Шляхам прафесійных проб

— Працоўная дзейнасць займае важнае месца ў самарэалізацыі чалавека, — гаворыць педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. — У большасці выпадкаў моладзь выбірае прафесію, зыходзячы з існуючых у грамадстве стэрэатыпаў. Гэта перашкаджае знайсці сябе ў свеце прафесій і стварае псіхалагічныя цяжкасці з-за няўмення праектаваць жыццёвы і прафесійны шлях у рэальных рыначных умовах.

Каб школьнікі лягчэй арыентаваліся ў сучасных спецыяльнасцях і маглі знайсці ў далейшым месца на рынку працы, В.А.Стасюк распрацавала праграму прафесійных проб, якая ўваходзіць у сістэму работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

— Прафесійныя пробы — гэта серыя мерапрыемстваў, якія мадэлююць элементы канкрэтнага віду прафесійнай дзейнасці, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Падчас удзелу ў прафесійных пробах вучні пагружаюцца ў будучую прафесію, бачаць яе перавагі і недахопы. Вопыт паказвае, што школьнікам варта прайсці як мага больш відаў прафпроб і толькі пасля гэтага выбраць тую прафесію, дзе іх магчымасці раскрыюцца максімальна.

У 2015 годзе школа пачала рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Інавацыйнай групай праекта сталі дзевяцікласнікі. Сёння яны вучацца ў двух профільных 10-х класах. У адным на павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка і замежная мова або матэматыка і фізіка, у другім — руская мова і замежная мова. Сярод замежных моў у школе вывучаюцца англійская і нямецкая.

— На падрыхтоўчым этапе праекта былі прызначаны цьютары, якія будуць суправаджаць вучняў згодна з выбранымі напрамкамі, — расказвае В.А.Стасюк. — Цьютары паведамілі вучням, што падчас прафесійных проб яны правяраюць наяўнасць або адсутнасць у сябе прафесійна значных якасцей у адпаведнасці з рухам па індывідуальным адукацыйным маршруце. Далей прайшоў шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку дзяцей да выбару напрамку прафесійных проб. Школьная псіхалагічная служба вызначыла формы іх арганізацыі: экскурсіі, назіранні, прафесійная практыка, гутаркі і трэнінгі. Важнай умовай праходжання групавой прафпробы з’яўляецца невялікая колькасць чалавек у групе (5—7).

На метадычным савеце школы былі зацверджаны педагагічныя ўмовы правядзення прафесійных проб, да якіх дзевяцікласнікі прыступілі мінулай вясной. Выкананне прафесійнай пробы ўключае тры кампаненты (напрамкі): тэхналагічны, сітуатыўны і функцыянальны. Іх інтэграцыя дазваляе стварыць цэласны вобраз прафесіі.

— Гэтыя кампаненты з’яўляюцца неабходнымі пры складанні зместу прафесійнай пробы, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Вельмі важна, каб у школьнікаў склалася цэласнае ўяўленне аб прафесіі і спецыфіцы пэўнага віду прафесійнай дзейнасці. Прыкладам праходжання першых прафесійных проб вучняў стала школа. Дзевяцікласнікам былі прапанаваны педагогіка (прафпроба ў пачатковай школе), медыцына (прафпроба ў медыцынскім кабінеце школы) і гандаль (прафпроба ў школьным буфеце). Змест, мэта, умовы і вынік прафесійнай пробы дакладна адпавядалі прынцыпу яе пабудовы як прафесійнага выпрабавання, якое мае дыягнастычную, дзейнасную і творчую накіраванасць, уключае сітуацыі для праяўлення прафесійна важных якасцей спецыяліста, магчымасці для развіцця цікавасці, здольнасцей і схільнасцей школьнікаў. Азнаямленне вучняў са зместам прафесійных проб на базе школы было арганізавана такім чынам, што ў адпаведнасці з самаацэнкай і ўзроўнем запытаў яны маглі самастойна выбіраць узровень складанасці заданняў.

Вынікам кожнага модуля прафесійнай пробы стала атрыманне завершанага прадукту дзейнасці — фрагмента ўрока ў пачатковай школе, творчай справаздачы аб рабоце ў медыцынскім кабінеце і школьным буфеце. У бягучым навучальным годзе рэалізацыя праграмы прафесійных проб прадоўжылася ў профільных класах. Вынікам прафпробы павінна стаць яе абарона вучнямі, дзе ацэньваецца ўзровень набытых практычных навыкаў і ўменняў.

— У бягучым навучальным годзе прафесійныя пробы прайшлі па двух напрамках — ваенная справа і турызм, — гаворыць В.А.Стасюк. — Прафпробы па ваеннай справе праводзіліся на базе Брэсцкай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага і Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС, а прафпробы па турызме — на базе дзвюх турыстычных фірм.

