Мультымедыйны ўрок — у практыку кожнага педагога

На Брэстчыне падвялі вынікі ІІІ Абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс, у фінальным этапе якога ўдзельнічалі 54 педагогі, праводзіўся з мэтай аб’яднання намаганняў настаўнікаў вобласці ў распрацоўцы эфектыўных урокаў з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў, павышэння матывацыі педагогаў да іх прымянення пры паказе вучэбнай інфармацыі ў сучаснай, цікавай і максімальна даступнай для вучняў форме, папаўнення абласнога банка распрацовак мультымедыйных урокаў, папулярызацыі і эфектыўнага ўкаранення сучасных методык правядзення вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, развіцця творчых здольнасцей педагогаў, — расказаў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра інфарматызацыі і рэсурснага забеспячэння адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА А.У.Нарывончык.

Удзельнікі конкурсу (настаўнікі пачатковых класаў і настаўнікі-прадметнікі) распрацоўвалі ўрокі па пэўных тэмах з абавязковым уключэннем у іх структуру і змест медыя- і мультымедыякампанентаў, якія забяспечваюць нагляднасць вучэбнага матэрыялу, яго інтэрактыўнасць і даступнасць успрымання і асваення вучнямі. Вочны тур спаборніцтва праводзіўся ў форме адкрытых заняткаў “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы педагога”. Пры ацэньванні конкурсных матэрыялаў улічваліся эфектыўнасць арганізацыі педагагічнай дзейнасці (структура ўрока, яго змест, выкарыстаныя метады, прыёмы і формы яго рэалізацыі, работа вучняў, псіхалагічны рэжым заняткаў) і якасць мультымедыйнага кампанента ўрока.

Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі настаўніца геаграфіі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Ірына Уладзіміраўна Пабожная са Стрыгінскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, настаўніца матэматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Алена Барысаўна Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына і настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Базар з Каладнянскага ясляў-сада — базавай школы Столінскага раёна. Акрамя дыпломаў, пераможцы былі адзначаны каштоўнымі падарункамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Юныя ўладары робатаў

Тры дні ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі доўжыўся ІІІ Абласны адкрыты турнір робататэхнікі “РобаФэст”. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 12 каманд, выступілі ўпраўленне адукацыі і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

— Турнір праводзіўся з мэтай распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі вобласці інавацыйных эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, далучэння моладзі да заняткаў тэхнічнай творчасцю, навукай і вынаходніцтвам, пошуку здольных дзяцей і іх падтрымкі ў рэалізацыі творчых ідэй, — расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі В.В.Скарына.

Навучэнцы выраблялі робатаў у аб’яднаннях па інтарэсах, дома і заяўлялі іх на турнір у завершаным выглядзе і рабочым стане. Важна, каб робаты былі сканструяваны не з гатовых набораў, а ўласнымі намаганнямі з дапамогай элементаў цацак, мікракантролераў і ўласнай праграмы кіравання.

Турнір праходзіў у 4 этапы. Першы (дыстанцыйны) этап уключаў самастойны выраб канструкцыі пад дэвізам “Робат маёй мары”, якая павінна была складацца з матэрыялаў другаснай сыравіны і адпавядаць пэўным тэхнічным патрабаванням, і мадэлі, створанай у 3D-рэдактары для наступнага друку на 3D-прынтары, на тэму “Памятная бірулька РобаФэст ІІІ”. Падчас наступных этапаў (стэндавая ацэнка робатаў і праходжанне трас рознага ўзроўню складанасці) журы звяртала ўвагу на дызайн, якасць вырабу і мантажу робатаў, арыгінальнасць выкарыстаных тэхналагічных, канструктыўных, схематэхнічных і праграмных рашэнняў, хуткасць і дакладнасць праходжання трас. У цэлым удзельнікі паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Па выніках турніру ў камандным заліку перамаглі выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці Брэсцкага раёна, Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна. У асабістым заліку лепшымі сталі Мікіта Давыдаў і Дзяніс Усовіч з Цэнтра дзіцячай творчасці Брэсцкага раёна, а таксама Мікалай Нікіцюк з Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Павышаць прафесійнае майстэрства кіраўнікоў школ

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі падвялі вынікі абласнога конкурсу метадычных матэрыялаў “Эфектыўныя заняткі ў сістэме метадычнай работы з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Арганізатарам конкурсу, у якім удзельнічалі 18 раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных фарміраванняў кіраўнікоў школ і іх намеснікаў, выступіў вучэбна-метадычны цэнтр кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА.

