Выхоўваць душы, непрыступныя для заган

— Іаан Златавуст казаў: “Добрае выхаванне не ў тым, каб спачатку даць магчымасць развіцца заганам, а потым з імі змагацца. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць душу дзіцяці непрыступнай для заган”, — гаворыць настаўніца гісторыі Н.М.Алесік з гімназіі № 4 Брэста. — Маральнае выхаванне моладзі — адно з найбольш актуальных пытанняў у сучасным свеце. Сёння вельмі адчуваецца адарванасць чалавека ад каранёў, без чаго губляецца пачуццё Бацькаўшчыны. Дзеці адкрыты для негатыўнага ўплыву агрэсіўнай масавай культуры, якая разбурае іх асобу. Таму школа павінна выхоўваць вучняў з развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Выхоўваць так, каб кожнае дзіця адрознівала дабро ад зла і магло зрабіць правільны маральны выбар.

Н.М.Алесік лічыць, што важнае месца ў духоўным выхаванні вучняў займаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, звычаі і культура беларускага народа. Праваслаўе, якое з’яўляецца гісторыка-, культура- і сэнсаўтваральным элементам нашага жыцця, адыграла вялікую ролю ў станаўленні дзяржавы і грамадства, сям’і і чалавека, духоўнасці, культуры і выхавання. Сёння надзвычай востра адчуваецца патрэба ва ўроках дабрыні ў школах, таму ўстановы адукацыі актыўна супрацоўнічаюць з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У кожнай школе задачы духоўнага выхавання рэалізоўваюцца па-рознаму. З 2014 года ў гімназіі № 4 Брэста па ініцыятыве дырэктара А.В.Шкулепа ажыццяўляецца праект духоўна-эстэтычнага выхавання падлеткаў “Лапікі”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніцы гісторыі Л.А.Сцепанюк і Н.М.Алесік. Галоўная ідэя праекта — фарміраванне духоўнай бяспекі ў вучняў, паколькі менавіта духоўна неакрэплыя дарослыя і дзеці трапляюць у розныя секты, акультныя аб’яднанні, губляюць сэнс жыцця, становяцца падуладнымі суіцыдальным паводзінам і трапляюць у наркатычную залежнасць.

— Праект цесна звязаны з гісторыяй, літаратурай, грамадазнаўствам і іншымі школьнымі прадметамі і музычнымі дысцыплінамі дадатковай адукацыі, якія выкладаюцца ў гімназіі, — расказвае Н.М.Алесік. — У рамках праекта педагогі выхоўваюць у вучняў духоўнасць, абуджаюць у іх эстэтычныя і рэлігійныя пачуцці, якія грунтуюцца на нормах традыцыйнай маралі і праваслаўнай культуры.

Назву праекта падказала дзіцячая казка-прытча “Лапікавая коўдра” пра садоўніка, які змог ахінуць чароўнай коўдрай дзівосны сад. У якасці лапікаў для коўдры ён выкарыстаў цеплыню чалавечых душ, якую ахвяравалі жыхары чароўнага горада. Кожны з іх згадзіўся ста ць маленькім лапікам для вялікай коўдры, каб выратаваць сад. Чароўная коўдра — гэта метафара ўсіх дзіцячых сэрцаў.

У праекце ўдзельнічаюць вучні 5—8 класаў. Аўтары спадзяюцца, што праз гісторыю, спалучаную з сучаснасцю, падлеткі правільна сфарміруюць свае адносіны да сябе, сям’і, навакольнага свету, Радзімы, духоўных святынь і роднай прыроды.

У рамках праекта праводзяцца розныя мерапрыемствы: тэматычныя гутаркі, літаратурныя пастаноўкі і круглыя сталы з тэарэтычным знаёмствам з гісторыяй праваслаўя (відэафільмы, царкоўныя песнапенні, творы царкоўнага іканапісу і літаратуры). Аўтары праекта імкнуцца актывізаваць дзейнасць вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў прыкладнога характару (выраб “Чароўнай коўдры добрых спраў” і падарункаў для мам сваімі рукамі).

— Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва педагогаў і падлеткаў са святарамі, з нядзельнымі школамі гарадскіх і прыходскіх храмаў, — гаворыць Н.М.Алесік. — Так, вучні пабывалі ў нядзельнай школе Уздзвіжанскага храма ў Высокім Камянецкага раёна, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю вакальнай студыі, якая існуе там шмат гадоў пад кіраўніцтвам настаяцеля храма айца Анатоля Медзведзюка. З вялікім інтарэсам і задавальненнем падлеткі наведваюць духоўныя святыні Беларусі.

Адным з новых напрамкаў праекта ў бягучым навучальным годзе стала дабрачынная дзейнасць, якая рэалізоўваецца ў форме супрацоўніцтва з дзіцячым домам сямейнага тыпу і раённымі ЦКРНіР Брэста “Тонус” і “Веда”. Акрамя таго, педагогі пашыраюць веды вучняў пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Софію Слуцкую, Ульяну Гальшанскую і Сімяона Полацкага. У планах — экскурсія на Полаччыну і Тураўшчыну. Настаўнікі ўпэўнены, што каменныя крыжы Тураўшчыны, Спаса-Ефрасіннеўская царква і Сафійскі сабор не пакінуць раўнадушнымі выхаванцаў.

— Добрае выхаванне надзейна ахоўвае чалавека ад тых, хто дрэнна выхаваны, — адзначае Н.М.Алесік.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Моладзь памятае і шануе

“Подзвіг 4-й пагранічнай заставы 86-га Аўгустоўскага пагранатрада пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Феадосія Кірычэнкі” — менавіта гэты даклад навучэнкі гродзенскай гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Таццяны Унясіхінай адкрываў работу секцыі “Абарона Беларусі” на ваенна-патрыятычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў. Год 1941”, што прайшла ў гімназіі № 4 Гродна.

Удзел у канферэнцыі прынялі школьнікі Гродна, курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, студэнты Гро­дзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Старшыня арганізацыйнага камітэта прафесар кафедры айчыннай гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы Валерый Чарапіца, вітаючы юных даследчыкаў, адзначыў вялікую важнасць аб’ектыўнага вывучэння ваеннай гісторыі і тое, што маладое пакаленне ўносіць свой уклад у захаванне памяці аб гераічным мінулым краіны.

Адзін з арганізатараў канферэнцыі, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі гімназіі № 4, палкоўнік Аляксандр Радзівонаў расказаў, што навучэнцы з захапленнем паставіліся да прапановы прыняць удзел у даследаваннях аб вайне, асабліва іх цікавілі падзеі, якія адбываліся на Гродзеншчыне. У выніку гімназісты прадставілі 10 дакладаў. Была падрыхтавана выстава літаратуры і плакатаў аб вайне. Навучэнцы таксама запісалі расказы сваіх родных аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і прадставілі гэтыя аповеды ў выглядзе вялікіх паштовак з фотаздымкамі.

Удзельнікаў канферэнцыі віталі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Абялеўскі, дырэктар гімназіі № 4 Аляксандр Кулевіч. Дырэктар музея гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Сытых прадставіў відэафільмы аб удзельніках вайны і перапахаванні астанкаў воінаў, якія загінулі ў першыя дні вайны ў Гродне.

Работа мерапрыемства праходзіла ў секцыях “Абарона Беларусі”, “Арганізацыя партызанскага руху ў Беларусі”, “Мая сям’я ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Бітва пад Масквой”, “Імёны палкаводцаў у гісторыі Гродна”.

