Адукацыйнае партнёрства

На мінулым тыдні міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка сустракаўся з паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб. Сустрэча насіла рабочы характар і праходзіла ў Міністэрстве адукацыі.

Спадарыня Фіёна для абмеркавання прапанавала два пытанні. Найперш яна запрасіла міністра прыняць удзел у Міжнародным адукацыйным форуме, які мае адбыцца ў канцы студзеня ў Лондане. “Форум — гэта не толькі абмен адукацыйнымі дасягненнямі і абмеркаванне праблем і перспектыў у адукацыі. Гэта яшчэ і выдатная пляцоўка для ўсталявання новых кантактаў”, — адзначыла Фіёна Гіб.

Акрамя таго, у 2017 годзе будзе адзначацца 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, і пасол адзначыла, што рыхтуецца спецыяльная праграма, мэта якой — паказаць важнасць і значнасць гэтых адносін для абедзвюх краін.

Другім пытаннем візіту Фіёны Гіб стала папярэдняе абмеркаванне ўдзелу Вялікабрытаніі ў Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе ў Мінску ў пачатку лютага. Плануецца, што Англія стане ганаровым госцем на выставе, і спадарыня Фіёна падзялілася планамі пабудовы англійскага стэнда.

“У нас будзе вялікі стэнд, на якім мы хочам аддаць даніну англійскай мове і адукацыі. Плануецца, што падчас выставы пройдуць не толькі аўтограф-сесіі нашых літаратараў, але і майстар-класы англійскіх выкладчыкаў, топавых метадыстаў, якія раскажуць, як вучыць англійскай мове па-сучаснаму. Мы прадэманструем сучасную вучэбную літаратуру па англійскай мове, і, магчыма, яна зацікавіць вашых выкладчыкаў і педагогаў”, — расказала пасол.

Фіёна Гіб адзначыла, што 2017 год будзе асаблівым для Беларусі, бо мы будзем адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У Лондане ёсць музей Францы­ска Скарыны, прадстаўнік якога таксама будзе на кніжнай выставе.

У адказ міністр адукацыі Ігар Карпенка найперш падзякаваў за запрашэнне на Міжнародны адукацыйны форум і адзначыў, што Міністэрства адукацыі падтрымлівае ідэю дэманстрацыі англамоўнай вучэбнай літаратуры на кніжнай выставе-кірмашы.

“Мы таксама пакажам свае падручнікі, якія ў нас прадстаўлены як у друкаваным, так і электронным выглядзе. Нашы аўтары імкнуцца, каб беларуская вучэбная літаратура адпавядала ўсім сучасным патрабаванням і была ў сусветным трэндзе.

Разам з тым нас цікавіць метадычная літаратура па англійскай мове, якую можна было б выкарыстоўваць як у школах, так і ва ўніверсітэтах. Акрамя таго, было б вельмі карысна, калі б англійскія выкладчыкі маглі прыязджаць да нас, каб вучыць нашых школьнікаў і студэнтаў.

Мы разгледзелі б і магчымасці стажыровак беларускай моладзі ў Англіі, і англійскай у нас, у Беларусі. Мы можам прапанаваць вывучэнне як рускай, так і беларускай мовы. Мы былі б рады больш цеснаму супрацоўніцтву з англійскімі ўніверсітэтамі”, — сказаў Ігар Васільевіч.

Міністр запрасіў пасла Вялікабрытаніі ў студзені разам наведаць лінгвістычны ўніверсітэт і пабываць у вучэбна-метадычным цэнтры па вывучэнні англійскай мовы. І падчас той сустрэчы абмеркаваць канчатковыя нюансы арганізацыі англійскага стэнда на міжнародным кніжным кірмашы.

Пасол Вялікабрытаніі адзначыла, што прапрацуе ўсе прапановы, якія агучыў міністр адукацыі, і ў пачатку новага года яны змогуць абмеркаваць узаемавыгадныя ўмовы іх рэалізацыі.

Напрыканцы сустрэчы Ігар Карпенка перадаў у лонданскі музей Францыска Скарыны кнігу “Шляхамі Францыска Скарыны”, а Фіёне Гіб падарыў кнігу пра Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Магчымасць застацца ў ЕС у краіны яшчэ ёсць

Вялікабрытанія можа перадумаць пакідаць Еўрасаюз. Аб гэтым заявіў кіраўнік Еўрасавета Дональд Туск, выступаючы ў Еўрапейскім палітычным цэнтры ў Бруселі.

