Цікава і з карысцю

Задоўга да летніх канікул кіраўніцтва сярэдняй школы № 39 Гродна вырашыла паклапаціцца пра тое, каб адпачынак быў карысным і цікавым для навучэнцаў. У школе прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, у якім прынялі ўдзел установы дадатковай адукацыі горада.

— Праект “Тэрыторыя шчаслівага дзяцінства” рэалізоўваецца ў нашай школе з лютага мінулага года, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіна Хутарная. — Першапачаткова праект прадугледжваў арганізацыю мерапрыемстваў шостага дня, але з цягам часу яны распаўсюдзіліся і на канікулярны час. Мы запрасілі пяць устаноў дадатковай адукацыі горада, каб пашырыць гэтую дзейнасць, расказаць дзецям і бацькам, якія кірункі работы будуць прапанаваны ў вольны час, каб можна было выбраць занятак на лета.

Трэба адзначыць, што 39-я школа пабудавана ў новым жылым раёне — Альшанцы. Ён знаходзіцца далёка ад цэнтра, і школа стала месцам правядзення спартыўных і культурных мерапрыемстваў для жыхароў мікрараёна. Вучацца ў школе 2600 дзяцей, таму арганізацыя пазакласнай работы і вольнага часу навучэнцаў — важны кірунак дзейнасці навучальнай установы.

У школе працуе 27 гурткоў і спартыўных секцый. “Тэрыторыя шчаслівага дзяцінства” ахоплівае гульнявыя пляцоўкі, гурткі “Юны мастак”, дзе дзеці малююць на сапраўдных мальбертах, “Ачумелыя ручкі”, “Кнігачэй”, “Барбарыкі”, дзе можна спяваць пад караоке і выходзіць на сапраўдную сцэну.

У госці да школьнікаў прыходзілі таксама прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, абласных цэнтраў турызму і краязнаўства, эколага-біялагічнага, тэхнічнай творчасці, цэнтра “Прамень”. Кожная арганізацыя разгарнула інтэрактыўную пляцоўку і правяла майстар- класы. Госці прэзентавалі звыш 20 гурткоў і творчых аб’яднанняў, якія будуць працаваць у школе падчас канікул.

— Разам з традыцыйнымі кірункамі работы мы паказалі дзецям і сучасныя, — расказвае загадчык аддзела методык і тэхналогій дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Вольга Дзенясевіч. — Можна было зрабіць ляльку-абярэг, паспрабаваць сябе ў традыцыйным ткацтве, а таксама ў дудлінгу — гэта такі спосаб малявання.

Галоўнае, усё можна было не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць. Хтосьці прымаў удзел у гульні ў шахматы і шашкі, нехта клеіў з паперы танк, а хтосьці вучыўся даглядаць маленькіх гадаванцаў. Можна было нават прымераць даспехі сярэдневяковага рыцара, якія прывёз у школу клуб “Гістарычная рэканструкцыя”.

Работа пляцовак была арганізавана ў тры змены, таму дзень адкрытых дзвярэй “Тэрыторыі шчаслівага дзяцінства” наведалі амаль усе вучні школы і даведаліся, чым можна заняцца падчас канікул.

Супрацоўніцтва 39-й школы з установамі дадатковай адукацыі пачалося летам 2016 года і аказалася даволі паспяховым. Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства арганізаваў чатыры бясплатныя экскурсіі па горадзе для школьнікаў і іх бацькоў.

Такім чынам, сумесная дзейнасць школы і ўстаноў дадатковай адукацыі дае магчымасць праводзіць канікулы карысна і бяспечна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Юнацтва стварае, тэхнаінтэлект здзіўляе

Учора на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага тыдня тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”, які сёлета праходзіць з 14 па 18 лістапада пад дэвізам “Стварай. Здзіўляй. Перамагай” з мэтай актывізацыі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю, далучэння навучэнцаў да заняткаў інавацыйнай і тэхнічнай творчасцю, вынаходніцтва і рацыяналізатарскай дзейнасці.

Юнацтва. Інтэлект. Будучыня… Стварай. Здзіўляй. Перамагай… Гэтыя словы невыпадкова з’яўляюцца ключавымі ў справе развіцця і папулярызацыі тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Калі аб’яднаць два дэвізы, то атрымаецца прыкладна так: юнацтва стварае, інтэлект здзіўляе, будучыня перамагае. Можна сказаць яшчэ і так: юнацтва, захопленае тэхнічнай творчасцю, стварае нашу будучыню, а інтэлект сучаснай моладзі не перастае здзіўляць.

— Наша дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падтрымцы таленавітай моладзі. У гэтай зале сабралася менавіта такая моладзь, якая прысвячае сябе цікавым распрацоўкам. Праз шматлікія мерапрыемствы тэхнічнай накіраванасці Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці праводзяць актыўную работу не толькі па выяўленні адоранай моладзі, але і ўтрымліванні яе. Правядзенне аднаго з такіх мерапрыемстваў (Рэспубліканскага тыдня тэхнічнай творчасці) стала добрай традыцыяй, — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця тыдня дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко.

Тыдзень праходзіць у рамках маладзёжнага культуралагічнага праекта “Беларусь — крыніца натхнення”. У 2016 годзе ў краіне ўпершыню адбыўся Рэспубліканскі конкурс электронных фотаальбомаў “Ганарымся Беларуссю, любім Беларусь, падарожнічаем па Беларусі”. Конкурс праходзіў у чатыры этапы. Усяго былі прадстаўлены 554 работы, з якіх 45 былі адабраны для рэспубліканскага этапу. Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу (фестывалю) гумарыстычнага кіно “Жарт”. Юнымі аператарамі, сцэнарыстамі, рэжысёрамі былі дасланы 119 відэаработ у намінацыях “Лепшы фільм”, “Лепшы сцэнарый”, “Лепшая рэжысура”. У Рэспубліканскім конкурсе стэрэафотаздымкаў “Свет 3D” прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, 644 работы ўдзельнічалі ў заключным этапе.

Тыдзень “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” — гэта конкурс “ПАТРЫЁТ.BY”, работа інтэрактыўных пляцовак, майстар-класы, кіберспорт, 3D-друк, сустрэча за круглым сталом з навукоўцамі, прэзентацыі і практыкумы работы лабараторый, экскурсіі на Рэспубліканскую выставу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і музей гісторыі прафесійнай адукацыі, рэспубліканскі семінар-практыкум для педагогаў дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю. Праграма тыдня насычаная і разнастайная.

