У пошуку новых падыходаў у рабоце з бацькамі

З мэтай развіцця новых форм дашкольнай адукацыі, задавальнення патрабаванняў сям’і па пытаннях развіцця і выхавання дзяцей, а таксама для аказання дапамогі бацькам, дзеці якіх не наведваюць дашкольную ўстанову, на базе Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна вывучаўся попыт на аказанне платных адукацыйных паслуг: у групе сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў “Мацярынская школа”, у адаптацыйнай групе, на гувернёрскія паслугі.

З бацькамі будучых выхаванцаў у верасні быў праведзены бацькоўскі сход з мэтай пазнаёміць з работай цэнтра ў цэлым і з платнымі паслугамі для дзяцей, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы. На нашым сайце размешчана інфармацыя з падрабязным апісаннем платных паслуг.

На базе нашага цэнтра з кастрычніка 2011 года функцыянуе на платнай аснове “Мацярынская школа” — гэта група сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў. Яна працуе 2 разы на тыдзень ад 1,5 да 2 гадзін, у залежнасці ад запыту бацькоў. З дзецьмі і бацькамі ў гэтай групе займаюцца выхавальнік, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік і кіраўнік фізвыхавання. З кастрычніка 2016 года гэтая паслуга прыняла крыху іншую форму і называецца “Школа для мам і малышоў”. У ёй мы пашырылі спектр кансультатыўнай дапамогі для бацькоў. Заняткі з дзецьмі і бацькамі праводзяцца ў першай палове дня, а ў вячэрні час для асобных сустрэч запрашаюцца бацькі, бабулі, дзядулі. Яны наведваюць круглыя сталы з удзелам медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагога-псіхолага і інш. Тэмы сустрэч прапануюцца бацькам на выбар. Так, у кастрычніку медыцынскімі работнікамі былі праведзены практычныя заняткі “Спосабы ўмацавання імунітэту”, педагог-псіхолаг даў кансультацыю “Як дома рыхтаваць дзіця да паступлення ў дзіцячы сад”.

У апошні час павялічыўся попыт на месцы ва ўстанове дашкольнай адукацыі для дзяцей з года да двух гадоў. Для павелічэння ахопу дзяцей гэтага ўзросту адукацыйнымі паслугамі мы арганізавалі работу адаптацыйнай групы “Карапуз”. Гэтая група функцыянуе з 1 сакавіка да 1 ліпеня 2 разы на тыдзень на працягу 1 гадзіны. Адрозненне адаптацыйнай групы ад “Мацярынскай школы” ў тым, што з дзецьмі працуе пераважна выхавальнік, без удзелу бацькоў. Ён арганізоўвае для дзяцей у гульнявой форме фрагменты рэжымных момантаў, знаёміць іх з памяшканнямі дзіцячага сада, праводзіць развіццёвыя гульні-заняткі з мэтай фарміраваць у дзіцяці пачуцці абароненасці і даверу да навакольнага свету.

Кожны раз дзяцей сустракае які-небудзь персанаж — цацка, якая разам з малышамі вучыцца гігіенічным навыкам, навыкам самаабслугоўвання, кладзецца спаць і г.д. У той час, калі з дзецьмі займаецца выхавальнік, для бацькоў праводзяцца заняткі па аказанні кваліфікаванай кансультатыўнай і практычнай дапамогі па доглядзе дзіцяці, па пытаннях яго выхавання, развіцця і адаптацыі да дзіцячага сада.

Для дзяцей адаптацыйнай групы і “Школы для мам і малышоў” праводзяцца навагоднія забавы, свята 8 Сакавіка. Выхаванцы старшых груп рыхтуюць для іх тэатралізаваны паказ.

Найбольшую цяжкасць уяўляе адкрыццё гувернёрскіх паслуг на платнай аснове з-за іх высокага кошту. Намі пастаянна вывучаецца попыт на гувернёрскія паслугі з мэтай аказаць дапамогу сям’і, дзе бацькі працуюць і маюць патрэбу ў тым, каб за іх дзіцем калі-нікалі наглядалі, а таксама з мэтай задаволіць патрэбы сям’і ў атрыманні дашкольнай адукацыі дома, аказаць дыягнастычную, кансультатыўную і педагагічную дапамогу бацькам дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі.

Асноўныя напрамкі гувернёрскіх паслуг, якія мы прапануем бацькам: 1. Адукацыйныя і развіццёвыя заняткі дома, якія праводзіць выхавальнік дашкольнай адукацыі. 2. Догляд і нагляд за дзіцем. 3. Суправаджэнне дзіцяці па названым бацькамі адрасе.

Паслугу аказвае выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі са стажам педагагічнай работы звыш 15 гадоў.

Далейшае развіццё дзейнасці па аказанні платных паслуг прадугледжвае пастаянны пошук новых форм і падыходаў у рабоце з сям’ёй, пастаяннае ўдасканаленне ўмоў функцыянавання груп кароткачасовага знаходжання і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Ірэна ЕЎТУХ,
загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна.

Дызайн для маленькіх

У Капыльскім раёне супрацоўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі актыўна дзеляцца сваім вопытам работы падчас правядзення творчых майстар-класаў. Шэраг такіх мерапрыемстваў быў прысвечаны развіццю творчых здольнасцей дзяцей.

— Правядзенне майстар-класаў у нашым раёне не з’яўляецца спантанным. Па выніках анкетавання выхавальнікаў у канцы кожнага навучальнага года мы выяўляем пэўныя запыты педагогаў раёна па розных актуальных тэмах дашкольнай адукацыі, — расказвае Алена Віктараўна Серадзінская, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама. — Падчас наведвання ўстаноў дашкольнай адукацыі, франтальнага вывучэння іх дзейнасці, правядзення конкурсаў мы выяўляем цікавых, творчых, зацікаўленых педагогаў. На шчасце, ва ўстановах раёна шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія гатовы не толькі творча працаваць, але і дзяліцца сваімі працоўнымі здабыткамі. Многа і тых, хто імкнецца самаўдасканальвацца і з задавальненнем наведвае такія майстар-класы.

Так, напрыклад, з ахвотай калегі ішлі на майстар-клас да С.В.Гецман, выхавальніка ДЦРД “Сонейка” Капыля, па тэме “Выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання ў выяўленчай дзейнасці дашкольнікаў”. Педагог упэўнена, што нетрадыцыйныя тэхнікі цудоўна развіваюць творчыя здольнасці дзяцей. Асаблівую ўвагу Святлана Валер’еўна ўдзяляе рабоце з выхаванцамі спецыяльнай групы з цяжкімі парушэннямі маўлення, бо ў такіх дзяцей часта назіраецца і парушэнне маторыкі. На занятках для творчасці няма ніякіх абмежаванняў — можна маляваць чым хочаш і як хочаш, слова “нельга” выхавальнік не вымаўляе. Малюючы незвычайным спосабам, дзеці не баяцца памыляцца, бо ўсё лёгка можна выправіць. Дзеці на занятках адчуваюць станоўчыя эмоцыі, знаходзяць упэўненасць у сабе і пачынаюць адчуваць сябе мастакамі. На майстар-класе педагог прапанавала калегам паспрабаваць тэхнікі гратаж, манатыпія, ніткаграфія, малявання пальцамі, далонямі, ватнымі палачкамі, кавалачкамі паралону, каляровымі пырскамі і інш.

А.М.Каленчыц, выхавальнік ясляў-сада № 1 Капыля, праводзіць майстар-клас па тэме “Развіццё творчых здольнасцей дашкольнікаў у дызайн-дзейнасці”. Дзіцячы дызайн — гэта асаблівы і надзвычай разнастайны від творчасці. На занятках Алена Міхайлаўна стараецца пашыраць веды дзяцей пра ўласцівасці розных матэрыялаў, сфарміраваць навыкі і ўменні работы з імі, заклікае іх эксперыментаваць з матэрыяламі. Дзеці пад яе кіраўніцтвам робяць не проста вырабы, а прадметы для афармлення інтэр’ера, падарункі для бацькоў або сяброў. Тэматыка работ разнастайная: запрашэнні на свята, віншавальныя паштоўкі, валянцінкі, роспіс велікодных яек. Падчас майстар-класа Алена Міхайлаўна падкрэслівае, што першыя крокі ў дызайне настолькі простыя, што не патрабуюць ад дзяцей вялікіх намаганняў. Разам з ёй калегі стваралі з прыродных матэрыялаў міні-сады ў шкляных ёмістасцях.