— Трансляцыя і прапаганда эфектыўных кіраўніцкіх практык — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці абласнога інстытута развіцця адукацыі, — расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА В.Г.Строганава. — Развіццё сістэмы адукацыі ў сучасных дынамічных умовах патрабуе высокага ўзроўню кампетэнтнасці і прафесійнага майстэрства, адпаведных асобасных і дзелавых якасцей кіраўнікоў устаноў. Прыроджаных лідараў і таленавітых кіраўнікоў няшмат. Але добрым кіраўніком можна стаць, абапіраючыся на веды, новыя тэхналогіі, інавацыі і высокую працаздольнасць.

Сёння на Брэстчыне шмат прыкладаў пазітыўнай практыкі ў арганізацыі метадычнай работы з кіраўнікамі. Конкурс накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных фарміраванняў кіраўнікоў школ, распаўсюджанне інавацыйнага кіраўніцкага вопыту і фарміраванне станоўчага сацыяльнага і прафесійнага іміджу сучасных кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Журы пад кіраўніцтвам рэктара Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іванова ацэньвала актуальнасць тэматыкі конкурсных матэрыялаў, іх практычную значнасць, інфарматыўнасць, метадычнае забеспячэнне, тэхнічнае суправаджэнне, творчы падыход і мэтазгоднасць формы правядзення заняткаў. 7 лепшых метадычных матэрыялаў былі прэзентаваны ўдзельнікам вучэбна-метадычных фарміраванняў: “Лідарства дырэктара як фактар паспяховасці кіравання калектыўнай дзейнасцю”, “Арганізацыя дзейнасці членаў адміністрацыі па прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў”, “Інавацыйныя працэсы як рэсурс развіцця ўстановы адукацыі”, “Павышэнне кампетэнтнасці кіраўнікоў у пытанні атэстацыі педагагічных кадраў”, “Маніторынг якасці адукацыі ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі з пазіцыі кіраўніцкага падыходу”, “Пра некаторыя пытанні функцыянавання афіцыйных інтэрнэт-сайтаў устаноў адукацыі” і “Магчымасці выкарыстання воблачных тэхналогій у практыцы работы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце”.

Дыпломы пераможцаў з рук намесніка начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.А.Паповай атрымалі дырэктар сярэдняй школы № 9 Кобрына Г.М.Дземідовіч, дырэктар гімназіі Ганцавіч І.У.Бараноўская, дырэктар сярэдняй школы № 3 Пінска А.М.Лабачэўская, дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 9 Брэста А.Я.Івашова, дырэктар сярэдняй школы № 7 Баранавіч А.А.Шпакоўская, дырэктар рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама У.В.Кунц і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама А.В.Мінко.

Пераможцы конкурсу лічаць, што сучасны кіраўнік павінен глядзець у будучыню, бачыць праблемы і стратэгічныя прыярытэты развіцця школы, прадбачыць рэальныя вынікі сваёй дзейнасці, праяўляць ініцыятыву, аператыўна рэагаваць на ўсе змены, прымаць адказныя рашэнні, упэўнена весці калектыў за сабой, пастаянна павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, скіроўваць іх да інавацыйных пошукаў, арыентавацца ў ІКТ і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Павышаць якасць адукацыйнага асяроддзя

На базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылася ХХІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Рэсурсы развіцця якасці адукацыйнага асяроддзя для эфектыўнай самарэалізацыі асобы”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі (Масква).

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з сістэмай адукацыі Брэстчыны: “Развіццё адукацыйнай галіны абумоўлена рэгіянальнымі асаблівасцямі. Сістэма адукацыі вобласці займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па шэрагу напрамкаў дзейнасці. Сённяшняя задача галіны — суаднесці эканамічныя патрабаванні з запытамі сучаснай адукацыі, грамадства, педагагічнай навукі, рынку працы… Высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры вобласці паспяхова вырашаюць прафесійныя задачы”.

— Падобныя канферэнцыі дазваляюць падзяліцца каштоўным вопытам, абмеркаваць і вырашыць важныя пытанні, актуальныя для розных краін, — адзначыла прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар К.І.Артамонава. — Адной з надзённых задач сучаснай адукацыі з’яўляецца няўхільнае павышэнне яе якасці на розных узроўнях. Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі аб’ядноўвае навуковы патэнцыял каля 4 тысяч кандыдатаў і дактароў навук, якія працуюць над вырашэннем агульных задач, звязаных з эфектыўным навучаннем і выхаваннем школьнікаў.


Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў засяродзіў увагу на праблеме выніковасці вучэбна-выхаваўчага працэсу: “Гэтая праблема абумоўлена нерэалізацыяй натуральнай патрэбы асобы ў самаўдасканаленні, самавыхаванні, самаразвіцці і самаадукацыі. Страта інтарэсу дзяцей да вучобы з’яўляецца глабальнай праблемай. Сучасная адукацыя не адпавядае патрэбам выхавання творчай асобы. Дзецям навязваюцца розныя віды дзейнасці замест свабоднага выбару яе мэты. Таму неабходна сур’ёзнае пераасэнсаванне школьнай педагагічнай практыкі”.

Кандыдат педагагічных навук дацэнт Брэсцкага абласнога ІРА Л.Р.Германовіч гаварыла пра кіраўніцкія і арганізацыйна-педагагічныя рэсурсы развіцця культурна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі ва ўмовах рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Шмат цікавых думак пра рэсурсы развіцця адукацыйнага асяроддзя выказаў вядомы навуковец, доктар педагагічных навук, прафесар П.І.Трацьякоў з Масквы: “Сучаснае развіццё адукацыйнага асяроддзя выклікае трывогу і заклапочанасць, бо хутчэй шкодзіць, чым дапамагае вырашаць вучэбна-выхаваўчыя задачы. Галоўнымі рэсурсамі развіцця гэтага асяроддзя з’яўляюцца прагназаванне, а не звычайная канстатацыя мэты ўрока, прадукцыйная дзейнасць, рэфлексія, эфектыўныя формы і метады навучання і інш. Вялікую ролю ў развіцці адукацыйнага асяроддзя адыгрываюць педагагічныя тэхналогіі і інавацыі. На жаль, іх укараненне і выкарыстанне не з’яўляюцца актыўнымі і паўсюднымі”.

Доктар педагагічных навук прафесар Н.А.Шарай з Масквы расказала пра асаблівасці кіравання адукацыйнымі комплексамі. Выконваючы абавязкі рэктара філіяла МДУ ў Ташкенце (Узбекістан) А.Б.Маманазараў вёў гаворку пра інавацыі ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў. Метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.І.Дабрынеўская падзялілася вопытам інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Пасля пленарнага пасяджэння работа канферэнцыі прадоўжылася ў трох секцыях: “Развіццё адукацыйнага асяроддзя дашкольнага ўзроўню адукацыі”, “Рацыянальнае кіраванне адукацыйнымі арганізацыямі: пошукі, праблемы і вырашэнне” і “Прафесійная адукацыя: развіццё адукацыйнай прасторы”. У цэнтры ўвагі педагогаў, метадыстаў і навукоўцаў былі пытанні, звязаныя з фарміраваннем асноў пажарнай бяспекі ў дашкольнікаў, выкарыстаннем цімбілдынгу ў развіцці інклюзіўных працэсаў у дашкольных установах і інавацыйных тэхналогій у асобасным і маўленчым развіцці дашкольнікаў, арганізацыяй кадэцкіх класаў і перспектывамі развіцця кадэцкай адукацыі, стварэннем прававых асноў развіцця адукацыйнай прасторы і рэсурсаў адукацыйнага асяроддзя вучэбных заняткаў у дзіцячых садах і школах, арганізацыяй работы з адоранымі вучнямі і г.д.

Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. Наступная міжнародная канферэнцыя пройдзе ў Смаленску (Расія).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Равеснік — равесніку

На базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў ІІІ Абласны конкурс “Моладзь — за РОЎНАдзеянне!” сярод валанцёрскіх каманд устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць прафілактычныя праграмы па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ў сферы здаровага ладу жыцця. Арганізавалі трохдзённае спаборніцтва ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і культурна-творчае грамадскае аб’яднанне “Калегіум” з Пінска.

