Лепшы кабінет АБЖ

На працягу месяца ў Гродзенскай вобласці праходзіў агляд-конкурс прадметных кабінетаў і куткоў асноў бяспекі жыццядзейнасці, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама і Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Удзел у конкурсе прынялі 16 кабінетаў і 9 куткоў АБЖ.

— Аналіз конкурсных матэрыялаў паказаў, што ва ўстановах адукацыі праводзіцца мэтанакіраваная сістэмная работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы прадметных кабінетаў, па напаўненні іх вучэбным абсталяваннем, вучэбна-метадычнай, дыдактычнай, даведачнай літаратурай, па ўкараненні ў практыку работы педагогаў сучасных тэхналогій, — расказвае метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Святлана Шмурэй. — Дарэчы, конкурс-агляд кабінетаў і куткоў АБЖ праводзіўся ў вобласці ўпершыню.

Вынікі былі падведзены на абласным семінары “Фарміраванне ў навучэнцаў свядомага і адказнага стаўлення да бяспекі асобы і грамадства”. Да ўдзелу ў ім запрасілі настаўнікаў, якія вядуць факультатыўныя заняткі “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, а таксама прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Практычныя заняткі па пытаннях узаемадзеяння МНС і навучальных устаноў, змястоўнага напаўнення кабінетаў, удзелу ў конкурсах і аглядах, накіраваных па папулярызацыю ведаў па АБЖ, правёў начальнік сектара ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Сувораў.

Пераможцамі агляду-конкурсу сталі Квасоўская сярэдняя школа (загадчык кабінета Іна Гарошчык) і сярэдняя школа № 3 Ашмян (загадчык кабінета Алена Краско) у намінацыі “Кабінет асноў бяспекі жыццядзейнасці”. Лепшым таксама прызнаны куток АБЖ Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна (загадчык Ганна Барушка).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Дзеля бяспекі дзяцей

На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства” сярод дашкольных устаноў. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС.

Фестываль праводзіўся з мэтай удасканалення форм і метадаў работы з дашкольнікамі па фарміраванні ў іх навыкаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях, выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці, выяўлення і распаўсюджвання лепшага педагагічнага вопыту ў гэтым напрамку. Акрамя таго, фестываль накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы прафілактыкі траўматызму і папярэджання пажараў з-за дзіцячага свавольства, пашырэнне ўяўленняў дашкольнікаў аб прафесіі ратавальніка-пажарнага, прапаганду каштоўнасцей здаровага ладу жыцця, абагачэнне развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя дашкольных устаноў сродкамі навучання, цацкамі і гульнявым абсталяваннем, далучэнне бацькоў да выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей і інш. Абласны этап спаборніцтва сабраў прадстаўнікоў 20 дашкольных устаноў Брэстчыны, чыя дзейнасць была прызнана лепшай у намінацыях “Куток бяспекі для дзяцей”, “Дыдактычная гульня”, “Работа з бацькамі” і “Вуснамі малыша”.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ўдзельнічалі міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі У.А.Вашчанка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. У фае міжнароднага маладзёжнага валанцёрскага цэнтра пры абласным МНС, дзе праходзіла мерапрыемства, разгарнулася вялікая выстава наглядна-дыдактычных і гульнявых матэрыялаў. На ёй былі прадстаўлены цікавыя экспанаты, створаныя рукамі дзяцей, іх бацькоў і выхавальнікаў. Кожны з гэтых экспанатаў меў пэўнае выхаваўчае значэнне і заслугоўваў увагі.

Азнаёміўшыся з выставай, прадстаўнікі МНС і абласнога ўпраўлення адукацыі падзякавалі педагогам за цікавыя ідэі, арыгінальны падыход, крэатыўнае мысленне і наватарскія рашэнні, вартыя актыўнага распаўсюджвання ў дашкольных установах Брэстчыны.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі педагагічныя калектывы ясляў-сада № 44 Пінска, Яроміцкага ясляў-сада Кобрынскага раёна, ясляў-сада № 55 Баранавіч і ясляў-сада № 73 Брэста. У намінацыі “За эфектыўнае фарміраванне ў дзяцей культуры бяспекі жыццядзейнасці” былі адзначаны педагогі ясляў-сада № 20 Брэста і ясляў-сада № 9 Пружан, а ў намінацыі “За арыгінальны падыход у стварэнні ўмоў для фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей” — прадстаўнікі ясляў-сада № 1 Івацэвіч і ясляў-сада № 2 Маларыты.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Дзеля бяспечнага дзяцінства

У сучасным свеце ніхто не застрахаваны ад сацыяльных узрушэнняў і стыхійных бедстваў. Бяспека жыццядзейнасці стала адной з цэнтральных праблем чалавецтва. У патэнцыяльна небяспечных сітуацыях самымі безабароннымі аказваюцца маленькія дзеці, рухавыя, няўрымслівыя і дапытлівыя. Іх актыўнае пазнанне навакольнага свету заахвочваецца дарослымі, што часам становіцца вельмі небяспечным.

