Вучань года

У новы год у новым званні ўвайшлі 20 навучэнцаў устаноў адукацыі Міншчыны. Хлопцам і дзяўчатам, якія асабліва праявілі сябе ў мінулым годзе, было прысвоена ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2016”. Урачыстая цырымонія ўшанавання прайшла ў ЦТДіМ Салігорскага раёна.

— Другі год запар мы праводзім гэты конкурс, каб убачыць дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, навуцы, спорце і грамадскай дзейнасці. На шчасце, такіх на Міншчыне мноства, — вітала вучняў года Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Насіць званне “Вучань года” — гэта вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Упэўнена, вы станеце сапраўднымі прафесіяналамі і сваімі працоўнымі поспехамі будзеце праслаўляць свой раён, нашу вобласць і нашу любімую краіну.

Ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2016” было прысуджана ў пяці намінацыях. Так, у кірунку “Адукацыйная дзейнасць” былі ўзнагароджаны дыпламанты інтэлектуальных спаборніцтваў. Як, напрыклад, Ілья Волах, навучэнец Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Ілья мае дыплом II ступені IX Міжнароднай маладзёжнай НПК “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”; дыплом I ступені VI Сувораўскіх чытанняў “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гераізм, трагедыя, памяць”. Таксама хлопец узнагароджаны медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства” Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў.

А дасягненні Лізаветы Няборскай, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 2 Мар’інай Горкі, найбольш праявіліся ў творчасці. 12-гадовая дзяўчынка сваімі спевамі скарыла не адно строгае журы. Ліза ўдзельніца тэлевізійных праектаў і шматразовая прызёрка міжнародных вакальных конкурсаў. Ліза і такія ж творчыя і мэтанакіраваныя вучні атрымалі ганаровае званне “Вучань года” ў кірунку “Творчая дзейнасць”.

Інавацыйная, навуковая, даследчая дзейнасць патрабуе вялікай колькасці часу і надзвычай сур’ёзнага падыходу. Менавіта такія — працавітыя, старанныя і сур’ёзныя — сталі “Вучнем года” ў кірунку “Інавацыйная дзейнасць”. Як, напрыклад, Уладзіслаў Майсеенка, навучэнец Уздзенскай раённай гімназіі, распрацоўшчык турыстычна-краязнаўчых праектаў, дыпламант І ступені ХХII Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага ў Маскве, лаўрэат ІХ Міжнароднай маладзёжнай НПК “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Уладзіслаў з 7 класа марыць стаць урачом і зараз штодзень займаецца біялогіяй і хіміяй па 5 гадзін.

У школьнікаў хапае часу не толькі на вучобу, але і на добрыя справы. Так, Ксенія Асомчык, навучэнка гімназіі № 1 Старых Дарог, не толькі добра вучыцца, але і з’яўляецца членам валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Ксенія стала вучнем года ў кірунку “Грамадская дзейнасць”. Былі сярод узнагароджаных і спартсмены, як, напрыклад, суднамадэліст Ілья Роліч, навучэнец Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна. Ілья не раз станавіўся прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і быў узнагароджаны ў кірунку “Спартыўная дзейнасць”.

Лепшыя вучні 2016 года ўжо зараз ставяць перад сабой новыя мэты, каб абавязкова дасягнуць іх у новым
2017 годзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.