— Конкурс праводзіўся з мэтай стварэння ўмоў для фарміравання сацыяльнай актыўнасці навучэнскай моладзі, развіцця валанцёрскага руху праз падтрымку яе ініцыятыў у рэалізацыі прафілактычных праграм роўнага навучання ў сферы здаровага ладу жыцця, прапаганды ідэй і метадаў роўнага навучання ў асветніцкай рабоце са школьнікамі, развіцця іх лідарскіх якасцей і фарміравання мадэлі адказных паводзін у падлеткаў, — расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА А.Г.Дзмітрыева. — Конкурс складаўся з двух этапаў — адборачнага і фінальнага. Для першага этапу ўдзельнікі рыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю з гісторыяй стварэння валанцёрскай каманды, апісаннем яе работы і вынікаў дзейнасці, відэа інтэрактыўных заняткаў з удзелам пары валанцёраў-інструктараў роўнага навучання і метадычную распрацоўку-модуль гэтых заняткаў з элементамі трэнінгу прафілактычнай накіраванасці. Фінальны этап конкурсу праходзіў у форме творчай сустрэчы 16 валанцёрскіх каманд з Пінскага, Бярозаўскага, Пружанскага, Столінскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, Брэста, Баранавіч і Пінска.


У першы дзень фінальнага этапу спаборніцтва працавалі дзве секцыі. У секцыі “Майстэрня праектавання валанцёрскай дзейнасці “Ініцыятыва ў руках моладзі!” удзельнікі распрацоўвалі і прэзентавалі праектныя ідэі і маладзёжныя ініцыятывы ў сферы здаровага ладу жыцця. У другой, тэарэтычнай, секцыі фіналісты конкурсу праходзілі пісьмовае тэсціраванне.

У другі дзень праводзіўся практычны этап конкурсу “Лепшы дуэт валанцёраў-інструктараў, якія рэалізоўваюць прафілактычныя праграмы сярод равеснікаў у сферы здаровага ладу жыцця”. Гэты этап уяўляў сабой інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу на розныя тэмы: “Талерантнасць — шлях да міру і супрацоўніцтва”, “Палюбі бліжняга свайго”, “Сапраўдныя каштоўнасці чалавечага жыцця”, “Прафілактыка інтэрнэт-залежнасці”, “Культура гендарных адносін”, “Алкаголь і яго ўплыў на чалавека”, “Нашы комплексы: як з імі змагацца” і інш.


Пераможцы конкурсу вызначаліся ў трох намінацыях. У намінацыі “Лепшая валанцёрская каманда, якая рэалізоўвае прафілактычныя праграмы роўнага навучання ў сферы здаровага ладу жыцця” перамаглі клуб “Равеснік — равесніку” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска і каманда “Альтэрнатыва” з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. У намінацыі “Лепшы дуэт валанцёраў-інструктараў, якія рэалізоўваюць праграмы роўнага навучання сярод равеснікаў”, лепшымі аказаліся дзевяцікласнікі Станіслаў Напяркоўскі і Арына Сітко з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска і дзевяцікласніцы Настасся Чувакова і Кацярына Анціпарук з сярэдняй школы № 5 Брэста. У намінацыі “Лепшыя інтэрактыўныя заняткі з элементамі трэнінгу як форма асветніцкай работы з падлеткамі і моладдзю па прапагандзе здаровага ладу жыцця” не было роўных кіраўніку каманды “Фенікс” М.А.Воўк з сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко і кіраўніку клуба “Равеснік — равесніку” Н.А.Красько з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска. Акрамя таго, добрыя вынікі паказалі прадстаўнікі гімназіі № 1 Брэста, сярэдняй школы № 4 і гімназіі № 3 Баранавіч, Рамельскай і Белавушскай сярэдніх школ Столінскага раёна, Малоткавіцкай і Аснежыцкай сярэдніх школ Пінскага раёна, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна і сярэдняй школы № 4 Пружан.

Лепшыя конкурсныя матэрыялы будуць размешчаны на сайце Брэсцкага абласнога ІРА, унесены ў электронны банк педагагічнага вопыту і выдадзены ў форме метадычнага дапаможніка для педагогаў, якія рэалізоўваюць прафілактычныя праграмы па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алены ДЗМІТРЫЕВАЙ.

