Ірына КІРЫК: “Удзел у інавацыях і захаванне якасці адукацыі — наша галоўная задача”

Гімназія № 3 Барысава заслужана з’яўляецца адной з прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў горада. Паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, а таксама распрацоўка і рэалізацыя ўласных інавацыйных праектаў надаюць установе яшчэ больш папулярнасці. Нездарма паступаць у гімназію прыходзяць навучэнцы з розных раёнаў горада, але стаць гімназістамі могуць толькі самыя лепшыя.

Пра асноўныя кірункі навуковай дзейнасці, інавацыі, а таксама пра тое, як адбываецца павышэнне якасці адукацыі гімназістаў згодна з запытамі і патрэбамі сучаснага грамадства, нам расказала дырэктар гімназіі № 3 Ірына Валер’еўна КІРЫК.

— Ірына Валер’еўна, што прывяло вас у прафесію?

— Я з сям’і педагогаў і заўсёды ведала, што менавіта з настаўніцкай дзейнасцю будзе звязана і маё жыццё. Мама працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 12 Барысава. Гэтую ж школу заканчвала і я. І адразу пасля навучання ў школе пачалася мая педагагічная дзейнасць. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, я паступіла на завочнае навучанне ў БДУ на геаграфічны факультэт. Адначасова з гэтым працавала піянерважатай у сваёй школе. Пасля вучобы ў БДУ засталася там працаваць, а праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. 13 гадоў назад была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 15.

— Гімназіі № 3 усяго 6 гадоў. Раскажыце, калі ласка, якой сёння з’яўляецца ваша навучальная ўстанова?

— У 2008 годзе школа № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава. І менавіта тады перад намі ўзнікла пытанне захавання кантынгенту навучэнцаў. Нам неабходна было выходзіць на новы ўзровень развіцця. Дзеці ў нас вучыліся і вучацца толькі самыя лепшыя. Яны не падводзяць. Нашы гімназісты штогод прывозяць са шматлікіх алімпіяд і конкурсаў як мінімум 100 дыпломаў.

Увогуле, падрыхтоўка ў гімназіі заўсёды была на высокім узроўні. Штогод мы набіраем 5 першых класаў. Конкурс пры паступленні да нас у 5 клас складае 1,6 чалавека на месца. На сёння ў гімназіі вучыцца 1046 дзяцей.

На цяперашні момант у нашай гімназіі працуюць 99 настаўнікаў, 91,9 працэнта з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 81,9 працэнта настаўнікаў. 100 працэнтаў педагогаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Што тычыцца навучэнцаў, іх дасягненняў у вучобе, то хочацца адзначыць, што ў нас сярэдні бал па ЦТ складае 58,5. Наша вучаніца Дар’я Цябус сёлета атрымала 100 балаў на ЦТ па рускай мове. Акрамя гэтага, на працягу трох гадоў яшчэ адна наша навучэнка Надзея Лазерка перамагала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. На вобласці яна на працягу трох гадоў была першай, а з рэспубліканскага этапу алімпіяды прывозіла тры гады запар дыплом ІІІ ступені. Сёлета наша вучаніца 11 класа Марыя Чапрасава атрымала дыплом ІІІ ступені на Абласной канферэнцыі даследчых работ (кіраўнік работы Юлія Уладзіміраўна Сцяпанава).

— Гімназія № 3 з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Наколькі неабходны навучальнай установе такія міжнародныя сувязі?

— Дзякуючы таму, што гімназія з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА, мы прымалі ўдзел у такіх мерапрыемствах, як, напрыклад, міжнародныя канферэнцыі па мадэляванні ААН сярод школьнікаў GYMUN, Дзень японскай культуры “PRO Японію”, які праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Японіі ў рамках фестывалю “Японская восень у Беларусі”. З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання гімназістаў восенню 2015 года было наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 5 Надыма (Расійская Федэрацыя). Выкарыстоўваліся інавацыйныя формы зносін з калегамі і вучнямі са школы Надыма: тэлемасты, скайп-канферэнцыі.

— Ваша гімназія першая ў вобласці і адна з першых у краіне пачала развіваць інавацыйныя праекты. Што падштурхнула выкарыстоўваць такое новаўвядзенне ў адукацыйным працэсе?

— На працягу трох гадоў — з 2010 па 2013 — мы прымалі ўдзел у праекце па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Калі работа над праектам была завершана, мы даведаліся, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі прапаноўвае новую тэму для інавацыйнай дзейнасці — “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Нас гэтая тэма зацікавіла. Калектыў падтрымаў ідэю прыняць удзел у праекце. Мэтай нашай маштабнай інавацыйнай работы з’яўляецца фарміраванне ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных навучэнцаў з дапамогай іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння ў працэсе прафесійнага станаўлення. У 2015/2016 навучальным годзе пасля падрыхтоўчага этапу быў рэалізаваны дыягнастычны этап інавацыйнага праекта, падчас якога была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка для вызначэння інтэлектуальных здольнасцей і прафесійных задаткаў высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Былі распрацаваны 8 індывідуальных маршрутаў і адукацыйных праграм па фарміраванні ключавых кампетэнцый навучэнцаў, а таксама забяспечана псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў.

— Вы ўзгадалі пра адукацыйныя маршруты, па якіх працуюць навучэнцы, уключаныя ў інавацыйную дзейнасць. У чым іх сутнасць?

— Дзеці, якія задзейнічаны ў праектах, працуюць па асобных адукацыйных маршрутах. Гэтыя маршруты яны складаюць разам з бацькамі і настаўнікам. Наш педагог-псіхолаг Лілія Канстанцінаўна Арлоўская праводзіла анкетаванне, вывучала, што цікавіць навучэнцаў. І ўжо на аснове ўсіх даных: інтарэсаў, здольнасцей дзіцяці, запытаў бацькоў, зацікаўленасці навучэнца — складаўся гэты маршрут. Нам было вельмі важна зразумець, што сам навучэнец хоча атрымаць ад удзелу ў праекце, якія веды імкнецца набыць, каб гэта дапамагло павысіць узровень яго ўласнай самаадукаванасці. Паколькі наш праект называецца “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, то ўдзел у ім павінен у будучыні прывесці дзіця да той прафесіі, пра якую яно марыць. Зразумела, каб наблізіцца да сваёй мэты, гімназіст на паглыбленым узроўні вывучае тыя прадметы, якія яму неабходны для паступлення на выбраную спецыяльнасць. Займаюцца дзеці і на факультатывах, і на індывідуальных занятках з настаўнікам.
Псіхалагічнае даследаванне праводзіцца для таго, каб вызначыць першапачатковы ўзровень кампетэнцыі навучэнца. Удзельнічаць у даследаваннях, як правіла, дзеці павінны з 9 класа, але ў гімназіі такое ўзаемадзеянне пачынаецца з 8 класа. І гэта сапраўды важна — як мага раней выявіць, наколькі добра дзеці самі для сябе вырашылі, з якой прафесіяй ім хочацца звязаць сваю будучыню. Настаўнікі бачаць, якія здольнасці мае вучань. А гэта значыць, мы можам, калі навучэнец, напрыклад, не ўпэўнены ў сваім выбары, дапамагчы яму ў самым пачатку прыняць правільнае рашэнне і не дапусціць сур’ёзнай памылкі — выбраць не тую спецыяльнасць.

Калі гаварыць пра педагогаў, то, дзякуючы праекту, яны маглі вызначыць, на якім этапе прафесійнага самавызначэння знаходзіцца дзіця. І ўжо зыходзячы з гэтых даных, спланаваць далейшае развіццё навучэнца. Такім чынам, галоўная мэта настаўніка — зрабіць так, каб дзіця не нарабіла памылак у выбары прафесіі. Дарэчы, дзякуючы праекту, адбываецца развіццё навучэнца як асобы, развіццё яго пэўных кампетэнцый.

Важна, што ў праекце задзейнічаны не толькі настаўнікі, выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і педагог-псіхолаг, а таксама загадчык школьнай бібліятэкі. З нашымі навучэнцамі праводзяцца лекцыі, семінары, адбываецца выезд у шматлікія ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе дзеці могуць разабрацца з асаблівасцямі будучай прафесіі.

Адметнасцю праекта з’яўляецца тое, што ў ім задзейнічаны не ўсе дзеці. У нас выбраны кантрольная і экспертная групы, сутнасць якіх заключаецца ў тым, што з адной групай займаюцца нашы спецыялісты-выкладчыкі, а другая развіваецца самастойна. Праз пэўны час мы будзем параўноўваць гэтыя групы і ўбачым, ці ёсць эфект ад заняткаў. Будзе зразумела, наколькі важнай у такой сур’ёзнай дзейнасці з’яўляецца падтрымка спецыяліста.

