Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА: “Пры падрыхтоўцы ВМК важна выкарыстоўваць вопыт педагогаў-практыкаў”

Напярэдадні Новага года ў сталіцы прайшоў фестываль вучэбнай кнігі, які быў прысвечаны Году культуры і падвёў вынікі работы ў вучэбным кнігавыданні за каляндарны год. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Нацыянальны інстытут адукацыі пры садзейнічанні Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. У фестывалі прынялі ўдзел педагогі-практыкі з усіх рэгіёнаў нашай краіны, метадысты, прадстаўнікі рэгіянальных ІРА, АПА, спецыялісты НІА, выдаўцы.

Першы дзень фестывалю быў арганізаваны на базе Ліцэя БДУ. Тут прайшла выстава вучэбных выданняў, на якой былі прадстаўлены ўсе дапаможнікі па ўсіх прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама выданні для дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. У межах выставы былі арганізаваны кансультацыі з аўтарамі-распрацоўшчыкамі вучэбна-метадычных комплексаў. Педагогі змаглі задаць аўтарам пытанні наконт выкарыстання вучэбных дапаможнікаў, атрымаць дадатковую інфармацыю.

У актавай зале ліцэя прайшло пленарнае пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Міністр адукацыі І.В.Карпенка запрасіў удзельнікаў фестывалю да канструктыўнага цікавага дыя­логу, які дазволіў бы вывесці вучэбна-метадычныя комплексы на новы якасны ўзровень і ўкараніць іх у штодзённую практыку.

— Калі б у той перыяд, калі мы вучыліся ў педагагічным інстытуце, нам былі прадастаўлены такія шырокія вучэбна-метадычныя магчымасці, мы былі б самымі шчаслівымі настаўнікамі ў жыцці, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выставы Ігар Васільевіч. — Педагогам сёння не даводзіцца вынаходзіць веласіпед пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Яны ўсім для гэтага забяспечаны.

Прыцягненне педагогаў-практыкаў да стварэння новых падручнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў І.В.Карпенка лі­чыць ключавым момантам і перадумовай таго, што падручнік будзе станоўча ацэнены ўсімі: і прафесіяналамі, і вучнямі, і іх бацькамі.

— Важна, каб пры падрыхтоўцы ВМК мы выкарыстоўвалі той пазітыўны вопыт, тыя напрацоўкі настаўнікаў-практыкаў, асабліва настаўнікаў-метадыстаў, педагогаў з вялікім прафесійным стажам, тых людзей, якія непасрэдна заходзяць у клас, — лічыць міністр адукацыі. — Падручнік павінен суадносіцца з нашай дзяржаўнасцю, быць вытрыманым з пункту гледжання навуковасці, быць звязаным з тымі метадычнымі напрацоўкамі, якія ёсць у сістэме адукацыі. Калі мы гэта ўмела зможам злучыць, то тады, мабыць, зможам гаварыць аб высокай якасці вучэбна-метадычнай літаратуры.

На думку І.В.Карпенкі, наша школа недапрацоўвае ў рабоце з бацькамі: яны праецыруюць сваё ўспрыманне школы і падручнікаў, па якіх вучыліся, на тое, што мы маем сёння. І калі не знаходзяць у падручніках таго, што было там раней, пачынаюць іх крытыкаваць. Але ўмовы жыцця мяняюцца, мяняюцца сучасныя дзеці, развіваецца навука, у тым ліку педагагічная, удасканальваюцца тэхналогіі навучання.

— Калі мы будзем прысвячаць бацькоўскія сходы не толькі пытанням умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу, то, упэўнены, атрымаем добрых саюзнікаў у плане ацэнкі той вялікай метадычнай работы, якую здзейснілі ўсе нашы структуры, аўтарскія калектывы і наватары-практыкі, — дадаў Ігар Васільевіч.

Як лічыць міністр, наяўнасць самага сучаснага вучэбна-метадычнага комплексу зусім не гарантуе чаканага эфекту, калі асобасныя і прафесійныя якасці настаўніка не дазваляюць яму стварыць цікавы ўрок. “Уся наша работа будзе дарэмнай, калі мы не будзем клапаціцца пра павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічнага складу. Прычым мы павінны думаць не толькі пра кадры для агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і пра кадры для вышэйшай школы. Праблема стварэння якасных падручнікаў патрабуе грамадскага абмеркавання і сур’ёзнага паглыблення ў праблематыку для таго, каб удасканаліць змест адукацыі ў цэлым”, — падкрэсліў І.В.Карпенка.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік расказаў аб комплексным навукова-метадычным забеспячэнні агульнай сярэдняй адукацыі. У 2015 годзе распрацаваны яе абноўлены змест, які рэалізоўвае прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на ІІ ступені і профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

— Абноўлены змест адукацыі дазволіць найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, ствараючы ім у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі неабходныя ўмовы для навучання і працягу адукацыі, — упэўнены Сяргей Аляксандравіч.

На аснове распрацаваных канцэпцый вучэбных прадметаў ствараліся абноўленыя вучэбныя праграмы, каляндарна-тэматычнае планаванне. У цяперашні час абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны прайшлі працэдуры экспертызы і грамадскага абмеркавання. Да найбольш істотных змяненняў у праграмах можна аднесці павышэнне практыка-арыентаванасці зместу адукацыі, пераемнасць і ўзмацненне міжпрадметных сувязей, выключэнне дубліравання аднаго і таго ж матэрыялу ў праграмах па сумежных прадметах (так, вучэбныя праграмы па фізіцы праходзілі абмеркаванне на секцыі матэматыкі, а праграмы па матэматыцы абмяркоўваліся на секцыях фізікі, хіміі і інфарматыкі), выключэнне складанай тэрміналогіі, змяншэнне аб’ёму тэарэтычнага матэрыялу, частка якога перанесена на практычны ўзровень засваення. Таксама аптымізавана даступнасць вучэбнага матэрыялу (аб’ём вучэбнага матэрыялу прыведзены ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, што адводзяцца на яго вывучэнне, а таксама з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі навучэнцаў). Акрамя таго, сфарміраваны адносна завершаны змест вучэбных праграм 5—9 класаў, ажыццёўлена неабходнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж ІІ і ІІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі; у праграмах для 10—11 класаў змест адукацыі прадстаўлены на базавым і павышаным узроўнях.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі рэспублікі выкарыстоўваюцца абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—2, 5—6, 10—11 класаў. Прычым у 10—11 класах пакуль дзейнічаюць пераходныя вучэбныя праграмы базавага і павышанага ўзроўняў. Цалкам абноўлены цыкл вучэбных праграм з 1 па 11 клас будзе укаранёны да 2021/2022 навучальнага года.

Працэс падрыхтоўкі і стварэння сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў шматбаковы і творчы. У ім удзельнічаюць вучоныя, метадысты, настаўнікі-практыкі, выдаўцы. Галоўная роля ў гэтым працэсе, несумненна, адводзіцца аўтарам.

— З 1 верасня 2015 года Нацыянальны інстытут адукацыі арганізаваў і правёў конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1—3 і для 5—7 класаў, — расказаў С.А.Важнік. — Па 18 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, яшчэ па 18 — калектывы дзеючых падручнікаў і па 10 — калектывы, у якіх аўтары дзеючых падручнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі. Асабліва хацелася б адзначыць актыўнасць у стварэнні новых падручнікаў настаўнікаў-практыкаў з Оршы. Сярод пераможцаў конкурсу 49 працэнтаў — выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, вучоныя акадэміі навук, 23 працэнты — настаўнікі-практыкі, 15 — навуковыя супрацоўнікі НІА, 135 — метадысты. Настаўнікі-практыкі сталі пераможцамі конкурсу на стварэнне 4 вучэбных дапаможнікаў. Сярод іх — Валерый Дзмітрыевіч Герасімаў (“Матэматыка”, 5 клас), Наталля Анатольеўна Міхновіч (“Беларуская літаратура”, 7 клас), Мікалай Васільевіч Жуковіч (“Літаратурнае чытанне”, 2 і 3 клас).

Летась у Нацыянальным інстытуце адукацыі ўпершыню была распрацавана і зацверджана канцэпцыя базавага падручніка. Як адзначыў С.А.Важнік, сярод асаблівасцей базавага падручніка — больш даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу, практыка-арыентаванасць і ярка выяўленая дзейсная накіраванасць (прапанавана сістэма заданняў, у якіх патрабуецца аналізаваць сітуацыю, выяўляць праблему, прымяняць засвоеныя веды, уменні і навыкі для вырашэння пастаўленай задачы), розныя формы падачы вучэбнай інфармацыі, больш дасканалы дызайн. Базавы падручнік змяшчае навігацыйны апарат, які арыентуе навучэнцаў у пошуку вучэбных матэрыялаў, што дазволяць пашырыць і паглыбіць веды па прадмеце, замацаваць навыкі. Плануецца, што да базавага падручніка будуць распрацоўвацца дадаткі на друкаванай аснове і электронныя кампаненты.