Аддаюць сэрцы дзецям

На Брэстчыне падвялі вынікі ІІ Абласнога конкурсу сярод прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

— Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння прэстыжу і аўтарытэту прафесійнай замяшчальнай сям’і, прапаганды сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, распаўсюджвання пазітыўнага вопыту прафесійнага сямейнага клопату, — расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра сацыяльна-педагагічнай работы, аховы дзяцінства і спецадукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Н.В.Фяцісава. — У адборачным этапе спаборніцтва ўдзельнічалі прафесійныя замяшчальныя сем’і — пераможцы раённых (гарадскіх) конкурсаў: 18 прыёмных сем’яў і 13 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У фінал выйшлі 6 удзельнікаў: прыёмныя сем’і Камінскіх з Драгічыншчыны, Лепясевіч з Піншчыны і Платніцкіх са Століншчыны, ДДСТ Біруковых з Баранавіч, Мазалеўскіх з Івацэвіччыны і Пятроўскіх з Брэста.

— Сёння на Брэстчыне налічваецца 437 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваецца 625 дзяцей, і 42 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе знайшлі новых бацькоў 280 хлопчыкаў і дзяўчынак, — адзначыла на адкрыцці фіналу конкурсу старшыня журы і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык. — Галоўная ідэя конкурсу — паказаць, што кожнае дзіця павінна жыць у сям’і. Хочацца, каб цёплыя дзіцяча-бацькоўскія адносіны панавалі і на сцэне, і дома.

Конкурс уключаў 5 заданняў: “Адзін дзень з жыцця сям’і”, “Візітоўка”, “Сямейныя таленты”, “Вясёлая сямейка” і “Відэапытанне”. Дамашняе заданне “Адзін дзень з жыцця сям’і” ўяўляла сабой троххвілінны паказ мультымедыйнай прэзентацыі з відэаролікам, якія адлюстроўвалі важныя моманты жыцця сям’і, традыцыі і захапленні, умовы для навучання і выхавання дзяцей, захавання іх здароўя, падрыхтоўкі да самастойнага жыцця.

Падчас “Візітоўкі” ўдзельнікі прадстаўлялі сем’і ў творчай форме, паказвалі эмблему, дэвіз і сямейны абярэг. Пры выкананні задання “Сямейныя таленты” мамы, таты і дзеці спявалі, танцавалі, чыталі вершы, жартавалі. Заданне “Вясёлая сямейка” ўключала невялікі тэатральны паказ з камедыйным сюжэтам, у аснове якога ляжаў сямейны канфлікт і спосаб яго вырашэння. “Відэапытанне” дазволіла ўдзельнікам прадэманстраваць творчыя ідэі і прафесійную кампетэнтнасць у складаных педагагічных сітуацыях.

Па выніках конкурсу лепшым дзіцячым домам сямейнага тыпу стаў дом Мазалеўскіх аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, а лепшай прыёмнай сям’ёй прызнана сям’я Платніцкіх аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама. Пераможцы атрымалі дыпломы абласнога ўпраўлення адукацыі і каштоўныя падарункі.

Акрамя таго, у рамках конкурсу, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, была арганізавана выстава творчых работ выхаванцаў прыёмных сем’яў і ДДСТ, іх “Кнігі жыцця” і фірменных страў у выглядзе выпечкі. За арганізацыю выставы дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага і Лунінецкага райвыканкамаў, а таксама адміністрацыя Маскоўскага раёна Брэста.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Міжнародны падыход да прафілактычнай работы

На базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста адбылася ІІ Міжнародная канферэнцыя “Прафілактыка падлеткавых дэвіяцый як умова ўстойлівага сацыяльнага развіцця памежных тэрыторый”. Мерапрыемства праводзілася ў рамках міжнароднага праекта “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”, каардынатарамі якога выступаюць упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

