Ірына КІРЫК: “Удзел у інавацыях і захаванне якасці адукацыі — наша галоўная задача”

Гімназія № 3 Барысава заслужана з’яўляецца адной з прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў горада. Паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, а таксама распрацоўка і рэалізацыя ўласных інавацыйных праектаў надаюць установе яшчэ больш папулярнасці. Нездарма паступаць у гімназію прыходзяць навучэнцы з розных раёнаў горада, але стаць гімназістамі могуць толькі самыя лепшыя.

Пра асноўныя кірункі навуковай дзейнасці, інавацыі, а таксама пра тое, як адбываецца павышэнне якасці адукацыі гімназістаў згодна з запытамі і патрэбамі сучаснага грамадства, нам расказала дырэктар гімназіі № 3 Ірына Валер’еўна КІРЫК.

— Ірына Валер’еўна, што прывяло вас у прафесію?

— Я з сям’і педагогаў і заўсёды ведала, што менавіта з настаўніцкай дзейнасцю будзе звязана і маё жыццё. Мама працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 12 Барысава. Гэтую ж школу заканчвала і я. І адразу пасля навучання ў школе пачалася мая педагагічная дзейнасць. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, я паступіла на завочнае навучанне ў БДУ на геаграфічны факультэт. Адначасова з гэтым працавала піянерважатай у сваёй школе. Пасля вучобы ў БДУ засталася там працаваць, а праз некаторы час стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. 13 гадоў назад была прызначана дырэктарам сярэдняй школы № 15.

— Гімназіі № 3 усяго 6 гадоў. Раскажыце, калі ласка, якой сёння з’яўляецца ваша навучальная ўстанова?

— У 2008 годзе школа № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава. І менавіта тады перад намі ўзнікла пытанне захавання кантынгенту навучэнцаў. Нам неабходна было выходзіць на новы ўзровень развіцця. Дзеці ў нас вучыліся і вучацца толькі самыя лепшыя. Яны не падводзяць. Нашы гімназісты штогод прывозяць са шматлікіх алімпіяд і конкурсаў як мінімум 100 дыпломаў.

Увогуле, падрыхтоўка ў гімназіі заўсёды была на высокім узроўні. Штогод мы набіраем 5 першых класаў. Конкурс пры паступленні да нас у 5 клас складае 1,6 чалавека на месца. На сёння ў гімназіі вучыцца 1046 дзяцей.

На цяперашні момант у нашай гімназіі працуюць 99 настаўнікаў, 91,9 працэнта з якіх маюць вышэйшую адукацыю. Першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 81,9 працэнта настаўнікаў. 100 працэнтаў педагогаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Што тычыцца навучэнцаў, іх дасягненняў у вучобе, то хочацца адзначыць, што ў нас сярэдні бал па ЦТ складае 58,5. Наша вучаніца Дар’я Цябус сёлета атрымала 100 балаў на ЦТ па рускай мове. Акрамя гэтага, на працягу трох гадоў яшчэ адна наша навучэнка Надзея Лазерка перамагала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. На вобласці яна на працягу трох гадоў была першай, а з рэспубліканскага этапу алімпіяды прывозіла тры гады запар дыплом ІІІ ступені. Сёлета наша вучаніца 11 класа Марыя Чапрасава атрымала дыплом ІІІ ступені на Абласной канферэнцыі даследчых работ (кіраўнік работы Юлія Уладзіміраўна Сцяпанава).

— Гімназія № 3 з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Наколькі неабходны навучальнай установе такія міжнародныя сувязі?

— Дзякуючы таму, што гімназія з’яўляецца Асацыіраванай школай ЮНЕСКА, мы прымалі ўдзел у такіх мерапрыемствах, як, напрыклад, міжнародныя канферэнцыі па мадэляванні ААН сярод школьнікаў GYMUN, Дзень японскай культуры “PRO Японію”, які праводзіцца пры падтрымцы Пасольства Японіі ў рамках фестывалю “Японская восень у Беларусі”. З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання гімназістаў восенню 2015 года было наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з сярэдняй школай № 5 Надыма (Расійская Федэрацыя). Выкарыстоўваліся інавацыйныя формы зносін з калегамі і вучнямі са школы Надыма: тэлемасты, скайп-канферэнцыі.

— Ваша гімназія першая ў вобласці і адна з першых у краіне пачала развіваць інавацыйныя праекты. Што падштурхнула выкарыстоўваць такое новаўвядзенне ў адукацыйным працэсе?

— На працягу трох гадоў — з 2010 па 2013 — мы прымалі ўдзел у праекце па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Калі работа над праектам была завершана, мы даведаліся, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі прапаноўвае новую тэму для інавацыйнай дзейнасці — “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Нас гэтая тэма зацікавіла. Калектыў падтрымаў ідэю прыняць удзел у праекце. Мэтай нашай маштабнай інавацыйнай работы з’яўляецца фарміраванне ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных навучэнцаў з дапамогай іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння ў працэсе прафесійнага станаўлення. У 2015/2016 навучальным годзе пасля падрыхтоўчага этапу быў рэалізаваны дыягнастычны этап інавацыйнага праекта, падчас якога была праведзена псіхолага-педагагічная дыягностыка для вызначэння інтэлектуальных здольнасцей і прафесійных задаткаў высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Былі распрацаваны 8 індывідуальных маршрутаў і адукацыйных праграм па фарміраванні ключавых кампетэнцый навучэнцаў, а таксама забяспечана псіхолага-педагагічнае і цьютарскае суправаджэнне навучэнцаў.

— Вы ўзгадалі пра адукацыйныя маршруты, па якіх працуюць навучэнцы, уключаныя ў інавацыйную дзейнасць. У чым іх сутнасць?