Канечне, не кожны з юных удзельнікаў тыдня стане прафесіянальным інжынерам або канструктарам, аднак веды, якія навучэнцы атрымліваюць падчас заняткаў у гуртках тэхнічнай творчасці, іх інтэлект і захопленасць сваёй справай дапамогуць стаць паспяховымі ў любой галіне. Юнацтва, захопленае тэхнічнай творчасцю, стварае нашу будучыню, а інтэлект сучаснай моладзі не перастае здзіўляць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Чакай, кніжка! Перадышка!

Нарэшце школьнікі дачакаліся сваю першую ў гэтым навучальным годзе перадышку. Але, як вядома, адпачынак на канапе ці каля камп’ютара малаэфектыўны. Толькі вось большасць занятых на працоўных месцах бацькоў не можа прапанаваць яму альтэрнатыву. Таму, каб дзеці змаглі адпачыць напоўніцу на асенніх канікулах, актывізаваліся школы і ўстановы дадатковай адукацыі. Педагогі падрыхтавалі насычаную праграму адпачынку для сваіх навучэнцаў, але вось яе сцэнарый кожнае дзіця выбірае само.

Тым, хто плануе канікулы правесці ў школьным лагеры (а гэтых дзяцей па краіне 65 тысяч), прасцей, бо звычайна свае пажаданні наконт лагерных мерапрыемстваў яны агучваюць загадзя. Дарэчы, апошнім часам школьным дзённым лагерам на змену часта прыходзяць міжшкольныя, якія працуюць для навучэнцаў некалькіх школ.

А тым, хто сваю праграму будуе сам, на дапамогу прыходзяць установы дадатковай адукацыі, для якіх заўсёды канікулы — гарачая пара. Для сваіх выхаванцаў яны падрыхтавалі ўжо масавыя святы, спаборніцтвы і турніры, конкурсныя і гульнявыя праграмы, грамадзянска-патрыятычныя, працоўныя, валанцёрскія акцыі і інш. Плануецца, што на восеньскіх канікулах асабліва актыўна з імі будзе праводзіцца турысцка-экскурсійная работа.

На канікулах пройдуць і шматлікія рэспубліканскія мерапрыемствы. Распачне іх чараду першынство Рэспублікі Беларусь па спартыўным скалалажанні, якое пройдзе ў Віцебску 28—30 кастрычніка. 29—31 кастрычніка ў Маладзечне юныя спартсмены вызначаць прызёраў Адкрытага Кубка Рэспублікі Беларусь па суднамадэльным спорце “Юнга-2016”.

Чэмпіянат па фларыстыцы сярод юніёраў у рамках Рэспубліканскага экалагічнага праекта “Упрыгожым Беларусь кветкамі” пройдзе 2—4 лістапада ў Мінску. 3—6 лістапада ў Полацку плануецца Рэспубліканскі вучэбна-трэніровачны збор для членаў юнацкай зборнай па спартыўным арыентаванні.

З 30 кастрычніка да 6 лістапада ў Мінску будзе працаваць выстава лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, прысвечаная 80-годдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Улічваючы тэматыку Года культуры, многія мерапрыемствы атрымаюць “культурную” афарбоўку. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка прапануе сярод іншых тэматычную экскурсію для дзяцей “Падарожжа ў краіну кніжных скарбаў”, падчас якой у займальнай форме пазнаёміць наведвальнікаў 10—12 гадоў з гісторыяй кнігі: першымі пісьмовымі матэрыяламі, узнікненнем і традыцыйным афармленнем рукапіснай кнігі, з вынаходствам кнігадрукавання і рознымі спосабамі афармлення друкаваных кніг.

Актуальная ініцыятыва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, які будзе адзначацца ў 2017 годзе, — культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”. Наведвальнікі падчас інтэрактыўных заняткаў пазнаёмяцца з “доўгажыхарамі” кніжнай культуры, у тым ліку экзэмплярамі, якім ужо 100, 200, 300, 400 і нават 500 гадоў.

Абяцаюць быць цікавымі школьнікам інтэрактыўныя праграмы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у рамках гульнявой праграмы “Маленькі эксперт” для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту ў займальных гульнявых маршрутах маленькія даследчыкі пазнаёмяцца з героямі і прадметамі, прадстаўленымі ў абраных творах. Удзельнікі праграмы змогуць скласці свае казачныя гісторыі пра персанажаў, намаляваных на жывапісных палотнах, навучыцца больш уважліва разглядаць творы. Падчас гульні-падарожжа дзеці пашукаюць адказы на пытанні музейнага квеста і атрымаюць інтэлектуальныя прызы.

Інтэрактывам здзівіць дзяцей і Музей прыроды і экалогіі (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь), дзе можна будзе паглядзець мультфільмы і праявіць свае творчыя здольнасці. Тут жа, на выставе “Шумная птушыная вясёлка” прадстаўлены птушкі з усіх куткоў планеты. А паглядзець на жывёл планеты запрашае выстава “Сафары-парк”. Наведвальнікам прадастаўляецца магчымасць пазнаёміцца з прыроднай разнастайнасцю самых аддаленых куткоў нашай планеты. А вось расліны тут прадстаўлены не толькі рэдкія (хоць іх тут больш за 600), але і незвычайныя — драпежныя. У адрозненне ад сваіх звычайных братоў, гэтыя зялёныя монстры атрымліваюць пажыўныя рэчывы не з глебы: у іх меню — насякомыя, грызуны, жабы і яшчаркі.

Святлана НІКІФАРАВА.

На шляху ад інавацый да традыцый

Напрыканцы мінулага тыдня Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі святкаваў 80-годдзе. Але, як прынята ў педагогаў, падчас святочных сустрэч абавязкова знаходзіцца час, каб абмеркаваць важныя прафесійныя пытанні. Так, на працягу двух дзён у цэнтры праходзіла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інавацыі сёння — традыцыі заўтра”. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 120 чалавек — педагогі і кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэспубліканскага, абласнога, раённага ўзроўню, прадстаўнікі навукова-педагагічнай грамадскасці Беларусі, краін далёкага і блізкага замежжа (Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Італьянскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Малдова, Рэспублікі Азербайджан, Латвійскай Рэспублікі). Галоўная задача, якую ставілі перад сабой арганізатары канферэнцыі, — выпрацоўка прыярытэтаў развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных устаноў і арганізацый.

