Алег ІВАШКЕВІЧ, першы прарэктар БДУ: “У нас вядуцца даследаванні сусветнага ўзроўню”

У Беларусі пачынаецца Год навукі. Мы пастараемся за гэты час паказаць нашым чытачам айчынную навуку ва ўсёй яе разнастайнасці, расказаць пра выбітных вучоных і пра даследаванні, якія не дзесьці там, у навуковых цэнтрах і лабараторыях, а тычацца кожнага з нас, нашага здароўя, нашай бяспекі, нашага дабрабыту.

І перш за ўсё мы наведаемся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які мае статус навуковай арганізацыі і дзе праводзяцца навуковыя даследаванні сусветнага ўзроўню. Дастаткова сказаць, што ў склад БДУ ўваходзяць 6 навукова-даследчых устаноў і 9 унітарных прадпрыемстваў. Універсітэт робіць вялікі ўклад у развіццё айчыннай эканомікі. Яго навуковая прадукцыя і паслугі экспартуюцца больш як у 30 краін свету.

Пра ўніверсітэцкую навуку мы гутарым з першым прарэктарам БДУ акадэмікам А.А.ІВАШКЕВІЧАМ.

— Алег Анатольевіч, 2017 год абвешчаны Годам навукі, і гэта мае непасрэднае дачыненне да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта…

— Ведаеце, універсітэт — такая вялікая арганізацыя, што кожны год — і Год навукі, і Год культуры, і Год моладзі — гэта ўсё пра нас.

Летась значным вынікам стала тое, што БДУ заняў 354 месца ў прэстыжным рэйтынгу QS, які ранжыруе больш як 30 тысяч універсітэтаў. Такім чынам, БДУ трапіў у 2 працэнты найлепшых універсітэтаў свету. Пры гэтым ён уваходзіць у тройку найлепшых універсітэтаў СНД. І ў многім гэта заслуга нашых навукоўцаў.

У апошнія гады мы зрабілі вельмі шмат для таго, каб навукоўцы БДУ адчулі, што яны сусветная эліта. Штогод у рамках кожнага навуковага напрамку (фізіка, хімія, біялогія і г.д.) ствараецца рэйтынг вучоных у адпаведнасці з рознымі навукаметрычнымі паказчыкамі, такімі як індэкс Хірша, публікацыі ў часопісах з высокім імпакт-фактарам і інш. Рэйтынг рэгулярна абнаўляецца, і гэта моцна стымулюе вучоных. Зараз практычна ва ўсіх загадчыкаў кафедр і лабараторый вельмі значныя навукаметрычныя паказчыкі. Гэта сістэмная работа, якая вя­дзецца на працягу многіх гадоў, і яна садзейнічае таму, што БДУ як навуковая арганізацыя рухаецца наперад.

— Якія найбольш значныя навуковыя дасягненні 2016 года вы маглі б адзначыць?

— У мінулым годзе на прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ” запушчана ўнікальная вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў, распрацаваных у нашым НДІ фізіка-хімічных праблем. Трэба сказаць, што інстытуты і прадпрыемствы БДУ працуюць у вельмі цеснай звязцы і гэта дае магчымасць хутка накіроўваць навуковыя распрацоўкі ў вытворчасць. На ўсе нашы прэпараты ёсць дзяржаўны заказ, арганізацыі Міністэрства аховы здароўя набываюць іх і выкарыстоўваюць непасрэдна падчас аперацый анкалагічна хворым людзям. У некаторых прэпаратаў увогуле няма аналагаў у свеце.

Напрыклад, прэпарат цысплацэл, які прызначаны для лячэння перш за ўсё пухлін галаўнога мозгу. Пасля выдалення пухліны ў чалавека практычна заўсёды прымяняецца радые- ці хіміятэрапія. Гэта вельмі цяжкія для арганізма працэдуры, бо ўводзяцца моцныя клетачныя атруты, якія знішчаюць пухліны, аднак атруч­ваюць і арганізм, што выклікае непажаданыя пабочныя эфекты і таксічныя праяўленні. Дзякуючы нашай методыцы, пасля выдалення пухліны на яе месца ўводзіцца спецыяльны палімерны носьбіт, сумяшчальны з арганізмам, які з часам раствараецца. Пры правядзенні хіміятэрапіі прэпарат, які ўводзіцца ўнутрывенна, імабілізуецца на згаданым носьбіце, і яна дзейнічае лакальна, у патрэбным месцы. Дасягаецца эфект, які ў дзясяткі разоў лепшы за звычайную хіміятэрапію.

Другі прэпарат — праспідэлонг — вельмі добра зарэкамендаваў сябе пры лячэнні пухлін страўніка. Справа ў тым, што ў брушыне практычна няма крывяносных сасудаў, таму ўнутрывеннае ўвядзенне хімічных прэпаратаў не дае выніку. Мы прапанавалі ўводзіць у брушыну праспідэлонг, які ўтварае гель, лакалізуецца на пухліне і знішчае яе. Гэта ўнікальная распрацоўка, якая здольна істотна падоў­жыць жыццё хворых і ў многіх выпадках прывесці да поўнага вылечвання.

І падобных прэпаратаў у нас некалькі. Сёння яны выкарыстоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Арменіі, выпрабоўваюцца ў Расійскім анкалагічным навуковым цэнтры імя М.М.Блахіна. Трэба ска­заць, што гэта распрацоўкі сусветнага ўзроўню. Аднак, каб выйсці на сусветны рынак, патрэбны велізарныя грошы, бо ў нас і, напрыклад, у Еўрапейскім саюзе розныя патрабаванні да клінічных выпрабаванняў. Зрэшты, адна шведская кампанія прапанавала нам садзейнічанне, і ўжо нават пададзены еўрапейскія заяўкі на патэнты. Гэтая кампанія гатова ўкласці неабходныя грошы, каб мы выраблялі субстанцыю, а яна выпускала гатовыя лекавыя формы для наступнай рэалізацыі на еўрапейскім рынку.

— У якіх дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах бярэ ўдзел Бел­дзяржуніверсітэт?

— Сёння мы ўдзельнічаем у трох такіх праграмах. Адна з іх — “Лекавыя сродкі”, пра якую я гаварыў вышэй. Па гэтай праграме мы працуем шмат гадоў, і ў ёй задзейнічаны вялікі калектыў навукоўцаў. Нашы хімікі займаюцца распрацоўкай метадаў атрымання субстанцый, потым разам са спецыялістамі фармацэўтычнай прамысловасці распрацоўваюць гатовыя лекавыя формы, праводзяць даклінічныя выпрабаванні на жывёлах і клінічныя — на людзях. Пры гэтым нашы прэпараты ў дзясяткі разоў таннейшыя, чым тыя, што вырабляюцца на Захадзе.

Акрамя таго, у рамках згаданай праграмы ёсць асобны раздзел — “Распрацоўка джэнерычных прэпаратаў”. Калі тэрмін дзеяння патэнта на пэўны прэпарат (20—25 гадоў) заканчваецца, мы маем права вырабляць яго аналаг. Сёння джэнерыкі запатрабаваны, іх кошт намнога меншы, чым у арыгінальных прэпаратаў, таму такая работа вельмі важная.

Другая дзяржаўная праграма, у выкананні якой мы ўдзельнічаем, — “Малатанажная хімія”. У свой час мы былі яе ініцыятарамі, бо адна з праблем айчыннай хімічнай прамысловасці — гігантаманія: велізарныя горадаўтваральныя прадпрыемствы, з дзясяткамі тысяч работнікаў, якія вырабляюць вялікую колькасць таннай прадукцыі, пры гэтым наменклатура вырабаў вельмі абмежаваная. У выніку такія прадпрыемствы вельмі залежныя ад каньюнктуры рынку. Кітайцы ці іранцы пабудуюць два вялікія заводы, якія вырабляюць падобную прадукцыю, — і ўсё, нам няма куды збываць сваё.

Сёння ва ўсім свеце зусім іншы ўклад хімічнай прамысловасці. Напрыклад, на канцэрне BASF працуе прыкладна столькі ж работнікаў, як на канцэрне “Белнафтахім”. Але “Белнафтахім” вырабляе каля 100 найменняў прадукцыі, а BASF — 20 тысяч найменняў, і яго эканоміка базіруецца не на вырабе палімераў ці ўгнаенняў, а на вырабе ўсяго, што каштуе дорага (пестыцыды, кляі і г.д.). Праграма “Малатанажная хімія” якраз і стваралася для таго, каб мы развівалі гэтую справу. Яна выконваецца ўжо 15 гадоў, і за гэты час з’явілася шмат цікавых распрацовак, многія з іх укараняюцца або на прадпрыемствах БДУ, або на прыватных прадпрыемствах і фірмах. На жаль, “Белнафтахім” скіраваны на аб’ёмы, вал. Хаця сёння ўжо зусім іншы час. Зайдзіце ў любы будаўнічы магазін: паліцы завалены польскімі фарбамі, лакамі, іншай хіміяй. Але ж мы маг­лі і павінны былі зрабіць усё гэта самі. І гэта трэба зрабіць.

Трэцяя праграма — “Навукова-вучэбнае абсталяванне”. Нашы фізікі, радыёфізікі распрацоўваюць унікальныя прыборы, якія выкарыстоўваюцца і для навуковых мэт, і для вучэбнага працэсу. Напрыклад, у рамках згаданай праграмы прадпрыемства “Актыў БДУ” вырабляе вялікую колькасць вучэбнага абсталявання для школ, кале­джаў і ўніверсітэтаў. Летась там было выпушчана абсталяванне на суму 3 млн долараў.

— Алег Анатольевіч, мы з вамі гаворым найперш аб прыкладных даследаваннях. А як ва ўніверсітэце ідуць справы з фундаментальнай навукай?

— Насамрэч, усё вырастае з фундаментальнай навукі. Сёння БДУ з’яўляецца галаўной арганізацыяй па дзевяці дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, і ў нас вядуцца вельмі сур’ёзныя работы на міжнародным узроўні. Цяжка, немагчыма ды і няправільна вылучыць штосьці адно.

— Калі ласка, прывядзіце некалькі прыкладаў…

— Напрыклад, многія нашы вучоныя з НДІ ядзерных праблем удзельнічалі ў пошуку базона Хігса, за што была атрымана Нобелеўская прэмія.

Хімікі БДУ разам са спецыялістамі НДІ ядзерных праблем вядуць сур’ёзныя работы па наначасціцах, нанаматэрыялах, нанакластарах. У іх многа міжнародных кантрактаў на гэтую тэму.

