Выхаванне — у навучанні

VI Калядны фестываль педагагічнага майстэрства стаў чаканым і жаданым мерапрыемствам для сістэмы адукацыі і ўсіх педагогаў краіны. Штогод ён становіцца той падзеяй, пра якую вельмі доўга гавораць і ўспамінаюць, бо фестывальнай фішкай стаў не толькі непасрэдны абмен вопытам, але і магчымасці наладжвання прафесійных і сяброўскіх кантактаў. У першыя дні новага года ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі настаўнікі не проста едуць, яны імкнуцца трапіць у аўдыторыі АПА, дзе праходзяць майстар-класы, урокі для дарослых, інтэрактыўныя перапынкі і яшчэ шмат чаго цікавага і карыснага. Заслугай арганізатараў мерапрыемства з’яўляецца яго атмасфера, цёплая, святочная, камфортная, творчая.

У гэтым годзе на фестывалі зноў панавала атмасфера педагагічнага азарту, з’явіліся новыя секцыі і формы ўзаемадзеяння для ўдзельнікаў, абмяркоўваліся актуальныя пытанні адукацыі і выхавання. У рабоце фестывалю прыняла ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Сёння мы з рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэем Пятровічам МАНАСТЫРНЫМ падводзім вынікі фестывалю і гаворым пра актуальныя напрамкі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.

— Андрэй Пятровіч, завяршыўся VI Калядны фестываль педагагічнага майстэрства. Якія ён пакінуў уражанні і думкі?

— Гэты фестываль шосты па ліку, таму ўжо можна гаварыць пра яго традыцыі і гісторыю. Ініцыятыва правядзення Каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і яна была шырока падтрымана настаўнікамі-практыкамі. Задачамі фестывалю з’яўляюцца развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў пры ўзаемадзеянні з прызнанымі майстрамі педагагічнай работы, абмеркаванне вопыту, праблем, эфектыўных форм навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Сярод мерапрыемстваў фестывалю, якія праводзяць лепшыя настаўнікі краіны, — секцыі, студыйныя заняткі, прадметныя і міжпрадметныя майстар-класы, практыкумы, інтэрактыўныя перапынкі. Агульным дэвізам фестывалю стала крылатае выслоўе: “Настаўнік, выхавай вучня, каб было ў каго потым вучыцца”.

Першы Калядны фестываль педагагічнага майстэрства, у рамках якога былі арганізаваны 33 мерапрыемствы, паспяхова прайшоў у АПА ў студзені 2012 года. У сту­дзені 2013 года ў рамках другога фестывалю было праведзена ўжо 50 мерапрыемстваў, а яго ўдзельнікамі стала каля 400 настаўнікаў. У студзені-лютым 2014 года прайшоў III Калядны фестываль педагагічнага майстэрства на тэму “Педагог-майстар — маладому настаўніку”. Удзельнікамі фестывалю стала больш за 300 маладых педагогаў рэспублікі. Было праведзена 57 мерапрыемстваў, сярод якіх — майстар-класы, круглыя сталы, педагагічныя студыі. Праграма чацвёртага фестывалю, які адбыўся ў сту­дзені 2015 года, уключала ўжо 63 мерапрыемствы для больш як 300 педагогаў, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў краіны. Пяты фестываль прайшоў у студзені 2016 года, яго актыўнымі ўдзель­нікамі стала больш за 350 педагогаў, для якіх былі арганізаваны і праведзены 72 вучэбныя мерапрыемствы.

Найбольш масавым стаў менавіта VI Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. На ім было праведзена 77 майстар-класаў, педагагічных студый, урокаў для дарослых і іншых мерапрыемстваў. Яго ўдзель­нікамі (не гледачамі, а менавіта ўдзельнікамі), якія ўспрымаюць, аналізуюць, асвойваць вопыт калег, стала больш за 420 педагогаў. Упершыню на фестывалі была прадстаўлена секцыя педагогаў-псіхолагаў.

— Фестываль быў прысвечаны непарыўнай сувязі выхавання і навучання, і яго дэвіз — “Навучаючы, выхоўваем”. Чым быў абумоўлены такі выбар?

— Сёлета фестываль быў прысвечаны асабліва актуальнай тэме — адукацыйнаму патэнцыялу вучэбных прадметаў у адзін­стве выхавання і навучання. Дапаўняючы адно аднаго, навучанне і выхаванне слу­жаць агульнай мэце — цэласнаму развіццю асобы школьніка. Відавочна, што рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока грунтуецца перш за ўсё на вызначэнні выхаваўчых магчымасцей вучэбнага матэрыялу. І толькі глыбокае валоданне прадметным зместам і методыкай выкладання дазваляе педагогу ў адукацыйным змесце знаходзіць важныя для выхавання, фарміравання асобы вучня моманты. Нельга не адзначыць значэнне выразна сфармуляванай выхаваўчай мэты ўрока. Для яе дасягнення падбіраюцца адпаведныя метады і прыёмы, ствараюцца неабходныя педагагічныя сітуацыі, якія арганічна ўплятаюцца ў канву ўрока і прадыктаваны вучэбным матэрыялам. Арганізоўваючы ўзаемадзеянне навучэнцаў, выкарыстоўваючы парныя, групавыя формы навучання, педагог стварае ўмовы для выхавання карэктнасці, паважлівага стаўлення да іншых меркаванняў, адказнасці за агульную справу, лідарскіх якасцей. У той жа час зразумела, што на працягу ўрока цалкам дасягнуць выхаваўчай мэты немагчыма. Гаворка павінна ісці аб сістэме, а для гэтага настаўнік павінен бачыць комплексную перспектыўнасць свайго прадмета.

Сёння мы гаворым пра тое, што ўрок павінен праходзіць у атмасферы інтэлектуальных, маральных і эстэтычных перажыванняў, сутыкненняў розных поглядаў і меркаванняў, пошуку ісціны і магчымых шляхоў вырашэння задачы ці праблемы, творчасці настаўніка і навучэнцаў. І не важна, які прадмет выкладае настаўнік, галоўнае, якія ўмовы ён стварае на сваіх уроках для гарманічнага развіцця асобы. Змест вучэбных прадметаў павінен успрымацца навучэнцамі як пэўная каштоўнасць (сацыяльная, маральная, эстэтычная, экалагічная). Не выклікае сумнення маральны патэнцыял урокаў літаратуры, дзе акумулюецца духоўнасць пакаленняў. Сродкамі гісторыі і грамадазнаўства ў вучняў фарміруюцца грамадзянскасць і патрыятызм, любоў і павага да роднай краіны, яе культурна-гістарычнай спадчыны, здольнасць, жаданне і імкненне зберагчы спадчыну.

— Напэўна, няма ні аднаго прадмета школьнай праграмы, які не меў бы выхаваўчага патэнцыялу.

— Так. Урокі гісторыі Беларусі даюць магчымасць выхоўваць грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, пачынаючы з вывучэння ба­рацьбы за стварэнне беларускай дзяржаўнасці, якая адыходзіць сваімі каранямі ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, фарміраваць нацыянальную самасвядомасць, самаідэнтыфікацыю. Выразныя законы матэматыкі выхоўваюць розум, фарміруюць здольнасць да абстрактнага і лагічнага мыслення, уменне праводзіць доказныя развагі і аргументавана адстойваць свае перакананні, развіваюць інтуіцыю, фарміруюць каштоўнаснае стаўленне да ісціны і пачуццё адказнасці за вынікі дзейнасці. Фізіка і матэматыка як вучэбныя прадметы маюць вялікія магчымасці для раскрыцця навуковых метадаў у пазнанні навакольнага свету. Адной з такіх магчымасцей з’яўляецца прымяненне элементаў гістарызму.

Эмацыянальны аповед настаўніка, цікавыя задачы з мінулага, пытанні маральнасці ў навуцы, адказнасці навукоўцаў за ўласныя адкрыцці і іх наступствы дапамагаюць настаўніку ў маральным выхаванні навучэнцаў. Выхаванне рацыянальнага прыродакарыстання і экалагічных паводзін ажыццяўляецца не толькі на ўроках біялогіі і геаграфіі, але і на іншых вучэбных прадметах. Напрыклад, на ўроках хіміі — пры вывучэнні тэм “Вуглевадароды ў прыродзе”, “Ахова навакольнага асяроддзя ад забрудж­вання пры перапрацоўцы вуглевадароднай сыравіны і выкарыстання перапрацоўкі нафты”, на ўроках фізікі — пры вывучэнні вучэбных тэм “Перадача электрычнай энергіі. Экалагічныя праблемы вытворчасці і перадачы электрычнай энергіі”, “Эканомія цеплавой энергіі ў побыце”. Функцыя замежнай мовы — право­дзіць іншамоўныя міжкультурныя зносіны. Каб быць гатовым і здольным да міжкультурных зносін, навучэнцы павінны валодаць прадметна-тэматычным зместам нацыянальнага кампанента зносін, сацыякультурнымі ведамі і ўменнямі.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрока настаўнікамі ўсведамляецца не толькі як асабліва значная, але і якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. У гэтым кірунку пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў акадэміі актыўна працуюць настаўнікі-метадысты, члены клуба “Крыштальны журавель”. Патэнцыял урокаў асэнсоўваецца і асвятляецца ў дзейнасці рэспубліканскіх груп настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць у акадэміі, адлюстроўваецца ў тэматыцы курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў.

— У якасці вядучых на фестывалі выступілі 86 лепшых педагогаў рэспублікі. Чые майстар-класы запомніліся вам?

— Напрыклад, майстар-клас маладога настаўніцы біялогіі ліцэя № 1 Мінска Кацярыны Анатольеўны Скрыган, якая прадставіла аўтарскія прыёмы вывучэння малекулярнай біялогіі на павышаным узроўні. Удзельнікі фестывалю праводзілі педагога стоячы і бурнымі апладысментамі.

Настаўнікі пачатковых класаў з вялікімі жаданнем і непадробнай цікавасцю ўключыліся ў работу на майстар-класе настаўніка-метадыста, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Ліды Таццяны Мар’янаўны Сурконт па тэме “Фарміраванне ўяўленняў і элементарных паняццяў аб гістарычным шляху беларускага народа на аснове знаёмства вучняў 4 класа з асобамі і найважнейшымі падзеямі айчыннай гісторыі праз выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў навучання”.

Педагагічная майстэрня “Канструктар урока матэматыкі”, якую праводзіла Людміла Яўгенаўна Зязетка, настаўніца матэматыкі, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 68 Мінска, была цікавая і карысная як настаўнікам матэматыкі, так і настаўнікам пачатковых класаў, фізікі, інфарматыкі, хіміі і біялогіі. Удзельнікі майстар-класа азнаёміліся з аўтарскімі падыходамі мадэлявання вучэбных заняткаў розных тыпаў.

Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства паказалі настаўніцы айчыннай і су­светнай мастацкай культуры Вольга Аляксандраўна Карповіч з мінскай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага і Алена Уладзіміраўна Міхайлоўская з гімназіі № 8 Мінска падчас правядзення майстар-класа “Выхаванне асобы вучня на ўроках вучэбнага прадмета “Мастацтва” ў рамках сацыякультурных і мастацка-практычных кампетэнцый”, на якім былі прадстаўлены формы, метады і прыёмы развіцця агульных, прадметных і асобасных кампетэнцый вучняў, іх творчага патэнцыялу, стварэння ўмоў для самарэалізацыі. Можна, безумоўна, назваць яшчэ шмат імён тых лепшых настаўнікаў, якія шчодра  дзяліліся сваім вопытам на фестывалі.

— Паколькі скразной на фестывалі стала тэма выхавання, не магу не спытаць пра надзённае: як настаўніку наладжваць кантакт з сучаснымі баць­камі?

— Які б прадмет ні выкладаў настаўнік, ён заўсёды разумее значнасць кантактаў з бацькамі. Па агульным меркаванні, установе адукацыі цяпер стала больш складана праца­ваць з бацькамі. І справа не толькі ў тым, што аўтарытэт настаўніка як самага дасведчанага і кампетэнтнага чалавека ўжо не абсалютны. Уяўляецца, што найважнейшай праблемай нярэдка з’яўляецца разыходжанне ідэалаў паміж сям’ёй і школай. Для чаго трэба вучыцца? Што дасць тое ці іншае ўменне? Якія мэты павінен ставіць перад сабой чалавек? Сям’я нярэдка імкнецца выхаваць у дзіцяці вузкапрагматычныя погляды, асновай якіх з’яўляецца дасягненне матэрыяльных выгод і кар’ерныя поспехі. А ёсць яшчэ нядобранадзейныя і няпоўныя сем’і.

З улікам асаблівасцей сям’і настаўніку трэба ўмець пазітыўна ўздзейнічаць на яе ўсімі даступнымі сродкамі. Менавіта таму практычна ў кожным курсе павышэння кваліфікацыі ў нас запланаваны тэмы, якія адлюстроўваюць узаемадзеянне ўстановы адукацыі і сям’і, напрыклад, па сямейна арыентаваным падыходзе да выхавання школьнікаў, супрацоўніцтве сям’і і школы, па стварэнні рэгіянальнай мадэлі ўзаема­дзеяння сям’і і школы. З асаблівай цікавасцю ўспры­маецца настаўнікамі-практыкамі спецкурс аб інавацыйных тэхналогіях работы педагога з сям’ёй. З’яўляючыся саюзнікам, вырашаючы адны задачы са школай, сям’я, тым не менш, не заўсёды ўмее наладжваць кантакт, знаходзіць паразуменне з дзіцем. І тут на дапамогу павінны прыйсці прафесіяналы. Мы вучым аказваць такую дапамогу.

Вядома, навучаючы і выхоўваючы дзіця, педагогі павінны ведаць яго з усіх бакоў: пра ўзроставыя і псіхафізічныя асаблівасці, здольнасці, задаткі, цяжкасці і перспектывы развіцця. Тут трэба сучаснае практыка-арыентаванае веданне псіхалогіі. Пры павышэннi квалiфiкацыi актыўна вывучаюцца магчымасці навучання адораных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, так званых трывожных дзяцей, у стрэсавых і дэпрэсіўных станах. Не заўсёды з’яўляецца пазітыўным і ўплыў на навучэнцаў акружэння, аднагодкаў. Часам гэта фактар, які спрыяе ўзнікненню шкодных звычак, правакуе дэвіянтныя паводзіны. Не варта забываць і пра верагоднасць так званага псіхалагічнага гвалту з боку аднагодкаў.

— Але ж і сам педагог павінен быць узорам для пераймання.

— “Выхавальнік сам павінен быць тым, кім ён хоча зрабіць свайго выхаванца”, — гаварыў Уладзімір Іванавіч Даль. Гэта адлюстроўвае значнасць у выхаванні асобы самога педагога, яго грамадзянскіх і маральных якасцей, духоўнасці. І тут мы абавязкова павінны падкрэсліць дзейнасць кіраўніка ўстановы адукацыі, які выступае ў ролі выхавальніка не толькі навучэнцаў, але і настаўнікаў, усяго педагагічнага калектыву. Маральныя каштоўнасці ўстановы адукацыі, яе філасофія і арыенціры фарміруюцца кіраўніком, фактычна ўвасабляюцца ў ім. У сістэмны працэс фарміравання перакананняў і каштоўнасцей павінны быць уключаны і педагогі, і навучэнцы, і бацькі. Зразумела, сучасныя падыходы ў кіраванні ўстановай адукацыі патрабуюць ад кіраўніка пастаяннага ўдасканальвання.

