Атуліць клопатам, любоўю і творчасцю

Выхавальнік дзіцячага сада — гэта спецыяліст, які проста працуе з маленькімі дзецьмі, ці чалавек, здольны ператварыць штодзённыя заняткі ў казку для малышоў? Выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна Вольга Уладзіміраўна Кургун, нібы добрая фея, атуляе дзяцей клопатам, любоўю і творчасцю. Сваю работу яна параўноўвае з працай скульптара. Ствараючы творы мастацтва, скульптар ажыўляе бясформенны матэрыял, надзяляе яго непаўторнымі рысамі. Так і педагог у кожным маленькім чалавечку разглядае асобу са сваім характарам, з добрымі і чыстымі памкненнямі.

Ужо ў старшых класах Вольга Ула­дзіміраўна дакладна ведала, што бу­дзе займацца выхаваннем маленькіх дзяцей. Яна паспяхова скончыла Гродзен­скае педагагічнае вучылішча, затым факультэт дашкольнай педагогікі і псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, а ўжо на практыцы ў дашкольнай установе канчаткова ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар.

Здольнасці і ўменні, а таксама склад характару Вольгі Уладзіміраўны вельмі падыходзяць для таго, каб рэалізоўваць сябе ў прафесіі выхавальніка дзіцячага сада. В.У.Кургун — сертыфікаваны карыстальнік інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, яна ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму за плённую працу ў сістэме адукацыі і асаблівыя дасягненні ў педагагічнай дзейнасці. У гэтым годзе педагог прымала ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Новыя імёны Беларусі”.

Вольга Уладзіміраўна працуе ў групе для дзяцей з парушэннем маўлення, дзе методыка работы своеасаблівая. Заняткі праводзяцца на аснове прамога навучальнага ўздзеяння, з выкарыстаннем наглядна-дзейснага падыходу. Для больш лёгкага засваення дзецьмі ведаў педагог прымяняе дыдактычныя гульні. Па ходзе заняткаў віды дзейнасці мяняюцца. Як адзначае педагог, падчас гульняў дзеці вучацца выконваць не толькі асобныя дзеянні або ланцужок дзеянняў, яны імкнуцца да развіцця больш складаных і разнастайных сюжэтаў. Гэта надз­вычай важна для дзяцей з цяжкімі формамі парушэння маўлення, схільных да заштампаванасці дзеянняў, чые інтарэсы ў гульнях няўстойлівыя. Вольга Уладзіміраўна не толькі арганізоўвае гульні ці мадэлюе гульнявыя сітуацыі, але і сама прымае ў іх ­удзел. Многія дыдактычная гульні выхавальніца прыдумляе сама: “Часткі цела чалавека”, “Небяспека дома і на вуліцы”, “Агародніна і садавіна”, “Хатка для жывёл”, “Лесвіца здароўя”, “Куфар лялькі Машы”. Кожны куток у яе групе прыгожы і ўтульны, аформлены ўмелымі рукамі Вольгі Ула­дзіміраўны.

У вольны час педагог не сядзіць на месцы: яна гатуе, вяжа, вышывае прыгожыя карціны. Нават стварыла цэлую калекцыю аўтарскіх работ. Спакой і душэўную раўнавагу выпраменьваюць яе работы “Рукі ма­­літвы”, “Маці”, “Погляд анёла”. Свой узнёслы настрой В.У.Кургун перадала і праз яркія карціны “Сланечнікі”, “Цюльпаны”. Прыгожай вышыўкай Вольга Уладзіміраўна аздаб­ляе сумкі, кошыкі для касметыкі і іншыя аксесуары. Святочны стол для гасцей яна заўсёды ўпрыгожвае сурвэткамі, абрусамі, падстаўкамі ўласнага вырабу.

Вольга Уладзіміраўна арганізоўвае асабістыя выставы творчасці, якія прысвячае вялікім хрысціянскім святам, грамад­скім падзеям: “Пад покрывам маці”, “Анёл у тваім сэрцы”, “Вялікдзень”. Яе творы ўпрыгожвалі залы Міністэрства адукацыі на выставе “Аўтограф Гродзеншчыны”.

