“Чараўніцтва Новага года”

Новы год — час цудаў, якія можна рабіць сваімі рукамі, не чароўнымі, але клапатлівымі і добрымі.

У выставачнай зале галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” прайшло дабрачыннае мерапрыемства “Чараўніцтва Новага года”. Яго арганізавалі валанцёрскі атрад біялагічнага факультэта “Лотас” і яго кіраўнік Алена Мікалаеўна Каткова. Для выхаванцаў Гомельскага СПЦ валанцёрамі атрада была падрыхтавана забаўляльная праграма, якая пазнаёміла дзяцей з экспазіцыяй выставачнай залы. Таксама прайшоў майстар-клас па вырабе навагодніх паштовак, вясёлыя гульні, чаяванне і ўручэнне салодкіх падарункаў ад студэнцкага прафкама.

Настасся ЛАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Памяць пра бессмяротнае імя

Гэта быў сапраўдны ўрок жыцця. У выставачную залу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прыйшлі вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 27 Гомеля разам з настаўнікам-практыкантам гістарычнага факультэта Уладзімірам Смольскім. На выставе, прысвечанай 73-й гадавіне вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзеці не толькі ўбачылі дакументальныя матэрыялы аб тых, хто мужна змагаўся з ворагам, але і сустрэліся з жывой сведкай вайны — дачкой героя гомельскага падполля Дзмітрыя Басакава Ірынай Дзмітрыеўнай Лемешавай-Басакавай.

Вайна адабрала ў яе дзяцінства і бацьку. Дзмітрый Яўцехавіч Басакаў, інжынер-будаўнік, застаўся ў Гомелі для ўзвядзення абарончых збудаванняў, а калі нямецкія войскі ўвайшлі ў горад, разам з іншымі патрыётамі арганізаваў партыйна-камсамольскае падполле. 10-гадовая Іра выконвала розныя даручэнні бацькі, рабіла свой уклад у барацьбу з фашыстамі. А калі здраднік выдаў Басакава і яго арыштавалі, у турму забралі і маленькую дачку падпольшчыка. Яна зведала жорсткія катаванні, але мужна трымалася на допытах, нічога не сказала немцам пра бацьку, яго паплечнікаў, пра сувязь з партызанамі.

— Фашысты па мне стралялі — не забілі, голадам марылі — выжыла, па марозе і снезе гналі басанож — не замерзла, — падзялілася горкімі ўспамінамі са школьнікамі дачка героя.

Пасля гэтых слоў вучаніца Вераніка Канопліч прызналася: “Калі я ўбачыла слёзы на вачах Ірыны Дзмітрыеўны, разгледзела ў іх і смутак, і радасць. Смутак ад страты бацькі, родных, якіх адабрала вайна. Радасць ад таго, што людзі памятаюць пра тых, хто змагаўся за вызваленне роднай зямлі”.

Увазе падлеткаў было прадстаўлена партфоліа пра жыццёвы і гераічны шлях Д.Басакава і яго дачкі, падрыхтаванае Уладзімірам Смольскім і дацэнтам Тамарай Пятроўнай Гаранінай. У матэрыяле сабраны архіўныя дакументы, успаміны ветэранаў вайны, родных і сяброў героя, яго партрэты, фотаздымкі з сямейнага архіва, урачыстых мітынгаў каля мемарыяла “Слава героям-падпольшчыкам”, на мармуровай пліце якога высечана проз­вішча Д.Басакава. Як част­ка валанцёрскага праекта “Бессмяротныя імёны” парт­фоліа захавае ў памяці нашчадкаў імя бясстрашнага абаронцы Радзімы і зойме дастойнае месца ў Гомельскім абласным музеі баявой славы.

Школьнікі даведаліся таксама шмат цікавага і пра іншых удзель­нікаў гомельскага падполля (Рамана Цімафеенку, Івана Шылава, Яўгена Хоміча, Фёдара Прыходзьку) з прэзентацыі выставачнага праекта “Есть имена и есть такие даты, — они нетленной сущности полны…”, якую правёў Уладзімір Смольскі. Працавалі над праек­там члены валанцёрскага атрада “Памяць” гістарычнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.

Да юных гасцей звярнулася куратар праекта “Бессмяротныя імёны”, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Т.П.Гараніна. Яна падкрэсліла, што маладому пакаленню сёння вельмі важна даведацца пра лёс кожнага, хто змагаўся з ворагам у падполлі, вызваляў родны горад, каб заўсёды памятаць пра іх подзвіг і быць удзячнымі за шчасце жыць пад мірным небам.

Ірына Дзмітрыеўна Лемешава-Басакава напісала аб сустрэчы ў кнізе водгукаў: “Школьнікі лавілі кожнае наша слова — маё і настаўніка-практыканта, душой і сэрцам адчулі, што такое вайна і хто яе героі. Я пераканалася, што не перарываецца сувязь пакаленняў”.

Тамара ДУБЯК.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Кубак ГДУ па тэсціраванні

Новы рэгіянальны адукацыйны праект, якому, як сцвярджаюць арганізатары, у краіне пакуль няма аналагаў, пачаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Інтэлектуальны конкурс “Кубак ГДУ па тэсціраванні” накіраваны на актывізацыю дзейнасці вучняў па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання.

Арбітрамі пры правядзенні конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі.

Сутнасць конкурсу — у інтэлектуальным спаборніцтве пэўнай колькасці каманд з вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па шасці вучэбных прадметах: біялогіі, фізіцы, матэматыцы, гісторыі Беларусі, англійскай і рускай мовах.

Стартаваў конкурс на мінулым тыдні, спрабавалі свае сілы ў ім восем каманд, якія прадстаўлялі Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй, Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, Рэчыцкі раённы ліцэй, гомельскую Ірынінскую гімназію, гомельскія гімназіі №№ 14, 51, 56 і сярэднюю школу № 8 Гомеля — установы, выпускнікі якіх маюць стабільна высокія вынікі на ЦТ, а таксама каманда падрыхтоўчага аддзялення Гомельскага дзяржуніверсітэта.

Каманды складаліся з шасці навучэнцаў, кожны з якіх праходзіў тэсціраванне па тым вучэбным прадмеце, да якога найбольш падрыхтаваны. Конкурс праводзіўся ў форме камп’ютарнага тэсціравання з выкарыстаннем сістэмы дыстанцыйнага навучання ўніверсітэта “Цьютары” і прадугледжаваў у далейшым вучэбна-кансультатыўныя заняткі па прадметах. Заданні распрацоўваліся найбольш кваліфікаванымі выкладчыкамі ўніверсітэта ў адпаведнасці са спецыфікацыямі тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання.

Агульны вынік каманды складаецца з сумы балаў па прадмеце, набраных кожным яе членам, на аснове гэтага і вызначаецца пераможца інтэлектуальнага конкурсу “Кубак ГДУ па тэсціраванні”. Аднак навучэнцы якой з устаноў найлепш валодаюць ведамі па прадметах — арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. Хто атрымае кубак пераможцы, стане вядома 24 снежня ў дзень адкрытых дзвярэй у Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Ф.У.Кадол: “Не магу ўявіць сваё жыццё па-за педагогікай”

За сваю шматгадовую працу на ніве асветы доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Фёдар Уладзіміравіч Кадол выпусціў у свет цэлую армію вучняў. Несумненна, ім будзе прыемна пачытаць інтэрв’ю са сваім настаўнікам, які сёння адзначае свой 70-гадовы юбілей.