Навукова-метадычнае суправаджэнне пра­фе­сій­нага развіцця кіраўнікоў ажыццяўляе Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, дзе праводзіцца бесперапыннае павышэнне іх кваліфікацыі. Сёння, акрамя традыцыйных форм навучання, кіраўніку прапаноўваюцца такія сучасныя і запатрабаваныя, як дыстанцыйнае навучанне, e-mail-канферэнцыі, вэбінары, інавацыйныя праекты, сеткавае ўзаемадзеянне, удзел у дзейнасці прафесійных аб’яднанняў. Распрацаваны змест і вызначана спецыфіка крэдытна-модульнага павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі на кампетэнтнаснай аснове. Пад куратарствам акадэміі працуюць грамадскія педагагічныя аб’яднанні, дзейнасць якіх садзейнічае самавыхаванню і ўзаемавыхаванню педагогаў. У якасці прыкладу можна прывесці перш за ўсё Беларускае педагагічнае таварыства.

Увогуле ж на свеце няма іншай такой маральна-арыентаванай, адказнай і шматграннай прафесіі, як прафесія педагога. Сярод годных яе прадстаўнікоў ёсць тыя, каго па праве называюць лепшымі з лепшых. Яны вучаць не толькі сваіх вучняў, але і сваіх калег, шчодра дзелячыся багатым вопытам. Як навукоўцы маюць сваю навуковую школу, так і педагогі-майстры вырошчваюць сваіх паслядоўнікаў. Дарэчы, гэты год для нас адметны конкурсам прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, які папоўніць плеяду лепшых з лепшых.

— Згодна з вамі. Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Поспех кіраўніцтва ў сістэмным аналізе

На гэтым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі для дырэктараў агульнаадукацыйных навучальных устаноў, якія з’яўляюцца інавацыйнымі цэнтрамі. Усяго на сёння ў нас 23 такія цэнтры, якія ў канцы мінулага навучальнага года ўвайшлі ў створаную Асацыяцыю інавацыйных устаноў краіны. Старшынёй асацыяцыі была выбрана дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска кандыдат педагагічных навук Наталля Уладзіміраўна Бушная.

Дзейнасць асацыяцыі заклікана аб’яднаць намаганні ўдзельнікаў інавацыйных праектаў, накіраваныя на стварэнне адзінай інавацыйнай адукацыйнай прасторы ў нашай краіне. 1-я гімназія Мінска з’яўляецца інавацыйным цэнтрам па аналітычнай дзейнасці ў сістэме кіравання ўстановай адукацыі, таму ўдзельнікам асацыяцыі інавацыйных устаноў краіны было цікава пазнаёміцца з вопытам арганізацыі кіраўніцкай і аналітычнай дзейнасці гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска і тымі кампетэнцыямі, якія развіваюць прадстаўнікі адміністрацыі гімназіі.

З мэтай вылічэння эфектыўнасці і выніковасці

Увогуле 1-я гімназія — вядомая навучальная ўстанова не толькі ў межах Мінска. Яе ведаюць у краіне і за яе межамі. Навучальная ўстанова з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА, у ёй штогод, з моманту адкрыцця, праходзіць адкрытая гімназічная навуковая канферэнцыя, тут дзейнічае некалькі клубаў, у тым ліку і бацькоўскі, а таксама бібліятэка імя С.Міхалкова. Гімназія з’яўляецца адным з лідараў алімпіяднага руху, тут штогод рэалізуюцца новыя кіраўніцкія, адукацыйныя і выхаваўчыя праекты, удзельнікамі якіх з’яўляюцца і педагогі, і навучэнцы.

Педагагічны калектыў вельмі разнастайны, але творчы, і нацэлены на вынік. Многія педагогі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта нашай краіны, пераможцамі этапаў конкурсу “Настаўнік года”. У гімназіі працуюць тры настаўнікі-метадысты.

На рахунку навучальнай установы — гранты і прэміі Мінгарвыканкама, узнагароды гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Як заўважыла Наталля Уладзіміраўна Бушная, сёння адбываецца глабалізацыя адукацыі, што павышае канкурэнтаздольнасць настаўнікаў, якія павінны быць інавацыйна-мабільнымі.

“Мы працуем у супярэчнасцях: сістэма адукацыі не паспявае за зменамі, якія адбываюцца ў грамадстве. Мы гаворым пра паніжэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, а ўсё таму, што настаўнікі страцілі манаполію на адукацыю. Цяпер педагог не ўспрымаецца як нейкі абсалют. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць вучыцца ў любым месцы і ў любы час. І мы павінны падумаць пра тое, як не трансліраваць вопыт папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і кіраўніцтва, а як ісці наперад”, — адзначыла дырэктар.

Аналітычная дзейнасць ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца з мэтай вылічэння эфектыўнасці і выніковасці. Аб’ектам аналітычнай дзейнасці з’яўляецца дзейнасць функцыянальных структур, сістэм планавання і кантролю. І аналіз павінен быць сістэмным, паслядоўным, непарыўным і публічным.

Унутраны кантроль

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Наталля Уладзіміраўна Целяпун адзначыла, што практыка кіравання школай, гімназіяй паказвае: сістэмаўтваральным звяном у ланцужку кіраўнічых дзеянняў з’яўляецца кантроль, які цесна звязаны з педагагічным аналізам.

“Кантроль дае багатую, сістэматызаваную інфармацыю, паказвае разыходжанне паміж мэтай і атрыманым вынікам, у той час як аналіз дзейнасці ўстановы адукацыі накіраваны на выяўленне прычын, умоў гэтых адрозненняў і адхіленняў. Пры гэтым менавіта даныя ўнутранага кантролю часта з’яўляюцца асновай для правядзення аналізу, бо аналізу падвяргаецца якраз той фактычны матэрыял, які быў атрыманы ў працэсе ўнутранага кантролю”, — сказала Наталля Уладзіміраўна.

Як жа арганізаваны ўнутраны кантроль у 1-й гімназіі Мінска? Тут вызначылі для сябе 9 патрабаванняў у арганізацыі ўнутранага кантролю.

Планавасць (перспектыўнае (гадавое), бягучае (месячнае) і аператыўнае (тыднёвае) планаванне кантролю), сістэмнасць (стварэнне сістэмы правядзення кантролю, якая забяспечвае яго рэгулярнасць, аптымальнасць, усебаковасць), шматбаковасць (ахоп асноўных бакоў дзейнасці гімназіі на працягу навучальнага года), дыферэнцыраванасць (улік індывідуальных асаблівасцей педагогаў у працэсе ажыццяўлення кантролю), інтэнсіўнасць (кантрольная дзейнасць павінна планавацца па вучэбных перыядах з мэтай папярэджання перагрузкі кіраўнікоў і супрацоўнікаў установы адукацыі).

Далей ідзе арганізаванасць (працэдура правядзення кантролю павінна быць дакладна вызначана ў праграме або схеме кантролю, даведзена да ведама правяраемых і павінна строга выконвацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства), аб’ектыўнасць (праверка дзейнасці педагогаў на аснове дзяржаўных стандартаў, адукацыйных праграм, а таксама праграм кантролю з указаннем распрацаваных паказчыкаў і крытэрыяў павінна ўлічваць асаблівасці ўмоў, у якіх працуе правяраемы, а таксама асаблівасці яго асобы), выніковасць, або дзейснасць (наяўнасць пазітыўных змяненняў у дзейнасці педагога, метадычнага аб’яднання, устараненне выяўленых у ходзе кантролю недахопаў).

Безумоўна, важнай з’яўляецца кампетэнтнасць правяраючага (веданне ім прадмета і методыкі кантролю, уменне ўбачыць у ходзе кантролю вартасці і недахопы ў працы, прагназаваць развіццё вынікаў кантролю, прааналізаваць з правяраемым вынікі кантролю такім чынам, каб выклікаць у яго імкненне да паляпшэння дзейнасці і хутчэйшай ліквідацыі недахопаў).

“Аналізуючы стан унутранага кантролю ў гімназіі, можна сцвярджаць: ён з’яўляецца тым неабходным звяном, па выніках якога пачынае працаваць функцыя рэгулявання, якая ажыццяўляе неабходныя карэктывы і ў аналітычным працэсе, і ў працэсе планавання і арганізацыі практычнага дзеяння”,— рэзюмавала Наталля Уладзіміраўна Целяпун.

Аператыўны, бягучы і на перспектыву

Яшчэ адзін намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Мінска Ірына Уладзіміраўна Чарнова спынілася на аналізе метадычнай работы як эфектыўным сродку павышэння кваліфікацыі педагога. Ірына Уладзіміраўна адзначыла, што па характары рашэнняў, якія прымаюцца, на аснове аналізу прынята вылучаць аператыўны, бягучы і перспектыўны аналіз.

“Аператыўны аналіз (тыдзень, месяц) закліканы выяўляць прычыны і ўмовы, якія спрыялі негатыўным праяўленням, і своечасова рэагаваць на іх. Такім відам бягучага аналізу з’яўляецца нарада педагагічнага калектыву пры дырэктары. На нарадзе мы аналізуем вынікі нашых дасягненняў, агульную паспяховасць навучэнцаў і многія іншыя пытанні. Напрыклад, у гэтым годзе ў выніку бягучага аналізу было выяўлена зніжэнне адзнак па матэматыцы ў вучняў 8-х класаў. Настаўнікам-прадметнікам з’яўляецца малады педагог, якому аказалася дастаткова складана ажыццяўляць ацэначную дзейнасць. Каб аказаць яму неабходную метадычную дапамогу, было арганізавана настаўніцтва з боку вопытных калег.

У мінулым навучальным годзе мы сутыкнуліся з такой праблемай: нашы настаўнікі-прадметнікі, якія хацелі б павысіць сваю кваліфікацыйную катэгорыю або пацвердзіць вышэйшую, мелі патрэбу ў метадычных рэкамендацыях па арганізацыі абагульнення педагагічнага вопыту. Для ліквідацыі гэтай праблемы на адміністрацыйнай нарадзе было прынята рашэнне правесці тэарэтыка-практычны семінар і запрасіць прафесара кафедры прыватных методык ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка доктара педагагічных навук Віктара Уладзіміравіча Чачота.

Калі ў 2014/2015 навучальным годзе 4 педагогі пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, то ў 2015/2016 — 4 педагогі пацвердзілі і 2 атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Трэба адзначыць, што ў гэтым навучальным годзе плануюць пацвярджэнне катэгорыі настаўнікі, якія раней гэтае пытанне нават не разглядалі”, — расказала Ірына Уладзіміраўна Чарнова.

Мэтай бягучага аналізу (за чвэрць, паўгоддзе) з’яўляецца перыядычная ацэнка бягучых спраў, выяўленне непажаданых адхіленняў і прыняцце своечасовых мер. Такі аналіз можа ажыццяўляцца на пасяджэнні тэматычнага педагагічнага савета, метадычнага савета, на серыі рабочых сустрэч па камплектаванні педагогаў, педагагічным кансіліуме, які аб’ядноўвае работу настаўнікаў у адной паралелі.

“У лістападзе 2015 года ў рамках падрыхтоўкі да педагагічнага савета “Карпаратыўная культура — аснова адукацыйнай палітыкі” паспяхова прайшоў навукова-тэарэтычны семінар “Карпаратыўныя стандарты як элемент карпаратыўнай культуры гімназіі”. Паколькі адзіная тэма работы педагагічнага калектыву звязана з карпаратыўнай культурай установы, а гэта ў сваю чаргу для нас было новым, мы прааналізавалі і палічылі неабходным правесці семінар, які закладзе тэарэтычную аснову па гэтай праблематыцы.

Паняцце “Карпаратыўная культура” даволі шырокае, таму неабходна было выбраць найбольш прымальны варыянт для нас. У якасці асноўнага элемента разглядаліся ўнутраныя каштоўнасці гімназіі, якія, несумненна, з’яўляюцца ядром арганізацыйнай культуры ўстановы.

У нашай практыцы часцей

выкарыстоўваецца камбінаваная форма правядзення педагагічных саветаў з уключэннем інтэрактыўных прыёмаў і метадаў арганізацыі калектыўнай мыслядзейнасці. Каб выключыць аўтарытарнасць правядзення педагагічнага савета, што часта характэрна для традыцыйных, мы нашым педагагiчным саветам стараемся надаць сучасны выгляд. Па сваёй структуры педагагічны савет уключае аналіз выканання рашэнняў папярэдняга педсавета і асноўны даклад па гэтай праблематыцы. Як правіла, гэта праца адміністрацыйнага звяна. Намеснік дырэктара коратка, лаканічна выкладае сутнасць пытання і знаёміць удзельнікаў педагагічнага савета з вынікамі праведзенай работы. Даклад з аналізам суправаджаецца прэзентацыяй, відэаролікам і іншымі інфармацыйнымі сродкамі. Далей надыходзіць час абмеркавання даклада, якое часцей за ўсё праходзіць у інтэрактыўнай форме.

Тут мы можам падзяліцца вопытам выкарыстання тэхналогіі “Савет-семінар”. Так, у мінулым годзе адбылося пасяджэнне педагагічнага савета па тэме “Роля дзіцяча-дарослага ўзаемадзеяння (педагог-навучэнец) у фарміраванні адказнасці за вынікі вучэбнай работы”. Было прадстаўлена некалькі майстар-класаў, дзе трансліраваўся вопыт работы па фарміраванні адказнасці за вынікі вучэбнай работы. Калектыву было прапанавана падзяліцца на тры групы, кожная з якіх наведала выбраны ім майстар-клас”, — працягвала намеснік дырэктара.

У мінулым навучальным годзе ў гімназіі прайшоў педагагічны савет па тэме “Карпаратыўная культура — аснова адукацыйнай палітыкі гімназіі”. Інтэрактыўная частка была праведзена ў форме “Савета-аўкцыёну”, дзе педагагічнаму калектыву быў прапанаваны шэраг праблемных пытанняў, якія тычацца далейшага развіцця карпаратыўнай культуры гімназіі. Педагогі прапаноўвалі свае ідэі па вырашэнні пастаўленых праблем. Напрыклад, сутнасць аднаго з заданняў складалася ў распрацоўцы дрэс-коду настаўніка па прынцыпе адмаўлення. Гэтае заданне выконвалі настаўнікі пачатковых класаў. У далейшым у праект рашэнняў была закладзена распрацоўка праекта кодэкса настаўніка гімназіі, што з’яўляецца свайго роду працягам кодэкса гімназіста.

“Выніковы аналіз (год і больш). На яго аснове вырашаюцца задачы, звязаныя з прагназаваннем магчымасцей развіцця. Гэта адлюстроўваецца ў складанні аналізу працы за год, складанні плана работы на будучы год, у рабоце выніковага педсавета. Аналіз вынікаў дзейнасці нашай установы структурна ўключае ў сябе аналіз метадычнай работы, выніковасці адукацыйнага працэсу, самакантролю, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, аналіз работы па матэрыяльна-тэхнічным і фінансавым забеспячэнні гімназіі, высновы, вызначэнне адзінай тэмы і задач на будучы год”, — падвяла вынікі свайго выступлення Ірына Уладзіміраўна Чарнова.