— Як вы лічыце як кіраўнік, ці ёсць сэнс прымушаць настаўнікаў удзельнічаць у інавацыйных праектах, навуковых распрацоўках?

— Безумоўна, каб работа прыносіла поспех, педагог сам павінен быць зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Увогуле, далучаць настаўнікаў да работы ў інавацыйным праекце няпроста, таму што гэта патрабуе з боку самога настаўніка дадатковага і вялікага аб’ёму работы. А гэта значыць, што настаўнік павінен мець добраахвотнае жаданне атрымліваць новыя веды і развівацца ў выбраным кірунку разам са сваімі навучэнцамі. Адметнай рысай удзелу ў інавацыйным праекце з’яўляецца тое, што педагог на працягу года рыхтуе педагагічнае даследаванне. Напрыканцы навучальнага года даследаванне выносіцца на абмеркаванне. Разам з гэтым настаўнік выдае пэўную колькасць распрацовак заняткаў, на аснове якіх ён працаваў разам з дзецьмі на працягу навучальнага года. Дарэчы, важным з’яўляецца і тое, што настаўнік павінен весці дзённік, у якім дэталёва будуць распісаны і адлюстраваны праблемы і задачы, якія ставяцца перад навучэнцамі. У гэтым дакуменце павінны таксама быць і вывады наконт таго, ці былі дасягнуты пастаўленыя мэты і што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць выніковасць работы.

На лета навучэнцы атрымліваюць заданне ад свайго цьютара, і ўжо на пачатку верасня цьютары і цьютаранты збіраюцца і разам думаюць аб тым, якія праблемы яшчэ хацелася б вырашыць. На аснове гэтага складаюцца новыя адукацыйныя маршруты.

— Якія абавязкі, акрамя непасрэднага ўдзелу ў інавацыйных праектах, ускладваюцца на навучэнцаў, што вырашылі паспрабаваць сябе ў навуковым эксперыменце?

— Калі гаварыць пра навучэнцаў, кожны з удзельнікаў адукацыйнага маршруту складае сваё партфоліа, у якім апісвае не толькі мэты і задачы, пастаўленыя перад сабой. Партфоліа — гэта ўласная творчая скарбонка. Усе дзеці, якія прымаюць удзел у праекце, распрацоўваюць свае маршруты па розных прадметах. Супадзенняў няма. Некаму цікавая матэматыка, хтосьці аддаў перавагу чарчэнню. Карацей кажучы, дзеці робяць усвядомлены выбар.

Зараз ідзе другі этап праекта, а гэта значыць, што цяпер перад намі стаяць новыя мэты і задачы. Плануем, што праз год будзе сабраны ўвесь матэрыял адносна распрацоўкі педагагічных маршрутаў. Такая з’ява ў сістэме школьнай адукацыі, як педагагічны маршрут, для нашай краіны з’яўляецца пакуль што нечым нязведаным. А гэта значыць, што яшчэ адной задачай, якая стаіць перад намі, з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі наконт “пракладвання” гэтых маршрутаў.

У нашай гімназіі зацікаўленасць у рабоце над маршрутамі выказваюць і маладыя педагогі. Напрыклад, педагагічны экалагічны праект пад назвай “Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў у працэсе вывучэння зместу прыродазнаўчанавуковых прадметаў” курыруюць педагогі прыродазнаўчанавуковага цыкла. Іх задача — развіваць у навучэнцаў экалагічную культуру. Адным з “рухавікоў” праекта з’яўляецца малады настаўнік фізікі Ягор Аляксеевіч Мандрык, які ў 2013 годзе заняў 2-е месца ў конкурсе “Настаўнік года”.

Яшчэ адной навуковай распрацоўкай, якая аказалася вартай увагі, стаў сацыяльны праект, распрацаваны маладой настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Аляксандраўнай Несцярук. Гэты праект заняў 1-е месца ў Мінскай вобласці.

— Ірына Валер’еўна, выканання якіх задач вы як дырэктар патрабуеце ад свайго калектыву?

— Галоўная задача, якую павінен ставіць дырэктар перад сваім калектывам, — гэта захаванне якасці адукацыі, павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і ўдзел як педагогаў, так і навучэнцаў у інавацыях. Я ўпэўнена ў тым, што настаўнік усё жыццё павінен вучыцца і сам, а не толькі вучыць дзяцей. Усе навінкі адукацыі мы павінны падхопліваць і ўкараняць у нашай гімназіі. Мы ў сваім развіцці павінны быць заўсёды на крок наперадзе, чым школы. Увогуле, ад дырэктара заўсёды павінны гучаць новыя ідэі, ініцыятывы. І менавіта ад дырэктара залежыць, якая атмасфера будзе панаваць у калектыве. Любы кіраўнік, у падначаленні якога знаходзіцца многа людзей, павінен быць у першую чаргу чалавекам, а пасля ўжо кіраўніком. Усе спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць у калектыве, павінны вырашацца канструктыўна і без канфліктаў.

— Бацькі, збіраючыся аддаваць сваіх дзяцей у 1 клас, імкнуцца знайсці ідэальную ва ўсіх сэнсах установу адукацыі. Як вы лічыце, ці існуюць сёння ідэальныя школы?

— Любой установе адукацыі ёсць да чаго імкнуцца. Я лічу, што ні адна са школ, гімназій не можа быць ідэальнай. Таму што, калі назавёмся ідэальнымі, мы перастанем расці. А гэтага нельга дапускаць. Развівацца павінны і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Увогуле, ідэальная школа для кожнага свая. Для бацькоў яна адна, для дзяцей ідэал заключаецца зусім у іншым. А для настаўніка такога паняцця існаваць не павінна. Каб нечага дасягнуць і падняць сваю навучальную ўстанову вышэй за астатнія, трэба, безумоўна, імкнуцца да нейкага ідэалу, а, дайшоўшы да яго, крочыць далей, расці і памнажаць свой вопыт у выкладанні дысцыплін і выхаванні таленавітых і адораных навучэнцаў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3.

Цацачныя гісторыі ад самых маленькіх

Яслі-сад № 12 Барысава з 2007 года з’яўляецца апорнай установай па мастацка-эстэтычным развіцці дашкольнікаў. Больш за 15 гадоў у садзе дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва. Педагогі ўстановы разам з бацькамі творча праяўляюць сябе ў стварэнні неабходнага прадметнага асяроддзя, гульняў і дапаможнікаў.

“У кожнай садаўскай групе ёсць усе патрэбныя матэрыялы для правядзення заняткаў па маляванні, лепцы, аплікацыі, канструяванні. Тут і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і альбомы ілюстрацый па народным мастацтве, кніжнай графіцы, даступныя дзіцячаму ўспрыманню, — расказвае загадчык установы Ірына Міхайлаўна Бабіцкая. — Ва ўсіх групах арганізаваны куткі для выстаў дзіцячых і сумесных з бацькамі работ, якія пастаянна мяняюцца. Асаблівую ўвагу ўдзяляем фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да нацыянальнага выяўленчага мастацтва, а таксама да традыцый і звычаяў іншых народаў свету, выхоўваем паважлівае і талерантнае стаўленне да іх. Творчыя работы дзяцей, якія выкананы ў нашай выяўленчай студыі, дэманструюцца ўсім гасцям сада. Экскурсіі для іх праводзяць не толькі педагогі, але і дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту. Выхаванцы ахвотна знаёмяць наведвальнікаў з дзіцячым дызайнам, цестапластыкай, рознымі тэхнікамі малюнка (бацікам, гратажам, габеленам, вітражамі). Некаторыя экскурсіі праводзяцца на беларускай мове”.

Кіраўнік выяўленчай студыі намеснік загадчыка ўстановы Вольга Віктараўна Куляшова правяла разам з дзецьмі міні-экскурсію па выставе “Цацачныя гісторыі. Прафесіі нашых бацькоў”.

“Лялька прыдумана для таго, каб дапамагаць дзецям сталець, — адзначыла Вольга Віктараўна. — Дзецям не так важна, якая ў іх будзе цацка, танная або дарагая. Галоўнае, каб яна падабалася, была прыемнага выгляду. А галоўнае патрабаванне выхавальнікаў і бацькоў — каб цацка была бяспечнай. Калі гаварыць аб ранняй прафарыентацыі дашкольнікаў, то перш за ўсё мы павінны сфарміраваць у іх правільныя эмацыянальныя адносіны да свету прафесій. Мы прадастаўляем дзецям магчымасць паспрабаваць свае сілы ў даступных ім відах дзейнасці, перш за ўсё у гульні, у якой дзеці набываюць вопыт зносін паміж сабой, пэўны сацыяльны вопыт. Экспанаты, якія прадстаўляюцца на выставах, — гэта цацкі, зробленыя рукамі выхаванцаў, бацькоў і педагогаў дашкольных устаноў нашага раёна з экалагічна бяспечных і чыстых матэрыялаў. Гульні з такімі цацкамі садзейнічаюць пашырэнню кругагляду малышоў, а таксама прывіваюць ім любоў да нейкай прафесіі, на карысць якой яны могуць зрабіць свой выбар у будучыні. Лялькі на выставе — прадстаўнікі самых розных прафесій, у тым ліку рэдкіх. Выхаванцы з радасцю расказваюць пра іх усім прысутным”.

