аказанне псіхалагічнай падтрымкі паглыбленай прафарыентацыі вучняў.

Асноўныя кірункі ў рабоце педагога-псіхолага — прафесійная дыягностыка, прафесійная асвета, прафесійная кансультацыя, псіхалагічная карэкцыя.

Прафарыентацыйная работа пачынаецца з псіхалагічнай дыягностыкі — маніторынгу прафесійных намераў вучняў у пачатку 10 класа, г.зн. з моманту паступлення вучняў у ліцэй — і працягваецца на працягу ўсяго навучання. Вывучэнне індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей ліцэістаў ажыццяўляецца разнастайнымі спосабамі: ад простага назірання за дасягненнямі ў асваенні вучэбных дысцыплін да выкарыстання анкет, апытальнікаў, методык па самавызначэнні навучэнцаў. Камп’ютарная дыягностыка, што выкарыстоўваецца ў рабоце (электронны дапаможнік “Профіль”), дапамагае ўбачыць профіль будучай прафесіі, выявіць інтарэсы і схільнасці вучня, падабраць канкрэтныя прафесіі і навучальныя ўстановы, якія адпавядаюць яго інтарэсам і схільнасцям.

Наяўнасць прафарыентацыйнай карты ў кожнага старшакласніка дазваляе адсачыць змены ў прафесійных інтарэсах, схільнасцях, намерах, а таксама ў адносінах бацькоў навучэнцаў да выбранай прафесіі/спецыяльнасці. Па выніках дыягнастычных методык даюцца рэкамендацыі кожнаму ўдзельніку адукацыйнага працэсу.

Псіхалагічная асвета — ад зін з галоўных кірункаў прафарыентацыйнай работы, звязаны з павышэннем псіхалагічнай дасведчанасці навучэнцаў, бацькоў, педагогаў, з інфармаваннем аб сутнасці і сацыяльным прэстыжы разнастайных прафесій, спосабах і шляхах іх атрымання, патрабаваннях, якія прад’яўляюцца прафесіяй чалавеку. Псіхалагічная асвета ў асноўным носіць групавы характар.

Сярод форм прафесійнай асветы вылучаюцца:

— псіхалагічная асвета педагогаў, якая ажыццяўляецца праз правядзенне семінараў-практыкумаў, гутарак, тэматычных выступленняў на педсаветах, метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў;

— псіхалагічная асвета бацькоў, якая арганізоўваецца праз выступленні на агульналіцэйскіх і класных бацькоўскіх сходах (“Роля сям’і ў прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў”, “Як дапамагчы вучням у працэсе падрыхтоўкі і здачы экзаменаў”, “Прафесіі, якія выбіраюць нашы дзеці” і інш.), на пасяджэннях клуба “Праметэй” (“Здольнасці дзіцяці і выбар прафесіі”), распрацоўваюцца буклеты, памяткі;

— псіхалагічная асвета навучэнцаў, якая ажыццяўляецца праз лекцыі, прафарыентацыйныя ўрокі, выступленні на класных гадзінах (“Як правільна выбраць прафесію?”, “На парозе дарослага жыцця”, “Час выбірае нас”, “Як псіхалагічна падрыхтавацца да экзаменаў”, “Прыёмы эфектыўнага запамінання”, “Хутка ЦТ!” і інш.).

Важная роля ў рабоце педагога-псіхолага адводзіцца арганізацыі і ўдзелу ў правядзенні агульналіцэйскіх мерапрыемстваў па прафарыентацыі (дні адкрытых дзвярэй ва УВА, ССНУ, кірмашы прафесій, прафарыентацыйныя экскурсіі, сустрэчы са спецыялістамі разнастайных прафесій, са студэнтамі УВА і ССНУ, навукова-даследчая работа вучняў, месячнік прафарыентацыі (люты — сакавік), дзелавыя гульні, конкурсы, віктарыны, агітбрыгады па прафарыентацыі і інш.).

Актыўна выкарыстоўваецца інфармацыйная прастора ліцэя: інфармацыйны стэнд “Табе, выпускнік!”, сайт ліцэя. Тут размяшчаюцца матэрыялы прафарыентацыйнага кірунку: адрасы афіцыйных сайтаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю па прафарыентацыйнай рабоце, рэкамендацыі вучням, бацькам па выбары прафесіі.

У рабоце педагога-псіхолага выкарыстоўваецца і рэспубліканскі штомесячны часопіс для старшакласнікаў, іх бацькоў і педагогаў “Кім быць?”.

Важнай формай правядзення мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ў ліцэі, як ужо згадвалася, з’яўляецца месячнік прафарыентацыі, падчас якога праходзіць выстава літаратуры па прафарыентацыі, адбываецца прафесійная агітацыя і рэклама. На класных і інфармацыйных гадзінах навучэнцы ў актыўнай форме з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій працягваюць знаёміцца са светам прафесій. У рамках месячніка прафарыентацыі стала традыцыяй правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, на якую навучэнцы 11 класаў рыхтуюць інфармацыю пра УВА, факультэты рознага профілю (спецыяльнасці, прахадныя балы, конкурс).

Работа з бацькамі — важная частка ў сістэме прафарыентацыі навучэнцаў. Практыка паказвае, што бацькі прымаюць актыўны ўд зел у вызначэнні жыццёвых і прафесійных планаў сваіх дзяцей. Разам з тым гэтыя пытанні з’яўляюцца складанымі як для саміх навучэнцаў, так і для іх бацькоў. Не заўсёды бацькі ведаюць і аб’ектыўна ацэньваюць інтарэсы і здольнасці дзяцей. Жаданні бацькоў і прафесійныя намеры падлеткаў у большасці выпадкаў не супадаюць. Усё гэта выклікае неабходнасць арганізацыі спецыяльнай работы з бацькамі, якая накіравана на аказанне дапамогі сям’і ў падрыхтоўцы іх дзяцей да асабістага росту і прафесійнага самавызначэння з выхадам у самастойнае жыццё. Менавіта таму ў нашай установе адукацыі арганізоўваецца індывідуальная работа з бацькамі навучэнцаў, іх запрашаюць выступіць на класных гадзінах, прыняць удзел у правядзенні круглых сталоў, канферэнцый, экскурсій.

Кансультацыйны кірунак мае на ўвазе садзейнічанне педагога-псіхолага ліцэя выбару навучэнцамі прафесіі з улікам іх матываў, інтарэсаў, схільнасцей, асабістых праблем ці асаблівасцей светапогляду. У працэсе прафкансультацыі адбываецца стымуляванне роздуму падлеткаў аб перспектывах іх асобаснага і прафесійнага самавызначэння, прадстаўленне ім пэўных арыенціраў для ацэнкі ўласнай падрыхтаванасці да рэалізацыі намечаных прафесійных планаў.

Псіхалагічная карэкцыя ажыццяўляецца праз правядзенне заняткаў у трэнінгавым рэжыме “Трэнінг прафесійнага самавызначэння” (11 клас), рэлаксацыйных заняткаў для выпускнікоў, практычнага курса “У пошуках свайго прызвання” (10 клас), прафарыентацыйных гульняў. На занятках навучэнцы ставяць рэальныя прафесійныя мэты, выпрацоўваюць навыкі ўпэўненых паводзін, што дазваляе ім прыйсці да ўзважанага выбару прафесійнай дзейнасці.

Усе пералічаныя кірункі работы ўзаемазвязаны, знаходзяцца ва ўзаемадзеянні і дапаўняюць адзін аднаго.

Вопыт работы ў рамках прафарыентацыі паказвае, што наша дзейнасць эфектыўная, бо ў рабоце з навучэнцамі ўлічваюцца іх узроставыя асаблівасці; арганізоўваецца ўзаемадзеянне з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі, а таксама адміністрацыяй і бацькамі; улічваецца, што старшакласнікі бяруць пад увагу не толькі звесткі аб асаблівасцях прафесій, але і шмат іншай інфармацыі, праз якую педагог-псіхолаг уздзейнічае на прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў (работа з сям’ёй, мікрагрупамі, педагагічным калектывам і асобай старшакласніка). Эфектыўнасць работы па прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў пераносіць акцэнты з агульнага знаёмства са светам прафесій на канкрэтныя варыянты выбару. На гэтым этапе вырашаюцца кагнітыўныя задачы (даведачна-інфармацыйная, дапамога ў самапазнанні, планаванні і выбары) і фарміруецца маральна-эмацыянальная ўстойлівасць падлетка, якая дазваляе рыхтаваць яго да магчымых канкрэтных цяжкасцей падчас падрыхтоўкі і рэалізацыі сваіх прафесійных намераў.

І ў заключэнне хочацца акцэнтаваць увагу на тым, што вера ў міф аб адзіным правільным прафесійным шляху, выбары прафесійнай нівы на ўсё жыццё можа моцна ўскладніць працэс прафесійнага самавызначэння падлеткаў, пасеяць страх “не паступіць”, “не ўладкавацца”, “страціць час”. На наш погляд, дарослы, які займаецца прафарыентацыйнай дзейнасцю, павінен заўсёды памятаць, што важна не толькі дапамагчы, але і не нашкодзіць сваімі дзеяннямі складанаму працэсу прафесійнага самавызначэння сваіх падапечных. Станоўчы эфект ад гэтай дзейнасці магчымы толькі ў тым выпадку, калі мы з вамі самі добра разбіраемся ў пытаннях прафарыентацыйнага характару. Таму лічым важным павышаць уласную кампетэнцыю, удзяляць час самаадукацыі, самаразвіццю ў галіне прафарыентацыі.

