Чацвёрты тэст і льготы для выпускнікоў педкласаў

Змены ў Правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі патлумачылі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і ўніверсітэтаў.

Сяргей Якавенка, адказны сакратар прыём­най камісіі БДПУ імя Максіма Танка: “На шэраг спецыяльнасцей могуць узнік­нуць конкурсы сярод выпускнікоў педагагічных класаў, медалістаў і пераможцаў алімпіяд, якія таксама маюць права на залічэнне без уступных экзаменаў. Перавагу атрымаюць абітурыенты з больш высокім сярэднім балам атэстата”.

Дзякуючы ўнесеным зменам, цяпер у абітурыентаў з’яўляецца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. Пры гэтым у прыёмную камісію, як і раней, будзе падавацца тры сертыфікаты ЦТ, якія адпавядаюць профілю выбранай спецыяльнасці.

“Права здаваць чацвёрты экзамен істотна пашырае свабоду дзеянняў абітурыентаў, — адзначыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Асабліва гэта паўплывае на выбар тых спецыяльнасцей, якія знаходзяцца на стыку прадметных галін. Напрыклад, на геаграфічным факультэце БДУ ёсць дзве групы спецыяльнасцей: інжынерныя і геа­графічныя. Пры паступленні на інжынерныя спецыяльнасці трэба здаваць матэматыку і фізіку, а пры паступленні на геа­графічныя — матэматыку і геа­графію. У 2016 годзе абітурыентам яшчэ на этапе рэгістрацыі на ЦТ даводзілася пры­маць канчатковае рашэнне наконт профілю. А цяпер пры наяўнасці чатырох сертыфікатаў (па мове, матэматыцы, фізіцы і геаграфіі) яны змогуць прааналізаваць свае магчымасці і вызначыцца са спецыяльнасцю ўжо на этапе падачы дакументаў. Падобная сітуацыя і на хімічным факультэце БДУ, дзе на адну групу спецыяльнасцей трэба здаваць хімію і матэматыку, а на другую — хімію і біялогію. Цяпер пры наяўнасці чатырох сертыфікатаў абітурыенты змогуць выбіраць любыя спецыяльнасці хімічнага факультэта, што вельмі зручна.

Правіламі прыёму ў рэдакцыі 2017 года тэрмін дзеяння сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання павялічваецца да двух гадоў. Гэта значыць, што абітурыенты, якія сёлета бу­дуць здаваць ЦТ, але па нейкіх прычынах не паступяць ва ўстановы адукацыі, змогуць скарыстацца імі праз год.

Карына Гаркуша, дэкан факультэта электрыфікацыі БДАТУ: “Пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абітурыенты вызваляюцца ад неабходнасці зда­ваць экзамены па рускай ці беларускай мове, абавязковымі з’яўляюцца толькі два профільныя экза­мены”.

Яшчэ адно новаўвядзенне — арганізацыя трох рэзервовых дзён для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання (раней быў адзін дзень). Гэтая норма істотна павялічвае шансы рэалізаваць сваё права на паступленне тых абітурыентаў, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі і прапусцілі тэсты, што праводзіліся ў асноўныя дні.

У адпаведнасці з дакументам, уво­дзіцца льгота для выпускнікоў педагагічных класаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Цяпер іх залічэнне на дзённую бюджэтную форму вышэйшай педагагічнай адукацыі бу­дзе адбывацца па выніках субяседавання. Пры гэтым тэрмін іх работы па размеркаванні складзе не менш за 5 гадоў.

Як паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, каб прэтэндаваць на залічэнне без уступных экзаменаў, выпускнікі педагагічных класаў павінны засвоіць адпаведную праграму, мець ацэнкі па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8 і не ніжэйшыя за 7 — па ўсіх астатніх прадметах. Акрамя таго, выпускнікі павінны мець рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі.

Вядома, што медалісты, выпускнікі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай, і пераможцы алімпіяд таксама маюць права залічвацца на педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў. Вадзім Богуш паведаміў, што пералік спецыяльнасцей для іх бу­дзе карэкціравацца.

“Педагагічныя класы дзейнічаюць ва ўсіх рэгіёнах краіны, і сёлета выпуск ажыццяўляюць 102 такія класы — больш як паўтары тысячы адзінаццацікласнікаў, — паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Якавенка. — Натуральна, на шэраг спецыяльнасцей могуць узнікнуць конкурсы сярод выпускнікоў педагагічных класаў, медалістаў і пераможцаў алімпіяд. Таму мы літаральна з сённяшняга дня пачынаем тлумачальную работу на месцах. Справа ў тым, што, акрамя БДПУ імя Максіма Танка, педагагічны профіль ёсць яшчэ ў дзесяці беларускіх універсітэтах, куды таксама можна паступаць”.

Вячаслаў Малафееў, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ: “Мы прагназуем, што прахадныя балы на шэраг спецыяльнасцей могуць нязначна вырасці. Сёлета крыху павялічыцца колькасць выпускнікоў 11-х класаў, а кантрольныя лічбы прыёму, верагодна, будуць карэкцірацца ў бок зніжэння. Гаворка не ідзе пра спецыяльнасці, дзе прахадныя балы ўжо гранічна высокія, але там, дзе прахадныя балы былі на ўзроўні 200—250, мы, хутчэй за ўсё, убачым рост”.

“Наша задача зараз — давесці да ўсіх, што пасля залічэння выпускнікоў педкласаў на агульны конкурс па педагагічных спецыяльнасцях застанецца менш месцаў, — заўважыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Ужо ў 2016 годзе ў БДУ на педагагічныя спецыяльнасці прыйшло ў 4 разы больш медалістаў, чым у 2015-м. І ў апошні дзень прыёму дакументаў у нас была вельмі напружаная сітуацыя: калі б прынеслі дакументы яшчэ 1—2 медалісты, прыйшлося б праводзіць конкурс паміж імі, а на агульны конкурс месцаў увогуле не засталося б. Аднак цяпер такая сітуацыя цалкам магчыма, таму выпускнікам педагагічных класаў, медалістам, алімпіяднікам не варта прахалоджвацца, а лепш падстрахавацца і здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Асабліва гэта тычыцца паступлення на папулярныя педагагічныя спецыяльнасці, напрыклад, на замежныя мовы, дзе сярод уладальнікаў ільгот магчымы конкурс”.

Указам прэзідэнта створаны роўныя ўмовы конкурсу пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Змяненні ў Правілах прыёму, якія тычацца залічэння на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, даюць нашым абітурыентам усіх форм падрыхтоўкі магчы­масць самім выбіраць форму здачы ўступных выпрабаванняў: цэнтралізаванае тэсціраванне або ўнутраныя экзамены ва ўніверсітэце. Мы спадзяёмся, што такі выбар прыцягне да нас яшчэ больш моладзі”, — адзначыла дэкан факультэта электрыфікацыі БДАТУ Карына Гаркуша.

Нагадаем, што раней падобная норма дзейнічала толькі ў дачыненні да паступаючых у сельскагаспадарчыя ўста­новы вышэйшай адукацыі на завочную форму. Цяпер абітурыенты бу­дуць самі выра­шаць, прадастаўляць ім у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ або здаваць уступныя экзамены.

“Акрамя таго, згодна з новай рэдак­цыяй Правіл прыёму, цяпер пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці абітурыенты вызваляюцца ад неабходнасці зда­ваць экзамены па рускай ці беларускай мове, абавязковымі з’яўляюцца толькі два профільныя экзамены — і гэта таксама пашырае нашы магчымасці, — заўважыла Карына Гаркуша. — Безумоўна, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй павінен быць пісьменным. Але, па Правілах прыёму ў рэдакцыі 2014 года, мы ўжо праводзілі прыём абітурыентаў на скарочаны тэрмін навучання па двух профільных прадметах, і нельга сказаць, што з іх выйшлі слабыя, непісьменныя студэнты. Сёння сельская гаспадарка — гэта высокатэхналагічная галіна, а прадукцыя перапрацоўкі сельскай гаспадаркі стала экспартаўтваральнай у нашай краіне. Любая перапрацоўчая вытворчасць — гэта высокія тэхналогіі, таму пры прыёме на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ўхіл робіцца менавіта на профільныя прадметы”.

Для паступаючых ва ўстановы вышэйшай адукацыі на скарочаны тэрмін прадугле­джаны два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Нагадаем: раней ім трэба было здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай (рускай) мове, цяпер гэтае патрабаванне адсутнічае.

Што да паступлення на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то, як паведаміў начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Лашук, Правілы прыёму змяніліся нязначна. У прыватнасці, спрошчаны пэўныя ўмовы для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў. Раней ім трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па беларускай (рускай) мове і профільным прадмеце, зараз абмежаванне ў дачыненні да мовы знята. Нова­ўвядзенне распаўсю­джваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія паступаюць на спецыяльнасці, дзе конкурс летась быў 3 і менш чалавек на месца, а таксама на адзінаццацікласнікаў пры паступленнi на спецыяльнасцi, дзе конкурс быў 1,5 і менш чалавек на месца. Гэта дазволіць пашырыць кола абітурыентаў, якія жадаюць ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца выпускнікоў 11-х класаў, якія не прайшлі па конкурсе ў бягучым годзе: яны атрымаюць магчымасць быць залічанымі на вакантныя месцы ў групы, набраныя год назад, на базе 9-х класаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.

Змены накіраваны на ўдасканаленне механізма адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў

У Беларусі змяняюцца Правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Мы папрасілі міністра адукацыі Ігара Карпенку пракаменціраваць асноўныя палажэнні абноўленых правіл.

— Ігар Васільевіч, ці плануюцца істотныя змены ў арганізацыі ўступнай кампаніі ў 2017 годзе ў сувязі са зменамі ў Правілах прыёму?

— Ніякіх істотных змен, як у частцы арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання, так і ў рабоце прыёмных камісій устаноў адукацыі, не плануецца. Усе падыходы, якія напрацаваны ў мінулыя гады і паказалі сваю эфектыўнасць, будуць рэалізаваны ў 2017 годзе. Варта разумець, што ў Правілах прыёму захавана ранейшая сістэма прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а асноўныя змены і дапаўненні накіраваны на ўдасканаленне механізма адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў, пашырэнне іх магчымасцей для выбару спецыяльнасці пры захаваннi інтарэсаў заказчыкаў кадраў і ўстаноў адукацыі.

— Змены, прапанаваныя ў Правілах прыёму, ідуць ад самога жыцця: абітурыенты даўно прасілі дазволіць ім здаваць 4 тэсты, а павелічэнне колькасці рэзервовых дзён для здачы ЦТ да трох дазволіць людзям, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэалізаваць сваё права на паступленне. Скажыце, калі ласка, як будзе карэкціравацца графік цэнтралізаванага тэсціравання ў сувязі з павелічэннем колькасці чалавека-тэстаў і правядзеннем трох рэзервовых дзён?

— Тэрміны правядзення ЦТ у бягучым годзе могуць нязначна павялічыцца, бо з прадастаўленнем магчымасці здачы чатырох тэстаў і з улікам трох рэзервовых дзён узрасце колькасць удзельнікаў ЦТ па вучэбных прадметах (чалавека-тэстаў), павялічыцца час, неабходны для праверкі работ абітурыентаў, афармлення і выдачы сертыфікатаў.

Пры правядзенні ЦТ у бягучым годзе ўступныя іспыты па вучэбных прадметах плануецца праводзіць з інтэрвалам у адзін дзень, а таксама не будуць сумяшчацца экзамены па двух прадметах.

