Вучань года

У новы год у новым званні ўвайшлі 20 навучэнцаў устаноў адукацыі Міншчыны. Хлопцам і дзяўчатам, якія асабліва праявілі сябе ў мінулым годзе, было прысвоена ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2016”. Урачыстая цырымонія ўшанавання прайшла ў ЦТДіМ Салігорскага раёна.

— Другі год запар мы праводзім гэты конкурс, каб убачыць дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, навуцы, спорце і грамадскай дзейнасці. На шчасце, такіх на Міншчыне мноства, — вітала вучняў года Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Насіць званне “Вучань года” — гэта вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Упэўнена, вы станеце сапраўднымі прафесіяналамі і сваімі працоўнымі поспехамі будзеце праслаўляць свой раён, нашу вобласць і нашу любімую краіну.

Ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2016” было прысуджана ў пяці намінацыях. Так, у кірунку “Адукацыйная дзейнасць” былі ўзнагароджаны дыпламанты інтэлектуальных спаборніцтваў. Як, напрыклад, Ілья Волах, навучэнец Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Ілья мае дыплом II ступені IX Міжнароднай маладзёжнай НПК “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”; дыплом I ступені VI Сувораўскіх чытанняў “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гераізм, трагедыя, памяць”. Таксама хлопец узнагароджаны медалём “За служэнне Радзіме з дзяцінства” Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў.

А дасягненні Лізаветы Няборскай, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 2 Мар’інай Горкі, найбольш праявіліся ў творчасці. 12-гадовая дзяўчынка сваімі спевамі скарыла не адно строгае журы. Ліза ўдзельніца тэлевізійных праектаў і шматразовая прызёрка міжнародных вакальных конкурсаў. Ліза і такія ж творчыя і мэтанакіраваныя вучні атрымалі ганаровае званне “Вучань года” ў кірунку “Творчая дзейнасць”.

Інавацыйная, навуковая, даследчая дзейнасць патрабуе вялікай колькасці часу і надзвычай сур’ёзнага падыходу. Менавіта такія — працавітыя, старанныя і сур’ёзныя — сталі “Вучнем года” ў кірунку “Інавацыйная дзейнасць”. Як, напрыклад, Уладзіслаў Майсеенка, навучэнец Уздзенскай раённай гімназіі, распрацоўшчык турыстычна-краязнаўчых праектаў, дыпламант І ступені ХХII Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага ў Маскве, лаўрэат ІХ Міжнароднай маладзёжнай НПК “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. Уладзіслаў з 7 класа марыць стаць урачом і зараз штодзень займаецца біялогіяй і хіміяй па 5 гадзін.

У школьнікаў хапае часу не толькі на вучобу, але і на добрыя справы. Так, Ксенія Асомчык, навучэнка гімназіі № 1 Старых Дарог, не толькі добра вучыцца, але і з’яўляецца членам валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Ксенія стала вучнем года ў кірунку “Грамадская дзейнасць”. Былі сярод узнагароджаных і спартсмены, як, напрыклад, суднамадэліст Ілья Роліч, навучэнец Чурлёнскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна. Ілья не раз станавіўся прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і быў узнагароджаны ў кірунку “Спартыўная дзейнасць”.

Лепшыя вучні 2016 года ўжо зараз ставяць перад сабой новыя мэты, каб абавязкова дасягнуць іх у новым
2017 годзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Першы народны настаўнік Беларусі

Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 24 лістапада ўпершыню ў краіне прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік Беларусі”.

Ганаровага звання ўдастоены настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкаў.

Указам таксама за заслугі ў розных сферах дзейнасці групе работнікаў прысвоены ганаровыя званні заслужанага артыста, дзеяча навукі, работніка адукацыі, урача, работніка аховы здароўя, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лесавода, будаўніка, трэнера, майстра спорту.

Знак якасці ад Бахановіча

У пачатку верасня прэзідэнт нашай краіны адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі лепшых работнікаў розных сфер дзейнасці, сярод якіх былі і прадстаўнікі галіны адукацыі.
Сярод такіх выбітных людзей, чыю працу адзначылі на дзяржаўным узроўні, быў дырэктар Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Алег Адамавіч Бахановіч. Яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Рэальныя здзяйсненні

