Мы розныя, але мы разам

Галоўная праблема асаблівага дзіцяці заключаецца ў тым, што яго сувязі са знешнім светам, яго кантакты з аднагодкамі і дарослымі вельмі абмежаваныя. У бягучым навучальным годзе ў Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца 63 навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 8 дзяцей-інвалідаў. Асноўная мэта работы калектыву школы з дзецьмі — спрыяць іх паспяховай сацыялізацыі.

Ва ўстанове ствараюцца ўмовы для фарміравання ў вучняў і педагогаў талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем выхаванню ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу раўнапраўных узаемаадносін. З гэтай мэтай на працягу некалькіх гадоў на базе школы-інтэрната дзейнічае аздараўленчы лагер кругласутачнага знаходжання эколага-краязнаўчага профілю “Нашчадкі”, дзе школьнікі агульнаадукацыйных устаноў раёна адпачываюць сумесна з выхаванцамі школы-інтэрната. Удзел у сумесных творчых і спартыўных мерапрыемствах, конкурсах, працоўных справах, якія ўмела і прадумана спланавалі педагогі, дае магчымасць кожнаму вучню з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе раўнапраўным удзельнікам каманды аднадумцаў.

Важнае значэнне мы надаём усталяванню кантактаў выхаванцаў школы-інтэрната з дзецьмі і дарослымі па-за межамі ўстановы адукацыі. Выхаванцы нашай школы прымалі ўдзел у раённым зімовым спартыўным свяце “Беларуская лыжня — 2016”. На старт лыжнай трасы нашы выхаванцы выйшлі поруч з камандамі іншых школ, гімназіі, ліцэя, прадпрыемстваў, арганізацый, сельскіх калектываў. Зборныя каманды спаборнічалі ў эстафеце. Па запрашэнні валанцёрскага клуба “Адрас дружбы” Белдзяржуніверсітэта выхаванцы нашай школы прынялі ўдзел у дабрачынным футбольным “Матчы дружбы”. Матч праходзіў у Мінску ў спартыўным комплексе “Універсітэцкі” БДУ, дзе выхаванцы школ-інтэрнатаў змагаліся за перамогу поруч са студэнтамі-валанцёрамі. У выніку перамагла дружба! Каманда нашай школы была ўзнагароджана дыпломамі і медалямі з сімволікай “Матч дружбы”. Цікавай і запамінальнай для выхаванцаў школы-інтэрната была экскурсія па Мінску, якую правялі студэнты БДУ.

Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца выхаванню ўзаемапавагі, добразычлівасці і памяркоўнасці ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Выхаванцы нашай школы кожны год удзельнічаюць у інклюзіўным фестывалі “Асаблівы сусвет” сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. На гэтым фестывалі ў намінацыі “Выканаўчае мастацтва” Уладзіслаў Агароднік і Павел Страх занялі 3-е месца. За актыўны ўдзел у фестывалі наш вучань Уладзіслаў Агароднік атрымаў падзяку.

Вялікае заўсёды пачынаецца з малога — з праблем асобнага чалавека, сям’і, краіны. Як выхаваць чалавека добрым і міласэрным? Каб папярэдзіць зло, трэба навучыцца рабіць дабро, дапамагаць адно аднаму. Сёння пра нашых дзяцей клапоцяцца бацькі, дзяржава, у нашу школу-інтэрнат часта наведваюцца госці, валанцёры і дораць дзецям падарункі. Але мы вучым нашых выхаванцаў не толькі бра ць, але і аддаваць. Так, навучэнцы школы-інтэрната наведалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падарыць яго наведвальнікам часцінку сваёй дабрыні і любові. Вучні сумесна з выхавальнікам Аленай Мікалаеўнай Башаркевіч падрыхтавалі малюнкі і падарункі для наведвальнікаў цэнтра.

Вялікае значэнне мае далучэнне навучэнцаў да нацыянальных традыцый, гісторыі краіны. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні школы-інтэрната адзначаюць спрадвечна беларускія народныя святы. Запамінальным для ўсіх стала свята “Грамніцы”, на якім выхаванцы школы азнаёміліся з традыцыямі і каштоўнасцямі беларускага народа.

Частымі гасцямі інтэрната з’яўляюцца валанцёры дабрачыннага фонду Ефрасінні Полацкай. Яны віншуюць нашых выхаванцаў са святамі, паказваюць цікавыя тэатральныя пастаноўкі, праводзяць разнастайныя гульні і забавы. Дзякуючы іх падтрымцы, вучні нашай школы наведалі Ляданскі Свята-Благавешчанскі манастыр. Дзеці прысутнічалі на ранішняй службе, азнаёміліся з гісторыяй узнікнення манастыра, жыццём манахаў. Цікава было паслухаць і гісторыю некаторых абразоў, якія знаходзяцца ў храме. Пасля заканчэння экскурсіі дзяцей запрасілі ў трапезную, дзе накармілі сапраўдным абедам манахаў.

Адна з асноўных задач нашых педагогаў — садзейнічаць павышэнню камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў, гатоўнасці і ўменню ўступаць у дыялог, разам з іншымі шукаць ісціну і паведамляць пра вынікі сваіх пошукаў у форме, зразумелай кожнаму. Гэтаму спрыяе шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца класнымі кіраўнікамі. Гэта класныя гадзіны, гадзіны інфармавання, грамадска карысныя справы. Агляды мастацкай самадзейнасці даюць магчымасць вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця паказаць сябе нароўні з іншымі дзецьмі. Так, на сцэне Палаца культуры Маладзечна нашы выхаванцы прынялі ўд зел у Мінскім абласным этапе XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. На сцэну разам выйшлі вучні з устаноў спецыяльнай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі. Фарміраванню талерантнасці спрыяюць і карэкцыйна-развіццёвыя гульні, заняткі. Яны накіраваны на карэкцыю ў дзяцей цяжкасцей у зносінах, павышэнне ўпэўненасці ў сабе, зніжэнне негатыўных эмоцый, развіццё навыкаў самарэгуляцыі і зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, развіццё эмацыянальнай сферы, авалоданне навыкамі адчуваць іншых, падтрымліваць і суперажываць, жыць дружна, згуртавана.

Алеся БОБРЫК,
настаўніца пачатковых класаў Чэхаўшчынскай дапаможнай
школы-інтэрната Валожынскага раёна.

На шляху да інклюзіі

Сучасныя падыходы да сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі абмеркавалі спецыялісты на міжрэгіянальным семінары настаўнікаў-дэфектолагаў цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Рабоце па сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі, развіццю інклюзіўнай адукацыі сёння надаецца важнае значэнне. Работа гэтая няпростая і надзвычай адказная, таму так важна шукаць і знаходзіць эфектыўныя сродкі, метады і падыходы. А яшчэ важна сваімі знаходкамі дзяліцца. Так і адбывалася на міжрэгіянальным семінары — супрацоўнікі ЦКРНіР Капыльскага, Клецкага, Уздзенскага і Мінскага раёнаў знаёміліся з вопытам работы сваіх салігорскіх калег.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з Салігорскім раённым ЦКРНіР падчас экскурсіі па ўстанове і прагляду відэароліка. Спецыялісты высока ацанілі вопыт работы студыі “Я малюю”, дзе свае творчыя таленты разам развіваюць выхаванцы цэнтра і валанцёры — навучэнцы гімназіі № 3 Салігорска. Спартландыю з удзелам выхаванцаў цэнтра і дашкольнай установы ўбачылі ўдзельнікі семінара на базе апорнай установы “Яслі-сад № 23 Салігорска”. Асабліва захапіла і ўразіла гасцей мерапрыемства паказаная казка “Снежная каралева”. На сцэну разам з навучэнцамі гімназіі выйшлі выхаванцы ЦКРНіР. Выступленне прадэманстравала не толькі неабмежаваныя здольнасці дзяцей з асаблівасцямі, але і плённае ўзаемадзеянне, шчырыя адносіны паміж імі і гімназістамі.

Падчас правядзення рэфлексіі спецыялісты адзначылі, што ў Салігорску ўбачылі годныя прыклады адаптацыі дзяцей з АПФР праз спорт, мастацкую і тэатральную творчую дзейнасць, і выказалі жаданне рэалізоўваць гэты карысны вопыт у сваіх раёнах.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Салігорскім раённым ЦКРНіР.

Праект добрых спраў

Добры ва ўсіх сэнсах праект пачалі ў Любані. З новага навучальнага года педагогі Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці прыступілі да рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў сродкамі культурна-забаўляльнай дзейнасці”.