— Павелічэнне колькасці рэзервовых дзён для здачы ЦТ да трох адкрывае дадатковыя магчымасці для абітурыентаў з Расіі. Цяпер яны паспяваюць здаць Адзіны дзяржаўны экзамен, атрымаць дакументы аб адукацыі і прыехаць у Беларусь, каб прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне. Ці прагназуецца ў сувязі з гэтым павелічэнне колькасці абітурыентаў з Расіі?

— У Правілах прыёму рэгламентавана правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання ў асноўныя і рэзервовыя (не больш за тры) дні. Адным з самых актуальных пытанняў на працягу некалькіх гадоў з’яўлялася адсутнасць магчымасці ў абітурыентаў прыняць удзел у конкурсным адборы ў бягучым годзе, калі яны не змаглі па ўважлівай прычыне (службовая камандзіроўка, спаборніцтвы, здача дзяржэкзаменаў і іншае) здаць экзамен у асноўны дзень ЦТ больш чым па адным прадмеце.

Правядзенне трох рэзервовых дзён прадаставіць магчымасць здачы ЦТ не толькі грамадзянам Беларусі, якія не змаглі прыняць удзел у тэсціраванні ў асноўныя дні, але і абітурыентам з Расіі, якія змогуць пасля праходжання АДЭ ўдзельнічаць у конкурсе для навучання ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі. Але гэтая норма накіравана на пашырэнне магчымасцей нашых абітурыентаў.

Заўважу, што допуск да ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень змогуць атрымаць абітурыенты, якія зарэгістраваліся на ЦТ у перыяд з 2 мая па 1 чэрвеня бягучага года пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць важнасць прычыны няяўкі на экзамен у асноўны дзень. Прымаюць рашэнне аб перарэгістрацыі і допуску абітурыента для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні камісіі ўстаноў адукацыі, вызначаных пунктамі рэгістрацыі для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні.

— У абноўленых Правілах прыёму прадугледжаны льготы для выпускнікоў профільных класаў педагагічнага кірунку: пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці яны будуць залічвацца без уступных выпрабаванняў. Сёлета па ўсёй краіне такія класы заканчваюць 1,5 тысячы выпускнікоў, і зразумела, што на шэраг педспецыяльнасцей будуць конкурсы. Як у выпадку конкурсу будзе адбывацца залічэнне? Напэўна, выпускнікам педагагічных класаў варта падстрахавацца і ў якасці дадатковай гарантыі ўсё ж такі здаць цэнтралізаванае тэсціраванне?

— Прапановы па залічэнні асоб, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў, распрацаваны прыёмнай камісіяй БДПУ імя Максіма Танка, перададзены на разгляд у Міністэрства адукацыі і будуць улічаны пры фарміраванні канкрэтнага механізма правядзення конкурснага адбору. Можна сцвярджаць: будуць улічаны інтарэсы як выпускнікоў педагагічных класаў, так і астатніх ільготных катэгорый асоб, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці. Здаваць ці не здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта кожны выпускнік педагагічнага класа, напэўна, будзе вырашаць самастойна, зыходзячы са сваіх магчымасцей і жаданняў.

— Для выпускнікоў педагагічных класаў прадугледжваецца праходжанне прафесійнага субяседавання. Якім будзе змест гэтага субяседавання і ў які тэрмін плануецца яго праводзіць (да ЦТ ці на этапе ўступнай кампаніі)?

— Субяседаванне для выпускнікоў педагагічных класаў будзе праводзіцца ў перыяд уступнай кампаніі пасля заканчэння ЦТ. Падыходы да фарміравання зместу прафесійнага субяседавання фарміруюцца ў цяперашні час Міністэрствам адукацыі.

— Плануецца, што новаўвядзенні, звязаныя з прыёмам на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікоў профільных класаў педагагічнага кірунку (а дагэтуль права паступаць без экзаменаў атрымалі медалісты і алімпіяднікі), станоўча паўплываюць на ўзровень вышэйшай педагагічнай адукацыі і матывацыю будучых педагогаў. На якія вынікі разлічвае Міністэрства адукацыі ў перспектыве, калі сённяшнія выпускнікі педкласаў прыйдуць працаваць у школу?

— Несумненна, прыём выпускнікоў педагагічных класаў станоўча паўплывае на якасць падрыхтоўкi педагогаў. У педагагічныя ўніверсітэты прыйдуць не проста абітурыенты з высокім узроўнем прадметнай падрыхтоўкі, а абітурыенты, матываваныя на педагагічную дзейнасць, якія маюць у ёй вопыт. Я лічу, што ў вынiку ў нашы школы прыйдзе новае пакаленне педагогаў-прафесiяналаў, якiя не толькi глыбока ведаюць свой вучэбны прадмет i методыку выкладання, але i матываваны на самарэалізацыю ў педагагічнай прафесіі і ганарацца ёй.

— Прынятыя змены ў Правілы прыёму ў цэлым станоўча ўспрыняты грамадствам, аднак сістэма павінна развівацца. Якія далейшыя шляхі па ўдасканаленні тэхналогіі прыёму разглядае Міністэрства адукацыі, каб прапанаваць іх у будучыні?

— На гэты час сфарміравана і эфектыўна працуе незалежная сістэма адбору абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта, на самай справе, вялікае дасягненне, і змены гэтай сістэмы патрабуюць стараннай прапрацоўкі.

Варта адзначыць, што абноўленыя Правілы прыёму змяшчаюць шэраг норм, якія яшчэ трэба будзе адпрацаваць на практыцы, ацаніць іх выніковасць.

У той жа час Міністэрства адукацыі працягвае работу па ўдасканаленні зместу цэнтралiзаванага тэсцiравання, арганізацыі і зместу ўступных выпрабаванняў у цэлым, а таксама па стварэнні такіх умоў, якія прадаставяць нашай моладзі найлепшыя магчымасці для правільнага прафесійнага выбару.

Ты можаш больш, чым думаеш

Майстэрня сацыяльнага кіно пры падтрымцы праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Беларусі і Міністэрства адукацыі рэалізавала крэатыўны праект па інклюзіўнай адукацыі “Новы погляд”. Гэтая ініцыятыва накіравана на фарміраванне станоўчых адносін моладзі да інклюзіі людзей з інваліднасцю, на ўключэнне іх у сумесную грамадскую дзейнасць.

Майстэрня сацыяльнага кіно — гэта некамерцыйная арганізацыя, створаная для таго, каб дапамагчы людзям сарыентавацца ў сферы кіно, рэкламы і анімацыі і з поспехам далучацца да яе. Праект “Новы погляд” стартаваў у 2015 годзе, а завяршыўся напрыканцы мінулага года. Ён уключаў правядзенне бясплатных сцэнарна-крэатыўных курсаў па рэкламнай дзейнасці (ТРВЗ), па стварэнні сцэнарыяў, курсаў Filmmaking (па рэжысуры і аператарскім майстэрстве), Post-production (па камп’ютарнай графіцы, мантажы, гукарэжысуры). Акрамя таго, удзельнікам праекта прапаноўваўся “Workshop: ствары сацыяльны ролік за 4 дні!” і курс па вывучэнні эвалюцыі кінастыляў XX стагоддзя. Прайшлі і круглыя сталы, прысвечаныя тэмам развіцця творчых здольнасцей людзей з інваліднасцю і іх працаўладкаванню ў медыясферу, абмяркоўваліся і пытанні інклюзіі ў медыяасяроддзі.

“Новы погляд” сабраў 85 зацікаўленых удзельнікаў — людзей рознага ўзросту, з інваліднасцю і без інваліднасці. Яны былі размеркаваны па інклюзіўных групах. На базе майстэрні сацыяльнага кіно з імі займаліся выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, тэарэтыкі і практыкі беларускага кіно і рэкламы. Сярод іх — сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, рэжысёр, прадзюсар, заснавальнік Мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў, рэкламіст і дызайнер Ян Карпаў, а таксама рэжысёр Станіслаў Турко, аператар Аляксандр Алейнікаў, гукарэжысёр Ганна Беларэцкая і інш.

Курс па тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач, напрыклад, праводзіла Наталля Эдуардаўна Чыжэўская — выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну акадэміі мастацтваў, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя”, кіраўнік школы мыслення АТММ-ТРВЗ. Мэта курса — азнаёміць слухачоў з асновамі моцнага мыслення, сфарміраваць у іх уменні і навыкі па граматным аналізе праблемнай сітуацыі і пошуку выйсця з яе. Такі падыход дапамог удзельнікам праекта знайсці цікавыя, крэатыўныя ідэі пры стварэнні сацыяльных ролікаў. Веды, атрыманыя імі пры азнаямленні з курсам, яны змогуць рэалізоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці і ў звычайным жыцці пры вырашэнні нестандартных задач.

Удзельнікі праекта вучыліся пісаць сцэнарыі, здымаць відэаролікі, манціраваць відэа і гук, прычым рэалізоўвалі рэкамендацыі выкладчыкаў адразу, на практыцы. У выніку такой дзейнасці было створана каля 20 сцэнарыяў, знята больш за 10 сацыяльных ролікаў. У іх ліку: “Ты можаш больш, чым думаеш”, “Нічога для нас без нас”, “Былы сябар”, “Перадай дабро іншаму”, “Выратаваныя зажыва” і інш. Здымкі сацыяльных ролікаў працягваюцца і зараз.

Дырэктар Майстэрні сацыяльнага кіно кіраўнік адукацыйнай праграмы праекта Андрэй Палупанаў адзначыў: “Задача перад удзельнікамі праекта была няпростая: ім трэба было асвоіць максімальную колькасць інструментаў для трансфармацыі крэатыўных ідэй у візуальны прадукт. Але яна вырашана. Нашым дарослым навучэнцам усё ўдавалася з лёгкасцю. Прыкладам гэтага служаць знятыя імі фільмы і ролікі”.

“З самага пачатку мы імкнуліся тэму інклюзіі разглядаць маштабна, — расказаў каардынатар праекта Канстанцін Варабей. — Размова аб безбар’ерным асяроддзі, напрыклад, вялася не толькі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, але і да людзей пажылога ўзросту, абмяркоўваліся і пытанні гендарнай роўнасці. Праект стаў цудоўным прыкладам нефармальнай адукацыі для дарослых. Адразу мы меркавалі, што ў ходзе яго рэалізацыі ў асноўным людзі з інваліднасцю будуць здымаць відэаролікі толькі пра сябе і свае праблемы. Але, як аказалася, яны цікавіліся самым шырокім спектрам тэм, дэманстравалі свой погляд, напрыклад, на ахову птушак, на бяспечнае кіраванне транспартам і парушэнне правіл дарожнага руху”.

У якасці сцэнарыста, рэжысёра, аператара і акцёра падчас праекта паспрабавала сябе Аляксандра Гароднікава — удзельніца чэмпіянату Беларусі і Кубка свету і кантынентаў па спартыўных танцах на калясках. У 2016 годзе Аляксандра не змагла паступіць у акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Рэжысура кіно і тэлебачання” па прычыне медыцынскіх супрацьпаказанняў, што дзейнічаюць яшчэ з 2004 года. Але ў Майстэрні сацыяльнага кіно “Новы погляд” яна адчула сябе сапраўдным рэжысёрам. Дзяўчына марыць аб гэтай прафесіі і ў будучыні плануе набыць адпаведную адукацыю.

