Перавернем метадычную работу ў школе: чатыры прапановы ад настаўніка-метадыста

Вядома, што сістэма мяняе свае ўласцівасці, калі мяняюцца яе элементы. Калі пад сістэмай разумець метадычную работу школьных прадметных аб’яднанняў настаўнікаў (МА), а метады і прыёмы работы настаўнікаў з вучнямі на ўроку палічыць важнымі сістэмаўтваральнымі элементамі, то можна прыйсці да вываду — наспела неабходнасць змяніць метады і прыёмы работы па арганізацыі метадычнай работы ў школе. Паколькі ўжо мае істотнае адрозненне тое, як настаўнік вучыць дзяцей і як вучыцца сам.

Кожны настаўнік добра валодае трыма стратэгіямі навучання: “Інструкцыяй”, “Тлумачэннем”, “Развіццём”. “Інструкцыя” — гэта гатовы алгарытм дзеянняў. Памятаеце класічную камедыю “Брыльянтавая рука”? Калі герой Папанава гаварыў: “Дзецям — марожанае, а жанчыне — кветкі”. Гледачы камедыі смяюцца, калі Андрэй Міронаў выконвае інструкцыю наадварот. Настаўніку пры такім метадзе навучання застаецца толькі пла­каць, бо дзеці дапускаюць такія ж памылкі, калі не патлума­чыць неабходнасць парадку дзеяння. Героям фільма можна параіць наступнае тлумачэнне: “Жанчыне — кветкі, бо любяць жанчыны прыгожае, а дзецям — марожанае, бо дзеці любяць салодкае”. Хутчэй за ўсё ў такой сітуацыі непаразумення не ўзнікла б. А калі рэкамендацыі не дапамагаюць? На жаль, на кожную нестандартную вучэбную задачу інструкцыі не напішаш, асабліва калі ідзе размова пра папулярны ў краіне алімпіядны рух. Тады настаўнікі знайшліся, добра засвоіўшы развіццёвую стратэгію. Героям любімай камедыі яны сказалі б так: “Падумай, што можна падарыць жанчыне, каб выклікаць яе сімпатыю, а што падарыць дзецям, каб выклікаць у іх давер”.

Вось толькі пры арганізацыі работы школьных МА чамусьці не заўсёды бачым праяўленне стратэгіі “Развіццё”. Дамінуе стратэгія “Інструкцыя”. Яно зручна. Думаць не трэба, ёсць з кім падзяліць адказнасць за вынік, калі нешта пайшло не так. Фармальна настаўніка няма за што ўпікнуць, калі да ўрока напісаны план, складзена каляндарна-тэматычнае планаванне на год, унесены ў графік кантрольныя і практычныя работы, журнал запоўнены пісьменна і своечасова. Аднак такая стратэгія ніколі не прыносіць плёну. Як жа пры арганізацыі работы МА выйсці на ўзровень развіцця?

Прапанова першая

Перайсці ад тэорыі да практыкі, ажыццявіць пераход ад ведаў да ўменняў. Для гэтага трэба на занятках МА справаздачы аб рабоце замяніць на ўрокі для дарослых, на майстар-класы. Правесці праз урок, спраектаваць педагагічныя ідэі, падыходы на канкрэтныя метады і прыёмы работы. Чамусьці толькі прадстаўнікі нашай прафесіі ў большасці вучацца тэарэтычна. Перанесці вядомыя прыёмы работы ў незнаёмую сітуацыю — асноўнае ўменне педагога-майстра. На ўроку для дарослых вучнёўскую аўдыторыю замяняюць калегі-настаўнікі, праграмны змест замяняе адвольная тэма. Пры гэтым у прысутных трэніруецца ўменне адбі­раць эфектыўныя метады і прыёмы работы, адкрываюцца новыя магчымасці добра вядомых метадычных інструментаў.

Рызыка пераходу. Папяровая метадычная работа вельмі зручная. Заўсёды можна прадставіць артэфакты: тэзісы выступлення па тэме, распрацоўкі вучэбных заняткаў, дыягнастычныя заданні па тэмах і раздзелах вучэбнай праграмы. А практычныя заняткі ўсё роўна, па старой звычцы, папросяць занатаваць кіраўнікі МА для афармлення метадычных матэрыялаў і справаздач. Атрымліваецца двайная нагрузка.

Прапанова другая

Так склалася гістарычна, што адкрыты ўрок для настаўніка — гэта дэманстрацыя педагагічных уменняў, дасягненняў. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Нешта падобнае ёсць і ў спорце — Алімпійскія гульні. Па шчырасці, з такой жа перыя­дычнасцю (раз у чатыры гады) праводзіць большая частка настаўніцтва адкрытыя ўрокі. А часцей і не трэба, калі разумець адкрыты ўрок як форму прадстаўлення педагагічных здабыткаў, калі лічыць адкрыты ўрок як наглядна-ілюстрацыйны метад навучання педагогаў. Давайце зменім адносіны да адкрытага ўрока!

Пагадзіцеся, каб навучыцца добра ездзіць на веласіпедзе, трэба самому ездзіць, а назіранне за ўдзельнікамі “Тур дэ Франс” ні ў чым не паспрыяе. Трэба прыняць, што вучыцца на адкрытым уроку не той настаўнік, які назірае за работай настаўніка, а той, які сам право­дзіць. Я і назву “Адкрыты ўрок” прапанавала б замяніць, каб падсвядомасць не трымала паняцця “закрыты ўрок”, хоць часцей мы апелюем да “Рабочага ўрока”. Прапаную назваць “Інструментальны ўрок”. Пад інструментамі трэба разумець апрабацыю новых педагагічных тэхнік, метадаў, прыёмаў у рабоце настаўніка.

Па традыцыі на адкрытым уроку нельга памыляцца ні настаўніку, ні вучням. Вось і “выжывае” сябе такая карысная форма прафесійнай самападрыхтоўкі, паколькі даўно ў многіх выпадках ператварылася ў фарс, у добра адрэпеціраваны спектакль. Невыпадкова завучы лічаць адкрыты ўрок малаэфектыўнай формай павышэння прафесійных уменняў настаўнікаў.

Я разумею, што традыцыі правядзення адкрытага ўрока з мэтай ілюстрацыі педагагічнага вопыту ў нас вельмі трывалыя. Змяніўся свет вакол нас, а мы, настаўнікі, як у эпоху Сярэднявечча, вучымся прафесіі, назіраючы за ўмелымі дзеяннямі майстра, а бывае і за штучна ўмелымі дзеяннямі. На адкрытым уроку вельмі зручна вучыцца настаўніку: настаўнік “адкрывае” для сябе новыя прыёмы, інструменты педагагічнай тэхнікі і пытаецца аўтарытэтнага меркавання калег, наколькі гэта эфектыўна для ўрока ў цэлым. Настаўнікі-калегі як эксперты могуць даць слушныя парады, як палепшыць работу, у якіх вучэбных сітуацыях знайсці больш эфектыўнае прымяненне прадэманстраванага педагагічнага прыёму, метаду работы. Ды і самі эксперты змогуць пазычыць прадэманстраваныя тэхнікі педагагічнага ўзаемадзеяння ва ўласны метадычны арсенал.

Рызыка пераходу. Паколькі адкрыты ўрок страчвае статус дэманстрацыі, то даволі праблематычна будзе знайсці кваліфікаваных экспертаў. Пагрузіцца ў ідэйны змест урока, прасачыць лагічную сувязь паміж этапамі ўрока, ацаніць эфектыўнасць вучэбных заняткаў — гэта складаная аналітычная работа. Не кожны настаўнік на такую работу пагодзіцца, не кожны настаўнік з такой работай справіцца. Бясспрэчна, урок-канцэрт абавязвае толькі да эмацыянальных ацэнак: “Малайчына!”, “Мне ўсё спадабалася!”, “Усё класна атрымалася!”.

Прапанова трэцяя

Перавярнуць метадычную работу ў школе неабходна і па пазіцыі “Абмеркаванне ўрока”.

Традыцыйна абмеркаванне ўрока адбываецца пасля яго правядзення. Памятаючы, што памыляцца на адкрытым уроку катэгарычна забаронена, і жадаючы не пакрыўдзіць калегу, усе ўдзельнікі метадычнага свята адзначаюць толькі станоўчыя моманты. Слабыя бакі замоўчваюцца, у адпаведнасці з тэорыяй бесканфліктнасці на такой метадычнай вучобе ідзе барацьба добрага з лепшым. Для аб’ектыўнасці трэба адзна­чыць, што крытычныя заўвагі кшталту “а вось калі б”, “трэба было б” нічога, акрамя раздражнёнасці, не даюць. Калі ўрок як факт адбыўся, многія метадычныя агрэхі настаўніка становяцца відавочнымі, таму гаварыць пра іх — махаць кулакамі пасля бойкі.

