Дапамагчы ў цяжкай сітуацыі

Удасканаленню крызіснай дапамогі навучэнцам устаноў сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўзаемадзеянню прадстаўнікоў усіх зацікаўленых ведамстваў была прысвечана абласная навукова-практычная канферэнцыя “Міжведамаснае ўзаемадзеянне пры аказанні крызіснай дапамогі непаўналетнім: праблемы і перспектывы”, якая прайшла ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел звыш 150 чалавек: намеснікі старшынь аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, намеснікі дырэктараў навучальных устаноў па вучэбна-выхаваўчай рабоце, педагогі-псіхолагі, медыцынскія работнікі. Як адзначыла на адкрыцці канферэнцыі начальнік Цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Алена Акімава, на працягу апошняга года ў Гродзенскай вобласці вялася работа па выкананні комплексу мер, накіраваных на павышэнне якасці работы спецыялістаў псіхолага-педагагічных службаў устаноў адукацыі. Міжведамаснае супрацоўніцтва павінна вывесці іх работу на новы ўзровень, абагаціць новымі формамі і метадамі.

Аб узаемадзеянні сям’і і школы ў прафілактыцы і пераадоленні крызіснага стану ў непаўналетніх гаварыла ў сваім выступленні дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лілія Баброўнік.

— Не заўсёды сям’я разумее, што трэба рабіць і да якіх спецыялістаў звярнуцца ў крызіснай сітуацыі, — падкрэсліла Лілія Іванаўна. — Мы павінны стварыць атмасферу адкрытасці, каб дзеці і бацькі маглі заўсёды атрымаць дапамогу і ведалі, куды звярнуцца па яе.

Шляхі пераадолення крызісных сітуацый і падрыхтоўкі спецыялістаў асвятлілі ў сваіх дакладах прадстаўнікі факультэта псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Аксана Шульга расказала аб аднаўленчым падыходзе ў прафілактыцы правапарушэнняў з боку непаўналетніх; старшы выкладчык гэтай кафедры Вольга Венска — аб прафесіянальнай падрыхтоўцы педагогаў-псіхолагаў у арганізацыі і забеспячэнні псіхалагічнага суправаджэння моладзі, якая знаходзіцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Новы напрамак работы — медыяцыю і яе значэнне для прафілактыкі правапарушэнняў і захавання асобы — прадставіў дырэктар Гродзенскага філіяла Цэнтра “Медыяцыя і права” Іван Хурс, мадэль сацыяльнай панарамы для ацэнкі дынамікі эмацыянальных станаў у крызісных сітуацыях — дацэнт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юрый Фомчанка.

З вялікай цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі канферэнцыі паведамленні медыцынскіх работнікаў, урача-псіхатэрапеўта Кацярыны Юхневіч аб псіхалагічным стане асобы непаўналетняга ў крызісных сітуацыях і аб суіцыдальных паводзінах у дзіцячым узросце і метамарфозах сацыяльнага асяроддзя, аб якіх расказала галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Гродзенскага аблвыканкама Наталля Шостка.

Вопыт работы педагогаў-псіхолагаў навучальных устаноў быў прадстаўлены падчас майстар-класаў і стэндавых дакладаў, прысвечаных узаемадзеянню сям’і і школы ў прафілактыцы і пераадоленні крызісных станаў непаўналетніх, асаблівасцям адаптацыі дзяцей у прыёмных сем’ях, прафілактыцы дэвіянтных паводзін у дзяцей і дэструктыўных паводзін у класным калектыве, антыстрэсаваму стылю паводзін педагога-псіхолага.

У другі дзень канферэнцыя праходзіла на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і пачалася з дэманстрацыі вопыту работы гэтай навучальнай установы. Навучэнцы і выкладчыкі ліцэя прадставілі флэш-моб “Рабі, як я!”, арт-прастору “Усё ў тваіх руках”, вернісаж “Вытокі майстэрства”. Работа канферэнцыі працягнулася ў секцыях “Сучасныя тэхналогіі ў рабоце з крызіснымі станамі”, “Псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей і падлеткаў, схільных да крызісных станаў і суіцыдальных паводзін”, “Прафілактыка і папярэджанне насілля ў дзіцячым і падлеткавым асяроддзі”.