Дональд Туск адзначыў, што ёсць іншыя варыянты развіцця падзей, якія не патрабуюць такіх кардынальных рашэнняў.

Кіраўнік Еўрасавета падкрэсліў, што магчыма любое развіццё гэтай праблемы, але ён сам спадзяецца на тое, што Вялікабрытанія застанецца ў ліку ўдзельнікаў Еўрасаюза. А калі гэтага ўсё ж такі не адбудзецца, то гэта негатыўна паўплывае на абодва бакі.

Рашэнне аб тым, што Вялікабрытанія павінна пакінуць Еўрасаюз, было прынята 23 чэрвеня на рэферэндуме аб далейшым членстве Вялікабрытаніі ў ЕС. Па выніках рэферэндуму Тэрэза Мэй (новы прэм’ер) заявіла, што павінна падпарадкавацца волі народа.

Новая старонка адносін

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на адкрыццё новай старонкі ў адносінах паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з членам брытанскай каралеўскай сям’і прынцам Майклам Кенцкім.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікабрытаніі непераадольных пытанняў няма. “Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікабрытанія, напэўна, не вельмі цікавілася сітуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватары дзеянняў Бруселя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ваш прыезд, спадзяюся, адкрые новую старонку нашых адносін, і вельмі многія палітыкі і бізнесмены, якія зацікавяцца Беларуссю, атрымаюць гэтую характарыстыку з вашых вуснаў”.

“Мы вельмі спадзяёмся, што нашы адносіны з Вялікабрытаніяй будуць развівацца. У нас вялікі інтарэс у гандлі”, — заявіў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Вялікабрытанія ўваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі ў пытаннях гандлю і інвестыцый. “Гэта добрая аснова для нашага далейшага супрацоўніцтва. Я хачу, каб вы ведалі, што мы сумленна і шчыра чакаем ваш бізнес у Беларусі. Па любых пытаннях, якія вас цікавяць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі няма ніякіх абмежаванняў і абавязацельстваў, якія перашкаджаюць развіццю гандлю і супрацоўніцтва ў розных сферах з Вялікабрытаніяй.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за велізарную дапамогу і дабрачыннасць, якую Вялікабрытанія аказвае ў адносінах да дзяцей з тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. “Вы падставілі сваё плячо і дапамаглі нам аздаравіць тысячы дзяцей. За гэта вам вялікая ўдзячнасць”, — адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу прынц Майкл Кенцкі падзякаваў за цёплы прыём, адзначыўшы, што для яго вялікае задавальненне знаходзіцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што з’яўляецца першым прадстаўніком брытанскай каралеўскай сям’і, які наведвае Беларусь.

Паводле яго слоў, гэты візіт асабліва звязаны са сферай бяспекі на дарогах. Прынц таксама згадзіўся з неабходнасцю развіваць і паляпшаць беларуска-брытанскія гандлёвыя адносіны.

Прынц Майкл Кенцкі з 1981 года займаецца бізнесам і дабрачыннасцю. Узначальвае ўласную кансалтынгавую кампанію, якая працуе ў розных краінах свету і аказвае шырокі спектр паслуг у сферах будаўніцтва, тэлекамунікацый, страхавання, фінансаў, турызму, медыцыны, авіяцыі і аўтамабілебудавання.

Па выніках 2015 года Вялікабрытанія заняла трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі ў свеце, уступіўшы толькі Расіі і Украіне. Беларускі экспарт у Вялікабрытанію склаў $2‚98 млрд, імпарт — $176,2 млн.

За мінулы год аб’ём брытанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў $2,34 млрд, пры гэтым сума прамых інвестыцый — $2,19 млрд, з якіх на чыстай аснове — $44,5 млн.

У Беларусі зарэгістраваны 422 прадпрыемствы з брытанскім капіталам. У Вялікабрытаніі дзейнічаюць два суб’екты тавараправоднай сеткі беларускіх экспарцёраў — кампанія ВNK UK Ltd (даччыная структура ЗАТ “Беларуская нафтавая кампанія”) і прадстаўніцтва ААТ “Авіякампанія “Белавія”. У снежні 2015 года ў Лондане таксама зарэгістравана прадстаўніцтва ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.