Наталля ДЗЯТЧЫК,
педагог-псіхолаг Слонімскага раённага ліцэя.

Настаўнікам — інфармацыйная падтрымка

Адукацыйны працэс у школе ў апошні час цяжка ўявіць без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, электронных адукацыйных рэсурсаў і воблачных сэрвісаў. Менавіта таму змест работы Свіслацкага раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры накіраваны на павышэнне ўзроўню ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў.

У рамках метадычнай вучобы па тэме “Сістэма работы настаўніка рускай мовы і літаратуры па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды” разгледжаны інтэрнэт-рэсурсы, якія можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы школьнікаў да розных тураў алімпіяды, прадуманы варыянты дыстанцыйнага ўзаемадзеяння настаўніка і навучэнца. Гэта дазволіла павялічыць колькасць удзельнікаў у дыстанцыйных алімпіядах па рускай мове, якія праводзяцца як на базе ўстаноў адукацыі раёна, так і на базе ўстаноў адукацыі рэспублікі.

Усе настаўнікі рускай мовы і літаратуры выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Аб развіцці матывацыі да бесперапыннай самаадукацыі сродкамі выкарыстання інфармацыйных тэхналогій сведчыць той факт, што педагогі самі ствараюць электронныя адукацыйныя прадукты.

У мінулым навучальным годзе ў рамках раённага метадычнага аб’яднання працавала творчая група настаўнікаў па стварэнні электроннага сродку навучання (кіраўнікі — настаўніца першай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 1 Свіслачы А.П.Маркевіч, настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 2 Свіслачы С.Н.Калач). Педагогамі сабраны і сістэматызаваны матэрыял па арганізацыі паўтарэння вучэбнага матэрыялу ў пачатку навучальнага года ў 5—9 класах. Рэсурс змяшчае тэарэтычныя, метадычныя, дыдактычныя матэрыялы, якія распрацаваны членамі раённага метадычнага аб’яднання, а таксама рад інтэрактыўных заданняў, створаных з прымяненнем сэрвісу LearningApps.org, якія навучэнцы могуць выконваць самастойна як на камп’ютары, так і выкарыстоўваючы смартфон, планшэт.

Увесь матэрыял згрупаваны ў пэўныя модулі. У раздзеле “Урокі” прапанаваны распрацоўкі ўрокаў настаўнікаў рускай мовы і літаратуры раёна, прэзентацыі, рэбусы, дадаткі, якія могуць быць выкарыстаны як у гатовым выглядзе, так і для мадэлявання ўласнага ўрока.

Рэсурс “Повторим-ка” адзначаны дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Каб павысіць эфектыўнасць працэсаў назапашвання і абмену інфармацыяй паміж педагогамі, члены метадычнага аб’яднання арганізавалі сеткавую суполку, работа якой накіравана на асваенне актуальных для адукацыі і асобасна значных для кожнага ўдзельніка мадэлей арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння, забеспячэнне інфармацыйнай і навукова-метадычнай падтрымкі настаўнікаў-філолагаў.

Надзея МАТЫСІК,
загадчыца Свіслацкага вучэбна-метадычнага кабінета.

У прыярытэце — развіццё сеткавага ўзаемадзеяння

Пасяджэнне гарадскога метадычнага аб’яднання па інфарматызацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу шляхам сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” прайшло напярэдадні новага навучальнага года ў сталіцы ў рэжыме анлайн. У ім прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Мінска, намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі, якія курыруюць пытанні інфарматызацыі, кіраўнікі раённых, школьных метадычных аб’яднанняў педагогаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

У рэжыме анлайн

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння былі пытанні арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ў педагагічнай практыцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шляхам выкарыстання сучасных ІКТ, тэхнічных сродкаў навучання, дыстанцыйных і воблачных тэхналогій, 3D-тэхналогій, элементаў робататэхнікі ў адукацыйным працэсе, арганізацыі профільнага навучання.
Па словах начальніка Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА Наталлі Валянцінаўны Сакаловай, мэтай метадычнага аб’яднання з’яўляецца стварэнне ўмоў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Ужо пяты год пасяджэнні праходзяць у дыстанцыйнай форме ў сістэме Moodle. Гэтая форма садзейнічае эканоміі часу і выдаткаў на правядзенне мерапрыемства, стварае адзінае адукацыйнае асяроддзе, адкрывае магчымасць індывідуальнага тэмпу навучання, спрыяе авалоданню педагогамі сучаснымі камп’ютарнымі і тэлекамунікацыйнымі тэхналогіямі. Педагагічныя работнікі маюць магчымасць незалежна ад месца знаходжання ў любы зручны для сябе час зайсці ў сістэму і азнаёміцца з матэрыяламі эфектыўнага педвопыту.
У Мінску ўкаранёна комплексная мадэль адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, якая імкліва абнаўляецца і становіцца мабільнай. Ва ўстановах адукацыі горада створана тэхнічная інфраструктура. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай і камп’ютарнымі класамі. Колькасць устаноў адукацыі, у якіх выконваецца стандарт (не больш за 30 навучэнцаў на 1 камп’ютар), у мінулым навучальным годзе склала 93, 9% для навучэнцаў 5—11 класаў. Па стане на 2014/2015 навучальны год большасць устаноў адукацыі падключаны да інтэрнэту з дапамогай інтэрнэт-тэхналогіі ADSL (HDSL) — 86, 64%, dial-up (камутуемы) — 3,45%, RС кабель-мадэм — 4,74%, тэхналогіі Ethernet — 2,59%, і маюць бесправадную сетку — 0,43%, іншае — 2,16%.
Як адзначыла Н.В.Сакалова, у цяперашні час у сувязі з інтэнсіўным развіццём інфармацыйных тэхналогій актуальнай застаецца задача мадэрнізацыі тэхнічнай інфраструктуры ўстаноў адукацыі. Аналіз стану матэрыяльна-тэхнічнай базы паказаў высокі ўзровень зношанасці камп’ютарнай тэхнікі: 10,3 % камп’ютараў у Мінску выкарыстоўваецца больш за 10 гадоў — гэта тэхніка, якая патрабуе замены.

Электронная школа

З верасня 2013 года ва ўстановах адукацыі Мінска рэалізоўваецца рэгіянальны пілотны праект “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (“Электронная школа”). Рэалізацыя праекта вядзецца ў напрамку ўкаранення анлайн-рашэнняў па прадастаўленні інфармацыйных сэрвісаў (электроннага журнала, дзённіка, раскладу заняткаў), што дазволіць стварыць аснову для пераходу на сістэму электроннага дакументаабароту ва ўстановах адукацыі, знізіць выдаткі на пабудову і суправаджэнне лакальных інфармацыйных структур і баз даных. Для аўтаматызацыі працэсаў збору, захавання і перадачы інфармацыі аб адукацыйным працэсе асноўным інструментам павінны стаць інтэлектуальныя дакументы навучэнцаў на аснове пластыкавых смарт-картак.
Педагогі штодзень уносяць адзнакі і каментарыі да іх у электронны дзённік навучэнцаў. Перавагай гэтага сэрвісу з’яўляецца зручнасць у атрыманні актуальнай інфармацыі па дамашніх заданнях і школьных падзеях у любы час і пры дапамозе любой персанальнай камп’ютарнай прылады, падключанай да інтэрнэту.
“Карта навучэнца” ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе ўніверсальны дакумент і банкаўскую плацежную картку. Для ўстаноў адукацыі на аснове “карты навучэнца” даступны наступныя функцыі: бескантактны пропуск ва ўстановы адукацыі, магчымасць правядзення разлікаў у гандлёвых аб’ектах, безнаяўная аплата гарачага харчавання, ключ аўтарызацыі ў камп’ютарным класе, чытацкі білет у бібліятэцы, праязны білет у гарадскім транспарце. Плануецца, што да 2016 года ў праект “Электронная школа” будуць уцягнуты ўсе сярэднія навучальныя ўстановы.