— З дзецьмі з АПФР супрацоўнікі нашага цэнтра працуюць больш за 10 гадоў па індывідуальных праграмах. Гэтыя дзеці працавітыя, мэтанакіраваныя, на многае здольныя, — расказвае намеснік дырэктара Любанскага ЦДТ аўтар праекта Наталля Міхайлаўна Палазнік. — Аднак мы заўважылі, што ім не хапае зносін з равеснікамі. Таму і з’явілася ідэя пачаць работу па развіцці іх камунікатыўных кампетэнцый, і рабіць гэта мы будзем падчас забаўляльнай дзейнасці.

Праект разлічаны на 2 гады, яго ўдзельнікамі сталі 22 хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту, якія маюць асаблівасці развіцця. Мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары, — стварэнне безбар’ернага асяроддзя для навучэнцаў з АПФР і дзяцей-інвалідаў па праграме “роўны вучыць роўнага” праз магчымасці ўстановы дадатковай адукацыі. Сутнасць праекта ў арганізацыі цікавых заняткаў у цэнтры творчасці, браць удзел у якіх асаблівыя дзеці будуць разам са сваімі здаровымі равеснікамі. Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта прымаюць піянеры-валанцёры — навучэнцы ўстаноў адукацыі горада.

Нядаўна ў рамках праекта ў ЦДТ адбыліся першыя мерапрыемствы. Гэта былі чатыры майстар-класы. Праводзілі іх разам з педагогамі выхаванкі цэнтра, якія даўно займаюцца і дасягнулі пэўных поспехаў. Дзяўчаты дзяліліся сваімі ўменнямі па выяўленчым мастацтве, цестапластыцы, бісерапляценні і мадэляванні з тканіны. А засвоіць гэтыя ўменні старалася група дзяцей, сярод якіх былі дзеці з АПФР. І калі спачатку апошнія былі крыху заціснутыя, то напрыканцы заняткаў змаглі расслабіцца, бо панавала на майстар-класах надзвычай цёплая атмасфера. Майстар-клас пакідалі ўжо не проста ўдзельнікі, а сябры. І такі добры пачатак дае магчымасць спадзявацца, што высокія мэты, якія ставяцца праектам, будуць дасягнуты.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Любанскім ЦДТ.

Арома- і музыкатэрапія як эфектыўныя сродкі карэкцыі

Нетрадыцыйныя метады ў рабоце настаўніка-дэфектолага з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця шляхам уздзеяння ароматэрапіі і музыкатэрапіі належаць да ліку эфектыўных сродкаў карэкцыі, якія ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў рабоце настаўнікаў-дэфектолагаў і дапамагаюць дасягненню максімальна магчымых поспехаў у пераадоленні маўленчых цяжкасцей і асаблівасцей у развіцці дзяцей школьнага ўзросту. Альтэрнатыўныя метады і прыёмы дапамагаюць арганізаваць заняткі найбольш цікава і разнастайна.

Народны вопыт і даследаванні вучоных даказалі, што пахі здольны кіраваць настроем і працаздольнасцю. Яны выклікаюць у людзей тыя ці іншыя неўсвядомленыя жаданні, а таму могуць не толькі ўплываць на наша жыццё ў цэлым, але і кіраваць паводзінамі праз падсвядомасць. З дапамогай раслінных духмяных маслаў можна зняць стрэс, стомленасць, апатыю або пераўзбуджэнне, палепшыць настрой. Яны змяншаюць раздражняльнасць, павышаюць працаздольнасць, увагу, дакладнасць выканання заданняў. Аднак, перш чым пачаць выкарыстанне ароматэрапіі, трэба авалодаць неабходнымі ведамі. Трэба высветліць у бацькоў, ці няма алергіі ў дзіцяці на якія-небудзь пахі. Абавязковай умовай для выкарыстання эфірных маслаў з’яўляецца індывідуальная нюхальная ацэнка: пах павінен быць прыемным, не выклікаць раздражнення слізістых абалонак носа і дыхальных шляхоў. Для тэсціравання нанясіце 1 кроплю эфірнага масла на ліст паперы, і няхай дзіця ўдыхне пах некалькі разоў. Ацаніце стан дзіцяці на працягу 10—20 хвілін. Калі ўсё добра — можна прымяняць. Каб праверыць дзеянне араматычнага масла, неабходна некалькі кропель уцерці ў скроні і ў вобласць шчытападобнай залозы. Пры станоўчай рэакцыі надыходзіць прыемнае пачуццё расслаблення мышцаў.

Маслы я выкарыстоўваю на вучэбных занятках па рускай мове, для карэкцыі парушэнняў пісьмовай мовы і г.д. Станоўчы эфект дае араматычнае масла “Лімон”. Японскімі вучонымі даказана, што пры павелічэнні яго канцэнтрацыі ў паветры змяншаецца колькасць памылак у пісьмовых работах навучэнцаў. З гэтай мэтай можна выкарыстоўваць і маслы “Лаванда”, “Язмін” — тое, што больш падабаецца дзецям па паху. Масла “Грэйпфрут” спрыяе аднаўленню энергетычнага ўзроўню пры фізічнай стомленасці, яго можна выкарыстоўваць у навучэнцаў пасля ўрока фізкультуры. Таксама гэтае масла павышае разумовую актыўнасць, канцэнтрацыю ўвагі, настрой. Масла “Мята” выкарыстоўваю на апошніх вучэбных занятках або карэкцыйных занятках, якія праводжу пасля абеду для аднаўлення сіл, яснасці думкі, паляпшэння памяці. Таксама гэтае масла можна выкарыстоўваць пры эпідэміі грыпу для дэзынфекцыі памяшкання. Масла “Мандарын” дапамагае дзецям пры ператамленні. Яго добра выкарыстоўваць у канцы чвэрці, калі навучэнцы стаміліся ад вучэбнай нагрузкі. Гэтае масла можна выкарыстоўваць дзецям, у якіх назіраецца сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць (СДУГ), таму што яно добра канцэнтруе ўвагу, узмацняе разумовую дзейнасць. Ароматэрапію я выкарыстоўваю на фізкультурных хвілінках, куды ўключаны прыёмы дыхальнай гімнастыкі.

Эфірнае масла трэба разводзіць з вадой у неабходнай прапорцыі: 1 сталовая лыжка на 2 кроплі масла.
Для таго каб практыкаваць ароматэрапію, неабходна мець араматычную лямпу (іншая назва — пахучая лямпа) і свечкі для аромалямпы.

Нароўні з ароматэрапіяй на вучэбных і карэкцыйных занятках таксама прымяняю музыкатэрапію.
Як паказала практыка, музыкатэрапія:

— стварае станоўчы эмацыянальны фон у навучэнцаў (зняцце фактару трывожнасці, няўпэўненасці);

— стымулюе рухальныя функцыі;

— спрыяе развіццю і карэкцыі сенсорных працэсаў (адчування, успрымання, уяўлення) і сенсорных здольнасцей;

— развівае дыхальную сістэму;

— развівае артыкуляцыйны апарат;

— растарможвае маўленчую функцыю.

Музыка ў стылі барока паляпшае памяць (запамінанне новых і замежных слоў, вершаў). Яна супакойвае і мабілізуе механізмы памяці.


Музыка Моцарта або Вівальдзі дапамагае канцэнтравацца на працягу вялікага перыяду. “Да Элізы” Бетховена, “Маленькая начная серэнада” Моцарта расслабляюць і супакойваюць. Павольная частка п’ес Гендэля, Баха або Вівальдзі дапаможа запомніць тэкст. Музыка Баха, Гендэля паляпшае лагічнае мысленне і павышае матэматычныя здольнасці. Гукі прыроды “Дождж, навальніца”, “Мора”, “Мары”, “Дыханне вясны” знімаюць стрэс, павышаюць жыццёвы тонус і імунітэт, напаўняюць аптымізмам.

На занятках я выкарыстоўваю наступныя прыёмы:

— праслухоўванне музычных твораў;

— рытмічныя рухі пад музыку (фізкультурныя хвілінкі);

— спалучэнне музыкі з работай па развіцці ручнога праксісу;

— прапяванне чыстагаворак пад музычнае суправаджэнне.

Пры выкарыстанні музыкатэрапіі неабходна прытрымлівацца наступных правіл:

— працягласць праслухоўвання павінна складаць не больш за 10 хвілін на працягу ўсіх заняткаў;

— на занятках лепш за ўсё выкарыстоўваць адзін музычны твор. (У гукавыя кампазіцыі я ўключаю розныя элементы: прыродныя гукі, класічную і народную музыку, рэлаксацыйную музыку.)