Вялікабрытанія ўваходзіць у лік краін, якія аказваюць значную гуманітарную дапамогу Беларусі. У Злучаным Каралеўстве дзейнічае звыш 100 сацыяльна-гуманітарных арганізацый, якія аказваюць садзейнічанне Беларусі ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Афіцыйнае пісьмовае паведамленне — абавязковая ўмова пачатку перагавораў па выхадзе краіны з ЕС

Еўракамісія (ЕК) аб’явіла аб стварэнні рабочай групы для перагавораў з Вялікабрытаніяй аб яе выхадзе са складу ЕС. Як паведамляе ТАСС, структуру ўзначаліў былы еўракамісар па пытаннях унутранага рынку Мішэль Барнье.

Рабочая група будзе каардынаваць з ЕК работу па ўсіх стратэгічных, аперацыйных, юрыдычных і фінансавых пытаннях, звязаных з гэтымі перагаворамі.

Аб ходзе перагавораў з афіцыйным Лонданам Мішэль Барнье будзе даваць справаздачу непасрэдна перад кіраўніком ЕК Жан-Клодам Юнкерам. Кіраўнік рабочай групы атрымае падтрымку каманды лепшых экспертаў Еўракамісіі. Яго саветнікамі выступяць кіраўнікі галіновых генеральных дырэктаратаў ЕК, адказных за сектары, звязаныя з перагаворамі.

23 чэрвеня бягучага года на брытанскім рэферэндуме перамогу з вынікам 51,9 працэнта атрымалі прыхільнікі выхаду Злучанага Каралеўства са складу ЕС. Для таго каб Вялікабрытанія змагла фактычна пакінуць Еўрасаюз, яна павінна правесці перагаворы з Еўракамісіяй аб умовах выхаду і сваіх будучых адносінах з ЕС. Такія перагаворы яшчэ не пачаліся: яны могуць стартаваць толькі пасля афіцыйнага пісьмовага паведамлення Лондана аб намеры пакінуць ЕС.

Жывы дыялог

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб наведала з сяброўскім візітам Міністэрства адукацыі нашай краіны. Яе сустракалі міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, прадстаўнікі ўпраўленняў міжнароднага супрацоўніцтва і вышэйшай адукацыі галіновага міністэрства.