Вельмі цікавыя навуковыя вынікі дэманструюць нашы біёлагі. Ёсць такі ўнікальны бялок — лактаферын, які адказвае за імунітэт чалавека. У Беларусі ў рамках саюзнай праграмы “БелРасТрансген” быў створаны статак трансгенных коз (гэтым займаўся РНПЦ па жывёлагадоўлі), у малацэ якіх змяшчаецца шмат лактаферыну, па сваіх уласцівасцях блізкага да чалавечага. А вось тэхналогію выдзялення, ачыст­кі і стварэння на яго аснове лекавых прэпаратаў распрацоўвалі біёлагі БДУ, і гэта распрацоўка сусветнага ўзроўню. У розных краінах вырабляюцца прэпараты на аснове лактаферыну, які выдзяляюць з малака жывёл, але праблема ў тым, што прыкладна ў 20 працэнтаў пацыентаў ён выклікае алергію. А той лактаферын, які вырабляецца па нашай тэхналогіі, стапрацэнтна засвойваецца, і зараз вядуцца работы над стварэннем адпаведных прэпаратаў для павышэння імунітэту ў дзяцей.

У мінулым годзе ў БДУ пабывалі два кіраўнікі дзяржаў — Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы. Спецыяльна для іх ладзіліся выставы навуковых дасягненняў, і найбольшую цікавасць выклікалі нашы распрацоўкі ў галіне фота- і відэа­спектральных сістэм, якія выкарыстоўваюцца на Міжнароднай касмічнай станцыі. Апошняя такая сістэма была пастаўлена на МКС у мінулым годзе, і яна сапраўды ўнікальная, з сур’ёзнай разрозненасцю і мноствам функцый. Расіяне не могуць такога зрабіць, а мы робім! Гэта распрацоўка НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ. І падобных прыкладаў я магу прывесці многа.

— Якіх навуковых вынікаў вы чакаеце ў гэтым годзе?

— Перш за ўсё мы чакаем запуску студэнцкага нанаспадарожніка. Гэта вельмі знакавая работа, бо ў свеце ўсяго некалькі дзясяткаў універсітэтаў маюць свае спадарожнікі. Ён ужо гатовы і практычна цалкам пратэсціраваны.

Акрамя сваіх асноўных задач, запуск спадарожніка важны яшчэ і для прыцягнення студэнтаў у навуку. Сёння стварыць спадарожнік нескладана: асобныя модулі і дэталі можна набыць, правільна іх скампанаваць, сабраць. Галоўная закавыка ў тым, што ніхто ніколі не прадасць праграмныя прадукты і сістэмы, якія дазваляюць зні­маць і апрацоўваць інфармацыю, бо гэта рэчы двайнога прызначэння. І нашы студэнты з факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій зрабілі гэта. Сёння вырашаецца, дзе запускаць спадарожнік. У расіян зараз праблемы, і пасля няўдалых спроб яны пакуль што адкладваюць нават свае запускі. Вядзём перамовы з Кітаем. Інфармацыяй, атрыманай са студэнцкага нанаспадарожніка, будуць карыстацца студэнты розных факультэтаў і навукоўцы. І гэта толькі пачатак, у будучыні мы будзем развіваць касмічныя даследаванні.

— БДУ вядомы сваімі навуковымі школамі, якія ўзначальваюць акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі. Скажыце, Алег Анатольевіч, якія новыя напрамкі даследаванняў развіваюцца ва ўніверсітэце.

— Адной з галоўных нашых мэт з’яўляецца стварэнне міждысцыплінарных навуковых школ. Я, напрыклад, перакананы, што на фізічным факультэце трэба хаця б на працягу года чытаць студэнтам хімію, бо матэрыялазнаўства — гэта фізіка-хімічная навука. І зараз ужо многа зроблена ў гэтым напрамку. Так, сёння хімікі вельмі плённа працуюць з фізікамі-ядзершчыкамі па распрацоўцы новых унікальных матэрыя­лаў.

Менавіта міждысцыплінарны падыход дазволіў нам атрымаць вельмі сур’ёзныя вынікі ў распрацоўцы супрацьпухлінных прэпаратаў, пра што я ўжо гаварыў. Я лічу, што мы знайшлі правільны падыход для нашай краіны, бо распрацоўка аднаго толькі супраць­пухліннага прэпарату каштуе ад 2 да 10 мільяр­даў долараў. А мы распрацоўваем новыя тэхналогіі прымянення вядомых, ужо апрабаваных прэпаратаў. Гэта патрабуе значна меншых сродкаў, а эфект дасягаецца вельмі добры. І навука развіваецца.

— Скажыце, Алег Анатольевіч, што ў БДУ з прытокам навуковых кадраў.

— У апошнія гады ў нас сітуацыя стабільная: штогод ва ўніверсітэце  абараняецца 5—7 доктарскіх і 50—60 кандыдацкіх дысертацый. Па статыстыцы ВАК, 39,9 працэнта дактароў навук і 35 працэнтаў кандыдатаў навук у сістэме адукацыі абараняюцца ў БДУ.

Сёння ўжо няма таго адтоку, які быў 10—15 гадоў назад. Ёсць праблемы, звязаныя з дэмаграфічным крызісам. Коль­касць выпускнікоў школ за апошнія гады зменшылася амаль на трэць, і гэта непазбежна адбіваецца на прытоку моладзі ў навуку. Але сёлетняя ўступная кампанія нас прыемна парадавала: ва ўніверсітэт прыйшлі першакурснікі з вельмі высокімі баламі. Напрыклад, на некаторыя спецыяльнасці хімічнага факультэта прахадны бал дасягаў 380 балаў, што для прыродазнаўчых спецыяль­насцей увогуле неўласціва. Гэта дае нам упэўненасць, што будуць у нас і кандыдацкія, і доктарскія дысертацыі.

Зрэшты, і зараз ва ўніверсітэце ёсць маладыя вучоныя, якім ледзь за трыц­цаць, але яны ўжо загадваюць кафедрамі і абара­няюць доктарскія дысертацыі. У такім рэчышчы мы і будзем рухацца.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Спартыўная эліта БДУ

У БДУ прайшло ганараванне студэнтаў-спартсменаў

Яркім спартыўным годам для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў мінулы год. Аб спартыўных перамогах, поспехах у вучобе, а таксама планах на будучыню расказалі вядомыя студэнты-алімпійцы — 11-разовы параалімпійскі чэмпіён Ігар Бокі і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Джавід Гамзатаў на прэс-канферэнцыі “Спартыўная эліта выбірае БДУ”, якая прайшла ў Ліцэі Белдзяржуніверсітэта.

эты год для нас быў алімпійскім і параалімпійскім, — адзначыў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, — бо двое нашых студэнтаў — Джавід Гамзатаў і Ігар Бокі — заваявалі медалі. Гэта, зразумела, поспех, які бывае нячаста. Акрамя таго, за гэты год студэнты БДУ заваявалі больш як 20 медалёў на ўсіх узроўнях — алімпійскім, чэмпіянатах свету і Еўропы”. Дарэчы, сёлета пераможцам круглагадовай спартакіяды ўніверсітэта стаў юрыдычны факультэт.

Асобнай нагодай для прэс-канферэнцыі быў і той факт, што 13 снежня прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 450, у адпаведнасці з якім чэмпіёны Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ўдастоены дзяржаўных узнагарод. У іх ліку — студэнт юрыдычнага факультэта БДУ 6-разовы чэмпіён Параалімпіяды 2016 года Ігар Бокі, які ўзнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Званне заслужанага майстра спорту Беларусі прысвоена студэнту юрфака Джавіду Гамзатаву.

Рашэннем рэктарата ўпершыню ва ўніверсітэце была зацверджана прэмія “Спартыўны алімп БДУ” для лепшых спартсменаў-студэнтаў, якія заваявалі на працягу года ўзнагароды на міжнародных спартыўных спаборніцтвах, чэмпіянатах і Алімпійскіх гульнях. Як растлумачыў Сяргей Уладзіміравіч, прэмія дазволіць студэнтам платнай формы навучання не плаціць за адзін семестр, а бюджэтнікі атрымаюць эквівалент гэтай сумы. Уручэнне сертыфікатаў адбылося адразу на пачатку прэс-канферэнцыі, а ў першую залатую дзясятку, акрамя алімпійскага прызёра Джавіда Гамзатава і параалімпійскага чэмпіёна Ігара Бокага, увайшлі студэнты эканамічнага факультэта сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету сярод студэнтаў па каратэ Рэнат Архіпенка і Дзмітрый Архіпенка, а таксама студэнт факультэта філасофіі і сацыяльных навук Глеб Алексін. Студэнт Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ Яўген Меднік стаў бронзавым прызёрам VII чэмпіянату свету сярод студэнтаў па боксе, а студэнт гістарычнага факультэта Мікалай Стадуб і студэнт юрыдычнага факультэта Віктар Сасуноўскі сталі прызёрамі чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе, атрымаўшы “серабро” і “бронзу” адпаведна. Лепшымі студэнтамі-спартсменамі сталі таксама студэнтка юрыдычнага факультэта пераможца агульнага заліку юніёрскага Кубка IBU сезона 2015/2016 года Дар’я Блашко (біятлон) і шматразовая чэмпіёнка Беларусі па шасэйных велагонках Алена Амялюсік. Усе студэнты атрымалі спартыўную прэмію БДУ.

Дарэчы, рэктар БДУ са школьных гадоў займаўся футболам, баскетболам, але больш за ўсё ён захапляўся шахматамі і нават атрымаў першы разрад. “Я сам матэматык, а матэматыка і шахматы вельмі блізкія: усе шахматныя камбінацыі і прыгажосць формул — гэта нешта асаблівае!” — адзначыў С.У.Абламейка.

На цырымонію ганаравання знакамітых спартсменаў БДУ таксама быў запрошаны алімпійскі чэмпіён 1988 года ў Сеуле старшы выкладчык кафедры фізвыхавання і спорту БДУ Камандар Бафаліевіч Ма­джыдаў. Выкладчык калісьці таксама скончыў юрыдычны факультэт. “Спорт — вялікая навука. За некалькі хвілін тут трэба прадумаць, як абыграць спартсмена, як псіхалагічна вывесці яго з раўнавагі. Таму я ўпэўнены, што спартсмены і юрысты падобныя, бо трэба часта думаць і шукаць выхад з любога становішча”, — сказаў Камандар Бафаліевіч.

“Спартыўнае права — гэта вельмі важны раздзел юрыспрудэнцыі. Мы бачым, які беспарадак адбываецца ў свеце, калі зароблены медаль могуць забраць і праз шмат гадоў. Сёння ва ўніверсітэце мы выдзяляем спартыўнае права як кірунак і пачынаем думаць аб падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў, бо ў гэтым ёсць патрэба краіны, каб абараняць сваіх спартсменаў і свае ўзнагароды на міжнародным узроўні”, — паведаміў Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.