Рэктар ГрАІРА дацэнт Святлана Сяргейка адзначыла важнасць і актуальнасць абмеркаваных пытанняў, магчымасць зваротнай сувязі з прадстаўнікамі псіхолага-педагагічных службаў і бачанне ў сувязі з гэтым кірункаў далейшай работы, у тым ліку па павышэнні кваліфікацыі гэтай катэгорыі спецыялістаў. Удзельнікі канферэнцыі выказалі прапанову зрабіць мерапрыемства традыцыйным. С.А.Сяргейка запэўніла, што гэтая ініцыятыва будзе падтрымана інстытутам і канферэнцыі па псіхолага-педагагічнай падтрымцы адукацыі будуць праходзіць раз у два гады. У найбліжэйшы час лепшы вопыт удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі будзе прадстаўлены у зборніку “Прафілактыка крызісных станаў непаўналетніх”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Выхаванцы ў дапамогу дворніку

Прывучаць чалавека да працы і вучыць з павагай ставіцца да чалавека працы трэба змалку. Такія каштоўнасці фарміруюцца ў сям’і, затым да справы далучаецца дашкольная ўстанова, пазней — школа.

Вельмі важна не ўпусціць той момант, калі, пазнаючы свет, дзіця з задавальненнем спрабуе сябе ў розных сітуацыях, калі яму цікава ўсё. Гэты невялікі адрэзак часу імкнуцца выкарыстаць у Бацвінаўскім яслях-садзе Чачэрскага раёна. Чым будуць займацца малыя, залежыць ад пары года. Для саміх жа дашкалят найцікавейшы сезон — восень. Апалае з дрэў рознакаляровае лісце ў маленькіх руках хутка ператвараецца ў прыгожыя букеты. Сабраўшы, дзятва выкладае іх у радок на лаўку, а потым бяжыць на дапамогу дворніку. Узброіўшыся рознымі прыладамі, хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць збіраць лісце.

Цікава назіраць за гэтай жвавай кагортай. Здаецца, дзеці добра разумеюць, што зрабіць справу на выдатна можна толькі згуртаваўшыся, а таму ўсе крыўды застаюцца ўбаку. Па-дзелавому дашкаляты дамаўляюцца аб тым, хто будзе зграбаць апалае лісце, а хто будзе збіраць яго, і праца пачынаецца.

— Усё пачалося з зацікаўленасці выхаванцаў працай дворніка падчас восеньскіх прагулак, — расказвае выхавальнік Зінаіда Добыш. — А потым мы вырашылі, што нядрэнна будзе, калі дзеці і самі папрацуюць. Сапраўды, іх цікавасць і павага да працы дарослых узрастае, яны з гордасцю прымаюць удзел у навядзенні парадку, тым больш што пасля могуць убачыць вынікі сваёй працы.

Гэта добрая ва ўсіх адносінах выхаваўчая работа: дзеці далучаюцца да справы, паміж імі ўзнікаюць дзелавыя зносіны, нават самыя гарэзлівыя і непаседлівыя не адбіваюцца ад калектыву.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Любая дапамога ў радасць

У рамках дабрачыннай акцыі “Падарунак школьніку або чужымі дзеці не бываюць” хлопчыкі і дзяўчынкі з мінскіх сем’яў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, атрымалі падарункі. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУС былі сабраны і закуплены рэчы, якія неабходны для вучобы. 

Супрацоўнікі ўпраўлення выбралі маламаёмасныя мнагадзетныя сем’і Фрунзенскага раёна, якія ў найбольшай меры мелі патрэбу ў падтрымцы. Мэта мерапрыемства — дапамагчы дзецям падрыхтавацца да новага навучальнага года; аказаць канкрэтную, адрасную дапамогу школьнікам, якія пражываюць у малазабяспечаных сем’ях.

Не застаўся абыякавым і Фрунзенскі РК ГА “БРСМ”. Прэс-афіцэр Наталля Аскірка, старшы інспектар ІСН Фрунзенскага РУУС старшы лейтэнант міліцыі Аксана Ваўчэцкая і старшы інспектар ІСН упраўлення маёр міліцыі Лілія Кашэўская разам з прадстаўніком маладзёжнай арганізацыі пабывалі ў дамах па вуліцах Адоеўскага, Лабанка, Янкі Маўра, Сухараўскай, Івана Шамякіна і Каменнагорскай.