Куды больш эфектыўна абмяркоўваць урок да яго правядзення. Па-першае, ёсць рэальная магчымасць адабраць найбольш прыдатныя метадычныя інструменты. Працуючы асобна, настаўніку проста немагчыма пазнаёміцца, “абкатаць” метадычныя навінкі, у такой сітуацыі без вопыту калег, без умення працаваць у камандзе не абысціся. Па-другое, калектыўнае абмеркаванне будучага інструментальнага ўрока значна эканоміць час на падрыхтоўку. Па-трэцяе, сумесная распрацоўка ўрока дазваляе падзяліць адказнасць за вынік паміж усімі членамі МА, тым самым дазволіць знізіць стрэсавую нагрузку на настаўніка, які будзе такі ўрок праводзіць.

SWOT-аналіз дапаможа настаўнікам у сумеснай распрацоўцы ўрока: моцныя бакі, слабыя бакі, магчымасці палепшыць, пагрозы. Калі кожны этап будучага ўрока разгледзець з гэтых пазіцый, то такі ўрок ніяк не назавеш адкрытым. Кожны ўдзельнік такога метадычнага практыкуму ператвараецца з пасіўна-крытычнага сузіральніка ў актыўнага ўдзельніка, што істотна павышае эфектыў­насць інструментальнага ўрока.

Рызыка пераходу. Калі ідэі настаўніка па правядзенні ўрока новыя, то ацаніць іх пры першым знаёмстве за 45 хвілін да правя­дзення ўрока, а тым больш пры­няць — катэгарычна немагчыма. Хутчэй за ўсё цэльная карціна ўрока ўзнікне ўсё роўна толькі пасля прагляду, таму наўрад ці можна чакаць карысных парад. Памятаеце анекдот пра студэнта-практыканта: “Я дзесяць разоў патлумачыў класу, сам ужо ўсё зразумеў, а дзеці не разумеюць!” Тут карысці больш для настаўніка, які спрабуе ідэю ўрока прагаварыць калегам, замацоўваючы ўласную пазіцыю.

Прапанова чацвёртая

Аб’ект назірання на інструментальным уроку — вучань. Пры традыцыйным адкрытым уроку — настаўнік.

Калі папярэдне ўрок абмеркаваны, калі ідэя ўрока і спосаб яе рэалізацыі вынайдзены, то, пагадзіцеся, нецікава сачыць за работай настаўніка. Цікава і карысна назіраць за работай вучняў. Важна для павышэння эфектыўнасці навучання прасачыць, якія метады і прыёмы ўключалі ў работу вучняў сярэдняга ўзроўню ведаў, дастатковага, творчага. Тут аднаму настаўніку не справіцца, праблематычна рабіць такую дыягностыку непасрэдна ў час правядзення ўрока.

Абсалютна рэвалюцыйнай для нашай метадычнай работы стане выпрацоўка рэкамендацый не для настаўніка, а для вучня, як яму лепш вучыцца, як сфарміраваць вучэбныя кампетэнцыі.

Паняцце “зоны найбліжэйшага развіцця” — адзін з самых вядомых укладаў Выгоцкага ў педагагічную тэорыю. Самастойна дзіця можа выканаць пэўны спектр задач. З дапамогай пытанняў і падказак педагога ён можа зрабіць значна больш. Прамежак паміж гэтымі двума станамі і называецца “зонай найбліжэйшага развіцця”. Менавіта праз яе заўсёды ажыццяўляецца любое навучанне. Каб растлумачыць гэтае паняцце, Выгоцкі ўводзіць метафару пра садоўніка, якому трэба сачыць не толькі за выспелымі, але і за зялёнымі пладамі. Настаўніку, які ўпершыню прымяняе на ўроку новы педагагічны прыём ці тэхніку, даволі складана быць садоўнікам. Яму спатрэбіцца дапамога калег, каб падказаць, як застацца ў межах “зоны найбліжэйшага развіцця” вучняў — не спыніцца на засвоеным і не спрабаваць пераскочыць далёка наперад.

Рызыка пераходу. Трэба вучыцца праводзіць назіранні за работай вучня на ўроку. Для гэтага трэба перамясціцца з апошняй парты на першую, глядзець не ў спіны вучняў, а ў вочы, ды і сшыткі правяраць нязручна.

Джэймс Гослінг, аўтар мовы Java, сказаў: “Праграміст, які не даведаўся за дзень нечага новага, — пражыў гэты дзень сабе на шкоду”. Нават не дарма, а на шкоду, разумееце? Гэта справядліва для любога чалавека, які займаецца разумовай працай. Ты не даведаўся нічога новага. Ты не зрабіў сваю работу лепш, чым ты рабіў яе ўчора і пазаўчора. Але свет не спыніўся. І нічога не баліць, праўда?

Шкода, якую мы наносім сабе, не становячыся разумнейшымі за сябе ўчарашніх, небяспечная і страшная менавіта тым, што на кароткім адрэзку часу нічога не баліць. Але ўсе мы добра ведаем, што на выпраўленне метадычных памылак спатрэбіцца не адзін год.

Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

“Фінансава дасведчаны” азначае “паспяховы”

А вы можаце раскрыць цесную ўзаемасувязь рызык з прыбытковасцю розных фінансавых інструментаў — напрыклад, хутка разлічыць рэальны памер працэнтнай стаўкі па крэдыце або вызначыць умовы, якія дазваляюць пакласці беларускія рублі на дэпазіт у банк і пры гэтым не плаціць падатак з атрыманага ў выглядзе працэнтаў даходу? Для ўдзельнікаў другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па пытаннях фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў 10—11 класаў устаноў сярэдняй агульнай адукацыі, які праходзіў у гімназіі № 2 Віцебска, падобныя пытанні складанасці не ўяўляюць.

Усе 69 юнакоў і дзяўчат — пераможцаў першага этапу спаборніцтва — дастойна справіліся як з тэставымі, так і з творчым заданнем, аб чым сведчыць мінімальны разрыў у набраных балах паміж тройкай лідараў і астатнімі ўдзельнікамі. Самым кампетэнтным і дасведчаным журы прызнала Уладзіслава Бехунова з ліцэя Наваполацка, 2-е месца падзялілі Уладзіслаў Рублеўскі з сярэдняй школы № 44 і Святлана Сушкова з гімназіі № 4. Варта адзначыць, што ў мінулым годзе менавіта віцяблянка — навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 14 абласнога цэнтра Нінель Ціханава — стала пераможцай заключнага этапу алімпіяды. Такія паказчыкі невыпадковыя: гэта вынік сістэмнай мэтанакіраванай работы, якая праводзіцца ва ўсіх установах адукацыі рэгіёна.

Так, зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праект “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”, распрацаваны творчай групай педагогаў пад кіраўніцтвам дырэктара Ірыны Шушкевіч і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алены Бразгоўка, з гэтага навучальнага года рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 29 Віцебска імя В.В.Піменава. На цяперашні час яго праграмай ахоплены ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу — навучэнцы і іх законныя прадстаўнікі, педагогі. У школе праводзяцца ўрокі фінансавай дасведчанасці, заняткі факультатыўнага курса “Асновы эканамічных ведаў”, пазакласныя мерапрыемствы, у тым ліку падрыхтаваныя ў супрацоўніцтве з банкамі-партнёрамі, інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах. Тэматыка заняткаў разнастайная: на ўроку фінансавай дасведчанасці для педагогаў школы, які ў перыяд восеньскіх канікул правяла менеджар цэнтра рознічных продажаў ААТ “АСБ Беларусбанк” Марына Цапліна, абмяркоўваліся наяўныя і безнаяўныя разлікі, віды пластыкавых карт і магчымасці інтэрнэт-банкінгу; падчас сустрэчы навучэнцаў 11-х класаў са спецыялістамі інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій Святлана Завацкая пазнаёміла з сайтам абласной падатковай інспекцыі, спосабамі пошуку патрэбнай інфармацыі, патлумачыла, як можна ў рэжыме анлайн запоўніць асноўныя падатковыя дакументы, атрымаць электронны подпіс, а начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Ларыса Жаўлакова падрабязна расказала, якія падаткі бяруцца з фізічных асоб і куды потым накіроўваюцца атрыманыя сродкі. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікала адукацыйная экскурсія ва ўпраўленне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, дзе яны даведаліся пра гісторыю беларускіх грошай, пра памятныя манеты і каштоўныя металы, якія выпускаюцца Нацбанкам. Педагогам былі прадастаўлены дыдактычныя матэрыялы, гульні і дыскі для правядзення ўрокаў фінансавай дасведчанасці ў школе; у музеі адбыўся ўрок па гісторыі развіцця банкаўскай сістэмы Віцебшчыны, які правяла загадчыца архіва Любоў Баханава. Наперадзе навучэнцаў школы, іх педагогаў і бацькоў чакаюць новыя сустрэчы і цікавыя мерапрыемствы, якія будуць садзейнічаць павышэнню фінансавай дасведчанасці. — Сённяшнія вучні — наша будучыня. Трэба, каб яе будавалі фінансава дасведчаныя грамадзяне, — падкрэсліла намеснік начальніка аддзела продажаў рознічных банкаўскіх прадуктаў цэнтра рознічнага бізнесу філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанк” Ганна Сянькова. — Асновы неабходных ведаў зараз закладваюцца з дзіцячага садка, затым гэтая праца працягваецца ў школе, установе прафесійнай адукацыі. Важна, каб чалавек разумеў, што такое зберажэнні, навошта карыстацца электроннымі грашыма, як дыстанцыйнае абслугоўванне дапамагае эканоміць час. Фінансава дасведчанае грамадства — гэта паспяховыя людзі, здольныя зрабіць дзяржаву квітнеючай.