Адзін з самых яркіх удзельнікаў праекта Аляксандр Ергулевіч — магістр юрыдычных навук Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, дзе ён сёння працягвае вучыцца з мэтай стаць магістрам сацыяльнай псіхалогіі. Выбар яго невыпадковы. Аляксандр — чалавек з інваліднасцю, і ён стапрацэнтна ўпэўнены, што кожны юрыст павінен быць яшчэ і псіхолагам, асабліва тады, калі гэта тычыцца аказання юрыдычнай дапамогі людзям з абмежаваннямі. За час уд зелу ў праекце малады чалавек зняў тры ролікі: “Востраў даступнасці”, прысвечаны належнаму абсталяванню безбар’ернага асяроддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, “Рэтракамп’ютар”, у якім заклікае нас не выкідваць старыя рэчы, напрыклад, камп’ютары, якія яшчэ працуюць і могуць камусьці паслужыць, і ролік “Творчыя майстэрні ў інтэрнаце” пра тое, наколькі важна людзям з інваліднасцю, пажылым людзям, якія пражываюць у інтэрнатах, знайсці для сябе карысныя заняткі па сваіх сілах і здольнасцях.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Будзе ўведзена норма аб профільным навучанні

І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства, прадстаўляе тыя асноўныя змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

— Адразу хачу адзначыць, што тыя новаўвядзенні, якія ўносяцца ў кодэкс у частцы агульнай сярэдняй адукацыі, не з’яўляюцца якімісьці карэннымі рэвалюцыйнымі змяненнямі. Яны навеяны папярэдняй практыкай рэалізацыі тых ці іншых норм кодэкса. У першую чаргу гэта тычыцца прыёму нашых дзяцей у першы клас. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца асобы, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня. Але ў Міністэрства адукацыі паступае дастакова многа зваротаў ад бацькоў будучых першакласнікаў з просьбай прыняць іх дзяцей у школу ў больш раннім узросце. У новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей у больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і на месцы вызначыцца бацькам аб далейшым навучанні іх дзяцей у школе альбо знаходжанні ў дзіцячым садзе.

Яшчэ адным істотным змяненнем у новай рэдакцыі кодэкса з’яўляецца норма, якая тычыцца ўвядзення профільнага навучання. Сёння неабходнасць і мэтазгоднасць профільнага навучання ўжо не ставіцца пад сумненне. Яно ўведзена з 2015 года на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і накіравана на павышэнне якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Адна з мэт профільнага навучання — развіць здольнасці і магчымасці навучэнцаў і такім чынам дапамагчы ім зрабіць правільны прафесійны выбар. Згодна са сваімі памкненнямі, частка выпускнікоў выбера для паступлення ўстанову вышэйшай адукацыі, другія накіруюцца ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, іншыя працягнуць навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Прадстаўляю яшчэ адно новаўвядзенне ў кодэксе. Сёння дазволена праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень толькі для навучэнцаў 9—11 класаў. У мэтах разгрузкі навучэнцаў у вучэбны пяцідзённы тыдзень мы прапаноўваем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў 5—11 класаў.

За час практыкапрымянення кодэкса ўзнікала шмат нараканняў наконт вялікай колькасці відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мы плануем выправіць сітуацыю і прапаноўваем скараціць колькасць відаў устаноў. Так, у прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы “дзіцячы сад — школа”. Хачу заўважыць, што, хаця комплексу “дзіцячы сад — школа” як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны.

Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння напаўняльнасць класаў вар’іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца да 20 навучэнцаў у класе, на другой і трэцяй ступенях — да 25 навучэнцаў. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі. Так, у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, у гімназіі, ліцэі — 20 навучэнцаў. У новай рэдакцыі кодэкса мы прапаноўваем прывесці ўсё да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі прымае заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Трэба адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Кодэкс абмяркоўваем разам

У чацвер, 15 снежня, у канферэнц-зале рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” адбыўся круглы стол па абмеркаванні Кодэкса аб адукацыі ў новай рэдакцыі. У размове прынялі ўдзел непасрэдна яго распрацоўшчыкі — кіраўнікі і прадстаўнікі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства адукацыі: начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі С.А.Каспяровіч, начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці В.І.Валасацікаў, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі А.Л.Давідовіч, начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Д.А.Канапацкі, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы А.В.Галаўнёва, кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Т.Р.Арцем’ева.

Прыняты парламентам у снежні 2010 года Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі стаў, без перабольшання, знамянальнай падзеяй у нашай краіне і адным з першых прыкладаў на постсавецкай прасторы кадыфікацыі заканадаўства ў гэтай сферы. Згодна з кодэксам створаны адзіны цэласны механізм прававога рэгулявання адукацыйных адносін, сістэматызаваны і ўпарадкаваны прававыя нормы ў сферы нацыянальнай сістэмы адукацыі. Але імклівы час прыносіць перамены не толькі ў наша жыццё, але і вызначае новыя патрабаванні да функцыянавання сістэмы адукацыі.

У канцы 2013 года у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшлі парламенцкія слуханні на тэму “Удасканаленне заканадаўчай базы сістэмы адукацыі ў сучасных умовах”, дзе абмяркоўвалася неабходнасць уключэння ў Кодэкс аб адукацыі новых палажэнняў і істотнай дапрацоўкі дзеючых заканадаўчых норм. Паколькі адукацыя знаходзіцца ў цэнтры прыярытэтных дзяржаўных інтарэсаў, то ад стану адукацыйнай сістэмы шмат у чым залежаць будучыня дзяржавы, яе эканамічнае развіццё, узровень дабрабыту грамадства і кожнага з нас. Таму кіраўнік дзяржавы паставіў для адукацыйнай сферы найважнейшыя задачы, якія павінны быць вырашаны ў найбліжэйшай перспектыве. Гэта абнаўленне зместу школьнага навучання, пераадоленне адрыву прафесійнай адукацыі ад патрэб заказчыкаў кадраў, прыцягненне да работы ў школе творчых, ініцыятыўных педагогаў, павышэнне прэстыжу педагагічнай дзейнасці. Гэтыя задачы могуць быць выкананы ў поўнай меры толькі пры ўмове своечасовага ўдасканалення заканадаўства. Справа гонару галіновага міністэрства, дэпутатаў, зацікаўленых структур, усяго грамадства — зрабіць кодэкс люстэркам айчыннай адукацыі, каб усе яго нормы спрыялі інтарэсам педагагічнай супольнасці, кожнага настаўніка, кіраўніка, вучня і студэнта.

У наступных нумарах нашай газеты будзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб тым, якія змяненні і дапаўненні мяркуецца ўнесці ў кодэкс на кожным узроўні адукацыі. Запрашаем да абмеркавання новай рэдакцыі кодэкса ўсіх, каго цікавіць, якой будзе нацыянальная сістэма адукацыі, якія веды будуць атрымліваць нашы дзеці, якой будзе іх будучыня. Далучайцеся!

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Кубак ГДУ па тэсціраванні

Новы рэгіянальны адукацыйны праект, якому, як сцвярджаюць арганізатары, у краіне пакуль няма аналагаў, пачаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Інтэлектуальны конкурс “Кубак ГДУ па тэсціраванні” накіраваны на актывізацыю дзейнасці вучняў па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання.

Арбітрамі пры правядзенні конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі.

Сутнасць конкурсу — у інтэлектуальным спаборніцтве пэўнай колькасці каманд з вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па шасці вучэбных прадметах: біялогіі, фізіцы, матэматыцы, гісторыі Беларусі, англійскай і рускай мовах.

Стартаваў конкурс на мінулым тыдні, спрабавалі свае сілы ў ім восем каманд, якія прадстаўлялі Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй, Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, Рэчыцкі раённы ліцэй, гомельскую Ірынінскую гімназію, гомельскія гімназіі №№ 14, 51, 56 і сярэднюю школу № 8 Гомеля — установы, выпускнікі якіх маюць стабільна высокія вынікі на ЦТ, а таксама каманда падрыхтоўчага аддзялення Гомельскага дзяржуніверсітэта.

Каманды складаліся з шасці навучэнцаў, кожны з якіх праходзіў тэсціраванне па тым вучэбным прадмеце, да якога найбольш падрыхтаваны. Конкурс праводзіўся ў форме камп’ютарнага тэсціравання з выкарыстаннем сістэмы дыстанцыйнага навучання ўніверсітэта “Цьютары” і прадугледжаваў у далейшым вучэбна-кансультатыўныя заняткі па прадметах. Заданні распрацоўваліся найбольш кваліфікаванымі выкладчыкамі ўніверсітэта ў адпаведнасці са спецыфікацыямі тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання.

Агульны вынік каманды складаецца з сумы балаў па прадмеце, набраных кожным яе членам, на аснове гэтага і вызначаецца пераможца інтэлектуальнага конкурсу “Кубак ГДУ па тэсціраванні”. Аднак навучэнцы якой з устаноў найлепш валодаюць ведамі па прадметах — арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. Хто атрымае кубак пераможцы, стане вядома 24 снежня ў дзень адкрытых дзвярэй у Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Serdecznie witamy

Турызм, як вядома, не ведае межаў. Нават 2-гадзіннае праходжанне дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча зусім не стаміла ўдзельнікаў праграмы прафесійнай мабільнасці “Выкарыстанне рэсурсаў экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасці ў сучасным адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Польшча”, якую падрыхтавалі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сумесна з Польскім турыстычна-краязнаўчым таварыствам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Пашпартны кантроль, аўтамабільная чарга — усё гэта толькі ўзмацніла радасць сустрэчы з польскімі калегамі.

Гасцінныя людзі

У першыя чатыры дні зімы нас чакала насычанае знаёмства з прадстаўнікамі Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, наведванне турыстычных і мала­дзёжных баз краіны-суседкі, прагулкі па брукаваных вулачках Любліна і Кракава. Гэтыя старадаўнія гарады невыпадкова былі выбраны месцамі рэалізацыі праграмы прафесійнай мабільнасці. Люблін і Кракаў славяцца не толькі вялікай колькасцю помнікаў архітэктуры, але і развітой турыстычнай інфраструктурай. Нам сапраўды было на што паглядзець і з чым азнаёміцца. Польскія калегі гасцінна сустракалі, а мы ветліва ўсміхаліся, зацікаўлена расказвалі, а мы ўважліва слухалі, актыўна паказвалі, а мы з цікаўнасцю разглядвалі і ў самых патаемных куточках душы марылі пра тое, што хутка настане той час, калі вуліцы і нашых гарадоў напоўняць натоўпы замежных турыстаў.

Мы марылі і пры гэтым працягвалі ўважліва слухаць, разглядваць, задавалі дадатковыя пытанні, дзяліліся ўражаннямі. Сяброўскія кантакты ўстанавіліся вельмі хутка. Нават перакладчык не заўсёды быў патрэбны. Часам дастаткова было ўсмешкі, асаблівай інтанацыі ў голасе, выразу твару, погляду. Хаця, безумоўна, калі б не цікавы аповед нашых калег, паўнацэннай беларуска-польская турыстычна-края­знаўчая сяброў­ская сустрэча наўрад ці атрымалася б. І першыя словы, якія мы пачулі на гасціннай польскай зямлі, былі такія: “Serdecznie witamy na polskiej ziemi!” Люблінскія педагогі не толькі сардэчна віталі, але і сардэчна, захоплена дзяліліся вопытам сваёй работы. Нас яны сапраўды чакалі з нецярпеннем.

Частка першая

Наша падарожжа можна ўмоўна раздзяліць на дзве часткі. Першая — гэта знаёмства з вопытам арганізацыі турыстычна-краязнаўчай работы, патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі Польшчы, распрацоўкай турыстычных маршрутаў. Другая — знаёмства з асаблівасцямі прэзентацыі нашымі суседзямі адметнасцей роднай зямлі. Наколькі выдатна гэта атрымліваецца ў палякаў, што варта пераняць беларусам, каб максімальна наблізіцца да нашых штогадовых планаў па прыцягненні замежных турыстаў у краіну, а дакладней, у нашы далёка не самыя бедныя на архітэктурныя помнікі гарады, раскажам у наступную суботу ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”. Пакуль што першая частка нашага падарожжа: турыстычна-краязнаўчая работа, патрыя­тычнае выхаванне, распрацоўка маршрутаў. Знаёміцца бу­дзем на прыкладзе дзейнасці люблінскага Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў і Цэнтра горнага турызму Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства, што ў Кракаве.