Калі бацькі адчынялі дзверы кватэр, дзеці былі ўжо ў калідоры, чакалі гасцей. Кожнаму дзіцяці дастаўся “набор школьніка”, у якім было ўсё самае неабходнае для вучобы. Сшыткі, алоўкі, фламастэры, пеналы … Любая дробязь была ў радасць малым, з усмешкамі на твары яны сустракалі ўдзельнікаў акцыі. Бацькі дзякавалі за дапамогу, бо ім спатрэбіцца ўсё, што можа палепшыць жыццё іх дзяцей. Усе гэтыя дзеці хочуць таксама, як і іх аднагодкі, вучыцца ў новым навучальным годзе, карыстаючыся новымі рэчамі. Не ва ўсіх, на жаль, бывае такая магчымасць.

Добрыя справы не прынята афішаваць, бо аказваць дапамогу малым, якія жывуць у нястачы, цалкам натуральна. Але справа ў тым, што ў гэтым выпадку дабрачыннасць дапамагае прыцягнуць увагу грамадскасці да пытання паўнавартаснага выхавання і ўтрымання дзяцей у сем’ях. Дабрачынная акцыя “Падарунак школьніку альбо чужымі дзеці не бываюць” праводзіцца кожную восень.

Дыяна РЫДЗЕЦКАЯ.

Каб дарогу асіліў невідушчы

“Працэс рэабілітацыі людзей з інваліднасцю ўключае не толькі аказанне дапамогі ў аднаўленні страчаных фізічных магчымасцей, але і навучанне жыццёва неабходным уменням і навыкам. Важна сфарміраваць у такіх людзей пазітыўны вобраз мыслення, стварыць асяроддзе для зносін, для іх самарэалізацыі”, — упэўнена кіраўнік гуртка “Данка”, што дзейнічае пры пакоі рэабілітацыі інвалідаў па зроку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва Маргарыта Манкевіч.

Як і ў галоўнага героя вядомага апавядання М.Горкага Данка, у яе палымянае сэрца. Жанчына дапамагае людзям з парушэннямі зроку, вучыць самаму элементарнаму: хадзіць з кіем, працаваць на камп’ютары, гатаваць ежу. У самой Маргарыты — першая група інваліднасці па зроку, і яна добра разумее праблемы і патрэбы людзей, якія страцілі зрок.

Ад дэпрэсіі — да новага жыццёвага шляху

Сярод найбольш распаўсюджаных прычын, якія прыводзяць да страты зроку ў дарослым жыцці, — цукровы дыябет, траўмы і ўскладненні некаторых захворванняў. Інваліднасць Маргарыта Манкевіч атрымала ў выніку другіх цяжкіх родаў. Па адукацыі яна інжынер-механік. Раней працавала па спецыяльнасці, а сёння дапамагае такім, як і сама, людзям не страчваць веру ў будучыню, жыць максімальна паўнацэнным жыццём.
Сітуацыя чалавека, які страціў зрок у дарослым жыцці, асаблівая, вылучаецца сярод іншых. Дзеці з парушэннямі зроку навучаюцца ў спецыяльных садках і школах, дзе іх вучаць і кіем карыстацца, і чытаць па Брайлі і г.д. Тым, хто страціў зрок ужо дарослым, куды больш цяжэй. Пасля вялікага стрэсу пачынаецца дэпрэсія. Яе глыбіня і працягласць у многім залежаць ад падтрымкі сям’і, сяброў, суседзяў і іншых неабыякавых людзей. Калі дачцэ Маргарыты споўнілася 5 гадоў (сын быў старэйшым), жанчына засталася адна з двума дзецьмі, таму што іх тата кінуў сям’ю. Гэты перыяд быў надзвычай цяжкім для Маргарыты, тым больш што ён прыпаў на 90-я гады. Працаваць па спецыяльнасці жанчына па стане здароўя больш не магла.
Але яна імкнулася пераадолець усе цяжкасці, даглядаць дзяцей, наладжваць быт. Праз пэўны час зацікавілася творчасцю, стала пісаць вершы. Нарэшце Маргарыта акрэсліла для сябе свой шлях, знайшла сапраўднае месца ў жыцці. Такіх сцэнарыяў сярод людзей з інваліднасцю шмат. Кожны выбірае занятак па душы. Тым, хто ўсё жыццё займаўся разумовай працай, цяжэй знайсці прымяненне сваім ведам. Работа, скажам, на заводзе, не для ўсіх падыходзіць, не кожны можа працаваць на канвееры, каля станка.