Менавіта сістэмны аналіз дзейнасці навучальнай установы, пастаянны ўнутраны кантроль дазваляюць развівацца і рухацца наперад. І, як заўважыла дырэктар 1-й сталічнай гімназіі, за прафесійным развіццём педагога стаіць рост вучня. І сёння гэта не аспрэчыш.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Эмацыянальнасць, інклюзіўнасць і рэгіянальны каларыт

Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

З 15 лістапада па 15 снежня праходзіў трэці (заключны) этап VІ Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Урачыстая цырымонія закрыцця конкурсу з узнагароджаннем пераможцаў і намінантаў прайшла заўчора ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

У прывітальным слове Раіса Станіславаўна падкрэсліла: “Педагогі спецыяльнай адукацыі не толькі ўмела перадаюць свае веды дзецям, зацікаўліваюць іх, але і дораць ім сваю дабрыню. Хацелася б адзначыць ваш унікальны прафесіяналізм. Працуючы з дзецьмі, якім патрэбны асаблівая методыка, індывідуальны падыход, вы разумееце, што традыцыйных форм работы недастаткова, што трэба шукаць новыя ідэі. Спадзяюся, што гэты конкурс з часам стане конкурсам сучасных тэхналогій у інклюзіўнай адукацыі”.

У склад журы мерапрыемства ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, НІА і АПА. Старшыня журы начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Антаніна Міхайлаўна Змушко адзначыла: “Конкурсу ўжо 13 гадоў, ён праводзіцца адзін раз у тры гады, каб педагогі маглі назапасіць і абагульніць вопыт выкарыстання педагагічных тэхналогій. Мянялася назва конкурсу, падыходы да яго арганізацыі, але многае заставалася пастаянным. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства, установы адукацыі кожны раз прымаюць удзел у ім, выходзяць у фінал і перамагаюць. Напрыклад, усе пераможцы мінулага конкурсу ўдзельнічалі і ў сёлетнім.

Мерапрыемства з’яўляецца магчымасцю для нас, членаў журы, супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, убачыць і ацаніць канкрэтнага педагога, зразумець узровень яго прафесіяналізму і сутнасць тых праблем, якія паўстаюць перад ім. Многія канкурсанты прадставілі праекты, якіх нам сёння не хапае, — вучэбна-метадычнае забеспячэнне спецыяльнай адукацыі, праграмы карэкцыйных заняткаў, вучэбных і метадычных дапаможнікаў, якія ўжо апрабаваны ў адукацыйным працэсе і заслугоўваюць таго, каб іх разгледзець пасля адпаведнай дапрацоўкі для прысваення грыфа Міністэрства адукацыі. У гэты раз мы змянілі фармат прадстаўлення конкурсных работ. Яны прэзентаваліся ў форме стэндавых дакладаў. І сёння ў кожнай вобласці вызначаны лепшы стэндавы даклад. Сёлета многія работы змяшчалі вынікі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, якую праводзіць Міністэрства адукацыі. Яны тычыліся і тэхналогій інклюзіўнай адукацыі, і работы рэсурснага цэнтра, і работы са слепаглухімі дзецьмі”.

Прааналізавала конкурсныя распрацоўкі і член журы вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА Таццяна Віктараўна Лісоўская: “Вельмі ўразіла разнастайнасць і актуальнасць інфармацыі, якую данеслі да нас педагогі. Адзначу, што большасць конкурсных работ мае ярка выяўлены прыкладны характар і адпавядае паняццю “адукацыйныя тэхналогіі”. Можна вылучыць ключавыя словы, якія характарызуюць работы канкурсантаў: навізна, інтэрактыўнасць, узаемадзеянне, пераемнасць, міждысцыплінарнасць. Некаторыя педагогі прадставілі добрыя напрацоўкі па псіхалогіі і нейрапсіхалогіі, сацыяльнай педагогіцы, тэхналогіі дыстанцыйнага навучання, адукацыйных кампетэнцыях, хмарных тэхналогіях. Адзначу і недахопы. У прыватнасці, у самым пачатку работ у тэарэтычных абгрунтаваннях змяшчалася інфармацыя не аб навуковых падыходах, якія выкарыстоўвалі педагогі пры падрыхтоўцы праектаў, а ішла размова пра асаблівасці пэўнай катэгорыі дзяцей, пра ўмовы работы з імі. Не заўсёды вырашаліся і задачы, заяўленыя ў пачатку распрацовак. Недастаткова правільным быў таксама дыягнастычны інструментарый. Часам аўтары карысталіся абагульненымі крытэрыямі: высокі, сярэдні, нізкі ўзроўні, або першы, другі, трэці ўзроўні, і не заўсёды было зразумела, што яны мелі на ўвазе. Сустракаліся і чыста матэматычныя памылкі, напрыклад, пры падсумоўванні працэнтаў некаторых даных не атрымліваліся належныя сто працэнтаў”.

Пераможцы конкурсу былі вызначаны ў намінацыях “Тэхналогіі інклюзіўнай адукацыі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі ранняга ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннямі зроку”, “Тэхналогіі работы з дзецьмі з парушэннем слыху”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, “Тэхналогіі работы з сям’ёй”, “Тэхналогіі сацыялізацыі”, “Тэхналогіі планавання”, “Тэхналогіі эфектыўнага навучання”, “Тэхналогіі дыстанцыйнага навучання”, “Тэхналогіі аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі”, “Тэхналогіі выхаваўчай работы”, “Тэхналогіі праектнай дзейнасці”.

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы з рук намесніка міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. На трэцім месцы за работу “Тэхналогія ранняга суправаджэння кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю ва ўмовах рэсурснага цэнтра” аказаўся аўтарскі калектыў (Таццяна Іванаўна Куцэнка, Ксенія Сяргееўна Бярозкіна, Вольга Мікалаеўна Гайдук) спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. Другое месца заняла работа “Псіхалагічная дапамога і сацыяльна-педагагічная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі” Слуцкага раённага ЦКРНіР (Ала Юр’еўна Капская, Іна Іванаўна Лукашэвіч). Першае месца заваявала работа “Тэхналогія індывідуалізацыі працэсу навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці” аўтарскага калектыву (Наталля Сцяпанаўна Ласкевіч, Уладзімір Іванавіч Барысаў) Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Пераможцамі сярод упраўленняў адукацыі за лепшую падрыхтоўку да конкурсу сталі ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (3-е месца), камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама (2-е месца) і ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама (1-е месца).

Удзельнікаў конкурсу павіншавалі творчымі выступленнямі на сцэне навучэнцы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху, Слуцкага раённага ЦКРНіР, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, а таксама выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя

“Насустрач кампетэнцыям ХХI стагоддзя!” — пад такім дэвізам на мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў міжнародны навукова-практычны семінар “Выкарыстанне стратэгій актыўнага навучання для развіцця функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў”. Мерапрыемства прайшло пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і сакратарыята праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы Pestalozzi.

Мэтамі семінара былі прасоўванне іміджу Рэспублікі Беларусь і нацыянальнай сістэмы адукацыі ў міжнародную адукацыйную прастору, пашырэнне супрацоўніцтва па еўрапейскіх праграмах у сферы дадатковай адукацыі дарослых, дэманстрацыя і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У рабоце міжнароднага семінара прынялі ўдзел педагагічныя работнікі з 11 краін: Балгарыі, Венгрыі, Латвіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Турцыі, Францыі, Эстоніі, а таксама кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Першы прарэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі каардынатар праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійных абменаў Савета Еўропы Pestalozzi Людміла Георгіеўна Тарусава азнаёміла замежных гасцей з асаблівасцямі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

У Мінскім абласным ліцэі ўдзельнікі семінара на практыцы азнаёміліся з вопытам метадычнага канструявання адкрытай адукацыйнай прасторы, арыентаванай на фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў, перш за ўсё грамадзянскасці, адказнасці і здольнасці да паспяховай самарэалізацыі ва ўмовах зменлівага грамадства.

Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Пазнякова, адукацыйная прастора Мінскага абласнога ліцэя рэалізоўвае прынцыпы індывідуалізацыі (тэхналогію цьютарскага суправаджэння адоранасці), халістычнай адукацыі (паводле Джона Мілера), мабільнага навучання (сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі), а таксама традыцыйныя формы і метады навучання.

У ліцэі даўно выкарыстоўваецца ідэя халістычнага мыслення, якое заснавана на ўменні і здольнасці бачыць сувязь розных прадметаў школьнага цыкла, а таксама з’яў жыцця, прыроды і культуры. Ліцэісты актыўна і паспяхова займаюцца навуковай і даследчай дзейнасцю, вынікі якой высока ацэньваюцца як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Напрыклад, даследчая работа-праект “Новы тып крыла” ў трактоўцы Increasing wing lift for safer landing прадстаўлялася на Intel ISEF у Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША). У гэтым даследаванні свае ідэі рэалізоўвалі навучэнцы ліцэя Віктар Беляўцоў, Мікіта Сыраватнікаў і Алег Карабко.

“На пытанне “Што патрабуецца ад школы?” у дакладзе Сусветнага навуковага таварыства даецца адказ: “Развіты розум, імкненне вучыцца і здольнасць прымяняць веды на практыцы — вось ключ да нашай будучыні”. Разам з трыма асноўнымі кампетэнцыямі, якія павінна фарміраваць у вучняў сучасная школа, асабліва хочацца вылучыць здольнасць да самаадукацыі. Паспяховая яе выпрацоўка будзе немагчыма, калі ў дзіцяці адсутнічае вопыт вядзення навукова-даследчай работы”, — заўважыла Алена Уладзіміраўна Пазнякова.

Для таго каб удзельнікі семінара змаглі пагрузіцца ў вучэбны працэс ліцэя, яго настаўнікі падрыхтавалі цэлую галерэю адкрытых урокаў.

Над распрацоўкай інтэграванага ўрока біялогіі, фізікі і беларускай літаратуры “Амбівалентны характар балота: біялагічны, фізічны і літаратурны аспекты” працавалі Л.М.Кавалеўская, В.А.Званцова, В.Д.Скіба. Урок з’яўляецца рэалізацыяй халістычнай адукацыі на трансдысцыплінарным узроўні. Гэта значыць, настаўнік і вучні аб’ядноўваюцца вакол пэўнай грамадска значнай праблемы і разглядаюць яе ў фармаце 3D. У гэтым выпадку тэмай урока сталі балоты — нязменны складнік прыроднага ландшафту Беларусі, ці, як іх яшчэ называюць, лёгкія Еўропы.

Цікавым атрымаўся ўрок нямецкай мовы “Фальклорны вобраз ката ў дыялогу культур”. “Адным з важных напрамкаў работы на факультатыўных занятках па нямецкай мове з’яўляецца напісанне з навучэнцамі работ даследчага характару. Практычныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў далейшым на ўроках. Урок прысвечаны параўнальнаму аналізу канцэпта “кот — котка” на матэрыялах фальклорных твораў.

У сучасным свеце мы павінны імкнуцца разумець іншыя культуры. Менавіта фальклорныя творы змяшчаюць у сабе інфармацыю аб традыцыях, звычаях і асаблівасцях побыту любога народа”, — расказала пра свой урок А.І.Дубоўская.

Урок геаграфіі “Харчовая праблема” праводзіла Л.Г.Альгамец. “Сучаснае грамадства жыве ва ўмовах пастаянных змен каштоўнасцей і ідэалаў, неадназначнасці жыццёвага выбару. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае мэтанакіраваная работа школы па фарміраванні ў падрастаючага пакалення цэласнага погляду на свет і месца чалавека ў гэтым свеце.

Прадстаўлены праграмны ўрок грунтуецца на інтэграцыі школьных дысцыплін, што дазваляе ўсебакова разгледзець аспекты харчовай праблемы, выкарыстоўваючы веды з англійскай мовы, матэматыкі, грамадазнаўства, біялогіі. На занятках кожны вучань быў уцягнуты ў актыўны пазнавальны працэс, які дапамагаў выразна ўсведамляць: думай глабальна, а дзейнічай лакальна”, — адзначыла Людміла Георгіеўна.

Урок беларускай літаратуры “Ці патрэбна нам “Мова”? Зрабі свой выбар” прадстаўляла Н.В.Лянкевіч. “Урок праводзіўся ў форме дзелавой гульні — прэзентацыі навуковага доследу “Прытчавасць рамана Віктара Марціновіча “Мова” (вопыт навуковага доследу)”. Гэты ўрок — імітацыя абароны дысертацыі. Літаратура апошніх дзесяцігоддзяў імкнецца да філасофскіх абагульненняў, да разумення быцця чалавека, што ў сваю чаргу прывяло да з’яўлення ў літаратуры такой з’явы, як прытчавасць. “Мова” — раман пра Беларусь без Беларусі. Народ, які страціць сваю мову, сваю культуру, асуджаны на выраджэнне. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі на зямлі зніклі мовы, а ўслед за імі — іх носьбіты. Раман “Мова” — яркае таго пацвярджэнне. Гэта твор, які чарговы раз у іншасказальнай форме прымушае задумацца над глабальнымі праблемамі чалавецтва”, — пракаменціравала свой выбар настаўніца.

“Наш урок “Вывучэнне маральных каштоўнасцей на прыкладзе філасофскіх катэгорый свабоды і шчасця” праводзіўся зыходзячы з халістычнага прынцыпу навучання на аснове французскай мовы і грамадазнаўства ў 9, 10 і 11 класах. Навучэнцы паспрабавалі самастойна вызначыць паняцці “свабода” і “шчасце”, высветліць іх значэнне для сябе”, — адзначылі В.В.Шыманоўская і І.В.Нікіцінская.

* * *

На працягу двух дзён з удзельнікамі працавалі трэнеры. З беларускага боку ў іх ролі выступалі прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі і начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Уладзіміраўна Радзевіч, а таксама трэнер Савета Еўропы Баяна Галубовіч з Сербіі.

Трэнінг М.І.Запрудскага быў на тэму “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання”. “Такая тэма была вызначана таму, што тэхналогія актыўнай ацэнкі мае вялікі патэнцыял фарміравання ў вучняў ведаў і прадметных уменняў, павышэння вучэбнай матывацыі і адказнасці за асабістае навучанне. Яна скіравана таксама на фарміраванне ў вучняў кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, што адпавядае тэме семінара”, — патлумачыў Мікалай Іванавіч.

Ён таксама адзначыў, што гэтая тэхналогія блізкая да той, якая ў многіх краінах Еўропы вядома пад назвай Formative Assessment. У беларускім варыянце яна мае свае асаблівасці, таму на першых семінарах, якія ў 2009 годзе праводзілі ў Мінску педагогі з Польшчы, была прынята іншая назва — актыўная ацэнка (АА).

Паколькі АА мае сістэмны характар і за абмежаваны час немагчыма вывучыць усе метады і сродкі тэхналогіі, М.І.Запрудскі арганізаваў работу па двух істотных кампанентах: тэхніцы работы з мэтамі і рабоце настаўніка і вучняў з пытаннямі на ўроку.