Штрыхі да карціны

Праграма канферэнцыі ўключала пленарнае пасяджэнне і работу ў секцыях “Кіраванне дадатковай адукацыяй як фактар яе якаснага развіцця”, “Выхаваўчы патэнцыял дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “Эфектыўныя адукацыйныя практыкі ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. На канферэнцыі прагучала больш за 40 навуковых дакладаў і выступленняў па тэме інавацыйнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжык прадставіў прысутным агульную карціну ў сістэме дадатковай адукацыі Беларусі. Расказаў пра наладжаную сістэму дадатковай адукацыі дарослых праз курсавую падрыхтоўку і перападрыхтоўку, пра рэалізацыю праграм аб’яднанняў па інтарэсах з павышаным узроўнем асваення прадметнай галіны, пра развіццё навукова-даследчай дзейнасці. Акцэнтаваў увагу прысутных на інавацыях у кірунку тэхнічнага профілю і адзначыў, што развіваецца сетка аб’яднанняў па інтарэсах у галіне робататэхнікі, з’явіліся такія новыя напрамкі, як протатыпаванне, нейрапілатаванне, інжынерны дызайн і інш. Расказаў і пра асаблівасці развіцця дзіцяча-юнацкага турызму і, у прыватнасці, пра міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай сферы, пра арганізацыю прафарыентацыйнай работы, якую новым сэнсам напоўніла ініцыіраванае міністэрствам развіццё міжнароднага руху JuniorSkills Belarus.

Адзначыў Віктар Віктаравіч і значны ўклад у агульную сістэму інавацый і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі як эксперыментальнай, інавацыйнай пляцоўкі апрабацыі новых форм, напрамкаў і тэхналогій дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Беларусі.

Адзначыў, у прыватнасці, значнасць інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як фактару развіцця ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Галоўная функцыя кластара — аб’яднаць рэсурсы ўстаноў дадатковай адукацыі, навукі, сацыяльных партнёраў і стварыць адзіную інфармацыйна-адукацыйную прастору, атрымаць хуткі доступ да перадавых педагагічных тэхналогій, цікавага вопыту, стварыць умовы для развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

Дырэктар НЦМТДіМ Н.В.Васільчанка ў якасці інавацый падрабязна расказала пра дыстанцыйныя формы навучання для педагогаў, пра работу міжрэгіянальных творчых майстэрняў па выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці і інш.

Гаворачы пра вопыт уключэння навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны ў праектную, даследчую, мастацка-эксперыментальную дзейнасць, Надзея Васільеўна адзначыла такія творчыя праекты цэнтра, як Нацыянальны форум дзяцей Беларусі, агляды-конкурсы “Сябруюць дзеці на планеце”, “Прывітанне, свет!”, выставачныя праекты “Калядная зорка”, “Размова з Малевічам”, “АрхНавацыі”, праекты з навучэнскай і студэнцкай моладдзю “Млын моды”, “АРТ-вакацыі”, F-art.by, рэспубліканскую акцыю навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і конкурс творчых работ “Мае землякі — мой гонар”, міжнародную ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”, каардынатарам якой з’яўляецца цэнтр, і інш.

Расказваючы пра змены ў расійскай дадатковай адукацыі, Э.У.Небахарава, намеснік дырэктара Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля, адзначыла, што рэальныя пазітыўныя змены адбыліся толькі за апошнія 5 гадоў, таму галоўныя інавацыі ў расійскай сістэме дадатковай адукацыі яшчэ наперадзе: “Упершыню за апошнія 25 гадоў сістэма дадатковай адукацыі атрымала падтрымку. І штуршком для гэтага стала выступленне нашага прэзідэнта У.У.Пуціна аб значнасці ролі сістэмы дадатковай адукацыі. Нам былі пастаўлены канкрэтныя задачы: да 2020 года 75% дзіцячага насельніцтва ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў павінны быць заняты дадатковай адукацыяй. І таму актывізавалася дзейнасць на розных узроўнях, у тым ліку і на нарматыўна-заканадаўчым.

Па-першае, з’явілася праграма развіцця выхавання ў Расійскай Федэрацыі да 2020 года. Да гэтага ў сістэме адукацыі фактычна размова пра выхаванне не гучала ўвогуле, а акцэнты расстаўляліся так, што выхаваннем павінна займацца сям’я. І толькі цяпер функцыі выхавання ўскладаюцца на сістэму дадатковай адукацыі.

Па-другое, у нас прынята Канцэпцыя развіцця дадатковай адукацыі ў Расійскай Федэрацыі. Мы ўпершыню ўбачылі дакумент, у якім ёсць дзіця, ёсць сэнс і змест, прычым у ім ёсць праграма рэалізацыі гэтай канцэпцыі з канкрэтнымі мерапрыемствамі.

Паступова мяняецца сітуацыя ва ўсіх рэгіёнах, але ў некаторых з іх — вельмі хутка, напрыклад, у Ліпецкай, Пензенскай абласцях, у Татарстане. Так, у Пензе пры кожнай адукацыйнай установе ёсць ці ўстанова дадатковай адукацыі, ці гурткі. Кожнае дзіця ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў у Пензенскай вобласці атрымлівае ваўчар на атрыманне бясплатнай дадатковай адукацыі, і дзіця выбірае сабе пэўную ўстанову і разам з ваўчарам ва ўстанову паступаюць фінансавыя сродкі. Дарэчы, за два апошнія гады ўдвая павялічана фінансаванне сістэмы дадатковай адукацыі”.

Яе вялікасць Творчасць

Удзельнікі канферэнцыі прадставілі інавацыйны вопыт па арганізацыі выхаваўчай работы па прафарыентацыі навучэнцаў, па падрыхтоўцы навучэнцаў да самастойнага жыцця, прадставілі сучасныя падыходы да выхавання дзяцей сродкамі традыцыйнай культуры. Напрыклад, у Азербайджане актыўна развіваецца супрацоўніцтва ўстаноў дадатковай адукацыі з народнымі майстрамі, танцорамі, акцёрамі, якія там праводзяць заняткі.

Педагогі Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) падзяліліся вопытам выкарыстання сучасных PR-тэхналогій і расказалі пра свае праекты “Піянерскі PR” і “Культурнае лета — 2016”. У ходзе дзелавой гульні дзецям прапаноўвалася “адкрыць” рэкламныя агенцтвы, асноўная задача якіх — прапаганда культуры здароўя, фарміраванне экалагічнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці асобы. У працэсе рэалізацыі праекта дзеці не толькі сталі ўдзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемстваў, конкурсаў, акцый, але і пазнаёміліся са светам “рэкламных” прафесій, атрымалі магчымасць прымераць на сябе розныя сацыяльныя ролі. Асаблівае месца было адведзена мерапрыемствам “Мы робім рэкламу культурна!”, прысвечаным Году культуры ў Беларусі.