У 2016/2017 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будзе выкарыстоўвацца 8 вучэбных дапаможнікаў, створаных у адпаведнасці з канцэпцыяй базавага падручніка. Сярод іх — “Сусветная гісторыя” (8 клас), “Гісторыя Беларусі” (6 клас), “Геаграфія” (6 клас) і інш.

У 2015 годзе ў НІА была распрацавана інавацыйная мадэль падручніка-навігатара для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама створаны ўзор падручніка-навігатара па арганічнай хіміі для 10 класа. Электронны падручнік-навігатар аб’ядноўвае тэкставы матэрыял, відэафрагменты эксперыментаў, інтэрактыўныя пытанні, спасылкі на знешнія рэсурсы. Асаблівасцямі такога вучэбнага выдання з’яўляюцца мультымедыйнасць кантэнту, інтэрактыўнасць, магчымасць выкарыстання на розных тыпах электронных прылад. Падручнік выконвае функцыю навігацыі па ўсіх кампанентах вучэбна-метадычнага комплексу. Гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дазваляе хутка перайсці да неабходнага раздзела параграфа, слоўніка або тэкставых заданняў. Пры неабходнасці можна выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад, на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял).

Падручнік-навігатар размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. У 2017 годзе плануецца распрацоўка падручнікаў-навігатараў па іншых прадметах (“Чалавек і свет” (5 клас), “Мастацтва” (5 клас), “Хімія” (11 клас).

Сёння на нацыянальным адукацыйным партале даступны для бясплатнага спампоўвання 427 найменняў вучэбных выданняў. Там жа прадстаўлена і каля 200 электронных вучэбных курсаў, створаных у НІА па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Кожны курс уключае тры буйныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, слоўнікі, хрэстаматыі і іншага кшталту даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэставымі заданнямі, а інтэрактыўны — віртуальнымі вучэбнымі лабараторыямі, дыдактычнымі гульнямі, камп’ютарнымі мадэлямі, якія дазва­ляюць візуалізаваць аб’екты, што вывучаюцца.

Сяргей Важнік расказаў і аб перспектыўных напрамках развіцця і ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Міністэрствам адукацыі да 2020 года запланавана выданне 299 найменняў падручнікаў, з іх 185 — гэта абсалютна новыя выданні. У межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Якасць адукацыі” ў НІА распрацоўваюцца дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, метадычныя рэкамендацыі па дапрофільнай падрыхтоўцы навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і профільным навучанні на ІІІ ступені. Гэтыя матэрыялы распрацоўваюцца з улікам патрабаванняў міжнародных і рэгіянальных праграм ацэнкі якасці адукацыі, узроўню адукацыйных дасягненняў, інтэграваных якасцей асобы і жыццёвых кампетэнцый навучэнцаў (PIRLS, TIMSS, PISA). Акрамя гэтага, па заданнях дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” інстытут распрацоўвае навукова-метадычнае забеспячэнне развіцця нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў кантэксце міжнародных падыходаў да ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў.

Нацыянальны інстытут адукацыі таксама будзе працягваць практыку правядзення вучэбных семінараў (выязных, вочных і дыстанцыйных), анлайн-кансультацый з удзе­лам распрацоўшчыкаў кампанентаў ВМК, аўтараў вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікў. А лагічным завяршэннем гэтых мерапрыемстваў будзе фестываль вучэбнай кнігі, які, як спадзяюцца арганізатары, стане традыцыйным. Таксама плануецца і далей праводзіць творчыя конкурсы, віктарыны, інтэрнэт-алімпіяды, накіраваныя на развіццё матывацыі дзяцей да вучобы, навыкаў даследчай і праектнай работы.

***

У другой палове дня ў ліцэі прайшлі майстар-класы па ўсіх вучэбных прадметах. Тэматыка майстар-класаў уключала ўсе аспекты выкарыстання вучэбна-метадычных комплексаў у адукацыйным працэсе.

Другі дзень фестывалю быў арганізаваны на базе Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка. Навучэнцы гэтай установы прадставілі гасцям святочную праграму. У гэты ж дзень адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу творчых работ па вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіўся НІА з 28 лістапада па 18 снежня для вучняў 9—11 класаў. Затым аўтары вучэбных дапаможнікаў, прадстаўнікі выдавецтваў вучэбнай літаратуры, супрацоўнікі НІА сабраліся за круглым сталом па тэме “Сучасны школьны падручнік” для абмеркавання сённяшняга стану вучэбнага кнігавыдання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта Міністэрства адукацыі.

Узнагарода за талент

У мінулы чацвер былі ўрачыста падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, які праводзіўся Міністэрствам адукацыі, рэспубліканскімі цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.

На працягу трох дзён пераможцы і лаўрэаты рэгіянальных этапаў конкурсу знаёмілі калег і журы з асаблівасцямі сваёй работы. Для выяўлення лепшага з лепшых канкурсантам, якія прадстаўлялі мастацкі, тэхнічны, спартыўны, турыстычна-краязнаўчы, эколага-біялагічны профілі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, неабходна было прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, паведаміць пра жыццёвае і творчае крэда падчас самапрэзентацыі, абараніць адукацыйны метадычны комплекс, правесці адкрытыя заняткі і, безумоўна, адказаць на дадатковыя пытанні журы.

Ганаровае права аб’явіць лаўрэатаў і пераможцу конкурсу было дадзена намесніку міністра адукацыі Віктару Віктаравічу Якжыку. “Паважаныя сябры, шчыра ўдзячны вам за высокую арганізацыю і правядзенне конкурсу. Шчыльнасць вынікаў пацвярджае высокую якасць вашай работы і сведчыць пра тое, што конкурсны рух па вызначэнні лепшых педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі трэба працягваць. Вы героі не толькі ў Гомельскай вобласці, дзе гэты год аб’яўлены Годам дадатковай адукацыі, але і ўсёй краіны. Вашу працу ацэньвае як дзяржава, так і навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах, іх бацькі. Павага да педагога дадатковай адукацыі сведчыць пра тое, што айчынная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца важнай часткай беларускай сістэмы адукацыі, яе дасягненнем”, — адзначыў Віктар Віктаравіч.

— Члены журы суперажывалі вам, убачылі высокі ўзровень вашай тэарэтычнай падрыхтоўкі, метадычнае майстэрства, уменне працаваць з вучнямі, перадаваць свой вопыт, зацікаўліваць незнаёмую аўдыторыю. Было няпроста падводзіць вынікі конкурсу, таму што слабых самапрэзентацый, адкрытых заняткаў, адказаў не было зусім. Былі добрыя, вельмі добрыя і вельмі-вельмі добрыя. Адрозніваліся яны ў 1—2, а то і дзясятыя долі бала, — адзначыла старшыня журы начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталля Канстанцінаўна Катовіч.

Па выніках конкурсу дыплом лаўрэата ІІІ ступені атрымаў кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Пошук” Нараўлянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Васіль Васільевіч Чайка. Лаўрэатамі ІІ ступені сталі кіраўнік студыі журналістыкі “МЕДЫЯМІКС” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Пятроўна Сляпцова і кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Каларыт” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Алена Алегаўна Рашэцька. Дыплома лаўрэата І ступені ўдастоены кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Айкідо” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Ленінскага раёна Мінска Максім Валер’евіч Калтыгін. Пераможцам конкурсу прызнаны кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сяргей Яўгеньевіч Вераціла.

“Мы вас выдатна ведаем, бо вы ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў, праектаў. У гэтыя дні вы паказалі сябе па-новаму. Усё было настолькі ярка, настолькі цікава, настолькі дынамічна, што мы ўсе адчуваем гонар за нашу сістэму дадатковай адукацыі”, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка. А вось дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч прызналася, што шкадуе толькі аб адным: пераможцамі нельга прызнаць усіх 21 фіналіста конкурсу. “Дзякуючы вашай працы, айчынная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі актыўна развіваецца”, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко.