— Дзеці, якія задзейнічаны ў праектах, працуюць па асобных адукацыйных маршрутах. Гэтыя маршруты яны складаюць разам з бацькамі і настаўнікам. Наш педагог-псіхолаг Лілія Канстанцінаўна Арлоўская праводзіла анкетаванне, вывучала, што цікавіць навучэнцаў. І ўжо на аснове ўсіх даных: інтарэсаў, здольнасцей дзіцяці, запытаў бацькоў, зацікаўленасці навучэнца — складаўся гэты маршрут. Нам было вельмі важна зразумець, што сам навучэнец хоча атрымаць ад удзелу ў праекце, якія веды імкнецца набыць, каб гэта дапамагло павысіць узровень яго ўласнай самаадукаванасці. Паколькі наш праект называецца “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”, то ўдзел у ім павінен у будучыні прывесці дзіця да той прафесіі, пра якую яно марыць. Зразумела, каб наблізіцца да сваёй мэты, гімназіст на паглыбленым узроўні вывучае тыя прадметы, якія яму неабходны для паступлення на выбраную спецыяльнасць. Займаюцца дзеці і на факультатывах, і на індывідуальных занятках з настаўнікам.
Псіхалагічнае даследаванне праводзіцца для таго, каб вызначыць першапачатковы ўзровень кампетэнцыі навучэнца. Удзельнічаць у даследаваннях, як правіла, дзеці павінны з 9 класа, але ў гімназіі такое ўзаемадзеянне пачынаецца з 8 класа. І гэта сапраўды важна — як мага раней выявіць, наколькі добра дзеці самі для сябе вырашылі, з якой прафесіяй ім хочацца звязаць сваю будучыню. Настаўнікі бачаць, якія здольнасці мае вучань. А гэта значыць, мы можам, калі навучэнец, напрыклад, не ўпэўнены ў сваім выбары, дапамагчы яму ў самым пачатку прыняць правільнае рашэнне і не дапусціць сур’ёзнай памылкі — выбраць не тую спецыяльнасць.

Калі гаварыць пра педагогаў, то, дзякуючы праекту, яны маглі вызначыць, на якім этапе прафесійнага самавызначэння знаходзіцца дзіця. І ўжо зыходзячы з гэтых даных, спланаваць далейшае развіццё навучэнца. Такім чынам, галоўная мэта настаўніка — зрабіць так, каб дзіця не нарабіла памылак у выбары прафесіі. Дарэчы, дзякуючы праекту, адбываецца развіццё навучэнца як асобы, развіццё яго пэўных кампетэнцый.

Важна, што ў праекце задзейнічаны не толькі настаўнікі, выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і педагог-псіхолаг, а таксама загадчык школьнай бібліятэкі. З нашымі навучэнцамі праводзяцца лекцыі, семінары, адбываецца выезд у шматлікія ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе дзеці могуць разабрацца з асаблівасцямі будучай прафесіі.

Адметнасцю праекта з’яўляецца тое, што ў ім задзейнічаны не ўсе дзеці. У нас выбраны кантрольная і экспертная групы, сутнасць якіх заключаецца ў тым, што з адной групай займаюцца нашы спецыялісты-выкладчыкі, а другая развіваецца самастойна. Праз пэўны час мы будзем параўноўваць гэтыя групы і ўбачым, ці ёсць эфект ад заняткаў. Будзе зразумела, наколькі важнай у такой сур’ёзнай дзейнасці з’яўляецца падтрымка спецыяліста.

— Як вы лічыце як кіраўнік, ці ёсць сэнс прымушаць настаўнікаў удзельнічаць у інавацыйных праектах, навуковых распрацоўках?

— Безумоўна, каб работа прыносіла поспех, педагог сам павінен быць зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Увогуле, далучаць настаўнікаў да работы ў інавацыйным праекце няпроста, таму што гэта патрабуе з боку самога настаўніка дадатковага і вялікага аб’ёму работы. А гэта значыць, што настаўнік павінен мець добраахвотнае жаданне атрымліваць новыя веды і развівацца ў выбраным кірунку разам са сваімі навучэнцамі. Адметнай рысай удзелу ў інавацыйным праекце з’яўляецца тое, што педагог на працягу года рыхтуе педагагічнае даследаванне. Напрыканцы навучальнага года даследаванне выносіцца на абмеркаванне. Разам з гэтым настаўнік выдае пэўную колькасць распрацовак заняткаў, на аснове якіх ён працаваў разам з дзецьмі на працягу навучальнага года. Дарэчы, важным з’яўляецца і тое, што настаўнік павінен весці дзённік, у якім дэталёва будуць распісаны і адлюстраваны праблемы і задачы, якія ставяцца перад навучэнцамі. У гэтым дакуменце павінны таксама быць і вывады наконт таго, ці былі дасягнуты пастаўленыя мэты і што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць выніковасць работы.

На лета навучэнцы атрымліваюць заданне ад свайго цьютара, і ўжо на пачатку верасня цьютары і цьютаранты збіраюцца і разам думаюць аб тым, якія праблемы яшчэ хацелася б вырашыць. На аснове гэтага складаюцца новыя адукацыйныя маршруты.

— Якія абавязкі, акрамя непасрэднага ўдзелу ў інавацыйных праектах, ускладваюцца на навучэнцаў, што вырашылі паспрабаваць сябе ў навуковым эксперыменце?

— Калі гаварыць пра навучэнцаў, кожны з удзельнікаў адукацыйнага маршруту складае сваё партфоліа, у якім апісвае не толькі мэты і задачы, пастаўленыя перад сабой. Партфоліа — гэта ўласная творчая скарбонка. Усе дзеці, якія прымаюць удзел у праекце, распрацоўваюць свае маршруты па розных прадметах. Супадзенняў няма. Некаму цікавая матэматыка, хтосьці аддаў перавагу чарчэнню. Карацей кажучы, дзеці робяць усвядомлены выбар.