Важны напрамак дзейнасці многіх устаноў дадатковай адукацыі — падтрымка адораных навучэнцаў праз рэалізацыю розных напрамкаў дзейнасці: музыка, мастацкая дзейнасць, тэатр і інш. Так, ЦДАДіМ “Ветразь” (Мінск) з’яўляецца ініцыятарам правядзення адкрытага нацыянальнага дзіцяча-юнацкага конкурсу выканаўцаў рок-музыкі RockJunior. Конкурс уяўляе сабой тэлевізійны праект, у аснове якога ляжыць спаборніцтва паміж юнымі выканаўцамі. Конкурсны адбор, праслухоўванне кампазіцый праводзіцца прафесійным журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя рок-музыканты, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, творчыя людзі. Пераможцы адборачных тураў становяцца ўдзельнікамі фінальнага гала-канцэрта, які праводзіцца на лепшых эстрадных пляцоўках сталіцы з наступнай трансляцыяй тэлевізійнай версіі.

Педагог Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Ю.А.Зінкевіч стала аўтарам творчага праекта “Стань зоркай” для навучэнцаў вакальнай студыі. Яго адметнасць у тым, што “зорак” з ліку навічкоў рыхтуюць старэйшыя выхаванцы, якія дасягнулі высокіх вынікаў на вакальных конкурсах розных узроўняў, па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Выступаючы ў ролі прадзюсара, старэйшыя дзеці рыхтуюць конкурснае выступленне свайго малодшага таварыша. Тут дзецям прадастаўляецца поўная самастойнасць як у падборы рэпертуару для юнага выканаўцы, так і ў касцюміраванні, пастаноўцы нумара, рабоце з падтанцоўкай. Дапамога педагога — толькі ў парадку кансультавання.

Цікавыя напрацоўкі былі прадстаўлены па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўсвядомленага выбару прафесіі. Так, навучэнцы Старадарожскага цэнтра дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.М.Стасевіча дадатковую адукацыю атрымліваюць па мастацкім, тэхнічным, спартыўна-тэхнічным, фізкультурна-спартыўным профілях. Для гэтага педагогі выкарыстоўваюць заняткі, гульні, практыкаванні прафарыентацыйнай накіраванасці, праводзяць гутаркі аб выбары прафесіі, арганізоўваюць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі розных прафесій і проста з цікавымі людзьмі, экскурсіі на прадпрыемствы, у тым ліку і віртуальныя, афармляюць выставы, фотавітрыны, альбомы аб прафесіях, у тым ліку і з выкарыстаннем магчымасцей камп’ютарных праграм.

Разнастайны вопыт быў прадстаўлены ў рабоце з навучэнцамі, якія маюць псіхафізічныя парушэнні. Так, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” (Гродна) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця былі распрацаваны і рэалізаваны праекты: “Я — дызайнер”, “Цуд Велікодны”, “Тэатр для грамадства”, “Калядны сувенір” і інш.

Л.У.Фаміна, дырэктар Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля (Расія), расказала, што больш за 100 выхаванцаў яе цэнтра маюць псіхафізічныя парушэнні, але гэта не перашкаджае ім актыўна ўключацца ў работу. Многія з іх прафесійна займаюцца танцамі на калясках, танцуюць яны са здаровымі равеснікамі і цяпер ініцыіравалі новы кірунак — танцы пры падтрымцы, ужо без калясак.

Але разам з новымі кірункамі не менш актуальныя інавацыйныя падыходы да традыцыйных кірункаў дадатковай адукацыі. Так, Э.У.Небахарава, намеснік дырэктара Цэнтра дзяцей і юнацтва Яраслаўля (Расія), расказала пра “Інавацыйны міжрэгіянальны праект “Ліга Індыга”: ад віртуальнасці да рэальнасці”, які пачынаўся ў Яраслаўскай вобласці, а цяпер у яго ўключыліся звыш дзесяці рэгіёнаў Расіі і прапрацоўваецца пытанне ўдзелу міжнародных каманд.

Віртуальная суполка “Ліга Індыга” — гэта аб’яднанне каманд для ўдзелу ў міжрэгіянальных інтэлектуальна-творчых гульнях у рэжыме анлайн. Змест гульняў падбіраецца так, каб у гульцоў узнікала пачуццё гонару за слаўныя падзеі, подзвігі, велічнасць прыроды і архітэктурных аб’ектаў свайго краю і краіны ў цэлым. Першыя сустрэчы ладзяцца у сеткавым рэжыме, але потым праходзяць рэальныя сустрэчы ўдзельнікаў у розных гарадах.

Заданні разлічаны на веданне гісторыі і культуры тых рэгіёнаў, каманды якіх удзельнічаюць у гульні. Абавязковы элемент гульні — дамашняе заданне, якое прадугледжвае міні-экскурсію па гістарычнай частцы свайго горада. Пераможцы атрымліваюць кнігі і памятныя сувеніры, а пазней абменьваюцца сяброўскімі візітамі, падчас якіх арганізоўваюць ужо вочныя гульні і экскурсійныя праграмы.

Зразумей блізкага

Адной з тэм канферэнцыі стала полікультурнае выхаванне ва ўстановах дадатковай адукацыі. Так, Ізольда Шэфель, намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкага цэнтра “Фуксбау” (Германія), расказала: “У сувязі з працэсамі глабалізацыі і інтэграцыі, якія адбываюцца ва ўсім свеце, міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі набывае ўсё больш актуальнае гучанне. У прыватнасці, у Германіі ва ўстановах адукацыі адбываецца вывучэнне гісторыі, культуры, традыцый, умоў жыцця розных краін, наладжваюцца ўзаемныя сяброўскія кантакты, адбываецца абмен дыдактычнымі, выхаваўчымі і культурнымі дасягненнямі. Дзейнасць навучэнцаў у сферы супрацоўніцтва абумоўлена і цікавасцю да іншай мадэлі грамадства, паводзін, школы, і жаданнем расказаць аб тым станоўчым, што адрознівае нашу краіну, установу адукацыі”.

На фоне этнанацыянальных супярэчнасцей, якія існуюць у іншых краінах, Беларусь у цэлым выглядае адносна добра, хоць у краіне пражываюць прадстаўнікі каля 140 нацый і народнасцей. На тэрыторыі Гродзенскай вобласці беларусы складаюць усяго толькі 66,7%.

Гэта стала перадумовай для ўкаранення ў Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі мадэлі полікультурнага выхавання навучэнцаў. Установу наведвае 1360 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Склад іх шматнацыянальны (беларусы, рускія, палякі, украінцы, цыганы), што стварала некаторыя цяжкасці ў камунікацыі з-за неразумення правіл і норм іншых культур. У рамках праекта былі арганізаваны інтэграваныя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага профілю па кірунку дэкаратыўна-прыкладной, харэаграфічнай творчасці, турыстычна-краязнаўчага профілю па кірунку “Юныя фалькларысты”, грамадска-гуманітарнага профілю па кірунку “Замежныя мовы”.