— Фёдар Уладзіміравіч, раскажыце, чаму вы вырашылі заняцца вывучэннем педагогікі? Што паўплывала на ваш выбар?

— У тыя гады, калі я вучыўся ў школе, настаўнік быў вельмі паважаным чалавекам, карыстаўся падтрымкай як на ўзроўні дзяржавы, так і сярод звычайных людзей. Ён даваў пуцёўку ў жыццё і дапамагаў выбіцца ў людзі, асабліва дзецям з сельскай мясцовасці. У вёсках да настаўніка звярталіся нават па медыцынскую дапамогу.

У школе на мяне моцна паўплывалі настаўнікі фізікі і матэматыкі. Менавіта яны развілі ўва мне жаданне вучыцца, цікавасць да рашэння складаных задач, і я ўжо не ўяўляў сабе іншай прафесіі, акрамя як настаўніка. Усё гэта і прывяло мяне ў 1963 годзе на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага інстытута імя В.П.Чкалава. Паступаць у аспірантуру мне параіў прафесар І.Ф.Харламаў. Ён стаў маім навуковым кіраўніком, дапамог асвоіць педагогіку на высокім тэарэтычным узроўні, асабістым прыкладам заахвоціў да далейшых навуковых даследаванняў. Сёння я ўжо не магу ўявіць сябе без сваіх студэнтаў, без дружнага калектыву нашай кафедры, без шматлікіх навуковых канферэнцый, сустрэч з цікавымі людзьмі.

— Якім, на ваш погляд, павінен быць чалавек, які хоча звязаць сваё жыццё з навукай, у прыватнасці з педагогікай?

— Перш за ўсё, гатовым да самадысцыпліны і вельмі працаздольным. Вядома ж, патрэбны мэтанакіраванасць і воля. Але самае моцнае ў свеце — гэта неабходнасць. Яна рухае чалавекам. Неабходнасць — паняцце шырокае: ад рэалізацыі сябе, свайго прызначэння да матэрыяльнага дабрабыту. Піраміда патрэб А.Маслоу дзейнічае і ў жыцці навукоўца. Тым, хто звязвае сваё жыццё з навукай, карысна пазнаёміцца з базавымі патрэбамі асобы і іерархіяй іх задавальнення: ад павагі іншых і самапавагі да самаактуалізацыі і самарэалізацыі.

— Многія лічаць, што сур’ёзныя вучоныя і ў вольны ад навуковых пошукаў час паглыблены ў сваю працу. Ці так гэта насамрэч?

— У гэтым ёсць доля праўды. Кожны дзень вучонага пачынаецца думкамі пра навуку і заканчваецца падвядзеннем вынікаў зробленага, пабудовай планаў на будучыню. Многае не завяршаецца адразу, паступова назапашваюцца матэрыялы для новых навуковых артыкулаў і кніг. Час хуткацечны, і таму яго трэба шанаваць. З іншага боку, нішто чалавечае вучоным не чужое. Нельга жыць толькі адной навукай, нароўні павінны стаяць мастацтва, літаратурна-мастацкае слова, музыка, фізічная актыўнасць. Напрыклад, выбітны фізік А.Р.Хахлоў, былы рэктар МДУ імя М.В.Ламаносава, на прафесійным узроўні займаўся фізікай і альпінізмам. У многіх навукоўцаў ёсць хобі. У мяне гэта праца на лецішчы, ціхае паляванне ўвосень, фізічныя практыкаванні, плаванне. Стараюся запоўніць час карыснымі справамі.

— Ці лічыце вы сябе чалавекам, які рэалізаваўся?

— Увогуле, чалавеку ўласціва імкненне да дасканаласці, нават вернікі імкнуцца быць як бацька нябесны. Вядома, гэты ідэал недасягальны, але без руху да яго няма самарэалізацыі. Меў рацыю Сальвадор Далі, прамовіўшы: “Не бойцеся дасканаласці — вам яе не дасягнуць”. Аднак пастаяннае імкненне да дасканаласці неабходна.

— Фёдар Уладзіміравіч, што з’яўляецца сакрэтам вашага поспеху?

— Усведамленне таго, што многае яшчэ хацелася б зрабіць. Тут дарэчы крылатае выслоўе Сакрата: “Я ведаю, што нічога не ведаю, але многія не ведаюць і гэтага”. Як толькі чалавек думае, што дасягнуў поспеху, фартуна паварочваецца да яго спінай. Пра гэта добра сказаў вядомы фізіёлаг і псіхолаг І.П.Паўлаў у лісце да моладзі: “І як бы высока ні ацанілі вас, заўсёды майце мужнасць сказаць сабе: “Я невук”. Не давайце гордасці авалодваць вамі. З-за яе вы будзеце ўпарціцца там, дзе трэба пагадзіцца, з-за яе вы адмовіцеся ад карыснай парады і сяброўскай дапамогі, з-за яе страціце веру аб’ектыўнасці”. Гэты запавет І.П.Паўлава памятаю яшчэ са школьных гадоў і часта да яго звяртаюся.

— Што вы можаце параіць студэнтам, каб яны дасягнулі поспеху ў сваёй будучай прафесійнай дзейнасці?

— Студэнтам, якія ўжо вызначыліся з прафесіяй, трэба пастаянна папаўняць свой інтэлектуальны багаж, набываць вопыт практычнай работы. Вельмі карысна таксама знайсці ўзоры людзей, якія рэалізавалі сябе ў прафесіі і могуць служыць жыццёвым арыенцірам. Вядома, для кожнага чалавека вельмі значныя прыстойнасць, пачуццё ўласнай годнасці, камунікатыўная культура. І яшчэ важна памятаць, што нельга марнаваць час, трэба пастаянна займацца чымсьці карысным для сябе і іншых, самаўдасканальвацца. Як кажа прымаўка: “Чалавек — гэта тое, што ён з сябе зрабіў”. Падобныя афарызмы трэба ведаць кожнаму, яны як дэвізы-запаветы, якімі можна кіравацца на шляху да самаўдасканалення.

— Чаго вам больш за ўсё хочацца на сённяшні дзень: больш грошай, зносін з сябрамі, сям’ёй або заняцца духоўным удасканаленнем?

— Я лічу, што для чалавека шчасце сапраўды не ў грашах. Вернікі з гэтай нагоды кажуць, што грошы даюцца чалавеку ў часовае карыстанне. Трэба імкнуцца да рознабаковага жыцця і дзейнасці, а грошы — гэта толькі сродак для яе ажыццяўлення. Усе каштоўнасці, пра якія вы пытаецеся, важныя для чалавека, але на сённяшні дзень самым галоўным для мяне з’яўляецца сям’я. Яна радуе больш за ўсё, служыць надзейнай апорай у жыцці, дае душэўную цеплыню і падтрымку. Духоўнасць я таксама вельмі цаню, асабліва скарбы народнай мудрасці, бо ў іх сканцэнтравана ўся жыццёвая філасофія, глыбіні педагогікі і культуры.

Гутарылі Вераніка ГАТАЛЬСКАЯ і Марына ШУСТАВА,
студэнткі факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.

Марыя МАМАШУК: “Я даўно не плачу з-за паражэнняў. Хаця пасля гэтай Алімпіяды…”

Першы ў гісторыі Беларусі алімпійскі медаль у жаночай барацьбе заваявала ў Рыа-дэ-Жанэйра 23-гадовая Марыя Мамашук, якая з’яўляецца магістрантам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Сярэбраная медалістка Марыя Мамашук родам з Зябраўкі, гарадка ў Гомельскай вобласці. Яна вучылася ў спецыялізаваным класе, мяркуючы, што будучыню звяжа з МНС. Але барацьба заманіла яе ў свае сеткі. Цяпер Маша, атрымаўшы алімпійскае “серабро” і дастойна прадставіўшы Беларусь на Алімпійкіх гульнях, будзе рухацца за марай кожнага спартсмена — алімпійскім “золатам”.