Зараз ідзе другі этап праекта, а гэта значыць, што цяпер перад намі стаяць новыя мэты і задачы. Плануем, што праз год будзе сабраны ўвесь матэрыял адносна распрацоўкі педагагічных маршрутаў. Такая з’ява ў сістэме школьнай адукацыі, як педагагічны маршрут, для нашай краіны з’яўляецца пакуль што нечым нязведаным. А гэта значыць, што яшчэ адной задачай, якая стаіць перад намі, з’яўляецца распаўсюджванне інфармацыі наконт “пракладвання” гэтых маршрутаў.

У нашай гімназіі зацікаўленасць у рабоце над маршрутамі выказваюць і маладыя педагогі. Напрыклад, педагагічны экалагічны праект пад назвай “Фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў у працэсе вывучэння зместу прыродазнаўчанавуковых прадметаў” курыруюць педагогі прыродазнаўчанавуковага цыкла. Іх задача — развіваць у навучэнцаў экалагічную культуру. Адным з “рухавікоў” праекта з’яўляецца малады настаўнік фізікі Ягор Аляксеевіч Мандрык, які ў 2013 годзе заняў 2-е месца ў конкурсе “Настаўнік года”.

Яшчэ адной навуковай распрацоўкай, якая аказалася вартай увагі, стаў сацыяльны праект, распрацаваны маладой настаўніцай пачатковых класаў Юліяй Аляксандраўнай Несцярук. Гэты праект заняў 1-е месца ў Мінскай вобласці.

— Ірына Валер’еўна, выканання якіх задач вы як дырэктар патрабуеце ад свайго калектыву?

— Галоўная задача, якую павінен ставіць дырэктар перад сваім калектывам, — гэта захаванне якасці адукацыі, павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і ўдзел як педагогаў, так і навучэнцаў у інавацыях. Я ўпэўнена ў тым, што настаўнік усё жыццё павінен вучыцца і сам, а не толькі вучыць дзяцей. Усе навінкі адукацыі мы павінны падхопліваць і ўкараняць у нашай гімназіі. Мы ў сваім развіцці павінны быць заўсёды на крок наперадзе, чым школы. Увогуле, ад дырэктара заўсёды павінны гучаць новыя ідэі, ініцыятывы. І менавіта ад дырэктара залежыць, якая атмасфера будзе панаваць у калектыве. Любы кіраўнік, у падначаленні якога знаходзіцца многа людзей, павінен быць у першую чаргу чалавекам, а пасля ўжо кіраўніком. Усе спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць у калектыве, павінны вырашацца канструктыўна і без канфліктаў.

— Бацькі, збіраючыся аддаваць сваіх дзяцей у 1 клас, імкнуцца знайсці ідэальную ва ўсіх сэнсах установу адукацыі. Як вы лічыце, ці існуюць сёння ідэальныя школы?

— Любой установе адукацыі ёсць да чаго імкнуцца. Я лічу, што ні адна са школ, гімназій не можа быць ідэальнай. Таму што, калі назавёмся ідэальнымі, мы перастанем расці. А гэтага нельга дапускаць. Развівацца павінны і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Увогуле, ідэальная школа для кожнага свая. Для бацькоў яна адна, для дзяцей ідэал заключаецца зусім у іншым. А для настаўніка такога паняцця існаваць не павінна. Каб нечага дасягнуць і падняць сваю навучальную ўстанову вышэй за астатнія, трэба, безумоўна, імкнуцца да нейкага ідэалу, а, дайшоўшы да яго, крочыць далей, расці і памнажаць свой вопыт у выкладанні дысцыплін і выхаванні таленавітых і адораных навучэнцаў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3.

Шукае ключык да кожнага

Восеньскае сонейка азарае невялікі вучэбны кабінет на трэцім паверсе гімназіі № 3 Магілёва. 25 вучняў цалкам захоплены ўрокам роднай мовы — засяроджана выконваюць практыкаванне. Парушальнікаў дысцыпліны тут няма. А ўсё таму, што настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Іна Віктараўна Максімава ўмее зацікавіць прадметам кожнага навучэнца.

Настаўнічаць Іне Віктараўне хацелася з дзяцінства. Але склалася так, што, перш чым стаць педагогам, ёй давялося прайсці доўгі шлях прафесійных пошукаў. Адразу пасля школы яна прыслухалася да парады аб набыцці больш практычнай спецыяльнасці праграміста.

— У Беларуска-Расійскім універсітэце правучылася год. Аднак потым зразумела, што ўсё гэта не для мяне, — успамінае настаўніца.

Нейкі час Іна Максімава разважала аб прафесійным прызванні. У выніку — стала студэнткай-завочніцай цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова, вырашыўшы займацца тым, да чаго ляжыць душа. Дарэчы, да педагагічнай дзейнасці Іна Віктараўна прыступіла, не чакаючы атрымання дыплома. Ужо на 3 курсе ўніверсітэта стала працаваць настаўніцай у сярэдняй школе № 13 горада, быццам наганяючы страчаны на іншае час.

Парадаксальна, але свой першы навучальны год сённяшняя настаўніца беларускай мовы выкладала мову рускую.

— Па дыпломе я настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры. Спачатку думала менавіта рускую мову выкладаць, ды і іншых вакансій тады ў школе не было. Але потым сваё меркаванне змяніла і, як толькі з’явілася магчымасць, стала далучаць навучэнцаў да роднай мовы, — расказвае Іна Максімава.