З адукацыйным азартам

У сучасных умовах усё часцей узнікае патрэба ў неабходнасці арганізацыі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння сродкамі ІКТ для развіцця патэнцыялу навучэнцаў і задавальнення іх адукацыйных запытаў. Выкарыстанне сеткавага ўзаемадзеяння дазволіць вучыць і выхоўваць навучэнцаў, не выводзячы іх са звыклага кола зносін, стварыўшы ўмовы для развіцця і рэалізацыі іх індывідуальных магчымасцей.
Па меркаванні начальніка аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Алены Мікалаеўны Емяльянавай, пабудова мадэлі эфектыўнага і паспяховага сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння адбываецца па наступных прынцыпах: адукацыйнага азарту (інтарэс стымулюе памяць, увагу і садзейнічае значнаму павышэнню актыўнасці і працаздольнасці); тэарэтычнай і інфармацыйнай карэктнасці (абавязковай умовай сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца адкрытае насычанае інфармацыйнае асяроддзе, якое адрозніваецца навуковасцю, даступнасцю, дакладнасцю); навігацыі і змястоўнай упарадкаванасці (змест сеткавага ўзаемадзеяння набывае ўстойлівыя формы, якія дазваляюць эфектыўна падключацца да яго на розных этапах адукацыйнага працэсу новым удзельнікам, але пры гэтым граматна і карэктна сістэматызаваць і ўпарадкоўваць узаемадзеянне з рознымі ўдзельнікамі сеткавай супольнасці); адукацыйнай адказнасці і эфектыўнасці.
Эфектыўнасць сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адзіным адукацыйным асяроддзі залежыць ад інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры рэгіёна: структуры рэсурсных цэнтраў, размеркавання адукацыйных рэсурсаў, сістэмы кіравання лічбавымі патокамі.
Адной з пераваг адукацыйнага працэсу ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць навучання па індывідуальных адукацыйных траекторыях. Індывідуальная траекторыя дасягнення пастаўленай мэты выбудоўваецца навучэнцам сумесна з настаўнікам як з дапамогай існуючых для агульнага навучання элементаў, так і з дапамогай дадатковага набору метадычных элементаў.
Як падкрэслівалася, сеткавае метадычнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі можа быць ажыццёўлена шляхам выкарыстання педагагічнай тэхналогіі “навучанне ў супрацоўніцтве”. У адрозненне ад традыцыйных форм сумеснай групавой работы, яна характарызуецца наступнымі аспектамі: узаемазалежнасць усіх членаў групы, асабістая адказнасць кожнага члена групы за ўласныя поспехі і поспехі сваіх таварышаў, сацыялізацыя дзейнасці навучэнцаў у групах, агульная ацэнка работы групы, якая складаецца з ацэнкі формы зносін навучэнцаў у групе і акадэмічных вынікаў работы.
Несумненнымі перавагамі сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з’яўляецца магчымасць прыцягнення высакакласных выкладчыкаў для ўдасканалення арганізацыі навучання адораных вучняў. Акрамя таго, пры сеткавым узаемадзеянні адбываецца распаўсюджванне інавацыйных распрацовак. Інавацыі ва ўмовах адукацыйнай сеткі набываюць эвалюцыйны характар, што звязана з бесперапынным абменам інфармацыяй і абменам вопытам адораных вучняў адно з адным.
Па меркаванні А.М.Емяльянавай, развіццё сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння навучальных устаноў сродкамі ІКТ садзейнічае выпрацоўцы новых метадаў і форм для выкарыстання ў адукацыйным працэсе, групавых форм паводзін, фарміраванню вучэбных груп і супольнасцей, аб’яднаных агульнай вучэбнай дзейнасцю, наяўнасцю непасрэдных кантактаў у пэўнай групе, павышэнню матывацыі навучэнцаў і як вынік якасці адукацыі.

“STEAM-акадэмія”

Таццяна Сяргееўна Дыбоўская, метадыст аддзела Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі, прадставіла ўдзельнікам пасяджэння магчымасці лабараторыі робататэхнікі “STEAM-акадэмія”, якая была аснашчана ў межах міжнароднага праекта “Inovest 530417-Tempus -1-2012-1-De-Tempus-Smhes — “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у межах інклюзіўнага навучання” і прызвана стаць своеасаблівай стажыровачнай пляцоўкай для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў авалоданні асновамі работы з робататэхнікай, перадавымі тэхналогіямі лега, для абмену эфектыўным педагагічным вопытам, а таксама прадаставіць магчымасць вучыцца на базе лабараторыі з педагогамі, выкладчыкамі, якія маюць адпаведны ўзровень адукацыі.
На думку Т.С.Дыбоўскай, стварэнне лабараторыі дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў базавыя ўяўленні ў сферы інжынернай культуры, развіваць інтарэс навучэнцаў да прыродазнаўчых і дакладных галін навукі, фарміраваць нестандартнае мысленне, а таксама пошукавыя навыкі ў вырашэнні прыкладных задач, развіваць творчы патэнцыял падлеткаў і моладзі ў працэсе канструявання і праграмавання робатаў.
У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні школьнікаў робататэхніцы ў лабараторыі прапаноўваюцца лега-канструктары Mindstorm. Тэхналагічныя наборы лега арыентаваны на вывучэнне асноўных механічных прынцыпаў і элементарных тэхнічных рашэнняў, якія ляжаць у аснове ўсіх сучасных канструкцый і прылад. Лега з’яўляецца і самастойным сродкам развіццёвага навучання, і пераважным наглядным дапаможнікам.
Асяроддзе праграмавання Lego Mindstorms Education NXT дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з асновамі праграмавання і навучыцца кіраваць сабранымі мадэлямі. Навучэнцы знаёмяцца з тэхналогіяй стварэння пэўнай мадэлі робата і кіравання пабудаванай мадэллю. Сабраная канструкцыя далучаецца да мікракамп’ютара, які ўяўляе сабой праграмуемы блок лега, што функцыянуе як аўтаномны камп’ютар. Ажыўшая мадэль ажыццяўляе рухі і ўключае розныя кіруемыя элементы, зыходзячы з паказанняў датчыкаў.
— Заняткі па робататэхніцы нацэлены на фарміраванне ў вучняў навыкаў праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці. Выкарыстанне робататэхнікі будзе садзейнічаць ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Элементы гульні, якія, несумненна, прысутнічаюць пры першапачатковым знаёмстве з курсам, матывуюць навучэнца, падводзяць яго да пазнання складаных фундаментальных асноў дарослага канструявання і праграмавання, — мяркуе Т.С.Дыбоўская.
Лабараторыя робататэхнікі адкрывае перад навучэнцамі і педагогамі новыя інавацыйныя магчымасці: спалучэнне тэорыі і практыкі, фарміраванне матывуючага творчага асяроддзя, інструмент для ўвасаблення ідэй.
Дзейнасць лабараторыі робататэхнікі прапаноўвае для навучэнцаў, педработнікаў устаноў адукацыі і шырокага кола слухачоў наступныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу: павышэнне кваліфікацыі для педагогаў горада, кансультацыйная дзейнасць, метадычныя мерапрыемствы (семінары, семінары-практыкумы, майстар-класы), анлайн-мерапрыемствы.

Лабараторыя інавацыйных тэхналогій

З мэтай развіцця інавацыйных форм рэалізацыі вочнай і завочнай адукацыі на аснове ўкаранення элементаў дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі педкадраў у галіне выкарыстання ІКТ, на павышэнне даступнасці адукацыйных паслуг і развіцця безбар’ернага адукацыйнага асяроддзя горада, на базе МГІРА створана лабараторыя інавацыйных тэхналогій “Адукацыя без межаў”. Як паведаміла начальнік аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Іна Пятроўна Арцюхова, задачы лабараторыі наступныя: інфармацыйна-метадычнае і тэхнічнае суправаджэнне ўкаранення элементаў дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс; распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту ў гэтай сферы; ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на далейшае развіццё інфармацыйнага асяроддзя інстытута ў галіне ўкаранення дыстанцыйных форм навучання, а таксама выкарыстанне розных форм сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння з іншымі суб’ектамі адукацыі па пытаннях выкарыстання і ўкаранення дыстанцыйных тэхналогій.
Пра воблачныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе паведаміла начальнік аддзела тэлекамунікацый і інфармацыйнага забеспячэння Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Святлана Ігараўна Каляда. Воблачныя тэхналогіі дазваляюць захоўваць, рэдагаваць, а таксама дзяліцца цікавымі файламі і дакументамі з сябрамі і калегамі. Патрэба ў падобных сэрвісах для адукацыі прадыктавана неабходнасцю мець асабістую заўсёды даступную і лёгка кіруемую інфармацыйную прастору настаўніка, навучэнца і як варыянт бацькоў, якія могуць перасякацца пэўным чынам, ствараючы сумесную адукацыйную прастору. Такі падыход у корані мяняе ролю настаўніка ў школе, ператвараючы яго з лектара, кантралёра ў кансультанта, партнёра. У выніку ўкаранення воблачных тэхналогій адбываецца шэраг змяненняў у адукацыйным працэсе: навучэнцы маюць магчымасць ажыццяўляць навучанне ў любы час і ў любым месцы, дзе ёсць інтэрнэт, павышаецца інтэрактыўнасць навучання, узнікае магчымасць хутка ствараць, адаптаваць і тыражаваць інфармацыйныя рэсурсы і адукацыйныя сэрвісы падчас адукацыйнага працэсу; навучэнцы могуць ажыццяўляць зваротную сувязь з настаўнікам шляхам выкарыстання шырокага набору адукацыйных сэрвісаў; узровень персаналізацыі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы становіцца высокім.

