Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА: “Пры падрыхтоўцы ВМК важна выкарыстоўваць вопыт педагогаў-практыкаў”

Напярэдадні Новага года ў сталіцы прайшоў фестываль вучэбнай кнігі, які быў прысвечаны Году культуры і падвёў вынікі работы ў вучэбным кнігавыданні за каляндарны год. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Нацыянальны інстытут адукацыі пры садзейнічанні Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. У фестывалі прынялі ўдзел педагогі-практыкі з усіх рэгіёнаў нашай краіны, метадысты, прадстаўнікі рэгіянальных ІРА, АПА, спецыялісты НІА, выдаўцы.

Першы дзень фестывалю быў арганізаваны на базе Ліцэя БДУ. Тут прайшла выстава вучэбных выданняў, на якой былі прадстаўлены ўсе дапаможнікі па ўсіх прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама выданні для дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. У межах выставы былі арганізаваны кансультацыі з аўтарамі-распрацоўшчыкамі вучэбна-метадычных комплексаў. Педагогі змаглі задаць аўтарам пытанні наконт выкарыстання вучэбных дапаможнікаў, атрымаць дадатковую інфармацыю.

У актавай зале ліцэя прайшло пленарнае пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Міністр адукацыі І.В.Карпенка запрасіў удзельнікаў фестывалю да канструктыўнага цікавага дыя­логу, які дазволіў бы вывесці вучэбна-метадычныя комплексы на новы якасны ўзровень і ўкараніць іх у штодзённую практыку.

— Калі б у той перыяд, калі мы вучыліся ў педагагічным інстытуце, нам былі прадастаўлены такія шырокія вучэбна-метадычныя магчымасці, мы былі б самымі шчаслівымі настаўнікамі ў жыцці, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выставы Ігар Васільевіч. — Педагогам сёння не даводзіцца вынаходзіць веласіпед пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Яны ўсім для гэтага забяспечаны.

Прыцягненне педагогаў-практыкаў да стварэння новых падручнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў І.В.Карпенка лі­чыць ключавым момантам і перадумовай таго, што падручнік будзе станоўча ацэнены ўсімі: і прафесіяналамі, і вучнямі, і іх бацькамі.

— Важна, каб пры падрыхтоўцы ВМК мы выкарыстоўвалі той пазітыўны вопыт, тыя напрацоўкі настаўнікаў-практыкаў, асабліва настаўнікаў-метадыстаў, педагогаў з вялікім прафесійным стажам, тых людзей, якія непасрэдна заходзяць у клас, — лічыць міністр адукацыі. — Падручнік павінен суадносіцца з нашай дзяржаўнасцю, быць вытрыманым з пункту гледжання навуковасці, быць звязаным з тымі метадычнымі напрацоўкамі, якія ёсць у сістэме адукацыі. Калі мы гэта ўмела зможам злучыць, то тады, мабыць, зможам гаварыць аб высокай якасці вучэбна-метадычнай літаратуры.

На думку І.В.Карпенкі, наша школа недапрацоўвае ў рабоце з бацькамі: яны праецыруюць сваё ўспрыманне школы і падручнікаў, па якіх вучыліся, на тое, што мы маем сёння. І калі не знаходзяць у падручніках таго, што было там раней, пачынаюць іх крытыкаваць. Але ўмовы жыцця мяняюцца, мяняюцца сучасныя дзеці, развіваецца навука, у тым ліку педагагічная, удасканальваюцца тэхналогіі навучання.

— Калі мы будзем прысвячаць бацькоўскія сходы не толькі пытанням умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу, то, упэўнены, атрымаем добрых саюзнікаў у плане ацэнкі той вялікай метадычнай работы, якую здзейснілі ўсе нашы структуры, аўтарскія калектывы і наватары-практыкі, — дадаў Ігар Васільевіч.

Як лічыць міністр, наяўнасць самага сучаснага вучэбна-метадычнага комплексу зусім не гарантуе чаканага эфекту, калі асобасныя і прафесійныя якасці настаўніка не дазваляюць яму стварыць цікавы ўрок. “Уся наша работа будзе дарэмнай, калі мы не будзем клапаціцца пра павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічнага складу. Прычым мы павінны думаць не толькі пра кадры для агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і пра кадры для вышэйшай школы. Праблема стварэння якасных падручнікаў патрабуе грамадскага абмеркавання і сур’ёзнага паглыблення ў праблематыку для таго, каб удасканаліць змест адукацыі ў цэлым”, — падкрэсліў І.В.Карпенка.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік расказаў аб комплексным навукова-метадычным забеспячэнні агульнай сярэдняй адукацыі. У 2015 годзе распрацаваны яе абноўлены змест, які рэалізоўвае прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на ІІ ступені і профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.

— Абноўлены змест адукацыі дазволіць найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, ствараючы ім у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі неабходныя ўмовы для навучання і працягу адукацыі, — упэўнены Сяргей Аляксандравіч.

На аснове распрацаваных канцэпцый вучэбных прадметаў ствараліся абноўленыя вучэбныя праграмы, каляндарна-тэматычнае планаванне. У цяперашні час абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Яны прайшлі працэдуры экспертызы і грамадскага абмеркавання. Да найбольш істотных змяненняў у праграмах можна аднесці павышэнне практыка-арыентаванасці зместу адукацыі, пераемнасць і ўзмацненне міжпрадметных сувязей, выключэнне дубліравання аднаго і таго ж матэрыялу ў праграмах па сумежных прадметах (так, вучэбныя праграмы па фізіцы праходзілі абмеркаванне на секцыі матэматыкі, а праграмы па матэматыцы абмяркоўваліся на секцыях фізікі, хіміі і інфарматыкі), выключэнне складанай тэрміналогіі, змяншэнне аб’ёму тэарэтычнага матэрыялу, частка якога перанесена на практычны ўзровень засваення. Таксама аптымізавана даступнасць вучэбнага матэрыялу (аб’ём вучэбнага матэрыялу прыведзены ў адпаведнасць з колькасцю гадзін, што адводзяцца на яго вывучэнне, а таксама з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі навучэнцаў). Акрамя таго, сфарміраваны адносна завершаны змест вучэбных праграм 5—9 класаў, ажыццёўлена неабходнае пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу паміж ІІ і ІІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі; у праграмах для 10—11 класаў змест адукацыі прадстаўлены на базавым і павышаным узроўнях.