Варта адзначыць, што ў выніку прымянення ароматэрапіі і музыкатэрапіі ў дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі, што дазваляе хутчэй і больш якасна запамінаць тэксты; развіваецца артыкуляцыйная маторыка і маўленчая дзейнасць, што дазваляе палепшыць вербальныя і невербальныя камунікатыўныя навыкі; знімаецца агрэсія, паніжаецца ўзровень трывожнасці; развіваецца агульная маторыка і каардынацыя навучэнцаў; паляпшаецца агульнае самаадчуванне; павышаецца працаздольнасць, настрой, упэўненасць у сабе.

Лілія АГРЫЗКА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 42 Віцебска.

Прафесійныя пробы на шляху да жыццёвага поспеху

Паспяховы прафесійны выбар любога падлетка, а тым больш дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’яўляецца асновай паспяховага далейшага жыцця і яго сацыялізацыі. У Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку вялікая ўвага ўдзяляецца індывідуальнай рабоце па прафарыентацыі. Мы ведаем планы кожнага свайго выпускніка і дапамагаем ім ажыццявіцца.

Ацэньваюцца не толькі імгненныя дасягненні выпускнікоў, але і пралангаваныя — менавіта так можна прасачыць лёс выхаванцаў (пачатак самастойнага жыццёвага шляху, прафесію, поспехі і няўдачы, кар’еру і г.д.). Для нас важна, каб нашы выпускнікі былі ўпэўнены ў сваіх сілах, сваім выбары, маглі інтэгравацца ў сучаснае грамадства.
Для таго каб садзейнічаць прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў, развіццю іх сацыяльна і прафесійна значных якасцей, у нашай школе-інтэрнаце ў рамках тыдня прафарыентацыі былі праведзены так званыя прафесійныя пробы.Схільнасць да прафесіі развіваецца ў працэсе дзейнасці, таму навучэнцам неабходна спрабаваць сябе ў самых розных відах заняткаў, чаму спрыяюць урокі-пробы. Імітуючы прафесійную дзейнасць, школьнікі могуць вызначыць узровень асабістай гатоўнасці да пэўнай прафесіі, што дапаможа ім зрабіць усвядомлены выбар.
Вельмі часта на практыцы работа пра прафесійным самавызначэнні навучэнцаў агульнаадукацыйных школ ажыццяўляецца на ўзроўні асветы, дыягностыкі і прапаганды, пакідаючы ўбаку практычны аспект. А менавіта ў працэсе прафесійных проб навучэнцы знаёмяцца з псіхафізіялагічнымі, інтэлектуальнымі і камунікатыўнымі якасцямі асобы, неабходнымі для работы па прагназуемай прафесіі, набываюць першапачатковыя прафесійныя ўменні і навыкі. Вучань на сваім вопыце даведваецца пра свае індывідуальныя якасці і здольнасці, а галоўнае, можа сам суаднесці свой прыродны і набыты патэнцыял з патрабаваннямі канкрэтнай практычнай дзейнасці ў розных сферах працы.
У Шклоўскай спецшколе-інтэрнаце ў сакавіку было арганізавана правядзенне такіх прафесійных проб у якасці настаўніка, тыфлапедагога, выхавальніка, бібліятэкара, масажыста, медыцынскай сястры, кухара. Некаторыя навучэнцы змаглі выпрабаваць сябе ў 2—3 прафесіях. Упершыню ў мерапрыемствах паўдзельнічалі не толькі навучэнцы школы-інтэрната, але і запрошаныя старшакласнікі з сярэдняй школы № 1 Шклова і гімназіі Шклова.
Трэба адзначыць, што папярэдне з усімі ўдзельнікамі было праведзена анкетаванне, арганізаваны размовы, сустрэчы, майстар-класы са спецыялістамі. Праведзеныя кансультацыі спрыялі фарміраванню ў школьнікаў уяўленняў пра від дзейнасці, якую ім трэба будзе выконваць падчас прафесійнай пробы.
На працягу двух дзён старшакласнікі атрымлівалі вопыт канкрэтнай прафесійнай дзейнасці і маглі вызначыць, ці адпавядае яе характар іх чаканням, здольнасцям і ўменням.
Падвядзенне вынікаў у форме круглага стала дазволіла высветліць, ці змяніліся прафесійныя намеры навучэнцаў, якія цяжкасці і сумненні яны адчувалі пры выкананні пробы. Настаўнікі падкрэслілі, якія індывідуальныя рысы вучня не дазволілі выканаць заданне на належным узроўні (напрыклад, няўважлівасць, залішняя рухаваць або пасіўнасць і інш.), і далі неабходныя рэкамендацыі.
Тыдзень прафарыентацыі скончыўся, але пакінуў шмат станоўчых уражанняў у яго ўдзельнікаў. Вось якія водзывы пакінулі вучні сярэдняй школы № 1 Шклова: “Мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у прафесійных пробах. Я вяла ўрок грамадазнаўства. Хачу адзначыць, што дзеці тут вучацца вельмі добразычлівыя, і з імі было лёгка мець зносіны. Я вельмі рада, што ў мяне быў такі вопыт”. “Мне вельмі спадабалася. Чакала іншай рэакцыі ад дзяцей, але яны прынялі мяне вельмі добра. І цяпер я думаю, што змяню сваё рашэнне аб далейшым выбары прафесіі”.
Мы ўпэўнены, што сумеснае правядзенне прафесійных проб не толькі дазволіць сарыентаваць вучняў у выбары прафесіі, але і будзе спрыяць фарміраванню талерантных адносін да навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама стане важным звяном на шляху паспяховай сацыялізацыі дзяцей з парушэннямі зроку.

Ірына САЎЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шклоўскай спецшколы-інтэрната
для дзяцей з парушэннямі зроку.

Паспяховая інтэграцыя дзяцей з аўтызмам

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна быў адкрыты ў 1998 годзе і стаў першым у горадзе. Сёння тут арганізаваны адукацыйны працэс для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў пяці класах і дзвюх дашкольных групах. Спецыялісты цэнтра аказваюць карэкцыйную дапамогу і дзецям з іншых устаноў адукацыі, а таксама каардынуюць працэс іх навучання ў агульнаадукацыйных установах, якія рэалізуюць праграмы спецыяльнай адукацыі. З верасня 2015 года ў ЦКРНіР Гродна пачаў рэалізоўвацца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”.