Фіёна Гіб была прызначана паслом у нашу краіну зусім нядаўна і толькі 2 месяцы знаходзіцца ў Мінску. Але з першых дзён у дыпламата склалася пазітыўнае стаўленне да Беларусі як да стабільнай, спакойнай краіны. Яшчэ за год да прызначэння Фіёна Гіб старанна вывучала рускую мову, каб зрабіць наладжванне кантактаў больш дасканалым.
— Я толькі-толькі знаёмлюся з вашай краінай, але ўжо пачала будаваць планы, як далей развіваць зносіны паміж намі, — заявіла пасол. — І тое, што я ў першую чаргу вырашыла наладзіць кантакты з сістэмай адукацыі Беларусі, пацвярджае, што для мяне адукацыя з’яўляецца тым фундаментам, на якім будзе далей будавацца наша супрацоўніцтва. Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў расказаў, што паміж краінамі сувязі ў сферы адукацыі з кожным годам мацнеюць і выходзяць на больш высокі ўзровень. Цяпер 10 беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі заключылі дагаворы аб узаемадзеянні ў сферы адукацыі і навукі з вядучымі ўніверсітэтамі Вялікабрытаніі. Згодна з прамым супрацоўніцтвам паміж ВНУ, адбываецца ўзаемны абмен студэнтамі, выкладчыкамі, праходзяць стажыроўкі, ажыццяўляюцца сумесныя навукова-даследчыя праекты. Кіраўнікі навучальных устаноў абедзвюх краін сустракаюцца падчас сумесных міжнародных мерапрыемстваў. Нядаўна дэлегацыя рэктараў беларускіх ВНУ наведала шэраг універсітэтаў Вялікабрытаніі, дзе кіраўнікі ўстаноў сустрэліся са сваімі калегамі. Менавіта пасля гэтага візіту пералік сумесных праектаў значна пашырыўся.
Міхаіл Анатольевіч таксама наведваў Вялікабрытанію і мае цесныя кантакты са многімі навучальнымі ўстановамі гэтай краіны, багаты вопыт якіх у развіцці сістэмы адукацыі з’яўляецца карысным для нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Павышаная ўвага да Вялікабрытаніі тлумачыцца яшчэ і тым, што гэтая краіна — носьбіт англійскай мовы, якая мае сусветны статус і з’яўляецца самай запатрабаванай замежнай мовай і ў нашай краіне.
— Гэта мова міжнародных зносін, таму і зразумела, што 85% беларускіх школьнікаў з ахвотай і цікавасцю вывучаюць англійскую мову, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Для практычнага засваення ведаў, стварэння англамоўнага асяроддзя праводзяцца разнастайныя сумесныя мерапрыемствы.
Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца лінгвістычныя лагеры, якія створаны ў розных рэгіёнах Беларусі, міжнародная змена ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 2012/2013 навучальнага года іспыт па замежнай мове ўключаны ў пералік экзаменаў за курс сярэдняй школы. На базе МДЛУ дзейнічае Цэнтр англійскай мовы, асноўнай мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя вывучэння англійскай мовы і культуры ў Рэспубліцы Беларусь, удасканаленне метадычнага забеспячэння выкладання англійскай мовы і павышэнне кваліфікацыі кадраў. Установы адукацыі Рэспублікі Беларусь робяць захады па паляпшэнні моўнай практыкі педагагічных і навуковых работнікаў. Для чытання лекцый на англійскай мове ва ўніверсітэты запрашаюцца лепшыя выкладчыкі, навукоўцы з замежных універсітэтаў.
Знамянальнай падзеяй, якая станоўча паўплывала на супрацоўніцтва паміж краінамі, стала правядзенне ў Лондане Сусветнага адукацыйнага форуму, стратэгічнай мэтай якога было вызначэнне прыярытэтаў сусветнай адукацыйнай палітыкі, у тым ліку ў развіцці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ўступленні Беларусі ў Балонскі працэс.
У адпаведнасці з міжнароднымі нормамі Балонскага працэсу, сёння ў нашай краіне рэалізоўваецца Рабочы план па ўкараненні ў нацыянальную сістэму адукацыі інструментаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі на перыяд з 2015 да 2018 года. Падрыхтаваны прапановы ў праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб навуковай дзейнасці” і Кодэкс аб адукацыі” па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі з улікам міжнародных рэкамендацый і аналізу вопыту работы ў рамках Кодэкса аб адукацыі. Асноўныя змяненні, якія мяркуецца ўнесці ў законапраект, тычацца замацавання трохступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура, аспірантура), павелічэння гібкасці адукацыйных праграм, укаранення новых форм і метадаў навучання, а таксама памяншэння відаў устаноў вышэйшай адукацыі. Заканадаўчая база, безумоўна, паспрыяе далейшаму развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны з улікам міжнародных тэндэнцый.
Падчас сустрэчы міністр адукацыі расказаў і аб інфарматызацыі адукацыі нашай краіны. Асабліва цікавым з’яўляецца праект “Электронная школа”, асновай якога стала стварэнне адукацыйнага інфармацыйнага асяроддзя на базе так званых воблачных тэхналогій. Высокім узроўнем развіцця ІКТ-інфраструктуры вызначаюцца перш за ўсё ўстановы вышэйшай адукацыі. Нацыянальная сістэма электронных адукацыйных рэсурсаў і сеткавая інфраструктура сістэмы адукацыі ствараюць адзінае інфармацыйнае асяроддзе адукацыйнай галіны. Важным напрамкам з’яўляецца фарміраванне сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў прапанаваў Фіёне Гіб бліжэй пазнаёміцца з сістэмай адукацыі Беларусі і наведаць адукацыйныя ўстановы сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны, а магчыма, і выступіць з лекцыямі перад педагогамі і навучэнцамі. Безумоўна, жывы дыялог з навучэнскай моладдзю, са школьнікамі дапаможа лепш спазнаць Беларусь і паспрыяе ўмацаванню супрацоўніцтва. М.А.Жураўкоў і Фіёна Гіб намецілі планы ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі на найбліжэйшы час. Перш-наперш гэта абмен вопытам па пытаннях рэалізацыі асноўных прынцыпаў Балонскага працэсу ў нацыянальнай сістэме адукацыі, развіццё прамых кантактаў паміж установамі адукацыі абедзвюх краін, выкананне сумесных праграм і праектаў, рэалізацыя культурных і навуковых абменаў (у рамках правядзення лагерных змен, міжнародных летніх школ).
Міхаіл Анатольевіч выказаў спадзяванне, што адносіны паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй будуць развівацца імкліва і эфектыўна на аснове ўзаемаразумення, партнёрства і сяброўства.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Абмеркаванне праграмы рэформ паміж Лонданам і Бруселем працягваецца

Улады ЕС згадзіліся на блакіраванне Вялікабрытаніяй доступу працуючых мігрантаў з іншых краін ЕС да сацыяльных выплат і прывілей. Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік рэзідэнцыі брытанскага прэм’ер-міністра на Даўнінг-стрыт.