Народная мудрасць гаворыць: “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца”. Гэтая прыказка цудоўна падыходзіць да кіраўніка Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Спытай, напрыклад, у гараджаніна месцазнаходжанне эканамічнага каледжа, ён задумаецца, а вось дарогу да “каледжа Бахановіча” тут жа пакажа. Такое народнае прызнанне проста так не даецца, яго трэба заслужыць, прычым не прыгожымі словамі, а рэальнымі справамі. У Алега Адамавіча гэта атрымалася, атрымалася дзякуючы нязломнаму характару, неймавернай працаздольнасці і ўменню душой хварэць за агульную справу.
Вось ужо больш за шаснаццаць гадоў кожную раніцу ён упэўненым крокам уваходзіць у каледж. Цяпер яго сустракае прыгожая, утульная, сучасная навучальная ўстанова. Усе памяшканні, пачынаючы ад фае, калідораў, вучэбных класаў і заканчваючы падваламі і гарышчам, рацыянальна выкарыстоўваюцца і маюць сваё прызначэнне. Аднак так было не заўсёды. У далёкім 1997 годзе, у першы раз зайшоўшы ў каледж у якасці дырэктара, Алег Адамавіч убачыў вельмі непрыглядную карціну: занядбаныя класы, састарэлае тэхналагічнае абсталяванне, аварыйны стан майстэрняў і інтэрната, запушчаная, недобраўпарадкаваная тэрыторыя… Ды і сама навучальная ўстанова, тады яшчэ вучылішча, знаходзілася пад пагрозай закрыцця, і здавалася, што гэта было адзінае правільнае рашэнне. Але Бахановіч аказаўся не з тых людзей, хто пускае ўсё на самацёк. Ён здолеў згуртаваць калектыў, накіраваць падначаленых на выкананне самых складаных задач з атрыманнем максімальнага выніку.
— Працаваць па шаблоне, для птушачкі я не ўмею. На гэта і арыентаваў узначалены мною калектыў, — расказвае Алег Адамавіч. — Не ленавацца думаць, браць на сябе адказнасць, укараняць новыя рэвалюцыйныя ідэі і падыходы ў адукацыі — вось у чым, на мой погляд, сакрэт паспяховай работы.
Па ініцыятыве і пад непасрэдным кіраўніцтвам Алега Адамавіча ў 1997 годзе на базе навучальнай установы быў створаны першы ў рэспубліцы і на ўсёй постсавецкай прасторы Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі разумовага і фізічнага развіцця.
Адметна і тое, што кіраўніка Магілёўскага эканамічнага каледжа і яго калектыў адрознівае не толькі ўкараненне наватарскіх форм і метадаў прафесійнага навучання на базе сваёй установы, але і аказанне практычнай і метадычнай дапамогі калегам з вобласці і рэспублікі. Дзякуючы падобнай дапамозе ў нашай краіне існуе восем аналагічных магілёўскаму цэнтраў, і, як спадзяецца Алег Адамавіч, гэта яшчэ не мяжа.

Увага — кожнаму кірунку

Нельга не ўзгадаць ажыццяўленне пад кіраўніцтвам Алега Бахановіча шэрага прадуманых мерапрыемстваў, вынікам якіх стала перапрафіляванне навучальнай установы і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
У канцы дзевяностых навучальная ўстанова была разлічана на чатырыста навучэнцаў і рыхтавала работнікаў для аднаго з магілёўскіх заводаў. Больш за палову выпускнікоў былі незапатрабаваны. Стратэгічным і дальнабачным рашэннем новага кіраўніка стаў пачатак падрыхтоўкі па дваццаці новых спецыяльнасцях, а таксама адкрыццё другой ступені навучання, што дало магчымасць навучэнцам атрымліваць не толькі прафесійна-тэхнічную, але і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Цяпер у эканамічным каледжы вучыцца звыш 1200 навучэнцаў, а прахадныя балы тут складаюць больш як два чалавекі на месца.
Асаблівую ўвагу Алег Адамавіч разам з адміністрацыяй удзяляў якасці вучэбна-вытворчай i выхаваўчай работы. За апошніх пятнаццаць гадоў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, алімпіядах, аглядах мастацкай самадзейнасці і спартыўных спаборніцтвах камандамі, навучэнцамі і работнікамі каледжа заваявана 1223 дыпломы рознай ступені.
Акрамя таго, за час работы Алега Бахановіча ў каледжы пабудавана і пераабсталявана звыш 4,5 тысячы квадратных метраў вучэбных плошчаў. Пабудаваны другі паверх майстэрняў, лабараторна-гаражны комплекс, адкрыты спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту, буфет, сховішча для агародніны. Варта падкрэсліць, што затраты на такую маштабную работу на трыццаць працэнтаў фінансаваліся за кошт пазабюджэтных сродкаў. Гэты напрамак у функцыянаванні навучальнай установы дырэктар лічыць адным з найважнейшых. Таму і пазабюджэтная дзейнасць у каледжы ажыццяўляецца ў самых розных напрамках, што дазваляе ўстанове на працягу пятнаццаці гадоў быць бясспрэчным лідарам у гэтай сферы сярод устаноў адукацыі рэгіёна.