На прыкладах было паказана, як беларускія настаўнікі фармулююць мэты пры падрыхтоўцы да ўрокаў:

• фактычна, настаўнік піша не мэту, а дэкларуе свае намеры, указваючы на тое, што сам збіраецца рабіць на ўроку;

• навучэнцы часта не ведаюць мэты, навошта яны сядзяць на ўроку, бо настаўнік не агучвае яе;

• у класе не параўноўваецца тое, чаму будзем вучыцца і чаму навучыліся.

Далей, па просьбе Мікалая Іванавіча, удзельнікі семінара расказалі, як арганізоўваецца работа з мэтамі ў іх школах. Працуючы ў групах па 4—5 чалавек, удзельнікі распрацавалі спісы правіл работы з мэтамі, прычым правілы павінны былі максімальна працаваць на фарміраванне кампетэнцый нашага стагоддзя. У канцы трэнер прапанаваў і пракаменціраваў свой спіс правіл, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў нашай краіне тымі настаўнікамі, якія валодаюць і прымяняюць АА.

Аналагічна ажыццяўлялася работа па такім кампаненце АА, як пастаноўка пытанняў. Групы ўдзельнікаў семінара распрацоўвалі адпаведныя правілы, якія потым прадстаўлялі і тлумачылі прысутным. “Калі настаўнік кіруецца гэтымі правіламі, то павышаецца актыўнасць дзяцей, развіваюцца іх камунікатыўныя здольнасці, крытычнасць і крэатыўнасць, адказнасць, уменні бачыць і фармуляваць праблемы. Актуальнасць гэтых кампетэнцый не выклікае сумненняў.

Такім чынам, і педагогі з Беларусі, і замежныя госці атрымалі новыя веды па АА, паглыбліся ў два істотныя кампаненты гэтай тэхналогіі, павысілі сваю педагагічную кампетэнтнасць, а таксама атрымалі адукацыйныя прадукты, якія, хочацца спадзявацца, будуць выкарыстоўвацца ў нашай краіне і за яе межамі”, — рэзюмаваў М.І.Запрудскі.

Алена Уладзіміраўна Радзевіч на сваім трэнінгу засяродзілася на развіцці крытычнага мыслення, якое беларускія педагогі даўно развіваюць у навучальных установах. Разам з удзельнікамі семінара яна шукала адказ на пытанне “Што такое крытычнае мысленне сёння?”.

“Іншым разам паводзіны вучняў прымушаюць задумацца над тым, што нешта мы робім не так. Напэўна, у сувязі з вялікім інфармацыйным цяжарам, які сёння адчувае кожны з нас, змяніліся падыходы да фарміравання крытычнага мыслення. Гэтае паняцце патрабуе пераасэнсавання. Спроба гэта зрабіць і лягла ў аснову майго трэнінгу”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

А.У.Радзевіч разглядала стратэгіі развіцця крытычнага мыслення ў сучаснай школе, у прыватнасці такія метады, як “Мазгавы штурм”, “Актыўная ацэнка”, “Работа з візуальнымі выявамі”.

Баяна Галубовіч у сваім выступленні, прадстаўляючы праграму Савета Еўропы Pestalozzi, звярнула ўвагу на інструменты, якія яна выкарыстоўвае для павышэння кваліфікацыі і прафесійнай мабільнасці еўрапейскіх педагогаў. Затым Баяна правяла два трэнінгі. Адзін быў прысвечаны кампетэнцыі ХХІ стагоддзя — фарміраванню здольнасці вучыцца на працягу жыцця, а другі — прынцыпам і стратэгіі навучання на працягу жыцця. Абодва трэнінгі былі заснаваны на адчуваннях і пачуццях яго ўдзельнікаў і накіраваны на развіццё індывідуальнага светаадчування, развіццё творчых здольнасцей у групе. Жаданне вучыцца ўзнікае ў кожнага, і ажыццявіць яго можна ў мікра- ці макракалектыве. Галоўнае — мець матывацыю, якая грунтуецца на пачуццях “хачу” або “не буду”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Якасць — у эфектыўнасці сумесных дзеянняў

На базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў семінар, прысвечаны дзейнасці ўстаноў адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе ў разрэзе арганізацыйна-педагагічных і навукова-метадычных аспектаў. Семінар быў праведзены па выніках першай чвэрці, што дало магчымасць зрабіць прамежкавы кантроль і намеціць кірункі далейшага развіцця і ўдасканалення сістэмы.

У рабоце семінара ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі, начальнікі абласных упраўленняў адукацыі. Мерапрыемства прайшло пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка.

Як пасля адзначыла Раіса Станіславаўна, такая форма ўзаемадзеяння, нягледзячы на новы фармат, з’яўляецца плённай, бо дае магчымасць не толькі акрэсліваць праблемы, але і аператыўна прымаць неабходныя рашэнні. У сувязі з гэтым практыка правядзення падобных семінараў працягнецца і далей.

* * *

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Святлана Васільеўна Уклейка засяродзілася на праблемных момантах арганізацыі працэсу навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе. Першым пытаннем стала забяспечанасць школьнікаў падручнікамі. Святлана Васільеўна адзначыла, што аналіз гэтага пытання на пачатак 2016/2017 навучальнага года паказаў, што па ўсіх пазіцыях тыраж падручнікаў перавышае кантынгент навучэнцаў. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў цэлым у рэспубліцы і ў рэгіёнах дастатковай колькасці падручнікаў і магчымасці іх пераразмеркавання з улікам патрэб канкрэтных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Падчас першых месяцаў навучання ўзнікалі пытанні, якія тычацца арганізацыі бяспекі адукацыйнага працэсу, таму С.В.Уклейка нагадала, што ўсе адказы на такія пытанні выкладзены ў адпаведным Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі ад 23 жніўня 2016 года “Аб арганізацыі работы па прафілактыцы дзіцячага траўматызму падчас адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе”. Задача органаў кіравання адукацыяй і адміністрацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — забяспечыць пастаянны кантроль за няўхільным выкананнем патрабаванняў усіх нарматыўных прававых актаў і інструктыўна-метадычных пісьмаў.

“Не спыняюцца шматлікія вусныя і пісьмовыя звароты па пытаннях збору грошай з бацькоў, — працягвала Святлана Васільеўна. — У 2015 годзе быў загад міністра адукацыі аб абавязковым размяшчэнні на галоўных старонках афіцыйных сайтаў органаў кіравання адукацыяй на ўсіх узроўнях, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі інфармацыі аб дзейнасці папячыцельскіх саветаў. У жніўні быў праведзены аналіз усіх сайтаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, у выніку чаго было выяўлена, што частка з іх загад не выканала.

Інфармацыя пра невыкананне загаду была ўключана ў аналітычныя запіскі аб стане развіцця рэгіянальных сістэм адукацыі да пачатку навучальнага года. У лістападзе 2016 года будзе праведзены аналіз сайтаў устаноў адукацыі па гэтым пытанні. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі падрыхтавала праект пастановы аб унясенні змяненняў у палажэнні аб бацькоўскім і папячыцельскім камітэтах у частцы размежавання функцый названых органаў самакіравання.

Акрамя таго, у 2017 годзе запланавана вывучэнне дзейнасці органаў кіравання адукацыяй і кіраўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі за станам і эфектыўнасцю ўнутранага кантролю ва ўстановах адукацыі з наступным разглядам вынікаў гэтага кантролю на пасяджэнні калегіі міністэрства”.

* * *

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік спыніўся на абнаўленні зместу агульнай сярэдняй адукацыі, якое рэалізоўвае прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені і профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

У цяперашні час абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны прайшлі працэдуры экспертызы і шырокага грамадскага абмеркавання (на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскага гарадскога і абласнога інстытутаў развіцця адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, асобныя праграмы — у БДУ, Нацыянальнай акадэміі навук).

Сяргей Аляксандравіч пералічыў найбольш істотныя змены ў абноўленых вучэбных праграмах:

1. Узмоцнена практыкаарыентаванасць зместу адукацыі пры захаванні яго фундаментальнасці. У абноўленым змесце адукацыі закладваецца аснова для авалодання вучнямі практычнымі ўменнямі і навыкамі, спосабамі дзейнасці, гатоўнасцю прымяняць атрыманыя веды, сфарміраваныя ўменні і кампетэнцыі ў штодзённай практыцы, у розных жыццёвых сітуацыях. Гэта знаходзіць адлюстраванне як у адборы зместу адукацыі, так і ў прад’яўленні патрабаванняў да ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый.

2. Вучэбныя праграмы перагледжаны з пункту погляду пераемнасці і ўзмацнення міжпрадметных сувязей, што будзе спрыяць аблягчэнню засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі, выключэнню дубліравання аднаго і таго ж вучэбнага матэрыялу ў вучэбных праграмах па сумежных прадметах, эканоміі вучэбнага часу на адпрацоўку практычных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці, кампетэнцый. У гэтых мэтах, напрыклад, вучэбныя праграмы па фізіцы праходзілі праз абмеркаванне на секцыі матэматыкі навукова-метадычнага савета, праграмы па матэматыцы абмяркоўваліся на секцыях фізікі, хіміі, інфарматыкі. Такое перакрыжаванае абмеркаванне адбылося па ўсіх вучэбных праграмах.

3. Сфарміраваны адносна завершаны змест вучэбных праграм 5—9 класаў, бо навучэнец, які скончыў 9 класаў, павінен асвоіць асноўны змест вучэбнага прадмета, неабходны яму для паспяховай сацыялізацыі і далейшага працягу адукацыі. Зроблена неабходнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж другой і трэцяй ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі.

4. У праграмах для 10—11 класаў змест адукацыі прадстаўлены на 2 узроўнях: базавым (абавязковы неабходны мінімум) і павышаным.

5. Аптымізаваны ўзровень даступнасці вучэбнага матэрыялу. Аб’ём вучэбнага матэрыялу прыведзены ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, якія адводзяцца на яе вывучэнне, а таксама з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі вучняў.

6. Паменшаны аб’ём тэарэтычнага матэрыялу, частка яго перанесена на практычны ўзровень засваення.

7. Выключана складаная тэрміналогія.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны выкарыстоўваюцца абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—2, 5—6, 10—11 класаў. Варта адзначыць, што ў 10—11 класах пакуль дзейнічаюць пераходныя вучэбныя праграмы базавага і павышанага ўзроўняў. Цалкам абноўлены цыкл вучэбных праграм з 1 па 11 клас будзе ўкаранёны да 2021/2022 навучальнага года.
Абноўленыя вучэбныя праграмы патрабуюць адпаведнай вучэбнай літаратуры. З 1 верасня 2015 года Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіць конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Конкурс праводзіцца паэтапна. З 1 верасня 2015 года па 1 лістапада 2016 года быў праведзены конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1—3, 5—7 класаў. Па 18 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, па 18 — аўтарскія калектывы дзеючых вучэбных дапаможнікаў, па 10 — аўтарскія калектывы, у якіх аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі.

У цяперашні час праводзіцца конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 4 і 8 класаў (гэта вучэбныя дапаможнікі, якія павінны быць выдадзены да 2018/2019 навучальнага года).

* * *

“У Рэспубліцы Беларусь набліжаецца да завяршэння пачатая ў канцы 2014 года акрэдытацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміў дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Уладзімір Мацвеевіч Здановіч. — Нягледзячы на тое, што па Мінску яна яшчэ не завершана, ужо цяпер можна зрабіць выснову, што ў цэлым дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адпавядае заканадаўству аб адукацыі, адукацыйным стандартам і вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм”.

Разам з тым Уладзімір Мацвеевіч спыніўся на некаторых (выяўленых у ходзе акрэдытацыі) парушэннях, а таксама праблемных пытаннях. Найперш ён адзначыў, што школы ў асноўным забяспечаны кадрамі. Сістэмных прэтэнзій да работы настаўнікаў не выяўлена. У большасці школ працуюць адукаваныя старанныя педагогі, тыя, хто любіць дзяцей і свой прадмет. Павялічылася колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй. Але патэнцыял для прафесійнага росту ёсць, таму ў кожнай школе павінны паклапаціцца пра рэалізацыю гэтага патэнцыялу.

У прыватнасці, як заўважыў У.М.Здановіч, не павiнна заставацца па-за ўвагай кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўнікаў. “Асобныя з іх грашаць нізкім накапленнем ад знак. Асабліва гэта заўважна ў канцы чвэрці. Пры гэтым сцвярджаюць, што вядуць асобны сшытак, у які ставяць адзнакі амаль за кожны ўрок кожнаму вучню. Тлумачаць так: каб не псаваць журнал, а ў канцы чвэрці акуратна выставіць у яго адзнакі. Такія дзеянні з’яўляюцца грубым парушэннем правіл ацэньвання навучэнцаў і нават могуць быць аднесены да карупцыйных.

Шчыра адзначым, што мы яшчэ не сустрэлі школу, гімназію або ліцэй, у якіх не было б парушэнняў у вядзенні і афармленні дакументацыі. Навесці парадак у гэтым пытанні можна толькі шляхам вывучэння педагагічнымі работнікамі вядомай усім Інструкцыі па справаводстве, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі, а таксама пісьма Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі “СТБ. Патрабаванні да афармлення дакументаў” і патрабавання безумоўнага іх выканання падначаленымі”, — адзначыў Уладзімір Мацвеевіч.

Акрамя таго, кіраўнікам устаноў адукацыі варта звярнуць асаблівую ўвагу настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя на неабходнасць уліку рэкамендацый педыятра (урача агульнай практыкі) пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Увага прысутных была засяроджана і на арганізацыі харчавання, якое ў большасці ўстаноў арганізавана на належным узроўні. Парушэнні звязаны пераважна са зносам кухоннага абсталявання ці незабеспячэннем ім, невыкананнем работнікамі харчаблокаў устаноўленых абавязкаў, патрабаваннямі асабістай гігіены і г.д. А вось з медыцынскім абслугоўваннем ёсць праблемы. “Усюды з боку органаў аховы здароўя на працягу школьнага дня яно з’яўляецца кароткачасовым, а ў суботні дзень адсутнічае наогул. Хоць, як вы ведаеце, менавіта гэты дзень павінен быць запоўнены мерапрыемствамі спартыўнай і працоўнай накіраванасці, якія з’яўляюцца найбольш траўманебяспечнымі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, вырашэнне якой патрабуе намаганняў усяго грамадства”, — зазначыў У.М.Здановіч.

* * *

Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Міхайлаўна Аўласцова падзялілася некаторымі вынікамі маніторынгу чытацкай пісьменнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Маніторынг праводзіцца 2 гады, у ім прымаюць удзел навучэнцы 5 і 8 класаў. У двух этапах даследавання прыняло ўдзел каля 9000 рэспандэнтаў (3478 навучэнцаў, 3349 бацькоў навучэнцаў і 2084 педагогаў).

Як заўважыла Алена Міхайлаўна, выбар класаў для даследавання невыпадковы. 5 класы — бо да моманту заканчэння пачатковай школы і пераходу ў базавую школу навучэнцы павінны авалодаць чытаннем да такой ступені, каб яно стала сродкам іх далейшага навучання, а 8 клас — бо яны павінны быць гатовы вучыцца ва ўмовах узрастання аб’ёму вучэбнай інфармацыі.