Ігар Бокі, які сёлета стаў уладальнікам 7 медалёў па плаванні (6 залатых і 1 бронзавы) на Параалімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, і бронзавы прызёр Алімпійских гульняў у спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе Джавід Гамзатаў на будучыню пакуль не загадваюць. Але ў той жа час пераконваюць, што працаваць над спартыўнымі дасягненнямі будуць і далей, каб даказаць свой вынік і яшчэ раз парадаваць беларускіх балельшчыкаў.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

У “Тэатральным куфры” сёлета ўпершыню прымуць удзел дзіцячыя тэатры

ХІІІ Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ — 2016” урачыста адкрыецца сёння ўвечары ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Для тых, хто да гэтага не наведваў “ТК”, варта нагадаць, што “Тэатральны куфар” — гэта адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў, адзін з самых уплывовых тэатральных форумаў ва Усходняй Еўропе і транснацыянальная платформа, якая аб’ядноўвае крэатыўную моладзь з усяго свету.

Гэта не пустыя словы. За імі стаяць падзеі, факты, людзі, а перадусім — галоўная ўстанова вышэйшай адукацыі нашай краіны — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Менавіта намаганнямі супрацоўнікаў упраўлення па справах культуры БДУ сёлета ўдалося сабраць на “Тэатральны куфар” ажно 23 калектывы з 14 краін. Вось далёка не поўны іх пералік: тэатр-студыя “На філфаку” (Беларусь, Мінск, “Патрабуецца мадэль” К.Тананайка), тэатр-студыя “7 паверх” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Беларусь, Мінск, “А заўтра была вайна” Б.Васільева), тэатральная майстэрня “Сляды” (Беларусь, Гомель, “Самая прыгожая жанчына ў горадзе” па матывах Ч.Букоўскі), тэатр “Панацэя” Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (Беларусь, Мінск, “Запалярная праўда” Ю.Клаўдзіева), тэатральная група акцёрскай школы “Гудман” (Ізраіль, Беэр-Шэва, “Вечны плакальшчык” Х.Левіна), Teatro dell Ombre (Італія, Рым, “Гамлет” У.Шэкспіра), тэатральная група Socoot (Іран, Тэгеран, “Шэкспір, каханне 2001” па матывах “Рамэа і Джульеты” У.Шэкспіра), тэатр Home Хунаньскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта (Кітай, Чаньша, “Ноч на Галактычнай чыгунцы” К.Міядзава), Вільнюскі камерны тэатр (Літва, Вільнюс, “Англійскае забойства С.Хэйра), тэатр Funtasia Нацыянальнай школы бізнесу і менеджменту (Марока, Касабланка, “Падарожжа 2015” Ануара Хасані), тэатр Remont Сілезскага тэхнічнага ўніверсітэта (Польшча, Познань, “Амок — мая дзіцячая гульня” Т.Фрэера), Маскоўскі адкрыты студэнцкі тэатр (Расія, Масква, “Дарагі Бог!” па матывах “Аскара і Ружовай дамы” Э.-Э.Шміта), тэатр-студыя “Калаж” Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія, Саратаў, “Хто ты?” па матывах “Алісы ў краіне цудаў” Л.Кэрала), “Тэатр 054” (Харватыя, Асіек, “Маленькі прынц” А. дэ Сент-Экзюперы)… Як можна заўважыць, геаграфічная палітра сёлетніх удзельнікаў “Тэатральнага куфра” дастаткова шырокая. Назвы заяўленых спектакляў сведчаць, што і палітра тэатральных школ будзе таксама разнастайнай.

Безумоўна, сёлетні “ТК” не забудзецца пра свае фірменныя фішкі, дзякуючы якім ён асабліва палюбіўся айчынным тэатрафілам. У прыватнасці, адной з самых відовішчных дзей форуму па традыцыі стане праект “Куфар-in-Motion” — інакш кажучы, “Куфар” у руху, калі артысты розных тэатральных студый за 5 дзён работы фестывалю будуць разам працаваць над пастаноўкай спектакля, які пакажуць на цырымоніі закрыцця “ТК”. Штодня, з 25 па 30 лістапада, будуць працаваць дыскусійныя пляцоўкі форуму, ладзіцца майстар-класы, паказальныя выступленні сяброў журы… І будзе навінка-іскрынка гэтага сезона — упершыню ў гісторыі “Тэатральнага куфра” ў форуме прымуць удзел дзіцячыя тэатры з Беларусі, Расіі і Кітая. Асобны дзіцячы конкурс пройдзе 26 і 27 лістапада ў Маладзёжным тэатры эстрады.

Нягледзячы на ўсе забабоны, звязаныя з лічбай “13”, сёлетні, 13-ы па ліку, “Тэатральны куфар” абяцае быць свежым, цікавым і мнагазначным. Як, у прынцыпе, і заўсёды.

Па ўсіх тэатральных паняццях, ён сёння пачнецца з вешалкі…

Скончыцца дзесьці ў душы.

І невядома калі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Патэнцыял БДУ дае магчымасць выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў і патрыётаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 95-годдзем са дня заснавання вышэйшай навучальнай установы. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады існавання ВНУ падрыхтавала больш як 150 тысяч спецыялістаў, якія ўнеслі значны ўклад у айчынную навуку, культуру і эканоміку. Яе выпускнікамі былі многія дзяржаўныя дзеячы, вядомыя вучоныя, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

“Глыбокія веды і практычны вопыт выкладчыкаў, беражлівае стаўленне да традыцый забяспечваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, фарміруюць інтэлектуальнае багацце Беларусі і ўмацоўваюць яе прэстыж на сусветнай арэне”, — гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што адукацыйны, навуковы і культурны патэнцыял універсітэта дасць магчымасць яму выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў і патрыётаў.

Дзень кар’еры ў БДУ

“Дзень кар’еры — вясна 2016” прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Мерапрыемства мела на мэце садзейнічаць выпускнікам БДУ ў працаўладкаванні, а студэнтам малодшых курсаў — у пошуку месца для праходжання практыкі ці стажыроўкі.

Дзень кар’еры праводзіцца ў БДУ двойчы на год (вясной і восенню). Раней падобныя мерапрыемствы праходзілі лакальна, па факультэтах, але гэта было не вельмі зручна для кампаній-удзельніц. Часта ім патрэбны спецыялісты розных профіляў: і праграмісты, і эканамісты. Таму і ўзнікла ідэя аб’яднацца і праводзіць Дзень кар’еры для ўсяго ўніверсітэта. У такім вялікім маштабе мерапрыемства ладзіцца ўжо пяты раз.
Як адзначаюць арганізатары — упраўленне кадраў БДУ, колькасць удзельнікаў з году ў год павялічваецца. Сёлета студэнты змаглі азнаёміцца з прапановамі двух дзясяткаў беларускіх і замежных кампаній, якія працуюць у юрыдычнай, банкаўскай, транспартна-лагістычнай і IT-сферах. Пра свае вакансіі паведамілі Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі і Белдзяржуніверсітэт. Адметна, што ў дні кар’еры прымалі ўдзел студэнты не толькі з БДУ, але і з іншых сталічных устаноў вышэйшай адукацыі.
Адметнай падзеяй дня стала прэзентацыя электроннай базы рэзюмэ выпускнікоў БДУ. Гэты рэсурс, распрацаваны на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, дазволіць спрасціць працэс узаемадзеяння паміж выпускнікамі БДУ і работадаўцамі. База складаецца з анкет пяцікурс-нікаў, і скарыстаць яе паслугі змогуць як бюджэтнікі, так і платнікі ўсіх факультэтаў БДУ. Там маладыя людзі могуць прэзентаваць сябе, а работадаўцы, дзякуючы зручнаму пошуку, — знаходзіць патрэбных спецыялістаў.
Сёлета ўпершыню ў рамках дня кар’еры была арганізавана інтэлектуальная пляцоўка для студэнтаў БДУ. Яна праходзіла ў фармаце гульні “Што? Дзе? Калі?”, і пытанні для ўдзельнікаў падрыхтавалі работадаўцы. Два дзясяткі каманд з розных факультэтаў дэманстравалі свае веды ў галіне бізнесу, кар’еры і працы.
“Мы выкарыстоўваем розныя механізмы, каб нашы выпускнікі знайшлі добрае месца працы, — расказвае рэктар БДУ Сяргей Абламейка. — Некалькі гадоў назад у дадатак да іншых мерапрыемстваў, скіраваных на працаўладкаванне, мы пачалі праводзіць дні кар’еры. Арганізацыі і прадпрыемствы атрымалі магчымасць паказаць сябе, а студэнты — непасрэдна пагутарыць з работадаўцамі. Такое ўзаемадзеянне прыносіць добры плён”.
На пытанне пра сёлетняе размеркаванне рэктар заўважыў, што сітуацыя з першым рабочым месцам для выпускнікоў больш складаная, чым у папярэднія гады. “3—5 гадоў назад заявак ад прадпрыемстваў заўсёды было больш, чым выпускнікоў. Зараз, на жаль, многія прадпрыемствы маюць эканамічныя цяжкасці і не імкнуцца браць на работу маладых спецыялістаў. Аднак мы працуем з работадаўцамі. Праз два тыдні ў нас пачынаецца размеркаванне, факультэты сістэматызуюць заяўкі, праводзяць шматлікія кансультацыі. Мы спадзяёмся, што пераважная большасць выпускнікоў будзе размеркавана”, — паведаміў Сяргей Уладзіміравіч.
Быў час, калі бюджэтнікі стараліся пазбегнуць размеркавання, а цяпер ужо многія платнікі звяртаюцца ў дэканаты, каб ім прадаставілі першае рабочае месца. Напрыклад, летась у БДУ былі размеркаваны каля 6% выпускнікоў, якія вучыліся на ўмовах аплаты.
“Факультэты, кіраўніцтва ўніверсітэта, іншыя службы прыкладаюць велізарныя намаганні, каб забяспечыць размеркаванне выпускнікоў, — -адзначыла начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная. — Мы працуем непасрэдна з кампаніямі, ужо разаслалі ім больш за тысячу пісьмаў, арганізоўваем персанальныя сустрэчы. Сёлета запускаем унікальны інфармацыйны рэсурс — электронную базу рэзюмэ выпускнікоў БДУ. Гэта своеасаблівае кадравае агенцтва, дзе работадаўцы змогуць даведацца ўсё пра нашых выпускнікоў, пра іх прафесійныя, асобасныя кампетэнцыі і г.д.”.
Статыстыка наконт заявак ад кампаній на маладых спецыялістаў абнаўляецца на факультэтах БДУ ледзь не штодня. Як паведаміла начальнік упраўлення кадраў, на гэты час каля 77% ранейшых заявак атрымалі пацвярджэнне. Многія выпускнікі прыносяць у дэканат персанальныя заяўкі. “Наша галоўная задача — сумясціць інтарэсы кампаній і выпускнікоў, — гаворыць Наталля Няпеўная. — Не проста накіраваць маладога спе-цыяліста на работу, а каб ён трапіў у тую кампанію, дзе яму будзе цікава і дзе ён зможа сябе рэалізаваць. Таму калі выпускнік загадзя знайшоў сабе месца працы, мы пастараемся пайсці яму насустрач і даць адпаведнае размеркаванне”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Ганарыцца не толькі можна, але і трэба

Днямі ў будынку рэктарата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрылася выстава “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў”. Арганізатарамі мерапрыемства, прысвечанага выбарам прэзідэнта краіны, выступілі Саюз жанчын БДУ, Фундаментальная бібліятэка БДУ і ўсе падраздзяленні галоўнай альма-матар краіны, Рэспубліканская грамадская арганізацыя “Белая Русь”, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Нацыянальнае агенцтва па турызме пры тэхнічнай падтрымцы “Настаўніцкай газеты”.