“Я ўладкавалася на прадпрыемства “Тыфлас” пры БелТІЗ па вытворчасці спажывецкіх тавараў шырокага асартыменту, — расказала Маргарыта. — Гэта была даволі цяжкая для мяне надомная праца, якую я спалучала з работай у цэху. Галоўны плюс такой сітуацыі — магчымасць падтрымліваць зносіны з людзьмі, быць у калектыве, ну і, зразумела, грашовы даход, заробак. На прадпрыемстве ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, дэкламавала са сцэны свае вершы, спрабавала сілы ў інтэлектуальных спаборніцтвах. Усё быццам бы наладзілася. Але адчуванне было такое, што чагосьці не хапае, хацелася жыць больш якасна, быць больш самастойнай, мабільнай, незалежна перамяшчацца па горадзе, хадзіць у магазіны, тэатры, больш чытаць. Даведалася, што ў Брэсце ёсць навучальная ўстанова “Беларускі эксперыментальны вучэбна-метадычны цэнтр”, дзе вучаць рабоце на камп’ютары па безманіторнай праграме. Там я і асвоіла камп’ютар, навучылася чытаць і пісаць па Брайлі і асновам хадзьбы з кіем. Ва ўстанове прапанавалі шмат літаратуры па тыфлапедагогіцы, якую я дасканала вывучыла і з якой даведалася аб розных спосабах і метадах рэабілітацыі людзей з парушэннямі зроку”.

Шлях пачынаецца з першага кроку

У пакоі рэабілітацыі інвалідаў па зроку Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва, дзе Маргарыта Манкевіч вядзе гурток “Данка”, знаходзіцца камп’ютар са спецыяльнай агучанай праграмай “Джавс”, агучаны тэлефон і шмат тыфлапрылад, якія яна выкарыстоўвае ў рабоце са сваімі падапечнымі.

“Мы дапамагаем любому, хто звяртаецца ў цэнтр, самі шукаем і запрашаем наведвальнікаў, многія з якіх спачатку сумняваюцца, што мы ім зможам дапамагчы, — гаворыць Маргарыта. — Я дасканала вывучаю спісы, што фарміруюцца ў МРЭК, тэлефаную людзям з парушэннямі зроку і запрашаю іх на заняткі. Тых, хто па стане здароўя не можа да нас самастойна дабрацца, я сама наведваю дома два разы на тыдзень і займаюся з імі. Больш за ўсё мае падапечныя мараць навучыцца рабоце на камп’ютары. Для многіх гэта адзіны спосаб выхаду ў вялікі свет і доступу да неабходнай для іх інфармацыі. Навучанне рабоце на камп’ютары адбываецца праз шматразовае паўтарэнне і прагаворванне адных і тых жа дзеянняў. Невідушчаму ў першую чаргу неабходна добра вывучыць клавіятуру. Любое дзеянне, якое выконваецца пры дапамозе мышкі, можна выканаць і праз сумесны націск адпаведных клавіш. Я навучаю рабоце ў аперацыйнай сістэме Windows, расказваю, як стварыць у ёй папку (ярлык), як капіраваць (перамяшчаць) дакументы і г.д. Разам дасканала прапрацоўваем праграмы Word, Skype, інтэрнэт-пошукавікі і г.д. Мая задача — навучыць людзей з парушэннямі зроку азам камп’ютарнай граматнасці. Якім чынам яны будуць у далейшым выкарыстоўваць камп’ютар, гэта іх асабістая справа. Усё залежыць ад складу іх розуму, настойлівасці і жадання штосьці мяняць у сваім жыцці. Ёсць нямала прыкладаў, у нашай краіне таксама, калі невідушчыя станавіліся праграмістамі”.

Маргарыта Манкевіч вучыць людзей з парушэннямі зроку карыстацца кіем. Гэтае простае прыстасаванне таксама трэба правільна падабраць — і па канструкцыі (у залежнасці ад вагі і росту чалавека), і па форме ручкі, і нават па відзе наканечніка. Спачатку трэба навучыць правільна трымаць кій, а затым пачынаць навучанне правільным рухам з ім — па незнаёмай дарозе і па той, дзе часта ходзіш, па вузкай сцяжынцы, у цесным памяшканні, на лесвіцах. Кій — гэта нібы працяг рукі і нагі чалавека, яго своеасаблівыя вочы і вушы, таму што чалавек прыслухоўваецца да гукаў кія пры дакрананні да розных паверхняў, адчувае з яго дапамогай, калі знаходзіцца ў адкрытай прасторы і каля дома, і г.д. Рух з кіем, рытм падчас хадзьбы павінен быць даведзены да аўтаматызму. Тонкі белы кій у руцэ чалавека — гэта не толькі яго асабістая “палачка-выручалачка”, але і сігнал для ўсіх прахожых на вуліцы аб тым, што такому чалавеку можа спатрэбіцца дапамога.