Традыцыі і сучаснасць

Першыя словы вітання на гасціннай польскай зямлі мы невыпадкова пачулі ў люблінскім будынку Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў. Па-першае, гэта адна з архітэктурных візітовак горада. Па-другое, школа мае багатую гісторыю, традыцыі, у тым ліку традыцыі выхаваўчай работы з навучэнцамі. Што ж, крыху гісторыі, а таксама вопыту.

У ХІХ стагоддзі ў рамесна-гандлёвым асяроддзі Любліна ўзнікла ідэя стварэння прафесійнага вучылішча, якое давала як агульную, так і працоўную адукацыю. Улічваючы патрэбы жыхароў, люблінскае купецкае таварыства стварыла нядзельна-камерцыйнае ву­чылішча. Афіцыйна школа пачала працаваць 5 снежня 1866 года. Спачатку вучылішча размяшчалася ў будынку ўрадавай пачатковай мужчынскай школы на вуліцы Езуіцкай. Нядзельна-камерцыйнае вучылішча павышала кваліфікацыю будучых гандляроў. Каб даць моладзі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў політэхнічных або спецыялізаваных вышэйшых навучальных установах, купцы адкрылі ў 1902 годзе сямікласную гандлёвую школу. Школа карысталася папулярнасцю, таму з’явілася патрэба ўзвесці новы будынак. Найбольш актыўны ўдзел у рабоце школы прымалі браты-прамыслоўцы Аўгуст і Юліюш Ветэры. Менавіта сям’я Ветэраў купіла зямельны ўчастак для ўзвядзення новага будынка школы на вуліцы Бернардынскай. Будаўніцтва доўжылася з 1905 па 1906 год. Пяціпавярховы неагатычны будынак з чырвонай цэглы стаў візітоўкай Любліна. У Санкт-Пецярбургу быў атрыманы дазвол на тое, каб весці ўрокі па-польску, за выключэннем гісторыі і геаграфіі Расіі. Гандлёвая школа Любліна стала ў Каралеўстве Польскім першай установай з польскай мовай навучання.

Пад сучаснай назвай “Аб’яд­нанне эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў” установа функцыянуе з 1975 года. Школа працягвае багатыя традыцыі, праслаўляючы імёны яе заснавальнікаў і апекуноў. Багаты збор школьнай хаты памяці (аналаг нашых школьных музеяў гісторыі ўстановы адукацыі), штогадовыя з’езды выпускнікоў, дзейнасць Таварыства выхавальнікаў і сяброў Ветэраў суіснуе з сучаснымі вучэбнымі кабінетамі, найноўшымі вучэбнымі праграмамі. Спалучэнне 150-гадовай традыцыі і гісторыі з неабходнасцю дынамічнага развіцця школы ўплывае на міжнароднае супрацоўніцтва, якое пастаянна развіваецца. Удзел у еўрапейскіх праграмах дазваляе навучэнцам пашыраць веды, развіваць моўныя і прафесійныя здольнасці, знаёміцца з гісто­рыяй і культурай іншых краін, удасканальваць веды, атрыманыя па пэўнай спецыяльнасці, у тым ліку спецыяльнасцях турыстычнага профілю.

Майстры турыстыкі і выхавання

Так, выпускнікі школы па спецыяльнасці “Тэхнік гасцінічнай справы” валодаюць ведамі па гасцінічнай справе, маркетынгу, сучаснай бухгалтэрыі, юрыдычных і эканамічных асновах. Свае веды юнакі і дзяўчаты паглыбляюць падчас прафесійнай практыкі і практычных заняткаў у самых лепшых гасцініцах Люблінскага ваяводства, а таксама падчас стажыровак у гасцініцах Францыі і Германіі. Пасля заканчэння вучобы па спецыяльнасці “Тэхнік турыстычнага абслугоўвання” выпускнікі могуць самастойна складаць турыстычныя праграмы, арганізоўваць турыстычныя мерапрыемствы, рыхтаваць прапановы на польскай і замежнай мовах, працаваць у бюро падарожжаў, цэнтрах турыстычнай інфармацыі, дамах адпачынку, муніцыпальных установах, звязаных з турыстыкай Польшчы і краін Еўрасаюза. Выпускнік можа весці і асабістую дзейнасць у галіне турыстычных паслуг. Сярод партнёраў Аб’яднання эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў школы турызму і гасціннасці Францыі, Іспаніі і Германіі, якія займаюць лі­дзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу школ гасцінічнай справы ў Еўропе. Вучні люблінскай школы прахо­дзяць стажыроўку ў самых лепшых гасцініцах, а выкладчыкі павышаюць сваю кваліфікацыю падчас абмену вопытам з калегамі школ — партнёраў турыстычнага абслугоўвання і гасцінічнай справы.

Адной з задач школы з’яўля­ецца замацаванне сярод навучэн­цаў памяці пра людзей, якія прая­вілі гераізм у барацьбе за неза­леж­насць краіны падчас Першай і Другой су­светных войнаў, а таксама ў пасляваенны час. Су­працоўніцтва з таварыствамі патрыятычнага характару дае магчымасць выхавання маладога пакалення ў духу праўды пра герояў польскай гісторыі. Моладзь і настаўнікі гісторыі разам з люблінскім аддзелам саюза сібіракоў прымаюць удзел у пахо­дзе жывой памяці Сібіры, які ла­дзіцца штогод у верасні ў Беластоку. Аб’яднанне эканамічных школ імя Аўгуста і Юліюша Ветэраў атрымала спецыяльны медаль за гістарычную дзейнасць і замацаванне памяці пра герояў і гісторыю Польшчы.

Таварыства турыстычнае

Паспяховасць развіцця школьнай турыстычна-краязнаўчай справы залежыць ад многіх фактараў і ў першую чаргу ад энтузіязму і зацікаўленасці асобных педагогаў. Ёсць асоба — ёсць вынік. А калі за справу бярэцца не адна асоба, калі турыстычна-краязнаўчай справай займаецца каля 60 тысяч чалавек (менавіта столькі членаў налічвае Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства), то якасць работы павялічваецца адпаведна ў 60 тысяч разоў. Членамі таварыства распрацавана каля 76 тысяч кіламетраў маршрутаў па розных ландшафтах. Больш за 11 тысяч у гарах, больш за 38 тысяч па нізіннай мясцовасці і каля 20 тысяч кіламетраў веласіпедных трас. Таварыства займаецца не толькі турызмам, але і праблемамі аховы навакольнага асяроддзя, помнікаў архітэктуры і прыроды. Менавіта Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства выступіла арганізатарам праграмы прафесійнай мабільнасці з польскага боку, што свед­чыць пра зацікаўленасць таварыства ў пашырэнні турыстычна-краязнаўчага супрацоўніцтва з беларускімі педагогамі.

— Сваю дзейнасць таварыства пачало ў 1873 годзе, калі Польшчы як краіны яшчэ не існавала на палітычнай карце свету. Сёння 302 філіялы таварыства дзейні­чаюць у розным асяродку: у школах, пры ўніверсітэтах, у арміі, там, дзе людзі цікавяцца турызмам, прыродай, гісторыяй краіны і хочуць нешта зрабіць на ­карысць Ра­дзімы. Сябрамі таварыства з’яў­ляюцца людзі рознага ўзросту, вялікая колькасць і навучэнцаў. У 2015 го­дзе таварыствам было праведзена 20 891 мера­прыемства, у якіх прынялі ­ўдзел каля 600 тысяч чалавек, з якіх 253 тысячы навучэнцаў. Право­дзяцца і выставы. У мінулым го­дзе ў іх ­удзельнічалі каля 175 тысяч чалавек. Таварыства — гэта яшчэ і каля 100 бібліятэк, у якіх захоўваецца 300 тысяч кніг, і 8 музеяў. Дарэчы, ёсць экспазіцыя, прысвечаная папе Яну Паўлу ІІ, які быў выдатным турыстам і вельмі любіў горы, водныя паходы на байдарках. Свая бібліятэка ёсць і ў Цэнт­ры горнага турызму. Тут сабрана каля 27 тысяч тамоў пра горы, ­архіўныя матэрыялы. Самы стары экзэмпляр датуецца 1639 годам. Адкрыта бібліятэка была ў 1874 годзе і да сённяшняга часу яна папаўняецца. Дарэчы, уся картатэка змешчана ў інтэрнэце. Таварыству нале­жыць каля 160 аб’ектаў нерухомасці. Гэта гасцініцы, базы адпачынку, хостэлы, кемпінгі, дамы турыстаў, водныя станцыі. Першы хостэл быў закладзены ў 1874 годзе ў Татрах і знаходзіўся над возерам Марское Вока. Некаторым аб’ектам каля 100 гадоў, і яны з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, — дзеляцца супрацоўнікі кракаўскага Цэнтра горнага турызму Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства.

Паспяховасць развіцця турыстычна-краязнаўчай справы зале­жыць і ад яшчэ аднаго фактару: сумяшчэння традыцый з сучаснасцю. У дзейнасці Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства гэта можна прасачыць на прыкла­дзе абазначэння турыстычных маршрутаў. Акрамя таго, што выдадзены даведнік, дзе змешчаны выявы знакаў, якімі абазначаюцца маршруты рознага тыпу, распрацаваны і спецыяльны дадатак для мабільных прылад. Знакі, распрацаваныя членамі таварыства, не толькі дапамагаюць турыстам паспяхова прайсці марш­рут, не збіцца са шляху, яны, так бы мовіць, антывандальныя. Устаноўка знакаў, асабліва ў цяжкадаступных горных мясцінах, — справа ня­простая. Каб абараніць гэтыя знакі ад вандалаў, было вырашана змясціць на іх выя­вы святых. Цікавы вопыт. Чаму б яго не пераняць?

“Залатыя боцікі”

Усё новае — гэта добра забытае старое. Нам яшчэ пашчас­ціла жыць у тыя часы, калі за прахо­джанне пэўнай колькасці маршрутаў па роднай зямлі, выкананне тых ці іншых турыстычных нарматываў уручаўся значок “Юны турыст СССР” — невялікі, металічны, бліскучы, з выявай сіняга неба і белай палаткі. Памятаеце, калі вам на грудзі чаплялі гэтую турыстычную ўзнагароду, ад пачуццяў ты быў гатовы ў найбліжэйшыя дні не прос­та абысці, а літаральна аббегчы ўсе куточкі роднай зямлі. Маленькі значок, а якая матывацыя для турыстычных здзяйсненняў! У нашай краіне пакуль што гавораць пра аднаўленне гэтай добрай традыцыі. У Польшчы яна не перарывалася з 1935 года. За гэты час значкі атрымалі больш за паўтара мільёна чалавек. Пры гэтым вя­дзецца рэестр уладальнікаў. У кожнага значка ёсць свой нумар, і калі ўладальнік згубіць значок, то па нумары зможа яго аднавіць. Але ж і назва якая ў значка! Гэта не проста значок І, ІІ або ІІІ ступені. Самым юным турыстам выдаецца значок “сямімільныя боцікі”. Для атрымання “сярэб­раных боцікаў” навучэнец павінен прай­сці 30 км турыстычных маршрутаў, а на “залатыя боцікі” — 50. Уручэнне значкоў — выдатны спосаб далучэння дзяцей да турызму.

Беларусь запрашае!