У інтэрактыўным свеце

Інтэрактыўныя сродкі навучання ўсё актыўней уваходзяць у адукацыйны працэс. Аб развіцці творчага патэнцыялу педагогаў шляхам выкарыстання інтэрактыўных сродкаў навучання расказала начальнік аддзела тэхнічных сродкаў навучання і дыстанцыйнай адукацыі Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Таццяна Уладзіміраўна Чалдышкіна. Паводле яе слоў, эфектыўнасць прымянення інтэрактыўных сродкаў вызначаецца трыма ўзаемазвязанымі аспектамі яе забеспячэння — тэхнічным, метадычным і арганізацыйным. Тэхнічнае забеспячэнне ўключае ў сябе адаптацыю, асваенне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання, якія выкарыстоўваюцца для перадачы інфармацыі навучэнцамі, для арганізацыі зваротнай сувязі ад вучняў да выкладчыка, кантролю ведаў, правядзення самастойных заняткаў, адпрацоўкі і дакументавання інфармацыі. Але нават звышсучасныя інтэрактыўныя сродкі навучання не забяспечаць неабходнага эфекту без пэўнай метадычнай падрыхтоўкі і распрацоўкі дыдактычных матэрыялаў. У якасці інтэрактыўных сродкаў навучання выкарыстоўваецца інтэрактыўная прыстаўка, інтэрактыўная дошка, праектар, сістэма інтэрактыўнага апытання і галасавання, дакумент-камера, фабрыка друку, праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі ўласных інтэрактыўных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе.
У Мінску вядзецца работа па вывучэнні, абагульненні, распаўсюджванні перадавога педагагічнага вопыту ў галіне выкарыстання сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. З мэтай пашырэння і ўкаранення практычнага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання быў праведзены конкурс “Інтэрактыўны свет ведаў”.
У межах конкурсу педагогі прадэманстравалі аптымальнае спалучэнне педагагічных тэхналогій і магчымасці ўкаранення сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання. Так, робячы высновы аб эфектыўнасці ўзаемадзеяння інтэрактыўнага камплекта тэхнікі Epson з інструментамі праграмнага абсталявання RM Easiteach Next Generation, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 45 Таццяна Мікалаеўна Слабадзянік адзначае, што іх мэтазгодна выкарыстоўваць як на этапе падрыхтоўкі да ўрока, так і на этапах самога ўрока. Інтуітыўна зразумелая панэль інструментаў праграмнага забеспячэння, банк медыярэсурсаў, віджэтаў, а таксама магчымасць укараняць і адкрываць уласныя электронныя вучэбныя матэрыялы дазваляе лёгка і проста падрыхтаваць вучэбныя заняткі для першакласнікаў у цікавай і даступнай форме, у адпаведнасці з такімі прынцыпамі, як нагляднасць і даступнасць. Банк віджэтаў дазваляе педагогу ў кароткі прамежак часу ствараць дыдактычныя гульні. Выкарыстанне сучасных інтэрактыўных сродкаў навучання павышае ўвагу, цікавасць навучэнцаў да вылічальнай тэхнікі і тым самым стварае ўмовы для фарміравання іх вылічальнай культуры.
Кожны педагог, які працуе ў 5 класе, ведае, як складана ўтрымліваць увагу дзяцей, якія яшчэ ўчора лічыліся пачаткоўцамі, бо вобразнае мысленне ў іх дамінуе над слоўна-лагічным. З улікам гэтага была створана работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 118 Мінска Ірыны Уладзіміраўны Канаваленка. Інтэрактыўны ультракароткафокусны праектар выкарыстоўваецца педагогам на этапе мэтавызначэння, праверкі дамашняга задання, актуалізацыі ведаў, на этапе засваення новых ведаў, вырашэння праблемнай сітуацыі, у групавой рабоце, а таксама на этапе рэфлексіі. Ірына Уладзіміраўна прымяняе лічбавую дакумент-камеру пры праверцы практыкавання для хуткага рэдагавання работ навучэнцаў, пры разгадванні навучэнцамі крыжаванак. Абсталяваванне можа быць выкарыстана ў якасці відэакамеры для запісу з наступнай дэманстрацыяй, а таксама для аператыўнай дэманстрацыі вынікаў галасавання. Дзякуючы выкарыстанню мультымедыятэхналогій вучэбны матэрыял становіцца больш наглядным, зразумелым і запамінальным.

***

Пасля вывучэння прапанаваных матэрыялаў у сістэме Moodle ўдзельнікам пасяджэння было прапанавана прайсці анлайн-тэсціраванне. Тым настаўнікам, якія паспяхова з імі справіліся, былі выдадзены імянныя электронныя сертыфікаты ўдзельніка. Вопыт паказвае, што такая форма правядзення метадычных аб’яднанняў запатрабавана педагагічнай грамадскасцю. Па меркаванні педагогаў, гэтая форма дазваляе вывучаць матэрыялы ў індывідуальным тэмпе, незалежна ад месца жыхарства, стану здароўя, самастойна планаваць час, месца і працягласць заняткаў, эфектыўна рэалізоўваць зваротную сувязь.
— Інфармацыйнае грамадства, якое пастаянна развіваецца, вылучае новыя патрабаванні да адукацыі, яе якасці і зместу, — падкрэсліла Н.В.Сакалова. — У сувязі з гэтым доўгатэрміновая мэта інфарматызацыі сістэмы адукацыі Мінска заключаецца ў стварэнні і аказанні на аснове мадэлі кіруемага развіцця электронных адукацыйных паслуг. Вызначана і зона найбліжэйшага развіцця: мадэрнізацыя тэхнічнай інфраструктуры інфарматызацыі сістэмы адукацыі, развіццё кадравага патэнцыялу, забеспячэнне сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій, распаўсюджванне дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы выкарыстання ІКТ.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Прадметныя дні павысяць цікавасць

Пазнавальная актыўнасць навучэнцаў займае ў адукацыйным працэсе вельмі значную ролю. Без зацікаўленасці вучняў у атрыманні ведаў, без жадання вывучаць той ці іншы прадмет дасягнуць станоўчых вынікаў у навучанні амаль немагчыма. Над развіццём пазнавальнай актыўнасці школьнікаў сур’ёзна задумаліся ў Дрыбінскім аддзеле адукацыі, спорту і турызму і знайшлі дзейсны спосаб павысіць імкненне дзяцей да ведаў.

— Галоўная задача педагога сёння — паказаць прывабнасць, неабходнасць і практычную значнасць матэрыялу, які вывучаецца, яго сувязь з іншымі прадметамі. Але зрабіць гэта ў рамках урока не заўсёды ўдаецца. Дапамагчы прыцягнуць увагу дзяцей да вучэбнага прадмета ў такім выпадку можа пазаўрочная, пазакласная дзейнасць, — паведамілі загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі Любоў Тарасенка.
— Пазакласная работа ва ўстановах адукацыі нашага раёна вядзецца досыць актыўна. Акрамя традыцыйных форм — гурткоў, факультатываў, мы ўвесь час імкнёмся да ўкаранення новых форм дзейнасці. Адной з такіх стала правядзенне прадметных дзён. Такія дні па пэўных школьных прадметах праводзяцца ва ўсіх школах раёна і сапраўды дапамагаюць павысіць матывацыю вучняў да вучобы, раскрыць нечаканыя, схаваныя раней таленты дзяцей, — дадае Любоў Васільеўна.
Паводле яе слоў, вельмі спрыяе правядзенне прадметных дзён і фарміраванню ў дзяцей такіх якасцей, як лідарства, узаемадапамога, уменне працаваць у камандзе.
— У другой вучэбнай чвэрці мы правялі прадметныя тыдні па матэматыцы, а цяпер завяршыўся Дзень па вучэбных прадметах “Геаграфія” і “Чалавек і свет”, — расказала Любоў Тарасенка.
На працягу аднаго школьнага дня дрыбінскія навучэнцы разам са сваімі настаўнікамі шмат даведваліся аб геаграфіі як навуцы, адпраўляліся ў цікавыя падарожжы, здзяйснялі сапраўдныя адкрыцці, любаваліся прыродай Зямлі ва ўсёй яе разнастайнасці і непаўторнасці.
Так, у Міхееўскай сярэдняй школе навучэнцы і педагогі ажыццявілі віртуальнае падарожжа па Беларусі, а таксама ў ходзе своеасаблівай прэс-канферэнцыі вызначылі месца Рэспублікі Беларусь у сучасным свеце. У Трылесінскай сярэдняй школе былі распрацаваны спецыяльныя тэматычныя ўрокі і конкурсна-гульнявая праграма. А вучні Кароўчынскай сярэдняй школы пабывалі ў кругасветным падарожжы. Не менш насычанымі дні геаграфіі былі і ў астатніх школах раёна.
Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках чарговага прадметнага дня, дазволілі павысіць адукацыйны ўзровень навучэнцаў і іх кругагляд па прадметах “Геаграфія”, “Чалавек і свет”, а таксама значна паспрыялі развіццю інтэлектуальнай і творчай дзейнасці дзяцей, іх навыкаў самастойнай работы, уменняў выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі.
Дарэчы, настаўнікі, задзейнічаныя ў правядзенні прадметных дзён, былі, заахвочаны. Самыя цікавыя мерапрыемствы, на думку спецыялістаў раённага аддзела адукацыі, падрыхтавалі педагогі Міхееўскай сярэдняй школы, якія былі адзначаны ганаровым дыпломам І ступені. Настаўнікі Бельскай і Пудаўнянскай сярэдніх школ узнагароджаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені адпаведна. Астатнія педагагічныя калектывы атрымалі падзякі за ўдзел у мерапрыемстве.
Як адзначыла загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Любоў Тарасенка, практыку правядзення прадметных дзён плануецца працягнуць і ў далейшым.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму
Дрыбінскага райвыканкама.