Асновы бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў нашага ясляў-сада фарміруюцца ў цесным узаемадзеянні з педагогамі і бацькамі. У нас напрацаваны метадычны матэрыял па гэтай праблеме: распрацаваны план па азнаямленні дзяцей усіх узроставых груп з правіламі пажарнай бяспекі; складзена картатэка гульняў па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці; у дапамогу педагогам і бацькам распрацаваны канспекты гутарак, заняткаў і гульняў, падрыхтаваны памяткі, рэкамендацыі і г.д. Ва ўстанове абсталявана зона бяспекі для арганізацыі адукацыйнага працэсу па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці. У кожнай узроставай групе створаны куткі бяспекі, дзе знаходзяцца макеты для азнаямлення дашкольнікаў з правіламі пажарнай бяспекі, плакаты, альбомы, мастацкая літаратура, медыятэка, дыдактычныя гульні, неабходная атрыбутыка для сюжэтна-ролевых гульняў. На ўваходзе ва ўстанову размешчана інфармацыя для педагогаў і бацькоў “Пажарная бяспека і бяспека жыццядзейнасці”.
Спецыяльна арганізаваная дзейнасць дапамагае выхаванцам убачыць праблему, паставіць мэту, калектыўна абмеркаваць спосабы яе дасягнення, праявіць актыўнасць, выказаць уласнае меркаванне пры планаванні дзеянняў і ўключыцца ў розныя віды дзейнасці: складанне збору правіл для дзяцей “Каб не было бяды”; падрыхтоўка і правядзенне тэматычных гульняў “Агонь — сябар, агонь — вораг” і “Па сакрэце мы раскажам вам пра гэта”; афармленне выставы дзіцячых малюнкаў “Пажару — не!”; удзел у гутарках “Пажарная бяспека дома”, “Запалкі не чапай — у запалках агонь”, “Чым небяспечныя пажары ў лесе?”, “Чаму загараецца запалка?”, “Чым небяспечны дым?”, “Пажарны — герой, ён з агнём уступае ў бой”; драматызацыя казкі “Кошчын дом”; мадэляванне праблемна-гульнявой сітуацыі “Вучэбная эвакуацыя пры пажары”; знаёмства са сродкамі пажаратушэння.
Асаблівая ўвага пры правядзенні заняткаў з дзецьмі ўдзяляецца складанню апавяданняў на супрацьпажарную тэматыку з пачаткам/канцом, прапанаванымі педагогам. Акрамя таго, прапануюцца тэмы будучых аповедаў у выглядзе прымавак (“Пачак запалак хоць малы, але можа зрабіць шмат зла…”). Атрыманыя апавяданні інсцэніруюцца. Дзеці выконваюць ролі самастойна ці з дапамогай лялек.
У рамках раённага агляду-конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” ва ўстанове прайшоў тыдзень бяспекі. Сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ і МНС, выстава дзіцячых малюнкаў, тэатралізаваны паказ “Нязнайка, карантышкі і правілы бяспекі”, віктарына па бяспецы для выхаванцаў старэйшай узроставай групы — усё гэта прывяло да 1-га месца ў спаборніцтве.
Далучэнню выхаванцаў да асноў бяспечных паводзін спрыяе спектакль “Урокі мудрай цёткі Савы”, арганізаваны намаганнямі педагогаў і бацькоў. Падчас яго хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі розных сітуацый, дзе патрабаваліся веды правіл бяспечных паводзін. Мудрая цётка Сава ацаніла навыкі нашых выхаванцаў на выдатна.
Асаблівасцю педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца распрацоўка і рэалізацыя дзіцячых адукацыйных праектаў і даследчых работ: “Навучанне дзяцей пажарнай бяспецы”, “Гісторыя пажарнай службы”, “Навошта пажарным ахоўны шлем”, “Ці небяспечны агонь?” і інш.
Навыкі пажарнай бяспекі ў дашкольнікаў фарміруюцца на аснове дапытлівасці і актыўнасці дзяцей у пазнанні навакольнага свету. Заняткі праходзяць у цікавай форме: з дапамогай дыдактычнага матэрыялу, відэасюжэтаў, змадэляваных гульнявых сітуацый. Дзякуючы гэтаму, веды лёгка запамінаюцца і засвойваюцца.
Вопыт работы з дзецьмі ў галіне пажарнай прафілактыкі паказвае, што любая творчая дзейнасць (маляванне, лепка, работа з прыроднымі матэрыяламі, экскурсіі, песенна-музычная творчасць, харэаграфія) прыносіць адчувальную карысць: дашкольнікі ўяўляюць не толькі разбуральную сілу агню, але і яго стваральны бок. Дзеці цягнуцца да ўсяго відовішчнага, яркага і музычнага, таму ў рабоце актыўна выкарыстоўваюцца лялечныя пастаноўкі, невялікія сцэнкі-драматызацыі, гульні, святочныя забавы і г.д. Важным памочнікам з’яўляецца часопіс “Юны ратавальнік”. Выхаванцы з цікавасцю разглядаюць ілюстрацыі ў ім, абмяркоўваюць з педагогамі гісторыі і апавяданні, разгадваюць крыжаванкі і рэбусы.
Ва ўстанове рэгулярна праводзяцца тэматычныя акцыі. Так, падчас акцыі “За бяспеку разам” бацькі знаёміліся з правіламі пажарнай бяспекі і папярэджання пажаранебяспечных сітуацый, відамі дзіцячых траўм пры пажарах. На агульнасадаўскі бацькоўскі сход быў запрошаны супрацоўнік райаддзела МНС. Бацькам былі прапанаваны розныя буклеты, якія нагадвалі аб правілах бяспекі ў побыце.
Работа педагогаў з’яўляецца эфектыўнай. У выхаванцаў актывізаваўся слоўнікавы запас, пашырыліся ўяўленні аб навакольнай рэчаіснасці і дзейнасці пажарных, выпрацаваліся практычныя навыкі паводзін у надзвычайных сітуацыях. Усё гэта дапаможа дзецям захаваць жыццё і здароўе.

Галіна МАКАЛОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Мікашэвіч Лунінецкага раёна.