Як вядома, 23 жніўня 2016 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў загад № 318, паводле якога замежныя грамадзяне мо­гуць у бязвізавым парадку тэрмінам да 5 сутак наведваць турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. Навіна аб падпісанні загаду хутка разляцелася ў турыстычным асяродку Польшчы. Зацікавіліся выдатнай магчымасцю наведаць Беларусь і ўдзельнікі кракаўскага байдарачнага клуба. Яны плануюць здзейсніць водны паход на байдарках па Аўгустоўскім канале, потым праплыць па Нёмане да Друскінінкая. Калі паход пройдзе ўдала, то палякі абавязкова распрацуюць новыя водныя маршруты па Беларусі. “Канечне, пройдзе ўдала!” — сказалі беларускія педагогі ў адзін голас. Як толькі кіраўнік кракаўскага байдарачнага клуба звярнуўся з просьбай дапамагчы ў распрацоўцы марш­руту першага паходу па беларус­кай вадзе, яго тут жа акружылі нашы “воднікі”. На стале адразу з’явілася карта, пачалося складанне маршрутаў, абмеркаванне месцаў начлегу, стая­нак. Аператыўна, хутка, усё, як і павінна быць у сапраўдных турыстаў.

Польшча вітае!

“У Беларусі дзейнічае 55 цэнт­раў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, якія ма­юць свае базы. Кожны з гэтых цэнтраў гатовы ласкава сустрэць вас і арганізаваць размову з людзь­мі, якія плённа працуюць у сферы турызму”, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнт­ра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч. У сваю чаргу польскія партнёры адзначылі, што кожны з 302 філіялаў Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства таксама гатовы прымаць беларускія дэлегацыі. Калі пачуццё спазнаваць нашы краіны ўзаемнае, то яно можа перарасці ў моцнае, шчырае сяброў­ства. Першыя крокі для гэтага беларускія педагогі ўжо зрабілі. Пра тое, як мы крочылі па брукаваных вулачках старадаўняга Любліна і Кракава, пра тое, што бачылі і чулі, якім вопытам польскіх сяброў па прыцягненні ў краіну замежных турыстаў узбагаціліся, чытайце ў наступную суботу.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Зваротная сувязь

Мы заўсёды, паважаныя чытачы, на сувязі з вамі. Штодзень у рэдакцыі звіняць тэлефоны, а на электронныя паштовыя скрыні прыходзяць пісьмы. Іх многа, што прыемна. Разам з тым наша сувязь была б непаўнацэннай без асабістых кантактаў. Іх таксама многа. Вы з лёгкасцю пагаджаецеся на інтэрв’ю, даяце патрэбную інфармацыю і натхняеце нашых журналістаў на цікавыя матэрыялы.

А мінулай вясной мы адкрылі для сябе новую форму ўзаемадзеяння з вамі — прэс-тур. Першай журналісцкі дэсант “Настаўніцкай газеты” вельмі цёпла прымала Гомельская вобласць. На гэты раз мы завіталі ва ўстановы адукацыі Мінскай вобласці.

Наш прэс-тур доўжыўся два дні, за якія мы паспелі наведаць 11 устаноў. Усе яны розныя, але ўсюды працуюць адданыя сваёй дзейнасці, творчыя педагогі. У гэтым дадатку вы пазнаёміцеся з імі падрабязней. Мэтай нашага прэс-туру было не столькі знаёмства з гэтымі навучальнымі ўстановамі (хоць усе яны ўразілі разнастайнасцю адукацыйных і выхаваўчых прапаноў), колькі наладжванне больш цеснай зваротнай сувязі.
Як не раз адзначаў наш галоўны рэдактар Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, такія паездкі ў людзі неабходны найперш для таго, каб адчуць, што мы з вамі, паважаныя чытачы, на адной хвалі або чаго калектыву “Настаўніцкай газеты” не хапае, каб злавіць гэтую хвалю. Для таго каб гэта зразумець, трэба знаёміцца асабіста, бачыць вашы вочы. Зваротная сувязь патрэбна не толькі на ўроку. Яна частка нашага жыцця. Без яе не атрымаецца плённага ўзаемадзеяння. За два дні мы ўбачылі шмат вачэй, гарачых і стомленых, але ні ў адных не прачыталі абыякавасці, за што, безумоўна, вельмі вам удзячны.

Шчыры дзякуй хочацца сказаць і за канструктыўную гаворку падчас круглых сталоў, на якіх вялася размова не толькі пра педагагічнае жыццё-быццё, але і ўзнімаліся праблемы сучаснай адукацыі. Першы такі круглы стол адбыўся ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Тут рыхтуюць настаўнікаў пачатковай школы, фізічнай культуры, замежнай мовы. Акрамя таго, у каледжы вучацца будучыя графічныя дызайнеры, а таксама спецыялісты па турызме і гасціннасці. Каледж мае добрую матэрыяльную базу і стабільны педагагічны калектыў, што, напэўна, з’яўляецца самым каштоўным.

На сустрэчу з прадстаўнікамі “Настаўніцкай газеты” на чале з яе галоўным рэдактарам В.А.Кнышавым прыйшлі педагогі і навучэнцы каледжа. Дырэктар навучальнай установы Алена Васільеўна Жураўлёва адразу заўважыла, што педагогі даўно з’яўляюцца падпісчыкамі прафесійнага выдання і вельмі ўдзячны за тое, што газета захавала сваю беларускамоўнасць. Акрамя таго, яна адзначыла, што самымі запатрабаванымі з’яўляюцца практыка-арыентаваныя матэрыялы.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” ў сваю чаргу падкрэсліў, што газета ўвесь час развіваецца. “Мы імкнёмся да таго, каб быць запатрабаванымі на ўсіх узроўнях адукацыі. Для таго каб пашырыць прысутнасць усіх рэгіёнаў на старонках нашага выдання, “Настаўніцкая газета” адкрыла карэспандэнцкія пункты ва ўсіх абласцях рэспублікі. І сёння з намі ўласны карэспандэнт па Мінскай вобласці Дар’я Рэва.

Для нас вельмі важна, каб кожны з вас адчуваў інфармацыйную падтрымку і знаходзіў у газеце нешта карыснае для сябе. Акрамя таго, нам неабходна прафесійная размова і абмеркаванне набалелых пытанняў. Журналісты газеты стараюцца разабрацца ва ўсіх нюансах вашай дзейнасці, але без вашых меркаванняў, разваг мы не зможам лічыцца прафесійным педагагічным выданнем. Мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва і з гатоўнасцю чакаем вашых матэрыялаў”, — адзначыў Вадзім Аляксандравіч.

Да больш цеснага супрацоўніцтва заклікала і намеснік найстарэйшага ў краіне педагагічнага часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына. Калектыў выдання распрацаваў цэлы пакет практычных матэрыялаў па самых актуальных тэмах, які можна атрымаць, звярнуўшыся ў рэдакцыю. Акрамя таго, супрацоўнікі часопіса распрацавалі майстар-клас па напісанні артыкула, які яны могуць правесці як на базе рэдакцыі, так і навучальнай установы. Не саромейцеся, запрашайце!

Ад сябе хачу сказаць, што і мы, у рэдакцыі газеты, з нецярпеннем чакаем матэрыялаў як з Нясвіжскага каледжа, так і з іншых сярэдніх спецыяльных устаноў краіны. Кропкавыя асабістыя кантакты сведчаць, што ў такіх установах працуюць выдатныя метадысты, здольныя не проста навучыць, а даць практычныя ўменні і навыкі. Нездарма дырэктары школ з вялікім задавальненнем бяруць на працу выпускнікоў педагагічных каледжаў. Іх не трэба вучыць методыцы.

У Смалявіцкай раённай гімназіі дзеля прыезду журналістаў “Настаўніцкай газеты” сабраліся прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці з усяго раёна. На сустрэчы была і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Ілона Юр’еўна Дастанка. І тут мы здолелі адчуць зваротную сувязь. Педагогі цікавіліся актуальнай тэматыкай нашага выдання, гаварылі пра набалелае (тонуць у паперах), а таксама запрашалі на будучыя мерапрыемствы.

Мы ж у сваю чаргу зноў запрашалі да супрацоўніцтва. Вадзім Аляксандравіч не стамляўся падкрэсліваць, што “Настаўніцкая газета” — адкрытае выданне, платформа для прафесійнага абмену і звычайных чалавечых зносін. А намеснік галоўнага рэдактара Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў засяродзіў увагу на сайце нашай газеты і адзначыў, што аўтарамі газеты можна станавіцца і ў віртуальнай прасторы.

“Мы звычайныя людзі і працуем з вамі ў адной галіне. Газета для нас ― гэта газета для вас. Вы наш прэстыж і натхненне, за што вам вялікі дзякуй”, — рэзюмаваў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”.

Р.S. Асобны дзякуй за інфармацыйна-арганізацыйнае суправаджэнне прэс-туру “Настаўніцкай газеты” начальніку інфармацыйна-метадычнага цэнтра МАІРА Тамары Анатольеўне Няборскай, прэс-сакратару ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Вікторыі Гомза, а таксама вадзіцелю, які своечасова дастаўляў нас ва ўсе пункты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

На шляху да адукаванай, творчай і маральнай асобы

Афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у рабоце IV З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Настаўнікі і работнікі адукацыі, кіраўнікі нацыянальных міністэрстваў адукацыі, эксперты і метадысты, прадстаўнікі міждзяржаўных і міжурадавых арганізацый СНД — усяго больш за 400 дэлегатаў з васьмі краін СНД: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана і Расіі — прынялі ўдзел у пленарных і секцыйных пасяджэннях, аб’яднаных агульнай тэмай з’езда “Інавацыі сучаснага адукацыйнага асяроддзя дзяржаў — удзельніц СНД як фактар павышэння якасці і даступнасці адукацыі”.

Сёлетні з’езд адбыўся ў Маскве і быў прымеркаваны да 25-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Форум адкрыла Валянціна Мацвіенка, якая адзначыла, што за час існавання Садружнасці наладжана канструктыўнае міждзяржаўнае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, узнік шэраг форм узаемадзеяння, у прыватнасці створаны Сеткавы ўніверсітэт СНД, пачата арганізацыя аналагічнай навучальнай установы ў Еўразійскім эканамічным саюзе. “Неабходна выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі для фарміравання адзінага адукацыйнага асяроддзя ў СНД”, — падкрэсліла ў прывітальным слове спікер верхняй палаты расійскага парламента.

Міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Вольга Васільева ў сваім выступленні на адкрыцці з’езда адзначыла, што будучы год аб’яўлены ў СНД Годам сям’і, а 2018 год — Годам культуры. На яе думку, гэта гаворыць пра тое, што гуманітарны і маральны складнікі з’яўляюцца прыярытэтнымі на прасторы Садружнасці: “Аб’ёмы інфармацыі сёння каласальныя, і на нашы плечы кладзецца велізарная адказнасць. Настаўнік, сустракаючыся з вучнем, павінен перш за ўсё ўзяць яго за руку і павесці ў краіну, якую называюць краінай ведаў. І толькі ад настаўніка залежыць, кім стане гэты маленькі чалавек, ці зможа педагог абудзіць у вучня цікавасць да будучай прафесіі. І ў канчатковым выніку ад яго залежыць і тое, які народ будзе жыць у кожнай з нашых краін. Гэта вялікая місія, якая ляжыць на ўсіх нас і будзе ляжаць заўсёды. Адукацыя — прыярытэтны рэсурс для кожнай дзяржавы, і інтэграцыя ў гэтай сферы вызначае далейшае развіццё ўсіх нашых краін”.

На адкрыцці з’езда выступіў Старшыня Выканаўчага камітэта СНД Сяргей Лебедзеў, які акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сучасныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэтым годзе, аб’яўленым Годам адукацыі, стануць эфектыўным стымулам для пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва ў сферы адукацыі: “Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Усе змены ў сферы адукацыі павінны захоўваць гуманітарную агульнасць краін СНД. І задача работнікаў адукацыі — каб гэтая агуль­насць захоўвалася”.