Белая зала на першым паверсе будынка рэктарата БДУ фактычна ператварылася ў гэтакую маленькую Рэспубліку Беларусь, але са сваімі вялікімі дасягненнямі. Экспанаты выставы, а іх тут звыш 100, размешчаны па геаграфічным прынцыпе — наведвальнікі маюць магчымасць абысці Беларусь і за 5 хвілін (калі іх вочы не зачэпяцца за штосьці ўнікальнае), і за дзень, а то і за два-тры, нават пяць… Кітайскія студэнты, якія прысутнічалі на адкрыцці экспазіцыі, а потым да самага вечара з цікаўнасцю разглядалі-мацалі экспанаты, ужо засведчылі гэта. Нашай не вельмі вялікай краіне ў самым цэнтры Еўропы ёсць чым пахваліцца! У якасці экскурсаводаў на выставе працуюць студэнты гістарычнага факультэта БДУ, сябры тутэйшага клуба экскурсаводаў, які заснавала старшы выкладчык гістфака Ірына Алюніна. Падыдзем да іх.
Вікторыя Санько, якая адказвае за стэнд Гомельскай вобласці, дэманструе колбу з нафтай: “У Гомельскай вобласці нафта здабываецца прамысловым шляхам. Першае радовішча было адкрыта яшчэ ў 1964 годзе”. Пачаўшы з нафты, Вікторыя працягвае свой цікавы аповед пра Гомельшчыну. Расказвае пра палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, веткаўскіх старавераў, флору і фаўну Прыпяцкага Палесся, прадукцыю Жлобінскага металургічнага цэха… А напрыканцы сваёй антрэпрызы дае мне якісьці дзіўны масіўны прадмет ромбападобнай формы і кажа: “А вы лізніце…” Я лізнуў. Гэта соль. Соль з Мазырскага радовішча каменнай солі.
Павел Трубяцкі на стэндзе Магілёўшчыны падрабязна расказвае пра славутыя гарады гэтага рэгіёна нашай краіны: сам Магілёў, Бабруйск, Шклоў, Горкі, Быхаў, Мсціслаў, Клімавічы, Слаўгарад, Чэрыкаў, Чавусы, Глуск… Асцярожна бярэ ў рукі чучала цецеравятніка: “Яны водзяцца толькі на Магілёўшчыне. Між іншым гэта драпежныя птушкі”.
Тым часам галоўны ініцыятар выставачнага праекта “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў”, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літатаратуры і культуры БДУ, старшыня Саюза жанчын БДУ Ірына Казакова адзначае, што канцэптуальна арганізатары выставы хацелі падкрэсліць тое самае славутае, чым можа ганарыцца кожны рэгіён нашай краіны, — ці гэта нейкае культурнае дасягненне, як “Славянскі базар у Віцебску”, ці радовішча нафты ў Гомельскай вобласці, ці будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Гродзеншчыне, ці вядомы сёння на ўсёй постсавецкай прасторы “Савушкін прадукт” з Брэстчыны. “Мы ставілі мэту ахапіць усе нашы вобласці ў сэнсе іх гісторыі, культуры, прыроды, сучасных тэхналагічных дасягненняў, — адзначае Ірына Валер’еўна. — А ў якасці наведвальнікаў выставы мы чакаем усіх нашых універсітэцкіх выкладчыкаў, студэнтаў, абітурыентаў, выпускнікоў, якіх за гады існавання БДУ ўжо назбіралася звыш 170 тысяч. Усё, што мы робім, — для нашага любімага ўніверсітэта…” Выстава “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў” будзе працаваць у Белай зале ў рэктараце БДУ да 5 кастрычніка. У гэты дзень заключным акордам праекта на філалагічным факультэце прагучыць канцэрт народнага хору выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта “Родніца”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Нязменны фатограф БДУ

Сваім абліччам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абавязаны аднаму чалавеку — фатографу Генадзю Краскоўскаму. Паўстагоддзя Генадзь Аляксандравіч здымае на фотакамеру выкладчыкаў, студэнтаў, навукоўцаў БДУ, ствараючы добрую памяць пра іх. А сам заўсёды застаецца ў цені. На ўніверсітэцкіх фотаздымках можна адшукаць усіх, але толькі не яго. Таму мы вырашылі выправіць гэтую несправядлівасць і зняць на фотакамеру таго, хто здымае іншых.

У кабінеце Генадзь Аляксандравіч сядзіць вельмі рэдка. Часцей ён бярэ свайго вернага сябра — фотаапарат і адпраўляецца на фотаздымкі. А работы для фатографа ва ўніверсітэце многа: камусьці трэба стварыць дыдактычны матэрыял, хтосьці ладзіць дзень нараджэння кафедры, нехта праводзіць канферэнцыю. Генадзь Аляксандравіч нікому не адмаўляе і стараецца трапіць на ўсе мерапрыемствы. Бываюць дні, калі ў Генадзя Аляксандравіча няма часу нават на абед. Затое ніхто лепш за яго не ведае, наколькі багатае на падзеі ўніверсітэцкае жыццё.
Першы раз Генадзь Краскоўскі трапіў у БДУ, калі ў далёкія 60-я гады паступіў на вячэрняе аддзяленне радыёфізічнага факультэта і стаў лабарантам праблемнай лабараторыі паўправаднікоў фізічнага факультэта. У 1967 годзе, калі на фізічным факультэце з’явілася кафедра паўправаднікоў, Генадзь Аляксандравіч уладкаваўся туды тэхнікам.
Скончыць радыёфізічны факультэт па нейкіх прычынах яму не ўдалося. У 1975 годзе пасля службы ў арміі ён прыйшоў на работу ў агульнаўніверсітэцкую фоталабараторыю, якую на той час узначальваў Давід Прэс. Гэтая структура была створана замест 26 маленькіх фоталабараторый. З гэтага часу Генадзь Краскоўскі пачаў займацца любімай справай — фатаграфаваннем. Як вынік — у 1978 годзе стаў другім пасля Давіда Прэса загадчыкам агульнаўніверсітэцкай фоталабараторыі і з’яўляўся ім да нядаўняга часу.
“На той час фоталабараторыя была даволі вялікай, — расказвае Генадзь Краскоўскі. — Пад маім кіраўніцтвам працавала 12 фоталабарантаў і кінамеханікаў, якія абслугоўвалі ўсе падраздзяленні ўніверсітэта. Фоталабараторыя была створана не зусім з творчай мэтай. У нашу задачу ўваходзіла забеспячэнне вучэбнага працэсу. Фотаздымкі і слайды часта служылі наглядным дапаможнікам да практычных і лабараторных заняткаў студэнтаў”.
Генадзь Краскоўскі паказвае фотаздымкі ўсемагчымых рыбак, матылькоў, жукоў, ракавінак, каралаў, манет, птушак, жывёл, гістарычных знаходак, карысных выкапняў, якія ён працяглы час здымаў у дапамогу выкладчыкам розных факультэтаў. Некаторыя з іх знайшлі і іншае прымяненне. Генадзь Аляксандравіч з гонарам дэманструе нататнікі пад назвай “Свет дойлідства”, “Свет птушак”, “Свет манет”, выпушчаныя да 80-годдзя БДУ. Наогул, фатаграфіі Генадзя Аляксандравіча часта выкарыстоўваюцца ў буклетах, насценных календарах і плакатах. Генадзь Краскоўскі часта, асабліва ў маладосці, пасылаў свае фотаработы на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, якія выйграваў.
Генадзь Аляксандравіч памятае, як у 7 гадоў самастойна змайстраваў камеру Абскура. Гэтай кардоннай прыладай ён фатаграфаваў на працягу двух гадоў. І самае цікавае, што атрымлівалася! У школе заўважылі яго новае захапленне. Да Генадзя Краскоўскага звярталіся самі настаўнікі, каб ён зрабіў фотаздымкі для школьных насценгазет і стэндаў. Фотасправа спадарожнічала яму і падчас вучобы ў гарадскім прафтэхвучылішчы, дзе ён атрымаў спецыяльнасць наладчыка аўтаматаў і паўаўтаматаў, і падчас службы ў арміі. Фатаграфаванне стала яго жыццём. І ўжо не мае сэнсу разважаць, наколькі выпадковым гэта было. Галоўнае, што яго жаданне здымаць людзей і з’явы прынесла вялікі плён.

Ганна ЛАГУН.
Фота аўтара.

Прафесія для “сонейка”

Фотапраект “Сонечная прафесія” ўпершыню быў рэалізаваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў рамках валанцёрскай праграмы Студэнцкага Саюза БДУ “Мая школа”. Мэта акцыі — падтрымка дзяцей з сіндромам Даўна, іх адаптацыя ў грамадстве. Аўтарам фотапраекта стала пяцікурсніца факультэта міжнародных адносін БДУ Ксенія Воўк, а арганізатарам — аддзел маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. Прэзентацыя здымкаў “сонечных дзяцей” адбудзецца сёння ў Міжнародны дзень чалавека з сіндромам Даўна, які адзначаецца па ініцыятыве Сусветнай асацыяцыі «Даўн-сіндром» 21 сакавіка.