У рамках правядзення дзён адкрытых дзвярэй госці ўстановы, педагогі і бацькі самі атрымліваюць практычныя навыкі па выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік малявання, наведваюць заняткі, майстар-класы, семінары-практыкумы, праблемныя семінары, экскурсіі, яны становяцца ўдзельнікамі вэбінараў. Вольга Віктараўна кіруе работай і сямейнага клуба. Бацькам, якія зацікаўлены ў асваенні навыкаў работы ў розных выяўленчых тэхніках, педагог актыўна дапамагае. Пасля бацькі з поўным асэнсаваннем справы займаюцца з дзецьмі дома. Вольга Віктараўна — неаднаразовы ўдзельнік жнівеньскіх абласных педагагічных нарад, дзе яна прадстаўляе свой вопыт, праводзіць майстар-класы. Яна зрабіла сваімі рукамі шмат упрыгажэнняў для дзіцячага сада, у якім працуе.

Для нас Вольга Віктараўна Куляшова правяла майстар-клас па тэхніцы арыгамі і прапанавала напярэдадні Новага года зрабіць святочную паштоўку “Дзед Мароз”. “Хаця паперу стварылі ў Кітаі, але тое, як працаваць з ёй, менавіта тэхніку арыгамі, прыдумалі японцы, — паведаміла педагог. — Раней папера каштавала дорага. У большасці выпадкаў тэхнікай арыгамі займаліся багатыя людзі. Існуе павер’е, што займацца гэтай тэхнікай трэба ў добрым настроі, каб пасля можна было без усякіх сумненняў падарыць выраб сябрам. Калі ж арыгамі стваралася ў дрэнным настроі, то работу часцей за ўсё спальвалі. Дзеці вельмі добра складваюць арыгамі. Дзякуючы гэтым заняткам, у іх развіваецца дробная маторыка рук, фарміруюцца выдатныя канструктыўныя здольнасці”.

“Як вы ўжо заўважылі, важная роля ў нашай установе адводзіцца рабоце з сям’ёй, — гаворыць загадчык сада Ірына Міхайлаўна. — У нас арганізоўваецца работа сямейных клубаў па самых розных кірунках дзейнасці. Для бацькоў педагогі праводзяць кансультацыі, рыхтуюцца разам з імі да свят, кірмашоў, тыдняў здароўя, конкурсаў і выстаў. Для малышоў, якія толькі збіраюцца пераступіць парог нашага сада, функцыянуе група кароткачасовага знаходжання, а для іх мам — “Матчына школа”. Усе мерапрыемствы, якія мы праводзім, садзейнічаюць паспяховай адаптацыі дзяцей да ўмоў дашкольнай установы і павышаюць узровень псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў. У наступным навучальным годзе плануем пачаць новы праект для бацькоў — віртуальны клуб “Школа асэнсаванага бацькоўства”. На базе нашай санаторнай групы будзе створаны бацькоўскі клуб фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.

Разнастайнасць з агульнай ідэяй

Гімназія № 2 Барысава адметна не толькі беларускай мовай навучання, але і разнастайнасцю кірункаў дзейнасці. Як адзначыла яе дырэктар Алена Віктараўна Скурат, сучасная адукацыя павінна быць разнастайнай, бо толькі ў такім выпадку са сцен навучальнай установы выйдзе ўсебакова развітая асоба.

Сёлета гімназіі споўнілася 25 гадоў, і за гэты час у навучальнай установе сфарміраваліся свае традыцыі, якія ўвесь час мяжуюцца з інавацыямі. “Любі, даследуй, вывучай сваю зямлю, свой родны край” — пад такім дэвізам у гімназіі арганізавана работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі па фарміраваннні аптымістычнага светапогляду ў дзяцей школьнага ўзросту на каштоўнасцях беларускага народа”. Кіраўнік праекта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Уладзіміраўна Канашэвіч адзначыла, што праз беларускую мову навучэнцы гімназіі спазнаюць культуру свайго народа і фарміруюць свой светапогляд.

“У гімназіі створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі праекта, існуюць неабходныя падраздзяленні — вучэбна-метадычны цэнтр беларускай культуры, музей беларускай культуры, вучнёўскія аб’яднанні (навуковае, літаратурнае, турыстычна-краязнаўчае). У праекце, акрамя вучняў і педагогаў, актыўна ўдзельнічаюць і бацькі, з дапамогай якіх былі створаны зборнікі сцэнарыяў, пазакласных мерапрыемстваў, вершаў і іншых творчых работ вучняў”, — зазначыла Жанна Уладзіміраўна.

Адно з цэнтральных месцаў у развіцці навучальнай установы займае даследчая дзейнасць вучняў, якая акумулюецца ў рабоце гімназічнага навуковага таварыства “Светач”, кіраўніком якога з’яўляецца былая выпускніца гімназіі, медалістка, творчая настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Уладзіміраўна Афонская. У навуковае аб’яднанне ўваходзяць вучні, пачынаючы з 3 класа. Кожны люты ў гімназіі праводзіцца навуковая канферэнцыя “Таямнічы свет навукі”. Акрамя таго, свае даследаванні гімназісты прадстаўляюць на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўні.

“Нашы дзеці займаюцца даследаваннямі з верасня па май, а некаторыя працягваюць сваю работу і летам. Напрыклад, вучаніца 3 класа ў маі мінулага года зацікавілася народнымі прыкметамі. Назірала за птушкамі, жывёламі, раслінамі на працягу ўсяго лета. У выніку яна зрабіла даследаванне “Народны гідраметцэнтр: давярай або правярай” пад кіраўніцтвам настаўніцы Алесі Раманаўны Старычонак. А нашы чацвёртакласнікі сваю работу “Вадкая броня” прадстаўлялі на абласной канферэнцыі “Я — даследчык”, дзе яна атрымала дыплом І ступені”, — паведаміла Вольга Уладзіміраўна.

Пра тое, ці магчыма выбраць удалую тэму даследавання, гаварыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Паўлаўна Падколзіна, якая, дарэчы, з’яўляецца аўтарам нашай газеты. Даследчай дзейнасцю разам з навучэнцамі яна займаецца 11 гадоў і пераканана, што адназначнага адказу на пытанне “Якая тэма самая актуальная?” сёння няма. Іншым разам тэму можа падказаць настаўнік, а калі-нікалі азарэнне здараецца і з вучнем. Як, напрыклад, было з Ірынай Скачковай, якая на працягу некалькіх гадоў з поспехам займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Так, некалі яна зацікавілася словам “фэст” і даследавала яго значэнне, як яно праяўляецца ў сучасным маўленні. У выніку цікава было ўсім: і самой Ірыне, і педагогам, і членам журы навуковых канферэнцый.

Затым у вучнёўскім навуковым асяроддзі ўзнікла цікавасць да праблемы булінгу, у выніку чаго з’явілася работа “Формула школьнага булінгу”. Цяпер школьнікі з ахвотай вывучаюць альпрасіс у літаратуры (слоўнае апісанне твораў мастацтва ў літаратурным творы: архітэктурныя творы, партрэты, творы мастацтва).

“У рабоце з такімі дзецьмі вельмі важна быць далікатным і ўважлівым, каб не страціць з імі сувязі. Даследчая дзейнасць выклікае разумовы працэс, патрэбу ў пошуку і радасць, якую вучань-вынаходнік адчувае ад свайго адкрыцця і сваёй перамогі”, — заўважыла Жанна Паўлаўна.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы гімназісты спрабуюць і сваё пяро, друкуюцца ў гімназічным выданні “На крылах таленту”, якім на працягу многіх гадоў кіруе Жанна Паўлаўна.

Уся даследчая дзейнасць ажыццяўляецца на базе вучэбна-метадычнага цэнтра беларускай культуры, які функцыянуе ў гімназіі з 2009 года. Пры цэнтры арганізавана работа музея беларускай культуры. Увогуле, работа музеяў займае важнае месца ў адукацыйным працэсе навучальнай установы. У лютым 1993 года пад патранатам Беларускай асацыяцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў у гімназіі быў адкрыты музей Афганскай вайны — на той момант першы школьны музей такога кірунку.