“Наш цэнтр традыцыйна наведваюць дзеці з рознымі парушэннямі ў развіцці, — адзначыла яго дырэктар Ірына Яўгенаўна Куроўская. — Дзесяць гадоў назад у нашай установе з’явіліся новыя катэгорыі выхаванцаў — дзеці з аўтызмам і дзеці з парушэннем слыху, якім была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі. З мэтай падтрымаць бацькоў і спецыялістаў, якія аказваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з КІ, на базе ўстановы была створана творчая група спецыялістаў, кіраўніком якой з’яўляецца настаўнік-дэфектолаг Людміла Іванаўна Гардзяйчук. У цэнтры быў адкрыты клас для дзяцей з аўтычнымі парушэннямі. З першых дзён у гэтым класе працуе настаўнік-дэфектолаг Ларыса Валер’еўна Сямёнава. У яе выхаванцаў акрамя аўтычных парушэнняў ёсць і шматлікія спадарожныя захворванні. Такія, напрыклад, як татальная глухата, дзіцячы цэрэбральны параліч, цяжкая разумовая адсталасць”.У 2010 годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі на базе цэнтра была адкрыта эксперыментальная пляцоўка па праблемах дзяцей з аўтызмам, якая паспяхова завяршыла сваю работу ў 2012 годзе. Ва ўстанове апрабоўваліся вучэбна-метадычныя матэрыялы, распрацаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі, былі створаны макеты індывідуальных праграм, камунікатыўныя альбомы, з’явілася адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе для дзяцей з аўтызмам, відэатэка па гэтай тэме.
У верасні 2013 года на базе ЦКРНіР быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па тэме “Метадычнае суправаджэнне працэсу навучання і выхавання дзяцей з аўтычнымі парушэннямі ва ўмовах установы адукацыі і сям’і”.
Фарміраванне камунікатыўных навыкаў — адзін з найважнейшых напрамкаў карэкцыйнай работы з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі. Навучыць уменню выказваць просьбы і эмоцыі, каменціраваць падзеі, задаваць пытанні, сфарміраваць навыкі правільнай зваротнай рэакцыі не так проста, але гэта неабходная ўмова для паспяховай сацыялізацыі нашых дзяцей.
Спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць у рабоце самыя розныя метады і методыкі: напрыклад, альтэрнатыўную сістэму камунікацыі PECS, пры якой адбываецца абмен картак з малюнкамі на жаданы прадмет або дзеянне. Прымяняюць і элементы сенсорнай інтэграцыі, метады глабальнага чытання і сумеснага малявання, метад візуалізацыі і метад сацыяльных гісторый, піктаграмы, а таксама праграму TEACCH і ABA-тэрапію.
Вядучым кірункам работы рэсурснага цэнтра стала аказанне кансультацыйнай дапамогі педагогам, якія вучаць дзяцей з аўтызмам. Сёння ў Гродне ёсць апорныя ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх адкрыты групы і класы інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з аўтызмам. Гэта яслі-сад № 62 і № 65 Гродна, а таксама сярэднія школы № 16 і № 22. Кіраўнікі гэтых устаноў клапоцяцца аб стварэнні спецыяльных умоў для гэтых дзяцей.
Прыкладам належных умоў для іх навучання з’яўляецца адаптыўнае асяроддзе, створанае ў ЦКРНіР Гродна. Для кожнага дзіцяці тут арганізуецца ўтульнае прасторавае асяроддзе. Па-асабліваму ўладкавана рабочае месца для такіх вучняў у класе, падабрана адпаведнае праграмна-метадычнае забеспячэнне і дыдактычны матэрыял, усе супрацоўнікі цэнтра ствараюць станоўчую эмацыянальную атмасферу ва ўстанове.
Дзецям з аўтычнымі парушэннямі, нават тым, у каго дастаткова добры ўзровень інтэлектуальнага развіцця, патрэбна пастаяннае суправаджэнне. У школе суправаджаюць такое дзіця педагог-асістэнт і настаўнік-дэфектолаг, якія аказваюць яму дапамогу падчас урокаў і перапынкаў. Паспяховая інтэграцыя дзяцей з аўтызмам магчыма пры правільным вызначэнні ўмоў для іх, менавіта такіх, якія дапамогуць раскрыць іх здольнасці.
“Падабраць спецыялістаў для работы з такой катэгорыяй дзяцей вельмі складана. Але наш калектыў працуе ў рэжыме адзінства і сяброўства, — адзначае Ірына Яўгенаўна. — Наладжана ўзаемадзеянне са спецыялістамі з іншых устаноў, перш за ўсё з псіханеўралагічнага дыспансера. Педагогі цэнтра працуюць у адной звязцы з бацькамі. Гэта неабходная ўмова для паспяховай карэкцыйнай дапамогі, для сацыяльнага развіцця дзяцей. У цэнтры ёсць школы для бацькоў, напрыклад, клуб для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтычнымі парушэннямі. У клубе ладзяцца сустрэчы для бацькоў з усёй Гродзенскай вобласці. Спецыялісты нагадваюць ім аб важнасці сацыялізацыі іх дзяцей і фарміраванні ў іх агульнапрынятых норм паводзін, якія дапамогуць раскрыцца здольнасцям дзяцей, настрояць іх на гатоўнасць выкарыстання навыкаў і ўменняў, атрыманых у цэнтры.
У планах калектыву цэнтра — стварыць такую ўстанову, у якую зможа звярнуцца кожны спецыяліст, бацькі і дзеці з АПФР, каб параіцца наконт сваіх праблем і знайсці для сябе выйсце. Нам хочацца ажыццяўляць паступовы рух да інклюзіі, каб пастаянна развівалася асяроддзе для зносін дзяцей і дарослых людзей з АПФР са здаровымі людзьмі. І роля сістэмы адукацыі ў гэтым плане неацэнная. Кіраўнікі дашкольных устаноў і школ павінны ўсвядоміць, што з’яўленне дзяцей з абмежаваннямі ў іх установе не знізіць яе прэстыжнасць. Толькі з пазітыўнымі думкамі можна рухацца наперад і вырашаць усе пытанні, што ўзнікаюць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Разам зробім больш

Першае, што бачыш у корпусе Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, — стэнд з фотаздымкамі “Наша гордасць”. Ёсць тут выпускнікі розных гадоў, сярод іх і два выпускнікі 2015 года. А побач — падзячны ліст Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзе атрымліваюць прафесію швачкі ці абутніка многія з былых выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната.

Пра тое, як вучыць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, як лепш рыхтаваць іх да самастойнага жыцця ў грамадстве, ішла размова на рэспубліканскім міжведамасным семінары “Аб стварэнні ў дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адукацыйнага асяроддзя для атрымання выхаванцамі спецыяльнай адукацыі”. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, дырэктары і намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў, дырэктары цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.Пачаўся семінар азнаямленнем з умовамі пражывання, атрымання адукацыі і медыцынскага забеспячэння ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Тут функцыянуюць 9 спецыяльных класаў, 2 спецыяльныя дашкольныя групы, створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, ёсць сенсорны пакой, пакой эргатэрапіі, кабінеты працатэрапіі, басейн, зала лячэбнай фізкультуры, трэнажорная зала. А яшчэ дырэктар Генадзь Генрыхавіч Паўлюкевіч паказаў гасцям добраўпарадкаваную тэрыторыю са спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкамі для гульняў, цяпліцы і ўчасткі для вырошчвання агародніны, якія даюць каля 80 млн рублёў прыбытку і дзе выхаванцы атрымліваюць працоўныя навыкі.
Гасцей хлебам-соллю і песнямі віталі выхаванцы і супрацоўнікі дома-інтэрната. Салістам выступаў выпускнік Васіль Мінчонак, які атрымаў прафесію аператара ЭВМ і ўжо самастойна жыве, але часта наведвае родную ўстанову. Дзеці паказалі вучэбныя кабінеты, гульнявыя памяшканні, пакоі для заняткаў рукадзеллем, бібліятэку, пачаставалі пячэннем, якое самі прыгатавалі.
Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Аляксандраўна Гарбацэвіч адзначыла актуальнасць сумеснага абмеркавання важнай сацыяльнай праблемы.
— Кожнае дзіця мае права на адукацыю, — падкрэсліла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. — У краіне існуе 10 спецыяльных устаноў, дзе выхоўваюцца 780 дзяцей-інвалідаў. Актуальнымі задачамі сёння з’яўляюцца стварэнне адпаведнага адукацыйнага асяроддзя, метадычная работа па навучанні такіх дзяцей.
У сваім выступленні на семінары А.М.Змушко расказала пра сістэму спецыяльнай адукацыі, якая існуе ў Беларусі, і пра вялікую метадычную работу па суправаджэнні адукацыйнага працэсу. Больш як 60 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі развіцця атрымліваюць звычайную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Кожны год рыхтуецца каля 70 вучэбных дапаможнікаў для сістэмы спецадукацыі, напрыклад, па выкладанні замежнай мовы для дзяцей з асаблівасцямі слыху, беларускай мовы — для дзяцей з парушэннямі слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення. Загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ілона Уладзіміраўна Кавалец засяродзіла ўвагу на сучасных метадах спецыяльнай адукацыі дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі, рэкамендацыях, якія распрацаваны інстытутам, па навучанні такіх дзяцей.
Цікавы вопыт работы прадставілі дырэктар Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя парушэнні, Віктар Фёдаравіч Рудэнка і дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна Ірына Іванаўна Душэйка. Ірына Іванаўна зазначыла, што адукацыйнае асяроддзе падтрымлівае і стымулюе працэс сацыялізацыі, фарміравання жыццёва важных навыкаў адаптыўнасці. Для такіх дзяцей трэба ствараць індывідуалізаванае адаптыўнае асяроддзе.
Пра тое, як рэалізуецца працэс навучання і адаптацыі дзяцей-інвалідаў, расказала дырэктар Галавічпольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жанна Адамаўна Пашук. Менавіта настаўнікі гэтай навучальнай установы вядуць заняткі з 61 выхаванцам Васілішкаўскага дома-інтэрната. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 11 настаўнікаў школы і 12 выхавальнікаў дома-інтэрната. 21 педагагічны работнік мае дэфекталагічную адукацыю.
— Уся наша дзейнасць будуецца на аснове дыягностыкі. Высвятляем, што ведае, што ўмее дзіця, які ў яго патэнцыял, зона найбліжэйшага развіцця, — расказала Жанна Адамаўна. — Для дзетак у нас арганізаваны гурткі “Цудоўны чаравічак”, “Ззянне зорак”, “Умелыя рукі”. Таксама нашы дзеці з’яўляюцца членамі піянерскай арганізацыі і БРСМ. Вялікую ўвагу ўдзяляем уключэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзаемадзеянне з іх здаровымі аднагодкамі, з іншымі людзьмі. Кожнае дзіця мае часовае або пастаяннае даручэнне: хто кветкавод, хто бібліятэкар, хто адказвае за чысціню ў класе, хто за парадак на тэрыторыі. Яны дапамагаюць у кухні, сталовай, пральні. Гэта спрыяе выбару далейшага профілю працаўладкавання.Важнай умовай сацыялізацыі дзяцей-інвалідаў з’яўляецца і стаўленне да іх іншых людзей. Вялікую ўвагу ўдзяляюць у Галавічпольскай школе валанцёрскай рабоце. Тут рэалізаваны праект “Разам мы можам больш”, аўтар якога — выпускніца школы Настасся Гойла, а кіраўнік — педагог-дэфектолаг Таццяна Яўгенаўна Барыш. Гэты праект на завочным конкурсе “Псіхолага-педагагічная падтрымка дзіцяці ў ХХІ стагоддзі” заняў першае месца.
Удзельнікі семінара адзначылі, што найважнейшай тэндэнцыяй развіцця спецыяльнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці яе для ўсіх дзяцей. Асноўнымі ўмовамі, якія будуць садзейнічаць фарміраванню жыццёва важных уменняў навучэнцаў і паляпшэнню якасці іх жыцця, з’яўляюцца планаванне работы ў адпаведнасці з індывідуальнымі і ўзроставымі асаблівасцямі, мэтанакіраванасць і сістэмнасць практычнай дзейнасці, арганізацыя адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, узаемадзеянне настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў, медыцынскіх работнікаў і пастаяннае павышэнне іх кваліфікацыі. Міністэрству адукацыі і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны працаваць у гэтых кірунках і ў далейшым трэба разам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Педагог у інклюзіўнай адукацыі