У канферэнцыі прыняло ўдзел больш за 80 чалавек з ліку педагогаў, вучоных, прадстаўнікоў сілавых структур і органаў улады Польшчы, Беларусі і Украіны. Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі праблемныя пытанні, якія тычыліся яго тэмы, адзначалі важнасць кансалідацыі намаганняў усіх зацікаўленых структур у прафілактычнай рабоце. Толькі разам можна пераадолець трывожную тэндэнцыю росту падлеткавых правапарушэнняў і злачынстваў. Ад гэтага залежыць лёс не толькі дзяцей, але і дзяржавы ў цэлым.
Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.К.Тарасюк засяродзіў увагу на фарміраванні сацыяльнай адказнасці чалавека як асноўнай мэты выхаваўчай работы з падлеткамі групы рызыкі і спосабах яе дасягнення ў школах вобласці.
Дацэнт кафедры практычнай псіхалогіі і бяспекі жыццядзейнасці Усходнееўрапейскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі (Украіна) кандыдат псіхалагічных навук А.П.Мельнік гаварыў пра педагагічную арганізацыю вядучай дзейнасці падлеткаў з улікам іх індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей з мэтай папярэджання дэвіянтных паводзін.
Дырэктар дзіцячага прытулку Мажэна Кукаўска з гміны Дрэлюва (Польшча) вяла размову пра важную ролю мясцовых органаў улады ў развіцці і ўдасканаленні сістэмы прафілактычнай работы з праблемнымі падлеткамі.
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі ўпраўлення Дзяржаўнай пенітэнцыярнай службы Украіны ў Валынскай вобласці С.Н.Мацвяюк падзяліўся вопытам работы з падлеткамі, умоўна вызваленымі ад крымінальнага пакарання, і звярнуў увагу на важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтым пытанні.
Тэму ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва прадоўжыў дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці Д.М.Гумянюк, які адзначыў, што міжнароднае супрацоўніцтва з’яўляецца стратэгічнай задачай у развіцці партнёрскіх адносін і сяброўскіх сувязей. Дзмітрый Мікалаевіч заклікаў да аб’яднання намаганняў у рамках новай Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады.
Завяршылася канферэнцыя вялікім канцэртам, у праграму якога ўвайшлі лепшыя песенныя творы і танцавальныя нумары Польшчы, Беларусі і Украіны.

Наталля ЯНЧУК,
метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра
ідэалагічнай і выхаваўчай работы
Брэсцкага абласнога ІРА.

Адукацыя Брэстчыны ад вытокаў да сучаснасці

У рамках святкавання 70-годдзя Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў ім адкрыліся абноўленая музейная экспазіцыя “Адукацыя Брэстчыны. Вытокі” і галерэя вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік начальніка і намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук і І.В.Чоўжык, а таксама загадчыкі раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў.