Першыя Алімпійскія гульні для тандэма трэнера Сяргея Смаля і Машы Мамашук прынеслі крыўднае паражэнне. Сама Маша першы раз за ўсю спартыўную кар’еру не ведала, з кім ёй прыйдзецца змагацца, таму што за лёсаваннем не сачыла. Толькі за 20 мінут да пачатку кожнай схваткі яна даведвалася, хто стаў яе саперніцай. Аднак не стала сюрпрызам ніводная са схватак. Дзяўчына амаль з усімі саперніцамі сустракалася раней.

— Я настроіла сябе так, што хвалявацца няма сэнсу. Трэба выходзіць і проста адпрацоўваюць кожную схватку. Навошта перажываць і баяцца, калі можна зрабіць усё па максімуме? Цяжкая не сама Алімпіяда, а шлях да яе.

Пачатак усіх пачаткаў

Сваю спартыўную кар’еру Марыя Мамашук пачала ў 5 класе дзякуючы Пятру Бабею, які ажыццяўляў набор у секцыю вольнай барацьбы.

— У адной зале сабралася вельмі многа дзяцей. Знаёмая дзяўчынка паклікала мяне паглядзець, што там адбываецца. Так і пачала займацца. Першыя некалькі тыдняў быў ажыятаж, а потым засталася я і пару дзяцей. Заняткі ў нас былі ўсяго тры разы на тыдзень, ды і тыя не вельмі сур’ёзныя. Яны былі больш падобныя да гульні з салодкімі заахвочвальнымі прызамі, каб зацікавіць нас.

З часам трэніроўкі сталі сур’ёзныя і неўзабаве далі свае вынікі. Пад кіраўніцтвам першага трэнера дзяўчына заняла 3-е месца на спаборніцтвах рэспублікі сярод прафсаюзаў.

— Увесь час так многа спаборніцтваў, перамог, паражэнняў, што ўжо і не задумваешся пра іх. Спачатку былі слёзы, але ўжо даўно з-за паражэнняў я не плачу. Хаця пасля гэтай Алімпіяды слёзы пакаціліся.

Марыя займалася пад кіраўніцтвам Пятра Бабея 4 гады. У 9 класе паступіла ў Гомельскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там пазнаёмілася з Георгіем Джангіравым, які і стаў яе новым трэнерам. Суправаджаў ён дзяўчыну на спартыўным шляху з 9 класа і да першага курса ўніверсітэта. Дарэчы, Марыя Мамашук лічыць адукацыю неад’емнай часткай спартыўнай кар’еры. Сама дзяўчына выбрала ВНУ бліжэй да дома — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, факультэт фізічнага выхавання. Скончыўшы яго, адразу паступіла ў магістратуру, дзе вучыцца і зараз.

На другім курсе ў яе зноў змяніўся трэнер. Ім стаў Сяргей Смаль. Дзякуючы яму, дзяўчына ўбачыла барацьбу пад новым вуглом, у яе з’явілася тэхніка. Спецыялісты гавораць, што яе стыль падобны да стылю легендарнага трэнера, хаця сама вольніца пагаджаецца з гэтым часткова. Гаворыць, што ў яе ёсць свой почырк барацьбы, хаця і падобныя рысы ёсць.

— Многія гавораць, што я баруся з мужчынскай агрэсіяй. Магчыма, звязана гэта з тым, што я ўвесь час мела зносіны больш з хлопчыкамі. Як апетыт прыходзіць у час яды, так і агрэсія з’яўляецца на дыване. Адзначаюць, што я захапляюся атакамі. Гэта няпраўда. У барацьбе я заўсёды думаю. Першая ж схватка на Алімпіядзе даказала гэта.

Алімпійская мара ў Рыа

Сярод спартсменаў існуе меркаванне, што няма большай радасці, чым узысці на алімпійскі п’едэстал. Марыя Мамашук узышла і прынесла “серабро” ў скарбонку беларускай зборнай. Аднак сама дзяўчына лічыць, што 2-е і 5-е месца вельмі крыўдна атрымліваць.

— Але на 2-м хоць медаль ёсць. А наколькі крыўдна атрымліваць 5-е месца, гэта трэба зазнаць. Увогуле, “золата” — гэта максімум таго, што можа зрабіць спартсмен у сваёй кар’еры. Хочацца быць лепшай, быць чэмпіёнам, каб краіна ганарылася. Хачу, каб усе ведалі, што ёсць такая Беларусь, дзе нараджаюцца алімпійскія чэмпіёны.

Але пакуль “золата” вольніцы наперадзе, прыхільнікі абмяркоўваюць выступленне Марыі на Алімпіядзе. Яно магло скончыцца яшчэ на папярэднім раўндзе. Першай саперніцай стала казашка Кацярына Ларыёнава. Спартсменка зрабіла захоп, і ён ёй удаўся. Наша Маша знаходзілася ў небяспечным становішчы і магла прайграць.

— Як толькі яна зрабіла захоп, у мяне з’явіліся думкі, што так не можа ўсё скончыцца. Я хутка выкруцілася і перамагла.

У 1/2 саперніцай стала амерыканка Алена Піражкова. Да гэтай сустрэчы беларуска сустракалася з ёй два разы, абодва скончыліся паражэннем Машы.

— Атрымаўшы над ёй перамогу, я перасягнула саму сябе. Думала, што перамога над амерыканкай дасць мне штуршок для фіналу. Але японка абышла мяне.

Сапраўды, Рысака Каваі прадбачыла кожны рух, кожную атаку Машы. Яна аказалася больш скораснай, чым беларуска. Японка старалася трымаць дыстанцыю, на якой Марыя Мамашук магла што-небудзь зрабіць. Зачапіцца і зрабіць падыход не ўдалося. Перамагла Рысака Каваі.

— Можа, з боку здалося, што я задаволена 2-м месцам, але гэта не так. Я старалася змагацца да канца, але японка аказалася хутчэйшай за мяне. Ёсць час падумаць і прааналізаваць свае выступленні да наступнай Алімпіяды. Для мяне гэта яшчэ балючая тэма, таму што я сама не аналізавала гэтую схватку. Пройгрышы сваіх выступленняў не люблю глядзець. Мне патрэбен месяц, каб сабрацца з думкамі і прааналізаваць. Каб расці, абавязкова трэба глядзець на сябе збоку.

— Мне вельмі прыемна, што столькі людзей глядзелі барацьбу. Выходзячы на рынг і ведаючы, што за цябе перажывае краіна, адчуваеш вельмі моцныя эмоцыі. Ужо ў фінале я ведала, што за мяне будуць хварэць. І мне было вельмі непрыемна, калі я не паказала добрай барацьбы для людзей і не парадавала краіну і народ.

Алімпійскі выбар

Беларуская вольніца, не задумваючыся, зрабіла яго. Дзяўчына выбрала спартыўную школу, дзе пачынала сваю кар’еру, — СДЮШАР пярвічнай арганізацыі прафсаюзаў Гомельскага вагонабудаўнічага завода.

— Яны для мяне так многа зрабілі. Настаў час і мне адплаціць ім тым жа. Алімпійскі выбар — меншае, што я магу зрабіць.