Ірына ШУШКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава;
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ірыны ШУШКЕВІЧ.

Педагагічнае мастацтва з французскім акцэнтам

Настаўніцу замежнай мовы гімназіі № 8 Віцебска Ганну Прашкевіч калегі, у тым ліку з многіх краін свету, паважаюць як таленавітага творцу і аднаго з лепшых прадстаўнікоў сваёй прафесіі.

Падчас размовы з настаўніцай складваецца ўражанне, нібыта з дзяцінства французская для яе, што называецца, мова душы: Ганна Аляксандраўна не проста віртуозна валодае прадметам, а літаральна выпраменьвае вытанчаны парыжскі шарм, у любым калектыве адразу прыцягвае да сябе ўвагу і становіцца сэрцам творчай каманды. Цяжка паверыць, але калісьці будучая настаўніца, тады яшчэ вучаніца віцебскай сярэдняй школы № 36, французскую мову не любіла і адзнакі па ёй мела далёка не лепшыя. Усё змянілася дзякуючы педагогу Таццяне Кажарынай, міжнароднаму супрацоўніцтву і новаму праекту па абмене навучэнцамі. Нашай гераіні настолькі захацелася ў гэтым паўдзельнічаць, што ўжо праз год напружанай працы яна дасягнула сваёй мэты і свабодна размаўляла па-французску. Тым не менш у будучыні бачыла сябе не інакш як студэнткай мастацка-графічнага факультэта. На фарміраванне будучага педагога велізарны ўплыў аказала бабуля: яна, маючы толькі два класы сельскай пасляваеннай школы, змагла прывіць унучцы любоў да літаратуры і вучылася разам з ёй. У старшых класах да школьніцы прыйшло ўсведамленне: мастацтва — ключ, які можна прымяніць у любой прафесіі. Знакавым для дзяўчыны стала знаёмства з настаўніцай французскай мовы сярэдняй школы № 11 (туды Ганна перавялася пасля дзевяці класаў) Нінай Клокавай. Наколькі па-мацярынску яна апякала сваіх вучняў, можна зразумець на наступным прыкладзе: калі Г.Прашкевіч вырашыла паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт, Ніна Мар’янаўна адправілася разам з ёй у Мінск, і ніхто не ўспрымаў гэта як нешта выключнае. Дзе яшчэ быць педагогу ў адказны момант, як не побач з дзіцем? Для залічэння тады не хапіла паловы прахаднога бала, і абітурыентка вярнулася ў Віцебск. Паступіла спачатку ў каледж мастацкіх рамёстваў на аддзяленне справаводства, а потым па рэкамендацыі сяброў — у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

— Выкладчыкі ПДУ далі нам, невялічкай дружнай групе “французаў”, проста ўніверсальную падрыхтоўку — ад прадмета і методыкі яго выкладання да тэатральнага мастацтва і вершаскладання, — гаворыць Ганна Прашкевіч. — Усе настаўнікі з майго патоку зараз паспяхова творча рэалізоўваюцца ў прафесіі.

Не стала выключэннем і Ганна Аляксандраўна. Спачатку яна працавала настаўніцай замежнай мовы ў сярэдняй школе № 17, а потым — у гімназіі № 8 Віцебска. З яе ўдзелам у гімназіі рэалізаваны шэраг цікавых праектаў, створаны лінгватэатральны клуб “Пазл”, які штогод прымае ўдзел у конкурсах аматарскіх тэатраў рознага ўзроўню. З гэтага навучальнага года французская мова ў гімназіі выкладаецца з 7 класа як другая замежная.

— Мы па апошнім слове педагагічнай навукі развіваем камунікатыўныя навыкі, дзеці прыкладаюць да вучобы шмат намаганняў. Але атрымліваецца, што яны не прымяняюць на практыцы свае веды: няма моўнага асяроддзя, — сцвярджае настаўніца. — Я вельмі хутка пераканалася: дзяцей трэба найперш вучыць правільнаму выкарыстанню атрыманых ведаў, каб вучні ў любой сітуацыі адчувалі сябе як рыба ў вадзе не толькі па ўзроўні ведаў, але і па здольнасці іх прымяніць. Дзейнасны падыход, праектная дзейнасць, конкурсы дапамагаюць дзецям не толькі зразумець, навошта ім ведаць замежную мову, але і паказваюць, што мова — гэта шлях да развіцця здольнасцей, самарэалізацыі і прафесійнага самавызначэння.

Гэты год для Ганны Аляксандраўны незвычайны. Яна стала абсалютнай пераможцай прэстыжнага міжнароднага прафесійнага спаборніцтва — конкурсу Professeur de Franзais du Monde сярод настаўнікаў, якія выкладаюць французскую мову як замежную, і паўдзельнічала ў кангрэсе Міжнароднай федэрацыі выкладчыкаў французскай мовы ў бельгійскім Льежы.

— Шкада, што сістэма інфармавання аб прафесійных конкурсах у нас фактычна не дзейнічае. Аб Professeur de Franзais du Monde я даведалася выпадкова і напачатку маштабаў падзеі не ўяўляла, — расказвае пераможца. — Літаральна ўскочыла ў апошні вагон, таму што інфармацыю знайшла ў верасні, калі завяршаўся тэрмін падачы матэрыялаў. Пад Новы год прыйшла вестка, што я трапіла ў тройку фіналістаў з 300 заявак з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а ў сакавіку — паведамленне аб маёй перамозе сярод 24 фіналістаў з усяго свету. Я атрымала запрашэнне ў Льежы на кангрэс Міжнароднай федэрацыі выкладчыкаў французскай мовы, на якім прысутнічала больш за 1600 чалавек, у прыватнасці, добра былі прадстаўлены расійскія асацыяцыі. З Беларусі я была адна. Незабыўныя імгненні перажыла ў Зялёным пакоі Льежскага палаца, калі нечакана высветлілася, што ўсе прысутныя кіраўнікі франкафонных асацыяцый завочна — па конкурснай рабоце — былі са мной знаёмы.

Зараз Ганна Прашкевіч працуе над сумесным праектам з іспанскімі калегамі, якія таксама выкладаюць для пачаткоўцаў французскую мову як другую замежную. Разам з дзецьмі настаўніца працягвае работу з неалагізмамі, што прыйшлі ў французскую мову з іншых франкафонных краін, па праекце “Скажы мне 10 слоў па-французску”. Віцяблянка мае запрашэнні ад кіраўнікоў нацыянальных асацыяцый наведаць Бельгію, Японію, Марока.

— Калегі запрашаюць мяне як выкладчыка і мастака, таму што я працягваю займацца жывапісам, графікай. Гэта актуальна, — тлумачыць Ганна Аляксандраўна. — Так, зараз я працую над сумесным паэтычным зборнікам са старшынёй мараканскай асацыяцыі: ілюструю яго вершы або ён складае вершы па матывах маіх малюнкаў. Маімі ілюстрацыямі славянскіх легенд, якія суправаджаюцца мастацкімі перакладамі на французскую мову, зацікавіўся адзін з універсітэтаў Францыі. Але галоўнае, што дзеці бачаць прыклад, які пераконвае: нельга спыняцца на дасягнутым, трэба расці, шукаць, ствараць, вучыцца ў школьныя, універсітэцкія гады і пасля — гэта абавязковая ўмова гарманічнага развіцця асобы, неад’емная частка жыцця.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Міхаіл Жураўкоў: “Навука і адукацыя — вядучыя фактары эканамічнага росту”

Пытанні навуковай і інавацыйнай дзейнасці абмеркавалі на нарадзе-семінары ў Віцебску кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Нарада-семінар з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Жураўкова, першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма Богуша, начальніка ўпраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Віктара Валасацікава адбылася 19 кастрычніка на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. На разгляд былі вынесены вынікі навуковай дзейнасці ўніверсітэтаў і праблемныя пытанні камерцыялізацыі, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама вопыт арганізацыі работы інжынірынгавых цэнтраў і тэхнапаркаў, аказання паслуг па суправаджэнні працэсу ўкаранення ў вытворчасць навукова-тэхнічнай прадукцыі, стварэння стартап-мерапрыемстваў у сферы новых і высокіх тэхналогій. Удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з распрацоўкамі вядучых кафедр і наведалі Навукова-тэхналагічны парк Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

— Сёння для развіцця эканомікі краіны і вытворчай сферы, акрамя такога несумненна важнага і неад’емнага складніка, як наяўнасць фундаментальнай адукацыі добрага ўзроўню, неабходна прысутнасць у адукацыйным працэсе ў абавязковым парадку інавацыйнага, практыка- і бізнес-арыентаванага кампанента, — звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады-семінара, адзначыў Міхаіл Жураўкоў. — У пераважнай большасці краін свету ўстановы вышэйшай адукацыі разглядаюцца як “ключавы інструмент нараджэння інавацый”. Укараненнем новых тэхналогій павінны займацца спецыяльныя бізнес-структуры, інжынірынгавыя цэнтры. Наяўнасць такіх структур у складзе ўніверсітэтаў уяўляе сабой надзённую патрэбу.