Удзельнікі секцыі “Інклюзіўная адукацыя на ўзроўні дашкольнай адукацыі” абмеркавалі сучасныя праблемы і перспектывы сумеснага навучання і выхавання здаровых дзяцей і дашкольнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Работу секцыі каардынавалі начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.М.Змушко і галоўны спецыяліст гэтага аддзела А.А.Муліца.

Вопыт Малдовы

Аб прыярытэтах інклюзіўнай палітыкі ў сістэме дашкольнай адукацыі Малдовы расказала Кара Анжэла (ЮНІСЕФ).
“Інклюзіўныя тэндэнцыі адлюстроўваюцца ў асноўных дакументах і нацыянальных праграмах нашай краіны. У прыватнасці, у Кодэксе адукацыі Pэспублікі Mалдова, у Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, якую краіна ратыфікавала, у Нацыянальнай стратэгіі “Адукацыя для ўсіх” на 2004—2015 гады і ў праграме развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Малдова на 2011—2020 гады, — адзначыла Кара Анжэла. — Доступ дзяцей з АПФР да праграм ранняга выхавання з кожным годам забяспечваецца ўсё больш. Калі ў 2005 годзе гэтая лічба складала 70,7%, то ў 2014-м ужо 84%. У 2005 годзе толькі 1,8% дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі наведвалі дзіцячыя сады, а ў 2014-м — ужо 40% . І 40% бацькоў здаровых дзяцей пагадзіліся з тым, што дзеці з асаблівасцямі ў развіцці знаходзяцца ў садах побач з іх дзецьмі (у 2010 годзе такіх бацькоў было толькі 5,2%)”.
Нягледзячы на дасягненні ў развіцці інклюзіўных працэсаў, застаюцца нявырашанымі многія праблемы. Галоўная з іх заключаецца ў тым, што ў дашкольных установах не хапае спецыялістаў, падрыхтаваных да работы з дзецьмі з АПФР: лагапедаў, псіхолагаў. Застаецца невысокім узровень падрыхтоўкі спецыялістаў па выяўленні дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Бацькі часта не ведаюць, як паводзіць сябе са сваімі асаблівымі дзецьмі, як навучаць іх. Шмат намаганняў патрабуе адаптацыя фізічнага асяроддзя ў дашкольных установах да патрэб асаблівых дзяцей. Групы, якія наведваюць асаблівыя дзеці, не павінны быць перапоўненымі. Патрабуе дапрацоўкі і механізм па зборы даных аб дзецях дашкольнага ўзросту з асаблівымі выхаваўчымі патрэбамі. Наспела неабходнасць распрацоўкі метадалогіі па пераемнасці паміж дашкольнай установай і пачатковай школай. Трэба таксама вучыць кіраўнікоў дашкольных устаноў планаваць і расходаваць бюджэтныя сродкі з улікам патрэб дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, якія выхоўваюцца ў гэтых установах.
Выступоўца падкрэсліла, што пытанні інклюзіі абмяркоўваюцца сёння не толькі адносна дзяцей з АПФР. У лік дзяцей, якія рызыкуюць апынуцца па-за адукацыяй, уваходзяць дзеці з незабяспечаных сем’яў, з сельскай мясцовасці, тыя, што засталіся без бацькоўкай апекі, дзеці этнічных меншасцей, мігрантаў, цыган, а таксама дзеці з дэвіянтнымі паводзінамі і тыя, што знаходзяцца ў канфлікце з законам, дзеці, якія падвергліся гвалту.

Прынцыпы і каштоўнасці інклюзіі

“Укараненне ідэй інтэграцыі і інклюзіі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі залежыць у значнай меры ад кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Лічу, што неабходна ўнесці некаторыя змяненні ў сістэму падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, — адзначыла Вольга Клязовіч, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка. — Па выніках апытання слухачоў курсаў перападрыхтоўкі для дашкольнай адукацыі мы выявілі, што многія з іх не гатовы працаваць ва ўмовах інклюзіі. Асноўная прычына гэтага — адсутнасць ведаў пра асаблівых дзяцей, пра іх псіхалогію, пра метады работы з імі, пра тэхналогіі выкладання вучэбнага матэрыялу розным катэгорыям навучэнцаў”.
У адпаведнасці з адукацыйным стандартам спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, згодна з якім праводзіцца перападрыхтоўка, слухачы знаёмяцца з псіхолага-педагагічнымі характарыстыкамі дзяцей з АПФР, яны вучацца ажыццяўляць мэтавую, планавую арганізацыю інтэграванага (інклюзіўнага) навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Сучасны педагог павінен усвядоміць галоўныя прынцыпы інклюзіўнай адукацыі: каштоўнасць чалавека залежыць не толькі ад яго здольнасцей і дасягненняў, кожны чалавек заслугоўвае ўвагі, ён здольны адчуваць і думаць, кожны чалавек мае права на зносіны, на тое, каб яго пачулі.
Паспяховаму фарміраванню інклюзіўнай кампетэнтнасці будучых выхавальнікаў у працэсе перападрыхтоўкі спрыяе прымяненне тэхналогіі кантэкстнага навучання (праз спасціжэнне сацыяльнага кантэксту будучай дзейнасці). У змест вучэбнай дысцыпліны “Педагогіка дашкольнай адукацыі” ўключаны раздзел “Асновы інклюзіўнай адукацыі”, які прадугледжвае азнаямленне слухачоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця дзяцей (з інтэлектуальнай недастатковасцю, з цяжкасцямі ў навучанні, з парушэннем слыху, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з парушэннямі зроку). Слухачы курсаў атрымліваюць метадычныя рэкамендацыі аб спецыфіцы арганізацыі заняткаў з дзецьмі з АПФР і правілах сумеснага адпачынку дзяцей усёй групы і г.д.
Фарміраванне асноў інклюзіўнай кампетэнтнасці ажыццяўляецца і ў працэсе рэалізацыі адукацыйных праграм па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў па тэмах: “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”, “Навукова-метадычнае суправаджэнне інтэграванага выхавання і навучання ў дашкольнай адукацыі”, “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інтэграванага выхавання і навучання”.