Праваднік па жыцці

Убачыць, што канкрэтна зроблена за гады работы, мне давялося на свае вочы падчас невялікай экскурсіі па ўстанове, гідам на якой выступаў сам Алег Адамавіч Бахановіч.
Мы ішлі па калідорах, сцены якіх былі ўвешаны стэндамі з фотаздымкамі, прадстаўленымі своеасаблівым летапісам каледжа. Аднак сканцэнтраваць увагу на летапісе не ўдалося, бо з усіх бакоў звонкімі галасамі раз-пораз гучала:
— Прывітанне, Алег Адамавіч!
— Алег Адамавіч, добры дзень!
Навучэнцы — хлопчыкі і дзяўчынкі — паважліва віталі дырэктара, звярталіся да яго з просьбамі і за парадамі, і ён, без сумнення, заняты думкамі пра шэраг іншых, больш важных праблем, нікому не адмовіў, для кожнага знайшоў хвілінку, каб адказаць на пытанне, даць параду, проста пагутарыць. Менавіта з гэтых непрацяглых гутарак было відаць: дзеці не толькі паважаюць дырэктара, але і давяраюць яму. І гэта нядзіўна. Нягледзячы на дваццаціпяцігадовы стаж работы, ён па-ранейшаму поўны сіл і знаходзіцца ў цэнтры падзей. Заўсёды спакойны, з сур’ёзным, але добрым поглядам. У кожнай рысе твару, у кожным жэсце Алега Адамавіча чытаюцца разуменне, строгасць і велікадушнасць, а дзеці заўсёды гэта адчуваюць. Для кожнага з выпускнікоў, і цяперашніх навучэнцаў таксама, ён надзейны праваднік у дарослае жыццё, які дапамагае ім, яшчэ не сфарміраваным асобам, уладкавацца ў грамадстве.
Не меншую павагу да Алега Адамавіча адчуваюць ветэраны і пенсіянеры каледжа. Ніхто з тых, хто ў свой час прысвяціў установе частку свайго жыцця, цяпер не забыты. Кіраўніцтва навучальнай установы дбайна клапоціцца пра іх. Непрацуючым пенсіянерам каледж аказвае розныя цяслярныя, слясарныя, электратэхнічныя паслугі, дапамагае апрацоўваць надзелы зямлі і нарыхтоўваць дровы. Акрамя таго, усе яны атрымліваюць за кошт пазабю-джэтных сродкаў газеты, агародніну, матэрыяльную дапамогу і, канечне, падарункі да свят.

Работа працягваецца

Уклад Алега Адамавіча Бахановіча ў сістэму адукацыі рэгіёна не выклікае сумненняў. Пад яго кіраўніцтвам Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж заслужыў права называцца лепшым і ў вобласці, і ў рэспубліцы. З году ў год каледж устойліва дэманструе, так бы мовіць, своеасаблівы “знак якасці ад Бахановіча”.
Пра значную дзейнасць у сферы адукацыі яскрава гавораць і асабістыя ўзнагароды Алега Адамавіча. У розныя гады таленавіты кіраўнік быў адзначаны граматамі ўпраўлення адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём “За працоўныя заслугі”, ордэнам святога вернага царэвіча Дзімітрыя, які ўручаецца за асаблівыя заслугі ў апецы хворых і дзяцей-сірот, знакам “За заслугі ў развіцці ПТА”, яго імя занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны. Акрамя таго, Алег Адамавіч з’яўляецца выдатнікам народнай адукацыі БССР, чалавекам года ў вобласці, а таксама лепшым арганізатарам рэспублікі па стварэнні ўмоў па творчай самарэалізацыі навучэнскай моладзі, адраджэнні і захаванні культурнай спадчыны.
Аднак, як і належыць паспяховаму кіраўніку, пра свае асабістыя ўзнагароды Алег Адамавіч узгадваць не любіць. Ён проста з упартасцю і верай у сябе заўсёды ідзе да вызначанай мэты і, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, абавязкова дасягае яе. І рухае ім не ганарлівасць, а шчырае жаданне ўдасканаліць дзейнасць установы, якая даўно стала другім домам для тысяч выпускнікоў і цяперашніх навучэнцаў. Над дасягненнем гэтай, без перабольшання, высокай мэты разам са сваім творчым, ініцыятыўным калектывам ён гатовы мэтанакіравана працаваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.