Душэўнае свята для ветэранаў

Мы любім навагоднія святы за тое, што яны дораць нам асаблівы настрой і непаўторную атмасферу. Але галоўнае — гэта магчымасць адчуць цеплыню чалавечых сэрцаў, а таксама агарнуць дабрынёй і любоўю іншых. У гэтыя чароўныя дні выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дарылі сваю творчасць і ўвагу жыхарам гарадскога дома-інтэрната “Світанак”.

Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы “Світанак” адкрыўся ў 2010 годзе ў пасёлку Траскоў­шчына Мінскага раёна. Сёння тут 87 жыхароў — гэта людзі, якія сваімі подзвігамі і шчырай працай стваралі гісторыю і дабрабыт нашай краіны. Сярод іх нават ёсць ветэран, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які 3 ліпеня 1944 года адным з першых уехаў на танку ў Мінск падчас вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойныя людзі тут жывуць у годных умовах, ім прада­стаўляецца жыллё, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне.

 — Жыхары дома-інтэрната добра забяспечваюцца дзяржавай, — расказвае Алена Міхайлаўна Варывончык, дырэктар дома-інтэрната “Світанак”, — але, акрамя матэрыяльных рэчаў што­дзённага камфорту, ім патрэбны ўвага, клопат, дабрыня і пазітыўныя эмоцыі. Таму яны вельмі рады гасцям і асабліва дзецям.

І сапраўды шчырай радасцю была напоўнена зала, дзе сабраліся ветэраны для сустрэчы з юнымі гасцямі. Выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выступалі тут упершыню і адчувалі вялікую адказ­насць.

— Гэта будзе самае душэўнае выступленне, па-дамашняму цёплае. І я рада, што магу павіншаваць са святамі лю­дзей, якія так многа для нас зрабілі, нашых ветэранаў, — гаворыць Ліза Акуліч, выхаванка НЦМТДіМ.

Сваю творчасць ветэранам дарылі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, харэаграфічны ансамбль “Смайлікі”, ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне”, выхаванцы аддзялення эстраднага вакалу і тэатра юнацкай творчасці. Праграма атрымалася разнастайнай, а завяршылі яе віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі НЦМТДіМ.

— Мне вельмі спадабалася, я люблю канцэрты, творчыя выступленні, сама некалі выступала ў самадзейных калектывах, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Рыгораўна Жыранчук, жыхарка дома-інтэрната. — А выступленні дзяцей люблю больш за іншыя, бо яны асаблівыя, шчырыя. Мы ўсе вельмі ўдзячны, што дзеці зрабілі нам такі падарунак, і што наогул не забываюць нас.

Педагогі НЦМТДіМ адзначаюць, што такія мерапрыемствы — гэта не проста добрая справа, але і выхаваўчая работа. Дзеці вучацца павазе да старэйшых, разумеюць значнасць дабрачыннасці і каштоўнасць добразычлівых чалавечых зносін. Верагодна, гэтая навагодняя акцыя стане пачаткам узаемадзеяння паміж домам-інтэрнатам “Світанак” і НЦМТДіМ, аб наступнай сустрэчы, 23 лютага, дзеці з ветэранамі ўжо дамовіліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Усё робіцца дзеля людзей

Сродкі на падтрымку старых і дзяцей павінны расходавацца максімальна эфектыўна. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў, наведваючы ў Стаўбцоўскім раёне Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

Прэзідэнту, у прыватнасці, далажылі аб развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у рэспубліцы, розных формах работы ў гэтай сферы. “Вядома, добра, што ёсць розныя формы падтрымкі старых людзей. Але трэба падумаць над тым, каб неяк сістэматызаваць тое, што ёсць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Малашкі.

“Дзяржава павінна падтрымліваць старых і дзяцей. Гэтым і вызначаецца сацыяльная дзяржава. Але ў гэтым плане павінна быць аптымальная сістэма і структура, каб больш сродкаў ішло непасрэдна на старых і дзяцей”, — заявіў беларускі лідар.