— Музейная экспазіцыя і галерэя вопыту створаны для таго, каб праз выкарыстанне адукацыйнага асяроддзя Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі раскрыць маштаб і патэнцыял педагагічнага вопыту вобласці, — адзначыў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА распрацоўшчык канцэпцыі і зместу музейнай экспазіцыі С.Р.Рачэўскі. — У аснове экспазіцыі ляжаць матэрыялы і экспанаты, сабраныя і захаваныя ў музеі адукацыі Брэстчыны, якім кіравала Марыя Якаўлеўна Крашаніннікава (дырэктар інстытута з 1980 да 1988 года). Дадатковы збор і апрацоўку экспазіцыйных матэрыялаў ажыццяўляла метадыст інстытута з вялікім педагагічным стажам Галіна Сцяпанаўна Саковіч. Навуковым кансультантам выступіў рэктар інстытута Юрый Аляксандравіч Іваноў. Фінансавую падтрымку (каля 100 мільёнаў рублёў) аказала абласное ўпраўленне адукацыі на чале з Міхаілам Андрэевічам Ціханчуком.
Па словах С.Р.Рачэўскага, сёння музеі і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі адукацыі Брэстчыны, працуюць у 33 навучальных установах. Музей гісторыі адукацыі вобласці, які да нядаўняга часу дзейнічаў у інстытуце, патрабаваў абнаўлення і дапаўнення. Папярэдняя экспазіцыя паказвала развіццё адукацыі Брэстчыны з “царскага” часу да 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Такі падыход не адпавядаў запытам сучаснасці. У выніку было вырашана істотна пашырыць экспазіцыю і паказаць развіццё адукацыі ажно з ХІ стагоддзя. Абноўленая экспазіцыя, аснову якой складаюць матэрыялы хроніка-дакументальных кніг “Памяць”, галіновых выданняў, раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, абласнога краязнаўчага музея, заканчваецца 1945 годам. У перспектыве экспазіцыя завершыцца нашымі днямі. Але ўжо сёння бачна, што работа па яе стварэнні праведзена каласальная. Не менш каласальнай яна будзе і ў далейшым.
— Значнасць і неабходнасць падобнай музейнай экспазіцыі неаспрэчныя, бо яна паказвае гісторыю развіцця адукацыйнай галіны рэгіёна ў асобах лепшых прадстаўнікоў настаўніцкай прафесіі, на якіх варта раўняцца моладзі. Вопыт папярэднікаў каштоўны і запатрабаваны. Многія з іх з’яўляюцца яскравым прыкладам самаадданага і апантанага служэння любімай прафесіі. І месца стварэння экспазіцыі невыпадковае. Інстытут развіцця адукацыі — гэта цэнтр па каардынацыі прафесійнага росту педагогаў, — заўважыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук.
Музейная экспазіцыя ўключае дзве фотагалерэі з кароткімі даведкамі пра заслужаных настаўнікаў БССР і сучаснай Беларусі, а таксама пра старэйшыя ўстановы адукацыі вобласці. Маляўнічыя стэнды падзелены на 22 тэматычныя раздзелы: “Лаўрэнцій Зізаній і брацкая школа ў Бярэсці”, “Казімір Лышчынскі: педагагічная дзейнасць”, “З думай пра асвету краю: сустрэча Т.Касцюшкі з Песталоці”, “Адам Нарушэвіч: важкі ўклад у развіццё гістарычнай адукацыі і навукі”, “Напалеон Орда: уклад у развіццё музычнай і архітэктурнай адукацыі”, “Адукацыя Брэстчыны ў кантэксце буржуазнай Расіі: неабходнасць рэфармавання”, “Палескае Люсіна: тут настаўнічаў Якуб Колас і нараджалася яго знакамітая трылогія”, “Пінск гімназічны на пачатку ХХ стагоддзя”, “Руская гімназія ў Брэсце”, “Школы ў Заходняй Беларусі ў 1935—1936 гадах”, “Вы забытымі не станеце, педагогі даваенных і ваенных гадоў”, “Памятаем і шануем вас, школы лясныя…” і інш.
У галерэі вопыту, прадстаўленай у выглядзе стэндавай інфармацыі, змешчаны прафесійныя партрэты 31 настаўніка, якія маюць дасягненні ў розных напрамках педагагічнай дзейнасці і ахвотна дзеляцца напрацоўкамі на майстар-класах у Брэсцкім абласным ІРА. Сярод іх — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 16 Пінска А.У.Ярашук (“Рэалізацыя тэхналогіі праграміраванага навучання на ўроках гісторыі і грамадазнаўства”), выхавальніца Навамышскага ясляў-сада Баранавіцкага раёна Ю.М.Ткач (“Родны край, яго гісторыя і культура на занятках з дашкольнікамі”), дырэктар Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна В.Р.Ізотаў (“Фарміраванне ў вучняў з асаблівымі інтэлектуальнымі патрэбамі навыкаў самастойнага пражывання”), настаўнік беларускай мовы і літаратуры Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчык (“Тэставы кантроль на ўроках беларускай мовы і літаратуры як сродак павышэння якасці адукацыі”), настаўніца хіміі ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста С.С.Мелехавец (“Аптымізацыя навучання вучняў рашэнню разліковых хімічных задач”), настаўнік музыкі пачатковых класаў Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната Драгічынскага раёна А.С.Несцераў (“Прымяненне мнематэхнікі на ўроках музыкі для развіцця ў дзяцей памяці і асацыятыўнага мыслення”) і інш. Плануецца, што матэрыялы галерэі будуць рэгулярна абнаўляцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Цацкі сваімі рукамі

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі арганізавана выстава “Цацка сваімі рукамі”, падрыхтаваная вучэбна-метадычным аддзелам дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі ІРА. На выставе прадстаўлены гульні і цацкі, вырабленыя педагогамі-дашкольнікамі, і абагульнены вопыт работы педагогаў Брэста, Пінскага і Столінскага раёнаў.

Выстава з’яўляецца своеасаблівым працягам рэспубліканскага семінара “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”. Наведвальнікі выставы могуць пазнаёміцца не толькі з рэгіянальным вопытам, але і вопытам калег з іншых абласцей краіны.
У рамках выставы праводзяцца майстар-класы па вырабе цацак і кансультаванні. Педагогі і бацькі могуць паспрабаваць вырабіць цацкі сваімі рукамі, атрымаць кансультацыі пра ролю цацак у развіцці дзяцей рознага ўзросту, стварэнне прадметна-развіццёвага асяроддзя і інш.
Арганізатары выставы лічаць, што сёння неабходна звярнуць увагу педагогаў і бацькоў на ролю гульняў і цацак у жыцці дзяцей, бо, па меркаванні псіхолагаў, цацка з’яўляецца ўніверсальнай мовай дзяцінства, якая дазваляе дзіцяці стаць дарослым, а дарослым — вярнуцца ў дзяцінства.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

hryshkevich@ng-press.by