Аналіз вынікаў маніторынгу за 2 гады дазволіў вылучыць наступныя тэндэнцыі, характэрныя як для вучняў 5-х, так і 8-х класаў:

Навучэнцы больш паспяхова выконваюць заданні на праверку ўмення знаходзіць інфармацыю, зададзеную ў відавочным выглядзе, менш паспяхова — заданні на праверку ўмення інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю тэксту; найбольш складанымі сталі заданні, якія правяраюць уменне аналізаваць і ацэньваць інфармацыю.

Большасць памылак навучэнцаў звязана з няўменнем уважліва (удумліва) чытаць тэкст і пастаянна звяртацца да яго ў пошуках адказу на пастаўленае пытанне; знаходзіць у тэксце адзінкі інфармацыі, аб’яднаныя агульнай тэмай; фармуляваць лагічныя высновы на аснове інфармацыі, прыведзенай у тэксце, набытых ведах і ўласным вопыце; вылучаць асноўную і другарадную інфармацыю.

З кантрольнай работай лепш справіліся навучэнцы з сем’яў, у якіх любяць чытаць як бацькі, так і дзеці. Пры гэтым варта адзначыць, што на паспяховае выкананне кантрольнай работы таксама аказалі ўплыў такія фактары, як актыўнае ўцягванне бацькоў у чытанне дзіцяці, падрыхтоўка бацькамі дзяцей да школы і наведванне дзецьмі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Аналіз вынікаў анкетавання педагогаў па пытанні арганізацыі навучання чытанню паказаў, што большасць з іх удзяляюць дастаткова ўвагі фарміраванню чытацкіх уменняў: актыўна выкарыстоўваюць розныя віды дзейнасці, адпрацоўваюць чытацкія ўменні вучняў на вучэбных занятках. Існуе думка, што якасць чытання вучняў залежыць ад колькасці гадзін, адведзеных на ўрокі чытання і літаратуры. Аднак варта адзначыць, што па выніках міжнародных даследаванняў якасці чытання не выяўлена строгай заканамернасці паміж колькасцю гадзін, адведзеных на навучанне чытанню, і вынікамі краін.

Так, у Злучаных Штатах Амерыкі на навучанне чытанню ў год адводзіцца 246 гадзін, на Тайвані — 65 гадзін, а вынікі навучэнцаў гэтых краін у даследаванні PIRLS-2011 прыкладна аднолькавыя (5 і 7 месца адпаведна з 49 краін, якія прымалі ўдзел у даследаванні). У Расіі на навучанне чытанню ў пачатковай школе адводзіцца 130 гадзін у год, па выніках міжнароднага даследавання PIRLS-2011 яна займае 2 месца. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што важна не колькасць часу, адведзеная на навучанне чытанню, а эфектыўнасць яго выкарыстання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

У асяроддзі медыйнай культуры

Уключэнне ў інавацыйны рэжым для калектыву гімназіі № 1 Пінска імя Ф.Я.Перца стала абсалютна заканамернай з’явай. Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Аляксандра Анатольеўна Івашэвіч, да гэтага падштурхнуў прафесіяналізм педагогаў. А тэма “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” зачапіла сваёй надзённасцю. Інавацыю ў сваю навучальную ўстанову з Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прывёз дырэктар гімназіі Алег Анатольевіч Засім.

Цяпер Алег Анатольевіч — кіраўнік інавацыйнага праекта і ідэйны натхняльнік для свайго калектыву. Ідэю дырэктара падхапілі адразу, дружна павучыліся на курсах “Медыяэкспрэс”, і з 2015/2016 навучальнага года калектыў гімназіі працуе ў інавацыйным рэжыме.

Асноўнай прычынай звароту менавіта да медыяадукацыі і медыякультуры стала наяўнасць вялікай колькасці самых розных гаджэтаў у гімназістаў. Педагагічны калектыў вырашыў пераламаць сітуацыю і накіраваць энергію сваіх навучэнцаў, узмоцненую сучаснымі смартфонамі, планшэтамі і камп’ютарамі, у больш плённае рэчышча, чым гульні. А менавіта ў вучэбны працэс.

У інавацыйнай групе працуюць педагогі розных узростаў і педагагічных традыцый, што, безумоўна, уплывае на ўсіх удзельнікаў калектыву, бо калі побач твой калега свабодна карыстаецца воблачнымі тэхналогіямі, стварае квест-гульні, то гэта стымулюе да самаўдасканалення і цябе. Акрамя таго, праект праз мерапрыемствы ахоплівае куды больш дзяцей і настаўнікаў, чым першапачаткова планавалася. Напрыклад, у гімназіі ёсць класныя кіраўнікі, якія афіцыйна не ў праекце, але ў праекце вучні іх класаў, таму ўскосна яны таксама маюць дачыненне да інавацыі.

А калі ў гімназію прыязджаюць медыяадукатары з іншых краін, то, натуральна, у такіх сустрэчах прымаюць удзел як мага больш настаўнікаў, бо гэта цікава, павучальна і мае дачыненне да кожнага.

“Адным з кірункаў мадэлі інавацыйнага праекта, якая рэалізуецца, з’яўляецца павышэнне медыякампетэнтнасці і медыядасведчанасці ўдзельнікаў праекта праз вочныя і завочныя дыстанцыйныя курсы, а таксама семінары. 29 верасня на базе нашай гімназіі адбыўся міжнародны навукова-практычны семінар з удзелам чэшскіх экспертаў у галіне медыяадукацыі. Тэмай сустрэчы стала “Медыяадукацыя як інавацыйная практыка і сродак развіцця крытычнага мыслення школьнікаў”.

“На семінары выступілі эксперты і каардынатары праграм Чэшскай Рэспублікі П.Данек, П.Марціноўскі, І.Бенеш. Яны расказвалі, як праз доўгатэрміновыя праекты ўкараняецца медыяадукацыйны кампанент у працэс навучання і выхавання ў пачатковай школе, а таксама ў старэйшым звяне на ўроках гісторыі.

На семінары былі і навуковыя кіраўнікі нашага інавацыйнага праекта. Гэта навуковы супрацоўнік лабараторыі сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі А.А.Палейка і начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.У.Радзевіч”, — расказаў дырэктар Алег Анатольевіч.

Першая гімназія Пінска дасягнула немалых поспехаў у практычнай рэалізацыі інавацыйнага праекта, што і паспрыяла прыняццю рашэння правесці міжнародны семінар менавіта на базе гэтай установы. У прыватнасці, для аператыўнага абмену інфармацыяй паміж членамі творчай групы, пастаяннага цеснага ўзаемадзеяння паміж сабой у гімназіі створана закрытая суполка “МедыяПерцы”. Тут размяшчаецца найбольш карысная інфармацыя аб інавацыйнай дзейнасці, абмяркоўваюцца праведзеныя мерапрыемствы, выкладваюцца і каменціруюцца конкурсныя матэрыялы, акрамя таго, настаўнікі дзеляцца карыснымі спасылкамі па тэме праекта.

“Падчас рэалізацыі праекта мы актыўна ўкараняем медыяадукацыйны кампанент у працэс навучання і выхавання. Так, у кастрычніку мінулага года ў гімназіі ў рамках праекта адбыўся восеньскі дабрачынны кірмаш. У ходзе кірмашу група навучэнцаў выступала ў ролі пачынаючых карэспандэнтаў і брала інтэрв’ю ў аднакласнікаў і настаўнікаў гімназіі. На свяце быў арганізаваны прагляд і падведзены вынікі конкурсу на лепшы відэаролік пра восень.

У канцы студзеня ў гімназіі адбылося ўрачыстае адкрыццё кінаклуба выхаднога дня. За час існавання кінаклуба пад кіраўніцтвам педагогаў-наватараў вучні змаглі праглядзець і абмеркаваць шмат цікавых і карысных кінафільмаў і мультфільмаў, якія развіваюць крытычнае мысленне навучэнцаў.

Настаўнікі англійскай мовы ў рамках пазакласнай работы па прадмеце правялі ток-шоу “У свеце рэкламы”. Гімназісты паказалі гасцям ток-шоу, як яны навучыліся аналізаваць рэкламныя ролікі, шукаць іх адмоўныя і станоўчыя бакі.

У рамках праекта ў медыйным фармаце адбылося яшчэ адно ток-шоу — “Школьная форма: за і супраць”. У ходзе падрыхтоўкі да мерапрыемства вучні бралі інтэрв’ю ў супрацоўнікаў магазіна “Калінка”, у якім рэалізуецца адзенне дзелавога стылю. Навучэнцы старшых класаў стварылі відэаролікі, у якіх уздымалася пытанне школьнай формы.

Мы шмат часу ўдзяляем рацыянальнаму выкарыстанню гаджэтаў у адукацыйным працэсе. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з А.А.Палейка, мы авалодалі праграмай Plickers, а таксама сістэмай QR-кодаў і актыўна выкарыстоўваем іх на вучэбных занятках і ў пазакласнай рабоце. Мяркую, што кожны з прысутных на семінары панёс з сабой нешта новае, цікавае і карыснае”, — падзяліўся Алег Анатольевіч.

* * *

Напэўна, адным з самых актыўных педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта, з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павел Іванавіч Лічэўскі. Лічыцца, што інфармацыйныя тэхналогіі толькі для маладых, але такое меркаванне памылковае. Яны для тых, хто імкнецца ісці ў нагу з часам і хоча быць цікавым і актуальным для сваіх вучняў. Павел Іванавіч якраз з такіх педагогаў.

“Медыядасведчанасць з’яўляецца неабходнай умовай для паўнавартаснага ўключэння асобы ў грамадскае жыццё. Як адзначае прафесар кафедры педагогікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі, пад медыядасведчанасцю беларускія педагогі разумеюць сукупнасць уменняў знаходзіць неабходную інфармацыю, яе аналізаваць, ацэньваць, а таксама ствараць свае медыяпаведамленні ў розных відах, жанрах і формах.

Я таксама паздзяляю такое азначэнне, і мая задача — спрыяць фарміраванню медыйна адукаванага маладога чалавека. А гэта значыць — з культурай зносін з медыя, выяўленымі творчымі і камунікатыўнымі здольнасцямі, развітым крытычным мысленнем, што забяспечвае аналіз, інтэрпрэтацыю і ацэнку медыятэкстаў.

З медыятэкстамі мы сустракаемся на кожным кроку. Перш за ўсё гэта рэклама, якая вельмі часта кідаецца нам у вочы. Мы з вучнямі аналізуем рэкламныя тэксты. Сродкам для нашага аналізу можа стаць любы рэкламны ролік. І калі мы аналізуем рэкламны ролік, то высвятляем, каму належыць пэўная крыніца інфармацыі, чаму ўладальнік укладвае ў яе грошы, каму яна адрасавана, што схавана за знешняй абалонкай гэтага паведамлення, а што ляжыць у аснове схаванага паведамлення, наколькі моцны ўплыў аказвае на наша светаўспрыманне рэклама і ўвогуле СМІ”, — пачаў нашу размову Павел Іванавіч.

Навучыўшыся крыху аналізаваць, педагог разам са сваімі вучнямі пачалі ствараць сваю рэкламу. Назвалі яе “Пінск — горад з вялікай літары” (так пра горад гаварыў Уладзімір Караткевіч). Спачатку былі праведзены двухгадзінныя заняткі, дзе дзеці пазнаёміліся з гісторыяй рэкламы, з моўнымі асаблівасцямі пабудовы рэкламных тэкстаў, стварылі слайды-памяткі па спецыфічных рысах рэкламы, патрабаваннях да яе, а затым вырашылі прарэкламаваць свой горад.

Для гэтага клас быў падзелены на 5 груп. Як заўважыў настаўнік, працавалі ў кабінеце інфарматыкі, бо патрэбен быў выхад у інтэрнэт. Шукалі матэрыял пра архітэктурныя славутасці Пінска — Езуіцкі калегіум, Францысканскі кляштар, касцёл Святога Карла Барамея, палац Мацея Бутрымовіча, Свята-Варварынскую царкву. Узялі альбомы ў бібліятэцы, некаторыя вучні прынеслі свае.

“Нашай задачай стала стварыць віртуальныя білборды. Кожная група стварала свой пра адзін з архітэктурных помнікаў. Да кожнага архітэктурнага помніка неабходна было прыдумаць характэрны слоган, напрыклад, да Францысканскага кляштара склалі такі: “Вера продкаў не згасла”, а да Езуіцкага калегіума, у якім цяпер знаходзіцца музей, — “Патрыярх пінскай даўніны — куфар багаццяў Палесся”, да касцёла Карла Барамея, у якім стаіць арган і ёсць музычная зала, — “Музыка і старажытнасць”. Акрамя таго, на кожным білбордзе размешчана кароткая інфармацыйна-гістарычная даведка. У выніку мы выканалі пастаўленую перад сабой задачу. Нашы віртуальныя білборды можна паглядзець у інтэрнэце”, — працягваў настаўнік.

Па меркаванні Паўла Іванавіча, стварэнне медыйных паведамленняў дазваляе сумяшчаць прыемнае з карысным — атрымліваць веды пра сродкі масавай інфармацыі, развіваць творчыя здольнасці, выказваць свой пункт погляду, атрымліваць асалоду ад творчага працэсу.

“Працуем мы і з экраннымі медыя. У інтэрнэце ёсць многа кароткіх ролікаў, і мы сваю ўвагу засяродзілі на кароткім фільме “Маленькі кавалачак крэйды”. Галоўны герой — хлопчык, які перажывае булінг. Яго зневажалі аднакласнікі, старэйшыя хлопцы, але галоўны герой пераадольвае ўсе цяжкасці і становіцца сапраўдным майстрам у сваёй любімай справе — танцах.

У час прагляду фільма аналізуем не толькі сюжэтную лінію і вобразы герояў, але адказваем на пытанні: што, акрамя сюжэтнай лініі, дапамагло выклікаць адпаведныя пачуцці? У якіх колеравых рашэннях створаны фільм? Чаму? Як пабудаваны кадр для кожнай жыццёвай сітуацыі? Што мы бачым у кадры? А што ў фокусе? Якая роля адводзіцца музыцы?

Звяртаем увагу на рух камеры, бо яна выконвае функцыю апавядальніка. Погляд камеры — гэта погляд чытача, бо глядач бачыць тое, што бачыць камера. Нядаўна прайшлі драму “Вечар” Аляксея Дударава. Прапанаваў вучням зрабіць інсцэніроўкі ўрыўкаў. Гэта было зроблена падчас урока ў класе, дзе вучні былі зноў падзелены на групы. Затым выбралі лепшыя інсцэніроўкі і цяпер спрабуем іх здымаць, а таму працуем над будовай кадра (што ў ім павінна быць, як мы ў ім сябе паводзім, для чаго, чаму).

Безумоўна, імкнёмся ствараць свае медыятэксты. У нас ёсць гімназічная газета “Мерыдыян”, куды пішам свае матэрыялы. Нядаўна ў нас прайшлі два значныя мерапрыемствы. Гэта сустрэча з чэшскімі медыяпедагогамі і акцыя “Чытаем па-беларуску з “Велкомам” з удзелам Аліны Талай і Юрыя Жыгамонта. Падчас першай і другой сустрэчы вучні 10-х класаў задавалі нашым гасцям пытанні. Цяпер дзеці іх апрацоўваюць”, — дзяліўся зместам сваёй інавацыйнай дзейнасці Павел Іванавіч.