У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі рэспублікі выкарыстоўваюцца абноўленыя вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—2, 5—6, 10—11 класаў. Прычым у 10—11 класах пакуль дзейнічаюць пераходныя вучэбныя праграмы базавага і павышанага ўзроўняў. Цалкам абноўлены цыкл вучэбных праграм з 1 па 11 клас будзе укаранёны да 2021/2022 навучальнага года.

Працэс падрыхтоўкі і стварэння сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў шматбаковы і творчы. У ім удзельнічаюць вучоныя, метадысты, настаўнікі-практыкі, выдаўцы. Галоўная роля ў гэтым працэсе, несумненна, адводзіцца аўтарам.

— З 1 верасня 2015 года Нацыянальны інстытут адукацыі арганізаваў і правёў конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1—3 і для 5—7 класаў, — расказаў С.А.Важнік. — Па 18 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, яшчэ па 18 — калектывы дзеючых падручнікаў і па 10 — калектывы, у якіх аўтары дзеючых падручнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі. Асабліва хацелася б адзначыць актыўнасць у стварэнні новых падручнікаў настаўнікаў-практыкаў з Оршы. Сярод пераможцаў конкурсу 49 працэнтаў — выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, вучоныя акадэміі навук, 23 працэнты — настаўнікі-практыкі, 15 — навуковыя супрацоўнікі НІА, 135 — метадысты. Настаўнікі-практыкі сталі пераможцамі конкурсу на стварэнне 4 вучэбных дапаможнікаў. Сярод іх — Валерый Дзмітрыевіч Герасімаў (“Матэматыка”, 5 клас), Наталля Анатольеўна Міхновіч (“Беларуская літаратура”, 7 клас), Мікалай Васільевіч Жуковіч (“Літаратурнае чытанне”, 2 і 3 клас).

Летась у Нацыянальным інстытуце адукацыі ўпершыню была распрацавана і зацверджана канцэпцыя базавага падручніка. Як адзначыў С.А.Важнік, сярод асаблівасцей базавага падручніка — больш даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу, практыка-арыентаванасць і ярка выяўленая дзейсная накіраванасць (прапанавана сістэма заданняў, у якіх патрабуецца аналізаваць сітуацыю, выяўляць праблему, прымяняць засвоеныя веды, уменні і навыкі для вырашэння пастаўленай задачы), розныя формы падачы вучэбнай інфармацыі, больш дасканалы дызайн. Базавы падручнік змяшчае навігацыйны апарат, які арыентуе навучэнцаў у пошуку вучэбных матэрыялаў, што дазволяць пашырыць і паглыбіць веды па прадмеце, замацаваць навыкі. Плануецца, што да базавага падручніка будуць распрацоўвацца дадаткі на друкаванай аснове і электронныя кампаненты.

У 2016/2017 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будзе выкарыстоўвацца 8 вучэбных дапаможнікаў, створаных у адпаведнасці з канцэпцыяй базавага падручніка. Сярод іх — “Сусветная гісторыя” (8 клас), “Гісторыя Беларусі” (6 клас), “Геаграфія” (6 клас) і інш.

У 2015 годзе ў НІА была распрацавана інавацыйная мадэль падручніка-навігатара для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама створаны ўзор падручніка-навігатара па арганічнай хіміі для 10 класа. Электронны падручнік-навігатар аб’ядноўвае тэкставы матэрыял, відэафрагменты эксперыментаў, інтэрактыўныя пытанні, спасылкі на знешнія рэсурсы. Асаблівасцямі такога вучэбнага выдання з’яўляюцца мультымедыйнасць кантэнту, інтэрактыўнасць, магчымасць выкарыстання на розных тыпах электронных прылад. Падручнік выконвае функцыю навігацыі па ўсіх кампанентах вучэбна-метадычнага комплексу. Гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дазваляе хутка перайсці да неабходнага раздзела параграфа, слоўніка або тэкставых заданняў. Пры неабходнасці можна выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад, на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял).

Падручнік-навігатар размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. У 2017 годзе плануецца распрацоўка падручнікаў-навігатараў па іншых прадметах (“Чалавек і свет” (5 клас), “Мастацтва” (5 клас), “Хімія” (11 клас).

Сёння на нацыянальным адукацыйным партале даступны для бясплатнага спампоўвання 427 найменняў вучэбных выданняў. Там жа прадстаўлена і каля 200 электронных вучэбных курсаў, створаных у НІА па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас. Кожны курс уключае тры буйныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, слоўнікі, хрэстаматыі і іншага кшталту даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэставымі заданнямі, а інтэрактыўны — віртуальнымі вучэбнымі лабараторыямі, дыдактычнымі гульнямі, камп’ютарнымі мадэлямі, якія дазва­ляюць візуалізаваць аб’екты, што вывучаюцца.

Сяргей Важнік расказаў і аб перспектыўных напрамках развіцця і ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Міністэрствам адукацыі да 2020 года запланавана выданне 299 найменняў падручнікаў, з іх 185 — гэта абсалютна новыя выданні. У межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Якасць адукацыі” ў НІА распрацоўваюцца дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, метадычныя рэкамендацыі па дапрофільнай падрыхтоўцы навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і профільным навучанні на ІІІ ступені. Гэтыя матэрыялы распрацоўваюцца з улікам патрабаванняў міжнародных і рэгіянальных праграм ацэнкі якасці адукацыі, узроўню адукацыйных дасягненняў, інтэграваных якасцей асобы і жыццёвых кампетэнцый навучэнцаў (PIRLS, TIMSS, PISA). Акрамя гэтага, па заданнях дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” інстытут распрацоўвае навукова-метадычнае забеспячэнне развіцця нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў кантэксце міжнародных падыходаў да ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў.