Т.Р.Мельнічэнка, выхавальнік ДЦРД “Сонейка” Капыля, праводзіць майстар-клас па тэме “Метад нагляднага мадэлявання ў навучанні дашкольнікаў”. Метад мадэлявання — рэальнага, матэматычнага, нагляднага, сімвальнага — з’яўляецца надзвычай эфектыўным для навучання, развівае прасторавае ўяўленне, дазваляючы ўспрымаць складаную інфармацыю і зрокава ўявіць абстрактныя паняцці. На майстар-класе Таццяна Рыгораўна дэманструе выкарыстанне метаду мадэлявання пры навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, матэматыкі, на занятках па выяўленчым мастацтве, для прывіцця працоўных навыкаў. Педагог звяртае ўвагу на эфектыўнасць метаду для развіцця маўлення, у тым ліку і ў дзяцей з цяжкімі парушэннямі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена раённым ВМК аддзела адукацыі,спорту і турызму
Капыльскага райвыканкама.

Урэгуляваць пытанне аказання платных паслуг

Сёння начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.Давідовіч расказвае аб магчымых змяненнях і дапаўненнях, якія закрануць раздзел Кодэкса аб адукацыі, прысвечаны дашкольнай адукацыі.

У час правядзення маніторынгу практыкапрымянення Кодэкса аб адукацыі ў галіновае міністэрства паступала шмат прапаноў як ад саміх устаноў дашкольнай адукацыі, так і ад кіруючых структур сістэмы адукацыі сталіцы і рэгіёнаў нашай краіны. Абагульніўшы ўсю інфармацыю, мы засяродзілі ўвагу на наступных новаўвядзеннях, якія мяркуецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса. У першую чаргу неабходна ўрэгуляваць пытанне аказання платных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Згодна з гэтым, на ўзроўні дашкольнай адукацыі прынята такая прапанова, каб даць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць праграму дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. Такім чынам мы зможам арганізаваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі розныя формы работы для развіцця здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з умовамі канкрэтнай установы і запытамі бацькоў. Акрамя таго, мы прадастаўляем магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных ­установах адукацыі па жаданні ­бацькоў.

Яшчэ адзін з кірункаў, які плануецца ўнесці ў кодэкс, звязаны з забеспячэннем даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. На жаль, сёння ў мікрараёнах-новабудоўлях ёсць праблема забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, і таму ў новую рэдакцыю кодэкса прапаноўваецца ўнесці норму аб надзяленні паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па змяненні норм напаўняльнасці ў дзіцячых садах пры наяўнасці аб’ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Такая прапанова была ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Але я падкрэсліваю, што гэта магчыма толькі ў выключных выпадках у тых мікрараёнах, дзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі існуе праблема з забеспячэннем месцамі.

Яшчэ адным кірункам, які прапаноўваецца ўнесці ў кодэкс, з’яўляецца падтрымка і развіццё прыватных устаноў дашкольнай адукацыі. Так, мяркуецца ўнесці прапанову аб фінансаванні часткі расходаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Тэрыторыя дзяцінства: сёння і заўтра

Абласны фестываль-конкурс устаноў дашкольнай адукацыі “Свет дзяцінства” адбыўся на Міншчыне ўпершыню, і ўдзел у ім бралі ўсе дзіцячыя сады і ДЦРД вобласці.

— Конкурс быў задуманы з мэтай стварэння аптымальных умоў знаходжання выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу, — расказвае Ірына Уладзіміраўна Машкетава, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — У першым фестывалі-конкурсе мы звярнулі ўвагу на ўмовы, якія ствараюцца на тэрыторыі ўстановы.

Фестываль-конкурс стартаваў на пачатку лета. Летні перыяд — гэта сезон, калі амаль увесь дзень дзеці праводзяць на вуліцы, вяртаючыся ў групы толькі для таго, каб паесці і адпачыць. Конкурс стымуляваў калектывы садоў і цэнтраў напярэдадні летняга сезона задумацца, ці добрае створана асяроддзе на тэрыторыі ўстановы і ці дастаткова зроблена для выхаванцаў. У ходзе конкурсу яго ўдзельнікі маглі параўнаць вынікі сваёй работы з тым, чаго дасягнулі калегі.

Спачатку лепшых выбралі ў кожным раёне вобласці. 25 пераможцаў раённага этапу змагаліся на абласным узроўні ў дзвюх намінацыях. У намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства заўтра” спаборніцтвы адбываліся ў завочнай форме. Канкурсанты павінны былі паказаць, якімі свае ўстановы бачаць у перспектыве, і прадставілі на суд журы дызайн-праекты па стварэнні адукацыйнай прасторы на тэрыторыі сваёй установы адукацыі. Чарцяжы і аб’ёмныя мадэлі суправаджаліся дадатковай інфармацыяй і канкрэтным планам рэалізацыі дызайн-праекта. Пераможцам у гэтай намінацыі стаў ДЦРД “Сонейка” вёскі Рудаўкі Нясвіжскага раёна. Свірскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа Мядзельскага раёна заняў другое месца.

Удзельнікі конкурсу ў намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства сёння” ў двух турах дэманстравалі, чаго дасягнулі. Іх задачай было паказаць, што адукацыйнае асяроддзе на тэрыторыі ўстановы створана творча і крэатыўна, з улікам бяспекі, педагагічнай мэтазгоднасці, поліфункцыянальнасці выкарыстання, добра абсталявана. Экспертная група звяртала ўвагу на разнастайнасць аб’ектаў на тэрыторыі, ландшафтны дызайн і азеляненне, эстэтыку афармлення, улік узроставых асаблівасцей дзяцей і інш. На завочны тур удзельнікі даслалі мультымедыйныя прэзентацыі, якія падрабязна і дэталёва паказвалі тэрыторыю ўстановы з дапамогай фотаздымкаў, схем. Таксама дасылалася інфармацыя пра тое, якую інфармацыйна-метадычную падтрымку мае створанае асяроддзе.

Па выніках завочнага этапу 10 устаноў перайшлі ў наступны — вочны. Экспертная група адправілася ў кожную з гэтых устаноў, каб не толькі на свае вочы ўбачыць створаныя для дзяцей умовы, але і ўпэўніцца, што створана ўсё не дзеля птушачкі, а сапраўды выкарыстоўваецца ў рабоце і на карысць дзяцей. Члены экспертнай групы з задавальненнем адзначылі, што ўдзельнікі прадэманстравалі добрыя вынікі і грунтоўную работу. Вылучыць пераможцаў было няпроста — розніца ў балах паміж лідарамі была зусім маленькай. Эксперты высока ацанілі, напрыклад, летняе кафэ, сад касачоў і французскі дворык, якія арганізавалі ў ДЦРД Фаніпаля. А супрацоўнікі санаторнага ясляў-сада № 10 Вілейкі кожную веранду ператварылі ў тэматычную пляцоўку, адпаведна размаляваўшы сцены. Гэтыя малюнкі надзвычай прадуманыя і даюць мноства магчымасцей для арганізацыі заняткаў.

Разнастайна і змястоўна напоўнілі асяроддзе супрацоўнікі санаторнага ясляў-сада Капыля. Тут дзейнічаюць тэматычныя пляцоўкі: турыстычны куток, дзе дзеці робяць першыя крокі да актыўнага адпачынку; гарадок бяспекі і пляцоўка па вывучэнні ПДР. Месцам творчасці і развіцця фантазіі стала пляцоўка “Вясёлыя мастакі і фантазёры”, з мастацкай літаратурай дзеці знаёміліся на пляцоўцы “Кніжнае каралеўства”, на пляцоўцы “Тэатральная карусель” арганізоўвалася тэатральная і мастацка-маўленчая дзейнасць выхаванцаў. Цудоўныя гульнявыя пляцоўкі з цэнтрамі пяску і вады, сюжэтна-ролевых гульняў, самастойнай дзейнасці дапамагалі рабіць дзіцячыя забавы цікавымі і карыснымі. А для ўмацавання здароўя выхаванцаў створаны якасныя спартыўныя пляцоўкі, сцяжынка здароўя і траса тэрэнкура. (Тэрэнкур — метад аздараўлення з дапамогай пешаходных прагулак з узыходжаннем на ўзвышшы па вызначаных маршрутах.)