Родныя і сябры дзяўчыны прымаюць яе такой, якая яна ёсць.

— У мяне характар байца. Не люблю здавацца, заўсёды ўпартая і настойлівая. Бываю і шкадлівай, магу гнуць сваю лінію.

Зрэшты, калі б не гэтая рыса характару Марыі, яе алімпійская зорачка магла б і не загарэцца. Першапачаткова мама была супраць, каб дзяўчына займалася гэтым нежаночым відам спорту. Аргументавала свае словы тым, што будуць сінякі, драпіны і што ўвогуле змагаюцца хлопчыкі, а яна ж дзяўчынка. Першы час Маша хадзіла займацца вольнай барацьбой употай ад мамы. А потым мама скарылася і падпісала дазвол на заняткі спортам.

— Я ў яе адна. Яна стараецца ўсцерагчы мяне, пастаянна перажывае і хвалюецца, як і любая мама. Зараз яна ганарыцца мной і радуецца, што ў яе такая знакамітая дачка. Мама ведае, што гэта мой выбар, ён робіць мяне шчаслівай.

Сама Маша лічыць, што барацьба — гэта цалкам жаночы від спорту. Яна вельмі моцна развіваецца апошнія гады. Хаця не ў кожнай вазе ёсць канкурэнцыя. Калі разглядаць катэгорыю Машы, скласці магутную канкурэнцыю пакуль няма каму. Дзяўчаты ў вазе ёсць, а вось вопыту ў іх не хапае. У сувязі з гэтым Марыя Мамашук трэніруецца з юнакамі. Пад яе спецыяльна падбіраюць хлопцаў.

Перад спаборніцтвамі, каб зберагчы сілы, Марыя адточвае дакладнасць і хуткасць. У такіх выпадках яна любіць працаваць з дзяўчатамі ў вагавой катэгорыі да 48 кг.

Што да любімага прыёму, то ў вольніцы яго няма. У асноўным яна лічыць за лепшае праходы ў ногі.

— Стараюся адказваць на дзеянні саперніка. Такіх прагінанняў, як нас кідаюць, я не раблю. Часам нават шкада, што не выкарыстоўваю іх.

Залатое правіла Машы Мамашук: “Ехаць на Алімпійскія гульні трэба па перамогу, а не па ўдзел”. Куміраў для сябе дзяўчына не шукае. Марыя лічыць, што трэба станавіцца прыкладам самой, каб дзеці глядзелі, раўняліся і хацелі ісці ў спорт.

Вераніка ГАМЗЮКОВА.
Фота з архіва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Вопыт гомельскіх навукоўцаў цікавы для замежных калег

У Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны наладжана супрацоўніцтва з універсітэтамі, даследчымі і навуковымі інстытутамі розных краін свету, заключаны шэраг пагадненняў, абазначаны мерапрыемствы, накіраваныя на навучанне і абмен вопытам як сярод выкладчыкаў, так і сярод студэнтаў.
Нядаўна Гомельскі дзяржуніверсітэт прымаў дзве замежныя дэлегацыі. Спачатку ўстанову наведалі вучоныя з Ірана, а потым — калегі з Японіі.

Афіцыйная дэлегацыя Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь на чале з аташэ па навуцы і прамысловасці ў Маскве і Мінску Махдзі Галянові даведаліся пра навуковы патэнцыял вядучай гомельскай навучальнай установы, пазнаёміліся з распрацоўкамі навукоўцаў фізічнага факультэта. Іранскі бок, у сваю чаргу, прадставіў Цэнтр па тэхналагічным і інавацыйным супрацоўніцтве пры Прэзідэнце Ірана, дзе вядзецца работа па самых розных напрамках.Як адзначылі прадстаўнікі дэлегацыі, яны зацікаўлены ў тым, каб вывучаць такія новыя тэхналогіі, якія можна было б прымяніць у Іране. Таксама сваёй задачай супрацоўнікі пасольства ставяць магчымасць наладзіць узаемадзеянне паміж іранскімі і беларускімі навукоўцамі, вызначыць, у якім кірунку мэтазгодна развіваць адносіны далей. Дарэчы, у Гомельскага дзяржуніверсітэта ўжо наладжаны кантакты з іранскімі вучонымі: заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з педагагічным універсітэтам Тарбіят Модарэс (Тэгеран) і дагавор аб супрацоўніцтве з тэхналагічным універсітэтам Ісфахана.
Навуковае супрацоўніцтва з Японіяй наладжана амаль 10 гадоў назад, калі паміж гомельскай установай і японскім універсітэтам Шызуока было падпісана пагадненне. Разам з гэтым ГДУ імя Францыска Скарыны стаў членам міжнароднай асацыяцыі “Інтэракадэмія”. Такое сяброўства дае канкрэтныя вынікі: за час дзелавых зносін трое выкладчыкаў нашага ўніверсітэта абаранілі дысертацыі ў Японіі.
Супрацоўніцтва стала яшчэ больш цесным пасля аварыі на атамнай станцыі Фукусіма. Пераадоленне наступстваў аварыі на атамнай станцыі сёння застаецца самай актуальнай тэмай для замежных калег. Яны ведаюць, што ў Беларусі, у Гомельскай вобласці ў прыватнасці, накоплены вялікі вопыт даследаванняў і ёсць пэўныя вынікі.
Госці сустрэліся з кіраўніцтвам, выкладчыкамі і студэнтамі двух факультэтаў — біялагічнага і факультэта псіхалогіі і педагогікі. Для японцаў важна, як людзі псіхалагічна перажываюць такія цяжкія катастрофы, а таксама ім цікавы думкі маладога пакалення. “Мы лічым, што наша дыскусія са студэнтамі гомельскага ўніверсітэта дазволіць выйсці на новы ўзровень у вырашэнні праблемных пытанняў забруджаных тэрыторый”, — растлумачыў прафесар педагагічнага ўніверсітэта Саітама, доктар навук па сацыялогіі Тасіхіка Андо.
Цікавым быў для замежных навукоўцаў даклад доктара біялагічных навук дэкана біялагічнага факультэта ГДУ В.С.Аверына, у якім ішла гаворка пра комплекс мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Беларусі па ліквідацыі наступстваў аварыі на забруджаных тэрыторыях, аб узаемадзеянні з насельніцтвам у мэтах зніжэння стрэсаў. Віктар Сяргеевіч больш за 20 гадоў займаецца гэтай тэматыкай. Ён з’яўляецца экспертам рабочай групы міжнароднай камісіі па радыяцыйнай абароне і разам з вучонымі іншых краін працуе над дакументам, які рэгламентуе распрацоўку сістэм рэагавання ў аварыйны і поставарыйны перыяд. Гэты вопыт, як адзначылі японцы, вельмі карысны для іх.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва ўніверсітэта.

Універсітэт без навукі немагчымы

Адна з найстарэйшых вядучых устаноў вышэйшай адукацыі Палескага рэгіёна — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны — адзначыла сваё 85-годдзе. Пісьмы, тэлеграмы, відэазапісы — мноства віншаванняў ад калег і партнёраў з розных куткоў свету атрымаў прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты ў гэтыя летнія дні. Шмат гасцей сабралася і на ўрачыстае свята. Удзел у ім прыняў і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, каб асабіста павіншаваць універсітэт, уручыць падзякі і падарункі як ад галіновага міністэрства, так і ад кіраўніцтва краіны.