У людзей з парушэннямі зроку часта ўзнікаюць пытанні, звязаныя з вядзеннем хатняй гаспадаркі. Некаторых з іх бацькі з дзяцінства надта бераглі, не давалі праявіцца іх самастойнасці: за сталом клалі ў руку лыжку, зашпільвалі гузікі і г.д. Мне даводзілася чуць: “Мая дачка не можа працаваць за камп’ютарам, яна не можа пайсці ў тэатр, таму што яна не бачыць!” Сваімі дэпрэсіўнымі адносінамі да невідушчых дзяцей бацькі часта даводзяць іх да пакут бездапаможнасці. Але ўсё ж надыходзіць момант, калі сын ці дачка сутыкаюцца з неабходнасцю многае рабіць самастойна.

Рэабілітацыя — пажыццёвы працэс, які са з’яўленнем новых тыфлатэхнічных сродкаў паступова спрашчаецца для людзей з інваліднасцю. Але шмат да чаго яны дадумваюцца самі, праз асабісты вопыт, праз метад спроб і памылак. Каб такіх памылак у наведвальнікаў цэнтра было менш, Маргарыта вучыць іх самым простым рэчам: як, напрыклад, заварыць гарбату і не апячыся, як правільна нарэзаць хлеб, каўбасу, сыр, як наліць ваду, каб яна не пералілася праз край кубка. Яна расказвае, як заходзіць у памяшканне, дзе нізкая столь, каб не пашкодзіць пры гэтым галаву, як правільна перайсці праз дарогу, дзе няма святлафора, як завесці гадзіннік, зрабіць пакупкі ў магазіне і падлічыць здачу. Часам Маргарыце задаюць даволі складаныя пытанні: як, напрыклад, ускапаць і засеяць агарод, як адрозніць чырвоныя таматы ад зялёных?

Што адчувае невідушчы?

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва наладзіў работу са студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова ў рамках вывучэння імі дысцыпліны “Рэабіліталогія” на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Студэнты ў цэнтры праходзяць практыку, удзельнічаюць у семінарах. Супрацоўнікі цэнтра расказваюць ім пра людзей з інваліднасцю, пра тое, як працаваць з імі. Маргарыта далучае студэнтаў да розных мерапрыемстваў з удзелам інвалідаў па зроку, да экскурсій на прадпрыемствы, дзе яны працуюць, расказвае аб неабходнасці безбар’ернага асяроддзя ў горадзе і дэманструе яго. У цэнтры здымаюцца невялікія вучэбныя відэаролікі, у якіх у форме майстар-класаў расказваецца, як, напрыклад, дапамагчы чалавеку з інваліднасцю сесці ў аўтобус, зрабіць пакупкі, перайсці праз дарогу. Гэтыя вучэбныя ролікі трансліруюцца па Магілёўскім абласным тэлебачанні, што, зразумела, мяняе адносіны гараджан да асаблівых людзей, вучыць іх аказваць кваліфікаваную дапамогу тым, каму яна так неабходна.

Цэнтр сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй БелТІЗ на працягу некалькіх гадоў праводзіць конкурс “Роўны паядынак”, у якім удзельнічаюць інваліды па зроку і студэнты-практыканты з МДУ імя А.Куляшова. Мэты і задачы мерапрыемства — дапамагчы зразумець тым, у каго нармальны зрок, што адчувае невідушчы чалавек, пабыць хоць некаторы час на яго месцы. У мінулым годзе ў гэтым конкурсе прымала ўдзел каманда людзей, якія наведваюць у цэнтры аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Паміж канкурсантамі ішлі спаборніцтвы, хто хутчэй набярэ тэкст на камп’ютары пры выключаным маніторы з меншай колькасцю памылак, хто хутчэй (з невідушчых) прачытае тэкст па Брайлі. З завязанымі вачыма канкурсанты чысцілі бульбу і г.д. Праводзіліся і сумесны інтэлектуальны конкурс “Эрудыт”, спаборніцтвы па шашках, паэтычны конкурс. Варта падкрэсліць, што тры гады запар такія выпрабаванні выйгравалі невідушчыя.