У гэтым годзе ў гімназіі адважыліся на ўдзел у Міжнародным конкурсе эсэ і рэцэнзій на зададзены фільм “Па той бок экрана — 2016”. Вучаніца П.І.Лічэўскага Вераніка Буткевіч заваявала на ім 2-е месца. Яна пісала работу на фільм “Бен Ікс”. Гэта бельгійскі мастацкі фільм 2007 года пра маладога чалавека з сіндромам Аспергера. Вельмі цікавае кіно, таму мяркую, што Вераніка пісала захоплена.

“Калі гаварыць пра педагогаў-медыяадукатараў з Чэхіі, то заўсёды цікава сустракацца з тымі, хто любіць сваю прафесію і захоплена пра яе расказвае, — спыніўся на апошнім семінары Павел Іванавіч. — А з чэшскімі педагогамі сустракаюся ўжо другі раз (яшчэ была сустрэча з медыяадукатарам са Швецыі). Карысна тое, што яны менавіта практыкі, расказваюць і паказваюць тое, што рабілі і робяць самі.

Напрыклад, сустрэча са спецыялістам са Швецыі была карыснай інфармацыяй пра сістэму работы з экраннымі медыя (як яны ствараюць сваё школьнае тэлебачанне). Мы павучыліся стварэнню рэпартажу, рабоце з медыятэкстамі. У гэты раз да нас завіталі чэшскія настаўнікі пачатковых класаў і гісторыі. Настаўнік пачатковых класаў дзяліўся праектнымі метадамі работы, а настаўнік гісторыі паказваў, як яны працуюць з картамі, карыкатурамі. Гэтыя ж віды дзейнасці можна выкарыстаць і на ўроку літаратуры”.

Настаўнік павінен мяняцца разам з усім светам і ў будучыні бачыць не толькі праблемы, але і перспектывы, не скарацца новаўвядзенням, а актыўна выкарыстоўваць іх магчымасці і перавагі. Натаўніка вельмі добра ўспрымаюць, калі ён прыходзіць да вучняў з цікавымі прапановамі. Такімі думкамі падзяліўся ў канцы нашай размовы Павел Іванавіч. Для правядзення ўрокаў яму падабаецца звяртацца да інтэрнэт-рэсурсаў. Ён паспеў ужо асвоіць Plickers, QR-коды. І гэта толькі пачатак, які натхняе і яго калег.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Заўсёды на сувязі

Наталля Уладзіміраўна Котава — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска, педагог-псіхолаг, аспірант Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А яшчэ гэта цікаўны, неабыякавы і шчодры на эмоцыі чалавек.

Мой тэлефонны званок заспеў яе якраз пасля заканчэння мерапрыемства каля мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Яе настолькі перапаўнялі эмоцыі, што яна ніяк не магла спыніцца: гаварыла пра людзей, дзяцей, пра свае пачуцці, перажыванні і пажаданні. А калі зразумела, што гераіняй газетнага матэрыялу стане яна, то сумелася і сарамліва спытала: “А чым выклікана такая ўвага?”
Наталля Уладзіміраўна — двухразовы ўладальнік прэміі Мінгарвыканкама, трохразовы ўладальнік грантаў Мінгарвыканкама. У яе арсенале — больш за 50 публікацый. Пад яе кіраўніцтвам педагогі школы актыўна дзеляцца вопытам работы на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і семінарах. Сёння сярэдняя школа № 34 выпускае свае вучэбныя выданні.Адным з важкіх вынікаў дзейнасці Наталлі Уладзіміраўны перш за ўсё з’яўляецца распрацаваны ёй механізм дасягнення дастойнай рэпутацыі школы і кожнага педагога паасобку. У 2015 годзе яна была ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту работы па тэме “Фарміраванне PR-кампетэнтнасці педагогаў як сродку павышэння канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі”.
“Работа прысвечана фарміраванню PR-кампетэнтнасці ў педагогаў ва ўстанове адукацыі. PR — гэта сістэма інфармацыйна-аналітычных і працэдурна-тэхналагічных дзеянняў, накіраваных на гарманізацыю ўзаемаадносін унутры супольнасці, паміж яе ўдзельнікамі, яе знешнім і ўнутраным асяроддзем у мэтах дасягнення паразумення і станоўчага выніку ў прафесійнай дзейнасці.
Цяпер без ведання public relations немагчыма наладжваць эфектыўнае супрацоўніцтва з грамадскасцю. Паколькі дзейнасць педагога падразумявае, акрамя выканання сваіх прамых прафесійных абавязкаў, узаемадзеянне з рознымі прадстаўнікамі грамадскасці — асобнымі грамадзянамі, сацыяльна-педагагічнымі таварыствамі, навуковымі і грамадскімі арганізацыямі, работадаўцамі, то я дазволю сабе зрабіць выснову аб тым, што элементы дзейнасці па сувязях з грамадскасцю прысутнічаюць у штодзённай працы практычна ўсіх педагогаў.
У рабоце раскрыты вопыт фарміравання станоўчага вобраза педагога і захавання яго высокага аўтарытэту, што, несумненна, забяспечвае высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі”, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.
Вынікам гэтай плённай і паспяховай працы стаў выпуск дапаможніка “Прафесійная культура і майстэрства педагогаў”. А па выніках работы за 2015 год школа стала другой у раёне.
Яшчэ Наталля Уладзіміраўна ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне рэзерву кіраўніцкіх кадраў. Увогуле, яна вопытны настаўнік маладых, які думае і плённа працуе. Яе характарызуюць як вялікую працаўніцу і проста надзейнага сябра. Заўсёды ветлівая, энергічная, добразычлівая, Наталля Уладзіміраўна прыцягвае да сябе людзей, узбагачаючы іх ідэямі, зараджаючы аптымізмам, верай у свае сілы, прадвызначаючы тым самым іх поспехі.
“Гэта чалавек, надзелены выдатнымі якасцямі: эрудзіраванасцю, лёгкасцю ў зносінах, адкрытасцю, бескарыслівасцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу. І яна вельмі патрабавальная ў адносінах да сябе”, — так кажуць пра яе калегі.
Не шкадуючы ні сябе, ні сіл, ні часу, Наталля Уладзіміраўна заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, шчодра дзеліцца з калегамі вопытам на гарадскім, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях. Самааддана працуе над фарміраваннем новага тыпу настаўніка сучаснай школы як актыўнага суб’екта ўсіх пераўтварэнняў.
Калі функцыі сучаснага настаўніка характарызуюць тыя віды дзейнасці, якія ён павінен выконваць, то яго роля вызначаецца працэсамі, якімі ён павінен умець кіраваць. Па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны, гэта адна з найважнейшых задач работы школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Для засваення лепшага вопыту — рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры

Адукацыйная сфера па сваёй сутнасці з’яўляецца інавацыйнай, і ўкараненне інавацый у адукацыйны працэс выступае ў якасці абавязковай умовы яе развіцця. Эфектыўнасць і выніковасць інавацый, іх рэалізацыя напрамую залежаць ад навукова-метадычнага і арганізацыйна-метадычнага суправаджэння, якім ужо больш за дзесяць гадоў займаецца Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Тут склалася эфектыўная сістэма работы, якая павінна выступіць перадумовай якаснага прарыву ў інавацыйнай адукацыйнай прасторы.

Удасканальваючы адукацыйную прастору

Інавацыйная дзейнасць — лагічны працяг апрабаваных падчас эксперымента вынікаў навуковых даследаванняў, і ў той жа час рэалізацыя інавацыйнага праекта — эфектыўны шлях далейшага ўкаранення інавацыі ў масавую адукацыйную практыку. Колькасць інавацыйных праектаў, якія толькі адкрываюцца, штогод узрастае (у 2013 годзе інавацыйныя праекты рэалізоўвалі 327 устаноў адукацыі, а ў 2015 годзе — 557).
Па словах рэктара Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кандыдата фізіка-матэматычных навук Андрэя Пятровіча Манастырнага, на аснове існуючай нарматыўнай базы ў АПА рэалізоўваецца дзейсны механізм работы з інавацыйнымі праектамі. Важнымі параметрамі вызначэння перспектыўнасці інавацыйнай дзейнасці выступаюць актуальнасць і навізна тэмы, узровень яе навукова-метадычнага прадстаўлення ў інавацыйным праекце, а таксама ступень гатоўнасці педагагічнага калектыву да рэалізацыі інавацыі. З мэтай ацэнкі гэтых параметраў выкарыстоўваецца шматступеньчатая экспертыза, у якой задзейнічаны вучоныя, кіраўнікі, метадысты, настаўнікі-практыкі. У акадэміі створаны банк магчымых экспертаў, які ўключае аўтарытэтных спецыялістаў у галіне адукацыі і навукі. Эксперты ацэньваюць праекты ў адпаведнасці з адзінымі зацверджанымі крытэрыямі і паказчыкамі. Работу па правядзенні ацэнкі інавацыйных праектаў устаноў адукацыі, якія прэтэндуюць на ўключэнне ў загад Міністэрства адукацыі аб пераліку ўстаноў адукацыі, на базе якіх будзе ажыццяўляцца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць на бягучы год, каардынуе экспертны савет, які дзейнічае на базе акадэміі. Эфектыўнасць арганізацыі інавацыйнай дзейнасці грунтуецца на створанай сістэме ўзаемадзеяння паміж АПА, рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі, установамі адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыю, і навуковымі кансультантамі, якія выступаюць і ў ролі распрацоўшчыкаў праекта, і ў ролі непасрэдных куратараў-кансультантаў. Работа інавацыйных пляцовак курыруецца на месцах і штогод разглядаецца экспертным саветам. Створана сістэма навучання ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці, арганізоўваюцца вучэбныя курсы, семінары, павышэнне кваліфікацыі і г.д.
Вынікам рэалізацыі інавацыйных праектаў з’яўляюцца дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, рэкамендацыі, якія распрацоўваюцца інавацыйнымі ўстановамі адукацыі для далейшага ўкаранення інавацыі ў адукацыйную практыку, а таксама інавацыйны вопыт устаноў і асобных педагогаў, сфарміраваны ў выніку рэалізацыі інавацыйных праектаў.

Стажыровачныя пляцоўкі для педагогаў

Важным вынікам інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца сфарміраваная інавацыйная культура педагогаў і іх кіраўнікоў. Самі інавацыйныя педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі праяўляюць гатоўнасць і мабільнасць як у пытаннях удасканалення адукацыйнай практыкі ў сваёй установе адукацыі, так і ў аказанні дапамогі іншым установам. Узрастае роля інавацыйных калектываў і ў сістэме дадатковай адукацыі — іх удзел у павышэнні кваліфікацыі, дэманстрацыя дасягненняў на семінарах, канферэнцыях, выставах і г.д.
— Сёння становіцца відавочным, што выкарыстанне аднаразовых (няхай нават і вельмі эфектыўных) мерапрыемстваў ужо не можа лічыцца аптымальным. Неабходна — і гэта ўжо становіцца магчымым — фарміраванне інавацыйнай інфраструктуры праз арганізацыю сеткі рэспубліканскіх інавацыйных цэнтраў, — падкрэслівае А.П.Манастырны. — З мінулага года ў 22 установах адукацыі краіны пачата рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Дзейнасць такіх цэнтраў павінна садзейнічаць стварэнню і распаўсюджванню эфектыўных мадэлей сеткавага ўзаемадзеяння ў адукацыйнай прасторы. Яна дазволіць стварыць умовы для развіцця метадалагічнага і тэхналагічнага сэрвісу адукацыйных і кансалтынгавых паслуг у сферы бесперапыннай адукацыі. Інавацыйныя цэнтры змогуць выступаць у якасці сваеасаблівага роду рэгіянальных і міжрэгіянальных стажыровачных пляцовак, якія забяспечваюць засваенне і ўдасканаленне інавацыйнага вопыту па тым альбо іншым напрамку.

Ацэнка якасці і ўзроўню кампетэнтнасці

Улічваючы дасягненні ў распрацоўцы і папулярызацыі электронных адукацыйных рэсурсаў, узрастаючы ўзровень інфармацыйна-камп’ютарнай кампетэнтнасці кадраў, рэалізацыю праграм навучання ў дыстанцыйнай форме, АПА паставіла перад сабой задачу актыўнага ўкаранення інтэграванай сістэмы збору, аналізу і маніторынгу інфармацыі аб выніковасці адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, ацэнцы якасці дадатковай педагагічнай адукацыі і ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці кадраў.
Прыкладам апрабаванага поўнага тэхналагічнага цыкла мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні электроннага анкетавання, апрацоўцы і аналізе даных з’яўляецца штогадовае сацыялагічнае даследаванне, якое праводзіцца па заказе Міністэрства адукацыі ў межах праграмы маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі і прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў. Методыкай правядзення электроннага анкетавання авалодалі спецыялісты рэгіянальных інстытутаў адукацыі, што дазваляе гаварыць пра фарміраванне ў сістэме дадатковай педагагічнай адукацыі ўласнай інтэрв’юерскай інфармацыйнай сеткі. У сувязі са скарачэннем часу і спрашчэннем механізма апрацоўкі даных па выніках даследавання ў сціслы тэрмін пасля завяршэння анкетавання ствараецца аналітычная даведка, якая накіроўваецца кіраўніцтву ІРА для аналізу выяўленых праблем.

Па сеткавай мадэлі арганізацыі павышэння кваліфікацыі

— Змяненні ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, скарачэнне да аднаго тыдня працягласці вочнага павышэння кваліфікацыі — з аднаго боку, з другога — назапашаны акадэміяй вопыт арганізацыі навучання ў дыстанцыйнай форме і работы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі дазваляюць прадставіць інавацыйную сеткавую мадэль арганізацыі адукацыйнага працэсу пры павышэнні кваліфікацыі, — адзначае А.П.Манастырны. — Яна дае магчымасць арганізаваць тэарэтычна абгрунтаванае, глыбокае па змесце, аптымальнае па працягласці, арыентаванае на практычнае прымяненне ва ўмовах канкрэтнага рэгіёна павышэнне кваліфікацыі значнай катэгорыі слухачоў — намеснікаў дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама эфектыўна спалучыць рэсурсныя магчымасці АПА як вядучага і рэспубліканскага цэнтра і абласнога ІРА як рэгіянальнага цэнтра павышэння кваліфікацыі, паменшыць аб’ём сродкаў, якія выдзяляюцца на павышэнне кваліфікацыі з мясцовых бюджэтаў за кошт выкарыстання пераваг дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі. З мэтай удасканалення павышэння кваліфікацыі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі АПА разам з Гродзенскім і Віцебскім абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі ў 2015 годзе апрабавалі сеткавую форму рэалізацыі праграмы павышэння кваліфікацыі намеснікаў дырэктараў па тэме “Эфектыўны адукацыйны менеджмент з улікам рэгіянальных умоў”, у якім прынялі ўдзел 50 чалавек. Навучанне слухачоў было арганізавана па ўзгодненых вучэбных планах. Дыстанцыйная частка праграмы, распрацаваная ў АПА, засвойвалася слухачамі ў аддаленым рэжыме і была накіравана на вывучэнне нарматыўных прававых аспектаў, навукова-метадычнага, метадалагічнага забеспячэння дзейнасці намесніка дырэктара. Асаблівасць вочнай часткі праграмы, якая рэалізоўвалася прафесарска-выкладчыцкім складам рэгіянальных ІРА, — арыентацыя на практычнае выкарыстанне тэарэтычных ведаў ва ўмовах канкрэтнай установы з улікам рэгіянальных асаблівасцей.
Праведзеная на курсах выніковая дыягностыка сведчыць аб эфектыўнасці такой інавацыйнай формы ўзаемадзеяння ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых, таму аналагічныя мерапрыемствы ўключаны АПА ў план павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у 2016 годзе. Так, у кастрычніку плануецца павышэнне кваліфікацыі намеснікаў дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці па інтэграваных вучэбных модулях АПА (дыстанцыйная форма) і Гомельскага абласнога ІРА (вочна). Для апрабацыі элементаў крэдытна-модульнай сістэмы ў бесперапынным развіцці педагогаў Брэсцкай і Магілёўскай вобласці акадэміяй прапаноўваецца дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі, якое змястоўна і арганізацыйна камбінуецца з семінарамі “Эфектыўны адукацыйны менеджмент з улікам рэгіянальных умоў”, якія арганізоўваюцца абласнымі — Брэсцкім і Магілёўскім — інстытутамі развіцця адукацыі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва АПА.