Арганізатары канферэнцыі плануюць правесці яе і ў наступным го­дзе. Гэта будзе працяг даследаванняў з ухілам на падзеі 1942 года. Такім чынам будуць даследавацца ўсе перыя­ды Вялікай Айчыннай вайны, каб моладзь захавала памяць аб іх і аддала даніну павагі героям.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

У школе на сваім месцы

Кожны чалавек імкнецца знайсці сябе ў прафесійным жыцці. Аднак далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Магілёва Вольга Бегунова-Гальцова з гэтай задачай справілася: знайшла прафесійнае прызванне і сёння з упэўненасцю гаворыць, што менавіта ў школе, побач з вучнямі, яна на сваім месцы.

У свае школьныя гады Вольга Мікалаеўна была выдатніцай, удзельнічала ў алімпіядным руху. Перад здольнай выпускніцай былі адкрыты дзверы многіх ВНУ. Але яна свядома выбрала філалагічны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова, вырашыўшы стаць настаўніцай.

— Пэўную ролю ў гэтым выбары адыграла мая асаблівая схільнасць да моў. А яшчэ — жаданне не проста самой вывучаць філалогію, але і раскрываць яе сакрэты іншым, — гаворыць Вольга Бегунова-Гальцова.

Пара студэнцтва праляцела для яе незаўважна. Вольга Мікалаеўна актыўна праяўляла сябе ў грамадскім жыцці ўніверсітэта. Захапляла яе і вучоба. Прычым настолькі, што запаветны дыплом яна атрымала з адзнакай. Таленавітай дзяўчыне прапаноўвалі застацца выкладаць на адпаведнай універсітэцкай кафедры, але яе нястрымна цягнула ў школу.

Па размеркаванні ўчарашняя студэнтка-выдатніца трапіла ў гімназію № 4 горада. У гэтай установе і стала рэалізоўваць сябе як педагог. Свой самы першы ўрок зараз яна ўспамінае з усмешкай, бо калі восем гадоў назад упершыню зайшла ў вучэбны кабінет у якасці настаўніка, то не на жарт расхвалявалася.

— Захапіць вывучэннем рускай мовы мне трэба было адзінаццацікласнікаў, таму спачатку прысутнічала пэўнае хваляванне. Перажывала, а раптам з-за невялікай розніцы ва ўзросце не змагу заваяваць у класе неабходны аўтарытэт. Але ўсе страхі аказаліся марнымі, да дзяцей удалося знайсці падыход. Не без складанасцей, але справілася і з тым, каб зацікавіць іх прадметам, — адзначае малады спецыяліст Вольга Мікалаеўна. Яна здзіўляла старэйшых калег сваім непераадольным імкненнем да павышэння прафесійнага ўзроўню. Настаўніца перыядычна наведвала ўрокі ўсіх педагогаў гімназіі, не саромелася звяртацца да дасведчаных выкладчыкаў па дапамогу і параду, старанна вывучала перадавыя адукацыйныя тэхналогіі, старалася прымяняць іх на сваіх занятках. Такое імкненне да адточвання педагагічнага майстэрства не прайшло бясследна. Сёння за плячыма Вольгі Бегуновай-Гальцовай усяго восем гадоў працоўнага стажу, але яна ўжо мае першую кваліфікацыйную катэгорыю і ў найбліжэйшы час плануе атэставацца на вышэйшую. У гімназіі яе лічаць педагогам, які цалкам прафесійна адбыўся.

Шляхам пастаянных пошукаў маладая настаўніца выпрацавала ўласныя методыкі выкладання. Галоўны прынцып, якога прытрымліваецца Вольга Мікалаеўна: не быць для вучняў толькі ўрокадаўцам. На сваіх занятках яна імкнецца рабіць працэс навучання займальным і асобасна арыентаваным. Важным фактарам лічыць наладжванне кантакту, узаемадзеяння з вучнямі. Для эфектыўнага засваення ведаў у кожным класе прымяняе розныя метады работы. Так, у сярэднім звяне робіць упор на выкарыстанне ў структуры ўрокаў гульнявых форм. Старшакласнікаў больш матывуе на самастойную дзейнасць, ставіць перад імі праблемы, вызначае тэмы для даследаванняў. Падчас урокаў Вольга Бегунова-Гальцова таксама даволі часта прымяняе інтэрактыўныя метады, прынцып актыўнай адзнакі. Цікавай асаблівасцю з’яўляюцца гутаркі, якія настаўніца вядзе з дзецьмі ў іх сшытках.

— Правяраючы сшыткі, я заўжды пакідаю ў іх кароткія паведамленні-каментарыі для вучняў, у якіх тлумачу памылкі, стымулюю да паглыблення ведаў. Як паказвае практыка, такая перапіска — дзейсны спосаб матывацыі да вучобы, — гаворыць Вольга Мікалаеўна.

Творча падыходзіць яна і да арганізацыі заняткаў па літаратуры. Рознымі спосабамі падае творы такім чынам, каб вучням хацелася іх прачытаць. На ўроках педагог падштурхоўвае дзяцей да дыялогу, дыскусіі, разважанняў, каб вучні не проста запомнілі прачытанае, а зрабілі для сябе пэўныя высновы.

Разнастайнасць педагагічных методык у сукупнасці з уменнем Вольгі Мікалаеўны знаходзіць падыход да дзяцей прыносіць адпаведны вынік. У яе класах назіраецца досыць высокая паспяховасць, яе навучэнцы дэманструюць нядрэнныя паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Вельмі плённа працуе Вольга Бегунова-Гальцова і з адоранымі дзецьмі. У гэтым плане яна не гоніцца за паказчыкамі, а проста прыкладае ўсе свае педагагічныя намаганні, каб дапамагчы раскрыцца здольнасцям навучэнцаў. І ў большасці выпадкаў ёй гэта ўдаецца, пра што найлепшым чынам гавораць поспехі гімназістаў на розных алімпіядах і конкурсах. Толькі за апошнія два гады вучні Вольгі Мікалаеўны заваявалі шматлікія прызавыя дыпломы на абласным конкурсе работ даследчага характару, конкурсе работ для маладых журналістаў “Залатое пяро Беларусі”, заключных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы.

Добрасумленная праца Вольгі Бегуновай-Гальцовай неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але асабістыя дасягненні ў яе педагагічнай дзейнасці не самамэта. Яна скіравана на далейшае прафесійнае ўдасканаленне, каб даваць сваім любімым вучням яшчэ больш якасныя і трывалыя веды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Статусны прадмет

Усё пачынаецца са школы, а ў ёй — з настаўніка. Прапісная ісціна, да якой хочацца вяртацца зноў і зноў, бо яна па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай. Сёння хачу звярнуцца да асобы настаўніка працоўнага навучання, дзейнасць якога не проста запатрабавана, а мае сацыяльнае значэнне. Урокі працоўнага навучання набліжаюць дзіця да рэальнага побытавага жыцця, дзе ўменне нешта рабіць сваімі рукамі цэніцца высока.

Насамрэч, гэта частка статусу — як агульначалавечага, так мужчынскага і жаночага. І настаўнікі працоўнага навучання вельмі ўплываюць на гэты статус, нават фарміруюць яго, асабліва калі самі педагогі таксама статусныя — валодаюць не толькі праграмнымі ўменнямі і навыкамі, але могуць і жадаюць выходзіць далёка за іх межы.

Святлана Уладзіміраўна Хворык з гімназіі № 4 Баранавіч якраз з такіх. Яе ўрокі абслуговай працы (тэхналогіі) з’яўляюцца стартавай пляцоўкай для развіцця як ужо наяўных творчых здольнасцей, так і выяўлення тых таленавітых вучняў, якія могуць у далейшым рэалізоўваць свае ідэі, выконваючы пры гэтым творчыя праекты ў розных тэхніках.