“Ва ўніверсітэце я пастаянна займаюся валанцёрскай дзейнасцю, з’яўляюся кіраўніком праекта “Мая школа”, — паведаміла Ксенія. — Разам з аднакурснікамі і іншымі студэнтамі-валанцёрамі мы наведваем дзіцячыя дамы-інтэрнаты, цесна супрацоўнічаем з Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і з мінскай дапаможнай школай-інтэрнатам № 10, праводзім мерапрыемствы па падтрымцы такіх дзяцей у звычайных агульнаадукацыйных установах. Што тычыцца фотапраекта, то гэтую ідэю выношвала з мінулага года. Дзень чалавека з сіндромам Даўна для мяне асаблівы, бо мой брат мае гэтую паталогію і я шмат ведаю аб праблемах сацыялізацыі такіх людзей. Я агучыла гэтую праблему сярод студэнцтва, стараюся давесці яе да патэнцыяльных работадаўцаў. Сутнасць праекта — азнаямленне ўсіх зацікаўленых асоб праз фатаграфіі з прафесіямі, у якіх могуць рэалізаваць сябе “сонечныя людзі”. Мы задавалі пытанні бацькам, самім дзецям: “Кім вы хочаце стаць? У якой прафесіі бачаць вас бацькі?” Разам з імі падбіралі для кожнага прафесію, абмяркоўвалі, якіх якасцей яна ад чалавека патрабуе. У праекце прынялі ўдзел і дзеці з псіханеўралагічнага інтэрната ў Навінках”.
Удзельнікамі праекта сталі 17 людзей з сіндромам Даўна — у асноўным хлопчыкі і дзяўчынкі ад 5 да 18 гадоў. Сярод іх і двое дарослых маладых людзей — Арцём, якому 23 гады, і Барыс, якому 32 гады. Усіх разам з сем’ямі запрасілі ў фотастудыю White Star Studio, гаспадаром якой з’яўляецца Яўген Мельнікаў. На працягу трох дзён прафесійныя фатографы імкнуліся ўвасобіць у фотаздымках мары дзяцей аб будучых прафесіях. Антон Сцяшко здымаў дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і. Ён прыватным чынам займаецца фота- і відэаздымкамі. Юлія Ішмуратава — супрацоўніца медыя-цэнтра БДУ — фатаграфавала дзяцей з інтэрната. Каардынатарам праекта з’яўляецца начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў БДУ Рыгор Пасрэднік.
Падчас фотасесіі кожны з удзельнікаў праекта расказваў, якім чынам будзе рэалізоўваць сябе ў прафесіі. Дзеці пераўвасабляліся ў вобразы футбаліста, пчаляра, паштальёна, садоўніка, мастака, фатографа і інш.
— Узнікненне нашага праекта невыпадковае, гэта павевы часу: у Еўропе і Амерыцы людзі з сіндромам Даўна працуюць, іх колькасць вымяраецца сотнямі. Калі ўзяць Расію, то там афіцыйна працаўладкаваны толькі тры чалавекі з сіндромам Даўна. З чаго пачынаць далучэнне такіх людзей да прафесіі? Існуе практыка “падтрымліваючага працаўладкавання”. Гэта значыць, што побач з чалавекам з асаблівасцямі знаходзіцца той, хто суправаджае і навучае яго азам прафесіі. Пачынаць навучанне можна з самага простага: мыцця посуду, прыгатавання кавы, выканання іншых нескладаных абавязкаў. У залежнасці ад здольнасцей, якія праяўляе чалавек, яго прафесійныя задачы паступова ўскладняюцца.
У Беларусі, як мне вядома, фактаў афіцыйнага працаўладкавання такіх людзей увогуле няма. Хаця адзін малады чалавек, удзельнік нашага праекта, працуе. 23-гадовы Арцём Мкртчан, мінчанін, прадае каву на адным з канцавых аўтобусных прыпынкаў. Сярод яго пакупнікоў пераважна вадзіцелі. Яны добра адносяцца да хлопца і заўсёды яму рады. Арцём жыве побач са станцыяй. Аднак яго гісторыя — выключэнне. У асноўным маладыя людзі з сіндромам Даўна пасля заканчэння школы працуюць у майстэрнях пры манастырах.
Майму брату Мікалаю 17 гадоў, і хутка перад ім паўстане праблема жыццеўладкавання. Зараз ён заканчвае дапаможную школу. Усе карані праблем такіх людзей знаходзяцца, на мой погляд, у дзяцінстве. Мікалай наведваў звычайны дзіцячы сад, пасля мы паспрабавалі ўладкаваць яго ў звычайную школу на інтэграванае навучанне, якое, на жаль, не стала паспяховым. Калі дзеці падрастаюць, пачынае адчувацца розніца паміж імі, і яны не прымаюць непадобнага на сябе, слабейшага, і імкнуцца пакрыўдзіць яго. Простае ўключэнне дзіцяці з АПФР у асяроддзе равеснікаў праблемы не вырашае, таму што яму будзе некамфортна ў ім. Патрэбны пэўныя намаганні з боку педагогаў, бацькоў, здаровых дзяцей, аднакласнікаў, а таксама кіраўнікоў. Рэдка які дырэктар агульнаадукацыйнай школы лёгка і адразу прымае дзяцей з сіндромам Даўна на навучанне — усімі спосабамі адмаўляецца, шукае адгаворкі.
Інтарэсаў у Колі шмат — ён хоча быць і футбалістам, і кухарам, і ваенным, і маляром. У школе яго хваліць настаўнік працоўнага навучання: ён умела апрацоўвае дрэва і, значыць, можа асвоіць прафесію сталяра. Але на дадзены момант нашы з Колем бацькі жадаюць, каб ён працаваў у майстэрні пры манастыры. Яны зыходзяць з пункту погляду бяспекі, так усім у сям’і будзе спакайней. Калі Мікалая ўладкаваць, напрыклад, у кавярню ці рэстаран, не факт, што яго прымуць там як належыць, не будуць крыўдзіць. Для некаторых людзей сам тэрмін “сіндрома Даўна” — сінонім абразы, яны гатовы назваць “даўнам” любога, каго хочуць пакрыўдзіць.
З такой сітуацыяй мірыцца нельга. Не трэба людзей з сіндромам Даўна хаваць за сценамі. Яны павінны быць побач з намі. Я спрабавала выказваць такую думку ў арганізацыях сферы паслуг. У лепшым выпадку работадаўцы пагаджаліся, што ў прынцыпе такія людзі павінны працаваць. Але прымаць у свой калектыў адмаўляліся. Навідавоку стэрэатып: усе ведаюць, што ў грамадстве ёсць асаблівыя людзі, але прасцей не заўважаць іх і не клапаціцца пра іх, няхай жывуць самі па сабе. Многія нават не задумваюцца, што ў гэтых людзей такія ж патрэбы, як і ў любога здаровага чалавека.
Вельмі важна, каб прабіліся першыя парасткі — з’явіліся, нарэшце, прыклады паспяховага працаўладкавання людзей з сіндромам Даўна. Каб знайшліся тыя энтузіясты, якія б не пабаяліся прыняць іх у свае калектывы.
…Аднойчы наведвальнік ЦКРНіР, убачыўшы “сонечных дзяцей”, задаў пытанне: яны ўсе браты і сёстры? Анекдатычна. Але гаворыць аб тым, што аб’ектыўнай інфармацыі аб “сонечных людзях” не хапае.
— Яны падобны адно да аднаго, але толькі разрэзам вачэй, — гаворыць Ксенія. — Ва ўсім жа астатнім — вельмі розныя, у кожнага свой характар і тэмперамент, свой непаўторны ўнутраны свет. Падчас фотасесіі яны таксама паводзілі сябе па-рознаму: адны былі самастойнымі, дзелавымі і незалежнымі, другія праяўлялі сябе як натуры вельмі пяшчотныя і рамантычныя. Безумоўна, іх паводзіны і здольнасці залежаць у многім ад выхавання, якое яны атрымалі ў сям’і, абумоўлены тым асяроддзем, у якім дзеці пастаянна знаходзяцца. Калі яны растуць у атмасферы любові і павагі, гэта абавязкова адлюструецца і на іх характары, і на ўзроўні развіцця. У інтэрнаце дзеці пазбаўлены бацькоўскай любові і клопату.
Ёсць адметны выраз: за кожным маленькім дзіцем, якое верыць у сябе, стаіць дарослы, які паверыў у яго першым. Сваім фотапраектам я заклікаю дарослых: паверце ў здольнасці сваіх дзяцей. Але ім патрэбна не толькі наша спагада, але і канкрэтная дзейсная дапамога.
У будучыні планую зрабіць фотапраект аб дзецях з інваліднасцю з самымі рознымі асаблівасцямі і аб іх сем’ях, а дакладней, аб іх родных братах і сёстрах. Побач з фотаздымкамі хачу змясціць невялікія гісторыі з іх жыцця — тыя, што з’ядноўваюць дзяцей, расказаць аб тым, як жыццё побач з асаблівым братам ці сястрой аказвае станоўчы ўплыў на фарміраванне асобы звычайнага дзіцяці. Свайго брата я называю “фільтрам” усёй нашай сям’і, ён канцэнтруе тое добрае, што ў нас ёсць, ён аб’ядноўвае нас. У Мікалая моцная сіла волі, ён упарты, але ў той жа час ён вельмі добры, шмат адчувае. Калі ўзнікаюць нейкія складанасці — а ў якой сям’і іх няма, — ён ведае, да каго трэба падысці і супакоіць, і… усё наладжваецца! Ён сапраўдная аддушына для нашай сям’і.

***

Калі вы зацікавіліся праектам Ксеніі Воўк, зазірніце на сацыяльныя старонкі Студэнцкага Саюза БДУ. У красавіку дзяўчына плануе арганізаваць выставу фотаработ у рэктараце БДУ. Акрамя таго, запланавана выданне друкаванай прадукцыі з фотаздымкамі ўдзельнікаў праекта.
А 21 сакавіка Мікалай Воўк, брат Ксеніі, выступіць на канцэрце, прысвечаным Міжнароднаму дню чалавека з сіндромам Даўна, у Мінскім палацы дзяцей і моладзі. Роўна год назад на такім жа канцэрце Ксенія і Мікалай разам танцавалі танга.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Прафесар і студэнт — як роўныя

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылася сустрэча міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова са студэнцкім прафсаюзным актывам. Гэтая сустрэча стала своеасаблівым працягам адкрытага дыялогу з моладдзю краіны. І зварот менавіта да прафсаюзных актывістаў невыпадковы: традыцыйна гэта адны з самых актыўных прадстаўнікоў студэнцтва — з мноствам ідэй і прапаноў. 
Што ж сёння ўяўляе сабой студэнцкі прафсаюз? Чым жыве і да чаго імкнецца? Адказаць на гэтыя пытанні, як кажуць, у двух словах удзельнікам сустрэчы не ўдалося — мерапрыемства доўжылася некалькі гадзін. Яно і не дзіўна: гэтае студэнцкае аб’яднанне задзейнічана ў вырашэнні вельмі шырокага спектра пытанняў дзейнасці вышэйшай навучальнай установы — ад якасці адукацыі да матэрыяльнага стымулявання. Чаго не хапае для больш плённага ўзаемадзеяння? На якія далейшыя крокі разлічваюць бакі ў сумеснай рабоце? Пра ўсё гэта ў матэрыяле нашага карэспандэнта.