“Па пытанні аб дапамогах камісія вынесла на абмеркаванне тэкст, дзе сказана, што ў цяперашняй сітуацыі, у якой апынулася Вялікабрытанія, неабходна задзейнічаць аварыйнае тармажэнне”, — сказаў супрацоўнік прэм’ерскай канцылярыі. Ён назваў гэтую акалічнасць “значным прарывам” у перагаворах з Бруселем аб рэфармаванні адносін Лондана з ЕС.
“Аварыйнае тармажэнне” — гэта тэрмін, які выкарыстоўваецца ўладамі ЕС для абазначэння альтэрнатыўнай прапановы аб увядзенні праграмы блакіравання доступу працуючых мігрантаў з ЕС да сацыяльных выплат і прывілей у іншых краінах супольніцтва.
Пытанне аб такім блакіраванні з’яўляецца чацвёртым патрабаваннем прапанаванай Злучаным Каралеўствам праграмы рэформ і адначасова перашкодай у адносінах паміж Лонданам і Бруселем, паколькі краіны ЕС, чые грамадзяне актыўна карыстаюцца магчымасцямі дарагога брытанскага рынку рабочай сілы, у тым ліку Польшча, актыўна выступаюць супраць гэтага пункта.
Трыма іншымі пунктамі рэформы, вылучанай афіцыйным Лонданам, з’яўляецца прызнанне ЕС мультывалютным саюзам, павышэнне канкурэнтаздольнасці ўнутры супольніцтва і пашырэнне паўнамоцтваў нацыянальных парламентаў у заканатворчай дзейнасці ЕС. На думку Кэмерана, іх выкананне павінна паслужыць асновай падтрымкі брытанцамі ідэі захавання краіны ў складзе супольніцтва на рэферэндуме, які, згодна з прынятым законам, павінен адбыцца да канца 2017 года. Аднак брытанскія ўлады не выключаюць, што ён можа быць праведзены ўжо гэтым летам пры ўмове заключэння здзелкі з Бруселем на лютаўскім саміце ЕС.

Д.Кэмеран выступае за саюз без дыскрымінацыі

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран прадставіў чатыры патрабаванні Лондана на перагаворах з Бруселем аб пераглядзе ўмоў членства краіны ў ЕС.

Д.Кэмеран запатрабаваў абароны адзінага рынку Вялікабрытаніі і іншых краін, якія не ўваходзяць у зону еўра; стварэння больш канкурэнтаздольнага ЕС; вызвалення Вялікабрытаніі ад удзелу ў працэсе руху да “як мага больш цеснага саюзу”; блакіравання для мігрантаў, якія прыбылі ў ЕС, доступу да прывілей, прызначаных для працуючых асоб.
“Гэта частка нашых перагавораў, еўрапейскія лідары павінны абараніць Вялікабрытанію і іншыя краіны, якія не ўваходзяць у еўразону”, — сказаў ён. “ЕС павінен прызнаць, што гэта саюз, дзе ёсць больш за адну валюту, без дыскрымінацыі”, — падкрэсліў Дэвід Кэмеран.
Адносна канкурэнтаздольнасці прэм’ер-міністр паведаміў, што “неабходна сабраць разам усе розныя прапановы, абяцанні і пагадненні — па адзіным рынку, па гандлі, па скарачэнні мер рэгулявання, аб’яднаць іх у адно выразнае абавязацельства, якое зробіць канкурэнтаздольнасць часткай структуры ЕС у цэлым”.
Гаворачы аб непрыняцці Вялікабрытаніяй прынцыпу руху да больш цеснага саюзу, Дэвід Кэмеран сказаў, што ён просіць у еўрапейскіх лідараў зразумелага, юрыдычна абавязковага і не падлягаючага перагляду пагаднення, якое пакончыць з абавязацельствам Вялікабрытаніі працаваць на стварэнне больш цеснага супрацоўніцтва. “Прыйшоў час даць нацыянальным парламентам больш свабоды ў заканатворчай дзейнасці ЕС”, — дадаў ён.
Што тычыцца міграцыі, то, паводле слоў кіраўніка ўрада, Вялікабрытаніі патрэбны меры па больш строгім кантролі міграцыі з краін ЕС. Дэвід Кэмеран назваў недапушчальным, што чыстая міграцыя (колькасць людзей, якія прыбылі, за вылікам тых, хто выехаў з яе) складае 300 тысяч чалавек у год. У прыватнасці, паводле слоў прэм’ера, прынцып свабоды перамяшчэння не павінен прымяняцца да новых членаў ЕС. Ён выступіў за блакіраванне для мігрантаў, якія прыбылі ў ЕС, доступу да сацыяльных выплат і прывілей.
Пры гэтым Дэвід Кэмеран гатоў змагацца за захаванне членства Вялікабрытаніі ў ЕС, але не выключае выхаду краіны з блока ў выпадку правалу перагавораў. “Я ўпэўнены, што мы дасягнём пагаднення, якое будзе адлюстроўваць інтарэсы Вялікабрытаніі”, — сказаў ён, дадаўшы, што гатоў працаваць над дасягненнем гэтай мэты з усім сэрцам і ўсёй душой. “Калі ж мы не дасягнём такога пагаднення, я нічога не выключаю”, —адзначыў прэм’ер-міністр.