Бізнес у Беларусі павінен больш актыўна ўдзельнічаць у дабрачыннасці і падтрымцы старых і дзяцей, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, у гэтым пытанні ёсць станоўчы замежны вопыт. Ён даручыў прапрацаваць адпаведныя напрамкі і ў Беларусі. “Калі ты багаты чалавек, калі ў цябе мінімум мільён долараў у год даходу, чаму ты не можаш займацца гэтай дабрачыннасцю (зразумела, і падаткі заплаціў, і іншае), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Прадумайце гэтае пытанне. Можа, і абавязалаўкі нам не трэба ўводзіць. Проста папрасіць людзей, сарыентаваць іх на гэта, і людзі будуць пакрыху даваць гэтыя грошы. Самі ж будуць старымі. І не факт, што шмат грошай да такога ўзросту застанецца”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога старым і дзецям не павінна быць эпізадычнай, па нейкіх асобных падставах ці святах, а павінна праводзіцца на пастаяннай аснове. “Каб быў нейкі фонд. Аж да таго, што яны няхай самі кантралююць гэты фонд. Але трэба падумаць, як гэта зрабіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы, тлумачачы прычыны апошніх кадравых назначэнняў у кіраўніцтве Адміністрацыі прэзідэнта, якія сведчаць аб упоры на сацыяльны блок, падкрэсліў: “У любой дзяржаве, а мы дэкларуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву, дзяржаву для народа, галоўнае — гэта людзі. Усе гэтыя, як я часта кажу, гайкі, балты, эканоміка тады нечага каштуюць, калі гэта робіцца дзеля людзей. Калі робіцца не для людзей, то не патрэбна і такая эканоміка, і не трэба такая дзяржава народу. Таму ўсё дзеля людзей”.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што і ў далейшым сацыяльным пытанням у краіне будзе ўдзяляцца самая пільная ўвага.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, адказваючы на пытанне журналістаў, ці ёсць падарунак, які марыць атрымаць кіраўнік дзяржавы, адказаў: “Так, ёсць — гэта $500 у сярэднім (сярэдняя зарплата па краіне. — Заўв. БелТА.). Гэта быў бы для мяне падарунак, я аб гэтым мару”.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што для дасягнення названай мэты трэба прыкласці каласальныя, неймаверныя намаганні.

“Хто ў гэта не верыць — мне шкада. Хто павінен гэта зрабіць, але не хоча, — з імі мы расстанемся. Чаго б нам гэта ні каштавала, мы будзем ісці да такой мэты”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У кіраўніка дзяржавы таксама пацікавіліся, якая падзея ў насычаным 2016 годзе аказала або акажа на краіну найбольшы ўплыў. “Самай галоўнай падзеяй стала тое, што ліхалецце і няшчасці мінулі нашу краіну”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў у якасці важнай падзеі той факт, што ў Беларусі ў 2016 годзе нарадзілася больш дзяцей, чым у папярэднія гады суверэннай гісторыі краіны. “І мы перавысілі ўжо смяротнасць. Значыць, мы прыбаўляем”, — адзначыў прэзідэнт.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.

Памяць пра герояў, памяць пра сябе

Напэўна, на зямлі ніколі не настане час, калі слова “салдат” будзе непатрэбным… На жаль, войны на планеце не спыняюцца. А шлях вайны заўсёды жудасны. Мы часта разважаем аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, успамінаем пра тыя страшныя дні, але не заўсёды памятаем аб тым, што была яшчэ адна вайна. Неаб’яўленая, трагічная, недарэчная і ў той жа час гераічная. І доўжылася яна ў два разы даўжэй, чым Вялікая Айчынная…

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення заўсёды з’яўлялася адной з найважнейшых задач сучаснай школы, бо дзяцінства і юнацтва — самы спрыяльны час, каб фарміраваць свяшчэннае пачуццё любові да Радзімы. У мінулым навучальным годзе прадстаўнік маладзёжнага парламента Наталля Скібіцкая, вучаніца 11 класа, актывісты БРСМ і БРПА разам з педагогам-арганізатарам распрацавалі праект пад назвай “Памятайце, праз гады, праз стагоддзі, памятайце!”. У раённым фестывалі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Новы погляд” праект заняў 1-е месца.