“Я імкнуся, каб усе мае падапечныя пасябравалі паміж сабой, каб яны абменьваліся карысным вопытам, вучыліся адно ў аднаго, — гаворыць Маргарыта. — Часам нават хітрую, кажу, што чагосьці не ўмею рабіць, не ведаю, напрыклад, як працаваць у пэўных камп’ютарных праграмах, і прашу маіх “выхаванцаў” навучыць мяне. Такім чынам, мы вучымся разам і сябруем, рэалізоўваем дадзеныя нам ад прыроды здольнасці і таленты”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Ад інтэрната да сям’і

Дзесяць гадоў у Беларусі рэалізоўваецца праект Міжнароднага дзіцячага фонду “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва”. Азірнуцца на пройдзены шлях на выніковай канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі фонду, спецыялісты сістэмы абароны дзяцінства, адукацыі, іншых дзяржаўных устаноў нашай краіны, а таксама людзі, якім праект дапамог чагосьці дасягнуць у жыцці, вырашыць пэўныя праблемы.
Пры гэтым, канечне, тыя, хто сабраўся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё.Рау, не толькі падводзілі вынікі, але і прадстаўлялі перадумовы далейшага развіцця вынікаў праекта. І галоўнай была думка аб тым, што толькі аб’яднаныя намаганні дзяржавы, грамадскіх арганізацый і асобных людзей прыводзяць да жаданага выніку. Хаця, як сказала адна з удзельніц канферэнцыі, і адзін у полі воін, калі ўпарта дабіваецца сваёй мэты, запальваючы ідэяй іншых.

Пачыналася з малога

Рэалізацыя праекта была накіравана на тое, каб замацаваныя законам правы дзіцяці ― права на жыццё без насілля, на жыццё ў сям’і, на адукацыю — былі цалкам даступнымі для найбольш уразлівых груп дзяцей: малых з інваліднасцю, сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Зараз мы можам гаварыць пра тое, што ў Беларусі ўсё больш малых, якія аказаліся без апекі бацькоў, застаюцца на сямейных формах выхавання, усё менш дзяцей, якія трапляюць у інтэрнаты. Па даных Міжнароднага дзіцячага фонду, у населеных пунктах, якія цесна супрацоўнічалі з праектам, доля дзяцей, якія трапляюць у інтэрнатныя ўстановы, блізкая да 0%, у 36% раёнаў Беларусі дзяцей наогул не адпраўляюць у інтэрнаты.
— Хачу падзякаваць Міністэрству адукацыі за ўсю тую падтрымку, якую на нацыянальным узроўні яно аказала праекту, — сказала, адкрываючы канферэнцыю, дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Міронава. — Мы ўдзячны інстытутам развіцця адукацыі, цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання, СПЦ, камісіям па справах непаўналетніх, установам вышэйшай адукацыі, грамадскім арганізацыям і ўсім іншым за сумесную работу.
Далей яна расказала, што на момант пачатку праекта каля 65% дзяцей-сірот аказваліся ў інтэрнатах. Пры гэтым прыкладна 90% гэтых дзяцей мелі бацькоў, г.зн. былі сацыяльнымі сіротамі, а інстытут прыёмнага бацькоўства толькі пачынаў развівацца. Першапачаткова праект (пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці) рэалізоўваўся ў пяці беларускіх гарадах: Валожыне, Жодзіне, Кобрыне, Оршы і Чавусах. Зараз вопыт праекта распаўсюджаны на 168 населеных пунктаў.
— Прапанаваная мадэль спрацавала, — упэўнена І.Міронава. — Адбылося рэзкае падзенне колькасці дзяцей, якіх адпраўляюць у інтэрнатныя ўстановы, — гэта тычыцца і мясцовага ўзроўню, нашых партнёраў, і краіны ў цэлым. Ды і колькасць інтэрнатных устаноў знізілася на 36% за 10 гадоў. А яшчэ ў спадчыну пасля завяршэння праекта застаюцца тысячы падрыхтаваных спецыялістаў, застаюцца вопыт, адаптаваныя інавацыйныя методыкі і праграмы, стандарты абароны дзяцінства, трэнерскія каманды і, канечне, наша работа з УВА і інстытутамі развіцця адукацыі. 100% універсітэтаў, якія рыхтуюць сацыяльных педагогаў, і 100% абласных ІРА, якія рыхтуюць такіх педагогаў і псіхолагаў, атрымалі трэнераў па ўсіх нашых праграмах і паспяхова рэалізоўваюць гэтыя праграмы самастойна.
Кіраўнік прадстаўніцтва фонду ў Беларусі расказала пра вынікі і перспектывы рэалізацыі праекта “Пашырэнне ўдзелу людзей з інваліднасцю ў грамадскім жыцці і працэсе прыняцця рашэнняў”, заўважыўшы, што зараз у галіновым міністэрстве створана канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі, у тым ліку пры пэўным удзеле Міжнароднага дзіцячага фонду і грамадскіх арганізацый. Мяркуецца, што канцэпцыя будзе прынята ў хуткім часе.
— Гэта вялікі крок наперад, і мы ганарымся тым, што маем дачыненне да гэтага, — дадала Ірына Міронава. — Пілотныя праекты па інклюзіўнай адукацыі, якія былі рэалізаваны ў фармаце “дзіцячы сад — школа — універсітэт” — гэта бясцэнны вопыт, які можна распаўсюджваць і далей. У нас было рэалізавана больш за сто ініцыятыў, што тычыліся адукацыі, працаўладкавання, спорту, сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю. Самае цікавае, што яны не толькі былі створаны для людзей з інваліднасцю, але і людзьмі з інваліднасцю.