Кожны фіналіст у адпаведнасці з кірункам работы, які ён прадстаўляў, атрымаў ад кіраўнікоў рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі памятныя падарункі. А самым галоўным падарункам, які дораць канкурсанты нашым дзецям, з’яўляюцца крылы таленту. Яны і сталі своеасаблівым сімвалам конкурсу. Пра тых, хто дорыць гэтыя крылы, пра лаўрэатаў і пераможцу конкурсу больш падрабязна чытайце ў суботнім дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Поспех — ва ўзаемадзеянні

Падвядзенне вынікаў рэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося ў Магілёве.

У Магілёўскай вобласці 42 установы дадатковай адукацыі, і ва ўсіх для наведвальнікаў пастараліся арганізаваць нешта арыгінальнае і цікавае. Акцэнт у рэкламнай кампаніі быў зроблены на інфармаванне навучэнцаў, бацькоўскай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых структур аб адукацыйных магчымасцях аб’яднанняў па інтарэсах.

Да прэзентацыі сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы падышлі вельмі творча. У кожнай навучальнай установе распрацавалі свае мерапрыемствы: фестывалі, майстар-класы, экскурсіі, круглыя сталы, выставы, кірмашы, конкурсы, спартыўныя святы, забаўляльныя праграмы. Так, у Касцюковіцкім цэнтры турызму і экскурсій дзяцей і моладзі прайшоў конкурс-падарожжа па родным краі. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва арганізавалі велапрабег па гістарычных мясцінах горада. Знамянальнай падзеяй у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска быў пленэр юных мастакоў, а ў Цэнтры дзіцячай творчасці “Прамень” Шклова — сапраўдны арт-кірмаш.

Заключным акордам акцыі стаў маштабны вернісаж талентаў і творчых ідэй. На імправізаванай выставе дэлегацыі з усёй краіны маглі азнаёміцца з напрамкамі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці. На набярэжнай ракі Дубравенкі былі прадстаўлены фізкультурна-спартыўныя, эколага-біялагічныя, дэкаратыўна-прыкладныя, турыстычна-краязнаўчыя, тэхнічныя, мастацкія аб’яднанні па інтарэсах. У гарадской ратушы прысутныя азнаёміліся з культурна-гістарычным адукацыйным патэнцыялам, а ў абласным Цэнтры творчасці ім быў прадэманстраваны музычна-тэатралізаваны паказ.

— У Магілёве арганізавалі сапраўднае свята дадатковай адукацыі. На высокім узроўні прадстаўлены ўсе кірункі дзейнасці. Майстэрства і ідэі магілёўскіх педагогаў заслугоўваюць увагі, многае можна ўзяць на заметку для далейшага выкарыстання ў сваёй рабоце, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская.

— Па кожным профілі дадатковай адукацыі можна было ўбачыць пэўныя дасягненні. Асабліва здзівілі прадстаўнікі турыстычна-краязнаўчага напрамку. У вобласці працуюць вопытныя, таленавітыя, крэатыўныя педагогі. Напэўна, менавіта гэта дазваляе дасягаць высокіх вынікаў у занятасці і развіцці талентаў дзяцей, — выказала меркаванне дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч.

Абмеркаванне развіцця сістэмы дадатковай адукацыі працягнулася ў ходзе пасяджэння Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў гэтага профілю. Вітаючы калег, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў заўважыў, што эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі ўдзяляецца павышаная ўвага.

— Такі падыход дазваляе на працягу дзесяці гадоў дасягаць звыш 50% ахопу навучэнцаў дадатковай адукацыяй. Нашы аб’яднанні па інтарэсах наведваюць больш за 58,5 тысячы дзяцей. Вядома, прысутнічаюць і некаторыя праблемы, але мы разам працуем над іх вырашэннем. Прыярытэтам далейшай дзейнасці для нас, як і раней, застаецца ўсебаковае развіццё асобы, грамадзяніна, патрыёта, — расказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Падчас пасяджэння былі агучаны вынікі работы Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі, зроблены акцэнт на перспектывах развіцця тэхнічнай творчасці, дзіцяча-юнацкага турызму і эколага-біялагічнай дзейнасці навучэнцаў.

Выступаючы перад прысутнымі, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік адзначыла, што зараз дадатковай адукацыяй ахоплены ўсе ўзроўні навучання.

— У аб’яднанні па інтарэсах дзеці і моладзь ідуць толькі па жаданні. Па статыстычных даных, установы дадатковай адукацыі па краіне наведвае кожны трэці навучэнец, — падкрэсліла Марыя Аляксандраўна.

Паводле яе слоў, у гэтых навучальных установах сістэмна арганізавана работа па ўсіх напрамках. Абапіраючыся на лепшыя традыцыі мінулага, думаючы пра будучыню і дзейнічаючы ў сучаснасці, педагогі дадатковай адукацыі крок за крокам, штодзённа развіваюць таленты і здольнасці дзяцей, спрыяючы іх паспяховай сацыялізацыі.

— Тым не менш установам дадатковай адукацыі неабходна далейшае ўдасканаленне, каб заставацца цікавымі і мець магчымасці задавальняць усе запыты навучэнцаў і бацькоў, — матывавала калег Марыя Саротнік.

Стратэгія развіцця сістэмы дадатковай адукацыі ў многім будзе вызначана дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Асаблівую ўвагу начальнікам органаў кіравання адукацыяй і дырэктарам навучальных устаноў неабходна будзе звярнуць на наданне аб’яднанням па інтарэсах інавацыйнага характару, арганізацыю дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыі дзяцей з улікам рынку працы, падтрымку маладзёжных ініцыятыў, распрацоўку рэгіянальных мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці вучняў у шосты школьны дзень і пазаўрочны час, удасканаленне арганізацыйна-кіраўнічай работы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і павышэнне прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў, а таксама шэраг іншых напрамкаў дзейнасці.

Галоўная пастаўленая задача — захаваць сістэму. Зрабіць гэта можна, правільна вызначаючы вектары ўдасканалення ў сучасных умовах. Найбольш паспяховы вынік дае камандная работа, якая будуецца на ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ўстановамі і ведамствамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Спорт у Беларусі мае значна большае значэнне, чым у іншых краінах

Такі пункт гледжання выказаў на сумесным пасяджэнні калегіі Мінспорту і НАК па падвядзенні вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

На думку Ігара Бузоўскага, вынікі неабходна разглядаць з пункту гледжання таго, колькі ўклала дзяржава ў падрыхтоўку да Гульняў і якія вынікі выступлення айчынных атлетаў. “На Алімпіядзе беларускай камандай заваявана 9 медалёў, яна заняла 30-е месца ў агульным заліку па колькасці і 40-е месца па якасці ўзнагарод. Аналіз выступлення атлетаў, вядома, пакідае шмат пытанняў: па інтэнсіўнасці працы, закладзенай матэрыяльна-тэхнічнай базе на наступны алімпійскі цыкл, выбудаванай сістэме спартшкол. Хацелася б больш канкрэтных прапаноў. Многія тэмы закраналіся ў ходзе пасяджэння, але неабходна ўносіць больш эфектыўныя змяненні ў падрыхтоўку атлетаў”, — сказаў Ігар Бузоўскі.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта дадаў, што асобныя федэрацыі і спартсмены пайшлі ў празмерную камерцыялізацыю спорту, які павінен суправаджацца сур’ёзным менеджментам, але фінансавыя інтарэсы не павінны ўплываць на дзяржаўныя задачы.

Віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, выступаючы на сумесным пасяджэнні калегіі, вылучыла тры важныя аспекты, якія дапамогуць больш паспяхова выступіць у будучыні на галоўных стартах чатырохгоддзя. Першы з іх — трэнерскія кадры. “Разлічваць на замежных спецыялістаў не трэба. Яны прыязджаюць і выконваюць свае функцыі, адпрацоўваюць кантракт, але хто будзе рыхтаваць спартыўны рэзерв. Сёння не хапае беларускіх кваліфікаваных трэнераў, якія маглі б эфектыўна працаваць з моладдзю. У некаторых спартшколах і аддзяленнях штатнага спецыяліста няма па 5—6 гадоў, хоць у Беларусі ёсць 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву, тры ВНУ рыхтуюць трэнераў па спорце, а 12 ВНУ — спартыўных менеджараў і настаўнікаў фізкультуры. Другое пытанне — якасць падрыхтоўкі кадраў. Жадаючых паступіць у ВНУ шмат, а спецыялісты потым ідуць у агульнаадукацыйныя школы або наогул пакідаюць сістэму спорту. Пра гэта не раз ужо гаварылі, і гэтую праблему неабходна вырашаць”, — расказала Наталля Качанава.

