Выхоўваць душы, непрыступныя для заган

— Іаан Златавуст казаў: “Добрае выхаванне не ў тым, каб спачатку даць магчымасць развіцца заганам, а потым з імі змагацца. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць душу дзіцяці непрыступнай для заган”, — гаворыць настаўніца гісторыі Н.М.Алесік з гімназіі № 4 Брэста. — Маральнае выхаванне моладзі — адно з найбольш актуальных пытанняў у сучасным свеце. Сёння вельмі адчуваецца адарванасць чалавека ад каранёў, без чаго губляецца пачуццё Бацькаўшчыны. Дзеці адкрыты для негатыўнага ўплыву агрэсіўнай масавай культуры, якая разбурае іх асобу. Таму школа павінна выхоўваць вучняў з развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Выхоўваць так, каб кожнае дзіця адрознівала дабро ад зла і магло зрабіць правільны маральны выбар.

Н.М.Алесік лічыць, што важнае месца ў духоўным выхаванні вучняў займаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, звычаі і культура беларускага народа. Праваслаўе, якое з’яўляецца гісторыка-, культура- і сэнсаўтваральным элементам нашага жыцця, адыграла вялікую ролю ў станаўленні дзяржавы і грамадства, сям’і і чалавека, духоўнасці, культуры і выхавання. Сёння надзвычай востра адчуваецца патрэба ва ўроках дабрыні ў школах, таму ўстановы адукацыі актыўна супрацоўнічаюць з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У кожнай школе задачы духоўнага выхавання рэалізоўваюцца па-рознаму. З 2014 года ў гімназіі № 4 Брэста па ініцыятыве дырэктара А.В.Шкулепа ажыццяўляецца праект духоўна-эстэтычнага выхавання падлеткаў “Лапікі”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніцы гісторыі Л.А.Сцепанюк і Н.М.Алесік. Галоўная ідэя праекта — фарміраванне духоўнай бяспекі ў вучняў, паколькі менавіта духоўна неакрэплыя дарослыя і дзеці трапляюць у розныя секты, акультныя аб’яднанні, губляюць сэнс жыцця, становяцца падуладнымі суіцыдальным паводзінам і трапляюць у наркатычную залежнасць.

— Праект цесна звязаны з гісторыяй, літаратурай, грамадазнаўствам і іншымі школьнымі прадметамі і музычнымі дысцыплінамі дадатковай адукацыі, якія выкладаюцца ў гімназіі, — расказвае Н.М.Алесік. — У рамках праекта педагогі выхоўваюць у вучняў духоўнасць, абуджаюць у іх эстэтычныя і рэлігійныя пачуцці, якія грунтуюцца на нормах традыцыйнай маралі і праваслаўнай культуры.

Назву праекта падказала дзіцячая казка-прытча “Лапікавая коўдра” пра садоўніка, які змог ахінуць чароўнай коўдрай дзівосны сад. У якасці лапікаў для коўдры ён выкарыстаў цеплыню чалавечых душ, якую ахвяравалі жыхары чароўнага горада. Кожны з іх згадзіўся ста ць маленькім лапікам для вялікай коўдры, каб выратаваць сад. Чароўная коўдра — гэта метафара ўсіх дзіцячых сэрцаў.

У праекце ўдзельнічаюць вучні 5—8 класаў. Аўтары спадзяюцца, што праз гісторыю, спалучаную з сучаснасцю, падлеткі правільна сфарміруюць свае адносіны да сябе, сям’і, навакольнага свету, Радзімы, духоўных святынь і роднай прыроды.

У рамках праекта праводзяцца розныя мерапрыемствы: тэматычныя гутаркі, літаратурныя пастаноўкі і круглыя сталы з тэарэтычным знаёмствам з гісторыяй праваслаўя (відэафільмы, царкоўныя песнапенні, творы царкоўнага іканапісу і літаратуры). Аўтары праекта імкнуцца актывізаваць дзейнасць вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў прыкладнога характару (выраб “Чароўнай коўдры добрых спраў” і падарункаў для мам сваімі рукамі).

— Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва педагогаў і падлеткаў са святарамі, з нядзельнымі школамі гарадскіх і прыходскіх храмаў, — гаворыць Н.М.Алесік. — Так, вучні пабывалі ў нядзельнай школе Уздзвіжанскага храма ў Высокім Камянецкага раёна, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю вакальнай студыі, якая існуе там шмат гадоў пад кіраўніцтвам настаяцеля храма айца Анатоля Медзведзюка. З вялікім інтарэсам і задавальненнем падлеткі наведваюць духоўныя святыні Беларусі.

Адным з новых напрамкаў праекта ў бягучым навучальным годзе стала дабрачынная дзейнасць, якая рэалізоўваецца ў форме супрацоўніцтва з дзіцячым домам сямейнага тыпу і раённымі ЦКРНіР Брэста “Тонус” і “Веда”. Акрамя таго, педагогі пашыраюць веды вучняў пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Софію Слуцкую, Ульяну Гальшанскую і Сімяона Полацкага. У планах — экскурсія на Полаччыну і Тураўшчыну. Настаўнікі ўпэўнены, што каменныя крыжы Тураўшчыны, Спаса-Ефрасіннеўская царква і Сафійскі сабор не пакінуць раўнадушнымі выхаванцаў.

— Добрае выхаванне надзейна ахоўвае чалавека ад тых, хто дрэнна выхаваны, — адзначае Н.М.Алесік.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Ад грамадзянскай пазіцыі кожнага залежыць наша будучыня

Педагагічны калектыў Сыродскай базавай школы працуе над метадычнай тэмай “Сістэмна-дзейнасны падыход як метадалагічная аснова арганізацыі сучаснага адукацыйнага працэсу”. У школе пачалася работа па стварэнні новага адукацыйнага асяроддзя. Асноўны прынцып гэтай работы — суб’ект-суб’ектныя адносіны педагогаў і вучняў як у навучанні, так і ў выхаванні.

Важным сродкам вырашэння праблемы выхавання вучняў як грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй з’яўляецца арганізацыя тэматычных тыдняў і акцый, якія дазваляюць рэалізаваць дзейнасны падыход. Такая форма прадугледжвае ўдзел школьнікаў у абмеркаванні, складанні, выкананні і рэфлексіі плана правядзення тэматычных тыдняў. Гэта значыць, у працэсе і выніку такога падыходу нараджаецца не пасіўны сузіральнік пэўных відаў дзеянняў, падзей, а актыўны ўдзельнік і арганізатар калектыўных творчых спраў. Таксама тэматычныя тыдні і акцыі прадугледжваюць стварэнне ўмоў для станаўлення маральнай грамадзянскай пазіцыі, грамадзянскай кампетэнтнасці і здабыцця вопыту актыўнай дзейнасці.

Педагагічная практыка пераконвае нас, што абраная форма арганізацыі выхаваўчай работы з’яўляецца прыярытэтнай умовай эфектыўнага выхавання грамадзянскіх каштоўнасцей. Дзякуючы правядзенню тэматычных тыдняў, жыццё ў школе становіцца больш эмацыянальным, цікавым і насычаным.

З мэтай прапаганды ідэй здаровай будучыні для новага пакалення, выхавання экалагічнай культуры, развіцця ў вучняў беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя ў Сыродскай базавай школе з 15 кастрычніка па 15 лістапада праходзіла тэматычная акцыя “Кожны ў адказе за жыццё на планеце”, прымеркаваная да Міжнароднага дня другаснай перапрацоўкі, які штогод адзначаецца 15 лістапада.

“Мы дзіўна, няправільна жывём на Зямлі: ахоўваем каштоўнае і цэннае, а бясцэннае не захоўваем. Брыльянты, алмазы, золата, грошы ахоўваем, а азёры, крыніцы, аблокі, зоны чыстага паветра — не. Мы не хочам засвоіць самае галоўнае: Паветра — гэта наш бацька, Вада — маці, Зямля — наш дом”, — такімі словамі адкрылі экалагічную акцыю вядучыя Iрына Cтаніславаўна Антоненка i Юлiя Iгараўна Нагорная.

Раней праблема смецця лічылася пераважна гарадской, але сёння гэта актуальна і для вёскі. Смеццем завалены абочыны аўтамабільных і чыгуначных дарог. Застаецца пазайздросціць далёкай Швейцарыі.

Анкетаванне педагогаў, тэхнічных работнікаў і вучняў паказала, што праблема аховы навакольнага асяроддзя нікога не пакідае абыякавым. Аказалася, што бацькі сучасных школьнікаў таксама збіралі макулатуру, металалом. Большасць сем’яў выкарыстоўвае штучную ёлку падчас навагодніх свят, каб зберагчы дрэвы.

Падчас удзелу ў экалагічным дэсанце “Чысціня вясковых вуліц” школьнікі ўбачылі: многія жыхары падтрымліваюць чысціню і парадак на вуліцах аграгарадка, садзяць дрэвы, кветкі. Разам з класнымі кіраўнікамі школьнікі распаўсюджвалі рэкламныя лістоўкі “Хай Сырод будзе чыстым!”, “А ты здаў макулатуру?”.

Кожная субота акцыі абвяшчалася “зялёнай”: праходзіў традыцыйны конкурс па зборы макулатуры (“Здай макулатуру — выратуй дрэва!”) і адпрацаваных элементаў сілкавання (“Уладар батарэек”).

Дзеці і іх бацькі майстравалі вырабы з другаснай сыравіны. Як вынік, у школе адкрыўся міні-музей “Дадзім адходам шанс!”. Сімпатычныя прадметы ў стылі апсайклінгу здзівілі нас.

Завяршальным акордам акцыі стаў экалагічны фестываль “Кожны ў адказе за жыццё на планеце”. Падчас яго прагучалі заклікі далучацца да добраўпарадкавання роднай вёскі ўсім яе жыхарам, праявіць маральна-экалагічную пазіцыю.

Члены атрада валанцёраў 8 класа “Пазітыў” правялі перадачу “Кінь Прыродзе выратавальны круг”, у якой звярнуліся да ўсіх неабыякавых да лёсу нашай планеты і тых, хто хоча, каб яна была чыстай і зялёнай, праяўляць мудрасць і экалагічную культуру.