Уласны вопыт

Пра тое, як усё пачыналася і да чаго прывяло, расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жодзіна Людміла Міхайлаўна Музычэнка.
— На 2005 год у нас у горадзе, лічу, не было міжведамаснай каманды, якая б у поўным складзе падключалася да праблем сям’і, — адзначыла яна. — У кожным рэгіёне, таксама і ў нас, былі інтэрнаты, прычым даволі вялікія. Многае з таго часу змянілася.
Людміла Міхайлаўна расказала, што на той час у Жодзіне існавалі дзве інтэрнатныя ўстановы — дашкольны дзіцячы дом, у якім выхоўваліся 200 малых, і школа-інтэрнат, у якой было больш чым 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. А зараз ідзе ўжо трэці год, як Жодзінскую школу-інтэрнат закрылі, а ў дашкольным дзіцячым доме колькасць выхаванцаў не перавышае 60.

Праект “Развіццё паслуг для ўразлівых груп насельніцтва” ажыццяўляўся з удзелам амаль 1500 партнёраў — дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы абароны правоў дзяцей-сірот, дарослых і дзяцей з інваліднасцю.

— Мы імкнуліся падключыцца да кожнага праекта праграмы Міжнароднага дзіцячага фонду, — заўважыла Л.М.Музычэнка. — Гэта і курсы прыёмных бацькоў і ўсынавіцеляў, і інфармацыйная кампанія “Дзяцінства без жорсткасці і насілля”, і сямейна-арыентаваны падыход у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, які даў нам вельмі многа для развіцця, і шмат чаго яшчэ.
Па словах спецыяліста, у Жодзіне пачалі прадастаўляцца новыя паслугі для дзяцей і сем’яў, былі падрыхтаваны каманды трэнераў па ўсіх праграмах, распрацаваны і зацверджаны міжведамасныя дакументы для эфектыўнага ўзаемадзеяння, навучана міжведамасная каманда аховы дзяцінства.
Асабліва дырэктар Жодзінскага СПЦ спынілася на рэалізацыі праекта “Адкрыты свет”. Спецыяліст лічыць, што дзякуючы яму ў горадзе сфарміравана гатоўнасць да інклюзіўнага падыходу і ў педагогаў устаноў дашкольнага выхавання, і ў бацькоў. Жыхары горада атрымалі інфармацыю аб дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і аб наступствах для іх ізаляцыі ад здаровых равеснікаў.
Юныя жодзінцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, як расказала Людміла Міхайлаўна, зараз наведваюць звычайныя ўстановы адукацыі па месцы жыхарства — зроблены першыя крокі па стварэнні ўніверсальнага адукацыйнага асяроддзя для падтрымкі ўсіх навучэнцаў. Акрамя таго, яшчэ ў 2007 годзе ў горадзе па ініцыятыве аддзела адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра створана і зацверджана рашэннем гарвыканкама гарадская сістэма абароны дзяцінства. Яна ўключае ў сябе наступныя часткі: ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнае расследаванне, міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рабоце па рэабілітацыі нядобранадзейных сем’яў і іх суправаджэнне. Раз у два гады на пасяджэнне гарвыканкама выносіцца пытанне аб гарадской сістэме абароны дзяцінства. Важна, што ўсе спецыялісты горада навучаны сямейна-арыентаванаму падыходу, навучаюцца і міжведамасныя каманды.