Хаця праграма завершыцца толькі ў 2018 годзе, ужо атрыманы першыя вынікі. Так, вучні атрымалі даволі поўныя звесткі пра дзейнасць настаўнікаў пачатковых класаў, медыцынскіх і гандлёвых работнікаў, пагранічнікаў і міліцыянераў, спецыялістаў сферы турыстычных паслуг. Некалькі вучняў профільных класаў склалі індывідуальныя праграмы прафесійных проб па ваеннай справе і турызме. Дзеці змаглі суаднесці індывідуальныя інтарэсы і асобасныя асаблівасці з патрабаваннямі прафесіі, якая іх зацікавіла. Большасць вучняў профільных класаў працуе над складаннем прафесіяграм выбраных прафесій. Старшакласнікі абараняюць вынікі праходжання прафесійнай пробы ў форме прэзентацыі. Падчас сацыяльнага ўзаемадзеяння вучні набываюць практычныя ўменні камунікатыўнай культуры. Дыягностыка паказала, што ў школьнікаў павысілася цікавасць да працоўнай дзейнасці, фарміруецца патрэба ў самарэалізацыі ў соцыуме шляхам выбранай прафесіі.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Выхоўваць душы, непрыступныя для заган

— Іаан Златавуст казаў: “Добрае выхаванне не ў тым, каб спачатку даць магчымасць развіцца заганам, а потым з імі змагацца. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць душу дзіцяці непрыступнай для заган”, — гаворыць настаўніца гісторыі Н.М.Алесік з гімназіі № 4 Брэста. — Маральнае выхаванне моладзі — адно з найбольш актуальных пытанняў у сучасным свеце. Сёння вельмі адчуваецца адарванасць чалавека ад каранёў, без чаго губляецца пачуццё Бацькаўшчыны. Дзеці адкрыты для негатыўнага ўплыву агрэсіўнай масавай культуры, якая разбурае іх асобу. Таму школа павінна выхоўваць вучняў з развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Выхоўваць так, каб кожнае дзіця адрознівала дабро ад зла і магло зрабіць правільны маральны выбар.

Н.М.Алесік лічыць, што важнае месца ў духоўным выхаванні вучняў займаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, звычаі і культура беларускага народа. Праваслаўе, якое з’яўляецца гісторыка-, культура- і сэнсаўтваральным элементам нашага жыцця, адыграла вялікую ролю ў станаўленні дзяржавы і грамадства, сям’і і чалавека, духоўнасці, культуры і выхавання. Сёння надзвычай востра адчуваецца патрэба ва ўроках дабрыні ў школах, таму ўстановы адукацыі актыўна супрацоўнічаюць з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У кожнай школе задачы духоўнага выхавання рэалізоўваюцца па-рознаму. З 2014 года ў гімназіі № 4 Брэста па ініцыятыве дырэктара А.В.Шкулепа ажыццяўляецца праект духоўна-эстэтычнага выхавання падлеткаў “Лапікі”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніцы гісторыі Л.А.Сцепанюк і Н.М.Алесік. Галоўная ідэя праекта — фарміраванне духоўнай бяспекі ў вучняў, паколькі менавіта духоўна неакрэплыя дарослыя і дзеці трапляюць у розныя секты, акультныя аб’яднанні, губляюць сэнс жыцця, становяцца падуладнымі суіцыдальным паводзінам і трапляюць у наркатычную залежнасць.

— Праект цесна звязаны з гісторыяй, літаратурай, грамадазнаўствам і іншымі школьнымі прадметамі і музычнымі дысцыплінамі дадатковай адукацыі, якія выкладаюцца ў гімназіі, — расказвае Н.М.Алесік. — У рамках праекта педагогі выхоўваюць у вучняў духоўнасць, абуджаюць у іх эстэтычныя і рэлігійныя пачуцці, якія грунтуюцца на нормах традыцыйнай маралі і праваслаўнай культуры.

Назву праекта падказала дзіцячая казка-прытча “Лапікавая коўдра” пра садоўніка, які змог ахінуць чароўнай коўдрай дзівосны сад. У якасці лапікаў для коўдры ён выкарыстаў цеплыню чалавечых душ, якую ахвяравалі жыхары чароўнага горада. Кожны з іх згадзіўся ста ць маленькім лапікам для вялікай коўдры, каб выратаваць сад. Чароўная коўдра — гэта метафара ўсіх дзіцячых сэрцаў.

У праекце ўдзельнічаюць вучні 5—8 класаў. Аўтары спадзяюцца, што праз гісторыю, спалучаную з сучаснасцю, падлеткі правільна сфарміруюць свае адносіны да сябе, сям’і, навакольнага свету, Радзімы, духоўных святынь і роднай прыроды.

У рамках праекта праводзяцца розныя мерапрыемствы: тэматычныя гутаркі, літаратурныя пастаноўкі і круглыя сталы з тэарэтычным знаёмствам з гісторыяй праваслаўя (відэафільмы, царкоўныя песнапенні, творы царкоўнага іканапісу і літаратуры). Аўтары праекта імкнуцца актывізаваць дзейнасць вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў прыкладнога характару (выраб “Чароўнай коўдры добрых спраў” і падарункаў для мам сваімі рукамі).

— Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва педагогаў і падлеткаў са святарамі, з нядзельнымі школамі гарадскіх і прыходскіх храмаў, — гаворыць Н.М.Алесік. — Так, вучні пабывалі ў нядзельнай школе Уздзвіжанскага храма ў Высокім Камянецкага раёна, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю вакальнай студыі, якая існуе там шмат гадоў пад кіраўніцтвам настаяцеля храма айца Анатоля Медзведзюка. З вялікім інтарэсам і задавальненнем падлеткі наведваюць духоўныя святыні Беларусі.