Вучым камунікацыі пасля кахлеарнай імплантацыі

“Кахлеарная імплантацыя становіцца ўсё больш распаўсюджаным сродкам рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху, — паведаміла загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі бесперапыннай адукацыі ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка Святлана Фяклістава. — Гэты метад слыхапратэзавання прадугледжвае аператыўнае ўмяшанне: ва ўнутранае вуха пацыента ўжыўляюцца сістэмы электродаў, якія забяспечваюць успрыманне гукавой інфармацыі пры дапамозе электрычнай стымуляцыі слыхавога нерва. У нашай краіне гэты спосаб слыхапратэзавання рэалізоўваецца з 2000 года. За апошнія 15 гадоў узроставая планка знізілася, усё большай колькасці маленькіх дзяцей робяць аперацыі па кахлеарнай імплантацыі. Пры паспяховасці такіх аперацый і іншых спрыяльных умовах значна паляпшаюцца і вынікі карэкцыйна-развіццёвай работы. Адзначу, што колькасць такіх аперацый у апошні час павялічылася”.
Бясспрэчна, кахлеарная імплантацыя адкрывае дзецям з глыбокім парушэннем слыху добрую перспектыву слыхамаўленчага развіцця. Але для таго, каб дзіця з кахлеарным імплантам авалодала маўленнем (навучылася паўнацэнна ўспрымаць гукі навакольнага свету, адрозніваць іх, размаўляць), з ім трэба працаваць і настаўнікам-дэфектолагам, і бацькам. Пры спрыяльных умовах працягласць слыхамаўленчай педагагічнай рэабілітацыі складае 5—7 гадоў. Менавіта за гэты час дзіця набліжаецца па ўзроўні развіцця слыху і маўлення да сваёй узроставай нормы.
У 2010 годзе па заданні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь спецыялісты распрацавалі праграмна-метадычнае забеспячэнне карэкцыйнай работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантамі. З 2011 па 2014 год праграмы карэкцыйнай работы “Развіццё слыхавога ўспрымання” і “Развіццё вуснага маўлення” праходзілі апрабацыю ў рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта на базе чатырох устаноў адукацыі: Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху, спецыяльнага дзіцячага сада № 14 для дзяцей з АПФР Гродна, спецыяльнага ясляў-сада № 469 для дзяцей з АПФР Мінска і Мінскай абласной дзяржаўнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Апрабацыя праходзіла ў розных умовах: пры навучанні і выхаванні дзяцей з кахлеарнымі імплантамі ў спецыяльнай групе для дзяцей з парушэннем слыху, у групе дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у дашкольным аддзяленні спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем слыху.
Пры распрацоўцы праграм улічваліся наступныя асаблівасці развіцця дзяцей з КІ: аперацыя не аднаўляе слых цалкам; парогі слыху складаюць 26 — 40 дб (1 ступень тугавухасці); КІ відазмяняе маўленне і гукі, якія паступаюць у слыхавую сістэму; КІ ў большасці выпадкаў выконваецца манаўральна. У дзяцей з кахлеарнымі імплантамі часта ўзнікаюць складанасці з лакалізацыяй гукаў, у іх парушана хуткасць апрацоўкі маўлення (гукі даносяцца з затрымкай на 45 с і больш), назіраюцца асаблівасці доўгачасовай памяці, нізкая канцэнтрацыя і замаруджанае пераключэнне ўвагі. Нават пры невялікай слыхавой нагрузцы праяўляецца хуткая стамляльнасць.
Акрамя таго, распрацоўшчыкі праграм абапіраліся на наступныя веды:
1. Кахлеарная імплантацыя вяртае чалавеку фізічную магчымасць чуць. Пасля падключэння маўленчага працэсара кахлеарнага імпланта дзіця можа ўспрымаць інфармацыю так, як яго звычайныя аднагодкі, але з некаторым змяшчэннем у тэрмінах.
2. У працэсе карэкцыйнай работы неабходна пастаянна параўноўваць паказчыкі развіцця слыху і маўлення ў дзіцяці з КІ з нарматыўнымі паказчыкамі. “Слыхавы ўзрост” можа значна адрознівацца ад пашпартнага (біялагічнага).
3. Развіццё слыхавога ўспрымання — прыярытэтны кірунак карэкцыйнай работы ў самым пачатку выкарыстання КІ. Ад вынікаў гэтага перыяду будзе залежаць эфектыўнасць далейшай работы з дзіцем.
Можна вылучыць наступныя спецыфічныя асаблівасці праграм для дзяцей з КІ (калі параўноўваць іх з праграмамі, што выкарыстоўваюцца для дзяцей са слыхавым апаратам): КІ значна пашырае спектр немаўленчых гучанняў, таму ў праграмах прадугледжана ўспрыманне маўлення ва ўмовах шуму, іншых пабочных гукаў; значнае месца адведзена заняткам па адрозненні на слых фанем; спецыфічна прадстаўлены заданні па лакалізацыі гукаў у прасторы; работа над гукамі рознай частаты ажыццяўляецца з улікам асаблівасцей правядзення аперацыі; прадугледжана выкарыстанне больш складанага па лексіцы і граматычнай структуры маўленчага матэрыялу.
У цяперашні час ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага праекта (2014—2016 гг.) “Укараненне праграмнага забеспячэння карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з парушэннем слыху, кампенсаванымі кахлеарнымі імплантамі, ранняга і дашкольнага ўзросту”.

ЭСН у дапамогу

Аб магчымасцях выкарыстання электронных сродкаў навучання для дашкольнай адукацыі дзяцей, якія нармальна развіваюцца, і іх равеснікаў з парушэннямі слыху расказала дацэнт БДПУ імя Максіма Танка Кацярына Сарока. “Найбольш папулярныя электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей дашкольнага ўзросту, — гэта электронныя сродкі навучання з выкарыстаннем камп’ютарнай і тэлекамунікацыйнай тэхнікі. Да сучасных ЭСН адносяцца: праграмы-трэнажоры, праграмы для тэсціравання і кантролю, гульнявыя вучэбныя і развіццёвыя камп’ютарныя праграмы і інш. У цяперашні час камп’ютарны рынак папоўніўся самымі рознымі электроннымі сродкамі навучання, большасць з якіх распрацавана ў Расійскай Федэрацыі. Многія з іх рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для выкарыстання ў нашай краіне для адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту, у тым ліку і з парушэннем слыху. Але існуючыя камп’ютарныя прадукты не заўсёды ўлічваюць індывідуальныя магчымасці кожнага дзіцяці, а таксама асаблівыя адукацыйныя патрэбы дзяцей з парушэннем слыху. Таму ёсць неабходнасць распрацоўкі метадычных рэкамендацый па выкарыстанні гатовага камп’ютарнага прадукту, трэба таксама павысіць прафесійную кампетэнтнасць як выхавальнікаў, так і настаўнікаў-дэфектолагаў у пытаннях інфарматызацыі і выкарыстання сучасных ЭСН у адукацыйным працэсе”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Асаблівым дзецям — асаблівы кабінет

Пры рабоце з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вельмі важна ствараць спрыяльнае адукацыйна-развіццёвае асяроддзе. У Парэцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна ўжо трэці год працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 36 навучэнцаў. Трое школьнікаў атрымліваюць адукацыю па спецыяльных праграмах. Трэба сказаць, у апошнія гады колькасць навучэнцаў з АПФР павялічылася. Таму ўзнікла праблема з памяшканнямі, якія можна было б у поўнай меры адаптаваць для заняткаў з такімі дзецьмі.