У ходзе рэалізацыі праекта прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, Саюза афіцэраў Узброеных Сіл, органаў пагранічнай службы, актывістаў БРСМ і БРПА, старшыня Вердаміцкага сельскага выканаўчага камітэта, дырэктар УСП “Саўгас “Вердамічы”, дырэктар школы і ўсе неабыякавыя да нашай гісторыі людзі прынялі ўдзел у закладцы алеі Памяці. Месца вызначалі і выбіралі разам. Перад пасадкай прайшоў урачысты мітынг-рэквіем. Затым на тэрыторыі школы, недалёка ад помніка воінам-аднавяскоўцам, дзе сабралася нямала людзей, была высаджана алея імянных дрэў воінаў-афганцаў, якія пражывалі ў нашым раёне. Каля кожнага дрэва ўстаноўлена памятная мемарыяльная шыльдачка.


У новым навучальным годзе аб’яднанне нашага інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра “Сучаснік” плануе рэалізаваць міні-праект “Подзвігу народа жыць у стагоддзях!”. У яго аснове ляжыць ідэя стварэння кнігі Памяці, своеасаблівага летапісу аграгарадка Вердамічы “Каб памяталі…”. Вучні з кожнага класа, дзякуючы супрацоўніцтву з сельскім клубам і бібліятэкай, раённым музеем, РДК, будуць збіраць інфармацыю аб сваіх родных і сваяках, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у розныя перыяды нашай гісторыі і сталі прыкладам мужнасці і гераізму для прадстаўнікоў сучаснага пакалення.

Ала СКІБІЦКАЯ,
бібліятэкар інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра “Сучаснік”
Вердаміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.

Векавы юбілей не за гарамі

Піянеры-шасцікласнікі Маларыцкай раённай гімназіі наведалі з педагогам-арганізатарам Вольгай Махнавец ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Фёдаравіча Сацюка, каб павіншаваць яго з 91-годдзем.

Летам 1942 года юнак стаў сувязным партызанскага атрада, якому было даручана збіраць звесткі пра нямецкі гарнізон, размешчаны ў Маларыце, рух цягнікоў на чыгуначным шляху Брэст — Ковель. Здабытую інфармацыю Фёдар штодзень насіў у лес, дзе ў патаемным месцы пакідаў яе ў гільзе ад снарада. Акрамя таго, хлопец распаўсюджваў лістоўкі са зводак Саўінфармбюро.
У жніўні 1944 года Фёдар Сацюк быў мабілізаваны ў армію, служыў у запасным палку пяхоты. Пазней яго накіравалі ў 1350-ы стралковы полк 234-й стралковай дывізіі І Беларускага фронту. У верасні 1944 года баец трапіў на перадавую ў складзе ўзвода аўтаматчыкаў. Фёдар Фёдаравіч фарсіраваў Віслу. Потым на яго шляху былі Познань і Одэр. У час бою, за тры месяцы да Перамогі, быў паранены ў жывот. 9 мая сустрэў у шпіталі ва Ульянаўску. Баявы шлях Ф.Ф.Сацюка адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Самымі важнымі з іх ён лічыць ордэн Айчыннай вайны І ступені і медаль “За адвагу”. Пасля заканчэння вайны Фёдар Фёдаравіч працаваў на розных пасадах, у тым ліку вартаўніком і рабочым у сярэдняй школе № 1 Маларыты.
Піянеры з раённай гімназіі некалькі разоў у год наведваюць ветэрана. Фёдар Фёдаравіч часта бывае ў навучальнай установе, дзе расказвае дзецям пра перажытае, гераізм, смеласць і мужнасць савецкіх салдат на полі бою і ў партызанскім атрадзе. Жыццёвы шлях Ф.Ф.Сацюка — добры прыклад для грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
Шасцікласнікі шчыра павіншавалі ветэрана вайны з 91-годдзем. Пажадалі дажыць да 100-гадовага юбілею, уручылі кветкі, пачыталі вершы, праспявалі песні і запрасілі на чарговую сустрэчу ў гімназію.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

Выпадак ля калодзежа

Ішоў 1943 год. Чэрвень выдаўся вельмі гарачым. Рэха вайны даходзіла да нашай глухой вёсачкі Пескаўцы, што на Гродзеншчыне. У наваколлі вёскі былі тры ваенныя аэрадромы: Лідскі, Шчучынскі і Жалудоцкі. Нам, дзецям вайны, было цікава назіраць за палётамі самалётаў. Часта мы былі сведкамі паветраных баёў. Адзін той летні дзень запомніўся на ўсё жыццё. І праз 70 гадоў я часта ўздрыгваю ў сне, бачу страшныя твары фашыстаў.