Цудоўныя ўмовы стварылі для сваіх выхаванцаў і ў яслях-садзе № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”. Тут малыя з нецярпеннем чакаюць падарожжаў па экалагічнай сцяжынцы. На шляху яны завітаюць у аптэчны куток з лекавымі раслінамі, на станцыю юнага даследчыка, іх чакаюць грыбная палянка, пчальнік, домік вожыкаў, мурашнік, птушыная сталовая, вадаём. Асабліва карыстаюцца попытам у малышоў станцыі экасцяжыны “Дамашняя ферма” — стылізаваны куток з аб’ёмістымі фігуркамі жывёл, і станцыя “Падарожжа ў казку”, дзе малых чакаюць любімыя персанажы.

Трэцяе месца па выніках абласнога фестывалю-конкурсу “Свет дзяцінства” раздзялілі паміж сабой ДЦРД Мар’інай Горкі і Фаніпаля, на другім месцы — ДЦРД Нарачы і санаторны яслі-сад № 10 Вілейкі. А пераможцамі сталі санаторны яслі-сад Капыля і яслі-сад № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”.

З лепшым вопытам работы, выяўленым падчас правядзення конкурсу, пазнаёмяцца ўсе дашкольныя ўстановы вобласці і абавязкова знойдуць цікавыя ідэі, якія рэалізуюць на сваёй тэрыторыі. А конкурс “Свет дзяцінства” будзе праводзіцца штогод, адпаведна сучаснай сітуацыі будуць мяняцца намінацыі і вызначацца актуальныя задачы для рэалізацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадстаўлены ўстановай адукацыі.

Новыя планы на новы год

Удасканаленню прафесійных кампетэнцый у пытаннях кіравання прафесійным развіццём педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі быў прысвечаны семінар-нарада, у якім прынялі ўдзел спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю ў Гродзенскай вобласці.

Галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта засяродзіла ўвагу на прыярытэтных кірунках дзейнасці. Сярод іншых разглядаліся пытанні эфектыўных форм метадычнага суправаджэння педагогаў, інавацыйнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў 37 дашкольных установах 13 раёнаў вобласці, выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў, арганізацыі харчавання і забеспячэння здароўя дзяцей, аховы правоў дзіцяці. На семінары ішла гаворка і пра пошук новых форм работы, напрыклад, пра адкрыццё груп з кароткачасовым знаходжаннем дзяцей ці прагулачных груп на платнай аснове, што асабліва актуальна для новых мікрараёнаў у гарадах.

Прадстаўнікі раённых вучэбна-метадычных кабінетаў падзяліліся вопытам сваёй работы. Пра арганізацыю метадычнай вучобы педагогаў па стварэнні бяспечных і здароўезберагальных умоў расказала Валянціна Кенць (Воранава), пра выкарыстанне сучасных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій — Святлана Шчука (Масты), пра работу метадычнага аб’яднання як эфектыўную форму пывышэння прафесійнага майстэрства — Анжаліка Акуневіч (Ліда).

Даследчая работа з дашкольнікамі разглядаецца сёння як эфектыўны кірунак не толькі развіцця дзяцей, але і прафесійнага росту педагогаў. Гэта прадэманстравала выстава з удзелам фіналістаў і лаўрэатаў абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу “Я — даследчык”. Настаўнік-лагапед ДЦРД № 89 Гродна Святлана Пятруцік прадставіла даследчую работу “Чаму гучыць цацка-свістулька”. Як расказала Святлана Яраславаўна, дзеці вельмі зацікаўлены работай з глінай, тым, што можна самастойна зрабіць і размаляваць цацку, а таксама тым, што звесткі пра свістульку трэба шукаць у энцыклапедыі і інтэрнэце.

Семінар-нарада завяршыўся прыемным момантам — узнагароджаннем пераможцаў конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, які арганізоўвае абласное ўпраўленне МНС. Дыпломы і цацкі, якія дапамогуць абсталяваць куткі бяспекі, адправіліся ў яслі-сад № 104 Гродна, ДЦРД № 2 Дзятлава, яслі-сад № 22 Ліды. Былі адзначаны таксама пераможцы ў розных намінацыях.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Каб педагог дашкольнай адукацыі быў кампетэнтным і сучасным спецыялістам

Патрэба ў павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і атрыманні адпаведнай кваліфікацыі з кожным годам у нашай краіне павялічваецца. У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКіП) БДПУ імя Максіма Танка можна набыць дадатковую педагагічную спецыяльнасць незалежна ад таго, ёсць у спецыяліста вышэйшая адукацыя па профілі ці ў яго вышэйшая адукацыя іншага кірунку. У інстытуце сёння вучаць не толькі дарослых, але і дзяцей дашкольнага ўзросту. Падрабязней аб кірунках работы ІПКіП расказвае яго дырэктар Ірына Уладзіміраўна ШАСЦІТКА і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі Вольга Валер’еўна КЛЯЗОВІЧ.

Змяніць падыходы
да работы

“На спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” на 2016—2017 год для перападрыхтоўкі мы набралі 218 чалавек — 8 груп. У мінулым годзе груп было пяць, а тры гады назад — толькі тры, — адзначае Ірына Уладзіміраўна. — Сярод слухачоў ІПКіП спецыялісты не толькі з педагагічнай адукацыяй, ёсць і з эканамічнай, гістарычнай, філалагічнай, эстэтычнай. У ліку прычын павялічанага попыту на спецыяльнасць — рост нараджальнасці, а значыць, неабходна большая колькасць выхавальнікаў. І другая прычына — у дашкольныя ўстановы пачалі вяртацца педагогі, якія ў пэўны момант пакінулі іх і працавалі ў іншых сферах, таму ім трэба ўзнавіць страчаныя навыкі работы з дзецьмі.

Аснова перападрыхтоўкі ў ІПКіП практыка-арыентаваная. Класічных лекцый тут не праводзіцца, амаль ніхто не канспектуе за выкладчыкам. Дарослыя навучэнцы старанна рыхтуюцца да заняткаў, яны актыўныя ўдзельнікі семінарскіх і практычных заняткаў. Калі нашы выкладчыкі пытаюцца ў сваіх слухачоў: “З якой мэтай вы прыходзіце да нас на курсы?”, то адказы атрымліваюць самыя розныя: “даведацца пра штосьці новае”, “змяніць падыходы да сваёй работы з дзецьмі”,“упэўніцца ў тым, што працую правільна” і г.д.

Ва ўсе адукацыйныя і вучэбныя праграмы па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ўключаны сучасныя методыкі і навуковыя даследаванні ў гэтай сферы. Са слухачамі працуюць спецыялісты, якія маюць вопыт работы ў дашкольных установах, метадысты вышэйшай катэгорыі, кандыдаты навук, дысертацыйныя даследаванні якіх служаць цудоўным дапаможнікам падчас заняткаў”.

У выхавальнікаў сёння вельмі запатрабаваны веды па выяўленчай дзейнасці дзяцей пры дапамозе нетрадыцыйных тэхнік і спосабаў. Так, дацэнт кафедры дадатковай педагагічнай адукацыі Юлія Уладзіміраўна Захарава правяла серыю заняткаў па сваім аўтарскім курсе, дзе пазнаёміла педагогаў з тэхнікамі артышок, фальцаванне, “кніжны тунэль”, самаробная папера. Свой вучэбны курс “Нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчай дзейнасці ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці дашкольнага ўзросту” распрацавала выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі бесперапыннай адукацыі Марына Уладзіміраўна Быліна.

Надзвычай важныя і неабходныя сёння даследчы і праектны кірункі ў рабоце з дашкольнікамі. Таму педагогам прапаноўваюцца курсы па арганізацыі такой дзейнасці. У маладых спецыялістаў у рамках павышэння кваліфікацыі запатрабаваны курс “Псіхолага-педагагічныя асновы дзейнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі”. Папулярныя ў слухачоў здароўезберагальныя тэхналогіі (напрыклад, адукацыйная кінезіялогія). У гэтым кірунку будзе абараняць кандыдацкую дысертацыю выкладчык ІПКіП Кацярына Міхайлаўна Рэйд, яе тэма — “Развіццё асобаснай прасторы дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе рухальнай актыўнасці”.

