У пошуку новых падыходаў у рабоце з бацькамі

З мэтай развіцця новых форм дашкольнай адукацыі, задавальнення патрабаванняў сям’і па пытаннях развіцця і выхавання дзяцей, а таксама для аказання дапамогі бацькам, дзеці якіх не наведваюць дашкольную ўстанову, на базе Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна вывучаўся попыт на аказанне платных адукацыйных паслуг: у групе сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў “Мацярынская школа”, у адаптацыйнай групе, на гувернёрскія паслугі.

З бацькамі будучых выхаванцаў у верасні быў праведзены бацькоўскі сход з мэтай пазнаёміць з работай цэнтра ў цэлым і з платнымі паслугамі для дзяцей, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы. На нашым сайце размешчана інфармацыя з падрабязным апісаннем платных паслуг.

На базе нашага цэнтра з кастрычніка 2011 года функцыянуе на платнай аснове “Мацярынская школа” — гэта група сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў. Яна працуе 2 разы на тыдзень ад 1,5 да 2 гадзін, у залежнасці ад запыту бацькоў. З дзецьмі і бацькамі ў гэтай групе займаюцца выхавальнік, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік і кіраўнік фізвыхавання. З кастрычніка 2016 года гэтая паслуга прыняла крыху іншую форму і называецца “Школа для мам і малышоў”. У ёй мы пашырылі спектр кансультатыўнай дапамогі для бацькоў. Заняткі з дзецьмі і бацькамі праводзяцца ў першай палове дня, а ў вячэрні час для асобных сустрэч запрашаюцца бацькі, бабулі, дзядулі. Яны наведваюць круглыя сталы з удзелам медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагога-псіхолага і інш. Тэмы сустрэч прапануюцца бацькам на выбар. Так, у кастрычніку медыцынскімі работнікамі былі праведзены практычныя заняткі “Спосабы ўмацавання імунітэту”, педагог-псіхолаг даў кансультацыю “Як дома рыхтаваць дзіця да паступлення ў дзіцячы сад”.

У апошні час павялічыўся попыт на месцы ва ўстанове дашкольнай адукацыі для дзяцей з года да двух гадоў. Для павелічэння ахопу дзяцей гэтага ўзросту адукацыйнымі паслугамі мы арганізавалі работу адаптацыйнай групы “Карапуз”. Гэтая група функцыянуе з 1 сакавіка да 1 ліпеня 2 разы на тыдзень на працягу 1 гадзіны. Адрозненне адаптацыйнай групы ад “Мацярынскай школы” ў тым, што з дзецьмі працуе пераважна выхавальнік, без удзелу бацькоў. Ён арганізоўвае для дзяцей у гульнявой форме фрагменты рэжымных момантаў, знаёміць іх з памяшканнямі дзіцячага сада, праводзіць развіццёвыя гульні-заняткі з мэтай фарміраваць у дзіцяці пачуцці абароненасці і даверу да навакольнага свету.

Кожны раз дзяцей сустракае які-небудзь персанаж — цацка, якая разам з малышамі вучыцца гігіенічным навыкам, навыкам самаабслугоўвання, кладзецца спаць і г.д. У той час, калі з дзецьмі займаецца выхавальнік, для бацькоў праводзяцца заняткі па аказанні кваліфікаванай кансультатыўнай і практычнай дапамогі па доглядзе дзіцяці, па пытаннях яго выхавання, развіцця і адаптацыі да дзіцячага сада.

Для дзяцей адаптацыйнай групы і “Школы для мам і малышоў” праводзяцца навагоднія забавы, свята 8 Сакавіка. Выхаванцы старшых груп рыхтуюць для іх тэатралізаваны паказ.

Найбольшую цяжкасць уяўляе адкрыццё гувернёрскіх паслуг на платнай аснове з-за іх высокага кошту. Намі пастаянна вывучаецца попыт на гувернёрскія паслугі з мэтай аказаць дапамогу сям’і, дзе бацькі працуюць і маюць патрэбу ў тым, каб за іх дзіцем калі-нікалі наглядалі, а таксама з мэтай задаволіць патрэбы сям’і ў атрыманні дашкольнай адукацыі дома, аказаць дыягнастычную, кансультатыўную і педагагічную дапамогу бацькам дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі.

Асноўныя напрамкі гувернёрскіх паслуг, якія мы прапануем бацькам: 1. Адукацыйныя і развіццёвыя заняткі дома, якія праводзіць выхавальнік дашкольнай адукацыі. 2. Догляд і нагляд за дзіцем. 3. Суправаджэнне дзіцяці па названым бацькамі адрасе.

Паслугу аказвае выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі са стажам педагагічнай работы звыш 15 гадоў.

Далейшае развіццё дзейнасці па аказанні платных паслуг прадугледжвае пастаянны пошук новых форм і падыходаў у рабоце з сям’ёй, пастаяннае ўдасканаленне ўмоў функцыянавання груп кароткачасовага знаходжання і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Ірэна ЕЎТУХ,
загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна.