Свабоду творчасці, палёт бязмежнай фантазіі праявілі ўдзельнікі карнавалу “Цуды з адходаў”, паказу мадэляў экалагічных касцюмаў з адходаў і непрыдатнага матэрыялу Аляксандра Русецкая, Ангеліна Карнеявец, Раман Шуляк, Ксенія Дулуб, Ульяна Снопік, Марыяна Антоненка, Караліна Барысенка, Карына Салодкіна, Кацярына Шуляк, Цімафей Дулуб.

Аўтары плакатаў на тэму “Лёс планеты ў тваіх руках” таксама аддалі свой голас у абарону прыроды. Дапамаглі падрыхтаваць плакаты бацькі навучэнцаў: Ігар Валер’евіч Лабада, Вольга Іванаўна Дулуб, Ганна Андрэеўна Шуляк, Таццяна Аляксандраўна Балахонцава, Яўгенія Мікалаеўна Камыш. Юныя экадызайнеры шэдэўраў атрымалі заахвочвальныя прызы.

Госць фестывалю супрацоўнік установы “Камунальнік Калінкавіцкі” Вера Іванаўна Карпенка расказала, як ідуць справы са зборам адходаў у Калінкавіцкім раёне, падзякавала за адказны падыход да экалагічных праблем.

Завяршыўся экафестываль агульнашкольнай экалагічнай акцыяй “Праспяваем гімн прыроды разам”, у якой прынялі ўдзел вучні, педагогі, бацькі, госці.

Так, у творчай і спаборніцкай атмасферы былі закрануты сур’ёзныя праблемы выжывання прыроды на планеце, прыцягнута ўвага грамадскасці да экалагічных праблем аграгарадка і раёна. Трывожныя звесткі аб стане навакольнага асяроддзя прыходзяць з усіх кантынентаў. Наш свет перарэзаны межамі ўмоўна. Экалагічная сучаснасць і будучыня ва ўсіх народаў агульныя. Гэта разумеюць і юныя, і дарослыя жыхары аграгарадка Сырод.

У жыцці нашых хлопчыкаў і дзяўчынак будзе яшчэ шмат выбараў: маленькіх і вялікіх, простых і складаных, — але яны зразумелі, што ад грамадзянскай пазіцыі кожнага залежыць будучыня роднай зямлі.

Таісія СОПАТ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сыродскай базавай школы.

…Любіць насуперак усяму

Апошнім часам стала вельмі модна гаварыць пра педагагічнасць у працэсе выхавання дзяцей. Прычым часцей за ўсё аб гэтым гавораць менавіта маладыя мамы, якія занепакоены будучыняй сваіх дзяцей з таго самага моманту, калі яны толькі навучыліся трымаць лапатку ў руках. Паралельна з гэтымі мамамі існуюць сярод нас і такія, для каго слова “педагагічнасць”, роўна як і “выхаванне”, не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. І, як бы жорстка гэта ні гучала, для такіх мам уласныя дзеці як старая мэбля, якая быццам бы і не патрэбна, але і выкінуць шкада.

У рэйд па нядобранадзейных сем’ях, якія арганізоўвае інспекцыя па справах непаўналетніх, мне выпадала магчымасць ездзіць ужо не адзін раз. Успамінаючы дэталі мінулых паездак і на свежы розум аналізуючы ўбачанае, магу сказаць, што першая паездка ў псіхалагічным плане была вельмі цяжкай. Ну не магла я глядзець, у якіх умовах жывуць, што ядуць, на чым спяць і ў што апрануты дзеці з такіх сем’яў. Хацелася проста заплюшчыць вочы і зрабіць так, каб з памяці ў адно імгненне сцерлася ўсё тое, што ўбачыла ў сценах гэтых абшарпаных кватэр-баракаў. Увогуле, было проста жудасна ўсведамляць, што такое ў наш час магчыма. Але колькі б слоў абурэння я ні выказвала, змяніць яны нічога не змогуць. Ведаючы, што чарговая паездка не падорыць нічога новага і ніякіх вясёлкавых перспектыў мы не ўбачым ні ў адной з небяспечных сем’яў, давялося “ўключаць” рэжым імунітэту да ўсяго таго, за чым буду назіраць на гэты раз.

У рэйд па Смалявіцкім раёне, які быў арганізаваны падчас асенніх канікул, я паехала разам з мясцовым начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх маёрам міліцыі Алай Русановіч і двума ўчастковымі інспектарамі. У падначаленні кожнага з інспектараў — сем’і з уласнымі гісторыямі, якія, і гэта не дзіўна, падобныя адна да адной.

Гісторыя першая.
Пра пельмені з “чарнілам”і кавалак каўбасы

Першым у спісе абавязковых да наведвання дамоў значыўся адрас Ірыны (імёны зменены). У жанчыны пяцёра дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы 18 гадоў, а самае маленькае дзіця нядаўна адзначыла свой пяты дзень нараджэння. Сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры барачнага тыпу ў вёсцы. Пад’язджаючы да дома, я ўспомніла, што тут ужо была. Два гады назад, наведваючы гэты дом, камісія па справах непаўналетніх не раздумваючы забрала дзяцей у прытулак. Дагэтуль памятаю, што самым жудасным у працэсе разлучэння маці з дзецьмі было тое, што плакалі толькі дзеці. Маці было ўсё роўна. У мяне нават склалася такое адчуванне, што органы апекі, здзейсніўшы гэты ўчынак, проста аблягчылі ёй жыццё. Але другога выйсця на той момант не існавала. Тут не было абсалютна ніякіх умоў для пражывання. Нават санвузел не быў абсталяваны. На тым месцы, дзе павінен быць унітаз, са сцяны тырчалі дзве кароткія трубы. І ролю ўнітаза выконвала ванна. Бетонная падлога была без усялякага пакрыцця — дзеці хадзілі босыя па будаўнічых плітах. Памятаецца, як на пытанне, чаму дагэтуль кватэра, у якой пражываюць дзеці, не абсталявана згодна з санітарнымі нормамі, прычым самымі элементарнымі, гаспадыня адказала, “што ў туалет усе ходзяць на вуліцу”. Раўнадушшу жанчыны, якая нарадзіла пяцярых дзяцей, можна было толькі паспачуваць. Тады ніякага жадання зрабіць дзяцінства малых крышачку шчаслівым у гэтай маці — калі яе можна было так назваць — не было. Памятаю, як Ірына ігнаравала ўсе пытанні, якія ёй задавалі. Яна моўчкі раскачвала цеста на пельмені бутэлькай з-пад “чарніла”. Але пельмені былі не для дзяцей, а для сабутэльнікаў, якія тоўпіліся побач.

— Ты лічыш, што ў гэтай сям’і нешта змянілася? — быццам прачытаўшы мае думкі, пачала расказваць Ала Генадзьеўна. — Амаль нічога новага не адбылося. Толькі на грашовую адрасную дапамогу, якая была выдзелена, у санвузле ўсталявалі ўнітаз. А дзяцей жанчыне аддалі пасля таго, як яна вярнулася да рэгулярнай працы на ферму і перастала вадзіць у дом алкаголікаў.

…Падымаемся на другі паверх. Цяпер дзверы ў кватэры металічныя. Спрабуем адчыніць — не замкнута. Трое малых сядзяць у пакоі на абадранай старэнькай канапе. Старэйшых дзяцей дома няма. Маці таксама няма — яна на ферме, вернецца дадому толькі ў 5 гадзін раніцы. А гэта значыць, што начаваць дзеці будуць адны ў халоднай непрацепленай кватэры (у кватэры на кухні стаіць кацёл, які трэба паліць самім, але, зразумела, дзеці гэта рабіць не будуць, хаця тут няма чым паліць). Мы праходзім на кухню, каб праверыць, ці ёсць у дзяцей што паесці. Следам ідзе босая 11-гадовая дзяўчынка.

— Чаму ў цябе брудныя ногі? — пытае інспектар Ганна Дзяўліна.

— Я на вуліцы была, гуляла.

— Босая? У цябе ногі ў брудзе. Табе няма чаго насіць?

— Ёсць…

Дзяўчынка засмуцілася і выйшла ў калідор. Было відаць, што яна баіцца роспытаў. Але маці стараецца абараніць.

— Мама нам смажыла катлеты, — папярэдзіўшы ўсе пытанні, адказала дзяўчынка. — Але мы іх з’елі.

На пліце стаяла вялізная каструля з макаронамі, перамешанымі з фаршам. Побач, на патэльні, ад зін кавалачак падгарэлай дамашняй каўбасы, якім нават кацяня не накорміш, не тое што пяцярых дзяцей. Адчыняем пажаўцелы ад часу халадзільнік. Ні малака, ні кефіру — нічога, акрамя паўлатка сырога фаршу.

— Як вы будзеце начаваць адны ў халоднай кватэры? — пытаюся ў дзяцей.

— А нам не холадна, мы ўсе разам ляжам на ложак…

У гэтай сям’і шмат недахопаў. І наўрад ці ўсе яны будуць выпраўлены. Відавочна адно: дзецям тут цяжка, але яны моцныя, яны гатовы цярпець, таму што няма больш роднага чалавека, чым мама, якой бы дрэннай яна ні была. І як бы холадна і голадна ні было — яны не раскажуць пра гэта незнаёмым цёткам. Для нас і нашых дзяцей, якія растуць у цяпле і клопаце, умовы пражывання гэтай сям’і былі б пеклам. Для гэтых жа дзяцей тут рай. Таму што яны не бачаць іншага жыцця.

Праз некалькі тыдняў мы яшчэ раз заедзем сюды, каб пабачыць маці і пагаварыць з ёй.

Гісторыя другая.
Класіка пад пылам

У сям’і 40-гадовых Мікалая і Святланы трое дзяцей. Дакладней, было трое дзяцей. Цяпер няма ніводнага. Самых маленькіх — Машу і Ваню — забралі ў прытулак. Старэйшая, Аліна, выйшла замуж, і сёння яна ўжо сама мама, якая гадуе двух маленькіх хлопчыкаў.

Нягледзячы на тое, што дзяцей забралі з сям’і, пад наглядам інспекцыі яна ўсё роўна застаецца.