Важным складнікам поспеху ў спорце, на думку віцэ-прэм’ера, з’яўляецца таксама матэрыяльна-тэхнічная база. У Беларусі за апошнія дзесяць гадоў у гэтым напрамку зроблены сур’ёзны прарыў. “З боку дзяржавы былі створаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі да Гульняў. Разам з тым спартсмены з шэрага рэгіёнаў, дзе створаны добрыя ўмовы для трэніровак, не паказалі высокіх вынікаў у Рыа”, — падкрэсліла віцэ-прэм’ер.
Па-ранейшаму, на думку Наталлі Качанавай, асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць дзіцяча-юнацкаму спорту. “Адбор дзяцей у ДЮСШ (не набор, а менавіта адбор) павінен праходзіць і пры ўдзеле федэрацый па відах спорту. Гэта аснова і будучыня грамадскіх спартыўных арганізацый. Якасць работы трэнераў у ДЮСШ вельмі важная для наступных больш высокіх вынікаў”, — адзначыла яна.

Намеснік прэм’ер-міністра таксама засяродзіла ўвагу на недапушчальнасці парушэнняў у сістэме ДЮСШ, калі ў спартшколу прымаюцца дзеці, якія не могуць займацца па медыцынскіх паказаннях. Ёсць таксама парушэнні ў наведвальнасці і напаўненні груп. “Эфектыўнасць работы спартшкол невысокая. За 2015 год з ДЮСШ у юніёрскія, маладзёжныя зборныя краіны прыйшлі менш як 1 працэнт ад усіх навучэнцаў”, — адзначыла яна.

На пасяджэнні калегіі двух спартыўных ведамстваў вынікі выступлення алімпійскай зборнай Беларусі на летняй Алімпіядзе ў Рыа прызнаны здавальняючымі. У найбліжэйшы час пачне сваю дзейнасць рабочая група, створаная па даручэнні кіраўніка дзяржавы, якая дэталёва вывучыць стан спраў у галіне фізічнай культуры і спорту.

З другога разу…

Толькі ў канцы мінулага тыдня сталі вядомы канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Перу. Пасля першага тура, які адбыўся 10 красавіка, засталіся два з пяці кандыдатаў, прычым яны абодва ўжо сапернічалі ў 2011 годзе.

Сын яўрэя-эмігранта з Польшчы і францужанкі Пабла Педра Кучынскі (кааліцыя “Перуанцы за змены”), якога ў перуанскім грамадстве даўно называюць ППК, зноў сышоўся ў барацьбе з японкай Кейка Фухіморы, дачкой Альберта Фухіморы, які кіраваў у краіне з 1990 па 2000 год. Канстытуцыя Перу не дазваляе выбірацца два тэрміны запар, а паўнамоцтвы прэзідэнта доўжацца пяць гадоў. Удзел у галасаванні з’яўляецца абавязковым для грамадзян Перу ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў. Колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў складае 22,9 млн чалавек.

Першапачаткова на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі дзесяць чалавек, але рэальна засталіся пяцёра — Кучынскі, Фухіморы, былы прэзідэнт Алан Гарсія (кіраваў у 1985—1990 і 2006—2011 гадах), Альфрэда Барнячэа (кангрэсмен у 1985—1990 гадах ад “Народнага дзеяння”) і Вераніка Мендоза (кангрэсвумен у 2011—2016 гадах, “Шырокі фронт”).

У першым туры Фухіморы заняла першае месца, набраўшы 39,9% галасоў. Кучынскі, атрымаўшы 21%, вымушаны быў пачаць актыўную барацьбу за выбаршчыкаў, якія галасавалі за кандыдатаў, што выйшлі з гонкі. За Фухіморы больш галасавалі паўночна-заходнія правінцыі, людзі больш бедныя, але не індзейцы. Багатыя белыя і метысы былі за Кучынскага, а індзейцы, асабліва кечуа на поўдні, больш галасавалі за Мендозу. У выніку ў другім туры Кучынскі перамог Кейка Фухіморы з вынікам 50,12% супраць 49,88%, апярэдзіўшы сваю саперніцу ўсяго на 41 438 галасоў.

Многія ў краіне разглядалі мінулыя выбары як своеасаблівы рэферэндум аб спадчыне прэзідэнта Фухіморы. Зараз былы прэзідэнт адбывае 25-гадовы тэрмін за парушэнне правоў чалавека і карупцыю. Аднак многія ўдзячны яму за тое, што ён выцягнуў краіну з багны грамадзянскай вайны. Канфлікт з мааісцкай групоўкай “Сендэра Луміноса” — “Асвечаны шлях” — з канца 1960-х гадоў не даваў спакою Перу. За дзесяцігоддзі ўзброенага канфлікту ўрадавых сіл з леварадыкальнымі групоўкамі загінула каля 69 тысяч чалавек. Дзякуючы рашучым дзеянням Фухіморы, колькасць груповак істотна зменшылася, аднак яны да гэтага часу трымаюць пад кантролем шэраг рэгіёнаў, дзе расце кока. У шэрагу месцаў мааісты аб’ядналі сілы з бандамі наркагандляроў.

Акрамя гэтага, Фухіморы правёў некалькі важных рэформ: прыватызаваў многія неэфектыўныя дзяржаўныя кампаніі, правёў лібералізацыю ў больш прадукцыйных сектарах, забяспечыў рост эканомікі ў сярэдзіне 90-х гадоў. Аднак у канцы свайго другога тэрміну Альберта Фухіморы не змог справіцца з наступствамі азіяцкага эканамічнага крызісу, які моцна ўдарыў па эканоміцы Перу, да таго ж пачала ўсплываць інфармацыя пра карупцыю, сувязі з наркакартэлямі, подкуп СМІ і парушэнні правоў чалавека, за што Фухіморы і сеў у рэшце рэшт у турму.

Як высветлілася, амаль палова выбаршчыкаў Перу гатова была ўручыць лёс краіны спадчынніцы клана Фухіморы. Кейка адкрыта заявіла, што ў выпадку выбрання яна выкарыстае права прэзідэнцкага памілавання для свайго бацькі.

Зрэшты, галасы размеркаваліся не на карысць зняволенага дыктатара. Верагодна, праграма Кучынскага пераважыла. Ён прапанаваў знізіць падаткі для стымулявання бізнесу і запусціць некалькі маштабных праектаў па развіцці інфраструктуры, якія, па яго разліках, створаць да 1,5 млн рабочых месцаў і дапамогуць скараціць беднасць. Для павышэння эфектыўнасці работы праваахоўных органаў лідар партыі “Перуанцы — за змены” ў выпадку свайго выбрання мае намер павялічыць зарплаты паліцэйскім.

У выніку Кучынскі стаў самым пажылым кіраўніком дзяржавы ў гісторыі Перу.

Нягледзячы на паражэнне, Кейка Фухіморы ўсё роўна будзе аказваць сур’ёзны ўплыў на палітычны курс краіны. Падчас парламенцкіх выбараў, што прайшлі ў красавіку, яе партыя — “Народная сіла” — атрымала 63 са 130 месцаў у кангрэсе — аднапалатным парламенце. І цалкам магчыма, што наступныя прэзідэнцкія выбары будуць для яе больш паспяховымі.

Алег ВЯРЦІНСКІ.