— Усё пачынаецца з урока. Для мяне ўрок — гэта крыніца. Крыніца ведаў, практычных уменняў, якія павінны перарасці ва ўстойлівую цікавасць і патрэбу не толькі сузіраць прыгожае, зробленае чужымі рукамі, але і самому ствараць такое ж прыгожае.

У першую чаргу неабходна развіць устойлівую цікавасць да той працы, той тэмы, якую выконваюць або вывучаюць на ўроку мае вучаніцы. Як гэта зрабіць? Складанасць заключаецца ў тым, што прадмет не з’яўляецца адным з асноўных дысцыплін, дзе трэба здаваць экзамен ці ЦТ. Але адказ просты: прыклад настаўніка, прыклад старэйшых вучаніц, іх дасягненні як адзінай каманды. Без навуковага падыходу, без выкарыстання сучасных педагагічных тэхналогій вельмі складана выкласці ўвесь матэрыял (а ён досыць аб’ёмны), асабліва калі рыхтуешся да алімпіяды, — пачала нашу гаворку Святлана Уладзіміраўна.

Мая суразмоўніца — яркі і вельмі творчы педагог з 25-гадовым стажам. За яе плячамі Баранавіцкае педвучылішча, дзе яна атрымала адукацыю настаўніка працоўнага навучання і выхавальніка групы падоўжанага дня, і Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, пасля якога Святлана Уладзіміраўна стала дыпламаванай настаўніцай не толькі працоўнага навучання, але і чарчэння.

Акрамя таго, яна з вялікай педагагічнай сям’і. Настаўніцкі шлях выбралі і сёстры маёй гераіні, якія сталі настаўніцамі рускай мовы і літаратуры і матэматыкі. Яшчэ ў сям’і ёсць і біёлагі, і географы. Да таго ж душа да педагогікі ляжала з маленства — малая Света вельмі любіла пагуляць у школу.

Калі ж гаварыць пра ўласную матывацыю Святланы Уладзіміраўны вучыць дзяўчат быць выдатнымі гаспадынямі, то на яе ў свой час моцна паўплывалі словы харэографа ансамбля народнага танца “Юрачка”. Аднойчы ён заўважыў, што калі б у яго была дачка, то яна абавязкова стала б настаўніцай працоўнага навучання, каб была сапраўднай гаспадыняй. Дарэчы, некалі Святлана 10 гадоў аддала танцам. А працоўнае навучанне ў школьныя гады ў яе выкладала настаўніца геаграфіі, і Свеце было зусім нецікава. Але лёс склаўся так, што праз гады яна сама зайшла ў клас, каб вучыць шыць, вышываць, вязаць, гатаваць, весці гаспадарку, прычым рабіць гэта так, каб вучні чакалі наступнага ўрока з нецярпеннем.

З усіх відаў дзейнасці Святлана Уладзіміраўна больш за ўсё любіць шыццё. Зразумела, што такая любоў не можа не перадацца і яе вучаніцам. Але ж вялікая загружанасць іншымі дысцыплінамі прывяла да таго, што на такі прадмет, як працоўнае навучанне, у дзяўчат не заставалася ні сіл, ні часу, а цікавасць да творчасці станавілася ўстойлівай. Так, у 1999 годзе з’явілася ідэя стварэння “Тэатра мод” для навучэнак 6—10 класаў, які рэалізоўваў сваю праграму да 2010 года і займеў слаўную гісторыю. У цяперашні час арганізаваны факультатыўныя заняткі.


“Тэатр мод” стаў стартавай пляцоўкай у раскрыцці таленту і развіцці кожнай яго ўдзельніцы. Стварэнне новай мадэлі патрабавала ўмення мадэляваць і канструяваць вопратку, выбіраць тканіны, абапіраючыся на іх уласцівасці, самастойна шыць і апрацоўваць вырабы, прадумваць элементы дэкору.

Аднак, як заўважыла настаўніца, вырабіць мадэль — гэта яшчэ толькі палова справы. Каб яна з’явілася ва ўсёй красе і заваявала сэрцы гледачоў, трэба ўмець гэтую мадэль падаць. Якая дзяўчынка не марыць быць актрысай або мадэллю, аб’ектам пільнай увагі і захаплення? І вось тут Святлане Уладзіміраўне давялося ўспамінаць свае харэаграфічныя навыкі. І трэба адзначыць, што зрабіла яна гэта з вялікім задавальненнем.

— Праз заняткі шэйпінгам і харэаграфіяй старалася вучыць сваіх выхаванак прыгожа рухацца па подыуме, трымаць галаву і паставу, а таксама выпрацоўваць звычку заўсёды быць у форме. Мы вывучалі пытанні здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання. І пачыналі з малога. Напрыклад, пашылі фартухі і паказалі іх.

На працягу ўсёй сваёй дзейнасці “Тэатр мод” ажыццяўляў паказы ўласных калекцый адзення падчас святкавання дзён гімназіі, на рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх семінарах і канферэнцыях, конкурсах. У мінулым годзе навучэнкі 7—10 класаў прынялі ўдзел у гарадскім фестывалі-конкурсе юных дызайнераў “Сілуэт-2015”, дзе былі прадстаўлены дзве калекцыі падлеткавага адзення: “Белы. Чырвоны. Чорны” і “Купальскі вяночак”, — працягвае настаўніца.

Акрамя таго, у працэсе работы над стварэннем мадэлей для новых калекцый дзяўчаты выбіралі тэмы для ўласных даследаванняў і эксперыментаў. А вынікі гэтых даследаванняў станавіліся зместам даследчых работ, прадстаўленых на гарадскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях.

Вось толькі некаторыя з тэм навукова-даследчых работ, прадстаўленых вучаніцамі Святланы Уладзіміраўны: “Узнікненне моды ў эпоху позняга сярэднявечча і яе развіццё з XIII па XX стагоддзе”, “Выкарыстанне ў жаночым касцюме баваўняных тканін і тканін, пафарбаваных у тэхніцы вузельчыкавага баціку”, “Колер — гэта раскоша, бальзам для душы …”, “Вывучэнне ўплыву ўласцівасці тканін на выбар фасону будучага вырабу”. Дарэчы, кожная з гэтых работ была адзначана дыпломамі рознай ступені.

— Навучэнцы нашай гімназіі прымалі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнцкай моладзі “Ідэі М.М.Бахціна і праблема гуманізацыі адукацыі”, якая праходзіла ў Віцебскім універсітэце імя П.М.Машэрава. Навукова-даследчая работа па правільным харчаванні, над якой працавалі тады яшчэ навучэнкі 9 класа Яніна Арцюх і Таццяна Свірыдчук, была ўдастоена дыплома II ступені. А ў наступным годзе дзяўчаты працягнулі даследаванні, звязаныя з харчаваннем і здаровым ладам жыцця, сталі ўдзельніцамі Абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “З навукай у будучыню” і былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені, — не без гонару заўважыла настаўніца.

І, вядома ж, захапленне прадметам і імкненне да глыбокіх ведаў дазваляе дзяўчатам з гімназіі № 4 Баранавіч прымаць актыўны ўдзел у алімпіядах рознага ўзроўню па працоўным навучанні, а таксама выконваць свае творчыя праекты. У выніку за апошнія 10 гадоў у скарбонцы Святланы Уладзіміраўны і яе вучаніц ёсць дыпломы I і II ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, 16 дыпломаў II і III ступені абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні.