Прафсаюзнае аб’яднанне студэнтаў універсітэта сёння — гэта ўнікальная арганізацыя, якая дзейнічае ў інтарэсах студэнтаў і мае магчымасць гаварыць як роўныя і са студэнтамі, і з кіраўніцтвам універсітэта. Таму гэта, безумоўна, вельмі добрая школа жыцця для тых, хто з юнацтва гатовы браць адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх сяброў. Менавіта такія людзі і былі запрошаны на сустрэчу з міністрам адукацыі. Зала, прызначаная для сустрэчы, яшчэ да яе пачатку была поўнасцю запоўнена зацікаўленымі маладымі людзьмі — тут былі прадстаўлены ўстановы вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў: ад Брэста да Мінска. Зрэшты, нягледзячы на шырокую геаграфію, пытанні, праблемы і задачы ва ўсіх прадстаўнікоў студэнцкіх прафсаюзаў аднолькавыя.
Сёння, дзякуючы заключаным Генеральнаму і галіноваму пагадненням, першасныя прафсаюзныя студэнцкія арганізацыі маюць магчымасць замацаваць узаемныя абавязацельствы бакоў па рэгуляванні адукацыйных адносін, абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў, ахове працы і здароўя студэнтаў. Прадстаўнікі прафсаюза ўключаюцца ў склады саветаў факультэтаў і савета ўніверсітэта. Прафсаюз уключае сваіх прадстаўнікоў (у большасці выпадкаў студэнтаў) ва ўсе ўніверсітэцкія камісіі, работа якіх закранае пытанні вучэбна-выхаваўчага працэсу і стыпендыяльнага забеспячэння, сацыяльныя і жыллёва-бытавыя пытанні. Прафсаюз прымае ўдзел у распрацоўцы лакальных нарматыўных прававых актаў універсітэта і ўнясенні ў іх змяненняў. Так гэтай арганізацыі ўдаецца трымаць руку на пульсе, найбольш дакладна разумець інтарэсы студэнтаў і магчымасці кіраўніцтва.
У выніку сёння работа студэнцкага прафсаюза — гэта размеркаванне і засяленне ў інтэрнаты, устанаўленне надбавак да стыпендый і прэміраванне студэнтаў платнай формы навучання, улік, размеркаванне і аказанне матэрыяльнай дапамогі ўсім катэгорыям студэнтаў, першасная прававая дапамога і многае іншае. А разам з тым — і выдатная школа жыцця для маладых людзей. Бо работа ў прафарганізацыі ВНУ дае магчымасць студэнтам навучыцца ўменню кантактаваць з людзьмі, знаходзіць правільныя спосабы камунікацыі, вылучаць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння.
Дарэчы, і на сустрэчу з міністрам адукацыі прадстаўнікі ВНУ прыйшлі падрыхтаванымі — з шэрагам пытанняў і прапаноў. Прычым цікавілі іх як лакальныя, так і глабальныя праблемы.
Адной з самых вострых праблем студэнцтва з’яўляецца недахоп месцаў для пражывання ў інтэрнатах — натуральна, што гэтае пытанне было ўзнята студэнтамі і падчас сустрэчы з міністрам адукацыі. Жыллёвыя камісіі на факультэтах складаюцца з роўнай колькасці работнікаў універсітэта і прадстаўнікоў прафсаюзнай арганізацыі, старшыні прафсаюзных бюро ўваходзяць у склад студэнцкіх саветаў інтэрнатаў, прафсаюзны актыў сумесна з выхавальнікамі інтэрнатаў арганізоўвае вялікі спектр мерапрыемстваў. Акрамя таго, засяленне студэнтаў у інтэрнат і іх высяленне ў абавязковым парадку ўзгадняецца з прафсаюзным камітэтам студэнтаў. Але праблема ў тым, што працэнт забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах ВНУ Мінска сёння не самы высокі, хоць, варта прызнаць, у апошнія гады ў гэтым пытанні назіраюцца пазітыўныя зрухі. Так, калі яшчэ некалькі гадоў назад забяспечанасць студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка месцамі ў інтэрнатах складала менш за 40% ад патрэбы, то сёння — больш за 86%. Разам з тым ёсць і ўстановы, дзе гэты паказчык складае менш за 50%. У абсалютным выражэнні — гэта тысячы студэнтаў.
“Добрым крокам у вырашэнні гэтай праблемы стала будаўніцтва студэнцкай вёскі, аднак пытанне недахопу месцаў да гэтага часу застаецца на парадку дня, — адзначаюць прафсаюзныя студэнцкія лідары. — Таксама адкрытым застаецца пытанне аб кампенсацыі за найм жылля іншагароднім навучэнцам.
Зараз студэнтаў, якія скарысталіся гэтай магчымасцю, у кожнай ВНУ можна палічыць на пальцах адной рукі. Таму прафсаюз прапануе прыняць рашэнне аб стварэнні рэальнага механізма кампенсацыі расходаў па найму жылля іншагароднім навучэнцам. Вырашыць гэтую праблему магло б вызваленне ад падаходнага падатку грамадзян, якія здаюць жылыя памяшканні студэнтам, па аналогіі з вызваленнем ад падаходнага падатку грамадзян, якія здаюць жылыя памяшканні маладым спецыялістам. Гэта дазволіла б прыцягнуць большую колькасць грамадзян да здачы жылых памяшканняў на ўмовах дагавора найму жылога памяшкання, наяўнасць якога з’яўляецца адной з падстаў для прызначэння кампенсацыйных выплат па найму жылля іншагароднім навучэнцам”.
Па словах міністра адукацыі М.А.Жураўкова, пытанне забяспечанасці студэнтаў жыллём — заўсёды на павестцы дня і ўніверсітэтаў, і галіновага міністэрства. І гэта пры тым, што ўзвядзенне такіх аб’ектаў патрабуе вельмі істотных сродкаў. Тым не менш і ў далейшым гэтае пытанне будзе вырашацца на карысць студэнтаў.
Зрэшты, цікавілі студэнтаў не толькі бытавыя пытанні і праблемы тыпу недахопу месцаў у інтэрнатах, неабходнасці пабудовы спартыўнага цэнтра, але і больш глабальныя — павышэнне якасці вышэйшай адукацыі, мадэрнізацыя сістэмы вышэйшай адукацыі. Шырокае абмеркаванне атрымала і пытанне пашырэння студэнцкага самакіравання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Па меркаванні маладых людзей, сёння ў краіне няма агульнага разумення такога паняцця, як студэнцкае самакіраванне, у кожнай установе яно разумеецца па-свойму, таму і адносіны да гэтай з’явы розныя. Вырашэнню гэтай праблемы дапамагло б нарматыўнае замацаванне тэрміна і вызначэнне прынцыпаў дзейнасці студэнцкага самакіравання. Па меркаванні міністра адукацыі, гэта слушнае меркаванне. Таму пры ўнясенні змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі гэтыя прапановы будуць улічаны і адпаведныя нормы будуць уключаны ў кодэкс.
— Адно з пажаданняў Балонскага працэсу, да якога мы імкнёмся далучыцца, — гэта якраз пашырэнне студэнцкага самакіравання: каб студэнты больш актыўна прымалі ўдзел у працэсе навучання. Тут вельмі многае залежыць ад вас саміх — вашай ініцыятывы, жадання, настойлівасці, — звярнуўся да студэнтаў Міхаіл Анатольевіч. — На мой погляд, у любым універсітэце ёсць два галоўныя чалавекі — студэнт і выкладчык. Прычым яны раўнапраўныя — у правах, абавязках. Але не варта разумець студэнцкае самакіраванне толькі як аднабаковы рух: мы жадаем — мы патрабуем. Студэнцкае самакіраванне — гэта яшчэ і неабходнасць узяць на сябе пэўныя абавязкі. Гэты працэс павінен быць двухбаковым.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Сяргей АБЛАМЕЙКА: “Усе мы ў даўгу перад настаўнікамі»

Каб пералічыць усе ганаровыя званні і ўзнагароды нашага сённяшняга субяседніка, спатрэбілася б не адна старонка нашай газеты. Яго асабіста і вынікі дзейнасці яго навуковай школы ведаюць ва ўсім свеце. Вучоны, педагог, выдатны адміністратар, сын, бацька, дзядуля… Сённяшні госць праекта “Мая школа” — вядомы вучоны ў галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі выяў і распазнавання вобразаў, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.

— З якімі ўспамінамі звязана ваша школа?
— На ўсё жыццё запомнілася першая настаўніца Аляксандра Іванаўна Буднік. Гэта была цудоўная жанчына, вопытны педагог з вялікім стажам, і мы яе вельмі любілі. Добра памятаю класнага кіраўніка Мар’яна Эдуардавіча Макрыцкага, які выкладаў у нас гісторыю. Жылі з ім мы вельмі дружна, а летам ездзілі ў паходы.
Увогуле, нельга пераацаніць важнасць першага настаўніка: добры першы настаўнік можа настроіць на далейшую вучобу, нібы надаўшы станоўчы імпульс руху да ведаў. Прыйшоўшы ў першы клас, я ўжо ўмеў чытаць, трохі лічыў — для школы быў падрыхтаваны, і вучыцца было даволі лёгка. За гэта вялікі дзякуй маім бацькам — Уладзіміру Іванавічу і Тамары Іосіфаўне. Не толькі за тое, што навучылі мяне чытаць і лічыць, але і за агульную падтрымку. На маю думку, роля бацькоў для дзіцяці, якое вучыцца ў школе, вельмі важная: і падчас падрыхтоўкі да школы, і ў час навучання таксама.
Сённяшнія дзеці рыхтуюцца да школы больш, ды і вучацца інакш. Калі ў маім першым класе мы пачыналі з вывучэння літар (бо палова вучняў класа чытаць не ўмела), то зараз у першым класе амаль усе дзеці чытаюць і ведаюць лічэнне. Я зараз назіраю, як вучыцца мой унук Аляксей (у гэтым годзе ён ідзе ў трэці клас), дык ні ў першым, ні ў другім класе мы такога нават не рашалі…
Часам кажуць, што школа зараз вучыць горш, чым раней. Але гэта не так. Раней задача пачатковай школы была менавіта навучыць чытаць, пісаць і лічыць, а зараз дзеці ў першыя школьныя гады рашаюць задачы больш складаныя. Памятаеце, як спявалася ў вядомай песні: “кандидат наук — и тот над задачей плачет”. (Усміхаецца.) Сучасныя дзеці больш развітыя, чым мае равеснікі ў тыя часы. Не кажучы пра тэлефоны, планшэты і інтэрнэт, якімі мой унук свабодна карыстаецца.