Сакрэт поспехаў — у жаданні працаваць

Алімпіяды па прадметах і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання — несумненны паказчык якасці адукацыі, які адлюстроўвае як работу педагогаў, так і стараннасць і здольнасці вучняў. У гэтым сэнсе адукацыйнай сферы Гомельшчыны ёсць чым ганарыцца. А вось нязменным лідарам на працягу многіх гадоў застаецца Савецкі раён Гомеля.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна займаюць першыя пазіцыі ў Гомельскай вобласці па выніках рэспубліканскіх алімпіяд. Калі прасачыць за колькасцю пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды з 2011 года, то штогод іх становіцца больш. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды мінулага года дыпламантам стаў 21 навучэнец раёна.
На працягу ўсяго часу правядзення абласной алімпіяды для вучняў 4—9 класаў абсалютным лідарам таксама з’яўляецца Савецкі раён. У мінулым навучальным годзе вучні школ і гімназій на абласным этапе заваявалі больш за 80 дыпломаў. У гэтым годзе — 69. І, як звычайна, гэта лепшы вынік у вобласці. Варта адзначыць, што з гэтай колькасці 34 дыпломы атрымалі навучэнцы гомельскай гімназіі № 51, якая ўжо не першы год трымае лідарства.
Цудоўныя вынікі назіраюцца і па цэнтралізаваным тэсціраванні. У 2015 годзе раён заняў 1-е месца сярод раёнаў Гомеля. Сярэдні бал раёна склаў 41,2. Найвышэйшы вынік — 100 балаў — набралі выпускнікі гімназіі № 51 па грамадазнаўстве і гімназіі № 71 па матэматыцы.
У чым сакрэт такіх поспехаў? У адказнасці і добрасумленнасці настаўнікаў і вучняў, у іх жаданні працаваць і атрымліваць станоўчыя вынікі. Маючы такія якасці, можна паспець шмат у чым. Глядзіце самі: толькі ў мінулым годзе навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі Савецкага раёна прынялі ўдзел у больш чым 200 конкурсах інтэлектуальнага, творчага, эколага-біялагічнага, краязнаўчага, тэхнічнага напрамку, а таксама арыентаваных на развіццё дзіцячага і маладзёжнага лідарскага руху.
З перамогамі вярталіся ў Гомель з рэспубліканскіх конкурсаў творчых і навуковых работ, конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці, дзіцячых вучэбна-даследчых і навукова-практычных праектаў вучні гомельскіх школ №№ 17, 28, 39, 40, 69.
Цікавымі з’яўляюцца для сучасных школьнікаў віртуальныя праекты.
З задавальненнем прынялі ўдзел вучні сярэдняй школы № 43 у Адкрытым інтэрнэт-праекце “Мне сняцца сны аб Беларусi…”, а іх равеснікі з сярэдняй школы № 52 — у Адкрытай расійскай матэматычнай інтэрнэт-алімпіядзе для школьнікаў “Вясна”.
Высокія вынікі атрымалі навучэнцы гімназіі № 46 у XIII Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты Планеты”, Міжнародным конкурсе сачыненняў на тэму “Свабода”, што праводзіўся ў французскім Клермон-Феране, у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і турнірах па інтэлектуальных гульнях. Не адсталі і навучэнцы гімназіі № 51, заняўшы пераможныя месцы ў Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы ў Тайландзе, Адкрытай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Маскве і ва Усерасійскай каманднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні, іншых конкурсах.
Візітнымі карткамі гімназій раёна сталі адкрытыя інтэлектуальныя, творчыя і спартыўныя конкурсы і алімпіяды. Так, для прыхільнікаў замежных моў гімназія № 46 прапануе фестываль франкафонных тэатраў, а гімназія № 71 — адкрыты конкурс “Сардэчна запрашаем у англамоўны свет”. Юныя даследчыкі маюць магчымасць абараняць свае работы на Гаазаўскіх ці Мележаўскіх чытаннях, якія праходзяць у гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза і гімназіі № 36 імя І.Мележа.
Разам з інтэлектуальным развіццём у Савецкім раёне не забываюць і пра развіццё творчае. У рэйтынгу шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па выніках удзелу ў мерапрыемствах Гомельскай вобласці Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля заняў 2-е месца. А ў Абласным конкурсе метадычных распрацовак сярод педагогаў дадатковай адукацыі “Мой лепшы занятак” — 1-е месца ў педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля.
У гэтым навучальным годзе дзесяць устаноў адукацыі раёна прымаюць удзел у рэалізацыі 11 інавацыйных і эксперыментальных праектаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. А гэта значыць, што наперадзе — новыя дасягненні і перамогі.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Краязнаўчае прывітанне ад “зубранят”

Напрыканцы года па добрай краязнаўчай традыцыі ў НДЦ “Зубраня” падводзяцца вынікі конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Фіналісты, прызёры і пераможцы з’язджаюцца на бераг Нарачы, каб не толькі адпачыць падчас аднайменнай змены, абмяняцца вопытам, але і абараніць, прэзентаваць свае работы, калі пашчасціць, то і атрымаць дыпломы Міністэрства адукацыі, а таксама каштоўныя падарункі ад арганізатараў конкурсаў: Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, рэдакцыі газеты “Переходный возраст”.

Такіх шчасліўчыкаў, якія перамаглі ў краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, аграбіялагічным конкурсе “Юны натураліст”, конкурсах творчых работ “Наш падарунак Перамозе”, “Мае землякі — мой гонар”, конкурсе відэафільмаў “Мая чароўная Беларусь”, журы вызначыла 16. Гэта навучэнцы і творчыя калектывы. Прычым толькі тыя, хто атрымаў дыпломы І ступені. Калі ж гэтую лічбу памножыць мінімум на 6, то атрымаем прыкладную колькасць прызёраў і лаўрэатаў рэспубліканскага этапу, а калі гэтую колькасць памножыць яшчэ мінімум на 7, то атрымаем прызёраў і лаўрэатаў абласных этапаў, а калі памножым яшчэ і на 118 (колькасць раёнаў краіны)… Адным словам, атрымліваецца даволі вялікая краязнаўчая армія навучэнцаў і педагогаў, якая з кожным годам, з кожным конкурсам, кожным этапам акцыі толькі павялічваецца.Супрацоўнікі “Зубраняці” сумесна з арганізатарамі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (супрацоўнікамі Міністэрства адукацыі і рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) рыхтуюць для навучэнцаў насычаную праграму. Кожны снежаньскі дзень быў напоўнены не толькі творчымі абаронамі і прэзентацыямі работ, але і канцэртнымі нумарамі, гульнямі, майстар-класамі вядучых педагогаў дадатковай адукацыі. Змена нагадвае своеасаблівую эстафету, дзе дзень за днём добры настрой змяняецца добрым настроем, новыя знаёмствы змяняюцца новымі знаёмствамі, а творчыя абароны змяняюцца… правільна, творчымі абаронамі. І першымі на гэты своеасаблівы старт выйшлі ўдзельнікі краязнаўчай акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Па словах загадчыка аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандры Яўгенаўны Кравец, акцыя “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” стартавала ў 2013 годзе. Яе ўдзельнікі наведвалі пэўныя населеныя пункты, папярэдне вывучалі іх гісторыю, асаблівасці ландшафту, культурнай спадчыны, а па выніках падарожжаў здымалі відэафільмы. У 2013 годзе краязнаўцы падарожнічалі па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, у 2014 годзе — па Мінскай і Віцебскай, а ў 2015 — па Гомельскай і Магілёўскай.
Па выніках кожнага этапу акцыі вызначаліся 42 відэафільмы-фіналісты (па шэсць лепшых ад кожнай вобласці і Мінска). Творчыя вынікі сваіх падарожжаў па Гомельшчыне і Магілёўшчыне фіналісты абаранялі ў першыя дні змены. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі якасны ўзровень работ, захопленасць краязнаўствам, нестандартны погляд на штодзённыя рэчы, парадавалі журы сур’ёзным падыходам да ўдзелу ў конкурсе. Пераможцам стаў і, адпаведна, атрымаў дыплом І ступені па выніках падарожжаў па Магілёўскай вобласці творчы калектыў Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі (кіраўнік Л.М.Карнеева). У намінацыі “Гомельская вобласць” пераможцам прызнана творчая група навучэнцаў Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна (кіраўнікі М.М.Леўкавец, С.А.Зубрыцкая, В.І.Мацюшонак).