Такія дасягненні патрабуюць шмат часу, а ў гімназіі, як вядома, на працоўнае навучанне адводзіцца толькі гадзіна на тыдзень. Гэта балючае пытанне, пра якое Святлана Уладзіміраўна не раз згадвала падчас нашай размовы. Часу катастрафічна не хапае, таму, каб данесці неабходны аб’ём інфармацыі, трэба вельмі пастарацца. Але мая сённяшняя гераіня не проста стараецца, яна імкнецца з карысцю выкарыстоўваць кожную хвіліну ўрока. І дапамагаюць ёй у гэтым сродкі тэхналогіі шматмерных дыдактычных інструментаў. Менавіта яны з’яўляюцца асновай для развіцця тэхналагічнай, даследчай культуры, пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках абслуговай працы і ў пазаўрочны час.

— Дыдактычныя шматмерныя інструменты (ДШІ) — схематызацыя аб’ектаў і з’яў, што вывучаюцца, якая з’яўляецца важным крокам у іх разуменні. Як адзначае М.І.Запрудскі, “… гэтыя інструменты з’яўляюцца для вучня своеасаблівай шпаргалкай, якая дазваляе даследаваць, засвойваць, памятаць, прайграваць асноўны вучэбны матэрыял; ДШІ служаць не толькі для нагляднай ілюстрацыі матэрыялу, які вывучаецца, сувязей паміж часткамі адзінага цэлага, але і для фарміравання адэкватнага алгарытму даследчых дзеянняў, для падвядзення навучэнцаў да тлумачэння імі працэсаў і з’яў…”.

Найбольш эфектыўнымі і перспектыўнымі для выкарыстання ў адукацыйным працэсе інструментамі шматмернай дыдактычнай тэхналогіі з’яўляюцца логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ) — веды ў выглядзе каардынатна-матрычных каркасаў апорна-вузлавога тыпу для нагляднага, лагічнага і паслядоўнага прадстаўлення і засваення вучэбнай інфармацыі.

Магчымасць прадстаўлення вялікіх масіваў вучэбнага матэрыялу ў выглядзе нагляднай і кампактнай ЛСМ дае двайны вынік. Найперш — вызваляе час. А пастаяннае выкарыстанне логіка-сэнсавых мадэлей фарміруе лагічнае ўяўленне аб вывучанай тэме, раздзеле і курсе ў цэлым.

Дзейнасць па складанні і прымяненні ЛСМ дае магчымасць убачыць усю тэму цалкам і кожны яе элемент паасобку, дазваляе параўнаць аб’екты і з’явы, устанавіць і растлумачыць сувязі, згортваць і разгортваць інфармацыю, а мультымедыйная прэзентацыя (іх настаўніца стварае сама) дазваляе бачыць аб’екты ў натуральным выглядзе, напрыклад, какава-бабы, хлебнае або мыльнае дрэва і інш.

У працэсе вывучэння такіх раздзелаў, як “Апрацоўка тэкстыльных матэрыялаў” і “Асновы дамаводства”, на дапамогу прыходзяць карты памяці, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна.

Разам з тым высокі тэмп заняткаў не перашкаджае настаўніцы і яе вучаніцам разнастаіць сваю дзейнасць творчымі знаходкамі. Калі, напрыклад, на ўроку вырабляюцца кувертныя карткі, то ў кожнай вучаніцы яна свая, адметная. Акрамя таго, свае ўрокі Святлана Уладзіміраўна плануе так, каб кожны раздзел плаўна пераходзіў у наступны і пры гэтым была магчымасць рабіць максімальную колькасць творчых работ. Такая арганізацыя ўрочнай дзейнасці, безумоўна, затратная па часе. Святлана Уладзіміраўна, нягледзячы на вялікі стаж, рыхтуе кожны ўрок нанава.

— Праглядаючы свае планы-канспекты ўрокаў, бачу: тое, што было сучасным 2-3 гады назад, ужо састарэла. Увесь час з’яўляюцца новыя тэхнікі, нешта цікавае. Акрамя таго, як вы ведаеце, новыя дзеці патрабуюць новых падыходаў. Канечне, асновы ўрока застаюцца, а вось яго напаўненне даводзіцца мяняць. І гэта нармальна. Мы ж увесь час рухаемся наперад. Цяпер актуальнымі з’яўляюцца электронныя сродкі навучання, якія даюць магчымасць сумесна з дзецьмі рабіць урок цікавым, — расказала настаўніца.

Як чалавек творчы Святлана Уладзіміраўна вітае індывідуальнасць. Яна вучыць азам, а далей пачынаецца творчаць, якая можа праяўляцца ў спалучэнні колераў, тканін, фактур, смакаў і г.д. Калі ёсць жаданне стварыць нешта неверагоднае, але на шляху ўзнікаюць праблемы, то настаўніца раіць не пасаваць, а ісці наперад, бо праблема — гэта рухавік нашага жыцця.

Выхаванкі Святланы Уладзіміраўны становяцца добрымі гаспадынямі — сям’ю галоднай не пакінуць. Як заўважыла настаўніца, 98% вучаніц любяць гатаваць. Ім гэта ў задавальненне. І шыць цяпер куды прасцей, чым было раней. Швейныя машынкі новага пакалення не патрабуюць такіх намаганняў, як некалі з нажным прыводам. У дзяўчат не ўзнікае комплексу, маўляў, а раптам не атрымаецца. Пэўныя складанасці выклікае вязанне, але зноў-такі на дапамогу прыходзяць алгарытмы, распрацаваныя настаўніцай.

Але самае галоўнае тое, што Святлана Уладзіміраўна вельмі адкрыты педагог і шчыры чалавек. Дзверы яе кабінета заўсёды адчынены. Яна знаходзіць час і на перапынках, бо ёсць дзеці, якія ходзяць за ёй да той пары, пакуль не зразумеюць сэнс неабходнага алгарытму. Яна не злуецца, а цярпліва зноў і зноў тлумачыць, даючы падставы для падняцця статусу —вучнёўскага і жыццёвага.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Для актыўных у эксперыментальнай дзейнасці

У 2014 годзе наша гімназія пачала працаваць у інавацыйным праекце прыродазнаўчанавуковых дысцыплін “Тэхналогія вучэбнага даследавання ў навучанні”.