А здарылася вось што. З братам Антонам мы гулялі ў двары каля хаты з сабакам Бурусем. Мне было тады 4 гады, а брату 9. Непадалёк нашай хаты быў вялікі выган, дзе пасвіліся каровы вяскоўцаў. На гэтым выгане спыніліся немцы. Паставілі машыны з разгорнутымі антэнамі сувязі. І вось адтуль да нас у двор нечакана заехалі на матацыкле трое салдат. Адзін з іх гучна закрычаў: “Кіндэр, васэр!” Антон зразумеў, што немцам патрэбна вада. (За тры гады нямецкай акупацыі дзеці навучыліся разумець па-нямецку. Часта чуліся польская, руская і нямецкая мовы.)
У нашым двары быў глыбокі калодзеж з чыстай сцюдзёнай вадой. Немцы распрануліся да пояса, павесілі свае мундзіры на плот, пілоткі паклалі на зруб калодзежа. Брат выцягнуў вядро вады і выліў у карыта, што стаяла побач. Салдаты прымусілі яго вымыць карыта і напоўніць свежай вадой. Антону цяжка было насіць ваду, і адзін з немцаў таксама стаў насіць вёдры з вадой. Немцы гучна рагаталі і аблівалі адзін аднаго вадой. Нечакана пад’ехаў яшчэ адзін матацыкл, і адтуль закрычалі: “Алярм!” Немцы кінуліся спешна апранацца, і адзін з іх не мог знайсці сваю пілотку. Мы здагадаліся, што яна ўпала ў густую пякучую крапіву, што расла вакол калодзежа. Немец дастаў пісталет і пачаў крычаць на нас: “Кіндэр, кляйн швайне!” Мы з братам упалі на калені і паспрабавалі растлумачыць, што не бралі пілотку. А сабака стаў на заднія лапы, быццам таксама прасіў літасці. Немец накіраваў у наш бок пісталет і выстраліў. Куля праляцела міма. Сабака завішчэў і папоўз на жываце ў крапіву. Мы здранцвелі ў чаканні наступнага выстралу. Але раптам убачылі, што Бурусь выпаўзае з крапівы з пілоткай у зубах. Ён выратаваў нас ад гібелі. Немцы ўзялі пілотку і з рогатам паехалі.
Мы доўга абдымалі і цалавалі Буруся, які выратаваў нам жыццё. З таго часу сабака стаў для нашай сям’і найлепшым сябрам.

Станіслаў СКОРБ,
педагог, ветэран Узброеных Сіл СССР, ветэран працы.

Шэсцьдзясят са ста

Гэтага навукоўца ведаюць настаўнікі гісторыі і вучні школ. І хай нават завочна, па падручніках гісторыі Беларусі, аўтарам якіх ён з’яўляецца. Для студэнтаў гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка ён вядомы і як выкладчык іх роднай альма-матар. 