Сёння ўсё большай колькасці дзяцей патрабуецца карэкцыя маўленчага развіцця. І педагогам, якія пройдуць адпаведнае навучанне ў інстытуце, будзе лягчэй выяўляць парушэнні ў дзяцей і кансультаваць бацькоў па даных пытаннях. Старшы выкладчык Таццяна Пятроўна Гароніна распрацавала курс “Дамашні лагапед” , які ўтрымлівае рэкамендацыі па ранняй дыягностыцы маўленчых праблем і аказанні першаснай дапамогі яшчэ да таго, як з дзіцем пачынае працаваць настаўнік-дэфектолаг. На працягу доўгага часу з дзецьмі дашкольнага ўзросту працавала Інга Уладзіславаўна Кіжло, спецыяліст па лагапедыі і лагарытміцы (спалучэнне маўлення з рытмічнымі рухамі пад музыку) факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Зараз такія заняткі праводзіць Яўгенія Славік, лагапед дзіцячай паліклінікі, выпускніца БДПУ.

Заняткі са слухачамі праводзяць не толькі штатныя работнікі ІПКіП, але і спецыялісты з іншых факультэтаў і іншых устаноў. Інстытут, напрыклад, супрацоўнічае з лагапедамі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра отарыналарынгалогіі, наладжвае сувязь з выкладчыкамі і выпускнікамі факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. І гэта невыпадкова: у слухачоў выклікаюць цікавасць курсы па карэкцыйнай рабоце з дзецьмі пасля аперацыі па кахлеарнай імплантацыі і па рабоце з іх бацькамі.

Адна з праграм вучэбных курсаў, якая рэалізуецца на працягу 5 гадоў дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі Вольгай Валер’еўнай Клязовіч, “Педагагічная нарада — праводзім інакш”.

“Як ператварыць педсавет у сапраўдны савет педагогаў? — разважае Вольга Валер’еўна. — Падчас курсаў на працягу пяці дзён са слухачамі, якія выступаюць як адзіны калектыў установы адукацыі, праводзяцца педагагічныя нарады. Кожны дзень прапаноўваецца новая тэма такіх сустрэч. А задача кожнага іх удзельніка актывізаваць мысленне і агучыць для калег свае адукацыйныя метады і прыёмы, свае тэхналогіі з элементамі рэфлексіі, калектыўнага ўзаеманавучання, з элементамі праектнага навучання і г.д. Мы ламаем стэрэатыпы ўяўленняў педагогаў аб педсавеце, калі гаворым, што рашэнні падчас яго павінны прымацца ў адкрытым абмеркаванні з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў, ролевых і дзелавых гульняў, мадэлявання пэўных канкрэтных сітуацый, якія могуць узнікаць ва ўстанове. Ёсць у нашым арсенале яшчэ адна падобная праграма “Бацькоўскі сход — праводзім інакш”. Слухачы ў гэтым выпадку на працягу пяці дзён выступаюць у ролі бацькоў і вучацца ўзаемадзейнічаць з педагогамі.

Гэты вопыт нашы дарослыя навучэнцы, упэўнена, спраецыруюць на сваю дзейнасць і прынясуць у педсаветы і бацькоўскія сходы іскрынку нестандартнасці і энтузіязму”.

У ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка на бюджэтнай аснове сёння ажыццяўляецца двухгадовая перападрыхтоўка па 10 спецыяльнасцях (15 вучэбных праграмах) на факультэце перападрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі. Праводзіцца павышэнне кваліфікацыі па 100 адукацыйных праграмах (з разліку на 36 гадзін), стажыроўка па 5 адукацыйных праграмах, а таксама вучэбныя курсы для педагогаў па 46 адукацыйных праграмах (працягласцю ад 2 да 24 гадзін) на факультэце павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі.

На ўмовах бюджэтнага фінансавання ідзе перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі толькі тых спецыялістаў, якія ўжо працуюць па педагагічнай спецыяльнасці, але не маюць адпаведнай кваліфікацыі. Іх прымаюць па накіраваннях раённых і абласных аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ўстаноў адукацыі. Астатнія спецыялісты вучацца на платнай аснове.

Курсы для дашкольнікаў

На працягу пяці гадоў пры ІПКіП праводзяцца вучэбныя курсы для дашкольнікаў у школе ранняга развіцця. Усе перадавыя інавацыі, пра якія ў інстытуце выкладчыкі расказваюць выхавальнікам, апрабіруюцца з маленькімі дзецьмі ад 1,5 года. З імі праводзяцца заняткі па развіцці логікі, матэматычных уяўленняў, маўлення, выяўленчай дзейнасці, па лагарытміцы, харэаграфіі і г.д. На занятках самых маленькіх прысутнічаюць іх мамы. Слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі, на базе якога размешчана школа ранняга развіцця, прыходзяць на заняткі і атрымліваюць сапраўдны майстар-клас па рабоце з дашкольнікамі.

“Вельмі важна сёння стварыць эфектыўную асобасную прастору, па-сучаснаму спрыяльныя ўмовы для развіцця кожнага дашкольніка, даваць яму не канкрэтныя веды, а сфарміраваць матывацыю да навучання, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Тое, што нашы выкладчыкі працуюць і з дзецьмі, і з дарослымі, вялікі плюс для ўсіх. У гэтым і сучасны адукацыйны падыход: каб вучыць дарослых, трэба самім на практыцы ведаць, як працаваць з дзецьмі. Сярод педагогаў хочацца адзначыць Святлану Аляксееўну Важнік — метадыста вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Вядучы кірунак яе дзейнасці — арганізацыя заняткаў у адаптацыйных групах, работа з бацькамі, фарміраванне правільнага, асэнсаванага бацькоўства. Старшы выкладчык кафедры прыватных методык факультэта Ірына Аляксееўна Турчанка падрыхтавала дысертацыю, якая прысвечана навучанню ва ўмовах інклюзіі, што апрабуецца якраз на занятках з дашкольнікамі. А Дар’я Дзянісаўна Зрубовіч, спецыяліст у сферы замежнай мовы, выкладае малышам яе азы праз гульні, спевы і выяўленчае мастацтва.

У мінулым годзе на курсах для дашкольнікаў займалася 60 дзяцей. З наступнага навучальнага года плануем прыняць яшчэ большую колькасць малышоў. Дарэчы, навучанне ў школе ранняга развіцця даступнае, у нас самы даступны кошт па горадзе ў параўнанні з аналагічнымі паслугамі”.

Па запытах устаноў і асобных педагогаў

Той, хто вучыць іншых, павінен заўсёды набываць новыя веды і вучыцца сам. Дзе праходзяць павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікі ІПКіП? Адна з магчымасцей іх творчага ўдасканалення — удзел у міжнародных праектах. У гэтым годзе каманда супрацоўнікаў ІПКіП упершыню ў рамках праграмы Еўрасаюза “Мост”, якая рэалізуецца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, прыняла ўдзел у стажыроўцы ў Італіі ў Фларэнційскім дзяржаўным універсітэце. Майстар-класы выкладчыкам з Беларусі давалі спецыялісты, якія працуюць з педагогамі дашкольнай адукацыі і інклюзіўнай адукацыі.

“Калі, скажам, у іх дзіцячай установе ўзнікае канфлікт паміж выхаванцамі, то да вырашэння гэтай праблемы падключаецца ўніверсітэцкая каманда спецыялістаў і ў рамках дзейнасці навуковай лабараторыі пачынаецца псіхалагічнае даследаванне прычын канфлікту, — падкрэслівае Ірына Уладзіміраўна. — У выніку вучоныя паведамляюць заяўнікам (педагогам), што яны павінны зрабіць, каб паправіць сітуацыю. Важным вынікам гэтай стажыроўкі стала разуменне, што мы з замежнымі калегамі рушым у адным кірунку. Але нам яшчэ ёсць чаму павучыцца ў іх. Мы таксама працуем па запытах устаноў або асобных педагогаў, якія жадаюць асвоіць канкрэтныя адукацыйныя праграмы, напрыклад, праграму прафілактыкі прафесійнага выгарання і г.д. У 2016 годзе па запытах канкрэтных устаноў нашы выкладчыкі распрацавалі 13 адукацыйных праграм і на будучы год інстытут прапаноўвае слухачам ужо 100 праграм павышэння кваліфікацыі”.

У рамках стажыроўкі многіх слухачоў сёння зацікавіць праграма “Педагагічны вопыт: тэорыя і практыка апісання і прымянення”. Нагодай для яе стварэння стаў запыт педагогаў, абумоўлены патрэбай і абавязкам пастаянна павышаць свой адукацыйны ўзровень. А гэта мае на ўвазе абагульненне і сістэматызацыю педагагічнага вопыту. Педагогу ў гэтым пытанні неабходна метадычная падтрымка. І выкладчыкі дапамагаюць слухачам у вызначэнні мэт і задач работы, у фармуляванні важных катэгорый і палажэнняў, у апісанні практычнай часткі, вынікаў.