Вялікабрытанія: малекулы істотна павялічаць ёмістасць флэш-памяці

Брытанскія і іспанскія навукоўцы з групы, якая працуе ў Школе хіміі Універсітэта Глазга прапанавалі новы матэрыял для вытворчасці флэш-памяці. Дзякуючы гэтаму можна істотна павысіць аб’ёмы інфармацыі і зменшыць памеры носьбітаў. Вынікі даследавання былі апублікаваны ў часопісе Nature.

Аўтары даследавання прапануюць замяніць паўправадніковую структуру, якая прымяняецца ў вытворчасці мікрасхем, на кластары поліоксаметалатаў. Падчас даследаванняў навукоўцам ўжо ўдалося дасягнуць паспяховага ўбудоўвання гэтых кластараў у флэш-памяць.
Сутнасцю эксперымента стала ідэя мадыфікацыі аксіднага пласта паўправадніковай структуры шляхам дадання ў яе нанапамерных поліоксаметалатаў. Поліоксаметалаты — гэта група металааксідных злучэнняў кластарнага тыпу, якія змяшчаюць дзясяткі ці нават сотні атамаў пераходных металаў і кіслароду. Яны часта выступаюць каталізатарам дзякуючы нізкай адчувальнасці да прысутнасці акісляльнікаў.

Вялікабрытанія: паспяховасць у вучобе перадаецца ў спадчыну

Вучоныя брытанскага Кінгс-каледжа выявілі залежнасць паміж генамі бацькоў і паспяховасцю дзяцей. Даклад даследчыкаў апублікаваны ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.

Група вучоных прааналізавала вынікі экзаменаў 11 тысяч пар блізнят, якія нарадзіліся ў 1994—1996 гадах. Высветлілася, што іх адзнакі абумоўлены спадчыннасцю на 60%. На здароўе гены ўплываюць не так моцна: паказчык склаў 35%.
Аб’ектамі даследавання былі мона- (аднаяйкавыя) і гетэразіготныя (мнагаяйкавыя) блізняты. Выявілася, што гетэразіготным двайнятам спадчынныя рысы перадаюцца горш: яны падзяляюць 50% генаў.
Раней навукоўцы таксама даказалі, што спадчыннасць уплывае на вынік праходжання IQ-тэста.

 

Красамоўная фізіка

Нядаўна каманда беларускіх школьнікаў вярнулася з XXVIІ Міжнароднага турніру юных фізікаў, які праходзіў у Вялікабрытаніі (г.Шрусберы) на базе прыватнай школы-пансіёна. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з 28 краін. Лідарамі турніру сталі каманды з Сінгапура, Славакіі, Польшчы і Кітая. Беларусы па выніках выпрабаванняў заваявалі бронзавыя медалі. Падрабязней аб ходзе турніру мы пагутарылі з арганізатарам і навуковым кіраўніком падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскага турніру юных фізікаў выкладчыкам Ліцэя БДУ і фізічнага факультэта ўніверсітэта Леанідам Рыгоравічам МАРКОВІЧАМ.