Мэтай гэтага праекта з’яўляецца стварэнне і апрабацыя дыдактычнага забеспячэння фарміравання ў навучэнцаў сярэдняй школы даследчай кампетэнцыі (бачыць праблемы, выказваць гіпотэзы, даваць азначэнні паняццям, класіфікаваць, назіраць, праводзіць доследы, абагульняць, рабіць высновы, тлумачыць, даказваць і абараняць свае ідэі), развіццё ў іх цікавасці і пошукавай актыўнасці пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла.
Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў спрыяе фарміраванню самастойнага мыслення навучэнцаў, развіццю разумовых аперацый (аналіз, сінтэз і г.д.), пошуку аптымальных рашэнняў праблемных сітуацый. Акцэнтуецца ўвага на асобасна арыентаваным навучанні, выкарыстоўваецца спалучэнне групавой, парнай і індывідуальнай работы навучэнцаў.Тэмы ўрокаў разбіваюцца на модулі, склад якіх мае пэўную схему: спачатку ўступная лекцыя, потым выкананне эксперыментальных заданняў, падчас якіх навучэнцы самастойна здабываюць неабходную інфармацыю, даследуючы і эксперыментуючы. Стварэнне эксперыментальных заданняў — адзін са складаных і найважнейшых відаў дзейнасці настаўніка ў падрыхтоўцы модуля. Наступны этап модуля — сацыялізацыя, калі ідзе абмен атрыманымі ведамі і вынікамі эксперыментаў. Навучэнцы даносяць атрыманыя звесткі і веды сваім аднакласнікам. Наступныя элементы модуля накіраваны на практычную адпрацоўку атрыманых ведаў. У канцы модуля — праверачныя, самастойныя, кантрольныя работы.
Нягледзячы на тое, што мы яшчэ знаходзімся на стадыі эксперымента, можна падзяліцца першымі значнымі вынікамі. Такую даследчую тэхналогію рэкамендуем прымяняць у старшых класах на ўроках прыродазнаўчанавуковага цыкла. Сама тэхналогія аб’ёмная і складаная, але некаторыя элементы можа прымяняць кожны педагог, які шукае спосаб адысці ад руцінных урокаў і актыўны ў эксперыментальнай дзейнасці.Навучэнцы дакладна разумеюць пастаўленыя перад імі задачы, для падрыхтоўкі і даследавання ёсць усе неабходныя матэрыялы, уключаючы інтэрнэт-рэсурсы. Нават у слабых навучэнцаў павышаецца самаацэнка, калі яны самі штосьці даследавалі і навучылі гэтаму аднакласнікаў. А часта на цяжкіх для іх прадметах (хімія, фізіка) такія навучэнцы застаюцца ў цяні.
Тэхналогію вучэбнага даследавання ў большай ступені магчыма прымяняць у вышэйшай школе, таму што базавыя веды ў навучэнцаў ужо ёсць, такім чынам, выкананне аналізу і сінтэзу ў эксперыментальнай частцы будзе праходзіць лягчэй.
Больш падрабязна з эксперыментальнымі модулямі настаўнікаў хіміі, біялогіі, фізікі можна азнаёміцца на сайце гімназіі № 4 Магілёва.

Ірына ЯЎСЕЕВА,
настаўніца хіміі і біялогіі гімназіі № 4 Магілёва.

Новы імпульс у рэалізацыі творчых здольнасцей

На базе гімназіі № 4 Брэста прайшоў VII абласны фестываль-конкурс юных піяністаў “Cantabile”. Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства выступілі ўстанова адукацыі, аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста і абласное ўпраўленне адукацыі.

Конкурс — гэта не толькі свята, а найперш напружаная работа, хваляванні, радасці і расчараванні. Сёлета ў канцэртнай зале гімназіі сабралася больш за 80 удзельнікаў з 14 устаноў адукацыі вобласці. Сярод юных музыкантаў былі тыя, хто прыехаў на фестываль-конкурс ужо другі раз.
Першапачаткова спаборніцтва задумвалася з мэтай адкрыцця юных талентаў Брэстчыны сярод вучняў агульнаадукацыйных устаноў з эстэтычным напрамкам (сёння гэта ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем спецыяльных прадметаў музычнай накіраванасці на факультатыўных занятках). Паступова “Cantabile” набыў папулярнасць сярод вучняў і выкладчыкаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў (сёлетняе журы ўзначаліла выкладчыца спецыяльнага фартэпіяна І.У.Барысевіч з Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы). Адметна, што другі раз запар у фестывалі-конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Гомельшчыны.
Юныя музыканты спаборнічалі ў 4-х узроставых групах. Абавязковым творам праграмы з’яўлялася п’еса кантыленнага характару, якая выклікала эмоцыі, перажыванні, змену настрою і прымушала выканаўцаў выразна “спяваць” на інструменце. Чароўным гучаннем раяля пакарылі журы Ангеліна Алесік, Таісія Яўтуховіч і Марыя Драган з гімназіі № 4 Брэста (педагогі І.А.Бараннік і К.У.Жыватоўская), а таксама Цімафей Бранавіцкі з гімназіі № 2 Пінска (педагог Т.В.Трусевіч). Вучні атрымалі спецыяльны прыз, заснаваны дырэктарам Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы Р.А.Жабінскім.
Асаблівая ўвага ў падрыхтоўцы конкурсных праграм удзялялася творам беларускіх аўтараў. Прагучалі п’есы М.Шнейдэрмана, П.Падкавырава, Я.Глебава, Д.Камінскага, Я.Паплаўскай, Г.Гарэлавай, У.Грушэўскага і іншых, а таксама апрацоўкі беларускіх народных песень. Асобнае месца занялі класічныя творы, лепшыя ўзоры фартэпіяннай музыкі: санаты Людвіга ван Бетховена, М.Клеменці і Ё.Гайдна, “Мелодыя” А.Рубінштэйна, “Накцюрн” Ф.Шапэна, эцюды Ф.Ліста і М.Машкоўскага.
Самыя яркія ўражанні пакінулі выступленні хлопчыкаў і дзяўчынак першай малодшай узроставай групы (2 дыпломы І ступені, 3 дыпломы ІІ ступені і 4 дыпломы ІІІ ступені). А вось у старэйшай узроставай групе дыплом І ступені, на жаль, не знайшоў свайго ўладальніка. Тым не менш без узнагарод не застаўся ні адзін канкурсант. Юныя музыканты, якія не сталі лаўрэатамі фестывалю-конкурсу, атрымалі пахвальныя водзывы ў розных намінацыях.
Не засталіся без увагі і педагогі, якія рыхтавалі ўдзельнікаў “Cantabile”. За высокае педагагічнае майстэрства ў падрыхтоўцы выхаванцаў яны былі адзначаны пахвальнымі водзывамі абласнога ўпраўлення адукацыі.
Асаблівасцю сёлетняга спаборніцтва юных піяністаў стала тое, што, акрамя конкурснага праслухоўвання, у рамках “Cantabile” праводзіўся фестываль фартэпіяннай музыкі ў намінацыі “Ансамбль”. Усе ўдзельнікі фартэпіянных дуэтаў і трыа былі ўзнагароджаны дыпломамі. А Дар’я Кузьмінчук і Яна Кандзярэшка з Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў (педагог Л.В.Перчанка), якія выступілі з музычным нумарам “Папуры на тэмы з кінамузыкі Андрэя Пятрова”, выклікалі бурныя апладысменты гледачоў і журы. У выніку дуэт атрымаў дадатковую ўзнагароду — пахвальны водзыў абласнога ўпраўлення адукацыі.
За час існавання фестывалю-конкурсу юных піяністаў ён трывала ўвайшоў у грамадска-культурнае жыццё Брэстчыны і атрымаў шырокае прызнанне сярод бацькоў вучняў і выкладчыкаў. Кожнае спаборніцтва — гэта новы імпульс у рэалізацыі творчых здольнасцей яго ўдзельнікаў, важны крок у пашырэнні міжкультурнага дзіцячага супрацоўніцтва і абмене педагагічным вопытам.

Кацярына ЖЫВАТОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Брэста.

Больш увагі — жывой гісторыі

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства” прайшоў на базе гімназіі № 4 Мінска, гасцінныя гаспадары якой стварылі спрыяльныя ўмовы для работы ўдзельнікаў алімпіяды і членаў журы. Сталічныя школьнікі паспяхова справіліся з хваляваннем, з алімпіяднымі заданнямі, апраўдалі давер сваіх настаўнікаў і бацькоў, зрабілі ўпэўнены крок наперад на шляху ў элітны клуб знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства.