13-ю гарадскую школу настаўніца і зараз успамінае з цеплынёй. Ды і як жа інакш, калі з гэтай навучальнай установай звязана яе станаўленне як прафесійнага настаўніка. Там былі выпрацаваны ўласныя прыёмы, падыходы да навучання.

За гады педагагічнай дзейнасці адукацыйныя методыкі Іна Віктараўна не раз мяняла і ўдасканальвала. Але яе галоўны педагагічны прынцып застаецца нязменным. Да ўсіх вучняў Іна Максімава стараецца адносіцца як да родных дзяцей. Акрамя ведаў, яна штодня дорыць навучэнцам любоў, дабрыню, шчырасць, усмешку. А яшчэ шукае свой ключык да кожнага вучня, фарміруе ў дзяцей упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. На яе думку, менавіта цёплыя, шчырыя адносіны, стварэнне ў навучанні сітуацыі поспеху забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.

— На занятках у Іны Віктараўны заўсёды цікава. А яшчэ яна вельмі ўважлівая настаўніца, дапамагае нам ва ўсім, таму і вучыцца ў яе атрымліваецца добра, — гавораць шасцікласнікі Насця Ірванцова, Аліна Шаршнёва і Павел Догель.

Урокі гэтай настаўніцы — сукупнасць індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходаў, сучасных адукацыйных методык і пошукавай актыўнасці. Заняткі ў Іны Максімавай праходзяць у форме дыялогу. Нярэдка яна праводзіць для вучняў і ўрокі-даследаванні, падчас якіх арганізоўвае навучанне так, каб дзеці маглі самастойна здабываць веды.

— Пры арганізацыі даследчай работы на ўроку ўлічваю ўзрост навучэнцаў. У 5—7 класах вучу дзяцей арыентавацца ў матэрыяле самастойна, выдзяляць галоўнае, ацэньваць і ставіць пытанні, крытычна мысліць. Пры рабоце з вучнямі 8—9 класаў удзяляю ўвагу выкананню самастойных даследаванняў і заданняў творчага характару, паглыбляю веды школьнікаў па методыцы работы і апрацоўцы вынікаў. Працуючы са старшакласнікамі, развіваю атрыманыя раней уменні. На гэтым этапе навучэнцы ўжо могуць самі выбіраць тэму даследавання, прапаноўваць гіпотэзы, рабіць вывады, рыхтаваць даклады, рэфераты. Увогуле, урокі-даследаванні дазваляюць не толькі павысіць цікавасць да прадмета, але і значна палепшыць эфектыўнасць і якасць навучання, — лічыць Іна Віктараўна.

Па магчымасці на сваіх занятках педагог выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі.

— Камп’ютарная падтрымка робіць урок не толькі больш засваяльным, але і больш займальным. Аднак важна не перастарацца, бо галоўнае ўсё ж слова, жывыя зносіны настаўніка і вучняў, — мяркуе Іна Максімава.

Іна Віктараўна імкнецца да таго, каб вучэбны працэс па мове і літаратуры быў узаемазвязаны. Падчас урокаў мовы дзеці вучацца валодаць словам, вучацца правільнай пастаноўцы гаворкі. А вось заняткі літаратурай для іх — гэта час, калі можна пагаварыць шчыра, выказаць свой пункт гледжання па розных пытаннях, адкрыта пагутарыць пра хвалюючае і важнае.

Са сваімі вучнямі настаўніца даволі часта сустракаецца і ў пазаўрочны час. У большасці — на пасяджэннях навуковага таварыства навучэнцаў, кіраўніком якога яна з’яўляецца.

— Асноўная мэта, якую мы ставім перад сабой у таварыстве, — стварэнне ўмоў для рэалізацыі творчых магчымасцей, самаадукацыі і самаразвіцця гімназістаў праз іх удзел у навукова-даследчай дзейнасці. Дэталёвае суправаджэнне педагогамі рознабаковых пачынанняў навучэнцаў прыводзіць іх да поспеху. Нашы дзеці рэгулярна становяцца пераможцамі рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных даследчых канферэнцый і конкурсаў, — адзначае Іна Максімава.

Значнае месца ў яе педагагічнай дзейнасці займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх гімназістаў, Іна Віктараўна ўсімі сіламі імкнецца развіць іх таленты.

— Разумеючы важнасць алімпіяднага руху, на працягу некалькіх гадоў вяду збор інфармацыі і аналіз алімпіядных заданняў, маю падрыхтоўчыя і трэніровачныя практыкаванні, літаратуру, даступную навучэнцам. На факультатыўных занятках сумесна з дзецьмі мы распрацавалі памяткі “Нормы беларускай літаратурнай мовы”, апорныя схемы па асноўных вучэбных раздзелах. На працягу многіх гадоў папулярызую сярод вучняў гульню-конкурс “Буслік”, якую можна лічыць першай прыступкай да ўдзелу ў алімпіядзе, — расказвае пра сістэму работы з таленавітымі навучэнцамі настаўніца.

Факультатывы, індывідуальныя заняткі, парады па самаадукацыі… Такая карпатлівая праца дае адпаведны вынік. За апошнія пяць гадоў Іна Максімава падрыхтавала 24 пераможцы розных, у тым ліку і заключнага, этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Выдатна праяўляюць сябе навучэнцы Іны Віктараўны і на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Усведамленне таго, што ў поспехах сённяшніх і былых вучняў ёсць і яе маленькая заслуга, прыносіць ёй галоўнае задавальненне ад педагагічнай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Жыццё ў рэжыме развіцця

У кожным ёсць прызванне да той ці іншай прафесіі. Галоўнае — своечасова пачуць голас сэрца і рушыць услед за сапраўды жаданым прафесійным шляхам. Менавіта так калісьці зрабіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Магілёва Алена Шахрай.

Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Віктараўна ў юнацтве выбрала не вагаючыся: перад вачыма быў прыклад многіх сваякоў. У іх сям’і педагогіка перадавалася ў спадчыну: настаўнічалі дзядуля, дзядзькі, цёткі.
— Магчыма, гэтая сямейная дынастыя прадвызначыла і мой лёс, бо яшчэ ў пачатковых класах я ўпэўнена гаварыла, што стану настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Чаму менавіта гэты профіль? Напэўна, адыграла ролю любоў да чытання, ды і школьныя педагогі па гэтым прадмеце ў мяне былі выдатныя, — успамінае Алена Шахрай.Нягледзячы на ўзрост, прынятае ў дзяцінстве рашэнне было ўсвядомленым, Алена матывавана, крок за крокам, ішла да сваёй мэты. Атрымаўшы запаветны дыплом, педагагічную дзейнасць Алена Віктараўна пачала ў сельскіх школах Магілёўскага раёна. А праз некаторы час трапіла ў сярэднюю школу № 36 горада, цяпер гарадскую гімназію № 1.
— Калектыў у нас быў добры, згуртаваны, маладым настаўнікам дапамагалі парадамі, метадычнымі падказкамі. У гэтай установе прайшло маё прафесійнае станаўленне, — расказвае Алена Шахрай.
На сённяшні дзень яе педагагічны стаж складае 34 гады. Большую частку працоўнага жыцця яна правяла ў школе. Быў толькі невялікі прамежак часу працоўнай дзейнасці ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі. Па словах суразмоўніцы, ён быў даволі плённым для самаразвіцця.
— Я пашырыла тэарэтычную базу ведаў, свой метадычны кругагляд. Але неймаверна цягнула назад у школу, таму, калі прапанавалі вакантнае месца намесніка дырэктара ў трэцяй гімназіі, пагадзілася адразу. Менавіта ў школе адчуваю сябе на сваім месцы, — адзначыла Алена Віктараўна.
Як намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце яна вялікую ўвагу ўдзяляе якаснай арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў, імкнецца ўводзіць у практыку работы калектыву перадавыя адукацыйныя тэндэнцыі.
— Калі вучыць па-старому, не выгадуеш нічога новага, — усміхаючыся, гаворыць Алена Шахрай. — Установа адукацыі павінна знаходзіцца ў пастаянным развіцці, укараняць у вучэбны працэс эфектыўныя інавацыі.
У трэцяй гімназіі перыядычна рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты. У мінулым годзе завяршыўся праект па ўкараненні мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў, распрацоўшчыкам і куратарам якога выступала Алена Віктараўна. Рэалізацыя праекта паспяхова паўплывала на дзейнасць гімназіі. Значна пашырылася інфармацыйна-адукацыйная прастора навучальнай установы, настаўнікі сталі больш актыўна выкарыстоўваць на занятках электронныя рэсурсы — усё гэта спрыяе павышэнню пазнавальнай актыўнасці вучняў.
Работа ў якасці намесніка дырэктара для Алены Шахрай першасная, але выкладанне яна не пакінула. Па-ранейшаму вядзе ўрокі рускай мовы і літаратуры ў старшакласнікаў. На яе думку, школа абавязана выхаваць з вучня развітую, адукаваную асобу, здольную арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Кіруючыся гэтым перакананнем, яна будуе кожны свой урок. Заняткі накіраваны на тое, каб зацікавіць навучэнцаў, абудзіць у іх творчую актыўнасць, накіраваць на самастойны пошук ведаў.
— Паспяховы ўрок той, на якім настаўніка чуваць мала, а дзяцей — многа, — лічыць Алена Віктараўна.
І сапраўды, на яе ўроках дзеці працуюць, думаюць, параўноўваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы. Цікава, што заняткі па мове і заняткі па літаратуры ў Алены Шахрай адрозніваюцца па выкладчыцкім стылі.
У вывучэнні мовы, на яе думку, не можа быць імправізацыі. Тут усё лагічна, абгрунтавана, як у матэматыцы. Правілы такія, а не іншыя. На ўроках літаратуры ўсё інакш. Урокі літаратуры накіраваны на фарміраванне духоўных якасцей навучэнцаў, таму Алена Віктараўна імкнецца не зводзіць іх да простага абмеркавання прачытанага.
— У наш час вялікае значэнне для дзяцей мае візуалізацыя, таму я актыўна выкарыстоўваю на ўроках электронныя рэсурсы. Часта знаёмлю вучняў з фрагментамі вядомых экранізацый літаратурных твораў. Відэафрагмент вядзе вучняў да аўтарскага тэксту. Словы пачынаюць гучаць і становяцца больш глыбокімі, выразнымі. Узрастае і іх уздзеянне на розум і сэрца навучэнцаў, — кажа педагог.
Алена Шахрай пастаянна ў клопатах і справах: то рыхтуецца да ўласных заняткаў, то вырашае арганізацыйныя пытанні вучэбнага працэсу гімназіі ў цэлым. Нягледзячы на вялікую занятасць, яна знаходзіць час яшчэ і для работы з адоранымі навучэнцамі. Яе вучні пастаянна выходзяць у прызёры другога і трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове, літаратуры. Не забывае педагог і аб самаадукацыі. Паводле яе слоў, поспех прыходзіць тады, калі ў рэжыме развіцця знаходзіцца не толькі ўстанова адукацыі, але і самі настаўнікі. Скарыўшы адну вяршыню, неабходна імкнуцца да наступнай, асвойваць новыя веды, навыкі.
…Кажуць, у добрага педагога абавязкова ёсць вучні, якія таксама выбралі настаўніцкую сцежку. У Алены Віктараўны такіх вучняў мноства. Большасць з іх ужо адбыліся як педагогі, некаторыя займаюць кіруючыя пасады. Ды і яе ўласныя дзеці пайшлі ў педагогіку: і сын, і дачка працуюць у сферы адукацыі. Але нават выпускнікі, якія выбралі прафесію, далёкую ад настаўніцкай, не забываюць свайго выкладчыка. На яе думку, лепшай узнагароды для педагога і быць не можа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Дзяцей можна вучыць без двоек