Нацыянальны інстытут адукацыі таксама будзе працягваць практыку правядзення вучэбных семінараў (выязных, вочных і дыстанцыйных), анлайн-кансультацый з удзе­лам распрацоўшчыкаў кампанентаў ВМК, аўтараў вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікў. А лагічным завяршэннем гэтых мерапрыемстваў будзе фестываль вучэбнай кнігі, які, як спадзяюцца арганізатары, стане традыцыйным. Таксама плануецца і далей праводзіць творчыя конкурсы, віктарыны, інтэрнэт-алімпіяды, накіраваныя на развіццё матывацыі дзяцей да вучобы, навыкаў даследчай і праектнай работы.

***

У другой палове дня ў ліцэі прайшлі майстар-класы па ўсіх вучэбных прадметах. Тэматыка майстар-класаў уключала ўсе аспекты выкарыстання вучэбна-метадычных комплексаў у адукацыйным працэсе.

Другі дзень фестывалю быў арганізаваны на базе Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка. Навучэнцы гэтай установы прадставілі гасцям святочную праграму. У гэты ж дзень адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу творчых работ па вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіўся НІА з 28 лістапада па 18 снежня для вучняў 9—11 класаў. Затым аўтары вучэбных дапаможнікаў, прадстаўнікі выдавецтваў вучэбнай літаратуры, супрацоўнікі НІА сабраліся за круглым сталом па тэме “Сучасны школьны падручнік” для абмеркавання сённяшняга стану вучэбнага кнігавыдання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта Міністэрства адукацыі.

Са сталічным размахам і беларускім густам

Менавіта так, са сталічным размахам і беларускім густам, адзначылі Год культуры ў мінскай сярэдняй школе № 168.

Падыходзіць да завяршэння Год культуры. Для сістэм культуры і адукацыі ён знакавы не толькі па азначэнні, але і па фактах: сотні мерапрыемстваў праходзілі і працягваюць праходзіць пад знакам года, тысячы людзей, задзейнічаных у іх, задумаліся над тым, што такое культура і якое месца яна займае ў іх жыцці. Але, бадай, самае галоўнае, што дзяржаўная ініцыятыва знайшла актыўны водгук у людзей: дырэктараў сярэдніх агульнаадукацыйных школ і настаўнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў і іх студэнтаў, школьнікаў і іх бацькоў. На працягу ўсяго мінулага тыдня ў сталічнай школе № 168 можна было назіраць, як тут віраваў Год культуры: “танцаваў”, “дэкламаваў”, “спяваў”, “кухарыў” — словам, верхаводзіў на поўных правах гаспадара. З 14 па 19 кастрычніка ў школе праходзіў Фэст беларускай нацыянальнай культуры, з дня ў дзень разгортваючы перад яго ўдзельнікамі ўнікальныя старонкі культурнага багацця беларусаў: беларускага нацыянальнага танца, беларускай нацыянальнай песні, беларускай нацыянальнай кухні (якая, дарэчы, не абмяжоўваецца толькі банальнымі дранікамі).

“Калі мы яшчэ толькі распрацоўвалі гадавы план выхаваўчай работы ў Год культуры, то адразу пазначылі сабе: у нашай навучальнай установе павінна адбыцца нешта грандыёзнае і яно павінна быць звязана не з ірландскай і не з індыйскай культурай, а менавіта з нашай, беларускай, — пры сустрэчы адразу расставіла ўсе кропкі над “і” дырэктар 168-й школы Марына Мікалаеўна Осіпава. — Мы звязаліся з нашымі аднадумцамі з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і яны дапамаглі нам арганізаваць наша свята”.

Першы дзень фэсту быў прысвечаны беларускай нацыянальнай музыцы. Студэнты БДПУ імя Максіма Танка зрабілі для школьнікаў канцэрт, прысвечаны творчасці Максіма Багдановіча і Якуба Коласа. У той жа дзень два калектывы з БДУКіМ (“Этнасуполка” і “Страла”) знаёмілі дзяцей з абрадавай музыкай нашых продкаў.

Другі дзень прайшоў пад сцягам выяўленчага мастацтва. Студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка прывезлі ў 168-ю школу сваіх саламяных павукоў і коней, ручнікі, вырабы ў стылі пэчварк — усё гэта дыпломныя работы, адзначаныя спецыялістамі. Потым пад наглядам студэнтаў навучэнцы школы самі малявалі нацюрморты, а таксама засвойвалі тэорыю: вучыліся адрозніваць нацюрморт ад пейзажу, Шышкіна ад Шагала…

Трэці дзень быў днём беларускага нацыянальнага танца. З харэаграфіяй у 168-й школе няма праблем — тут працуе ўзорны танцавальны калектыў “Рамонак” пад кіраўніцтвам Марыны Фёдараўны Струнеўскай. Жывая музыка, жывыя інструменты… “Лявоніха”, “Птушкі”, “Базар”, “Мястэчка”… Танцавальны дзень стаў вельмі адметным у рамках фэсту. Практыканты, студэнты БДПУ, засвойвалі тое, як трэба вучыць малых дзетак нацыянальнаму танцу, а заадно і самі вучыліся танцаваць.

У чацвёрты дзень рэй вялі народныя рамёствы. Дзеці раздзяліліся на секцыі: пэчварк, саломапляценне, валенне з шэрсці, нітачныя лялькі-абярэгі, паясы. Асабліва радаваліся школьнікі, якія сплялі за дзве гадзіны свой пояс і аперазалі ім сябе на зайздрасць аднакласнікам.

А ў заключны дзень прайшоў прадуктовы кірмаш — свята беларускай нацыянальнай кухні. Безумоўна, не абышлося без дранікаў, але былі і “бабуліны блінцы”, і бабка, і верашчака, і кісель, згатаваны рознымі спосабамі. Рэкламуючы свой тавар, дзеці ахвотна расказвалі рэцэпты. Побач усміхаліся іх бацькі.

Марына Мікалаеўна Осіпава адзначыла, што Фэст беларускай нацыянальнай культуры ў 168-й школе не закончыўся 19 лістапада. Некалькі наступных субот запар ва ўстанове адукацыі будзе праходзіць конкурс інсцэніраванай песні і дзеці змогуць прадэманстраваць свае пастаноўкі беларускіх песень пад фанаграмы.