Адным з новых напрамкаў праекта ў бягучым навучальным годзе стала дабрачынная дзейнасць, якая рэалізоўваецца ў форме супрацоўніцтва з дзіцячым домам сямейнага тыпу і раённымі ЦКРНіР Брэста “Тонус” і “Веда”. Акрамя таго, педагогі пашыраюць веды вучняў пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Софію Слуцкую, Ульяну Гальшанскую і Сімяона Полацкага. У планах — экскурсія на Полаччыну і Тураўшчыну. Настаўнікі ўпэўнены, што каменныя крыжы Тураўшчыны, Спаса-Ефрасіннеўская царква і Сафійскі сабор не пакінуць раўнадушнымі выхаванцаў.

— Добрае выхаванне надзейна ахоўвае чалавека ад тых, хто дрэнна выхаваны, — адзначае Н.М.Алесік.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Дарогай дабрыні

Ужо не адзін год вучні сярэдняй школы № 28 Брэста наведваюць з дабрачыннымі акцыямі Брэсцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для пажылых людзей і інвалідаў. Нядаўна дзеці чарговы раз пабывалі ў жыхароў гэтай установы, для якіх падрыхтавалі праграму “Дарогай дабрыні”. Да школьнікаў далучыўся і духавы аркестр воінскай часці 5526 унутраных войск МУС Беларусі.

Слухачамі дабрачыннага канцэрта, які праходзіў пад дэвізам “Мы жывём для таго, каб несці свету дабрыню і прыгажосць”, сталі супрацоўнікі дома-інтэрната і яго жыхары. Сёння ва ўстанове знайшлі прытулак 130 недзеяздольных чалавек ва ўзросце ад 21 да 92 гадоў. У кожнага з іх свая сумная жыццёвая гісторыя.

Вакальны ансамбль школьнікаў і духавы аркестр падарылі жыхарам дома-інтэрната шмат песенных нумароў і музычных кампазіцый, якія кранулі сэрцы кожнага. Капітан воінскай часці Сяргей Бартноўскі прызнаўся, што быў прыемна ўражаны рэакцыяй залы на іх выступленне. “Нездарма кажуць: музыка лечыць і дапамагае, — адзначыў ён. — Радуе, што канцэрт надоўга зарадзіў пазітывам і бадзёрасцю ўсіх жыхароў дома-інтэрната”.

— Наша навучальная ўстанова даўно супрацоўнічае з домам-інтэрнатам, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 28 Брэста Ірына Бартноўская. — Калі раней мы аказвалі яму гуманітарную дапамогу, то цяпер вырашылі падарыць яго жыхарам дабрачынны канцэрт. У нашай школе дзейнічаюць 9 класаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Іх здаровыя равеснікі рэгулярна арганізоўваюць для іх цікавыя акцыі, конкурсы і праграмы. Гэта выхоўвае ў вучняў любоў, дабрыню і павагу да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Госці паехалі не з пустымі рукамі. Жыхары дома-інтэрната вырабілі для іх памятныя сувеніры з надзеяй на новую сустрэчу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Яўгена АДАЕВА.

Дзеці віншуюць дзяцей

Так называлася дабрачынная акцыя, з якой выхаванцы аднаго з трох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Брэста наведалі ЦКРНіР “Веда” Маскоўскага раёна горада.

— Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, прызвычаіліся да павышанай увагі і клопату з боку дарослых, — расказвае адзін з бацькоў-выхавальнікаў ДДСТ Юлія Васільеўна Пятроўская. — Аднак гэтыя дзеці павінны не толькі атрымліваць дапамогу, але і вучыцца дапамагаць іншым, каб не вырасці эгаістычнымі спажыўцамі. Мэта пераднавагодняй акцыі заключалася ў фарміраванні талерантных адносін да людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выхаванні важных чалавечых якасцей: дабрыні, спагады, чуласці, калектывізму.

8 хлопчыкаў і дзяўчынак з ДДСТ пад кіраўніцтвам бацькоў-выхавальнікаў Юліі Васільеўны і Дзмітрыя Мікалаевіча Пятроўскіх падрыхтавалі для выхаванцаў дашкольнай групы ЦКРНіР, якую наведваюць дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, святочную касцюміраваную музычна-танцавальную праграму. Пасля выступлення сям’я Пятроўскіх падарыла дзецям школьныя прылады, салодкія пачастункі, ёлачныя ўпрыгажэнні і цацкі, зробленыя сваімі рукамі.

— Хочацца спадзявацца, што гэтая кароткая сустрэча падарыла асаблівым дзецям хвіліны радасці і шчасця, якія запомняцца надоўга, — адзначае Ю.В.Пятроўская. — Важна, каб дзеці змалку разумелі каштоўнасць цёплых сямейных зносін і здароўя, добрых учынкаў і слоў, сказаных ад усяго сэрца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Дзеля поспеху кожнага вучня

— Настаўніцкае шчасце складаецца з вучнёўскіх перамог, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 Брэста Святлана Уладзіміраўна Мартысюк. — Што неабходна рабіць, каб вучні былі паспяховымі? Ці заўсёды паспяховыя школьнікі становяцца паспяховымі людзьмі? Кожны педагог шукае адказ на гэтыя пытанні. Задача настаўніка — стварыць умовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей дзяцей з мэтай іх наступнай рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці. Вырашыць гэтую задачу дапамагае кампетэнтнасны падыход, які рэалізоўваецца ў нашай школе найперш праз профільнае навучанне і інавацыйную дзейнасць.