Цырымонію адкрыцця з’езда завяршыла ўрачыстае ўручэнне лепшым педагогам Садружнасці ганаровага знака “Выдатнік адукацыі СНД”. Сярод узнагароджаных — прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі доктар педагагічных навук Галіна Нікалаенка, дырэктар гімназіі № 1 Мінска кандыдат педагагічных навук Наталля Бушная, доктар фізіка-матэматычных навук Васіль Стражаў, педагог дадатковай адукацыі Камянецкага дзяржаўнага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Міхаіл Андраюк і майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Ірына Кубліцкая.

У час святочнага канцэрта ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў Усерасійскага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2016”. Ганаровы прыз — крыштальны пелікан — быў уручаны настаўніку рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 імя Г.К.Жукава Армавіра Краснадарскага краю Аляксандру Шагалаву.

Беларускую дэлегацыю на з’ездзе ўзначальвала намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Выступаючы на пленарным пасяджэнні, яна падкрэсліла, што краевугольнай задачай сістэмы адукацыі застаецца выхаванне маладога чалавека: “Пра якасную адукацыю мы можам гаварыць толькі тады, калі ў выніку асваення адукацыйных праграм, набыцця акадэмічных ведаў, сацыяльных і іншых кампетэнцый са школы, прафесійна-тэхнічнага ліцэя, установы вышэйшай адукацыі выходзіць адукаваная, творчая і маральная асоба, грамадзянін і патрыёт сваёй краіны”.

Удзельнікі сустрэчы кіраўнікоў профільных міністэрстваў краін СНД адзначылі высокі ўзровень сістэмы адукацыі Беларусі. У размове з калегамі Раіса Сідарэнка адзначыла: “Беларускай сістэме адукацыі ёсць чым падзяліцца з краінамі СНД. Мы гаворым пра неабходнасць цеснай сувязі навучання і выхавання, неабходнасць больш шырокага ўкаранення інклюзіўнай адукацыі, прычым не толькі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, але і для іншых катэгорый”.

У рамках панэльнай дыскусіі намеснік міністра канстатавала, што ў Беларусі вядзецца сістэмная работа па ўдасканаленні адукацыйных стандартаў. А змест новага пакалення падручнікаў пры захаванні іх акадэмічнасці, узмацненні міжпрадметных сувязей і выхаваўчага кампанента нацэлены на асваенне навучэнцамі практычных навыкаў. У сваім выступленні намеснік міністра адукацыі нашай краіны закранула і сістэму цэнтралізаванага тэсціравання. На яе думку, нельга кожны год уносіць у яе змены — пэўныя ўзважаныя і прадуманыя змены ў сістэме ЦТ плануюцца да 2020 года.

***

Рабоце на секцыйных пляцоўках быў прысвечаны другі дзень з’езда. Яго ўдзельнікі абмеркавалі праблемы і выклікі сучаснай педагагічнай адукацыі, падрыхтоўку кадраў па найбольш запатрабаваных на рынку працы спе­цыяльнасцях сярэдняй прафесійнай адукацыі, забеспячэнне даступнасці новых тэхналогій і пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг, падтрымку адоранай моладзі і павышэнне міжнароднай акадэмічнай мабільнасці, інавацыйнае развіццё дадатковай адукацыі, навучанне дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, а таксама шляхі абнаўлення і перспектывы развіцця дашкольнай адукацыі ў дзяржавах СНД.

З дакладам на секцыі “Развіццё дашкольнай адукацыі ў дзяржавах — удзельніцах СНД: шляхі абнаўлення, праблемы, перспектывы” выступіла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Альбіна Давідовіч.

“Дзякуючы сучаснаму вырашэнню актуальных задач на дзяржаўным узроўні, сістэма дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь развіваецца дынамічна, — адзначыла Альбіна Леа­нідаўна. — У цяперашні час у нашай краіне функцыянуе 3951 уста­нова дашкольнай адукацыі розных відаў (яслі, яслі-сады, дзіцячыя сады, санаторныя яслі-сады і дзіцячыя сады, спецыяльныя дашкольныя ўстановы, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці) і форм уласнасці (дзяржаўнай і прыватнай), якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, ­праектнай магутнасцю 459 463 месцы. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхоўваюцца 409,8 тысячы дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту (у 2014/2015 навучальным годзе — 410,6 тысячы выхаванцаў)”. Таксама ў выступленні было адзначана, што сярод асноўных задач сістэмы — захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі, удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу з улікам прынцыпу пераемнасці ўзроўняў асноўнай адукацыі, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу, фарміраванне культуры бяспекі жыццядзейнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння, забеспячэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі і павышэнне сацыяльнага статусу работнікаў гэтых устаноў.

У рабоце секцыі таксама прыняла ўдзел загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Каласок” Сеніцы Мінскага раёна Людміла Падлужная, якая як педагог-практык актыўна ўключылася ў абмеркаванне пытанняў варыятыўнасці зместу і арганізацыі форм дашкольнай адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння кансультацыйнай прадтрымкі педагагічных работнікаў, фінансава-эканамічнага рэгулявання дашкольнай адукацыі, асаблівасцей арганізацыі прадметнага развіццёвага асяроддзя, альтэрнатыўных форм дашкольнай адукацыі.

Выступаючы на секцыі “Мадэрнізацыя школьнай адукацыі ў дзяржавах — удзельніцах СНД”, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова акцэнтавала ўвагу прысутных на асноўнай задачы сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі — павышэнні якасці адукацыі. “Трэба адзначыць, што задача не новая, актуальная ва ўсе часы і яе вырашэнне залежыць ад павеваў сучаснасці, — падкрэсліла Ірына Уладзіміраўна. — Прыярытэтам сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі сёння з’яўляецца падрыхтоўка маладых людзей, якія ўваходзяць у жыццё, да самастойнага вырашэння жаццёвых задач, што паўстаюць перад імі. У гэтых умовах крытэрыем ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца гатоў­насць і здольнасць выпускнікоў выкарыстоўваць засвоеныя веды і ўменні і пастаянна іх удасканальваць”.

У Беларусі праведзена работа па абнаўленні навукова-метадычнага забеспячэння: распрацаваны прынцыпова новыя вучэбныя планы і вучэбныя праграмы. Сёння вучэбны план прадугледжвае дыферэнцыяцыю ў колькасці вучэбных прадметаў і вучэбных гадзін на іх вывучэнне для розных катэгорый навучэнцаў у залежнасці ад стану іх здароўя (для навучання дома па медыцынскіх паказаннях, у арганізацыях аховы здароўя, ­санаторна-курортных установах і іншае), а таксама прадугле­джана магчымасць вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным ­узроўні на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Распрацаваны канцэпцыі вучэбных прадметаў, якія вызначаюць мэты, задачы, прынцыпы, асаблівасці зместу і арганізацыі іх вывучэння. У адпаведнасці з канцэпцыямі распрацаваны абноўленыя адукацыйныя стандарты і вучэбныя праграмы (базавы і павышаны ўзроўні для Х, ХІ класаў). У вучэбных праграмах ліквідавана дубліраванне вучэбнага матэрыялу, узмоцнена яго практыка-арыентаваная накіраванасць, улічаны міжпрадметныя сувязі. Абноўленыя вучэбныя праграмы прадугледжваюць фарміраванне нараўне з прадметнымі кампетэнцыямі ўменне працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Увядзенне новых вучэбных праграм ажыццяўляецца паэтапна, а поўны пераход на новыя вучэбныя праграмы будзе ажыццёўлены ў 2019/2020 навучальным годзе.

Таксама ў выступленні было адзначана, што важным напрамкам удасканалення адукацыйнага працэсу з’яўляецца ўвядзенне з 2015/2016 навучальнага года на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі профільнага навучання, у рамках якога навучэнцы маюць магчымасць выбіраць два-тры вучэбныя прадметы для вывучэння на павышаным узроўні. У мэтах больш поўнага задавальнення патрэб навучэнцаў прапанавана некалькі мадэлей фарміравання класаў (груп), у якіх вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні.

У рабоце секцыі з беларускага боку прымаў удзел настаўнік сярэдняй школы № 11 Маладзечна пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” Віктар Жук.

“Адной з праблем, якія актыўна абмяркоўваюцца ў рабоце секцыі, стала пытанне аб пераадоленні зыходнай праблемы школьнай адукацыі, пад якой меўся на ўвазе крызіс класна-ўрочнай сістэмы і праблема рэалізацыі дзейнаснага падыходу, — падзяліўся ўражаннямі Віктар Эдуардавіч. — У час абмеркавання гэтай праблемы многія выступоўцы гаварылі пра такія формы арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, як “перавернуты ўрок” і праектнае навучанне, якія паспяхова рэалізоўваюцца на практыцы і ў нашай краіне.

На што яшчэ я звярнуў увагу? Гэта пералік новых педагагічных спецыяльнасцей, якія ў будучыні плануюць увесці ў педагагічных ВНУ Расіі: гульнямайстар, экапрапаведнік, цьютар, трэнер па майнд-фітнесе і іншыя. І канечне, калі мы наведвалі адну з маскоўскіх школ, я па-добраму пазайздросціў аснашчэнню гэтай школы будучыні, якая з’яўляецца сапраўдным адукацыйным цэнтрам, дзе настаўнік забяспечаны ўсім неабходным для работы. Спадзяюся, у рамках Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі ўстаноў адукацыі нашы школы неўзабаве будуць аснашчаны не горш”.

Пра развіццё інклюзіі ў Рэспубліцы Беларусь на секцыі “Адукацыя дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі як першая прыступка сацыяльнага ліфта” гаварыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Змушко: “Зараз у краіне сфарміравана эфектыўная сістэма адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ствараецца магчымасць атрымання адукацыі ўсімі дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, незалежна ад ступені і якасці існуючых парушэнняў, ад моманту выяўлення парушэння да атрымання прафесійнай адукацыі і працаўладкавання. Ахоп спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў 2015/2016 навучальным го­дзе склаў 99,6 працэнта (у краіне налічваецца 144,5 тысячы дзяцей з АПФР — 8,07 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей)”.

Таксама Антаніна Міхайлаўна расказала пра далейшае развіццё працэсу дэінстытуцыяналізацыі спецыяльнай адукацыі. Установы спецыяльнай адукацыі становяцца рэсурснымі цэнтрамі для інтэграцыі і інклюзіі (на базе ўстаноў спецыяльнай адукацыі функцыянуе 41 рэсурсны цэнтр). Інтэграванае навучанне і выхаванне стала асноўнай формай атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што дазваляе ўзмацніць ролю сям’і ў выхаванні дзяцей, уключыць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сумесную з равеснікамі дзейнасць.

У дакладзе было адзначана, што ў Рэспубліцы Беларусь працягваецца работа па павышэнні даступнасці адукацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стварэнні неабходнага адукацыйнага асяроддзя, развіцці інфраструктуры “без бар’ераў” на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыі і ва ўсіх установах адукацыі, дзе вучацца асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пашырэнні меж узаемадзеяння асоб з асаблівасцямі са звычайнымі равеснікамі, што забяспечыць у выніку рэалізацыю вядомага імкнення ад інклюзіўнай адукацыі да інклюзіўнага грамадства.

Удзельніцай секцыі “Праблемы і выклікі сучаснай педагагічнай адукацыі: асноўныя падыходы да іх вырашэння” была доктар педагагічных навук прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Галіна Нікалаенка.