У кожнай добрай ідэі ёсць свае вытокі. Шчыра кажучы, я быў вельмі прыемна здзіўлены, калі прыйшоў у 168-ю сталічную школу і ў размове з дырэктарам Марынай Мікалаеўнай Осіпавай і яе намеснікам Аленай Аляксандраўнай Навуменка пачуў у адказ чысцюткую беларускую мову. “Дырэктарам у гэтай школе я працую сёмы год. А да гэтага я працавала намеснікам дырэктара 110-й школы па выхаваўчай рабоце, — прызнаецца Марына Мікалаеўна. — І, калі яшчэ там працавала, мне хацелася арганізаваць свята ў гонар нацыянальнай культуры. Я глыбока пераканана, што гэта задача любога педагога — закінуць зерне нашай беларускасці ў душу дзяцей. Прарасце яно ці не? Гэта ад розных умоў залежыць. Але зрабіць першы крок — наш абавязак, калі мы педагогі”.

У Марыны Мікалаеўны ёсць ужо задумы на наступны год: “Мы адчуваем, што зрабілі вялікую справу. Але гэтая справа — не на адзін тыдзень і не на адзін год. У наступным годзе мы зробім такі ж фэст, але больш вузкі тэматычна — магчыма, выключна калядны”.

“Я нават і не прыгадаю, калі апошні раз прыходзіў у рускамоўную, тым больш сталічную, школу і чуў ад яе дырэктара чысцюткую беларускую мову…” — неяк міжволі ў мяне вырвалася пры развітанні.

“Дык гэта ж добра! – адказала мая суразмоўніца. — Я сама, дарэчы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А ў нас у школе працуе заслужаны настаўнік Беларусі Уладзімір Кірылавіч Мартысюк, які ўжо доўгі час выкладае старшакласнікам матэматыку на беларускай мове. Я толькі вітаю такую практыку. І ведаеце, тут яшчэ такі момант ёсць. Мы, настаўнікі, на гэтым фэсце былі апрануты ў беларускія нацыянальныя касцюмы. А як апранешся ў нацынальны строй, проста не можаш не размаўляць на беларускай мове. Нават наша настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Міхайлаўна Смоляк і тая гаварыла толькі на роднай мове! Часта кажуць, маўляў, людзі не ведаюць беларускай мовы. Гэта няпраўда! Усе яе ведаюць! Пачынаеш на ёй размаўляць — і табе адказваюць на ёй жа. І ніяк інакш”.

Фэст беларускай нацыянальнай культуры ў сталічнай 168-й школе запомніўся не толькі асобнымі днямі і мерапрыемствамі, але і асобнымі момантамі. Гэта так званыя, як любяць гаварыць англічане, little pretty things — маленькія мілыя рэчы.

Напрыклад, чацвёртакласніцы, станцаваўшы свой нумар, пайшлі да гледачоў-сямікласнікаў і пачалі запрашаць хлопчыкаў на танец. А тыя адмаўляліся, толькі пагардліва хмыкалі. І тады настаўніца патлумачыла сямікласнікам, маўляў, гэта непрыгожа — адмаўляць дзяўчыне ў танцы, калі тая запрашае. І вось збянтэжаныя 13-гадовыя “гусакі” ідуць пакорліва танцаваць з 11-гадовымі дзяўчынкамі…

Або яшчэ такі момант. У час урока выяўленчага мастацтва другакласніца падбегла да студэнта — другакурсніка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка з пытаннем: “Чаму вы не працуеце ў нашай школе?” Ён тады сумеўся, нічога не адказаў. Затое пасля завяршэння ўрока падышоў да дырэктара і спытаў: “Чаму я не працую ў вашай школе?”

Выходзячы са 168-й школы, я міжволі азірнуўся . А там проста на дзвярах напісана: “душа” і “дабрабыт”. А побач — адпаведныя беларускія арнаментальныя знакі…

Мікола ЧЭМЕР.

Клопат пра асобу не мае межаў

У нядаўнім інтэрв’ю з намеснікам міністра адукацыі Віктарам Віктаравічам ЯКЖЫКАМ мы дамовіліся, што зноў сустрэнемся і працягнем размову ўжо аб удасканаленні сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і яе ролі ў правядзенні Года культуры. Сёння ж у гутарцы будуць закрануты пытанні кадраў, абазначаны новыя кірункі і больш эфектыўныя формы развіцця дадатковай адукацыі.

— Віктар Віктаравіч, статусам, які нададзены пэўнаму году, нельга размежаваць высакародную місію сістэмы адукацыі вучыць і выхоўваць. Кожны такі статус для сістэмы адукацыі, безумоўна, значны і ганаровы, але ў асноўным усё ж умоўны. І Год моладзі, і Год культуры для педагогаў былі і ёсць перыядамі напружанай працы, штодзённага клопату пра асобу кожнага навучэнца, пра фарміраванне ў ім найлепшых якасцей патрыёта і грамадзяніна. У многім гэтая задача ўскладваецца і на ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таму спачатку хацелася б даведацца, якія рысы характэрны для гэтага віду адукацыі. Якія задачы ставяцца перад ёй у гэтым годзе?

— Сёння сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі складаецца з 305 устаноў, у якіх раскрывае свае здольнасці кожны трэці вучань сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтай сферы працуюць высокакваліфікаваныя кадры, прафесійныя і таленавітыя педагогі, якія любяць сваю справу. Разам з тым ва ўстановы дадатковай адукацыі неабходна пастаянна прыцягваць маладыя кадры з улікам адкрыцця новых запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку ў IT-сферы, тэхнічнага, турысцка-краязнаўчага, эколага-біялагічнага профіляў, развіцця іншых новых кірункаў і ў цэлым, каб павысіць прэстыж устаноў дадатковай адукацыі. Аднак з-за адсутнасці адпаведнай адукацыі існуе праблема атрымання маладымі спецыялістамі кваліфікацыйных катэгорый. Вядома, што вышэйшая і першая катэгорыя — гэта своеасаблівы знак якасці работы педагога, і павышэнне ўдзельнай вагі такіх педагогаў у сістэме дадатковай адукацыі сёння задача нумар адзін.