Так, размова пойдзе пра доктара гістарычных навук, прафесара, заслужанага работніка вышэйшай школы Беларускай ССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Віталя Міхайлавіча Фаміна, усё жыццё якога, як студэнцкае, так і прафесійнае, звязана з вышэйшай педагагічнай навучальнай установай. Менавіта 1954 год, калі ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт пасля 9 гадоў службы ў арміі, стаў лёсавызначальным. З гэтай пары ўсе 60 гадоў непарыўна звязаны з універсітэтам.
Падчас гутаркі з Віталем Міхайлавічам пра яго прафесійнае жыццё мы даведаліся, як пісаліся першыя падручнікі па гісторыі Беларусі і як зацікавіць студэнтаў гісторыяй.
Быў 1993 год. Саюзныя савецкія рэспублікі ўжо выйшлі са складу агульнай дзяржавы, таму займацца сваімі ўнутранымі справамі трэба было самастойна, не толькі пытаннямі эканомікі, але і адукацыі.
“Сваёй гістарычнай канцэпцыі ў нас не было, як і падручнікаў па гісторыі Беларусі”, — узгадвае тыя часы Віталь Міхайлавіч. Першыя падручнікі, як расказаў навуковец, былі больш падобнымі на лекцыі: толькі тэкст і заданні.
Кандыдацкую і доктарскую дысертацыі Віталь Міхайлавіч прысвяціў часу пасля Вялікай Айчыннай вайны, таму і нядзіўна, што ён стаў аўтарам параграфаў пра пасляваенны перыяд у гісторыі краіны аж да нашых дзён. Сама ж канцэпцыя падручнікаў распрацоўвалася ў калектыве аўтараў.
Апошняе перавыданне падручніка для адзінаццацікласнікаў з’явілася ў сярэдзіне мінулага навучальнага года. Звязана яно ў большай ступені з тым, што курс гісторыі стаў разлічаны з 5 па 11 клас. Узгадаем, што некаторы час гісторыю вывучалі да 9 класа, а потым ішло паўтарэнне. Спецыяльна падрыхтавана і хрэстаматыя для адзінаццацікласнікаў, дзе прадстаўлены важныя дакументы пасляваеннага перыяду.
Работа над падручнікамі ішла паралельна з працай ва ўніверсітэце. Менавіта з курса “Гісторыя ўсходніх славян” студэнты Віталя Міхайлавіча даведваюцца, што адбывалася з усходнімі славянамі з 1900 па 1917 год.
“Зацікавіць гісторыяй студэнтаў можна ў першую чаргу тым, што па большасці гістарычных пытанняў і падзей не існуе адзінага погляду. Пазіцыі, падыходы розных гісторыкаў — і замежных, і нашых — уяўляюць сабой цікавасць і для студэнтаў. Дзе тут ісціна?” — гаворыць Віталь Міхайлавіч. Сваім студэнтам нагадвае, што гістарычныя падзеі абавязкова павінны разглядацца з навуковых аб’ектыўных пазіцый, без іх ідэалагізацыі і палітызацыі.
Віталь Міхайлавіч Фамін 25 гадоў працаваў загадчыкам кафедры. Спачатку гэта была кафедра гісторыі СССР, а ўжо ў пачатку 90-х яна была перайменавана ў кафедру славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі. Прафесарам гэтай кафедры ён з’яўляецца і сёння. Адначасова амаль 10 гадоў працаваў галоўным рэдактарам ведамаснага зборніка “Пытанні гісторыі” на той час Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.
Віталь Міхайлавіч Фамін быў кіраўніком больш як 30 аспірантаў, якія абаранілі дысертацыі і атрымалі ступень кандыдата гістарычных навук. Для трох цяперашніх дактароў гістарычных навук быў навуковым кансультантам. Аспірантамі, магістрантамі і студэнтамі кіруе і сёння.
Такі ж шлях ад студэнта да доктара навук Віталь Міхайлавіч прайшоў і сам. Прафесійны шлях даўжынёй у 60 гадоў, які працягваецца зараз…

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Будзем жыць цяпер!..

З нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хочацца расказаць пра Ілью Трафімавіча Федаценку, ветэрана педагагічнай працы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ён часты госць нашай гімназіі, настаўнік геаграфіі, які вучыў калісьці сённяшніх педагогаў.

Ілья Трафімавіч нарадзіўся 25 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Галічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і, якая складалася з 16 чалавек. Ілья выдатна вучыўся ў школе. У 1943 годзе 17-гадоваму юнаку суседскі хлопчык прынёс позву, у якой было сказана, каб ён з’явіўся ў Клімавіцкі раённы ваенкамат для адпраўкі ў войска. Пры сабе неабходна было мець прадукты на 10 дзён.
— Я заплакаў, абняў маці. Зімой пайшоў пешшу з вёскі ў ваенкамат Клімавіч. Толькі праз два месяцы падрыхтоўкі мы пайшлі ў бой. Памятаю, выклікалі ўсіх байцоў і сказалі: “Заўтра ваш першы бой! Выступаем у шэсць раніцы”. Як і ўсе маладыя байцы, не спаў цэлую ноч, успомніў усіх: маці, родных, суседзяў, блізкіх. Ва ўсіх папрасіў прабачэння за тое, што, можа, чымсьці пакрыўдзіў. У думках праляцела ўсё жыццё.