А.М.Яроміна, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Курскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя), расказала пра вопыт работы псіхалагічнай службы ва ўстановах дадатковай адукацыі. Хоць гэты вопыт для Расіі новы, але апрабацыя такой мадэлі праходзіць паспяхова. Актыўна вядзецца суправаджэнне малодшых школьнікаў. Для старшакласнікаў праводзяцца трэнінгі, працуюць псіхалагічныя клубы. Не менш актуальная псіхалагічная служба для бацькоў пры вырашэнні праблем узаемаадносін у сям’і, праблем асобаснага развіцця дзяцей (павышаная трывожнасць, школьныя фобіі, завышаная ці заніжаная самаацэнка і інш.)

Абмеркаванне працягнецца

Напрыканцы канферэнцыі былі пазначаны ключавыя пазіцыі і інавацыйны вопыт шматпрофільнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, акрэслена кола праблем, вакол вырашэння якіх можа сканцэнтравацца міжнароднае супрацоўніцтва на перспектыву: удасканаленне інавацыйнага вопыту дадатковай адукацыі ў сацыялізацыі сучасных дзяцей і моладзі, у забеспячэнні іх занятасці ў вольны час; рэалізацыя ідэалогіі педагагічнай падтрымкі адораных навучэнцаў і дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўмовах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; праектаванне сучаснага адукацыйна-творчага асяроддзя на аснове інавацыйных тэхналогій і методык навучання і выхавання; удасканаленне сістэмы сацыяльнага партнёрства дзеля дзіцяці.

Плануецца працягнуць абмеркаванне праблематыкі канферэнцыі на форумах, прысвечаных дадатковай адукацыі, арганізаваных на сайтах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у рамках кластарнай мадэлі эфектыўнага ўзаемадзеяння.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Архітэктура рукамі дзяцей

Творчыя работы выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі “Архітэктурная спадчына Гомельшчыны” дэманстраваліся ў дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі падчас дзён Гомельскай вобласці ў Маскве.

На выставе былі прадстаўлены макеты помнікаў архітэктуры, аўтарамі якіх сталі навучэнцы і педагогі з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны. Стварэнне такой экспазіцыі выклікала ў саміх аўтараў непадробленую цікавасць да дойлідства. У сваіх работах дзеці з дапамогай настаўнікаў спрабавалі раскрыць рэгіянальныя асаблівасці архітэктуры Гомельскай вобласці са старажытных часоў да нашых дзён, самі азнаёміліся з рознымі архітэктурнымі стылямі і азнаёмілі з імі наведвальнікаў выставы.

Акрамя выставы архітэктурнай спадчыны, якая, несумненна, стала асновай прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Гомельшчыны, гомельскія педагогі разам са сваімі выхаванцамі правялі цікавыя майстар-класы народнай творчасці і прадставілі яшчэ адну творчую выставу пад назвай “Горад майстроў”.

У якасці падарунка Пасольству Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі быў перададзены макет капліцы-пахавальні сям’і князёў Паскевічаў, які стварылі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў студэнты Беларуcкага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Наталля ЛУТЧАНКА.

І цыркач, і лялечнік

І яшчэ шмат іншых заняткаў у вольны час знайшлі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа, у якім вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Каб задаволіць жаданне навучэнцаў у поўнай меры самарэалізавацца, у каледжы расце колькасць аб’яднанняў па інтарэсах. З сёлетняга навучальнага года іх ужо 18.

— У нашым каледжы дадатковай адукацыі навучэнцаў мы ўдзяляем павышаную ўвагу, — расказаў дырэктар установы Ігар Сямёнавіч Кіцікаў. — Вы ж ведаеце, што кантынгент навучэнцаў каледжа складаюць у асноўным падлеткі, якія знаходзяцца менавіта ў тым узросце, калі толькі пачынае фарміравацца іх асоба, яны шукаюць сябе, свой жыццёвы шлях, яны хочуць сябе хутчэй рэалізаваць. Сёння вельмі важна, каб навучэнцы былі заняты карыснай справай, маглі развіваць свой творчы пачатак і былі накіраваны ў пазітыўную плынь. Гэта можна зрабіць з дапамогай педагогаў дадатковай адукацыі, якія ствараюць нашым выхаванцам камфортныя ўмовы для самарэалізацыі. Мы з кожным годам пашыраем магчымасці дадатковай адукацыі і ствараем новае творчае асяроддзе, каб навучэнцам не было сумна і можна было развіваць усе свае таленты.

З улікам таго, што значная частка навучэнцаў пражывае ў інтэрнаце, а яшчэ ёсць навучэнцы-сіроты, якія застаюцца ў інтэрнаце на выхадныя, то найбольш пашыраны межы пазаўрочнай работы менавіта там, дзе жывуць і адпачываюць навучэнцы каледжа.

— Амаль усе навучэнцы задзейнічаны ў кожным з 18 аб’яднанняў па інтарэсах, у залежнасці ад таго, чым хацелі б яны займацца ў вольны час, — паведаміла Святлана Генадзьеўна Мацецкая, намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце. — Важна і тое, што кожны падлетак, які схільны да правапарушэнняў і мае іншы раз асацыяльныя паводзіны, у каледжы знайшоў занятак па душы.

Навучэнцам ёсць куды пайсці ў пазаўрочны час. Аб’яднанне па інтарэсах “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, якім кіруе Настасся Міхайлаўна Міхайлава, вельмі даспадобы дзяўчатам. На сваіх занятках педагог развівае творчыя здольнасці выхаванак, прывучае да бытавых навыкаў: шыць, вязаць, вышываць, выхоўвае эстэтычны густ, вучыць асновам сямейнага выхавання і разам з імі стварае арыгінальныя лялькі. Майстра Настассю Міхайлаўну за яе вырабы ведаюць не толькі ў вілейскай акрузе, але і далёка за яе межамі. Калекцыя яе работ выстаўлялася ў краязнаўчым музеі Вілейкі. Настасся Міхайлаўна ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнай творчасці “Новыя імёны Беларусі — 2016”, дзе стала лаўрэатам рэгіянальнага этапу. Лялькі Настассі Міхайлавай разам з вырабамі іншых майстроў экспануюцца цяпер у галерэі Палаца Рэспублікі.

