Мы розныя, але мы разам

Галоўная праблема асаблівага дзіцяці заключаецца ў тым, што яго сувязі са знешнім светам, яго кантакты з аднагодкамі і дарослымі вельмі абмежаваныя. У бягучым навучальным годзе ў Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца 63 навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 8 дзяцей-інвалідаў. Асноўная мэта работы калектыву школы з дзецьмі — спрыяць іх паспяховай сацыялізацыі.

Ва ўстанове ствараюцца ўмовы для фарміравання ў вучняў і педагогаў талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем выхаванню ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу раўнапраўных узаемаадносін. З гэтай мэтай на працягу некалькіх гадоў на базе школы-інтэрната дзейнічае аздараўленчы лагер кругласутачнага знаходжання эколага-краязнаўчага профілю “Нашчадкі”, дзе школьнікі агульнаадукацыйных устаноў раёна адпачываюць сумесна з выхаванцамі школы-інтэрната. Удзел у сумесных творчых і спартыўных мерапрыемствах, конкурсах, працоўных справах, якія ўмела і прадумана спланавалі педагогі, дае магчымасць кожнаму вучню з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе раўнапраўным удзельнікам каманды аднадумцаў.

Важнае значэнне мы надаём усталяванню кантактаў выхаванцаў школы-інтэрната з дзецьмі і дарослымі па-за межамі ўстановы адукацыі. Выхаванцы нашай школы прымалі ўдзел у раённым зімовым спартыўным свяце “Беларуская лыжня — 2016”. На старт лыжнай трасы нашы выхаванцы выйшлі поруч з камандамі іншых школ, гімназіі, ліцэя, прадпрыемстваў, арганізацый, сельскіх калектываў. Зборныя каманды спаборнічалі ў эстафеце. Па запрашэнні валанцёрскага клуба “Адрас дружбы” Белдзяржуніверсітэта выхаванцы нашай школы прынялі ўдзел у дабрачынным футбольным “Матчы дружбы”. Матч праходзіў у Мінску ў спартыўным комплексе “Універсітэцкі” БДУ, дзе выхаванцы школ-інтэрнатаў змагаліся за перамогу поруч са студэнтамі-валанцёрамі. У выніку перамагла дружба! Каманда нашай школы была ўзнагароджана дыпломамі і медалямі з сімволікай “Матч дружбы”. Цікавай і запамінальнай для выхаванцаў школы-інтэрната была экскурсія па Мінску, якую правялі студэнты БДУ.

Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца выхаванню ўзаемапавагі, добразычлівасці і памяркоўнасці ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Выхаванцы нашай школы кожны год удзельнічаюць у інклюзіўным фестывалі “Асаблівы сусвет” сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. На гэтым фестывалі ў намінацыі “Выканаўчае мастацтва” Уладзіслаў Агароднік і Павел Страх занялі 3-е месца. За актыўны ўдзел у фестывалі наш вучань Уладзіслаў Агароднік атрымаў падзяку.

Вялікае заўсёды пачынаецца з малога — з праблем асобнага чалавека, сям’і, краіны. Як выхаваць чалавека добрым і міласэрным? Каб папярэдзіць зло, трэба навучыцца рабіць дабро, дапамагаць адно аднаму. Сёння пра нашых дзяцей клапоцяцца бацькі, дзяржава, у нашу школу-інтэрнат часта наведваюцца госці, валанцёры і дораць дзецям падарункі. Але мы вучым нашых выхаванцаў не толькі бра ць, але і аддаваць. Так, навучэнцы школы-інтэрната наведалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падарыць яго наведвальнікам часцінку сваёй дабрыні і любові. Вучні сумесна з выхавальнікам Аленай Мікалаеўнай Башаркевіч падрыхтавалі малюнкі і падарункі для наведвальнікаў цэнтра.

Вялікае значэнне мае далучэнне навучэнцаў да нацыянальных традыцый, гісторыі краіны. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні школы-інтэрната адзначаюць спрадвечна беларускія народныя святы. Запамінальным для ўсіх стала свята “Грамніцы”, на якім выхаванцы школы азнаёміліся з традыцыямі і каштоўнасцямі беларускага народа.

Частымі гасцямі інтэрната з’яўляюцца валанцёры дабрачыннага фонду Ефрасінні Полацкай. Яны віншуюць нашых выхаванцаў са святамі, паказваюць цікавыя тэатральныя пастаноўкі, праводзяць разнастайныя гульні і забавы. Дзякуючы іх падтрымцы, вучні нашай школы наведалі Ляданскі Свята-Благавешчанскі манастыр. Дзеці прысутнічалі на ранішняй службе, азнаёміліся з гісторыяй узнікнення манастыра, жыццём манахаў. Цікава было паслухаць і гісторыю некаторых абразоў, якія знаходзяцца ў храме. Пасля заканчэння экскурсіі дзяцей запрасілі ў трапезную, дзе накармілі сапраўдным абедам манахаў.

Адна з асноўных задач нашых педагогаў — садзейнічаць павышэнню камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў, гатоўнасці і ўменню ўступаць у дыялог, разам з іншымі шукаць ісціну і паведамляць пра вынікі сваіх пошукаў у форме, зразумелай кожнаму. Гэтаму спрыяе шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца класнымі кіраўнікамі. Гэта класныя гадзіны, гадзіны інфармавання, грамадска карысныя справы. Агляды мастацкай самадзейнасці даюць магчымасць вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця паказаць сябе нароўні з іншымі дзецьмі. Так, на сцэне Палаца культуры Маладзечна нашы выхаванцы прынялі ўд зел у Мінскім абласным этапе XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. На сцэну разам выйшлі вучні з устаноў спецыяльнай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі. Фарміраванню талерантнасці спрыяюць і карэкцыйна-развіццёвыя гульні, заняткі. Яны накіраваны на карэкцыю ў дзяцей цяжкасцей у зносінах, павышэнне ўпэўненасці ў сабе, зніжэнне негатыўных эмоцый, развіццё навыкаў самарэгуляцыі і зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, развіццё эмацыянальнай сферы, авалоданне навыкамі адчуваць іншых, падтрымліваць і суперажываць, жыць дружна, згуртавана.

Алеся БОБРЫК,
настаўніца пачатковых класаў Чэхаўшчынскай дапаможнай
школы-інтэрната Валожынскага раёна.

Жаданні здзяйсняюцца

Напярэдадні Новага года лісты Дзеду Марозу напісалі выхаванцы Гродзенскага гарадскога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю. І гэтыя лісты дайшлі да адрасата. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай жаданні дзетак здзейснілі члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і піянерскай арганізацыі, валанцёры руху “Добрае сэрца”. У Гродне стартавала дабрачынная акцыя “Цуды на Каляды”.