Па чым мы тужым?

Час ад часу сродкі масавай інфармацыі вяртаюць як педагагічную, так і бацькоўскую грамадскасць да пытання мэтазгоднасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў. Не ўстрымаўся, каб не выказаць свой погляд на гэтае пытанне. Не ўтойваю, што станоўча стаўлюся да дзесяцібалкі ў адукацыйным працэсе.

Крыху гісторыі

Адпаведнай пастановай Міністэрства адукацыі ад 24.05.2002 прадугледжвалася “ўвядзенне дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі” з 1 верасня 2002 года.
Да ўвядзення гэтай шкалы Нацыянальным інстытутам адукацыі (НІА) была праведзена яе апрабацыя ў шэрагу школ і прафтэхвучылішчаў.
Метадычнымі рэкамендацыямі НІА прадугледжвалася, што “пры ўмове засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з мэтамі, якія ставіліся на ўроку, вынікі іх вучэбнай дзейнасці ацэньваюцца адзнакамі ад 1 да 10 балаў уключна”. У гэтым жа дакуменце канстатавалася, што “адзнака “0” (нуль) выстаўляецца пры адсутнасці вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў на момант іх атэстацыі”, што адпавядала паняццю “адсутнічаюць веды, альбо нездавальняюча”.
Можна са спачуваннем канстатаваць, што асобныя ўдзельнікі розных форумаў у сацыяльных сетках інтэрнэту шкадуюць, што школу пазбавілі пяцібалкі. Аднак тут трэба адзначыць, што на самай справе настаўнікі ніколі яе ў поўнай меры і не выкарыстоўвалі.
“Адзінку” амаль ніхто з настаўнікаў вучням не ставіў. Яна выкарыстоўвалася як вышэйшая мера пакарання за сістэматычнае парушэнне асобнымі вучнямі дысцыпліны на ўроку. Гэтым, як правіла, карысталіся настаўнікі, у якіх быў вычарпаны ўвесь дыдактычны арсенал да парушальнікаў дысцыпліны і якія лічылі, што толькі “кол” быў апошнім сродкам уздзеяння.
“Двойку” афіцыйна ставіць не забаранялася. Аднак, каб рэзка не паніжаць агульную паспяховасць вучняў у класе, школе альбо ў горадзе (раёне), настаўнік гэты паказчык якасці навучання выкарыстоўваў таксама рэдка.
На самай справе ў арсенале педагога заставалася трохбалка. Вядома, настаўнік, каб знайсці выйсце з такога становішча, дабаўляў розныя значкі. Напрыклад, кропка ў класным журнале пасярод клетачкі азначала віртуальную “двойку”. Гэта значыць, што калі яе ўладальнік на наступных уроках не выправіць становішча, то яна ператворыцца ў рэальную.
У школьнай практыцы сустракаў такі выпадак, калі ў даволі патрабавальнага настаўніка хіміі ўся старонка класнага журнала да апошніх дзён чвэрці была ў кропках. Толькі пасля так званых заліковых заняткаў у пазаўрочны час настаўнік замест кропак выстаўляў, як правіла, станоўчыя адзнакі — звычайна гэта былі “тройкі”.
Іншы настаўнік у дзённік вучню ставіў тлустыя кропкі і побач свой подпіс. (Во вынаходнік!) Такім чынам ён інфармаваў бацькоў вучня аб вельмі нездавальняючых ведах па пэўным прадмеце. Ведаючы праблему, бацькі звычайна дапытваліся: “Прызнавайся, што натварыў?”
Сумленнымі ж былі ўладальнікі кропак. Інакш яны маглі б вельмі проста выправіць становішча: побач ставіць добрыя адзнакі. Тады і бацькава папруга не спатрэбілася б.
А вось кропка побач з лічбай выконвала процілеглую функцыю — узмацняла адзнаку. “Чацвёрка” з кропкай — гэта значыць не проста “добра”, а вельмі “добра”.
Усім вядомыя значкі плюс ці мінус побач з лічбай выконвалі свае прамыя функцыі. Настаўнік такім чынам вымушана пашыраў дыферэнцыруючую здольнасць трохбальнай шкалы. Можна сказаць, што бязвыхаднасць падштурхоўвала да вынаходніцтва. Тым не менш сёння сустракаюцца прыхільнікі былой сістэмы ацэнкі. Можна нават чуць, што яна працавала лепш, чым сучасная дзесяцібальная.

Станоўчыя бакі дзесяцібалкі

Значнай перавагай дзесяцібалкі з’яўляецца павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў вучняў за кошт пашырэння дыферэнцыруючай здольнасці шкалы: замест пяці (трох) лічбавых паказчыкаў зараз настаўнікі выкарыстоўваюць дзесяць. Наша практыка шкаліравання вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання сведчыць, што чым большы дыяпазон шкалы, тым больш дэталёва ў колькасных паказчыках адлюстроўваецца ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў.
Не менш важнай функцыяй гэтай шкалы з’яўляецца сацыяльная абарона асобы школьніка: вучань, які выканаў заданне першага ўзроўню засваення, нават пры нязначных дапушчаных памылках мае права на атрыманне 1 бала. Цяпер вучню не трэба хлусіць бацьку, што “двойка” па матэматыцы ў дзённіку з’явілася з прычыны “забыў сшытак”. Ён атрымаў станоўчыя аж два балы (!). Праз некалькі ўрокаў па той жа матэматыцы пры адпаведнай матывацыі (усе ж адзнакі станоўчыя) ён атрымае больш высокі бал.
Як паказала практыка, дзесяцібалка ў адукацыйным працэсе выконвае важную стымулюючую функцыю: матывуе больш падрыхтаваных і таленавітых вучняў і не прыгнятае слабейшых. Гэта значыць, што існуючая сістэма ацэнкі ў большай ступені, чым былая, улічвае індывідуальныя магчымасці вучня, стварае ўмовы для адэкватнай самаацэнкі асобы.
Трэба прызнаць, што дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў мае і некаторыя недахопы, якія больш звязаны з недастатковым дыдактычным забеспячэннем працэсу яе ўкаранення ў школьную адукацыю.
Так, нават пасля 12-гадовай практыкі выкарыстання дзесяцібалкі марудна ідзе працэс авалодвання настаўнікамі тэхнікай атаясамлення ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў з крытэрыямі і лічбавымі паказчыкамі шкалы.
Неяк у першыя гады пасля ўвядзення новай шкалы, наведаўшы ўрок гісторыі ў 7 класе адной з гімназій, я заўважыў, што ў класным журнале амаль усе бягучыя адзнакі былі не вышэй за лічбу “5”. Калі б не адзіная “шасцёрка”, то можна было б лічыць, што настаўнік працягвае працаваць па пяцібальнай шкале! Дырэктар гімназіі абараніла калегу — маўляў, вельмі патрабавальная.
Пры паўрочным кантролі ведаў настаўнік, як правіла, з асцярогай ацэньвае станоўчыя адказы вучняў высокімі баламі. Існуе пэўная залежнасць настаўнікаў ад былой пяцібальнай шкалы.
Тут трэба прызнаць, што чым большы дыяпазон шкалы ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці, тым больш складана “ўручную” ацэньваць навучэнцаў.
Сур’ёзнай перашкодай для прызнання новай шкалы з’яўляецца тое, што для часткі бацькоў застаецца незразумелым асноўная канцэпцыя сістэмы ацэньвання. Часта пры вызначэнні рэальнай “вагі” атрыманай дзіцем адзнакі робіцца простае дзяленне на лічбу “2”. Калі атрымаў 4 балы па матэматыцы, то па ранейшай сістэме ты не паспяваеш. Карацей кажучы, — двоечнік! На самай справе ўладальнік чатырох балаў можа ў асноўным перадаць большую частку праграмнага вучэбнага матэрыялу па памяці як вусна, так і пісьмова, можа назваць агульныя адрозненні вывучаных аб’ектаў, ажыццявіць разумовыя і практычныя дзеянні па вызначаным узоры.
Аднак пералічаныя так званыя недахопы і перашкоды з’яўляюцца, як кажуць, праблемай росту і носяць часовы характар.

Мікалай ФЯСЬКОЎ.

Правадыр па медыя

У 13 сярэдніх агульнаадукацыйных установах 1 верасня стартаваў інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення.
Аб актуальнасці праекта, яго ўдзельніках, мэтах і жаданых выніках гутарым з метадыстам вышэйшай катэгорыі Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА распрацоўшчыкам праграмы вучэбнага семінара “Медыяадукацыя як сродак пазнавальнай цікавасці і фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў” Аленай Уладзіміраўнай Радзевіч.

— Перш чым пачаць размову аб праекце, хацелася б разабрацца вось з чым: “медыяадукацыя” і “медыяпісьменнасць” — гэта розныя паняцці, іх нельга змешваць?
— Медыяадукацыя ў сучасным свеце разглядаецца як працэс развіцця асобы з дапамогай і на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі (медыя) з мэтай фарміравання культуры зносін з медыя. Гэта працэс, вынікам якога з’яўляецца пэўны ўзровень медыяпісьменнасці. У аснове медыяпісьменнасці — мадэль, якая заахвочвае людзей задаваць пытанні аб тым, што яны глядзяць, чуюць, чытаюць. Медыяпісьменнасць дазваляе людзям аналізаваць медыяпаведамленні. У кожнага чалавека гэты ўзровень ёсць, але ва ўсіх ён розны: у аднаго высокі, у другога нізкі. Наш інавацыйны праект накіраваны на тое, каб праз развіццё крытычнага мыслення павысіць узровень медыя-пісьменнасці як педагогаў, так і вучняў.