Дырэктар школы Марына Янаўна Астроўская знайшла выйсце. Сіламі работнікаў школы перабудавалі дастаткова вялікае фае трэцяга паверха і стварылі там дадатковы кабінет для заняткаў. Маладыя спецыялісты настаўнікі-дэфектолагі Ірына Генадзьеўна Кісель і Вольга Станіславаўна Дуровіч з густам аформілі памяшканне. Пяшчотна-блакітны колер сцен, падабраныя ў тон гардзіны на вокнах, дываны на падлозе. У адпаведнасці з патрабаваннямі кабінет падзялілі на зоны: вучэбную, гульнявую, артыкуляцыйнай маторыкі, сенсорную, зону рэлаксацыі.
У вучэбнай зоне размясцілі парты і дошку, стварылі ўмовы для правядзення заняткаў па групах, падгрупах і індывідуальных. Для гульнявой зоны адвялі месца ў цэнтры пакоя. Тут праводзяцца фізкультхвілінкі, рухавыя гульні, гульнявыя практыкаванні. У зоне артыкуляцыйнай маторыкі ўстаноўлена люстэрка памерам 50 на 100 см, перад якім дэфектолагі адпрацоўваюць з навучэнцамі пастаноўку гукаў.
У сенсорнай зоне ёсць пясочніца, маленькія фігуркі людзей, жывёл, іншых аб’ектаў, якія дапамагаюць дзецям спасцігаць навакольны свет, развіваючы пры гэтым мысленне, уяўленне, маўленне, дробную маторыку. Дзеці спрабуюць маляваць, выкарыстоўваючы пясок, ствараюць аб’ёмныя кампазіцыі, дабаўляючы ў пясок ваду.
Самы таямнічы куточак пакоя — зона рэлаксацыі. Тут за паўпразрыстай шырмай, якая звісае са столі, стаіць мяккае ўтульнае крэсла-трансформер. Дзецям падабаецца адпачываць, седзячы ў ім, у навушніках слухаць спакойную музыку, адчуваючы водар, што ідзе ад аромалямпы. Тут можна пабыць у адзіноце або ў акружэнні сваіх любімых мяккіх цацак.
Усе зоны кабінета аб’яднаны ў цэласную прастору праз “чыгунку”, па якой едзе “паравозік”. “Чыгунка” зроблена з клейкай паперы і наклеена на сцены па перыметры пакоя. У “клубах дыму” добра бачны назвы “станцый”.
У пакоі шмат кветак. Кабінет папаўняецца метадычнымі распрацоўкамі і дыдактычным матэрыялам. Ёсць інфармацыйны стэнд з парадамі і рэкамендацыямі для бацькоў, якія часта прыходзяць у школу, каб пракансультавацца з педагогамі. Татам і мамам дзяцей з АПФР вельмі неабходна псіхолага-педагагічная падтрымка.
Ірына Генадзьеўна і Вольга Станіславаўна да правядзення заняткаў падыходзяць творча, выкарыстоўваюць у працэсе навучання як стандартныя формы работы, у тым ліку і гульні, так і электронныя сродкі навучання. Настаўнікі стараюцца разнастаіць жыццё сваіх навучэнцаў, праводзяць масавыя святы, конкурсы.
Мы ўпэўнены, што стварэнне для дзяцей з АПФР спрыяльнай адаптацыйнай прасторы магчыма толькі пры ўмовах шчырага клопату і гуманных талерантных адносін да іх.

Наталля ДАНІЛОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Нестандартны ўрок у інтэграваным класе