Канструктары, лялькі, футбольныя мячы — кожны атрымаў той падарунак, аб якім пісаў у лісце-пажаданні. Дзеці ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў атрымалі і салодкія пачастункі. Акрамя таго, піянеры з гімназіі № 5 Гродна падрыхтавалі для дзяцей казачнае прадстаўленне. Госцем акцыі стала таксама прызёр Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2016” студэнтка педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вераніка Кажанеўская, якая разам з сяброўкамі правяла майстар-клас “Чароўны пясок” па вырабе навагодніх упрыгажэнняў.

— Валанцёрства набывае ўсё больш прыхільнікаў сярод студэнтаў, — дзеліцца ўражаннямі Вераніка Кажанеўская. — Наша будучая прафесія звязана з работай з дзецьмі, таму мы з задавальненнем удзельнічаем у падобных мерапрыемствах. А сёння разам з дзеткамі мы зрабілі невялікія сувеніры, якія можна падарыць на свята сваім родным.

Акцыя “Цуды на Каляды” працягнецца да 20 студзеня. Валанцёрскія атрады займаюцца зборам падарункаў, арганізоўваюць святочныя прадстаўленні для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыходзяць да дзетак у бальніцы, каб свята было ва ўсіх.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

У імя дабра і міласэрнасці

дКалі кожны хоць аднойчы працягне руку дапамогі інваліду, магчыма, праблем у свеце стане менш, а жыццё стане лепшым. Адрасная падтрымка людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і дапамога ім падаюць дзецям неацэнны прыклад, выхоўваючы талерантнасць і чалавечнасць.

У 1992 годзе Генеральная асамблея ААН у рамках Міжнароднай праграмы дзеянняў абвясціла 3 снежня Міжнародным днём інвалідаў. У нашай краіне указам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі гэты дзень абвешчаны Днём інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні дня інвалідаў штогод у Роскім яслях-садзе Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці праходзіць тэматычны тыдзень дабра, у рамках якога ў групах адбываюцца гутаркі аб людзях, якія часта хварэюць ці якія нарадзіліся з фізічнымі праблемамі (бо дзецям цяжка растлумачыць слова “інвалід”, а тэрмін “людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя” ім і зусім незнаёмы). У гэтыя дні працуюць майстэрні па вырабе падарункаў дзецям-інвалідам. Выхавальнікі разам з выхаванцамі наведаюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і ўручаць ім падарункі.

Удзел у акцыі “Падары дзіцяці радасць” па зборы цацак для дзяцей-інвалідаў прадастаўляе магчымасць пранікнуцца спачуваннем да тых, на чыю долю ў жыцці выпала такое складанае выпрабаванне.

Традыцыйна выхаванцы дзіцячага сада запрашаюць дзяцей-інвалідаў, якія наведваюць наш дзіцячы сад, на свята “На круглай планеце ёсць месца ўсім на свеце”. На працягу ўсяго мерапрыемства да дзяцей прыходзяць казачныя героі, гуляюць, танцуюць і спяваюць разам з імі. Гэта дапамагае выхаванцам зрабіць свой першы крок да раскрыцця ўласнай міласэрнасці і спачування.

Самае галоўнае ў рабоце кожнага педагога — выклікаць у выхаванцаў жаданне дапамагаць дзецям-інвалідам, дарослым-інвалідам не толькі ў гэты дзень, але і падтрымліваць іх, памятаць пра іх пастаянна. Упэўніцца, што гэтыя людзі маюць патрэбу ў нашым клопаце, разуменні і падтрымцы. Усвядоміць, што яны паўнапраўныя члены нашага грамадства.

Наталля МАМЗЕЛЕВА,
намеснік загадчыка Роскага ясляў-сада па асноўнай дзейнасці.

Праект добрых спраў

Добры ва ўсіх сэнсах праект пачалі ў Любані. З новага навучальнага года педагогі Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці прыступілі да рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў сродкамі культурна-забаўляльнай дзейнасці”.

— З дзецьмі з АПФР супрацоўнікі нашага цэнтра працуюць больш за 10 гадоў па індывідуальных праграмах. Гэтыя дзеці працавітыя, мэтанакіраваныя, на многае здольныя, — расказвае намеснік дырэктара Любанскага ЦДТ аўтар праекта Наталля Міхайлаўна Палазнік. — Аднак мы заўважылі, што ім не хапае зносін з равеснікамі. Таму і з’явілася ідэя пачаць работу па развіцці іх камунікатыўных кампетэнцый, і рабіць гэта мы будзем падчас забаўляльнай дзейнасці.

Праект разлічаны на 2 гады, яго ўдзельнікамі сталі 22 хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту, якія маюць асаблівасці развіцця. Мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары, — стварэнне безбар’ернага асяроддзя для навучэнцаў з АПФР і дзяцей-інвалідаў па праграме “роўны вучыць роўнага” праз магчымасці ўстановы дадатковай адукацыі. Сутнасць праекта ў арганізацыі цікавых заняткаў у цэнтры творчасці, браць удзел у якіх асаблівыя дзеці будуць разам са сваімі здаровымі равеснікамі. Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта прымаюць піянеры-валанцёры — навучэнцы ўстаноў адукацыі горада.

Нядаўна ў рамках праекта ў ЦДТ адбыліся першыя мерапрыемствы. Гэта былі чатыры майстар-класы. Праводзілі іх разам з педагогамі выхаванкі цэнтра, якія даўно займаюцца і дасягнулі пэўных поспехаў. Дзяўчаты дзяліліся сваімі ўменнямі па выяўленчым мастацтве, цестапластыцы, бісерапляценні і мадэляванні з тканіны. А засвоіць гэтыя ўменні старалася група дзяцей, сярод якіх былі дзеці з АПФР. І калі спачатку апошнія былі крыху заціснутыя, то напрыканцы заняткаў змаглі расслабіцца, бо панавала на майстар-класах надзвычай цёплая атмасфера. Майстар-клас пакідалі ўжо не проста ўдзельнікі, а сябры. І такі добры пачатак дае магчымасць спадзявацца, што высокія мэты, якія ставяцца праектам, будуць дасягнуты.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Любанскім ЦДТ.

У Бараўлянах адкрыўся пансіён сацыяльнай перадышкі

У верасні ў Бараўлянах (Мінскі раён) адкрыўся пансіён сацыяльнай перадышкі. Гэты праект быў рэалізаваны прадпрымальнікам Юліяй Кравец у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам і Беларускім дзіцячым хоспісам.