— У педагагічнай навуцы вядучых краін свету кірунак “медыяадукацыя” сфарміраваўся ў 60-х гадах XX стагоддзя. А наша сістэма адукацыі толькі цяпер зацікавілася гэтай тэмай, чаму?
— Вядома, позна, але радуе, што гэты працэс пачаўся. У Еўропе ён стаў актыўна развівацца ў 90-я гады. Пазітыўны вопыт нашых суседзяў у медыяадукацыі (Расія, Украіна, Азербайджан) выклікаў і ў нас цікавасць да гэтага. У іх інтэнсіўна развіваецца названы кірунак, ёсць навукоўцы, якія распрацоўваюць тэму. Напрыклад, А.В.Фёдараў — доктар педагагічных навук, прафесар, прэзідэнт Асацыяцыі кінаадукацыі і медыяпедагогікі Расіі, галоўны рэдактар часопіса “Медыяадукацыя”. Ён распрацаваў сістэму дыягностыкі медыякампетэнтнасці навучэнцаў. Ва Украіне ствараюцца медыяклубы, ідзе актыўнае супрацоўніцтва Акадэміі ўкраінскай прэсы і Міністэрства адукацыі Украіны.
У нас ужо распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс “Медыякод”. Ён складаецца з дапаможніка для настаўніка, і асобна для вучня (студэнта), працоўнага сшытка і плаката. Комплекс падрыхтаваны пры ўдзеле FOJO Media Institute, Цэнтра шведскіх даследаванняў (Беларусь).

— Як праводзіўся адбор школ, настаўнікаў для ўдзелу ў інавацыйным праекце?
— Цэнтр развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА праводзіць суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ад самага пачатку — ініцыіравання ідэі праекта да яго лагічнага завяршэння і забяспечвае арганізацыйна-метадычную падтрымку ўсім зацікаўленым педагогам.
Людзі хочуць працаваць у інавацыйным праекце, але не заўсёды ім лёгка вызначыцца з тэмай. Для таго, каб вызначыць кірунак інавацыйнай дзейнасці, з педагогамі трэба пагаварыць, высветліць моцныя бакі іх установы адукацыі і існуючыя праблемы і цяжкасці. Менавіта на моцныя бакі і трэба абапірацца пры распрацоўцы інавацыйнага праекта. Самая частая праблема, якую выказваюць педагогі, у тым, што вучні пагружаны ў інфармацыйную прастору, актыўна карыстаюцца на ўроку гаджэтамі. Гэта не падабаецца настаўнікам, яны спрабуюць змагацца, але ў той жа час разумеюць, што гэта нібыта змагацца з ветракамі. Каб вырашыць праблему, трэба мінус перавесці ў плюс. Навошта нам з гэтым змагацца, калі можна захопленасць дзяцей эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках — у вучэбных і развіццёвых мэтах.

— Праект разлічаны на тры гады. Калі пасля чытання інтэрв’ю раптам у каго-небудзь з педагогаў з’явіцца жаданне далучыцца да ўдзельнікаў інавацыйнага праекта, гэта магчыма?
— Магчыма. Хто ўжо захапіўся медыяадукацыяй, можа знайсці ў нашых наватараў падтрымку і да іх далучыцца. Ёсць ідэя арганізаваць новы праект, які прыкладна будзе гучаць так: “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў”. Ён таксама будзе звязаны з медыяадукацыяй.

— Вы зараз праанансавалі новы інавацыйны праект. Значыць, можна звяртацца да вас тым, хто хоча стаць яго ўдзельнікам?
— Так.

— Калі ў свеце ёсць станоўчы вопыт медыяадукацыі, то чаму ж яго нельга проста запазычыць? Абавязкова трэба распрацаваць айчынную мадэль медыяадукацыі?
— Як і ў любой інавацыі, мы стараемся абапірацца на існуючы вопыт, каб не вынаходзіць веласіпед. Вельмі цікавы вопыт Швецыі ў медыяадукацыі школьнікаў. Там медыяадукацыя інтэгравана ў нацыянальныя вучэбныя планы. Натуральным лічыцца выкарыстоўваць на ўроках, акрамя падручнікаў, розныя медыярэсурсы, у тым ліку створаныя самімі вучнямі. У гімназіях ёсць профіль, звязаны з медыя. Заняткі могуць праводзіць два настаўнікі — педагог па роднай мове ці грамадазнаўстве і медыяпедагог. Яны разам плануюць і распрацоўваюць заняткі, ацэньваюць эфектыўнасць праграмы. Усё гэта вынік паспяховай рэалізацыі праграмы па медыяпісьменнасці, прынятай у Швецыі многа гадоў назад.
Асабліва цікавыя для нас напрацоўкі нашых бліжэйшых суседзяў — Украіны і Расіі. Мы можам узяць тое, што падыходзіць нам, але нам патрэбны праграмы, методыкі, якія б працавалі ў нашых рэаліях. Толькі тады будзе станоўчы вынік.

— Да 2017 года ўдзельнікі інавацыйнага праекта павінны прапанаваць педагогам рэспублікі пэўныя праграмы, распрацоўкі заняткаў?
— У праекце задзейнічана 13 устаноў адукацыі. Яны розныя, сярод іх ёсць і гімназіі, і сярэднія школы, і сельскія маленькія школкі. І гэта выдатна. Кожны можа ісці сваім шляхам. Нам бы хацелася, каб адны распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па інтэграванні медыя ў розныя прадметы, а іншыя арганізавалі школьныя кінаклубы, наладзілі выпуск школьных газет у розных фарматах, стварылі банк вучэбных відэаролікаў ці сацыяльнай рэкламы пры актыўным удзеле вучняў і падрыхтавалі метадычны дапаможнік па медыяадукацыі.
Многія педагогі выказваюць незадаволенасць падручнікамі. Рэаліі такія, што, якім бы выдатным ён ні быў, усё роўна хутка маральна састарэе, таму што інфармацыйныя патокі мяняюцца з велізарнай хуткасцю. Які сэнс тады падручніку ўдзяляць столькі ўвагі? Падручнік — гэта адзін з інфармацыйных рэсурсаў. Трэба навучыць педагога актыўна карыстацца медыярэсурсамі, якія могуць даць шмат сучаснай актуальнай інфармацыі па розных прадметах.
Калі мы гэты праект задумвалі, то планавалі, што ў першую чаргу медыяпісьменнасць трэба развіваць у педагога, таму што ён павінен сам інакш ставіцца да медыя-рэсурсаў. Многія нашы работнікі адукацыі стэрэатыпна мысляць і забараняюць дзецям карыстацца на занятках мабільнымі тэлефонамі і гаджэтамі. Чаму сёння аўтарытэт настаўніка знізіўся? Калі раней ён быў асноўным носьбітам інфармацыі і да яго ставіліся як да чалавека, які шмат ведае, то цяпер ён — адзін з многіх крыніц інфармацыі. І калі прыходзіць настаўнік і пачынае тлумачэнне матэрыялу, абапіраючыся на падручнік, які маральна састарэў, а дзеці могуць праз мабільны тэлефон у інтэрнэце знайсці іншую інфармацыю, якая можа супярэчыць таму, што кажа настаўнік, то адкуль будзе давер да настаўніка ў гэтым выпадку? А калі настаўнік выкарыстоўвае ў сваёй рабоце розныя крыніцы, паказвае гэта дзецям і развівае ў іх крытычнае мысленне — гэта ўжо іншае стаўленне да педагога, прызнанне і павага яго як знаўцы.
Аснова медыяадукацыі — развіццё крытычнага мыслення, таму што інфармацыйных крыніц шмат і кожная са сваёй мэтай уздзейнічае на чытача. Задача настаўніка — навучыць дзіця аналізаваць інфармацыю, выбіраць важнае, бачыць дэзынфармацыю, хлусню, розныя інтэрпрэтацыі.

— Каб навучаць дзяцей, педагогі павінны быць самі медыякампетэнтныя. Для наватараў праводзяцца вучэбныя курсы, семінары? Хто іх арганізуе?
— У першую чаргу Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. З верасня на базе акадэміі Цэнтрам прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі былі праведзены тры двухдзённыя семінары. З устаноў, дзе праходзіць апрабацыя, прыязджалі цэлымі камандамі на чале з намеснікам дырэктара, але былі і не ўдзельнікі праекта, а проста зацікаўленыя гэтай тэмай педагогі. Яшчэ ладзілі выязныя семінары ва ўстановах адукацыі.
Два дні для таго, каб паглыбіцца ў тэму, мала, таму ўжо распрацавана тыднёвая праграма павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў. Мы разглядаем медыяадукацыю з двух бакоў — як уменне карыстацца сучаснымі гаджэтамі, самастойна ствараць і размяшчаць медыяпрадукты, працаваць з адукацыйнымі парталамі, а таксама вучым педагогаў аналізаваць інфармацыю, дэкадзіраваць яе, развіваем у іх крытычнае мысленне.