Першыя крокі атэстацыі

Атэстацыя настаўнікаў застаецца адной з самых гарачых тэм. Але гэта не першы выпадак у гісторыі, калі яна выходзіла на першы план. Так, 40 гадоў назад “Настаўніцкая газета” пісала аб пасяджэннях адпаведных рабочых груп, аб тым, што “набліжэнне атэстацыі прымусіла кожнага настаўніка з большай сур’ёзнасцю паставіцца да сваіх абавязкаў, да свайго ідэйна-палітычнага і прафесіянальнага росту”. Канечне, з 1975 года, калі, напрыклад, яшчэ не існавала кваліфікацыйных катэгорый настаўнікаў (яны з’явіліся на пачатку 90-х), адбылося нямала змен у гэтай сферы, але пэўныя паралелі захоўваюцца. І аб адным, і аб другім мы прапанавалі паразважаць рэктару Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кандыдату фізіка-матэматычных навук Андрэю Пятровічу МАНАСТЫРНАМУ і прарэктару АПА па навукова-метадычнай рабоце доктару педагагічных навук Галіне Іванаўне НІКАЛАЕНКА.

Ад маладога спецыяліста да метадыста

У 1975 годзе, як нагадвае нам стары нумар “Настаўніцкай газеты”, у склад рабочай групы па атэстацыі ўваходзілі прадстаўнікі партыйных, прафсаюзных, камсамольскіх органаў, настаўнікі і кіраўнікі школ, прадстаўнікі аддзела народнай асветы. А яшчэ чытачам выдання нагадвалі, што для правільнага вызначэння кваліфікацыйнага ўзроўню настаўніка трэба мець “аб’ектыўныя, замацаваныя дакументальна звесткі пра эфектыўнасць усяго комплексу яго дзейнасці”.
— Атэстацыя ў школе з’явілася не сёння, — кажа А.П.Манастырны. — У чымсьці яе фармат захаваўся: атэстацыю настаўнікі праходзяць па месцы работы, як і сорак гадоў назад, яе ажыццяўляе камісія. Атэстацыйная камісія ствараецца ва ўстанове адукацыі, упраўленні (аддзеле) адукацыі. У яе могуць быць выбраны педагагічныя работнікі, якія маюць першую, вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю або катэгорыю “настаўнік-метадыст”. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнік адміністрацыі, прафсаюзнага камітэта. І характарыстыка на кожнага настаўніка, які падлягае атэстацыі, як і раней, патрабуецца. Другую катэгорыю малады настаўнік без катэгорыі, прайшоўшы атэстацыю, можа атрымаць праз два гады работы, яшчэ праз два гады — першую і яшчэ праз тры — вышэйшую.
Сярод навацый апошняга часу рэктар АПА, канечне, выдзяляе ўвядзенне некалькі гадоў назад кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, чаго, безумоўна, не было ні ў 1975-м, ні нават у 2005-м. У адпаведнасці з Інструкцыяй аб атэстацыі, настаўнік-метадыст — гэта педагог, які мае аўтарскую методыку выкладання вучэбнага прадмета або абагульнены ўласны вопыт, які выкарыстоўваюць іншыя настаўнікі, публікацыі ў навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і іншых тэхналогій, выкарыстання эфектыўных педагагічных форм, метадаў і сродкаў навучання. Метадыст павінен займацца навучаннем, павышэннем кваліфікацыі, прафесійным развіццём сваіх калег-настаўнікаў. Праўда, раней, у 90-я гады, існавала ганаровае званне “настаўнік-метадыст”, своеасаблівая ўзнагарода лепшым настаўнікам. Так што праца прафесіяналаў з вялікім вопытам, высокай кваліфікацыяй цанілася ва ўсе часы.
— Між іншым, —далучаецца да размовы Г.І.Нікалаенка, — ініцыятыву наконт гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі праявілі ў свой час самі настаўнікі, якія лічылі, што праца найлепшых з іх патрабуе асаблівай ацэнкі. Зараз у Беларусі гэтую кваліфікацыйную катэгорыю атрымалі больш за 130 настаўнікаў (амаль за тры гады). Яны, зноў жа па ўласнай ініцыятыве, аб’ядналіся ў асацыяцыю “Імкненне”, якая дзейнічае пры Беларускім педагагічным таварыстве.
Трэба сказаць, не ўсе жадаючыя паспяхова здаюць кваліфікацыйны экзамен на гэтую катэгорыю — працэнтаў 15 педагогаў яе не атрымліваюць. Праўда, яны маюць права ўжо праз год зрабіць другую спробу. Крыху больш — 17—18% — жадаючых не праходзяць атэстацыю і на прысваенне вышэйшай або іншай кваліфікацыйнай катэгорыі, і яны таксама маюць права на “пераздачу”.
— Як мне здаецца, 138 настаўнікаў-метадыстаў на краіну мала, — заўважае А.П.Манастырны. — У ідэале хацелася б, каб у кожным раёне па кожным прадмеце быў настаўнік-метадыст. Хаця такой мэты мы ўсё ж не ставім, бо настаўнікі самі вырашаюць, ці здаваць ім экзамен на прысваенне гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Дадам, што настаўнікі-метадысты атрымліваюць даволі значную даплату: зараз гэта прыкладна 1,5 млн. Гэта, безумоўна, немалаважны фактар для педагога, які вырашыў атрымаць адпаведную кваліфікацыю, хаця, упэўнена, не памылюся, што не менш важны і маральны складнік. Людзі жадаюць быць прафесійна ацэненымі ў адпаведнасці са сваім вопытам і магчымасцямі.

Пастаяннае пацвярджэнне

Яшчэ адной значнай навацыяй Андрэй Пятровіч называе ўвядзенне абавязковага кваліфікацыйнага экзамену ў працэсе атэстацыі як на прысваенне, так і на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
— Раней настаўніку, які меў вышэйшую катэгорыю, было не абавязкова яе пацвярджаць, заўважае кіраўнік акадэміі. — Цяпер жа адным з этапаў пацвярджэння з’яўляецца кваліфікацыйны экзамен, які неабходна вытрымаць у абласным інстытуце развіцця адукацыі або ў іншай установе адукацыі, якая мае такое права ў адпаведнасці з інструкцыяй.
А.П.Манастырны не хавае, што гэтая навацыя выклікала найбольшы рэзананс у настаўніцкім асяроддзі. Чаму?
— Да 2012 года склалася такая сітуацыя, што прыкладна палова працуючых педагогаў мела вышэйшую катэгорыю, — кажа ён. — Для атрымання вышэйшай катэгорыі трэба было здаць экзамен, напрыклад, у ІРА, але потым ніякіх экзаменаў не патрабавалася, да канца кар’еры чалавек мог працаваць з гэтай катэгорыяй, праходзячы звычайную атэстацыю ў сваёй школе. Многія атрымлівалі яе па выслузе гадоў: праз 10 гадоў пасля атрымання першай катэгорыі настаўнік пры станоўчым рашэнні атэстацыйнай камісіі набываў вышэйшую. Амаль палова педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй скарысталася ў свой час гэтым правам. Паняцце “настаўнік вышэйшай катэгорыі” ў пэўнай ступені дэвальвавалася.
Увядзенне экзамену на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, па меркаванні А.П.Манастырнага, з’яўляецца апраўданым, бо настаўнік з такой катэгорыяй — гэта чалавек, які павінен даказваць сваю кваліфікацыю, павінен пастаянна развівацца. Настаўнікі-метадысты таксама павінны здаваць падобны экзамен у АПА, але ў сувязі з адносна нядаўнім увядзеннем гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі такіх выпадкаў пакуль не было. Пацвярджэнне праходзіць раз у пяць гадоў. Зараз у акадэміі займаюцца навуковай распрацоўкай пераліку кампетэнцый, якія неабходна будзе фарміраваць у настаўніка-метадыста пры павышэнні яго кваліфікацыі.
— У кола такіх кампетэнцый абавязкова будзе ўваходзіць кампетэнцыя настаўніка-метадыста як андрагога — спецыяліста па навучанні дарослых, — дадае Галіна Іванаўна Нікалаенка. — Гэтыя настаўнікі павінны ўмець працаваць з дарослай аўдыторыяй, прычым з рознай: з маладымі педагогамі, настаўнікамі з вышэйшай катэгорыяй, кіраўнікамі сістэмы адукацыі і г.д. Мала ўмець рэалізоўваць сваю сістэму, неабходна ўмець даносіць яе да іншых.

Гатоўнасць прайсці іспыт

Калі вярнуцца да экзамену на вышэйшую катэгорыю, то раней яго змест вызначаў інстытут, які і прымаў экзамен.
— Але ўзніклі абгрунтаваныя падазрэнні, што ўзровень патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да педагогаў, у кожнай установе розны, — гаворыць рэктар АПА. — Міністэрства вырашыла ствараць па кожнай дысцыпліне або напрамку дзейнасці рэспубліканскія кваліфікацыйныя камісіі. Большая іх частка працуе пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, частка — пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, іншых установах. У такіх камісіях працуюць і настаўнікі-практыкі, і прадстаўнікі УВА, і метадысты з розных устаноў — усяго 5—7 чалавек у кожнай камісіі.
Вялікі плюс арганізацыі такіх камісій заключаецца, на думку Андрэя Пятровіча, у адзінстве патрабаванняў да тых, хто здае экзамен, дастаткова высокім прафесійным узроўні яе спецыялістаў, а таксама пэўнай эканамічнай мэтазгоднасці.
Спецыялісты адзначаюць, што ў выніку такога падыходу значна скарацілася колькасць жадаючых зда ць экзамен. Па ацэнках АПА, да ўвядзення новых правіл штогадова каля трох тысяч чалавек атрымлівалі вышэйшую катэгорыю, прыкладна столькі ж атрымлівалі яе па выслузе гадоў, цяпер іх колькасць зменшылася ў некалькі разоў.
Яшчэ адзін важны момант, які да гэтага часу з’яўляецца падставай для дыскусій, — гэта сама працэдура кваліфікацыйнага экзамену для прэтэндэнтаў на вышэйшую катэгорыю. Адна з яе частак — пісьмовая работа з абагульненнем уласнага педагагічнага вопыту, якую абавязаны выканаць настаўнік.
— Ідэя заснавана на выяўленні кампетэнцый таго, хто здае экзамен, як чалавека, які ажыццяўляе адукацыйны працэс, — тлумачыць мой суразмоўца. — Сюды ўваходзяць яго пэўныя веды па псіхалогіі дзіцяці, аб метадах арганізацыі ўрока, новых адукацыйных тэхналогіях, нарматыўна-прававой базе і г.д. Прафесійны рост настаўніка адбываецца дзякуючы прырашчэнню менавіта гэтага складніка, бо веданне прадмета апрыёры павінна быць у кожнага выпускніка педагагічнага ўніверсітэта хаця б на сярэднім, дастатковым узроўні, інакш ён наогул не спецыяліст.
Але ў першы дзень экзамену педагогі ўсё ж дэманструюць пэўныя фармальныя веды, у тым ліку па сваім прадмеце. Не ўсе, прызнаецца рэктар АПА, спраўляюцца, таму прадметны складнік пакуль застаецца.
— Ідэя экзамену заключаецца ў тым, што чалавек, які дасягнуў пэўных вышынь у сваёй рабоце, здольны рэфлексаваць і ацэньваць свае дасягненні, абараняць гэтую пазіцыю. Мы лічым, што калі чалавек рыхтуецца да такога экзамену, то ён развіваецца, павышае свой прафесійны ўзровень, — дадае А.П.Манастырны.
Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці выяўляе здольнасць чалавека абагульняць свае думкі, лічаць спецыялісты, што з’яўляецца найважнейшым кампанентам работы настаўніка. Бо педагогу мала самому ўмець адмыслова рашаць задачы, ён павінен навучыць гэтаму не толькі самых здольных дзяцей, але і вучняў любога ўзроўню падрыхтаванасці. За любой кваліфікацыяй настаўніка стаяць дзеці, як кажуць мае суразмоўцы.
— Зараз мы працуем над тым, каб прапанаваць педагогам іншыя формы экзамену на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, — гаворыць Г.І.Нікалаенка. — Напрыклад, замест апісання вопыту прэтэндэнт можа выцягнуць білет, дзе будуць пытанні па тэорыі і методыцы выкладання прадмета, тэсты, задачы і г.д. Камісія можа прапанаваць праектаванне фрагмента педагагічнай дзейнасці з пазіцыі фарміравання ў вучняў пэўных кампетэнцый. Частка экзамену можа складацца з вырашэння педагагічных сітуацый і г.д.
Практыка пакажа, ці замацуюцца такія варыянты (іх пяць) заданняў на іспытах па пацвярджэнні вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, іх збіраюцца апрабаваць з 2016 года. Верагодна, выбіраць форму здачы экзамену будуць установы, дзе праходзяць іспыты. Дарэчы, варыянты распрацаваны па выніках апытанняў педагогаў.
Што ж, як і напісана ў “Настаўніцкай газеце” 15 лютага 1975 года, “ёсць усе падставы прадбачыць, што атэстацыя … прывядзе да ўзмацнення самаадукацыі настаўнікаў, актывізуе іх уд зел у метадычнай рабоце”. Магчыма, не ўсе з гэтым пагодзяцца, але падставы лічыць так ёсць і зараз. Як кажа Андрэй Пятровіч Манастырны, гатоўнасць настаўніка прайсці іспыт павінна быць стапрацэнтнай, бо ён кожны дзень падвяргае іспытам дзяцей.
Ацэнка кваліфікацыі педагогаў — гэта тая гарантыя, якую адукацыя дае грамадству. Атэстацыя, як у 70-я гады мінулага стагоддзя, так і зараз, з’яўляецца своеасаблівым аглядам педагагічных дасягненняў. Так, лепшыя з прадстаўленых на кваліфікацыйным экзамене вопытаў рэкамендуюцца для публікацыі ў артыкулах і спецыяльных зборніках, становяцца агульным набыткам педагогаў краіны.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Мы ствараем медыя ці медыя ствараюць нас?