Міхаіл Жураўкоў указаў на неабходнасць размежавання падрыхтоўкі кадраў для фундаментальнай навукі, даследаванняў і для інавацыйных, тэхналагічна прарыўных галін. Павінны быць розныя падыходы, розныя методыкі ў залежнасці ад асноўнай мэты навучання. Неабходна ствараць новы адукацыйны працэс, які будзе аптымальна спалучаць гадзіны і прадметы ў вобласці прыродазнаўчых і тэхнічных дысцыплін, матэматыкі і інфарматыкі, спецыяльных дысцыплін з кампанентамі інавацыйнай і бізнес-арыентаванай накіраванасці. У першую чаргу гэта тычыцца сістэм тэхнічнай і тэхналагічнай адукацыі.

Развіццё эканомікі і рух да інфармацыйнага грамадства шостага тэхналагічнага ўкладу стымулюе з’яўленне новых прафесій. Сярод прыярытэтных напрамкаў, дзе ўжо сёння патрабуюцца прафесіяналы са спецыяльнай падрыхтоўкай, можна выдзеліць цэлы шэраг тэхнічных спецыяльнасцей. У той жа час, на думку кіраўніка сістэмы адукацыі, недастатковая ўвага ўдзяляецца такім актуальным напрамкам, як бізнес-аналітыка, эканамічная тэорыя, разлік і прагноз рызык. Разам з тым роля адукацыі і навукі ў фарміраванні бюджэтаў краін становіцца ўсё больш важнай. У развітых краінах да 95 працэнтаў прыросту валавога ўнутранага прадукту забяспечваюць навукова-тэхнічныя распрацоўкі і інавацыйныя рашэнні. Інтэлектуальная рэнта — галоўны прыз у сучасным эканамічным спаборніцтве.

— Надзённае патрабаванне сёння — пераход універсітэтаў ад класічнага тыпу да інавацыйнага, што мае на ўвазе пераўтварэнне іх у магутныя цэнтры стварэння інавацыйных навукаёмістых распрацовак, падрыхтоўкі кадраў, якія валодаюць не толькі глыбокімі фундаментальнымі базавымі ведамі, але і вопытам работы з інавацыйнымі тэхналогіямі і ўдзелу ў распрацоўцы ўніверсітэцкіх праектаў, — акцэнтаваў увагу Міхаіл Жураўкоў. — Тады з’явяцца ў вялікай колькасці і новыя бізнес-ініцыятывы, і праявіцца павышаная зацікаўленасць бізнесу і вытворчасці ў выпускніках устаноў вышэйшай адукацыі. Безумоўна, для гэтага неабходна, каб у грамадстве істотным чынам змяніліся адносіны да інавацыйных трансфармацый у адукацыі і навуцы. У сучасным свеце чалавека робяць спецыялістам не самі веды (яны сёння страчваюць унікальнасць даволі хутка), а жаданне быць спецыялістам, аддаваць вялікі рэсурс свайго часу і ўвагі канкрэтнай справе. Для таго каб стымуляваць інавацыі і адаптавацца да патрабаванняў эканомікі, установы вышэйшай адукацыі павінны быць арганізаваны такім чынам, каб быць максімальна гібкімі і садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей і прадпрымальніцкага мыслення. Усё большая колькасць аўтарытэтных экспертаў па пытаннях вышэйшай адукацыі прыходзіць да думкі, што ў цяперашні час пры кіраўніцтве адукацыйнымі ўстановамі і распрацоўцы вучэбных праграм многае можна пазычыць з мадэлей стартапаў. Гэта значыць, што сёння ўніверсітэт павінен уяўляць сабой своеасаблівы вялікі стартап. Установы вышэйшай адукацыі павінны стаць важнейшай рухаючай сілай у распаўсюджванні прадпрымальніцкага мыслення.

Каб стварыць сістэму вышэйшай адукацыі, у якой працэсы і стратэгіі змяняліся б гэтак жа хутка, як у стартапах, патрабуецца стратэгічны падыход да кіраўніцтва. Неабходна, каб у аснове адукацыйнага працэсу быў праблемна-арыентаваны падыход да навучання, міждысцыплінарныя даследаванні і інавацыі. Адукацыйны працэс трэба мяняць так, каб выкладчыкі і студэнты сталі больш актыўнымі ўдзельнікамі глабальнага рынку даследаванняў і інавацый. На будучыню вышэйшай адукацыі значна ўплывае сумесная дзейнасць універсітэтаў. Усё больш устаноў вышэйшай адукацыі аб’ядноўваюцца ў кансорцыумы — асацыяцыі дзвюх і больш арганізацый. Мэта такога аб’яднання — кансалідаваць рэсурсы, лепш пазіцыянаваць сябе для ўкаранення адукацыйных інавацый.

— У святле абазначаных стратэгічных задач адной з важных праблем з’яўляецца пастаянны прыток моладзі ва ўстановы вышэйшай адукацыі і навуковыя арганізацыі, што дазваляе ўстановам трымацца “ў тонусе і трэндзе” сучасных тэндэнцый, — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. — На жаль, ранейшыя падыходы сёння ўжо малаэфектыўныя. Трэба шукаць новыя рэальныя формы для арганізацыі такога пастаяннага прытоку моладзі ў адукацыю і навуку.

Напярэдадні, 18 кастрычніка, Міхаіл Жураўкоў наведаў Наваполацк, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам горада, прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці другога этапу рэспубліканскага праекта “300 талентаў для каралевы”, пабываў у гімназіі № 2 і Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Працавітая, спеўная, шчодрая

Прыгажуня восень зноў паклікала ў Віцебск педагогаў і навучэнцаў, руплівых гаспадароў і таленавітых майстроў. У першы дзень кастрычніка на пляцоўцы каля Палаца спорту з раніцы пачалася выстава-продаж прадукцыі, вырабленай ва ўстановах адукацыі рэгіёна.

А дкрываючы адно з самых папулярных гарадскіх восеньскіх мерапрыемстваў, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома ўручыў узнагароды лідарам сельгасвытворчасці. У гэтым годзе лепшымі з лепшых прызнаны майстры вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Іван Барадаўка і Віктар Гамзюк, іх калегі з Коханаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Арцём Малашкевіч і Леанід Гарбачоў, з Дубровенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Сушчэвіч і Аляксандр Савулаў, слесар-рамонтнік Высоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Віктар Андрэеў, загадчык вучэбнай гаспадаркі Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Святлана Захарава і майстар вытворчага навучання азначанай установы адукацыі Васіль Чумак.

— Гэта 36-я па ліку выстава-продаж. З 2002 года яны праходзяць у абласным цэнтры, а таксама ў Оршы і Полацку, — расказаў начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. — Як заўсёды, “Восеньскі карагод” прапанаваў сельскагаспадарчую прадукцыю, вырашчаную ў вучэбных гаспадарках і на прышкольных участках. Акрамя таго, прадстаўлены сувеніры, эксклюзіўнае адзенне і абутак, мэбля, бялізна, прадметы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, элітны маладняк свойскіх жывёл, саджанцы пладовых дрэў, дэкаратыўныя расліны, прадукты харчавання — ад алею і мёду да смачнай выпечкі. Шырокі асартымент, гарантаваная якасць, цэны больш нізкія, чым звычайна, за аналагічны тавар — усё гэта забяспечвае ўстойлівы попыт. Сёлета ў выставе-продажы ўдзельнічалі 30 устаноў прафесійнай адукацыі, 4 рэспубліканскія каледжы, 9 аддзелаў адукацыі і 2 школы-інтэрнаты. Выручка ад рэалізацыі перавысіла 71 тысячу рублёў.