Гісторыя Гомельскага дзяржуніверсітэта пачалася ў далёкім 1930 годзе з адкрыцця дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Праз чатыры дзесяцігоддзі ён атрымаў статус універсітэта і з кожным годам даказвае сваё права называцца вядучай УВА Гомельшчыны.
За гады існавання ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё амаль 70 тысячам чалавек. Многія з гэтых выпускнікоў сталі яго гордасцю: героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, лаўрэаты дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь, члены-карэспандэнты і акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук. А колькі сярод іх высокакваліфікаваных прафесіяналаў, у тым ліку і настаўнікаў. Больш як 50 выпускнікоў універсітэта з кваліфікацыяй “настаўнік” маюць высокія званні.
Сёння ГДУ імя Францыска Скарыны — гэта класічны ўніверсітэт, які займае ганаровае месца ў спісе лепшых універсітэтаў свету і, без перабольшання, з’яўляецца вядучым навукова-адукацыйным цэнтрам беларускага Палесся. Гэта падкрэсліў у сваім выступленні і міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.
— Сярод абласцей нашай краіны Гомель можна лічыць навуковай сталіцай, і ў многім дзякуючы менавіта Гомельскаму дзяржуніверсітэту, яго сур’ёзным навуковым даследаванням, — сказаў Міхаіл Анатольевіч. — Асаблівае значэнне маюць яго фундаментальныя даследаванні, а прыродазнаўчыя школы, якія тут ёсць, сапраўды здзіўляюць.

Гомельскаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны — 85!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны з 85-годдзем з дня заснавання, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“За гады свайго існавання ваша ВНУ стала буйным навуковым і адукацыйным цэнтрам Палескага рэгіёна. Яго выпускнікі плённа працуюць у многіх сферах эканомікі нашай краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калектывам універсітэта надаецца вялікае значэнне ўдасканаленню методык навучання, заахвочванню творчай работы студэнтаў, паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы, удзелу ў міжнародных праектах. Высокі прафесіяналізм, мэтанакіраванасць і адданасць справе прафесарска-выкладчыцкага складу служаць надзейным фундаментам для развіцця ўніверсітэта.

Міністр адзначыў, што ўніверсітэт без навукі немагчымы. Узровень навуковых даследаванняў паказвае ўзровень установы ў цэлым, стварае яе імідж. Не менш важным з’яўляецца пры гэтым і фінансавы бок: навуковыя даследаванні, якія праводзяцца вучонымі ва ўніверсітэтах, — гэта значны ўклад не толькі ў эканоміку самога ўніверсітэта, але і ў эканоміку краіны.
За кожным дасягненнем Гомельскага ўніверсітэта стаяць людзі — вучоныя і выкладчыкі, адданыя навуцы. У калектыве сёння працуюць тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння гэтай УВА. Кіраўніцтва ўніверсітэта называе іх не інакш як залатым фондам. Складаецца ж ён з амаль паўтары сотні прафесараў, кандыдатаў навук, выкладчыкаў, працоўны стаж якіх налічвае больш за сорак гадоў з адзіным запісам у працоўнай кніжцы: “Прыняты на работу ў Гомельскі педагагічны інстытут”.
Яшчэ адзін паказчык узроўню — міжнародныя сувязі і супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі.
У гэтым ГДУ імя Францыска Скарыны таксама дасягнуў вялікіх поспехаў. На працягу апошніх гадоў назіраецца істотнае павышэнне якасці міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта, расце яго прызнанне за мяжой. Навукаёмістыя высокатэхналагічныя распрацоўкі ўніверсітэта не толькі выкарыстоўваюцца айчыннымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, але і экспартуюцца за межы рэспублікі. Цесныя навуковыя сувязі па выкананні навукова-даследчых работ аб’ядноўваюць Гомельскі дзяржуніверсітэт з вучэбнымі і навуковымі цэнтрамі Літвы, Кітая, Фінляндыі, Расіі, Швейцарыі, Украіны і іншых дзяржаў. Гэтыя сувязі пастаянна пашыраюцца, папаўняюцца новымі ідэямі. Аб гэтым супрацоўніцтве, паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў і даследаванняў гаварылі замежныя госці, прадстаўнікі ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў, якія прыбылі ў Гомель, каб павіншаваць калег з юбілеем. Але толькі віншаваннямі не абышлося. Прафесіяналы ніколі не трацяць час дарма, а тым больш, калі гэта вучоныя. Перамовы аб далейшым супрацоўніцтве сталі адным з важных момантаў сустрэчы. Асабліва плённым было абмеркаванне з кітайскімі партнёрамі, вынікам якога стала дамова аб далейшым пашырэнні ўзаемадзеяння.
— Мы разглядаем магчымасць адкрыцця нашых кафедр на базе замежных універсітэтаў, — пракаменціраваў рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны А.У.Рагачоў. — Сёння ў нашым універсітэце на сур’ёзным узроўні вядзецца выкладанне кітайскай мовы. На перамовах было вырашана пашырыць работу ў гэтым напрамку.
Аляксандр Уладзіміравіч упэўнены, што тыя вялікія планы, якія зараз маюцца, абавязкова будуць здзейснены, паколькі ў гэтым ёсць зацікаўленасць абодвух бакоў.
— Міжнародныя сувязі ў навуковай сферы апошнім часам развіваюцца даволі імкліва, — адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Чаго толькі варта стварэнне кітайска-беларускага навукова-тэхналагічнага парка. Я ўпэўнены, што ўклад гомельскіх вучоных у гэтую справу, асабліва вучоных ГДУ, у прыватнасці школы фізіка-хімічных даследаванняў, будзе значным.
Сваімі дасягненнямі, а таксама высокай ацэнкай з боку кіраўніцтва краіны, галіновага міністэрства, беларускіх калег і замежных партнёраў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны пацвярджае, што на працягу 85 гадоў установа няспынна развівалася. Сотні прывітальных адрасоў зачытваліся на ўрачыстым мерапрыемстве, сотні грамат і падзяк атрымалі вучоныя і выкладчыкі ўніверсітэта. М.А.Жураўкоў уручыў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” прарэктару па вучэбнай рабоце І.В.Семчанку, а ўніверсітэт атрымаў у падарунак ад Міністэрства адукацыі сертыфікат на 150 млн рублёў.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Нават у спаборніцтвах перамагае студэнцкае братэрства

Чацвёрты раз у сценах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі сабрала Міжнародная алімпіяда па асновах педагогікі і псіхалогіі “Асоба ў гульні”. 