Пад’язджаем да дома, падымаемся ў кватэру. Дзверы адчынены насцеж. На парозе — муж Аліны, які трымае на руках 6-месячнага сына. Побач стаяць сабраныя ў пакетах уласныя рэчы і дзіцячая каляска. Аліна яшчэ раз, перад тым як збегчы адсюль, з бацькоўскага дома, аглядае кватэру, каб не забыць нічога свайго. Мы праходзім на кухню, каб паглядзець, у якім стане знаходзіцца дом.

— Яны сышлі літаральна некалькі хвілін назад, — пачынае расказваць Аліна. — Мы прыехалі, думалі, усё будзе нармальна, але тут зноў п’янкі. Тут немагчыма знаходзіцца. Да мяне сюды прыязджала сяброўка з Мінска, я хацела, каб яна засталася пераначаваць. Але яна праз гадзіну збегла. Папрасіла прабачэння і пайшла на электрычку. І як добра, што малых аддалі ў прытулак. І нашага сабаку, відаць, выкінулі ў акно, таму што тут яго няма, а на вуліцу выйсці сам ён не мог.

Пакуль дзяўчына скардзіцца на бацькоў, я аглядаю кватэру, якая наскрозь прапахла цыгарэтамі. На калідоры, які асвятляецца цьмянай лямпачкай і падлога якога ўсыпана сырымі крупамі, на сцяне вісіць кніжная паліца. У такіх сем’ях увогуле дзіўна бачыць хоць якія кнігі, а тут — пакрытая пылам класіка: Дастаеўскі, Талстой, Дзюма, Драйзер. Але высокае слова, на жаль, ад алкагалізму не лечыць.

Праходжу ў адзін з пакояў. На ўваходзе, на бруднай падлозе, ляжыць расціснуты плаўлены сырок, побач — талерка з кавалачкам сасіскі. У другім пакоі з парадкам сітуацыя амаль такая ж. Тут уключаны тэлевізар — ідуць навіны, сінхронна з якімі ўсё яшчэ працягвае дзяліцца сваімі навінамі Аліна.

— У гэтай сям’і сітуацыя з прадуктамі больш-менш нармальная, — заўважае Ала Генадзьеўна. — Тут больш за ўсё пытанняў па паводзінах бацькоў. Вось і зараз яны, п’яныя, збеглі, быццам адчуваюць, што мы прыедзем. І ўсе раскіданыя рэчы, ежа на падлозе — гэта яшчэ нармальна, было куды горш. Тыдзень назад мы прыязджалі, прымушалі навесці парадак. Тут жа нагой не было куды ступіць!

Аказваецца, сацыяльнымі службамі ўжо даўно прызнана, што дзеці з сям’і Патапавых знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму за імі рэгулярна вядзецца кантроль. Але гаспадароў кватэры гэта ўвогуле не хвалюе. Амаль усе заўвагі, якія былі выказаны мінулы раз супрацоўнікамі ІСН, былі праігнараваны.

Слухаючы, наколькі абыякавымі могуць быць адносіны ў сям’і паміж роднымі людзьмі, чарговы раз пераконваюся, што гэта якраз той выпадак, калі дзецям у прытулку будзе лепш, чым дома. Мне, напрыклад, страшна ад таго, што гаспадар кватэры з поўным раўнадушшам у прыступе агрэсіі змог выкінуць з акна сабаку ці ката, як гэта было мінулы раз на вачах у супрацоўнікаў ІСН. А калі б побач знаходзілася дзіця?..

Гісторыя трэцяя.
Калі мама дазваляе сябраваць “не з тымі”

Трэцім у спісе адрасоў, абавязковых для наведвання, значылася сям’я 15-гадовай Каці. Жыве дзяўчына з бацькамі ва ўласным доме. Мы ціха адчынілі браму, падышлі да дзвярэй веранды, адкуль чуліся жаночыя галасы. Пастукаліся, нам адчыніла п’яная мама Каці. Побач з ёй стаяла незнаёмая жанчына з цыгарэтай у руках. Убачыўшы на парозе людзей у форме, жанчыны пачалі абурацца, што ім перашкодзілі адпачываць. Жанчынам было нагадана, што Каця, па заключэнні сацыяльных службаў, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане, таму ІСН маюць права кантраляваць у любы дзень і гадзіну, як жыве дзяўчынка.

— З Кацяй не ўсё так проста, — расказвае начальнік ІСН Ала Русановіч. — Дзяўчына схільна да бадзяжніцтва. Аднойчы яна, нікога не папярэдзіўшы, паехала да сяброўкі ў Мінск. На тэлефонныя званкі не адказвала. Маці пачала хвалявацца і прыйшла ў міліцыю пісаць заяву. Дзяўчынку тут жа пачалі шукаць. І толькі пасля, калі дзяўчыну высачылі супрацоўнікі міліцыі, калі яны пачалі ёй званіць, яна зняла трубку. Безумоўна, было прыдумана шмат адгаворак наконт таго, чаму яна не адказвала на званкі маці. Прадстаўнікі праваахоўных органаў прывезлі дзяўчыну дадому.

Сёння была яшчэ адна прычына, па якой так позна ў суботу да Каці прыехала начальнік ІСН. Як аказалася, на працягу двух тыдняў да Каці не можа трапіць сацыяльны педагог: ёй не адчыняюць дзверы. Настаўніца звярнулася па дапамогу ў ІСН.

Калі мы зайшлі ў дом, Каця была ў сваім пакоі, зачыненым знутры. Для таго каб дзяўчына выйшла, маці некалькі разоў пастукала ў дзверы і папрасіла дачку адчыніць. Дзяўчынка выйшла. Зачыненая ў пакоі, яна была не адна. З ёй сядзелі 20-гадовы раней ужо судзімы малады чалавек і яго 16-гадовы брат. На пытанне, што тут, у пакоі непаўналетняй дзяўчыны, робіць судзімы дарослы мужчына, ні Каця, ні яе маці нічога не адказалі. Маці апусціла вочы ў падлогу, а дачка пачала дэманстратыўна “капацца” ў смартфоне. Што тычыцца гасцей, то яны, заўважыўшы людзей у форме, паспяшаліся пакінуць дом, абсыпаючы пры гэтым супрацоўнікаў нецэнзурнымі выразамі.

— Маці трэба больш уважліва ставіцца да дачкі, а Каця павінна паважаць маці, таму што яна жыве ў яе доме, таму што маці, якой бы добрай ці дрэннай для Каці ні была, клапоціцца пра дачку, — пачала размову з непаўналетняй Ала Генадзьеўна. — Дзяўчынка, якой 15 гадоў, не павінна сябраваць з 20-гадовым судзімым мужчынам, яна павінна чытаць, урокі вучыць.

Калі ўжо зараз, у такім узросце, маці дазваляе дачцэ прыводзіць дадому дарослых мужчын, што можа быць далей? Тут, як правіла, усё развіваецца па адным сцэнарыі, і не вельмі празаічным.

***

Тры розныя сям’і — тры розныя гісторыі, а праблема адна на ўсіх. І ва ўсіх трох выпадках задача, якая стаіць перад кампетэнтнымі органамі, адна — дапамагчы бацькам вырашыць тыя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся. Трэба шукаць дзейсныя метады для работы з такімі сем’ямі. Але для таго, каб выблытацца з існуючых праблем, крок насустрач павінны рабіць і бацькі. Без іх жадання нічога не атрымаецца. І шкада, калі шанс зрабіць спробу, каб стаць шчаслівым, будзе ўпушчаны. Няма нічога горшага, чым шкадаваць аб зламаным жыцці. Не сваім, не — аб зламаным жыцці сваіх дзяцей. А дзеці, што б ні здарылася, усё роўна будуць любіць сваю маму. Любіць шчыра і бескарысліва. І насуперак усяму.

Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.

Талерантным быць проста

У гэтым упэўнены педагогі сярэдняй школы № 1 Маларыты, якія імкнуцца выхоўваць у дзяцей талерантныя адносіны да іншых людзей.

— Кожны чалавек, згодна з Дэкларацыяй прынцыпаў талерантнасці ЮНЕСКА, адрозніваецца па знешнім выглядзе, сацыяльным статусе, маўленні, паводзінах і каштоўнасцях, валодае правам жыць у міры і захоўваць сваю індывідуальнасць, — гаворыць сацыяльны педагог сярэдняй школы № 1 Маларыты Наталля Хатынюк. — Вельмі важна, каб дзеці змалку добра разумелі гэта і паважалі адно аднаго. Таму педагогі ў выхаваўчай дзейнасці ўдзяляюць вялікую ўвагу фарміраванню ў вучняў такіх маральных якасцей, як цярпімасць, дабрыня і ўзаемапавага. На гэта быў накіраваны тыдзень талерантнасці, які нядаўна прайшоў у школе і выклікаў вялікі інтарэс у дзяцей. Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня, фарміравалі ў вучняў уяўленне пра талерантнасць, уменне весці дыялог і аргументаваць сваю пазіцыю, знаходзіць кампрамісныя рашэнні ў праблемных сітуацыях, паважаць правы іншых людзей.

Тыдзень пачаўся з тэматычнай дыскатэкі “Талерантнасць — гэта мы”. Вучні запісвалі на галінках дрэва якасці, якімі валодае талерантны чалавек. У выніку на спецыяльным стэндзе з’явілася дрэва талерантнасці.

У школьнай бібліятэцы была падрыхтавана выстава “Пісьменнікі — пра талерантнасць”. Старшакласнікі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе міні-сачыненняў “Школа — прастора талерантнасці”. Надзвычай цікава прайшла акцыя “Абдымі мяне”. Яркім і запамінальным атрымаўся флэш-моб “Розныя — роўныя”, падчас якога малодшыя школьнікі дарылі адно аднаму папяровыя сэрцы, зробленыя сваімі рукамі.

Вельмі цікавым аказаўся конкурс “Пано дружбы — у свеце любові, дабрыні, прыгажосці”. На белай тканіне вучні стваралі малюнкі, якія затым былі сшыты ў адно пано.

З азартам і гумарам хлопчыкі і дзяўчынкі падышлі да конкурсу плакатаў “Самы талерантны горад”. Адметна, што ўсе плакаты былі намаляваны пальчыкамі і далонямі.