У гэтыя ж дні паралельна з акцыяй “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” падводзіліся і вынікі конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар”. “Чым больш шануе чалавек памяць сваіх бацькоў і землякоў, тым лепш усведамляе ён сваё месца ў гэтым свеце, тым глыбей адчувае сваю адказнасць за будучыню. На разуменне гэтых ісцін навучэнцамі і быў накіраваны конкурс “Мае землякі — мой гонар”, — адзначыла загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Паўлаўна Шарамет.Конкурсы творчых работ праходзяць ужо не першы год, не першы год у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі расце своеасаблівае разгалістае дрэва. На гэтым дрэве сотні галін (столькі работ было даслана за некалькі гадоў) і тысячы лістоў (пра столькіх продкаў і землякоў расказваецца ў вучнёўскіх работах). Прычым работы гэтыя калектыўныя, разам з вучнямі іх стваралі педагогі, бацькі, дзядулі і бабулі. На рэспубліканскі этап конкурсу было прадстаўлена 47 работ у намінацыі “Гонар маёй Бацькаўшчыны” і 36 работ у намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. Па выніках працы журы конкурсу 14 канкурсантаў сталі прызёрамі і ўзнагароджаны міністэрскімі дыпломамі
І, ІІ і ІІІ ступені, 34 чалавекі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэата, 35 удзельнікаў узнагароджаны дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
— Рэспубліканскі конкурс творчых работ “Мае землякі — мой гонар” выявіў вялікую зацікаўленасць навучэнцаў, педагогаў, бацькоў у даследаванні жыццёвага шляху землякоў, прадстаўнікоў розных прафесій. Сярод іх паэты, пісьменнікі, журналісты, архітэктары, дыпламаты, мастакі, народныя майстры, механізатары, старшыні СВК, педагогі, дзеячы тэатральнага і кінамастацтва, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, геолагі, урачы, вайскоўцы, святары, спартсмены, музыканты, будаўнікі. Кожная работа вызначалася арыгінальнасцю творчай задумкі, яе ўвасабленнем, рознабаковасцю прадстаўленых матэрыялаў, магчымасцю іх далейшага выкарыстання, — паведаміла Тамара Паўлаўна.
Напрыклад, навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 2 імя А.К.Флегантава Чэрвеня Мінскай вобласці экскурсавод школьнага музея касманаўтыкі Павел Рудакоў прадставіў творчую работу “Наш Алег Навіцкі”, у якой ён захапляецца знакамітым земляком-касманаўтам. У намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі” былі прадстаўлены арыгінальныя відэаматэрыялы. Так, навучэнка 11 класа Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Аліна Савіцкая ў рабоце “Настаўнік па прызначэнні, акцёр па жыцці” паведаміла пра Аляксандра Мар’янавіча Сароку. Навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 104 Мінска імя Р.Н.Мачульскага Мацвей Мычко расказаў пра ветэрана працы, заслужанага работніка Мінскага хлебазавода № 2, аўтара рэцэпта беларускага хлеба “Нарачанскі” Святлану Іванаўну Загнетаву. І Аліна, і Мацвей па выніках конкурсу сталі пераможцамі ў намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі”. У намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны” дыпломы І ступені атрымалі Мікіта Шаблюк і Станіслаў Глінскі з Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя Кандрата Крапівы Мінскай вобласці.Калі канчатковыя вынікі акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і конкурсу творчых работ “Мае землякі — мой гонар” падводзіліся непасрэдна ў НДЦ “Зубраня”, то ўдзельнікаў конкурсаў “Юны натураліст” і “Мая чароўная Беларусь” Нарач сустракала не проста ў якасці намінантаў, а ў якасці прызёраў: вынікі гэтых творчых спаборніцтваў былі вызначаны загадзя. Для гэтых навучэнцаў адпачынак сумяшчаўся не з абаронай творчых работ, а з прэзентацыяй. Дык што прэзентавалі юныя натуралісты і юныя тэхнікі?
Па словах метадыста аддзела раслінаводства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены Фёдараўны Пільнік, у конкурсе “Юны натураліст” навучэнцы ва ўзросце 11—16 гадоў прадстаўлялі свае работы ў намінацыях “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”, “Падарожжа ў краіну зёлак”, “Сад гурманаў”, “Незвычайныя расліны”, “Сады Перамогі”. Напрыклад, у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды” паказваліся відэаролікі-прэзентацыі куткоў жывой прыроды ва ўстановах адукацыі, у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — праекты аптэкарскіх агародаў і ўчасткаў лекавых раслін, у намінацыі “Сад гурманаў” — эколага-біялагічныя праекты па стварэнні на агародзе калекцыйнага ўчастка сельскагаспадарчых культур у выглядзе садзіка з гародніны, градкі-кветніка, у намінацыі “Незвычайныя расліны” былі прадстаўлены навукова-даследчыя праекты па вырошчванні травяністай гародніннай ці кветкавай расліны, якая штучна створана рукамі юнага даследчыка метадам прышчэпкі. Намінацыя “Сады Перамогі” — гэта фотаздымкі, на якіх адлюстраваны квітнеючыя яблыневыя сады — беларускі сімвал нядаўняга юбілею Вялікай Перамогі.
Лепшымі з лепшых журы прызнала творчыя калектывы навучэнцаў: у намінацыі “Віртуальная экскурсія ў куток жывой прыроды”— Аршанскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей i моладзi (кіраўнік С.У.Мезiт), у намінацыі “Падарожжа ў краіну зёлак” — Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік I.Я.Кавалёва), у намінацыі “Сад гурманаў” — Вiцебскага абласнога палаца дзяцей i моладзi, экалагічны аддзел (кіраўнікі — Т.У.Сцяпанава, Т.М.Аляксеева), у намінацыі “Незвычайныя расліны” — Барысаўскага экалагічнага цэнтра (кіраўнік I.В.Паўлава), у намінацыі “Сады Перамогі” — Хрысціну Пясецкую, навучэнку Брэсцкага абласнога цэнтра турызму i краязнаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік А.В.Марэйка). Усе пераможцы атрымалі дыпломы І ступені і каштоўныя падарункі.

Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” звычайна праводзіць конкурс фотаздымкаў. Аднак прыкладна раз у тры гады навучэнцам прапануецца адчуць сябе відэааператарамі і рэжысёрамі і зняць відэаролік або кароткаметражны фільм пра малую радзіму. Гэтыя работы прадстаўляліся ў намінацыі “Мая радзiма” (юныя відэографы стваралі вiдэазамалёўкі працягласцю да 3 хвілін пра родны горад, вёску, гістарычныя і культурныя адметнасці малой радзімы), “Прырода і я” (у гэтай намінацыі відэастужкі прысвячаліся экалагічным праблемам і ролі моладзі ў іх вырашэнні), “Гульнявы фільм” (тэматыка вольная, працягласць да 5 хвiлiн), “Анімацыйны фільм” працягласцю да 2 хвiлiн і відэапраекты да 5 хвілін, прысвечаныя 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў намінацыі “70 гадоў міру”.
— З кожным конкурсам тэхнічная якасць работ паляпшаецца. Калі яшчэ некалькі гадоў назад незвычайныя ракурсы ствараліся традыцыйным спосабам, то сёлета канкурсанты актыўна задзейнічалі квадракоптары. У нас, членаў журы, была цудоўная магчымасць праз такія работы навучэнцаў і дзякуючы сучасным тэхналогіям здзейсніць палёты над Беларуссю. Многія мясціны, якія падчас мінулага відэаконкурсу паказваліся толькі на ўзроўні чалавечых вачэй, сёлета дэманстраваліся з вышыні птушынага палёту. Такімі ракурсамі асабліва была багата намінацыя “Мая радзіма”. А вось намінацыя “70 гадоў міру” вылучалася рэпартажнымі відэастужкамі, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля Васільеўна Бурая.
Якасныя, адметныя работы ўнеслі і пэўныя карэктывы ў вызначэнне прызёраў. Так, першыя месцы былі вызначаны толькі ў намінацыях “Мая радзіма”, прычым адразу чатыры (Аляксандр Мацюшаў з Дварышчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, Настасся Вайцяховіч і Настасся Сохань са Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, Ганна Мікуліч з Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці і калектыў сярэдняй школы № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці), і “70 гадоў міру” (Дзіяна Макарчык і Яўген Каханскі з сярэдняй школы № 3 Гродна).

Своеасаблівым міксам-прэзентацыяй лепшых конкурсных работ стаў традыцыйны форум “Вектар на будучыню”, які праводзіўся за дзень да ўрачыстага ўручэння дыпломаў і афіцыйнага закрыцця змены. Які вектар на будучыню выбіраюць удзельнікі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, здагадацца не цяжка. Галоўным тут з’яўляецца слова “краязнаўства”. Краязнаўчы вектар, краязнаўчы стыль жыцця, краязнаўчае прывітанне з берагоў Нарачы, якое кожны год у снежні дасылаюць сваім родным, сябрам, педагогам юныя краязнаўцы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.

Мінск прымаў удзельніц IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат

У нядзелю 19 красавіка прагучалі галоўныя фанфары IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат: EGMO-2015. У гэты дзень у актавай зале АПА падвялі вынікі алімпіяды і ўручылі медалі. Усяго ў алімпіядзе прымалі ўдзел 109 дзяўчат з 30 краін. У выніку было ўручана 12 залатых, 18 сярэбраных, 30 бронзавых медалёў.