Такая паслуга неабходна як для людзей, якія даглядаюць дома дарослага, блізкага для іх чалавека з інваліднасцю або састарэлага цяжкахворага чалавека, так і для бацькоў дзяцей з інваліднасцю. Догляд чалавека з інваліднасцю патрабуе ад яго родных вялікіх намаганняў. Многія людзі з абмежаваннямі не могуць самастойна перамяшчацца, прымаць ежу, яны патрабуюць увагі і клопату на працягу ўсіх 24 гадзін.

“Для зняцця напружанасці і захавання ўласнага здароўя бацькам асаблівых дзяцей неабходна змена абстаноўкі, хаця б кароткачасовы паўнацэнны адпачынак і падтрымка. Пераключыўшы свае думкі на іншае, яны зноў адчуюць сябе ўпэўненымі. Прадастаўленне перадышкі сем’ям, якія маюць дзяцей з цяжкімі парушэннямі ў развіцці, вельмі важная ўмова”,— лічыць Алена Цітова, старшыня БелАДДІіМІ.

Дырэктар пансіёна Юлія Кравец адзначыла: “Наш пансіён дамашняга тыпу. Яго так не хапала ў Мінску. Часта, калі трэба знайсці час для сваіх асабістых спраў, для таго, каб паправіць здароўе, або адвезці здаровых дзяцей на адпачынак, узнікае пытанне, на каго пакінуць дзіця або дарослага з інваліднасцю, каб за ім быў правільны догляд, каб яму было камфортна і вакол — спрыяльная атмасфера? Не заўсёды гэтае пытанне мае належны адказ. У нашым пансіёне можна загадзя забраніраваць месца. І, нягледзячы на тое, што іх толькі 9, апекуны, якія скарыстаюцца гэтай паслугай, змогуць загадзя пабудаваць свае асабістыя планы.

Будынак установы цалкам прыстасаваны і адаптаваны для людзей з інваліднасцю. Пражыванне ў пансіёне сацыяльнай перадышкі арганізавана з улікам патрэб дзяцей і дарослых з інваліднасцю і састарэлых. Установа размяшчаецца ў вялікім катэджы з дагледжанай тэрыторыяй, садам, дзіцячай пляцоўкай. Падчас кругласутачнага знаходжання ў пансіёне людзі з абмежаваннямі атрымаюць неабходны індывідуальны догляд, у тым ліку гігіенічныя працэдуры, добрае пяціразовае харчаванне. Кваліфікаваная медыцынская сястра штодзённа праводзіць агляд і выконвае прызначаныя працэдуры (адзначым, што пансіён — гэта не медыцынская ўстанова). Супрацоўнікі пансіёна пачытаюць кнігу для свайго падапечнага, пагуляюць з ім на свежым паветры. Калі гэта дзіця, арганізуюць з ім цікавыя гульні, пастараюцца кожны дзень знаходжання ў пансіёне зрабіць непаўторным.

Паслуга “сацыяльная перадышка” ў пансіёне аказваецца на працягу трох і больш дзён. Больш падрабязная інфармацыя размешчана на сайце пансион.бел.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Свята для кожнага

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў наведаў сталічны Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў.

Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр разлічаны на адначасовае знаходжанне 120 дзяцей з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. Сюды накіроўваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, прычым работа з імі на працягу 4—6 тыдняў вядзецца адначасова па некалькіх напрамках: лячэбная фізкультура, масаж, азакерыталячэнне, электра- і магнітатэрапія, плаванне, заняткі па развіцці дробнай маторыкі. І гэта дае плён — усе дзеці пачынаюць лепш рухацца і хадзіць.
— Цяперашні год стаў для нас асаблівым, — зазначыла дырэктар цэнтра Людміла Мікалаеўна Кандрашова. — Дзякуючы дзяржаве і спонсарам удалося значна перааснасціць матэрыяльна-тэхнічную базу, у прыватнасці, мы абсталявалі безбар’ерную пляцоўку, асвоілі такія напрамкі, як іпатэрапія і гідракінезатэрапія, сталі займацца дыягностыкай і планаваннем перспектыў рэабілітацыі дзяцей. — Мне прыемна наведваць рэабілітацыйны цэнтр і бачыць, што ў ім па-сапраўднаму цёплая абстаноўка, — адзначыў Прэм’ер-міністр Беларусі А.У.Кабякоў. — Цэнтр працуе ўжо больш за 15 гадоў, на працягу якіх многія дзеці атрымалі рэальную дапамогу. Пры гэтым адметна, што тут ажыццяўляюцца не толькі рэабілітацыя і аздараўленне — хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца са сваімі будучымі прафесіямі, праходзяць адаптацыю да жыцця ў грамадстве. Вось чаму проста хацелася б пажадаць, каб у новым годзе ва ўсіх дзяцей было шмат шчасця і, зразумела, каб здзяйсняліся іх мары.
Без падарункаў свята не бывае, таму прэм’ер-міністр перадаў сацыяльнай установе музычныя цэнтры, якія будуць выкарыстоўвацца ў залах ЛФК, а ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дзеці атрымалі кнігі і салодкія наборы. У сваю чаргу хлопчыкі і дзяўчынкі падарылі гасцям карціны, чароўныя ёлкі і тэатральную казачную пастаноўку.
— Правядзенне пераднавагодняй акцыі “Нашы дзеці” з’яўляецца асаблівасцю нашай дзяржавы, — расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна. — Традыцыйна ў гэтыя дні ўсе дарослыя імкнуцца здзейсніць максімум для таго, каб зрабіць найшчаслівейшым кожнага з маленькіх грамадзян Беларусі, і асабліва тых, хто мае праблемы са здароўем, хто пражывае ў дамах-інтэрнатах, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, мнагадзетных і няпоўных сем’ях. Для дзяцей праводзяцца святы, ім дораць падарункі, і гэта вельмі важна. Бо дзякуючы акцыі многія хлопчыкі і дзяўчынкі разумеюць, што іх надзеі могуць спраўдзіцца. А для дарослых акцыя — гэта праява дабра і міласэрнасці, а таксама яшчэ адно пацвярджэнне згуртаванасці нашага грамадства.

Сяргей ГРЫБ.
Фота БелТА.

Разам зробім больш

Першае, што бачыш у корпусе Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, — стэнд з фотаздымкамі “Наша гордасць”. Ёсць тут выпускнікі розных гадоў, сярод іх і два выпускнікі 2015 года. А побач — падзячны ліст Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзе атрымліваюць прафесію швачкі ці абутніка многія з былых выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната.

Пра тое, як вучыць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, як лепш рыхтаваць іх да самастойнага жыцця ў грамадстве, ішла размова на рэспубліканскім міжведамасным семінары “Аб стварэнні ў дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адукацыйнага асяроддзя для атрымання выхаванцамі спецыяльнай адукацыі”. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, дырэктары і намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў, дырэктары цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.Пачаўся семінар азнаямленнем з умовамі пражывання, атрымання адукацыі і медыцынскага забеспячэння ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Тут функцыянуюць 9 спецыяльных класаў, 2 спецыяльныя дашкольныя групы, створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, ёсць сенсорны пакой, пакой эргатэрапіі, кабінеты працатэрапіі, басейн, зала лячэбнай фізкультуры, трэнажорная зала. А яшчэ дырэктар Генадзь Генрыхавіч Паўлюкевіч паказаў гасцям добраўпарадкаваную тэрыторыю са спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкамі для гульняў, цяпліцы і ўчасткі для вырошчвання агародніны, якія даюць каля 80 млн рублёў прыбытку і дзе выхаванцы атрымліваюць працоўныя навыкі.
Гасцей хлебам-соллю і песнямі віталі выхаванцы і супрацоўнікі дома-інтэрната. Салістам выступаў выпускнік Васіль Мінчонак, які атрымаў прафесію аператара ЭВМ і ўжо самастойна жыве, але часта наведвае родную ўстанову. Дзеці паказалі вучэбныя кабінеты, гульнявыя памяшканні, пакоі для заняткаў рукадзеллем, бібліятэку, пачаставалі пячэннем, якое самі прыгатавалі.
Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Аляксандраўна Гарбацэвіч адзначыла актуальнасць сумеснага абмеркавання важнай сацыяльнай праблемы.
— Кожнае дзіця мае права на адукацыю, — падкрэсліла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко. — У краіне існуе 10 спецыяльных устаноў, дзе выхоўваюцца 780 дзяцей-інвалідаў. Актуальнымі задачамі сёння з’яўляюцца стварэнне адпаведнага адукацыйнага асяроддзя, метадычная работа па навучанні такіх дзяцей.
У сваім выступленні на семінары А.М.Змушко расказала пра сістэму спецыяльнай адукацыі, якая існуе ў Беларусі, і пра вялікую метадычную работу па суправаджэнні адукацыйнага працэсу. Больш як 60 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі развіцця атрымліваюць звычайную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Кожны год рыхтуецца каля 70 вучэбных дапаможнікаў для сістэмы спецадукацыі, напрыклад, па выкладанні замежнай мовы для дзяцей з асаблівасцямі слыху, беларускай мовы — для дзяцей з парушэннямі слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення. Загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ілона Уладзіміраўна Кавалец засяродзіла ўвагу на сучасных метадах спецыяльнай адукацыі дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі, рэкамендацыях, якія распрацаваны інстытутам, па навучанні такіх дзяцей.
Цікавы вопыт работы прадставілі дырэктар Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя парушэнні, Віктар Фёдаравіч Рудэнка і дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна Ірына Іванаўна Душэйка. Ірына Іванаўна зазначыла, што адукацыйнае асяроддзе падтрымлівае і стымулюе працэс сацыялізацыі, фарміравання жыццёва важных навыкаў адаптыўнасці. Для такіх дзяцей трэба ствараць індывідуалізаванае адаптыўнае асяроддзе.
Пра тое, як рэалізуецца працэс навучання і адаптацыі дзяцей-інвалідаў, расказала дырэктар Галавічпольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жанна Адамаўна Пашук. Менавіта настаўнікі гэтай навучальнай установы вядуць заняткі з 61 выхаванцам Васілішкаўскага дома-інтэрната. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 11 настаўнікаў школы і 12 выхавальнікаў дома-інтэрната. 21 педагагічны работнік мае дэфекталагічную адукацыю.
— Уся наша дзейнасць будуецца на аснове дыягностыкі. Высвятляем, што ведае, што ўмее дзіця, які ў яго патэнцыял, зона найбліжэйшага развіцця, — расказала Жанна Адамаўна. — Для дзетак у нас арганізаваны гурткі “Цудоўны чаравічак”, “Ззянне зорак”, “Умелыя рукі”. Таксама нашы дзеці з’яўляюцца членамі піянерскай арганізацыі і БРСМ. Вялікую ўвагу ўдзяляем уключэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзаемадзеянне з іх здаровымі аднагодкамі, з іншымі людзьмі. Кожнае дзіця мае часовае або пастаяннае даручэнне: хто кветкавод, хто бібліятэкар, хто адказвае за чысціню ў класе, хто за парадак на тэрыторыі. Яны дапамагаюць у кухні, сталовай, пральні. Гэта спрыяе выбару далейшага профілю працаўладкавання.Важнай умовай сацыялізацыі дзяцей-інвалідаў з’яўляецца і стаўленне да іх іншых людзей. Вялікую ўвагу ўдзяляюць у Галавічпольскай школе валанцёрскай рабоце. Тут рэалізаваны праект “Разам мы можам больш”, аўтар якога — выпускніца школы Настасся Гойла, а кіраўнік — педагог-дэфектолаг Таццяна Яўгенаўна Барыш. Гэты праект на завочным конкурсе “Псіхолага-педагагічная падтрымка дзіцяці ў ХХІ стагоддзі” заняў першае месца.
Удзельнікі семінара адзначылі, што найважнейшай тэндэнцыяй развіцця спецыяльнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці яе для ўсіх дзяцей. Асноўнымі ўмовамі, якія будуць садзейнічаць фарміраванню жыццёва важных уменняў навучэнцаў і паляпшэнню якасці іх жыцця, з’яўляюцца планаванне работы ў адпаведнасці з індывідуальнымі і ўзроставымі асаблівасцямі, мэтанакіраванасць і сістэмнасць практычнай дзейнасці, арганізацыя адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, узаемадзеянне настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў, медыцынскіх работнікаў і пастаяннае павышэнне іх кваліфікацыі. Міністэрству адукацыі і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны працаваць у гэтых кірунках і ў далейшым трэба разам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Цяжкая інваліднасць не прысуд

Інклюзія і рэабілітацыя для кожнага

У сталічным парку імя Максіма Горкага прайшла прэзентацыя велапрычэпа, прызначанага для катання дзяцей з цяжкай інваліднасцю. Майстар-клас па катанні правёў тата дзяўчынкі з цяжкай формай ДЦП Дзмітрый Цімашкоў, сузаснавальнік і старшыня клуба бацькоўскай ініцыятывы “Садзея”. Ідэя, якая аб’яднала сем’і, у максімальна магчымым развіцці здольнасцей дзяцей з цяжкімі фізічнымі абмежаваннямі, у садзейнічанні інклюзіўным працэсам, у выпрацоўцы ў дзяцей тых неабходных якасцей, якія дапамогуць ім у іх далейшым жыцці ў грамадстве.

Спорт, даступны кожнаму

— Велапрычэп, якія мы прэзентуем, прызначаны для дзяцей з даволі цяжкімі фізічнымі абмежаваннямі. Ён дазволіць ім весці актыўны лад жыцця, удзельнічаць у спорце, — расказаў Дзмітрый Цімашкоў. — Сусветны перадавы вопыт сведчыць, што заняткі спортам з’яўляюцца вельмі эфектыўным сродкам рэабілітацыі як для дзяцей з абмежаваннямі, так і для іх сем’яў. Спорт адзін з даступных спосабаў уключэння такіх дзяцей у жыццё грамадства. На жаль, некаторыя спартыўныя дзеячы, як і некаторыя ўрачы, у палоне традыцый, што склаліся адносна дзяцей з цяжкай інваліднасцю яшчэ ў савецкія часы. Яны лічаць, што цяжкі — значыць безнадзейны, займацца з ім — марнаваць час. І прапаноўваюць аблягчыць пакуты дзяцей з дапамогай лекаў, масажу і лячэбнай фізкультуры. Думка аб тым, каб развіць дзяцей неяк па-іншаму, у такіх спецыялістаў нават не ўзнікае.
Але на сітуацыю можна паўплываць пры дапамозе актыўных ініцыятыў бацькоў. Падчас замежных паездак бачу, як дзеці з цяжкімі парушэннямі катаюцца на каньках і на лыжах, гуляюць у футбол, зразумела, з прымяненнем тэхнічных прыстасаванняў і пры ўдзеле памочнікаў. А гэта і ёсць інклюзія ў дзеянні, пра якую мы ў асноўным толькі гаворым ці сустракаем яе першыя парасткі. Прыдатныя віды спорту можна падабраць нават для людзей, прыкаваных да ложка, для тых, хто не размаўляе і не можа карыстацца рукамі. Даступным, на мой погляд, з’яўляецца катанне ў велапрычэпе, прымайстраваным да веласіпеда. Чым такая веласіпедная прагулка адрозніваецца ад звычайнай, на інваліднай калясцы?
Многія бацькі саромеюцца выходзіць на вуліцу гуляць са сваімі дзецьмі, калі тыя ў інваліднай калясцы. Велапрычэп у гэтым плане — добрая альтэрнатыва калясцы. Да таго ж ён дазваляе сумяшчаць прагулку і спорт. Ён больш зручны і не кідаецца ў вочы прахожым, таму што падобныя велапрычэпы ёсць і для здаровых дзяцей. Аднак тыя, што прызначаны для здаровых дзяцей, не падыходзяць дзецям з сур’ёзнымі фізічнымі парушэннямі. Яны не могуць утрымацца ў іх. Я перамайстраваў у велапрычэп спецыяльную бегавую каляску, якую мне калісьці падарылі. Прымацаваў яго да веласіпеда — і нашы з дачкой вандроўкі пачаліся.
Мы з Ліляй катаемся ў Лошыцкім парку, недалёка ад дома. Летам падчас знаходжання на дачы асвоілі маршрут да Мінскага мора і назад. А гэта каля 20 км. Гэтым летам разам мы наездзілі каля 200 кіламетраў.
За настроем дачкі сачу ў веласіпедным люстэрку. А ў вачах яе — радасць! Заўважыў і вялікія станоўчыя змены ў яе фізічным стане.
Збоку здаецца, што дзіця толькі пасіўна сядзіць у прычэпе, але на самай справе ўсе неабходныя элементы для спорту і рэабілітацыі пры катанні прысутнічаюць, таму што сіла веласіпедыста цягне наперад таго, хто сядзіць у прычэпе, і ён вымушаны процістаяць сустрэчнаму патоку паветра. Дзейнічаюць і сілы прыцягнення, трэння аб паверхню зямлі ці асфальту, яны надаюць велакалясцы вібрацыю. Гэта трэніруе мышцы дзіцяці.

Штодзённая рэабілітацыя

— Ліля стала чацвёртым маім дзіцем. Сёння дачцэ 8 гадоў, — расказвае Дзмітрый. — Пасля года ёй паставілі шмат сур’ёзных дыягназаў: ДЦП, спастычная дыплегія, скаліёз 4 ступені, атрафія зрокавага нерва, прыступы сутараг і магчымая коркавая слепата і глухата. Першыя пяць гадоў жыцця Ліля ляжала, нібы салдацік, скаваная спастыкай. Рукі яе былі сціснуты на ўзроўні грудзей і падбародка, ногі скрыжаваны. Дзяўчынка нічога не магла ўзяць у руку, не магла сесці. Начны сон яе быў неспакойны, 30—40 хвілін спала, а потым з крыкам прачыналася. Мы бралі яе на рукі, супакойвалі. Ежу ела толькі перацёртую, але і яе праглытвала з цяжкасцю. Наколькі яна разумела нас і тое, што адбывалася навокал, можна было толькі здагадвацца, бо позірк Лілі блукаў па пакоі.
Я займаўся лячэннем Лілі, яе навучаннем і рэабілітацыяй, сумяшчаў гэта з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але ў мяне дрэнна атрымлівалася і тое, і другое. Кінуў работу. Мама Лілі, мая жонка, не магла ўзяць усе клопаты аб дачцэ на сябе — трэба было займацца яшчэ і сынам-школьнікам, а сіл — і маральных, і фізічных — не хапала. Яна вырашыла пайсці на работу, а дачка засталася са мной.
Два з паловай гады мы з Ліляй займаліся ў цэнтры ранняга ўмяшання. Але заняткі амаль не дапамагалі. Падчас наведвання ў ЗША Інстытута дасягнення патэнцыялу чалавека Глена Домана я даведаўся пра тое, чаму можна навучыць маё дзіця. Дачка прайшла праграму інтэнсіўнай тэрапіі. (Глен Доман — амерыканскі ўрач-фізіятэрапеўт, аўтар аднаўленчых методык для дзяцей з парушэннямі нервовай сістэмы, а таксама вучэбных методык для ўсіх дзяцей.)
Навучыць правільным зносінам з іншымі можна любое дзіця. Яно будзе ўзаемадзейнічаць з вамі, адказваць на пытанні. Адказы могуць быць не толькі славеснымі, але і жэставымі. У інстытуце Глена Домана выкарыстоўваецца сістэма такіх невербальных зносін. Спачатку яна распрацоўвалася для таго, каб навучыцца размаўляць са слепаглуханямымі людзьмі.
Вывучыўшы і паспрабаваўшы розныя падыходы і методыкі для рэабілітацыі дзяцей з абмежаваннямі, я распрацаваў для Лілі ўласную праграму. Усё, што мы робім з ёй штодня, я магу назваць рэабілітацыяй. Ліля прымае кантрасны душ, робіць кантрасныя акунанні ў ваду, што аказвае тактыльнае ўздзеянне. Мы праводзім з ёй невялікую размінку, якая нагружае розныя групы мышцаў, з маёй дапамогай яна робіць расцяжкі, прысяданні. Ліля навучылася сама піць і жаваць ежу — гэты працэс у апошні час ператварыўся для яе ў сапраўднае задавальненне.
Дзяўчынка навучылася чытаць і гаварыць — яна адказвае на пытанні пры дапамозе жэстаў. Напрыклад, тата, трымаючы руку дачкі ў сваёй руцэ, задае ёй пытанні: “Якую майку ты хочаш апрануць?” (дзяўчынка паказвае ў патрэбны бок); “Цябе працягваць карміць або ўжо хопіць?”, “Даць памідор або агурок?” і г.д. Дзяўчынка ведае, што ёй у пэўны момант патрэбна, што падабаецца, а што не. У Лілі ёсць сваё ўнутранае жыццё, свая трапяткая душа.

Дзмітрый Цімашкоў стаў ініцыятарам з’яўлення ў нашай краіне клуба “Садзея” для бацькоў дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі. Мэта дзейнасці клуба — натхняць яго наведвальнікаў ідэяй актыўнага і здаровага ладу жыцця, паспяховага бацькоўства, тлумачыць, што сем’і з дзецьмі-інвалідамі могуць наведваць тэатры, музеі, выставы, спартыўныя спаборніцтвы, забаўляльныя цэнтры, кафэ і г.д.
Бацькі асаблівых дзяцей, якія ўваходзяць у клуб, пасябравалі. Яны разам адпачываюць, прыдумваюць і арганізоўваюць цікавыя мерапрыемствы для сваіх дзяцей. Да іх далучыліся і бацькі звычайных дзяцей, яны таксама прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах клуба: ходзяць у тэатры, займаюцца творчасцю, наведваюць спартыўныя святы.
Такім чынам, створаны прэцэдэнт паспяховага знаходжання сям’і з дзіцем-інвалідам у публічным месцы. Адначасова выяўляюцца і праблемы, якія перашкаджаюць дзецям з абмежаваннямі наведваць тыя ці іншыя аб’екты. У планах удзельнікаў клуба — наладзіць кантакты з адміністрацыямі гэтых аб’ектаў з мэтай вырашэння існуючых перашкод. Плануецца і правядзенне тэматычных семінараў з запрашэннем прадстаўнікоў дзяржаўных структур.

Каб дзіця развівалася больш паўнацэнна, трэба забяспечыць яму сенсорнае ўздзеянне, і не толькі ў закрытым памяшканні, але і на вуліцы. Маімі памочнікамі ў гэтым плане з’яўляюцца сонца, вецер, іншыя прыродныя з’явы і аб’екты навакольнага асяроддзя. Мы з Ліляй стараемся не сядзець дома. У апошнія 2 гады часта ездзім у грамадскім транспарце. У метро, напрыклад, на Лілю з усіх бакоў абрушваюцца гукі, з’яўляюцца новыя аб’екты, якія яна ўспрымае зрокам, нават качанне вагона — усё гэта для яе будзе рэабілітацыяй.
Людзі, з якімі мы сутыкаемся на вуліцы, у транспарце, рэагуюць на нас па-рознаму. Некаторыя нам прыветліва ўсміхаюцца, імкнуцца неяк дапамагчы. Другія ж адварочваюцца. Навошта ім бачыць чужое гора і праблемы. Сустракаюцца і рэзка адмоўныя выпады ў наш бок, але рэдка.
Мы наведваем тэатры, бываем у філармоніі, тэатры оперы і балета. Папярэдне мы папрасілі ў кіраўніцтва ўстаноў дазволу на іх наведванне. Спачатку я хваляваўся, ці зможа Ліля спакойна выседзець на працягу ўсёй тэатральнай пастаноўкі. За мяжой я бачыў, што бацькі з такімі дзецьмі, як мая Ліля, ходзяць у тэатры. Гэты ўспамін і натхняў мяне з самага пачатку. Паспрабаваў — і ўсё атрымалася!

Выйсці з чатырох сцен

Кожны чалавек павінен знаходзіцца ў соцыуме, яму неабходна з кімсьці ўзаемадзейнічаць, працаваць, знаходзіцца ў калектыве. Самая вялікая праблема сем’яў, дзе выхоўваецца дзіця з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, заключаецца ў тым, што бацькі адасоблены ад звычайнага жыцця грамадства. Некаторыя з іх знаходзяцца ў моцнай дэпрэсіі, не бачаць сэнсу жыцця. Асабліва гэта адчувальна, калі яны вымушаны знаходзіцца з дзіцем у чатырох сценах. Зразумела, што бацькі наведваюць спецыялізаваныя ўстановы з мэтай рэабілітацыі дзяцей, але яны ўсё роўна адчуваюць сябе ізгоямі сярод людзей.
— Як бы смела гэта ні гучала, але я мару, каб у будучым Ліля магла знаходзіцца сярод звычайных людзей і жыла сваім самастойным жыццём, каб яна навучылася кантактаваць з тымі, хто знаходзіцца побач, — гаворыць Дзмітрый Цімашкоў. — Калі дзіця з цяжкай інваліднасцю ўсё сваё жыццё побач з бацькамі, гэта, лічу, не зусім правільна. Значыць, хтосьці з бацькоў прынёс сябе ў ахвяру, не змог рэалізаваць здольнасці і жыве нібы не сваім жыццём, без уласных інтарэсаў, работы. Для яго галоўнае — жыццё дзіцяці. Я вельмі люблю Лілю, і мне цікава з ёй займацца. Я разумею, што адмовіўся ад многіх рэчаў і што ў пэўны момант майго жыцця можа надысці крызіс. У чым я бачу для сябе выйсце? У тым, каб у будучыні ўладкаваць дачку ў жыллё, прызначанае для самастойнага пражывання людзей з інваліднасцю. Такі вопыт у Беларусі ўжо ёсць, але не ў дачыненні да людзей з цяжкай інваліднасцю, як у Лілі. У свеце ёсць шмат прыкладаў, і я бачыў іх, калі людзі з сур’ёзнымі дыягназамі жывуць асобна з дапамогай суправаджаючых. Пры гэтым забяспечваецца не толькі догляд такіх людзей, але і іх навучанне, адпачынак сіламі супрацоўнікоў спецыяльных арганізацый. Магчыма, калі-небудзь гэты вопыт прыйдзе і да нас. Мая мэта — максімальна падрыхтаваць Лілю да яе будучага самастойнага жыцця. Усе мае справы і пачынанні падпарадкаваны гэтай мэце. Лічу для сябе важным таксама дзяліцца ўласным вопытам з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з цяжкай інваліднасцю. І гэта магчыма падчас сумесных нашых мерапрыемстваў у межах клуба “Садзея”.
Нядаўна адбылася сустрэча ўдзельнікаў клуба з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў “БелТІ” і “Асаблівы свет”, на якой абмяркоўвалася ідэя стварэння на пастаяннай аснове секцыі адаптыўнага спорту для дзяцей з цяжкімі парушэннямі. “БелТІ” прадстаўляў Барыс Язэпавіч Бачкоўскі. Ён займаецца інваспортам з 1988 года, чэмпіён СНД па настольным тэнісе. У 1998 годзе з’яўляўся першым у гісторыі чэмпіёнам свету (Японія) па спартыўных танцах на калясцы. Барыс Язэпавіч — стваральнік футбольнага клуба “Алімп”. У 2007 і 2009 гадах падрыхтаваў зборныя спартсменаў для ўдзелу ў Міжнародных спецыяльных Алімпійскіх гульнях. Акрамя гэтага, Барыс Язэпавіч кіраваў праектам “Рэабілітацыя інвалідаў праз спорт і творчасць”.
Кіраўнік “Асаблівага свету” Алена Сяркульская — дацэнт кафедры лячэбнай фізічнай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, кандыдат педагагічных навук, чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на калясках.
Пачатак работы секцыі — 6 верасня. У нашых планах — асваенне гульні ў бочу, танцаў на калясках, настольных гульняў, забаўляльных мерапрыемстваў. Мэта заняткаў — сацыяльная і фізічная рэабілітацыя праз спорт і творчасць.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Не толькі свята, але і напамін

— Міжнародны дзень абароны дзяцей — гэта не толькі вялікае свята, але і напамін грамадству пра неабходнасць захоўваць правы дзіцяці, — з такіх слоў пачала сустрэчу з журналістамі начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Маргарыта Іванаўна Матвеенка.

Непаўналетнія ў нашай краіне складаюць 19% ад колькасці ўсяго насельніцтва. Парушэнне правоў юных беларусаў знаходзіцца на сумленні дарослых, перш за ўсё бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі. Так, па словах М.І.Матвеенка, за 2007 — першы квартал 2015 года ў адносінах да 175 814 дзяцей было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Адабраны ў бацькоў у рамках Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” у сувязі з пагрозай іх жыццю і здароўю 31 415 дзяцей. А вернуты ў сем’і пасля рэабілітацыйнай работы з сям’ёй 17 754 дзіцяці, або (з 2007 па першы квартал 2015 года ўключна) 58,6%.
Маргарыта Іванаўна расказала, што зараз у Беларусі дзейнічаюць 138 сацыяльна-педагагічных устаноў. Пры іх адкрыты дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, толькі ў 2014 годзе рэабілітацыю ў такіх аддзяленнях прайшлі 5360 дзяцей, 1263 дзіцяці і зараз знаходзяцца ў прытулках. З тых дзяцей, якія прытулкі пакінулі, больш за 72% вярнуліся ў родныя сем’і, 1344 дзіцяці аддадзены на выхаванне ў прыёмныя сем’і. За першы квартал бягучага года рэабілітацыю ў сацыяльных прытулках прайшлі 1038 хлопчыкаў і дзяўчынак, 63% з іх вярнуліся ў родныя сем’і, больш за 30% аказаліся ў замяшчальных сем’ях.
— Апекунам, прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў вяртаюцца выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі, звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сем’ям, якія прынялі на выхаванне траіх і больш дзяцей з сіроцкай катэгорыі, дзяржава дапамагае ў вырашэнні жыллёвай праблемы, — нагадала Маргарыта Іванаўна.
Зараз, па яе словах, у сем’ях грамадзян Рэспублікі Беларусь на выхаванні знаходзяцца 17 742 дзіцяці-сіраты або дзіцяці, што засталіся без апекі бацькоў.
— Гаворачы пра абарону правоў дзяцей, нельга не ўзгадаць і пра ўсынаўленне малых, — заўважыла М.І.Матвеенка. — Напомню, што ў чэрвені мінулага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 330, па якім, акрамя штомесячных выплат на ўсыноўленае дзіця, усынавіцелі маюць права атрымаць сацыяльны водпуск да 90 каляндарных дзён. Гэтым правам ужо скарысталіся каля 60% сем’яў, якія ўсынавілі дзяцей. Адзін месяц такога адпачынку падтрымліваецца двайной выплатай на ўтрыманне дзіцяці.
Асноўныя тэндэнцыі ў галіне аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь, па словах спецыяліста, такія: скарачэнне колькасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (з 2009 па 2014 год зніжэнне склала 32,4%); скарачэнне колькасці адмоў бацькоў ад дзяцей (з 2002 па 2014 год — у чатыры разы, з 525 да 128 выпадкаў), чаму паспрыяла ўвядзенне матэрыяльнай адказнасці бацькоў па Дэкрэце № 18; змяншэнне колькасці бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, а таксама павелічэнне выпадкаў аднаўлення бацькоў у бацькоўскіх правах. За ўвесь перыяд дзеяння Дэкрэта № 18 (ён быў падпісаны 24 лістапада 2006 года) такім бацькам вернуты 2905 дзяцей.
А яшчэ Маргарыта Іванаўна паведаміла, што сёлета, хутчэй за ўсё ў кастрычніку, напярэдадні Дня маці, плануецца правесці першы ў гісторыі Беларусі Форум замяшчальных бацькоў. Расказала яна і пра тое, што надыходзячым летам у аздараўленчых летніках адпачнуць больш за 344 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 36% ад агульнай колькасці дзяцей у Беларусі. Сярод тых, хто адпачывае ў летніках, расце колькасць дзяцей-інвалідаў — сёлета плануецца, што іх будзе 4314.
Другая ўдзельніца сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Валянціна Іванаўна Валчок расказала, што наша краіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і на першае ў СНД па нізкім узроўні смяротнасці немаўлят і дзяцей. Галоўная прычына дзіцячай смяротнасці пры гэтым — так званыя знешнія прычыны, траўматызм, у дзяцей да года — пападанне ў арганізм іншародных цел. З 2010 года смяротнасць па гэтых прычынах удалося знізіць на 47% (з 344 выпадкаў да 185 у 2014годзе).
Калег дапоўніла кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Іванаўна Коваль:
— У краіне зараз пражывае каля 2 млн 700 тысяч сем’яў. З іх амаль 45% маюць дзяцей да 18 гадоў. Па перапісе 1999 года 56% сем’яў мелі непаўналетніх дзяцей. Кожная пятая беларуская сям’я з дзецьмі няпоўная, кожная трэцяя сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, таксама няпоўная.
Спецыяліст нагадала, што ў Беларусі існуе 11 відаў дапамогі на дзяцей і 5 відаў адраснай сацыяльнай дапамогі. Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 14 млн 700 тысяч рублёў, пры нараджэнні другога дзіцяці і наступных — 20 млн 600 тысяч. Дапамога на дзіця да трох гадоў залежыць ад сярэднямесячнай зарплаты па краіне і на 40% перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму.
А паслугамі нянькі ў першым квартале бягучага года скарысталася 881 сям’я. Права на такую сацыяльную паслугу маюць сем’і, у якіх выхоўваюцца двайняты, трайняты і г.д. да трох гадоў, няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да чатырох гадоў, і сем’і, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў да чатырох гадоў. У будучым, як расказала С.І.Коваль, плануецца пашырыць катэгорыю сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, якія маюць права на атрыманне паслугі нянькі па сацыяльна нізкіх расцэнках, а для сем’яў з двайнятамі будуць павышаны часавыя нормы аказання паслуг нянькі — з 12 да 20 гадзін у тыдзень.
— У Беларусі пражываюць 70 тысяч 947 сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, — таксама нагадала спецыяліст. — У сістэму падтрымкі мнагадзетных сем’яў накіроўваюцца значныя інвестыцыі. Так, пры нараджэнні трэцяга дзіцяці дзяржава пагашае 75% ільготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, пры нараджэнні чацвёртага і наступных дзяцей — 100%. Сістэма падтрымкі мнагадзетных сем’яў умацавана сёлета ўвядзеннем сямейнага капіталу. На 1 мая ў мясцовыя органы паступілі 1757 заяў аб назначэнні гэтага капіталу. Дэпазітныя рахункі ў Беларусбанку адкрыты 116 сем’ям на агульную суму 1 млн 160 тысяч долараў ЗША.

Марына ХІДДЖАЗ.

Плячо сябра

Прайшоў год, як студэнты медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта разам з калектывам педагогаў сярэдняй школы № 31 Гродна вырашылі падставіць сваё плячо вучням надомнай формы навучання. Самы час падвесці вынікі, прааналізаваць, што станоўчае атрымалася з гэтай дапамогі, а што патрабуе пэўнай карэкціроўкі.

Прыемна адзначыць, што студэнты-валанцёры і вучні-надомнікі даволі хутка знайшлі кантакт адно з адным і супрацоўнічалі вельмі ахвотна і плённа. Зразумела, што першыя крокі да ўзаемаразумення былі крыху складанымі, але папярэдні вопыт работы валанцёраў у Цэнтры рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і шчырае жаданне дапамагчы далі добры вынік. Будучыя псіхолагі прапанавалі шэраг тэстаў сваім новым сябрам з мэтай вызначэння праблемных момантаў. Пасля гэтага на кафедры педагогікі і псіхалогіі ГрДМУ былі распрацаваны трэнінгі для больш лёгкай і хуткай сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі падлеткаў у грамадстве. Часам простая размова за кубачкам гарбаты, уменне выслухаць субяседніка, даць слушную параду, часам нават і небясспрэчную, дарагога каштуе. А ў надомнікаў кола суразмоўцаў вельмі абмежаванае, таму непасрэдныя зносіны і гутаркі для іх неацэнныя. Вучняў выпускных класаў студэнты-псіхолагі інфармавалі аб асаблівасцях навучання ў медыцынскім універсітэце. Магчыма, хтосьці з гэтых выпускнікоў звяжа свой лёс з медыцынай.
Да пазітыўных момантаў можна аднесці і той факт, што надомнікі ўсё смялей раскрываюць свае таленты і імкнуцца пазнаёміць з імі тых, хто побач. Так, Уладзімір Крот і Сяргей Улановіч прынялі ўдзел у абласным літаратурным конкурсе клуба “Катарсіс” і былі адзначаны за свае творы ганаровымі дыпломамі ў галіне прозы і паэзіі адпаведна.
У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 31 была арганізавана выстава творчых вырабаў школьнікаў і іх педагогаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і вучні надомнай формы навучання Арына Курпянкова (з работай “Запрашаем у хату, госцейкі дарагія”), Аляксей Бабек (з работай “Палёты ў сне і наяве”), Віталь Жыдок (з работай “Дрэвы шчасця”). Іх цікавае, а часам і незвычайнае майстэрства ў галіне вышывання, бісерапляцення, авіямадэлявання пакарыла ўсіх прысутных.
Добра зарэкамендавала сябе і каардынатар праекта Таццяна Кот, якая перамагла ў конкурсе эсэ “Інваліднасць і медыя”, які праводзіўся мінскай арганізацыяй “Розныя — роўныя”. Перамога дазволіла ёй на працягу двух тыдняў бясплатна навучацца журналісцкаму майстэрству ў Варшаве (Польшча).
Напярэдадні Новага года валанцёры МПФ наведалі сваіх новых сяброў, павіншавалі іх з надыходзячым святам і ўручылі падарункі, атрыманыя падчас дабрачыннай акцыі “Падорым дзецям радасць”. На сустрэчы гучалі песні, вершы, жарты.
Зараз ідзе падрыхтоўка да вечара сустрэчы з выпускнікамі, на якім убачацца тыя, хто ўжо скончыў школу і пайшоў у самастойнае жыццё, і сённяшнія навучэнцы. Запрошаны таксама і студэнты медуніверсітэта.
Рэалізацыя праекта была б немагчымай без дапамогі адміністрацыі школы ў асобе яе дырэктара Анатоля Барысавіча Кавалёва і завуча школы Ліліі Мечыславаўны Здановіч.
Канечне, не ўсё запланаванае ўдалося ажыццявіць. Аднак галоўнае дасягненне супрацоўніцтва ў тым, што і студэнты, і вучні-надомнікі адчуваюць маральную падтрымку адно аднаго, а гэта так важна, калі побач плячо сябра.

Валянціна ВАРАНЕЦ,
настаўніца сярэдняй школы № 31 Гродна,
кіраўнік праекта “Плячо сябра”.