Нікога не пакінулі абыякавымі фотавыстава “Дабрыня жыве побач” і прагляд відэароліка “Талерантным быць проста”. Вынікі тыдня былі падведзены на лінейцы, дзе лепшыя ўдзельнікі атрымалі граматы.

— Педагогі спадзяюцца, што тыдзень талерантнасці прайшоў недарэмна і дзеці будуць адносіцца адно да аднаго больш цярпіма, дарыць адно аднаму ўсмешкі і душэўную цеплыню, — адзначае Наталля Хатынюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Вучнёўскае шчасце

Як прыцягнуць школьнікаў да ўдзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах

Найважнейшай задачай, якая стаіць на сучасным этапе перад школай, з’яўляецца вырашэнне праблемы арганізацыі эфектыўнай работы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Асаблівае значэнне ў гэтым напрамку надаецца выхаваўчым мерапрыемствам у агульнаадукацыйных школах у шосты школьны дзень.

Найбольш небяспечным у дачыненні да фарміравання дэвіянтных паводзін з’яўляецца падлеткавы ўзрост. Узрост навучэнцаў гэтай ступені характарызуецца павышанай цікавасцю да сябе і іншых, высокай энергічнасцю, хуткай зменай і нестабільнасцю інтарэсаў, імкненнем да самарэалізацыі ў розных сферах дзейнасці. У гэты перыяд дзеці пачынаюць прымяраць розныя формы паводзін, у іх фарміруецца ўменне выбіраць правільную лінію паводзін у розных умовах і сітуацыях, патрэба рабіць, дзейнічаць у адпаведнасці з уласным маральным кодэксам, са сваімі маральнымі ўстаноўкамі і правіламі, свядома кіравацца імі.

Калі няма цікавай справы, выхаваўчым асяроддзем для падлетка становіцца аднаўзроставая група, у якой могуць быць непажаданыя і небяспечныя праяўленні нерацыянальнага выкарыстання вольнага часу — бязмэтнае правядзенне часу, ужыванне спіртных напіткаў, курэнне і г.д. Шануючы новае сацыяльнае асяроддзе, як бы сцвярджаючы сябе ў ролі дарослага, з прычыны схільнасці да пераймання падлеткі могуць стварыць крымінагенныя, сацыяльна небяспечныя групы. Усё гэта сведчыць пра неабходнасць развіваць у навучэнцаў уменні і навыкі арганізаванага правядзення вольнага часу праз уцягненне ў выхаваўчыя мерапрыемствы ў шосты дзень школьнага тыдня.

Прааналізаваўшы практыку выхавання, мы фіксуем шырока распаўсюджанае меркаванне, быццам зместам выхавання з’яўляецца дзейнасць. Таму праграма выхавання часта падмяняецца планам работы, а рэкамендацыі па ўзмацненні выхавання — распрацоўкамі якіх-небудзь відаў дзейнасці. Ва ўстановах адукацыі існуе меркаванне, што дастаткова арганізаваць разнастайную дзейнасць выхаванцаў, каб ініцыіраваць іх асобаснае развіццё. Але разнастайнасць дзейнасці ніяк не садзейнічае ўзыходжанню дзяцей на прыступку культуры. Яны і пасля гутарак, тэатра, харавых спеваў, пікніка, працоўнага дэсанту духоўна не ўзбагачаюцца і лепшымі не становяцца.

Звычайна планаваннем жыццядзейнасці адукацыйнай установы займаецца педкалектыў, а навучэнцы толькі ўдзельнічаюць у распрацоўцы канкрэтных спраў. У выніку невялікая група актыўных дзяцей можа рэалізаваць свае здольнасці ў выхаваўчых мерапрыемствах, а інтарэсы большасці навучэнцаў не ўлічваюцца, таму яны і не спяшаюцца ўключацца ў прапанаваную ім дзейнасць. Не забяспечваецца матывацыя ўключэння школьнікаў у выхаваўчыя мерапрыемствы, бо яны не разумеюць сэнсу спраў, якія іх чакаюць. Часта ў школах выхаваўчыя планы работы перагружаны мерапрыемствамі, што перашкаджае іх якаснай падрыхтоўцы і правядзенню. У некаторых выпадках яны бываюць цікавы толькі педагогам, паколькі трэба паставіць птушачку і зрабіць справаздачу перад кіраўніцтвам. Сёння школа павінна працаваць па многіх напрамках. І калі сур’ёзна адносіцца да рэкамендацый, то ў членаў педагагічных калектываў не хопіць сіл, а ў дзяцей — часу, каб падрыхтаваць урокі і прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах.

У школе павінна быць арганізавана такое выхаваўчае асяроддзе, якое дасць дзіцяці магчымасць выбару розных відаў заняткаў і творчай дзейнасці, што адпавядае іх асабістым патрэбам. Такім чынам, перад намі паўстала пытанне, як арганізаваць выхаваўчыя мерапрыемствы, каб прыцягнуць у іх большую частку навучэнцаў школы.

Мы падумалі, што выхаваўчыя мерапрыемствы ў школе павінны арганізоўвацца з улікам структуры “вучнёўскага шчасця”, калі кожнае дзіця хоча адчуваць сваю прыналежнасць да жыцця калектыву. Гэтая патрэба складаецца з трох частак:

1) дзіця хоча атрымліваць пацвярджэнне таго, што яно кампетэнтнае ў якой-небудзь галіне ведаў, што яно не дурное, нават калі ў яго дзённіку — “двойкі”. Атрыманне ад старэйшых і равеснікаў пацвярджэнняў сваёй інтэлектуальнай самастойнасці дае падлетку эмацыянальнае перажыванне паспяховасці, радасці. Задача выхавальніка — заўважыць тую самую галіну ведаў, у якой кампетэнтны яго выхаванец, нават калі гэтая галіна мізэрная;

2) камунікатыўная самастойнасць — адчуванне, што дзіця цікавае ў зносінах, прызнанне таго, што з ім цікава пагутарыць на розныя тэмы, што яно прызнана раўнапраўным партнёрам па зносінах;

3) свой уклад — адчуванне таго, што дзіця патрэбна тут, што яго ўклад у жыццё школы незаменны.

Арганізацыя выхаваўчага працэсу павінна адпавядаць наступным правілам: 1) даваць кожнаму дзіцяці магчымасць свабоднага выбару дзейнасці; 2) даваць магчымасць змены сацыяльнай пазіцыі ў працэсе яго жыццядзейнасці; 3) падахвочваць ставіць сябе на месца іншага (прымяненне механізма ідэнтыфікацыі).

Калі дзіця не можа сцвердзіцца ў навучанні, задача педагога — дапамагчы яму знайсці справу па душы, здольнасцях, інтарэсах, каб адчуць сябе ў ёй паважаным чалавекам. Гэта магчыма праз правядзенне конкурсу “Вучань года”, дзе дзеці могуць рэалізаваць свае здольнасці не толькі праз высокія вучэбныя дасягненні, але і розныя праяўленні актыўнасці ў наступных намінацыях: “Самы актыўны вучань”, “Самы творчы вучань”, “Самы спартыўны вучань”, “Самы актыўны член групы падтрымкі”, “Самы актыўны назіральнік”, “Народны ўмелец”. Конкурс праводзіцца на працягу года і заключаецца ў тым, што поспехі, дасягнутыя вучнем з дапамогай сілы волі, уседлівасці, цярплівасці, адзначаюцца настаўнікам спецыяльным значком, на якім ставіцца дата дасягнення, пішацца сутнасць дасягнення і фіксуецца ў своеасаблівым партфоліа “Летапіс дасягненняў”. На працягу года работа па афармленні партфоліа не страціць сваёй актуальнасці. Наадварот, яна стане элементам развіцця ў дзяцей рэфлексіі, адэкватнай самаацэнкі і талерантнасці. Момант гульні, які ў гэтым прысутнічае, дазваляе дзіцяці атрымліваць задавальненне пры выхаванні ў сабе сілы волі. Акрамя таго, з моманту з’яўлення першага дасягнення будуць наглядна бачны вынікі кожнага дзіцяці, кожны будзе мець права сабой ганарыцца. Гэта рэальная карціна развіцця дзіцяці, развіцця яго пазітыўнай “Я-канцэпцыі”.

Лепш за ўсё пачынаць праводзіць такі конкурс з 5 класа. Менавіта ў пераходны перыяд у сярэдняе звяно дзіця мае патрэбу ў самаацэнцы, самасцвярджэнні і самарэалізацыі. Развіццё гэтых самасцей дазволіць зрабіць пераход у новую псіхалагічную эпоху больш мяккім і выніковым. Асаблівасць самасвядомасці заключаецца ў тым, што дзеці імкнуцца пазнаць самі сябе, але яны яшчэ не ўмеюць дастаткова глыбока аналізаваць свае ўчынкі, свае поспехі і няўдачы. Адна з галоўных знешніх умоў самасцвярджэння падлетка — паспяховасць выхаванца ў вядучым відзе дзейнасці ў перыяд станаўлення яго асобы. Ад паспяховасці ў ёй залежыць яго аўтарытэт сярод педагогаў і равеснікаў.

Такі выхаваўчы падыход асноўваецца на запаведзях і прынцыпах, да якіх заклікалі педагогі-гуманісты Ф.А.Дыстэрверг, І.Г.Песталоці, К.Д.Ушынскі, Л.С.Выгоцкі і іншыя. Ахарактарызуем асноўныя з іх.

1. Прынцып прыродазгоднасці. Вельмі важнае правіла выхавання — прымаць дзіця такім, якое яно ёсць. Прырода чалавека мацнейшая за выхаванне. Усе хочуць быць добрымі, сумленнымі. Але для гэтага трэба быць псіхічна моцным, фізічна здаровым, самастойным, адказным за свае паводзіны. Каб паўнацэнна жыць, трэба многа ведаць, умець, быць гатовым вучыцца пастаянна, таму зыходная пазіцыя педагога да выхаванца — давер, апора на патэнцыял, які ў яго ёсць, пошук і развіццё яго здольнасцей, цікавасці, стымуляванне ўнутраных духоўных сіл.