Праяўляць творчыя задаткі педагог дапамагае і сваім выхаванцам, вучыць іх май­страваць цікавыя вырабы ў розных тэхніках. Часта да творчых спраў дзяцей далучаюцца іх бацькі. Вынікам такіх сумесных намаганняў становяцца выставы творчасці “Восеньскі кірмаш”, “Прыгожая ёлачка сваімі рукамі”, “Паштоўка да Дня інвалідаў”, “Парад снегавікоў”, “Калядныя ўпрыгажэнні”, “Пісанкі” і інш.

Сумесная дзейнасць педагога, дзяцей і бацькоў, на думку Вольгі Кургун, са­дзейнічае фарміраванню ў малышоў больш аб’ектыўнай самаацэнкі, усведамленню ўласных магчымасцей, пераадоленню няўпэўненасці ці, наадварот, завышанай сама­ацэнкі. Вольга Уладзіміраўна адзначае таксама станоўчы ўплыў сумесных творчых заняткаў на выхаванне ў дзяцей актыўнасці, самастойнасці, ініцыятыўнасці, пачуцця абавязку і адказнасці.

Акрамя таго, што Вольга Уладзіміраўна — паспяховы педагог, яна яшчэ і маці трох дачок, мае вялікую дружную сям’ю, а гэта сапраўднае шчасце для кожнай жанчыны.

Вольга КЛІМ,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна.

Па прыступках да поспеху

Калі ў адзін і той жа дзіцячы сад бацькі прыводзяць спачатку сваіх дзяцей, а пасля, стаўшы дзядулямі і бабулямі, — унукаў, калі былыя выхаванцы ўладкоўваюцца ў родны сад выхавальнікамі — пагадзіцеся, гэта найцудоўнейшы імідж для ўстановы! Менавіта гэтым славіцца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 Гродна, дзе адчуваецца подых часу і ўзаемасувязь пакаленняў, а кожны спецыяліст, па словах загадчыка цэнтра Вольгі Аляксееўны Клім, рады прыняць удзел у ажыццяўленні новага праекта, у конкурсе, у інавацыйнай дзейнасці і запрашае да творчых пошукаў больш маладых калег.

З выхаванцаў — у выхавальнікі

— Гадоў 6—8 назад на пасады выхавальнікаў студэнты ўладкоўваліся рэдка, — гаворыць Вольга Аляксееўна. — Сёння ж з іх дапамогай мы ўсё часцей вырашаем кадравыя праблемы. У калектыве цэнтра побач з маладымі спецыялістамі (а іх каля 40 працэнтаў) працуюць вопытныя педагогі, якія з’яўляюцца своеасаблівай лакмусавай паперкай для ініцыятыў і ідэй моладзі. Ніякіх перашкод для іх уладкавання ў цэнтр няма. Рэалізаваць свае таленты і здольнасці можа кожны супрацоўнік установы. І ўсе стараюцца! Удзельнічаюць у метадычных аб’яднаннях, прымяняюць сучасныя педагагічныя тэхналогіі і заахвочваюцца, у тым ліку матэрыяльна, праз даплаты і прэміі.
Парадавала нас у гэтым годзе студэнтка (3 курса) факультэта спецыяльнай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Шахнюк, якая атрымлівае спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка. Лагапедыя” і адначасова працуе ў нашым цэнтры.
Вольга прыняла ўдзел у Рэспубліканскім маладзёжным вакальным конкурсе “Новыя імёны Беларусі”, які праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў нашай краіны і перамагла на гарадскім этапе конкурсу. Дзяўчына разам з выхаванцамі выканала вельмі пазітыўную песню “Агляніся навокал”, у якой гаворыцца, што дарослыя павінны рабіць усё магчымае, каб дзецям нашай краіны жылося радасна, таму што яны — самая вялікая яе каштоўнасць: “Агляніся навокал — і тады зразумееш, дзеля чаго ты на зямлі жывеш…”
Вольгу многія супрацоўнікі цэнтра ведалі яшчэ да яе ўладкавання на працу ва ўстанову. Хтосьці памятаў дзяўчынку маленькай выхаванкай, хтосьці — школьніцай: яна вучылася ў школе з музычна-харавым напрамкам, што была побач з цэнтрам, і па-ранейшаму часта забягала да бабулі, якая працуе ў нас на працягу многіх гадоў. Выхавальнікі былі ў курсе спраў і поспехаў школьніцы, падтрымлівалі Вольгу падчас выступленняў на канцэртнай пляцоўцы мікрараёна, запрашалі паўдзельнічаць ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія праходзілі ў цэнтры.
Настаўнік-дэфектолаг установы Кацярына Гайдук, малады спецыяліст, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы, — таксама актыўная ўдзельніца ўсіх нашых творчых мерапрыемстваў. Ва ўніверсітэце Кацярына вучылася на “выдатна”, гэтак жа ацанілі мы і работу дзяўчыны: па завяршэнні першага яе працоўнага года прысвоілі ёй ІІ кваліфікацыйную катэгорыю.
Жыллёвае пытанне заўсёды хвалюе моладзь. Як старшыня пярвічнай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Вольга Аляксееўна Клім пры падтрымцы прафсаюзнай арганізацыі і гарвыканкама хадайнічае аб паляпшэнні жыллёвых умоў маладых спецыялістаў, асабліва іншагародніх. Сёння яны пражываюць у інтэрнатах прадпрыемстваў “Гродна-Азот”, “УЖРЭП Кастрычніцкага раёна”, Навукова-тэхналагічнага парка Гродна і іншых арганізацый горада.