Немагчыма ўявіць “Восеньскі карагод” без выступленняў юных артыстаў. У чатырохгадзіннай канцэртнай праграме прыняло ўдзел больш за 700 выхаванцаў гурткоў, студый і аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі. І, канечне, выстава-продаж — гэта заўсёды яшчэ і эфектыўны інструмент прафесійнай арыентацыі, яркая панарама поспехаў і магчымасцей устаноў прафесійнай адукацыі. Прычым панарама інтэрактыўная: не проста з густам аформленыя гандлёвыя месцы, дзе можна пабачыць і набыць сапраўды ўнікальныя рэчы (у тым ліку экспанаты, адзначаныя дыпломамі Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці), але і горад майстроў з цікавымі прэзентацыямі, дэфіле тэатраў мод, майстар-класамі па цырульніцкім мастацтве, салома і лозапляценні, карвінгу, стварэнні кветак з цукерак. Аб паспяховым гандлі яскрава сведчылі чэргі, а неўзабаве паўпустыя і нават зусім пустыя кузавы аўтамабіляў, яшчэ пару гадзін назад даверху напоўненыя мяхамі з бульбай, морквай, буракамі, цыбуляй, зернем. Усюды дзейнічалі скідкі на пакупкі ад 10% для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужаных настаўнікаў і работнікаў адукацыі. Плануецца, што лепшыя экспазіцыі з прадстаўленых на “Восеньскім карагодзе” прымуць удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2016” у райцэнтры Сянно.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Арома- і музыкатэрапія як эфектыўныя сродкі карэкцыі

Нетрадыцыйныя метады ў рабоце настаўніка-дэфектолага з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця шляхам уздзеяння ароматэрапіі і музыкатэрапіі належаць да ліку эфектыўных сродкаў карэкцыі, якія ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў рабоце настаўнікаў-дэфектолагаў і дапамагаюць дасягненню максімальна магчымых поспехаў у пераадоленні маўленчых цяжкасцей і асаблівасцей у развіцці дзяцей школьнага ўзросту. Альтэрнатыўныя метады і прыёмы дапамагаюць арганізаваць заняткі найбольш цікава і разнастайна.

Народны вопыт і даследаванні вучоных даказалі, што пахі здольны кіраваць настроем і працаздольнасцю. Яны выклікаюць у людзей тыя ці іншыя неўсвядомленыя жаданні, а таму могуць не толькі ўплываць на наша жыццё ў цэлым, але і кіраваць паводзінамі праз падсвядомасць. З дапамогай раслінных духмяных маслаў можна зняць стрэс, стомленасць, апатыю або пераўзбуджэнне, палепшыць настрой. Яны змяншаюць раздражняльнасць, павышаюць працаздольнасць, увагу, дакладнасць выканання заданняў. Аднак, перш чым пачаць выкарыстанне ароматэрапіі, трэба авалодаць неабходнымі ведамі. Трэба высветліць у бацькоў, ці няма алергіі ў дзіцяці на якія-небудзь пахі. Абавязковай умовай для выкарыстання эфірных маслаў з’яўляецца індывідуальная нюхальная ацэнка: пах павінен быць прыемным, не выклікаць раздражнення слізістых абалонак носа і дыхальных шляхоў. Для тэсціравання нанясіце 1 кроплю эфірнага масла на ліст паперы, і няхай дзіця ўдыхне пах некалькі разоў. Ацаніце стан дзіцяці на працягу 10—20 хвілін. Калі ўсё добра — можна прымяняць. Каб праверыць дзеянне араматычнага масла, неабходна некалькі кропель уцерці ў скроні і ў вобласць шчытападобнай залозы. Пры станоўчай рэакцыі надыходзіць прыемнае пачуццё расслаблення мышцаў.

Маслы я выкарыстоўваю на вучэбных занятках па рускай мове, для карэкцыі парушэнняў пісьмовай мовы і г.д. Станоўчы эфект дае араматычнае масла “Лімон”. Японскімі вучонымі даказана, што пры павелічэнні яго канцэнтрацыі ў паветры змяншаецца колькасць памылак у пісьмовых работах навучэнцаў. З гэтай мэтай можна выкарыстоўваць і маслы “Лаванда”, “Язмін” — тое, што больш падабаецца дзецям па паху. Масла “Грэйпфрут” спрыяе аднаўленню энергетычнага ўзроўню пры фізічнай стомленасці, яго можна выкарыстоўваць у навучэнцаў пасля ўрока фізкультуры. Таксама гэтае масла павышае разумовую актыўнасць, канцэнтрацыю ўвагі, настрой. Масла “Мята” выкарыстоўваю на апошніх вучэбных занятках або карэкцыйных занятках, якія праводжу пасля абеду для аднаўлення сіл, яснасці думкі, паляпшэння памяці. Таксама гэтае масла можна выкарыстоўваць пры эпідэміі грыпу для дэзынфекцыі памяшкання. Масла “Мандарын” дапамагае дзецям пры ператамленні. Яго добра выкарыстоўваць у канцы чвэрці, калі навучэнцы стаміліся ад вучэбнай нагрузкі. Гэтае масла можна выкарыстоўваць дзецям, у якіх назіраецца сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць (СДУГ), таму што яно добра канцэнтруе ўвагу, узмацняе разумовую дзейнасць. Ароматэрапію я выкарыстоўваю на фізкультурных хвілінках, куды ўключаны прыёмы дыхальнай гімнастыкі.

Эфірнае масла трэба разводзіць з вадой у неабходнай прапорцыі: 1 сталовая лыжка на 2 кроплі масла.
Для таго каб практыкаваць ароматэрапію, неабходна мець араматычную лямпу (іншая назва — пахучая лямпа) і свечкі для аромалямпы.

Нароўні з ароматэрапіяй на вучэбных і карэкцыйных занятках таксама прымяняю музыкатэрапію.
Як паказала практыка, музыкатэрапія:

— стварае станоўчы эмацыянальны фон у навучэнцаў (зняцце фактару трывожнасці, няўпэўненасці);

— стымулюе рухальныя функцыі;

— спрыяе развіццю і карэкцыі сенсорных працэсаў (адчування, успрымання, уяўлення) і сенсорных здольнасцей;

— развівае дыхальную сістэму;

— развівае артыкуляцыйны апарат;

— растарможвае маўленчую функцыю.

Музыка ў стылі барока паляпшае памяць (запамінанне новых і замежных слоў, вершаў). Яна супакойвае і мабілізуе механізмы памяці.


Музыка Моцарта або Вівальдзі дапамагае канцэнтравацца на працягу вялікага перыяду. “Да Элізы” Бетховена, “Маленькая начная серэнада” Моцарта расслабляюць і супакойваюць. Павольная частка п’ес Гендэля, Баха або Вівальдзі дапаможа запомніць тэкст. Музыка Баха, Гендэля паляпшае лагічнае мысленне і павышае матэматычныя здольнасці. Гукі прыроды “Дождж, навальніца”, “Мора”, “Мары”, “Дыханне вясны” знімаюць стрэс, павышаюць жыццёвы тонус і імунітэт, напаўняюць аптымізмам.

На занятках я выкарыстоўваю наступныя прыёмы:

— праслухоўванне музычных твораў;

— рытмічныя рухі пад музыку (фізкультурныя хвілінкі);

— спалучэнне музыкі з работай па развіцці ручнога праксісу;

— прапяванне чыстагаворак пад музычнае суправаджэнне.

Пры выкарыстанні музыкатэрапіі неабходна прытрымлівацца наступных правіл:

— працягласць праслухоўвання павінна складаць не больш за 10 хвілін на працягу ўсіх заняткаў;

— на занятках лепш за ўсё выкарыстоўваць адзін музычны твор. (У гукавыя кампазіцыі я ўключаю розныя элементы: прыродныя гукі, класічную і народную музыку, рэлаксацыйную музыку.)

Варта адзначыць, што ў выніку прымянення ароматэрапіі і музыкатэрапіі ў дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі паляпшаецца канцэнтрацыя ўвагі, што дазваляе хутчэй і больш якасна запамінаць тэксты; развіваецца артыкуляцыйная маторыка і маўленчая дзейнасць, што дазваляе палепшыць вербальныя і невербальныя камунікатыўныя навыкі; знімаецца агрэсія, паніжаецца ўзровень трывожнасці; развіваецца агульная маторыка і каардынацыя навучэнцаў; паляпшаецца агульнае самаадчуванне; павышаецца працаздольнасць, настрой, упэўненасць у сабе.

Лілія АГРЫЗКА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 42 Віцебска.

Сінергетыка супрацоўніцтва: развіццё інфармацыйнага ўзаемадзеяння і новыя праекты

У Віцебску адбылася сустрэча галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Вадзіма Кнышава і начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы. У ходзе зацікаўленага дыялогу абмяркоўваліся вынікі сумеснай работы і перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

— Галіновая прэса робіць акцэнт на змест, — акцэнтаваў увагу Вадзім Кнышаў. — Менавіта ў гэтым мы выйграём у параўнанні з радыё, тэлебачаннем, інтэрнэт-рэсурсамі, дзе саперніцтва ў навінавым плане па азначэнні немагчымае. Журналісцкія дыскурсы “Настаўніцкай газеты” накіраваны найперш на інтарэсы педагогаў, і для нас недастаткова канстатаваць падзею: важна паказаць яе прычыны і наступствы, прапанаваць для абмеркавання і выкарыстання прафесійны вопыт удзельнікаў.