Пачнём з выступлення беларускіх каманд. Паколькі наша краіна ў гэтым годзе была арганізатарам еўрапейскай алімпіяды для дзяўчат, то мы мелі права выставіць дзве каманды. У выніку нашу краіну прадстаўлялі 8 дзяўчат, якія былі адзначаны трыма бронзавымі медалямі і трыма пахвальнымі водзывамі. Медальную скарборку нашай краіны папоўнілі Дзіяна Фаміна з Ліцэя БДУ, Кацярына Кунц з сярэдняй школы № 2 Ашмян і Лізавета Манжуліна з гімназіі № 41 Мінска. Віншуем!
Самы лепшы вынік на алімпіядзе прадэманстравала прадстаўніца ЗША Даніэль Ванг, якая набрала 42 балы! А залаты медаль можна было атрымаць, калі набярэш 26. Даніэль за кожную з шасці задач атрымала максімальныя сем балаў. Такога ў гісторыі гэтай алімпіяды яшчэ не было. І вельмі прыемна, што такі рэкорд здарыўся ў нашай краіне. Як адзначалі лідары (кіраўнікі) каманд, задачы былі адабраны прафесійна. Яны былі па-матэматычнаму прыгожыя.
Пра гэта ў сваім выступленні гаварыла старшыня кансультатыўнага савета EGMO Бірхіт ван Дален: “У гэтым годзе ў нас сапраўды былі вельмі прыгожыя задачы, складаныя, але прыгожыя. Я і сама, калі праглядвала гэтыя задачы, адчула пэўныя цяжкасці. Але адчуванне задаволенасці ад пошуку правільнага рашэння куды мацнейшае, чым некаторыя цяжкасці”.
Яшчэ аднымі фаварытамі алімпіяды сёлета сталі прадстаўніцы Украіны. Трое з дзяўчат сталі ўладальніцамі залатых медалёў, адна заваявала “серабро”. Такі выдатны вынік дазволіў камандзе падняцца на першую прыступку ў агульнакамандным заліку і атрымаць пераходны прыз — талерку, на якой выгравіравана назва краіны-пераможцы.
Алімпіяда — гэта спаборніцтвы, напружаныя і сур’ёзныя. Але, як адзначалі дзяўчаты, час, праведзены на гасціннай беларускай зямлі, запомніўся ім не толькі высакародным і дружалюбным саперніцтвам, але і стаў важнай падзеяй для кожнага з іх, дапамог знайсці новых сяброў, а знаходжанне ў нашай краіне стала для іх цікавым і змястоўным.
Адораныя школьніцы прыехалі ў Мінск напярэдадні алімпіяды і паспелі ўбачыць славутасці нашай сталіцы. Спецыяльна для гасцей арганізатары падрыхтавалі экскурсійныя туры па знакавых мясцінах: аглядную экскурсію па Мінску, паездку ў Нацыянальны мастацкі музей, Мірскі замак, заапарк.
Наступная, V Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат пройдзе ў Румыніі.
Арганізарамі алімпіяды, у ролі якіх выступілі Міністэрства адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, а таксама спонсары (грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, Белаграпрамбанк, выдавецтва “АВЕРСЭВ”) было зроблена ўсё магчымае, каб яна прайшла на самым высокім узроўні.
Асобна хочацца выказаць словы падзякі студэнтам перакладчыцкага факультэта, факультэта англійскай мовы і факультэта міжкультурных камунікацый Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дзякуючы якім замежныя госці больш даведаліся пра нашу краіну.

Падрабязней аб IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат чытайце ў спецыяльным выпуску «Настаўніцкай газеты» за 23 красавіка бягучага года.

Эфектыўныя кіраўнікі сучаснай школы

На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу “Кіраванне сучаснай школай: адзінства, калегіяльнасць, эфектыўнасць”. Арганізатарамі спаборніцтва, фінальны этап якога прайшоў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, выступілі абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА.

— Сучаснае сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі патрабуе апераджальнага развіцця адукацыйнай галіны, — расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА В.Г.Строганава. — Галоўная задача нацыянальнай сістэмы адукацыі заключаецца ў забеспячэнні яе якасці. У вырашэнні гэтай задачы вядучая роля належыць кіраўнікам школ як менеджарам адукацыі.
Ролю дырэктара ў сучаснай школе цяжка пераацаніць. На ім ляжыць вялікая адказнасць за забеспячэнне якаснай і эфектыўнай работы калектыву, стварэнне і падтрыманне канструктыўнай, дзелавой і творчай атмасферы ў ім. Таму неабходна, абапіраючыся на дасягненні папярэднікаў і ашчадна захоўваючы лепшае ў існуючай практыцы, шукаць і ўкараняць сучасныя эфектыўныя прыклады прафесійнай дзейнасці як педагогаў, так і кіраўнікоў.
Дырэктар — ключавая фігура ў школе. Кампетэнтнасць кіраўніцкай каманды і зладжанасць яе работы з’яўляюцца вызначальным фактарам у забеспячэнні высокіх вынікаў дзейнасці навучальнай установы ў цэлым. Пералік штодзённых спраў сучаснага кіраўніка школы і неабходных кампетэнцый, напэўна, больш шырокі, чым у менеджара іншай сферы дзейнасці. Больш за тое, з цягам часу перад калектывамі школ паўстаюць новыя задачы, узнікаюць сітуацыі, якія даволі часта патрабуюць неардынарных рашэнняў.
Сёння ў полі зроку кіраўнікоў школ знаходзяцца пытанні, якія тычацца арганізацыйнай культуры ўстаноў адукацыі і іх знешніх сувязей, выкарыстання і развіцця чалавечых рэсурсаў і інш. Дырэктар павінен быць сапраўдным лідарам, умець матываваць супрацоўнікаў і весці за сабой.
Абласны конкурс задумваўся як сродак пошуку, вывучэння, прапаганды і папулярызацыі элементаў эфектыўнай кіраўніцкай практыкі ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Перад арганізатарамі спаборніцтва стаяла задача не толькі стварэння ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі кіраўнікоў школ, але і павышэння ўзроўню іх прафесійнай кампетэнтнасці. Назапашаны вопыт будзе запатрабаваны ў рабоце з кіраўнікамі адукацыйнай галіны.
У адборачных этапах конкурсу прынялі ўдзел 19 навучальных устаноў. У фінал выйшлі 7.
— У фінальным этапе конкурсу сабраліся адны з лепшых кіраўнікоў школ Брэстчыны, — адзначыла намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. — Спаборніцтва паказала, што эфектыўнае кіраванне немагчыма без зладжанай прафесійнай каманды. Конкурсныя работы абапіраюцца на выніковы вопыт устаноў адукацыі па розных напрамках іх дзейнасці. Сапраўдны кіраўнік ніколі не спыняецца на дасягнутым, а заўсёды знаходзіцца ў пошуку дзейсных шляхоў кіравання.
Эфектыўны вопыт работы прэзентавалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 16 Пінска (дырэктар Г.В.Тарэлкін), гімназіі № 5 Баранавіч (дырэктар Т.І.Шастак), дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4 Кобрына (дырэктар А.В.Фігурына), Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна (дырэктар С.П.Высоцкі), Мотальскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іванаўскага раёна (дырэктар Г.Я.Хоміч), сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста (дырэктар А.П.Ульяніцкая) і гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна (дырэктар С.У.Саўко). Кіраўнікі навучальных устаноў гаварылі пра ўлік псіхалагічных фактараў пры ажыццяўленні кантролю за дзейнасцю падначаленых, асаблівасці кіравання прафесійным ростам педагогаў, стварэнне аптымальнай мадэлі адукацыйнай прасторы ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”, кіраванне інавацыйнай дзейнасцю, выкарыстанне матрычна-праектнай мадэлі кіравання працэсам стварэння эколага-дружалюбнага адукацыйнага асяроддзя і інш.
Па рашэнні журы пераможцай конкурсу стала гімназія № 5 Баранавіч. Дыпломы ІІ ступені атрымалі дзіцячы сад — сярэдняя школа № 4 Кобрына і гімназія Белаазёрска Бярозаўскага раёна. Дыплом ІІІ ступені дастаўся Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Дзе шукаць спонсараў, альбо Як самастойна зарабіць грошы

Падвядзенне вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці сістэмы адукацыі стала асноўным пытаннем пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, удзел у якім прымалі намеснік міністра адукацыі С.В.Руды і намеснік старшыні аблвыканкама У.А.Прывалаў.

Маладыя і перспектыўныя

Пачалося пасяджэнне з прыемнага — з уручэння прэмій, якія, згодна з распараджэннем старшыні Гомельскага аблвыканкама, атрымалі лепшыя студэнты устаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны. Такія прэміі ўжо на працягу многіх гадоў прысуджаюцца юнакам і дзяўчатам, якія не толькі дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, але і займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, з’яўляюцца дыпламантамі навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
У гэтым годзе прэміі атрымалі курсант Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вольга Мельчанка, студэнткі Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта Кацярына Анашкіна, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Наталля Куцарэнка, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Вікторыя Корзун, студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Весялоў. Асаблівая гордасць за сваіх падапечных у кіраўніцтва і прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Адразу два студэнты гэтай установы — Настасся Грынкевіч і Антон Калько — атрымалі высокія ўзнагароды.