— Ці ёсць у Беларусі навукоўцы, якія зацікавіліся медыяадукацыяй і вядуць у гэтым кірунку свае навуковыя пошукі?
— Упэўнена, што сярод навукоўцаў ёсць зацікаўленыя гэтай тэмай. Напрыклад, супрацоўнік БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Сцяпанаўна Жылінская. Некаторыя педагогі пачынаюць пісаць дысертацыі па медыяадукацыі. Гэта навуковы супрацоўнік лабараторыі сацыякультурнай адукацыі НІА Алена Аляксандраўна Палейка, дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння пачатковага навучання НІА Ірына Аляксандраўна Буторына і інш. Спадзяёмся, што даследаванняў па медыяадукацыі будзе значна больш.

— У нашай рэдакцыі працуе некалькі выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка, па дыпломе яны настаўнікі беларускай мовы і журналісты, іх спецыялізацыя звязана з дзіцячай і юнацкай журналістыкай. Напэўна, гэтых маіх калег і можна лічыць першымі айчыннымі медыяпедагогамі? На жаль, як мне вядома, сёння такіх спецыялістаў універсітэт не рыхтуе…
— Вельмі б хацелася, каб у нашых ВНУ з’явілася такая спецыяльнасць. Гэта патрабаванне часу. Важна, каб былі спецыялісты, якія б маглі працаваць як у газетах і часопісах, так і ва ўстановах адукацыі. Выдатна было б, каб у нашых школах з’явіліся медыяпедагогі. Яны б праводзілі кінаклубы, інфармацыйныя гадзіны, спецыяльныя ўрокі, маглі б быць памочнікамі настаўніка ў падборы медыяматэрыялаў для ўрокаў, вялі б сайты ўстаноў адукацыі…

— Калі вы заняліся вывучэннем медыяадукацыі, то ці сталі па-іншаму ўспрымаць інфармацыю?
— Сапраўды, для сябе я шмат новага адкрыла. Калі адбываецца нейкая падзея, то стараюся паглядзець, як яе падаюць розныя СМІ, перш чым даць ёй сваю ацэнку. Мне патрэбен час, каб абдумаць, прыняць рашэнне.
Любая інфармацыя з розных медыякрыніц мае свой пасыл, яе мэта — прымусіць чалавека думаць пэўным чынам, выклікаць у яго пэўныя эмоцыі, перажыванні. Таму важнай часткай медыяадукацыі з’яўляецца свядомае стаўленне чалавека да інфармацыі, якая яго акружае. Педагог і дзіця павінны разумець, што гэта канструкцыя рэальнасці. Каб яе зразумець, трэба валодаць нейкім інструментарыем. Важна не спяшацца, а спакойна і разважліва вызначыць для сябе, якая крыніца паведаміла інфармацыю, хто за ёй стаіць; якіх дзеянняў і думак чакае ад цябе медыяпасыл і г.д.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пашыраць вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні

На базе навучальных устаноў Лунінецкага раёна прайшоў абласны семінар намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, прысвечаны сістэмнаму падыходу да арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах на павышаным узроўні. Арганізатарамі мерапрыемства, удзельнікі якога пабывалі ў Багданаўскай сярэдняй школе і гімназіі Лунінца, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласны ІРА.

— На Лунінеччыне працуе 71 установа адукацыі, — расказаў начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Раковіч. — Штогод ажыццяўляецца паслядоўная і ўзважаная аптымізацыя малакамплектных устаноў з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. 857 дзяцей падвозяць да месцаў вучобы школьным аўтатранспартам. Для ўсіх вучняў арганізавана бясплатнае гарачае харчаванне.
Адукацыйны працэс забяспечваюць амаль 1,9 тысячы педагогаў. 91% настаўнікаў і 42% выхавальнікаў-дашкольнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 26% і 17% — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
У школах атрымліваюць веды каля 8,9 тысячы вучняў, у дашкольных установах выхоўваюцца амаль 3,1 тысячы дзяцей.
Прыярытэтнай задачай дзейнасці дашкольных устаноў з’яўляецца стварэнне ў іх бяспечных і здароўезберагальных умоў. Сістэмная работа ў гэтым кірунку прывяла да зніжэння колькасці пропускаў па хваробе. Умацаванню псіхафізічнага здароўя дзяцей садзейнічае адкрыццё па запытах сям’і новых (варыятыўных) форм дашкольнай адукацыі. Найбольш запатрабаванымі з іх з’яўляюцца адаптацыйныя групы, групы па падрыхтоўцы да школы і маміны школы. Аказваюцца платныя адукацыйныя паслугі па харэаграфіі і раннім вывучэнні замежнай мовы.
Якасць школьнай адукацыі забяспечваецца з улікам запытаў вучняў і іх бацькоў і дасягаецца шляхам арганізацыі факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах і іх вывучэння на павышаным узроўні. У 2014 годзе ва УВА паступілі 48% выпускнікоў.
Наладжана сістэма выяўлення, адбору і падтрымкі адораных дзяцей, далучэння іх да інтэлектуальнай і творчай дзейнасці. Сёння ў раённым банку даных таленавітых школьнікаў знаходзяцца 286 вучняў. У 2014 годзе на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прадстаўнікі Лунінеччыны атрымалі 18 дыпломаў і 2 пахвальныя водзывы, два вучні сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяды.
Значна вырас узровень даследчай кампетэнцыі вучняў і педагогаў. На сёлетняй абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” ўсе 14 работ ад раёна былі адзначаны дыпломамі. Гонарам Лунінеччыны з’яўляюцца выхаванцы гарадской гімназіі Хрысціна Неўдах і Уладзіслаў Барысевіч, уладальнікі залатых медалёў VІІІ Міжнароднай алімпіяды праектаў маладых вынаходнікаў у Грузіі.
Вынікі работы з адоранымі дзецьмі падводзяцца на раённым свяце “Парад зорак”. Вялікая ўвага ўдзяляецца матэрыяльнай падтрымцы школьнікаў і іх педагогаў.
У 6 школах і дзіцячых садках рэалізоўваецца праект “Лунінец — здаровы горад”. У 2013 годзе каманда сярэдняй школы № 4 Лунінца заваявала дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Здароўе — гэта здорава”.
— У свой час ва ўстановах адукацыі Лунінеччыны быў назапашаны багаты вопыт арганізацыі дапрофільнага і профільнага навучання, якое мела станоўчыя вынікі, — паведаміла намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.А.Цяльпук. — Потым профільнае навучанне было адменена і фактычна заменена факультатыўнымі заняткамі.
Асноўнай формай развіцця творчага патэнцыялу і дыферэнцыяцыі навучання з’яўляюцца факультатыўныя заняткі. Іх наведвае больш за 90% вучняў. На базе сярэдняй школы № 4 Лунінца працуе міжшкольны факультатыў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, а на базе гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд. Да работы ў іх прыцягваюцца выкладчыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БарДУ, БДПУ імя Максіма Танка і БДУ. Праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы з выездам на кафедры гэтых УВА і ў абласны рэсурсны цэнтр, што прыносіць станоўчыя вынікі ў павышэнні якасці ведаў па прафілюючых прадметах.
Па словах Н.А.Цяльпук, штогод у маі ва ўстановах адукацыі аналізуюцца запыты бацькоў і вучняў па вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні. Аддзел адукацыі, спорту і турызму імкнецца, каб прафілізацыя навучання ў старшых класах адпавядала адукацыйным і жыццёвым устаноўкам старшакласнікаў. Гэта заканамерна, бо большасць 15—16-гадовых падлеткаў ужо сарыентаваны ў будучай прафесійнай дзейнасці. Анкетаванне паказвае, што больш за 70% старшакласнікаў аддаюць перавагу таму, каб “ведаць асноўныя прадметы, а паглыблена вывучаць толькі тыя, якія звязаны з прафесійным вызначэннем”.
Пры арганізацыі вывучэння прадметаў на павышаным узроўні абавязкова ўлічваецца наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў і добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, што дазваляе эфектыўна рэалізоўваць змест вучэбнай праграмы. Акрамя таго, улічваюцца спецыфіка сацыяльна-эканамічнага стану рэгіёна і запатрабаванасць пэўных прафесій на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Пасля гэтага вызначаюцца ўстановы адукацыі, дзе асобныя прадметы будуць вывучацца на павышаным узроўні. Класы аднолькавага кірунку не фарміруюцца ва ўстановах, размешчаных непадалёку. Так, калі ў гімназіі Лунінца дзейнічаюць класы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага кірунку, то ў школах горада — класы філалагічнага кірунку.
У мінулым навучальным годзе прадметы на павышаным узроўні вывучаліся ў 17 класах, адкрытых на базе 4 школ, гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага (330 вучняў). У бягучым навучальным годзе колькасць такіх класаў павялічылася да 22, а колькасць школ — да 9 (388 вучняў). Але калі ў мінулым навучальным годзе профільныя класы працавалі пераважна ў гімназіях (13), то ў бягучым сетка гарадскіх і сельскіх устаноў з такімі класамі пашырылася.
Адукацыйны працэс на павышаным узроўні ажыццяўляюць высокакваліфікаваныя педагогі. Амаль 63% з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, каля 67% — стаж больш за 20 гадоў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі ўдзяляюць павышаную ўвагу стымуляванню працы настаўнікаў профільных класаў.
Вучні забяспечаны падручнікамі, дыдактычнымі матэрыяламі і вучэбна-метадычнымі комплексамі па выбраных прадметах. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў: абсталяваны новыя кабінеты фізікі ў гімназіі Лунінца і Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага, папоўнены вучэбным абсталяваннем і хімічнымі рэактывамі кабінеты хіміі (Багданаўская сярэдняя школа) і фізікі (Кажан-Гарадоцкая і Язвінская сярэднія школы). Наяўнасць мультымедыйных праектараў і інтэрактыўных дошак дазваляе настаўнікам разнастаіць формы работы і зрабіць урокі па-сапраўднаму цікавымі і эфектыўнымі.
Каля 50% школьнікаў, якія вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні, маюць сярэдні бал 8,3. Гэта вучні, матываваныя на атрыманне вышэйшай адукацыі.
У мінулым навучальным годзе вучні профільных класаў атрымалі 61 дыплом у раённым, 9 дыпломаў у абласным і 2 дыпломы ў заключным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Штогод больш за 90% выпускнікоў гімназій паступаюць ва УВА на прафесіі, звязаныя з профільнымі прадметамі.
— Адным з безумоўных дасягненняў профільнага навучання з’яўляецца ўзрослая матывацыя дзяцей да вучобы ў цэлым, што станоўча ўплывае на паспяховасць. Перспектывы ў гэтым кірунку ёсць. Неабходна пашыраць сетку ўстаноў, дзе вывучаюцца прадметы на павышаным узроўні. Але папярэдне трэба падрыхтаваць да гэтага матэрыяльна-тэхнічную базу школы і яе педкалектыў, наладзіць супрацоўніцтва з УВА, — падагульніла Н.А.Цяльпук.
Загадчыца раённага ВМК В.І.Богдан засяродзіла ўвагу на метадычнай рабоце з педагогамі, якія выкладаюць прадметы на павышаным узроўні. Пра развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў ва ўмовах прафілізацыі навучання вяла гаворку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага А.М.Вабішчэвіч. Дырэктар Багданаўскай сярэдняй школы А.А.Ярмольчык расказала пра стварэнне матывацыйнага асяроддзя для паспяховай самарэалізацыі вучняў з розным узроўнем вывучэння прадметаў, а дырэктар гімназіі Лунінца А.А.Грушэўскі падзяліўся вопытам работы па забеспячэнні пераемнасці ўрокаў і факультатыўных заняткаў. Педагогі Багданаўскай сярэдняй школы і гімназіі Лунінца правялі тэматычныя самапрэзентацыі, творчыя лабараторыі і майстар-класы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Калі ласка, у інтэрактыўны свет ведаў!