З мінулага навучальнага года ўстанова працуе над інавацыйным праектам па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. Мэта праекта, у якім удзельнічаюць старшакласнікі, заключаецца ў фарміраванні ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных і высокаматываваных вучняў шляхам іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння падчас прафесійнага станаўлення.

— Вучні фарміруюць адукацыйныя запыты, а настаўнікі павінны арганізаваць адукацыйную траекторыю развіцця кожнага дзіцяці, — расказвае С.У.Мартысюк. — На першы план выходзіць індывідуальны падыход і дыферэнцыяцыя навучання. Індывідуальную адукацыйную праграму ствараюць настаўнікі-цьютары. Сярод іх — настаўнік гісторыі Сяргей Аляксандравіч Сярко і настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Баталбіеўна Магаметава, пад кіраўніцтвам якіх цьютаранты неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і гарадскіх творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд, удзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах.

С.У.Мартысюк лічыць, што вельмі важна арганізаваць не толькі сутворчасць настаўнікаў і вучняў, але і супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі горада для большага развіцця творчага патэнцыялу дзяцей. Так, вялікую падтрымку ў рабоце з высокаматываванымі вучнямі аказвае Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце, які прапаноўвае цікавыя формы сумеснай дзейнасці. Вучні ўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Татальная дыктоўка — 2016”, перамаглі ў конкурсе “Я — брэстаўчанін. Я — беларус. Я — славянін” сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста, якія займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, увайшлі ў склад зборнай каманды горада і сталі пераможцамі міжрэгіянальнай гульні “Што я ведаю пра Расію?”. Сёння школа падключылася да праектаў РЦНК “Лінгвістычны марафон” і “Інтэрнэт-віктарына”. Акрамя таго, навучальная ўстанова на працягу некалькіх гадоў паспяхова супрацоўнічае з БрДТУ: раз у месяц выкладчыкі кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту праводзяць са старшакласнікамі заняткі па фінансавай дасведчанасці.

— Надзвычай актуальным напрамкам работы з’яўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў з мэтай фарміравання іх прафесійнага самавызначэння і паспяховай сацыялізацыі, — адзначае С.У.Мартысюк. — У другім паўгоддзі бягучага навучальнага года стартуе праект “Прафпробы” для цьютарантаў, якія змогуць паспрабаваць сябе ў некаторых прафесіях. Цьютаранты — гэта вучні класа грамадазнаўчага напрамку, дзе профільнымі прадметамі з’яўляюцца гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. Профільны клас мае асаблівы статус у школе. Яго вучні ўжо сфарміравалі свае адукацыйныя мэты і прафесійныя намеры.

С.У.Мартысюк прызнаецца, што з выбарам профілю навучання ў школе праблем не было. Для гэтага ва ўстанове ёсць усё неабходнае: высокакваліфікаваныя кадры, добрыя ўмовы, дакладныя запыты і традыцыі. Гісторыя школы — гэта і гісторыя профільнай адукацыі. Шмат гадоў навучальная ўстанова мела гістарычны ўхіл.

— Многія пытаюцца: “Навошта вывучаць гісторыю?” Адказ відавочны: вывучаючы мінулае, мы будуем будучыню, кіруючыся багатым вопытам папярэдніх пакаленняў. Вывучэнне гісторыі і грамадазнаўства на павышаным узроўні дазваляе сфарміраваць у вучняў такія важныя якасці і навыкі, як самасвядомасць, адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, аратарскае майстэрства, культура і інтэлігентнасць. Акрамя таго, навучанне ў профільным класе дапамагае дзецям рыхтавацца да паступлення на гуманітарныя факультэты. Узровень ведаў па ўсіх прадметах у вучняў профільнага класа больш высокі, чым у звычайным. Цьютаранты — пераможцы школьнага конкурсу “Клас года — 2016”. Прыемна, што выпускнікі з году ў год становяцца студэнтамі гістарычных факультэтаў УВА, — падагульняе С.У.Мартысюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Каб фінансы не спявалі рамансы

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прайшла ІІІ Абласная алімпіяда па фінансавай дасведчанасці школьнікаў. Спаборніцтва арганізавалі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці.

— Фінансавыя веды займаюць важнае месца ў жыцці кожнага чалавека, — адзначыла на адкрыцці алімпіяды намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Папова. — Ад таго, наколькі людзі разумна і адказна распараджаюцца ўласнымі грашовымі сродкамі, залежыць іх дабрабыт на працягу жыцця. Нізкая фінансавая дасведчанасць можа прывесці да сумных вынікаў у пытаннях сямейнай эканомікі. Таму фінансавую культуру неабходна развіваць ужо са школы. Гэта дапаможа ў дарослым жыцці прымаць правільныя, эканамічна абгрунтаваныя рашэнні пры планаванні ўласнага бюджэту, мінімізаваць магчымыя рызыкі ў розных жыццёвых сітуацыях і павысіць фінансавую бяспеку ўвогуле.