Ад сталых і вопытных калег стараюцца не адставаць і маладыя настаўнікі. На працягу 4 гадоў маладыя спецыялісты ўстановы з’яўляюцца пераможцамі раённага конкурсу “Малады спецыяліст года”. I сёння выпускнік гімназіі, пераможца рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ па xiміі, выпускнік МДЛУ, настаўнік англійскай мовы, acпipaнт Мікіта Яўгенавіч Бурдыка — пераможца гімназічнага конкурсу “Настаўнік года — 2016”.

Метадычная служба гімназіі імкнецца задаволіць патрэбы як вопытных, так і маладых педагогаў, арганізоўваючы тэматычныя педсаветы і майстар-класы.

Факультатыўныя заняткі мастацкай, музычнай, харэаграфічнай i тэатральнай накіраванасці наведваюць 340 вучняў навучальнай установы. Большасць дзяцей з’яўляецца ўдзельнікамі творчых калектываў “Мара”, “Расінка”, “Аксаміт”, “Аверс”, “Дамісолька” i г.д. Вакалісты гімназіі былі пастаяннымі ўдзельнікамі кастынгаў і фіналістамі конкурсу “Настаўніцкай газеты” “Звонкая раніца”.

3 2014 года ў гімназіі эфектыўна працуюць два ўзорныя калектывы: мастацкай i дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці “Захапленне” і вакальная студыя “Элегія”. Усе творчыя калектывы ўстановы актыўна прымаюць удзел у конкурсах i мерапрыемствах розных узроўняў. За свае творчыя знаходкі яны ўжо атрымалі 8 дыпломаў міжнароднага ўзроўню, 18 — рэспубліканскага,10 — абласнога i 39 — раённага.

На працягу 5 гадоў гімназічная каманда па турызме пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі i грамадазнаўства Cяргея Іванавіча Дакукі не ведае роўных у Барысаўскім раёне. Члены гімназічнай зборнай прадстаўляюць раён i Мінскую вобласць на спаборніцтвах розных узроўняў. Выпускнік 2016 года Аляксандр Клімковіч уваходзіць у рэспубліканскую зборную.

Плаванне i шахматы, лыжныя гонкі i стральба, шашкі i валейбол, комплексы “Здароўе” і “Абаронца Айчыны” — усё гэта перамогі гімназістаў 2016 года. Як вынік — 2-е месца ў раённай круглагадовай спартакіядзе. А сярод выпускнікоў гімназіі — гульцы футбольных клубаў БАТЭ i “Тарпеда-Бе лАЗ” Аляксандр Паўлавец i Дзмітрый Бялко, дырэктар Барысаў-Арэны Дзмітрый Шышла.

Падчас выступлення дырэктар гімназіі і яе калегі не раз адзначалі, што поспех навучальнай установы складаецца з зацікаўленага вучня і адданага сваёй працы, апантанага настаўніка. Калектыў беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава якраз такі адданы і згуртаваны вакол адной ідэі: выхаваць асобу і патрыёта сваёй краіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Марафон гумару

У гімназіі № 1 Барысава прайшоў фінал абласной творчай акцыі КВЗ-2016 “Восеньскі марафон”.

Пяць каманд змагаліся за права прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскай акцыі: “Фіксы” (Вілейскі раён), “23 квартал” (Барысаўскі раён), “Солік” (Салігорскі раён), “Вольны вецер” (Лагойскі раён), “НеобУЗДАнные” (Уздзенскі раён). У акцыі прынялі ўдзел дзеці ўліковай катэгорыі. У большасці з іх небездакорная прававая гісторыя, але бездакорны гумар, які трэба развіваць на карысць саміх сябе і іншых!
Свае здольнасці весяліць і здзіўляць удзельнікі дэманстравалі ў чатырох традыцыйных конкурсах: “Візітоўка”, “Размінка”, “Відэаконкурс” і “Музычнае дамашняе заданне”. На працягу гульні юныя гумарысты жартавалі на розныя тэмы: пра каханне, школу, сацыяльныя сеткі і г.д.

Бурныя апладысменты балельшчыкаў, яркія нумары, вострыя жарты — усё гэта стварала прыемную, вясёлую атмасферу і здаровую канкурэнцыю. Па выніках чатырох конкурсаў пераможцай стала каманда “Солік”. На другім месцы — “23 квартал”, трэцяе месца атрымала каманда “Фіксы”.

Дарэчы, “Солік” — чатырохразовы чэмпіён сярод моладзі па КВЗ у Салігорску. Перамога ў фінале абласной акцыі падарыла крылы ўдзельнікам каманды: яны поўныя энергіі, куражу і прыемнага хвалявання перад будучымі спаборніцтвамі.

Вікторыя ГОМЗА.
Фота аўтара.

100 ідэй і мільён магчымасцей

Старт рэгіянальным этапам конкурсу “100 ідэй для Беларусі” быў дадзены на Міншчыне. Першая ў гэтым годзе абласная выстава-прэзентацыя Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу прайшла ў Барысаве. Барысаў-Арэна, якая гасцінна прымала мерапрыемства, здаецца, месца, якое найбольш падыходзіць для правядзення конкурсу. Яе выгляд такі ж фантазійны і неверагодны, як і ідэі, якія тут агучваліся.

Асноўная мэта конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — актывізаваць дзейнасць маладых беларусаў, вучоных і вынаходнікаў у галіне інавацыйнай дзейнасці. І гэтая задача, безумоўна, вырашаецца: штогод колькасць удзельнікаў спаборніцтва на Міншчыне павялічваецца. Так, сёлета на першапачатковым этапе было прадстаўлена больш за 300 праектаў. У пяці занальных адборах, якія прайшлі ў Маладзечанскім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Мінскім і Барысаўскім раёнах, удзельнічала больш за паўсотні работ. 27 праектаў, якія стварылі канкурсанты 15 раёнаў Міншчыны, заваявалі права экспанавацца на абласной выставе-прэзентацыі.

Аўтары 12 праектаў атрымалі пуцёўку ў фінал рэспубліканскага конкурсу. Сярод іх ёсць як вопытныя даследчыкі, так і пачаткоўцы. Напрыклад, Уладзімір Пасавец, супрацоўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, са сваім праектам удзельнічаў раней у іншых навуковых і інавацыйных конкурсах. Работа заняла не адзін год, і ў выніку аўтару разам з камандай аднадумцаў удалося стварыць нанаматэрыялы для вузлоў трэння. Над гэтай праблемай працуюць навукоўцы ўсяго свету. А навучэнцы Праўдзінскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Ягор Калач, Ілья Ільін і Артур Войстрыкаў робяць пакуль што першыя крокі ў навуцы і вынаходніцтве, аднак таксама прадставілі годны праект: яны стварылі прыбор, які з дапамогай геатэрмальнай энергіі прадухіляе зімой гібель рыбы ў азёрах і сажалках.

Некаторыя канкурсанты былі ўжо добра знаёмыя журы: яны раней паспелі заявіць пра сябе ў фінале і на сёлетні абласны этап прыйшлі з новым праектам. Напрыклад, Максім Буракоў, які жыве ў Смалявічах і вучыцца ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, у мінулым годзе атрымаў прыз за створаную ім камп’ютарную гульню “Штурм Рэйхстага”. Сёлета ён прэзентаваў новую гульню — “Хачу ў БРСМ”, якая папулярызуе гэтую арганізацыю, а таксама грамадскую і валанцёрскую дзейнасць у краіне. Навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Дзмітрый Каспяровіч і Аляксандр Стафановіч таксама ўдзельнічалі ў конкурсе ў мінулым годзе, аднак узнагарод на фінальным этапе не атрымалі. Хлопцы рукі не апусцілі, а стварылі новы праект “Сэрвіс патокавага прайгравання музыкі MusicGO” і спадзяюцца ўзяць рэванш. Дарэчы, вялікая колькасць праектаў у сферы IT, прысвечаных распрацоўцы мабільных дадаткаў і электронных адукацыйных рэсурсаў, — адметная рыса сёлетняга конкурсу.

Для ўдзельнікаў абласнога этапу была аргнізавана работа стартап-школы, у якой прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА дзяліліся сакрэтамі паспяховай прэзентацыі праекта, яго папулярызацыі праз сацыяльныя сеткі, а таксама знаёмілі з азамі менеджменту. Безумоўна, гэтыя веды будуць карыснымі як для фіналістаў конкурсу, так і для аўтараў новых праектаў.

