Атуліць клопатам, любоўю і творчасцю

Выхавальнік дзіцячага сада — гэта спецыяліст, які проста працуе з маленькімі дзецьмі, ці чалавек, здольны ператварыць штодзённыя заняткі ў казку для малышоў? Выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна Вольга Уладзіміраўна Кургун, нібы добрая фея, атуляе дзяцей клопатам, любоўю і творчасцю. Сваю работу яна параўноўвае з працай скульптара. Ствараючы творы мастацтва, скульптар ажыўляе бясформенны матэрыял, надзяляе яго непаўторнымі рысамі. Так і педагог у кожным маленькім чалавечку разглядае асобу са сваім характарам, з добрымі і чыстымі памкненнямі.

Ужо ў старшых класах Вольга Ула­дзіміраўна дакладна ведала, што бу­дзе займацца выхаваннем маленькіх дзяцей. Яна паспяхова скончыла Гродзен­скае педагагічнае вучылішча, затым факультэт дашкольнай педагогікі і псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, а ўжо на практыцы ў дашкольнай установе канчаткова ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар.

Здольнасці і ўменні, а таксама склад характару Вольгі Уладзіміраўны вельмі падыходзяць для таго, каб рэалізоўваць сябе ў прафесіі выхавальніка дзіцячага сада. В.У.Кургун — сертыфікаваны карыстальнік інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, яна ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму за плённую працу ў сістэме адукацыі і асаблівыя дасягненні ў педагагічнай дзейнасці. У гэтым годзе педагог прымала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Новыя імёны Беларусі”.

Вольга Уладзіміраўна працуе ў групе для дзяцей з парушэннем маўлення, дзе методыка работы своеасаблівая. Заняткі праводзяцца на аснове прамога навучальнага ўздзеяння, з выкарыстаннем наглядна-дзейснага падыходу. Для больш лёгкага засваення дзецьмі ведаў педагог прымяняе дыдактычныя гульні. Па ходзе заняткаў віды дзейнасці мяняюцца. Як адзначае педагог, падчас гульняў дзеці вучацца выконваць не толькі асобныя дзеянні або ланцужок дзеянняў, яны імкнуцца да развіцця больш складаных і разнастайных сюжэтаў. Гэта надз­вычай важна для дзяцей з цяжкімі формамі парушэння маўлення, схільных да заштампаванасці дзеянняў, чые інтарэсы ў гульнях няўстойлівыя. Вольга Уладзіміраўна не толькі арганізоўвае гульні ці мадэлюе гульнявыя сітуацыі, але і сама прымае ў іх ­удзел. Многія дыдактычная гульні выхавальніца прыдумляе сама: “Часткі цела чалавека”, “Небяспека дома і на вуліцы”, “Агародніна і садавіна”, “Хатка для жывёл”, “Лесвіца здароўя”, “Куфар лялькі Машы”. Кожны куток у яе групе прыгожы і ўтульны, аформлены ўмелымі рукамі Вольгі Ула­дзіміраўны.

У вольны час педагог не сядзіць на месцы: яна гатуе, вяжа, вышывае прыгожыя карціны. Нават стварыла цэлую калекцыю аўтарскіх работ. Спакой і душэўную раўнавагу выпраменьваюць яе работы “Рукі ма­­літвы”, “Маці”, “Погляд анёла”. Свой узнёслы настрой В.У.Кургун перадала і праз яркія карціны “Сланечнікі”, “Цюльпаны”. Прыгожай вышыўкай Вольга Уладзіміраўна аздаб­ляе сумкі, кошыкі для касметыкі і іншыя аксесуары. Святочны стол для гасцей яна заўсёды ўпрыгожвае сурвэткамі, абрусамі, падстаўкамі ўласнага вырабу.

Вольга Уладзіміраўна арганізоўвае асабістыя выставы творчасці, якія прысвячае вялікім хрысціянскім святам, грамад­скім падзеям: “Пад покрывам маці”, “Анёл у тваім сэрцы”, “Вялікдзень”. Яе творы ўпрыгожвалі залы Міністэрства адукацыі на выставе “Аўтограф Гродзеншчыны”.

Праяўляць творчыя задаткі педагог дапамагае і сваім выхаванцам, вучыць іх май­страваць цікавыя вырабы ў розных тэхніках. Часта да творчых спраў дзяцей далучаюцца іх бацькі. Вынікам такіх сумесных намаганняў становяцца выставы творчасці “Восеньскі кірмаш”, “Прыгожая ёлачка сваімі рукамі”, “Паштоўка да Дня інвалідаў”, “Парад снегавікоў”, “Калядныя ўпрыгажэнні”, “Пісанкі” і інш.

Сумесная дзейнасць педагога, дзяцей і бацькоў, на думку Вольгі Кургун, са­дзейнічае фарміраванню ў малышоў больш аб’ектыўнай самаацэнкі, усведамленню ўласных магчымасцей, пераадоленню няўпэўненасці ці, наадварот, завышанай сама­ацэнкі. Вольга Уладзіміраўна адзначае таксама станоўчы ўплыў сумесных творчых заняткаў на выхаванне ў дзяцей актыўнасці, самастойнасці, ініцыятыўнасці, пачуцця абавязку і адказнасці.

Акрамя таго, што Вольга Уладзіміраўна — паспяховы педагог, яна яшчэ і маці трох дачок, мае вялікую дружную сям’ю, а гэта сапраўднае шчасце для кожнай жанчыны.

Вольга КЛІМ,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна.