Выхоўваць душы, непрыступныя для заган

— Іаан Златавуст казаў: “Добрае выхаванне не ў тым, каб спачатку даць магчымасць развіцца заганам, а потым з імі змагацца. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць душу дзіцяці непрыступнай для заган”, — гаворыць настаўніца гісторыі Н.М.Алесік з гімназіі № 4 Брэста. — Маральнае выхаванне моладзі — адно з найбольш актуальных пытанняў у сучасным свеце. Сёння вельмі адчуваецца адарванасць чалавека ад каранёў, без чаго губляецца пачуццё Бацькаўшчыны. Дзеці адкрыты для негатыўнага ўплыву агрэсіўнай масавай культуры, якая разбурае іх асобу. Таму школа павінна выхоўваць вучняў з развітым пачуццём грамадзянскай адказнасці. Выхоўваць так, каб кожнае дзіця адрознівала дабро ад зла і магло зрабіць правільны маральны выбар.

Н.М.Алесік лічыць, што важнае месца ў духоўным выхаванні вучняў займаюць праваслаўныя каштоўнасці, традыцыі, звычаі і культура беларускага народа. Праваслаўе, якое з’яўляецца гісторыка-, культура- і сэнсаўтваральным элементам нашага жыцця, адыграла вялікую ролю ў станаўленні дзяржавы і грамадства, сям’і і чалавека, духоўнасці, культуры і выхавання. Сёння надзвычай востра адчуваецца патрэба ва ўроках дабрыні ў школах, таму ўстановы адукацыі актыўна супрацоўнічаюць з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У кожнай школе задачы духоўнага выхавання рэалізоўваюцца па-рознаму. З 2014 года ў гімназіі № 4 Брэста па ініцыятыве дырэктара А.В.Шкулепа ажыццяўляецца праект духоўна-эстэтычнага выхавання падлеткаў “Лапікі”, аўтарамі якога з’яўляюцца настаўніцы гісторыі Л.А.Сцепанюк і Н.М.Алесік. Галоўная ідэя праекта — фарміраванне духоўнай бяспекі ў вучняў, паколькі менавіта духоўна неакрэплыя дарослыя і дзеці трапляюць у розныя секты, акультныя аб’яднанні, губляюць сэнс жыцця, становяцца падуладнымі суіцыдальным паводзінам і трапляюць у наркатычную залежнасць.

— Праект цесна звязаны з гісторыяй, літаратурай, грамадазнаўствам і іншымі школьнымі прадметамі і музычнымі дысцыплінамі дадатковай адукацыі, якія выкладаюцца ў гімназіі, — расказвае Н.М.Алесік. — У рамках праекта педагогі выхоўваюць у вучняў духоўнасць, абуджаюць у іх эстэтычныя і рэлігійныя пачуцці, якія грунтуюцца на нормах традыцыйнай маралі і праваслаўнай культуры.

Назву праекта падказала дзіцячая казка-прытча “Лапікавая коўдра” пра садоўніка, які змог ахінуць чароўнай коўдрай дзівосны сад. У якасці лапікаў для коўдры ён выкарыстаў цеплыню чалавечых душ, якую ахвяравалі жыхары чароўнага горада. Кожны з іх згадзіўся ста ць маленькім лапікам для вялікай коўдры, каб выратаваць сад. Чароўная коўдра — гэта метафара ўсіх дзіцячых сэрцаў.

У праекце ўдзельнічаюць вучні 5—8 класаў. Аўтары спадзяюцца, што праз гісторыю, спалучаную з сучаснасцю, падлеткі правільна сфарміруюць свае адносіны да сябе, сям’і, навакольнага свету, Радзімы, духоўных святынь і роднай прыроды.

У рамках праекта праводзяцца розныя мерапрыемствы: тэматычныя гутаркі, літаратурныя пастаноўкі і круглыя сталы з тэарэтычным знаёмствам з гісторыяй праваслаўя (відэафільмы, царкоўныя песнапенні, творы царкоўнага іканапісу і літаратуры). Аўтары праекта імкнуцца актывізаваць дзейнасць вучняў праз выкарыстанне творчых заданняў прыкладнога характару (выраб “Чароўнай коўдры добрых спраў” і падарункаў для мам сваімі рукамі).

— Адным з важных напрамкаў работы з’яўляецца актыўнае супрацоўніцтва педагогаў і падлеткаў са святарамі, з нядзельнымі школамі гарадскіх і прыходскіх храмаў, — гаворыць Н.М.Алесік. — Так, вучні пабывалі ў нядзельнай школе Уздзвіжанскага храма ў Высокім Камянецкага раёна, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю вакальнай студыі, якая існуе там шмат гадоў пад кіраўніцтвам настаяцеля храма айца Анатоля Медзведзюка. З вялікім інтарэсам і задавальненнем падлеткі наведваюць духоўныя святыні Беларусі.

Адным з новых напрамкаў праекта ў бягучым навучальным годзе стала дабрачынная дзейнасць, якая рэалізоўваецца ў форме супрацоўніцтва з дзіцячым домам сямейнага тыпу і раённымі ЦКРНіР Брэста “Тонус” і “Веда”. Акрамя таго, педагогі пашыраюць веды вучняў пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Софію Слуцкую, Ульяну Гальшанскую і Сімяона Полацкага. У планах — экскурсія на Полаччыну і Тураўшчыну. Настаўнікі ўпэўнены, што каменныя крыжы Тураўшчыны, Спаса-Ефрасіннеўская царква і Сафійскі сабор не пакінуць раўнадушнымі выхаванцаў.

— Добрае выхаванне надзейна ахоўвае чалавека ад тых, хто дрэнна выхаваны, — адзначае Н.М.Алесік.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Кацярына Алесік: “Сучасная адукацыя абавязкова павінна пакідаць месца на асэнсаванне ведаў”

Кацярына Якаўлеўна Алесік — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна. За сваё 12-гадовае педагагічнае жыццё ёй удалося здзейсніць амаль нездзяйсняльнае — стаць не толькі паспяховым педагогам, вучні якога дабіваюцца высокіх вынікаў на алімпіядах, любяць і ведаюць гісторыю і сваю краіну, але і кандыдатам гістарычных навук. А гэта значыць, у нас ёсць добрая нагода пагутарыць з ёй.

Вырашальная размова

Зерне цікавасці Кацярыны да гісторыі было пасеяна яшчэ ў дзяцінстве.

“Дзецьмі мы часта праводзілі час у гасцях у дзеда на хутары. Расказы мудрага ад прыроды чалавека, які пражыў нялёгкае жыццё, кампенсавалі нам адсутнасць там тэлевізара і радыё. Мы з захапленнем слухалі ўспаміны пра тое, як жыў дзед пры Польшчы, як хлопчыкам трапіў у Германію, дзе ледзь застаўся жывы, як з недаверам яго, вязня, сустракалі на радзіме, як прызвалі ў армію і накіравалі на Данбас, дзе ў пасляваенны час таксама давялося многае перажыць, як, вярнуўшыся дамоў, стаў сведкам калектывізацыі і быў адным з нямногіх, хто, нягледзячы на розныя перашкоды, не пайшоў у калгас. Кемлівасць, мудрасць, вопыт дапамагалі яму выжыць. А нас, дзяцей, усё пачутае прымушала задумвацца над працэсамі, якія адбываліся ў грамадстве, супастаўляць тое, што напісана ў кнігах, з няпростым лёсам блізкага чалавека”.

У шматдзетнай сям’і, у якой вырасла Кацярына, заўсёды высока цаніліся веды. Хоць самі бацькі не мелі вышэйшай адукацыі, але марылі пра яе для сваіх дзяцей.

“Я любіла замежную мову, захаплялася гісторыяй, геаграфіяй, матэматыкай, але добра памятаю момант, калі вырашыла стаць гісторыкам. У 11 класе перамагла ў алімпіядзе па гісторыі, пачала рыхтавацца да абласнога этапу. Пазнаваць гісторыю было цікава, але было і шмат сумненняў. Вырашальнай стала адна размова. Неяк я падышла да свайго настаўніка Віталя Мікалаевіча Касцючыка і спытала: “Як вы думаеце, я паступлю на гістарычны факультэт?” Ён упэўнена адказаў: “Паступіш!” І я сама паверыла, што ўсё змагу”.

Кацярына стала студэнткай гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, нягледзячы на вялікі конкурс — амаль 10 чалавек на месца. І ніколі аб гэтым не пашкадавала. З дыпломам настаўніка яна прыйшла ў Олтушскую сярэднюю школу Маларыцкага раёна. Паралельна прымяняла на практыцы свае навуковыя здольнасці — скончыла аспірантуру пры Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, абараніла навуковую работу і атрымала званне кандыдата гістарычных навук.

Урокі-святы і эмоцыі класа

“Што мяне прыцягвае менавіта ў сельскай школе, — гэта тое, што я добра ведаю бацькоў сваіх вучняў. А праз бацькоў пачынаеш разумець і іх дзяцей, адчуваць іх праблемы, бачыць, што ў іх за душой. Часам вучань да ўрока не падрыхтаваны, але ты ведаеш, што ў яго сямейныя цяжкасці, і не турбуеш, даеш яму час і спакой. Калі падысці да такой сітуацыі з фармальнага боку, можна атрымаць у адказ толькі азлабленне. Таму падбор метадаў у рабоце з дзецьмі — вельмі важная праблема. Кожнае дзіця — гэта цэлы свет, і я разумею сваю адказнасць: дзесьці можна пакінуць добры след, а дзесьці і наслядзіць”.

Галоўны педагагічны прынцып Кацярыны Якаўлеўны — заўсёды ставіць сябе на месца дзіцяці, каб суадносіць тое, што хоча настаўнік, з тым, як гэта бачыць і ўспрымае дзіця. Не праходзіць ні аднаго ўрока, каб настаўніца не ўспомніла сваіх педагогаў. У іх яна ўзяла грунтоўныя веды, якія зараз выкарыстоўвае, арыентуючыся на сучасныя вучнёўскія патрабаванні.

“Думаю, сучасны ўрок павінен быць накіраваны на фарміраванне асобы вучня і яго кампетэнцый. А якім будзе яго змест, структура і форма, якія будуць выкарыстаны сродкі — гэта ўжо другасныя пытанні. Разважаючы пра структуру cвайго ўрока, я вылучыла б два тыпы — урокі-святы і рабочыя ўрокі. Урокі-святы — гэта нестандартныя ўрокі (урокі-гульні, дэбаты, урокі-суды над асобамі і іншыя). Такія ўрокі вельмі падабаюцца маім вучням, з’яўляюцца яркімі, эмацыянальна насычанымі, творчымі, павышаюць пазнавальную актыўнасць. Разам з тым урокі-святы — гэта “дэсерт” працэсу адукацыі, а асноўнай стравай у маім педагагічным меню — асновай навучання — я лічу класічныя рабочыя ўрокі”.

Кацярына Якаўлеўна стараецца, каб на кожным уроку было ўзнята праблемнае пытанне ці праблемная сітуацыя, загадка, якая фарміруе пазнавальную цікавасць і разумовую работу вучняў. Напрыклад, настаўніца можа прынесці нейкі сімвалічны прадмет, а дзецям неабходна адказаць, як ён звязаны з тэмай урока.

“Многае залежыць не толькі ад таго, як разумеюць дзеці тэму, але і ад агульнага настрою і стану разумовай актыўнасці класа. Часам заходзіш у клас і бачыш, што дзеці яшчэ несабраныя і неактыўныя, і ты зноў аднаўляеш эмацыянальны фон і закідваеш ім для роздуму якую-небудзь інтрыгу. А часам наадварот, прыходзіш на ўрок і атрымліваеш шквал пытанняў, і сумесны пошук адказаў на іх значна важнейшы за дамашняе заданне”.

У пошуку дадатковай інфармацыі падчас падрыхтоўкі да ўрокаў вучні Кацярыны Якаўлеўны карыстаюцца шматлікімі інфармацыйнымі сродкамі — і сучаснымі, і класічнымі.

“Я вучу дзяцей з павагай ставіцца да кнігі і разумець, чым яна адрозніваецца, напрыклад, ад інтэрнэт-рэсурсаў. Кніга прайшла рэцэнзію, мае большую аб’ектыўнасць і дакладнасць. Але не вучыць сучаснага чалавека карыстацца інтэрнэтам няправільна. Задача настаўніка — навучыць дзяцей разбірацца, што ёсць такія інтэрнэт-рэсурсы, якія скажаюць інфармацыю, а ёсць вельмі каштоўныя і карысныя. Таму пошук інфармацыі ў сетцы патрабуе больш дэтальнага курыравання настаўнікам, чым праца з папяровымі рэсурсамі”.

Сакратаўскі метад

Маючы за плячыма 12-гадовы педагагічны вопыт, Кацярына даўно выпрацавала свае метады работы з класам, якія працуюць безадмоўна. Адзін з любімых, які прыжыўся ў апошнія гады, — сакратаўскі.

“Зразумела, метады залежаць ад тэмы ўрока, класа, у якім працую, настрою дзяцей, часу, які ў мяне ёсць. Ужываю элементы розных тэхналогій. Калі клас творчы — рыхтуюцца элементы пастановак, творчыя сачыненні, напрыклад, “Мой удзел у Грунвальдскай бітве”. Часам пераводзім цяжкія параграфы ў малюнкі і кластары і г.д. Разам з тым ні адзін урок не абыходзіцца без схем. А апошнія гады актыўна прымяняю сакратаўскі метад (фарміраванне глыбокіх пытанняў, пошук адказаў на неадназначныя пытанні). Дзеці ведаюць, што ў мяне на ўроку заўсёды ацэньваецца не толькі адказ, але і пытанне. У працэсе пошуку адказаў на стыхійныя ці праблемныя пытанні я вучу дзяцей не баяцца вылучаць версіі, ніколі не стаўлю адзнакі за няправільныя адказы падчас дыскусіі, калектыўнага пошуку ісціны, наадварот, заўсёды каменцірую і кажу, што спроба — гэта лепш, чым яе адсутнасць. І лічу гэта вельмі важным, таму што сакратаўскі метад дазваляе фарміраваць думаючага вучня, вучня, які сам стварае новыя веды. Ну і, вядома, гэты метад прыводзіць вучня да самастойнага пошуку адказаў, якія часта ляжаць у дадатковых крыніцах інфармацыі.

Праблема многіх маладых настаўнікаў (дарэчы, яна некалі была і ў мяне) у тым, што хочацца паказаць на ўроку ўсё і як мага хутчэй. Можна падаць шмат інфармацыі, арганізаваць самы лепшы ўрок, але ён будзе далёкі ад вучня, і грош цана гэтаму ўроку. А можна дабіцца вельмі эфектыўнага засваення інфармацыі, выкарыстоўваючы наглядныя дапаможнікі. Але гэта не галоўная адукацыйная мэта — вучань павінен сам прыйсці да многіх высноў, і не толькі пры дапамозе памяці, хаця гэта і немалаважна, але і з дапамогай аналізу, роздуму. Наглядныя сродкі ніколі не заменяць разумовую працу. Мне хацелася б, каб праграма па гісторыі была менш нагружана, таму што іншы раз дзецям не хапае часу, каб асэнсаваць вывучанае, а гэтаму іх таксама трэба вучыць. Глыбокае асэнсаванне ведаў актыўна фарміруецца з сёмага класа, калі дзеці пачынаюць не завучваць, а разважаць, задаваць пытанні. Матэрыял праграмы па гісторыі вельмі насычаны, у дзяцей энергія траціцца на тое, каб вывучыць гістарычныя факты, а на роздум і аналіз часу мала. Сучасная адукацыя абавязкова павінна пакідаць месца на асэнсаванне”.

Работа над сабой

Апошнія шэсць гадоў вучні К.Я.Алесік заваёўваюць прызавыя месцы на алімпіядах — маюць 7 дыпломаў на абласных этапах. А ў 2014/2015 навучальным годзе вучаніца Кацярыны Якаўлеўны Вікторыя Канашук атрымала дыплом III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. За добрую падрыхтоўку сваёй прызёркі настаўніца ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта. Кацярына Якаўлеўна пераканана: работа з адоранымі дзецьмі немагчыма без работы над сабой.

“Каб вучань давяраў настаўніку і браў у яго лепшае, трэба, каб настаўнік сам ішоў наперад. Самы лепшы спосаб пераканаць вучыцца, убачыць каштоўнасць ведаў — уласны прыклад. І цікавасць і захапленне — гэта тыя важныя фактары, якія рухаюць наперад адораных дзяцей. Ёсць меркаванне, што працаваць са слабымі дзецьмі цяжэй за ўсё. На маю думку, складаней за ўсё працаваць з адоранымі дзецьмі. Першае, самае галоўнае, — сфарміраваць матывацыю. Калі няма трывалай матывацыі — усё будзе дарма, нават калі ты суперпадкаваны настаўнік, а перад табой — мегаадораны вучань. Другі важны аспект — своечасова выявіць самародка і пастаянна даваць яму пасільную індывідуальную нагрузку. Справа ў тым, што здольным дзецям заўсёды ўсё даецца лягчэй, чым астатнім. Таму матывацыя ў іх куды слабейшая, чым у сярэднестатыстычнага дзіцяці. Калі ў адораных дзяцей няма добрай нагрузкі і матывацыі, у іх прытупляюцца задаткі і здольнасці і да канца вучобы яны не тое што становяцца нароўні з іншымі, а часам і саступаюць ім. Настаўнік, які вядзе вучня да сур’ёзных вынікаў, сам павінен заўсёды быць у тонусе і падтрымліваць высокі ўзровень ведаў і педагагічнага майстэрства, інакш ён страціць аўтарытэт у вачах вучня. Акрамя таго, важна не падмануць вучня, які ідзе за табой па дарозе ведаў, верыць у цябе. Настаўніку даводзіцца быць і педагогам, і псіхолагам адначасова. І ў адказны момант — падчас алімпіяд, конкурсаў — настаўнік перажывае такое ж эмацыянальнае напружанне, што і дзіця. Інакш выніку можа не быць”.

Крытычнае сіта навукі

“Мне ўсё жыццё шанцуе на людзей, якія знаходзяцца побач. Гэта і адміністрацыя школы на чале з дырэктарам Наталляй Пятроўнай Зезюковай і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай Леанідаўнай Марук, якім удалося стварыць спрыяльныя ўмовы працы, і калектыў, у якім адчуваеш падтрымку, з радасцю расцеш і развіваешся. Гэта таксама Маларыцкі раённы аддзел адукацыі, які падтрымлівае ініцыятыву і матывуе да самаразвіцця. І выкладчыкі Брэсцкага ўніверсітэта, дзе мне пашчасціла вучыцца, а зараз і выкладаць самой. Менавіта там мяне прыцягнулі да навукі. Навука дала магчымасць не спыняцца ў развіцці, пашыраць кола знаёмстваў са знакамітымі ў навуковым асяроддзі людзьмі, у якіх было чаму павучыцца”.

Навуковую дзейнасць, распачатую ва ўніверсітэце, Кацярына Якаўлеўна працягвала ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, супрацоўнічала з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тэму дысертацыі выбрала ў гендарнай галіне: адукацыя беларускіх жанчын у пасляваенны перыяд. Вывучаючы гэтую праблему, Кацярына Якаўлеўна пабывала ў Маскве, наведала архівы беларускіх гарадоў, працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальным архіве ў Мінску. Работа ў бібліятэках і архівах дапамагла рухацца наперад не толькі ў навуковым кірунку, але і ў прафесійным — новыя веды ніколі не будуць лішнімі і ў педагагічнай дзейнасці.

“Калі вызначылася з кандыдацкай, чула адусюль шмат разваг кшталту “навукай у Беларусі займацца і тым больш дабіцца нечага ў гэтым кірунку амаль немагчыма — гэта самая закрытая сфера дзейнасці”. Але з радасцю кажу, што мае 9 гадоў падрыхтоўкі навуковай работы перакрэслілі гэтыя меркаванні. Канечне, крытыкавалі сурова, але любая работа павінна прайсці праз крытычнае сіта даследчыкаў, і калі чалавек ідзе ў навуку, ён павінен быць да гэтага падрыхтаваны. Акрамя таго, што ў Інстытуце гісторыі працуюць добрыя спецыялісты, у іх ёсць яшчэ вялікі чалавечы патэнцыял, таму на сваіх плячах адчула, што беларуская навука суровая, але добразычлівая”.

Канечне, сумяшчаць педагогіку і навуковую дзейнасць Кацярыне Якаўлеўне было вельмі цяжка — выкраіць час удавалася не так часта, як хацелася б. Але яна не магла сысці на паўдарогі да выніку.

“Рыхтуючы сваіх вучняў да алімпіяд, я заўсёды вучу іх ісці да канца, змагацца да апошняга. Таму саступіць на гэтым дзевяцігадовым адрэзку — значыць парушыць свае ж маральныя прынцыпы. Настаўнік павінен быць прыкладам трываласці для сваіх вучняў”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва Кацярыны АЛЕСІК.

Вяртанне да вытокаў — вялікая стваральная энергія

Памятаю, як у школьныя гады падчас чарговага наведвання бібліятэкі нашым гуртком вясковы бібліятэкар сказала: “Дзяўчаты, а ці не жадаеце далучыцца да маіх даследаванняў пра мінулае нашага краю?” — “Канечне!” — ні на хвіліну не задумваючыся, у адзін голас згадзіліся мы. Цётка Валя была не проста бібліятэкарам, а цікавым жывым чалавекам, сапраўднай актывісткай. Яна беражліва збірала звесткі пра вядомых людзей нашай вёскі, рабіла выставы ў бібліятэцы, кіравала самадзейным ансамблем сельскага клуба і сама спявала так, што, здавалася, у такт ёй пачыналі іграць струны тваёй душы… Пра даўнія абрады і святы ведалі ўсе вяскоўцы, зноў жа дзякуючы цётцы Валі. Нас, школьнікаў, яна таксама заўсёды прыцягвала да ўдзелу, і новая прапанова бібліятэкара не магла нас не зацікавіць.

Мы даведаліся пра пана, які валодаў раней землямі, дзе цяпер стаяла наша вёска, пра яго маёнтак, ад якога засталіся толькі старыя дрэвы і прыгожая ўзгорыстая мясцовасць за аколіцай. Але самым цікавым для нас, падлеткаў, было важнае заданне: пагаварыць з вясковымі старажыламі, запісаць усё, што яны раскажуць пра мінулае.

Чаму так важна захаваць спадчыну? Таму што народ павінен ведаць сваю гісторыю, а кожны чалавек — свае карані, таму што пакінутае нам продкамі — гэта сапраўды каштоўны скарб, які ўмяшчае ў сабе вопыт, традыцыі, жыццёвую мудрасць.

Вельмі прыемна, што сёння таксама ёсць нямала людзей, якія даследуюць мінулае, пішуць гісторыю сваёй малой радзімы і, што важна, спрабуюць зацікавіць гэтым малодшае пакаленне. У першую чаргу гэта педагогі. На Гомельшчыне такіх энтузіястаў-настаўнікаў шмат. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ворнаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна Валерый Валер’евіч Варганаў — адзін з іх.

Выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова ўсю сваю дзейнасць прысвячае дзецям, любімай прафесіі і роднай Кармяншчыне. Проста выкладаць прадмет — гэта не пра Валерыя Валер’евіча. Ён настаўнік-метадыст, краязнаўца, займаецца пытаннямі методыкі выкладання гісторыі, вывучэннем і папулярызацыяй гістарычнай і духоўнай спадчыны роднага краю, аўтар шэрага майстар-класаў, якія праводзіць на раённым, абласным і рэгіянальных узроўнях. У гэтым годзе была зацверджана праграма факультатыўных заняткаў “Гісторыя Кармяншчыны”, створаная вясковым настаўнікам, ім былі падрыхтаваны і метадычныя матэрыялы да факультатыву.

Валерый Варганаў — аўтар шматлікіх публікацый у газетах і часопісах, а таксама кніг “Алімпіяды па гісторыі: з вопыту работы”, “Нарысы гісторыі Кармяншчыны”, “Методыка вывучэння Вялікай Айчыннай вайны”, “Настаўнік пасля ўрокаў”, “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна” і інш.

Тапанімічны слоўнік — адна з самых цікавых і каштоўных прац. Нарадзіўся слоўнік напярэдадні святкавання 450-годдзя гарадскога пасёлка Карма, якое раённы цэнтр адзначыў летась. А папярэднічала гэтаму ініцыятыва вучняў Ворнаўскай школы, якія раней пад кіраўніцтвам Валерыя Варганава, свайго настаўніка гісторыі, склалі “Тапанімічны слоўнік зямель Ворнаўскага сельскага савета”. Дзеці з вялікай цікавасцю збіралі звесткі і вывучалі паходжанне назваў, вядомых з маленства. А колькі гордасці было ў юных даследчыкаў за сваю дзейнасць і разуменне таго, якую карысную справу яны робяць! Мабыць, натхнёныя такім вопытам, у раёне падхапілі ідэю. Настаўнікі гісторыі, рускай і беларускай мовы стварылі творчую групу, задзейнічалі сваіх вучняў — і пачалася вялікая работа.

— Актыўнае ўзаемадзеянне вучняў і педагогаў раёна дало свой плён, — гаворыць Валерый Валер’евіч. — Было зафіксавана і апрацавана каля паўтары тысячы мясцовых тапонімаў і мікратапонімаў, якія ўвайшлі ў “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна”. І, паверце, гэтая акцыя значна актывізавала патрыятычную работу з вучнямі.

Настаўнік упэўнены, што такое даследаванне можа зацікавіць школы, краязнаўцаў, усіх тых, хто неабыякавы да нашай духоўнай спадчыны. На яго думку, сёння неабходна імкнуцца захаваць хаця б тое, што яшчэ можна захаваць. Дарэчы, з “Тапанімічнага слоўніка Кармянскага раёна” вырас яшчэ адзін праект — электроннае выданне краязнаўчага даведніка, які можа працаваць у інтэрактыўным рэжыме і пастаянна карэкціравацца, папаўняцца новымі артыкуламі, спасылкамі, ілюстрацыямі і інфармацыяй. Такім чынам, у вучняў цяпер ёсць магчымасць адправіцца ў захапляльнае віртуальнае падарожжа ў часе і прасторы, дзе перад імі пройдуць многія пакаленні, эпохі, людзі, стагоддзі. Акрамя таго, у слоўніку разам з тлумачэннем тапонімаў змяшчаюцца дакладныя гістарычныя звесткі аб населеных пунктах раёна — першых згадках у гістарычных крыніцах, аб уладальніках, гістарычных падзеях і гэтак далей.

— Па тапонімах мы можам вывучаць духоўныя традыцыі і побыт нашых продкаў у розныя гістарычныя перыяды, — тлумачыць Валерый Варганаў. — Таму многія тэмы ўрокаў могуць быць дапоўнены краязнаўчым матэрыялам, адкрытым самім вучнем і прадстаўленым у якасці гістарычнай даведкі, паведамлення, вучнёўскай даследчай работы. А гэта вялікі стымул для творчасці і далейшых краязнаўчых пошукаў.

Калі настаўнік зацікаўлены сам, ён абавязкова зможа зацікавіць вучняў. Тапанімічны слоўнік далёка не адзіная даследчая работа ворнаўскіх школьнікаў. Асаблівы ўклад унеслі яны разам са сваімі педагогамі і ў іншыя краязнаўчыя праекты, якія папярэднічалі юбілейнай даце райцэнтра. Пры дапамозе настаўніка гісторыі дзеці самі падрыхтавалі заданні да першай раённай краязнаўчай алімпіяды, прысвечанай датам вызвалення і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, тым самым пацвердзіўшы веданне як гісторыі ўвогуле, так і гісторыі сваёй малой радзімы.

Цікавасць у мясцовых дзяцей да мінулага з’явілася невыпадкова. У Ворнаўскай сярэдняй школе адраджэнне нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей даўно стала асновай выхавання падрастаючага пакалення. Краязнаўства на ўроку і ў пазакласнай рабоце — галоўны напрамак і сродак грамадзянска-патрыятычнага фарміравання асобы вучня. Так лічаць педагогі вясковай школы. І гэта не проста словы. Увесь педагагічны калектыў працуе па краязнаўчай тэматыцы ў адпаведнасці з распрацаванай гісторыкам В.В.Варганавым праграмай “Наш край”. Так, пачатковыя класы працуюць па напрамку “Наш радавод”, настаўнік геаграфіі — па экалагічным краязнаўстве, настаўнік фізічнай культуры — па краязнаўчым турызме, выкладчыца абслуговай працы і выяўленчага мастацтва — па адлюстраванні побыту, духоўных традыцый і культуры ў выяўленчым мастацтве, філолагі працуюць над моўна-этнаграфічным багаццем і традыцыямі беларускага народа.

Што можа абудзіць у дзяцей цікавасць да мінуўшчыны? Перш за ўсё, лічыць Валерый Валер’евіч, гэта магчымасць дакрануцца да сваіх каранёў.

— Толькі вяртанне да сваіх вытокаў, зварот да свайго роду, сваёй малой радзімы, яе традыцый і спадчыны здольны выклікаць вялікую стваральную энергію, — упэўнены настаўнік. — Знаёмства з мясцовай гісторыяй дапамагае вучням адчуць прыналежнасць да роднай зямлі і нацыянальнай еднасці, повязь часоў і пакаленняў.

Сапраўды, жаданне даведацца як мага больш пра сваіх прашчураў, “адкапаць” нейкія таямніцы зямлі, на якой ты вырас і ўзгадаваўся, уласціва кожнаму пакаленню. Сучаснымі дзяўчатамі і хлопцамі авалодваюць тыя ж пачуцці, што ахоплівалі нас, трынаццацігадовых дзяўчынак, якія па загадзе бібліятэкара цёткі Валі збіралі ўспаміны старажылаў і запісвалі жаласлівыя песні, якія дайшлі ў вуснай форме да нашых дзён.

А яшчэ музей. Школьны этнаграфічны музей, у які мы цягнулі знойдзеныя недзе на паддашку ў бабулінай хаце ручнікі, посцілкі і дзіўныя для нас розныя прылады працы і побыту. Гэта якраз і ёсць прамы дотык да мінулага, пра які гаворыць ворнаўскі гісторык. І ў гэтым, мабыць, галоўны сэнс школьных музеяў. Такі музей не павінен быць проста для парадку, проста нейкім памяшканнем з шыльдай на дзвярах, якія адчыняюцца толькі ў нейкіх асаблівых выпадках. Ён павінен быць цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, пры неабходнасці выкарыстоўвацца і ў адукацыйных мэтах. Як у ворнаўскай школе.

Два музеі — краязнаўчы і музей-мемарыял акадэміка АН БССР М.Д.Несцяровіча — добрая падмога педагогам не толькі ў мерапрыемствах пэўнага выхаваўчага кірунку, але і ў правядзенні ўрокаў, прыцягненні дзяцей да даследчай дзейнасці. Напрыклад, мемарыяльны пакой славутага земляка стаў асновай для даследчай работы аб ваенным лёсе будучага акадэміка, над якой працаваў настаўнік гісторыі разам са сваімі вернымі памочнікамі — вучнямі. На прыкладзе жыцця і дзейнасці знакамітага выпускніка школы вучні пачынаюць адчуваць гонар за родную зямлю, што нарадзіла такога чалавека, бачаць прыклад таго, якіх вяршынь можна дасягнуць, калі сумленна і нястомна працаваць.

— Перш чым выкарыстоўваць мясцовы гістарычны матэрыял у вучэбным працэсе, неабходна вызначыць яго месца, сувязі і суадносіны з агульнагістарычным матэрыялам, — дзеліцца вопытам настаўнік-метадыст. — Краязнаўчы матэрыял можа выкладацца на занятках як педагогам, так і выхаванцамі. Самае галоўнае, каб педагог пры сістэматычным уключэнні краязнаўчага матэрыялу ў адукацыйны працэс імкнуўся сфарміраваць у выхаванцаў пэўную сістэму ведаў пра родны край (галоўныя этапы яго развіцця, адметныя асаблівасці, месца і значэнне ў гістарычным развіцці краіны).

Яшчэ адным эфектыўным сродкам навучання і выхавання ў Ворнаўскай сярэдняй школе лічаць экскурсійную работу. Так дзеці паглыбляюць свае веды, лепш засвойваюць матэрыял, а іншы раз і маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, аб чым чыталі ў падручніку гісторыі. Вучні Валерыя Валер’евіча могуць пахваліцца цікавымі ўражаннямі, якія атрымалі, пабываўшы на месцах гістарычных падзей, каля гістарычных помнікаў, у музеях, архівах і бібліятэках, паблукаўшы па прыродна-ландшафтных комплексах.
Можна казаць, што сучасныя дзеці не цікавяцца мінулым, не разумеюць сувязі пакаленняў, што наогул іх інтарэсы абмяжоўваюцца гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі. Але гэта не больш чым адгаворкі пры нежаданні займацца пошукамі цікавых форм работы. Між тым прыдумваць тут асабліва не трэба: ёсць мноства простых, але эфектыўных метадаў. Вось вам невялічкая сельская школа. Але ж які размах! Тут зрабілі стаўку на краязнаўства — і, як бачым, гэта дапамагае не толькі настаўніку гісторыі, але і ў цэлым школе, паколькі на гэтым будуецца выхаваўчы працэс.

Валерый Валер’евіч Варганаў — чалавек незвычайны. Цалкам захоплены любімай справай і дзецьмі, ён на дзіва лёгка паспявае ісці ў нагу з часам, бясконца ўносіць нешта новае ў выкладанне прадмета, у краязнаўчую дзейнасць, у выхаванне сваіх юных падапечных. А яны плацяць яму сваёй любоўю, добрымі ведамі, дасягненнямі ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях і проста дасягненнямі ў жыцці.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Гісторыя краіны — у сямейных гісторыях

Магілёўскіх школьнікаў цікавяць розныя аспекты гісторыі і культуры краіны, роднай вобласці. Яны імкнуцца ведаць аб гераічным мінулым землякоў, этнаграфіі і фальклоры, прыродных, духоўных і іншых багаццях сваёй Радзімы. Разам са сваімі педагогамі навучэнцы актыўна займаюцца разнастайнымі даследаваннямі, знаходзяць цікавыя факты гісторыі, вяртаюць з нябыту імёны герояў, даносяць гэтую інфармацыю да грамадскасці.

Як паведамілі ў абласным Цэнтры творчасці, у вобласці вялікая колькасць дзяцей, якія захоплены краязнаўствам. Яны з энтузіязмам прымаюць удзел у конкурсах і спаборніцтвах. Творчы патэнцыял юных краязнаўцаў Магілёўшчыны раскрываецца і ў праектах, якія яны распрацоўваюць у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У кожным з конкурсных напрамкаў акцыі навучэнцы рэгіёна годна праяўляюць сябе: рыхтуюць экскурсіі, актыўна вандруюць па краіне. Важна і тое, што, займаючыся краязнаўствам у цэлым, школьнікі не забываюць пра ўласныя карані. Хлопчыкі і дзяўчынкі даследуюць свае радаводы, духоўную спадчыну продкаў і сямейныя традыцыі, апісваюць гісторыі сваіх сем’яў у непарыўнай сувязі з агульнай гісторыяй народа.

— Конкурс “Мой род, мая сям’я” — важны напрамак краязнаўчай работы навучэнцаў. І вельмі радуе, што нашы дзеці з цікавасцю вывучаюць свой радавод. Падчас даследаванняў жыцця продкаў дзеці адкрываюць многія таямніцы, пачынаюць лепш разумець гісторыю краіны, бо атрымліваюць магчымасць паглядзець на гістарычныя падзеі вачыма сваіх дзядоў і прадзедаў. Кожная з работ, прадстаўленая на сёлетні конкурс, заслугоўвае ўвагі. Школьнікі ўсведамляюць важнасць сваіх даследаванняў, разумеюць, што гісторыя краіны складзена з асобных сямейных гісторый, — падкрэсліла загадчык аддзела краязнаўства і пошукавай работы АЦТ Святлана Хадоркіна.

У тым, што ў гэтых словах няма перабольшання, пераконваюць даследчыя праекты навучэнцаў вобласці. Тыя, пра якія пойдзе гаворка, ужо былі адзначаны прызавымі дыпломамі не толькі на рэгіянальных, але і на міжнародных конкурсах. Знаёмства з іх аўтарамі пераканала: перамогі былі цалкам заслужанымі.

Вучаніца сярэдняй школы № 34 Магілёва Ульяна Глазкова да вывучэння радаводу сваёй сям’і падключылася ўслед за старэйшай сястрой Вольгай, працягнуўшы пачатую ёю справу.

— Наогул, вывучэннем гісторыі сям’і мы вырашылі заняцца пасля таго, як у фотаальбоме нашай бабулі Оля знайшла вельмі стары здымак. На адваротным баку было напісана: “На доўгую памяць дарагім бацькам ад Івана Мікуліча. 13 кастрычніка 1940 года”. Аказалася, што салдат на тым фота — наш сваяк — родны брат прабабулі. Праз восем месяцаў пасля таго, як быў зроблены здымак, артылерыст Іван Мікуліч загінуў пры абароне Гомеля. Яму было ўсяго 19 гадоў. Памяць аб ім засталася толькі ў здымку і аповедах родных. Менавіта гэты выпадак дапамог нам зразумець, што неабходна як мага больш ведаць аб каранях сваёй сям’і і перадаваць гэтыя веды з пакалення ў пакаленне. Гэта дапаможа і нам пакінуць след у сэрцах сваіх будучых нашчадкаў, — упэўнена Ульяна.

Вывучэннем радаводу сёстры займаюцца на працягу сямі гадоў. За гэты час удалося выявіць восем радавых галін, ідэнтыфікаваць звыш 400 сваякоў па розных лініях, даведацца аб паходжанні сямейных прозвішчаў, тэрыторыі пражывання і рассялення, адшукаць мноства месцаў пахавання продкаў і нават некалькі радавых дамоў. Акрамя таго, даследаванне паспрыяла аднаўленню адносін са сваякамі, сувязь з якімі па розных прычынах была страчана. З архіўных даных і дакументальных крыніц, з гутарак са сваякамі Ульяна разам з кіраўніком праекта, настаўніцай матэматыкі, педагогам школьнага аб’яднання па інтарэсах “Летапіс” і сваёй бабуляй Яўгеніяй Дзмітрыеўнай Дубавіцкай даведалася шмат цікавага з гісторыі сваіх продкаў.

— З летапісу “Вопыт апісання Магілёўскай губерні” нам стала вядома, што адзін з прапрадзедаў — Фёдар Іванавіч Булай — быў мешчанінам і ўладальнікам невялікага завода. Ажаніўся звычайны гарадскі хлопец з дваранкай — Настассяй Мікітаўнай Краснікавай. Нягледзячы на забароны бацькі, іх сацыяльна няроўны шлюб адбыўся. Настассю Мікітаўну за гэта адлучылі ад радні, — расказвае дзяўчынка.

Па яе словах, лёсы іх продкаў непарыўна звязаны з агульнай гісторыяй беларускага народа, тымі падзеямі, якія адбываліся ў краіне і горадзе. Так, прадзед Дзмітрый Фёдаравіч Булай, будучы хлапчуком, бачыў апошняга расійскага імператара Мікалая II.

— Калі ў Магілёве знаходзілася Стаўка Галоўнакамандуючага царскай расійскай арміяй, прадзед быў вучнем Аляксандраўскага рэальнага вучылішча. На цяперашняй плошчы Славы вучняў сабралі, каб тыя песнямі прывіталі цара. Тую сустрэчу Дзмітрый Фёдаравіч запомніў на ўсё жыццё, — расказвае Ульяна Глазкова.

Прайшлі продкі Глазковых праз рэпрэсіі і арышты, звязаныя з паслярэвалюцыйным часам, падтачыла карані і зламала многія маладыя галінкі роду Вялікая Айчынная вайна. Гераічна змагаўся за свабоду Радзімы ўвесь род Мікулічаў, праявілі сябе на франтах таксама Фёдар Хадановіч, Мікалай Вараб’ёў, Рыгор Дубіцкі.

— Даследуючы гісторыю нашага роду, мы не толькі знайшлі шмат цікавых фактаў, але і даведаліся пра сямейныя традыцыі. Напрыклад, з пакалення ў пакаленне перадаецца ў нашай сям’і любоў да рукадзелля. А яшчэ мы да гэтага часу захавалі традыцыю ўсёй сям’ёй рабіць па суботах пельмені, якую ў свой час заснавала яшчэ мая бабуля Настасся Мікітаўна Булай, — кажа Яўгенія Дзмітрыеўна.

Вывучэнне лёсаў продкаў дапамагло выявіць і такую тэндэнцыю: у родзе Глазковых у прафесійным плане перавагу ў асноўным аддаюць медыцынскай або педагагічнай рабоце. Пачатак дынастыі лекараў паклаў прадзядуля Іван Пятровіч Мікуліч.

— Ён быў сельскім фельчарам і расказваў шмат смешных гісторый. Як, напрыклад, пра тэрмометр. Жыхарцы вёскі пад Магілёвам стала дрэнна. Прадзядуля вырашыў памераць тэмпературу хворай, даў ёй градуснік, а тут яго тэрмінова выклікалі па іншым адрасе. Іван Пятровіч наказаў жанчыне заўтра прыйсці да яго самой. Раніцай хворая прыйшла, але замест аповеду пра паказчыкі тэмпературы, стала нястомна дзякаваць прадзеду: “Добрыя лекі, доктар. Трымала ўсю ноч, і сапраўды палягчэла”, — з умешкай узгадвае Ульяна. — Аднак усё ж самай шматлікай у нашым родзе з’яўляецца педагагічная дынастыя, — дадае дзяўчынка.

Усяго ў іх родзе 34 педагогі, агульны працоўны стаж якіх налічвае звыш 700 гадоў. У іх сям’і былі і ёсць педагогі рознага профілю: матэматыкі, хімікі, гісторыкі, географы, інфарматыкі, біёлагі, выхавальнікі, настаўнікі пачатковых класаў, замежных і рускай моў, музыкі і харэаграфіі, фізічнай культуры, абслугоўвай працы. Кожны з прадстаўнікоў дынастыі варты асобнага аповеду. Але самае галоўнае, што маладое пакаленне сям’і таксама ідзе па слядах продкаў, часта выбіраючы сярод розных прафесійных дарог менавіта настаўніцкі шлях.

— Дэталёвае вывучэнне гісторыі нашага роду дало шмат. Я даведалася, што нашы продкі пражылі сваё жыццё годна, многія з іх унеслі свой невялікі ўклад у гісторыю. На жаль, многіх сваякоў ужо няма з намі, некаторыя забыліся пра свае карані, пра кагосьці засталося вельмі мала звестак. Гэта значыць, што заканчваць даследаванне рана. Наперадзе чакаюць новыя знаёмствы і адкрыцці, — пераканана Ульяна Глазкова.

Цалкам салідарна з Ульянай і вучаніца Дараганаўскага ВПК Асіповіцкага раёна Ксенія Сітнік.

— Веданне радаводу дапамагае не толькі ў вывучэнні гісторыі, а і вучыць мяне правільным адносінам да жыцця, да выбранай справы, да людзей. Лёсы прадстаўнікоў майго роду — гэта мае жыццёвыя маякі, на якія я ўвесь час трымаю раўненне, — так пачала аповед пра свой радавод Ксенія.

Разам з кіраўнікамі праекта — дырэктарам школьнага краязнаўчага музея Жаннай Сямёнаўнай Караленяй і сваёй мамай Таццянай Іванаўнай Мельнікавай — Ксеніі ўдалося скласці свой радавод да восьмага калена.

— Вывучаць гісторыю продкаў я пачала яшчэ ў 2 класе. Зараз вучуся ў 10-м, але даследчая работа працягваецца. Вельмі дапамагае ў даследаваннях сямейная рэліквія — дзённік успамінаў і звестак па радавой лініі Андросенка — Грашчанка, якую пакінуў пасля сябе мой дзядуля па мацярынскай лініі Іван Фёдаравіч Андросенка. Найважнейшай крыніцай інфармацыі стала таксама перапіска дзеда Івана і яго жонкі, маёй любімай бабулі Надзеі. Значна спрыяюць вывучэнню радаводу і розныя дакументальныя крыніцы, — адзначае дзяўчынка.

Афіцыйныя звесткі дапамаглі праліць святло на многія страчаныя факты. Так, з дакумента “Дадатковыя рэвізскія казкі па Клімавіцкім павеце розных саслоўяў за 1864 г.” Ксенія атрымала шырокую інфармацыю пра сям’ю свайго прапрапрапрадзядулі Антона Міхайлавіча Васькоўскага і даведалася, што яе продкі карысталіся правамі асоб дваранскага паходжання і польскай шляхты.

— У ходзе работы мы высветлілі, што лёсы прадстаўнікоў нашага роду непарыўна звязаны з гістарычнымі падзеямі той эпохі, у якую жылі. Радавод нашай сям’і з’яўляецца яркім увасабленнем лёсу народа і гісторыі нашай краіны, — запэўнівае Ксенія.

У гэтым лепш за ўсё пераконваюць сямейныя паданні, якія расказвае навучэнка Дараганаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Напрыклад, часы Першай сусветнай вайны ў іх родзе звязаны з трагічнай стратай Нюшы — дачкі пары Ляўшук — адной з радавых галін. Леўшукі былі ў ліку бежанцаў, якія пакідалі Беларусь, калі на яе тэрыторыі разгарнуліся актыўныя баявыя дзеянні. На шляху ў Петраград ад хваробы загінулі і бацька, і маці мнагадзетнай сям’і. І хоць іх дзеці ўсё ж дабраліся да сваякоў, лёс малодшай дачкі Нюшы і цяпер застаецца невядомым.

— Кастрычніцкая рэвалюцыя таксама прынесла няшчасці ў некаторыя сем’і нашага роду. Так, Рыбаковы — уладальнікі зямель і шэрага прадпрыемстваў (цаглянага завода, спіртзавода і сыраварні) — страцілі ўсю сваю маёмасць. Землеўладальнікі Сітнікі таксама пазбавіліся ўсяго. Аднак аб іх былых уладаннях і зараз нагадваюць некаторыя назвы. У Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці ёсць лес, які да гэтага часу называюць Мамчын. Гэты лес падарыў памешчык Бонч-Асмалоўскі маёй прапрабабулі Караліне за тое, што яна была малочнай маці яго сына, — распавядае Ксенія Сітнік.

Свой адбітак на лёсы прадстаўнікоў роду Ксеніі наклала і Вялікая Айчынная вайна. На франтах самааддана змагаліся яе продкі. Іван Андросенка, Аляксандр Сітнік, Уладзімір Ласоўскі, Іван Рыбакоў, Алег Кучынскі і Анатоль Рыбакоў ваявалі ў партызанах. З пяці сыноў прапрабабулі дзяўчынкі — Ксеніі Ласоўскай, дадому вярнуліся толькі двое. Адзін з сыноў — Іван, сыходзячы на фронт, пакінуў дома цяжарную жонку. Сваю дачку Ніну ён так і не ўбачыў.

— У нашым родзе ёсць дастаткова вядомыя асобы. Гэта Аляксандр Пятровіч Мельнікаў — паэт, выдатны ўрач-радыёлаг, краязнавец Міхаіл Аляксеевіч Ласоўскі. Сярод маіх продкаў — прадстаўнікі разнастайных прафесій. Найбольш часта сустракаецца ў нашым радаводзе прафесія настаўніка. Кім стану я, пакуль дакладна не магу сказаць, хоць і схіляюся да таго, каб працягнуць настаўніцкую дынастыю, — гаворыць Ксенія.

Не толькі цікавасць да лёсаў продкаў прымушае гэтых дзвюх дзяўчынак — ды і многіх іншых магілёўскіх школьнікаў — імкнуцца да вывучэння свайго роду. Веданне гісторыі сям’і, продкаў, становіцца для вучняў своеасаблівым трывалым фундаментам, на аснове якога яны з упэўненасцю глядзяць у сваю ўласную будучыню.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Ксеніі СІТНІК.

Першакласная класная

Які ён — шчаслівы і паспяховы школьнік? Упэўнена, што яго “дзясяткі” і дыпломы на алімпіядах знаходзяцца далёка не на першым месцы ні для яго бацькоў, ні для яго самога. Больш важныя ўпэўненасць дзіцяці ў сабе, самастойнасць, уменне ладзіць з людзьмі і, урэшце, магчымасць раскрываць у сабе не толькі талент вучыцца, але і мноства іншых. Для настаўніцы гісторыі Марыны Міхайлаўны Клёцкінай, як і для ўсіх яе калег з сярэдняй школы № 24 Мінска, гэта стала аксіёмай.

Адзнака за ўсё

“Многія кіраўнікі школ лічаць сваёй галоўнай задачай вучыць дзяцей, якія будуць прадстаўляць школу на алімпіядах. Мы ж з дня заснавання школы хацелі, каб тут дзеці мелі магчымасць рэалізоўваць усе свае творчыя магчымасці, карысна і цікава праводзіць вольны час, — расказвае дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Грыцюта.

Канечне, у навучэнцаў школы і з дзённікавай паспяховасцю, і з алімпіяднай усё ў парадку. Але ўсё ж галоўных зорак тут запальваюць харэографы, вакалісты, тэатральны рэжысёр, кампазітар і гукарэжысёр, кіраўнік фотавідэастудыі, трэнеры і многія іншыя педагогі школы.

“На гэтым тыдні Марыне Міхайлаўне ўручылі Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна Мінска. Але сказаць, за што канкрэтна, немагчыма. За ўсё адразу, — працягвае дырэктар школы. — Яна — настаўнік гісторыі, харэограф, але ў першую чаргу — першакласны класны кіраўнік. Два выпускі Марыны Міхайлаўны за 5 гадоў яе работы ў нашай школе сталі асаблівымі дзякуючы таму, што ім дала педагог. У яе былі складаныя класы, але выпускнікі сталі самымі лепшымі. У Марыны Міхайлаўны атрымліваецца здружыць калектыў, знайсці падыход да кожнага дзіцяці”.

Выхаваўчы экскурс у гісторыю

Сама ж Марына Міхайлаўна ўпарта не згаджаецца з тым, што ў яе ёсць асаблівыя поспехі ў выхаванні школьнікаў. Але ў чым яны могуць выяўляцца? Іх жа не ацэніш. Чаму ж тады яе выпускнікі не хочуць выпускацца з-пад увагі сваёй настаўніцы? Чаму ў іх мабільных тэлефонах у спісе хуткага пошуку ёсць яе нумар? Чаму ж гадамі яны падтрымліваюць сяброўскія адносіны? Чаму так часта бывае цесна на яе кухні? Чаму Марына Міхайлаўна ледзь не самы чаканы госць на вяселлях сваіх выпускнікоў?

Усё гэта нездарма. Нездарма і тое, што ў кожным яе выпуску абавязкова ёсць педагогі. Дысцыпліны яе выпускнікі выкладаюць розныя, але ўсе яны імкнуцца быць падобнымі на Марыну Міхайлаўну. А ў тым, што выхоўваць можна, выкладаючы любы прадмет, настаўніца ўпэўнена. Здавалася б, як можа выхоўваць гісторыя? Каб яе ведаць, дастаткова мець добрую памяць…

Справа ў тым, што вучні Марыны Міхайлаўны імкнуцца бачыць чалавека па-за гісторыяй і таму ніколі не абмяжоўваюцца вучэбным дапаможнікам. Усіх гістарычных асоб яны могуць падрабязна апісаць, расказаць пра іх асабістае жыццё і пра тое, як гэта паўплывала на ход усёй гісторыі. З дапамогай настаўніцы яны персаналізуюць, ажыўляюць гісторыю, эмоцыі, памкненні, пачуцці Цэзара, Аўгуста, Юльяна і соцень іншых гістарычных асоб.

Настаўніца гісторыі прывучае дзяцей шукаць не адказы на пытанні пасля параграфа, а тое, што кранула асабіста іх, што дазволіла ўбачыць чалавека па-за гісторыяй. І хай гэта будзе ўсяго некалькі радкоў, але гэта лепш, чым рэферат, які дзеці спампоўваюць з інтэрнэту, нават не чытаючы.

Аляксандр Кратовіч, выпускнік сярэдняй школы № 32 Мінска: “Улічваючы, што Марына Міхайлаўна станавілася класнай амаль заўсёды ў падлеткаў, праблем з намі ў яе хапала. Але яе прынцып работы ў тым, што падлеткі — гэта не амаль, а ўжо дарослыя людзі. Яна прывучала нас адпаведна ставіцца да ўласных паводзін і жыцця. Памятаю, у 8 класе мы ледзь не сарвалі ўрок геаграфіі, і самым страшным для нас было тое, што географ выклікаў Марыну Міхайлаўну. Яна ўвайшла у клас і ні слова не сказала. Усё, пра што яна думала, мы зразумелі без слоў. Пасля таго мы ні разу не падвялі яе”.

“Як ні банальна гэта гучыць, гісторыя — настаўніца жыцця. Яна вучыць тых, хто аналізуе яе, — тлумачыць Марына Міхайлаўна. — Людовік XI спрабаваў аб’яднаць Францыю, але гэтаму перашкаджаў Карл Смелы, які жыў у Бургундыі і хацеў зрабіць яе асобнай дзяржавай. Людовік XI ніяк не мог перамагчы ў баі Карла Смелага, таму ён падкупіў яго блізкае акружэнне, якое здрадзіла свайму герцагу. У выніку Карл Смелы загінуў, а Францыя была аб’яднана. Я пытаюся ў дзяцей: “Хто з іх добры?” Адказваюць, што, канечне, Карл Смелы, бо ён сумленны, адважны, а Людовік XI — дрэнны, бо ён падкупіў людзей. Дадаю: “І заўсёды, калі была хоць якая-небудзь магчымасць пазбегнуць бітвы, ён плаціў. Напрыклад, падкупляў асаднікаў і ўваходзіў у горад з жывымі паплечнікамі, не аддаючы іх жыцці, каб узяць горад. І хто цяпер дрэнны, а хто — добры? Лепш было аддаць жыцці 15 тысяч чалавек?” Я тлумачу дзецям, што і ў сённяшнім жыцці так: у кожным чалавеку намешана і добрае, і дрэннае, не бывае толькі чорнага ці толькі белага”.

Разуменне таго, што не варта дзяліць свет на чорнае і белае, у многім спрашчае жыццё падлеткаў. І бывае, каб разабрацца ў сабе, у сваіх сябрах, бацьках, настаўніках, да Марыны Міхайлаўны прыходзяць дзеці не толькі з яе класаў, але і з іншых. Прычым парад Марына Міхайлаўна ніколі нікому не дае. Яна абмалёўвае іх праблему з усіх бакоў, але ніколі не скажа, як каму трэба зрабіць. Выбар дзіця заўсёды робіць само, а задача педагога — навучыць яго думаць і аналізаваць, каб зрабіць правільны выбар.

Ілья Мельнічук, выпускнік сярэдняй школы № 24: “10 гадоў нам гаварылі, што школа — наш другі дом, а класны кіраўнік — сябар. Але гэта былі толькі словы. І толькі ў 11 класе, калі класным кіраўніком стала Марына Міхайлаўна, якая, дарэчы, ніколі не казала такіх фраз, я ўпэўніўся, што гэта так. Яна цудоўны светлы настаўнік. Ад яе не пачуеш “Бацькоў у школу!”, усе праблемы яна старалася вырашаць, размаўляючы з самім дзіцем”.

Танцуй са мной!

Яшчэ адным слабым месцам у падлеткаў, асабліва ў 16—17 гадоў, псіхолагі называюць іх няўпэўненасць у сабе. Тут у памочнікі Марына Міхайлаўна бярэ танцы.

Сама яна пачала танцаваць у 16 гадоў і не сыходзіла са сцэны гадоў 10. На яе рахунку — нямала перамог у конкурсах і ў Беларусі, і за яе межамі. Як лаўрэат Усесаюзнага танцавальнага конкурсу яна мела права выкладаць харэаграфію, таму шмат гадоў працавала харэографам у сталічнай школе № 136, якая ў свой час мела тэатральны ўхіл. Захапіла танцамі Марына Міхайлаўна і 32-ю школу, у якой настаўніца сумяшчала харэаграфію для старшакласнікаў з выкладаннем гісторыі.

Танцавальныя папуры на выпускных вечарах у 24-й школе сталі традыцыяй толькі тры гады назад, але паглядзець на гэтае шоу збіраецца ўвесь раён, прыязджае тэлебачанне. Вясной яго ладзілі 26 пар выпускнікоў — ледзь хапіла пляцоўкі перад школай. Дзявочыя сукенкі ў гарохі і само шоу дзеці і дарослыя ўсё лета абмяркоўвалі ў дварах, магазінах, школах.

“Танцы мяняюць дзяцей, — пераканана Марына Міхайлаўна. — Чалавек, развучваючы танцы, вучыцца добра выглядаць, і гэта праецыруецца на ўсё. Чалавек, які пабываў у сітуацыі поспеху (калі яго хваляць, калі яму апладзіруюць), становіцца ўпэўненым у сабе. Танец вучыць будаваць зносіны: як правільна падысці да іншага чалавека, запрасіць на танец, загаварыць (асабліва гэта актуальна ў падлеткавым узросце), як трымаць у танцы партнёра, каб абодвум было зручна і збоку выглядала прыгожа.

Сама я даўно не танцую, але дагэтуль у мяне ёсць разварот плеч, падняты падбародак. Гэта адчуванне сябе ў гэтым свеце, унутранае адчуванне, што маё цела мне падпарадкоўваецца, што я заўсёды магу добра выглядаць. Таму танцы вельмі важныя для дзяцей. Я б іх зрабіла абавязковай дысцыплінай, прычым не ў пачатковай школе, а менавіта ў старшых класах.

Віталь Молчан, выпускнік сярэдняй школы № 136 Мінска: “Марына Міхайлаўна адыграла ў маім жыцці вызначальную ролю. Без яе не было б у ім танцаў, не было б выкладчыка ва ўніверсітэце, не было б пастаноўшчыка ў дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. Мы дружым, часта сустракаемся. Нашы адносіны сталі сяброўскімі. Марына Міхайлаўна — унікальны чалавек. Яна адчувае людзей, у яе велізарны жыццёвы вопыт. На жаль, у яе жыцці было шмат выпрабаванняў, і тое, як яна спраўлялася з імі, — для мяне ўрок. Мы рэалізоўвалі сумесныя праекты ў Маладзёжным тэатры эстрады. Марына Міхайлаўна летась была вядучай у гэтым тэатры на маім 30-годдзі».

Я тлумачу хлопцам, што ўсе траўмы ў танцы бываюць толькі з-за партнёра. Любая падтрымка — гэта на 80 працэнтаў правільнае выкананне і толькі на 20 працэнтаў разлік на грубую фізічную сілу. А дзяўчына ніколі не будзе рызыкаваць сваім жыццём, не паляціць у падтрымку ўніз галавой, калі не будзе ўпэўнена ў партнёры. Хлопцаў акрыляе адчуванне таго, што іх партнёркі робяць з імі любую падтрымку, давяраюць ім. І яны ўжо не могуць падвесці іх. Гэта зусім іншыя ўзаемаадносіны”.

Гэтае адчуванне некалі так спадабалася яе навучэнцу Віталю Молчану, таленавітаму юнаму матэматыку, які перайшоў у тэатральную школу, што ён захоўвае яго і сёння. Падрыхтоўкі Марыны Міхайлаўны было дастаткова, каб стаць студэнтам БДУіК. Віталь стаў стыпендыятам прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнікам гран-пры Міжнароднага адкрытага конкурсу балетмайстраў, віцэ-чэмпіёнам свету па ўсходніх танцах сярод мужчын. Прафесійна танцуюць многія выпускнікі Марыны Міхайлаўны. Сярод іх — Ірына Залатарова. Акрамя таго, што ў яе паспяховая кар’ера ў Францыі, яна пераможца конкурсу танца ў Катары і першая жанчына ў гісторыі гэтай дзяржавы, якая выступіла з сольным танцам на сцэне Вялікага нацыянальнага опернага тэатра. Паспяхова танцуюць у нашай краіне і за яе межамі выхаванцы Марыны Міхайлаўны.

Вольга Клёцкіна, дачка Марыны Міхайлаўны і выпускніца сярэдняй школы № 136: “Дзякуючы маме я палюбіла прафесію настаўніка, хаця гісторыю ў мяне яна не выкладала. Як і мама, я скончыла гістарычны факультэт БДУ, праўда, у школе працавала нядоўга, бо не на жарт захапілася тэатрам Радзівілаў. Яшчэ ў школе я пачала пісаць навукова-практычную работу на гэтую тэму, працягнула работу ва ўніверсітэце, пасля гэта стала тэмай маёй магістарскай, аспіранцкай і кандыдацкай работ. А цяпер я праводжу экскурсіі ў Нацыянальным мастацкім музеі па названай тэме”.

Канечне, іх імёны грэюць душу першай настаўніцы, яна ганарыцца імі. Але не менш гордасці ў яе і за іншых — не такіх знакамітых — выпускнікоў. “Я не ацэньваю якасці сваіх выпускнікоў па іх дыпломах і ўзнагародах, — гаворыць Марына Міхайлаўна. — Мне часта ўспамінаецца залік у тэатральнай школе, калі з сольным нумарам выйшла вельмі поўная дзяўчына (імя я спецыяльна не называю). Яна выступіла так, што ёй апладзіравалі не менш, чым тым, хто потым з лёгкасцю стаў прафесійным танцорам. Гэтае пераадоленне сябе, сваёй прыроды часам уражвае больш, чым прыродны талент”.

Вось чаму настаўніцу так радуе тое, што сярод яе былых выхаванцаў шмат прадстаўнікоў іншых прафесій, якія пасля працы працягваюць танцаваць так званыя сацыяльныя танцы: сальсу, танга, бачату, баг, хіп-хоп і інш. Яны разлічаны на непрафесіяналаў і дазваляюць трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Да таго ж яшчэ і зараджаюць энергіяй.

“У мяне дзве любові ў жыцці — танец і гісторыя. Згодна з філасофіяй Старажытнай Грэцыі, чалавек павінен развівацца рознабакова. Там алімпійскім чэмпіёнам усё жыццё плацілі, але пры гэтым яны павінны былі і на музычных інструментах іграць, і вершы пісаць. Гэта правільнае развіццё, гэтага мы і павінны дабівацца”, — падагульняе Марына Міхайлаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Дзмітрыя МАМАНТАВА.

Віктар ЖУК: “Трэба будаваць сябе і быць унікальным”

У гасцёўні рубрыкі “Мая школа” былі пісьменнікі і акцёры, эстрадныя спевакі і мастакі, урачы і спартсмены, але напярэдадні Дня настаўніка мы вырашылі сустрэцца са звычайным настаўнікам звычайнай беларускай школы. Хаця мы крышачку хлусім: з не зусім звычайным…

Знаёмцеся: настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў Рэспублікі Беларусь Віктар Эдуардавіч ЖУК.

— Думаю, крыху дзіўна задаваць настаўніку такое пытанне, але ўсё ж, Віктар Эдуардавіч, што для вас школа?

— З пэўнага часу школа для мяне — гэта асаблівы сусвет, у якім я жыву. Я не думаў, што школа калісьці стане часткай майго жыцця. Скажу больш: скончыўшы педагагічны ўніверсітэт, я не быў упэўнены, што стану працаваць у школе. Не было ўпэўненасці, што змагу знайсці паразуменне са школьнікамі, што вытрымаю школьную нагрузку. Увогуле, разнастайных няўпэўненасцей было даволі многа. Пры гэтым яшчэ на практыцы, правёўшы першыя ўрокі, улюбіўся ў саму настаўніцкую працу.

А сёння школа — гэта частка майго жыцця, якую ўжо нельга выкрасліць, і гэта ўжо назаўжды.

— Якім быў першакласнік Віця Жук?

— Як і ўсе тагачасныя дзеці, я ішоў у школу ў белай сарочцы і касцюме. Нас сустракала першая настаўніца — Наталля Веньямінаўна. А мой першы званок празвінеў у тагачаснай Маладзечанскай школе мастацтваў. Я стаў вучнем музычнага класа, дзе вучыўся іграць на флейце, і нічым не выдзяляўся з агульнай масы першакласнікаў — быў такім самым, як і ўсе дзеці. Не так даўно перагартаў свае школьныя дзённікі і прыйшоў да высновы, што я быў не самым руплівым вучнем. У дзённіку ёсць заўвагі, якія зафіксавалі ў гісторыі мае шматлікія свавольствы.

Там, у школе мастацтваў, я вучыўся толькі два класы, а потым перайшоў у іншую школу. Школа, у якой я вучыўся, знаходзіцца ад той, у якой я зараз працую, недалёка і геаграфічна, і па парадкавым нумары: гэта сярэдняя школа № 12 Маладзечна. Там я правучыўся да 9 класа, і, мабыць, таму ў мяне не засталося такіх яркіх уражанняў, якія атрымліваюць, развітваючыся са школай, адзінаццацікласнікі. Апошняга званка, выпускных экзаменаў і світання пасля выпускнога вечара ў мяне не было. Відаць, па гэтай прычыне ў мяне засталіся абрывачныя ўспаміны пра школу.

12-ю ўспамінаю з вялікай цеплынёй — мне там было даволі камфортна вучыцца. У мяне былі вельмі добрыя педагогі, і галоўнае, што я памятаю, — я ніколі не прымушаў сябе ісці ў школу. Са школьных педагогаў асабліва запомніўся настаўнік гісторыі Аляксандр Пятровіч Крэнць. Калі б я мог перанесціся ў школьныя гады, безумоўна, сядзеў бы і занатоўваў прыёмы і метады, якімі ён карыстаўся. Адзінае, што добра памятаю, — мне на ўроках было надзвычай цікава.

Прыхільнасць да гісторыі фарміравалася не толькі і не столькі школай, колькі маім акружэннем. Тут сышлося многае: найперш тое, што мая старэйшая сястра таксама гісторык (больш правільна будзе сказаць, канечне, што таксама гісторык — я); па-другое, немалую ролю адыграла маё захапленне гістарычнай рэканструкцыяй. Пэўны час я вагаўся, выбраць гісторыю ў яе акадэмічным, навуковым фармаце ці педагагічны напрамак. Выбар у бок практычнага выкладання лічу абсалютна правільным і ніколькі не шкадую аб гэтым.

Педагагічная дзейнасць, работа ў школе не для кожнага. Мой сябар, напрыклад, мэтанакіравана ішоў на гістфак БДУ, зараз працуе навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук і не ўяўляе сябе ў школе. А я ніколі б не змог цэлы сезон сядзець на археалагічных раскопках у далечыні ад людзей, хаця некалькі разоў на год выязджаю на раскопкі ў якасці валанцёра.

— Якія з прадметаў не даваліся?

— Не сябраваў я з дакладнымі навукамі — матэматыкай, фізікай, хіміяй. Нягледзячы на тое, што ў школе былі вельмі моцныя настаўнікі па гэтых прадметах, не ляжала ў мяне да іх душа. Відаць, мяне выключна гуманітарны склад розуму…

Па іроніі лёсу, у ліцэі вучыўся ў групе з паглыбленым вывучэннем матэматыкі. Зразумела, патрабаванні былі больш высокія, чым у школе, і мне прыйшлося ўзнаўляць недахопы ў матэматычных ведах, штудзіруючы школьны курс ледзь не з 8 класа. У выніку матэматыку і іншыя дакладныя навукі я вывучыў — жыццё прымусіла. (Смяецца.) А літаратура, мовы, гісторыя былі маімі любімымі прадметамі.

Класныя кіраўнікі ў нас мяняліся. Спачатку была Алена Піліпаўна Квач, потым яе замяніла Вольга Міхайлаўна Вайцяховіч, якая давяла нас да 9 класа (ведаю, што зараз яна працуе за мяжой настаўніцай пачатковых класаў). Цікава тое, што і Алена Піліпаўна, і Вольга Міхайлаўна выкладалі беларускую мову і літаратуру.

Зараз я сам з’яўляюся класным кіраўніком 11 класа. Таму апошнія некалькі гадоў пільна сачу, як праходзяць выпускныя лінейкі і вечары, бо трэба ж і самім зрабіць нешта незвычайнае і адметнае. Але наколькі кранальна глядзець, як, здавалася б, на першы погляд упэўненыя ў сабе адзінаццацікласнікі, паддаючыся эмоцыям, ледзь стрымліваюць слёзы, развітваючыся са школай! Канечне, гэтыя эмоцыі добра было б адчуць вучнем, але так склаліся абставіны, што мне прыйдзецца ўпершыню перажываць іх ужо дарослым. Будзем разам з вучнямі ствараць нешта яскравае і незабыўнае, бо не сакрэт, што кожны наступны выпуск хоча ў нечым пераўзысці папярэдні. І мы пастараемся, каб гэта было самае лепшае свята.

— Вы настройваеце сябе і вучняў на найвышэйшы вынік. Па сутнасці, вы перфекцыяніст?

— У значнай ступені гэта так. Я лічу, што, калі нешта не будзе зроблена, як трэба, яно не будзе зроблена ўвогуле. Але гэта не азначае, што павінна быль лепш, чым ва ўсіх. Я арыентуюся на свае ўласныя крытэрыі. Напрыклад, пакуль я не адпрацую план урока да дробязей, пакуль не пралічу ўсе нюансы, не магу перайсці да наступнага ўрока. Рыхтуючы заданне для работы, напрыклад, з інтэрактыўнай дошкай, магу завіснуць на адным прыкладзе і буду працаваць, пакуль не давяду яго да дасканаласці. Зараз, з цягам часу, рыхтавацца стала крыху прасцей. А раней я мог дасканала прадумаць першыя этапы ўрока — актуалізацыю, матывацыю, мэтавызначэнне, а потым ужо ў класе прыходзілася імправізаваць, калі справа даходзіла да вывучэння новага матэрыялу. Неаднойчы імправізацыі атрымоўваліся нашмат лепшымі, чым вывераны да дробязей урок, але вопыт паказаў, што кожная імправізацыя, як кажуць, павінна быць добра падрыхтавана. А вось калі нешта на ўроку не атрымлівалася, за гэтым ішоў дастаткова доўгі этап рэфлексіі і самакапання. Так ужо я ўстроены, што буду працаваць да таго часу, пакуль не атрымаецца тое, што было задумана, і пакуль я сам не выпраўлю свае памылкі.

Нават працуючы на будоўлі (а было ў маім жыцці і такое), я мог гадзінамі стая ць каля сцяны, выводзячы яе, імкнучыся, каб усё было прыгожа, у той час як мае калегі працавалі на выкананне плана часам на шкоду якасці.

У школе таксама высокі тэмп, гонка за вынікамі, але тут мой перфекцыянізм упісваецца ў тэмп, які задае школьная праграма і жыццё ўвогуле.

— У школах часта бывае так, што прадмету, які выкладае класны кіраўнік, удзяляецца менш увагі. Ці даводзіцца вам на ўроках вырашаць пытанні класнага кіраўніцтва?

— Зараз я з’яўляюся класным кіраўніком 11 класа, і класныя справы да ўрокаў ніякага дачынення не маюць. Для мяне заўсёды існуе дакладная мяжа паміж мной як прадметнікам і як класным кіраўніком. Я прыходжу да свайго класа менавіта на ўрок гісторыі. Усё астатняе — па-за яго межамі.

— Вашы вучні лічаць вас строгім ці добрым настаўнікам?

— Пра гэта лепш спытаць у іх. Але, на маю думку, я для іх больш добры, чым строгі. Чаму? Заўсёды даю магчымасць выправіць дрэнную адзнаку. Імкнуся на ўроках стварыць камфортную працоўную атмасферу, не стараюся ўзвысіцца над імі і стаць для іх ісцінай у канчатковай інстанцыі. Яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя Дыстэрвег казаў, што дрэнны настаўнік падае вучням ісціну, а добры — вучыць яе знаходзіць. І я імкнуся, каб яны менавіта знаходзілі ісціну. Канечне, часам гэта дастаткова складана, але я ўпэўнены, што тыя якасці, якія яны набудуць у працэсе самастойнага пошуку інфармацыі, яе крытычнага аналізу і асэнсавання, спатрэбяцца ім у далейшым самастойным жыцці.

У той жа час лічу, што я патрабавальны настаўнік. Быў такі цікавы выпадак. 14 лютага, на Дзень Святога Валянціна, у нас, як і шмат дзе ў школах, стаялі паштовыя скрыні для валянцінак. Я таксама падпісаў валянцінку свайму класу. Напісаў словамі Шэкспіра: “Моя любовь слепа и всё простить готова…” А потым дадаў свае словы: “Кроме невыученного домашнего задания”.

Што тычыцца стасункаў з маімі вучнямі, то яны, на маю думку, дастаткова сяброўскія, але не панібрацкія. Я не імкнуся ўзвесці сцяну паміж намі, а, наадварот, раблю ўсё, каб пабудаваць нармальныя чалавечыя зносіны, якія асноўваюцца на ўзаемаразуменні.

— Калі вы яшчэ са школы цікавіліся гісторыяй, чаму пасля 9 класа накіраваліся ў будаўнічы ліцэй?

— У кожнага падлетка наступае час, калі антаганізм у яго свядомасці ўзрастае. Хочацца быць самастойным. І я вельмі добра разумеў, што, адвучыўшыся 11 класаў і паступіўшы на бюджэт на дзённае аддзяленне, не змагу быць самастойным на студэнцкую стыпендыю. А што тычыцца прафесіі, то яна ніколі лішняй не бывае.

Менавіта таму, каб не залежаць ад бацькоў, я вырашыў спачатку атрымаць прафесію, а потым завочна скончыць ВНУ.

У ліцэі я атрымаў спецыяльнасць аддзелачніка і пайшоў працаваць. Я люблю нешта ствараць, і будоўля дазваляе гэта рабіць. Гэта таксама ў нечым творчасць, але тое, як я ўяўляў будаўнічы працэс і што я ўбачыў на самай справе, рэзка адрознівалася. Патрабавалася выконваць работу вельмі хутка, часта за кошт пагаршэння якасці, а мне хацелася зрабіць з кожнай выкананай мной работы шэдэўр. Пакуль вучыўся ва ўніверсітэце, на будоўлі працаваў у асноўным дзеля таго, каб былі сродкі для існавання. Пры гэтым, праходзячы службу ў арміі, для сябе вырашыў, што, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, на будоўлю больш не вярнуся.

— Ідучы па горадзе, не ўспамінаеце тыя аб’екты, дзе працавалі?

— Я абсалютна не саромеюся таго, што маю рабочую прафесію і некаторы час працаваў на будоўлі. Гэта этап майго жыцця, які даў мне многа вопыту. Ідучы па горадзе, бываючы ў вёсках, дзе мы таксама працавалі, з гонарам магу сказаць: да гэтага аб’екта я таксама прыклаў сваю руку. (Смяецца.)

— Але цяга да гісторыі ўсё ж перамагла?

— Пасля заканчэння ліцэя абсалютна натуральна паўстала пытанне, у якім напрамку працягваць навучанне. Варыянтаў было нямнога: або вышэйшая навучальная ўстанова інжынерна-будаўнічага профілю, або тое, да чаго ляжала душа, — гісторыя.

На апошнім курсе наш ліцэйскі выкладчык матэматыкі пацікавіўся, куды я пайду далей. Я расказаў пра свае ваганні. Яго адказ быў літаральна такі: “Ты будзеш дурнем, калі не пойдзеш на гістарычны факультэт”. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, я вырашыў звязаць свой лёс з тым, да чаго ляжала душа, адкінуўшы ўбок меркантыльныя інтарэсы.

— Хто з універсітэцкіх педагогаў аказаў на вас уплыў? Ці ёсць у вас узор настаўніка?

— Ні ў школе, ні ва ўніверсітэце ў мяне не было такога чалавека, да якога я хацеў бы быць падобны. Увогуле, лічу, што не варта выбіраць сабе куміра і імкнуцца быць падобным да яго. Трэба самому будаваць сябе і быць унікальным. Ва ўніверсітэце было многа цікавых выкладчыкаў, на іх лекцыях не хацелася спаць, але я не імкнуўся да падабенства.

На жаль, многія прадметы прайшлі паскораным курсам. Я не лічу сябе добрым тэарэтыкам, таму што ўсе веды, не замацаваныя практыкай, вельмі хутка растварыліся, мне потым шмат прыйшлося аднаўляць. А тое, што прыйшло праз практычнае замацаванне, закладвае твой педагагічны фундамент.

Я не лічу, што мой фундамент як педагога поўнасцю сфарміраваўся. Ён зараз, калі гаварыць будаўнічымі тэрмінамі, на стадыі выкапанага катлавана, у які пачынаюць закладаць бетон, які з часам, спадзяюся, стане моцным падмуркам маёй педагагічнай практыкі.

Калі ўзважыць маю тэорыю і практыку, тэорыя будзе складаць недзе каля 20%. Усё астатняе — практычны вопыт.

— Калісьці пачуў жартоўнае выказванне: “Не веру ў каханне з першага погляду, замагільнае жыццё і завочнае навучанне”. Вы ў завочнае навучанне верыце?

— Тут усё залежыць ад самога завочніка. Канечне, яму зробяць загрузку тэарэтычнай інфармацыяй, але калі ён не захоча гэтую інфармацыю прыняць, засвоіць і замацаваць, то нічога ў яго не атрымаецца. Калі ў чалавека няма адчування неабходнасці гэтых ведаў, навучыць яго немагчыма. Не сакрэт, што многія ідуць вучыццца на завочнае аддзяленне, каб атрымаць дыплом і ўладкавацца на работу па іншай спецыяльнасці.
Пакуль вучыўся ва ўніверсітэце, сам да канца не ведаў, ці змагу працаваць у школе. Асэнсаванне ўласных магчымасцей прыйшло толькі падчас педагагічнай практыкі, якую я праходзіў у Маладзечанскай гімназіі–каледжы мастацтваў.

— Чаму не пайшлі на практыку ў сваю родную 12-ю школу?

— Мне хацелася працаваць сярод настаўнікаў, якіх я не ведаў і якія не ведалі мяне. Хацелася новых уражанняў. Педагагічную практыку адпрацаваў ад званка да званка: не было нават ніякіх спроб што-небудзь скараціць ці прафілоніць. І я вельмі ўдзячны майму кіраўніку педпрактыкі Людміле Канстанцінаўне Лагуцёнак (яна ў свой час вучыла маю сястру), якая дала мне магчымасць цалкам рэалізаваць сябе на практыцы. Яна дала поўны карт-бланш: “У цябе ёсць гадзіны, я змагу дапамагчы з матэрыяламі — толькі працуй”.

— Як праходзіла ваша інтэграцыя ў педагагічны калектыў школы?

— Атрымаўшы дыплом, я прыйшоў у аддзел адукацыі і сказаў, што хачу працаваць у школе. Але на той момант вакансій настаўніка гісторыі не было, і мне прапанавалі ўладкавацца метадыстам у сектар аховы дзяцінства. У мяне не было ніякага ўяўлення пра тое, чым павінен займацца спецыяліст на маёй пасадзе, таму першыя тыдні я толькі і рабіў тое, што вывучаў Кодэкс аб шлюбе і сям’і і Дэкрэт прэзідэнта № 18. Потым уцягнуўся ў работу, стаў наведваць сем’і, працаваць з дакументамі. Я ўвогуле вельмі цяжка мяняю звыклыя ўмовы на нешта новае, таму для мяне працэс акліматызацыі на новым месцы праходзіць даволі доўга. Я ўжо амаль асвоіўся на новым месцы — і раптам у лістападзе ў 11-ю школу Маладзечна тэрмінова спатрэбіўся настаўнік гісторыі.

Увогуле, я спачатку хацеў уладкавацца на няпоўную стаўку, каб паступова ўцягнуцца ў школьнае жыццё і яшчэ раз праверыць правільнасць свайго выбару. А тут — адразу паўтары стаўкі і класнае кіраўніцтва (бо пасля завочнага аддзялення і службы ў арміі ў мяне ўжо статусу маладога спецыяліста не было)! У мяне на развагі было ўсяго некалькі дзён, і з новага тыдня я ўжо пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў 11-й школе.
У мяне былі 5-я, 6-я, 7-я і (самае страшнае!) 11 класы. Я баяўся, што 11 клас за гады навучання прызвычаіўся да старога настаўніка і мог мяне проста не ўспрыняць, да таго ж ім усім гісторыя была не вельмі патрэбная, бо ўсе планавалі здаваць экзамены па іншых прадметах.

Працэс адаптацыі быў нечакана хуткім, але некаторыя калегі кажуць, што я ўліўся ў калектыў амаль адразу. Я не саромеўся задаваць пытанні і распытваць пра тое, што мне было незразумела (а мне шмат было незразумела), ісці да дырэктара і завуча з пытаннямі, якія мяне цікавілі. І я зараз вельмі ўдзячны намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Галіне Пятроўне Пішчык і сваім калегам за тое, што яны знаходзілі магчымасць даваць адказы на ўсе мае пытанні.

Канечне, спачатку было вельмі цяжка рыхтавацца да ўрокаў: сядзеў па начах, пішучы падрабязныя канспекты, пераварочваючы ўвесь універсітэцкі тэарэтычны матэрыял, імкнуўся знайсці нешта цікавае да кожнага ўрока. Мне было складана, не валодаючы, як мне здавалася, дастатковым узроўнем тэарэтычнай педагагічнай падрыхтоўкі, знайсці ідэальную мадэль урока (а ці існуе яна ўвогуле?).

Работа ў школе — гэта бесперапынны працэс пошуку сябе, пошуку неабходнай формы ўрока, паразумення з вучнямі.

— Ніколі не адчувалі дрыжыкі ў каленях, калі ўпершыню ўваходзілі ў новы клас?

— Калі я заходзіў у клас, у мяне ніколі не было страху, боязі ці дрыжыкаў у каленях. Нават на конкурсе самым лёгкім этапам для мяне быў урок у незнаёмым класе. Мандраж быў толькі перад урокам. Празвінеў званок — і ўсё як рукой зняло. І будучым канкурсантам гэтага баяцца таксама не варта: гэта адзінае мерапрыемства конкурсу, дзе ты застаешся ў сваёй талерцы. Што мяняецца? Нічога: тыя ж 45 хвілін, тыя ж дзеці (збольшага, усе дзеці аднолькавыя, але і розныя адначасова), той самы ўрок. А вось астатнія этапы — і каманднае самапрадстаўленне на сцэне, і прэс-канферэнцыя ў суперфінале, і майстар-класы — усё гэта было нязвыкла, а на ўроку, хай і ў незнаёмым класе, ты — настаўнік, ты займаешся звыклай для цябе справай.

Прыйшоўшы ў школу, я не стаў разглядаць свой малады ўзрост як недахоп. Я лічу, што гэта каласальная перавага: у вучняў няма стэрэатыпаў наконт настаўніка, а ў настаўніка — наконт вучняў. Я адразу ўключыўся ў жыццё класнага калектыву. Гэтаму вельмі паспрыяла тое, што літаральна ў першыя тыдні мы з класам згулялі ў футбол. Канечне, адносіны адразу сталі іншымі… (“Ого, наш класны гуляе ў футбол!”) Потым былі сумесныя паходы, пажарожжы. А калі, здаралася, узнікалі канфліктныя сітуацыі (а без іх ніяк, бо школа — гэта жыццё ў мініяцюры, дзе ты з кожным класам пражываеш яго нанова), імкнуўся спакойна, без перагібаў і мітусні ліквідаваць на пачатковым этапе: даваў спакойна выказацца класу, затым выказваў свой пункт погляду, імкнучыся наладзіць паразуменне канфліктуючых бакоў.

Сёння шмат хто скардзіцца, што і пакаленне не тое, і чытаюць яны мала, і гаджэтамі захоплены. Калі ўсё звальваць на адрозненні пакаленняў і розніцу ва ўзросце, канфлікт не вырашыцца, а з кожным годам будзе нарастаць. Дзяцей трэба разумець, тады яны будуць разумець дарослых.

— Вашы хобі таксама звязаны з гісторыяй. Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра вашы захапленні.

— У мяне два галоўныя захапленні: гістарычная рэканструкцыя і археалогія. Хаця я лічу сябе чалавекам, які вельмі лёгка нечым захапляецца, у мяне многа цікавых заняткаў, у якіх магу сябе рэалізаваць. Знаходзячы, што мне па душы, не магу адмовіцца ад старых захапленняў, таму ў мяне назапашваецца ўсё больш і больш новага. Адно з апошніх новых захапленняў — заняткі кікбоксінгам і тайскім боксам. У той жа час я не магу са свайго жыцця выкінуць захапленне футболам, археалогіяй і гістарычнай рэканструкцыяй, якой прысвяціў ужо больш як дванаццаць гадоў.

Быў перыяд, калі мне захацелася адпачыць ад даспехаў, турніраў, бугуртаў, але праз некаторы час я з новымі сіламі ўзяўся за старое захапленне: стаў збіраць новы грамадзянскі і ваенны касцюм сярэдзіны XIV стагоддзя, стаў часцей выязджаць на тэматычныя фэсты. Захапленне стала больш сур’ёзным. Сёння гэта не проста хобі, а сфера навуковых інтарэсаў. Мала проста аднавіць нейкі вобраз па ілюстрацыях. Для мяне як гісторыка ў гістарычнай рэканструкцыі важны сам працэс — няспешная і карпатлівая праца над узнаўленнем матэрыяльнай культуры Сярэднявечча. Прыходзіцца працаваць з разнастайнымі крыніцамі: гэта і артэфакты, і фрэскавы жывапіс, і кніжная мініяцюра, і тэкставыя апісанні. Аднак важна не проста, напрыклад, вырабіць аналаг сярэднявечнага артэфакта, але і выпрабаваць яго на практыцы.

Не варта займацца пустым назапашваннем гістарычных рэчаў. Для мяне цікава не столькі сама рэч, колькі яе выкарыстанне ў створаных аўтэнтычных умовах. Я даўно вызначыў для свайго захаплення аптымальны фармат — “жывая гісторыя”, — калі знойдзеныя ў гістарычных крыніцах і вырабленыя намі рэчы выпрабоўваюцца на практыцы: гэта і жыццё ва ўмовах паходнага ваеннага лагера, і раскладанне вогнішча пры дапамозе крэсіва, і прыгатаванне ежы па сярэднявечных рэцэптах, і аднаўленне тэхнікі вядзення ваенных дзеянняў і інш. Увогуле, гістарычная рэканструкцыя дае глебу для вельмі шырокай рэалізацыі сваіх магчымасцей. А вось ваенна-гістарычныя фестывалі турыстычнага фармату для мяне амаль страцілі цікавасць.

Яшчэ адно маё захапленне — гэта падарожжы. Тое, што ніколі не атрымаецца адняць у чалавека — гэта яго ўражанні. І такія ўражанні мне даюць новыя гарады і краіны, таму большую частку сваіх матэрыяльных рэсурсаў стараюся адкладваць на падарожжы.

— Якое ваша падарожжа самае запамінальнае?

— Безумоўна, гэта была паездка ў Парыж. Парыж трэба ўбачыць і жыць далей. Але жыццё пасля ўбачанага ўжо не будзе ранейшым. Ва ўсіх рознае ўспрыманне гэтага горада. Я адчуваў яго не як звычайны турыст. Для мяне Парыж быў не стэрэатыпны, а гістарычны і літаратурны. Я не чакаў ад яго бруднай Сены і эмігрантаў, таму і атрымаў тыя ўражанні, за якімі ехаў. Самымі запамінальнымі ў Парыжы былі менавіта тыя 9 гадзін самастойнага часу, за якія пры дапамозе GPS-навігатара я пабываў у тых месцах, якія для сябе запланаваў.

— У чым былі асаблівасці вашага сямейнага выхавання?

— Мяне выхоўвалі даволі строга, асабліва не патураючы, але пры гэтым у сям’і заўсёды была любоў. Я вельмі люблю сваіх бацькоў і не памятаю, каб у нас з імі былі нейкія сур’ёзныя канфлікты. Часам гляджу на сваіх школьнікаў і на іх антаганістычную накіраванасць да ўсяго сусвету і заўважаю, што яны дастаткова часта не могуць знайсці агульнай мовы са сваімі бацькамі. Я заўсёды імкнуўся да паразумення з бацькамі. Думаю, у мяне гэта атрымлівалася.

Магчыма, што на гэта паўплывала адсутнасць той колькасці матэрыяльных даброт, якія ёсць у сённяшніх дзяцей. Маімі захапленнямі былі дваровыя гульні ў квадраты ці казакоў. Калі я хацеў пагрузіцца ў казачны, фантастычны свет, не гуляў у камп’ютарныя гульні (камп’ютар з’явіўся ў мяне, калі я вучыўся ва ўніверсітэце), а чытаў кнігі, і мне гэтага цалкам хапала. Прычым чытанне было запойным, нават з ліхтарыкам пад коўдрай, калі бацькі забаранялі чытаць уначы.

Праводзячы параўнанні і разважаючы, чаму сённяшнія дзеці зусім іншыя, заўважаеш, што гэта абсалютна лагічна. Яны проста іншыя, не такія, як мінулыя пакаленні. І было б вельмі дзіўна, калі б яны выраслі такімі, як мы, у сённяшніх умовах, у сённяшнім асяроддзі, пры сённяшнім узроўні развіцця тэхналогій.

— Сённяшнія падлеткі з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі інтэрнэту. Шмат хто абвінавачвае іх у адсутнасці жадання чытаць. Як вы ставіцеся да сацыяльных сетак і як, на вашу думку, можна заахвоціць дзяцей да чытання?

— Я таксама вяду дастаткова актыўнае інтэрнэт-жыццё, маю зносіны са сваімі вучнямі ў сацыяльных сетках, бо прытрымліваюся думкі: калі з нейкай з’явай мы не можам змагацца, трэба яе выкарыстаць дзеля добрай справы. Калі нешта не паспею сказаць дзецям у школе, напрыклад, магу даслаць ім паведамленне ў сацыяльных сетках ці даць спасылкі на патрэбныя ім рэсурсы для пазакласнай работы ці для пашырэння кругагляду.

Галоўнае на гэты момант не адвучыць дзяцей карыстацца інтэрнэтам, а навучыць іх ім карыстацца правільна: яны не ставяцца крытычна да інфармацыі, размешчанай у сусветным павуцінні, не правяраюць яе на дакладнасць і якас ць. А як прывучыць дзяцей чытаць? Толькі сваім уласным прыкладам.

Час ад часу мы з вучнямі абменьваемся кнігамі. Яны часта прыносяць мне кнігі, якіх я ў жыцці не чытаў і, можа быць, ніколі не дайшоў бы да іх. У мінулым годзе я звярнуў увагу на тое, што мае вучні ў сваіх практыкумах па грамадазнаўстве спасылаюцца на такіх складаных нават для дарослага чалавека аўтараў, як Ж.-П.Сартр ці А.Камю. Прычым гэта была не проста бравада ці папулісцкія цытаты, а глыбока асэнсаванае разуменне іх твораў. Быў уражаны, калі ў абмен на Рэмарка і Сэлінджара адна дзяўчына прынесла Сартра і Коба Абэ.

— Ці памянялася нешта ў адносінах калег і дзяцей да вас пасля перамогі ў конкурсе “Настаўнік года”?

— Дзеці (і я ім вельмі ўдзячны за гэта) былі адзінымі людзьмі, хто не бачыў ува мне пераможца конкурсу. Для іх я застаўся проста настаўнікам гісторыі і класным кіраўніком. Так, безумоўна, яны парадаваліся за мяне і павіншавалі з перамогай, але на наступны дзень мы прыйшлі разам на ўрок і сталі працаваць далей. Гэта было для мяне вельмі важна.

Адносіны з калегамі таксама не памяняліся. Конкурс скончыўся — працуем далей. Мы ўсе, няхай і рознымі сцежкамі, крочым у адным напрамку, імкнёмся да адной мэты — выхаваць ЧАЛАВЕКА. Да таго ж, у нашай школе сабраўся выдатны педагагічны калектыў.

— Калі б вам зноў прапанавалі прайсці праз конкурс, паўдзельнічалі б?

— Сумна жыць без прыгод. А конкурс — гэта тая яшчэ прыгода. Дарэчы, конкурс для мяне не скончыўся. Ён працягваецца ў рамках дзейнасці рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Кожны метадычны выезд клуба — гэта конкурсная праграма ў мініяцюры. І ўрок у незнаёмым класе, і майстар-клас, і кароткае самапрадстаўленне — усё гэта дае магчымасць нанова перажыць усе тыя эмоцыі і пачуцці, якія ты некалі пазнаў і ў якіх, праз пэўны час, зноўку адчуваеш вострую неабходнасць. Гэта пастаянны выклік сабе. Акрамя гэтага, метадычныя выезды — магчымасць папрысутнічаць на ўроках у лепшых педагогаў краіны, што, безумоўна, дае каштоўны вопыт і натхняе на дасягненне новых вяршынь.

Трэба разумець, што пераможца конкурсу “Настаўнік года” — гэта не самы лепшы настаўнік краіны. У Беларусі тысячы настаўнікаў робяць сваю работу не горш і нават лепш за мяне. Гэта конкурс, дзе ёсць пераможцы, але няма тых, хто атрымаў паражэнне… Магчыма зараз, у гэтую хвіліну, дзе-небудзь у невялікай вясковай школцы праводзіць свой урок звычайны беларускі настаўнік, цудоўна і па-майстэрску працуючы з дзецьмі, для якіх ён быў, ёсць і будзе па-сапраўднаму лепшым.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Віктара ЖУКА.

Зямля бацькоў — мая зямля

Выхавальнікі Церабяжоўскага ясляў-сада Столінскага раёна фарміруюць самасвядомасць дзяцей на аснове пазнання гісторыі і культуры свайго народа і найбліжэйшага сацыяльнага асяроддзя. 

— Цяжкасці ў азнаямленні дзяцей з побытам і прыладамі працы продкаў заключаюцца ў тым, што дашкольнікам уласціва наглядна-вобразнае мысленне, — адзначае загадчыца ясляў-сада Святлана Новік. — Таму педагогі нашай установы выкарыстоўваць у рабоце не толькі мастацкую літаратуру, ілюстрацыі і дыдактычны матэрыял, але і наглядныя прадметы: нацыянальныя касцюмы, посуд, прылады працы і г.д. Акрамя таго, выхавальнікі разам з бацькамі аформілі на тэрыторыі ясляў-сада музейную экспазіцыю, дзе сабралі розныя бытавыя прадметы вяскоўцаў. Дзякуючы гэтаму, дзеці могуць адкрыць для сябе гісторыю роднага краю.

У дашкольнай установе наладжана цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі, што значна павышае эфектыўнасць выхаваўчай работы. Ужо традыцыйнымі сталі такія сумесныя мерапрыемствы, як кірмаш народных цацак, выстава фотакалажаў і інш.

— Надзвычай цікавай і пазнавальнай з’яўляецца выстава работ дарослых і дзяцей “Лялька — абярэг сям’і”, — расказвае Святлана Новік. — Лялькі-абярэгі, выкананыя рознымі сем’ямі, — гэта не проста лялькі з тканіны, а традыцыя захавання цёплых і добрых узаемаадносін паміж дзецьмі і дарослымі ў сям’і. Кожная лялька з’яўляецца непаўторнай і адлюстроўвае сямейныя традыцыі, культуру, веру, светапогляды і каштоўнасці.

Педагогі разам з бацькамі чытаюць дзецям творы, якія выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, знаёмяць малышоў з народна-прыкладным мастацтвам малой радзімы, расказваюць дашкольнікам пра майстроў-аднавяскоўцаў, запрашаюць іх на заняткі. Вынікі такой работы відавочныя. Маленькія грамадзяне гавораць пра родную вёску з гордасцю і радасцю, хочуць жыць у сваёй краіне пад мірным небам сярод шчаслівых людзей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

У самым цэнтры

Быць у цэнтры ўвагі, жыць у цэнтры горада, займаць цэнтральнае месца, чытаць цэнтральныя навіны, глядзець цэнтральны тэлеканал… Няцяжка здагадацца, што слова “цэнтр” — сінонім якасці, важнасці, актуальнасці. Гэта тычыцца і геаграфічнага цэнтра Беларусі — Пухавіцкага раёна. Мясцовыя школы — цэнтры якаснага навучання і выхавання, вёскі — цэнтры захавання спрадвечных народных традыцый і звычаяў, лясы — цэнтры грыбнога і ягаднага, а рэкі і азёры — рыбнага багацця. Нават тыповы беларускі краявід у самым цэнтры краіны выглядае па-асабліваму чароўна і ўрачыста.

Дэтэктыўная гісторыя

Слова “цэнтр” — сінонім не толькі якасці, важнасці, актуальнасці, але і таямнічасці. І самую першую таямніцу пухавіцкай зямлі, упэўнены, спрабаваў раскрыць кожны журналіст, які прыязджаў сюды ў камандзіроўку. Яшчэ б! У камандзіровачным лісце пазначана “Пухавіцкі раён”, а пячатку ставім у Мар’інай Горцы. Прыязджаем цягніком у Мар’іну Горку, а выходзім на чыгуначнай станцыі Пухавічы, хоць да населенага пункта з такой назвай некалькі кіламетраў. Містыка? Чыясьці памылка? І ні містыка, і ні памылка, а сапраўдная дэтэктыўная гісторыя. 1870-я гады. Ідзе будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. Усе, і ў першую чаргу памешчыкі, разумеюць, што ў тых населеных пунктах, праз якія пройдзе чыгунка, пачнецца актыўнае развіццё гандлю, прамысловасці, рамяства.

Разумеў гэта і будучы міністр унутраных спраў Леў Савіч Макаў, якому ўдалося пераканаць інжынераў-праекціроўшчыкаў змяніць першапачатковы маршрут і пракласці чыгунку не праз Пухавічы, а праз Мар’іну Горку, дзе знаходзіўся яго маёнтак. Пераканаў, відаць, не зусім законным чынам, бо, каб камісія, якая праязджала па толькі што пракладзеным палатне, не заўважыла змен, на чыгуначнай станцыі ў Мар’інай Горцы была вывешана шыльда “Пухавічы”. Але гэта ўсяго толькі аматарская версія. Гісторыкі называюць іншую прычыну блытаніны з шыльдамі: грузы, што перавозіліся па чыгунцы, адпраўляліся ў валасны цэнтр Пухавічы, таму і чыгуначную станцыю ў Мар’інай Горцы назвалі Пухавічы.

Пухаўчане

І ўсё ж чаму райцэнтр Мар’іна Горка, а раён Пухавіцкі? Мар’інагорскі раён таксама гучыць нядрэнна. Для раскрыцця гэтай таямніцы адправімся ў гісторыка-краязнаўчы музей Пухавіцкай сярэдняй школы. Па словах кіраўніка музея Вадзіма Анатольевіча Кушнярова, Пухавічы хоць і далі назву раёну, аднак
райцэнтрам былі ўсяго адзін год: з ліпеня 1924 па ліпень 1925 года. Адміністрацыйны цэнтр быў перанесены ў Мар’іну Горку пасля таго, як у Пухавічах адбыўся вялікі пажар. З таго часу на працягу амаль стагоддзя жыхары Пухавіч па-ранейшаму лічаць сябе жыхарамі райцэнтра, няхай і неафіцыйнага. І права ў іх на гэта ёсць: раён усё ж Пухавіцкі, а не Мар’інагорскі. “Я — з Пухавіч”, — з вуснаў ураджэнцаў старадаўняга мястэчка гэтыя словы заўсёды гучаць ганарова, узвышана. Ганарова і ўзвышана расказваў пра гісторыю роднай школы і юны экскурсавод вучань 9 класа Дзмітрый Радзюк:

— 16 лістапада 1863 года ў Пухавічах было адкрыта пачатковае народнае вучылішча. Праз год на сродкі мясцовых жыхароў быў узведзены цагляны будынак, куды мясцовыя хлопчыкі спяшаліся атрымліваць веды. Архіўныя звесткі сведчаць, што іх было 27, а першым настаўнікам быў Грынько, выпускнік Нясвіжскай семінарыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школе быў перададзены трохпавярховы драўляны будынак. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія настаўнікі і вучні змагаліся на фронце. Таксама ў нашай школе навучаліся будучыя Героі Савецкага Саюза Мікалай Канстанцінавіч Шут і Васіль Іванавіч Тарлоўскі. У савецкі час вучылішча было ператворана ў сямігодку, а ў 1939 годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. У 1944 годзе школа аднавіла асветніцкую дзейнасць. Шмат работы для аднаўлення яе матэрыяльнай базы зрабілі дырэктары. Наша школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Напрыклад, генерал-лейтэнантам Яўгенам Васільевічам Мікульчыкам, доктарам медыцынскіх навук вучоным у галіне нейрахірургіі Арнольдам Фёдаравічам Смеяновічам, галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда” Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам.

Мар’інагорцы

“Я — з Мар’інай Горкі”, — з вуснаў ураджэнцаў райцэнтра гэтыя словы гучаць не менш узвышана і ўрачыста, чым з вуснаў жыхароў старадаўніх Пухавіч. І расказваюць мар’інагорскія педагогі пра родны горад і родную школу з не меншай любоўю. А калі гэты аповед дапаўняецца матэрыяламі музея адкрытага тыпу, то аповед атрымліваецца асабліва цікавым. Менавіта такі незвычайны музей дзейнічае ў сярэдняй школе № 2 Мар’інай Горкі. Адметнасць яго ў тым, што экспазіцыя размешчана не ў асобным кабінеце або памяшканні, а ў школьным калідоры, што станоўча ўплывае на колькасць наведвальнікаў. Кожны перапынак дзясяткі вучняў самага рознага ўзросту знаёмяцца з піянерскай атрыбутыкай і школьнымі прыладамі мінулых эпох, вучнёўскім партфелем, штодзённай і святочнай школьнай формай і абавязкова лістом ад Юрыя Аляксеевіча Гагарына з яго аўтографам, які лётчык-касманаўт накіраваў школе ў якасці падзякі за жаданне назваць піянерскую дружыну яго імем. Несумненна, музей адкрытага тыпу — новае і галоўнае эфектыўнае паняцце ў музейнай педагогіцы.

Музей гісторыі школы быў урачыста адкрыты 31 кастрычніка мінулага года ў гонар 100-годдзя школы. Сабраныя матэрыялы раскрываюць асноўныя этапы гісторыі ўстановы адукацыі, расказваюць пра яе настаўнікаў і выпускнікоў. 140 каштоўных прадметаў захоўваюцца ў такіх раздзелах экспазіцыі, як “Школа — цэнтр ідэйна-палітычнага і маральнага выхавання”, “Школа — цэнтр працоўнага выхавання”, “Школа — цэнтр інтэлектуальнага і творчага развіцця”, “Знакамітыя выпускнікі”, “Дасягненні нашых выпускнікоў”, “Нашы дасягненні”, “Куток школьнай сімволікі” і “Залаты фонд школы”, “З гісторыі школьных прылад”.

— У 1915 годзе па шматлікіх просьбах чыгуначнікаў у Мар’інай Горцы была адкрыта пачатковая школа. У 1921 годзе школа была перайменавана ў чыгуначную ІІ ступені (сямігадовую) з беларускай мовай навучання. У 1933 годзе школа пачала працаваць у новым будынку, узведзеным на месцы сучаснага. У 1934 годзе адбыўся першы выпуск сямікласнікаў, а ў 1937 — дзесяцікласнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны школьны будынак згарэў. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе школа адкрылася ў прыстасаваным будынку і знаходзілася паблізу цяперашняга будынка Палаца культуры. Школьнікі тых гадоў акрамя вучобы актыўна аказвалі дапамогу калгасам, збіралі ўгнаенні, яйкі вадаплаўных птушак (была ўстаноўлена норма на кожнага вучня — 3 яйкі), распаўсюджвалі літаратуру сярод насельніцтва, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Дзіна Мікалаеўна Паўлава.

Дзейнасць установы адукацыі ў пасляваенны перыяд і да нашага часу можна коратка ахарактарызаваць адным словам — дасягненні. І дасягненні гэтыя былі б немагчымы без актыўнай працы дырэктараў. У 1959 годзе, калі школа перайшла ў новы трохпавярховы будынак, кіраўніком установы была прызначана Вера Рыгораўна Іванова. Школа хутка стала адной з лепшых у раёне. Ідэалагічнае, ваенна-патрыятычнае, маральнае выхаванне падрастаючага пакалення было пастаўлена на высокім узроўні. Нядзіўна, што ў 1962 і ў 1966 гадах школа стала ўдзельніцай ВДНГ СССР, а дырэктар была ўзнагароджана ордэнам Леніна, ёй прысвоілі званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”. У школе актыўна працуе музей Вялікай Айчыннай вайны, прызнаны ў 1967 годзе лепшым у рэспубліцы сярод школьных музеяў.

З 1974 па 1994 год дырэктарам школы працаваў Сяргей Мікалаевіч Сяргееў. Выдатнік народнай адукацыі БССР і СССР з уласцівай яму энергіяй і энтузіязмам узяўся за справу. Дзякуючы яго намаганням, у 1983 годзе быў узведзены новы вучэбны корпус з актавай і спартыўнай заламі, сталовай, стралковым цірам, швейнай майстэрняй, аформлены і абсталяваны вучэбныя кабінеты. За добрую працу па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення настаўнікі школы Аляксей Якаўлевіч Хільковіч і Анатоль Ільіч Новік у жніўні 1982 года былi накіраваны на ВДНГ СССР у Маскву.

— У 1985 годзе Рэспубліканскім навукова-метадычным кабінетам быў абагульнены вопыт работы мар’інагорскай установы адукацыі па працоўным выхаваннi, школа зноў стала ўдзельніцай ВДНГ СССР. З больш чым 100 школ з усіх рэспублік Саюза наша школа была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. У школу за перадавым вопытам пачалі часта прыязджаць дэлегацыі з Кубы, Венгрыі, ГДР. Традыцыі працягваюцца. І цяпер кожны год наша школа становіцца прызёрам і пераможцай шматлікіх конкурсаў абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню, — падзялілася Дзіна Мікалаеўна.

Decoro Дукору

Пакуль пухаўчане і мар’інагорцы вызначаюць, які населены пункт мае большае права на званне райцэнтра, жыхары Дукоры ўпэўнены, што больш маляўнічага, больш чароўнага месца ў Пухавіцкім раёне не знайсці. І няхай Дукора ніколі не была райцэнтрам, затое багаццем свайго мінулага яна дакладна не саступае, а то і пераўзыходзіць і Пухавічы, і Мар’іну Горку. Асабліва ваколіцы Дукоры вылучаюцца сваёй маляўнічасцю. Нездарма самая распаўсюджаная версія паходжання назвы населенага пункта сведчыць пра тое, што слова “дукора” ўтварылася ад лацінскага decoro, што значыць “упрыгожваю”. Дукорскія настаўнікі і вучні на практыцы пацвярджаюць гэтую версію: упрыгожваюць сваё жыццё ўсмешкамі, тэрыторыю школы — кветкамі, а экспазіцыю школьнага музейнага пакоя — цікавымі экспанатамі. А як яны прыгожа расказваюць пра Дукору! Не аповед, а песня. Вось паслухайце:

“Праз лясы i маляўнічыя ўзгоркі ціха нясе свае воды ў Бярэзіну рака Свіслач. Па яе цячэнні на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск — Бабруйск і Рудзенск — Свіслач шырока i прывольна раскінулася ў акружэнні палёў, лугоў i лясоў старадаўняя Дукора, вядомая па гістарычных дакументах з канца XV стагоддзя. Існуе думка, што назва Дукора ўтворана ад прозвішча Дукора. У балтыйскіх народаў слова “дукра” значыць “дачка”. Мясцовы настаўнік-краязнавец і драматург Васіль Гарбацэвіч лічыў, што назва паходзіць ад лацінскага decoro”.

Прыгажосць ля школы, прыгажосць у школе, але самы галоўны дукорскі дэкор — гэта рэшткі палацава-паркавага комплексу, якія знаходзяцца каля будынка школы і дзе цяпер знаходзіцца сядзібна-паркавы турыстычны комплекс “Дукорскі маёнтак”. Настаўнікі і вучні цесна супрацоўнічаюць з комплексам, дапамагаюць яго работнікам наводзіць чысціню ў парку. У знак падзякі адміністрацыя бясплатна катае дукорскіх вучняў і настаўнікаў у брычцы, праводзіць экскурсіі, у любы час вучні мясцовай школы могуць пакарыць вяровачны гарадок, прымаюць удзел у традыцыйным фестывалі выпускнікоў. Акрамя таго, праца на тэрыторыі маёнтка ў летні перыяд — выдатная магчымасць для старшакласнікаў зарабіць грошы.

Пазнай Радзіму — зарабі грошы

З Дукорскім маёнткам актыўна супрацоўнічае і Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна. Па словах яго дырэктара Сяргея Анатольевіча Махнача, такое супрацоўніцтва наладжана невыпадкова, паколькі ў краіне актыўна развіваецца турыстычны аграсектар. Супрацоўнікамі цэнтра створаны каталог аграсядзіб, якія ўвайшлі ў турыстычныя маршруты па малой радзіме. Гэта не толькі Дукорскі маёнтак, але і знакамітыя Дудуткі. Распрацавана вялікая колькасць маршрутаў веласіпедных і пешых паходаў. Нездарма на рэспубліканскім конкурсе турыстычных паходаў “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў мінулым годзе навучэнцы і педагогі цэнтра занялі 2 першыя месцы. Актыўна распрацоўваюцца маршруты і па краіне, у тым ліку вытворчыя маршруты. Актыўная экскурсійная дзейнасць прыносіць выдатныя вынікі. Так, за мінулы год сукупны грашовы абарот ад аказання платных экскурсійных паслуг цэнтрам дасягнуў 1 млрд 800 млн недэнамінаваных рублёў.

Каплун на стале

Вернемся ў Дукору. Як паведаміла дырэктар Дукорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Святлана Міхайлаўна Гацман, з канца XVIII стагоддзя маёнткам пачынаюць валодаць Ашторпы. У часы іх гаспадарання ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўключаў прыгожы двухпавярховы мураваны палац, уязную браму, пейзажны парк з сажалкай. Дзякуючы акварэлі Напалеона Орды 1876 года захаваўся ранейшы выгляд комплексу. Палац стаяў сярод старога парку, які разам з садам і гаспадарчымі будынкамі займаў плошчу каля 40 га. Парк перасякала шырокая дарога, якая выходзіла да Ігумена і Смілавіч. З боку Смілавіч узведзена арачная мураваная ўязная брама, завершаная высокай чатырохграннай вежай са шпілем, на якім размяшчалася гербавая харугва. Па абодва бакі дарогі стаялі гаспадарчыя будынкі: стайні, кухня, карэтная, флігель.

— Лявон Ашторп, пры якім маёнтак дасягнуў асаблівага росквіту, быў цікавы чалавек, хлебасол, вялікі гастраном. У Дукоры ў яго быў тэатр, карцінная галерэя, тут госці балявалі тыдні напралёт. Уявім, што дзверы ашторпаўскага палаца адчыніліся для нас. Праходзім па пярэдняй. Насустрач — сам гаспадар, з паклонамі ён бярэ пад руку і праводзіць да стала. Спачатку — закускі за фуршэтным сталом. Паласаваўшыся закускамі, мужчыны падстаўляюць локці дамам, і паважная працэсія пад гукі паланэза рухаецца да вялікага абедзеннага стала. Прасядзець за ім давядзецца ніяк не менш як гадзіны чатыры. Інакш не справіцца з багаццем страў і закусак. Адам Мальдзіс, зазіраючы ў часы, блізкія гаспадаранню Ашторпаў у Дукоры, расказвае аб застоллі так: “У торт саджалі жывых птушак, якія ўзляталі падчас “вівата”. На стол падавалі цэлых дзікоў, напоўненых знутры каўбасамі, індычкамі, курапаткамі, або доўгіх шчупакоў, затушаных у галаве, звараных усярэдзіне і падсмажаных у хвасце”. Традыцыйнай сенсацыяй застолля быў цэлы каплун (певень, якога адмыслова гадавалі на мяса, напаўнялі праз палівачку малаком і яечнымі жаўткамі, а потым усё разам варылі ў кіпені). Рыбу фаршыравалі свінінай, свінняў — індычынай, індычак — рыбай. Птушкам… перакрыўлялі… ногі, крылы, галовы, рабілі постаці, на стварэнні Божыя не падобныя, і такія пачастункі лічыліся самымі моднымі і смачнымі…”, — прыгожа, па-дукораўску паведаміла кіраўнік музейнага пакоя настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Канстанцінаўна Крукоўская.

Жывых птушак, што вылятаюць з торта, вам, канечне, не абяцаюць, аднак розныя іншыя прысмакі, якімі некалі частавалі сваіх гасцей Ашторпы, вы можаце пакаштаваць. Для гэтага варта наведацца ў Дукорскі маёнтак. А вось калі вы захочаце даведацца пра багатую гісторыю Дукоры, пра лёс знакамітых выпускнікоў школы, вам варта завітаць у мясцовую школу.

Турыстычны брэнд

Падчас падарожжа па Пухавіцкім раёне абавязкова трэба наведаць геаграфічны цэнтр Беларусі, які знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Антанова. Каб не заблудзіць і хутка адшукаць неабходны знак, папярэдне завітайце ў Бор-Слабадскі дзіцячы сад — базавую школу. Менавіта за настаўнікамі і вучнямі гэтай установы адукацыі замацаваны памятны знак. Кожны год яны наводзяць тут чысціню, абкошваюць яго. Як паведаміла дырэктар школы Наталля Уладзіміраўна Валянкова, памятны знак быў устаноўлены ў маі 1996 года пасля правядзення спецыяльнай экспедыцыі. Вызначэнне геаграфічнага цэнтра Беларусі адбывалася з дапамогай высокадакладнай спадарожнікавай сістэмы. Было ўстаноўлена, што геаграфічны цэнтр Беларусі знаходзіцца каля вёскі Антанова Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна.

Якую практычную карысць для Пухавіцкага раёна можа прынесці вызначэнне геаграфічнага цэнтра краіны? У першую чаргу турыстычна-фінансавую. Геаграфічны цэнтр можа стаць адным з брэндаў не толькі раёна, але і краіны. Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Мір, Нясвіж, сталічны праспект Незалежнасці, з якімі мы знаёмім нашых замежных гасцей, варта дапоўніць і ваколіцамі Мар’інай Горкі, тым больш знаходзіцца яна адносна недалёка ад сталіцы. Каб турысты сюды паехалі, для пачатку трэба вырашыць пэўныя пытанні з інфраструктурай. Калі беларускі журналіст яшчэ пагодзіцца дзеля аднаго кадра прайсці тры кіламетры па пераараным восеньскім полі, то замежныя госці наўрад ці. Патрэбна хаця б нешырокая, але ўтаптаная сцяжынка і ўказальнік, які б дазволіў не заблудзіць сярод бяскрайняга поля і аператыўна заўважыць знак.

Сімвал якасці

Жыць у цэнтры краіны — значыць быць у цэнтры ўвагі, а быць у цэнтры ўвагі — заўсёды адказна, бо кожны твой крок, кожны ўчынак не застаецца незаўважаным. Калі ствараць школьны музей — дык адметны, адзін з лепшых у краіне. Калі займацца краязнаўствам — дык грунтоўна, да драбніц вывучаць родны край. Калі выхоўваць маладое пакаленне — дык шчырымі патрыётамі. Гэта і робяць педагогі Пухавіцкага краю. А можа, усё ж такі Мар’інагорскага?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Час збіраць камяні

Сёлета спаўняецца 845 гадоў з часу стварэння і 80 гадоў з дня варварскага знішчэння Рагвалодава каменя — выдатнага помніка гісторыі і культуры ўсходніх славян, святыні беларускага народа, што знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёна.

Напамін пра Рагвалода

Рагвалодаў камень адносіўся да так званых Барысавых камянёў. Гэтыя велізарныя валуны, прыцягнутыя некалі на нашу зямлю ледавіком, да прыняцця хрысціянства былі язычніцкімі фетышамі. У першай трэці XII стагоддзя па загадзе полацкага князя Барыса Усяслававіча на валунах былі высечаны крыжы і тэкст “Господи, помози рабу своему Борису”. Чаму рабіліся падобныя надпісы? Пакуль вучоныя не прыйшлі да адзінай думкі. Навуцы вядома пра існаванне дзевяці Барысавых камянёў. Да нашых дзён з іх захавалася ўсяго тры.

Рагвалодаў камень ляжаў за паўкіламетра на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Дзятлава Аршанскага раёна. Па форме гэты велізарны валун нагадваў паралелепіпед з крыху скошанымі закругленымі вугламі. Даўжыня блока дасягала 3 метраў, шырыня — 2,4 метра. Па падліках вучоных, ён важыў дзесьці 24 тоны. На яго грані, звернутай уверх, быў высечаны шасціканцовы крыж на падстаўцы з дзвюма прыступкамі. Двума колцамі крыж апяразваў надпіс “Въ лето 6679 месяца маия въ 7 день доспенъ кръстъ сиі. Господи, помози рабу своему Василию в крещениі іменем Рогволоду сыну Борисову” і манаграма “ИС” “ХР” “НИКА” (лічбы дадзены па-стараславянску літарамі; калі расшыфраваць “6679” — атрымаецца 1171 год ад нараджэння Хрыстова).

Народ многія стагоддзі шанаваў Рагвалодаў камень. Па сведчанні сучаснікаў, быў ён чырвона-бурага колеру, як бы набраклы крывёй. “Строгае навуковае даследаванне гэтага помніка ў археалагічных адносінах, — заўважыў Адам Кіркор, — несумненна, растлумачыць нам яго значэнне”. На жаль, ні ў ХІХ ст., ні пазней ніхто з археолагаў Рагвалодаў камень так і не даследаваў. Яшчэ ў пачатку ХІХ ст. над валуном была пабудавана Барысаглебская царква. Але падчас напалеонаўскага нашэсця яна была спалена. У 1830-х гадах намаганнямі сялян з навакольных вёсак над Рагвалодавым камянём зноў паўстала невялікая драўляная царква. А 7 мая штогод у ёй праводзілася ўрачыстае набажэнства ў памяць пра князя Рагвалода, асвячалася крыніца, размешчаная побач з царквой.

Але ўнікальнаму помніку эпіграфікі (бо гэта была адзіная старажытнаславянская пісьмовая крыніца з дакладнай датай!) не пашанцавала. У пачатку 1930-х гадоў на хвалі ваяўнічага атэізму царква, якая абараняла камень ад снегу і дажджу, была разабрана, перавезена ў вёску Дзятлава, дзе прыстасавана пад калгасны клуб. І, нарэшце, 10 чэрвеня 1936 года Рагвалодаў камень быў узарваны падрыўнікамі, якія рыхтавалі друз для пабудовы аўтамагістралі Масква — Мінск. Пра абставіны знішчэння помніка расказаў у сваіх успамінах “Наша спадчына прамаўляе” Юрка Віцьбіч, які ў 1939 годзе ўзначальваў Віцебскую абласную навуковую экспедыцыю па ахове помнікаў рэвалюцыі, гісторыі і мастацтва. Наведаўшы Аршаншчыну, ён склаў са слоў члена Тумініцкага сельсавета жыхара вёскі Дзятлава Рамана Мікалаевіча Палагоўскага “Дэфектны акт”. “Па сваіх тэхнічных якасцях (крокхі) Рагвалодаў камень яўна не надаваўся да будаўніцтва і быў падарваны выключна дзеля свавольства”, — занатаваў Ю.Віцьбіч. “Паглядзім, як святое паляціць у паветра”, — заўважыў адзін з падрыўнікоў.

Па сведчанні даследчыка, на плошчы ў 40 кв.м у 1939 годзе яшчэ ляжалі 28 буйных і дробных кавалкаў каменя, з якіх на 12 можна было разгледзець сляды крыжа і надпіса. Экспедыцыя тады ж прапанавала неадкладна абвясціць месца, дзе ляжаць рэшткі, дзяржаўным заказнікам, а таксама склеіць іх і пабудаваць над узятым пад дзяржаўную ахову каменем будынак — музей. Але гэтыя слушныя прапановы рэалізаваны тады не былі. “У 1920 — 30-я гады — часы татальнай барацьбы з рэлігійнымі вераваннямі, — піша археолаг Людміла Дучыц, — камяні, якім пакланяліся, вельмі часта разбівалі, але народ іх зноў складаў, і ім надавалася яшчэ большая цудадзейная моц. Вялікай сілай пачыналі валодаць нават маленькія кавалачкі тых камянёў”. На жаль, нічога падобнага з Рагвалодавым камянём не адбылося. Праз колькі гадоў Ю.Віцьбіч са скрухай зазначыў: “Так загінула найвыдатнейшая святыня беларускага народа… І ці разумеюць тамтэйшыя падрыўнікі, што ўся магістраль Масква — Мінск каштуе менш за Рагвалодаў камень”.

У пошуках святыні

Пасля вайны навукоўцы, згадваючы пра выдатны помнік эпіграфікі, абыходзілі факт яго наўмыснага знішчэння маўчаннем. Вядомы расійскі археолаг Леанід Аляксееў, які доўгі час вывучаў старажытны Друцк, пісаў, што рэшткі Рагвалодавага каменя былі выкарыстаны для пабудовы ўжо згаданай магістралі. Ёсць, праўда, згадкі ў краязнаўчай літаратуры, што асобныя кавалкі святыні трапілі ў падмуркі жылых і гаспадарчых пабудоў навакольных вёсак. Праўда, ніводны з іх не быў выяўлены.

Некалькі гадоў назад аўтар гэтых радкоў паспрабаваў пашукаць сляды святыні. Пагутарыў тады з доўгажыхаркамі вёскі Дзятлава. Марыя Карпаўна Новікава аказалася роднай пляменніцай таго самага Рамана Палагоўскага. “Калі рыхтавалі друз, — сведчыла яна, — узрывалі камяні ў кар’еры, аж шыбы дрыжалі ў вокнах. А царкву перавезлі спачатку ў Дзятлава, у ёй быў клуб, а сцэну зрабілі, дзе раней быў алтар. Потым зруб перавезлі ў вёску Галошаўка (цяпер Талачынскага раёна.Заўв. аўт.), дзе прыстасавалі пад жыллё нейкім пагарэльцам. Яшчэ 20 гадоў назад дом той быў цэлы. Але рэшткаў каменя не бачыла”. На жаль, і зруба таго ўжо няма.

Занатаваў тады і ўспаміны

90-гадовай Еўдакіі Гаўрылаўны Давыдзенка. Неаднойчы была яна ў тым невялікім, але ўтульным храме. Памятае, што Рагвалодаў камень быў абнесены невысокай металічнай агароджай, якую ўпрыгожвалі ручнікамі. А ў дзень прастольнага свята з’язджаліся сюды вернікі з Оршы, Шклова, Коханава, навакольных вёсак. Калі царква была ўжо закрыта, у яе акенца пралез Сёмка, жвавы хлопчык 8 гадоў. Ці яму хто параіў, ці сам дадумаўся выкалаць вочы святым на абразах. Праз некалькі месяцаў, якраз на Спаса, ён быў задушаны вупражжу — конь чамусьці падбрыкнуў. “Бог пакараў”, — казалі тады людзі.

Марыя Іванаўна Грачыха (1924 г.н.), бадай, адзіная на сённяшні дзень жывая сведка тых падзей, сказала: “Узрывала камень брыгада зняволеных — “турэмшчыкаў” (відаць, з аршанскай турмы.Заўв. аўт.). Іх нават прыводзілі мыцца ў нашу лазню. Калі ўзрывалі камень, то таго зэка, што падкладваў узрыўчатку, смяротна параніла (ці то праўда, ці ўжо легенда? Заўв. аўт.). А яшчэ памятаю, што побач з царквой біла крыніца, вада ў ёй была такая смачная, што п’еш, не нап’ешся”.

Пра месца, дзе ляжаў камень, даведаўся ад жыхара суседняй вёскі Лісуны сувязіста Рамана Чарліна, чалавека апантанага і вельмі дасведчанага ў мінулым родных мясцін. У пачатку 1990-х гадоў ён вырашыў саматугам заняцца піваварэннем. А для піва патрэбна адпаведная вада, якую і пачаў шукаць. Некалькі крыніц б’юць у вялікай парослай хмызняком лагчыне, што цягнецца да вёскі Дзятлава. Ад адной з вясковых доўгажыхарак Раман даведаўся, што там некалі стаяла царква, побач з якой біла крыніца. Нарэшце ён натрапіў у сваіх пошуках на яму, якая засталася на месцы царквы ад узрыву. Яшчэ гадоў 10 назад нават былі бачныя падмуркі храма. Напрыканцы ХІХ стагоддзя вакол царквы была выкапана канаўка для сцёку вады (бо зямля тут балоцістая), якая ішла ў роў. Яна захавалася да нашых дзён. Па словах лісуноўца, пакуль ля вёскі не асушылі балота, крыніцы ў рове былі больш моцныя (ёсць нават сярод іх, па сцвярджэнні Чарліна, крыніцы з жывой і мёртвай вадой), а вада і цяпер стаіць кожнай вясной у яме на месцы колішняй царквы. Паказаў Раман Леанідавіч і зарослы імхом камень, які ляжыць непадалёк ямы. Па сваіх якасцях ён нагадвае Рагвалодаў камень. І добра відаць, што ён менавіта кавалак ад валуна, які ўтварыўся пасля механічнага ўздзеяння (узрыву?). Калі вясковец яго знайшоў, адзін бок быў абпалены (успомнім пажар 1812 года). На вонкавай паверхні ёсць і нейкі штучны выступ.

Дарэчы, у вёсцы Лісуны сустрэўся і пагутарыў з Васілём Сцяпанавічам Лапаценкам. Ён нарадзіўся якраз у год знішчэння Рагвалодава каменя. “У 1947 годзе, — узгадвае вясковец, — разам з бацькам мы разбівалі кавалкі каменя і звозілі іх для падмуркаў сваёй новай хаты”. На жаль, падмуркі тыя зараз затынкаваны. Агледзеў я і падмуркі суседніх хат. У некаторых добра бачны кавалкі камянёў, якія па фактуры нагадваюць Рагвалодаў. Але літары нідзе не відаць…

З надзеяй на вяртанне

Застаецца спадзявацца, што месца, дзе некалі размяшчалася адна са святынь беларускага народа, будзе ўсё ж абвешчана археалагічным запаведнікам і ўзята пад ахову дзяржавы. Хочацца верыць, што зноў паўстане на гэтай зямлі царква, у якой размесціцца дакладная копія Рагвалодавага каменя (адпаведных памераў валуны ёсць у найбліжэйшым кар’еры). Нарэшце, ёсць надзея, што будуць знойдзены і рэшткі самой святыні. А месца гэтае павінна стаць аб’ектам паломніцтва — як рэлігійнага, так і гісторыка-культурнага.

Віктар ЛЮТЫНСКІ,
выкладчык гісторыі Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, краязнавец.

Матывацыйная каштоўнасць краязнаўства

— Сёння адбываюцца кардынальныя змены ва ўсіх сферах жыцця грамадства, у тым ліку і ў духоўнай. Разбураецца сістэма традыцыйных каштоўнасцей, адсутнічаюць выразныя духоўныя арыенціры, пераасэнсоўваюцца гісторыя і культура. У выніку ў маладзёжным асяроддзі назіраюцца няўпэўненасць у заўтрашнім дні, страта інтарэсу да вучобы і працы, агрэсіўнасць і антыпатрыятычныя настроі. Перад грамадствам паўстала небяспека страты гістарычнай памяці, таму асаблівую ролю ў выхаванні моладзі набывае краязнаўства, здольнае фарміраваць у вучняў маральныя і грамадзянскія якасці, — гаворыць настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Лунінца Дзіяна Раманаўна Сладзінская.

Гістарычнае краязнаўства не з’яўляецца самастойным школьным прадметам. Вывучэнне значных гістарычных падзей і паказ таго, як яны адбываліся ў канкрэтнай мясцовасці, маюць вялікае выхаваўчае і адукацыйнае значэнне. Сёння краязнаўства стала важным сродкам павышэння якасці ведаў. Яно дапамагае вучням асэнсаваць працэсы гістарычнага развіцця, адчуць сябе саўдзельнікам гістарычных падзей.

Д.Р.Сладзінская працуе над павышэннем у школьнікаў узроўню матывацыі да вывучэння гісторыі Беларусі, фарміруе ў дзяцей каштоўнасныя адносіны да гісторыі краіны і актыўную грамадзянскую пазіцыю шляхам выкарыстання краязнаўчага кампанента на ўроках і ў пазаўрочны час.

— Мая задача — выпрацаваць сістэму эфектыўнага выкарыстання краязнаўчага матэрыялу пры вывучэнні гісторыі Беларусі, арганізаваць пазаўрочную работу па прадмеце на аснове далучэння вучняў да краязнаўчай і пошукавай дзейнасці, удзелу ў профільных алімпіядах, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, а таксама развіваць у школьнікаў уменне знаходзіць, адбіраць, сістэматызаваць і прымяняць краязнаўчы матэрыял у адпаведнасці з вучэбнымі задачамі, — тлумачыць Дзіяна Раманаўна. — Сістэмнае выкарыстанне на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці краязнаўчага матэрыялу актывізуе пазнавальныя, пошукавыя і даследчыя ўменні вучняў, фарміруе іх грамадзянскую пазіцыю, каштоўнасныя адносіны да культуры, мовы, гісторыі і народа.

Практыка паказвае, што выкарыстанне гісторыка-краязнаўчага матэрыялу дапамагае пашырыць і паглыбіць веды вучняў па прадмеце. Краязнаўчы матэрыял з’яўляецца блізкім і знаёмым, таму ўзмацняе канкрэтнасць і нагляднасць успрымання гістарычнага працэсу і аказвае вялікае выхаваўчае ўздзеянне. Гістарычнае краязнаўства дапамагае ўсвядоміць непарыўную сувязь гістарычных падзей, адзінства гісторыі горада і вёскі з гісторыяй краіны, адчуць далучанасць да яе кожнай сям’і і неабходнасць захавання лепшых традыцый роднага краю і краіны ў цэлым.

— У вучэбнай праграме па гісторыі Беларусі ў 6—11 класах адведзена 10 урокаў па тэме “Наш край”, — расказвае Д.Р.Сладзінская. — Мясцовы матэрыял складае змест краязнаўчых урокаў. Паколькі ў курсе гісторыі Беларусі Лунінец згадваецца толькі 5 разоў, давялося распрацаваць план дадатковага выкарыстання краязнаўчага матэрыялу пры вывучэнні асобных тэм па прадмеце: “Тураўская зямля і Лунінеччына”, “Археалагічныя помнікі Лунінеччыны”, “Сярэдневяковая Лунінеччына. Тапонімы рэгіёна”, “ВКЛ і Лунінеччына”, “Татары на Лунінеччыне”, “Палешукі ў Барадзінскай бітве”, “Будаўніцтва чыгункі ў Лунінцы”, “Лунінеччына ў складзе Расійскай імперыі”, “Якуб Колас і Лунінеччына”, “Імі ганарыцца Лунінеччына” і г.д.
Д.Р.Сладзінская выкарыстоўвае мясцовы матэрыял на краязнаўчых уроках не толькі як самастойныя пытанні, але і як прыклады канкрэтных фактаў ці эпізодаў. Да краязнаўчага матэрыялу настаўніца звяртаецца на розных этапах урока: падчас праверкі дамашняга задання, вывучэння новага матэрыялу і замацавання тэмы. Краязнаўчы матэрыял выкладаецца як педагогам, так і вучнямі.

— Выкарыстоўваючы краязнаўчы матэрыял на ўроках гісторыі Беларусі, неабходна памятаць, што ён адначасова з’яўляецца сродкам канкрэтызацыі агульнагістарычнага матэрыялу і ўваходзіць у сістэму ведаў па гісторыі краю, — заўважае Дзіяна Раманаўна. — Формы падачы краязнаўчага матэрыялу даволі разнастайныя: паведамленні, даследчыя работы, праекты, дакументы і фотаздымкі з каментарыямі, прэзентацыі. Практыка паказвае, што выкарыстанне мясцовага матэрыялу на ўроках як сродку канкрэтызацыі не толькі не выклікае перагрузкі вучняў, але і значна аблягчае засваенне гісторыі, робіць веды дзяцей больш трывалымі і глыбокімі.

Паведамленне — самая простая і даступная форма падачы краязнаўчага матэрыялу. Усе вучні ведаюць інтэрнэт-спасылку на гісторыка-дакументальную кнігу “Памяць. Лунінецкі раён”, але яна не з’яўляецца асноўнай крыніцай ведаў. У рабоце выкарыстоўваюцца і дадаткі да гэтай кнігі “Лунінецкая памяць”. Вучні, прааналізаваўшы кніжны матэрыял, выбіраюць галоўную інфармацыю і рыхтуюць лаканічнае паведамленне на 3—5 хвілін. Такая форма работы практыкуецца пры вывучэнні тэм “Развіццё гарадоў” (“Малы Лулін”) у 7 класе, “Гарады Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст.” (“Вымерлыя і выміраючыя прафесіі”) у 8 класе, “Беларусь у перыяд Айчыннай вайны 1812 года” (“Палешукі ў Барадзінскай бітве”) у 9 класе.

Эфектыўным спосабам вывучэння краязнаўчага матэрыялу Д.Р.Сладзінская лічыць і складанне сінхранічнай табліцы. Гэтая форма работы практыкуецца пры вывучэнні тэм “Падзеі Першай сусветнай вайны на беларускіх землях” у 9 класе і “Разгортванне народнай барацьбы на тэрыторыі Беларусі” ў 10 класе.

У 9—11 класах настаўніца выкарыстоўвае прыём аналізу фотаздымкаў (“Першая расійская рэвалюцыя ў Беларусі”, “Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны”). Гэты прыём прадугледжвае наяўнасць навыкаў аналітычнага і лагічнага мыслення.

Даволі цікавым з’яўляецца прыём “Гісторыя ў асобах” (“Уклад беларускага народа ў перамогу над нацысцкай Германіяй”).

Д.Р.Сладзінская праводзіць урокі на базе мясцовага краязнаўчага музея. Гэта робіцца для больш поўнага разумення гісторыі роднага краю пры вывучэнні тэм “Наш край. Старажытнае мінулае нашага краю”, “Развіццё гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гады ХІХ стагоддзя” і “Наш край у другой палове 40-х — 80-х гадах ХХ стагоддзя”.

— У 6—8 класах з мэтай развіцця пазнавальнай і творчай дзейнасці вучняў выкарыстоўваю краязнаўчы матэрыял у займальнай форме: крыжаванкі, віктарыны, малюнкі і міні-сачыненні, — расказвае Дзіяна Раманаўна. — Гэта фарміруе ў вучняў гістарычныя ўяўленні, развівае цікаўнасць, павышае якасць ведаў. Значнасць такой работы заключаецца ў тым, што вучні становяцца саўдзельнікамі далёкіх падзей і пачынаюць усведамляць ролю роднага краю ў жыцці краіны пэўнага перыяду.

Асаблівы інтарэс выклікае краязнаўчы матэрыял пры вывучэнні тэмы “Гарады Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст.” у 8 класе. Настаўніца выкарыстоўвае на ўроку манаграфію Л.Л.Коласава “Вымерлыя і выміраючыя прафесіі”. Вучням цікава даведацца пра прафесіі, назвы якіх амаль не сустракаюцца ў сучаснай мастацкай і дакументальнай літаратуры (камашнікі, гіцалі, лірнікі, мацапекі, шабесгоі). Як правіла, вызначыць род заняткаў прадстаўнікоў гэтых прафесій па іх назве не можа ніхто.

У 10 класе пры вывучэнні тэм, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, настаўніца выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял амаль на ўсіх уроках (матэрыялы гісторыка-дакументальнай кнігі “Памяць” і даследавання “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”, успаміны ўдзельнікаў вайны і партызанаў). Асаблівым інтарэсам карыстаецца аповед пра лунінецкія Хатыні.

Вялікую ўвагу пры вывучэнні тэмы “Уклад беларускага народа ў перамогу над нацысцкай Германіяй” Д.Р.Сладзінская ўдзяляе вывучэнню біяграфіі земляка, Героя Савецкага Саюза, генерала-палкоўніка А.В.Петрушэўскага.

— Прымяненне краязнаўчага матэрыялу раскрывае шырокія магчымасці для выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, — адзначае Дзіяна Раманаўна. — Дзеці робяць яркія інфарматыўныя прэзентацыі, якія добра ілюструюць іх пошукавую дзейнасць. У школьнікаў павышаецца матывацыя да вывучэння гісторыі не толькі роднага краю, але і краіны ў цэлым.

Краязнаўчая дзейнасць для Д.Р.Сладзінскай — дзейсны сродак у вырашэнні выхаваўчых праблем і выяўленні адораных дзяцей. Так, адной з эфектыўных форм пазакласнай работы па краязнаўстве з’яўляюцца заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Мая Лунінеччына”. Мэта аб’яднання — актывізацыя пошукавай і даследчай дзейнасці вучняў у рамках азнаямлення іх з гісторыка-культурнай спадчынай Лунінецкага раёна. Дзеці вывучаюць гістарычнае мінулае і сучаснае роднага краю, звычаі, традыцыі і духоўную культуру мясцовага насельніцтва і г.д. Для гэтага выкарыстоўваюцца віртуальныя і пешаходныя экскурсіі па горадзе, даследчая работа, збор і афармленне краязнаўчых матэрыялаў, этнаграфічны матэрыял, экскурсіі для малодшых школьнікаў, інфармацыйныя гадзіны, сустрэчы і святы.

— Работа ў аб’яднанні па інтарэсах пачынаецца са знаёмства з літаратурай па краязнаўстве, — гаворыць Д.Р.Сладзінская. — На занятках вучні атрымліваюць пошукавыя заданні, якія дапамагаюць назапашваць краязнаўчы матэрыял (“Знакамітыя землякі”, “Іх імёны звязаны з Лунінеччынай”, “Прадпрыемствы Лунінеччыны”). Сабраныя матэрыялы афармляюцца ў альбом “Мая Лунінеччына”.

Вялікі інтарэс у вучняў выклікаюць пешаходныя экскурсіі па горадзе. Экскурсаводамі з’яўляюцца члены аб’яднання па інтарэсах. Кожны ўдзельнік рыхтуе невялікі аповед пра тое месца, куды запрашае на экскурсію. Вынікам экскурсій становяцца фотавыставы “Запрашае Лунінец” і “7 цудаў Лунінеччыны”, якія арганізоўваюцца падчас тыдня гісторыі.

— У мінулым навучальным годзе ў школьным кабінеце гісторыі намаганнямі настаўнікаў і вучняў была створана экспазіцыя старажытных прадметаў побыту жыхароў Лунінеччыны, — расказвае Д.Р.Сладзінская. — Мэта экспазіцыі — фарміраванне ўсвядомленых адносін да Айчыны, яе мінулага, сённяшняга і будучага на аснове гістарычных каштоўнасцей, выхаванне ў школьнікаў беражлівага стаўлення да прыроднай і культурнай спадчыны роднага краю, далучэнне вучняў да краязнаўчай і даследчай дзейнасці. Знаёмства з экспазіцыяй з’яўляецца элементам урока. Распрацаваны тэксты экскурсійнага суправаджэння па этнаграфічным кутку на беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах. У перспектыве кабінет гісторыі стане апорным кабінетам краязнаўчай работы ў школе.

Настаўніца лічыць карыснымі заняткі, прысвечаныя вывучэнню тапонімаў і гідронімаў роднага краю. На ўроках дзеці вывучаюць утварэнне назвы Лунінца, а на занятках аб’яднання па інтарэсах — назвы іншых населеных пунктаў. Дзеці запісваюць аповеды дзядуляў і бабуль, а потым у гульнявой форме дзеляцца атрыманымі -звесткамі. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае ўменне правільна сфармуляваць пытанне і даць адказ, што добра развівае камунікацыйныя навыкі вучняў.

Вучні актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных важным гістарычным датам і знакамітым людзям. Штогод на базе школы праводзіцца раённы турнір юных гісторыкаў. У 2014 годзе ён называўся “Па старонках гісторыі Лунінеччыны”. Школьная каманда ў складзе вучняў 8—9 класаў заняла 1-е месца.

Краязнаўства з’яўляецца адным з напрамкаў работы навуковага таварыства вучняў “Думка”. Так, адзінаццацікласнікі правялі даследаванне “Некропаль — месца памяці”, падчас якога вывучылі гісторыю лунінецкіх некропаляў і закранулі праблему іх захаванасці і ўтрымання ў належным выглядзе. Быў створаны каталог пахаванняў закрытага лунінецкага некропаля. Работа школьнікаў атрымала дыплом ІІ ступені на сёлетняй ІХ Адкрытай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў і выкладчыкаў ССНУ і УВА Беларусі “Паспяховы той, хто стварае”. Акрамя таго, каманда старшакласнікаў паказвае добрыя вынікі на Рэспубліканскай краязнаўчай алімпіядзе.

Д.Р.Сладзінская ганарыцца, што 5 яе выхаванцаў закончылі гістарычныя факультэты БрДУ імя А.С.Пушкіна і БДПУ імя Максіма Танка. Сёння чацвёра з іх працуюць настаўнікамі гісторыі ва ўстановах адукацыі Лунінеччыны. У свой час трое з гэтых педагогаў вывучалі ў школе краязнаўства. Цяпер тэмы іх работ па самаадукацыі таксама закранаюць пытанні краязнаўства. Д.Р.Сладзінская актыўна ўдзельнічае з маладымі калегамі ў семінарах гістарычнай тэматыкі.

Дзіяна Раманаўна плануе сістэматызаваць напрацаваны матэрыял у электронным дапаможніку па выкарыстанні краязнаўчага кампанента на ўроках гісторыі Беларусі. Туды ўвойдуць практычныя напрацоўкі да пэўных тэм вучэбнай праграмы. Вопыт Д.Р.Сладзінскай можа быць запатрабаваны іншымі настаўнікамі і стаць стымулам для развіцця іх педагагічнай творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.