У інтэлектуальным марафоне ўдзельнічалі 60 вучняў 10—11 класаў. Алімпіядныя заданні, аб’яднаныя па 8 тэмах, былі распрацаваны банкаўскімі работнікамі. Школьнікі шукалі адказы на 32 пытанні, якія тычыліся дэнамінацыі, укладаў, крэдытаў, лічбавага банкінгу, дзейнасці Нацыянальнага банка Беларусі, страхавання, падаткаў і каштоўных папер. Па словах журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі некалькіх вядучых банкаў краіны, вучні паказалі добрыя веды, нягледзячы на тое, што сёлетнія заданні аказаліся больш складанымі за мінулагоднія.

Самым фінансава дасведчаным вучнем аказаўся адзінаццацікласнік Дзмітрый Мароз з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста. Дыплом ІІ ступені атрымаў адзінаццацікласнік Максім Аўсянік з гімназіі № 2 Баранавіч. Дыплом ІІІ ступені дастаўся адзінаццацікласніку Вадзіму Рыбачуку з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Пераможцы атрымалі ад банкаў-партнёраў каштоўныя падарункі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Поспех любіць мэтанакіраваных

Доўгі час дзевяцікласніца Ангеліна Далганава з сярэдняй школы № 28 Брэста нікому, акрамя бацькоў, не расказвала, што піша вершы. Калі дзяўчына даведалася ад настаўніцы, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла творчы конкурс з нагоды 100- годдзя беларускай міліцыі, адразу вырашыла паўдзельнічаць у ім. І справа не толькі ў паэтычнай самарэалізацыі і амбіцыях. З самага дзяцінства Ангеліна марыць звязаць свой лёс са службай у органах унутраных спраў. Адным з крокаў у гэтым напрамку стала вучоба ў кадэцкім класе.

У конкурсным вершы дзяўчына вырашыла падзяліцца сваёй марай: “… И так сладко надеяться ведь, // что и мне суждено тоже в будущем // милицейскую форму надеть…” Шчырыя радкі не пакінулі абыякавым журы творчага спаборніцтва, адным з членаў якога быў галоўны рэдактар газеты “СБ Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. У выніку паэтычны твор брэсцкай дзевяцікласніцы стаў лепшым сярод 320 конкурсных работ.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Дыплом пераможцы Ангеліне ўручыў член грамадскага савета пры МУС Беларусі вядомы драматург Аляксей Дудараў. Акрамя дыплома за подпісам міністра, дзяўчына атрымала памятную статуэтку і планшэт. А ў адным з нумароў газеты “На страже” былі апублікаваны вершы Ангеліны.

— Паэзія для мяне — гэта спосаб самавыяўлення, — прызнаецца дзяўчына. — З дапамогай паэтычных вобразаў дзялюся пачуццямі і душэўнымі перажываннямі. Аркуш паперы — надзейны суразмовец, якому можна даверыць любыя думкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Добры падарунак для дзяцей і іх бацькоў

1 верасня ў Брэсце адкрыўся яслі-сад — пачатковая школа № 10. Новы вучэбна-педагагічны комплекс, разлічаны на 471 месца, стаў добрым падарункам для жыхароў Паўднёвага мікрараёна, у якім адчуваецца дэфіцыт дашкольных устаноў крокавай даступнасці.

Узвядзенне ясляў-сада — пачатковай школы пачалося ў 2013 годзе. На будаўніча-мантажныя работы і закупку неабходнага абсталявання было затрачана больш за 9 млн рублёў.

У сучасным двухпавярховым будынку будуць адначасова займацца дзеці ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў. Вучэбна-педагагічны комплекс падзелены на дзве зоны — для дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў. Сёння ва ўстанове адкрыты 8 дашкольных груп, якія наведваюць 105 дзяцей. У Дзень ведаў за парты селі 235 школьнікаў. Магчымасці ўстановы дазваляюць у перспектыве павялічыць колькасць выхаванцаў.


— У вучэбна-педагагічным комплексе створаны належныя ўмовы для ўсебаковага навучання і выхавання дзяцей, развіцця іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, — расказала дырэктар ясляў-сада — пачатковай школы № 10 А.М.Буглаева. — Асабліва паклапаціліся пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх стварылі безбар’ернае асяроддзе: пандусы, спецыяльна абсталяваныя санвузлы і падабраную мэблю.

Акрамя вучэбных кабінетаў, у будынку ёсць актавая, гімнастычная і музычная залы, бібліятэка і кнігасховішча. На тэрыторыі ўстановы абсталяваны бегавая дарожка, пляцоўкі для рухавых гульняў і вывучэння правіл дарожнага руху, а таксама гімнастычны гарадок.

Ва ўрачыстым адкрыцці новай установы адукацыі прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс, кіраўнік горада А.С.Рагачук і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. Госці павіншавалі педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем, пажадалі школьнікам поспехаў у вучобе.