Гульня як навука

Псіхолагі кажуць, што гульня — гэта від дзейнасці, які суправаджае чалавека ўсё жыццё: у розных сітуацыях кожны з нас выкарыстоўвае нейкія прыёмы, прымае на сябе пэўную ролю, а гэта і ёсць гульня. Гэтае паняцце выкарыстоўваецца і ў адукацыйным працэсе як актыўны практыка-арыентаваны метад навучання. А таму студэнты, прымаючы ўдзел у алімпіядзе, не проста спаборнічалі за званне лепшых, але і вучыліся.
У гэтым годзе заяву на ўдзел у алімпіядзе падала 21 каманда, сярод якіх дзве са Смаленскага дзяржуніверсітэта, а таксама каманды БДУ, БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка, Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А.А.Куляшова, Полацкага і Баранавіцкага дзяржуніверсітэтаў і, зразумела, каманды ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны. У цэлым на псіхалагічнае спаборніцтва сабралася амаль дзвесце юнакоў і дзяўчат. Як і патрабуе любая алімпіяда, да ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе па асновах педагогікі і псіхалогіі былі дапушчаны студэнты, якія паспяхова займаюцца па псіхолага-педагагічных дысцыплінах і цікавяцца навукова-даследчай дзейнасцю.
Усе ўдзельнікі алімпіяды былі падзелены па профілях у залежнасці ад спецыяльнасцей, па якіх яны праходзяць навучанне: псіхалагічны, педагагічны (прадметнікі), педагагічны (педагогі дашкольных, пачатковых, спецыяльных, сацыяльных устаноў), непсіхолага-педагагічны профіль (інжынеры, юрысты, эканамісты). Паспрабаваць сябе ў веданні псіхалогіі выказалі жаданне нават “тэхнары”. Далей у адпаведнасці з профілем каманд удзельнікам неабходна было выканаць 100 заданняў. Усяго патрэбна было прайсці чатыры туры алімпіяды: тэарэтычны, крэатыўны, практычны і творчы. Навінкай сёлетняга тэста сталі педагагічныя задачы і відэапытанні. Для многіх складанымі аказаліся пытанні, дзе па партрэтах трэба было пазнаць вядомых псіхолагаў і педагогаў.

Ад тэорыі да крэатыву

Тэарэтычны тур алімпіяды праводзіўся ў завочнай форме ў рэжыме анлайн. Студэнты прадэманстравалі не толькі выдатнае веданне тэорыі, але і камунікатыўныя навыкі, уменне працаваць у камандзе. Гэты этап алімпіяды прадугледжваў вызначэнне пераможцаў як у камандным, так і ў асабістым заліку. Сярод каманд псіхалагічнага профілю першынство падзялілі “Fromm Адлер” (БДУ) і “Круп’е тваёй душы” (ГДУ імя Францыска Скарыны), у педагагічным профілі — “Дывергенты” (БНТУ), “Трохвугольнік лёсу” (МДПУ імя І.П.Шамякіна), “Асоба” (Баранавіцкі дзяржуніверсітэт). У непсіхолага-педагагічным профілі лепшай стала каманда “Як па Маслоу” (эканамічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны). Лепшымі тэарэтыкамі ў індывідуальных спаборніцтвах былі названы 19 студэнтаў.
Даволі цікавым аказаўся крэатыўны этап. Неабходна было падрыхтаваць фотаздымкі каманд, якія былі ацэнены як членамі журы, так і гледачамі на аснове галасавання. Каманды-ўдзельніцы змянялі адна адну ў барацьбе за лідарства. Напрыканцы галасавання ўжо было зразумела, што ў пераможцы можа выйсці адна з дзвюх каманд: “Гульня розуму” факультэта замежных моў Смаленскага дзяржуніверсітэта або “Філін” філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. І амаль у апошнія секунды перад закрыццём галасавання госці вырвалі перамогу ў гомельскіх філолагаў. Па выніках камбінаванай ацэнкі конкурсных работ журы і гледачамі лепшымі былі прызнаны работы каманд “Fromm Адлер”, “Гульня розуму”, “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” (сацыяльныя педагогі ГДУ імя Францыска Скарыны), “БЭМС: баявыя, энергічныя, маладыя, сімпатычныя” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту).
На трэцім, практычным, этапе камандам неабходна было прадставіць псіхолага-педагагічную гульню ў некалькі крокаў. Па-першае, правесці гульню з аўдыторыяй, пэўнай камандай, напрыклад, з гледачамі ў зале, з камандай сапернікаў, членамі журы і г.д. Па-другое, прадставіць абарону гульні (мэта, задачы, метады, сфера прымянення, мэтавая аўдыторыя, неабходны інструментарый). Калі называлі пераможцаў гэтага тура, зноў у першых радах апынулася каманда БДУ “Fromm Адлер”. І яшчэ тры каманды занялі лідзіруючыя пазіцыі: “7Я” (БДПУ імя Максіма Танка), “Асоба” (Баранавіцкі дзяржуніверсітэт), “7 асоб Білі Мілігана” (Смаленскі дзяржуніверсітэт).
— Кожны год арганізатары алімпіяды прыкладаюць намаганні, каб у нас была магчымасць паказаць сябе, паспрачацца, пагутарыць і проста павучыцца, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Юльяна Чарнушэвіч. — Вельмі спадабаліся новаўвядзенні гэтага года: крэатыўнае фота і педагагічная гульня. Шкада, што не хапае часу дабавіць да іх яшчэ і педагагічныя задачы. Аднак колькасць каманд-удзельніц і іх інтарэс да заданняў пацвярджае, наколькі вырас узровень і прэстыж алімпіяды.
Творчы этап быў апошнім і праходзіў у выглядзе самапрэзентацыі каманд “Асоба ў гульні”, дзе каманды маглі прадстаўляць відэаролікі, прэзентацыі, перформансы, інсцэніроўкі. Уразіла разнастайнасць форм, ідэй, вобразаў, якія прадэманстравалі ўдзельнікі. Лепшымі тут былі прызнаны “SportiVki” ( ГДУ імя Францыска Скарыны), “7Я” (БДПУ імя Максіма Танка), дзве каманды ГДУ імя Францыска Скарыны — “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” і “Юрысты-гумарысты”.
Журы належала яшчэ разгледзець каманды комплексна, з улікам выканання заданняў ва ўсіх чатырох турах алімпіяды. У выніку дыпломы пераможцаў атрымалі каманды БДУ “Fromm Адлер”, БДПУ імя Максіма Танка “7Я”, ГДУ імя Францыска Скарыны “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” і госці — будучыя журналісты са Смаленскага дзяржуніверсітэта — каманда “7 асоб Білі Мілігана”.
— З кожным годам узровень прадстаўленых заданняў становіцца ўсё вышэйшым, але ўдзельнікі нязменна дэманструюць не толькі выдатную тэарэтычную падрыхтоўку, але і творчыя таленты, выдатны эстэтычны густ, стыль, — аналізуе адзін з арганізатараў алімпіяды загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Т.Г.Шацюк. — Заўсёды здзіўляе, як каманды дапамагаюць, падтрымліваюць, суперажываюць адна адной! І мы бачым не столькі саперніцтва, колькі студэнцкае братэрства.

