Стаць апорай і рухавіком дзяржавы

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава прыняла ўдзел у навагодняй ёлцы ў Дзіцячым гарадку Ленінскага раёна Мінска, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”.

Наталля Качанава павіншавала дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з надыходзячымі навагоднімі святамі. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта таксама падзякавала персаналу Дзіцячага гарадка за клопат, увагу і любоў да дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта адзначыла, што ў Беларусі ўсё робіцца для таго, каб дзецям жылося добра. “У нас добрыя школы, дзе можна рэалізаваць свае здольнасці і ісці ў дарослае жыццё самастойнымі і адказнымі людзьмі. Праз пару дзясяткаў гадоў вы станеце апорай і рухавіком нашай дзяржавы, — сказала яна. — Вы жывяце ў дастойным месцы, дзе ёсць магчымасць займацца і спортам , і мастацтвам, вы акружаны клопатам і ўвагай”.

Наталля Качанава ўручыла ў падарунак дзецям веласіпеды. У адказ хлопчыкі і дзяўчынкі падарылі ёлачныя ўпрыгажэнні, якія зрабілі сваімі рукамі. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта таксама пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей Дзіцячага гарадка.

Фота УП Агенцтва “Мінск-Навіны”.

Прынесці радасць, падзяліцца іскаркай дабрыні — наш агульны абавязак

Дзяржава прыкладае ўсе намаганні для забеспячэння сацыяльных гарантый дзецям-сіротам. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў у Ждановіцкім дзіцячым доме, які ён наведаў падчас рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Кіраўнік КДК расказаў, што пасля першай сустрэчы з дзецьмі гэтай установы, якая адбывалася тры гады назад, Камітэт дзяржкантролю ўзяў пастаяннае шэфства над дзіцячым домам. “Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі прыцягваюць як магніт сваёй шчырасцю, даверам, адкрытасцю. Каляндар з іх фотаздымкамі вісіць у маёй прыёмнай. І кожную раніцу, прыходзячы на работу, я бачу іх светлыя твары, — прызнаўся ён. — Канечне, нават пры ўсім жаданні ні калектыў дзіцячага дома, ні шэфы не заменяць ім паўнацэнную сям’ю, але прынесці радасць, падзяліцца іскаркай дабрыні — наш агульны абавязак”.

Леанід Анфімаў падзякаваў работнікам Ждановіцкага дзіцячага дома за іх высакародную працу. “Інтэграваць дзяцей-сірот у грамадства вельмі складана. Трэба знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, каб малышы адчулі ў педагогах і выхавальніках апору ў самым пачатку свайго жыццёвага шляху, каб набылі надзею на лепшую будучыню і сталі потым дастойнымі членамі грамадства. Менавіта ў раннім узросце фарміруецца пачуццё адказнасці, сяброўства, любові — аснова таго, з чым яны ўвойдуць пазней у дарослае жыццё”, — лічыць кіраўнік КДК. Ён пажадаў малышам, каб яны жылі ў акружэнні гармоніі, душэўнай цеплыні і клопату, былі здаровымі і шчаслівымі.

У дзіцячым доме панавала светлая святочная атмасфера. Дзеці і выхавальнікі падрыхтавалі цудоўны тэатралізаваны паказ, спявалі, танцавалі, гулялі ў снежкі з маленькіх паветраных шарыкаў, а таксама разам са Снегавіком, Дзедам Марозам, Снягуркай і гасцямі ва­дзілі карагоды вакол ёлачкі. Дзеці ў касцюмах зайчанят, медзведзянят, тыгранят, гномікаў, сняжынак і прынцэс запрашалі гасцей танцаваць і з задавальненнем дэманстравалі ім свае творчыя дасягненні. Утварыўся навагодні астравок радасці, на якім усім было ўтульна і светла. А калі хлопчык у касцюме сімвала надыходзячага года — Залатога Пеўніка — пракрычаў “кукарэку”, гэта стала сігналам да абмену падарункамі. Старшыня КДК уручыў дзеткам рукзакі з сакрэтам унутры — наборам прысмакаў.

Леанід Анфімаў сустрэўся з дзецьмі з сацыяльна-педагагічнага прытулку (размешчаны ў тым жа будынку). 15 хлопчыкаў і дзяўчынак былі з нядобранадзейных сем’яў Мінскага раёна. Дзеці пагутарылі з кіраўніком КДК за кубкам чаю з пірожнымі. “Ведаеце, што самае важнае для дзіцяці?” — звярнуўся Леанід Анфімаў да іх з пытаннем. — Гэта сонечнае неба за акном і мірнае ўладкаванае жыццё”. Удзел работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стаў добрай традыцыяй. У гэтым го­дзе прадстаўнікі ведамства падарылі дзіцячаму дому, зыходзячы з пажаданняў падшэфных, дываны і пыласосы, набытыя за кошт асабістых сродкаў работнікаў Камітэта дзяржкантролю, а таксама салодкія падарункі і парфумерныя наборы для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дырэктар установы Тамара Красоўская праінфармавала, што Ждановіцкі дзіцячы дом разлічаны на 100 дзяцей, у цяперашні час у ім жывуць 22 маленькія выхаванцы. Дарэчы, у 2016 годзе двух дзяцей усынавілі. Так, чатырохгадовая Дзіяна жыве цяпер у сям’і артыстаў тэатра, Новы год сустрэне з новай мамай і маленькі Андрэйка.

Дзеці віншуюць дзяцей

Так называлася дабрачынная акцыя, з якой выхаванцы аднаго з трох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Брэста наведалі ЦКРНіР “Веда” Маскоўскага раёна горада.

— Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, прызвычаіліся да павышанай увагі і клопату з боку дарослых, — расказвае адзін з бацькоў-выхавальнікаў ДДСТ Юлія Васільеўна Пятроўская. — Аднак гэтыя дзеці павінны не толькі атрымліваць дапамогу, але і вучыцца дапамагаць іншым, каб не вырасці эгаістычнымі спажыўцамі. Мэта пераднавагодняй акцыі заключалася ў фарміраванні талерантных адносін да людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выхаванні важных чалавечых якасцей: дабрыні, спагады, чуласці, калектывізму.

8 хлопчыкаў і дзяўчынак з ДДСТ пад кіраўніцтвам бацькоў-выхавальнікаў Юліі Васільеўны і Дзмітрыя Мікалаевіча Пятроўскіх падрыхтавалі для выхаванцаў дашкольнай групы ЦКРНіР, якую наведваюць дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, святочную касцюміраваную музычна-танцавальную праграму. Пасля выступлення сям’я Пятроўскіх падарыла дзецям школьныя прылады, салодкія пачастункі, ёлачныя ўпрыгажэнні і цацкі, зробленыя сваімі рукамі.

— Хочацца спадзявацца, што гэтая кароткая сустрэча падарыла асаблівым дзецям хвіліны радасці і шчасця, якія запомняцца надоўга, — адзначае Ю.В.Пятроўская. — Важна, каб дзеці змалку разумелі каштоўнасць цёплых сямейных зносін і здароўя, добрых учынкаў і слоў, сказаных ад усяго сэрца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Расія: прыёмным дзецям патрабуецца адаптацыя

У апараце ўпаўнаважанага пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці распрацуюць комплекс прапаноў па адаптацыі дзяцей-сірот у школах, паведаміла МІА “Расія сёння” омбудсмен Ганна Кузняцова.

Дабрачынны фонд прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва і дабрачынны фонд садзейнічання сямейнаму ўладкаванню дзяцей-сірот “Змяні адно жыццё” накіравалі афіцыйны зварот у апарат упаўнаважанага пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці з просьбай ініцыіраваць абмеркаванне праблемы адаптацыі прыёмных дзяцей у сістэме агульнаадукацыйных устаноў. Мэтай абмеркаванняў з’яўляецца распрацоўка комплексу мер, якія павысяць якасць і ўмовы адукацыі для прыёмных дзяцей, а таксама ўвядзенне дадатковых вучэбных праграм для настаўнікаў, якія працуюць з дзецьмі-сіротамі.

“Мы абавязкова разгледзім гэтую праблему на грамадскім савеце пры ўпаўнаважаным у найбліжэйшы час і выпрацуем комплекс прапаноў па адаптацыі дзяцей-сірот у агульнаадукацыйных установах”, — паведаміла Г.Кузняцова.

Омбудсмен падкрэсліла, што “гэта вельмі важная тэма, таму што сёння назіраецца рост сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот, прыёмных сем’яў становіцца больш, разам з тым яны сутыкаюцца з праблемамі”. Са слоў Г.Кузняцовай, адной з такіх праблем з’яўляюцца цяжкасці і неразуменне, з якімі сутыкаецца дзіця ў школе.

“Замест дапамогі яны часам чуюць ад настаўнікаў: “Што вы ад яго хочаце — ён жа з дзіцячага дома! Ён ніколі не засвоіць нашу праграму! Перавядзіце ваша дзіця ў іншую школу!” Вядома, гэта пытанне ўнутранай культуры настаўніка і наогул чалавека, таму што прадузятае стаўленне можа назірацца і з боку бацькоў іншых дзяцей. Наша агульная задача — стварыць камфортнае асяроддзе для прыёмных сем’яў, змяніць адносіны да дзяцей-сірот”, — патлумачыла омбудсмен.

Г.Кузняцова падкрэслівае, што для вырашэння гэтай праблемы патрэбны меры сістэмнага характару: “Не толькі заканадаўчыя змены, але і праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў, фарміраванне асяроддзя для прыняцця дзіцяці такім, якое яно ёсць. У гэтым пытанні сёння назапашаны вялікі вопыт, у тым ліку ў некамерцыйных грамадскіх арганізацыях”. “Сям’я з прыёмнымі дзецьмі становіцца нормай. Але нам трэба глядзець крыху наперад: большасць сірот, пакінутых у федэральным банку даных, — гэта якраз падлеткі, многія з якіх сутыкаліся з жорсткім стаўленнем да сябе ў сям’і, маюць няпросты вопыт жыцця ў сірочых установах. Школы павінны быць гатовымі прыняць такіх дзяцей і дапамагчы ім адаптавацца”, — падагульніла Г.Кузняцова.

Фонд прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва і дабрачынны фонд садзейнічання сямейнаму ўладкаванню дзяцей-сірот “Змяні адно жыццё” правялі апытанне сярод 262 прыёмных бацькоў школьнікаў з 54 рэгіёнаў краіны. Паводле вынікаў даследавання, складанасці ў прыёмных дзяцей і іх бацькоў узнікаюць яшчэ ў момант паступлення ў школу (19%). Пры гэтым толькі ў 16% выпадкаў прыёмныя дзеці самастойна спраўляюцца са школьнай праграмай, усім астатнім неабходна дапамога, але пры гэтым у 76% выпадкаў адукацыйная ўстанова сваю дапамогу не прапаноўвае зусім, паведаміла МІА “Расія сёння” ў фондзе прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва.

Яшчэ адна праблема — адаптацыя прыёмных дзяцей у іх новых сем’ях.

Адначасова з павелічэннем колькасці ўсыноўленых дзяцей расце і колькасць тых, каго вяртаюць назад у дзіцячыя дамы. Па словах дэпутата Дзярждумы Расійскай Федэрацыі Вольгі Баталінай, за год з прыёмных сем’яў у дзіцячыя дамы вярнуліся 5800 дзяцей. За гэтымі лічбамі стаяць зламаныя лёсы, як правіла, падлеткаў. Ім заўсёды было складана знайсці сям’ю. Доля дзетдомаўцаў, старэйшых за 10 гадоў, набліжаецца да 80% і расце з кожным годам, таму шансы на новую сям’ю ў тых, каго ўзялі і вярнулі, нікчэмныя.

Па словах шматлікіх прыёмных бацькоў, падлеткі чакаюць ад іх “айфонаў, торцікаў і забаў”. Ускосна гэта пацвярджаецца статыстыкай, згодна з якой выпускнікі інтэрнатаў вырастаюць утрыманцамі і ўпэўнены, што ім усе і ўсё павінны.

Сваю ролю замяшчальныя сем’і бачаць у тым, каб навучыць падлеткаў жыць, а не паразітаваць у грамадстве. Для гэтага яны часцяком настойліва выбудоўваюць адносіны, заснаваныя на жорсткасці і падначаленні дзіцяці прыёмным бацькам. Маючы сумны вопыт, яны не давяраюць рэкамендацыям псіхолагаў акружыць прыёмнае дзіця любоўю, лічачы, што “дзеці-сіроты гэтага не зразумеюць, а скарыстаюцца, прыняўшы за слабасць”.

“Прычына вяртання ў дзіцячыя дамы — часта непрафесіянальнае і несвоечасовае аказанне дапамогі сям’і”, — лічыць намеснік дырэктара дэпартамента дзяржпалітыкі ў сферы абароны правоў дзяцей Мінадукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Ірына Раманава. Па яе словах, службы суправаджэння часам толькі намінальна выконваюць свае задачы, а часам даводзяць сітуацыю да вяртання ў дзіцячыя дамы.

Эксперты скардзяцца на тое, што спецыялісты ігнаруюць вучэбныя семінары, якія праводзяцца ведамствам. А ад некампетэнтнасці сацыяльных работнікаў пакутуюць сем’і.

Аднак нават кваліфікаваны спецыяліст праблемы не ўбачыць, наведваючы сям’ю толькі раз у некалькі месяцаў. Закон дапускае частыя праверкі, але толькі калі ў органы апекі паступіць трывожны сігнал. Калі строгае выхаванне ператвараецца і кваліфікуецца як пабоі, дзяцей вернуць у дзіцячы дом. Каб прадухіліць бяду, у Мінадукацыі і навукі плануюць увесці абавязковае суправаджэнне асобных груп прыёмных сем’яў.

Практыка паказвае, што прыёмным бацькам неабходны групы падтрымкі. Клубаў і асацыяцый прыёмных сем’яў становіцца ўсё больш. Цяпер чыноўнікі абмяркоўваюць увядзенне абавязковага для прыёмных бацькоў навучання. Пры гэтым рыхтаваць трэба ўсіх, у тым ліку блізкіх сваякоў і тых, хто ўжо мае вопыт выхавання дзяцей-сірот.

“Мы прапрацуем пытанні, якія будуць развіваць прыёмную сям’ю як прафесіянальную”, — патлумачыла Т.Раманава.

Павышэнне кваліфікацыі дапаможа дарослым вырашаць праблемы з выхаваннем прынятага ў сям’ю дзіцяці, а таксама крытычна падыходзіць да розных парад, якія даюцца з усіх бакоў. Гэта павінна паменшыць колькасць выпадкаў вяртання дзяцей з прыёмных сем’яў.

Што датычыцца прадухілення злачынстваў супраць дзяцей, то гэтую функцыю ўзяў на сябе Следчы камітэт.
Кансультатыўны савет па пытаннях аказання дапамогі дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, пры Следчым камітэце выступіў з прапановай удасканаліць працэдуру адбору апекуноў і прыёмных бацькоў. Як паведаміў на мінулым пасяджэнні савета кіраўнік СК Аляксандр Бастрыкін, з 2013 года назіраецца значны рост злачынстваў, якія здзяйсняюцца блізкімі сваякамі ў адносінах да дзяцей. Калі ў 2013 годзе ў СК 8 155 дзяцей праходзілі ў якасці пацярпелых, то ў 2015-м — ужо 11 774. Каля 2 тысяч дзяцей пацярпелі ад членаў сям’і. У сувязі з гэтым СК прапаноўвае больш старанна правяраць патэнцыяльных прыёмных бацькоў на наяўнасць судзімасці, фактаў крымінальнага праследавання, псіхічных захворванняў, наркатычную і алкагольную залежнасць, схільнасць да агрэсіі.

Яшчэ адна сур’ёзная тэма, што патрабуе пільнай увагі, — сацыяльныя пенсіі дзецям, якія страцілі або засталіся без апекі бацькоў. Аляксандр Бастрыкін нагадаў, што да гэтага часу без заканадаўчага рашэння застаецца пытанне аб налічэнні сацыяльнай пенсіі дзецям, бацькі якіх невядомы. Праблема ў тым, што такім дзецям няма каму плаціць аліменты, а пенсію па страце кармільца дзяржава ім не налічвае.

За вырашэнне гэтай праблемы ўзяліся і дэпутаты. Спікер Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка ўнесла ў Дзярждуму законапраект, якім прапаноўваецца ўключыць дзяцей, пра бацькоў якіх нічога невядома, у пералік асоб, што маюць права на атрыманне сацыяльнай пенсіі ў выпадку страты кармільца.

Кабмін падтрымаў законапраект пры ўмове яго дапрацоўкі з улікам заўваг. У прыватнасці, ва ўрадзе адзначылі, што неабходна заканадаўча вызначыць статус такіх дзяцей ад часу ўстанаўлення права на сацыяльную пенсію да моманту перадачы іх пад апеку або ўсынаўленне.

Сумесна — да развіцця прафесійнага бацькоўства

У мэтах удасканалення дзейнасці замяшчальных сем’яў на Магілёўшчыне адбыўся адпаведны абласны форум. Мерапрыемства аб’яднала начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, апекуноў, усынавiцеляў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі. Сумесна яны дэталёва абмеркавалі ўсе пытанні, якія тычацца аховы правоў дзяцінства.

Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Старавойтавай, ахова дзяцінства з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх беларускіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі і многіх іншых нарматыўна-прававых актах.

— Сямейнае ўладкаванне спрыяе больш паспяховай сацыялізацыі сірот, а таксама скарачэнню інтэрнатных устаноў. За апошняе дзесяцігоддзе ў краіне прынята шмат нарматыўных дакументаў, якія накіраваны на паляпшэнне становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях. Аднак у гэтай сферы пакуль ёсць праблемы. У мэтах стабілізацыі працэсу фарміравання прыёмнай сям’і неабходна аддаваць большы прыярытэт правам і інтарэсам дзіцяці. Сем’і падбіраць пад дзяцей, а не наадварот. Неабходна таксама рацыяналізацыя заканадаўства па пытаннях аплаты працы прыёмных бацькоў і льгот, якія прадастаўляюцца такім сем’ям, актывізацыя работы па пашырэнні сеткі адпаведных сацыяльных службаў, узмацненне прафесійнага ўзроўню прыёмных бацькоў, растлумачальнай работы з грамадскасцю. Трэба памятаць пра тое, што будучыня нашых дзяцей залежыць ад кожнага з нас. Форум — добрая магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы, бо менавіта ў дыялогу знаходзяцца тыя шляхі, якія становяцца найбольш эфектыўнымі ў выкананні пастаўленых перад намі задач, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна.

Як было заўважана падчас размовы, на Магілёўшчыне сфарміравана і рэалізоўваецца рэгіянальная мадэль абароны законных інтарэсаў дзяцей, асноўнай мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне права дзіцяці на жыццё ў сям’і і захаванне для дзяцей роднай сям’і. Сістэмная міжведамасная работа прыносіць чаканы вынік. Колькасць дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў, штогод скарачаецца. Сёлета такіх хлопчыкаў і дзяўчынак 175. З іх 157 ужо ўладкаваны на выхаванне ў замяшчальныя сем’і. А ў цэлым па вобласці 83 працэнты сірот пражываюць у сем’ях.

— У большасці раёнаў дзеці-сіроты не накіроўваюцца ў інтэрнаты, а адразу ўладкоўваюцца на сямейнае выхаванне. Акрамя таго, у рэгіёне за апошнія гады істотна павялічылася колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гэта дазволіла нам значна аптымізаваць сетку інтэрнатных устаноў, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.

Умовы пражывання і выхавання сірот у замяшчальных сем’ях знаходзяцца на пастаянным кантролі, вызначаны і дзейнічае абласны рэгламент іх міжведамаснага суправаджэння.

— Гэты рэгламент прадугледжвае якасны адбор кандыдатаў у замяшчальныя бацькі, прыцягненне да рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы правоў дзяцінства лепшых сем’яў, іх падтрымку, а таксама маніторынг выканання правоў і інтарэсаў выхаванцаў. Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Сёння прыёмныя бацькі — добрыя спецыялісты, якія прайшлі адпаведнае навучанне і перыядычна павышаюць сваю кваліфікацыю. Многія з іх — гонар Магілёўшчыны і нават краіны. Гэта Рыта Уладзіміраўна Кундзікава, Тамара Аркадзьеўна Сянцова, Наталля Усеваладаўна Салодкая, Раіса Мікалаеўна Шамак, Алена Рыгораўна Алепка і іншыя прыёмныя бацькі, узнагароджаныя граматамі і ганаровымі званнямі, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.

Аднак, як высветлілася, не заўсёды прыёмныя сем’і даюць падставу для гонару. Негатыўныя тэндэнцыі апошняга часу вымушаюць дзяржаўныя органы рабіць больш жорсткім кантроль за іх дзейнасцю. На канкрэтныя недапушчальныя факты звярнуў увагу прысутных начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі абласной пракуратуры Аляксандр Бардзілоўскі.

На яго погляд, у вобласці праводзіцца значная работа па абароне правоў дзяцінства, але хібаў у ёй хапае. Несвоечасовае прыняцце патрэбных мер рэагавання часам прыводзіць да ўшчамлення правоў дзяцей, сямейнага насілля, што цягне за сабой узбуджэнне крымінальных спраў, расфарміраванне прыёмных сем’яў і адпраўку сірот у інтэрнаты.

— Неабходна больш дэталёва ўнікаць ва ўсё тое, што адбываецца ў замяшчальных сем’ях, дасканала вывучаць сямейны мікраклімат, паводзінскія асаблівасці выхаванцаў, бо ўсё гэта ў далейшым вызначае лёс дзяцей-сірот, — акцэнтаваў Аляксандр Якаўлевіч.

Апекуноў і прыёмных бацькоў нельга пакідаць без увагі. Гэты заклік гучаў на форуме неаднойчы. Адпаведныя метадычныя службы павінны аказваць ім усебаковую падтрымку. У прынцыпе, шмат што ў гэтым плане ўжо зроблена. У кожным раёне створаны тэматычныя клубы, аб’яднанні, пры якіх замяшчальныя бацькі абмяркоўваюць актуальныя пытанні, змены ў заканадаўстве, атрымліваюць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу. Актыўна дапамагае апекунам і абласны інстытут развіцця адукацыі. Акрамя прафесійнага навучання прыёмных бацькоў, павышэння іх кваліфікацыі, спецыялісты аддзела аховы правоў дзяцінства праводзяць для іх кансультацыі, трэнінгі, майстар-класы. Такая падтрымка звонку сапраўды дапамагае замяшчальным сем’ям справіцца са многімі праблемамі.

Патрэбным мерапрыемствам для прыёмных бацькоў стаў і форум. Яго ўдзельнікі не толькі закранулі найбольш хвалюючыя тэмы прафесійнай дзейнасці, але і маглі выступіць з заўвагамі і прапановамі, падзяліцца асабістым вопытам падчас работы розных дыскусійных пляцовак.

Фота аўтара.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.

“Ты стала родным чалавекам…”

Тата, маці і адзінаццаць дзяцей — такая вялікая сям’я жыве ў адным з дзевяці домікаў дзіцячай вёскі “Вытокі”, што ў пасёлку Крынічным Мінскага раёна. Калі прытрымлівацца афіцыйнага парадку, то зараз у сям’і пяцёра дзяцей родных, для астатніх Любоў Мікалаеўна і Дзмітрый Міхайлавіч Чагіны — замяшчальныя бацькі. Але якое дзіця або якія бацькі-выхавальнікі, што прыйшлі ў гэтую справу асэнсавана і шчыра, мысляць такімі катэгорыямі? Яны адно для аднаго мама і тата, дочкі і сыны, а разам — цэлая сям’я. Дружная, моцная, сапраўдная і, зрэшты, звычайная, як лічаць самі бацькі.

Нас многа? Чаму не?

Год назад, 14 кастрычніка 2015 года, у Дзень маці, Любоў Мікалаеўна атрымала ордэн Маці. Яго ўручаюць жанчынам, якія нарадзілі або ўсынавілі і выхоўваюць пяцёра або больш дзяцей. Яна стала адзінай у “Вытоках” маці-гераіняй, якая з’яўляецца яшчэ і маці-выхавальніцай.

— Як вы святкуеце Дзень маці ў сям’і? — пытаюся я ў жанчыны.

— Як двайное свята, — усміхаецца мая суразмоўніца. — 14 кастрычніка — дзень нараджэння ў нашага Ігара, сёлета яму споўніцца 8. А 8 Сакавіка — дзень нараджэння Валеры. Так што ўсе асаблівыя жаночыя святы супадаюць з нашымі сямейнымі, віншуем адно аднаго.

Светлавалосы Ігар падбягае да нас, каб паказаць свае шматлікія малюнкі, пакуль яго сястрычка Кіра дэманструе тое, чаму навучылася ў гімнастычнай секцыі, пад уважлівым позіркам кошкі Грэі і яе кацяняці Эсмеральды. Хтосьці з дзяцей прыносіць самаробныя паштоўкі з віншаваннямі маці з нагоды розных свят і напісаныя проста так, без усялякай нагоды, каб сказаць маме самыя важныя словы.

Адкрываеш гэтыя рознакаляровыя кавалачкі кардону і паперы — і з іх льюцца словы, слёзы, радасць, надзея. Цэлыя маленькія жыцці, цэлыя лёсы: “Мама і тата, я вас вельмі люблю”, “Мамачка, я цябе люблю”, “Любімая мама, ты цудоўная. Дзякуй табе за тваю дабрыню, за павагу да мяне”, “Ты за год стала для мяне родным чалавекам”, “Ад усяго сэрца маёй мамачцы. І не забудзь, што мы цябе любім”. І яшчэ многа такіх слоў — напісаных, выказаных, затоеных у сэрцы, але заўсёды шчырых.

Падчас нашага прыезду ў вялікі дом, што за некалькі кіламетраў ад пасёлка Ждановічы, тут сабралася не ўся сям’я: тата-слесар быў яшчэ на рабоце, некаторыя дзеці — у школе, бо вучацца ў другую змену. Разам сям’я збіраецца звычайна за вячэрай — і, канечне, не толькі для прыёму ежы. Расказваюць, як у каго прайшоў дзень, што цікавага адбылося, што клапоціць. Стол тут, зразумела, вялікі, бо як інакш за ім размясціцца Дзмітрыю Міхайлавічу, Любові Мікалаеўне, Ані-маленькай (або Нюшы), дзевяцігадоваму Жэню, дзесяцігадовай Тані, Свеце, крыху старэйшай Віцы, Ані-вялікай (студэнтцы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка), самаму старэйшаму — васямнаццацігадоваму будучаму аўтамеханіку Руслану, адзінаццацікласніцы Ангеліне, Валеру ды Ігару з Кірай? Але і гэта не ўсе дзеці, якіх выхоўвалі і выхоўваюць Чагіны. У каледжах і ліцэях набываюць прафесіі аўтамеханіка, фатографа, агародніка Улад, Валянцін і Марта, жывуць у інтэрнатах. Безумоўна, гэта зусім не значыць, што дзверы дома і сэрцы сям’і для іх закрыліся. Хіба ж гэта магчыма? Яны тут назаўсёды свае, у іх вялікая сям’я.

Дарэчы, нейкі час Любоў Мікалаеўна і Дзмітрый Міхайлавіч выхоўвалі яшчэ аднаго хлопчыка — Сярожу. Дзякуй богу, яго родная маці здолела аднавіцца ў бацькоўскіх правах і забрала сына да сябе, хаця родная сястра Сярожы, якой на той момант ужо споўнілася чатырнаццаць, палічыла за лепшае застацца з бацькамі-выхавальнікамі. З іншых былых і цяперашніх выхаванцаў толькі адзін хлопчык — круглы сірата, у астатніх маці і бацькі пазбаўлены бацькоўскіх праў, некаторых Чагіны бралі з дома малюткі яшчэ немаўлятамі. Спачатку, ужо маючы траіх сваіх дзяцей, яны сталі прыёмнымі бацькамі яшчэ для некалькіх малых, потым вырашылі пераехаць у “Вытокі” і выхоўваць яшчэ больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэта асобная гісторыя.

Да “Вытокаў”

У дзяржаўную ўстанову адукацыі (а менавіта такі статус мае дзіцячая вёска “Вытокі”) Чагіны трапілі ў 2010 годзе. Думаю, варта крыху нагадаць гісторыю гэтай вёскі. “Вытокі” створаны ў рамках рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі” на 2006—2010 гады. Першая чарга вёскі была адкрыта ў 2009 годзе ў дачным пасёлку Крынічным, дзе пасяліліся 9 сем’яў. 1 верасня 2010 года вёска пашырылася за кошт 15 дамоў (адзін з іх — адміністрацыйны корпус) у пасёлку Вопытным таксама Мінскага раёна.

Спачатку сям’я Чагіных з выхаванцамі жыла менавіта ў Вопытным, а два гады назад яны пераехалі ў Крынічны, дзе і дом большы, і да сваёй кватэры бліжэй. Між іншым з гэтай самай трохпакаёўкі ў адным са спальных раёнаў сталіцы ўсё і пачалося. Ужо маючы траіх дзяцей, мнага-дзетная сям’я, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, пабудавала сваё жыллё. Дагэтуль усе жылі ў палутарнай кватэры маці Любові Мікалаеўны. А тут амаль 100 квадратных метраў — прастора, здавалася, неверагодная.

— Я паглядзела на гэтыя пакоі і падумала — “Столькі месца, грэх, калі тут не будзе жыць многа дзяцей”, — узгадвае Любоў Мікалаеўна.

Муж і дзеці падтрымалі яе. Так сям’я стала прыёмнай і вырасла да дзесяці чалавек разам з бацькамі, роднымі і прыёмнымі дзецьмі. Дарэчы, для Любові Мікалаеўны падобнае рашэнне не было чымсьці раптоўным. Яно наспявала ў душы жанчыны паступова і, калі надышоў час, нарадзілася цалкам натуральна. Справа ў тым, што маці маёй гераіні выхоўвала як родных дачок дзвюх сваіх пляменніц. Яе дачка з сынам з дзяцінства бачылі, што прыёмныя дзеці такія ж, як і родныя, што вялікая сям’я — гэта не толькі вялікія клопаты, але і вялікая радасць. Іншых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў — сваякоў маці, Люба і яе родныя наведвалі ў дзіцячай SOS-вёсцы, бачылі, што малым там нядрэнна.

Таму, калі на акенцы рэгістратуры паліклінікі, у якой на той час працавала Л.М.Чагіна, з’явілася аб’ява, якая прапаноўвала падумаць аб магчымасці стаць замяшчальнымі бацькамі, Любоў Мікалаеўна не магла не задумацца. Гэта лёс, а не выпадак, палічыла яна.

— Калі я чарговы раз брала дзіця, мне прапанавалі стаць выхавальніцай у дзіцячай вёсцы, — гаворыць мая суразмоўніца. — На той момант і нам было ўжо цесна ў такой нядаўна вялікай кватэры. Узяць яшчэ дзяцей мы былі гатовы. Так усё і здарылася.

Дзяцей спачатку прыёмныя бацькі, а потым бацькі-выхавальнікі Чагіны бралі рознаўзроставых: і немаўлят ад 7 месяцаў, і двухгадовых малышоў, і падлеткаў, якім звычайна найбольш цяжка знайсці сям’ю. Не палохаліся ніякіх цяжкасцей. Магчыма, менавіта таму ў іх і атрымалася такая дружная сям’я, удалося стварыць такі цёплы, ветлівы дом. У некаторых дзяцей, як гэта нярэдка бывае з кінутымі малымі, былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пра аднаго хлопчыка-адмоўніка ўрачы нават гаварылі, што ў яго можа застацца параліч. Любоў Мікалаеўна наведвала малога ў раённай бальніцы ў Бараўлянах, бачыла, што той значна адстае ў развіцці, але не напалохалася. У яе сям’і хлопчык і загаварыў, і пайшоў, і наогул перастаў адрознівацца ў гэтым сэнсе ад іншых дзяцей.

У чым яшчэ сакрэт поспеху замяшчальнай сям’і? У тым, відаць, што ўсе дапамагаюць адно аднаму, гатовы быць самастойнымі, не цураюцца любой хатняй работы. На маё пытанне пра тое, ці цяжка 37-гадовай жанчыне спраўляцца з такой вялікай сям’ёй, гаспадыня адказвае:

— Мне няцяжка, бо старэйшыя дзеці вельмі дапамагаюць ва ўсім: і ежу могуць прыгатаваць, і з малымі ўрокі зробяць. Ангеліна, Аня і Руслан замяняюць мяне настолькі, наколькі гэта магчыма. Я абсалютна ўпэўнена, што, калі пакіну на іх дом, усё будзе ў парадку. Прычым на абед яны прыгатуюць не проста яечню, а зробяць і адбіўныя, і курыцу запякуць, і шмат іншага змогуць. Я лічу, што дзяўчынкі і хлопчыкі павінны рабіць хатнюю работу. У нас, скажам, хлопчыкі не мыюць посуд, затое выносяць смецце. А яшчэ я гавару дзецям: “Няхай два разы мы выкінем вашы стравы, затое на трэці раз атрымаецца”. У мяне і дзесяцігадовыя хоць складаную страву не прыгатуюць, але што-небудзь зробяць. Яшчэ і мяне пачастуюць.

З першых мінут жыцця ў замяшчальных сем’ях дзеці-сіроты на прыкладзе знойдзеных бацькоў і іх дзяцей вучацца будаваць узаемаадносіны як з дарослымі, так і з іншымі дзецьмі. Яны адразу адчуваюць сямейнае цяпло і ўтульнасць, вучацца клапаціцца адно пра аднаго.

Бацькам-выхавальнікам можа стаць кожны, хто гатовы падзяліцца цяплом з дзіцем-сіратой! (З сайта дзіцячай вёскі “Вытокі”.)

Шмат чаго ў сям’і, безумоўна, залежыць ад бацькі. Ён і дома ўсё ўмее наладзіць, і хлопчыкаў гэтаму вучыць, і гатуе добра, і з дзецьмі, калі маму трэба адпусціць, спраўляецца. Напрыклад, пакуль Любоў Мікалаеўна 21 дзень адпачывала ў санаторыі, дома ўсё было як трэба, хаця па маме сям’я сумавала.

Можна з упэўненасцю гаварыць, што падтрымлівае сямейны дух і сумеснае баўленне вольнага часу, напрыклад, на Мінскім моры, да якога тут рукой падаць. Праўда, ехаць да яго сям’і даводзіцца ў два прыёмы, бо адразу ўсе нават у сямімесны аўтамабіль не ўмяшчаюцца. Некаторыя дзеці частку лета праводзяць у Італіі, іншыя — у аздараўленчых лагерах. Ёсць у іх жыцці і паходы ў заапарк, прагулкі на прыродзе, настольныя гульні, выклікі бацькоў у школу, калі малыя крыху нашкодзілі (з кім не бывае!), і шмат чаго яшчэ, што здараецца ў звычайным жыцці, у звычайнай сям’і, дзе ёсць дзеці. Акрамя таго, бацькі і выхаванцы — нярэдкія госці на тэматычных мерапрыемствах. Нядаўна, напрыклад, я сустрэла частку гэтай вялікай сям’і на адкрыцці Цэнтра сацыяльна-педагагічных тэхналогій педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Не магу сказаць дакладна, але, калі я выпушчу ўсіх дзяцей, якіх мы выхоўваем зараз, відаць, зноў стану прыёмнай маці, — гаворыць Любоў Мікалаеўна. — Я прывыкла.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Цёплы дом для вялікай сям’і

У чаканні гасцей маленькія жыхары вялікага дома некалькі разоў выбягалі на ганак. А гасцей на наваселле ў дружную сям’ю Маёравых сабралася нямала. У дзень, калі Гродна адзначаў сваё 888-годдзе, у горадзе быў адкрыты чарговы дом сямейнага тыпу.

Двухпавярховы дом агульнай плошчай 300 квадратных метраў размешчаны на ўчастку ў 15 сотак, на ім абсталявана зручная дзіцячая пляцоўка з горкамі, пясочніцай, трэнажорамі. На першым паверсе дома — вялікая гасціная, кухня і абедзенная зала, гардэробная, на другім — спальні і тры ванныя пакоі. Месца для вялікай сям’і Наталлі Юр’еўны і Яўгена Міхайлавіча, у якой выхоўваюцца трое сваіх і чацвёра прыёмных дзетак, хопіць. А хутка сям’я папоўніцца яшчэ дзвюма сястрычкамі.

З наваселлем Маёравых павіншавалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Госці прыйшлі з падарункамі і добрымі пажаданнямі і ўручылі Маёравым тэлевізар, камп’ютарную і бытавую тэхніку, салодкія пачастункі і садавіну для дзетак.

Сімвалічны ключ ад дома гаспадарам уручыў генеральны дырэктар прадпрыемства “Гроднагарбуд” Сяргей Кнэхт. Менавіта гэтая арганізацыя хутка і якасна пабудавала дом з улікам пажаданняў Наталлі і Юрыя па аддзелцы пакояў. А сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі ганаровыя госці Віктар Лісковіч, Мечыслаў Гой, Сяргей Кнэхт і гаспадар дома Яўген Маёраў.

Потым Наталля і Яўген разам з дзеткамі запрасілі гасцей на салодкі пачастунак за вялікі стол.

У Гродзенскай вобласці створаны 24 дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоўваюцца 179 прыёмных дзяцей. У хуткім часе дом сямейнага тыпу будзе адкрыты ў Навагрудку.

У 2017 годзе запланавана будаўніцтва яшчэ аднаго дома ў Гродне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Сэрца аддаюць дзецям

У Гродзенскай вобласці ў 858 апякунскіх, 313 прыёмных сем’ях, 24 дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваецца амаль 1800 дзяцей. Першы фестываль замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям” сабраў 19 сем’яў з усіх раёнаў вобласці.

— Два гады назад мы правялі конкурс сярод сем’яў, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей, і ўбачылі вялікую зацікаўленасць бацькоў не толькі ў зносінах, але і ў атрыманні новых ведаў і кампетэнцый, — гаворыць начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская.

Менавіта так, каб усе ўдзельнікі — а самаму малодшаму было два гады — маглі атрымаць новыя веды, прадставіць свае сем’і, а таксама і адпачыць, быў арганізаваны фестываль упраўленнем адукацыі, Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Гродзенскім абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Фестываль праходзіў у жывапісным месцы — на базе абласнога дзіцячага аздараўленчага лагера “Юнацтва”, у сасновым бары, на беразе Нёмана.

У першы дзень работы фестывалю адбылося самапрадстаўленне сем’яў, дзе яны паказвалі своеасаблівы сямейны альбом, выстава іх творчых работ. Сям’я Карпіцкіх з Астраўца прадэманстравала ўменні ўсіх шасці дзяцей: малюнкі, вырабы з прыроднага матэрыялу, мяккія цацкі. А галоўнай майстрыхай тут лічыцца бабуля Ірэна — на выставе быў прадстаўлены яе ўласны куток.

Калі дарослыя займаліся дарослымі справамі, дзеткі маглі бавіцца з клоўнамі, гуляць з валанцёрамі, а ўвечары на фестываль завіталі гродзенскія байкеры.

Правядзенню фестывалю замяшчальных сем’яў папярэднічала вялікая работа. У дарослых удзельнікаў цікавіліся тым, на якія пытанні яны б хацелі атрымаць адказы. Значны блок быў прысвечаны пытанням псіхалагічнага характару. Майстар-класы “Дыягностыка і карэкцыя стану дзіцяці”, “Спакойныя бацькі — шчаслівыя дзеці”, “Сямейная медыяцыя як форма вырашэння сямейных канфліктаў” правялі практычны псіхолаг Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання практычных псіхолагаў Наталля Тальвінская, кандыдат медыцынскіх навук псіхатэрапеўт Эльвіра Хмяльніцкая, кандыдыт псіхалагічных навук загадчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Шульга.

Быў і творчы блок — майстар-класы па выяўленчым мастацтве, па рабоце з кінетычным пяском, развіцці дробнай маторыкі ў дзяцей малодшага ўзросту, танцатэрапіі, фларыстыцы “Сувенір на шчасце”, па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве “Лялькі-ахоўніцы” і “Дамавічок Кузя”. Змене рытмаў садзейнічалі агульная ранішняя зарадка, турыстычна-забаўляльная праграма “Тата, мама, я — турыстычная сям’я” і спартландыя “Вясёлыя старты”.

— Галоўнай мэтай фестывалю мы лічылі павышэнне прафесійнага майстэрства замяшчальных бацькоў, павышэнне ўзаемаразумення паміж бацькамі і дзецьмі, уменне арганізаваць сямейны адпачынак і развіваць дзяцей, — расказвае адзін з арганізатараў фестывалю метадыст аддзела сацыяльнай работы і прававой аховы дзяцінства Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Клімовіч. — На працягу двух дзён можна было атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі не толькі новыя веды, але і перамогу ў намінацыях. Так, сям’я Савіных з вёскі Ятвезі Ваўкавыскага раёна прызнана лепшай у намінацыі “Сузор’е талентаў”. Алена Міхайлаўна і Дзяніс Аляксандравіч выхоўваюць шасцярых уласных і чацвярых прыёмных дзяцей.

— Усе нашы дзеці дружныя, паміж імі няма саперніцтва ці рэўнасці, — гаворыць Алена Міхайлаўна. — На фестывалі я ўбачыла шмат такіх сем’яў. І я не ведаю ніводнага з прыёмных бацькоў,
хто б не любіў сваіх дзяцей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.

Дом утульнасці і цеплыні

У вялікім утульным доме, што на завулку Калгасным у Кіраўску, ніколі не змаўкаюць звонкія дзіцячыя галасы. Тут жыве сям’я Калінкіных — бацькі-выхавальнікі Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч, а таксама іх васьмёра дзяцей, сем з якіх — прыёмныя.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу Калінкіных існуе не так даўно: яго адкрылі ў 2008 годзе. Але да гэтага Ларыса Дзмітрыеўна даволі працяглы час была прыёмнай маці. Толькі не ў Кіраўску, а ў Чэрыкаве. Менавіта на малой радзіме жанчына ўпершыню паспрабавала падарыць мацярынскую любоў дзецям-сіротам.

— Пра тое, што калі-небудзь вазьму на выхаванне сірату, я думала яшчэ ў студэнцтве. Падчас вучобы ў Рослаўльскім медыцынскім вучылішчы мы часта наведвалі дзіцячыя бальніцы, дзе чакалі размеркавання ў прытулкі кінутыя роднымі бацькамі малыя. Тады і вырашыла ўсяляк дапамагаць гэтым дзецям, — успамінае Ларыса Калінкіна.

Атрымаўшы дыплом медыцынскай сястры, яна вярнулася ў Чэрыкаў. Неўзабаве сустрэла будучага мужа, стварыла сваю сям’ю. Адзін за другім у маладой сям’і з’явіліся дзеці: Дзмітрый, Ірына, Алег. Нягледзячы на тое, што клопатаў у маладой жанчыны хапала, дадзенае самой сабе ў юнацтве абяцанне Ларыса Дзмітрыеўна выконвала. На летнія канікулы яна рэгулярна брала да сябе ў сям’ю некалькіх дзяцей-сірот. Прычым рабіла гэта на бязвыплатнай аснове.

У дзевяностых у іх шчаслівую сям’ю прыйшло гора. Памёр горача любімы муж і бацька.

— Перажыць гэтую страту было складана. Але неўзабаве я сустрэла чалавека, які дапамог і мне, і дзецям перажыць тыя няпростыя часы. Леанід Уладзіміравіч стаў маёй надзейнай апорай і падтрымкай ва ўсім, — расказвае Ларыса Дзмітрыеўна.

У сям’і Калінкіных марылі пра яшчэ адно дзіця, але жыццё складвалася так, што гэтае жаданне не здзяйснялася. Тады і ўмяшаўся ў іх лёс выпадак.

— Мы глядзелі тэлеперадачу, у якой распавядалі пра дзяцей-сірот. І неяк аднагалосна вырашылі ўзяць на выхаванне практычна нованароджаную дзяўчынку. Хутка сабралі ўсе неабходныя дакументы, паехалі ў Магілёўскі дом дзіцяці і сталі прыёмнымі бацькамі, — распавядае Ларыса Калінкіна.

Маленькая Наташа толькі цешыла ўсю сям’ю. А потым высветлілася, што дзяўчынка цяжкахворая.

— Здавалася, дыягназ быў прысудам. Наташа атрымала статус “інвалід дзяцінства”. Мне прапаноўвалі адмовіцца ад яе, — з горыччу ўзгадвае прыёмная мама.

Аднак пайсці на гэты крок жанчына не змагла. Не змагла яшчэ раз кінуць малую адну. Прайсці прыйшлося праз многае: пастаянныя прыступы хваробы, бальніцы, медыцынскія цэнтры. Але сямейная згуртаванасць, усеагульны клопат пра Наташу дазволілі дасягнуць станоўчых зрухаў. Калі дзяўчынцы было каля дзевяці месяцаў, стан яе здароўя значна палепшыўся. А потым адна радасць у сям’і Калінкіных нечакана змянілася другой: у іх нарадзілася родная дачка Настачка.

Калі дзяўчынкі падраслі, у сям’ю вырашылі ўзяць яшчэ аднаго абяздоленага малога. Зноў паехалі ў Магілёў — у дом дзіцяці. Прыйшлі ў кабінет дырэктара, куды неўзабаве прывялі трохгадовага хлопчыка.

— Мама! Мама мая знайшлася! — закрычаў малы і кінуўся на рукі да Ларысы Дзмітрыеўны.

— У маім сэрцы тады нешта абарвалася. Іншых дзяцей мы глядзець не сталі, адразу забралі Сярожу дадому, — адзначае Ларыса Калінкіна.

Праз некаторы час іх вялікай сям’і прапанавалі пераехаць у Кіраўск і стаць дзіцячым домам сямейнага тыпу. Добра ўсё ўзважыўшы, яны з мужам адважыліся на кардынальныя жыццёвыя перамены. І ні разу пра гэта не пашкадавалі, хоць першапачаткова і давялося сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі. Вялікі дом быў не да канца пабудаваны. Утульнасць прыйшлося наводзіць сваімі сіламі. Затое сёння і ўнутры, і вакол дома ўсё добраўпарадкавана.

4-copy-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82Адразу пасля пераезду сям’я Калінкіных папоўнілася новымі членамі. Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч ўжо выпусцілі ў дарослае жыццё, чацвярых прыёмных дзяцей а зараз выхоўваюць Яну, Сяргея, Карыну, Артура, Юлю, Данііла і Жанну. У кожнага з выхаванцаў лёс склаўся няпроста. У юным узросце ім давялося перажыць страшнае — здраду самых родных у свеце людзей.

Адзінаццацігадовага Сярожу мама, знаходзячыся ў нецвярозым стане, забылася на прыпынку грамадскага транспарту. Родная мама Жанны і Данііла таксама пастаянна кідала дзяцей, з’язджаючы ўладкоўваць асабістае жыццё. З апошняй такой паездкі іх маці так не вярнулася. А дзеці, да таго як іх прызначылі ў прытулак, больш як тры тыдні жылі адны.

Па словах Ларысы Дзмітрыеўны, адагрэць дзіцячыя душы, поўныя недаверу і болю, не заўсёды было лёгка. Малыя, якія ад самых блізкіх людзей ніколі не чулі добрага слова, часта замыкаліся ў сабе. Але, дзякуючы бязмежнай любові, бацькоўскаму клопату і ласцы, у вялікім доме Калінкіных малыя зноў пачынаюць цешыцца часам дзяцінства. Дзеці, якія трапляюць у гэты цёплы, утульны дом на выхаванне, хутка становяцца жыццярадаснымі і шчаслівымі. За гэта яны адплачваюць прыёмным бацькам узаемнасцю, якіх кожнае дзіця называе не інакш як “мама” і “тата”.

— Мы вельмі любім і маму, і тату, бо яны самыя лепшыя і любяць нас, — упэўнена кажуць Карына і Сяргей.

Цяперашніх выхаванцаў, як і ўжо дарослых сваіх дзяцей, Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч стараюцца гадаваць добрымі, працавітымі людзьмі, законапаслухмянымі, дастойнымі грамадзянамі. Дзеці выхоўваюцца на аснове любові і павагі адно да аднаго, узаемаразумення, самастойнасці, ім прывіваюць любоў да працы і здаровы лад жыцця.

— Фарміруем гэтыя карысныя навыкі ненадакучліва. Усе дзеці далучаюцца да ўдзелу ў хатняй гаспадарцы, да догляду жывёл, раслін. У кожнага з іх ёсць свае абавязкі. А фізкультурай і спортам мы займаемся разам, усёй сям’ёй, — адзначае Леанід Уладзіміравіч.