Кіраўнік — значыць менеджар

У сістэме адукацыі пакуль яшчэ не кожны кіраўнік разумее, што час патрабуе ад яго значна больш, чым кіраваць калектывам і раздаваць даручэнні падначаленым. Такую выснову можна было зрабіць, праслухаўшы даклад намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Т.Ф.Атрохавай. А разам з тым сёння, займаючы кіруючую пасаду, неабходна перш за ўсё быць добрым менеджарам, разумець, як зарабіць грошы і як эфектыўна іх выкарыстаць. Як заўважыў начальнік упраўлення адукацыі С.І.Парошын, некаторыя кіраўнікі толькі паспяваюць дасылаць ва ўпраўленне лісты з просьбай даць грошай на бягучы рамонт і нават не спрабуюць самастойна вырашаць такія простыя пытанні.
Да бюджэтнага рубля наогул адносіны павінны быць асаблівыя — гэта якраз той напрамак, па якім даецца ключавая ацэнка фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
У мінулым годзе, як адзначыла Таццяна Фёдараўна, асобныя ўстановы не выкарысталі ў поўным аб’ёме сродкі, якія былі ім выдзелены. Дарэчы, імі ж разлічаныя. Так, у мінулым годзе незапатрабаванымі засталіся амаль 2,5 мільярда рублёў. Гэта гаворыць аб тым, што спецыялісты не здольны правільна сфарміраваць бюджэт. Іншы раз шмат губляюць установы адукацыі з-за перасоўвання сродкаў з квартала на квартал, а таксама з прычыны няправільна аформленых дакументаў, якія вяртаюцца на дапрацоўку. Пакуль скончыцца гэты бегавы круг, адбываецца абясцэньванне грошай. Хаця спецыялісты інжынернай службы ўпраўлення адукацыі пастаянна выязджаюць у раёны з мэтай аказання метадычнай дапамогі, вучыцца на памылках не ўсе імкнуцца.
Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што часам службы, як фінансавыя, так і інжынерныя, не хочуць звяраць свае дзеянні з заканадаўствам. Адносна гэтага кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі лічыць, што наспела неабходнасць праверкі ў спецыялістаў ведаў на прадмет практычнага прымянення заканадаўства ў сферы закупкі тавараў, паслуг, правядзення рамонтных работ. Такую пазіцыю падтрымлівае і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама У.А.Прывалаў. “Калі спецыялісты, якія займаюцца пытаннямі рамонтаў, складаннем каштарысаў, робяць грубыя памылкі, што выклікае неабходнасць уносіць карэктывы ў праектна-каштарысную дакументацыю і затрачваць на гэта бюджэтныя грошы, то ці маюць яны права займаць такія пасады?” — гэтае рытарычнае пытанне прадстаўніка мясцовых органаў улады дае падставу думаць, што хутка ў рэгіёне сур’ёзна возьмуцца за выпраўленне сітуацыі.
Варта звярнуць увагу і яшчэ на адно даручэнне Уладзіміра Аляксандравіча, дадзенае падчас выступлення прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама, у якім ішла гаворка пра спонсарскую дапамогу. Канкрэтна ў гэтым раёне за мінулы год такая дапамога была аказана амаль на 6,5 мільярда рублёў. Гэта грошы прадпрыемстваў і бацькоў. У Мазыры размяшчаюцца два буйныя прадпрыемствы — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і “Мазырсоль”. А вось грошай на развіццё ўстаноў сістэмы адукацыі ад прадпрыемстваў паступіла ўсяго на мільярд рублёў больш, чым ад бацькоў. Прычына, на думку намесніка старшыні аблвыканкама, у тым, што аддзелы адукацыі не імкнуцца прыцягваць да супрацоўніцтва вытворчасць і прадпрымальнікаў. І гэта тычыцца ўсіх буйных рэгіёнаў.

Дазвольце фінансавую самастойнасць

Зразумела, побач з недахопамі і недапрацоўкамі ў адукацыйнай галіне Гомельшчыны шмат поспехаў і дасягненняў, цікавых распрацовак і ідэй. А ў камандзе кіраўнікоў рознага ўзроўню ўсё ж значна больш таленавітых, высокапрафесійных людзей, якія змаглі правільна пабудаваць фінансава-гаспадарчую палітыку сваіх устаноў. Гэта перш за ўсё праяўляецца ў пазабюджэтнай дзейнасці. Параўнальны аналіз паказвае, што пазабюджэтныя грошы як дадатковая крыніца фінансавання найбольш адчувальныя ва ўстановах прафтэхадукацыі. Іх удзельная вага ў бягучых расходах складае 10 працэнтаў, у той час як сярэдні паказчык па вобласці — каля 3 працэнтаў. Праўда, ёсць і ў гэтым некаторыя недахопы, якія патрабуюць карэкціроўкі. А менавіта тое, што пакуль у начальнікаў аддзелаў застаецца непапулярным даваць установам адукацыі самастойнасць. Аб гэтым у сваім выступленні на пасяджэнні калегіі гаварыў намеснік міністра С.В.Руды. Ён падкрэсліў, што заробленыя самастойна сродкі павінны заставацца ва ўстановах і кіраўнік павінен сам вырашаць, куды гэтыя грошы будуць накіраваны: на павышэнне зарплаты, рамонт, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і г.д.
На думку намесніка міністра, у рэгіёне не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці зарабіць грошы. Такую выснову Сяргей Валянцінавіч зрабіў, аглядаючы выставу тэхнічнай творчасці, прадстаўленую ўстановамі прафтэхадукацыі і тэхнічнымі цэнтрамі вобласці.
— Я ўбачыў шмат цікавых рэчаў, — сказаў С.В.Руды. — Малайцы дзеці, імкнуцца, прыдумляюць. Але пакуль гэта ўсё цацкі, зробленыя ў адным ці двух экзэмплярах. Ну вось стварылі хлопцы механізм для ачысткі кукурузы. Згадзіцеся, рэч патрэбная ў гаспадарцы. Цікаўлюся, колькі прадалі. Ніводнага. Ён наогул у адным экзэмпляры. А пры пэўным падыходзе вынаходка магла б прынесці добры даход.
Намеснік міністра заўважыў, што гэта тычыцца не толькі Гомельшчыны. На жаль, такая сітуацыя складваецца ва ўсіх рэгіёнах. Гаварыць за калег гомельскія педагогі не могуць. Што ж тычыцца Гомельскай вобласці, то тут працуюць у гэтым кірунку і стараюцца рэалізаваць спажыўцам тавары, створаныя рукамі навучэнцаў. Для гэтага штогод праводзіцца кірмаш устаноў прафтэхадукацыі. У мінулым годзе выручка ад продажу на кірмашы склала больш за мільярд рублёў. Бясспрэчна, у гэтым кірунку яшчэ ёсць вялікія рэзервы, іх неабходна развіваць.
Канечне, нельга было абысці і тэму заработнай платы. На пасяджэнні было агучана, што на канец мінулага года ў галіне адукацыі вобласці сярэдні заробак склаў 4 мільёны 380 тысяч рублёў і Гомельшчына па гэтым паказчыку апынулася на чацвёртым месцы сярод абласцей.
Зараз кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі працуе над вызначэннем прыярытэтных шляхоў, якія дапамогуць выправіць сітуацыю. Вельмі да месца была заўвага С.В.Рудага адносна таго, што ў рэгіёне не выкарыстоўваліся механізмы павышэння заробку, якія сёння прадастаўляюцца дзяржавай.
— На жаль, у мінулым годзе ні адна з устаноў або аддзелаў, упраўленне ў цэлым не выкарысталі механізм, прадастаўлены законам дзяржаўнага бюджэту, — сказаў Сяргей Валянцінавіч. — Так, як і пастановай Савета Міністраў, якая ў поўным аб’ёме адкрывае магчымасці выкарыстання сэканомленых ад аптымізацыі сродкаў на павышэнне менавіта заработнай платы. Прашу вас у 2015 годзе звярнуць увагу на гэтыя механізмы і не ўпускаць такія магчымасці.
Акрамя вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, на парадку дня пасяджэння калегіі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама стаялі пытанні якаснага і бяспечнага харчавання навучэнцаў, а таксама падвядзенне вынікаў абласнога этапу конкурсу на лепшую арганізацыю работы па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў “Энергамарафон-2014”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.