Падкрэсліўшы, што ў сучаснай сацыякультурнай сітуацыі, ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя змя­няецца як змест, так і тэхналагічнае забеспячэнне дадатковай педагагічнай адукацыі, Галіна Іванаўна закранула працэс укаранення ў Беларусі новых, у тым ліку дыстанцыйных, форм падрыхтоўкі педагогаў, распрацоўкі крэдытна-модульнай, арыентаванай на забеспячэнне індывідуальнай адукацыйнай траекторыі сістэмы дадатковай адукацыі педагагічных кадраў. “Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з эфектыўным педагагічным вопытам, рэалізацыі педагагічных ініцыятыў, — адзначыла Г.І.Нікалаенка. — Акадэмія паслядыпломнай адукацыі пачала фарміраванне інавацыйнай інфраструктуры дадатковай адукацыі педагогаў праз арганізацыю сеткі рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў”.

Прадстаўленыя беларускай дэлегацыяй матэрыялы пра развіццё дадатковай адукацыі педагогаў у нашай краіне выклікалі значную цікавасць і сталі асновай для ўзнікнення рабочых кантактаў, творчых сувязей і сумесных праектаў.

На вышэйзгаданай секцыі выступіў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, док­тар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Жук. У выступленні ён адзначыў, што стратэгічным напрамкам развіцця педагагічнай адукацыі ў нашай краіне на найбліжэйшую пяцігодку з’яўляецца забеспячэнне бесперапыннасці ў падрыхтоўцы педагагічных кадраў, а таксама развіццё профільнага навучання педагагічнай накіраванасці ў школе.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў секцыі выклікала інфармацыя пра стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Новая структура павінна забяспечыць інтэграцыю і развіццё патэнцыялу ўстаноў і арганізацый рэспублікі для падрыхтоўкі сучасных педагогаў.

“Адной з прыярытэтных задач развіцця педагагічнай адукацыі ў Беларусі сёння з’яўляецца ўзмацненне практыкаарыентаванасці працэсу падрыхтоўкі педагагічных кадраў, максімальнае паглыбленне будучых педагогаў у прафесійнае асяроддзе. Для ажыццяўлення профільнага навучання ў старшай школе патрэбны высакакласныя настаўнікі-прадметнікі”, — падкрэсліў у выступленні А.І.Жук і адзначыў: у прафесійным педагагічным стандарце, распрацоўка якога вядзецца сёння ў нашай краіне, прадугледжваецца, што ў профільных класах, гімназіях і ліцэях, у тых установах, дзе навучанне вядзецца на павышаным і паглыбленым узроўні, будуць працаваць менавіта педагогі з магістар­скай ступенню.

На секцыі таксама гаворка ішла пра формы ранняга ўключэння студэнтаў у рэальнае школьнае асяроддзе і вопыт работы БДПУ імя Максіма Танка па вырашэнні гэтай задачы — у прыватнасці, пра арганізацыю педагагічнай практыкі з выдзяленнем аднаго “школьнага дня” на тыдзень, калі студэнты 2 курса ўсіх спецыяльнасцей БДПУ знаходзяцца ў школе, дашкольнай установе або спецыяльнай установе адукацыі, назіраюць за рэальным адукацыйным працэсам, дапамагаюць настаўніку, выхавальніку ў арганізацыі ўрока, рухавых перапынкаў, выхаваўчых мерапрыемстваў.

Прадстаўнікі сістэмы педагагічнай адукацыі розных краін падкрэслілі высокую сацыякультурную значнасць і прадукцыйнасць работы, якая вядзецца ў Рэспубліцы Беларусь па павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік на секцыі “Адкрытая адукацыя” выступіў з прэзентацыяй Нацыянальнага адукацыйнага партала як інавацыйнай прасторы для рэалізацыі ідэй адкрытай адукацыі. Ён расказаў, што партал — гэта ўнікальны нацыянальны праект, які ахоплівае ўсю сістэму адукацыі Рэспублікі Беларусь. За два гады існавання Нацыянальны адукацыйны партал (http://adu.by) стаў сучасным інфармацыйна-адукацыйным асяроддзем, якое забяспечвае комплексную падтрымку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу на ўзроў­нях дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. “Навучыць мець зносіны паміж сабой педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў — вось у чым нам бачыцца асноўнае “святое прызначэнне” партала”, — адзначыў Сяргей Аляксанд­равіч.

Асабліва зацікавілі ўдзельнікаў з’езда такія распрацоўкі супрацоўнікаў НІА, як старонка “Электроннае навучанне” і адзін з ключавых кампанентаў — раздзел “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”, а таксама асобны інтэрнэт-рэсурс http://olimp.unibel.by па суправаджэнні адкрытых дыстанцыйных турніраў, алімпіяд, конкурсаў. Удзельнікі секцыі таксама абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў рамках старонкі “Кансультацыі online”.

“Такім чынам, — падкрэсліў С.А.Важнік, — Нацыянальны адукацыйны партал выдатна рэалізоўвае ідэі адкрытай адукацыі і можа разглядацца як эфектыўны інструмент аператыўнай сувязі педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, а таксама сувязі паміж усімі суб’ектамі педагагічнай камунікацыі”.

На секцыі “Падрыхтоўка кадраў па найбольш запатрабаваных на рынку працы, новых і перспектыўных прафесіях і спецыяльнасцях сярэдняй прафесійнай адукацыі” Рэспубліку Беларусь прадстаўляў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аркадзь Шкляр.

У сваім выступленні Аркадзь Ханонавіч падкрэсліў, што Беларусь, як і іншыя краіны, сутыкаецца сёння з некаторымі эканамічнымі і сацыяльнымі цяжкасцямі, у тым ліку старэннем насельніцтва, дэфіцытам прафесіяналаў на рынку працы, а таксама глабальнай канкурэнцыяй.

“Ва ўмовах, якія склаліся, неабходна мадэрнізацыя праф­адукацыі з улікам патрэб эканомікі, і грунатавацца яна павінна на фундаменце сённяшняй прафесійнай школы, на яе традыцыях і дасягненнях, — адзначыў рэктар РІПА. — Прафесійная адукацыя павінна быць больш прывабнай, актуальнай, прафесійна арыентаванай, інавацыйнай, даступнай, гібкай і забяспечваць высокаэфектыўнае развіццё і раўнапраўе ў галіне навучання на працягу ўсяго жыцця. Улічваючы новыя патрабаванні, у Рэспубліцы Беларусь ужо пачалі мадэрнізацыю сістэмы. Задача — вывесці прафесійную адукацыю на новы якасны ўзровень, які ў поўнай меры адпавядаў бы патрэбам постіндустрыяльнай эканомікі і ўстойліваму развіццю краіны”.

Таксама было агучана, што ў хуткім часе плануецца стварыць і мадэрнізаваць 400 тысяч высокапрадукцыйных рабочых месцаў, што патрабуе падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, а таксама павышэння кваліфікацыі больш як 620 тысяч чалавек, у тым ліку 258 тысяч спецыялістаў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей.

“На наш погляд, сістэма прафесійнай адукацыі здольна забяспечыць высокакваліфікаванымі кадрамі сацыяльна-эканамічны комплекс краіны, але для гэтага патрэбна каардынацыя з боку дзяржавы, наймальнікаў і сістэмы адукацыі, умацаванне інтэграцыі паміж навукай, вытворчасцю і навучальнымі ўстановамі, а таксама мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы і фарміраванне воблачнага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя”, — рэзюмаваў, завяршаючы выступленне, А.Х.Шкляр.

У рабоце секцыі “Адукацыя на рускай мове. Магчымасці развіцця супрацоўніцтва” прымалі ўдзел рэктары, дэканы, вучоныя, настаўнікі, якія займаюцца пытаннямі навучання рускай мове і магчымасцямі супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Нашу краіну прадстаўляў дэкан філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Роўда.

У сваім дакладзе Іван Сямёнавіч адзначыў, што сярод краін былога Савецкага Саюза Рэспубліка Беларусь унікальная ў моўных адносінах, бо за межамі Расіі толькі тут руская мова з’яўляецца дзяржаўнай, пры гэтым яна вывучаецца і ў якасці роднай, і ў якасці замежнай. Менавіта высокая ступень распаўсюджанасці рускай мовы ў Беларусі, яе дзяржаўны статус, дастатковая колькасць выкладчыкаў-русістаў прыцягваюць замежнікаў у нашу краіну вывучаць рускую мову або ўдасканальваць свае веды. Напрыклад, толькі на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вучацца каля 250 замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Акрамя таго, на працягу навучальнага года ў нас праходзяць стажыроўку больш за 100 чалавек з Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Чэхіі і іншых краін свету, што дае ім магчымасць не толькі ўдасканаліць рускую мову, але і сфарміраваць уяўленне пра менталітэт беларусаў, іх гісторыю, традыцыі.

Напярэдадні з’езда пачала работу Міжнародная канферэнцыя настаўнікаў рускай славеснасці краін СНД, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі сферы адукацыі Садружнасці, настаўнікі і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі тры настаўнікі-метадысты з Беларусі.

Настаўніца гімназіі Асіповіч Таццяна Львоўна Амбрушкевіч прадставіла свой вопыт па фарміраванні ў вучняў навыкаў чытання мастацкага тэксту пры дапамозе творчых заданняў. Настаўніца мінскай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Ірына Георгіеўна Саўкіна расказала пра асаблівасці арганізацыі навукова-даследчай работы вучняў на ўроку і ў пазаўрочны час з мэтай фарміравання ключавых кампетэнцый і павышэння пазнавальнай актыўнасці школьнікаў.  Наталля Іванаўна Чаркес, настаўніца сярэдняй школы № 1 Скідзеля, звярнулася да эпісталярнай спадчыны рускіх пісьменнікаў і выкарыстання яе на ўроках літаратуры з мэтай фарміравання культуры пачуццяў школьнікаў і далучэння іх да вечных каштоўнасцей.

Беларускія педагогі таксама сустрэліся з пераможцам прафесійнага конкурсу “Настаўнік года Расіі — 2016” настаўнікам рускай мовы і літаратуры школы № 7 Армавіра Краснадарскага краю Аляксандрам Шагалавым.

Наталля ЧАРКЕС.

Гаворачы пра магчымасці развіцця супрацоўніцтва, І.С.Роўда адзначыў шэраг перспектыўных напрамкаў, сярод якіх — абмен вопытам па выкарыстанні камп’ютарных тэхналогій у вучэбным працэсе як у ВНУ, так і ў школьнай практыцы, стажыроўкі выкладчыкаў Беларусі ў розных навучальных установах Расіі, семінары, лекцыі, майстар-класы для беларускіх выкладчыкаў школ і ВНУ з удзелам вядучых расійскіх педа­гогаў, а таксама магчымасць рэгулярнага знаёмства з падручнікамі, вучэбнымі, метадычнымі дапаможнікамі, якія выдаюцца ў Расійскай Федэрацыі.

Выступленне педагога дадатковай адукацыі Камянецкага дзяржаўнага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Міхаіла Андраюка на секцыі “Развіццё супрацоўніцтва ў сферы выхавання і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: традыцыі і інавацыі” было прысвечана развіццю дзіцяча-юнацкага турызму і яго выхаваўчага патэнцыялу.

Міхаіл Уладзіміравіч расказаў, што гурткоўцы цэнтра на працягу больш як 10 гадоў уваходзяць у асноўны склад зборнай ­каманды турыстаў Брэсцкай вобласці, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі розных абласных, рэспублікан­скіх і міжнародных спаборніцтваў і злётаў. Толькі за апошнія гады зборныя каманды Камянецкага раёна былі пераможцамі шэрага міжнародных злётаў юных турыстаў і чэмпіянатаў і спартакіяд па спартыўным турызме, якія праходзілі ў Маскве, Смаленску, Туле, Бранску, Пскове, Курску, Сімферопалі, у Ленінградскай вобласці Расіі, Луцку і Валынскай вобласці Украіны.