— Вучэбна-педагагічныя комплексы з’яўляюцца эфектыўнымі пляцоўкамі для выхавання дзяцей, — адзначыў А.В.Ліс. — У аснове работы такіх устаноў закладзены добры прынцып. Дзіця прыходзіць сюды ў двухгадовым узросце і знаходзіцца да заканчэння 4 класа. Дзякуючы гэтаму паспяхова вырашаецца праблема адаптацыі малодшых школьнікаў. Акрамя таго, установа адукацыі знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад новых жылых дамоў. Гэта асабліва зручна для бацькоў малышоў.

А.В.Ліс пабываў на ўроку ў першакласнікаў, дзе ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам падарунак ад Прэзідэнта Беларусі — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.

Плануецца, што да 2019 года ў Брэсце будуць пабудаваны 3 новыя ўстановы адукацыі: сярэдняя школа на 1,2 тысячы месцаў і 2 дзіцячыя сады. Акрамя таго, разглядаюцца варыянты будаўніцтва дашкольных устаноў (найхутчэй вучэбна-педагагічных комплексаў) у Баранавічах і Пінску.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.

Дом вокнамі ў дзяцінства

У апошнія гады Брэст імкліва развіваецца і пашырае гарадскія межы. У ім працуюць сучасныя культурныя, адукацыйныя і спартыўныя аб’екты. У горадзе шмат робіцца для паспяховага развіцця моладзі і яе самавыяўлення. Вялікая роля ў гэтым належыць Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста, дзе створаны добрыя ўмовы для творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

Сёння ў цэнтры займаецца больш за 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія развіваюць свае здольнасці ў сферы музыкі, жывапісу, тэхнікі, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і камп’ютарнай дасведчанасці, авалодваюць замежнымі мовамі, журналісцкім і акцёрскім майстэрствам, пазнаюць навакольную прыроду і г.д.

Кіраўнік установы Юлія Алегаўна Глебік нацэльвае калектыў на правядзенне заняткаў па інтарэсах з улікам прыродных схільнасцей дзяцей. Гэта дазваляе ім рэалізаваць сябе як асоб, дасягнуць поспеху ў творчасці, вызначыцца ў прафесіі. Адукацыйны працэс забяспечваюць вопытныя педагогі, у арсенале якіх шмат сучасных методык выхавання і навучання.


Важнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу з’яўляецца арганізацыя і правядзенне масавых адукацыйных, выхаваўчых і культурных мерапрыемстваў. Выхаванцы цэнтра — шматразовыя лаўрэаты і дыпламанты гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў. Педагогі і навучэнцы актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у розных рэспубліканскіх выставачных праектах. Так, у мінулым навучальным годзе ўзорныя студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка”, “Дэкор” і “Акварыум” удзельнічалі ў ІV Рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці “Размова з Малевічам”. Зварот да творчых рэцэптаў Казіміра Малевіча і яго паслядоўнікаў падштурхнуў дзяцей да новых праектаў: “Неабмежаваныя магчымасці нацюрморта для творчага эксперымента”, “Арт-кінематограф” і “Шмат нас, шмат вачэй і адзін Малевіч”. Праект “Арт-кінематограф, створаны ў жанры аскетычнага чорна-белага партрэта, увайшоў у лік 12 лепшых, якія былі адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Беларусі. Крыніцай натхнення для навучэнцаў студыі “Дэкор” сталі вобразы знакамітых гістарычных дзеячаў, акцёраў, мастакоў і музыкантаў. Галерэя з 50 партрэтаў стане асновай будучай тэматычнай выставы.

Вялікая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. На гэта накіраваны фестывалі дзіцячай моды “Вясенні капрыз”, эстраднай творчасці школьнікаў “Залаты пеўнік”, “Прыступкі” і “Крылы”, школьнай лігі КВЗ і інш. Гарадскі фестываль паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі” праводзіўся сёлета 30-ы раз. Важнае значэнне ў ім адыгрываюць не толькі тэхнічныя характарыстыкі лятаючых мадэлей, але і іх мастацкае афармленне, наяўнасць нацыянальнай сімволікі.


Неад’емнай часткай гісторыі Брэста стаў Пост Памяці, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем цэнтра. На працягу 44 гадоў мемарыяльныя атрады гарадскіх устаноў адукацыі нясуць Вахту памяці ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці-героі. На практычных занятках юнакі і дзяўчаты вучацца зладжанаму ўзаемадзеянню ў калектыве і страявой падрыхтоўцы.

Ужо некалькі гадоў аддзел турыстычна-краязнаўчай работы цэнтра разам з Брэсцкім абласным упраўленнем МНС праводзіць шматдзённыя турыстычныя паходы ў Рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”. Рабінзанада з ратавальнікамі з’яўляецца цікавай і эфектыўнай формай работы ў летні перыяд. Дзеці збліжаюцца з прыродай, што асабліва важна для гарадскіх школьнікаў, авалодваюць навыкамі бяспечных паводзін і паводзін у надзвычайных сітуацыях, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпеўшым. Рабінзанада ўключае экалагічныя гульні, пешыя паходы па экалагічных сцяжынах, наведванне музея касманаўтыкі ў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, спартыўнае арыентаванне, водныя эстафеты і майстар-класы прафесійных ратавальнікаў па выжыванні.