Сваіх лялек Настасся Міхайлаўна стварае з палімернай гліны і тэкстыльных дэталей. Для таго каб задэкарыраваць выраб, майстар выкарыстоўвае многія тэхнікі, сярод якіх вышыўка, пап’е-машэ, дэкупаж. Ідзе ў ход звычайная мешкавіна, напрыклад, пры стварэнні лялек паводле міфаў і легенд Беларусі. Майстар імкнецца перадаць у сваіх вырабах нацыянальны беларускі каларыт і тым самым далучыць сваіх выхаванцаў да гісторыі і культуры роднага краю. Сярод лялек, выкананых з цеста, найбольшую цікавасць і мноства эмоцый выклікаюць запечаныя, як піражкі ў духоўцы, звяркі, зробленыя ў тэхніцы тэкстыльнай пластыкі.

А.В.Высоцкі, педагог дадатковай адукацыі, кіруе фальклорным гуртом. Ён вельмі таленавіты, улюбёны ў сваю справу чалавек і ўсю сваю душу ўкладвае ў выхаванцаў, шчодра аддае ім сваё майстэрства. Выступленні гэтага калектыву ўпрыгожылі не адно гарадское і раённае мерапрыемства, канцэрты гурта праходзяць і за межамі Вілейшчыны. Дарэчы, яго сын Уладзімір, навучэнец каледжа, з’яўляецца лаўрэатам конкурсу “Спяваючыя гарады Беларусі”. Акрамя таго, у інтэрнаце Аляксандр Вітальевіч арганізаваў гурток “Тры багатыры”, дзе ахоплены тры кірункі: спартыўны, мастацкі, інавацыйных тэхналогій.

Займаюцца навучэнцы ў каледжы і цыркавым мастацтвам. Гэта стала магчымым дзякуючы артысту цырка вядомаму акрабату Валерыю Мікалаевічу Сарокіну. У аб’яднанне па інтарэсах, якім ён кіруе, прыходзяць будучыя слесары, трактарысты, вадзіцелі і з вялікім задавальненнем займаюцца акрабатыкай, жанглёрствам, а нядаўна пачалі вучыцца хадзіць па канаце. Цыркавымі нумарамі, падрыхтаванымі выхаванцамі каледжа пад кіраўніцтвам Валерыя Мікалаевіча, захапляюцца ўсе, хто іх бачыў. Маладыя педагогі Віталь Вікенцьевіч Буцько і Максім Іванавіч Шчамялёў стараюцца не адстаць ад вопытных калег. Максім Іванавіч вядзе “Рыцарскі клуб”, дзе выхаванцы займаюцца рэканструкцыяй рыцарскіх баёў і вывучаюць гістарычнае мінулае Беларусі. У спартыўнай секцыі Віталя Вікенцьевіча падлеткі займаюцца спартыўнымі адзінаборствамі. Усе аб’яднанні па інтарэсах працуюць у каледжы і ў суботу.

Ала КЛЮЙКО.

Творчыя гарызонты

Пад такой назвай сёлета праходзіла мерапрыемства, на якім дэманстраваліся магчымасці дадатковай адукацыі Гомельшчыны, у рамках дэкады дадатковай адукацыі. Выхаванцы і педагогі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі арганізавалі канцэрт, выставу творчых работ, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным майстэрстве, гульнявую праграму, інтэлектуальны турнір, літаратурную гасцёўню. У інтэрактыўнай форме бацькі і дзеці маглі азнаёміцца з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У гэтым годзе ў рамках дэкады ўстаноў дадатковай адукацыі арганізатары вырашылі ўзнагародзіць пераможцаў абласных конкурсаў і акцый аздараўленчай кампаніі “Лета на карысць — 2016”. Ім уручылі дыпломы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а таксама прызы ад арганізатараў і спонсараў.

Пераможцы вызначаліся ў чатырох акцыях і конкурсе “Мая будучыня — бяспечнасць працы маіх бацькоў”.

Так, у акцыі “Летнія канікулы з тэхнікай разам” у ліку пераможцаў былі названы Светлагорскі і Жлобінскі цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, якія занялі адпаведна 1-е і 3-е месцы. На другім месцы — Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Яшчэ адзін папулярны від летняга адпачынку — турыстычна-краязнаўчы. Сёлета ў рамках акцыі “Лета ў аб’ектыве турыстаў: цуды прыроды” асабліва вылучыліся сельскія ўстановы адукацыі. Так, 1-е месца журы прысудзіла Двіжкоўскай базавай школе Ельскага раёна. На 2-м і 3-м — светлагорская сярэдняя школа № 8 і мазырская сярэдняя школа № 9. Акрамя таго, за арганізацыйную работу па ўдзеле ў абласным турыстычным марафоне ўзнагароджаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму Кармянскага, Веткаўскага райвыканкамаў, адміністрацый Савецкага, Цэнтральнага раёнаў Гомеля, Рагачоўскі і Петрыкаўскі раённыя цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

У турыстычнай акцыі голас мела не толькі журы, але і дзеці, іх бацькі і настаўнікі. Для гэтага неабходна было прагаласаваць за пэўную ўстанову ў спецыяльна створанай групе ў адной з папулярных сацыяльных сетак. Па выніках такога галасавання ў пераможцах значацца Прысняская базавая школа і Данілавіцкі дзіцячы сад — пачатковая школа Веткаўскага раёна, а таксама Ведрыцкая сярэдняя школа імя В.М.Верамейчыка Рэчыцкага раёна. Як актыўны ўдзельнік акцыі была адзначана і Азарыцкая сярэдняя школа Калінкавіцкага раёна. Вось такія актывісты, аказваецца, жывуць у нашых вёсках.

Рэгіёны адзначыліся і ў прыродаахоўнай акцыі “Крылы лета”. Сярод лепшых названы калектывы навучэнцаў калінкавіцкай сярэдняй школы № 2, Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і калектыў навучэнцаў клуба “Крылаты дазор” Мяркулавіцкай сярэдняй школы Чачэрскага раёна.

Асаблівае месца ў арганізацыі карыснага лета займала інтэрактыўная акцыя “Героі сярод нас”, заснавальнікамі якой выступілі ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі, а арганізатарамі сталі аздараўленчыя лагеры, якія працавалі ў вобласці гэтым летам. Сутнасць акцыі заключалася ў тым, што для выхаванцаў арганізоўваліся сустрэчы з цікавымі людзьмі, знакамітымі ў сваім рэгіёне, якія дзяліліся з дзецьмі асабістай гісторыяй, ведамі і жыццёвым вопытам, адказвалі на пытанні.