Таксама было адзначана, што на працягу 5 гадоў вядзецца цеснае супрацоўніцтва з турыстамі Гайноўскага павета Польшчы. Гэтая турысцка-краязнаўчая дзейнасць вылілася ў сумесны міжнародны праект “Польска-беларускае супрацоўніцтва ў галіне турызму”, які завяршыўся ў маі 2015 года.

Па словах М.У.Андраюка, для сучаснай якаснай дадатковай адукацыі педагогі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце праграмы аб’яднанняў па інтарэсах высокага ўзроўню складанасці, эфектыўныя метады навучання, маральны, інтэлектуальны патэн­цыял узаемасувязі турызму і краязнаўства як сродку ўсебаковага развіцця асобы. Турызм, як ніводны іншы напрамак дадатковай адукацыі, вырашае адначасова найважнейшыя педагагічныя задачы комплекснага ўздзеяння на дзіця: навучанне, аздараўленне, прафесійная арыентацыя, сацыяльная адаптацыя і, галоўнае, выхаванне.

“Якасць адукацыі — гэта суадносіны мэты і выніку, — адзначыў на заканчэнне педагог. — Пры гэтым вынікі адукацыі абавязкова павінны ўключаць у сябе ацэнку таго, якой цаной (цаной страт і затрат) яны дасягнуты. Педагог заўсёды павінен памя­таць, што, каб павысіць якасць адукацыі, неабходна навучыць дзяцей верыць у саміх сябе”.

***

Дэлегат з’езда, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь па навукова-метадычнай рабоце, кандыдат педагагічных навук Валянціна Гінчук адзначыла цікавасць удзельнікаў форуму да беларускай выставы дасягненняў у сферы адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД.

На экспазіцыі былі прадстаўлены лепшыя адукацыйныя навыкі краін Садружнасці, у тым ліку інтэграцыйныя праекты па развіцці сумеснай адукацыйнай інфраструктуры, інавацыйны вопыт у галіне дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, а таксама ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для галін эканомікі дзяржаў — удзельніц СНД.

Беларусь прадставіла інавацыйны вопыт на розных узроў­нях адукацыі: укараненне розных форм дашкольнай адукацыі, мадэль Рэспубліканскага інавацыйнага цэнт­ра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы, аўтарскія электрон­ныя сродкі навучання і выхавання навучэнцаў, мадэль дзейнасці цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі як каардынатара спецыяльнай адукацыі ў рэгіёне. Таксама быў прадстаўлены вопыт па развіцці новых кваліфікацый і абнаўленні кваліфікацыйных характарыстык спецыялістаў для галін эканомікі на аснове стандартаў WorldSkills, вопыт па забеспячэнні галін эканомікі спецыялістамі з навукаёмістымі прафесійнымі кампетэнцыямі, а насельніцтва — навыкамі ў галіне эфектыўнай энергетыкі і экалогіі, прымянення і распаўсюджання зялёных тэхналогій, вопыт па стварэнні адукацыйных кластараў у сістэме вышэйшай адукацыі, па прымяненні сеткавай формы рэалізацыі адукацыйных праграм і іншае.

“Паспяховы ўдзел нашых навучэнцаў і педагогаў у розных інтэграцыйных праектах — алімпіядзе школьнікаў Саюз­най дзяржавы, міжнародных алімпіядах па рускай мове для навучэнцаў школ з рускай мовай навучання, міжнародных форумах настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, у конкурсах маладых настаўнікаў Расіі і Беларусі на лепшы ўрок па гісторыі і на лепшы ўрок па літаратуры — з’яўляецца адлюстраваннем паспяховай работы сістэмы адукацыі ў цэлым, — ­адзначыла Валянціна Васільеўна. — Беларусь прымае актыўны ўдзел у фарміраванні агульнай адукацыйнай прасторы. Гэтаму ­спрыяюць дагаворы і пагадненні аб міжнародным супрацоўніцтве, па якіх рэалізоўваюцца сумесныя навуковыя праекты, праводзяцца мерапрыемствы, арганізоўваецца навуковы абмен, узаемная экспертыза вынікаў навукова-даследчай работы”.

У рамках выставы ўдзельнікі з’езда актыўна абмяркоўвалі пытанні вучэбнага кнігавыдання, распрацоўкі адукацыйных праграм для падрыхтоўкі кадраў у розных сферах эканомікі. На экспазіцыі Рэспублікі Беларусь былі прадстаўлены таксама вучэбныя выданні, падрыхтаваныя аўтарскімі калектывамі нашай краіны і Расійскай Федэрацыі.

Юлія БАРАДУН,
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.

 

Даступная адукацыя для дзяцей ад 1 да 2 гадоў

Адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі набывае ўсё большую актуальнасць. Павышэнне попыту на адукацыйныя паслугі для дзяцей ранняга ўзросту звязана са зменамі дэмаграфічнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі: ростам нараджальнасці, неабходнасцю або жаданнем маці выйсці на работу, усведамленнем важнасці атрымання якаснай ранняй адукацыі для дзіцяці і інш. Менавіта таму з 2015 года ў яслях-садзе № 26 Ліды праводзілася работа па стварэнні належных умоў для атрымання адукацыі дзецьмі ў групе другога ранняга ўзросту.

Відавочна, што выхавання і навучання дзяцей, якія зводзяцца ў асноўным толькі да арганізацыі догляду і нагляду за малышом, клопату пра яго фізічнае здароўе, для паўнацэннага развіцця дзіцяці ранняга ўзросту яўна недастаткова. Неабходна навукова абгрунтаваная работа па развіцці асобы дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі, па фарміраванні ў яго маральных норм, набыцці ім сацыяльнага вопыту.

Калектыў нашай установы ўпэўнены, што для дзяцей ранняга ўзросту неабходны асаблівыя псіхолага-педагагічныя ўмовы, паколькі ў гэтым узросце дзіця паўнацэнна засвойвае толькі тое, што яму цікава. Паколькі на спецыялістах, якія працуюць з самымі маленькімі дзецьмі, ляжыць велізарная адказнасць, мы прыцягваем да работы ў групе другога ранняга ўзросту толькі кваліфікаваныя кадры, якія маюць дашкольную адукацыю і валодаюць адпаведнымі ведамі, метадамі работы з дзецьмі гэтага ўзросту.

Вялікая ўвага ў рабоце з дзецьмі ад 1 да 2 гадоў удзяляецца перыяду адаптацыі. Паступленне малыша ў дзіцячы сад выклікае, як правіла, сур’ёзную трывогу ў яго бацькоў, таму што дзеці ўпершыню пераходзяць з даволі замкнутага сямейнага свету ў свет шырокіх сацыяльных кантактаў. Паспяховасць адаптацыі дзяцей залежыць як ад майстэрства выхавальніка, так і ад зладжанных дзеянняў зацікаўленых у гэтым працэсе дарослых — бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада.

Мы ствараем спрыяльныя ўмовы для адаптацыі дзяцей да ўстановы. У першую чаргу стараемся не дапускаць стрэсавых станаў у дзяцей ранняга ўзросту. Дзеянні педагогаў накіраваны на зняцце эмацыянальнага і мышачнага напружання, зніжэнне імпульсіўнасці, залішняй рухальнай актыўнасці, трывогі, агрэсіі, на развіццё камунікатыўных навыкаў дзяцей, на развіццё ўвагі, успрымання, маўлення, уяўлення, агульнай і дробнай маторыкі, каардынацыі рухаў, на развіццё гульнявых навыкаў, адвольных паводзін. Праводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў па адаптацыі малышоў: паступовае фарміраванне груп выхаванцаў; гнуткі графік наведвання сада; кароткачасовае знаходжанне дзіцяці ў садзе (пачынаючы з 2—3 гадзін); прысутнасць (непрацяглая) мамы разам з дзіцем у групе.

Наша група для дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў адпавядае патрабаванням часу. У групе прадугледжана гібкае комплекснае заніраванне прадметна-прасторавага асяроддзя. Заніраванне ўлічвае натуральную патрэбу дзяцей у актыўнай самастойнай дзейнасці. Вылучаецца прастора з пастаяннымі і мабільнымі (якія трансфармуюцца) элементамі і пераменнымі габарытамі. Асяроддзе арганізоўваецца з улікам гендарных асаблівасцей развіцця дзяўчынак і хлопчыкаў. Асаблівая ўвага ў групе ўдзелена афармленню інтэр’ера, які фарміруе станоўчы эмацыянальны настрой дзяцей. Асяроддзе ў групе другога ранняга ўзросту ў нашай установе зручнае і бяспечнае.

Для ўсебаковага развіцця дзіцяці важна цеснае ўзаемадзеянне сям’і і дзіцячага сада. Бацькам неабходны педагагічныя веды, з нараджэннем дзіцяці яны, фактычна, вымушаны асвойваць прафесію выхавальніка. З мэтай прапаганды псіхолага-педагагічных і гігіенічных ведаў сярод бацькоў дзяцей ад 1 да 2 гадоў выкарыстоўваюцца розныя формы работы: індывідуальныя і групавыя гутаркі, кансультацыі, бацькоўскія сходы, бацькоўскія канферэнцыі, семінары, медыка-педагагічныя нарады, дні адкрытых дзвярэй і інш. Медыцынскі і педагагічны персанал нашай установы знаёміць бацькоў з арганізацыяй розных рэжымных момантаў (кармленне, сон, працэдуры загартоўвання, прагулкі, гульнявая дзейнасць), фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў і г.д. Пры гэтым выкарыстоўваецца наглядная агітацыя: маляўнічыя стэнды, табліцы, фотамантажы, альбомы, папкі-перасоўкі, слайды, аматарскія кінафільмы і інш.

Практыка пацвердзіла, што эфектыўны як непасрэдны абмен вопытам бацькоў па выхаванні дзяцей ранняга ўзросту, так і абмен вопытам ва ўмовах анлайн-зносін на афіцыйным сайце ўстановы дашкольнай адукацыі. Наша мэта ў тым, каб забяспечыць прадукцыйнасць гэтых зносін, даць бацькам разнастайныя практычныя і тэарэтычныя веды, якія могуць ім спатрэбіцца.

Адзін з найважнейшых напрамкаў развіцця даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі — укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку на платнай аснове, што дазваляе захаваць даступнасць адукацыйных паслуг, задаволіць запатрабаванні сям’і на якасную дашкольную адукацыю. На базе нашай установы атрымалі развіццё і такія новыя формы адукацыі дзяцей ранняга ўзросту, як мацярынская школа, адаптацыйныя, прагулачныя і вячэрнія групы ва ўмовах кароткатэрміновага знаходжання выхаванцаў.

Набыты намі вопыт дазваляе адзначыць, што ў сучаснай беларускай сям’і ўзрос давер да адукацыі дзяцей ва ўмовах дзяржаўных устаноў адукацыі пачынаючы ўжо з самага ранняга дзяцінства (нярэдка яны звяртаюцца да нас па дапамогу), што павышае ўзровень канкурэнтаздольнасці на рынку адукацыйных паслуг.

Павелічэнне колькасці дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай адукацыі, адбываецца на фоне ўсё большага ўсведамлення важнасці ранняга ўзросту ў жыцці чалавека, таму што менавіта перыяд ранняга дзяцінства, па прызнанні многіх вучоных свету, з’яўляецца ўнікальным у развіцці чалавека, а фундамент чалавечых паводзін і псіхікі, які закладваецца ў гэты час, абумоўлівае ход далейшага развіцця.

Алеся ШЛАПІК,
загадчык ясляў-сада № 26 Ліды.