Вялікае значэнне ў сістэме дадатковай адукацыі надаецца метадычнаму суправаджэнню. У рэгіянальных установах створана амаль сто метадычных службаў, дзе працуюць каля тысячы метадыстаў, якія заняты метадычным забеспячэннем устаноў дадатковай адукацыі. У сваёй рабоце метадычныя службы актыўна выкарыстоўваюць сучасныя інтэрнэт-рэсурсы і найноўшыя тэхналогіі. Акрамя таго, арганізавана мэтанакіраваная работа ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па фарміраванні і развіцці мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара.

Для павышэння прэстыжу прафесіі педагога дадатковай адукацыі наша галіновае міністэрства аднавіла ранейшыя пачынанні і арганізавала правядзенне Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, які будзе праводзіцца з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады. У верасні гэтага года адбудзецца фінал гэтага спаборніцтва. Цяпер у рэгіёнах праводзяцца адборачныя туры.

— Раскажыце, калі ласка, якія задачы пастаўлены на гэты год.

— Патэнцыял сістэмы дадатковай адукацыі з’яўляецца магутным рэсурсам асобаснага развіцця дзяцей і моладзі, дае ім прастору пазнавальнай, творчай, камунікатыўнай самарэалізацыі, і наша задача сёння — не проста захоўваць дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі, але і ўдасканальваць яе, вызначыць вектары развіцця, сугучныя запатрабаванням часу, і тым самым спрыяць павышэнню якасці дадатковай адукацыі. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — значны рэсурс арганізацыі занятасці навучэнцаў у вольны ад вучобы час, таму першараднай задачай, якая ставіцца сёння перад сістэмай дадатковай адукацыі, з’яўляецца забеспячэнне занятасці нашых навучэнцаў у шосты школьны дзень, вячэрні час і канікулярны перыяд з выкарыстаннем магчымасцей устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў культуры, спартыўных аб’ектаў. І надалей будуць укараняцца інавацыйныя формы работы з навучэнцамі па прафарыентацыі, якая з’яўляецца сёння найбольш актуальнай часткай дзейнасці сістэмы адукацыі і якая вельмі запатрабавана сярод навучэнцаў і іх бацькоў.

У шэрагу сельскіх раёнаў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі створаны занальныя цэнтры па правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня для вучняў сельскіх школ. У якасці станоўчага прыкладу можна адзначыць асветніцка-адукацыйны прафарыентацыйны праект “Універсітэцкія суботы” для навучэнцаў 5—11 класаў, педагогаў, бацькоў, які рэалізоўваецца па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі. Чатыры ўніверсітэты Гомеля праводзяць для школьнікаў займальныя лекцыі, майстар-класы, семінары, лабараторныя заняткі.

Хачу заўважыць, што рэсурсы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ў шосты школьны дзень не вычарпаныя і павінны быць задзейнічаны ў поўнай меры. Таму “Універсітэцкай суботай” неабходна ахапіць усе нашы рэгіёны, каб яна стала для навучэнскай моладзі новым цікавым прафарыентацыйным мерапрыемствам і своеасаблівым днём адкрытых дзвярэй для ўсіх беларускіх універсітэтаў.

З гэтай мэтай установы вышэйшай адукацыі нашай краіны ўжо рыхтуюцца да такой падзеі. Абітурыенты змогуць наведаць шматлікія прэзентацыі таго ці іншага ўніверсітэта, пазнаёмяцца з навуковымі дасягненнямі факультэтаў, сустрэнуцца з педагогамі і студэнтамі. Гэтае тэматычнае мерапрыемства на рэспубліканскім узроўні плануецца правесці 14 мая на базе мінскага Палаца спорту.

— Вядома, што асаблівая ўвага ў бягучым годзе будзе ўдзяляцца адкрыццю ва ўстановах дадатковай адукацыі сучасных аб’яднанняў па інтарэсах, якія ўяўляюць цікавасць для навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту і навучэнскай моладзі. Найбольш папулярнымі кірункамі, якія сёння на слыху ў моладзі, з’яўляюцца WorldSkills і JuniorSkills.

— Так, ужо зусім хутка, у маі, сотні навучэнцаў змогуць прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі на II Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства, арэна якога стане адкрытай пляцоўкай і для тых навучэнцаў, якія яшчэ не вызначыліся з прафесійным выбарам. Каб вырашыць задачы прафарыентацыі, установы дадатковай адукацыі будуць працаваць над пашырэннем напрамкаў супрацоўніцтва з установамі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Сёння імкліва расце цікавасць моладзі да інжынерных і рабочых прафесій, да прафесій сучасных, інавацыйных, таму мы павінны развіваць рухі WorldSkills і JuniorSkills, якія заваявалі папулярнасць на міжнароднай арэне і накіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і маладых людзей да свету прафесій, на аказанне ім дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху.

Для гэтага ў нашай краіне плануецца паэтапнае стварэнне на базах Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі высокатэхналагічных пляцовак, дзейнасць якіх будзе заснавана на інавацыйным стылі мыслення, што прадугледжвае актыўнае выкарыстанне сучаснай тэхнікі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій і сістэм. Першая высокатэхналагічная пляцоўка адкрыта ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які з’яўляецца каардынатарам развіцця гэтага руху ў нашай краіне. Сучаснае інфармацыйнае грамадства ставіць перад усімі тыпамі ўстаноў адукацыі, у тым ліку і ўстаноў дадатковай адукацыі, задачу фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў, што прыводзіць да адкрыцця новых напрамкаў і форм дзейнасці ўстаноў. Сярод іх — стварэнне ўмоў для развіцця тэхнічнай творчасці навучэнцаў у навукаёмістых і высокатэхналагічных сферах, дзе можна навучыць выхаванцаў самастойна думаць, аналізаваць, генерыраваць новыя ідэі, знаходзіць і выкарыстоўваць інфармацыю.