Як знаёміць малышоў з тэатрам

Наўрад ці мы знойдзем малыша, які не любіць камп’ютарныя гульні, кінафільмы, мультфільмы. Але сапраўдных аматараў тэатральнага мастацтва сярод малышоў не так ужо і многа. Каб выхаваць сапраўднага аматара тэатральнага мастацтва, дарослым самім трэба выконваць пэўныя правілы і нормы паводзін, ведаць законы тэатра і рыхтаваць малыша да ўспрымання вобразнай тэатральнай мовы.

Самае папулярнае месца адпачынку жыхароў Гродна — парк Жылібера, які быў закладзены як батанічны сад. З цягам часу ад яго мала што засталося, але зараз энтузіясты і проста неабыякавыя людзі вяртаюць яго да жыцця. Жамчужынай гэтага парку з’яўляецца будынак Гродзенскага абласнога лялечнага тэатра. Ужо на працягу амаль двух стагоддзяў сюды прыходзіць Яго Вялікасць Глядач. А апошнія 30 гадоў тэатр аддадзены самаму патрабавальнаму і сур’ёзнаму гледачу — нашым дзецям.

Тэатр налічвае ў сваім рэпертуары больш за 35 пастановак для дзяцей, моладзі і дарослага гледача, здольных задаволіць любы густ. Ёсць пастаноўкі для малышоў пачынаючы з 3-, 5-, 6-гадовага ўзросту — такім чынам, улічваюцца ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дашкольнікаў.

Уся трупа тэатра ўдумліва і сур’ёзна падыходзіць да эстэтычнай, маральнай і філасофскай якасці спектакляў для дзяцей, выбару рэпертуару. У любым спектаклі шырока выкарыстоўваюцца выразныя сродкі: разнастайныя лялькі, маскі, касцюмы і яркія дэкарацыі, цікавая драматычная работа акцёраў.

Усё гэта робіць спектаклі Гродзенскага абласнога тэатра лялек аднымі з самых цікавых не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа.

Некаторыя бацькі імкнуцца прывесці малыша ў тэатр ледзь не ў раннім узросце. Для малыша гэта вялікі стрэс і, як вынік, пераўзбуджэнне нервовай сістэмы. На думку псіхолагаў, першае наведванне дзіцем тэатра павінна адбыцца не раней чым у 5 гадоў. Але перад першым наведваннем дарослыя павінны падрыхтаваць малыша.
Агаварыце з дзіцем дату і зручны час паходу ў тэатр, пажадана разам загадзя купіць білеты. Акружыце гэтае дзейства нейкім таемствам, стварыце рытуал, прыгожа адзеньце дзіця. Спектакль павінен быць кароткім па часе (30—40 мінут). Пажадана, каб сюжэт быў вельмі простым, а яшчэ лепш — знаёмым дзіцяці (прачытаныя казкі, гісторыі). Прыйдзіце ў тэатр загадзя, прайдзіцеся па фае, пазнаёмцеся з інтэр’ерам. Зазірніце ў музей лялек або ў тэатральнае кафэ.

Яшчэ дома раскажыце дзіцяці, што наведванне тэатра патрабуе цішыні і ў час паказу нельга ўставаць, бегаць, есці, крычаць і г.д.

Калі вы бачыце, што дзіцяці цяжка ўспрымаць спектакль, у час перапынку можна прапанаваць яму пайсці прагуляцца ў парк.

Калі ваша месца знаходзіцца ў сярэдзіне рада, то праходзіць да яго трэба, павярнуўшыся тварам да гледачоў, якія сядзяць. Калі ваша месца занята, пастарайцеся не высвятляць адносін, а звярнуцца да адміністратара або білецёра.
Пасля спектакля падрабязна абмяркуйце з дзіцем усе нюансы тэатральнага дзейства, карысна некалькі разоў схадзіць на адну і тую ж пастаноўку. Вялікая памылка лічыць, што так званыя культпаходы ў тэатр усёй групай або класам змогуць прывіць вашаму дзіцяці пачуццё эстэтычнага задавальнення і любоў да тэатра. Наведванне тэатра — сямейная добрая традыцыя.

Дарагія чытачы! Ад вас і толькі ад вас маленькі чалавек навучыцца культуры паводзін не толькі ў тэатры, але і ва ўсіх грамадскіх месцах. Не будзьце абыякавымі і інертнымі, прывівайце малышу эстэтычны густ, маральныя нормы паводзін, паважлівыя адносіны да ўсяго навакольнага, і вы будзеце шчаслівымі сведкамі таго, як з дзіцяці вырасце той, хто глыбока думае, маральна чысты і адкрыты ўсяму прыгожаму на зямлі, — Чалавек!

Ганна САЎКО,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 60 Гродна.