1995-11-04 Дзяцей можна вучыць без двоек

Гімназія № 3 Баранавіч была створана на базе сярэдняй школы № 6 у 1992 годзе. На працягу агульнай 40-гадовай гісторыі навучальная ўстанова заўсёды знаходзілася на адукацыйным пульсе часу. Большасцю дасягненняў гімназія абавязана таленавітаму педагагічнаму калектыву на чале з дырэктарам Уладзімірам Мікалаевічам Разумовічам, які кіраваў ім 35 гадоў і толькі нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак.

Перш чым звярнуцца непасрэдна да публікацыі 20-гадовай даўнасці ў “Настаўніцкай газеце”, варта ўважліва прасачыць развіццё навучальнай установы за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. У 1975 годзе школа становіцца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па выкарыстанні тэхнічных сродкаў навучання і ўкараненні замкнёнай сістэмы тэлебачання. У 1976 годзе — першай установай у краіне, дзе была ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кіравання па кантролі за ведамі вучняў. У 1978 годзе яна становіцца апорнай у БССР па пытаннях удасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу. У 1982 годзе на базе ўстановы адкрываюцца педагагічныя класы па падрыхтоўцы выхавальнікаў для дзіцячых садкоў. У 1985 годзе ў школе ствараюцца апорныя класы з практычным прымяненнем мікракалькулятараў на ўроках. У 1986 годзе ва ўстанове ствараюцца кабінет працоўнага навучання для вучняў пачатковых класаў (адзіны ў краіне) і ўнікальная астранамічная абсерваторыя. У 1987 годзе адкрываюцца эсперыментальныя матэматычныя спецкласы, распрацоўваецца сістэма ўнутранай дыферэнцыяцыі. У 1992 годзе школа становіцца экалагічнай гімназіяй. У 95-м у гімназіі ўкараняецца новая тэхналогія Дальтон-план. У 1997 годзе ўстанова ўваходзіць у лік 500 школ Еўропы ў Міжнародным конкурсе пад эгідай ЮНЕСКА з даследчай работай “Экалагічна напружаныя зоны Баранавіч, уплыў аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе”. У 1998 годзе ў гімназіі праводзіцца І Рэспубліканская канферэнцыя “Навакольнае асяроддзе, крыніца энергіі, развіццё і пераемнасць — глабальная задача ХХІ стагоддзя”. У 2010 годзе на базе гімназіі адкрываецца апорная пляцоўка па ўкараненні прынцыпу “роўны вучыць роўнага”. На працягу некалькіх гадоў выхаванцы навучальнай установы з’яўляліся чэмпіёнамі горада па хакеі з шайбай, шахматах сярод школьнікаў і баскетболе, чэмпіёнамі горада і вобласці ў спаборніцтвах па ваенізаванай гульні “Арляня”. Сярод гімназістаў шмат спартсменаў, пераможцаў розных навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд і творчых конкурсаў. І на гэтым пералік дасягненняў педагогаў і вучняў не заканчваецца.

— Уладзімір Мікалаевіч, чым абумоўлена такое насычанае жыццё навучальнай установы і выбар экалагічнага напрамку ў яе развіцці?
— Кожны кіраўнік навучальнай установы ведае, што поспех яе работы залежыць ад таго, наколькі паспяховымі будуць настаўнікі. Задача кіраўніка — стварыць належныя ўмовы для паспяховай работы ўсіх педагогаў. Да гэтага я імкнуўся заўсёды. Настаўнікі гэта адчувалі і адказвалі выдатнай работай.
разумовичУ гімназіі існуе адладжаная сістэма стымулявання працы — і маральная, і матэрыяльная. Адміністрацыя ўстановы ніколі не засякала час, колькі адседзеў ці павінен адседзець настаўнік у гімназіі, калі работа ўжо зроблена. Педагогі не сядзелі па 3—4 гадзіны на педсаветах і пасяджэннях. Усё рабілася аператыўна і па-дзелавому.
Калі настаўнік мог адпачываць, то адпачываў. У гімназіі заўсёды цаніліся і праца настаўніка, і яго адпачынак. Прэміі назначаў дырэктар з намеснікамі, а не бухгалтэрыя па прынцыпе “ўсім пароўну”. Грошы, канечне, былі не вельмі вялікія, але ўсе прафесійныя дасягненні педагогаў абавязкова заўважаліся і аплачваліся. Даволі часта памер прэміяльных выплат у настаўнікаў перавышаў іх заработную плату.
Да экалагічнага напрамку работы гімназіі звярнуліся пасля доўгіх пошукаў настаўніцкага калектыву таго, як дайсці да душы і сэрца кожнага вучня. Педагогі паспяхова вучылі дзяцей формулам, правілам і навуковым фактам, а вось улюбіць вучняў у навакольнае асяроддзе і чалавека было істотнай праблемай. Вырашыць яе было прынята праз прыроду. Так узніклі экалагічныя класы, а ўстанова набыла экалагічны профіль, дарэчы, першая ў краіне. Настаўнікі распрацавалі вучэбныя дадаткі па сваіх прадметах з экалагічным ухілам, прычым так, каб, не павялічыўшы і без таго вялікую вучэбную праграму, напоўніць кожны ўрок тэмай любові да прыроды, Радзімы, чалавека.