Ад імя педагагічнай грамадскасці вобласці Дзмітрый Хома падзякаваў калектыву рэдакцыі за практычную арыентаванасць кантэнту, імкненне максімальна далучыцца да спраў і клопатаў сучаснай школы. Сёння “Настаўніцкая” стала запатрабаванай інтэрактыўнай пляцоўкай, дзе педагогі актыўна дзеляцца сваімі напрацоўкамі і ідэямі з калегамі: практычна з кожным нумарам можна ісці на ўрок, а кожны матэрыял з’яўляецца працягам шчырай і адкрытай размовы з чытачом. Прычым найбольш спрыяльныя ўмовы для зваротнай сувязі склаліся дзякуючы цеснаму кантакту з рэгіёнамі. Характар партнёрскіх узаемаадносін паміж рэгіянальнай сістэмай адукацыі і галіновым выданнем пацвярджае высокі ўзровень яго рэлевантнасці.

— Патэнцыял нашых педагогаў вельмі высокі, і для нас важна бачыць яго рэалізацыю ў дынаміцы і ў кантэксце адукацыйнай прасторы рэспублікі, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Не толькі паказваць нашы напрацоўкі, але і параўноўваць іх з напрацоўкамі калег. А значыць, наша супрацоўніцтва мае самыя добрыя перспектывы. Узаемаразуменне паміж настаўніцтвам Віцебшчыны і нашай газетай ёсць і будзе.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Міхаіл ЖУРАЎКОЎ: “Моладзь цікавіцца навукай”

IV этап рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі “Моладзь у навуцы і вытворчасці” адбыўся ў Віцебску.

Па-вясноваму яркае свята творчасці і майстэрства, а разам з тым вялікая інтэрактыўная пляцоўка знаёмства, актыўнага дыялогу, навуковага супрацоўніцтва — такім запомніўся фестываль яго ўдзельнікам і гасцям. З 19 па 30 сакавіка некалькі тысяч маладых талентаў Віцебшчыны, іншых рэгіёнаў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа дэманстравалі свае дасягненні, абменьваліся вопытам, вызначалі стратэгію далейшага ўзаемадзеяння.

Ствараючы будучыню

Старт IV этапу ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце даў конкурс па тэхнічным 3D-мадэляванні “Я со3Dаю будущее” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі паўночнага рэгіёна, арганізаваны ВДТУ разам з Навукова-тэхналагічным паркам універсітэта пры падтрымцы групы кампаній “АСКОН”. Работы ў чатырох узроставых катэгорыях ацэньвалі сертыфікаваныя выкладчыкі КОМПАС 3D і пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў сярод канструктараў. Аналагічныя спаборніцтвы для студэнтаў універсітэт праводзіў у пазамінулым годзе, а летась тут упершыню ў Беларусі прайшоў рэгіянальны этап вядомай студэнцкай алімпіяды па САПР-праектаванні CAD-Olymp — 2014.— Мы імкнёмся аб’яднаць усіх, хто цікавіцца 3D-мадэляваннем, — расказаў дырэктар Навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ Канстанцін Мацвееў. — Працуем са студэнтамі, педагогамі, навучэнцамі. Для настаўнікаў, выкладчыкаў ліцэяў і каледжаў прапаноўваем адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі. Нашых патэнцыяльных абітурыентаў — будучых інжынераў — запрашаем па суботах на папулярны ў асяроддзі вучнёўскай моладзі факультатыў па 3D-мадэляванні. Дарэчы, большасць яго ўдзельнікаў паспрабавалі свае сілы ў нашым конкурсе, уключаючы самага юнага канкурсанта — трэцякласніка Аляксандра Сюбарава. Акрамя таго, вялікая група школьнікаў прыехала з Оршы. Значную частку канкурсантаў склалі навучэнцы каледжаў, з выкладчыкамі якіх у нас наладжана цеснае супрацоўніцтва.
— У педагогіку я прыйшла з вытворчасці. Цяпер у нас на занятках няма чарцяжоў, выкананых з дапамогай алоўка, — яны выконваюцца на камп’ютары. Такая ж практыка існуе на заводах, у канструктарскіх бюро, — падключылася да размовы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага станкаінструментальнага каледжа Дана Іванова. — Расце канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў. Напрыклад, у ліку тых, хто абараніў дыплом у мінулым годзе, — сённяшнія майстры, намеснікі начальнікаў цэхаў і адначасова студэнты-завочнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сярод цяперашніх навучэнцаў таксама ёсць маладыя людзі з моцным патэнцыялам. Упэўнена, што яны здольны ў будучыні шмат зрабіць для навукі і прамысловасці.
У рамках конкурсу “Я со3Dаю будущее” былі арганізаваны выніковы семінар факультатыву, майстар-клас і круглы стол “Тэхнічнае камп’ютарнае 3D-мадэляванне”. Дырэктар кампаніі “АСКОН-Беларусь” Уладзімір Пыжык азнаёміў педагогаў з новымі ініцыятывамі кампаніі для агульнай, прафесійнай і дадатковай адукацыі, а таксама з расійскім вопытам узаемадзеяння з рухам WorldSkills і цэнтрамі маладзёжнай творчасці.

Панарама дасягненняў і магчымасцей

У Аршанскім і Полацкім каледжах Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава кульмінацыйнымі фестывальнымі падзеямі варта назваць студэнцкую навуковую канферэнцыю “Свет дзяцінства ў сучаснай адукацыйнай прасторы” і майстар-клас настаўніцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алены Скорынавай. Непасрэдна ў ВДУ за гэты час былі падведзены вынікі конкурсу праектаў студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей “Кожны мае права быць шчаслівым!”, адбыліся прэзентацыі сацыяльнага праекта па гарманізацыі сацыяльна-асобаснай сферы дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця сродкамі клоўнатэрапіі і навукова-даследчай лабараторыі “Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці”, круглы стол “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі”, навуковы семінар “Актуальныя праблемы інтэлектуальнай уласнасці”, міжнародныя адкрытыя спаборніцтвы па спідкубінгу VSU Open — 2016, інтэлектуальны конкурс “Геаграфічны марафон”.У новым вучэбна-лабараторным корпусе ВДТУ 24 сакавіка на некалькіх пляцоўках адкрылася выстава дасягненняў маладзёжнай навукі. Аб сваіх інавацыйных распрацоўках расказалі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна. Побач Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, каледжы і ліцэі Віцебска дэманстравалі лепшыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, даследчых праектаў навучэнцаў.
Выхаванцы гурткоў аддзела тэхнічнай творчасці абласнога Палаца дзяцей і моладзі запрасілі пазнаёміцца з дзеючымі ўзорамі робатаў і знакамітага качара Бровіна.
— Качар — арыгінальны варыянт генератара электрамагнітных ваганняў. Ён працуе, перадае энергію, але ніхто з сучасных вучоных не можа растлумачыць як і чаму, — з захапленнем характарызаваў сваю мадэль чацвёртакласнік Станіслаў Смірноў. — Збіраюся далей вывучаць гэтую ўстаноўку. Можа, калі-небудзь менавіта ў мяне атрымаецца разгадаць яго загадкі. Гэта пакуль мая вялікая мара, але я пастараюся, каб яна спраўдзілася!
Асаблівасць экспазіцый устаноў прафесійнай адукацыі на выставе — арыентацыя на рэальны сектар эканомікі. Калі гэта арыгінальная вышыўка на абутку — то яе ўзоры былі распрацаваны па заказе абутковага гіганта “Марка” і знайшлі ўкараненне ў вытворчасці; калі эксклюзіўныя мадэлі прычосак — то яны выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных майстроў-цырульнікаў. Тое ж аб’ядноўвала і экспанаты выстаў дыпломных работ студэнтаў-дызайнераў і маладых вучоных тэхналагічнага ўніверсітэта.
— У ходзе правядзення фестывалю былі паказаны вынікі работы маладых вучоных сумеснай з Інстытутам тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навукова-даследчай лабараторыі “Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі”: ультрагукавое абсталяванне для апрацоўкі палімерных матэрыялаў, артаданічныя дугі, камп’ютарнае мадэляванне ўльтрагукавых хваляводных сістэм, узоры абразіўнага шнура, — паведаміла прарэктар ВДТУ па навуковай рабоце, доктар эканамічных навук, прафесар Алена Ванкевіч. — Свае прэзентацыі падрыхтавалі маладыя вучоныя ўніверсітэта — доследнай устаноўкі для фарміравання нятканых матэрыялаў з палімерных нанавалокнаў для медыцынскага і ветэрынарнага выкарыстання, трыкатажных вырабаў медыцынскага прызначэння, тканін новых структур і вырабаў з іх, якія валодаюць інавацыйнымі тэхналагічнымі, мастацкімі і функцыянальнымі эфектамі, водатэрмаўстойлівага ахоўнага касцюма, распрацаванага ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Інфарматыка і космас. Абарона ад надзвычайных сітуацый”, вучэбна-навуковага абсталявання па аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей, распрацаванага на кафедры аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей.Акрамя таго, маладыя актывісты з ВДТУ прэзентавалі гасцям універсітэта свае сацыяльныя праекты: Кацярына Савіна — квест “Таямнiцы Беларусi”, Ганна Мядзелец — “У страі анлайн”, а сёлетнія фіналісты конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Марыя Коласава і Мацвей Мацвееў — Youtravelvs.— Мы самі вельмі любім падарожнічаць і ведаем, што пры планаванні і арганізацыі вандроўкі галоўнымі пытаннямі з’яўляюцца час (нярэдка ён абмежаваны) і грошы (таму што іх заўсёды не хапае). Наш праект закліканы вырашыць гэтыя дзве праблемы, — патлумачылі аўтары. — Гэта сэрвіс па пошуку і арганізацыі самастойных падарожжаў па Беларусі. Зараз мы ствараем інфармацыйны партал, дзе будуць размешчаны парады падарожнікам, інфармацыя аб памятных мясцінах. На базе партала плануем стварыць сэрвіс па браніраванні жылля, транспарту, а таксама арганізаваць сістэму скідак і накапляльных праграм для тых, хто будзе падарожнічаць з нашай дапамогай. Наперадзе — распрацоўка, тэсціраванне і запуск праграмнага забеспячэння, рэгістрацыя юрыдычнай асобы і запуск мабільнага дадатку. Створаны намі сайт працуе ўжо ў тэставым рэжыме, нашу старонку ў Instagram чытае больш за дзве тысячы чалавек. Каманда падтрымкі сабралася дружная — журналісты, юрыст, перакладчык, праграміст і бухгалтар. Таксама мы супрацоўнічаем з фірмай tit.by, яны нам дапамагаюць з праграмным забеспячэннем.
Новыя калекцыі адзення прадэманстравалі перад наведвальнікамі выставы студэнцкі Дом моды ВДТУ (грацыёзныя прыгажуні аддалі перавагу льну) і фіналісты сёлетняга фестывалю-конкурсу “Млын моды”. Адна з іх, што амаль традыцыйна, прадстаўляе тэхналагічны ўніверсітэт. А вось другая калекцыя-фіналіст — удалы творчы эксперымент 14-гадовай Настассі Дарожкінай, выхаванкі тэатра моды “Дзіва” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Калекцыя атрымалася крыху тэатральная. Называецца яна “Шчасце” і прызначана для дзяцей. Я найперш хацела сказаць дарослым, што ў свеце многа яркіх цікавых момантаў, нягледзячы на чорныя палосы, — падзялілася ўражаннямі дзяўчына. — Так і ў маіх мадэлях чорны колер прысутнічае для ўзмацнення кантрасту і падкрэслівання яркасці.