2. Дзейнасны прынцып. Выхоўвае не педагог, а арганізацыя жыцця дзяцей, жывыя ўрокі, якія ўтвараюць асобасны вопыт кожнага выхаванца. Чым багацейшая школьная дзейнасць, тым мацней яна кранае сэрцы і душы дзяцей. Калектыўная творчая справа — частка школьнага выхаваўчага -ўздзеяння на дзіця. У такой справе кожнаму выхаванцу знаходзіцца месца, работа па душы. Тут мяняюцца, умацоўваюцца адносіны паміж выхаванцамі, расце самапавага. Факт змянення адносін і ўтварае выхаваўчы момант у любой выхаваўчай справе.

3. Узроставы прынцып. Для таго каб развіццё выхаванца ажыццяўлялася паслядоўна і правільна, неабходна ведаць спецыфіку кожнага ўзросту дзіцяці і ствараць адпаведныя педагагічныя ўмовы.

4. Прынцып супрацоўніцтва. Галоўная ідэя выхавання ў супрацоўніцтве — працаваць разам, вырашаць праблему разам, вучыцца разам. Калі поспех групы залежыць ад сумесных намаганняў і ад намаганняў кожнага члена групы, то выхаванец не можа не ўсведамляць адказнасці за свае поспехі і за поспехі сваіх сяброў.

Вышэйпералічаныя прынцыпы звязваюць разам паняцці “прырода асобы”, “узроставыя асаблівасці асобы”, “дзейнасць”, “супрацоўніцтва”.

Для прыцягнення большай колькасці навучэнцаў школы і ў тым ліку дзяцей групы рызыкі да ўдзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах неабходна выкарыстоўваць наступныя прыёмы карэкцыйна-выхаваўчага ўздзеяння:

1. Зніжэнне патрабаванняў да ўдзельніка ўзаемадзеяння да дасягнення сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі.

2. Уцягненне ў калектыўныя віды дзейнасці, стымуляванне развіцця творчага патэнцыялу і самавыяўлення.

3. Арганізацыя сітуацый, у якіх дзіця можа дасягнуць поспеху, выкарыстанне ўсіх мер падтрымкі.

4. Дэманстрацыя і тлумачэнне пазітыўных узораў паводзін (асабісты прыклад, мастацкая літаратура, перыёдыка, бібліяграфія, сустрэча з цікавымі людзьмі).

Таксама можна выкарыстоўваць наступныя прыёмы індывідуальнага ўздзеяння:

Мабілізацыя ўнутраных сіл школьніка на ўдзел у выхаваўчых мерапрыемствах:

* раскрыць яго магчымасці, уменні;

* пераканаць у неабходнасці работы, якая чакае;

* раскрыць перспектывы яго намаганняў;

* вызначыць змест канкрэтных відаў працы.

Актывізацыя валявой устаноўкі:

* глыбокая матывацыя;

* распрацоўка правіл штодзённай эфектыўнай працы.

Адабрэнне першых поспехаў у дзейнасці:

* пэўнае завышэнне ацэнак станоўчых вынікаў дзейнасці падлетка;

* сітуацыя поспеху.

Такі падыход мае метадалагічную аснову — канцэпцыю сацыяльнага загартоўвання М.І.Ражкова. Адной з ключавых ідэй гэтай канцэпцыі выступае канструяванне поля сацыяльных проб, дзе сацыяльныя пробы — паслядоўнасць дзеянняў, звязаных з выкананнем спецыяльна арганізаванай сацыяльнай дзейнасці на аснове паслядоўнага выбару адэкватнага сітуацыі спосабу паводзін. Псіхалагічнае поле можна разглядаць як сукупнасць актуальных стымулаў актыўнасці.

Такімі стымуламі з’яўляюцца перажыванне азарту, прыгод, эмацыянальнай напружанасці, саперніцтва, поспеху і паражэння, уласнай запатрабаванасці, прэстыжнасці гульнявога статусу, цікавасці разумовага і практычнага вырашэння гульнявых задач; зніжэнне трывожнасці і боязі за магчымую няўдачу ва ўзаемадзеянні, магчымасць пабудовы станоўчага вобразу “Я” ва ўласнай свядомасці, прадастаўленне магчымасцей быць прынятым, адобраным дарослымі або равеснікамі; магчымасці паказаць свае моцныя бакі, індывідуальныя здольнасці, самастойнасць. Дасягненне поспеху залежыць ад свядомасці ўдзелу (неабходнасці аналізаваць і рэфлексіраваць свае паводзіны). Адсюль узнікаюць магчымасці стымулявання самапазнання і самаўдасканалення.

Найбольш прыдатным для дзяцей малодшага падлеткавага ўзросту з’яўляецца прыём стварэння прыгод (нечаканых, эмацыянальна значных сітуацый), які рэалізоўваецца праз правядзенне асобных гульнявых і конкурсных мерапрыемстваў і выпрабаванняў — ініцыяцый. Гэта могуць быць вялікія псіхалагічныя гульні і разнастайныя акцыі. Для прыцягнення ўдзельнікаў можна выкарыстоўваць сістэму жэтонаў, якія яны атрымліваюць пасля ўдзелу ў мерапрыемстве. Уладальнікі жэтонаў удзельнічаюць у розыгрышы галоўнага прыза. Такая сістэма стымулявання актыўнасці дазваляе прыцягнуць да ўдзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах да 70% дзяцей.

* Для прыцягнення да ўдзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах педагагічны калектыў і савет старшакласнікаў сярэдняй школы № 13 Жлобіна заснаваў конкурс “Вучань года”. У конкурсе ўдзельнічаюць навучэнцы 5—9 класаў.

* Для стварэння сітуацыі поспеху для дзяцей з рознымі здольнасцямі былі распрацаваны наступныя намінацыі: “Самы актыўны вучань”, “Самы творчы вучань”, “Самы спартыўны вучань”, “Самы актыўны член групы падтрымкі”, “Самы актыўны назіральнік”, “Народны ўмелец”. Вызначаўся таксама парадак вылучэння кандыдатаў і крытэрыі іх адбору.

* Права на вылучэнне кандыдатаў на званне вучня года мае любы класны калектыў школы.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыі “Лепшы вучань па паспяховасці” можа стаць навучэнец, які займаецца на IV узроўні і з’яўляецца прызёрам (1—3 месца) творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд розных узроўняў або аўтарам даследчых работ.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыі “Самы актыўны вучань” можа стаць любы навучэнец, вылучаны класным калектывам, які адпавядае гэтаму званню. Гэта вучань, які ўдзельнічаў у вялікай колькасці школьных мерапрыемстваў, заваяваў дзелавы аўтарытэт, умее праяўляць ініцыятыву, браў на сябе адказнасць за асноўныя справы калектыву і за паводзіны аднакласнікаў.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыях “Самы творчы вучань” і “Самы спартыўны вучань” можа стаць любы навучэнец, які ўдзельнічае ў калектыўных творчых справах і спартыўных спаборніцтвах з’яўляецца прызёрам творчых конкурсаў або спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыі “Самы актыўны член групы падтрымкі” можа стаць любы навучэнец, які быў членам груп падтрымкі сваіх аднакласнікаў, якія ўдзельнічалі ў школьных або пазашкольных мерапрыемствах.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыі “Самы актыўны назіральнік” можа стаць любы вучань, які наведаў вялікую колькасць мерапрыемстваў у школе. Пацвярджэннем з’яўляецца наяўнасць адпаведных наклеек у “Летапісе дасягненняў”.

* Кандыдатам на званне вучня года ў намінацыі “Народны ўмелец” можа стаць любы вучань, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы розных вырабаў або ў правядзенні працоўных дэсантаў.

* Вылучэнне кандыдатаў на званне вучня года ў класным калектыве ажыццяўляецца на аснове парадку вылучэння кандыдатаў. Класны кіраўнік правярае партфоліа вучняў, выбірае самых актыўных за месяц і абмяркоўвае з аднакласнікамі, ці варты гэтыя навучэнцы ўдзельнічаць у конкурсе. За месяц адлюстроўваюцца вынікі асабістага першынства толькі па класах. На стэндзе “Нашы героі” вывешваюцца фотаздымкі прэтэндэнтаў на перамогу па розных намінацыях. Выніковы пратакол падаецца журы конкурсу.

Для падвядзення вынікаў конкурсу выкарыстоўваецца партфоліа вучняў “Летапіс дасягненняў” (або “Кніга пра мяне”), распрацаванае для фіксацыі ўдзелу дзяцей у школьных мерапрыемствах, якія праводзяцца.
Вучні могуць удзельнічаць як у агульнашкольных, так і ў класных мерапрыемствах.

Такая мадэль выхаваўчай работы спрыяе прыцягненню вялікай колькасці школьнікаў для ўдзелу ў мерапрыемствах не толькі шостага школьнага дня. Асноўны ўпор у ёй робіцца на актуалізацыю непасрэднай цікавасці дзяцей да ўдзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах праз падбор форм і метадаў, якія спрыяюць навучанню самарэгуляцыі, супрацоўніцтву, адэкватнаму праяўленню актыўнасці, ініцыятывы і самастойнасці, ажыццяўленню правільнага выбару форм паводзін. Такім чынам, мы можам далучаць да выхаваўчых мерапрыемстваў падлеткаў, якія не могуць сцвердзіцца ў навучанні, не маюць спартыўных дасягненняў або яўных мастацкіх здольнасцей. Намінацыі конкурсу даюць роўныя магчымасці ўсім навучэнцам школы.

Лепш за ўсё пра такі падыход гавораць словы паэта Дугласа Мэлаха:

Калі ты не можаш быць хвоей

на вяршыні ўзгорка,

Будзь маленькім дрэўцам у даліне, але толькі самым лепшым

дрэўцам.

Будзь кусцікам, калі не можаш

быць дрэвам.

Будзь травой ля дарогі і дай адпачынак стомленаму вандроўніку,

Калі не можаш быць кусцікам.

Калі ты не можаш быць кітом, будзь самым прыгожым акунём

у возеры!

Калі мы не можам быць капітанам, нехта павінен быць і матросам.

Для ўсіх знойдзецца работа

на караблі жыцця,

толькі знайдзі сваю справу.

Калі ты не можаш быць шырокай дарогай, будзь вузенькай

сцяжынкай.