— Ідэя праекта “100 ідэй для Беларусі” ўнікальная тым, што кожны малады чалавек — школьнік гэта, студэнт або спецыяліст — мае магчымасць быць пачутым і ўбачаным, — кажа Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі БРСМ. — У нашай моладзі — мноства ідэй, аднак куды пайсці з гэтымі ідэямі, ведаюць далёка не ўсе. Мы ж ствараем умовы, калі для годнага прымянення і рэалізацыі сваёй ідэі дастаткова прыйсці ў тэрытарыяльны камітэт БРСМ.

Многія творчыя і ініцыятыўныя маладыя людзі скарысталіся такой магчымасцю. Ідэі, прапанаваныя на конкурсе, ужо рэалізоўваюцца на Міншчыне. У дзень правядзення абласной выставы ў адным з цэхаў БелАЗа ў Жодзіне была ўрачыста замацавана шыльда з лагатыпам конкурсу “Рэалізавана ў рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”. У 2015 годзе фіналістам рэспубліканскага этапу конкурсу стаў Дзмітрый Мельнік, інжынер-тэхнолаг упраўлення галоўнага тэхнолага. У сваім праекце ён прапанаваў замяніць на прадпрыемстве існуючыя асвятляльныя прыборы на святлодыёдныя. Ідэя была рэалізавана на новых участках завода і дала магчымасць эканоміць да 70 працэнтаў электраэнергіі.

Спецыяльнымі шыльдамі да канца года плануецца адзначыць усе рэалізаваныя ў рамках конкурсу інавацыйныя распрацоўкі на Міншчыне. І, мяркуючы па паспяховых выступленнях прадстаўнікоў вобласці на ўсіх этапах конкурсу, колькасць такіх знакавых шыльд штогод будзе павялічвацца.

Дар’я РЭВА
Фота аўтара.

З іскрай у душы і верай у перамогу

“Зарніца” прываблівае сваім ззяннем ужо многа пакаленняў маладых людзей. Шмат аматараў гэтай ваенна-патрыятычнай гульні і на Міншчыне. Лепшых з іх сабраў абласны этап Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Адбыліся спаборніцтвы ў Барысаве, на базе сярэдняй школы № 7 і 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Для таго каб паспяхова ўдзельнічаць у “Зарніцы”, неабходна быць не толькі добра фізічна падрыхтаваным, але і творчым, артыстычным чалавекам, умець працаваць у камандзе. Адно з конкурсных заданняў мае назву “З іскрай у душы і верай у перамогу”. Гэтыя словы найлепшым чынам апісваюць тое, як спаборнічалі дзеці ў гульні “Зарніца”. Усе заданні яны выконвалі з азартам і юнацкім захапленнем.

Урачысты настрой падарыла дзецям цырымонія адкрыцця мерапрыемства, дзе іх вітаў ветэран Узброеных Сіл воін-інтэрнацыяналіст Фелікс Дарафеевіч Котаў. Стартавала “Зарніца” пад маршы, якія выконваў ваенны аркестр 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра.

Акопы, бураломы і мышалоўкі давялося пераадольваць удзельнікам гульні падчас ваенізаванай эстафеты. Каманды кідалі гранаты, знаходзілі выхад з лабірынта, “размініравалі” пэўныя ўчасткі мясцовасці, збіралі і разбіралі аўтамат, камплектавалі рэчавы мяшок, даказвалі, што ведаюць воінскія званні.

Страявыя прыёмы і выкананне страявых песень дэманстравалі каманды ў конкурсным заданні “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”. Давялося заспяваць дзецям і ў конкурсе “З іскрай у душы і верай у перамогу”. І не толькі заспяваць — конкурснае заданне патрабавала таксама інсцэніроўкі адпаведнай песні.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” сталі ўдзельнікі піянерскай дружыны імя А.Г.Сярэбраннікава сярэдняй школы № 7 Барысава. Другое месца раздзялілі каманды дзіцячага сада — сярэдняй школы аграгарадка Лашаны Мінскага раёна і Блонскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. Бронзавыя ўзнагароды атрымалі таксама дзве каманды — клецкай сярэдняй школы № 3 і гімназіі № 1 Жодзіна.

Дар’я РЭВА.
Фота Мікалая МАКАРЭВІЧА.

Алімпіяда па геаграфіі: заданні ўскладніліся, але вучні справіліся з імі бліскуча

Лепшыя юныя географы нашай краіны на галоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва сабраліся ў Барысаве. 107 удзельнікаў сямі каманд высвятлялі, хто ж узнімецца на галоўны геаграфічны п’едэстал. Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прынёс сюрпрызы як удзельнікам, так і журы.