Нядаўна ў Мінску стартаваў гарадскі вочна-дыстанцыйны конкурс педагагічных ідэй “Інтэрактыўны свет ведаў”. Ён праводзіцца з мэтай пашырэння практычнага выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе. Арганізатарамі конкурсу выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, кампанія EPSON і ААТ “ПрынтЛюкс”.

Як расказала начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі МГІРА Наталля Валянцінаўна Сакалова, конкурс “Інтэрактыўны свет ведаў” — гэта конкурс распрацовак вучэбных заняткаў. Ён праводзіцца ўпершыню ў межах дагавора аб супрацоўніцтве інстытута і ААТ “ПрынтЛюкс” і прымеркаваны да Года моладзі ў Беларусі. Сярод асноўных задач гэтых спаборніцтваў — развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у галіне ІКТ па выкарыстанні інтэрактыўных сродкаў навучання ў адукацыйнай дзейнасці, удасканаленне практычных навыкаў валодання сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання, стымуляванне прафесійнай педагагічнай творчасці.
Конкурс праводзіцца ў шэсць этапаў. Першы яго этап — дыстанцыйны — прайшоў з 10 па 30 лістапада. Жадаючым прыняць удзел у ім трэба было зарэгістравацца. Паўдзельнічаць у спаборніцтвах пажадалі 112 педагогаў з устаноў адукацыі розных раёнаў горада.
Другі этап — анлайн-навучанне ўдзельнікаў — арганізаваны дыстанцыйна з 1 па 21 снежня. Для праходжання анлайн-навучання педагогам неабходна было зарэгістравацца ў анлайн Акадэміі Epson (http://www.academy.epson.ru). Ім прапаноўваецца прайсці абавязковы тэарэтычны курс “Інтэрактыўны камплект Epson для адукацыі. Беларусь”, а пасля яго праходжання — адпаведны тэст для праверкі набытых ведаў. Пасля заканчэння вучобы ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць сертыфікаты, якія ім неабходна будзе выслаць на электронны адрас арганізатараў спаборніцтваў.
Трэці этап конкурсу — удзел у вучэбных семінарах па выкарыстанні камплекта тэхнікі Epson і праграмнага забеспячэння Easiteach Next Generation у межах работы інтэрактыўнай лабараторыі МГІРА — пройдзе вочна з 22 снежня па 15 лютага. Вучэбныя семінары правядуць арганізатары конкурсу. Падчас іх педагогі будуць вывучаць функцыянальныя магчымасці абсталявання і праграмнага забеспячэння і іх прымяненне ў межах школьнай праграмы на розных прадметах, ацэньваць зручнасць і прастату работы з імі, магчымасць стварэння ўрока ў праграмным забеспячэнні і інтэграцыю комплексу ў адукацыйны працэс у межах прадмета, які выкладае настаўнік.
Чацвёрты этап (з 15 лютага па 1 красавіка) прадугледжвае падрыхтоўку конкурснай работы — плана-канспекта вучэбных заняткаў (урок па прадмеце або пазакласнае мерапрыемства) з улікам шэрага патрабаванняў. Пры падрыхтоўцы плана-канспекта педагогам рэкамендуецца звярнуць увагу на выбар тыпу ўрока і захаванне яго храналогіі і структуры, на вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы і мэтамі, на падборку найбольш рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання; эфектыўнае іх выкарыстанне для актывізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, спалучэнне прыёмаў і метадаў пасіўнага, актыўнага і інтэрактыўнага навучання. А таксама засяродзіцца на выкананні санітарна-гігіенічных патрабаванняў да ўрока, арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці навучэнцаў, падвядзенні вынікаў урока: дасягненні пастаўленай мэты, рэфлексіі дзейнасці навучэнцаў і настаўніка на ўроку і інш.
Па словах Н.В.Сакаловай, на розных этапах правядзення вучэбных заняткаў педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне Easiteach Next Generation і інтэрактыўны комплекс Epson у складзе інтэрактыўнага праектара, лічбавай дакумент-камеры, друкавальнай прылады серыі Фабрыка друку Epson. Удзельнікам неабходна таксама апісаць паслядоўнасць выкарыстання і зрабіць высновы адносна эфектыўнасці прымянення абсталявання і інструментаў праграмнага забеспячэння.
У апісанне вучэбных заняткаў рэкамендуецца ўключыць, па-першае, пералік функцый, якія будуць выкарыстоўвацца на ўроку для кожнага складніка камплекта абсталявання паасобку, па-другое, пералік інструментаў і дыдактычных матэрыялаў праграмнага забеспячэння Easiteach Next Generation, якія прымяняліся на ўроку, па-трэцяе, апісаць, як інтэрактыўны камплект тэхнікі Epson можа ўзаемадзейнічаць і дапамагаць у рабоце з праграмным забеспячэннем Easiteach Next Generation і іншымі электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, калі яны былі выкарыстаны; апісаць уласныя ідэі і напрацоўкі па прымяненні функцыянальных магчымасцей абсталявання ў комплексе Epson у межах прадмета, для якога распрацоўваўся ўрок. У заключнай частцы работы неабходна зрабіць выснову аб эфектыўнасці прымянення тэхнічных сродкаў навучання для стварэння інтэрактыўных урокаў.
З 1 па 30 красавіка (пяты этап спаборніцтва) адбудзецца размяшчэнне конкурсных работ у сістэме дыстанцыйнага навучання Moodle (http://moodle.minsk.edu.by). Журы конкурсу на чале з прарэктарам па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце МГІРА Т.Я.Янушкевіч будзе ацэньваць педагагічныя распрацоўкі па наступных крытэрыях: адзінства формы і зместу конкурснай работы, арыгінальнасць ідэі, тэхніка і якасць выканання, адпаведнасць метадычным рэкамендацыям і тэхнічным патрабаванням.
На шостым (заключным) этапе журы вызначыць пераможцаў, якія будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Як заўважыла Н.В.Сакалова, работы лаўрэатаў конкурсу будуць рэкамендаваны да публікацыі ў педагагічных выданнях. Па выніках спаборніцтваў плануецца стварыць скарбонку вучэбна-метадычных матэрыялаў педагогаў з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў навучання, якая будзе даступная для ўсіх зацікаўленых.
Жадаем поспехаў удзельнікам конкурсу!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.