Калі ты не можаш быць сонцам, будзь зоркай на небе.

Толькі знайдзі сваю справу

і старайся быць самым лепшым.

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна.

Выхаванне дзіцяці з АПФР: некалькі парад бацькам

У кожнай сям’і складваецца пэўная сістэма выхавання. Ці заўсёды яна правільная ў адносінах да дзяцей? Як выхоўваць так, каб не дапусціць педагагічных памылак, падысці да кожнага індывідуальна? Такое пытанне задаюць сабе бацькі як звычайных дзяцей, так і дзяцей з асаблівасцямі. Часта бацькі адчуваюць недахоп ведаў па выхаванні дзяцей, асабліва гэта тычыцца дзяцей з АПФР. Таму мне хацелася б даць некалькі парад выхаваўчага характару.

Можа быць вылучана 5 найбольш агульных тактык выхавання ў сям’і і 5 тыпаў сямейных узаемаадносін: дыктат; апека; неўмяшанне; супрацоўніцтва; парытэт.

Дыктат — гэта сістэматычнае падаўленне ініцыятывы дзіцяці. Часам бацькі, якія выхоўваюць дзіця з АПФР, дапускаюць такую памылку, навязваючы дзіцяці свае погляды, сваю волю. Ігнараванне інтарэсаў дзіцяці, яго меркаванняў, прымус, а часам і фізічнае пакаранне — усё гэта гарантыя сур’ёзных праблем у фарміраванні асобы дзіцяці ў далейшым.

Апека — адносіны, калі бацькі задавальняюць усе патрэбы дзіцяці. Апека ў сям’і — гэта сістэма адносін, пры якіх бацькі забяспечваюць задавальненне ўсіх патрэб дзіцяці, засцерагаючы яго ад праблем, клопатаў і цяжкасцей, прымаючы іх на сябе. Бацькі бачаць, што ў дзіцяці ёсць праблемы фізічнага ці псіхічнага характару, імкнуцца зрабіць усё за яго, тым самым блакіруюць працэс сур’ёзнай падрыхтоўкі дзяцей да рэальнага жыцця. Менавіта тады дзіця з АПФР аказваецца непрыстасаваным да жыцця ў калектыве, не ўмее будаваць адносіны з іншымі дзецьмі, часта становіцца мішэнню для насмешак або ўвогуле становіцца ізаляваным.

Неўмяшанне — гэта калі бацькі і дзеці суіснуюць побач, але не пераступаюць нябачны бар’ер, які існуе паміж імі, фактычна ізаляваны адно ад аднаго. У аснове такіх -узаемаадносін ляжыць эмацыянальная халоднасць бацькоў, іх пасіўнасць. Такая памылка ў выхаванні не дае дзіцяці гарманічна развівацца, яно не ведае, як правільна будаваць гарманічныя ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі.

Супрацоўніцтва мае на ўвазе падпарадкаванне сваіх уласных мэт мэтам сям’і.

Парытэт — гэта роўныя адносіны, заснаваныя на ўзаемнай выгадзе ўсіх членаў такога саюза.

Канечне, у сям’і, якая выхоўвае дзіця з АПФР, неабходна імкнуцца да супрацоўніцтва, гэта найбольш аптымальныя ўмовы для фарміравання і развіцця асобы.

У выхаванні дзяцей з АПФР неабходна прытрымлівацца наступных рэкамендацый.

1. Пры размове з дзіцем рабіце паўзы. Лепш нічога не сказаць, чым сказаць абы-што. Дзеці не паважаюць мітуслівасць. Пэўная запаволенасць старэйшых заўсёды дзейнічае станоўча.

2. Давайце дзіцяці час. Яно не можа спраўляцца з тэмпам, якога патрабуе дарослы.

3. Не прымушайце. Узамен выпрацоўваецца негатывізм — адмоўнае стаўленне да ўсяго.

4. Паважайце таямніцу дзіцяці. Не вымушайце яго падманваць. Калі дзіця вас баіцца, яно пачынае лгаць.

5. Дзіця не павінна баяцца пакарання. Пакаранне павінна быць карысным. Калі ёсць сумненне — караць або не, — не карайце.

6. Нельга караць і крычаць на дзіця, калі яно хворае, перад сном, у час гульні, пасля фізічнай або душэўнай траўмы, калі баіцца.

7. Не гаварыце дзіцяці, што яно дрэннае, лянівае, бесталковае, нікога не любіць, усім перашкаджае. Вы фарміруеце яму самаацэнку: Я — гультай; Я — ілжэц; Я — нікчэмны; Я ўсім перашкаджаю; Я нікога не люблю.

8. Верце ў сваё дзіця! Ваша вера здольная ператварыць магчымасць у рэальнасць.

9. Вельмі важна пахваліць дзіця з самага ранку. Гэта падорыць яму станоўчы настрой на ўвесь дзень.

Калі вам цяжка знайсці з дзіцем паразуменне, калі адчуваеце, што далёкія ад яго, то хоць на хвіліну ўспомніце сябе ў тым жа ўзросце, у той жа сітуацыі.

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК,
педагог-псіхолаг Вялікашылавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Слонімскага раёна.

Зямля бацькоў — мая зямля

Выхавальнікі Церабяжоўскага ясляў-сада Столінскага раёна фарміруюць самасвядомасць дзяцей на аснове пазнання гісторыі і культуры свайго народа і найбліжэйшага сацыяльнага асяроддзя. 

— Цяжкасці ў азнаямленні дзяцей з побытам і прыладамі працы продкаў заключаюцца ў тым, што дашкольнікам уласціва наглядна-вобразнае мысленне, — адзначае загадчыца ясляў-сада Святлана Новік. — Таму педагогі нашай установы выкарыстоўваць у рабоце не толькі мастацкую літаратуру, ілюстрацыі і дыдактычны матэрыял, але і наглядныя прадметы: нацыянальныя касцюмы, посуд, прылады працы і г.д. Акрамя таго, выхавальнікі разам з бацькамі аформілі на тэрыторыі ясляў-сада музейную экспазіцыю, дзе сабралі розныя бытавыя прадметы вяскоўцаў. Дзякуючы гэтаму, дзеці могуць адкрыць для сябе гісторыю роднага краю.

У дашкольнай установе наладжана цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, што значна павышае эфектыўнасць выхаваўчай работы. Ужо традыцыйнымі сталі такія сумесныя мерапрыемствы, як кірмаш народных цацак, выстава фотакалажаў і інш.

— Надзвычай цікавай і пазнавальнай з’яўляецца выстава работ дарослых і дзяцей “Лялька — абярэг сям’і”, — расказвае Святлана Новік. — Лялькі-абярэгі, выкананыя рознымі сем’ямі, — гэта не проста лялькі з тканіны, а традыцыя захавання цёплых і добрых узаемаадносін паміж дзецьмі і дарослымі ў сям’і. Кожная лялька з’яўляецца непаўторнай і адлюстроўвае сямейныя традыцыі, культуру, веру, светапогляды і каштоўнасці.

Педагогі разам з бацькамі чытаюць дзецям творы, якія выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, знаёмяць малышоў з народна-прыкладным мастацтвам малой радзімы, расказваюць дашкольнікам пра майстроў-аднавяскоўцаў, запрашаюць іх на заняткі. Вынікі такой работы відавочныя. Маленькія грамадзяне гавораць пра родную вёску з гордасцю і радасцю, хочуць жыць у сваёй краіне пад мірным небам сярод шчаслівых людзей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Дадатковыя крыніцы на ўроках геаграфіі

Адной з найважнейшых задач нашага грамадства з’яўляецца выхаванне працавітага і творчага чалавека, які спалучае ў сабе духоўнае багацце, маральную чысціню і фізічную дасканаласць. Школа павінна перш за ўсё вучыць моладзь тэарэтычным ведам, фарміраваць практычныя ўменні і навыкі.

Калі гаварыць пра значэнне ўрокаў геаграфіі ў сучаснай школе, то, бясспрэчна, трэба адзначыць іх вялікае адукацыйнае, выхаваўчае і практычнае значэнне. Авалодваючы геаграфічнымі ведамі, навучэнцы атрымліваюць магчымасць пашырыць свае веды пра навакольны свет, сучасную рэчаіснасць. Урокі геаграфіі спрыяюць прывіццю любові да роднага краю, раскрываюць навучэнцам свет прыгожага, духоўныя пошукі народаў свету, фарміруюць разуменне жыцця, актыўныя адносіны да рэчаіснасці, ідэйна-маральныя пазіцыі, высокую агульную культуру.

Сучасная школа павінна падрыхтаваць школьніка да актыўнай самастойнай дзейнасці, а значыць, узброіць іх навыкамі карыстацца дадатковымі крыніцамі ведаў (энцыклапедыямі, даведнікамі, слоўнікамі, статыстычным матэрыялам, перыядычным друкам і інтэрнэтам) у такой ступені, у якой гэта будзе неабходна для актыўнай творчай і грамадскай дзейнасці, для дасягнення пастаўленых перад сабой мэт.

За доўгія гады выкладання геаграфіі ў сярэдняй школе я прыйшла да высновы пра эфектыўнасць выкарыстання дадатковых крыніц ведаў на ўроках для пашырэння кругагляду навучэнцаў, павышэння актывацыі да вывучэння прадмета, развіцця пазнавальнай актыўнасці, павышэння агульнага ўзроўню культуры. Бо работа па выкарыстанні дадатковых крыніц ведаў і ўменні іх прымяняць на ўроках, конкурсах, алімпіядах, ды і проста ў жыцці, з’яўляецца, на маю думку, асноватворнай у выкладанні гэтага вучэбнага прадмета ў школе. А работа, звязаная з фарміраваннем ведаў навучэнцаў, — гэта перш за ўсё фарміраванне асобы, выхаванне розуму і сэрца дзіцяці, аказанне яму дапамогі ў магчымасці прадставіць свае погляды на свет, культуру розных краін і народаў.