Два дзіцячыя калектывы цэнтра з’яўляюцца народнымі і сем — узорнымі: ансамбль народных інструментаў “Святач”, студыі выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Акварыум”, “Вясёлка” і “Дэкор”, студыя саломапляцення і керамікі “Саламяная майстэрня”, студыя моды і дызайну адзення “Крэатыў”, вакальная студыя “Аліса” і ансамблі народных танцаў “Праменьчык” і “Злаціца”.


— Ва ўзорным ансамблі танца “Праменьчык” практыкуюцца інавацыйныя формы работы з навучэнцамі, — адзначае Ю.А.Глебік. — Калектыў працуе па 5-гадовай адукацыйнай праграме харэаграфічнай студыі, якая прадугледжвае сістэматычнае і паслядоўнае навучанне дзяцей і развіццё ў іх пэўных ведаў, уменняў і навыкаў па класічным, народна-сцэнічным і сучасным танцы. Больш за 40 гадоў студыя рыхтуе выканаўцаў харэаграфічных пастановак для ансамбля “Праменьчык”, які з’яўляецца пераможцам розных конкурсаў і фестываляў. Так, летась калектыў атрымаў гран-пры на Усерасійскім творчым конкурсе “Салют талентаў” у Санкт-Пецярбургу. Стваральнік і нязменны кіраўнік калектыву Тамара Васільеўна Натарава адзначана медалём “За працоўныя заслугі”.

Асноўная мэта дзейнасці народнага ансамбля народных інструментаў “Святач” пад кіраўніцтвам Святланы Уладзіміраўны Казловай — адраджэнне і захаванне традыцый беларускай культуры. Пры ансамблі створана дзіцячая падрыхтоўчая група з 17 удзельнікаў, якая з’яўляецца самастойным канцэртным калектывам з асобным рэпертуарам. Члены ансамбля не толькі адраджаюць і развіваюць традыцыйную беларускую культуру, але і выконваюць лепшыя творы айчыннай і сусветнай культуры, прапагандуюць музычныя творы самадзейных аўтараў, ствараюць уласныя інструментальныя апрацоўкі і музычныя творы. Рэпертуар ансамбля надзвычай багаты, разнастайны і пастаянна абнаўляецца.

— Сацыяльная актыўнасць і грамадская пазіцыя выхаванцаў праяўляецца ў рэалізацыі праектаў дзіцячага і маладзёжнага парламента ў рамках міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, — расказвае Ю.А.Глебік. — Сацыяльны праект “Зробім горад больш яркім” накіраваны на добраўпарадкаванне роднага Брэста. Мэта грамадзянскага праекта “Віртуальны музей” — папулярызацыя дзейнасці школьных музеяў і біяграфій знакамітых гараджан. Валанцёрскі праект “Падары ўсмешку дзецям” накіраваны на дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. У рамках гэтага праекта юныя парламентарыі арганізавалі акцыю “Добрае сэрца” па зборы цацак і канцылярскіх прылад для гульнявога пакоя дзіцячай абласной бальніцы. Штогод валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, падчас якой разам з гарадскімі ЦКРНіР і абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа арганізоўваюць навагоднія спектаклі і гульнявую праграму “Клоўнатэрапія” для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

— Цэнтр прапаноўвае дзецям заняткі на любы густ, — заўважае Ю.А.Глебік. — Радуе, што ў рабоце ўстановы актыўна ўдзельнічаюць бацькі. Гэта робіць адукацыйны працэс больш выніковым. Нашы выхаванцы паспяхова асвойваюць дадатковыя вучэбныя праграмы, займаюцца сацыяльна значнай дзейнасцю, выкарыстоўваюць вольны час з максімальнай карысцю для свайго здароўя і творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

“Замужам” за біялогіяй

Вольга Яўгенаўна Сітдзікава лічыць, што ў жыцці ёй пашанцавала і з прафесіяй, і з сям’ёй. Настаўніца біялогіі з гімназіі № 1 Брэста паспяхова рэалізавала сябе не толькі ў педагогіцы, але і ў ролі жонкі і маці для любімых мужа і дачкі. У гэтым, пэўна, і заключаецца чалавечае шчасце.

Любоў да расліннага і жывёльнага свету перадалася будучай настаўніцы ад бацькі, заўзятага аматара прыроды. “У доме заўсёды быў “звярынец”, — успамінае Вольга Яўгенаўна. — Падбіралі і выходжвалі з татам параненых галубоў, стрыжоў, вожыкаў, сабак і катоў, пасля чаго вярталі іх назад у прыроду ці аддавалі ў добрыя рукі”.

Пашанцавала будучаму педагогу і са школьнай настаўніцай біялогіі. Лідзія Фадзееўна Цябут бязмежна любіла і прафесію, і прыроду, і дзяцей. Педагог надзвычай цікава выкладала біялогію, паказваючы, якім чынам можна выкарыстоўваць яе ў жыцці. Ад любімай настаўніцы Вольга Яўгенаўна пераняла методыку В.Ф.Шаталава. Вопыт паказаў вялікую эфектыўнасць методыкі апорных канспектаў і сігналаў у вучэбнай дзейнасці.


Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя П.М.Машэрава Вольга Яўгенаўна прыйшла працаваць у родную Ветрынскую сярэднюю школу Полацкага раёна. Значную ролю ў прафесійным станаўленні маладога педагога адыграла дырэктар установы Ларыса Мікалаеўна Васева, якая дапамагала наладжваць узаемаадносіны з вучнямі, аказвала метадычную дапамогу ў правядзенні ўрокаў.