Неабходнасць стварэння новых магчымасцей для прафарыентацыі і асваення сучасных прафесійных кампетэнцый навучэнцамі паспрыяла арганізацыі і правядзенню шэрага новых мерапрыемстваў. Сярод іх — Рэспубліканскі турнір па робататэхніцы сярод навучэнскай і студэнцкай моладзі, маладзёжны форум “ТэхнаІнтэлект”, які нядаўна праходзіў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце з мэтай стварэння і развіцця эфектыўных форм даследчай работы сярод студэнцкай моладзі, прыцягнення маладых людзей да заняткаў навукай. Удзельнікамі спаборніцтваў з’яўляюцца навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, прафтэхустаноў, каледжаў, пераможцы і прызёры конкурсаў і алімпіяд рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўню, гурткоўцы, якія праявілі сябе ў мадэляванні, канструяванні, у навуцы і тэхніцы і маюць схільнасці да навукова-даследчай і эксперыментальнай дзейнасці. Істотны ўплыў на развіццё тэхнічных і творчых ініцыятыў навучэнцаў, безумоўна, акажа Рэспубліканскі конкурс “Праз творчасць — да майстэрства”, які стане своеасаблівым аглядам дасягненняў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў розных відах творчасці. Заключны этап конкурсу будзе праведзены з 19 па 21 красавіка бягучага года.

— Віктар Віктаравіч, якую ролю вы адводзіце сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў правядзенні Года культуры? Што плануецца правесці?

— У Год культуры, акрамя мерапрыемстваў тэхнічнай накіраванасці, прафарыентацыйнай дзейнасці, будзе працягнута работа па правядзенні сацыяльна значных культурных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама па падтрымцы творчых ініцыятыў дзяцей і моладзі. Будуць праведзены мерапрыемствы экалагічнага кірунку, дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”, Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”, рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” і інш. Усе гэтыя мерапрыемствы ўключаны ў план Года культуры. Шэраг мерапрыемстваў звязаны з выхаваннем экалагічнай культуры ў падрастаючага пакалення, з развіццём цэласнай асобы, неабыякавай да экалогіі роднага краю, здольнай практычна вырашаць экалагічныя праблемы. Гэта вельмі актуальна ў год 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы. Мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца актывізацыя работы ўстаноў адукацыі па экалагічным выхаванні навучэнцаў, фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы, прыцягненне моладзі да прыродаахоўнай дзейнасці праз практычную работу па азеляненні і добраўпарадкаванні наваколля, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, садзейнічанне іх прафесійнаму самавызначэнню. Заўважу, што Год культуры — гэта год папулярызацыі беларускага мастацтва, неад’емнай часткай якога з’яўляецца дзіцячая і маладзёжная творчасць, мастацкая самадзейнасць, выяўленчае мастацтва. На гэта будуць скіраваны шматлікія мерапрыемствы.

— Вядома, што найбольшы водгук у душы дзіцяці знаходзіць тое, што з’яўляецца прыгожым і гарманічным.

— Сапраўды. На гэта скіраваны мерапрыемствы, якія запланавалі ў Год культуры вядучыя ўстановы дадатковай адукацыі краіны — Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і шэраг іншых. У сувязі з гэтым хочацца расказаць пра праект пад назвай “Упрыгожыць Беларусь кветкамі”. Гэта зусім новае мерапрыемства, якое прымеркавана да Года культуры і праходзіць з сакавіка 2016 года па студзень 2017 года. Яго мэтай з’яўляецца рэалізацыя новых сучасных падыходаў у афармленні наваколля, у тым ліку стварэння мадэльных садоў бесперапыннага цвіцення для больш камфортнага асяроддзя для навучэнцаў.
Падчас рэалізацыі гэтага праекта адбудзецца шэраг мерапрыемстваў па развіцці фларыстыкі ў нашай краіне. Так, у маі гэтага года пройдзе адборачны тур юных фларыстаў сярод юніёраў “Гуканне вясны”, а ў верасні — Рэспубліканскі чэмпіянат па фларыстыцы. Мяркуецца, што ў гэтым праекце прыме ўдзел больш за 700 тысяч школьнікаў, педагогаў, бацькоў.

Адным з мерапрыемстваў праекта з’яўляецца рэспубліканская экалагічная акцыя “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму!”, якая прадугледжвае правядзенне шэрага конкурсаў па фарміраванні маральнай, эстэтычнай і экалагічнай культуры навучэнцаў, iх далучэнні да прыродаахоўнай дзейнасці, навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні садоў і паркаў, экалагічных сцежак. Удзельнікі акцыі далучацца да кампаніі па пасадцы 100 мільёнаў дрэў у рамках міжнароднага праекта “ENO”. Таксама ў межах акцыі пройдзе рэкламная кампанія сярод навучэнцаў, моладзі і насельніцтва па раздзельным зборы смецця, што, несумненна, паспрыяе фарміраванню больш адказных адносін нашых грамадзян да навакольнага асяроддзя.

— Віктар Віктаравіч, на наступным тыдні ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Савета па справах моладзі дзяржаў— удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прысвечанае 25-годдзю СНД. Хацелася б даведацца пра гэтую падзею больш падрабязна.

— Калі я ўдзельнічаў у маладзёжным форуме Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) і ў рэгулярнай сесіі Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), нашы маладзёжныя ініцыятывы ў рамках супрацоўніцтва краін Садружнасці выклікалі вялікую зацікаўленасць у замежных калег. Нават ёсць меркаванне прадстаўніцтва ААН, што мэтазгодна зрабіць гэтае мерапрыемства даступным не толькі для моладзі краін Садружнасці, але і для іншых краін свету і такім чынам ператварыць яго ў маштабную пляцоўку па абмеркаванні пытанняў па тэматыцы ЭКАСАС. Мы цалкам згодны з гэтай ідэяй і, магчыма, у хуткім часе пачнём яе рэалізоўваць. У цэлым маладзёжныя дэлегацыі Беларусі пастаянна прымаюць удзел у традыцыйных нацыянальных і рэгіянальных мерапрыемствах дзяржаў СНД: форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД, міжнародным лагеры студэнцкага актыву “Славянская Садружнасць”, усерасійскім маладзёжным адукацыйным форуме “Селігер”, міжнародным маладзёжным лагеры “Дыялог” і інш.
У мінулым годзе кіраўнікі навукова-метадычных устаноў краін СНД вялі размову аб тым, каб пашырыць супрацоўніцтва паміж краінамі ў вывучэнні праблем моладзі. Гатоўнасць да гэтага выказалі 28 навукова-метадычных устаноў з розных краін Садружнасці. Узнікла ўнікальная ідэя агульнага даследавання “Вобраз мінулага і будучыні ў свядомасці моладзі”. Паводле задумы, будзе праведзены параўнальны аналіз мінулых гадоў, маральных арыенціраў, каштоўнасцей мінулых часоў і сённяшняга дня. Вынікам гэтага даследавання стане адкрыты для доступу матэрыял на электронным носьбіце, які стане каштоўнай інфармацыяй для міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама будзе добрым імпульсам для дзейнасці Савета па справах моладзі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У рамках правядзення савета будзе адкрыта тэматычная выстава-прэзентацыя работ пераможцаў акцыі “100 ідэй для Беларусі”.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Падарожжа ў чароўны свет Івана Мележа