Адукацыйны запыт педагогаў рэалізуецца і ў рамках праграмы “Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання ўстановамі адукацыі”, з якой яны даведваюцца аб правільным афармленні дакументаў — арганізацыйна-распараджальнай дакументацыі, асабістых спраў, працоўных кніжак і г.д. Вынікам звароту педагогаў у інстытут стала распрацоўка праграмы “Інтэрактыўная дошка: стварэнне адукацыйнага прадукту”, разлічанай на 36 гадзін. Так, вучэбны курс па рабоце з інтэрактыўнай дошкай выкладчыкі інстытута правялі на базе ясляў-сада № 7 Ашмян (па запыце калектыву). Педагогам ясляў-сада № 469 Мінска было прапанавана стварыць самім такія адукацыйныя прадукты з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі ў праграме Smart. Гэты працэс суправаджалі нашы выкладчыкі. Ужо праз тыдзень 12 педагогаў гэтай установы стварылі 12 прадуктаў і абмяняліся імі. Цудоўны і павучальны прыклад!

У рамках удзелу ў міжнародным праекце “Тэмпус інавест: педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі” педагогі інстытута выязджалі ў 10 устаноў адукацыі нашай краіны, каб на ўласныя вочы ўбачыць рэальныя праблемы ў адукацыі дзяцей з АПФР. І ў выніку стварылі праграму павышэння кваліфікацыі “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”. Мэта праграмы — сфарміраваць пазітыўныя ўяўленні пра асаблівыя адукацыйныя запыты дзяцей у педагогаў, якія ніколі не сутыкаліся з імі.

Перспектывы і праекты

“Лічу, што галоўная місія нашага інстытута, каб педагогі пасля атрымання ведаў у ім заставаліся ў сістэме дашкольнай адукацыі і ў далейшым прыходзілі да нас павышаць свой адукацыйны ўзровень і кваліфікацыю, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Мне хацелася б, каб педагог дашкольнай адукацыі быў кампетэнтным, сучасным спецыялістам, а бацькі гаварылі, як ім пашанцавала з выхавальнікам. ІПКіП сёння гатовы павялічыць прыём на факультэты перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, і Міністэрства адукацыі падтрымлівае нас у гэтым пытанні. Праз кваліфікацыйны экзамен, які нашы слухачы здаюць у інстытуце, мы ўжо сёння выяўляем лепшых спецыялістаў дашкольнай адукацыі і запрашаем іх праводзіць заняткі з нашымі слухачамі, у тым ліку на базе дашкольных устаноў, па канкрэтных методыках работы з дзецьмі. Сёння ў многіх дзіцячых садах працуюць педагогі, якія маюць сертыфікаты і дакладна арыентуюцца ў новых методыках і тэхналогіях (ТРВЗ, тэхналогія навучання грамаце Зайцава, ІТ-тэхналогіі, праектнае і даследчае навучанне і г.д.). У іх ёсць чаму павучыцца выхавальнікам, якія пакуль што выкарыстоўваюць толькі элементы сучасных методык і тэхналогій. У 2017 годзе ў рамках павышэння кваліфікацыі мы плануем акцэнтаваць увагу слухачоў на магчымасці асваення той ці іншай тэхналогіі або методыкі ў поўным аб’ёме.

Плануем запусціць і новы праект па перападрыхтоўцы выхавальнікаў у прыватных установах адукацыі для сваіх калег з Казахстана. Для гэтага распрацоўваем праграму іх дыстанцыйнага навучання. У наступным годзе чакаем таксама гасцей з Італіі ў рамках ажыццяўлення праграмы “Запрошаны прафесар”. Плануецца, што іх выкладчыкі правядуць серыю цікавых заняткаў з нашымі слухачамі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Урачы і будаўнікі з дзіцячага садка

Дашкольная адукацыя валодае добрымі магчымасцямі для першаснай сацыялізацыі дзяцей, таму павышаюцца патрабаванні да яе якасці. Яслі-сад № 82 Брэста даўно перайшоў з рэжыму функцыянавання ў рэжым развіцця дзякуючы намаганням загадчыцы Святланы Разоўскай і яе намесніка Валянціны Воўк, якія аб’ядналі калектыў у каманду аднадумцаў. Вялікая ўвага ў дашкольнай установе ўдзяляецца пытанням развіцця і ўзбагачэння гульнявой прасторы.

Святлана Разоўская лічыць, што выхавальнікі і дзеці ўсебакова раскрываюцца падчас сюжэтна-ролевых гульняў. Педагогі падзяляюць гэтую думку, таму распрацавалі праекты гульнявой прасторы, адаптаваныя да ўмоў кожнай узроставай групы, і метадычныя рэкамендацыі па змястоўным напаўненні сюжэтна-ролевых гульняў. Вопыт дашкольнай установы па выкарыстанні самаробных цацак у адукацыйным працэсе быў прадстаўлены на семінары “Роля гульні і цацкі ў развіцці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту” ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яслі-сад часта наведваюць слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі Брэсцкага абласнога ІРА і калегі з іншых устаноў горада.Выхавальнікі ўдасканальваюць традыцыйныя метады і актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі. На занятках рознай тэматыкі педагогі імкнуцца не даваць дзецям гатовыя веды і не абмяжоўваць пошук практычных і гульнявых дзеянняў. Падчас сюжэтна-ролевай гульні “У доктара” малодшыя дашкольнікі вызначаюць урача і пацыента, імітуюць прыём у паліклініцы, выкарыстоўваюць медыцынскія прылады (бінт і гарчычнікі замяшчаюцца палоскамі паперы, фанендаскоп — скакалкай). Урач выдае хвораму ўяўныя таблеткі.
Паступова гульня ўскладняецца. Выхавальнікі майструюць дапаможнікі сваімі рукамі: апарат для флюараграфіі, лабараторыю для дыягностыкі. Вырабляюцца талоны да ўрача, амбулаторныя карты хворых, бэйджыкі. Усё па-сур’ёзнаму. Сюжэтна-ролевая гульня “У доктара” змяняецца на гульню “Медыцынскі цэнтр”. У ім працуюць розныя спецыялісты (педыятр, тэрапеўт, акуліст, працэдурная медсястра), дзейнічаюць рэгістратура і прыёмнае аддзяленне.
Калектыў пад кіраўніцтвам Святланы Разоўскай знаходзіцца ў пастаянным пошуку новага. Дашкольнікі актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах раённага і гарадскога ўзроўню, дзе паказваюць добрыя вынікі.
Аналагічны вопыт выхавання выкарыстоўваюць і ў яслях-садзе № 73, якім загадвае Алена Фёдарава. Педагогі ўстановы невыпадкова распрацавалі сюжэтна-ролевую гульню “Будоўля”. Дзіцячы садок размешчаны ў мікрараёне, дзе вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва жылля. На вачах дзяцей узводзяцца новыя дамы. Штодзень дашкольнікі назіраюць за пад’ёмнымі кранамі, бульдозерамі і грузавымі машынамі. Выхавальнікам даводзіцца адказваць на шматлікія пытанні дзяцей, звязаныя з імі.
Праект улічвае прафесійныя заняткі бацькоў. Без узаемадзеяння з сем’ямі яго рэалізацыя была б непаўнацэннай. Праект накіраваны на развіццё камунікатыўных уменняў дзяцей, фарміраванне ў іх станоўчых адносін і павагі да працоўнай дзейнасці.
У малодшай групе дзеці выконваюць ролі будаўнікоў, у сярэдняй — вадзіцеляў грузавых машын, пагрузчыкаў. Калі па сюжэце гульні малышы будавалі заапарк, то выкарыстоўвалі цацкі розных звяроў. У старшай групе дзеці асвойвалі ролі муляраў, кранаўшчыкоў, цесляроў, тынкоўшчыкаў і маляроў. Неўзабаве на гульнявой пляцоўцы ўзнікла патрэба ў архітэктарах і дызайнерах, прарабах і кіраўніках. З’явіліся пашпарты аб’ектаў, візітоўкі, альбомы дызайну, узоры будаўнічых матэрыялаў і г.д.
Выхавальнікі ўпэўнены, што падчас сюжэтна-ролевых гульняў у дзяцей развіваецца інтарэс да ўзаемаадносін людзей розных прафесій, фарміруецца вопыт, які ілюструе сацыяльныя адносіны ў цэлым, выхоўваецца павага да вынікаў працы дарослых, разуменне неабходнасці і важнасці кожнай прафесіі. Немалаважным з’яўляецца і фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці.
Вопыт дашкольнай установы быў прэзентаваны на мінулагодняй абласной жнівеньскай нарадзе педагогаў “Выхаванне чалавека-працаўніка і грамадзяніна — дзяржаўны заказ адукацыі Брэстчыны”. Аўтары гульні выхавальнікі Марына Праходцава, Святлана Дварнічэнка і Марына Андрусевіч прадставілі на тэматычнай выставе сюжэтна-ролевую гульню “Будаўнічая фірма “Будуй дом”. Метадычныя знаходкі брэсцкіх педагогаў карысталіся павышанай увагай з боку калег.
Сёння ў педкалектыву новыя задумы, падказаныя жыццём. Многія дашкольнікі выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях, таму ідзе распрацоўка сюжэтна-ролевай гульні “Сям’я” (абавязкі членаў сям’і, традыцыі), якая будзе адыгрываць добрую ролю ў сацыялізацыі дзяцей.

Ніна ДРЫК.

Дзіця шчаслівае там, дзе яго чакаюць кожны дзень

Пытанне ўладкавання дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі для ўсіх бацькоў хвалюючае: у якім узросце лепш аддаць сына ці дачку ў дзіцячы сад, у які сезонны перыяд і як не памыліцца з выбарам установы?

Так атрымалася, што ў Брагіне дзве ўстановы дашкольнай адукацыі знаходзяцца ў блізкім суседстве. Таму з мэтай рэкламы сваёй дзейнасці для захавання кантынгенту выхаванцаў педагагічны калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці выкарыстоўвае розныя формы работы з бацькамі.
Стала традыцыяй першае знаёмства дашкольніка з нашым цэнтрам, і арганізоўваецца яно ў перыяд навагодніх свят. Пагадзіцеся, што першае ўражанне вельмі важнае, бо яно досыць доўгі час іграе ролю своеасаблівай псіхалагічнай устаноўкі на ўспрыманне аб’екта. Таму мы лічым, што першае знаёмства малога з дзіцячым садам павінна быць напоўнена мноствам фарбаў і яркіх момантаў.
Так было і на гэты раз. Дзеці, якія яшчэ не наведваюць дзіцячы сад, разам з мамамі і татамі прыйшлі ў цэнтр, дзе іх сустракаў педагагічны калектыў цэнтра ў вобразе казачных персанажаў. Героі гулялі з маленькімі гасцямі, танцавалі, вадзілі карагоды. А бацькі тым часам пазнаёміліся з цэнтрам, пагутарылі з выхавальнікамі і вузкімі спецыялістамі.
Часта назіраецца карціна, калі маленькае дзіця, трапляючы ў дашкольную ўстанову, прыціскаецца да мамы, плача. У нас было ўсё наадварот: дзеці актыўна танцавалі, гулялі ў розныя гульні і нават паспелі знайсці сабе сяброў сярод выхаванцаў цэнтра. Мы ўпэўнены, што такая форма работы дазваляе павысіць імідж нашай установы ў мікрараёне і дапамагчы бацькам вызначыцца ў выбары ўстановы дашкольнай адукацыі для свайго дзіцяці.

Людміла ЛУК’ЯНАВА,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Брагіна.

Паслугі якасныя, умовы здароўезберагальныя

Пра тое, як удасканаліць якасць адукацыйных паслуг і стварыць здароўезберагальныя ўмовы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, ішла гаворка ў межах пятай секцыі, якая працавала на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Работу секцыі каардынавалі дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Каспяровіч і дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі гэтага ўніверсітэта Алена Смолер.

Жывое абмеркаванне выклікала выступленне Галіны Казаручык, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, якая спынілася на экалагічнай адукацыі выхаванцаў у здароўезберагальнай сістэме дашкольнай адукацыі.
У прыватнасці, яна адзначыла, што ў дашкольным узросце дзеці актыўна вучацца назіраць за прыродай, засяроджваць увагу на яе аб’ектах, узгадняць свае мэты і дзеянні, супрацоўнічаць з людзьмі і прыродай. Акрамя таго, дзеці вучацца спачуваць іншым людзям і прыродзе, суперажываць усяму жывому. — Сродкамі фарміравання гэтых навыкаў з’яўляюцца такія падыходы да арганізацыі экалагічнай адукацыі, якія даюць магчымасць дзецям узбагачаць свае пачуцці, фарміраваць сенсорную культуру, навыкі зносін як з людзьмі, так і з прыроднымі аб’ектамі. Важнымі характарыстыкамі ў падыходах да экалагічнай адукацыі дашкольнікаў з’яўляюцца: насычанасць асяроддзя прыродным матэрыялам, што садзейнічала б развіццю ўсіх органаў пачуццяў дзіцяці; уключэнне асобы дзіцяці ў працэс пазнання прыроды; эмацыянальная насычанасць узаемадзеяння дарослага і дзіцяці ў працэсе пазнання прыроды; выкарыстанне ў рабоце з дзецьмі сацыялізуючых метадаў; азнаямленне дашкольнікаў з асновамі радыяцыйнай бяспекі і здаровага ладу жыцця; стварэнне эколага-развіццёвага ландшафтнага асяроддзя ў дашкольнай установе.
Нішто не можа развіць пачуцці дзіцяці лепш, чым сама прырода. Разумеючы гэта, педагог можа змяніць падыход да дзіцячых прагулак і экскурсій. Іх мэтай стане не толькі ўласна прагулка, але і развіццё зроку, слыху, нюху і дотыку. Кожныя новыя заняткі павінны несці сустрэчу з новымі кветкамі, формамі, гукамі, пахамі, тактыльнымі адчуваннямі. І калі ў далейшым гэтыя пачуцці дзецям удасца замацаваць з дапамогай выяўленчай дзейнасці, узнавіць у творчых вобразах, то можна будзе казаць пра багатую эмацыянальную насычанасць праграмы.
Гульнявыя метады дапамогуць забяспечыць сацыялізацыю дзяцей, аднак гульні павінны быць, па-першае, пабудаваны на зносінах дзяцей адно з адным і з дарослымі, па-другое, выкарыстоўваць той жа матэрыял аб прыродзе, з якім дзеці пазнаёміліся на папярэдніх занятках. Гульні, тэатралізацыі, фестывалі — такія метады працуюць на сацыялізацыю дзяцей. Нельга забываць і пра рухавыя гульні, якія дапамагаюць засвойваць веды і развівацца фізічна. Калі дзеці ўсведамляюць сябе саўдзельнікамі працэсу пазнання, адчуваюць уласнае дачыненне да прыродных працэсаў, аналізуюць, як на іх уздзейнічае прырода, то такія веды становяцца асобасна значнымі, глыбокімі і трывалымі, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.
Як адзначыла Галіна Казаручык, у сучасных адукацыйных праграмах для дашкольных устаноў павінны знайсці адлюстраванне і пытанні радыяцыйнай бяспекі. Цяпер у Беларусі маецца толькі адзін праграмны дакумент, звязаны з праблемамі радыеэкалагічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе была распрацавана эксперыментальная праграма “Выхаванне і навучанне ў дзіцячай дашкольнай установе па радыяцыйнай бяспецы, гігіене і экалогіі”, у якой падкрэсліваецца актуальнасць далучэння дзяцей да экалагічных, гігіенічных і аздараўленчых мерапрыемстваў у дашкольнай установе.Асноўная мэта гэтай праграмы — фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб асобных з’явах прыроды і навакольнага асяроддзя, ладзе жыцця чалавека пры ўзнікненні ў навакольным асяроддзі небяспекі; засваенне элементарных паняццяў і ведаў пра здароўе, раннюю прафілактыку шкодных звычак. Праграма прызначана ў першую чаргу для дашкольных устаноў, якія знаходзяцца на забруджаных тэрыторыях, але можа эфектыўна выкарыстоўвацца ў масавай практыцы дашкольных устаноў усёй краіны.