Усё аб адаптацыі

Як правільна падрыхтаваць дзіця да паступлення ў дашкольную ўстанову? Як мяняецца жыццё сям’і пры гэтым? Што зрабіць, каб адаптацыя малыша да новых умоў прайшла лёгка? На гэтыя і многія іншыя пытанні бацькі атрымліваюць адказы на занятках адаптацыйнай пляцоўкі “Дзесяць прыступак да поспеху!”, якая працуе ў цэнтры больш за дзесяць гадоў. Амаль усе педагогі ўстановы — і маладыя, і больш вопытныя — актыўна далучаюцца да яе дзейнасці.
Дзесяць прыступак — гэта першыя 10 дзён, праведзеныя малышом і яго мамай (ці татам) у дашкольнай установе. Пасля дзіця застаецца ў нязвыклым для яго асяроддзі без бацькоў. Яго самастойнае ўваходжанне ў новы калектыў пачынаецца з гнуткага графіка знаходжання ў ім: спачатку некалькі гадзін штодзённа, калі ж малыш паводзіць сябе на працягу іх спакойна і адэкватна, яго, па меркаванні псіхолага, можна пакідаць ва ўстанове і на цэлы дзень. Як правіла, найбольш паспяхова праходзіць перыяд адаптацыі ў тых дзяцей, чые адносіны з мамамі спакойныя і даверлівыя.
Каб лепш падрыхтаваць бацькоў да няпростага этапу ў іх жыцці, педагогі ладзяць індывідуальнае кансультаванне, праводзяць псіхолага-педагагічны трэнінг “Усё аб адаптацыі”, падчас якога і бацькі, і дзеці авалодваюць правіламі і тэхнікай сумесных гульняў, якія садзейнічаюць больш хуткай адаптацыі будучых выхаванцаў. Пад любячым вокам татаў або мам у акружэнні сваіх будучых сяброў па групе дзеці з задавальненнем гуляюць з новымі цацкамі. І малышоў, і дарослых захапляе тэатр “Бі-ба-бо”. Яны з радасцю пераўвасабляюцца ў акцёраў і пры суправаджэнні музычных інструментаў, выкарыстоўваючы прыёмы гукапераймання, разыгрываюць казкі. Дзецям падабаецца самім дакранацца да музычных інструментаў, іграць на іх. Праводзяць педагогі і сенсорныя практыкаванні, арганізоўваюць прадукцыйную дзейнасць для пачынаючых выхаванцаў. Трэба бачыць, як беражліва трымаюць яны ў руках змайстраваныя з іх удзелам вырабы.
Калі малышы паспрабуюць сябе ва ўсіх відах дзейнасці, што прапануюць ім педагогі цэнтра, паспяховая адаптацыя абавязкова адбудзецца.
Акрамя заняткаў на адаптацыйнай пляцоўцы, ва ўстанове праводзіцца гуртковая работа, працуе “Маміна школа”, рэалізоўваецца комплекс забаўляльных праграм “З днём нараджэння, малыш!”