У пошуках будучых студэнтаў

Паспрабаваць сябе ў веданні асноў псіхалогіі і педагогікі могуць і навучэнцы старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каледжаў. Для іх факультэт псіхалогіі таксама праводзіць алімпіяду. Як правіла, удзельнікі — юнакі і дзяўчаты, якія маюць намер паступаць на псіхолага-педагагічныя спецыяльнасці.
З улікам таго, што падлеткі пакуль што толькі мараць звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй, заданні для іх крыху прасцейшыя, чым для студэнтаў, аднак лёгкімі іх не назавеш.
Сёлета ў алімпіядзе па асновах псіхалогіі і педагогікі сярод навучэнцаў прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з розных рэгіёнаў Гомельскай вобласці.
Спаборніцтва складалася з двух этапаў — тэарэтычнага і творчага. Навучэнцы, як і студэнты, праходзілі тэст на валоданне тэарэтычным матэрыялам на сайце сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання ГДУ імя Францыска Скарыны “Віртуальны ўніверсітэт”. На творчым этапе ўдзельнікі алімпіяды прадстаўлялі конкурсныя работы па тэме “Калі б я быў псіхолагам (сацыяльным педагогам), то…”.
Многія прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. 15 навучэнцаў заваявалі дыпломы І ступені, 21 навучэнец — дыпломы ІІ ступені, 64 навучэнцы атрымалі дыпломы ІІІ ступені. Абсалютнай пераможцай сярод адзінаццацікласнікаў стала навучэнка гімназіі № 71 Гомеля Паліна Кізіла, сярод дзесяцікласнікаў — Наталіна Мачуленка з гімназіі № 10 Гомеля. Сярод самых малодшых удзельнікаў — вучняў 9 класаў — лепшай названа Эвеліна Барэцкая з гімназіі № 36 імя І.П.Мележа Гомеля. У спаборніцтве паміж навучэнцамі каледжаў усіх абышла будучая настаўніца Вераніка Бабовіч з Рэчыцкага педагагічнага каледжа.
— Я ўпершыню прымаў удзел у такой алімпіядзе, — расказвае вучань 9 класа Дзвіжкоўскай базавай школы Ельскага раёна Уладзімір Казак. — Прызнаюся, вельмі хваляваўся, але мае намаганні не прайшлі дарма — я атрымаў дыплом І ступені. Гэтая перамога ўзмацніла маё жаданне паступаць на спецыяльнасць “Псіхалогія”.
— Я не навічок, але таксама вельмі хвалявалася, — прызнаецца адзінаццацікласніца Паліна Кізіла. — У мінулым годзе была пастаўлена высокая планка, і я разумела, што сёлета прыйдзецца таксама добра папрацаваць. Вялікі дзякуй арганізатарам за цікавыя заданні па тэорыі і магчымасць раскрыць уласную індывідуальнасць у творчым туры, прапанаваўшы ідэю псіхалагічнага праекта.
Добрых водзываў ад вучняў гучала шмат і ў дзень алімпіяды, і ў дзень уручэння ўзнагарод, калі адкрывалася алімпіяда для студэнтаў. Згадзіцеся, цікавая і вельмі правільная задума, якая, безумоўна, служыць важным звяном у прафарыентацыйнай рабоце.
Выбар будучай прафесіі — справа сур’ёзная, і памыляцца тут непажадана. Але ж тыя, хто прайшоў праз такую алімпіяду, калі прымуць рашэнне звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй, дык яно будзе абдуманым. Наколькі гэта важна, бачна па тым, як уключаюцца ў работу розныя ведамствы і арганізацыі. Алімпіяда была праведзена пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Гомельскага абласнога аддзялення і Цэнтральнай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, гарадскога камітэта БРСМ.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Працаваць з дзецьмі — значыць кожны дзень здзіўляць

У Лоеўскім педагагічным каледжы адбылася сустрэча выпускнікоў з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошыным і прадстаўнікамі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

— Хутка нашы юнакі і дзяўчаты папоўняць рады настаўнікаў Гомельшчыны, — тлумачыць неабходнасць такой сустрэчы дырэктар каледжа Р.В.Каляда. — Таму нам хацелася, каб яны ведалі, што іх чакае, што ім могуць прапанаваць і чаго чакаюць ад іх.
Тэма сустрэчы была вызначана як “Правы і гарантыі маладых спецыялістаў”, аднак межы размовы ўдзельнікаў сустрэчы аказаліся куды шырэйшымі.
Пра тое, як у цэлым выглядае сёння сістэма адукацыі Гомельскай вобласці, пра тэндэнцыі яе развіцця і прыярытэтныя напрамкі ў рабоце з дзецьмі і педагогамі расказаў С.І.Парошын. Звяртаючыся да выпускнікоў, Сяргей Іванавіч адзначыў, што яны абралі творчую прафесію, якая патрабуе пастаяннага самаўдасканальвання і развіцця.
— Каб працаваць з дзецьмі, трэба кожны дзень удасканальвацца і здзіўляць, — запэўніў будучых калег начальнік упраўлення адукацыі. — У нашай прафесіі нельга стаяць на месцы і нічога не рабіць, інакш не будзе аўтарытэту і выніку. Спыніўся — значыць спазніўся, выпаў з сістэмы, стаў нецікавым.
Пры гэтым С.І.Парошын адзначыў, што ў вобласці працуе шмат таленавітых, зацікаўленых педагогаў, а іх адукацыйны ўзровень адзін з самых высокіх у рэспубліцы. Больш за 70 працэнтаў настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 13 настаўнікам прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Дзякуючы намаганням такіх спецыялістаў, адукацыйная сфера Гомельшчыны займае лідзіруючыя пазіцыі па шэрагу кірункаў. Як моладзі ўпісацца ў гэтую кагорту прафесіяналаў? Усё проста: неабходна любіць сваю справу, быць ідэйным і імкнуцца дасягаць пэўных вяршынь.
Зараз ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці маладыя спецыялісты складаюць сем працэнтаў ад агульнай колькасці. У гэтым навучальным годзе педагагічныя калектывы папоўнілі каля тысячы пачынаючых настаўнікаў. Хацелася б, каб усе яны засталіся ў прафесіі, і пакуль назіраецца даволі добрая тэндэнцыя: пасля заканчэння абавязковага перыяду работы ў галіне застаецца амаль кожны. Зразумела, і ўпраўленне адукацыі, і аддзелы адукацыі, спорту і турызму на месцах праводзяць у гэтым кірунку пэўную работу, бо, каб малады настаўнік не страціў інтарэс да абранай прафесіі, ён павінен адчуваць сябе патрэбным. Цікавыя формы работы ёсць у кожным раёне. Напрыклад, у Добрушскім праводзіцца штогадовы конкурс “Малады настаўнік года” для педагогаў, якія працуюць менш як два гады, у Жлобінскім — штогадовы фестываль для маладых спецыялістаў “Дэбют”, у Мазырскім раёне кожны год пачынаючыя педагогі прымаюць удзел у канферэнцыі “Мой вопыт работы”. Акрамя таго, прынята рашэнне ў чэрвені гэтага года сабраць моладзь на абласным педагагічным фестывалі маладых педагогаў “Педагагічныя надзеі”.
Зразумела, і матэрыяльнае заахвочванне адыгрывае далёка не апошнюю ролю. Таму, акрамя сацыяльнай падтрымкі і аплаты працы, гарантаваных дзяржавай, у калектыўных дагаворах устаноў прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання і падтрымкі маладых спецыялістаў. Падрабязна аб гэтым выпускнікам Лоеўскага педагагічнага каледжа расказала на сустрэчы начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама В.М.Салавей.
Для навучэнцаў каледжа прафесійная адаптацыя пачынаецца з першага курса, паколькі адным з прыярытэтных напрамкаў сваёй дзейнасці педагагічны калектыў гэтай установы лічыць стварэнне такіх умоў, такога выхаваўчага асяроддзя, якія будуць спрыяць прафесійнай накіраванасці асобы. У гэтай рабоце адміністрацыя і выкладчыкі бачаць некалькі вызначальных фактараў, сярод якіх уцягненне навучэнцаў у прафесійна значную дзейнасць, практыкаарыентаванасць вучэбнага працэсу, а таксама назапашванне традыцый, якія садзейнічаюць павышэнню іміджу прафесіі настаўніка, паказваюць магчымасць іх кар’ернага росту, спрыяюць усведамленню будучымі настаўнікамі спецыфікі педагагічнай дзейнасці і неабходнасці будаваць індывідуальны маршрут асабістага развіцця.
— Убачыць вынікі такой работы і вызначыць далейшыя крокі ў гэтым напрамку нам дапамагае пераддыпломная практыка нашых навучэнцаў, — расказала Р.В.Каляда. — Атрымаўшы водзывы з устаноў адукацыі, мы можам ацаніць узровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў і, калі неабходна, унесці пэўныя карэктывы. Менавіта гэты від практыкі паказвае, наколькі правільны напрамак мы абралі ў плане фарміравання прафесійнай накіраванасці навучэнцаў.
І, як паказвае практыка, гэта дзейсны падыход: 98 працэнтаў выпускнікоў Лоеўскага педкаледжа застаюцца ў сферы адукацыі. Акрамя таго, пераважная большасць працягвае сваю педагагічную адукацыю ва ўніверсітэтах. І ў гэтым юнакі і дзяўчаты таксама маюць падтрымку з боку сваіх педагогаў. У пачатку навучальнага года адміністрацыя педкаледжа дасылае ў рэгіёны вобласці інфармацыю аб выпускніках — ураджэнцах раёнаў і адначасова запытвае інфармацыю аб запатрабаванасці спецыялістаў педагагічнага профілю на рынку працы. Гэта робіцца якраз дзеля таго, каб арыентаваць трэцякурснікаў для далейшага навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
Па выніках мінулага года больш за 90 працэнтаў выпускнікоў каледжа паступілі ва ўніверсітэты. У асноўным яны абралі такія спецыяльнасці, як “Пачатковая адукацыя”, “Філалогія”, “Лагапедыя”. Па папярэднім апытанні сёлетніх выпускнікоў, амаль такая ж колькасць збіраецца працягваць навучанне ва УВА. Прысутнасць на сустрэчы прадстаўнікоў універсітэтаў дала юнакам і дзяўчатам добрую магчымасць не толькі даведацца з першых вуснаў аб умовах прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе, але і задаць розныя пытанні адносна факультэтаў, спецыяльнасцей, прахадных балаў і наогул навучання. На пытанні юнакоў і дзяўчат адказвалі дэкан факультэта фізічнай культуры Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна кандыдат педагагічных навук С.М.Блоцкі; дацэнт кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі гэтай жа ўстановы кандыдат педагагічных навук Л.А.Лісоўскі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі А.М.Палуян. Нямала пытанняў у будучых педагогаў было і да начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Маладых людзей цікавіла, як забяспечваюцца жыллём маладыя спецыялісты, у якіх настаўніках-прадметніках сёння маюць патрэбу ў рэгіёне і многае іншае. Выпускнікі атрымалі добрыя парады. Цяпер яны ведаюць, што адукацыя — гэта дынамічная сістэма, якая патрабуе апярэджання запытаў грамадства, а значыць, неабходна пастаянна рухацца, шукаць нешта новае і цікавае.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Хапае часу на ўсё