Цяжка пераацаніць выхаваўчае значэнне ўрокаў у фарміраванні асобы навучэнца: яго светапогляду, ідэйнай пазіцыі, умення абараніць свой пункт гледжання; у развіцці культуры зносін, маральных арыенціраў, развіцці маўлення. Усё гэта спрыяе ўмацаванню памяці, выпрацоўвае вобразнае і лагічнае мысленне, актывізуе маўленчую дзейнасць навучэнцаў, развівае навыкі маналагічнай гаворкі навучэнцаў, дапамагае выбудаваць дыялог. Уменні атрымліваць і выкарыстоўваць дадатковую інфармацыю дазваляюць навучэнцам стаць актыўным удзельнікам у вытворчым і грамадскім жыцці краіны.

Геаграфія — старажытная навука. Гэта адзіны прадмет у школе, які вельмі глыбока вывучае прыроду і грамадства ў іх узаемадзеянні. Цяжка назваць прадмет, які валодаў бы такім дыяпазонам міжпрадметных сувязей і такімі магчымасцямі выкарыстання разнастайных сродкаў і метадаў навучання як на ўроку, так і ў пазакласнай рабоце.

Адным з галоўных напрамкаў у рабоце з навучэнцамі з’яўляецца развіццё пазнавальнага інтарэсу з выкарыстаннем дадатковых крыніц ведаў. Пазнавальны інтарэс выклікае ў навучэнцаў эмацыянальны ўздым, здзіўленне, пачуццё чакання, якія пераходзяць у творчую дзейнасць. Для яго развіцця трэба актывізаваць дзейнасць навучэнцаў у вучэбным працэсе, творча прымяняць даследчы падыход да навучання, развіваць патрэбу ў самаадукацыі, прымяняць нетрадыцыйныя прыёмы і сродкі навучання.

На ўроках вучань з’яўляецца суб’ектам працэсу навучання, уключаецца ў пастаянныя зносіны, пазнавальную дзейнасць і самастойную работу. Шырока практыкую даследчыя заданні па краязнаўстве, праблемах навакольнага асяроддзя, асваенні прыродных рэсурсаў — гэта развівае ў дзяцей лагічнае мысленне, вучыць разуменню прычынна-выніковых сувязей шляхам параўнання, аналізу, класіфікацыі і сістэматызацыі. Шырока выкарыстоўваю розныя віды праблемнага навучання. Работа ў парах, узаемакантроль, дзелавыя гульні, завочныя падарожжы, групавая работа, сімпозіумы, навукова-практычныя канферэнцыі — усе гэтыя віды работ даюць свой станоўчы вынік.

Даўно заўважыла, што пазнавальны і пошукавы інтарэс у навучэнцаў шмат у чым залежыць ад ілюстраванага і дыдактычнага матэрыялу, які выкарыстоўваецца на ўроках. Дзеці актыўна, з цікавасцю выкарыстоўваюць інтэрнэт, энцыклапедыі, матэрыялы перыядычнага друку і іншыя дадатковыя крыніцы ведаў.

У фарміраванні пазнавальнага інтарэсу асаблівую ўвагу звяртаю на выкарыстанне геаграфічных ведаў і сувязі з навакольным светам у штодзённым жыцці. Адной з форм развіцця пазнавальнага інтарэсу з’яўляецца тыдзень геаграфіі, дзе ёсць прастора для выкарыстання дадатковых крыніц ведаў.

Першы дзень тыдня геаграфіі прысвячаецца земляку — магіляўчаніну Герою Савецкага Саюза О.Ю.Шміту, пакарыцелю Паўночнага марскога шляху (можна правесці канферэнцыю, а пасля яе прадэманстраваць дакументальны фільм пра героя). На другі дзень праводзім дыспут на тэму: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Задача дыспуту — запаліць іскру цікавасці да падзей, з’яў грамадскага і культурнага жыцця нашай краіны. Гэты від дзейнасці фарміруе ў навучэнцаў актыўную грамадзянскую пазіцыю і адказнасць за тое, што адбываецца ў прыродзе, эканоміцы рэспублікі, родным горадзе, выхоўвае патрыятызм. Трэці дзень прысвечаны знаёмству з навукай нумізматыкай. Праводзіцца работа на выстаўцы значкоў, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца значкам — эмблемам гарадоў Савецкага Саюза, маркам характэрных галерэй і музеяў розных краін свету. На чацвёрты дзень праводзім інтэлектуальныя гульні “Разумнікі і разумніцы”, “Конкурс знаўцаў”. Навучэнцы па паралелях набіраюць ачкі пераможцаў. Гэта выклікае пастаянную цікавасць у школьнікаў, зараджае дзяцей станоўчай энергіяй. На пяты дзень праводжу брэйн-рынг па класах на веданне наменклатуры карты — вось тады і выяўляюцца наймацнейшыя вучні ў веданні геаграфічнай карты. На шосты дзень праходзіць мерапрыемства пад назвай “Дыскатэка людзей”. У час выканання песень (музычных твораў) школьнікам неабходна запомніць і ўзнавіць як мага больш геаграфічных назваў, тэрмінаў, паняццяў, геаграфічных з’яў. У канцы вечара падводзяцца вынікі:

* самы актыўны

* самы цікаўны

* самы разумны

* самы загадкавы іншапланецянін (нічога не адказаў).

Асаблівую ўвагу ў педагагічнай рабоце ўдзяляю падрыхтоўцы школьнікаў да ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе. Алімпіяды дазваляюць выявіць найбольш адораных, таленавітых дзяцей, спрыяюць іх далейшаму развіццю. Імкненне школьніка да лідарства, дэманстрацыі ўласных дасягненняў з’яўляецца адной з асноватворных умоў для ўдзелу ў алімпіядным руху.

Зразумела, пры падтрымцы асобаснай матывацыі навучэнца настаўнікам-прадметнікам тых, хто жадае працаваць, знаходзіцца дастаткова. Працавітыя дзеці, а таксама тыя, якія не баяцца паражэнняў і не ставяць перад сабой канкрэтных мінімальных мэт, праходзяць спачатку тэарэтычны тур, які ўключае разнастайныя заданні па форме і змесце (тэсты, інтэлектуальныя заданні, заданні на знаходжанне адпаведнасці), а потым і практычны тур, які дазваляе выявіць ступень развіцця прасторавага ўяўлення і абстрактнага мыслення.

Вялікую ролю адыгрывае работа з дзецьмі не толькі ў перыяд падрыхтоўкі да алімпіяды, але і пасля яе, асабліва для тых, хто не стаў пераможцам. Гэтая работа спрыяе вырашэнню аналітычных і рэабілітацыйных задач. Настаўніку абавязкова неабходна выпрацаваць рэкамендацыі дзецям па далейшай рабоце і выкарыстанні атрыманага вопыту ў алімпіядах.

Лічу, што перамога навучэнца на алімпіядзе — гэта асабістая перамога настаўніка. Бо вельмі многае залежыць ад актыўнасці настаўніка. Трэба быць мабільным. Адна справа — правесці ўрокі, а дапамагчы вучню дасягнуць поспеху — гэта перамога над сабой, пераадоленне сваіх унутраных бар’ераў і страхаў, пашырэнне свайго ўласнага як прафесійнага, так і асобаснага гарызонту. Не ўсё атрымліваецца адразу. Тут трэба жаданне, упартасць, цярплівасць і праца. Гэта і ёсць формула поспеху.

Галіна ГАРДЗЕЕВА,
настаўніца геаграфіі ясляў-сада — сярэдняй школы № 44 Магілёва.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Зрабіць сям’ю памочнікам і сябрам

Сям’я і школа — гэта два сацыяльныя інстытуты, ад узгодненасці дзеянняў якіх залежыць эфектыўнасць працэсу выхавання дзіцяці. Ніхто не сумняваецца, што ўплыў сям’і на дзіця мацнейшы, чым уплыў школы, вуліцы, сродкаў масавай інфармацыі. Аднак у той жа час сям’я не заўсёды можа забяспечыць у поўным аб’ёме выхаванне актыўнай і творчай асобы. Таму ні школа без сям’і, ні сям’я без школы не здольны справіцца з найбольш складанымі задачамі станаўлення чалавека.

Мае выхаванцы ўжо скончылі 10 клас. З класным калектывам я працую 6 гадоў. За гэтыя гады мне ўдалося стварыць аптымальныя ўмовы для канструктыўнага ўзаемадзеяння сям’і і школы. Я стараюся стымуляваць бацькоў і вучняў да эфектыўнага ўзаемадзеяння са школай, выкарыстоўваючы розныя кірункі сумеснай дзейнасці. У мяне атрымалася ўцягнуць бацькоў у адукацыйную дзейнасць сваіх дзяцей, арганізаваць творчую дзейнасць, выкарыстоўваючы як інавацыйныя, так і традыцыйныя формы і метады работы з сям’ёй.
У школе існуе інфармацыйная прастора для эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькоўскай грамадскасцю. Пастаянна абнаўляецца інфармацыя на інфармацыйным стэндзе. Функцыянуе бацькоўская пошта. Пры любым інфармаванні аб становішчы спраў у класе імкнуся стварыць у бацькоў уражанне аб класе як аб адзіным цэлым, пераконваю іх у тым, што іх дзіцяці будзе добра толькі ў тым выпадку, калі ў класным калектыве будуць створаны псіхалагічна камфортныя ўмовы, наладжаны добрыя адносіны, цікавая, змястоўная групавая дзейнасць. У шэрагу выпадкаў з гэтай мэтай я запрашаю бацькоў на ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, арганізоўваю індывідуальныя кансультацыі для бацькоў па выхаванні дзяцей, у рамках якіх ім прадастаўляецца інфармацыя аб магчымасцях і здольнасцях дзіцяці.

Адна з самых эфектыўных форм работы з бацькамі, на мой погляд, — правядзенне дзён адкрытых дзвярэй. Гэта свята класа, дзе дэманструюцца толькі станоўчыя дасягненні настаўніка і навучэнцаў, гэта своеасаблівы вынік новай прыступкі дасягненняў дзяцей, бацькоў, настаўніка. Такая форма дазваляе бацькам убачыць, як будуе класны кіраўнік працэс навучання і выхавання, якія поспехі дасягнуты вучнямі. Бацькі заўважаюць, на што трэба звярнуць увагу, каб дапамагчы свайму дзіцяці не адстаць ад аднагодкаў.