Навука, тэхналогія, бізнес

Знайсці адказы, вырашыць праблемы і хоць на невялікі час задаволіць нясцерпную прагу даведацца пра новае, нязведанае многім удзельнікам фестывалю дапамаглі майстар-клас па робататэхніцы і мехатроніцы для навучэнцаў і выпускнікоў школ, пасяджэнні маладзёжнага бізнес-клуба з удзелам дырэктара Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці Ніны Лук’янавай і кіраўнікоў прадпрыемстваў, адкрытая лекцыя доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Аляксея Карніенкі “Новыя напрамкі ў фізіцы лазераў”, форум “Новыя тэхналогіі ў бізнес-адукацыі”.
Базавым мерапрыемствам IV этапу фестывалю была вызначана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мадэляванне ў тэхніцы і эканоміцы”.
— Работа канферэнцыі накіравана на стымуляванне цікавасці і прыцягненне да навуковай дзейнасці студэнтаў і маладых даследчыкаў, выяўленне і падтрымку таленавітых маладых вучоных, далучэнне навуковых работнікаў да работы з таленавітай моладдзю, падтрымку прэстыжу навуковай і навукова-адукацыйнай сфер для прафесійнай дзейнасці моладзі, — праінфармаваў рэктар ВДТУ Валерый Башметаў. — Актуальнасць тэматыкі форуму абумовіла павышаную цікавасць да яго як беларускіх, так і замежных маладых вучоных і практыкаў. Заяўкі на ўдзел падалі больш за 700 чалавек, прадстаўлена 388 дакладаў па актуальных пытаннях мадэлявання ў тэхніцы, эканоміцы і дызайне. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: 15 беларускіх і 26 расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі, таксама заяўлены прадстаўнікі Узбекістана, Украіны, Азербайджана, Латвіі, Кітая. Праграма канферэнцыі прадугледжвае пленарнае пасяджэнне, работу трох секцый, майстар-класы, круглыя сталы, тэлемасты з Вялікабрытаніяй і Расіяй. Галоўная асаблівасць канферэнцыі — яе поўнасцю падрыхтаваў і правёў савет маладых вучоных нашага ўніверсітэта. Гэта першы для нас падобны вопыт, і я лічу, што ён удалы.
— Багацце любой краіны прырастае ў тых тэхналогіях, дзе асноўны сабекошт — веды. Падтрымка навукі знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка беларускай дзяржавы, урада. Гэта адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Акрамя таго, узяты арыенцір на прыцягненне ў навуку прыватнага бізнесу. Наша стратэгічная задача — будаваць эканоміку ведаў, — звярнуўся да маладых вучоных міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў. — Вам праз 5—10 гадоў весці наперад айчынную навуку і адукацыю. Хочацца перадаць нашу справу ў рукі дастойных спецыялістаў, якія будуць развіваць эканоміку, каб перад сваімі дзецьмі вы, як мы зараз, маглі ганарыцца роднай краінай і яе навуковымі дасягненнямі. Мне прыемна адзначыць, што Віцебск мае цікавыя ўнікальныя распрацоўкі, асабліва сказанае тычыцца лёгкай прамысловасці. Моладзь жыве навукай насуперак распаўсюджанаму меркаванню, нібыта сёння гэта ёй нецікава. А значыць, у нас ёсць патэнцыял, ёсць будучыня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Мы — разам!

У Віцебску адбыўся III Абласны форум лідараў грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