Эксперыментальная навука

У школьнікаў, якія жадаюць удзельнічаць у Міжнародным турніры юных фізікаў, ёсць магчымасць рыхтавацца да яго на працягу ўсяго навучальнага года, паколькі з турнірнымі задачамі іх знаёмяць загадзя. Спачатку навучэнцы выпрабоўваюць свае сілы на школьных і гарадскіх (абласных) спаборніцтвах, пасля — на рэспубліканскіх. Каманда міжнароднага ўзроўню фарміруецца па выніках рэспубліканскага турніру. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел каманды школьнікаў з усёй Беларусі. Па выніках выпрабаванняў вызначаецца чэмпіёнская група (як мінімум 15 чалавек), з якой і фарміруецца зборная (у складзе 5 чалавек), якая потым прадстаўляе краіну за мяжой. Сёлета ў нашу зборную ўваходзілі навучэнцы Ліцэя БДУ Настасся Казлова, Мікіта Акуліч, Віктар Лойка, Данііл Мнявец і Антон Сілюк.
Дарэчы, каманда ліцэістаў, толькі ў іншым складзе, прымала сёлета ўдзел у адкрытым аўстрыйскім турніры юных фізікаў (г.Леобен) і заваявала дыплом ІІІ ступені. Гэты турнір праводзіцца штогод на англійскай мове і з’яўляецца адборачным пры вызначэнні складу аўстрыйскай нацыянальнай каманды на IYPT (Міжнародны турнір юных фізікаў). Для таго каб мерапрыемства было больш цікавым, арганізацыйны камітэт запрашае для ўдзелу ў ім замежныя каманды.
У апошнія гады стала традыцыяй, што падрыхтоўкай юных фізікаў да турніраў у нашай краіне займаюцца пераважна юныя фізікі, якія ў мінулым самі паспяхова выступалі на такіх выпрабаваннях. А дапамагаюць ім выкладчыкі ўніверсітэта і кафедры фізікі Ліцэя БДУ. Сёлета беларускую каманду перад міжнароднымі спаборніцтвамі трэніравалі выкладчык фізічнага факультэта БДУ Ігар Андрэевіч Цімошчанка, студэнт факультэта радыёфізікі Станіслаў Красулін, студэнты фізічнага факультэта Таццяна Пыжык і Арцём Буры.
Заняткі па падрыхтоўцы да “міжнару” ў Ліцэі БДУ ў гэтым годзе не спыняліся ні на адзін дзень пасля таго, як у лютым завяршыўся рэспубліканскі турнір. Навучэнцам і іх трэнерам ва ўстанове прадаставілі асобны кабінет, дзе і праходзіла ўся чарнавая падрыхтоўчая работа. Пасля правядзення доследаў у кабінета выгляд быў не зусім прывабны, але гэта з’яўлялася неаспрэчным доказам таго, што фізіка — навука перш за ўсё эксперыментальная.