Абсалютнымі пераможцамі па гісторыі сталі навучэнец 11 класа Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа Мікалай Грыгор’еў, які набраў 206 балаў (настаўніца Тамара Віктараўна Мазан) і дзесяцікласнік гімназіі № 1 Уладзіслаў Пупшыновіч, на рахунку якога 217 балаў (настаўніца Алёна Антонаўна Савіна). Па грамадазнаўстве абсалютнае першынство ў дзесяцікласніка гімназіі № 8 Вадзіма Сянько, які набраў 259 балаў (настаўніца Валянціна Іванаўна Давыдава), і ў адзінаццацікласніцы сярэдняй школы № 30 Веранікі Радкевіч, на рахунку якой 283 балы (настаўніца Алена Леанідаўна Кірдзюк).
Усяго сталічныя школьнікі па гісторыі і грамадазнаўстве заваявалі 78 дыпломаў. Па выніках спаборніцтваў пераходны кубак па грамадазнаўстве сёлета заваяваў Савецкі раён — на рахунку яго прадстаўнікоў найбольшая колькасць дыпломаў. Другое месца ў Ленінскага раёна, трэцяе — у Фрунзенскага. Паспяхова выступілі навучэнцы сярэдняй школы № 30, гімназій №№ 8, 42, 18, 15, 1, ліцэя № 2. На алімпіядзе па гісторыі трэці год першынство ў горадзе ўтрымлівае Цэнтральны раён. Другое і трэцяе месцы занялі Фрунзенскі і Савецкі раёны адпаведна. Бліскучыя вынікі па гісторыі прадэманстравалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа, сярэдняй школы № 159, Ліцэя БНТУ, гімназій №№ 36, 24, 11 і 1.
У інтэлектуальных спаборніцтвах прынялі ўдзел 85 навучэнцаў па гісторыі і 92 — па грамадазнаўстве. Сёлета за 10 клас выступілі восем дзевяцікласнікаў.
Спаборніцтвы па грамадазнаўстве традыцыйна складаліся з тэарэтычнага і практычнага (тэставага) тура. На першым туры ўдзельнікам алімпіяды былі прапанаваны заданні, звязаныя з уменнем аналізаваць, аргументаваць сваю думку, з дакладным веданнем пэўных паняццяў, апісаннем фактаў, падзей, указаннем дат, гістарычных і грамадскіх дзеячаў, а таксама ўменнем устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы, аргументаваць свой адказ, пацвярджаць фактамі і прыкладамі з гісторыі, з сучаснага жыцця. Практычны тур меў прыкладны характар і быў накіраваны на веданне асноўных азначэнняў, паняццяў. Алімпіяднікам былі прапанаваны заданні часткі А (на выбар правільнага адказу) і часткі Б (запоўніць прабелы, супаставіць аўтара і меркаванне, якое яму адпавядае, і г.д.).
Навучэнцам неабходна было прадэманстраваць веды па эканоміцы, паліталогіі, культуралогіі, псіхалогіі, этыцы і іншых навуках, а таксама ўменні разбірацца ў людзях, падзеях, фактах, ацэньваць сітуацыю, прымаць рашэнні. Сума балаў дзвюх частак і вызначала пераможцаў.
— Кожнае заданне патрабавала абсалютна рознага падыходу — філасофскага, сацыяльнага, псіхалагічнага і г.д., — гаворыць старшыня журы алімпіяды па грамадазнаўстве, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук Зарына Ібрагімаўна Канапацкая. — У цэлым вучні добра справіліся з усімі заданнямі. Ва ўсіх навучэнцаў быў высокі бал па тэставых заданнях з выбарам правільнага адказу. Крыху складаней было менавіта з тэарэтычнымі заданнямі, бо аналіз даваўся не ўсім: калі-нікалі гэта былі мнагаслоўныя разважанні, якія не мелі пад сабой базы. Найбольш цяжка давалася навучэнцам філасофія і яе паняцці. У асноўным вучні добра справіліся з заданнямі па псіхалогіі, сацыялогіі і культуры.
У далейшым вучням неабходна звярнуць больш увагі менавіта на аналіз, на падыходы, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб усвядоміць, зразумець той ці іншы тэкст. Напрыклад, неабходна было прааналізаваць паняцце гуманізму і вучэнне Праваслаўнай царквы аб маральных каштоўнасцях у жыцці грамадства, супаставіць іх. Гэта выклікала цяжкасці, хаця ўсе ўдзельнікі давалі агульнапрынятыя азначэнні і імкнуліся на іх аснове вынесці сваё меркаванне. Акрамя таго, чамусьці не ўсе расказалі пра тое, якія прававыя нормы існуюць у краіне, каб рэгуляваць талерантнае існаванне шматнацыянальнай супольнасці нашай краіны.
Прапанаваныя заданні былі разлічаны на шырокі кругагляд, эрудыцыю, светапогляд навучэнцаў. Некаторыя з іх не мелі нават ключоў. Асноўны крытэрый ацэнкі такіх заданняў журы — веды: наколькі яны дакладныя, наколькі адпавядаюць вучэбнай праграме, наколькі на іх базе можа развівацца творчасць. Калі гэта былі нейкія мнагаслоўныя разважанні, якія не мелі пад сабой падстаў, то журы адказ не залічвала.
Новаўвядзеннем сёлетняй алімпіяды па гісторыі з’яўляецца мультымедыйны тур, на які адводзілася адна гадзіна і які складаўся з дзвюх частак: навучэнцам дэманстраваліся слайды, на якіх былі прадстаўлены карціны, дзе адлюстроўваліся гістарычныя падзеі, мініяцюры, і фрагменты гістарычных відэафільмаў вядомых рэжысёраў (напрыклад, урывак з кінафільма “Мінін і Пажарскі”). Неабходна было даць адказ, якой падзеі прысвечана, што мае на ўвазе тая ці іншая выява.
Першы тур быў прадстаўлены тэарэтычнымі заданнямі на веданне азначэнняў, паняццяў, устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, характарыстыку гістарычных падзей па карцінах, карыкатурах, па картах, генеалагічных схемах ці схемах, якія ілюструюць дзяржаўны лад той ці іншай краіны, з дапамогай параўнальных ці храналагічных табліц. Заданні складзены дастаткова каверзна, з кожным годам яны не паўтараюцца. Так, на тэарэтычным туры ў 11 класе давалася заданне, звязанае са спадчынным правам кіеўскіх князёў, калі неабходна было выбудаваць радавод, вызначыць, які князь за якім кіраваў, як гэта спадчыннае права называлася і ўплывала на прастол спадчыннасці Кіеўскай Русі. Заданні, звязаныя з аналізам пэўнай падзеі ці эпохі па карцінах, для журы вельмі паказальныя: тое, наколькі вучань граматна здольны па творы мастацтва прааналізаваць цэлую эпоху, пэўную гістарычную з’яву, паказвае, наколькі ў яго развіта гістарычнае мысленне. Сёлета старшакласнікам прапаноўваліся падзеі, звязаныя з прыняццем хрысціянства на Русі, з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, з войнамі перыяду Пятра Вялікага і крыжовымі паходамі.
Другі тур — практычны, тэставы. Гэта гістарычная руціна, фактурны ўзровень, які неабходна ведаць кожнаму алімпіядніку.
— Навучэнцы сёлета справіліся з заданнямі не горш, чым у мінулым годзе, — адзначае старшыня журы алімпіяды па гісторыі, першы прарэктар МГІРА, доктар гістарычных навук Сяргей Пятровіч Странкоўскі. — Дзясятыя класы выступілі лепш, чым адзінаццатыя. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў мінулым годзе горад вярнуўся да прафілізацыі не толькі гімназій, але і школ, у дзяцей з’явілася магчымасць вывучаць гісторыю на павышаным узроўні. Магчыма, педагогі лепш папрацавалі на раённых і школьных этапах і адабралі больш моцных дзяцей.
Выкананне заданняў патрабавала ад удзельнікаў дакладнасці ведаў і вялікага кругагляду. Адказы на пытанні часам уражвалі членаў журы сваёй арыгінальнасцю і нестандартным вобразным мысленнем.
— Традыцыйна лепш вучні спраўляюцца з практычным турам, — падкрэслівае намеснік старшыні журы па гісторыі, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістфака БДУ, кандыдат гістарычных навук Сяргей Сяргеевіч Александровіч. — Магчыма, яны да яго больш прызвычаіліся і ён больш звязаны са школьным вучэбным матэрыялам. Хаця і там ёсць праблемы са складаннем храналагічных ланцужкоў, паслядоўнасцей. Ёсць пэўныя агрэхі пры рабоце з гістарычнымі паняццямі, бо не заўсёды школьнікі схопліваюць сутнасць гэтых паняццяў: дзесьці чулі, маюць агульнае ўяўленне, але правільна адлюстраваць асноўныя характарыстыкі могуць не заўсёды. У тэорыі ў алімпіяднікаў слабыя веды агульнагуманітарнага характару, падводзіць у цэлым агульны ўзровень іх развіцця. Часам сустракаліся памылкі ў апісанні гістарычных тэрмінаў, назваў. Навучэнцы не ўспрымаюць гісторыю па партрэтах гістарычных асоб. Так, быў выпадак, калі Будзённага зблыталі з Пятром ІІ. Не трэба быць гісторыкам, каб бачыць, што на выяве чалавек у форме савецкіх часоў з зоркамі, а Пётр ІІ — манарх. Яшчэ адзін выпадак: трэба было вызначыць, дзе праходзіла першая сустрэча вялікай тройкі — кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі Сталіна, Рузвельта і Чэрчыля. Навучэнцы правільна вызначылі горад — Тэгеран, але чамусьці змясцілі яго ў Вялікабрытанію. Калі-нікалі выяўляецца вельмі дакладнае кропкавае веданне пэўных агульных асноў, якія неабходны кожнаму алімпіядніку, але правільна зрабіць высновы вучні не могуць. Вельмі дрэнна разбіраюцца старшакласнікі ў розніцы паміж грамадска-палітычнымі, грамадска-эканамічнымі фармацыямі, рознымі формамі праўлення.
Члены журы ўнеслі і некаторыя прапановы па ўдасканаленні арганізацыі і правядзення алімпіяды. Так, на думку С.П.Странкоўскага, каб пазбегнуць дубліравання, з практычнага тура можна выключыць работу з карцінамі і пакінуць яе толькі ў мультымедыйным туры. Магчыма, у апошнім можна было б даць фрагменты якіх-небудзь музычных твораў, аўдыязапісы. У тэарэтычнай частцы варта было б прапанаваць навучэнцам больш глабальныя пытанні фундаментальнага характару і не ўдавацца ў прыватнасці. Мэта тэарэтычнага этапу — выявіць не тое, наколькі чалавек валодае якімі-небудзь фактамі, а наколькі ў яго развіта гістарычнае мысленне, уменне праводзіць прычынна-выніковыя сувязі, знаходзіць іх, мысліць гістарычнымі катэгорыямі. Акрамя таго, практыка паказвае, што часцей дабіваюцца поспеху вучні, якія захапляюцца гісторыяй з сярэдніх класаў. Варта на ўзроўні горада і рэспублікі прадумваць формы работы для вучняў сярэдняга звяна. Пакуль гэта рэалізоўваецца на ўзроўні асобных ініцыятыў.
— Хацелася б, каб змест заданняў пераправяраўся перад іх тыражаваннем, — гаворыць С.П.Странкоўскі. — Фармулёўкі пытанняў для спецыялістаў, якія цесна звязаны з гісторыяй, сапраўды зразумелыя, а для дзяцей — не зусім карэктныя і прымальныя. Акрамя таго, не заўсёды супадае фармулёўка, якая прапануецца для навучэнцаў, з фармулёўкай, якая прыводзіцца для журы, а таму часта даводзіцца працаваць над тым, каб скарэкціраваць гэтыя заданні. Часам у заданнях сустракаюцца і памылкі. У прыватнасці, быў відэафрагмент, прысвечаны вываду савецкіх войск з Афганістана, а ў ключах адказу было напісана, што падзея адбылася ў 1975 годзе.
Па меркаванні журы, пры падрыхтоўцы да алімпіяды павінен быць выпрацаваны комплексны падыход. Варта ў вывучэнні тэорыі знайсці баланс паміж школьным матэрыялам і паглыбленай падрыхтоўкай. Больш увагі трэба ўдзяліць так званай жывой гісторыі — персаналіям, біяграфіям, партрэтам, выявам, фотаздымкам.