Гасцей з усіх рэгіёнаў краіны прымаў Барысаўскі дзяржаўны каледж. Алімпіяда аказалася больш “хлапчуковая”, дзяўчат было ўсяго 26. Большая частка ўдзельнікаў алімпіяды — вучні ліцэяў і гімназій, такіх было 69. На спаборніцтва ў Барысаў прыехалі 25 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды мінулага года, а таксама прызёры Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі.
Традыцыйна алімпіяда па геаграфіі прапанавала ўдзельнікам справіцца з заданнямі трох тураў. Першы, тэарэтычны, тур складаўся з 6-і блокаў, кожны з якіх змяшчаў 8—12 пытанняў. Некаторыя з іх — у тэставай форме, іншыя ж патрабавалі разважанняў і разгорнутых адказаў.
Другі тур прадугледжваў мультымедыйнае тэсціраванне — вучням дэманстраваліся розныя выявы, паводле якіх неабходна было адказаць на некалькі пытанняў. Сёлета на гэтым этапе былі новаўвядзенні — упершыню з’явіліся відэа- і аўдыяпытанні. Так, напрыклад, удзельнікам алімпіяды быў прапанаваны запіс гукаў, характэрных для качканоса. Пазнаць на слых жывёлу, якая жыве ў Аўстраліі, было складана, але некаторым разумнікам гэта ўсё ж такі ўдалося. Каб адказаць на відэапытанні, знаўцы геаграфіі павінны былі пазнаць на запісах тарнада і танцы народаў Акіяніі. Гэты тур большасць алімпіяднікаў характарызуюць як вельмі складаны, але цікавы. Відавочна, што выпрабаванне такога кшталту патрабуе не толькі ведання фактаў, але і шырокага кругагляду і высокага агульнага інтэлектуальнага ўзроўню.
Трэці, праектна-практычны, тур быў падзелены на 2 этапы: палявое даследаванне і выкананне заданняў на аснове сабраных матэрыялаў. Удзельнікі алімпіяды даследавалі пэўную частку Барысава, а потым стваралі план, выяўлялі пэўныя дыферэнцыяцыі ў межах гарадскіх мікрараёнаў, а таксама прапаноўвалі сваю мадэль аптымізацыі сацыяльнай інфраструктуры горада.
Таксама ў алімпіядзе па геаграфіі прадугледжана правядзенне дадатковага тура на англійскай мове па жаданні навучэнцаў. 43 алімпіяднікі прынялі ўдзел у пісьмовым тэсціраванні, 17 з іх былі запрошаны на вуснае субяседаванне, 8 з іх парадавалі журы цудоўным валоданнем мовай. Гэты дадатковы тур не ўплываў на вынікі і атрыманне дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды, але веданне мовы ў далейшым можа паўплываць на ўключэнне дзяцей у каманду, якая прадставіць нашу краіну на міжнароднай алімпіядзе, што праводзіцца толькі на англійскай мове.
Заключны этап алімпіяды па геаграфіі сёлета адрозніваўся ад спаборніцтваў мінулых гадоў перш за ўсё больш складанымі заданнямі. Пры іх стварэнні ўлічваліся стандарты Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі IGEO, таму структура некаторых заданняў была непрывычнай для беларускіх школьнікаў. Было шмат практыка-арыентаваных пытанняў, а таксама такіх, якія патрабавалі разгорнутых лагічных адказаў, выяўлення прычынна-выніковых сувязей. Аднак удзельнікі алімпіяды выдатна справіліся нават з такімі складанымі заданнямі. Не было ніводнага пытання, на якое хто-небудзь не даў бы адказу. Больш за 80 працэнтаў удзельнікаў змаглі набраць больш за палову максімальна магчымай колькасці балаў. І гэты вынік вельмі ўзрадаваў журы і педагогаў, бо раней гэтай залатой сярэдзіны не магла дасягнуць палова ўдзельнікаў заключнага этапу алімпіяды. Пераможцы алімпіяды сёлета набралі каля 80% ад максімальна магчымай колькасці балаў, некаторыя наблізіліся да 90! Гэтыя лічбы на фоне вельмі складаных заданняў сведчаць пра тое, што агульны ўзровень падрыхтаванасці і ведаў вучняў значна ўзрос.
Усяго журы прысудзіла 26 дыпломаў ІІІ ступені, 13 — ІІ і 9 — І ступені. Пераможцамі і ўладальнікамі “золата” Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі сталі дзевяцікласнікі Антон Засімук, навучэнец гімназіі № 1 Брэста, Андрэй Міхайлоўскі, навучэнец гімназіі № 3 Баранавіч, Лізавета Іваноўская, якая вучыцца ў гімназіі № 6 Маладзечна. Сярод вучняў дзясятага класа лепшымі сталі Іван Наркевіч, навучэнец гімназіі № 61 Мінска, Ульяна Глябцова, навучэнка гімназіі № 1 Ліды, Арцём Грыгарэўскі, які вучыцца ў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага ў Гродне. Сярод адзінаццацікласнікаў перамогу святкавалі Арцём Зубрыцкі, навучэнец гімназіі № 22 Мінска, Міхаіл Стрэмаус, вучань сярэдняй школы № 18 Баранавіч, і Дзіяна Зайкоўская, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 30 Мінска.
На жаль, немагчыма пералічыць усіх дыпламантаў ІІ і ІІІ ступеней, але хочацца ўзгадаць аднаго з іх — Ягора Александровіча, вучня гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі. Ягор вучыцца яшчэ толькі ў 7 класе, але здолеў заваяваць дыплом ІІІ ступені сярод дзевяцікласнікаў! Геаграфію ён вывучае паўтара года, а ўжо змог апынуцца ў спісе лепшых у краіне знаўцаў прадмета. За свае веды Ягор дзякуе настаўніцы Алене Сяргееўне Роўбуць і сваёй цікаўнасці.
Сярод удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды аказаліся ўсяго 4 прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Іх невялікую колькасць на гэтым этапе алімпіяды, на жаль, можна назваць тэндэнцыяй. Было вырашана падтрымаць менавіта гэтых удзельнікаў алімпіяды — спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Дар’я Піскуновіч, навучэнка Кіраўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. Прыз Дар’і ўручыла намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.
Калі гаварыць аб камандным заліку, лідарам, як і ў папярэднія гады, стала каманда Мінска. Навучэнцы сталіцы атрымалі 11 дыпломаў, з іх 3 — І ступені. Столькі ж дыпломаў І ступені заваявала каманда Брэсцкай вобласці, а ўсяго вучні Брэстчыны атрымалі 8 дыпломаў. 6 дыпломаў рознай вартасці — у скарбонцы Гродзенскай вобласці, 2 з іх — І ступені.
“Вельмі парадавала каманда Брэсцкай вобласці, гэта “залатая” для іх алімпіяда. Раней гэтая каманда не ўзнімалася так высока, і асабліва хочацца адзначыць удзельнікаў з Баранавіч, якіх у складзе каманды большасць. Традыцыйна моцна выступае сталічная каманда. А вось Гомельская вобласць, наадварот, засмуціла, бо страціла свае лідарскія пазіцыі. Спадзяёмся, каманда верне былую форму, — расказвае Генадзь Зянонавіч Озем, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і краін Садружнасці БДУ, намеснік старшыні журы алімпіяды. — Парадавалі нашы “міжнароднікі” — Арцём Зубрыцкі і Міхаіл Стрэмаус пацвердзілі свае цудоўныя веды па геаграфіі, якія ў мінулым годзе прадэманстравалі на IGEO, заваяваўшы “серабро” і “бронзу”. Прыемна, што сярод прызёраў — вучні педагогаў, якія штогод рыхтуюць алімпіяднікаў на высокім узроўні. Гэта, напрыклад, Людміла Рыгораўна Альгамец, настаўніца Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, Сяргей Пятровіч Шарамет, які працуе ў гімназіі № 22 Мінска, Уладзімір Мечыслававіч Валюк, настаўнік гімназіі № 1 Ліды, і яшчэ шмат цудоўных педагогаў. Падводзячы вынікі, скажу, што наогул выступленне навучэнцаў на сёлетняй алімпіядзе парадавала. Для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе сфарміравана моцная каманда”.
Аналізуючы сітуацыю, Генадзь Зянонавіч Озем абяцае нясумную алімпіяду ў наступным годзе і непрадказальнае развіццё падзей. Сённяшнія лідары — прадстаўнікі каманды Мінска — у наступным годзе будуць выступаць без сваіх цяперашніх пераможцаў-адзінаццацікласнікаў, а каманда Брэсцкай вобласці мацнее з году ў год. Магчыма, што ўсіх у будучыні здзівіць і адна з каманд, якая сёлета не апынулася сярод лідараў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Першы раз у інклюзіўны клас

Інклюзіўны клас для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адкрыты ў бягучым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 18 Барысава. З мінулага года ўстанова рэалізоўвае эксперыментальны рэспубліканскі праект па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі. За плячыма супрацоўнікаў школы амаль 20-гадовы вопыт навучання і выхавання дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Дырэктар школы Анжэла Яўгенаўна Мазуркевіч была ля самых вытокаў гэтых працэсаў.

Школа для ўсіх

“За апошнія 10—20 гадоў адносіны грамадства да асаблівых дзяцей істотна змяніліся. Я працую ў школе з 1990 года, таму вельмі добра адчула гэтыя перамены. Перш за ўсё яны ў свядомасці педагогаў і дзяцей, а таксама бацькоў, — паведаміла Анжэла Яўгенаўна. — Першы ў Барысаўскім раёне спецыяльны клас для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі з’явіўся ў 1996 годзе, і менавіта ў нашай школе. Сёння ва ўстанове дзейнічаюць 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання і адзін інклюзіўны клас, у якім вучацца трое дзяцей з АПФР. Усяго ў школе 995 навучэнцаў, і 46 з іх — з АПФР. Мы прымаем дзяцей з ДЦП, інвалідаў-калясачнікаў, дзяцей з аўтызмам, з сіндромам Даўна, дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі ў навучанні, навучэнцаў першага дапаможнага аддзялення, дзяцей з парушэннямі зроку і з парушэннем слыху. Прэтэндаваць на навучанне ў нашай школе могуць практычна ўсе дзеці з абмежаваннямі, незалежна ад характару іх асаблівасцей”. Анжэла Яўгенаўна прызнаецца, што са з’яўленнем у школе дзяцей з АПФР узніклі і праблемы. Самая галоўная з іх тычылася спецыяльных і інтэграваных класаў. Некаторыя настаўнікі, напрыклад, пры размеркаванні класнага кіраўніцтва імкнуліся выбраць традыцыйны клас. Непакоіліся, што не справяцца з незвычайнымі вучнямі. Камусьці з педагогаў не хапала псіхалагічнай, прафесійнай падрыхтоўкі. Насцярожана ставіліся да навучання сваіх дзяцей у інтэграваным класе і бацькі звычайных дзяцей. Часам настойвалі, каб іх дзіця вучылася ў традыцыйным класе. Але паступова эмацыянальнае напружанне і негатыў у бацькоў змяніліся, прыйшло разуменне і прыняцце ўсіх дзяцей.
У далёкім 1996-м у сярэднюю школу № 18 Барысава ўладкавалася настаўнік-дэфектолаг Галіна Аляксандраўна Парамонава. Адразу ж яна пагадзілася выкладаць у спе-цыяльным класе, чым паказала добры прыклад іншым педагогам. Ёй давялося вучыць тых дзяцей, якія раней па сваіх магчымасцях маглі навучацца толькі ў спецыяльнай школе. На занятках з імі педагог рэалізоўвала праграмы спецыяльнай адукацыі. Галіна Аляксандраўна бліскуча спраўлялася з выкладаннем у спецкласе і з поспехам ажыццявіла два выпускі такіх навучэнцаў. Выпускнікі яе атрымалі не проста атэстат аб заканчэнні агульнаадукацыйнай школы, большасць з іх набылі падчас вучобы прафесію і ўладкаваліся на работу.
У 2009 годзе школа стала апорнай для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Апорнымі ўстановамі такога кірунку з’яўляюцца яшчэ дзве сярэднія школы Барысава — № 3 і № 23. Яны маюць вопыт навучання дзяцей з АПФР і могуць падзяліцца сваімі напрацоўкамі з установамі, якія ўпершыню прымаюць у сябе асаблівых навучэнцаў. Работа апорных школ — на перспектыву, на развіццё. Трывалая матэрыяльная база, клопат аб прафесійным удасканаленні педагогаў такіх школ робяць іх сучаснымі ўстановамі адукацыі, фарміруюць іх імідж.