Лепшымі ў гэтай рабоце заснавальнікі акцыі назвалі метадыста Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч Анатоля Галеню, дырэктара Кармянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Андрэя Падшывалава, начальніка прафарыентацыйнага лагера “Усмешка” Лоеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіну Гацкую, загадчыка аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля Ірыну Шушпакову, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 1 імя А.Р.Салаўя г.п.Акцябрскага Наталлю Шаўцову, педагога-арганізатара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля Аксану Сіраж, метадыста Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяну Андрыеўскую і навучэнку клуба “Юны журналіст” гэтай установы Аліну Чарняк, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Пціцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Людмілу Сілівонец, начальніка лагера міжведамаснага міжшкольнага прафілактычнага лагера “Падлетак” сярэдняй школы № 7 Жлобіна Алену Буракову, старшага выхавальніка філіяла шматпрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомеля Наталлю Панькову.

Па выніках акцыі “Героі сярод нас” рыхтуецца зборнік “Галерэя герояў нашага лета”, які будзе накіраваны ва ўстановы адукацыі вобласці для далейшага выкарыстання ў ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Раскрыць таленты

Па добрай традыцыі ў першы панядзелак новага навучальнага года пачаўся рэспубліканскі Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Актыўнае далучэнне навучэнцаў да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, фарміраванне станоўчага іміджу цэнтраў пазашкольнага выхавання — такой з’яўляецца галоўная мэта маштабнай акцыі, якая ўпершыню стартавала ў 2005 годзе і стала своеасаблівай візітоўкай айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

На працягу сямі дзён дзверы кожнай з 305 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны будуць адкрыты для навучэнцаў рознага ўзросту. Тыя, хто імкнецца раскрыць свой талент, вызначыцца з будучай прафесіяй, змогуць пазнаёміцца з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, мастацкага, тэхнічнага профіляў, з сучаснымі, запатрабаванымі моладдзю формамі работы. У кожным раёне пачалося правядзенне канцэртаў, спартыўных свят, творчых выстаў, майстар-класаў. Праз кожнае мерапрыемства чырвонай ніткай праходзіць тэматыка Года культуры, узгадваюцца нашы славутыя літаратары, мастакі, музыканты, навукоўцы. Безумоўна, на кожным свяце гаворыцца пра мір, пра тое, што мы жывём у мірнай краіне. Нездарма 1 верасня для кожнага школьніка быў праведзены ўрок “Нам мір завешчана берагчы!”.

_DSC1100.jpg(Сайт)

Штогадовае традыцыйнае свята правёў 4 верасня і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. На працягу ўжо 30 гадоў у прыгожым будынку (сапраўдным палацы творчасці, таленту, маладосці, што ўзвышаецца на беразе Камсамольскага возера) выхоўваецца маладое пакаленне, якое праслаўляе не толькі сталіцу, але і краіну. Вясёлы, шматлюдны і гасцінны палац кожны год сустракае вучняў з іх талентамі, уменнямі, імкненнямі. Сапраўдныя прафесіяналы дапамагаюць гурткоўцам раскрыць сябе, адкрыць у сабе ўвесь патэнцыял магчымасцей.

 — У кастрычніку 1986 года мы атрымалі гэты цудоўны будынак і з таго часу кожны год праводзім свята “Прывітанне, палац!”, прысвечанае пачатку навучальнага года, а з 2005 года — і пачатку Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёлета да нас запісалася вялікая колькасць навучэнцаў — больш за 8 тысяч. Гэта даволі высокі паказчык, які сведчыць пра тое, што дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вытрымліваюць канкурэнцыю на рынку паслуг дадатковай адукацыі. У гэтым годзе мы адкрылі 40 новых адукацыйных праграм. Нават для Мінска яны з’яўляюцца эксклюзіўнымі. Напрыклад, на базе Акадэміі навук пачала работу вялікая колькасць гурткоў для тых навучэнцаў, якія мараць стаць навукоўцамі ў розных галінах навукі. Упершыню адкрываем школу сацыёлагаў. У нас будзе цэлы блок гурткоў па эканоміцы, паколькі палацу прысвоены статус рэсурснага цэнтра ў галіне эканомікі. Варта вылучыць і блок гурткоў па тэхнічнай творчасці. Кожны год мы пераглядаем цыкл кірункаў у галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці, паколькі мяняюцца стылі, мода, тэхналогіі, — паведаміла дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр.

 Цэнтральныя падзеі тыдня пройдуць 9 верасня ў Магілёве, дзе адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, урачыстае закрыццё своеасаблівай акцыі. Удзельнікаў свята чакае знаёмства з актуальным вопытам работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэгіёна, канцэртная праграма, выставы творчых работ, шмат чаго яркага, запамінальнага. Пра цікавыя, актуальныя, новыя напрамкі і формы работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны чытайце ў суботу ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Выхаваўчы працэс. ХХІ стагоддзе

У сталічных установах адукацыі, як і ва ўсёй краіне ў цэлым, склалася дакладная сістэма выхавання, змест якой грунтуецца на ідэалогіі беларускай дзяржавы, агульначалавечых і гуманістычных каштоўнасцях. Выхаваўчая работа накіравана на фарміраванне грамадзяніна, патрыёта, працаўніка і сем’яніна. На гэта працуе не толькі школа, але і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спартыўныя і сацыякультурныя ўстановы.


Падчас станаўлення асобы з падлеткам адбываюцца розныя змены, і не заўсёды станоўчыя. Цалкам зразумела, што школа ў адзіночку з гэтым не справіцца. У пытаннях выхавання нам трэба больш цесна супрацоўнічаць з грамадскасцю. Было б нядрэнна на беларускім тэлебачанні ўвесці ў практыку правядзенне штотыднёвых асветніцкіх праграм для бацькоў. Быў добры вопыт выкладання ў школах курса “Асновы этыкі. Этыкет”, які, на мой погляд, неапраўдана выключаны са школьнай праграмы. Прапаноўваю разгледзець пытанне пра аднаўленне на ІІ ступені навучання курса “Асновы этыкі. Этыкет” або ўключаць раздзелам у прадмет “Мастацтва. Сусветная мастацкая культура”. Варта развіваць рэсурсныя цэнтры па розных напрамках выхаваўчай работы, прыцягваць да ўзаемадзеяння кіраўніцтва і педагогаў розных устаноў раёна, горада для абмену станоўчым вопытам.