Як усім вядома, 2016 год – Год культуры. Гэты год вельмі багаты на святы: мы ўжо адзначылі дні нараджэння Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова, Івана Шамякіна. 8 лютага 2016 года – 95-годдзе з дня нараджэння І.П.Мележа. Гомельская гімназія №36 носіць яго імя з 1996 года. Безумоўна, настаўнікі і вучні гімназіі да гэтага свята рыхтаваліся разам. Перш за ўсё, была арганізавана адукацыйная гісторыка-літаратурная экскурсія ў вёску Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Усе вучні вельмі хваляваліся, бо такое важнае і ў той жа час доўгачаканае вандраванне ўскалыхнула ўсе пачуцці і эмоцыі ад прачытаных твораў Івана Мележа. Дзеці не толькі ўзгадвалі “Палескую хроніку” – адзін з самых знакамітых твораў пісьменніка, але і суадносілі сябе з галоўнымі героямі твора: хлапчукі ўяўлялі сябе Васілём, а дзяўчынкі – Ганнай. Пад размовы і ўспаміны час дарогі мінуў хутка, і ўсе вельмі плаўна перайшлі ў свет вялікага аматара беларускай мовы, традыцый, гісторыі, у свет Івана Мележа. Вось тая знакамітая дзічка, вось і помнік творцу, і школа, якая з гонарам носіць яго імя – усё гэта не толькі нагадвае пра творы пісьменніка, але і дазваляе адчуць яго думкі. Сапраўды, Глінішчы – вёска напоўненая жыццём Івана Мележа: нават пасля яго смерці мы адчулі гэтую цудоўную атмасферу, вялікую душэўнасць. Безумоўна, гэтаму спрыяюць і жыхары, якія не забываюць пра свайго земляка. Яшчэ больш акунуцца ў творчую атмасферу дазваляе музей Івана Мележа, у якім захавана ўсё, што датычыцца яго жыцця і творчасці. Загадчыца музея Любоў Рубан не толькі дала магчымасць пахадзіць па пакоях, але і расказала, што ў музеі ёсць і сапраўдныя рэчы творцы: друкавальная машынка, канапа, кнігі з яго бібліятэкі, падпісаныя пісьменніку, а таксама паліто, капялюш, партфель. Гэтыя экспанаты здаваліся нам нейкімі чароўнымі. Вось гэтая машынка “Ундэрвуд”, на якой былі надрукаваны знакамітыя творы, і ты бачыш яе на свае вочы – гэта фантастыка! Безумоўна, нельга не адзначыць і цёплы прыём у мясцовай школе. Дырэктар і супрацоўнікі ўстановы прадэманстравалі нам глінішчанскую гасціннасць. Седзячы ў зале з кубачкам гарбаты, кожны вучань і настаўнік адчуў не толькі ўрачыстасць сустрэчы, але і душэўнасць, шчырасць, добразычлівасць. Сапраўды, Іван Мележ і яго творы яднаюць не толькі эпохі, але і людзей. Музычны падарунак ад гімназіі – на сцэне спявалі не толькі дзеці, але і настаўнікі.
Вось так мы не толькі пабывалі на радзіме вялікага пісьменніка, а і пасябравалі з такімі ж аматарамі твораў Івана Мележа. І мы паехалі дадому не толькі з выдатнымі эмоцыямі, але і з удзячнасцю і павагай да вялікага сына зямлі беларускай, да Івана Паўлавіча Мележа.

Алеся РЭШАНОК,
студэнтка ІІІ курса ГДУ імя Ф.Скарыны,
выпускніца гімназіі №36 Гомеля імя І.Мележа.

Палітра мерапрыемстваў абяцае стаць надзвычай разнастайнай

На тыдні быў зацверджаны рэспубліканскі план па правядзенні Года культуры ў Беларусі. Дакументам прадугледжана рэалізацыя як ужо традыцыйных конкурсаў, фестываляў, акцый (“Культурная сталіца Беларусі”, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Дзень беларускага пісьменства, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны кінафестываль “Лістапад”, свята Купалля “Александрыя збірае сяброў”, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “M.art.кантакт”, Міжнародны фестываль тэатраў лялек, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, “Ноч музеяў” і інш.), так і прымеркаваных адмыслова да Года культуры мерапрыемстваў. У плане названы такія новыя праекты, як “Мецэнат культуры ў Год культуры”, “Горад культуры ў Год культуры” (найбольш паспяховы турыстычны цэнтр) і “Чалавек Года культуры” (сярод работнікаў гэтай сферы).