* * *

Актуальнымі з’яўляюцца пытанні пераемнасці ў арганiзацыi адукацыйнага працэсу дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі. Пра гэта ў сваім выступленні гаварыла Алена Смолер з БДПУ імя Максіма Танка. Яна ў праблеме пераемнасці вылучыла два аспекты: першы тычыцца якасных змен унутранага і знешняга свету дзіцяці, якія забяспечваюць паступальнасць яго развіцця, другі вызначае адзінства чаканняў і патрабаванняў дзіцячага сада і школы. Алена Іванаўна адзначыла, што найбольш значнымі элементамі ажыццяўлення пераемнасці паміж установай дашкольнай адукацыі і пачатковай школай з’яўляюцца пераемнасць у змесце адукацыі, выхаванні, здароўезберажэнні, псіхічным і асобасным развіцці.
— У адукацыйным працэсе могуць быць выкарыстаны ідэнтычныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу:
— індывідуальныя, калі педагог навучае адно дзіця (карэкцыйная работа);
— групавыя, калі педагог адначасова навучае групу дзяцей, у якой кожны выконвае вучэбнае заданне самастойна;
— калектыўныя (сумеснае выкананне задання некалькімі дзецьмі);
— самастойная работа (саманавучанне дзіцяці ў развіццёвым асяроддзі).
У дзіцячым садку формамі арганізацыі навучання з дашкольнікамі з’яўляюцца заняткі, экскурсіі, дыдактычныя гульні — усе віды дзейнасці дзіцяці. Пераемнасць знаходзіць сваё адлюстраванне ў наступных формах работы з дзецьмі:
— сумесная гульня педагога і дзяцей (сюжэтна-ролевая, рэжысёрская, гульня-драматызацыя, будаўніча-канструктыўныя гульні);
— сітуацыі зносін і назапашвання станоўчага сацыяльнага досведу (рэальна-практычнага, умоўна-вербальнага, імітацыйна-гульнявога характару);
— творчая майстэрня; музычна-тэатральная і літаратурная гасцёўні (дзіцячая студыя);
— сенсорны і інтэлектуальны трэнінг;
— дзіцячы вольны час.
Умовамі ажыццяўлення пераемнасці дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі з’яўляюцца: іх накіраванасць на забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў і ўменняў, развіццё разумовых здольнасцей дзяцей, суб’ектнай пазіцыі дзіцяці ў відах дзейнасці, творчай актыўнасці дзяцей.
На ступенях дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі магчыма адзінства ў выкарыстанні метадаў выхавання, накіраваных на фарміраванне сацыяльнага вопыту дзяцей, асноў маральных паводзін, адносін і ўяўленняў у працэсе гутарак, сюжэтна-ролевых гульняў, прагляду кінафільмаў, арганізацыі творчых спраў, пасільнага ўдзелу ў сацыяльных праектах і акцыях, святах, экскурсіях, гульнях-падарожжах і г.д.
Пераемнасць можа прасочвацца ў выкарыстанні педагагічнымі работнікамі адукацыйных мадэляў і тэхналогій, напрыклад, тэхналогіі працэсу беларускамоўнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту і навучання грамаце ва ўстановах дашкольнай адукацыі з беларуска- і рускамоўнымі рэжымамі, тэхналогіі працэсу павышэння фізічнай падрыхтаванасці дзяцей пры адначасовым развіцці іх разумовых здольнасцей, адукацыйнай мадэлі “Першы крок”.
Такім чынам, пераемнасць у арганізацыі адукацыйнага працэсу дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі можа ажыццяўляцца ў формах арганізацыі адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, педагагічных сродках і тэхналогіях, — падсумавала Алена Смолер.

* * *

Пра сучасныя праблемы мастацка-эстэтычнага выхавання ў дашкольнай адукацыі гаварылася падчас выступлення кандыдата педагагічных навук Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, Інстытута сярэдняй спецыяльнай адукацыі імя К.Д.Ушынскага, педагагічнага каледжа “Дарагамілава” Алены Вінаградавай.
— Сёння ў галіне мастацка-эстэтычнага выхавання з’явілася шмат новага, пазітыўнага. Ёсць вялікі выбар разнастайных дыдактычных, дэманстрацыйных, мастацкіх матэрыялаў, інструментаў, крыніц інфармацыі, практыкуецца прыцягненне прафесійных мастакоў, дызайнераў для стварэння выхаваўча-адукацыйнага асяроддзя ў дашкольных установах, больш разнастайным стала і архітэктурнае аблічча дзіцячых садкоў.
У цяперашні час высокім узроўнем якасці характарызуецца паліграфічны і лічбавы друк, больш дасканалымі сталі тэхнічныя сродкі навучання. Педагагічныя аб’яднанні, форумы, кансультацыі, майстар-класы, тэматычныя курсы інтэрактыўных тэхналогій у адукацыйным працэсе спрыяюць павышэнню ўзроўню педагагічных кадраў. Больш адкрытымі, эмацыянальнымі сталі педагогі, іх выхаванцы і бацькі. З’явіліся цікавыя распрацоўкі па эстэтычным выхаванні ў галіне сучасных тэхналогій навучання і выхавання, адбываюцца інтэграцыі галін мастацтва, развіваюцца выставачныя тэхналогіі, музейная педагогіка для дашкалят, пашырылася сфера дадатковай адукацыі і г.д.
Аднак нямала і праблем у галіне мастацка-эстэтычнага выхавання. Многія з іх не новыя, і не звяртаць на іх увагі нельга. Сярод іх можна вылучыць наступныя:
* у практыцы дзіцячых садкоў задачы эстэтычнага выхавання разглядаюцца як другасныя;
* набытыя дзецьмі веды і ўменні не заўсёды бываюць запатрабаванымі ў сям’і, у штодзённым жыцці дашкольнай установы;
* сучасныя мастацкія матэрыялы ў масавай дашкольнай установе прымяняюцца рэдка, і яны не заўсёды высокай якасці;
* многія выхавальнікі празмерна захапляюцца нетрадыцыйнымі прыёмамі малюнка, забываючы пра тое, што традыцыі першасныя;
* спецыяльная літаратура, інтэрнэт-рэсурсы дапускаюць недакладнасці, шэраг матэрыялаў не ўлічвае ўзроставыя асаблівасці і магчымасці дзяцей;
* асабліва трывожыць, што жывы паказ паслядоўнасці выканання мастацкай работы, дэманстрацыя твораў мастацтва замяняюцца віртуальнымі тэхналогіямі, ілюстрацыйным радам;
* вельмі папулярнымі сталі гульнявыя прыёмы навучання; гэта, вядома, само па сабе выдатна, але калі навучанне дамінантна замяняецца гульнёй, то яно становіцца не такім эфектыўным, многія педагогі лічаць, што навучанне дашкольніка заўсёды павінна быць лёгкім, займальным, забываючы пра тое, што любая дзейнасць — гэта праца, і ў эстэтычным выхаванні важным з’яўляецца валявы кампанент;
* якасць і ўзровень масавай культуры вымушае жадаць лепшага, а вядома, што непатрабавальнасць у задавальненні эстэтычных запытаў можа нанесці непапраўны ўрон духоўнаму развіццю чалавека.
Можна адзначыць яшчэ шэраг праблем, але перш за ўсё хочацца звярнуць увагу на тое, што, развіваючыся на аснове гістарычнага вопыту чалавецтва, мастацка-эстэтычнае выхаванне заўсёды будзе неад’емным кампанентам адукацыйнага працэсу ўсіх узроўняў. Яно заўсёды будзе вырашаць новыя задачы, якія спараджаюць новыя сацыякультурныя сітуацыі і грамадскія патрабаванні да педагога: як ён будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць, ці здольны будзе ўлічваць патрабаванні, што прад’яўляюцца яму грамадствам, перадавой тэорыяй і практыкай дашкольнага выхавання. Бясспрэчна, усе змены ў сістэме адукацыі павінны спрыяць больш уважлівым адносінам да мастацка-эстэтычнага выхавання на ўсіх ступенях навучання, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Сустрэча з казкай

Расказваючы дзецям казкі, выхавальнік актывізуе іх маўленне, падахвочвае да самастойных выказванняў. Казка вучыць дзіця выкладаць свае адносіны да праслуханага, падахвочвае яго да словатворчасці. Немалаважная роля ў гэтай рабоце адводзіцца бацькам.