Для многіх людзей хімія здаецца вельмі складанай і незразумелай навукай. Але перад тымі, каму дадзены талент разумець усе гэтыя неверагодныя злучэнні і ператварэнні, адкрываецца цэлы свет.

Галоўная задача хіміі, калі яе сфармуляваць проста, — гэта высвятленне прыроды рэчыва шляхам яго раскладання на больш простыя кампаненты і сінтэз новых рэчываў. Дзякуючы гэтаму, хімікі навучыліся ствараць матэрыялы, якія не існуюць у прыродзе. Зараз на хімічных прадпрыемствах умела ператвараюць карысныя выкапні ў мыйныя сродкі і фарбавальнікі, пластык і палімеры, лекі і металічныя сплавы. А вучоныя шукаюць усё новыя і новыя магчымасці прыродазнаўчай навукі.
Сярод гэтай арміі вучоных і кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры хіміі біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і вядучы навуковы супрацоўнік міжкафедральнай навукова-даследчай лабараторыі “Фізіка і хімія палімераў” Алена Валер’еўна Вараб’ёва. Сёння яна з’яўляецца аўтарам манаграфіі, больш сямідзесяці навуковых артыкулаў і шасці патэнтаў Рэспублікі Беларусь пад навуковым кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук прафесара Д.Р.Ліна.
А пачыналася ўсё з цікавасці да школьнага прадмета. Простыя доследы на ўроках хіміі незвычайна захаплялі Алену, а цяжкія для многіх аднакласнікаў задачы даваліся ёй з неверагоднай лёгкасцю. Хутка для дапытлівай вучаніцы школьнага падручніка было ўжо недастаткова. Гэта быў пачатак 90-х гадоў, і такога памочніка, як інтэрнэт, яшчэ не было. Затое быў настаўнік, які заўсёды з гатоўнасцю дзяліўся сваімі ведамі, і бібліятэка, дзе можна было знайсці шмат цікавай навуковай літаратуры.
Зразумела, да атрымання атэстата сталасці Алена ўжо ведала, у якой сферы яна будзе сябе рэалізоўваць і з чым звяжа сваё жыццё. Праўда, думак пра тое, каб займацца навукай так глыбока, асабліва не было. Яны прыйшлі пасля, калі дзяўчына стала студэнткай Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Універсітэцкія лабараторыі адкрылі шмат цікавага, а выкладчыкі, сярод якіх было нямала знакамітых вучоных, захаплялі сваімі лекцыямі. Так узнікла жаданне стаць часткай навуковай супольнасці, рабіць уласныя адкрыцці. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1997 годзе А.В.Вараб’ёва паступіла ў аспірантуру пры ГДУ імя Францыска Скарыны, якую скончыла ў 2001 годзе. З гэтага ж года яна — навуковы супрацоўнік, праз тры гады — старшы навуковы супрацоўнік.
У 2002 годзе Алена Валер’еўна абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата хімічных навук па спецыяльнасці “Высокамалекулярныя злучэнні”. Тэма дысертацыі — “Акісленне поліэтылену ў кантакце з меддзю і яе злучэннямі”. У гэтым жа годзе яна стала лаўрэатам конкурсу маладых вучоных Гомельскага аблвыканкама.
Зараз у дацэнта А.В.Вараб’ёвай шмат адказнай і цікавай работы. Акрамя трох дысцыплін, якія яна выкладае на біялагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта, Алена Валер’еўна з’яўляецца навуковым кіраўніком задання “Эфектыўнае выкарыстанне антыакісляльных дабавак для тэрмастабілізацыі напоўненых поліалефінаў” па праграме “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы” і адказным выканаўцам яшчэ двух заданняў, канчатковы вынік якіх намечаны на гэты год.
Акрамя таго, Алена Вараб’ёва актыўна займаецца папулярызацыяй хімічнай навукі сярод навучэнскай моладзі. Пад яе кіраўніцтвам пры кафедры хіміі біяфака ўжо на працягу некалькіх гадоў працуе школа “Юны хімік”, дзе займаюцца навучэнцы розных устаноў адукацыі Гомельшчыны. Цікава, што ў школе наладжана і дыстанцыйная работа, а гэта значыць, што атрымаць кансультацыю можа кожны жадаючы, для гэтага дастаткова мець інтэрнэт.
У мінулым годзе школа “Юны хімік” выйшла на новы ўзровень. Школьнікам з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны былі прапанаваны для выканання варыянты трох кантрольных работ. Найбольш актыўныя і старанныя ўдзельнікі школы па выніках выканання гэтых работ былі запрошаны на кафедру хіміі ГДУ імя Францыска Скарыны для ўдзелу ў штогадовай зімовай вочнай сесіі.
У маладога вучонага хапае часу на ўсё: на выкладанне, навуковую дзейнасць і на тое, каб працаваць з будучымі вучонымі, якія пакуль толькі робяць першыя крокі ў цікавай навуцы хіміі.

Наталля ЛУТЧАНКА.