Яркай чырвонай лініяй праявіцца ў Год культуры святкаванне юбілеяў знакавых постацей айчыннай культуры: Максіма Багдановіча (з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння), Цёткі (140-годдзя), Кандрата Крапівы (120-годдзя), Івана Шамякіна і Івана Мележа (95- годдзя), Уладзіміра Мулявіна (75-годдзя).
Ужо з лютага пачнецца дабрачынны творчы марафон “Адраджэнне”, прымеркаваны да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а ў чэрвені будуць арганізаваны мерапрыемствы да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
План па правядзенні Года культуры ў Беларусі прадугледжвае таксама і мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы значных устаноў культуры, у тым ліку Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, капітальны рамонт і рэканструкцыю памяшканняў рэгіянальных устаноў культуры. Не застануцца ў баку ад дзяржаўнай увагі і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, плануецца завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і заканчэнне рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — Свята-Пакроўскага манастыра ў Талачыне. У рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прадстаўлена дасье “Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай”.
Плануецца, што завяршальным акордам правядзення Года культуры ў Беларусі стане форум творчай інтэлігенцыі і работнікаў культуры ў снежні.
А днямі начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі расказаў журналістам пра запланаваныя на Год культуры мерапрыемствы ў сталіцы нашай краіны.
Сяргей Уладзіміравіч асабліва падкрэсліў, што Год культуры ў Мінску пройдзе пад знакам выхавання патрыятычнай самасвядомасці беларусаў і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Менавіта ў гэтым рэчышчы ў 2016 годзе ў сталіцы будуць праведзены тыдзень беларускай мовы, фестываль беларускай моды “Этнастыль”, фестываль патрыятычнай песні, фестываль “Папараць-кветка”, Дзень вышыванкі і інш.
У цэнтры Мінска ў Верхнім горадзе будуць устаноўлены помнікі жыхарам сталіцы ХІХ стагоддзя, увасобленыя ў манументах-вобразах кампазітара Станіслава Манюшкі і пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэтыя скульптуры павінны арганічна ўліцца ў міні-парк скульптур, дзе ўжо ёсць “Войт” і “Шалі”. Таксама сёлета завершыцца работа па стварэнні музейнай экспазіцыі “Мінская конка” побач з Мінскай гарадской ратушай і карэтнай экспазіцыяй.
Знакавыя мерапрыемствы, па словах Сяргея Мядзведзева, пройдуць у чэрвені 2016 года ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец”. Ён нагадаў, што летась у чэрвені кіраўнік дзяржавы адкрыў мемарыяльны знак “Вароты памяці” на тэрыторыі комплексу. Узвядзенне мемарыялу працягваецца пры актыўнай фінансавай падтрымцы жыхароў і арганізацый Беларусі і іншых краін. Толькі за апошні год на будаўніцтва комплексу яны ахвяравалі 1215 млн беларускіх рублёў і 400 тысяч еўра.
Таксама планам мерапрыемстваў Мінгарвыканкама на Год культуры прадугледжваюцца шматлікія мерапрыемствы па ахове і папулярызацыі гісторыка- культурнай спадчыны сталіцы (на тэрыторыі Мінска знаходзіцца больш за 630 такіх аб’ектаў), адкрыццё новых музейных экспазіцый на базе сярэдніх агульнаадукацыйных школ, гімназій, каледжаў, дзіцячых музычных школ і іншых устаноў адукацыі, музеяў і бібліятэк.
Сяргей Мядзведзеў звярнуў увагу журналістаў на тое, што культура ў Год культуры пазіцыяніруецца дзяржавай не толькі як паняцце з мастацкай сферы, але і як культура побыту, паводзін, землекарыстання, спажывання і г.д., інакш кажучы, увогуле як рухавік і аснова ўсяго грамадства. А сам Год культуры, адпаведна, разглядаецца як ключ да стварэння ў нашым грамадстве новых адносін да культуры.

Мікола ЧЭМЕР.

Духоўная спадчына — наша каштоўнасць і найвялікшы здабытак

Год культуры падорыць беларусам творчасць і энергію для развіцця іншых сфер. Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

“Год культуры надасць нашай краіне і людзям, якія жывуць на гэтай зямлі, новыя сілы, думкі, творчасць, энергію, якія дадуць магчымасць развіваць і эканоміку, і палітыку, і сацыяльную сферу. Гэта тое, што сёння сканцэнтруе веды і сілы ў духоўна-маральнай плоскасці”, — лічыць Ігар Бузоўскі.
На яго думку, Год культуры заключаецца не толькі ў правядзенні знакавых мерапрыемстваў, святкаванні юбілеяў выдатных асоб і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, ён накіраваны ў тым ліку на духоўнае развіццё асобна ўзятай асобы, пераацэнку жыццёвых прыярытэтаў. “Беларусь — маладая дзяржава. І, хоць мы займаем сур’ёзную пазіцыю ў палітычнай плоскасці, развіваем эканоміку, неабходна прадоўжыць фарміраванне сваёй духоўнай спадчыны, якую ў далейшым перададзім нашчадкам. Менавіта духоўная спадчына — наша каштоўнасць і найвялікшы здабытак”, — упэўнены намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Тэма папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імён стане асабліва актуальнай

Год культуры ў Беларусі, аб’яўлены кіраўніком дзяржавы, будзе багаты на юбілейныя падзеі, паведаміў у інтэрв’ю БелТА міністр культуры Барыс Святлоў.

“У календары 2016 года шэраг юбілейных дат. 25 гадоў “Славянскаму базару”. Гэтая падзея звязана з найноўшай гісторыяй. 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна — гэта таксама наш сучасны здабытак. Будзе адзначацца 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Чакаецца, што Кодэкс аб культуры будзе прыняты, а гэта таксама знакавая падзея, якая дае падставы гаварыць аб сістэматызацыі прававых асноў культурнай дзейнасці”, — падкрэсліў міністр культуры. У цэлым у 2016 годзе будзе актуальнай тэма папулярызацыі беларускага мастацтва, яркіх імён беларускай культуры.
Як расказаў кіраўнік ведамства, ініцыятыва назваць 2016-ы Годам культуры прыйшла ад творчых людзей, і міністэрства яе ахвотна падтрымала. Гэтая прапанова не падказана звонку, не стала перайманнем, паўтарэннем чужых ідэй. “Мы абапіраліся на логіку развіцця краіны і яе адлюстравання ў грамадскай свядомасці. На мой погляд, адбываецца плаўны пераход ад Года моладзі, якім быў 2015-ы, да Года культуры, паколькі моладзі для сацыялізацыі неабходны нейкі механізм, і культура — адзін з іх. Каб уключыцца ў грамадства, маладыя людзі павінны быць акультураны. Але размова ідзе не проста аб мастацкай культуры, а аб культуры ў шырокім разуменні. Гэта і культура быту, вытворчасці, і культура чалавечых адносін”, — сказаў Барыс Святлоў.