Загартаваныя ў “фізічных” баях

Да міжнароднага турнірнага руху штогод далучаюцца новыя краіны. Сёлета ў спаборніцтвах удзельнічалі яшчэ дзве — Макаа і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Форма правядзенння выпрабаванняў была блізкай да рэальных навуковых дыскусій, да абароны дысертацый. Мова спаборніцтваў — англійская. Удзельнікі турніру павінны былі свабодна размаўляць па-англійску, правільна разумець пытанні, адрасаваныя ім, граматна адказваць на іх і выкарыстоўваць пры гэтым прафесійную лексіку. Дарэчы, членаў нашай зборнай да спаборніцтваў рыхтавалі выкладчыкі кафедры замежных моў Ліцэя БДУ.
Кожная каманда школьнікаў па чарзе спрабавала сябе ў ролі дакладчыкаў, апанентаў і рэцэнзентаў. Навучэнцы імкнуліся праявіць усе свае даследчыя ўменні і навыкі, лепшыя якасці характару і прыродныя таленты. На турніры ад іх патрабавалася правільна зразумець сутнасць прапанаваных задач, рашыць іх і прадставіць рашэнні, здолець даказаць іх падчас дыскусій, пры гэтым не пакінуць без увагі прапановы і заўвагі апанентаў, рэцэнзентаў і членаў журы і адказаць на пытанні. Таму і ў каманды, як звычайна, уваходзілі такія знаўцы фізікі, якія мелі выдатныя артыстычныя і прамоўніцкія здольнасці, — спікеры, якія маглі пакарыць публіку сваім красамоўствам. У ключавыя моманты “фізічных” паядынкаў яны падключаліся да дыскусій. Такім чынам, кожная каманда працавала як адзіны арганізм, і мэтай кожнага яе ўдзельніка з’яўляўся не толькі ўласны поспех, але і агульны вынік.
Сёлета юным фізікам трэба было рашыць 17 даследчых задач, якія змяшчалі адкрытыя навуковыя праблемы, якія пакуль не маюць дакладнага рашэння. Школьнікам неабходна было прапанаваць свае спосабы. Назвы многіх гаварылі самі за сябе: “Галаграма”, “Закручаны канат”, “Нагружаны абруч”, “Крышталь з бурбалак”, “Лядоўня ў жбаночках”, “Кроплі, якія замярзаюць”, “Сядло, якое варочаецца”, “Масляныя зоркі”, “Магнітныя тармазы” і іншыя.
Вось прыклад адной цікавай задачы, якая мае назву “Шакаладны гістарэзіс”: “Шакалад пры пакаёвай тэмпературы з’яўляецца цвёрдым матэрыялам, але яго можна расплавіць, калі нагрэць, скажам, да тэмпературы цела. Калі зноў ахаладзіць яго, то ён, хутчэй за ўсё, будзе вадкім, нават пры пакаёвай тэмпературы. Даследуйце тэмпературны рэжым, пры якім шакалад можа знаходзіцца як у вадкім, так і ў цвёрдым стане, і яго залежнасць ад зыходных параметраў”.
Ацэньваючы выступленне каманд, журы шмат увагі ўдзяляла навізне даклада — аналізавала яго цэласнасць як на аснове ранейшых даследаванняў, так і тое, наколькі дакладна ў ім адлюстраваны новыя вынікі і тлумачэнні.
Для таго каб заваяваць “золата” на турніры, камандзе неабходна было перамагчы двойчы: спачатку выйсці ў фінал праз пяць адборачных паядынкаў, а пасля добра выступіць у фінале. Асноўны пераможца атрымлівае спецыяльны прыз — Кубак турніру, які праз год перадае наступнаму лідару спаборніцтваў. Сёлета абсалютнае “золата” спаборніцтваў і кубак заваявала (як і ў мінулым годзе) каманда Сінгапура. Навучэнцы гэтай каманды атрымалі таксама ў падарунак ад арганізатараў турніру ліцэнзійную версію праграмы Wolfram Mathematica — гэта праграмнае забеспячэнне для выканання вылічэнняў, якія шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх галінах, што патрабуюць тэхнічных вылічэнняў. Залатыя ўзнагароды заваявалі таксама фіналісты — навучэнцы з Кітая, Польшчы, Славакіі. “Серабро” сёлета атрымалі прадстаўнікі Паўднёвай Карэі, Новай Зеландыі, Тайваня, Расіі, Германіі. Бронзавыя медалі ў школьнікаў з Аўстрыі, Швецыі, Швейцарыі, Беларусі і ў гаспадыні турніру Англіі.
“Нягледзячы на вельмі гарачыя дыскусіі, якія часам здараліся падчас спаборніцтваў, на турніры, як правіла, пануе дзелавая і добразычлівая атмасфера, — адзначыў Леанід Рыгоравіч. — Удзел у турніры — неацэнная практыка для юных талентаў, якая мае вялікае значэнне для іх далейшай навуковай кар’еры. Усе яны, нягледзячы на свой юны ўзрост, — сапраўдныя даследчыкі, апантаныя вучоныя, якія добра валодаюць замежнымі мовамі. Яны з’яўляюцца багатым кадравым патэнцыялам любой краіны. Прадстаўнікі вядучых універсітэтаў свету разумеюць гэта, ідзе, можна сказаць, паляванне за пераможцамі нацыянальных і міжнародных турніраў, ім прапаноўваюць самыя лепшыя ўмовы для навучання, работу ў сучасных навуковых лабараторыях. У гэтай сувязі хочацца звярнуць увагу на пытанне, якое патрабуе тэрміновага вырашэння ў нашай краіне, а менавіта на ўмовы залічэння пераможцаў турніру ва УВА. У адрозненне ад пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, якія паступаюць ва УВА без экзаменаў, пераможцы турніраў, як і звычайныя абітурыенты, удзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні. Зразумела, падчас яго яны атрымліваюць высокія балы і паступаюць. Але ж можна было б пазбавіць іх такіх фармальнасцей, не ствараць дадатковых эмацыянальных перагрузак, розных арганізацыйных праблем, калі, напрыклад, супадаюць тэрміны правядзення міжнародных турніраў з тэрмінамі падачы дакументаў ва УВА”.
У наступным, 2015, годзе ў Тайландзе адбудзецца чарговы розыгрыш Кубка Міжнароднага турніру юных фізікаў. Навучэнцы, якія зацікаўлены ў тым, каб прыняць удзел у спаборніцтвах, ужо зараз могуць пачаць да яго рыхтавацца.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.