У практыцы кожнага педагога можа настаць момант, калі ён бачыць зніжэнне цікавасці школьнікаў да заняткаў па сваім прадмеце. Вырашыць гэтую праблему, на мой погляд, дапамогуць нестандартныя формы правядзення ўрокаў, якія наблізяць школьнае навучанне да рэчаіснасці. Дзяцей зацікавяць і заняткі, на якіх трэба паказаць не толькі свае веды, але і кемлівасць, творчасць. У гэтым я пераканалася, працуючы настаўнікам-дэфектолагам у класах інтэграванага навучання і выхавання з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Нестандартны ўрок — гэта імправізаваныя вучэбныя заняткі, якія маюць нетрадыцыйную структуру. Нетрадыцыйныя формы работы на ўроку дазваляюць настаўніку працягла ўтрымліваць пазнавальны інтарэс навучэнцаў, фарміруюць актыўную пазіцыю дзіцяці ў спасціжэнні і адпрацоўцы новых ведаў на практыцы. З дапамогай нетрадыцыйных урокаў можна вырашыць праблему дыферэнцыяцыі навучання, арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Такія заняткі павышаюць цікавасць вучняў да прадмета і, як вынік, спрыяюць лепшаму засваенню матэрыялу.
Разгледзім найбольш распаўсюджаныя тыпы нестандартных урокаў, якія можна рэалізаваць у рабоце з дзецьмі з АПФР.
На ўроках біялогіі ў дапаможнай школе першага аддзялення можна практыкаваць правядзенне ўрока-даследавання, на якім дзеці з дапамогай настаўніка вучацца аналізаваць аб’екты навакольнага свету, робяць высновы, выводзяць азначэнні, правілы, паняцці. Такія ўрокі прадугледжваюць арганізацыю практычнай даследчай дзейнасці пры вывучэнні раздзелаў па прадмеце. Матэрыял падручніка пабудаваны так, што для настаўніка нескладана вызначыць урокі, на якіх дзеці будуць займацца вывучэннем аб’ектаў навакольнага свету. Прыкладам такога ўрока можа быць урок-даследаванне па тэме “Корань. Будова кораня” (7 клас дапаможнай школы першага аддзялення), на якім дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка даследуюць будову кораня, параўноўваюць будову і развіццё кораня ў гароху, фасолі, традэсканцыі, бульбы, развіваюць навыкі работы з біялагічнымі тэрмінамі, падручнікам і практычныя ўменні па адрозніванні і вызначэнні каранёў, тлумачаць новыя паняцці, аналізуюць вынікі сваёй дзейнасці і робяць высновы.
Вельмі цікавай формай правядзення ўрока з’яўляецца ўрок мудрасці. Такія ўрокі мэтазгодна праводзіць па прадметах карэкцыйнага кампанента, а менавіта па развіцці эмацыянальна-валявой сферы з навучэнцамі дапаможнай школы першага аддзялення. Матэрыялам для правядзення гэтых заняткаў могуць паслужыць розныя народныя і аўтарскія казкі і апавяданні з кнігі М.А.Андрыянава “Філасофія для дзяцей (у казках і апавяданнях)”. У гэтым дапаможніку можна знайсці матэрыял па раздзелах: размовы аб прыгажосці, размовы пра высокае, размовы пра сэрца і любоў, размовы пра маральнасць, размовы пра волю і інш. Гэта могуць быць як лірычныя казкі, якія кранаюць душу, так і праўдападобныя апавяданні для розуму. Творы добра запамінаюцца і лёгкія для наступнага аналізу. Пры дапамозе пытанняў педагог наўмысна выводзіць дзіця за рамкі сюжэта твораў і такім чынам дапамагае яму знайсці аналогію ў рэальным жыцці.
Форму прэс-канферэнцыі можна выкарыстоўваць пры правядзенні ўрокаў па прыродазнаўстве, біялогіі, геаграфіі, на ўроках літаратурнага чытання. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы па геаграфіі “Прырода нашай краіны. Асноўныя заняткі насельніцтва” (7 клас першага аддзялення дапаможнай школы) можна правесці ўрок у форме прэс-канферэнцыі. На этапе падрыхтоўкі настаўнік-дэфектолаг прадумвае склад удзельнікаў, дапамагае ў фармулёўцы пытанняў. Напрыклад, на ўрок у якасці ўдзельнікаў можна запрасіць прадстаўніка службы занятасці насельніцтва горада, настаўніка-прадметніка, прадстаўніка краязнаўчага музея і г.д. Мэтазгодна для ўдзелу ў гэтым уроку далучыць бацькоў, прафесійная дзейнасць якіх звязана з пытаннем, якое вывучаецца. У ролі вядучага прэс-канферэнцыі выступае сам настаўнік-дэфектолаг, які сочыць за рэгламентам правядзення, паслядоўнасцю вырашэння пытанняў. Навучэнцаў можна падзяліць на групы, якія прадстаўляюць розныя школьныя СМІ. Па выніках правядзення прэс-канферэнцыі кожная група рыхтуе насценгазету па пытаннях, якія будуць абмяркоўвацца на наступным уроку, падводзяцца вынікі па тэме, якая вывучаецца.
Правядзенне ўрокаў у форме ўрока-сюрпрызу найбольш папулярнае сярод педагогаў-практыкаў, бо яны спрыяюць утрыманню ўвагі навучэнцаў, прадугледжваюць частую змену відаў дзейнасці. Урок-сюрпрыз падыходзіць для правядзення заняткаў па прадметах як дзяржаўнага, так і карэкцыйнага кампанентаў вучэбнага плана. Дзецям заўсёды цікава, калі ўрок пачынаецца з таго, што нехта прыходзіць у госці і прыносіць з сабой заданні-сюрпрызы, за выкананне якіх можна атрымаць не толькі добрую адзнаку, але і падарунак-сюрпрыз (цукерку, фрукт, дробныя цацкі і інш.).
Напрыклад, настаўнік у пачатку ўрока гаворыць, што на адрас школы прыйшоў ліст ад герояў казкі М.Носава “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”:
“Запрашаем вас на заняткі, якія праводзяцца кожную… у нашым клубе. Спадзяёмся, што вам будзе цікава ў нас. У наш клуб вядзе патаемная лесвіца. Яна складаецца з васьмі прыступак. На кожнай з іх трэба напісаць слова, у якім будзе столькі літар, колькі кубікаў на гэтай прыступцы. Усе словы пачынаюцца з літары А. Адгадайце гэтыя словы і прыходзьце да нас!”
Такім чынам, дзеці трапляюць у казку, у якой за выкананне заданняў-сюрпрызаў атрымліваюць падарункі. Для падрыхтоўкі ўрокаў гэтага тыпу па рускай мове можна парэкамендаваць кнігу “Падарожжа па краіне слоў”, аўтары І.Б.Голуб, М.М.Ушакоў. Сюжэты, якія прапаноўваюцца ў гэтай кнізе, падыходзяць як для прадметных урокаў, так і для карэкцыйных заняткаў.
Можна прапанаваць незвычайны ліст, які прыйшоў на імя вучняў і змяшчае праблемную сітуацыю, пры вырашэнні якой навучэнцы робяць выснову пра тэму ўрока, які будзе, і фармулююць задачы, ажыццяўляюць пастаноўку мэты на работу, якая павінна адбыцца:
“Добры дзень, Максім і Рыта. Мяне завуць Цукерка. Я жыву… вёсцы, …вялікім доме. …мяне ёсць сабака Шарык. Ён любіць спаць… домам. Яшчэ ёсць кошка Мурка. Яна адпачывае… домам…дыванку. … веснічак я разбіла вялікую клумбу і пасадзіла… ёй кветкі. А адразу… домам… нас пачынаецца лес, …якім расце шмат ягад і грыбоў. …садзе расце смачная і салодкая маліна. Напішыце мне адказ. Раскажыце… свой горад”.
Вельмі падабаецца дзецям, калі да іх у госці прыходзяць казачныя героі, якія прыносяць з сабой заданні-сюрпрызы і заахвочваюць за іх выкананне. Гэта могуць быць словы, склады, з якіх потым складаецца фраза або слова, якія нясуць ацэнку дзейнасці на ўроку.
Асаблівую ўвагу хочацца ўдзяліць такой форме правядзення заняткаў, як урок-казка. На мой погляд, гэты від нетрадыцыйных урокаў больш падыходзіць для правядзення заняткаў карэкцыйнага кампанента, бо нясе ў сабе вялікі развіццёвы патэнцыял як пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, так і эмацыянальна-валявой сферы. Заняткі такога тыпу могуць быць рэалізаваны на працягу некалькіх урокаў.
Каб урок быў удалым, педагог павінен дакладна ведаць магчымасці навучэнцаў. Уключэнне дзяцей у дзеянне казкі, калі яны самі становяцца яе героямі, а не проста пасіўнымі слухачамі, спрыяе зняццю трывожнасці, няўпэўненасці, дае магчымасць паглядзець на сябе з іншага боку.
Урокі-падарожжы і завочныя экскурсіі вельмі папулярныя ў настаўнікаў і настаўнікаў-дэфектолагаў у пачатковай школе, нярэдка практыкуюцца ў 5—6 класах. Гэтая яркая і цікавая форма мае асаблівасці: наяўнасць карты падарожжа або маршрутнага ліста, на якіх адзначаюцца ўсе прыпынкі, вызначаецца транспарт, уключаюцца элементы ролевай гульні. Урок-падарожжа (экскурсія) дапамагае падтрымліваць матывацыю дзейнасці дзіцяці на ўроку. Пахвала, падтрымка настаўніка і аднакласнікаў, спаборніцкі момант, адсутнасць напружання падчас урока стымулююць дзіця больш даведацца, даюць радасць ад актыўнага дзеяння.
Вельмі цікавымі з’яўляюцца ўрокі ў выглядзе форм пазакласнай работы: ранішнік, спектакль, канцэрт, інсцэніроўка мастацкага твора, “вячоркі”, “клуб знаўцаў”. Аднак такія ўрокі прадугледжваюць вялікую колькасць удзельнікаў. Пры гэтым існуе магчымасць уключэння навучэнцаў з АПФР у агульную дзейнасць у класе пры правядзенні сумесных урокаў настаўнікам-прадметнікам і настаўнікам-дэфектолагам. Напрыклад, пры правядзенні пазакласнага чытання па рускай літаратуры і літаратурным чытанні можна падрыхтаваць урок-канцэрт, на якім выступяць усе навучэнцы, будзе падрыхтавана афіша, распрацаваны анонс урока, разасланы запрашэнні.
Пры правядзенні ўрокаў па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы з навучэнцамі дапаможнай школы першага аддзялення пры вывучэнні раздзела “Гатаванне ежы” можна праводзіць урокі-“вячоркі”, падчас якіх арганізаваць чаяванне разам з бацькамі. Дарослыя падрыхтуюць песні, прыпеўкі, вершы, загадкі па прапанаванай тэме. Падчас такіх “вячорак” можна абмяркоўваць правілы прыёму гасцей, правілы паводзін за сталом, у гасцях і г.д. Такія ўрокі спрыяюць разняволенню дзяцей, дапамагаюць наладзіць дыялог паміж дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі. З дапамогай такіх урокаў можна вырашаць не толькі адукацыйныя, развіццёвыя задачы, але і выхаваўчыя, задачы асобаснага развіцця, праводзіць карэкцыю сямейных адносін.
Урок-залік разгледзім на прыкладзе правядзення абагульняльнага ўрока па прадмеце “Руская мова” (7 клас дапаможнай школы першага аддзялення), тэма “Састаў слова”. Для яго правядзення неабходна падрыхтаваць: заліковы ліст для навучэнца, заліковыя кніжкі на кожнага навучэнца, мультымедыйнае абсталяванне, наглядны і дэманстрацыйны матэрыял. У экспертную камісію можна запрасіць настаўнікаў-прадметнікаў, педагога-псіхолага, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.
Пачынаецца ўрок з эмацыянальнага настрою на работу, паведамляецца тэма ўрока, задачы ўрока. Навучэнцы знаёмяцца з правіламі правядзення ўрока-заліку: атрымліваюць лісты-заданні (карткі), у якіх неабходна выканаць чатыры-пяць заданняў. Парадак выканання можа быць адвольным. Пасля выканання кожнага задання лісты перадаюцца ў экспертную камісію, выстаўляюцца балы ў заліковы ліст. Кожнае заданне мае сваю вартасць. Агульная максімальная колькасць за ўсе заданні складае 10 балаў. У канцы ўрока падводзяцца вынікі здачы заліку, віншаванне навучэнцаў з паспяховай здачай. Адзнакі выстаўляюцца ў заліковыя кніжкі.
Падчас работы над тэмай педагагічнага вопыту я прааналізавала актыўнасць навучэнцаў на ўроках стандартных і нестандартных тыпаў. Больш актыўна сябе паводзілі навучэнцы на ўроках з незвычайным сцэнарыем, пры наяўнасці гульнявой, займальнай формы. Цікавасць навучэнцаў пацвярджалася вялікай колькасцю адказаў, у большасці сваёй правільных, павялічвалася колькасць дапаўненняў. Укараненне інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій таксама дазваляе прыдумваць новыя нестандартныя ўрокі.
Прааналізавана паспяховасць навучэнцаў па прадметах “Матэматыка”, “Руская мова”, “Біялогія”, “Геаграфія” (нестандартныя ўрокі праводзіліся 1 раз на тыдзень па адным прадмеце). Зыходзячы з вынікаў за 2013/2014 навучальны год, можна зрабіць выснову, што паспяховасць на ўроках па гэтых прадметах павялічваецца пры выкарыстанні нестандартных урокаў, што яшчэ раз пацвярджае павышэнне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў з АПФР падчас нестандартных урокаў.
Прывяду некаторыя рэкамендацыі па правядзенні нестандартных урокаў:
1. Нетрадыцыйнаму ўроку павінна папярэднічаць старанная падрыхтоўка, і ў першую чаргу распрацоўка сістэмы канкрэтных мэт навучання, развіцця і выхавання.
2. Пры выбары форм нетрадыцыйных урокаў настаўніку-дэфектолагу неабходна ўлічваць узровень падрыхтаванасці і спецыфічныя асаблівасці асобных навучэнцаў і групы ў цэлым.
3. Пры выбары форм нетрадыцыйных урокаў настаўніку-дэфектолагу неабходна кіравацца прынцыпам “з дзецьмі і для дзяцей”, ставіць адну з асноўных мэт — выхаванне навучэнцаў у атмасферы дабра, творчасці, радасці.
Разнастайнасць тыпаў нестандартных урокаў дазваляе выкарыстоўваць іх на ўсіх ступенях адукацыі дзяцей з АПФР і на розных прадметах. Нестандартныя ўрокі лепш запамінаюцца, іх асабліва добра выкарыстоўваць на ўводных і абагульняльных уроках.

Таццяна ПАРАДНЯ,
настаўнік-дэфектолаг, намеснік дырэктара па вучэбнай
рабоце сярэдняй школы № 8 Наваполацка.