Вопыт і дасягненні

Выхавальнік-метадыст цэнтра Таццяна Красоўская стала сёлета пераможцай абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронныя вучэбна-метадычныя матэрыялы для ўстаноў дашкольнай адукацыі”. Педагог распрацавала электронны рэсурс “Пазнанне навакольнага свету сродкамі мультымедыйнай прэзентацыі”, у які ўваходзіць комплекс камп’ютарных гульняў, мультымедыйных прэзентацый, відэа- і аўдыяінфармацыя. Каб зрабіць працэс засваення ведаў больш эфектыўным і надаць яму карэкцыйную накіраванасць, у найбліжэйшы час ва ўстанове набудуць інтэрактыўную дошку. Акрамя таго, на базе цэнтра ў бягучым годзе будзе адкрыта інавацыйная пляцоўка па развіцці пазнавальнай даследчай дзейнасці дашкольнікаў.
Установа мае вопыт і па фарміраванні беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Работа ў гэтым кірунку стала весціся больш актыўна з 2013 года, які быў для нашай краіны Годам беражлівасці. Праз дэманстрацыю адпаведных прэзентацый педагогі вучаць дзяцей, чаму неабходна эканоміць электраэнергію, ваду, цяпло. У кожнай групе дашкольнага цэнтра створаны куткі беражлівасці, вельмі маляўніча аформлены месцы для збору другаснай сыравіны. Уся сыравіна сартуецца: асобна збіраецца папера, асобна — іншыя адходы. Установа планава здае на адпаведныя пункты прыёму мяккі поліэтылен і макулатуру. На працягу чатырох гадоў дашкольны цэнтр з’яўляецца пераможцам гарадскіх конкурсаў па зборы другаснай сыравіны. На абласным конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарофон-2014” установа таксама перамагла.

Новы праект

Калектыў ДЦРД № 58 Гродна нядаўна стаў удзельнікам міжнароднага праекта па стварэнні гульнявых груп сумеснага знаходжання дзяцей і дарослых. Праект гэты партнёрскі. Цэнтр рэалізоўвае яго пры ўзаемадзеянні з Фондам развіцця дзяцей імя Я.А.Каменскага і Беларускай лігай бацькоў і педагогаў “Крок за крокам”. Галоўная мэта праекта — дапамагчы сем’ям пераадолець сацыяльную ізаляванасць, садзейнічаць дасягненню ўзаемаразумення ў іх. Вельмі важна гэта для мам, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.
Гульнявыя групы ствараюцца ў месцах, бяспечных для знаходжання дзяцей: у сем’ях, тэрытарыяльных цэнтрах падтрымкі сям’і, дашкольных установах, у дамах культуры або ў бібліятэках і г.д. Колькасць удзельнікаў кожнай з такіх груп не павінна перавышаць 20 чалавек (10 дзяцей і 10 бацькоў).
У групах праводзяцца сумесныя сістэматычныя заняткі для бацькоў і для дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Заняткі праводзяцца аніматарамі — людзьмі, спецыяльна падрыхтаванымі да такой работы. У іх ролі могуць выступаць як педагогі, так і бацькі. Адзін раз на тыдзень на працягу 2—3 гадзін аніматар тлумачыць бацькам, як дапамагаць дзецям паспяхова развівацца, як і аб чым гаварыць пры зносінах з малышамі, як паводзіць сябе. Бацькі распрацоўваюць для сябе пэўныя правілы, праграму работы з дзецьмі, прапаноўваюць гульні, якія можна выкарыстоўваць пры гэтым, выказваюць розныя слушныя меркаванні, размяркоўваюць паміж сабой адказнасць.
Прысутнасць у гульнявой групе дапамагае дарослым усвядоміць, як развіваюцца іх дзеці, абмяняцца вопытам выхавання, навучыцца слухаць малышоў і размаўляць з імі, глыбей асэнсаваць іх патрэбы. У будучыні гэта дапаможа ім у сем’ях стварыць для сваіх дзяцей спрыяльныя ўмовы для развіцця, забяспечыць ім умовы для свабоднай дзейнасці.
Праект будзе апрабаваны ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны, дзе ўжо ў маі прайшлі першыя трэнінгі па стварэнні гульнявых груп. Удзельнікі трэнінгаў пазнаёміліся з мадэлямі такіх груп , якія існую ць у Еўропе, з філасофскай накіраванасцю і вопытам дзейнасці Фонда Каменскага па арганізацыі новых форм падтрымкі і развіцця дзяцей. Вырашана ў адпаведнасці з праектам адкрыць дзесяць груп (у Ваўкавыску і Гродне), якія стануць “першымі ластаўкамі”, што абвесцяць аб пачатку ўкаранення гэтай формы работы з бацькамі ў краіне.

Надзея ЦЕРАХАВА.