— А калі вы сам першы раз селі за камп’ютар?
— Калі вучыўся на механіка-матэматычным факультэце БДУ, на пятым курсе ў нас пачалося праграміраванне. Тагачасныя камп’ютары былі вельмі вялікія, на паўпакоя, а то і больш. Мы пісалі праграмы, па іх прабівалі перфакарты, праз іх уводзілі інфармацыю ў камп’ютары, пралічвалася праграма, раздрукоўваліся вынікі і памылкі, выпраўлялі памылкі і па новай праходзілі ўвесь шлях. Па размеркаванні я прыйшоў на работу ў Акадэмію навук. Там таксама пачыналі з перфакарт, а потым, калі мне было гадоў 25, стаў працаваць на міні-ЭВМ. Нават тады працавалі на ЭВМ мы па графіку: выдзялялі 3—4 гадзіны ў дзень. А потым ужо гадоў праз 8—10 з’явіліся персанальныя камп’ютары, і тады сталі на іх працаваць больш.

— Любоў да матэматыкі вам прывіў бацька. Адкуль гэта пайшло?
— Мае бацькі скончылі Горацкую сельгасакадэмію. Бацька — інжынер-землеўладкавальнік, маці — аграном. У Воранава яны прыехалі па размеркаванні. Бацька любіў матэматыку (нават не ведаю, адкуль гэта ў яго). Ён фактычна вёў мяне і ў жыцці, і ў адукацыі. Я быў першы ў сям’і, і таму мне як першынцу, як гэта заўсёды бывае, удзялялі больш увагі. Менавіта бацька прывёў мяне ў гурток шахмат, які потым ператварыўся ў секцыю і ў якім у канцы дзясятага класа я атрымаў першы разрад па шахматах. І ўсе школьныя гады, калі ў мяне ў матэматыцы нешта не атрымлівалася, ён мне дапамагаў і тлумачыў. Канечне, і настаўнікі матэматыкі былі ў мяне вельмі добрыя. Настаўнік матэматыкі Леанід Іосіфавіч Ненартовіч быў вельмі патрабавальны і ўважлівы да патрэб вучняў. У класе нас было многа, і з тымі, каму матэматыка давалася лепш, займаўся дадаткова, а на ўроках даваў персанальныя заданні — атрымлівалася своеасаблівае дыферэнцыраванае навучанне.
У восьмым класе я паступіў у завочную фізіка-тэхнічную школу пры Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце, і тры гады я і мой аднакласнік Валодзя Жук рашалі задачкі, якія нам дасылалі з Масквы, — сталі самастойна займацца дадаткова. Канечне, удзельнічалі ў алімпіядах. Я перамагаў на раённых спаборніцтвах і займаў дастаткова высокія месцы на абласных.
Ды і даваліся мне матэматыка і фізіка лёгка. Была цікавасць, якая падмацоўвалася поспехамі. Канечне, не ўсё атрымлівалася, але былі людзі (бацька і настаўнікі), якія маглі дапамагчы разабрацца ва ўсім.

— А як было з гуманітарнымі прадметамі?
— Даволі цяжка даваліся мовы, асабліва замежная. У нашым тагачасным разуменні магчымасць выкарыстаць веды па замежный мове (школа наша была амаль сельскай, бо ў Воранаве тады было 3 тысячы насельніцтва) была вельмі сумніўнай. Вучыць англійскую мову прыйшлося потым, у 30 гадоў, калі я абараніў кандыдацкую дысертацыю, наступіла перабудова і з’явілася магчымасць выязджаць за мяжу па навуковых патрэбах. Два гады хадзіў на курсы, падцягнуў сваю англійскую мову і паехаў за мяжу.

— У вас была магчымасць паступаць у МФТІ. Чаму яе не выкарысталі?
— Сапраўды, мы з сябрам (як удзельнікі завочнай школы) атрымалі запрашэнне паступаць у Маскву, але, сказаць шчыра, было страшнавата. Спачатку мы з бацькамі ўвогуле спынілі свой выбар на Гродзенскім педагагічным інстытуце (ён быў самым блізкім ад дому), але, пахадзіўшы на падрыхтоўчыя курсы, я зразумеў, што ведаю ўсё, што там рашаюць, і мне па сілах большае. Таму падаў дакументы ў БДУ.

— Цяжка было быць выдатнікам?
— У пачатковай школе былі ўсе пяцёркі, ды і ў старшых класах не зніжаў планку. Але я не быў “батанікам” у сённяшнім разуменні гэтага слова — мне ўдавалася спалучаць непаседлівасць і добрую вучобу.
Я не быў паслухмяным дзіцем. Маё жыццё было вельмі актыўным: гуляў у зборнай школы па футболе і баскетболе, двойчы быў чэмпіёнам школы па настольным тэнісе, гуляў у хакей. Бацькоў таксама ў школу выклікалі за мае дрэнныя паводзіны.

— Памятаеце, за што атрымалі найбольшы наганяй?
— Неяк у нас адмянілі адзін урок, і мы ў класе паднялі такі вэрхал, што са столі пабелка сыпалася. І калі настаўнік, які прыйшоў весці наступны ўрок, убачыў што ў класе “белым-бела”, мала нам не было. Зачыншчыкаў (а нас было чатыры ці пяць чалавек) пакаралі, але мне дасталася менш — уратавала добрая вучоба.
Яшчэ адзін з паказальных момантаў быў тады, калі я ў восьмым ці дзявятым класе, як і кожны школьнік, паспрабаваў курыць. Бацька злавіў мяне з цыгарэтай. Я да вечара баяўся ісці дадому… Бацька мне так усыпаў, што гэта ў мяня адбіла ахвоту курыць увогуле. Мне настолькі запомнілася, як гэта было, што за ўсё жыццё я больш і не курыў. І таму вельмі ўдзячны бацькам за сваё здароўе.

— Як бы вы ахарактарызавалі сістэму выхавання ў вашай сям’і?
— Нас было трое ў сям’і. Я, сярэдні брат Уладзімір, які нарадзіўся праз 3 гады пасля мяне, і малодшы Аляксандр, з якім у мяне розніца ў 11 гадоў. Бацькі ўвесь час працавалі, і дэкрэтны водпуск маці быў усяго некалькі месяцаў, таму, колькі сябе памятаю, я адказваў за малодшых братоў. Адказнасць за іншых у мяне выпрацавалася з таго часу. І зараз я дапамагаю малодшым братам як магу.
Выхоўвалі мяне і школа, і сям’я, але ўплыў сям’і быў больш істотны. Я заўсёды адчуваў клопат бацькоў і іх дапамогу. На кожным чалавеку праяўляецца ўплыў розных частак соцыуму: і школы, і сям’і, і кампаніі. І, як кожнае дзіця, я адчуваў значны ўплыў вуліцы, бо ў такім невялікім гарадку там праходзіла ледзь не большая частка жыцця. І яблыкі з чужых садоў кралі, і ў клубніцы па чужых агародах лазілі… Але падтрымліваўся баланс. На наша шчасце, тады ніхто не ведаў пра наркотыкі, ды і алкаголю асабліва не было. У нас усё было навідавоку. Нават тыя, хто дрэнна вучыўся, не мелі такога дрэннага ўплыву, які мае сённяшняя моладзь. Канечне, нехта за час вучобы скатваўся з выдатнікаў да троечнікаў, але гэта быў не ўплыў вуліцы, а недагляд сям’і. Але большасць з маіх аднакласнікаў занялі пачэснае месца ў грамадстве.

— Чым займаюцца вашы браты?
— Браты таксама выбралі тэхнічныя спецыяльнасці: малодшы Аляксандр скончыў політэхнічны інстытут і працуе галоўным інжынерам будаўнічага ўпраўлення ў Магілёве, а сярэдні Уладзімір пасля заканчэння Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі стаў працаваць механікам, зараз жыве ў Лідзе і працуе ў будаўнічым трэсце.

— Які вы бацька і які дзядуля?
— У сваю сям’ю я імкнуўся перанесці тую сістэму выхавання, у якой выхоўваўся сам. Сын Андрэй пайшоў па маіх слядах: скончыў школу з залатым медалём, потым БДУІР. Дачка Марыя — больш гуманітарый, скончыла юрыдычны факультэт, нядаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю. Мы глядзелі за дзецьмі так, як нашы бацькі глядзелі нас. Дапамагала яшчэ і тое, што жонка працавала ў той самай школе, дзе вучыліся дзеці, ды і дзяцей у нашым доме было заўсёды многа. Мы жылі клопатамі дзяцей. Як бацька са мной, так і я з сынам займаўся матэматыкай. Дачка таксама любіла матэматыку і хоць не пайшла па гэтым напрамку, веды ёй спатрэбіліся пры паступленні.
Да ўнукаў заўсёды іншыя адносіны. Яны жывуць асобна ад нас, і мы заўсёды вельмі рады іх прыезду. Сын іх выхоўвае ў строгасці, а мы можам і папесціць. Зараз значна цяжэй выхоўваць дзяцей, таму што ў іх зараз больш спакус. І пераходны ўзрост пачынаецца раней. Вельмі небяспечнай сёння з’яўляецца камп’ютарная залежнасць, і ёсць мноства прыкладаў, калі падлеткі цалкам пагружаюцца ў віртуальны свет.

— Калі збіраецца ўся сям’я, як праходзіць вольны час?
— Гэта бывае дастаткова часта. Як правіла, збіраемся на дачы, робім шашлыкі. Гуляем з унукамі ў мяч, дастаём ракеткі, з дзецьмі ходзім у ягады і грыбы. Але самая галоўная задача — не пускаць унука Аляксея за камп’ютар. Ён вельмі любіць камп’ютарныя гульні, абменьваецца фотаздымкамі і паведамленнямі з сябрамі, і мы максімальна стараемся адцягваць яго ўвагу ад гэтага. Часам можам з унукам нешта парашаць, каб лета канчаткова не расхаладзіла яго. Усё ж тры месяцы канікул, відаць, многа…

— Вучоны, педагог, адміністратар — што ў вас пераважае і да чаго бліжэй душа?
— Вельмі цяжка сказаць, чаго больш. Калі пачаў працаваць у Акадэміі навук, я быў выключна вучоным. Гэта было маё жыццё. Менавіта ў навуцы я атрымаў першыя вынікі сваёй работы. Калі стаў спачатку намеснікам дырэктара Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук БССР, потым яго дырэктарам, канечне, значную частку часу стаў аднімаць адміністрацыйны складнік, і час, які я мог выдаткаваць на навуку, памяншаўся. Адразу пасля атрымання ў 1985 годзе ступені кандыдата навук я па сумяшчальніцтве стаў выкладаць. І ўсё жыццё выкладаю. Хоць заробак ад такой работы быў невысокі, мне гэта падабалася, бо я разумеў, што настаў час дзяліцца тым, што ведаю. Да таго ж некаторыя студэнты, зацікавіўшыся маімі даследаваннямі, ішлі ў аспірантуру.