Не кожны кіраўнік можа стварыць узорную школу і паспяхова павесці за сабой калектыў на штурм адукацыйных барыкад. Як стварыць адметную ўстанову і запаліць педагогаў цікавымі ідэямі?
— Сапраўднага поспеху ў рабоце можа дасягнуць толькі калектыў аднадумцаў. У навучальнай установе павінен адчувацца карпаратыўны дух, прычым штодзень, а не па святах. І адчуваць яго павінен не толькі кіраўнік, але і педагогі, вучні і іх бацькі.
У настаўніцкай размяшчаўся толькі план работы на тыдзень і тэрміновыя аб’явы. Ніводнай лішняй паперкі, ніводнай крыўднай заўвагі настаўнікі ніколі не бачылі і не чулі. А вось нешта новае і цікавае заўсёды абмяркоўвалася. І тут вялікую ролю адыгрывае кіраўнік, задача якога — заўважыць настаўніка, які першы зацікавіўся пачутым, якому захацелася паехаць у камандзіроўку, на курсы павышэння кваліфікацыі, пайсці на семінар, купіць нешта нестандартнае, каб потым гэта паспрабаваць, укараніць, дасягнуць лепшых вынікаў. Менавіта таму педагогі авалодалі найлепшай, на маю думку, тэхналогіяй Дальтон-план, пабудавалі ўнікальную па сваёй канструкцыі астранамічную абсерваторыю і паспяхова пачалі рэалізоўваць нікім не паўтораны загад аб тым, як і калі непажадана ставіць вучню адзнакі 1, 2 і 3.

За вашымі плячыма не толькі вялікі педагагічны, але і жыццёвы вопыт. Вы бачылі не адно пакаленне настаўнікаў, займаліся практычным вырашэннем розных праблем, якія стаялі перад айчыннай сістэмай адукацыі. Чым адрозніваецца школа тых жа 80-х гадоў мінулага стагоддзя ад сённяшняй? Ці моцна змяніліся педагогі ў прафесійным плане, чаго ім не хапае?
— Па-добраму здзіўляе хуткасць пераўтварэння знакамітых тэхнічных сродкаў навучання ў сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. За гэтай хуткасцю не заўсёды паспяваюць настаўнікі. Каб не выглядаць камічна перад вучнямі, трэба ісці ў нагу з часам.
Сучасны настаўнік павінен добра арыентавацца ў вялікім калейдаскопе методык. Валодаць неабходна ўсімі, а выбраць найлепшую. А галоўнае — трэба найперш любіць дзяцей і сваю работу.
Найбольш запомніліся “перабудовачныя” і 90-я гады. Былі негатыўныя моманты, але творчы парыў, якім была ахоплена тагачасная беларуская школа, адчуваў кожны настаўнік і кіраўнік. У той час і з’явіліся сённяшнія гімназii і ліцэі. Была распрацавана сістэма ўнутранай дыферэнцыяцыі і пакладзены пачатак профільнаму навучанню.
Калі параўноўваць педагогаў 80-х, 90-х і 2000-х гадоў, то, па маіх назіраннях, у прафесійным плане яны амаль не змяніліся. Мяняліся ўмовы работы, узнікалі новыя задачы, але прафесійны ўзровень настаўнікаў не зніжаўся.

— Якія праблемы з’яўляюцца найбольш актуальнымі для сучаснай школы і ў якім напрамку, па-вашаму, яна павінна рухацца?
— Сучаснай школе неабходны моцныя кадры. І за іх трэба змагацца. Настаўніцкая прафесія падабаецца да таго часу, пакуль малады чалавек не пачынае разумець, што павінен ведаць і ўмець рабіць педагог, якому за гэта не так ужо і шмат плацяць. Таму трэба смела ісці на натуральнае пазбаўленне школы ад усяго лішняга, што ніякім чынам не ўплывае на вучэбна-выхаваўчы працэс.
Прыкладам для назірання і нават капіравання лепшых педагагічных момантаў можа служыць эфектыўная дзейнасць рэпетытараў. Без прафесіяналізму ў педагогіцы рабіць няма чаго. Гэта вельмі важна для будучыні краіны, за гэта нашчадкі скажуць нам вялікі дзякуй.
І яшчэ. Лічу, што разам з вяртаннем профільнага навучання варта вярнуцца і да профільных навучальных устаноў — экалагічных, мастацкіх, лінгвістычных гімназій і г.д.

— Чаго, на вашу думку, не хапае сённяшнім кіраўнікам?
— Кіраўнікоў неабходна рыхтаваць мэтанакіравана. Добра, калі дырэктарамі школ становяцца лепшыя настаўнікі, калі існуе рэзерв кіраўніцкіх кадраў. Але нядаўна прызначаныя кіраўнікі трацяць шмат часу на авалоданне практычнымі ўменнямі кіраўніцкай дзейнасці. Гэта ў сучасных умовах недаравальная раскоша. У 80-я гады мінулага стагоддзя пры тагачасным Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага існаваў факультэт павышэння кваліфікацыі дырэктараў сярэдніх школ, які з’яўляўся выдатнай кузняй кіраўніцкіх кадраў.
Трэба прызнаць, што нават вопытным кіраўнікам сёння не хапае пэўнай свабоды ў дзейнасці. Кіраўнікі не могуць уплываць на развіццё сістэмы адукацыі краіны. Усё настолькі распісана за іх, што складваецца ўражанне, нібыта думаць увогуле не абавязкова. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Так, часопіс “Дырэктар школы, гімназіі, ліцэя”, створаны некалькі гадоў назад, вучыць кіраўнікоў выконваць інструкцыі. Выканаў — і ты лепшы. А дзе настаўнікі, вучні, іх бацькі?
У ідэале кожны дырэктар школы ці хаця б гімназіі/ліцэя павінен абавязкова прайсці праз аспірантуру і мець вучоную ступень кандыдата педагагічных/псіхалагічных навук.