У Жодзіне ёсць дзве прыёмныя дзяжурныя сям’і, што прымаюць дзяцей да трох гадоў, якіх адабралі ў бацькоў. Такім чынам, малыя ўжо шмат гадоў не трапляюць у дом дзіцяці. Да таго ж існуе рашэнне гарвыканкама аб будаўніцтве дзіцячага дома сямейнага тыпу для самых маленькіх. А яшчэ ў горадзе працуе кругласутачная гарачая лінія, якая прымае сігналы аб цяжкіх сітуацыях у сям’і, дзейнічае служба тэрміновага рэагавання. Ёсць і іншыя праграмы, накіраваныя на работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, дзецьмі, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі. Напрыклад, група дзённага знаходжання для дзяцей, у сем’ях якіх часова склалася нейкая цяжкая сітуацыя. На базе групы працуе аздараўленчы лагер, які дзейнічае ў тры змены. У выніку ўсёй работы пачынаючы з 2007 года ні адно дзіця з раёна не трапіла ў інтэрнатную ўстанову.
Пра свой вопыт работы з уразлівымі групамі насельніцтва расказалі і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі — з Чавус, Баранавіч, Брэста і іншых. Так, спецыяліст з Чавус зазначыла, што за апошнія сем гадоў у раёне дзеці не накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы, некалькі гадоў тут няма адбірання малых з сем’яў. У раёне нават няма дзяцей, якім неабходна ўладкаванне ў прыёмныя сем’і, спецыялісты зараз накіроўваюць свае намаганні на работу па ўсынаўленні малых.
Перад прысутнымі выступіла старшыня грамадскай арганізацыі інвалідаў “Асаблівы свет” Алена Сяркульская, якая расказала і пра работу з дзецьмі, якія разам з бацькамі навучаюцца бальным танцам на калясках, і пра работу непасрэдна з бацькамі, і наогул пра ўдзел грамадскага аб’яднання ў дзейнасці па змяненні становішча дзяцей з інваліднасцю ў грамадстве. “Дабіцца навучання дзяцей з інваліднасцю ў звычайнай школе можна, — упэўнена Алена, — толькі трэба ведаць, навошта гэта, розныя ж бываюць сітуацыі. Галоўнае, каб у кожнага была магчымасць такога выбару”.
У адукацыйны цэнтр прыехала і Маргарыта Шніп, выпускніца курса лідарства для моладзі фонду, член маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Откровение”, каб расказаць пра свой вопыт уваходжання ў свет здаровых людзей.
— У мяне ніколі не было аднакласнікаў, я вучылася дома, — расказала дзяўчына ў інваліднай калясцы. — І мне здавалася неверагодна складаным кантактаваць са здаровымі людзьмі, але дзякуючы вучобе на курсах я зразумела, што ўсё магчыма. І, думаю, такія зносіны больш патрэбны нават не нам, а менавіта здаровым людзям.

***

…З экрана на ўдзельнікаў канферэнцыі глядзелі дзеці — маленькая Вера з Полацка, у якой сіндром Даўна, чые бацькі і бабулі з дзядулямі разгарнулі актыўную кампанію па сацыялізацыі такіх дзяцей і тым самым далі вялікую веру сем’ям, у жыццё якіх увайшла гэтая хвароба. Глядзелі ўдзельнікі фотамарафону па ацэнцы безбар’ернага асяроддзя таксама ў Полацку, якія з дапамогай родных і сяброў паспрабавалі на інвалідных калясках трапіць у розныя ўстановы горада (атрымалася не так дрэнна, хоць і не ідэальна). Глядзеў студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Улад — адзін з больш чым дваццаці маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў гэтай УВА. Глядзелі выхаванцы сацыяльнага прытулку з Глыбокага, якія расказвалі пра свае мары. Яна адна на ўсіх: хутчэй вярнуцца дамоў, і каб маці і тата не пілі. А ў выхаванцаў Дзівінскага дзіцячага дома (Брэсцкая вобласць), выпускнікоў тутэйшай базавай школы, для якіх даўно ўжо няма іншага дому, акрамя гэтага, мары дарослыя: адкрыць уласны салон прыгажосці, стаць аўтамеханікам, шэф-кухарам, стварыць сям’ю.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.