— Як адчувалі сябе, калі першы раз зайшлі ў аўдыторыю?
— Гэта быў не столькі страх, колькі гордасць за тое, што ты вучыш. Вучыш такіх самых юнакоў і дзяўчат, якім сам быў некаторы час назад.
Увогуле, усё здарылася выпадкова. Тагачасны вучоны сакратар нашага інстытута Леанід Пятровіч Мацюшкоў прапанаваў мне прачытаць замест яго курс “Тэорыя алгарытмаў” у політэхнічным інстытуце, бо ён быў той год вельмі заняты. Я пагадзіўся і стаў рыхтавацца. Безумоўна, трэба было рыхтавацца да кожнай лекцыі, практычнай і лабараторнай работы (курс я чытаў адной групе). Да гэтага часу ў мяне захоўваюцца канспекты гэтых лекцый. Потым я стаў чытаць лекцыі ў БДУ. Было крыху спакайней, але ўсё роўна перад кожнай лекцыяй хваляваўся. Але, паўтаруся, выкладанне мне падабалася — гэта была адна з маіх мэт. Нават зараз, працуючы рэктарам, працягваю выкладчыцкую дзейнасць, чытаючы шэраг дысцыплін, якія тычацца апрацоўкі выяў, машыннай графікі і распазнавання вобразаў.

— Відаць, рэктарства не дае магчымасці напоўную працягваць навуковыя даследаванні.
— Сёння навуковы складнік займае 5—10% майго часу, як правіла, у вячэрні час ці ў выхадныя. Але я стаўлюся да гэтага спакойна, бо свой уклад у навуку я ўжо зрабіў. І тут вельмі слушна ўспомніць меркаванне, што асноўная навука робіцца да 40 гадоў. Потым ужо кіруеш, абагульняеш, кансультуеш. Я поўнасцю аддаюся сваёй сённяшняй рабоце, разумеючы, што самае важнае зараз, каб універсітэт добра працаваў і развіваўся. Цяпер больш працую з аспірантамі і дактарантамі, а таксама чытаю і рэдагую навуковыя артыкулы. Ды і мне гэта стала менш цікава. Атрымаўшы “алімпійскае золата” ў навуцы, абараніўшы доктарскую дысертацыю, атрымаўшы званне акадэміка шэрага акадэмій, я зразумеў, што нешта трэба мяняць. Нездарма ж кажуць, што праз пэўныя прамежкі часу трэба мяняць работу… Але навуку проста ўзяць і кінуць нельга — усё роўна будзеш увесь час знаходзіцца ў курсе праблем сваёй прадметнай галіны, нешта чытаць і абмяркоўваць. Я вельмі добра разумею, што рэктарства — таксама часовая работа. І настане час, калі я буду працаваць, напрыклад, прафесарам кафедры. І жыццё не скончыцца. Будзе яго новы этап, які зноў будзе звязаны з навукай.
Сёння галоўнае — імкнуцца падтрымліваць у навуцы статус-кво і працягваць пачатыя справы.

— Вы любіце падарожнічаць. Дзе яшчэ не былі і куды хацелі б з’ездзіць?
— Я аб’ездзіў амаль увесь свет. Кожная краіна цікавая па-свойму. Напрыклад, для еўрапейца Азія больш экзатычная. Калі я ўпершыню ў 1991 годзе трапіў у Японію, было ўражанне, што я знаходжуся на іншай планеце. Потым, калі зноў прыязджаў у гэтую краіну (я быў там каля 10 разоў), крыху прызвычаіўся.
Відаць, наведаў бы Афрыку, бо там я быў усяго ў некалькіх краінах. Але зараз гэта вельмі небяспечна. Таксама цікавай для мяне застаецца Лацінская Амерыка, бо на тым кантыненце я быў толькі ў Венесуэле і Чылі. Нядаўна давялося пабываць на Байкале, але з задавальненнем яшчэ б пападарожнічаў па ўсходзе Расіі.
Часта ў мяне пытаюцца, дзе б я хацеў жыць. Толькі тут, у Беларусі. І клімат, і асяроддзе, і ўзаемаадносіны паміж людзьмі, сістэма сацыяльнай абароны, сямейныя каштоўнасці, нават эканамічныя рэаліі — усё сваё. Канечне, і праблем у нас хапае, але я шмат дзе быў і шмат што бачыў, прычым не як просты турыст — на некалькі дзён, а жыў у розных краінах (калі палічыць, то я больш як год пражыў у Італіі, па навуковых патрэбах па тры-чатыры месяцы праводзіў у іншых еўрапейскіх краінах) і бачыў знутры розныя сацыяльныя сістэмы. На маю думку, у нашай краіне адна з найлепш арганізаваных грамадскіх сістэм. І гэта я гавару не як дзяржаўны чыноўнік — гэта маё ўласнае перакананне.
Я бачу гэта і па сваіх дзецях: калі ў Беларусі ў цябе ўсё атрымліваецца, не факт, што табе ўдасца ў якой-небудзь еўрапейскай краіне прабіцца ў людзі. Канечне, ёсць розныя прыклады. Наша моладзь (асабліва матэматыкі і інфарматыкі, маладыя спецыялісты IT-сферы) вельмі запатрабавана на Захадзе. Але там, як і ўсюды, каб нечага дасягнуць, трэба вельмі многа працаваць.

— Сустрэчы з якімі людзьмі сталі для вас найбольш значнымі?
— У навуковым асяроддзі ў кожнага навукоўца ёсць свае настаўнікі. Чалавекам, які вывеў мяне на навуковую арбіту, стаў Алег Ігнацьевіч Семянкоў, які са студэнта-выпускніка вёў мяне ў кандыдаты навук, сфарміраваўшы мяне як вучонага. Калі інстытутам тэхнічнай кібернетыкі кіраваў Вячаслаў Сяргеевіч Танаеў, я абараніў доктарскую дысертацыю, стаў намеснікам дырэктара інстытута, а пасля яго заўчаснай смерці ўзначаліў інстытут, які фактычна мяне выгадаваў.
А ўжо як адміністратара і кіраўніка мяне фарміраваў Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, які тады з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Акадэміі навук Беларусі. І шэсць гадоў пад яго кіраўніцтвам я працаваў дырэктарам інстытута. Дзякуючы яму, я прайшоў вельмі значную школу кіраўніцтва. Калі я толькі прыйшоў на пасаду рэктара БДУ, кіраваць мне было лёгка — я выкарыстоўваў тыя метады, якім мяне навучыў Міхаіл Уладзіміравіч.
Калі браць шырэй, то чалавек, з якога я апошнім часам стараюся браць прыклад, гэта рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік Віктар Антонавіч Садоўнічы. Увесь час мы падтрымліваем вельмі добрыя адносіны, сустракаемся, нават аднойчы перасекліся на адпачынку з сем’ямі. Я не магу сказаць, што мы здружыліся, бо гэта велічыня сусветнага маштабу, мне да яго яшчэ вельмі далёка. Тое, як ён робіць сваю кіраўніцкую справу, — узор для кіраўніка.

— Калі б у вас выдаўся свабодны вечар, у які тэатр пайшлі б?
— Я бываю ў многіх тэатрах, але спыніў бы свой выбар на Тэатры оперы і балета, наведаў бы цікавы балетны спектакль.

— Ці падтрымліваеце сувязі са школай, у якой вучыліся?
— Так, у нас склаліся вельмі добрыя адносіны з адміністрацыяй школы і кіраўніцтвам сістэмы адукацыі Воранаўскага раёна. Два гады назад я ўстанавіў для лепшых школьнікаў і пераможцаў алімпіяд імянную прэмію, каб стымуляваць іх поспехі. Атрымліваецца, што зараз гэта мой асабісты падшэфны раён.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што прытрымліваецеся прынцыпу “ўсё, што ні робіцца, — да лепшага”. Вы фаталіст?
— Фаталізм — гэта “ўсё, што непазбежна, тое павінна адбыцца”. Жыццёвае крэда па жыцці мяняецца. Калі быў малады, здавалася, што ўсё адолею і ўсё змагу. Калі становішся старэй, пачынаеш адносіцца да жыцця па-філасофску. І хоць імкнешся ўздзейнічаць на акалічнасці, усё зрабіць ідэальна і так, як табе хочацца, немагчыма. Увогуле, апошніх гадоў дзесяць я прытрымліваюся прынцыпу “жыццё ўдалося, але яшчэ рана скідаць хуткасць”.

— Наша інтэрв’ю выходзіць напярэдадні Дня ведаў. Што б вы пажадалі настаўнікам у новым навучальным годзе?
— У апошні час мне даводзіцца кантактаваць і з універсітэцкімі педагогамі, і з настаўнікамі Воранаўскай школы, ды і ўнук у школе вучыцца. І педагогі вышэйшай школы, і асабліва школьныя настаўнікі выконваюць высакародную місію. Чым больш я на іх гляджу, тым больш ганаруся і захапляюся людзьмі гэтай прафесіі. Гэта вельмі адказная і найважнейшая работа. Памятаеце, у кінафільме “Ирония судьбы, или С лёгким паром!” два героі — настаўнік і ўрач — спрачаюцца і прыходзяць да высновы, што памылкі ўрача каштуюць вельмі дорага, а памылкі настаўніка менш заўважныя, але могуць нанесці больш шкоды. Ад настаўніка, які ідзе побач з дзіцем адзінаццаць гадоў, шмат у чым залежыць, як складзецца лёс дзіцяці.
Я лічу, што сёння дзяржава недастаткова цэніць настаўніка і недастаткова дзякуе яму за работу як у матэрыяльным складніку, так і ў плане сацыяльнага статусу. Хацелася б, каб на дзяржаўным узроўні сістэме адукацыі, асабліва сярэдняй школе, удзялялася яшчэ больш увагі.
Усе мы ў даўгу перад настаўнікамі! Напярэдадні свята жадаю ўсім настаўнікам нашай краіны здароўя і моцнага духу, таленавітых вучняў і дастойнага ўзнагароджання за іх высакародную працу.
— Вялікі дзякуй за размову. І вас таксама са святам!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва С.У.АБЛАМЕЙКІ.