За доўгія гады ў гэтым доме сямейнага тыпу склаліся свае традыцыі. Тут любяць збірацца разам за сумесным чаяваннем, а яшчэ арганізоўваюць вясёлыя святы, пастаянна прымаюць удзел у масавых спартыўных і культурных мерапрыемствах, вандруюць па краіне.

Усіх сваіх выхаванцаў Калінкіны бясконца любяць, але пры гэтым ніколі не перашкаджаюць іх зносінам з біялагічнымі бацькамі. Наадварот, яны самі імкнуцца выйсці з тымі на сувязь, спрыяючы наладжванню іх адносін з дзецьмі, ці дапамагаюць прыёмным дзецям знайсці сваіх родных. У некаторых выпадках гэтая работа прыносіць станоўчы вынік.

Менавіта так здарылася з Уладзіславам. Хлопчык нарадзіўся з паталогіяй, і родная маці адмовілася ад яго ў раддоме. Апынуўшыся на выхаванні ў Калінкіных, малы перанёс пяць складаных аперацый. Пакуль жыў у дзіцячым доме сямейнага тыпу, яму было зроблена яшчэ некалькі аперацый. Уладзік стаў амаль здаровым, яго знайшла родная маці, і пасля доўгай работы над сабой ёй дазволілі аднавіць правы на сына.

Даволі шчасліва склаўся лёс і ў першай прыёмнай дачкі Калінкіных — Наташы. Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч знайшлі ў Бабруйскім сацыяльна-педагагічным прытулку яе родную малодшую сястру Яну, якую яны выхоўваюць і зараз. А вось Наташа ўжо стварыла ўласную сям’ю. І так здарылася, што, атрымаўшы сацыяльнае жыллё, яна знайшла яшчэ сваіх брата і сястру.

Многія дзеці Калінкіных ужо выраслі, некаторыя і сем’ямі свае маюць. Астатнія таксама рэалізоўваюцца ў жыцці, набываюць прафесію, працуюць на карысць грамадства. І непаўналетнія дзеці маму з татам толькі радуюць. Ва ўсведамленні таго, што ў дзяцей усё добра, іх галоўнае бацькоўскае шчасце.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Аб’яднаныя любоўю да дзяцей

Кожнаму дзіцяці патрэбна бацькоўская любоў. Якія б добрыя ўмовы ні былі створаны ў інтэрнатах і прытулках, яны не заменяць хатняй утульнасці, сям’і. На Магілёўшчыне старанна імкнуцца да ўсебаковай папулярызацыі сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі. Гэта прыносіць адпаведны вынік. На сёння ў сем’ях налічваецца звыш 83 працэнтаў сірот.

Паказчык добры, аднак прапагандысцкая дзейнасць у гэтым напрамку працягваецца. Так, на працягу некалькіх месяцаў ва ўсіх раёнах вобласці ажыццяўляліся тэматычныя мерапрыемствы сацыяльнай інфармацыйнай акцыі “У сям’і лепш”. У яе рамках была праведзена значная тлумачальная работа з грамадзянамі. Не забыліся арганізатары і пра павышэнне прэстыжу працы прыёмных бацькоў, бацькоў — выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Яны змаглі прыняць удзел у аднайменным конкурсе.

Конкурснае мерапрыемства аб’яднала каля 400 сем’яў. Спачатку ўдзельнікі прайшлі адбор раённага этапу конкурсу, а затым спрабавалі сілы ў завочным туры абласнога. На суд журы яны прадстаўлялі эсэ на тэму “Хто яны — сучасныя прыёмныя бацькі?”, а таксама партфоліа і відэасюжэт пра жыццё сваёй сям’і. Найбольш творча з пастаўленымі задачамі справіліся прыёмныя сем’і Яўстаф’евых з Бабруйска, Гаварковых з Круглянскага, Кузняцовых з Чэрыкаўскага, Краеўскіх са Слаўгарадскага і Махавіковых з Хоцімскага раёнаў. Вызначыліся таксама дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Кундзікавых з Клічаўскага, Алепка з Краснапольскага, Калінкіных з Кіраўскага, Кірпічэнка з Касцюковіцкага, Добрусевых з Крычаўскага раёнаў. Гэтыя ўдзельнікі сталі фіналістамі конкурсу і на сцэне абласнога інстытута развіцця адукацыі даказвалі права называцца лепшымі.


— Вельмі добра, што ў нашай вобласці захоўваецца тэндэнцыя стрымлівання сацыяльнага сіроцтва і павялічваецца колькасць замяшчальных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Таму сёння не проста конкурс, а сапраўднае свята самых выдатных сем’яў, дзе знаходзяць цеплыню, любоў і ласку дзеці, якія былі пазбаўлены гэтага, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.

Бацькоў-выхавальнікаў чакалі конкурсныя заданні. Спачатку яны праходзілі прафесійнае тэсціраванне, затым вырашалі розныя педагагічныя сітуацыі, якія сустракаюцца ў штодзённым жыцці прыёмнай сям’і. Пасля бацькі і дзеці разам выходзілі на сцэну, дзе ў творчай форме прадстаўлялі сябе. Адметна, што кожная візітоўка была непаўторнай: сем’і здзіўлялі вакальнымі, акцёрскімі і іншымі талентамі.

Як паказалі конкурсныя заданні, усе прыёмныя бацькі заслугоўвалі перамогі, бо, нягледзячы на тое, што яны розныя, іх аб’ядноўвала агульная любоў да дзяцей. Напэўна, таму прайграўшых у конкурсе не было. Сям’і Кундзікавых быў уручаны дыплом з сімвалічнай назвай “Захавальнік сямейных традыцый”. Краеўскія сталі пераможцамі ў намінацыі “Самая музычная сям’я”, Яўстаф’евы атрымалі званне самай эрудзіраванай сям’і, Гаварковы былі адзначаны ў намінацыі “Самая дружная сям’я”, Кірпічэнкі названы самай умелай сям’ёй, Добрусевы — самай працавітай сям’ёй. Дыпломы за 3-е месца атрымалі Махавіковы і Алепка, а за 2-е — Калінкіны і Кузняцовы.


Што наконт пераможцаў конкурсу, то лепшымі сярод дзіцячых дамоў сямейнага тыпу былі прызнаны Кундзікавы. Дарэчы, менавіта Кундзікавы 25 гадоў назад сталі першымі бацькамі-выхавальнікамі на Магілёўшчыне. За гэты час бацькоўскую любоў у іх сям’і знайшлі звыш 40 прыёмных дзяцей. А адзін з родных сыноў працягнуў добрую сямейную дынастыю. Цяпер у Клічаўскім раёне два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Кундзікавых.

Сярод прыёмных сем’яў лепшымі былі названы Краеўскія. У гэтай сям’і зараз выхоўваюцца трое дзяцей-сірот. Адметна, што ўсе яны — сапраўдны гонар раёна. Выхаванцы Краеўскіх — актыўныя ўдзельнікі алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў. Гэты факт толькі пацвярджае, што бацькоўская падтрымка і клопат адыгрываюць значную ролю ў раскрыцці дзіцячых здольнасцей.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла святочна. Акрамя прызавых дыпломаў, усе сем’і атрымалі грашовыя прэміі, а таксама падарункі ад шматлікіх спонсараў конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.