Значнае месца ў сістэме работы з бацькамі навучэнцаў адводзіцца псіхолага-педагагічнай асвеце. Самая распаўсюджаная форма работы настаўніка з бацькамі — бацькоўскія сходы. Час і жыццё мяняюцца, мяняецца і само дзіця. Сённяшнія дзеці ўжо не падобныя да тых дзяцей, якія былі дваццаць або трыццаць гадоў назад. Таму бацькі перш за ўсё хочуць даведацца аб праблемах курэння, алкагалізму, наркаманіі, аб узаемаадносінах падлеткаў, аб тым, як яны, бацькі, могуць дапамагчы дзецям адаптавацца да самастойнага дарослага жыцця.

Які вынік работы? У класным калектыве няма навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і на ўнутрышкольным кантролі. Няма сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Клас на працягу ўсіх гадоў навучання лідзіруе па паспяховасці і актыўнасці ўдзелу ў пазакласных мерапрыемствах. Ганна Квартнік неаднаразова з’яўлялася пераможцай раённай алімпіяды па беларускай і нямецкай мовах, пераможцай раённага і лаўрэатам Абласнога конкурсу чытальнікаў польскай паэзіі. Ганна ў 2014/2015 навучальным годзе ўзнагароджана дыпломам I ступені на VII навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук. Творчасць. Пазнанне” ў Мастах і дыпломам I ступені на XV Адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Ступені да навукі” ў Слоніме (секцыя “Руская філалогія”). У мінулым навучальным годзе яна была ўдастоена дыплома III ступені ў Абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ “Крыштальная альфа” і дыплома I ступені ў Абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Край Гарадзенскі”. Выхаванкі класнага калектыву Ганна Квартнік і Ангеліна Макей былі запрошаны на дабрачынную ёлку, арганізаваную ў Мастоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі для адораных дзяцей пад знакам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Маргарыта Чарніцкая — пераможца раённай алімпіяды па нямецкай мове. Яна на працягу двух гадоў узнагароджвалася дыпломам I ступені ў Абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Край Гарадзенскі”. Маргарыта была ўдзельніцай раённага этапу агляду-конкурсу “Лідар года — 2016”. Выхаванцы займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных спартыўных спаборніцтвах. Навучэнцы класнага калектыву на працягу некалькіх гадоў наведвалі польскі гурток “Крынічка”, неаднаразова выязджалі на Міжнародны фестываль дзіцячых тэатральных калектываў у Польшчу.

Разам з бацькамі нам удалося вырашыць многія пастаўленыя задачы. Мая задача як класнага кіраўніка — зрабіць сям’ю памочнікам і сябрам як для самога дзіцяці, так і для класа і класнага кіраўніка, — здзяйсняльная. Толькі разам з бацькамі агульнымі намаганнямі мы дасягаем станоўчых вынікаў.

З’явіліся агульныя інтарэсы ў дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Больш цеснае супрацоўніцтва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўмацавала ўзаемаразуменне паміж сям’ёй і школай, зрабіла іх партнёрамі ў адукацыйным працэсе. Сумесная дзейнасць змяніла адносіны бацькоў не толькі да дасягненняў сваіх дзяцей, але і да школы ў цэлым. Ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу адна мэта — фарміраванне і развіццё высокамаральнай, духоўнай асобы, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Навучыць дзяцей разбірацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, самастойна знаходзіць правільныя рашэнні, адстойваць свае перакананні — задача, якую можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі.

Галіна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 10 класа
Пескаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.

Сезон яркіх успамінаў

Канікулы завяршыліся. Хлопчыкі і дзяўчаты занялі свае месцы за партамі. Яны яшчэ доўга будуць разглядаць яркія сонечныя фотаздымкі і расказваць старым сябрам аб новых знаёмствах, якія падарыў ім адпачынак у летнім лагеры. А летнікі, апусцелыя, пачалі ўжо сумаваць па сваіх маленькіх адпачываючых. Летняя аздараўленчая кампанія на Міншчыне завершана. Аб тым, што цікавага і карыснага яна падарыла дзецям, расказвае Людміла Яўгенаўна Лінская, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

— Людміла Яўгенаўна, колькі навучэнцаў адпачылі ў лагерах Мінскай вобласці гэтым летам?

— Больш за трэць усіх навучэнцаў нашай вобласці адпачылі і аздаравіліся сёлета, а менавіта 53 399 дзяцей, што складае 37,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Для іх працавалі 1097 лагераў: 441 лагер з кругласутачным знаходжаннем, 656 — дзённых. Сярод іх — 139 летніх працоўных лагераў, 89 — спартыўна-аздараўленчых, 97 лагераў, прысвечаных пэўнаму профілю, кірунку дзейнасці. Усе лагеры былі належным чынам падрыхтаваны, і ў кожным з іх у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі праведзены змястоўныя, здароўезберагальныя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць” у адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі дзяцей. Супрацоўнікі лагераў шчыра стараліся, каб хлопчыкі і дзяўчынкі сапраўды добра адпачылі.

— Звычайна асаблівая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзяцей, якім патрэбна сацыяльная ахова і дапамога. Ці не стала лета-2016 выключэннем?

— Зразумела, не стала выключэннем і лета гэтага года. Для такіх катэгорый дзяцей мы пастараліся стварыць самыя спрыяльныя ўмовы адпачынку. За лета аздаравілася 2461 дзіця з малазабяспечаных сем’яў, 7375 дзяцей з мнагадзетных сем’яў, 641 выхаванец інтэрнатных устаноў і 2159 дзяцей-сірот, што выхоўваюцца на сямейных формах уладкавання, 577 дзяцей-інвалідаў, больш за дзве тысячы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і амаль паўтысячы тых, што трапілі на ўлік інспекцыі па справах непаўналетніх, каля сотні пацярпеўшых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Хочацца адзначыць пазітыўны вопыт работы лагера “Бродаўка” Барысаўскага раёна, які на працягу сямі гадоў прымае дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з Барысаўскага раённага ЦКРНіР. У лагеры створана безбар’ернае асяроддзе, дзеці адпачываюць у цудоўных прыродных умовах. На працягу змены з імі працуюць дэфектолаг, педагог-псіхолаг, праводзіцца мноства сумесных мерапрыемстваў для дзяцей з асаблівасцямі і іх здаровых равеснікаў.

— Работа любога лагера прадугледжвае не толькі адпачынак, але і выхаванне. Якую праграму прапаноўвалі сёлета летнікі сваім выхаванцам? Ці ўлічваліся інтарэсы і схільнасці дзяцей?

— Аздараўленчыя лагеры працавалі па розных кірунках: экалагічны, культурна-забаўляльны, краязнаўчы, грамадзянска-патрыятычны, спартыўна-аздараўленчы. Пры планаванні выхаваўчай работы прадугледжваўся шэраг тэматычных мерапрыемстваў, акцый, прысвечаных гадавіне Вялікай Перамогі, Году культуры. У кожным лагеры адбыліся прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне шкодных звычак, дарожна-транспартнага траўматызму, пажараў.

Мы пастараліся прадаставіць дзецям магчымасць знайсці для сябе так бы мовіць лагер па інтарэсах. Так, хлопчыкі маглі адпачыць у абласным ваенна-патрыятычным лагеры “Абаронца Айчыны” на базе 72 Гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. З удзелам ваеннаслужачых яны праходзілі страявую падрыхтоўку, знаёміліся з баявой тэхнікай, спрабавалі сябе ў кулявой стральбе. У Вілейскім раёне на базе аздараўленчага лагера “Лясная казка” другі год запар арганізоўваецца абаронча-спартыўны лагер “Ратнік”, дзе для школьнікаў правялі лекцыйны курс аб ратных подзвігах нашых продкаў, гісторыі баявых узнагарод, зброі, тэхнікі Узброеных Сіл. Юныя пажарныя-ратавальнікі адпачывалі ў аздараўленчым лагеры “Ратавальнік” у Заслаўі і адначасова ўдасканальвалі свае навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі, пажарна-прыкладным спорце.

Для нашых разумнікаў і разумніц працавалі профільныя лагеры па розных прадметах, дзе адпачывалі і адначасова вучыліся ўдзельнікі алімпіяд. Напрыклад, на базе Маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі працаваў лінгвістычны лагер Smart Сamp, дзе адпачывалі лепшыя знаўцы англійскай мовы. Цікава, што ў гэтым лагеры ўсе зносіны адбываюцца на англійскай мове: не толькі на занятках, але і на мерапрымствах, у побытавых пытаннях.

— Штогод абавязкова з’яўляюцца новыя ідэі ў арганізацыі летняга адпачынку. Што сёлета адбывалася ў летніках Міншчыны ўпершыню?

— І сапраўды, мы стараемся адпавядаць усім актуальным запытам дзяцей і іх бацькоў. Калі гаварыць аб навінках, то прадоўжу тэму профільных лагераў. Сёлета ўпершыню ладзілася работа абласнога профільнага лагера па інфарматыцы. Ён працаваў на базе Чырвонаслабодскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Новая форма арганізацыі дзіцячага вольнага часу была рэалізавана ў аздараўленчым лагеры “Журавушка” Салігорскага раёна. Там прайшла профільная змена для членаў школьнага самакіравання. Гэта адна з мер падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў.

У Жодзіне быў арганізаваны кругласутачны аздараўленчы праваслаўны лагер духоўна-маральнага профілю прыхода храма іконы Божай Маці Збавіцелькі. Мэтай стварэння лагера стала фарміраванне ў падрастаючага пакалення духоўна-маральнай свядомасці, выхаванне міласэрнасці, дабрыні, павагі да людзей.

Наогул, хочацца адзначыць, што ў кожным лагеры былі цікавыя і неардынарныя праекты, кожная змена мела свае асаблівасці і цікавыя мерапрыемствы. Прыемна, што арганізатары неабыякава падышлі да работы і вельмі добра падрыхтаваліся. Крэатыўных ідэй, рэалізаваных за лета, проста безліч!

— Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўражанні ў дзяцей засталіся найлепшыя і лета-2016 стала для іх сезонам яркіх успамінаў?

— Думаю, можна, бо кожны, хто меў дачыненне да арганізацыі дзіцячага адпачынку, прыклаў для гэтага максімальныя намаганні.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.