Навучэнец 9 класа гімназіі № 11 Юрый ТАМКОВІЧ, уладальнік дыплома  І ступені па гісторыі:
— Гісторыя мне вельмі падабаецца, матэрыял лёгка запамінаецца. Інтарэс да прадмета ўзнік даўно, яшчэ да школы. Асаблівую цікавасць выклікалі войны старажытнасці. Да алімпіяды мяне рыхтавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Леанідаўна Томіна. Я перачытаў школьныя падручнікі, шмат дадатковай літаратуры, выконваў заданні мінулагодніх алімпіяд. Займаўся кожны дзень. Гісторыя для мяне — гэта захапленне, занятак для душы, і ў будучыні я не планую непасрэдна з ёй звязаць сваё жыццё. Акрамя гісторыі, вельмі падабаюцца геаграфія, літаратура. У перспектыве хацелася б стаць юрыстам.

Навучэнка 11 класа гімназіі № 14 Вольга ДАЙНОВІЧ, уладальніца дыплома  ІІ ступені па грамадазнаўстве:
— У гарадской алімпіядзе я ўдзельнічаю ўжо другі раз. У мінулым годзе ў мяне быў дыплом І ступені. Алімпіяда гэтага года падалася мне больш складанай. У заданнях сустракалася вельмі многа таго, чаго не было ў падручніках. Хаця на алімпіядзе так і павінна быць! Для мяне самым цяжкім быў тэарэтычны тур, у якім неабходна было прадэманстраваць свой кругагляд. Заданне па сацыяльнай сферы падалося дастаткова лёгкім і зразумелым. Выклікалі цяжкасці заданні па паліталогіі і праве.
У тым, што я захапілася грамадазнаўствам, вялікая заслуга маёй настаўніцы Алены Уладзіславаўны Собалевай, на ўроках якой было вельмі цікава. Зараз са мной займаецца Віталь Яўгенавіч Бубен, які накіроўвае, падказвае. Пасля заканчэння гімназіі планую паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Ведаць свае правы, быць юрыдычна граматным карысна для любога чалавека.

Навучэнец 10 класа Ліцэя БНТУ Віталь ПАТУПЧЫК, уладальнік дыплома І ступені па гісторыі:
— Так атрымалася, што я ўпершыню прымаю ўдзел у алімпіядзе. Спачатку ў першы дзень вельмі хваляваўся, бо не ведаў узровень іншых удзельнікаў спаборніцтваў. Але зараз, атрымаўшы дыплом, разумею, што я — адзін з лепшых. Каб атрымаць дыплом, трэба, па-першае, каб прадмет быў табе цікавым, — без гэтага нікуды. Я цікавіўся гісторыяй з дзяцінства. Першапачаткова мяне захапілі карціны побыту старажытных людзей, паляванне, войны, культура. Па-другое, трэба шмат рыхтавацца. Кожны дзень я займаўся самастойна. У ліцэі індывідуальныя заняткі са мной праводзіла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Тамара Васільеўна Ільіна. Самым складаным на алімпіядзе падалася работа з летапісамі, бо мастацтва мініяцюр старажытнасці для сучаснага мастацтва і культуры не зразумелыя. Тыя сімвалы, якія азначалі штосьці ў старажытнасці, губляюць сэнс сёння. Напрыклад, знак свастыкі згубіў свой сэнс як сімвал сонца, жыцця і радасці і стаў сімвалам фашызму. Я хачу паступіць на архітэктурна-будаўнічы факультэт БНТУ. Гісторыя мне спатрэбіцца, бо ў архітэктуры таксама ёсць элемент гісторыі.

Навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Елісей БІРУКОЎ, уладальнік дыплома І ступені па грамадазнаўстве:
— Алімпіяда паказала мне, чаго я не ведаю і што ведаю дрэнна. Так, напрыклад, было шмат пытанняў па праве і палітыцы. Я не сказаў бы, што яны былі вельмі складанымі, але ў той жа час больш агульнымі, а не канкрэтнымі, як у мінулыя гады. Тэарэтычны тур быў больш складаны, а тэст — лягчэйшы, чым звычайна. У 8 класе я выйграў Міжнародны конкурс сачыненняў на англійскай мове па грамадзянскай пазіцыі, і ў групу алімпіяднікаў мяне запрасіў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Уладзімір Пятровіч Казлоўскі. Шчыра кажучы, грамадазнаўства мяне сапраўды зачапіла, бо ўключае мноства розных навук, патрабуе вялікага кругагляду. Гэта не толькі завучванне некаторых базавых паняццяў, а менавіта разуменне і ўменне імі аперыраваць. Настаўнік звычайна на тыдзень прапаноўвае заданні кожнаму ў групе індывідуальна, а потым мы дзелімся паміж сабой інфармацыяй, абменьваемся матэрыяламі. Займацца даводзіцца дзесьці па 4 гадзіны штодня. Большую ўвагу ўдзяляю філасофскім работам (пачынаючы ад старажытнай Грэцыі да новага часу), работам па праве, паліталогіі. У будучыні мару паступіць на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны” альбо стаць журналістам-міжнароднікам. Найперш прыцягваюць магчымасці, якія адкрываюць гэтыя спецыяльнасці. Зараз буду сур’ёзна рыхтавацца да чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Новыя даследаванні — новыя адкрыцці

Шосты раз гродзенская гімназія № 4 сустракае ўдзельнікаў абласнога конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Крыштальная альфа-2014”. Гісторыя, родная і замежная мова, геаграфія і астраномія і іншыя прадметы былі прадстаўлены юнымі даследчыкамі з розных, часам незвычайных бакоў і папоўнілі скарбонку адкрыццяў.

Конкурс “Крыштальная альфа” традыцыйна праводзіцца ў два этапы — завочны і вочны. На першы школьнікі даслалі 487 даследчых работ. Кампетэнтнае журы, у складзе якога былі выкладчыкі гродзенскіх ВНУ, ацаніла кожную і да асноўнага этапу дапусціла 243 работы. На другім этапе школьнікі, вучні 8—11 класаў, а таксама некалькі сямікласнікаў, абаранялі свае даклады ў профільных секцыях. Можна сказаць, што сёлета навуковае спаборніцтва атрымала філалагічны і прыродазнаўчы акцэнт. Журы таксама адзначыла, што многія работы маюць прыкладны характар, а пачатае яшчэ ў школе даследаванне часта мае працяг — у каледжах, універсітэтах.
— Многія нашы пераможцы потым вынікова ўдзельнічаюць у студэнцкіх навуковых аб’яднаннях, студэнцкіх навуковых канферэнцыях. Некаторыя, паспяхова скончыўшы ВНУ, паступаюць у магістратуру, аспірантуру, дзе працягваюць даследчую дзейнасць і становяцца вучонымі, — падкрэсліла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Пятроўна Губіч.
Напрыклад, у секцыі “Гісторыя” вельмі цікавай была работа 11-класніцы Луненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Алены Сільвановіч. Дзяўчына дасканала прасачыла гісторыю свайго дома. Яна разглядала архітэктурныя асаблівасці і гістарычныя падзеі, звязаныя з гісторыяй дома, у якім жыве.
— Гісторыя нашага дома зацікавіла мяне яшчэ ў дзяцінстве. Настаўніца задала нам заданне намаляваць свой дом і суседзяў, і мой малюнак адрозніваўся ад малюнкаў аднакласнікаў. Па-першае, памерамі дома (тут жывуць тры сям’і), па-другое, пабудаваны ён з чырвонай цэглы. Зарадзілася цікавасць, і пачалося даследаванне. На працягу некалькіх гадоў я па крупінках збірала матэрыял аб гісторыі дома, — расказвае дзяўчынка.
Алена даведалася, што дом быў пабудаваны ў 1928 годзе для размяшчэння гміннай управы. Яна змагла вызначыць войтаў міжваеннага перыяду і вызначыць сферу дзейнасці гімны. У 1939 годзе ў доме размясціўся пасялковы Савет, а ў 1941 годзе там з’явіліся новыя гаспадары — немцы. Некаторы час тут знаходзілася нямецкая камендатура, а потым жылі нямецкія рабочыя. У 1944 годзе будынак перадалі Скідальскаму аддзелу адукацыі і ў доме размясцілі школу. Алена знайшла ўсіх пасляваенных дырэктараў маленькай школы, знайшла фотаздымкі 40—50-х гадоў. Вельмі цікавы фотаздымак 1947 года, на якім адлюстраваны момант перадачы піянерскага сцяга, выратаванага падчас вайны Нінай Хамко, у Гродзенскі краязнаўчы музей. Дом Алены стаў сведкам шматлікіх падзей: гэта і навадненне 1983 года, і нават здымкі фільма “Прыступіць да ліквідацыі”.
— Пасталеўшы, я стала вывучаць архітэктурныя асаблівасці дома. Вызначыла майстроў, якія будавалі дом, пастаўшчыкоў будматэрыялаў і г.д. У 1994 годзе будынак школы перадалі пад рэканструкцыю пад кватэры тром сем’ям маладых настаўнікаў. Работа выклікала цікавасць не толькі ў мяне і маёй сям’і, але і ўсіх суседзяў. Усім было цікава даведацца пра гісторыю дома і асаблівасці яго пабудовы, — падкрэсліла дзяўчынка.
Даследаванне 11-класніцы Вараб’ёвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Настассі Філон “Бардзячы: гісторыя з ірландскім акцэнтам” пачалося са знаходкі архіва вёскі Бардзячы. Менавіта тады яе настаўнік гісторыі Дзмітрый Барысавіч Мароз і прапанаваў правесці сваё расследаванне. Работа пачыналася цяжка, бо, акрамя знойдзенага архіва, інфармацыі ніякай не было. Перагледзеўшы дасканала ўсе дакументы, даследчыкі даведаліся, што гэты маёнтак некалі належаў ірландскаму графу. Менавіта пра яго і было знойдзена шмат інфармацыі ў інтэрнэце, што дало магчымасць рухацца далей.
— Мы разабралі дакументы архіва, вывучылі матэрыялы школьнага музея, успаміны пастушка “графянкі” О’Рурка Мікалая Рыгоравіча Пальчыка, а таксама інфармацыю з інтэрнэту. У выніку была створана навукова-даследчая работа, — гаворыць Настасся.
Усяго па выніках канферэнцыі было ўручана 107 дыпломаў: 22 — І ступені, 32 — ІІ ступені і 54 — ІІІ ступені.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.