Выхаванне дзіцяці — гэта комплексны працэс, у якім задзейнічаны ўсе педагагічныя работнікі ўстановы адукацыі. Выхаванне адбываецца ўжо на ўроку, таму мэтазгодна разгледзець пытанне аб унясенні ў вучэбныя планы, праграмы па такіх прадметах, як гісторыя, грамадазнаўства, беларуская і руская літаратура, мастацтва, геаграфія, біялогія, фізічная культура і здароўе, музыка і інш., наведванне музеяў на тэматычныя лекцыі, заняткі па вывучэнні той ці іншай тэмы вучэбнага прадмета. Гэта будзе спрыяць як развіццю сацыякультурнай прасторы населенага пункта, так і больш паспяховаму фарміраванню асобы, засваенню вучэбнай праграмы. Акрамя таго, неабходна працягнуць работу па распрацоўцы даступных экскурсійных маршрутаў не толькі па ўжо вядомых напрамках (Мір, Нясвіж, Брэст, Заслаўе і г.д.), але і ў іншыя малавядомыя вёскі, сядзібы, гістарычныя месцы.

Вопыт работы ў шосты школьны дзень як у саміх установах адукацыі, так і на ўзроўні міжшкольных праграм раёна і горада разнастайны, мае творчы характар. Хацелася б у суботу больш увагі ўдзяліць грамадска карыснай працы, больш даваць школам рэсурсаў для арганізацыі другаснай занятасці навучэнцаў (гэта сёння вельмі актуальна), а прадпрыемствам даваць у летні перыяд больш рабочых месцаў для навучэнцаў 14—17 гадоў. Важнае значэнне мае прафарыентацыйная работа. На тэматычныя выхаваўчыя мерапрыемствы трэба запрашаць дзяцей ужо з 7 класа, а не толькі старшакласнікаў. Спецыялістам дзіцячых, маладзёжных грамадскіх арганізацый неабходна праводзіць конкурсы, акцыі, квесты, спартыўныя раённыя спаборніцтвы і спартакіяды непасрэдна ў шосты школьны дзень, а не ў сярэдзіне тыдня і ў дзённы час, калі дзеці яшчэ вучацца і наведваюць аб’яднанні па інтарэсах і факультатыўныя заняткі.

ХХІ стагоддзе — век інфарматызацыі. Сучасны ўрок будзе няпоўным і нецікавым, калі ў ім не выкарыстоўваюцца ІТ. Аналагічная сітуацыя і ў выхаваўчай рабоце. Зразумела, што побач з карыснай і патрэбнай інфармацыяй інтэрнэт скідвае масу негатыву, які згубна ўздзейнічае на здароўе і псіхіку маладога чалавека. Педагог сёння павінен прыняць новую форму камунікатыўных зносін, знайсці сваю нішу ў сацыяльных сетках. Ужо ёсць станоўчы вопыт стварэння педагогамі нашай установы ў сацыяльных сетках асабістых старонак, блогаў, форумаў, што дазваляе мець зносіны з навучэнцамі і іх бацькамі нефармальна, праводзіць анлайн-кансультаванне і абмяркоўваць хвалюючыя тэмы, даваць спасылкі на патрэбную літаратуру. Мяркую, варта больш шырока выкарыстоўваць магчымасці саміх навучэнцаў пры навучанні пытанням бяспекі, фарміраванні навыкаў ЗЛЖ па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, у тым ліку і праз інтэрнэт.

Выхаваўчая работа — гэта штодзённая карпатлівая праца. Для фарміравання маральна сталай асобы патрабуецца час і агульнае намаганне ўсяго грамадства.

Алена ГІЛЬКО,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 161 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Творчасць — галоўны складнік іх працы

Лепшага педагога дадатковай адукацыі выбіралі на Гомельшчыне. У фінале абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прынялі ўдзел 10 педагогаў.

Педагог дадатковай адукацыі — гэта асаблівы педагог, у якога на першым месцы стаіць творчы падыход да працы. Ён павінен сам жыць той справай, якой імкнецца захапіць выхаванцаў, інакш у яго нічога не атрымаецца. У фінал трапілі менавіта такія. Хаця, шчыра кажучы, журы прыйшлося нялёгка, бо кожны педагог дадатковай адукацыі — творца, які любіць сваю прафесію і дзяцей. Гэта тое, што іх аб’ядноўвае.

Разам з тым усе яны розныя, у кожнага свой профіль, свае методыкі і задумы, якія яны спрабуюць рэалізоўваць разам з выхаванцамі. Як усё гэта адбываецца, канкурсанты і спрабавалі паказаць у фінале.

Пераможцамі конкурсу сталі прадстаўнікі тых устаноў, якія заўсёды на слыху. Нядзіўна, бо іх запал і творчы патэнцыял не маюць межаў, таму яны заяўляюць пра сябе на ўсіх магчымых конкурсах, фестывалях і мерапрыемствах. Так, дыплом I ступені аднагалосна быў прысуджаны ўжо вядомаму нашым чытачам педагогу Нараўлянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Васілю Васільевічу Чайку, які стварыў у сваім раёне некалькі музеяў і актыўна далучае да гэтай справы сваіх выхаванцаў. Дыплом II ступені — у педагога Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці “Эўрыка” Марыны Васільеўны Барысковай, III ступені — у Алены Алегаўны Рашацько, педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска.

Акрамя таго, канкурсанты атрымалі ўзнагароды ў розных намінацыях. Алена Харытонаўна Нат з Рагачоўскага цэнтра творчасці была адзначана ў намінацыі “Вопыт. Творчасць. Поспех”. Яе калега Людміла Аляксандраўна Кабаева з Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці дзяцей і моладзі — у намінацыі “Майстэрства. Арыгінальнасць. Самабытнасць”. Рыгор Данілавіч Сафронаў з Цэнтра творчасці Калінкавіч атрымаў званне “Педагог-майстар”. У намінацыі з вельмі цёплай назвай “Сэрца аддаю дзецям” лепшым быў названы педагог Буда-Кашалёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алег Алегавіч Белавусаў, а ўзнагароду за захаванне народных традыцый атрымала Святлана Пятроўна Серафімовіч са Жлобінскага раённага цэнтра.

У намінацыі “Традыцыі і інавацыі” журы адзначыла педагога Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі Антона Антонавіча Базыленку, а за педагагічныя надзеі дыплом атрымала Святлана Аляксандраўна Харужая, педагог Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

— Вельмі цяжка было вылучыць лепшага з лепшых, — прызнаецца дырэктар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка. — Кожны педагог здзіўляе сваім талентам і прафесіяналізмам, невычэрпнай любоў’ю да працы і выхаванцаў. Па-сапраўднаму ганарымся, што ў нас працуюць такія людзі. Цяпер чакаем ад нашых пераможцаў добрых вынікаў ад удзелу ў рэспубліканскім конкурсе.

Акрамя дыпломаў пераможцаў і намінантаў, усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя прызы ад упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, абласнога фонду міру, абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі. А Васілю Чайцы ўручаны спецпрыз ад Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага.

Наталля ЛУТЧАНКА.