У тым баі Ілья Трафімавіч быў паранены. Пры ўспамінах аб ваенных гадах ён ледзь стрымліваў слёзы, слёзы смутку, слёзы пакуты. У канцы вайны ветэран трапіў у Літву ў разведку для арганізацыі партызанскага руху.
— Апошні дзень вайны быў на беразе Балтыйскага мора. Мы даведаліся, што да мора да паромаў павінны прарывацца нямецкія танкі, каб потым трапіць у Швецыю і Нарвегію. Я стаяў тады ў каравуле вартавым. Бачу, ідзе бой. Тут жа па сігнале паведаміў дзяжурнаму, які чамусьці падбег да мяне і давай абдымаць за шыю і цалаваць, а затым гучна кажа: “Будзем жыць цяпер!” Усе ад радасці стралялі з кулямётаў, ракетніц, аўтаматаў. Калі я змяніўся, падышоў старшыня і кажа: “Сталы рабіце, святкаваць будзем!” У гэты час ішлі нямецкія танкі, далі нам бой. Мы думалі, што ўсе загінем, але нашы самалёты наляцелі і гэтыя паромы патапілі. Аднак нашых 56 чалавек загінула! Калі селі за стол, ніхто не хацеў ні піць, ні есці, бо побач жа магіла, пайшлі да яе. Паплакалі… Рэдка плакалі… Шкада, што яны загінулі за дзень да перамогі.

Падчас аповеду пра гэтыя падзеі ў Ільі Трафімавіча задрыжаў голас. Яму было вельмі складана працягваць аповед. Я зірнула на дзяцей. У іх вачах стаялі слёзы.
— Пасля вайны мяне камісавалі, і я вярнуўся ў родную вёску. Памятаю, прайшоў лясок, падымаюся на гару, а там дванаццаць двароў, заплакаў ад радасці, што ўбачыў іх праз чатыры з паловай гады. Каля дамоў жанчыны пачалі абмяркоўваюць, чый ідзе, бо я ў форме, узмужнелы. На мяне і пахаванкі прыходзілі. А я ішоў па сцежцы, потым звярнуў да нашага дома. Маці бегла насустрач праз бульбу, спатыкалася, падала… Прыйшоў я хворы, што рабіць буду? Трэба ж вучыцца. Неяк іду па вёсцы Тутароўка, бачу ў канаўцы ляжыць газетка “Камуна раённая”. Дастаю, чытаю, што ў Крычаве адкрываюцца курсы для настаўнікаў пачатковых класаў, з указаннем экзаменаў, якія неабходна здаваць. А ў мяне даведка ляжыць аб заканчэнні васьмі класаў. Даведачку дастаў, заяву напісаў і пешшу панёс у Крычаў.
Так Ілья Трафімавіч стаў вучыцца на працягу 5 гадоў на курсах (лічылася як вучылішча).
— Неяк сустракаю сябра, які вучыўся са мной у педвучылішчы, а ён мне кажа, што нашы хлопцы ўжо ў інстытуце вучацца. Я сабраў дакументы і паехаў у Магілёў паступаць завочна ў інстытут на геаграфічны факультэт. Пасля заканчэння выкладаў геаграфію, адзін год працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, потым прапанавалі пайсці дырэктарам у родную Галіцкую школу. Доўга сумняваўся, баяўся, што падвяду сваіх настаўнікаў. Згоды не даў і на гэтае месца назначылі іншага чалавека. Праз два месяцы быў прызначаны дырэктарам школы. На гэтай пасадзе працаваў 10 гадоў да пенсіі…

 

Ларыса ТРОШЫНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Клімавіч Магілёўскай вобласці.