Асаблівыя ўмовы

Асаблівыя дзеці не з’яўляюцца ў апорных школах знянацку. Згодна з улікам дзяцей у мікрараёне, дзе знаходзіцца адукацыйная ўстанова, сумесна з ЦКРНіР класы на наступны навучальны год фарміруюцца задоўга да яго пачатку. У жніўні традыцыйна праводзіцца бацькоўскі сход, дзе абмяркоўваюцца нюансы сумеснага навучання звычайных і асаблівых дзяцей. І на ўрачыстай лінейцы 1 верасня бацькі і дзеці адчуваюць сябе ўпэўнена і спакойна, будучае навучанне школьнікаў у значнай ступені акрэслена, яго можна спрагназаваць. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з ЦКРНіР, сярэдняя школа № 18 Барысава ў поўным аб’ёме забяспечваецца падручнікамі і метадычнымі матэрыяламі. Па рашэнні раённага выканаўчага камітэта з 2010 года ва ўстанове ўведзена стаўка памочніка настаўніка. Арганізаваны падвоз вучняў. Згодна з абласной праграмай на 2011—2015 гады па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для жыццядзейнасці фізічна аслабленых навучэнцаў, школу абсталявалі пандусамі, поручнямі, сродкамі для перамяшчэння і іншым неабходным абсталяваннем. У стане распрацоўкі і дакументацыя па будаўніцтве ліфта. Кабінет спецыяльнага класа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, ён стаў пераможцам раённага конкурсу “Кабінет года-2013”.
“Па меры назапашвання вопыту работы з асаблівымі навучэнцамі пераканалася, што паняцце “безбар’ерны” комплекснае, — адзначыла Анжэла Яўгенаўна. — Яно ўключае не толькі належнае абсталяванне. Важна стварыць адзіную адукацыйную прастору для навучання звычайных дзяцей і дзяцей з АПФР і забяспечыць іх далейшае жыццеўладкаванне. Толькі тады можна гаварыць, што дзеці з асаблівасцямі сталі паўнапраўнымі членамі грамадства.
Новыя падыходы да сумеснага навучання ўсіх дзяцей патрабуюць высокай кампетэнтнасці ад педагогаў. Яны адчуваюць неабходнасць удасканалення сваіх ведаў менавіта ў галіне спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі і штогод павышаюць сваю кваліфікацыю ў гэтым кірунку на базе АПА, МАІРА. Для нас важна, што ў перыяд з 2013 па 2015 год школа далучылася да педагагічных інавацый у галіне інклюзіўнай адукацыі па прафесійнай падрыхтоўцы выкладчыкаў у рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Тэмпус”. У супрацоўніцтве са шведскай няўрадавай арганізацыяй “Надзея XXI стагоддзя” пры садзейнічанні Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Мінскага абласнога ЦКРНіР у 2013 годзе быў зняты відэафільм “На шляху да інклюзіўнай школы” аб дзейнасці нашай школы ў кірунку інтэграцыі і сацыялізацыі дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Фільм выкарыстоўваецца зараз у рабоце з педагогамі і бацькамі з мэтай распаўсюджвання ідэй інклюзіўнай адукацыі.
У 2013/2014 навучальным годзе на базе 18-й школы рэалізоўваўся эксперыментальны рэспубліканскі праект “Апрабацыя зместу вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаваных з улікам інклюзіўных падыходаў у адукацыі”. Вынікі гэтага эксперымента дапамаглі вырашыць многія праблемы сумеснага навучання дзяцей”.

Галоўнае — сацыялізацыя

Традыцыйна праблемы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, разглядаліся ў нашай краіне праз прызму вырашэння праблем самога дзіцяці. Работа з бацькамі такіх дзяцей у большасці выпадкаў абмяжоўвалася кансультацыямі па пытаннях іх навучання і выхавання. Па-за ўвагай быў эмацыянальны стан бацькоў, іх уплыў на сваіх дзяцей. Між тым сем’і, якія выхоўваюць асаблівае дзіця, даволі часта распадаюцца, нярэдкія выпадкі так званых “прыхаваных” разводаў, якія ўтойваюцца ад грамадства. Не заўсёды час вылечвае псіхалагічныя раны бацькоў, у многіх з кожным годам нарастае трывога за будучыню дзяцей. Далёка не кожная сям’я можа самастойна справіцца з падобнымі праблемамі. І вінаваціць бацькоў у гэтым нельга: часта ім не хапае ведаў, элементарнай педагагічнай і псіхалагічнай культуры зносін з дзіцем, а таксама падтрымкі і разумення блізкага акружэння.
Дапамагчы сям’і могуць настаўнікі, школьныя псіхолагі, медыцынскія работнікі, а пры неабходнасці і сацыяльныя педагогі, калі будуць успрымаць бацькоў дзяцей з АПФР як паўнапраўных удзельнікаў школьнага жыцця, знаёміць іх са станоўчымі бакамі і спецыфікай арганізацыі сумеснага навучання і выхавання іх асаблівых дзяцей з дзецьмі, якія нармальна развіваюцца. Плюсы такога навучання ў наяўнасці адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ў школе, добразычлівых узаемаадносінах, псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей з АПФР. Педагогі 18-й барысаўскай школы праводзяць для бацькоў індывідуальныя гутаркі і кансультацыі. Функцыянуе ва ўстанове і педагагічны ўніверсітэт “Мастацтва быць бацькамі”, кіраўніком якога з’яўляецца школьны псіхолаг. На пасяджэннях клуба бацькі абменьваюцца вопытам, ведамі па праблемах развіцця і выхавання дзяцей, вырашаюць набалелыя псіхалагічныя праблемы.
“Нашы бацькі часта абмяркоўваюць магчымасці жыццеўладкавання сваіх дзяцей, іх сацыялізацыі, выбару імі прафесіі. Дапамагаць дзецям у гэтым — адна з асноўных задач педагогаў школы, — працягвае Анжэла Яўгенаўна. — Радуе, што працэнтаў 70 нашых выпускнікоў з АПФР атрымліваюць прафесію, знаходзяць работу, ствараюць сем’і. Яны становяцца работнікамі па азеляненні горада, садоўнікамі, майстрамі па рамонце абутку, малярамі-тынкоўшчыкамі. Адна наша выпускніца з ДЦП атрымала прафесію бухгалтара ў каледжы. У раённым аддзеле адукацыі працуе бухгалтарам малады чалавек з ДЦП. Гадоў 15—20 назад мы не маглі нават уявіць такое. Выпускнік нашай школы з сіндромам Даўна працуе дома як памочнік прыватнага прадпрымальніка, займаецца сарціроўкай паперы. Юнак умее чытаць, валодае навыкамі работы на камп’ютары.
Нашы навучэнцы з АПФР сябруюць і са спортам. У 2009—2012 гадах у школе рэалізоўваўся абласны педагагічны праект “Фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей з АПФР”. Школьнікі інтэграваных і спецыяльных класаў актыўна ўключыліся ў пазаўрочную фізкультурна-спартыўную дзейнасць разам са сваімі звычайнымі аднагодкамі: удзельнічалі ў сумесных трэніроўках па настольным тэнісе, спаборніцтвах па міні-футболе ў рамках юніфайд-спорту, іншых пазакласных мерапрыемствах. У 2011 годзе за бюджэтныя сродкі Барысаўскага райвыканкама праведзена рэканструкцыя спартыўнага гарадка школы, пабудавана сучасная хакейная пляцоўка, набыта аснашчэнне, канькі для фігурнага катання і гульні ў хакей”.