Пачынаю работу ў другой малодшай групе з чытання казак, рэкамендаваных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Гэта адбываецца як у арганізаванай дзейнасці па развіцці маўлення і моўных зносін, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці.
У арганізацыйнай дзейнасці выкарыстоўваю заняткі рознага тыпу:
 гульні-заняткі “Сустрэча з казкай”;
 расказванне адной казкі “Тры мядзведзі”;
 расказванне некалькіх казак, аб’яднаных адной тэматыкай “Ох, ужо гэтыя казкі!”;
 чытанне і расказванне з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу: цацак, настольнага тэатра і г.д.;
 чытанне як частка заняткаў па развіцці маўлення;
 стварэнне казкі па ілюстрацыях, звязаных адным сюжэтам.
Встреча со сказкой1У сярэдняй групе для падрыхтоўкі да ўспрымання новай казкі можна зрабіць наступнае: змясціць у кніжнім кутку новую кнігу або малюнкі мастакоў да гэтай казкі. Дзеці, разглядваючы ілюстрацыі, складаюць апавяданні, спрабуючы вызначыць, якая гэта казка, пра што яна будзе апавядаць. Таксама для падрыхтоўкі да ўспрымання новай казкі можна прадэманстраваць цацкі, прадметы, якія маюць дачыненне да зместу казкі. Гэта дапаможа дзецям запомніць і растлумачыць іх назву.
Для прыцягнення бацькоў да дзейнасці па развіцці звязнай гаворкі дзяцей праводзяцца дні адкрытых дзвярэй. Бацькі прысутнічаюць на занятках, прымаюць у іх актыўны ўдзел, напрыклад, у час сюрпрызнага моманту (унясенне кніжкі з казкай, паказ мультымедыя, сумесны паказ лялечнага, настольнага тэатра).
Пры падрыхтоўцы да ўспрымання новай казкі выкарыстоўваю ў рабоце спецыяльнае практыкаванне, якое дапамагае дзецям асвойваць новыя словы. Напрыклад, у час работы над казкай “Выхвальны заяц”. Казка пачынаецца словамі: “Стаіць дом-волат, не дом, а дамішча!” Прапаноўваю дзецям самім прыдумаць словы, якія характарызуюць вельмі буйныя прадметы. Гэта спрыяе папаўненню слоўніка дзіцяці. Прапаноўваю заканчваць фразы, якія будуць вымаўляцца так: “У ката — вусы, а ў тыгра — вусішчы. У ката — лапы, а ў ільва — …”. Тлумачу, што словы “вусішчы”, “лапішчы” належаць зайцу — герою новай казкі “Выхвальны заяц”, прашу паўтарыць фразу, якую гаварыў заяц, а потым чытаю казку. Падчас размовы выкарыстоўваю пытанні для паслядоўнай перадачы зместу казкі. Пасля прачытання казкі даю заданне ахарактарызаваць галоўнага героя.
У старшай групе работа над казкай “У страху вочы вялікія” адбываецца наступным чынам. Паведамляю: “Я буду чытаць казку з зусім незвычайнай назвай — “У страху вочы вялікія”. Даецца заданне: паспрабаваць, арыентуючыся на назву казкі, прыдумаць яе пачатак. Потым прапаноўваю прыдумаць канцоўку да твора. Пасля чытання (пераказу) праводзіцца гутарка, якая дапамагае дзецям лепш зразумець змест казкі, правільна ацаніць некаторыя яе эпізоды, яшчэ раз папоўніць свой слоўнік цікавымі параўнаннямі, апісаннямі.
Калі ў малодшай групе перавагу аддаю гульнявой і пазнавальнай дзейнасці з дзецьмі, то ў сярэдняй і старшай — практычнай, працоўнай, мастацкай.
У малодшай групе дзяцей прывабліваюць яркія маляўнічыя ілюстрацыі, таму расказванне казкі неабходна суправаджаць наборам ілюстрацый (напрыклад, да казкі “Балабушка” выкарыстоўваю 5 карцінак). Для дзяцей сярэдняй групы найбольш эфектыўнымі аказаліся гульні-заняткі, заняткі з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу: цацкі, пальчыкавы тэатр, ценявы тэатр і г.д. Падчас такіх гульняў дзеці вучацца ўважліва слухаць казку, разумець змест, актыўна ўдзельнічаць у абмеркаванні, расказваць пра ўчынкі героя (“Двое прагных медзведзянят”), рысы характару (“Трое парасят”). У старшай групе часцей за ўсё праводжу заняткі з чытаннем і пераказам казак, са стварэннем казак па наборы карцінак (“У сонейка ў гасцях”, “Дзюймовачка” і інш.). Пераказ казкі з выкарыстаннем сюжэтных карцінак спрыяе замацаванню і сістэматызацыі пройдзенага матэрыялу. Засвоіць матэрыял, атрыманы дзецьмі на занятках, прапаноўваю дома: у працэсе размовы з бацькамі, малявання, пераказу казак. А пасля можна паўдзельнічаць у конкурсах “Намалюем разам”, “Пазнай па карцінцы казку”.
Выкарыстоўваю таксама дыдактычныя гульні “Азбука настрою”, “Крадзенае сонца”, гульні-практыкаванні “Перадача пачуццяў”, гульні-маналогі “Я назаву героя”, гульні-фантазіі “Мой герой казкі”. Добрыя вынікі даюць моўныя гульні “Казачныя сябры”, “Любімы герой”. Праводжу сумесныя з бацькамі гульні-спаборніцтвы “Хто больш ведае казак”, творчыя гульні “Я казачнік”.
У сярэдняй і ў старшай групе дзеці праводзяць даследаванні “Якія казкі самыя цікавыя?”, “Папулярныя выказванні ў казках”, “Чым падобныя і чым адрозніваюцца казкі”, “Героі народных і літаратурных казак”, “Якія казкі больш за ўсё любяць дзеці і чаму?”.
Арганізоўваю на занятках прагляды казак з наступнай гутаркай (“Царэўна-жаба”, “Дванаццаць месяцаў” і г.д.), спаборніцтвы “Чыё апавяданне цікавейшае”, ранішнія пяцімінуткі “Раскажы аб прачытанай казцы”, віктарыны па казках. Выкарыстоўваюцца такія формы, як разгадванне загадак пра казкі (сярэдні ўзрост), фантазіраванне па казках “Церамок”, “Балабушка” (старэйшы ўзрост), разглядванне карцінак, маляванне ілюстрацый да казак, драматызацыі.
Бацькі актыўна ўдзельнічаюць у папаўненні бібліятэкі групы кнігамі і казкамі. У дзіцячым садзе створана мабільная бібліятэка “Кніжны рукзачок”. Разам з дзецьмі баць-кі прыдумваюць казкі (казкі для дачушкі і сыночка). Праводзяцца сумесныя дзіцяча-бацькоўскія акцыі (“Маміна казка”), гульні-драматызацыі (“Тэлефон” К.Чукоўскага). Бацькі папаўняюць і свае дамашнія куткі гульнямі па матывах казак. Дома яны гуляюць з дзецьмі ў слоўныя гульні, афармляюць часопіс “Дыялог з сям’ёй”.
У працэсе працоўнай дзейнасці (ручная праца “Цвецік-сяміцвецік”, “Кветкі падснежнікі”, лепка “Любімая казка”, маляванне па казках “Кошчын дом”, акцыя “Падклеім кніжкі, казкі ў групе”) у дзяцей фарміруюцца стараннасць, працавітасць, уменне складна расказваць аб праведзенай рабоце. У старшай групе дзеці робяць слоўныя замалёўкі, прыдумваюць і расказваюць, які малюнак хацелі б намаляваць да казкі. Слухаючы іх выказванні, я задаю пытанні. Напрыклад: “Як апранута твая Алёнка? Якія вочы ў ведзьмы? Калі яна такая страшная, як жа Алёнка не здагадалася, што перад ёй ведзьма?” Дзеці расказваюць пра сваіх любімых герояў, пра самы смешны эпізод, пра самы сумны, пра самы страшны, даюць апісанне прыроды, учынкаў героя, якія ім асабліва запомніліся, што таксама спрыяе развіццю звязнай гаворкі. Дзеці, педагогі і бацькі разам ствараюць арыгінальныя кнігі-дапаможнікі. Вынікам іх сумеснай творчасці становяцца зборнікі дзіцячых казак “Нашы любімыя казкі” і г.д. Бацькі прымаюць удзел у літаратурных святах, забавах, дэфіле, конкурсах кніжак-самаробкаў. Для іх педагогі праводзяць кансультацыі “Як выбраць казку?”, “Як чытаць і расказваць дзецям”, “Ствараем разам”.
Выкарыстанне розных відаў заняткаў дапамагае павысіць моўную актыўнасць дзяцей, звязную гаворку, узбагаціць іх слоўнікавы запас. Яны вучацца складаць апавяданні па карцінках, паслядоўна, лагічна, звязна пераказваць і нават ствараць казкі.

Тамара ЛЯШЧЭВІЧ,
выхавальнік
ясляў-сада № 3 Ашмян.