— Нам вельмі пашанцавала, таму што мы нярэдка збіраем самых таленавітых, перспектыўных, надзейных маладых людзей, якія знаходзяць у жыцці вартыя мэты і настойліва да іх ідуць. А многія менавіта ў нас зрабілі першыя значныя крокі ў грамадскім жыцці, адчулі сябе сапраўднымі лідарамі, паверылі ва ўласныя сілы, — расказаў дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Сяргей Шыбека. — Думаю, сённяшняя сустрэча таксама стане як этапам падвядзення вынікаў і абагульнення вопыту, так і пунктам адліку для старту новых ідэй, праектаў, ініцыятыў.
Палац вітаў сваіх даўніх і новых сяброў выступленнямі вядучых творчых калектываў і выставай дзіцячай творчасці. Піянерскія лідары і іх старэйшыя таварышы паўдзельнічалі ў рабоце тэматычных пляцовак па асноўных напрамках дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА”, а таксама ў творчых майстэрнях па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Фабрыка натхнення”. Майстар-класы для груп дзіцячага і маладзёжнага актыву па культуры камунікацыі і мастацтве публічнага выступлення правялі педагог-псіхолаг абласнога Палаца дзяцей і моладзі Ганна Талкачова і старшы выкладчык кафедры філасофіі ВДУ імя П.М.Машэрава Яўгенія Далімаева. У выставачнай зале “Духаўскі круглік” стартавала абласная маладзёжная акцыя “Мы — разам з Культурай па жыцці”. Акадэмія лідараў запрасіла прадстаўнікоў БРСМ за круглы стол “Культура. Традыцыі. Будучыня”, а кіраўнікоў БРПА — на семінар “Рэалізацыя інавацыйнага падыходу пры арганізацыі дзейнасці піянерскага руху Віцебшчыны як сучаснай формы развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў”. Пошук новых форм і метадаў сумеснай працы, рэалізацыя сацыяльна значных ідэй і ініцыятыў, развіццё творчага патэнцыялу моладзі — такія прыярытэтныя мэты ставяць перад сабой арганізатары форуму “Мы — разам!”, упраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны камітэт БРСМ і абласны савет БРПА.
— Форум з’яўляецца знамянальнай падзеяй не толькі ў жыцці рэгіёна, але і ў маштабах усёй краіны. Напэўна, на дадзены момант гэта першы і адзіны вопыт правядзення падобнага мерапрыемства, — адзначыла намеснік старшыні Цэнтральнага савета БРПА Марына Багдановіч. — Нашы арганізацыі заўсёды ішлі па жыцці поруч. У малодшых — “Зарнічка” і “Зарніца”, у старэйшых — “Арляня”; у нас — цімураўскі рух, у вас — валанцёрскі рух “Добрае сэрца”. А ў аснове ўсяго — клопат, добраахвотнае служэнне людзям, выхаванне падрастаючага пакалення юных грамадзян нашай краіны, патрыётаў. Упэўнена, што тыя вынікі, што дасць супрацоўніцтва і сутворчасць дзяцей, моладзі і дарослых, тыя ініцыятывы, прапановы і дзеянні, якія будуць выпрацаваны ў ходзе форуму, будуць дастойным працягам плённага ўзаемадзеяння нашых арганізацый. Для рэалізацыі сумесных маладзёжных праектаў і праграм на Віцебшчыне пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога Палаца дзяцей і моладзі створаны ўсе ўмовы.
— Форум “Мы — разам!” стаў нашай добрай традыцыяй, — падкрэсліў выконваючы абавязкі першага сакратара абкама БРСМ Віктар Глушын. — Прыемна і знамянальна, што на гэты раз да нас далучыліся прадстаўнікі Маладзёжнай і Дзіцячай палат Віцебскай вобласці. Яшчэ адна асаблівасць форуму — гэта тое, што ён прысвечаны Году культуры. Саюз моладзі запускае новыя праекты “Беларусь — краіна натхненняў” і Беларусь — краіна талентаў”, а на Віцебшчыне стартуе шэраг абласных акцый. Асабліва яркім і запамінальным абяцае быць Дзень моладзі на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які сёлета адзначае сваё 25-годдзе. Мы вельмі спадзяёмся на вас, вашы таленты, ініцыятыву, энтузіязм.
Старшыня Віцебскага абласнога савета БРПА Юлія Іванова прааналізавала дзейнасць піянерскай арганізацыі ў кантэксце паняцця “культура”:
— Мы можам разглядаць культуру як асэнсаванне гісторыі і пераемнасць традыцый беларускага народа, і трэба сказаць, што ў нас у арганізацыі ёсць цэлая праграма “Спадчына”, у рамках якой акцябраты і піянеры знаёмяцца з гісторыяй сваёй Радзімы, вывучаюць народныя традыцыі. Мы беражліва і з вялікай павагай ставімся да сваёй гісторыі. Так, 1 снежня 2015 года пачаўся абласны праект “Музей будуем САМІ”, а зараз мы ўжо маем экспазіцыю па двух перыядах. Культура — зносіны, і ў нас у кожным раёне ёсць школа піянерскага актыву, дзе ў абавязковым парадку праводзяцца заняткі па камунікатыўных зносінах. Культура асобы таксама важная, і мы выхоўваем піянераў-лідараў, для якіх усё магчыма, якія выступаюць у агітбрыгадах, могуць выказаць і абгрунтаваць сваю думку, з’яўляюцца ўдзельнікамі нашых абласных і рэспубліканскіх праектаў. Як бачыце, наша арганізацыя і культура цесна ўзаемазвязаны. Думаю, што ўсе культурныя каштоўнасці і традыцыі сваіх арганізацый, сваёй Радзімы мы захаваем і памножым.
— Наша агульная мэта — ператварэнне кожнай піянерскай дружыны і пярвічнай арганізацыі БРСМ у жыццяздольны калектыў лідараў і аднадумцаў, які фарміруе актыўную грамадзянскую пазіцыю і здольны стварыць умовы для самарэалізацыі моладзі. У нас многа ініцыятыў і планаў, — ад імя віцебскай піянерыі звярнулася да сяброў і аднадумцаў навучэнка гімназіі № 1 абласнога цэнтра Лізавета Дазорцава. — Мы пазнаём жыццё і напаўняем яго дынамічнымі падзеямі, яркімі фарбамі, імкнёмся далучыць маладыя перспектыўныя сілы да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці нашай краіны. Менавіта разам мы зможам акумуляваць энергію маладосці на дастойныя справы, на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі. Марце, тварыце, дзейнічайце — давайце ствараць будучыню краіны разам!

Таццяна БОНДАРАВА.

Лепшыя — з Лепеля

Конкурсныя выступленні ўдзельнікаў, майстар-клас для вядучых дыска-праграм, забаўляльная праграма для ўдзельнікаў фестывалю, сучасная музыка, шчаслівыя ўсмешкі, падтрымка сяброў, імкненне да перамогі, неверагодны зарад бадзёрасці і пазітыву… А ўсё гэта разам — абласны фестываль танцавальна-забаўляльных праграм “Пакаленне-2016”.

Арганізатарам творчага марафону традыцыйна выступае Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. У фестывалі бяруць удзел творчыя групы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — арганізатары і вядучыя танцавальна-забаўляльных праграм. Па ўмовах конкурсу, у камандзе дапускаецца да васьмі ўдзельнікаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў, якія прадстаўляюць па адной кароткай (да 15 хвілін) праграме ад кожнага раёна, апрабаванай ва ўмовах устаноў адукацыі. Кожны міні-калектыў, у склад якога ўваходзяць дыджэі, вядучыя і харэаграфічная група падтрымкі, прадстаўляе ўвазе гледачоў і журы сваю праграму, насычаную інфармацыйна-прапагандысцкімі і гульнявымі момантамі, непасрэднымі зносінамі з залай і прысвечаную памятным датам і папулярным у маладзёжным асяроддзі святам. У перыяд з 15 студзеня па 15 лютага ў раёнах і гарадах рэгіёна прайшлі адборачныя туры, па выніках якіх былі вылучаны самыя дружныя, таленавітыя і крэатыўныя каманды — фіналісты фестывалю. — Прыярытэтныя задачы нашага мерапрыемства — павышэнн выхаваўчага патэнцыялу танцавальна забаўляльных праграм, што арганізоўваюцца ва ўстановах адукацыі вобласці, а таксама выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту ў правядзенні танцавальна-забаўляльных праграм і ўкараненне ў практыку масавай работы сучасных тэхнічных сродкаў і інфармацыйных рэсурсаў, развіццё творчых і арганізатарскіх здольнасцей навучэнцаў; фарміраванне агульнай культуры вольнага часу падлеткаў і стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай адаптацыі, — расказала загадчык аддзела сацыяльна-мастацкіх і гульнявых форм Вольга Бельчанкова. — Абавязковых умоў, па сутнасці, няшмат: гульні і конкурсы, рэквізіт і касцюмы павінны мець арыгінальную творчую ідэю, адпавядаць тэматыцы праграмы, а самі выканаўцы — умела карыстацца сцэнічнай прасторай і наяўным рэквізітам, мастацкім, музычным, тэхнічным афармленнем. Мастацкі густ, якасць выканання вітаюцца і ўлічваюцца журы. Пры правядзенні праграмы магчыма выкарыстанне светлавых і гукавых эфектаў. Выключэнне складаюць толькі любыя піратэхнічныя сродкі і крыніцы адкрытага агню (свечкі, запальніцы і інш.) — яны строга не дапускаюцца. Падводзячы вынікі, журы ўлічвае такія крытэрыі, як кампазіцыйная пабудова праграмы, паўната раскрыцця абранай тэмы, разнастайнасць інфармацыйнага і музычнага матэрыялу, эстэтыка падачы матэрыялу і наяўнасць гульнявых момантаў, выступленні танцавальных калектываў, індывідуальных выканаўцаў, музыкантаў, адпаведнасць зместу праграмы ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў, стыль вядзення праграмы (імідж вядучага, карэктнасць тэкстаў, уменне вядучага і дыджэя працаваць у пары, імправізацыя пры правядзенні конкурсаў), касцюміраванне і наяўнасць рэквізіту. Пераможцы і прызёры вызначаюцца ў трох асноўных намінацыях: “Лепшая танцавальна-забаўляльная праграма”, “Лепшы вядучы танцавальна-забаўляльнай праграмы”, “Лепшы дыджэй танцавальна-забаўляльнай праграмы”. Калі гаварыць пра сёлетні конкурс, то яго самым яркім сузор’ем можна назваць каманду “МЫ” з гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля. І журы, і ўдзельнікі былі ў захапленні ад артыстычнага, дынамічнага, практычна бездакорнага выступлення! Як вынік — лепяльчане вярнуліся дадому з дыпломамі адразу ў дзвюх намінацыях — за танцавальна-забаўляльную праграму (І ступені) і выступленне дыджэя (дыплом ІІ ступені ў Канстанціна Мацюша).
Пераможцамі фестывалю сталі таксама каманды Air star сярэдняй школы № 44 Віцебска (лепшым вядучым прызнаны навучэнец гэтай установы адукацыі Яўген Назаранка) і “Клуб “Дыска” гімназіі № 8 Віцебска (лепшы ў вобласці малады дыджэй па версіі журы — яе навучэнец Арцём Макаранка).

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.