Права быць самім сабой

У бягучым навучальным годзе ў школе ўпершыню быў адкрыты інклюзіўны клас у рамках рэалізацыі эксперыментальнага рэспубліканскага праекта па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі.
“Перш чым адкрыць такі клас, мы рэальна ацанілі гатоўнасць нашых спецыялістаў да работы ў ім, а таксама адаптаванасць да асяроддзя нашай школы і свайго класа дзяцей з АПФР і моц жадання бацькоў бачыць сваіх дзяцей у такім класе, — адзначае Анжэла Яўгенаўна. — Дзеці, якія прыйшлі ў інклюзіўны клас, вучацца ў нашай школе не першы год. На працягу двух гадоў яны займаліся ў інтэграваным класе, які пасля і стаў інклюзіўным. Урокі тут вядуць адначасова два спецыялісты — настаўніца пачатковых класаў Алена Васільеўна Лялюк, якая выкладае і канцэнтруе асноўную ўвагу вучняў, і настаўнік-дэфектолаг Ірына Леанідаўна Скачок, якая аказвае дзецям з АПФР дапамогу ў асваенні праграмы. Навучэнцы інклюзіўнага класа займаюцца па падручніках і праграмах агульнаадукацыйнай школы. Настаўнік толькі карэкціруе іх для кожнага навучэнца з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, робіць акцэнт на пэўных пытаннях. Тэму ён аб’яўляе агульную для ўсяго класа, але мэты і задачы (адукацыйныя і развіццёвыя) перад кожным школьнікам розныя.
Не выклікае сумненняў, што інклюзіўны падыход да навучання эфектыўны як для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, так і для звычайных дзяцей, іх бацькоў і ўсяго грамадства ў цэлым. Ужо ў наступным годзе мы будзем вырашаць пытанне аб адкрыцці яшчэ аднаго інклюзіўнага класа”.
Згодна з Канцэпцыяй развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, зацверджанай нядаўна ў нашай краіне, у найбліжэйшыя гады плануецца павялічыць колькасць устаноў адукацыі, якія будуць ажыццяўляць інклюзіўнае навучанне, у іх будуць створаны ўмовы для развіцця і сацыялізацыі дзяцей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі. У больш далёкай перспектыве кожная ўстанова адукацыі зможа стаць інклюзіўнай. У школах стане менш спецыяльных і інтэграваных класаў і павялічыцца колькасць інклюзіўных. Працэс гэты будзе ісці паступова, спакойна і без прымусу, таму што не кожнае дзіця зможа вучыцца ў інклюзіўным класе ці ў інклюзіўнай школе. Але абавязковай перадумовай перамен з’яўляецца паэтапная падрыхтоўка спецыялістаў праз семінары, курсавыя лекцыі. Важна крок за крокам рухацца ў гэтым кірунку.
Вопыт работы педагогаў у апорнай школе № 18 Барысава паказвае, што дзеці дзякуючы інклюзіўным працэсам вучацца больш тонка і натуральна ўспрымаць адносіны паміж людзьмі, бачыць іх адрозненні і індывідуальнасць кожнага чалавека, вучацца супрацоўнічаць, спачуваць, радавацца адно за аднаго. Сумеснае навучанне дзяцей спрыяе развіццю сацыяльнай кампетэнтнасці, фарміраванню навыкаў вырашэння канфліктных сітуацый, з’яўленню ўпэўненасці ў сваіх сілах. Талерантнасць, сфарміраваная ў школьныя гады, стане ўмовай паспяховай рэалізацыі духоўнага патэнцыялу дзяцей у будучыні. Праз 10—15 гадоў сённяшнія школьнікі, выхаваныя ва ўмовах інклюзіі, дзякуючы набытым маральным каштоўнасцям паўплываюць на фарміраванне новых узаемаадносін паміж людзьмі ў краіне, такіх узаемаадносін, якія заснаваны на шчырасці і цярплівасці, на прызнанні права кожнага чалавека быць самім сабой.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Актыўныя, крэатыўныя, неабыякавыя

Свята настольных гульняў прайшло ў Барысаве. На мерапрыемства ў гарадскі Палац культуры прыходзілі цэлымі сем’ямі. Малыя і дарослыя спаборнічалі ў гульнях “Хобіт”, “Ці ўмеюць парсючкі лятаць?”, “Сем гномаў”, “Ква!”, “Зеллеварэнне” і многіх іншых, а па гульні “Каркасон” нават прайшоў турнір.

Свята гульні барысаўчанам падарылі ўдзельнікі клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” Барысава — актыўныя, крэатыўныя і неабыякавыя да праблем моладзі. Амаль год назад яны пачалі рэалізоўваць праект “Гульнялэнд”, каб адцягнуць дзяцей розных узростаў ад камп’ютараў. У якасці альтэрнатывы віртуальнай рэальнасці вырашылі прапанаваць настольныя гульні. Удзельнікі маладзёжнага парламента лічаць, што праект “Гульнялэнд” дапаможа вярнуць дзецям гульнявую культуру, аб’яднаць аднагодкаў жывымі зносінамі, наладзіць партнёрства з дарослымі, бо сёння, калі ў кожным доме ёсць камп’ютар, мала хто збіраецца ў двары або гуляе ў настольныя гульні. І нават збіраючыся разам, дзеці не ўмеюць арганізаваць свой вольны час з карысцю.
Кожную суботу юныя парламентарыі прывозілі настольныя гульні ва ўстановы адукацыі раёна, аздараўленчыя лагеры, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, запрашалі дзяцей пагуляць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада. Свята настольных гульняў у Барысаве стала кульмінацыяй праекта “Гульнялэнд”. Арганізатары былі задаволены вынікамі сваёй работы: і вялікай колькасцю жадаючых здзейсніць падарожжа ў краіну гульняў, і тым настроем і захопленасцю, з якімі дзеці і бацькі аддаліся гэтаму занятку. Парадавала і тое, што не раз дзеці выказвалі меркаванне, што такі вольны час, насамрэч, больш цікавы, чым камп’ютарныя гульні.
“Гульнялэнд” — гэта толькі адна з мноства цікавых і карысных ініцыятыў, якія рэалізоўваюць удзельнікі маладзёжнага парламента. Гэтая арганізацыя з’явілася ў Барысаве 5 гадоў назад. Пачыналі работу з малога. Былі праведзены невялікія акцыі “Няма чым заняцца? Звяртайся да нас!”, “Флікер — твой талісман”, “Чарнобыльскі звон”. Пазней сталі спрабаваць свае сілы ў арганізацыі і правядзенні ўласных праектаў: даследчы праект “Кола гісторыі”, добраахвотніцкія праекты “Форум валанцёраў” і “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў”, фестывалі клубаў ЮНЕСКА Мінскай вобласці. Традыцыйнай формай зносін з юнымі гараджанамі стаў маладзёжны форум “Пабудуем горад разам!”, які быў праведзены ўжо тройчы. У ходзе работы форумаў дзяцей і падлеткаў горада пазнаёмілі з праектамі “Маладзёжная біржа працы”, “Маладзёжны вольны час”, “Моладзь — за здаровы лад жыцця”, экалагічным праектам “Планета — наш дом”, праектамі па сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця “Роўныя магчымасці” і “Мы розныя, але добра нам толькі разам”. Усе мерапрыемствы ўдзельнікі парламента праводзяць у супрацоўніцтве з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі Барысаўшчыны, удзельнікі якіх таксама імкнуцца зрабіць свет лепшым.
Удзельнікі парламента пастаянна шукаюць новыя формы работы. Яны праводзяць майстар-класы для сваіх аднагодкаў па аратарскім майстэрстве, гульнявых тэхналогіях, прафілактыцы ВІЧ/СНІДу, рыхтуюць валанцёраў для работы з дзецьмі з інваліднасцю па праграме “Лячэбная магія”. У якасці трэнераў-мультыплікатараў іх часта запрашаюць у НДЦ “Зубраня”.
Юныя парламентарыі ніколі не сядзяць на месцы. Штогод арганізоўваецца дзевяцідзённы лагер, дзе яны праводзяць валанцёрскую экалагічную работу, наведваюць знакавыя месцы і вывучаюць гісторыю роднага краю. Маладыя людзі сплаўляліся на лодцы па рацэ, на аўтобусе аб’ехалі Мінскую, Брэсцкую, Магілёўскую і Гродзенскую вобласць, пабывалі ў Мірскім і Нясвіжскім замку, касцёлах і цэрквах і мала каму вядомых сядзібах, пабудаваных у пачатку мінулага стагоддзя. Парламент супрацоўнічае з аналагічнымі арганізацыямі ў іншых гарадах нашай краіны, а таксама пашырае міжнароднае супрацоўніцтва: яго члены прынялі ўдзел у міжнародных праектах у Расіі і Украіне.
Маладзёжныя ініцыятывы ў Барысаве знаходзяць падтрымку не толькі ў жыхароў, але і ў кіраўніцтва горада. Штомесяц старшыня Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Уладзіміравіч Мірановіч і прадстаўнікі структур райвыканкама сустракаюцца з моладдзю па пытаннях адукацыі, вольнага часу, спорту. У ходзе сустрэч падлеткі могуць задаць любыя пытанні і атрымаць на іх адказы.
Маладзёжны парламент за нядоўгі час свайго існавання стаў цудоўнай пляцоўкай для рэалізацыі лідарскіх і арганізацыйных здольнасцей дзяцей, іх лепшых памкненнняў, сапраўднай кузняй лідараў. “Маладое пакаленне ўносіць значны ўклад у развіццё грамадства. Удзел дзяцей і падлеткаў у сацыяльным жыцці спрыяе навучанню і развіццю, фарміруе жыццёвы вопыт, — лічыць Алена Сяргееўна Шапавалава, куратар клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент”. — Удзел у рабоце клуба дае добрую пуцёўку ў дарослае жыццё. Усе 16 выпускнікоў нашага парламента з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе сталі актывістамі студэнцкага самакіравання”. Акрамя таго, у 2012 годзе Васіль Дзямідчык, на той час старшыня парламента, быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”. У мінулым годзе эстафету прыняў намеснік старшыні клуба Арцём Смірноў і стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.