Алімпіяднай дзейнасцю Вольга Яўгенаўна пачала займацца пасля пераходу ў гімназію № 1 Брэста. За 7 гадоў настаўніца выбудавала эфектыўную сістэму работы з адоранымі вучнямі. На рахунку выхаванцаў педагога шмат абласных і рэспубліканскіх дыпломаў, атрыманых на прадметных алімпіядах.

— Работу па выяўленні будучых алімпіяднікаў пачынаю з 5 класа на занятках “Чалавек і свет”, — расказвае В.Я.Сітдзікава. — Прапаноўваю вучням розныя творчыя заданні, накіраваныя на здагадлівасць і самастойнасць: “Падарожжа бляшанкі”, “Калі б я быў птушкай”, “Дзе спіць рыбка?”. Заўсёды знаходзіцца некалькі дзяцей, якія праяўляюць павышаны інтарэс да даследчай дзейнасці. У рамках гімназічнага тыдня навукі вучні рыхтуюць стэндавыя даклады.

З 7 класа пачынаецца актыўная работа па вывучэнні спецыяльнай (універсітэцкай) літаратуры ў вольны час. Вучні 6—8 класаў спрабуюць сілы ў гімназічных і раённых алімпіядах. Бывае, пасля іх дзеці мяняюць прадметны профіль. А тыя, хто застаецца, пачынаюць узмоцнена займацца. У іх з’яўляецца непахісная матывацыя. Напрыклад, многія вырашаюць стаць урачамі. На жаль, настаўнікамі біялогіі вучні быць не хочуць. Гэта засмучае Вольгу Яўгенаўну.

У 8—9 класах да алімпіяднай падрыхтоўкі падключаецца БрДУ імя А.С.Пушкіна, які дапамагае ў арганізацыі лабараторных доследаў. З 10 класа В.Я.Сітдзікава вядзе факультатыў, накіраваны на паглыбленае вывучэнне біялогіі. Вельмі эфектыўнай формай работы ў старшых класах з’яўляецца правядзенне ўрокаў вучнямі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Выніковасць такіх заняткаў надзвычай высокая. Акрамя таго, настаўніца практыкуе інтэграваныя ўрокі (біялогія — інфарматыка — англійская мова), якія патрабуюць высокага майстэрства.

— Галоўнае ў алімпіяднай рабоце — вера дзяцей у педагога, — прызнаецца Вольга Яўгенаўна. — Калі вучні не давяраюць цалкам настаўніку, выніку не будзе. Абавязкова звяртаю ўвагу на індывідуальныя якасці алімпіяднікаў: лідарства, “зорнасць”. Працую з бацькамі, якія ўважліва сочаць за рэжымам дня дзяцей, іх падрыхтоўкай. Лепшых вынікаў вучні дасягаюць пры групавой рабоце. Але імкнуся не вылучаць сярод іх відавочнага лідара. Заканамерна, што ў многіх любоў да прадмета трансфармуецца ў жаданне быць лепшым. Дзеці баяцца падвесці педагога, які ўклаў у іх душу. Для іх вельмі важнай з’яўляецца падтрымка дарослага. І гэта яны вельмі цэняць.

У настаўніцкай прафесіі Вольга Яўгенаўна не расчаравалася. Педагогу падабаюцца зносіны з дзецьмі, падабаецца глядзець на іх сталенне і поспехі. Даволі часта былыя вучні становяцца надзейнымі сябрамі пасля заканчэння гімназіі. В.Я.Сітдзікава ўпэўнена, што сапраўдны настаўнік павінен быць патрабавальным і сумленным перад сабой і дзецьмі, а таксама бязмежна іх любіць.

Прафесійныя дасягненні Вольгі Яўгенаўны адзначаны на розным узроўні. Педагог з’яўлялася лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, шэсць разоў станавілася лаўрэатам прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку алімпіяднікаў. Па выніках абласнога конкурсу “Настаўнік года — 2014” В.Я.Сітдзікава была адзначана дыпломам І ступені. Напрацоўкі педагога неаднаразова публікаваліся ў розных навукова-метадычных выданнях. Настаўніца абагульніла вопыт работы па выкарыстанні краязнаўчага матэрыялу і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках біялогіі. Акрамя таго, Вольга Яўгенаўна праводзіць майстар-класы для калег у Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі і на пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання.

В.Я.Сітдзікава жартуе, што з-за вялікай любові да прыроды яна “замужам” за біялогіяй. Дзякуючы намаганням настаўніцы і яе выхаванцаў тэрыторыя гімназіі надзвычай прыгожа добраўпарадкавана і літаральна патанае ў кветках.

У вольны час Вольга Яўгенаўна займаецца вышыўкай, фатаграфаваннем і веласіпеднымі вандроўкамі. У марах — арганізацыя прафесійнай выставы і стварэнне ілюстраванага каталога прыроды.
У педагога атрымліваецца ўсё, за што яна бярэцца. Сакрэт гэтага тоіцца ў мэтанакіраванай сістэмнай рабоце і нястомным творчым пошуку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.