Алена РАДЗЕВІЧ, начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Пытанне, якое найчасцей задаюць сучасныя педагогі, — “Як вучыць і вучыцца ва ўмовах сённяшняга інфармацыйнага зменлівага свету?”. Удзельнікі летняй школы ў горадзе Кальмары, прысвечанай сучасным метадам выкладання медыяадукацыі ў школах, знайшлі адказ — развіваць крытычнае мысленне і вучыцца разумець медыя. “Välkomnа!” (вітаем), — так пачаў першы дзень семінара Ёран Андэрсан, настаўнік гісторыі і геаграфіі, медыякансультант па педагагічных пытаннях, кіраўнік метадычнага партала “Медыякомпас”. Афіцыйна медыяадукацыя ў Швецыі інтэгравана ў нацыянальны вучэбны план з 2000 года. Шведскія педагогі даўно пераарыентаваліся ад “пратэкцыянісцкай” (якая абараняе ад шкоднага ўздзеяння медыя) медыяадукацыйнай канцэпцыі да культуралагічнай, у якую ўваходзяць развіццё крытычнага мыслення аўдыторыі. Створаны па ініцыятыве Асацыяцыі газетных выдаўцоў Швецыі партал “Медыякомпас” займаецца пытаннямі медыяадукацыі грамадзян. Асаблівая ўвага ўдзяляецца настаўнікам і вучням. Адзін раз на тыдзень у 11 000 школ Швецыі прыходзіць рассылка з метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў. “Медыякомпас” — прыклад добра распрацаванага метадычнага інструмента для павышэння ўзроўню медыяграматнасці настаўнікаў і вучняў.
Узаемадзеянне паміж установамі адукацыі і СМІ суадносіцца з прынцыпамі пабудовы адукацыйных вучэбных планаў шведскіх школ:
1 узровень — базавыя веды як фундамент пабудовы новых кампетэнцый;
2 узровень — уменні выкарыстоўваць веды, пераводзіць іх у розныя знакавыя сістэмы (напрыклад, на аснове тэксту зрабіць графік, табліцу, дыяграму, намаляваць, зрабіць інфаграфіку і г.д.);
3 узровень — разуменне (пераход ад канкрэтнага да абстрактнага, выкарыстанне іншых тэрмінаў, сімвалаў, пераказ сваімі словамі, выдзяленне значных ідэй);
4 узровень — паглыбленае разуменне (інтэрпрэтацыя, перанос ведаў (ацэнка і прадказанне, заснаванае на разуменні тэндэнцый, правілаў).
У вучэбным плане прадстаўлены агульныя мэты і напрамкі ў навучанні, паказаны нормы, каштоўнасці і веды, якія кожны вучань павінен набыць да канца навучання ў школе. А школа павінна забяспечыць атрыманне навыкаў адэкватных паводзін вучняў у хутка зменлівым сучасным грамадстве, характэрнай асаблівасцю якога з’яўляецца вялікі паток інфармацыі. Таму на першае месца выходзяць метады і ўменні работы з інфармацыяй. Медыяадукацыя інтэгравана практычна ва ўсе вучэбныя дысцыпліны пачатковай, малодшай сярэдняй і старэйшай школы.
Адзін з прыкладаў медыяадукацыі — выкарыстанне газеты ў вучэбным працэсе, пра які нам расказаў настаўнік пачатковых класаў і медыякансультант Ларс-Эрык Халь. Настаўнік дае магчымасць вучням самастойна пагартаць, пачытаць газету на працягу 10 хвілін. Для вучняў важна выбраць тое, што іх найбольш цікавіць. Затым настаўнік прапануе выбраць любы артыкул у газеце і выканаць наступныя заданні (пытанні рознага ўзроўню ў залежнасці ад узросту вучняў): вызначце тэму артыкула; вылучыце асноўную ідэю артыкула; якая мэта артыкула (праінфармаваць, пацешыць, навучыць, пераканаць, заахвоціць да чаго-небудзь), абгрунтуйце сваё меркаванне; артыкул напісаны для шырокага кола чытачоў або пэўнай мэтавай групы (растлумачце свой адказ; ці сустракаюцца ў артыкуле незнаёмыя вам словы (выпішыце і знайдзіце іх азначэнне ў слоўніку); першы абзац газетнага артыкула павінен адказваць на пытанні: хто, што, дзе, чаму і калі (ці выконваецца гэтае правіла ў артыкуле — абгрунтуйце свой адказ); якія факты цытуюцца ў артыкуле; ці прыводзяцца думкі па гэтым пытанні; падкрэсліце галоўныя ідэі кожнага абзаца; ці дакладна адлюстроўвае назву артыкула яго змест (калі не, падбярыце больш адпаведную назву); якія крыніцы інфармацыі выкарыстоўвае аўтар?
Вялікае значэнне ў шведскай школе ўдзяляецца аналізу медыякрыніц. Пра гэта нам паведамілі бібліятэкары падчас наведвання гімназіі горада Оскарсхамн. Перш чым звярнуцца да інтэрнэту як крыніцы інфармацыі, варта задаць сабе некалькі пытанняў: што я хачу даведацца? Што я ведаю пра гэтыя факты, падзеі? Дзе, у якіх крыніцах я буду шукаць інфармацыю? Хто аўтар? Наколькі актуальная інфармацыя? Ці ўказана дата публікацыі? Пра што расказвае аўтар? Чаму ён выкарыстоўвае гэтыя сродкі (словы, фатаграфіі, вобразы, інш.)? Што ад мяне хоча аўтар? Інфармацыя ўтрымлівае факты або інтэрпрэтацыі? Я магу давяраць гэтай інфармацыі? Што я высветліў? Што я асабіста думаю пра гэта? Ці атрымаў я адказы на свае пытанні? Чаму я навучыўся, выконваючы гэтую работу?
Як можна трансфармаваць замежны вопыт для беларускай сістэмы адукацыі і стварыць канкурэнтаздольнае медыяадукацыйнае асяроддзе, каб не адстаць ад сусветных тэндэнцый развіцця медыяадукацыйных практык? Што мы ўжо зрабілі ў гэтым кірунку? Аналіз шведскага вопыту падказвае: развіваць медыяграматнасць вучняў можна падчас дзён інфармавання, распрацоўкі факультатыўных заняткаў і інтэграцыі медыяадукацыі ва ўрочную дзейнасць. Другая выснова, якую можна зрабіць, — гэта аб’яднанне намаганняў розных інстытутаў — сістэмы дадатковай адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў, СМІ, АПА, НІА, вышэйшых устаноў адукацыі дзеля стварэння нацыянальнай канцэпцыі медыяадукацыі.
Цэнтр прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА з 2014 года праводзіць пастаянна дзеючы семінар “Медыяадукацыя як сродак актывізацыі пазнавальнай цікавасці і фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў”. Сёлета сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў АПА і НІА распрацавана праграма павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў “Медыякампетэнтнасць педагога як фактар станаўлення медыя і інфармацыйнай культуры навучэнцаў”. Праблема, з якой мы сутыкнуліся падчас правядзеня семінара і павышэння кваліфікацыі, — неразуменне сутнасці медыяадукацыі. Большасць настаўнікаў успрымаюць медыяадукацыю як навучанне ўменню карыстацца ІКТ-тэхналогіямі. Таму мы прадугледзелі знаёмства слухачоў як з тэарэтычнымі ведамі ў галіне медыя, так і практычнае прымяненне атрыманых ведаў.
У 2014 годзе загадам міністра адукацыі зацверджаны 13 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення”. Асноўная мэта інавацыйнага праекта — стварэнне сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое будзе спрыяць фарміраванню медыяграматнасці пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення навучэнцаў.

Алена ПАЛЕЙКА, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі:

— Новае разуменне медыйнай і інфармацыйнай граматнасці (МІГ), якое аб’ядноўвае ў непарыўнае цэлае такія паняцці, як “медыя” і “інфармацыя”, патрабуе новага асэнсавання сутнасці медыяадукацыі, медыя-інфармацыйнай кампетэнтнасці асобы і медыяадукацыйных тэхналогій. Гэта галоўная выснова, зробленая падчас знаёмства са шведскай медыяадукацыйнай мадэллю і вывучэння вопыту ўдзельнікаў міжнароднай летняй школы ў інстытуце FOJO.
Асабіста мяне ўразіла гарманічна збалансаваная практыка-арыентаваная і інтэнсіўна-рознабаковая праграма нашага адукацыйнага візіту, падрыхтаваная медыяпедагогам Ёранам Андэрсанам. У Швецыі на прыкладзе функцыянала супрацоўнікаў бібліятэкі гімназіі мы ўбачылі, як арганічна школа ўключана ў глабальнае медыяасяроддзе; разбіраючы кейсы настаўніка Ларса-Эрыка Хала, зразумелі, што навучанне медыя-інфармацыйнай граматнасці на сістэматычнай аснове пачынаецца з першага класа, а на медыяадукацыйнай ніве паміж шведскімі педагогамі і журналістамі існуе цеснае супрацоўніцтва. Цікава і карысна на перспектыву было даведацца пра сістэму работы медыяадукацыйных парталаў Швецыі:
1. Mediekompass: метадычныя матэрыялы, штотыднёвая рассылка з рэкамендацыямі для настаўнікаў па рабоце з навінамі (http://www.mediekompass.se/);
2. Mik-rummet: рэсурсы па медыя- і інфармацыйнай граматнасці, бібліятэка для настаўнікаў, дыстанцыйнае навучанне (https://mik.statensmedierad.se/);
3. Medialized: журналісцкія праграмы і перадачы, прысвечаныя медыя-інфармацыйнай граматнасці (http://www.ur.se/Produkter/164395-Medialized-Your-place-or-mine).
Удзельнікі летняй школы пагадзіліся, што існуючыя сёння тэорыі медыяадукацыі ўжо не паспяваюць за няўхільнай медыятызацыяй усіх сфер жыцця грамадства, выкліканай імклівым развіццём інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій. Сёння лічбавы медыякантэнт становіцца масава даступным пры дапамозе шматлікіх мабільных прылад, а пастаянная анлайн-прысутнасць і сеткавая камунікацыя з’яўляюцца нормай жыцця моладзі. У адрозненне ад людзей сталага ўзросту маладыя актыўна выкарыстоўваюць магчымасці новых медыя, самастойна вырабляюць кантэнт, напрыклад, абменьваюцца фота- і відэаролікамі ў інтэрнэце, дзе ствараюць уласныя сайты, вядуць блогі, удзельнічаюць у дыскусіях на форумах, сябруюць у розных суполках, прымаюць удзел у розных ініцыятывах, праектах і г.д. Школа не павінна заставацца па-за рэаліямі лічбавай эпохі, і таму вельмі актуальнымі былі заняткі, прысвечаныя сацыяльным сеткам і мове нянавісці ў інтэрнэце: як сацыяльныя медыя ўплываюць на стаўленне да сябе і іншых, успрыманне сябе як часткі навакольнага свету, фарміраванне ўласнага “Я”. Адзначым, што заняткі бліскуча правялі медыятрэнеры Гегам Варданян, Ліза Б’юрваль і Эмелі Лунд.
Падсумаваўшы выдатныя вынікі адукацыйнага візіту, трэба звярнуць увагу на шырокія магчымасці выкарыстання замежнага вопыту. У Беларусі важна вырашыць задачу сістэмнага ўбудавання медыяадукацыі ў вучэбны працэс з максімальнай інтэграцыяй інавацыйных сетак ведаў і традыцыйных падручнікаў і дапаможнікаў, існуе патрэба ў гнуткіх вучэбных планах, якія прадугледжваюць актыўнае выкарыстанне медыякантэнту і ўлічваюць пастаяннае абнаўленне рэсурсаў сетак ведаў. Сёння адбываецца ўсведамленне важнасці навучання педагогаў рабоце з інфармацыяй і медыя дзеля бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця і прафесійнага развіцця. Падрыхтаваная Інстытутам развіцця інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ЮНЕСКА ў 2012 годзе праграма навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай граматнасці ўтрымлівае сістэму адпаведных кампетэнцый і распрацаваныя на яе аснове базавыя і дадатковыя модулі. Названая праграма з’яўляецца асновай для распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, праграм павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў, праектаў міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы медыйнай і інфармацыйнай граматнасці.
У Нацыянальным інстытуце адукацыі цеснае супрацоўніцтва ўпраўлення інфармацыйных адукацыйных тэхналогій і аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі з’яўляецца перспектыўнай формай арганізацыі адкрытай педагагічнай медыяадукацыйнай пляцоўкі. Гісторыкі і грамадазнаўцы падкрэсліваюць, што развіваць медыйную і інфармацыйную граматнасць можна, выкладаючы любы школьны прадмет, але медыяадукацыйны патэнцыял гісторыі і грамадазнаўства найвышэйшы з усіх. Вывучэнне ролі сродкаў масавай камунікацыі і іх уплыву на грамадства падчас работы з крыніцамі сацыяльнай інфармацыі розных часоў адбываецца менавіта на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
У сакавіку 2014 года ў НІА прайшоў першы семінар для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства па фарміраванні медыяграматнасці навучэнцаў у працэсе выкладання прадметаў гісторыка-грамадазнаўчага цыкла, а ў 2015 годзе работа стала яшчэ больш інтэнсіўнай: праводзяцца вочна-дыстанцыйныя семінары і майстар-класы па выкарыстанні вэб-сэрвісаў у практыцы настаўнікаў-прадметнікаў, сеткавым узаемадзеянні настаўнікаў, бяспецы ў інтэрнэце, стварэнні медыяпрадуктаў настаўнікамі з дапамогай вэб-сэрвісаў. Трэба адзначыць вялікую зацікаўленасць нашых педагогаў, самыя актыўныя з якіх пасля заканчэння дыстанцыйнага навучання працягваюць супрацоўнічаць у медыяадукацыйных суполках у сацыяльных сетках.
У апошні час наладзілася цеснае супрацоўніцтва НІА і АПА па медыяадукацыйнай праблематыцы. У рэспубліканскім каардынацыйным плане гэтага года ёсць семінары па інтэграцыі медыяадукацыі ў адукацыйны працэс па прадметах гісторыка-грамадазнаўчага цыкла, медыяадукацыі як сродку актывізацыі пазнавальнага працэсу і фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў, медыяадукацыйным падыходзе ў выкладанні гісторыі і грамадазнаўства, выкарыстанні медыятэхнік і інш. Спадзяёмся на вялікі плён, бо сёлета на вясновым пасяджэнні рэспубліканскага клуба маладых педагогаў з сімвалічнай назвай “Будучыня” адбылося абмеркаванне ключавых пытанняў: “Мы ствараем медыя ці медыя ствараюць нас?” або “Што такое медыяадукацыя і навошта яна патрэбна?”.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.