— Звяртаючыся да публікацыі ў “Настаўніцкай газеце”, хочацца спытаць: “Якая ж сістэма ацэньвання лепшая — 5-, 10-бальная ці нейкая яшчэ?”
— Справа не ў сістэме ацэньвання, а ў тым, як вучыць, каб ні ў адной сістэме ацэньвання не было дрэнных адзнак. Ніхто не хоча прымаць на вучобу і работу троечнікаў, ніхто не хоча ісці на прыём да доктара- троечніка, аддаваць дзіця настаўніку-троечніку. Ад таго, колькі троечнікаў застанецца ў краіне, і залежыць наша будучыня.

— Ці прытрымліваецеся вы па-ранейшаму думкі, што дзяцей можна вучыць без “двоек”, “адзінак”, “нулёў”? Наколькі жыццяздольным, даўгавечным і апраўданым аказалася псіхолага-педагагічнае вынаходства педагогаў гімназіі па ўстрыманні ад выстаўлення нездавальняючых адзнак вучням?
— Педагогі гімназii рабілі першыя крокі на шляху навучання без нездавальняючых адзнак. Наша вынаходства з часам трансфармавалася ў 10-бальную сістэму ацэньвання, дзе, як вядома, нездавальняючых адзнак ужо няма. Ёсць нізкія (іх лічаць дрэннымі), але не нездавальняючыя. І сёння я ўпэўнены, што вучыць і выхоўваць дзяцей неабходна без “двоек”, “адзінак”, “нулёў”. І гэта цалкам магчыма.

— Існуе меркаванне, што дрэнная (нізкая) адзнака вучня — гэта найперш паказчык непрафесійнасці настаўніка? Ці згодны вы з гэтым?
— Безумоўна. Дастаткова зазірнуць на ўрок да настаўніка-прафесіянала. Мы там не знойдзем дрэнных адзнак.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

У гонар зямлячкі

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў гімназіі № 3 Гродна адбылася знамянальная падзея — адкрыццё музея Баявой Славы.

Наша гімназія знаходзіцца на вуліцы Вольгі Соламавай. У далёкім 1975 годзе ў двары тады яшчэ сярэдняй школы № 19 быў усталяваны бюст Вольгі Соламавай, пасаджаны яблыневы сад і бярозавая алея. Гэта была вялікая сумесная справа настаўнікаў, вучняў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў гонар зямлячкі, якая падчас вайны з’яўлялася сакратаром Гродзенскага падпольнага камітэта камсамола.
Па рашэнні педагагічнага калектыву 23 лютага 1982 года быў адкрыты пакой Баявой Славы. Вялікую дапамогу ў яго стварэнні аказалі брат і сястра Вольгі Іосіфаўны — Міхаіл і Ларыса Соламавы, ветэраны, якія жылі ў мікрараёне. Збіралі экспанаты вучні, бацькі, настаўнікі.
У 2005 годзе адкрыўся абноўлены пакой, дзе на стэндах былі адлюстраваны асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, матэрыялы аб героях-пагранічніках, Гродзенскім падполлі, жыцці і подзвігу В.Соламавай, ветэранах мікрараёна. Не была забыта і вайна ў Афганістане. Вучань нашай гімназіі Валерый Бараноўскі загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак.
Музейны пакой стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання. На яго базе працуе клуб “Памяць”, лектарская група, праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прыём у піянеры, урокі мужнасці.
Традыцыйна 19 мая ў нашай гімназіі праводзіцца мітынг “Рэквіем Вольгі Соламавай”, дзе выказваецца пашана ўсім, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Членамі патрыятычнага клуба “Памяць” створаны інтэрактыўны музей. Вучні пабывалі на радзіме Вольгі Соламавай, месцы яе гібелі і на аснове сабраных матэрыялаў стварылі фільм. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі аформлены стэнды: “Маршалы Перамогі” і “Ордэны і медалі Вялікай Айчыннай вайны”. У музейным пакоі шмат экспанатаў: асабістыя рэчы сем’яў Соламавай і Бараноўскага, медалі, пасведчанні, кнігі, дакументы, фотаздымкі, партызанскія газеты, фрагменты некаторых прадметаў (каскі, гільзы, пляшкі, бінокль і інш.).
Вялікая пошукавая работа на працягу больш чым 30 гадоў прывяла да знакавай падзеі: мы ўрачыста адкрылі музей Баявой Славы. У ім 108 экспанатаў, сярод якіх з’явіліся ўзнагародныя пісьмы, салдацкія лісты, медалі.
На свята было запрошана шмат гасцей: старшыня Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Феадосьевіч Цюцюннік, намеснік старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Вячаслаў Яфімавіч Сакалоў, вэтэраны Мікалай Назаравіч Кручкоў і былы настаўнік гімназіі, адзін са стваральнікаў музея Міхаіл Рыгоравіч Удзінцаў. На адкрыцці музея выступіла дырэктар гімназіі Вольга Сяргееўна Лышова. Быў паказаны відэафільм пра Вольгу Соламаву. Са словам да ветэранаў “Мы помнім, нішто не забыта” выступіў актыў піянерскай дружыны.
Музей будзе папаўняцца новымі экспанатамі, таму што галоўная яго задача — сфарміраваць у гімназістаў веды пра вайну, мір, Айчыну, абавязак, справядлівасць, адказнасць за сябе і за лёс сваёй краіны. У гімназіі падрыхтавана група лектараў, якія будуць працаваць у іншых школах.

Лідзія ЭЙСМАНТ,
настаўніца гісторыі, кіраўнік школьнага музея гімназіі № 3 Гродна.